epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянцін Лукша

Нарачанская чайка

Быццам краю ляснога

Крыштальная чыстая мара,

Углядалася ў неба

Блакітнае возера Нарач.

Патыхала рыбацкае вогнішча

Смачнаю юшкай,

А вятрыска ў затоках

Лілеі крамяныя гушкаў.

Я збіраў каля берага

Шчодрыя светлыя краскі,

І яны мне нашэптвалі

Даўнюю-даўнюю казку.

...Шмат стагоддзяў сплыло,

Як жыла ў гэтым краі Алёнка.

Сэрцам шчодрай была,

Галаском вызначалася звонкім.

Песні бор ёй спяваў,

З ёй шаптаўся гарэзлівы вецер,

І здавалася, лепшай дзяўчыны

Не знойдзеш на свеце.

Толькі тварам Алёнку

Пакрыўдзіў бязлітасны бог.

І з тутэйшых хлапцоў

Не глядзеў аніхто ў яе бок.

Вельмі горка Алёнка

Ад гэтай бяды гаравала,

Ды змірылася -

Сэрцам шчодрым

людзей сагравала.

 

Неяк лесам Алёнка ішла

Па расянай сцяжыне

І люстэрка знайшла,

Што гарэла агнём у ажыне.

Зазірнула ў люстэрка -

То праўда

Ці, можа, здалося?! -

На яе паглядае дзяўчо

Незямной прыгажосці.

І прыбегла Алёнка

З лясною знаходкай да маці.

Маці дзівіцца,

Толькі дачку не пазнаць ёй:

- Чую голас,

Дачушка,

А твар не пазнаю

І вочы...

 

Плача маці,

Дачку прытуліць сваю хоча.

Працягнула люстэрка Алёнка:

- Яно ўсё зрабіла...

Мае гэта люстэрка, відаць,

Чарадзейную сілу...

 

Маці ў тое люстэрка

Крадком зазірнула сама

І красуняю стала,

Якой у паднеб'і няма.

 

Пра знаходку Алёнчыну

Чуткі, як птушкі, ляцелі, -

Людзі ў дзіва-люстэрка

Зазірнуць краем вока хацелі.

 

Пра люстэрка дачуўся

Мясцовы крумкач-багацей.

Не было ў наваколлі

Звяругі хітрэй і люцей.

Ён у вёску лясную

На чорным кані прыскакаў,

Ён пагрозліва бліснуў вачмі

І зароў-закрычаў:

- Калі зараз люстэрка

Не будзе ў руках у мяне,

Анікога пакутная кара

Ужо не міне!..

І сказала Алёнка:

- Табе я люстэрка не дам, -

Прынясе яно ў чорных руках

Гора шмат усім нам...

І шпурнула люстэрка

Алёнка

У неба высока,

Каб упала яно

І разбілася недзе далёка.

 

Аб вялізнае дрэва

Люстэрка разбілася -

Пырснула,

Быццам іскры жывыя

З умлелага цёплага прыску.

 

І тады на зямлю

Паляцелі не шкельцы-асколкі -

Неба спорным дажджом пралілося

У ззянні вясёлкі.

 

Так тры ночы,

Тры дні

Ліўся дождж на лугі і пагоркі,

Знікла сонца,

Не ўспыхвалі ў небе

Ні месяц, ні зоркі.

 

Калі ж дождж перастаў,

Бы адолела хмару знямога,

І палянкі,

І луг,

І ў трыпутніку жорсткім дарога -

Знікла ўсё пад вадою,

І ўбачылі людзі за вёскай

Мора-возера,

Сонца на хвалях

І промні - як вёслы.

Гаварылі, што дзеля таго

І ўтварылася возера-мора,

Каб у ім утапіліся

Беды людскія і гора.

 

З той пары багацей

Не з'яўляўся у гэтых мясцінах.

Утапіўся, зласлівец,

У хвалях глыбокіх і сініх.

 

Больш не бачылі ў вёсцы

І слаўнай дзяўчынкі Алёнкі.

Не будзіла наўколле яна

Галаском сваім звонкім.

 

Ды над сіняй прасторай -

Вяскоўцы здаўна прыкмячалі -

Раніцою з'яўлялася

Белая-белая чайка.

 

Да ўзбярэжжа,

Дзе некалі

Хата Алёнкі стаяла,

Тая белая чайка

Не раз

І пры мне прылятала...

 


1982?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая