epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянцін Лукша

Жаўрукова песня

Ледзь саракі паскручваюць сувоі

Снягоў,

Што азалелі ў доўгіх снах, -

Над шчодраю,

Рупліваю зямлёю

Вясёлкай заірдзеецца вясна.

І рошчынаю патыхне ваколле.

І захлынецца радасцю Сусвет,

І песня жаўрука

Над чыстым полем

Прызнаннем самым шчырым паплыве.

У ёй -

Парыў узрушанага сэрца,

У ёй -

Любоў да роднага кутка,

Зусім незразумелая зняверцу

І блізкая душы працаўніка.

Бо праца і каханне поруч крочаць,

Іх не разлучыць лёс,

Як ноч і дзень...

Прымружваю прытомленыя вочы -

Жаўрук сваю мелодыю вядзе.

Тут,

На узмежку разамлелым веснім,

Дзе прыпыніў на хвілю рупны крок,

Я жаўруковай векавечнай песні,

Свяшчэннай песні згадваю выток...

 

Стагоддзяў шмат таму у нашым краі

Жылі-былі прыгажуны-браты.

Браты збіралі дзіва-ураджаі,

Вылузвалі цяжкія нераты.

І хоць бацькоў забрала ліхалецце,

Браты у светлай злагадзе жылі...

Ды так ужо прыдумана на свеце, -

Каханне напаткалі на зямлі.

 

За рэчкай гаваркой

Над кручай стромай

Краса-дзяўчына ружаю цвіла.

Ды вось зрабіць хоць крок адзін ад дому

Нявеста маладая не магла.

Бо краску варажбітка вартавала.

Ні паспяваць,

Ні збегаць да людзей...

На жаніхоў пагібель пасылала -

Быў ноччу цёмнай для красуні дзень.

Запомнілі браты:

Старая знішчыць

Таго,

Хто збудзіць нерушны спакой...

Гайня вятроў

Над бурнай рэчкай свішча,

І хвошча строму голую прыбой.

Старэйшы брат шыбуе плыткай плынню.

Быў з варажбіткай бой,

Смяротны бой...

Ляжаць застаўся камнем у даліне,

Паўзе па камні, як сляпы, павой,

Тады малодшы брат паплыў ракою

І абмінуў злавесныя віры,

І давідна з красуняй незямною

Аб самым запаветным гаварыў.

Дамовіліся аб усім нібыта

Два закаханых сэрцы,

І тады

Бы з-пад зямлі узнікла варажбітка -

Клубок людскога гора і бяды:

- Вам тры хвіліны радасці дару я, -

Ад лёсу не ўцячэш свайго цяпер, -

Спачатку краску знішчу дарагую,

А потым і цябе чакае смерць...

 

Каханую юнак узяў на рукі

І заспяваў над сцішанай ракой, -

Сардэчныя загадкавыя гукі

Ўзнімалі закаханых над зямлёй.

Яны ляцелі над узлескам росным,

Яны плылі на незямных вятрах,

Пакуль не зніклі ў сонечных нябёсах

Маленькай кропкай,

Як вясновы птах...

 

А варажбітка лютая шалела

Не ў сілах здзейсніць свой крывавы план,

І на азяблым лузе акалела,

Сплыла туманам у глухі бур'ян...

 

І кожны год цяпер дасвеццем веснім,

Ледзь поле прачынаецца ад сну,

Я зноўку чую жаўрукову песню -

То славіць птах

Каханне

І вясну.

 


1980-1990?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая