epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянціна Кадзетава

Гэта яшчэ не ўсё...

Таццяна ляжала на канапе і невідушчым позіркам глядзела ў столь. Ніякага толку: ні таблеткі не дапамаглі, ні ўколы, ні кропельніцы. Правая палавіна цела - нібы чужая. Тыдзень таму пляменніца забрала яе з бальніцы. А ўчора Таццяна паспрабавала выйсці і ўпала з ганка. Добра, што Вольга Лакуніха зайшла ды зацягла ў хату, лекамі напхала, а то, можа, і сканала б там, на радасць сваім непрыяцелям. А іх у Таццяны хапае. Нядобрыя людзі ў іхняй Нізкаўцы - зайздрослівыя, крывадушныя. Як здаровая была, дык ці не паўвёскі да яе бегала: хто грошай пазычыць, хто гарэлкі, хто адзежыну якую апрануць «у людзі». А цяпер, як гора паваліла яе, дык толькі Вольга наведвае ды Варка Ціткова. А пляменніца, што клялася-бажылася яе даглядаць, нагі не накладае.

Няўжо прыйшоў яе час? Страшна! А нядаўна ж зусім, як Максіма, старэйшага свайго, пахавала, сама сабе смерці прасіла. Вось, кажуць, для маці ўсе дзеці роўныя: «Які палец ні парэж - аднолькава баліць». А ў яе да Максіма больш, чым да каго з сыноў, заўжды сэрца гарнулася.

Хлопцы яе быццам і неблагія раслі: не лайдакі, не хуліганы. А пажаніліся - «утапіліся». Ніводнаму на жонку не пашанцавала. Пабраліся з лахудрамі ды няўдаліцамі. Праўда, хутка зразумелі, куды паўлазілі. Але ж не, каб за розум узяцца, піць пачалі ды глупствы чыніць. Васіль хоць не так даўся, як Міця. Ён, як з тою змяюкаю разводзіўся, дык кватэру размяняў. А Міця, дурань, голы-босы застаўся. Хай бы дзеці ў яго былі, а то ж хахалям Тамарчыным нажытае падараваў. А сам у вёску да маці вярнуўся. Ну і намучылася ж з ім Таццяна! І пенсію адбіраў, і біў, і на вуліцу выганяў. Толькі на Максіма ў яе надзея была: ёсць каму дагледзець маці ў старасці. Яна ж яму і жанчыну добрую знайшла. А ён... Усіх гарэлка звяла.

Адна ў свеце. Хворая, бездапаможная. А паміраць не хочацца. А можа, адпусціць яе праклятая хвароба? Бога прасіць трэба, маліцца яму. Толькі ж і язык калодаю ў роце ляжыць, не слухаецца. Але маліцца і ў думках можна. «Ангел Хрыстоў, абаронца мой і заступнік душы і цела майго, даруй мне грахі сённяшняга дня і пазбаў мяне ад каварства ворага майго...»

Бразнула фортка. Мабыць, Варка ці Вольга. А можа, тая, усмешлівая, з сельсавета? У багадзельню Таццяну аддаць хочуць, у Дуянаўку. Не, тады ўжо лепш памерці!

- Дзень добры, Таццяна Міхайлаўна!

Таццяна ўзняла галаву і не паверыла сваім вачам: Алёна?! Ці не мроіцца?

- Гэта я! - прамовіла Алёна (так, Алёна!) і паставіла побач з канапаю напакаваную сумку. - Прыйшла вось адведаць. Не чакалі?

«Што табе трэба? Ідзі адсюль!» - хацела крыкнуць Таццяна, але з вуснаў яе зляталі толькі асобныя гукі:

- Шт... тб... тб... ддз-і!

- Ды мы, здаецца, спужаліся! Няўжо я такая страшная? Я ж проста пагаварыць хачу са сваёй дарагой свякрухаю, хоць і былой. Нам жа ёсць пра што пагаварыць, ці не праўда?

Яна вышмаргнула з-пад стала табурэтку і пачала даставаць з сумкі пакункі і слоікі. За акном пачуліся крокі, мільганула белая ў пунсовыя кветкі «гаруска», і ў хату зайшла Ціткова Варка.

- Вой, гэта ты, Алёна?! - прытворна здзівілася яна (ну, бачыла ж, як Алёна заходзіла ў Таццянін двор, таму і прылапацела!). - От, малайчына! Як кажуць, хто старое памяне... Цяпер і табе, Таццяна, весялей будзе, і нам з Вольгаю клопату паменее.

- Так, я цяпер штодня наведвацца буду, - сказала Алёна.

Таццяна заенчыла і памкнулася ўстаць.

- Ты чаго? - занепакоілася Верка. - Табе баліць? Таблетку даць?

- Не, - пахітала галавою Алёна, - ёй, відаць, ну... па патрэбе. Так, мама?

- Н-ны! - выціснула з сябе Таццяна, спапяляючы Алёну позіркам пачырванелых вачэй. - Д-дзі!

Алёна паціснула плячыма:

- Відаць, не хоча пры мне... Я ж першы раз тут. Вы, цётачка, дагледзьце яе, а я пазней зайду.

Яна нетаропкай хадою перайшла на другі бок вуліцы і схавалася ў малінніку ля закінутай хаты Мальцавых. Калі Варка сышла, Алёна зноў скіравалася да Таццянінага двара.

 

* * *

 

- Ой, бабанькі! - Варка Ціткова аж захлёбвалася словамі - спяшалася паведаміць незвычайную вестку кабетам, што купкаю стаялі ля магазіна ў чаканні «хлебнай» машыны. - То ж пайшла я Таццяну Мацюшыху адведаць, а там Алёна Мінчанка сядзіць. І смакоцця ёй рознага нанесла, і пітва!

- Ну і дурніца твая Алёна! - азвалася Моця Лобікава. - На яе месцы я гэтай нягодніцы і шклянкі вады не падала б!

Старая Мяфодзіха дакорліва пахітала галавою:

- Ты ж верніца, Моця! Біблію чытаеш. А ў Бібліі што напісана? «Любіце ворагаў сваіх». А Таццяна ж Святланцы Алёнінай як-ніяк бабуля родная!

- Ото ж яно і ёсць! - з'едліва ўсміхнулася Моця. - Як памрэ Таццяна, дык Святланцы ўсё застанецца. А там і хата добрая, і грошыкі ёсць. Таццяна ж усё жыццё самагонкаю гандлявала. І мак мяхамі ў Гомель вазіла. А калі Таццяна возьме ды чужому каму маёмасць адпіша? Вось пра што падумала Алёна. Таму і прыйшла.

- Ды як тая Таццяна адпіша? - запярэчыла Варка. - Яе ж спаралізавала. І мову адняло. Так, мармыча нешта, а разабраць цяжка. Проста Алёне, відаць, шкада старую стала. Жаласлівая яна, Алёна.

 

* * *

 

Напраўду Таццяна скалечыла Алёнін лёс. З-за яе, толькі з-за яе ўведала Алёна, што такое нянавісць. Адчайная і пякучая ад неспатоленай прагі помсты, нянавісць тая піяўкаю прысмакталася да Алёнінага сэрца і азмрочвала самыя радасныя хвіліны жыцця. Толькі тады, калі ў старой Таццяны здаралася якая-небудзь бяда, Алёна ажывала: святлела тварам, усміхалася і ад усёй душы жадала, каб гэтая бяда прывяла за сабой другую, яшчэ большую. Здавалася, нейкая чорная сіла падслухоўвала Алёніны думкі і старанна, нават празмерна старанна выконвала тыя пажаданні. Спачатку ад старой (у такія гады!) сышоў да другой жанчыны муж, потым адзін за адным памерлі тры сыны. Апошні з трох, Максім - муж і бацька Алёнінай Святланкі.

Алёна ўзіралася ў нядаўна ружовашчокі, а цяпер змарнелы, бледны Таццянін твар і не знаходзіла ў душы ні літасці, ні спагады. Прага помсты жыла ў ёй. І да наталення той прагі цяпер не было ніякіх перашкод!

- Ну, што, «мамачка»? - пачала яна. - Салодка табе цяпер? А як ты думала: дарма табе ўсе твае паскудствы пройдуць? Не, даражэнькая, жыццё кожнаму аддае па заслугах! Ты не крывіся, ты слухай. Памятаеш, як ты брыдоту розную пра мяне выдумляла, калі мы з Максімам сустракацца пачалі? Добра было мне такое слухаць? Ты ж у палюбоўнікі мне нават Колю Тарасава прыпісала. Брата майго стрыечнага! Гэта ж якой гадаўкаю трэба быць, каб да такога дадумацца! Колькі я слёз праліла з-за языка твайго паганага! Паспрабуй цяпер што-небудзь сплявузгаць! А-а-а, не можаш? А раней адно дзяўбла: «Касцьмі лягу, а разлучу!» Тады ў цябе не атрымалася. Можа, у першы і апошні раз Максім пайшоў супроць тваёй волі. На вяселле ніхто з вашых не прыйшоў. Крыўдна было, але ж я спадзявалася, што з часам наладзіцца ўсё. Мы ж з Максімам кахалі адно аднаго. Не магла ж ты сыну роднаму зла жадаць! Толькі дарэмна я спадзявалася. Нават калі Святланка нарадзілася, ты парог наш не пераступіла. Мала таго, Максіму юдзіць пачала, што Святланка як дзве кроплі вады на Віталя-заатэхніка падобная.

Таццяна на ложку застагнала і заплюшчыла вочы.

- Што, не падабаецца? - працягвала Алёна. - Цярпі. Гэта яшчэ не ўсё, далёка не ўсё! Мне цяпер на працу ісці трэба. Але не радуйся. Да хуткай сустрэчы!

Назаўтра Алёна прыйшла да Таццяны з самай раніцы. На ганку яна сутыкнулася з Лапуновай Вольгаю. «Ну, вось, учора адна прывалаклася, сёння другая, - адказваючы на прывітанне, незадаволена падумала Алёна. - Яшчэ здагадаюцца, з чым я хаджу сюды».

- Гэта ж, Алёначка, я малачка свежага Таццяне занесла ды прыбрала за ёю, - сказала Вольга. - Варка гаварыла, што Таццяна цябе саромеецца. А жывы ж чалавек, ды яшчэ і хворы, сама разумееш. Горачка, ды і ўсё.

Таццяна, абкладзеная з бакоў падушкамі, сядзела на канапе і трымала ў левай, здаровай руцэ, кубачак з малаком. Побач, на тумбачцы, засланай ручніком, стаяла талерка з аладкамі.

- Смачна есці! - выгукнула Алёна.

Таццяна здрыганулася і ўпусціла кубак. Малако вылілася на коўдру, у якую былі захутаны яе ногі.

- Ну, навошта ж так хвалявацца? - зрабіўшы заклапочаны выгляд, прамовіла Алёна. - Нервы трэба берагчы. Памятаеш, як ты людзей кляла з-за кожнай дробязі? «Сто гадоў табе жыць і сто гадоў ракам поўзаць!» А табе што гаварылі? «Кляні ды сабе бяры!» Вось ты і ўзяла. Васілёву сям'ю хто разбурыў? А Міцеву? Хто часцей дыхання ў Гомель поўзаў ды тыднямі там у іх сядзеў? Усе тры нявесткі ў цябе нягодныя былі, усе сыноў тваіх нявартыя. А ты ім вартых шукала. Дашукалася?

Алёна прайшлася па хаце.

- Не перажывай, сынок, выпі вось - лягчэй будзе, - перадражніла старую. - А потым сама не радая была, так? Толькі позна спахапілася. Ды цябе забіць мала! А што? Падушку на твар пакладу, а сама зверху сяду.

- Ы-ы-ы! - загаласіла Таццяна і скацілася на падлогу.

Алёна ўсцягнула Таццяну на канапу, лагодна прамовіла:

- Перастань! Я аб цябе рукі паскудзіць не буду. А заўтра прыйду. І паслязаўтра. Я да цябе да самай тваёй смерці хадзіць буду. А пакуль жыві!

Вечарам да Алёны прыбегла Варка Ціткова:

- Алёна, штосьці не тое са свякрухай тваёй робіцца. Зусім зблажэла. Ляжыць, стогне. А як пра цябе гаварыць пачнеш - галосіць, трымціць уся, рукою махае. І нічога з таго, што ты прыносіла, не есць. Не хоча яна, відаць, каб ты хадзіла.

Праз некалькі дзён Алёна пачула, што Таццяну адвезлі ў Дом-інтэрнат для састарэлых і быццам Таццяна радавалася, калі яе забіралі. «Гэта яшчэ не ўсё... - суцешыла сябе Алёна. - І да Дуянаўкі аўтобусы ходзяць...»

 


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая