epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянціна Кадзетава

Кавалак масла

У не такі далёкі ад нашага час усеагульнага дэфіцыту і талонаў у малочным аддзеле прадуктовай крамы злавілі зладзейку. Схапілі, што называецца, за руку, якую яна разам з кавалкам сметанковага масла засунула ў кішэню і накіравалася да выхаду.

Яна была прыгожая і зусім яшчэ маладая: гадоў дваццаці-дваццаці пяці. Спалохана пазірала навокал блакітнымі вачыма з даўжэзнымі (падмаляванымі, відаць!) вейкамі, дрыготкімі пальцамі то расшпіляла, то зашпіляла чорнае, па-моднаму, шырокае паліто.

- Табе што, галубка, масліца захацелася? - ласкава праспявала загадчыца, да якой яе прывялі.

Зладзейка, апусціўшы вочы, церабіла гузікі.

- Ах, табе сапсавалі апетыт? - загадчыца яўна цешылася сваёю ўладаю над дзяўчом. - Дык апетыт твой у міліцыі хуценька паправяць.

Яна ўзялася за тэлефонную трубку.

- Дора Майсееўна! - раптам сказала Зіна, хударлявая прадаўшчыца з рыбнага аддзела. - Навошта міліцыя? Што ў міліцыі зробяць ёй за гэтыя дзвесце ці трыста грамаў масла? Паўшчуваюць, і ўсё.

- Прапануеш адпусціць? - загадчыца ўскінула амаль голыя пасля стараннай «праполкі» пінцэтам броўкі.

- А і адпусцім. Толькі спачатку мы, - Зіна махнула рукою, запрашаючы прысутных далучыцца да яе думкі, - растлумачым, што ўчынак яе не вельмі прыгожы.

- А то яна, сцерва, не ведае назвы свайму ўчынку! - заверашчала Вольга з малочнага (гэта яна заўважыла зладзейку і ўзняла трывогу). - Добра яна ведае, поскудзь! Бач, вочы вылупіла, бессаромная! Праз такіх вось змяюк кожны месяц трэба ўласныя грошы ў касу плаціць. - Вольга размахнулася і пляснула зладзейку па прыгожым твары.

Вольга стала першай.

- Сволач! Паскудніца! - пасыпалася з усіх бакоў на няшчасніцу разам з аплявухамі і кухталямі.

- Дайце, дзевачкі, я яе пачастую! - выгукнула, як звычайна, п'янаватая прыбіральшчыца Клава.

Яна наблізілася да зладзейкі і са штучным захапленнем задудукала:

- Ай-яй-яй, прыгажуня! Ай, каралеўна! А мы вось пабачым, якая ты зараз будзеш!

Клава схапіла са стала злашчасны кавалак масла, разгарнула яго і паднесла да вуснаў зладзейкі:

- Жары, халява! Не хочаш? Ах, ты не хочаш?

І яна пачала тыцкаць маслам у твар і галаву сваёй нечаканай ахвяры.

Пад вачыма ў прыгажуні з'явіліся чорныя пісягі (ага, вейкі ўсё ж падмаляваныя!), пышныя льняныя валасы бруднымі тлустымі пасмамі абвіслі вакол твару.

Увайшоўшы ў азарт, Клава пэцкала маслам і чорнае моднае паліто, шалік, і нават зладзейкіны ногі ў калготках. Прадаўшчыцы, назіраючы гэтую камедыю, гучна рагаталі. А рэшткі масла разам з папераю прыбіральшчыца запіхнула зладзейцы за пазуху і на развітанне плюнула ў нядаўна такі прывабны, а цяпер варты жалю твар.

Прадаўшчыцы ж, уволю нарагатаўшыся, вывелі дзяўчыну праз службовы ўваход і таўхнулі з ганка на брудны вільготны асфальт.

- А цяпер скардзіся куды хочаш! - задаволена крыкнулі яны ўслед пакаранай няшчасніцы і разышліся па сваіх рабочых месцах.

 

* * *

 

Яшчэ ў пачатку лета Зоя пачала заўважаць, што з ёю адбываецца дзіўнае: то ёй нечакана зробіцца горача і млосна, то ў спякоту пачне мерзнуць, то раптам з'явіцца вар'яцкае жаданне - адкалупнуць ад сцяны кавалак тынкоўкі і з'есці яго.

Разгадка прыйшла сама па сабе. Сказаць, што разгадка вельмі ўзрадавала Зою, азначала б сказаць няпраўду.

Яны з Віталем зусім нядаўна пабраліся, не мелі нават уласнага кутка і жылі на прыватнай кватэры. Дзверы, якія аддзялялі іхні пакой ад гаспадарскага, былі зашклёныя, і баба Стася (маці гаспадара) часта падыходзіла да гэтых дзвярэй і бесцырымонна разглядвала, чым там займаюцца маладыя кватаранты. У бабы Стасі быў ненатуральна белы, нібы абсыпаны мукою, твар і круглыя, з набрынялымі чорнымі павекамі вочы. Сустракаючы бясцямны позірк гэтых вачэй, Зоя ўсёй істотай адчувала невытлумачальную жудасць і агіду.

Такім чынам, ні хаты, ні добрай зарплаты ў іх, маладых спецыялістаў, не было. Зоя паспрабавала была загаварыць пра тое, каб пазбавіцца ад дзіцяці, але Віталь так раззлаваўся, што яна больш ніколі не пачынала такой гаворкі.

«Выгадуем, - як магла, суцяшала яна сябе, - як-небудзь ды вырасце!» «Ой, цяжка будзе! - нашэптваў ёй унутраны голас. - Ты ведаеш, колькі зараз адны паўзункі каштуюць? А колькі яны будуць каштаваць заўтра? Ага, не ведаеш! Не ў лепшы час ты надумала падарыць жыццё свайму дзіцяці».

Зоя гнала прэч такія думкі і патроху купляла дзіцячую бялізну.

Яна была звычайнай дзяўчынай са звычайнымі запатрабаваннямі. Яна марыла і пра норкавае футра, і пра белы «Мерседэс», але рана зразумела, што для яе ў жыцці існуе парог магчымага. А калі і з'яўлялася ў душы нешта ад незадаволенага, яна ўспамінала бацькаў запавет: «Па даходу і расход». Тым і суцяшалася.

Ёй хацелася сціплага чалавечага шчасця: каб быў у яе ўласны дом і цяпло кахання ў тым доме. Каб быў стол і хлеб на стале. Хіба гэта шмат? Сёння нават аднапакаёўка каштуе мільёны. Ёсць каханне, але ці доўга суджана яму саграваць сцены чужога жытла? Хлеб? Іншы раз так хочацца чаго-небудзь смачнейшага, чым гэты прэсны белы хлеб. Але ўсё часцей прыходзіцца адмаўляць сабе ў неабходным. І ў яе душы расце пратэст супроць той прыніжанасці, у якой апынулася не толькі Зоя, але і мноства іншых людзей. Людзей, якія з раніцы да ночы вымушаны працаваць толькі за тое, каб задаволіць свае біялагічныя патрэбы. На астатняе, на тое, з чаго ўласна і пачынаецца чалавек, не стае ні сілы, ні сродкаў. І ці будзе калі-небудзь канец гэтаму жывёльнаму існаванню? Не відаць пакуль. Горш таго: хутка яны не змогуць зарабляць нават на ежу. Іхні завод зноў спынілі. А ёй вось-вось у дэкрэтны. Віталь спрабуе знайсці яшчэ нейкую работу, але пакуль нічога не выходзіць. Толькі вось ёй усё цяжэй становіцца стрымліваць тыя самыя свае дробныя жаданні. Зоя разумела, што такім чынам заяўляе пра сябе маленькая істота, якой яны з Віталем далі жыццё. І гэтая істота ўпарта не жадае лічыцца з іхнімі матэрыяльнымі праблемамі.

У той дзень на вочы Зоі трапілася кніга «Дзвесце страў з бульбы». Яна перагарнула некалькі старонак, і ёй раптам вельмі-вельмі, як тое бывае ў большасці цяжарных жанчын, захацелася самай простай стравы - бульбянага пюрэ са сметанковым маслам.

Зоя ўсміхнулася і вымавіла ўголас:

- Ну, хаця тое добра, што нам з табою, сынок (яна чамусьці была ўпэўнена, што народзіцца сын) захацелася бульбы, а не бананаў ці ананасаў. А з бульбаю, дзякаваць Богу, праблем няма.

Зоя паставіла на электраплітку каструлю з вадою і пачала ўжо абіраць бульбу, калі ўспомніла, што сметанковага масла ў іх якраз і няма. Тую мізэрную норму, якой, на думку ўлады, ім павінна было хапіць на месяц, яны з Віталем мелі неасцярожнасць з'есці. Хаця Зоя і старалася эканоміць, але вось не атрымалася. Ды і халадзільніка ў іх няма, якое б тое масла праз месяц было? Наступную «пайку» (так гаварыў звычайна Віталь) яны атрымаюць недзе дзён праз восем-дзевяць. А бульбы з маслам Зоі хацелася сёння.

«Пайду, папрашу без талона, - падумала яна. - Няўжо яны не дадуць нейкія сто грамаў масла?»

Смешная Зоя! Нібыта яна не ведае, што парадак павінен заставацца парадкам. Калі ўлады вырашылі, што за месяц ты павінен з'есці пэўную колькасць масла і ты гэтую колькасць ужо з'еў, то хто табе вінаваты? І няма чаго разяўляць рот на большае.

Таму ў адказ на нясмелую Зоіну просьбу пра сто грамаў сметанковага масла манументальная прадаўшчыца нават вухам не павяла. Ну, пішчыць там нешта і няхай сабе пішчыць. Надакучыць - змоўкне. А Зоя і не пішчала доўга, бо адразу зразумела: безвынікова. Яна вырашыла паехаць на базар, каб там пакласці свае працоўныя «зайчыкі» ў бяздонныя кішэні былых спекулянтаў, якія цяпер завуцца імпартным словам «бізнесмены».

І алей, і сметанковае масла ў «бізнесменаў» меліся ў неабмежаванай колькасці і без талонаў. Але мінімальная вага кавалка, які яны прапаноўвалі - кілаграм. Бізнесменскі кілаграм без талона каштаваў дванаццаць тысяч. Зоін з Ваталём «капітал» на сённяшні дзень складаў - 11 тысяч. І на гэтыя 11 тысяч трэба было пражыць яшчэ некалькі дзён.

І Зоя зноў пайшла ў краму...

 

Віталю нарэшце ўдалося знайсці месца, дзе можна было падзарабіць. Праўда, сама праца бянтэжыла Віталя: знаёмы, які з год ужо з'яўляўся членам калектыву малога прадпрыемства «Суперфатум», прапанаваў яму пасаду... грузчыка. Віталь нават засумняваўся спачатку: з універсітэцкім дыпломам ісці працаваць у нейкую паўкрымінальную фірму ды яшчэ грузчыкам? Але калі знаёмы назваў суму заробку, Віталь вырашыў часова адмовіцца ад сваіх, цяпер, відаць, састарэлых прынцыпаў і паспяшаўся дадому, каб узрадаваць Зою.

Зоі ён дома не застаў. «Відаць, па хлеб пайшла», - падумаў Віталь і вырашыў зрабіць Зоі яшчэ адзін невялічкі сюрпрыз - згатаваць вячэру. Напяваючы модны матыўчык, ён падміргнуў бабе Стасі, якая ўжо заняла сваю звычайную пазіцыю ля зашклёных дзвярэй, і ўзяўся за справу.

Праз гадзіну Віталь пачаў ужо злавацца: дзе яна, урэшце, ходзіць столькі часу? Але хутка злосць саступіла месца хваляванню: а што калі з Зояй штосьці здарылася? Яна цяпер такая няўважлівая. А на вуліцы столькі машын.

Устрывожаны Віталь ужо апрануўся, каб выйсці з дому, калі на парозе сутыкнуўся з Зояй. Апухлы ад слёз брудна-шэры твар, ускудлачаныя валасы, да якіх, здавалася, некалькі дзён не датыкалася расчоска... Расшпіленае паліто ўсё ў плямах.

Яна кінулася Віталю на шыю і, прыпаўшы да яго ўсім целам, раз-пораз паўтарала адно і тое ж:

- Я не зладзейка! Я не зладзейка! Яны мне не давалі без талона. Я вырашыла сама ўзяць, а потым заплаціць. Я ішла ў касу, а яны... Я не зладзейка!

- Што ўзяць? У якую касу? - ніяк не мог даўмецца Віталь, а Зоя роспачна плакала, і ніякія словы не маглі супакоіць яе.

Уначы ён выклікаў «хуткую дапамогу», а раніцаю даведаўся, што дзіцяці ў іх з Зояй не будзе.

 

* * *

 

Вось ужо не шанцуе гэтаму малочнаму аддзелу, дык не шанцуе! Падумайце самі: учора яго хацела абакрасці нейкая аферыстка, а сёння з самай раніцы ўварваўся ці то п'яны, ці то хворы, ці, можа, проста хуліган. Разбіў вітрыннае шкло, параскідаў па гандлёвай зале кавалкі масла і патаптаў іх нагамі. А ў дадатак выліў на галаву прадаўшчыцы вядзёрны бак смятаны. Што б ён вырабляў яшчэ - невядома, каб не міліцыя. Хулігана паўшчувалі па баках гумавай дубінкай, потым пасадзілі ў машыну і павезлі. Там ён за ўсё разлічыцца...

 


2006

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая