epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянціна Кадзетава

Незавершаны сюжэт

«Ну, вось і ўсё. Засталася толькі дарога. Няўжо і сапраўды пад нагамі ў мяне не хісткая палуба, а цвёрдая, надзейная зямля? Няўжо заўтра з раніцы мы - я, Саша і Вадзім - сядзем у свой мікрааўтобус і...

Сёння я ці не ўпершыню ў жыцці маліўся. Стаяў у невялічкай царкве чужога горада і з заўзятасцю шчырага верніка - ды, здаецца, я і сапраўды станаўлюся ім - прасіў Усявышняга, каб Ён аберагаў мяне ад прыкрых нечаканасцей і нягод на гэтай нялёгкай і доўгай дарозе. Дадому і да Яе. Не, да Яе і дадому. А можа, толькі да Яе? Я ніколі не меў звычкі спавядацца на паперы, ніколі, нават у раннім юнацтве, не вёў дзённікаў, таму, відаць, у мяне атрымліваецца сумбур, а я ўсё роўна пішу, бо не стае сілы насіць у сабе бязмежную радасць, якая бурліць ува мне і ўпарта рвецца на волю.

Спачатку я памкнуўся расказаць усё хлопцам. Але яны не зразумелі. Саша падзівіўся з маёй, мякка кажучы, «легкадумнасці» (дык вось чаму ты прыдбаў тое шыкоўнае футра!) і пакруціў пальцам ля скроні. Вадзім асцярожна, каб не пакрыўдзіць мяне, пачаў: «Міша, усё на гэтай зямлі ўжо было. Няма і не будзе нічога новага. Ёсць толькі паўтарэнне. Вось я якраз быў сведкам аналагічнага выпадку. Дык ты ведаеш, чым усё скончылася?»

«Ды не трэба мне тваіх аналогій! - раззлаваўся я. - Лёс кожнага з нас адзіны і непаўторны!» Больш я не сказаў сябрам ніводнага слова. Проста купіў вось гэты сшытак і пішу.

Я шмат думаў, сумняваўся, прымушаў сябе забыцца пра Яе і нават узненавідзець. Я таму і з'ехаў яшчэ амаль на паўгода, хоць мог ужо спакойна сядзець дома: тэрмін кантракта скончыўся, а грошы... У мяне ёсць трохпакаёвая кватэра, двухпавярховы катэдж, два аўтамабілі (мой і Танюшчын), летнік. Усё ёсць, пра што просты працоўны чалавек нават марыць не асмельваецца. Я не прадпрымальнік, не «катала», не рэкецір, не злодзей дзяржаўнага маштабу - словам, не «новы беларус», а самы звычайны рабацяга, і ўсё, што я маю, зароблена вось гэтымі рукамі. Вядома, у НАС такое было б немагчыма. Але я працаваў у ІХ. Пяць гадоў. І яшчэ паўгода. Мне, відаць, доўга будзе сніцца тая далёкая і зусім не экзатычная краіна, куды я мусіў ехаць у заробкі, каб клятва, якую я даў на Ірынінай магіле, не засталася пустым гукам і каб нашу дачку, нашу Танюшку, не спасціг матчын лёс... Сёння ў мяне ёсць... але пра кватэру, катэдж і аўтамабілі я ўжо гаварыў. Дык вось, яшчэ ў мяне ёсць «зялёныя». Многа-многа. Іх хапіла б не толькі на аперацыю, што павінна была ўратаваць Ірыну, але і на тое, каб наша з ёю жыццё было сапраўдным жыццём, а не тым шэрым, вартым жалю існаваннем, на якое асуджана сёння пераважная большасць сумленных людзей. Асуджана... Кім? За якія грахі? Больш за дзесяць гадоў ілжы, штучна бадзёрых заклікаў «не губляць аптымізму». Дарэмныя заклікі. Не толькі аптымізм згубілі, а нават кволенькую надзею. Адно толькі і чуеш, бы заклінанне: «Хоць бы толькі не горш!» А куды ўжо, здаецца, горш?

«Мне так хацелася б пабыць у Луўры...» - «Чаму менавіта ў Луўры?» - «Дзівак, там жа Мона Ліза! Можа, якраз мне і ўдалося б разгадаць таямніцу яе ўсмешкі».

Ах, Ірына, Ірына!.. Ты заўжды была летуценніцай.

Ірына, як і я, абрала сабе прафесію інжынера. І таксама, як і я, пры знаёмстве з кім-небудзь пазбягала гаварыць пра сваю працу, каб не пачуць абрыдлае: «Інжынер? Ха-ха! Вось паслухайце новы анекдот пра інжынера. Ну, напалі на інжынера рабаўнікі... Ха-ха! Яны ж не ведалі, што гэта інжынер...»

Інжынер. Няшчасны жабрак. А між іншым, слова «інжынер» паходзіць ад лацінскага (ці грэчаскага?) «інжэніум», што азначае «розум». А ў нас... Самі вы ўсё ведаеце.

Ірына захварэла нечакана. Ды што гэта я? Можна падумаць, нібыта хто-небудзь чакае ці кліча хваробу. Проста нам адразу сказалі пра неабходнасць тэрміновай аперацыі ў Германіі ці ў Штатах. «Дваццаць тысяч долараў». Да дваццаці тысяч долараў нам не хапала... дваццаці тысяч долараў. Цяпер у мяне іх нашмат больш. А Ірыны ўжо шэсць гадоў як няма. І - ведаю, хтосьці мяне асудзіць - болю, што некалі непазбыўным здаваўся, таксама ўжо няма. Ён, той боль, даўно перайшоў у ціхі смутак, а цяпер, калі ў маім жыцці з'явілася Яна... Хаця дзе там - «з'явілася»? Так, мільганула толькі. Але лепш па парадку.

Упершыню я ўбачыў Яе год таму. Яна сядзела за рулём чырвонага «Фольксвагена». Толькі не гэта мяне ўразіла: жанчына за рулём - сёння звычайная з'ява. Незвычайнай была Яна. За свае амаль сорак гадоў жыцця я ніколі не бачыў такога гарманічнага спалучэння, мне здавалася, неспалучальнага: чорныя-чорныя, з адлівам у сіняе, пушыстыя валасы, раскіданыя па плячах, матавы, з далікатнай ружовасцю шчок твар і вялікія празрыста-зялёныя (сапраўдны смарагд!) вочы. Я глядзеў на Яе толькі імгненне, але імгненне тое, выбачайце за банальнасць, перамяніла ўсё маё далейшае жыццё.

Я не быў рамантыкам і ніколі не спадзяваўся на цуд. Праз год пасля Ірынінай смерці я ажаніўся. З Марынай мяне сасваталі самым празаічным чынам: назнарок запрасілі і яе, і мяне ў адну кампанію.

Марына была ідэальнай жонкаю. А праз тры месяцы мы з ёю развяліся... не, яна сапраўды была ідэальнай жонкаю. Але Танюшка (ёй споўнілася тады адзінаццаць) з першага ж дня ўзненавідзела Марыну дзейснай нянавісцю: яна літаральна ўсё рабіла насуперак Марыне. Яна псавала Марыніна адзенне, выкідала ў смеццеправод яе касметыку і нават не дакраналася да ежы, што гатавала Марына.

Аднойчы я вярнуўся дадому (я тады рабіў марную, як аказалася, спробу заняцца камерцыяй) і не ўбачыў ні Марыны, ні яе рэчаў. Радасная Танюшка хадзіла па кватэры і гучна спявала.

У хуткім часе я, пакінуўшы дачку ў Ірынінай маці (з цешчай у мяне і да гэтай пары вельмі добрыя адносіны), ад'ехаў у заробкі ў Канаду. Дыплом інжынера мне не спатрэбіўся. Там я... мы нарыхтоўвалі лес. Працавалі, як ілоты, але ж затое і мелі за сваю працу не капейкі.

Мінулай вясною я сказаў сабе: «Досыць». І мінулай вясной сустрэў Яе. З чорнымі-чорнымі, з адлівам у сіняе, пушыстымі валасамі і вялікімі смарагдавымі вачыма. Першым маім памкненнем было зараз жа паехаць следам за Ёю. Але ў маёй машыне сядзелі цешча і Танюшка. Ды тады я яшчэ не паспеў асэнсаваць, што ўсё так сур'ёзна.

Прайшоў дзень, другі, трэці, тыдзень прайшоў, а потым і месяц, а воблік Яе не толькі не цьмянеў, а, наадварот, станавіўся ўсё больш яскравым і вабным. І я пачаў шукаць Яе, цешачы сябе думкаю, што наш гарадок - не Масква і што калі я пастараюся, то абавязкова знайду. Я хадзіў і ездзіў па вуліцах, узіраўся ў жаночыя твары, праводзіў вачыма кожную машыну чырвонага колеру. Марна! Усё было марна! І вось тады, калі мною пачаў авалодваць адчай, я зноў убачыў Яе. У тым жа чырвоным «Фольксвагене». Але цяпер за рулём быў мужчына. А Яна сядзела побач, штосьці гаварыла і смяялася. «Што рабіць?» - ліхаманкава пранеслася ў маёй галаве. Ехаць за імі не выпадала: мужчына за рулём - хутчэй за ўсё Яе муж. Я зірнуў на нумар машыны і... паехаў за чырвоным «Фольксвагенам». Неўзабаве «Фольксваген» спыніўся ля новай пяціпавярхоўкі. Яна выйшла з машыны і скіравалася да пад'езда.

- Ала, - азваўся мужчына, - вы там доўга будзеце? Можа б, я да старых адскочыў на хвілінку, а то Зоя мая як даведаецца, што тут быў, а да яе бацькоў не наведаўся, вэрхал узніме.

Яна моўчкі кіўнула і схавалася за дзвярамі.

Ала... Якое прыгожае, пяшчотнае імя і як яно стасуецца з усім Яе воблікам! Ала... А мужчына за рулём - ніякі не муж! Тое, што Яна ў гэтым доме не жыве, зразумела. Мабыць, прыехала да родзічаў ці знаёмых па якой-небудзь справе ці проста ў госці. Я зірнуў на гадзіннік. Пара ехаць у школу за Танюшкаю. Гэта зойме ўсяго хвілін дваццаць - дваццаць пяць. А потым я вярнуся сюды, дачакаюся Яе, і хай будзе што будзе.

Я паспеў бы. Нават пасля таго, як мяне крыху затрымала Танюшчына класная. Я паспеў бы, каб не дурная выпадковасць. Іншым разам мне думаецца: а ці не яны, выпадковасці, у асноўным і вызначаюць наш лёс?

Дык вось, толькі мы з Танюшкаю ад'ехаліся ад школы, як я адчуў штосьці не... Так і ёсць, я недзе прабіў кола. Запаскі, як на бяду, у той раз не захапіў. Давялося плесціся ў гараж...

Да пяціпавярхоўкі я ехаў, ужо ні на што не спадзеючыся. Чырвоны «Фольксваген», у якім сядзелі мужчына і жанчына, ужо ад'ехаў. Так, прынамсі, сказалі мне мужчыны, што «забівалі казла» за столікам насупраць пад'езда.

Я спытаўся, ці не ведае хто з іх тую жанчыну або хоць таго, да каго яна прыязджала.

Адзін з «даміношнікаў» сказаў, што гэтая жанчына («кідкая баба!») прыязджала сюды ўжо колькі разоў, а вось адкуль і да каго...

- З Сонечнага яна! Ну, з рабочага пасёлка, - гучна ляпнуўшы па століку касцяшкаю даміно, прамовіў круглатвары бландзін з цыгарэтаю ў куточку бледна-ружовых вуснаў. - Я там у ПМК да нядаўняга часу працаваў, дык часта сустракаў яе на вуліцы і ў магазіне.

Сэрца маё ўстрапянулася. Знямелы ад радасці, я моўчкі паклаў на столік дваццацідоларавую купюру і засмяяўся: па-першае, добрую вестачку пачуў, па-другое, вельмі ж пацешныя твары сталі ў «даміношнікаў» - разгублена-здзіўленыя, нават дурнаватыя крыху.

Праз некалькі хвілін я быў у Сонечным. Пасёлак не ўразіў мяне ні чысцінёю вуліц, ні прыгажосцю дамоў - шэрыя двух- і трохпавярхоўкі панура стаялі ўздоўж дарогі з вышчарбленым у шматлікіх месцах асфальтам. Ні зеляніны, ні кветак. Толькі некалькі таполяў з варонінымі гнёздамі ля сажалкі з пазелянелай вадою. І тут вымушана жыць Яна? Трэба як найхутчэй знайсці Яе і назаўжды звезці далей ад гэтага ўбоства.

Ля магазіна з шыльдаю «Тавары паўсядзённага попыту» і вялікім замком на дзвярах стаялі дзве маладыя жанчыны: светлавалосая ружовашчокая ў блакітным сарафане ў жоўтыя кветачкі і смуглявая, апранутая ў лёгкую паласатую сукенку.

У іх я і спытаўся, дзе мне знайсці ўладальніцу чырвонага «Фольксвагена», якая завецца Алаю.

Жанчыны пераглянуліся.

- Гэта ж толькі падумаць, - прамовіла светлавалосая, - зноў да нашай Алкі-давалкі і зноў на імпартным аўто. Вось ужо дурні гэтыя мужыкі!

Рукі мае затрымцелі, у мяне ледзьве хапіла сілы скрануць машыну з месца.

Жанчыны здзекліва зарагаталі, а смуглявая крыкнула:

- Ды куды ж вы, шаноўны? Яна ўсіх прымае. Па папярэднім запісе. - Яна назвала нумар тэлефона. - Званіце і прыязджайце!

Мне здалося, што на мяне вылілі вядро памыяў, і я нават адчуў іх моташлівы смурод. Не, я не паверыў, не захацеў паверыць, я нават думкі не дапускаў, што Яна магла быць ТАКОЙ. Хутчэй за ўсё я натрапіў на нейкіх Яе незычліўцаў, а можа, нават і ворагаў (у каго іх няма?), таму мне трэба супакоіцца і спытацца ў каго-небудзь яшчэ, але... Адчай, агіда, расчараванне і яшчэ штосьці, чаму нельга было знайсці азначэння, - усё гэта штурхала, гнала мяне як найдалей ад гэтага селішча, назва якога здавалася мне нечай злою насмешкаю. Я не мог заставацца тут ні хвіліны, і здавалася, ужо ніколі не змагу і не захачу бачыць Яе. Гэта было як зацьменне, як насланнё...

Не памятаю, як я апынуўся дома. У адказ на цешчыны і Танюшчыны роспыты я незадаволена махнуў рукою і, ледзьве дапяўшы да ложка, заснуў.

Прачнуўся я ад тэлефоннага званка. Гэта быў Вадзім.

- Ну што ты вырашыў? Едзеш ці не? У апошні ж раз.

- Еду.

- Тады збірайся.

- Ужо.

Недзе на паўдарозе я раптам нібы прачнуўся, і жаданне вярнуцца ўсё мацней пачало авалодваць мною. Наіўнае жаданне, а ў нашай з хлопцамі сітуацыі нават здрадніцкае. А што, калі патэлефанаваць Ёй? Голас, як і твар, многае можа расказаць пра чалавека. Нумар тэлефона я памятаў. Увечары, калі хлопцы пачалі класціся спаць (ноччу мы не ехалі), я пашыбаваў на тэлеграф, не падумаўшы нават пра розніцу ў часе (там, дзе Яна, недзе дзве гадзіны) і што, вядома ж, нармальныя людзі даўно спяць.

Яна не спала. Чаму яна не спала ў такі час? І званку майму не вельмі каб здзівілася. Мы з ёю гаварылі хвілін сорак. Праўду кажучы, гаварыў пераважна я. Я расказаў ёй пра нашу першую, потым другую сустрэчы. І пра трэцюю, якая не адбылася, але адбудзецца абавязкова. Калі, вядома, Яна будзе чакаць мяне. Яна проста адказала: «Я буду чакаць вас». Потым, памаўчаўшы крыху, паправілася: «Я буду чакаць цябе». Разумееце? Яна будзе чакаць мяне! Яна чакае мяне! І хутка мы сустрэнемся, каб ужо ніколі-ніколі не разлучацца, бо Яна стане маёй жонкаю. Праўда, пра тое Яна пакуль не ведае. Яна шмат чаго не ведае. І пра падарункі - таксама. Гэты раз увесь мой багаж складаецца з падарункаў для Яе. Вунь там, у поліэтыленавым пакеце, светлая, амаль белая, з лёгкім адценнем першай вясновай зеляніны (якраз пад колер Яе вачэй) вянчальная сукенка (мы абавязкова будзем вянчацца!), а вось у гэтых кардонных каробках чатыры пары чаравікаў такога ж колеру і адцення, як сукенка. Чаму ўсе чатыры аднолькавыя? А таму, што я не ведаю, які памер абутку Яна носіць, вось і ўзяў розныя, бо там, у нас, не вельмі проста будзе падабраць абутак такога вось своеасаблівага колеру.

А вунь футра. Ну не такое ўжо і шыкоўнае, як гаварыў мой сябра, але і не тое базарнае ўбоства, якім гандлююць сёння ў нас. А відэамагнітафон для Яе сына Віці. Праўда, ён зараз вучыцца ў тым горадзе, дзе ягоны бацька даўно ўжо мае новую сям'ю, але на ўсе святы і канікулы Віця прыязджае да маці.

А вось тут касметыка, біжутэрыя і яшчэ розныя дробязі. А ўвогуле, усё гэта - дробязі. Галоўнае, што Яна чакае мяне. Цяпер я тэлефаную Ёй штодня. Штодня адлегласць паміж намі становіцца карацейшай. Я чую Яе голас і заўважаю, як расце ўва мне прадчуванне вялікага-вялікага шчасця, падараванага нам з Ёю самім небам!

- Міша, не трэба так выпрабоўваць лёс, - перасцерагае мяне Вадзім у тыя рэдкія хвіліны, калі я, пазбаўлены магчымасці патэлефанаваць, пачынаю нервавацца. - Лёс не любіць празмерна самаўпэўненых.

- Цяпер, - я набліжаю свой твар да Вадзімавага і па-блазенску ўсміхаюся, - менавіта цяпер, калі да нашай сустрэчы засталіся лічаныя гадзіны, свой лёс я буду вырашаць сам!

- Паслухай, - не сунімаецца Вадзім, - я параіў бы табе пачытаць купрынскае «Искушение». Можа б, тады ты...

- Заўтра, заўтра, пра гэта пагаворым заўтра, - перабіваю я Вадзіма. - А сёння давай лепш падумаем, адкуль можна патэлефанаваць. Я ж ведаю, Яна чакае, Яна спаць не будзе».

 

* * *

 

Вочы мае ўжо прызвычаіліся да дробнага, не вельмі роўнага почырку амаль без прамежкаў паміж радкамі, і таму чарговая, перагорнутая мною старонка нават уразіла мяне некранутасцю белізны.

Я запытальна зірнула на Андрэя.

- Ведаю, ведаю, мамачка, ты зараз скажаш, што ніколі ў жыцці не пісала і не збіраешся пісаць на чужыя сюжэты. Але я не для таго прынёс табе гэты сшытак. Праўда, спачатку, калі толькі перагартаў яго, была такая думка. Калі ж прачытаў... Дарэчы, я не сказаў табе, дзе ўзяў яго. Максім Іванцоў прынёс. Ну, той, што ў ДАІ ад нас перайшоў. Гаварыў, што жонка прымусіла. І яшчэ сказаў, што ўсё роўна назад вернецца. Дык вось. Максім знайшоў сшытак на абочыне дарогі ля Ратамкі, якраз там, дзе колькі дзён таму адбылася ТАЯ аварыя. Ды нельга там было нікога ўратаваць. Максім гаварыў, што мікрааўтобус адразу ж загарэўся. Там ці то трое, ці то чацвёра мужчын было. Можа, сярод іх і той, што радкі вось гэтыя пісаў. Шкада, вядома, чалавека, калі і сапраўды ён быў там, у мікрааўтобусе. Толькі вось... Ты, мама, пісьменніца, ты павінна ведаць. Ты вось адкажы мне: чым была смерць (калі яна была) для гэтага чалавека - карай нябеснай за нецярплівасць, за празмерную ўпэўненасць у магчымасцях звычайнай зямной істоты або той жа нябеснай міласцю, міласцю збавення?

- Ты жартуеш, Андрэй?! - амаль злуюся я. - Якая ж гэта міласць - смерць?!

- А ты, мама, уяві сабе, што магло б быць далей (а можа, і будзе, бо мы пэўна не ведаем пра лёс аўтара гэтых запісаў). Ну, прыехаў ён, ну, сустрэўся з Ёю, з жанчынаю сваёй мары, а яна аказалася самай звычайнай бязмозглай лялькаю або горш таго - сцерваю са сцерваў. Ці ж гэта не трагедыя? Так што, мама, ніколечкі не жартую. А сшытак... Хочаш, я забяру яго. Ты ж усё роўна не пішаш на чужыя сюжэты. Тым больш што гэты сюжэт - незавершаны. Дарэчы, а што гэта за такое «Искушение» ў Купрына? Ці варта чытаць?

Я дастала з кніжнай шафы невялічкі томік Купрына, перагартала яго, каб упэўніцца, што апавяданне «Искушение» там ёсць, і паклала кніжку ў сынаў «дыпламат».

Сшытак я яму не аддала.


2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая