epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянціна Кадзетава

Шкляная зорка

Павел прачнуўся і хвілін колькі ляжаў з заплюшчанымі вачыма. Па твары ўсё яшчэ блукала шчаслівая ўсмешка-водбліск толькі што ўбачанага сну, такога яскравага, што Павел на нейкі момант усумніўся: а ці сон гэта?

Ён азірнуўся. На дыване над ложкам звыкла цікаў гадзіннік, побач салодка пасопвала Клава. Значыць, сон... Стала крыўдна. Так, як, бадай, толькі аднойчы - у далёкім-далёкім дзяцінстве...

 

* * *

 

Паўлік выскачыў з хаты з акрайчыкам цёплага яшчэ хлеба, шчодра пасыпанага буйной соллю. Зірнуў у адзін бок вуліцы, у другі. Куды перш збегаць: да Слаўкі на Гару ці на Пасяродак да Васючка? Слаўкаў бацька ўчора прыладзіў на старой грушы-дзічцы арэлі. Хоць цэлы дзень гушкайся. Але ж у Васючка свежына сёння.

Паўлік уявіў сабе высмаленае саломаю, жоўценькае, з апетытнымі храсткамі парсючынае вуха, якім абяцаў (пабажыўся нават) пачаставаць яго Васючок, і вырашыў, што арэлі нікуды не ўцякуць, а вось пачастунак можна і правароніць.

Ён пайшоў назад, каб з-за хаты зірнуць на Жукаў агарод: мо смаляць ужо? Не, не відаць пакуль. Паўлік зноў памкнуўся на вуліцу, але раптам спыніўся, зачараваны: злева, за канаваю, на калгасным полі ззяла-пералівалася... зорка! Нарэшце і каля іхняй вёскі ноччу ўпала зорка! З Паўлікавай галавы імгненна вылецелі і Слаўкавы арэлі, і Васючкоў пачастунак. Ён паклаў недаедзены акрайчык на лаўку пад яблыняю - птушкі склююць - і што было моцы паімчаўся на заманлівае ззянне. А зорка, здавалася, дражніла яго: то загаралася ярка-ярка, то зусім згасала, каб праз імгненне заззяць яшчэ ярчэй. Паўлік, не зважаючы на гэтыя капрызы (усё роўна зорка стане ягонай!), бег і бег па полі, падаў, уставаў і зноў бег. А потым, па-старэчы ссутулены, размазваючы па твары горкія слёзы, ён павольна сунуўся назад: «зорка» аказалася звычайным аскалёпкам зеленаватага шкла.

Дзе цяпер той хлопчык Паўлік са сваёй па-даросламу балючай крыўдаю? Няма. Ёсць сталы мужчына Павел Максімавіч, які паспяхова робіць службовую кар'еру, забяспечвае сваю сям'ю, ходзіць на банкеты і ўсё радзей узнімае твар да зорнага неба. Ужо нават цяжка ўспомніць, калі тое было апошні раз.

Пазаўчора яму стукнула сорак. Захмялелыя госці зычылі імянінніку здароўя, шчасця і, перакульваючы крышталёвыя чаркі ў бліскучыя «залатыя» раты, раз-пораз паўтаралі, што сапраўднае жыццё пачынаецца пасля сарака. А Павел не верыў ні ў шчырасць пажаданняў (жонка запрасіла толькі «патрэбных» людзей), ні ў тое сапраўднае, што пачынаецца пасля сарака. Усё ўжо было вырашана і вызначана: ёсць сям'я, работа, кватэра, дзе ўсё «як у людзей», і, вядома ж, машына.

Толькі ж чамусьці не-не ды і варухнецца ў сэрцы неспатоленае жаданне чагосьці незвычайнага, і тады ажывае даўняя дзіцячая крыўда і пачынаецца незразумелая душэўная немач. Чаго ён толькі не рабіў, каб пазбавіцца яе! І на рыбалку ездзіў, і на паляванне, і над кніжкамі начамі праседжваў, нават напівацца «да адключкі» спрабаваў. Нічога не дапамагала. Было адчуванне, нібы гуляў ён у вядомую гульню «холадна - горача», і куды б ні кідаўся, нечы насмешлівы голас паўтараў адно і тое ж: «Холадна! Холадна! Зусім холадна!»

А мінулай восенню, шукаючы паратунку ад чарговага прыступу дзіўнай хваробы, ён завёў раман з Зінай Халецкаю. Але ўсюдыісная Клава хуценька даведалася пра той раман і на самым пачатку ператварыла яго ў трагікамедыю. Зіна мусіла звольніцца, а Паўла вострыя на язык калегі ці не з год інакш як сексуальным банкрутам не называлі.

Але ж менавіта тады ён пачаў часта думаць пра тое, у што, здавалася, ужо не верыў зусім, - пра сапраўднае каханне. А сеначы такі сон! Вось каб Клава магла нейкім чынам той сон падгледзець! Яна б яму паказала!

І хто іх зразумее, гэтых жанчын? Ці ж мог некалі Павел уявіць сабе, што маўклівая, тоненькая, як пруток, Клава ператворыцца ў пяціпудовую кабету з уладарным голасам і непахіснай упэўненасцю, што штамп у пашпарце дае ёй правы лічыць Паўла сваёй уласнасцю і бесцырымонна лезці ў кожную хвіліну яго жыцця.

«Нашыя з табой жонкі з пароды жанчын-падманак, - ці то жартам, ці то сур'ёзна гаварыў Паўлу ягоны сябра Андрэй Дзядок. - Ты вунь на маю Любу зірні: бронетранспарцёр, а не баба. А каб ты яе ў дзеўках убачыў! Верыш, я ж ёй Блока чытаў: «Строен твой стан, как церковные свечи...» А яна выгляд рабіла, што ад паэзіі без памяці. Я і не думаў тады, што ў такія хвіліны нагадваю Чычыкава ў сцэне, калі ён чытаў Сабакевічу «Пасланне Вертэра да Шарлоты». Уяві сабе: Са-ба-ке-ві-чу «Пасланне Вертэра да Шарлоты». Смяшней не прыдумаеш! А ў іх, абранніц нашых, адна мэта была: як найхутчэй замуж выскачыць. А як мэты сваёй дасягнулі, так і расперазаліся: пакамечаны халат, нячэсаныя патлы і плечы, як у цяжкаатлетаў. Падманкі, адным словам. А яшчэ адданасці патрабуюць ды кахання. А дзе ж таго кахання набрацца на такую гару? Вось я і шукаю нечага драбнейшага. Каб па сіле, значыць».

Павел падышоў да трумо. На яго насцярожана зірнуў хударлявы светлавалосы мужчына з ледзьве прыкметнай сівізною на скронях. Звычайны мужчына. Тысячы такіх. І вочы звычайныя: не вогненна-чорныя, не пранізліва-блакітныя і нават не сталёва-шэрыя.

І што прыгожага знаходзіла некалі ў гэтых вачах Паліна?

«Дзіўныя яны ў цябе, Паўлуша, - гаварыла яна. - Зранку светла-шэрыя, а ўвечары зеленаватыя, бы вада з нашай сажалкі».

Павел спахапіўся: чаму так часта яму пачала ўспамінацца Паліна? А сёння яна - у каторы ўжо раз - прыснілася яму. Столькі гадоў не бачыліся, а тут...

Зірнуць бы, якая яна зараз? Няўжо таксама такая вось? Ён паглядзеў на жонку, што ўсё яшчэ салодка спала, на яе круглы, бы поўня, твар, на белыя пухнатыя плечы і раптам зазлаваў: «Падманка! Праўду Андрэй казаў! Сапраўдная падманка! Раскапусцілася на ўвесь ложак, і стрэлам гарматным яе не разбудзіш. А сёння выхадны, дык увогуле гадзін да дванаццаці дрыхнуць будзе!»

Павел раптам засаромеўся сваёй злосці. Адкуль яе столькі? І да каго? Да жонкі, да маці сваіх дзяцей. Сам жа некалі абраў яе. Хаця...

Ён успомніў, як на першым жа спатканні, калі ён нясмела, бо не ведаў яшчэ ніводнае жанчыны, абняў Клаву, яна прыліпла да яго ўсім целам і, ніколечкі не тоячы свайго жадання, горача зашаптала: «Пойдзем да мяне. Я сёння адна. Пойдзем?»

І Паліна з яе кніжнымі ўяўленнямі пра жыццё і залішняй, як яму тады думалася, цнатлівасцю, здалася яму наіўнай, несучаснай і смешнай... А цяпер...

Невясёлыя Паўлавы разважанні перапыніў тэлефонны званок. Павел падышоў да тэлефона:

- Я слухаю вас.

Трубка маўчала. Чулася толькі нечае стоенае дыханне.

- Алё. Гаварыце. Я слухаю.

- Паўлуша! - пачуўся ўсхваляваны жаночы голас. - Я разумею: недарэчна ўсё і хутчэй за ўсё непатрэбна, але гэта я. Я тут, у тваім горадзе. Ты не пазнаеш мяне, Паўлуша?

Ён адразу пазнаў яе голас і ніколькі не здзівіўся, што пазнаў. Перамагаючы слабасць, якая раптоўна ахінула ўсю яго істоту, ён прысеў на табурэтку і амаль прашаптаў:

- Дзень добры, Паліна.

 

* * *

 

Кожную вясну гадоў ужо дзесяць, калі не больш, Паліна пачынала гэтыя неверагодныя на цвярозы розум зборы і кожны раз знаходзіла прычыну, каб спыніць іх. І цяпер, у чарговы раз пакуючы сумку, яна гаварыла, што хутчэй за ўсё зноў у апошнюю хвіліну перадумае і зноў усё застанецца па-ранейшаму. Не! Яна спыніць гэтыя здзекі над сабою, яна знойдзе яго, сустрэнецца з ім і спытаецца: няўжо ніколі, ніводнага-ніводнага разу за доўгія гады ён не ўспомніў пра яе? Некалі Павел пакінуў яе дзеля другой. Паліна пазнаёміла яго са сваёй сяброўкай Клаваю і... атрымалася зусім банальная гісторыя, шчаслівай гераіняю стала сумна вядомая «сяброўка-разлучніца».

Паліна не адразу зразумела, кім быў для яе Павел. Замуж пайшла. Праўда, не адразу. Доўга не магла, як сама казала, «на свайго натрапіць». А калі здалося, што натрапіла, вырашылі яны з Ігарам вяселле згуляць.

І толькі тады, калі пад воклічы «горка» Ігар схіліўся, каб упершыню прылюдна пацалаваць яе, Паліна жахнулася: «Што ж я раблю? Гэта ж назаўсёды, на ўсё жыццё! А як жа Павел?» Перад Палінінымі вачыма раптам паўстаў Паўлаў твар, і вусны яе амаль бязгучна прашапталі: «Даруй, Паўлуша». Госці весяліліся, спявалі, а ёй хацелася сарваць з сябе вясельны ўбор, выскачыць з-за стала і бегчы, бегчы - усё роўна куды.

Што было далей? Жыццё. З паўсядзённымі клопатамі, трывогамі, маленькімі радасцямі. Нарадзіўся сын, потым дачка. Ігар ніколі не крыўдзіў яе. Але Паўлаў вобраз ніяк не сціраўся з памяці, а наадварот, з гадамі ўсё часцей узнікаў перад ёю без усялякай, здавалася б, прычыны і засланяў сабою ўвесь свет. І тады Паліна непакоілася: можа, з ім здарылася нядобрае і ён кліча яе? І аднойчы яна вырашыла: «Трэба знайсці яго... Пабачыць... Сустрэцца... Толькі б зірнуць на яго, упэўніцца, што ён жывы і здаровы».

Мінулай восенню яна ўжо зусім сабралася, нават білет купіла. А ў апошні момант спахапілася: «Адумайся, ты ж не дзяўчынка. Ну, прыедзеш, знойдзеш яго, а ён толькі пасмяецца: здурнела, маўляў, баба!» І яна парвала білет.

Але тое было мінулай восенню. А цяпер яна сядзела ва ўтульным гасцінічным нумары ў горадзе, дзе жыве Павел, і праз нейкую гадзіну (яны дамовіліся сустрэцца ў дванаццаць ля ўвахода ў парк) збудзецца яе шматгадовая мара - яна ўбачыць Паўла, а потым... Няхай іхнія сэрцы падкажуць ім, што будзе потым.

Але як жа марудна паўзе час! І ногі нібы чужыя, і рукі. А сэрца то замірае, то калоціцца недзе ля самага горла. Куды падзець сябе, што зрабіць, каб пазбавіцца гэтага пакутлівага чакання? Пачытаць, ці што? Паліна ўзяла са стала часопіс, наўздагад разгарнула яго, прабегла вачыма мо з чвэрць старонкі і толькі тады спахапілася, што не памятае з прачытанага ніводнага слова. Яна прымусіла сябе засяродзіцца - калі чытаеш, то час ідзе хутчэй - і адразу ж бы спатыкнулася. Ёй нават падумалася, што радкі гэтыя прымроіліся ёй. Паліна на нейкае імгненне заплюшчыла вочы, а калі расплюшчыла іх, то ўпэўнілася: не, не прымроілася.

«І прыйшла вар'яцкая думка. Можа, яна сама патрошку спела, а можа, уварвалася ў мазгі знянацку. Знайсці яго... Пабачыць... Сустрэцца... Не можа быць, каб ён забыў яе».

Паліна ліхаманкава перагарнула некалькі старонак назад. Апавяданне. Зусім невялічкае апавяданне. Аўтар - жанчына. Паліна за лічаныя хвіліны праглынула гэтыя пяць ці шэсць старонак і, знерухомеўшы, глядзела праз акно на вуліцу, дзе, нібы ў нямым кіно, бязгучна мітусіліся чалавечыя постаці і рознакаляровыя машыны. Мітусіліся бязладныя думкі ў яе галаве. Чаму менавіта цяпер трапілася ёй на вочы гэтае апавяданне? Можа, гэта перасцярога ёй? Можа, знак адкуль? З нябёсаў?..

Гераіня апавядання Валя так, як і Паліна, праз гады адшукала і сустрэлася з чалавекам, які быў для яе і «ясны свет, і адзінае ў жыцці каханне». І што? «Ясны свет» аказаўся вартай жалю нікчэмнасцю. «Навошта я дабівалася гэтай сустрэчы? Няхай бы жыла тым... Як жа далёка мара ад звычайнага жыцця! Пуста было вакол яе, пуста ўсярэдзіне. Яна дакарала сябе, немаладую ўжо жанчыну, што пусцілася ў нейкую аферу, выцягнула таксама немаладога ўжо мужчыну з яго прывычнага жыцця і задурыла галаву і яму, і сабе. Уся рамантыка, як здавалася цяпер Валі, абярнулася будзённым і, можа, нават пашлаватым фліртам. І не трэба было чапаць мінулага, мінулае не любіць, каб да яго дакраналіся.

 

Не чакай світання пасля світання,

Не чакай кахання пасля кахання,

Не бяжы ў мінулае нацянькі...

Пакалечаш ножанькі аб цвікі...»

 

Паліна зірнула на гадзіннік. Да сустрэчы з Паўлам заставалася яшчэ дваццаць хвілін.

 

* * *

 

Ярка ззяла сонца. Цешыла вока пахкая зеляніна. Светлавалосы хударлявы мужчына з ледзьве прыкметнай сівізною на скронях купляў ружы. Ярка-чырвоныя, з тонкім водарам, з пяшчотнымі аксамітнымі пялёсткамі. Самыя прыгожыя ружы для самай прыгожай жанчыны, з якой (ён упэўнены, што так будзе) ягонае жыццё стане шчаслівым.

Павел купляў ружы для Паліны.

Паліна ў гэты час сядзела ля вагоннага акна і, імкнучыся стрымаць слёзы, нібы закляцце, паўтарала:

 

Не чакай світання пасля світання...

Не чакай світання пасля світання...


2004?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая