epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянціна Кадзетава

Тэст на першае каханне

Бываюць людзі, якім ніколі нічога не сніцца. Прынамсі, так сцвярджаюць яны самі. Я ж, колькі памятаю сябе, штоночы бачу нейкія дзіўныя сны.

У дзяцінстве мне сніліся падарожжы на Месяц, агромністыя блакітныя шары з ружовымі літарамі «СССР» і... дыктар Левітан. Калі я пачынала расказваць сяброўкам свой чарговы сон, яны перабівалі мяне, называлі падманшчыцай і здзекліва смяяліся. Мне было вельмі крыўдна: я ж нічога не прыдумвала! І зорку, якая аднойчы ўпала на агарод за нашай хатаю, таксама не прыдумала. Я яе сасніла! Зорка была асляпляльна яркая і халодная - я кратала яе рукамі, - але жывая, бо размаўляла са мною і запрашала ў госці.

Пра жывую зорку я расказала бацьку. Ён паслухаў, пахітаў галавой і, прамовіўшы: «Ну, ты, бачу, дачыталася!» - пазбіраў усе мае кніжкі, склаў іх у вялікі бабулін куфар з некалі прыгожым, а цяпер выцвілым узорам на бакавінах і вечку і павесіў на куфар цяжкі металічны замок. Бацька, называецца! Сам жа прывучыў мяне да кніжак! Сам жа мне іх купляў! Я заплакала і вырашыла, што і яму больш ніколі не буду расказваць сваіх сноў, нават тых, дзе я з асалодаю, змешанай са страхам, высока-высока лятала над зямлёй.

Я і цяпер яшчэ зрэдку лятаю ў сне. Праўда, не так ужо высока, як у дзяцінстве, бо над сабой бачу ўжо не блакітнае неба, а брудна-шэрую столь і вельмі баюся аб яе ўдарыцца. Але часцей мне сніцца школа, дзе чамусьці бачу сябе не настаўніцай Ларысай Міхайлаўнай, як тое ёсць у сапраўднасці, а вучаніцай Лорай Хаткевіч, якую вось-вось выклічуць да дошкі рашаць задачу па матэматыцы. Матэматыка ж для мяне заўжды была «жахам, што ляціць на крылах ночы», таму, прачнуўшыся, я доўга не магу пазбавіцца прыкрага адчування няёмкасці. І яшчэ - трывогі, бо «матэматычныя» сны звычайна зычаць мне не вельмі добрае.

Сеначы рашаць задачу з абрыдлым пі, якое чамусьці «імкнецца да бясконцасці», мяне выклікаў нехта з маіх вучняў, здаецца, Віця Бялецкі. Ён сядзеў за настаўніцкім сталом, іранічна пазіраў на мяне, а я з заміраннем у сэрцы чакала сваёй ганьбы.

Прахапілася пад раніцу ў мінорным настроі (дарэчы, зранку ён у мяне ніколі не бывае мажорным, бо я - «сава»). Я ўсё ж прымусіла сябе ўсміхнуцца і тройчы прамовіць: «Куды ноч, туды й сон!» Пры гэтым паспела адзначыць: «Ты становішся залішне прымхлівай, спадарыня!» Памылася, згатавала сваім мужчынам сняданак, зірнула за акно. Вецер... Самае нелюбімае надвор'е. У такое надвор'е ў галаву чамусьці лезуць думкі пра хуткаплыннасць жыцця, яго недаўгавечнасць і ўспамінаюцца даўнія крыўды.

Сёння ў мяне трэці, чацвёрты і пяты ўрокі, але я вырашыла пайсці ў школу раней: праверу сшыткі, пакорпаюся ў бібліятэцы - туды ўчора завезлі новую літаратуру. Можа, знайду яшчэ што-небудзь цікавае да заўтрашняга ўрока ў дзевятым класе. Урок гэты для мяне асаблівы: мы пачнём вывучаць творчасць Максіма Багдановіча, які стаў маім любімым паэтам яшчэ ў далёкія юнацкія гады.

...Калі мяне ўпершыню праводзіў дадому Коля Шчарбіцкі, з расчыненага акна нечай хаты загучала «Зорка Венера».

Ах, гэты Коля Шчарбіцкі, сінявокі, чарнабровы прыгажун, у якога былі закаханыя ці не ўсе старшакласніцы Целяшоўскай школы! Кожная з іх апускала вочы долу, калі сустракала позірк бяздонных Колевых вачэй. А ён выбраў мяне, сарамлівую нескладуху з ненавіснымі вяснушкамі на паўнаватым твары. У той жа вечар Коля сказаў мне запаветныя словы, якіх так чакае кожная дзяўчына! Назаўтра я знайшла ў сваёй бібліятэчцы томік Багдановіча і пачала перачытваць яго вершы.

Хто ведае, як склаўся б наш з Колем агульны лёс? Ды і ці склаўся б? Кажуць, першае каханне амаль ніколі не бывае шчаслівым. А можа, наша каханне якраз і стала б тым самым «амаль»?

Коля загінуў так страшна і недарэчна, што мне і цяпер, праз гады, балюча думаць пра гэта. Але і сёння, калі становіцца цяжка і смутна на душы, я ўспамінаю сцежкі, дзе мы хадзілі разам, закінуты бацькоўскі дом са здзічэлым садам і ледзьве чутна прагаворваю дарагія радкі:

 

Ізноў пабачыў я сялібы,

Дзе леты першыя прайшлі,

Там сцены мохам параслі...

 

Разумею, што ўся прыгажосць багдановічаўскай паэзіі пакуль недаступная дзецям, але да кожнага ўрока, прысвечанага Паэту, рыхтуюся, як да свята, і веру: хоць невялічкі след тое свята пакіне ў іхніх душах.

Да бібліятэкі я не дайшла: убачыла, што ў рэкрэацыі пануе нейкае ажыўленне, і скіравалася туды.

Ля сцяны, кідка і безгустоўна размаляванай залётнымі мастакамі-хаўтуршчыкамі, стаялі дзве адзінаццацікласніцы з плакатам: «Дапамажыце дзецям вайны! Хто колькі можа!» На падлозе - скрынка з кардону, у ёй - некалькі дробных грашовых купюр, пераважна сторублёвак. Побач тоўпіцца з дзесятак старшакласнікаў.

- Што за акцыя? - пытаюся і дастаю партманет. - І чаму вы не на ўроку?

Адна з дзяўчат, светлавалосая і ружовашчокая, ўсміхаецца:

- Ніякая не акцыя. У нас фізрук захварэў, урока няма, вось мы і вырашылі павесяліць народ.

- ?!!

Відаць, на маім твары было напісана нешта такое, ад чаго ружовашчокая перастае ўсміхацца.

- Ды што з вамі, Ларыса Міхайлаўна? Гэта ж проста жарт! Прыкол такі! Мы на сабраныя грошы цукерак купім і пачастуем свой клас. Дарэчы, усім, акрамя вас, смешна было.

Другая «прыкалістка» глядзіць на мяне вялікімі, колеру чыстага летняга неба вачыма, і ў позірку тых вачэй неўразуменне і паблажлівасць.

- Ну-у! А вашы вучні гаварылі, быццам у вас з пачуццём гумару «нармуль»! Памыляліся, відаць. А шкада. Для настаўніка пачуццё гумару - сама тое!

О, каб на іх месцы былі хлопцы! Я, несумненна, адрынула б усе педагагічныя і этычныя прынцыпы і заляпіла б кожнаму шчодрую аплявуху! Але перада мною стаялі дзве лялькі, добра кормленыя, па модзе апранутыя, з падмаляванымі вейкамі і вуснамі.

Я схапіла плакат і парвала яго, а скрынку з «ахвяраваннямі» адкінула да супрацьлеглай сцяны. Адыходзячы, паспела заўважыць, як адна з лялек скрывіла твар і пакруціла пальцам ля скроні.

- Ларыса Міхайлаўна! - паклікала мяне сакратарка Зоя Рыгораўна. - На перапынку зайдзіце ў настаўніцкую: Васіль Пятровіч хоча зрабіць важную аб'яву.

У настаўніцкай ужо сабралася некалькі педагогаў, відаць, з тых, у каго былі «форткі».

- Паслухайце, шаноўныя мае калегі! Няўжо ніхто з вас не бачыў, чым займаюцца гэтыя дзве... - ад абурэння я не знаходзіла слоў, - гэтыя дзявулі! «Дапамажыце дзецям вайны!» Такім чынам яны «народ весяліць» прыдумалі, а заадно і грошы на цукеркі сабе збіраць!

- Ну, бачылі, - празмерна спакойна, як мне падалося, прамовіла біялагічка Ала Іванаўна, асцярожна ўладкоўваючы ў крохкім крэсле сваё не па гадах распаўнелае цела, з-за якога атрымала ад нашых дасціпных да жорсткасці дзяцей мянушку Калхіда. - Я таксама пяцьсот рублёў паклала. Хто ж ведаў, што на цукеркі. А, не такія ўжо там і грошы!

- Не, даражэнькая! Трэба, каб беспакараным такі «жарт» не застаўся! - не супакойваюся я.

- Вы пра Ворачкіну з Мілюковай? - цікавіцца настаўніца хіміі Святлана Максімаўна, падмалёўваючы перад люстэркам і без таго яркія, прыгожа акрэсленыя вусны.

- Пра Ворачкіну. А прозвішча другой я не ведаю, бо ў адзінаццатых класах не працую, а яна, відаць, новенькая.

- А гэта дрэнна, што не ведаеце, - загадкава ўсміхаецца Святлана Максімаўна. - А то, можа, падумалі б, перш чым патрабаваць пакарання.

- І чаму ж гэта? Можа, яна дачка якога-небудзь мясцовага «князька»?

- Ды не. Дачка новай пасялковай бібліятэкаркі. А наш Васіль Пятровіч з нейкай пары стаў вялікім аматарам мастацкай літаратуры...

- Ну, і што з таго?

Святлана Максімаўна ўзняла тонкія чорныя бровы:

- Вы мяне здзіўляеце! Ды ўжо нават школьнікі ведаюць, што Васіль Пятровіч...

Святлана Максімаўна хацела яшчэ штосьці дадаць, але ў настаўніцкую - лёгкі на ўспамін! - зайшоў Васіль Пятровіч, наш дырэктар, і Святлана Максімаўна замаўчала.

Васіля Пятровіча, зусім маладога мужчыну (яму і цяпер яшчэ няма сарака), прыслалі ў нашу школу тры гады таму. Сур'ёзны, вельмі паглядны і да таго ж адзінокі, ён адразу ж стаў аб'ектам асаблівай увагі ўсіх незамужніх настаўніц. Але новы дырэктар быў з усімі аднолькава ветлівы, далікатны, не скупіўся на кампліменты, і толькі...

Пагаворвалі, быццам жонка ў яго ўжо была, але яна здрадзіла яму, таму, даўшы сабе зарок больш ніколі не жаніцца, падмануты муж з'ехаў з горада ў нашу глухамань.

Паступова ўсе патэнцыяльныя нявесты страцілі надзею стаць «першымі лэдзі» школы і адступіліся. А вось Васіль Пятровіч, здаецца...

Дырэктар зірнуў на гадзіннік:

- Я коратка. Пра галоўнае. З дакладных, хоць і неафіцыйных крыніц я атрымаў звестку, што ў наступным месяцы ў раёне чакаецца сур'ёзная праверка. Нашу школу як самую буйную з вясковых тая праверка ні ў якім разе не абміне. Перш за ўсё, як вы ведаеце, будуць глядзець дакументацыю.

- Ой-ёй-ёй! - уздыхнуў Ігар Віктаравіч, выкладчык гісторыі. - Вось бяда дык бяда! Зноў пачнецца папяровая вакханалія!

Дырэктар незадаволена пахітаў галавою:

- А вашы дакументы, Ігар Віктаравіч, я праверу асабіста і, запэўніваю вас, вельмі ўважліва. Хопіць з мяне мінулагодняй ганьбы.

Настаўнікі заўсміхаліся, а Ігар Віктаравіч, зрабіўшы знарочыста вінаваты твар, пачаў разглядаць насы сваіх начышчаных да бляску чаравікаў.

Наш гісторык, эрудыт, аптыміст, чалавек шырокіх інтарэсаў і шырокай душы, чамусьці нярэдка трапляе ў якое-небудзь смешнае для старонніх і крытычнае для яго становішча. Так, напрыклад, на курсах у вобласці ён пачаў пералічваць свайму суседу шматлікія хібы новага падручніка. Сусед жа аказаўся аўтарам таго самага падручніка.

А нядаўна ягоная жонка, настаўніца пачатковых класаў Тамара Алегаўна зазірнула ў кабінет да мужа, каб разам пайсці дадому, і заспела яго ў даволі пікантнай сітуацыі: Ігар Віктаравіч стаяў на каленях перад біялагічкай Алай Іванаўнай. У Тамары Алегаўны ад крыўды аж дух заняло: ён здрадзіў ёй! Ды з кім? З гэтай старой таўстухай. (Але Іванаўне было трыццаць гадоў!)

Можаце сабе ўявіць, колькі намаганняў давялося прыкласці «здрадніку», каб празмерна раўнівая Тамара Алегаўна паверыла, што на самай справе яе муж не ў каханні Але Іванаўне прызнаваўся, а ўсяго толькі дэманстраваў ёй вельмі дзейснае практыкаванне ад болю ў суставах.

А ганьба, пра якую ўспомніў дырэктар, заключалася ў наступным.

Мы вырашылі абраць Ігара Віктаравіча пастаянным сакратаром педсаветаў. «Ніхто так дакладна, як вы, не зможа запісаць любую прамову!», «І почырк у вас прыгожы!», «Літаратурныя здольнасці на належным узроўні!» - наўзахваткі лесцілі мы гісторыку, хаваючы агульную патаемную думку: «Толькі б не мяне!»

Абралі аднагалосна. Сказаць, што Ігар Віктаравіч прыйшоў у захапленне ад ускладзенага на яго абавязку, азначала б сказаць няпраўду: малады настаўнік цярпець не мог «канцылярскую пісаніну». Але мы павіншавалі яго і тут жа пасадзілі за стол пісаць першы пратакол. І ён запісаў усё дакладна. Нават сварку, што нечакана ўзнікла паміж фізічкай і матэматычкай. З усімі асаблівасцямі іх мовы і маўлення.

Сам Ігар Віктаравіч кляўся потым, што пісаў «для сябе», на чарнавік, каб потым перапісаць усё як належыць. Ён жа і думаць не думаў, што ў такім першапачатковым варыянце пратакол трапіць у рукі інспектара РАА!

- Але ж і праўду Ігар Віктаравіч сказаў: сапраўдная папяровая вакханалія! - азвалася настаўніца англійскай мовы. - Нам ужо хутка дзяцей не будзе калі вучыць з-за гэтых папер! Ну, самі падумайце: планы каляндарныя, планы выхаваўчыя, планы па самаадукацыі, планы развіцця кабінетаў, планы работы з адстаючымі... А справаздачы? А дзённікі класнага кіраўніка? Наша сакратарка гаварыла, што за нейкія паўтара месяца праз яе рукі прайшло каля дзвюх тысяч папер, складзеных настаўнікамі! У школе спецыяльна задзейнічаны два камп'ютэры і ксеракс. Мы не паспяваем здаваць грошы на фарбу.

- Дарагія мае калегі! - у голасе дырэктара зазвінела сталь. - Мы з вамі дзяржаўныя людзі, таму павінны безадмоўна і акуратна выконваць усе патрабаванні нашых кіраўнічых органаў. Каму не падабаецца, хай шукае сабе іншае месца работы. Яшчэ раз паўтараю: перш за ўсё будуць глядзець дакументацыю. Пра нашу з вамі работу будуць меркаваць менавіта па ёй. Падрабязна пра падрыхтоўку да праверкі пагаворым на вытворчай нарадзе. Цяпер жа - па ўроках! Пасля шостага правесці адпаведныя гутаркі са сваімі класамі.

З настаўніцкай усе выходзілі з хмурымі, заклапочанымі тварамі. Мяне спыніла завуч Ірына Сцяпанаўна:

- Ларыса Міхайлаўна, з Мілюковай і Ворачкінай я пагавару сёння ж. Хутчэй за ўсё яны проста не разумеюць, што так жартаваць нельга.

- У іхнім узросце пара разумець, дзе жарт, а дзе кашчунства.

- Ды не трэба так браць да сэрца! З гэтага ўсе хваробы нашыя. Давайце будзем успрымаць усё больш спакойна. Ну, іншыя яны, нашы дзеці! Нейкая душэўная глухата ў многіх з іх. І мне здаецца, такіх ужо нельга перарабіць.

«Як нельга перарабіць і мяне», - дадала я ў думках і паклала на стол стос вучнёўскіх сшыткаў: у мяне ў запасе заставалася цэлая гадзіна вольнага часу.

А на перапынку да мяне прыбегла маладая «русіца» Ніна Васільеўна.

- Я больше не могу и не хочу работать в вашем классе! Это ж не дети, а монстры какие-то! Особенно этот умник Белецкий! Прошлый раз я его простила. Наверное, зря. Вот, полюбуйтесь! Это лежало на моем столе, когда я зашла в класс. Никто, кроме Белецкого, не мог этого сделать. Он же, ко всему прочему, у вас еще и поэт!

Ох, бяда мне з маім «элітным» дзесятым «А»! То адзін, то другі настаўнік гаворыць, што я неаб'ектыўная да сваіх выхаванцаў, што ліберальнічаю і захвальваю іх, а яны тым карыстаюцца: мудрагельнічаюць, задаюць каверзныя пытанні, робяць удакладненні і папраўкі ў тлумачэнні настаўнікаў.

Я асабіста ў гэтым не бачу нічога дрэннага: няхай думаюць, шукаюць, сумняваюцца. Ніколі ж ні ў чым не сумняваюцца толькі... самі ведаеце хто. І таму я раблю выгляд, быццам не заўважаю, як той ці іншы з вучняў пасля майго адказу на якое-небудзь няпростае пытанне пачынае крадком гартаць прынесены з дому даведнік ці слоўнік. Так, мне здаецца, і павінна быць. Тым больш у «элітным» класе. Хоць, калі казаць праўду, не такі ўжо і элітны мой дзесяты «А». Наша «самая буйная з вясковых школ раёна» налічвае крыху больш за чатырыста вучняў. Таму модную цяпер дыферэнцыяцыю мы робім наступным чынам: адзін з двух (рэдка калі трох) паралельных старэйшых класаў «паглыбляецца» ў матэматыку, другі ў рускую ці беларускую (часцей рускую) мову. Дзесяты «А» - філалагічны клас. Але тых, хто па-сапраўднаму адчувае слова, тут ці набярэцца з дзесятак. Астатнія трапілі ў «філолагі» таму, што іхнія веды па матэматыцы блізкія да нуля. А ў гэтым годзе ў нас ёсць яшчэ і дзесяты «В», так званы тэхналагічны. Пра яго маўчу і дзякую Богу, што мне не выпала там працаваць. Асабіста мне не па душы такая дыферэнцыяцыя, але ж, як сказаў Васіль Пятровіч, мы людзі дзяржаўныя... Не ведаю толькі, як ажыццяўляць славутую дыферэнцыяцыю ў невялічкіх вясковых школах.

- Ну, вот как вы прикажете понимать эту галиматью? - Ніна Васільеўна падала мне лісток, вырваны са школьнага сшытка.

Я прабягаю вачыма па радках:

 

Учитель, помни: сочиненье -

Души ребячьей откровенье,

И потому, чтоб тему дать,

Про класс немножко надо знать!

Н. В.! Кто думает не так,

Тот не учитель, а...

(Рифму подберите сами.)

 

«Прошлый раз», пра які гаварыла Ніна Васільеўна, здарыўся ў канцы першай чвэрці. Віця Бялецкі тады сам зайшоў у клас, дзе пасля ўрокаў я пакутавала над чарговай справаздачаю - падлічвала так званыя СОУ, КОУ, РОУ.

- Ларыса Міхайлаўна, я ведаю, яна будзе на мяне скардзіцца! Яна нават да дырэктара збіралася пайсці! - горача пачаў Бялецкі.

Я перапыніла яго:

- Можа, перш добры дзень, Віця? Па-мойму, мы з табою сёння не бачыліся. Потым - хто такая «яна»?

- Прабачце, - пацішэў хлопец. - Яна - гэта Ніна Васільеўна. Але ж вы паслухайце. Выконвалі мы заданне, дзе трэба было перакласці на беларускую мову рускамоўны тэкст. Выклікала яна... Ніна Васільеўна да дошкі Кацю Сінцову перакладаць наступны сказ: «Усталый, он прилег на диван отдохнуть». Каця пераклала: «Стомлены, ён прылёг на дыван адпачыць». Ніна Васільеўна сказала, што правільна, а мы... я хацеў выправіць памылку. Рускае ж «диван» у перакладзе на нашу мову азначае «канапа», ці не так? А беларускае «дыван» адпавядае рускаму «ковер». Ну, а яна адразу: «Не умничай, сядь и закрой рот!» Я закрыў. Далонню. А яна зноў: «И не смотри на меня таким взглядом!» Тады я ўзяў і заплюшчыў вочы. І пісаў з заплюшчанымі вачыма.

- Ну, і як? Атрымалася?

- Ды атрымалася, але дрэнна. Крыва. Ніна Васільеўна парвала мой сшытак.

- Дарагі мой мовазнаўца, - пачала я, - ты ж добра ведаеш, што Ніна Васільеўна толькі два гады таму прыехала з Расіі, дзе нарадзілася, расла і вучылася, таму так дасканала, як ты, валодаць беларускай моваю пакуль не можа. Праўда, у тым, што і ты ведаеш яе дасканала, я, прабач, сумняваюся. Але калі ты адзін у класе заўважыў тую памылку, трэба было ціхенька сказаць Ніне Васільеўне. Але ж, здаецца, цябе хвалявала не столькі памылка, колькі жаданне выставіцца перад... некаторымі дзяўчатамі.

Ад апошніх маіх слоў Віця пачырванеў, і я тут жа пашкадавала, што яны вырваліся ў мяне. Віця Бялецкі - хлопец своеасаблівы: за знешняй яго легкадумнасцю і юначым імпэтам хаваецца ўражлівая, далікатная натура.

Віця закаханы ў Алену Васюкову, нашу выдатніцу, дзяўчыну сур'ёзную і прынцыповую. Каханне яго нясмелае, узнёслае і, як ён лічыць, безнадзейнае. Мне ж думаецца, і Алена нераўнадушная да Віці, бо, калі размаўляе з ім, яе заўсёдная стрыманасць знікае, а вялікія, празаічна-шэрыя вочы пачынаюць прамяніцца ціхай радасцю. У такія моманты я думаю, што нараканні на разбэшчанасць і бездухоўнасць нашай моладзі не зусім справядлівыя. Розныя яны, сённяшнія маладыя, як рознымі ў свой час былі і мы.

Віця насцярожана пазірае на мяне сінімі, як ультрамарын, вачыма з густымі чорнымі вейкамі (такія б вочы дзяўчыне!), і я раблю спробу выйсці з няёмкага становішча:

- Мне падалося, што табе падабаецца, каб на цябе глядзела Зайцава ці Мастаўцова. Ці, можа, Бібік.

Я знарок не называю Аленіна імя, і хлопец з палёгкай уздыхае:

- Трэба яны мне, як леташні снег.

- Ну тады я не разумею цябе. Ідзі і падумай, як паправіць тое, што ты зрабіў.

Бялецкі папрасіў у Ніны Васільеўны прабачэння, і адносіны між імі быццам бы наладзіліся.

Што ж здарылася цяпер? Што азначаюць гэтыя вершанаваныя радкі?

- Ніна Васільеўна, а якое сачыненне вы пісалі ці збіраецеся пісаць у дзесятым класе?

- В том-то и дело, что никаких сочинений в вашем классе мы давно уже не писали. Собираемся писать контрольное, но темы я еще не давала.

- Ну, я пастараюся разабрацца, што тут да чаго. Сёння ў нас якраз класная гадзіна. Калі хочаце, можаце прысутнічаць.

- Нет уж, увольте. На сегодня с меня достаточно общения с ними.

 

* * *

 

- Ну дарагія мае выхаванцы, - пачала я адразу з парога, - сёння ў нас з вамі будзе вельмі сур'ёзная размова.

- Я ж казаў: да нас едзе рэвізор! Камісія, значыць! пачулася з апошняй парты, і Віця Бялецкі (ну, ты глядзі, зноў Бялецкі!) пераможна зірнуў на аднакласнікаў.

Я дакорліва пахітала галавою:

- Ох, языча, языча, і хто цябе кліча? Праўда, у гэты раз кліча ён цябе невыпадкова. Камісія камісіяй, але перш давайце абмяркуем уласныя праблемы. На жаль, у многіх настаўнікаў ёсць прэтэнзіі і да нашага класа. Трэба было даўно пагаварыць з вамі, але я спадзявалася, што ўсё неяк наладзіцца: вы ж амаль дарослыя людзі. А цяпер бачу: некаторыя з вас неўзабаве дойдуць са сваімі ўчынкамі да ўзроўню «дзяцей вайны».

- Ды Маша з Людаю неблагія дзяўчаты! І вучацца добра! А ў параўнанні з глабальнымі праблемамі іхні ўчынак - дробязь, не вартая ўвагі! - выгукнула з месца Юля Лапіцкая.

- Ты, Юля, дзе-небудзь так практыкавалася б у дасціпнасці! - абурана ўсклікнула Алена Васюкова. - Якая ж гэта дробязь? Мала таго што такая «акцыя» сама па сабе - здзек над нечай бядою, дык паглядзіце, дзе яны са сваім плакатам атабарыліся? Насупраць піянерскага пакоя. А там фотаздымкі ветэранаў і нашых двух хлопцаў, што ў Афганістане загінулі. Вось табе і дробязь.

- Ой, якая ж ты, Васюкова, у нас ідэйная стала з таго часу, як цябе сакратаром БРСМ абралі! - агрызнулася Лапіцкая. - Начыталася дапатопных кніжак пра «ўнутраных ворагаў» і хочаш дзяўчат ідэалагічнымі дыверсантамі зрабіць.

- Яны не дыверсанты, а такія ж, як і ты, «пафігісткі». Для вас існуе толькі тое, што можна пакратаць рукамі ці з'есці! - Алена села і пачала глядзець у акно.

- А я вось што скажу! - Страсянуўшы вогненна-рыжым чубам, узняўся з-за парты Міша Падабед. - Чаго вы хочаце ад нашых Люд і Маш, калі на былыя святыні цяпер паўсюль плююць. Вось нядаўна адзін вядомы гурт на тэлебачанні выступаў. Начапілі на шыі піянерскія гальштукі, твары знарок дэбільныя зрабілі і давай лухту ды пашляціну несці. Таксама «народ весялілі». І гэта на дзяржаўным тэлебачанні! Так што вам, дарослым, не нас, а сябе перш за ўсё вінаваціць трэба.

Дзесяцікласнікі, відаць, яшчэ доўга спрачаліся б, але я перапыніла іх:

- Дзякуй, што выказалі свае думкі. Праўда, пагаварыць я з вамі хацела пра іншае. Цяпер у мяне пытанне да Віці Бялецкага. Скажы, Віця, чаму ты зноў пакрыўдзіў, а дакладней, абразіў Ніну Васільеўну? У мінулы раз мы гаварылі з табою без сведак. Але сёння, прабач, будзеш адказваць усяму класу. Дык што азначаюць твае так званыя «вершы», між іншым, у мастацкіх адносінах даволі слабыя?

- Якія вершы? - непрытворна здзівіўся Бялецкі. - Я сваіх вершаў даўно нікому не чытаў.

Я паказала класу злашчасны лісток.

- Выходзіць, мне трэба браць на сябе абавязкі следчага і шукаць аўтара ананімнага твора?

- Не трэба! Гэта я напісала!

Наста? Ціхмяная і разважлівая Наста Кананчук?

- Але навошта? Чаму? - разгубілася я.

- А таму, што няхай у журнал класны ўважліва паглядзіць, перш чым у класе, дзе трое сірот, пісаць сачыненне пра маці. Хочаце, я вам адно сачыненне пакажу?

Наста разгарнула перада мною сшытак, дзе пад загалоўкам «Мая мама» на ўсю старонку буйнымі няроўнымі літарамі быў напісаны ўсяго адзін сказ: «Когда я вырасту, я найду и убью ее!»

- Гэты хлопчык, - працягвала Наста, - Лёша Зайцаў, разам з маім братам у чацвёртым класе вучыцца. Маці пакінула Лёшу, калі яму было пяць ці шэсць месяцаў. Прыехала ў госці да стрыечнай сястры і неўзабаве знікла. Вось з таго часу Лёша жыве ў цёткі Веры. Да нядаўняй пары ён лічыў яе сваёй маці. Але знайшліся «добрыя людзі» - усё расказалі. А маці так ніводнага разу і не пацікавілася, як і што з Лёшам. А яшчэ ў тым класе дзве дзяўчынкі-блізняты вучацца. У іх з год таму і бацька, і маці п'яныя ў хаце згарэлі. Дзяўчынак ужо ў дзіцячы дом афармлялі, а тут якраз нашы суседзі туды прыехалі. Сваіх дзяцей у іх не было, і яны хацелі сабе хлопчыка з дзіцячага дома ўзяць, а ўзялі Рыму з Таняй. Дзяўчаткам там добра жывецца, але ж яны яшчэ не забыліся пра той жах... Я ўсё сказала. А цяпер рабіце са мной што хочаце.

Ад Насцінага расповеду мне стала не па сабе. Некалі, у першыя гады сваёй працы, я ледзьве не зрабіла такую ж сур'ёзную памылку. Але тады на ўсю школу быў толькі адзін хлопчык, які рос у прыёмнай сям'і, а сёння...

Хвіліннае маўчанне парушыла Ніна Мастаўцова:

- Ларыса Міхайлаўна, вы ўжо каторы раз гаворыце, што ў настаўнікаў да нас шмат прэтэнзій. Толькі ж і ў нас да некаторых з іх яны ёсць. Але ж вы нас і слухаць не хочаце, бо гэта не-пе-да-га-гіч-на!

- Я магу выслухаць толькі тыя прэтэнзіі, якія вы маеце асабіста да мяне, - адказала я. - Але адна ўмова: гаварыць не больш чым па чацвёра адразу.

- Вось бачыце! Вы зноў усё хочаце ператварыць у жарт. А мы не жартуем. Мы напішам.

- Напішаце? - занепакоілася я. - Вось толькі гэтага мне і не хапала! Спадзяюся, не ў міністэрства адукацыі?

- Дазвольце мне! - узняў руку Вадзім Максімкоў. - У мяне ёсць ідэя.

Вадзіма, свайго нефармальнага лідэра, дзесяты «А» называў «наш дыпламат», хоць дыпламат з яго, між намі кажучы, быў ніякі: у пэўных сітуацыях яму не хапала неабходнай сапраўднаму дыпламату стрыманасці і гнуткасці.

Вадзім паправіў гальштук - ён заўжды прыходзіў у школу ў белай сарочцы і гальштуку - і выйшаў на сярэдзіну класа.

- Ні ў якое міністэрства пісаць мы не збіраемся. Мы напішам вам, Ларыса Міхайлаўна. Нешта накшталт анкеты: «Мае прэтэнзіі да настаўнікаў».

- Вам яшчэ не надакучылі анкеты? - здзівілася я. - Наш жа псіхолаг ці не кожны тыдзень вас анкетуе!

- Хто ў тых анкетах праўду напіша? - усміхнуўся Вадзім. - Вось у канцы мінулага года было пытанне: «Ці ёсць у нашай школе настаўнікі, якія адпавядаюць твайму ідэалу педагога?» Я напісаў: «Няма. Усім далёка да майго ідэалу». Дык мяне па почырку вылічылі, а потым завуч натацыі чытаў. Таму давайце так зробім: тэксты набяром на камп'ютэры, прозвішчы падпісваць не будзем. Напішам толькі пра адмоўнае, але гэта не азначае, што мы не бачым нічога станоўчага. Пра станоўчае можна і ўслых сказаць. А вы, Ларыса Міхайлаўна, прачытаеце і тое, што палічыце магчымым, скажаце на педсавеце. Чаму не будзем падпісвацца? Вам, канешне ж, мы верым. Але настаўнікі розныя бываюць, а мы не хочам псаваць сабе атэстаты.

Я ўздыхнула. Як далёка той незваротны час, калі настаўнік быў для вучняў амаль што богам. Памятаю, мы, колішнія вучні Чырвонакастрычніцкай пачатковай школы, лічылі, што і Сяргей Ціханавіч, і Ганна Адамаўна, і Іван Емяльянавіч - ды ўсе настаўнікі ўвогуле - створаны зусім інакш, чым звычайныя людзі: яны, напрыклад, не маюць патрэбы ў ежы і ў іх няма «саромных» частак цела. Смешна? І мне цяпер смешна. А тады мы ніколечкі не сумняваліся ў абранасці настаўнікаў.

Сёння дзеці разумеюць, што мы звычайныя людзі, і, акрамя рэальных нашых грахоў, прыпісваюць нам грахі ўяўныя. І якія ж яны абачлівыя! «Не хочам псаваць сабе атэстаты». А што? Можа, яны і маюць рацыю. Я ж некалі сапсавала свой атэстат.

 

* * *

 

Целяшоўская сярэдняя была для нас, вяскоўцаў, другой, а для каго і трэцяй па ліку школай. Мы, бярозаўскія, пасля сваёй пачатковай хадзілі ў васьмігодку ў Нівы. У папярэдніх дзвюх школах выкладанне вялося на беларускай мове, Целяшоўская ж школа была рускамоўная, таму мы, перш чым адказаць на якое-небудзь пытанне настаўнікаў, у думках перакладалі свой адказ з беларускай мовы на рускую. Атрымлівалася не вельмі ўдала. З нас смяяліся не толькі новыя аднакласнікі, але і некаторыя настаўнікі.

Але сапраўдным маральным катаваннем сталі для нас урокі біялогіі, якія вёў «завучыхін» муж Альберт Паўлавіч, высокі, мажны, з дагледжаным поўным тварам, бездакорна апрануты мужчына гадоў сарака. Не, ён не смяяўся. Здаецца, ён увогуле ніколі не смяяўся. Ён, назіраючы за нашымі перакладчыцкімі намаганнямі, грэбліва крывіў твар і цадзіў скрозь зубы: «Колхозники несчастные...»

У той дзень ля дошкі ў Альберта Паўлавіча пакутліва шукаў патрэбныя словы адзін з самых «несчастных колхозников» - маларослы Алесь Гарбачэня, які штодзень хадзіў у школу за пяць кіламетраў з невялічкага, у некалькі хат, пасёлка з нязвыклай для нашай мясцовасці назваю Зэфельд. Целяшоўскія «абарыгены» пасмейваліся і знарок няправільна падказвалі разгубленаму Алесю. Альберт Паўлавіч ужо скрывіў твар, каб выдаць сваё кароннае «колхозники», як Алесь узняў на яго павільгатнелыя, поўныя нянавісці вочы, усхліпнуў і выбег з класа. Вось тут я і не вытрымала: выказала «арыстакрату» ўсё, што трэба, і нават тое, чаго не трэба было гаварыць. На «колхозной» мове. Потым, перамагаючы агіднае пачуццё страху (што ж цяпер будзе?!), спыталася: «Перакласці на рускую?»

Альберт Паўлавіч слухаў надзіва спакойна, толькі пакрысе ружавеў яго выпешчаны твар. Нарэшце ён прамовіў: «Ох, и тяжеленько тебе, девонька, в жизни придется с таким-то характером!»

«Несчастными колхозниками» ён з таго часу нас не называў, але на выпускных экзаменах (а іх тады ў нас было, здаецца, сем) мне і сапраўды было «тяжеленько». Замест чаканай адной я атрымала ў атэстат ажно чатыры чацвёркі. І ўсё дзякуючы дзейсным намаганням Альберта Паўлавіча. Самае крыўднае, што чацвёрку мне паставілі і па маім самым любімым прадмеце - беларускай літаратуры, якую выкладала ў нас «завучыха».

І ўсё ж на філалагічны факультэт педінстытута, ды яшчэ і сталічнага, я паступіла з першай спробы, набраўшы дзевятнаццаць балаў з дваццаці магчымых.

Чаму мне так часта ўспамінаецца Альберт Паўлавіч? У Целяшоўскай жа школе было столькі цудоўных настаўнікаў: Вольга Мікалаеўна, Вера Лявонцьеўна, Васіль Міхайлавіч, Мікалай Апанасавіч... Але пра Альберта Паўлавіча я думаю часцей.

Можа, таму, што словы Альберта Паўлавіча пра мой характар аказаліся прарочымі? Многія з маіх калег цярпець мяне не могуць за звычку «лезці не ў свае справы», за «прамалінейнасць на мяжы нявыхаванасці», за «празмерна востры язык».

Я і сама ведаю свае хібы. Колькі разоў заракалася даваць волю эмоцыям, але, як толькі сутыкнуся з якой-небудзь несправядлівасцю ці яўнай дурнотаю, адразу ж забываюся пра ўсе зарокі. Не, відаць, і сапраўды «гены пальцамі не задавіш». А яны ў мяне бацькавы. Яго, самадзейнага паэта-гумарыста, колькі разоў нават пабіць збіраліся! Менавіта бацькавы гены не далі мне выбіцца «ў людзі»: што такое сёння вясковая настаўніца?

Але ж раней я сваёй прафесіяй шчаслівая была! Мне ўсё ўдавалася і ўсё радавала: і знаёмства з новым класам, і экскурсіі, і паходы, і школьныя вечары, і звычайныя ўрокі. Нават сшыткі вучнёўскія правяраць было цікава.

А цяпер, калі адпрацавала ў школе ўжо больш за два дзесяцігоддзі, мяне раптам пачалі апаноўваць смешныя ў сваёй запозненасці сумненні: а ці не памылілася я некалі, абраўшы настаўніцкую прафесію?

Іншым разам мне здаецца, што я і сама нічога не ведаю з таго, чаму вучу дзяцей. Мне стала хранічна не хапаць часу нават на тое, каб прачытаць што-небудзь «для душы». Я ўжо не памятаю, калі ўзнімала галаву да зорнага неба. Мне становіцца млосна ад слоў «план», «справаздача», «дакументацыя», але я гадзінамі праседжваю над складаннем непатрэбных нікому, апрача правяраючых, ненавісных папер, бо менавіта яны (праўду сказаў наш дырэктар) апошнім часам чамусьці сталі з'яўляцца ці не асноўным крытэрыем добрасумленнай настаўніцкай працы. А хадзіць у «адстаючых» у мае гады і сорамна, і недаравальна.

Але самае горшае тое, што я перастаю разумець сваіх вучняў. Мяне раздражняе іхні «сленг», іхняя, здавалася б, неўласцівая маладосці меркантыльнасць (а што я з таго буду мець?) і асабліва - празмерная дасведчанасць пра самае непрыгляднае ў інтымных адносінах людзей. Заўважаю, што на ўроках міжвольна стараюся пазбягаць слоў «блакітны», «ружовы», «партнёр», «акт», толькі б не ўбачыць на чыім-небудзь зусім яшчэ юным твары брыдкую ўхмылку той самай дасведчанасці. Чамусьці ўсе яны... Толькі што ж гэта я? Сама ж запэўнівала сябе, што яны - розныя! Чаму ж прычэсваю ўсіх пад адзін грэбень?

Не, проста ў ранішні мой «савіны» настрой сёння ўплялося шмат непрыемнага, і я зноў, як тое часам бывае, пачынаю глядзець на свет праз чорныя акуляры. Ці ж можна папракнуць пералічанымі «грахамі», напрыклад, Вадзіма Максімкова, Мішу Падабеда, Дашу Каштанаву? А Насту Развіцкую і Алену Васюкову? Віцю Бялецкага?

Ды і ў большасці астатніх усё гэта павярхоўнае, наноснае, што ідзе ад жадання здавацца не проста дарослымі, а бывалымі людзьмі і ад памылковага ўяўлення пра тую самую «бываласць». А дасведчанасці сваёй яны, можа, і самі не радыя: не могуць жа яны заплюшчваць вочы і затыкаць вушы.

 

* * *

 

Даша Каштанава і Алена Васюкова выйшлі са школы разам.

- Алена, а пра што ты будзеш пісаць у сваёй «анкеце»? - спыталася Даша.

- Так я табе і сказала! - засмяялася Алена. - Навошта ж мы тады дамаўляліся пра ананімнасць?

- Ну, тады і я табе не скажу! - пакрыўдзілася Даша. - Сяброўка, называецца! Ніводным сакрэтам падзяліцца не хочаш!

- Ды якія ў мяне сакрэты? - адмахнулася Алена. - Вось калі будуць, тады і падзялюся.

- А я ведаеш што чула? Чула, як Юля Лапіцкая гаварыла Ніне Мастаўцовай, што яна збіраецца «Ларысе гарачага сала за скуру заліць».

- І як яна гэта будзе рабіць?

- Сказала, што знарок напіша, быццам у мужа Ларысы Міхайлаўны ёсць палюбоўніца. І яны разам з Мастаўцовай смяяліся.

- Ад гэтай Лапіцкай чаго заўгодна чакаць можна, - спахмурнела Алена. - Можа, пагаварыць з ёю?

- Ну, і пра што ты збіраешся са мною гаварыць? - раптам пачуўся голас Юлі Лапіцкай. - Можа, як і твая любімая Ларыса, пра даўжыню маёй спадніцы? Тая ўчора прыкалупалася: «Чаму ў школу без спадніцы прыйшла? Зараз жа ідзі дадому і апраніся як след!» Быццам яна не бачыла, што я ў спадніцы. Проста ў мяне той світэр крыху даўгаваты... А табе, Даша, добра было, калі яна цябе прылюдна адчытвала за неўпадабаны ёю лак на тваіх пазногцях?! Ды яна ўжо ўсіх пантамі сваімі даканала. Але ж маўчаць, баяцца слова насуперак сказаць. Як жа: класная наша! Ну, Васюкову я разумею. Сакратарства яе ў хадзячы статут ператварыла: гэта нельга, тое забаронена, а гэта і зусім амаральна! А ты ж, Даша, клёвая дзяўчына! Няўжо табе не хочацца плюнуць на іхнія дзікунскія табу і жыць напоўніцу?!

- Як ты са сваімі сяброўкамі Нінай і Наташаю? - азвалася Алена. - Пляшку віна ці пару «экстэзі» - і на тусоўку па падваротнях?

- А ты сваімі справамі займайся! - незадаволена скрывілася Лапіцкая. - Дрэўцы садзі, лекцыі пра СНІД чытай ды з-пад старых маразматыкаў гаршкі насі! Я чула, нашу бальніцу хутка ўвогуле ператвораць у так званую бальніцу сястрынскага дагляду, так што ўжо не ў трох палатах, як цяпер, а ва ўсіх дзесяці «кастылі» ляжаць будуць. Табе і тваім «валанцёрам» клопату прыбавіцца!

- А ты, відаць, думаеш, табе заўжды семнаццаць будзе?

- Ну, а я пра што? Цяпер якраз мой час! А вось Ларысін час прайшоў. Яна нам зайздросціць, таму і чапляецца. Я так і напішу ў сваім лісце: старая зайздросніца! Пра мужаву палюбоўніцу, так ужо і быць, не напішу! А то яшчэ да інфаркту давяду.

- Ах ты ж... Я думала, ты проста легкадумная вяртуха, а ты...

- Ну-ну! - пагрозліва ссунула бровы Лапіцкая. - Давай дагаворвай! Думаеш, я не здагадваюся, з-за чаго ты ўз'елася на мяне? Дык ведай жа: той, па кім ты млееш... словам, у нас з ім было ўсё! А цяпер падбірай яго пасля мяне, калі, вядома, удасца! Вось так!

Лапіцкая пераможна зарагатала і прыспешыла крок.

- Ой, навошта нам былі гэтыя анкеты! - не зважаючы на апошнія словы Лапіцкай, усклікнула Даша. - А што, калі Юля і праўда напіша якое-небудзь паскудства? Як мы тады будзем глядзець у вочы Ларысе Міхайлаўне?

- Ды як-небудзь будзем, - нейкім адчужаным голасам прамовіла Алена. - Ну, я пайшла.

Даша здзіўлена паглядзела ёй услед.

Алене ж цяпер хацелася толькі аднаго: як найхутчэй апынуцца дома.

Ад хвалявання яна доўга не магла патрапіць ключом у замочную шчыліну. Нарэшце дзверы адчыніліся, і Алена, не распранаючыся, кінулася ў свой пакой і павалілася на канапу. Не, не магло быць у Яго нічога агульнага з гэтай самаўлюбёнай нахабніцай! Ён жа зусім іншы! Ён не такі, як усе! У Ім усё незвычайнае: і сінія, як валошкі, вочы, і шчырая сонечная ўсмешка! А якія прыгожыя ў Яго рукі! Даша неяк сказала, што хоць Бялецкі і сімпатычны хлопец, але размазня і рамантык, таму суперменам яму ніколі не стаць. Дашыны словы кранулі Алену за жывое. Няўжо Даша не бачыць і не разумее, што ўсе супермены свету са сваімі сталёвымі мускуламі не вартыя нават Віцевага пазногця! Размазня? Ды ў Яго проста чуйная душа. Ён паэт. Ён самы-самы! Такіх больш няма ў свеце! Вось каб паклікаў, Алена за Ім на край свету пайшла б. Але ж не кліча.Толькі пазірае на яе сваімі валошкамі.

Ой, якая ж яна дурніца! Чаму яна вырашыла, што Лапіцкая гаварыла пра Віцю? Адкуль яна магла ведаць, што Алена... Ну, вядома ж, Лапіцкая проста хацела паздзекавацца, зрабіць Алене балюча. І ёй гэта амаль удалося.

Як жа Алена ненавідзіць гэтую Лапіцкую! Не, такога пачуцця, як нянавісць, Лапіцкая не вартая. Алена пагарджае ёю. Пагарджае і... зайздросціць, што ўжо ад сябе хавацца? Лапіцкая прыгожая. У яе цёмна-карыя вочы, чорныя бровы «домікам», яркія пульхныя вусны і пышныя русыя валасы. І навошта ёй тая касметыка? Яна ж як размалюецца ўсімі колерамі вясёлкі, дык і твар становіцца такім жа вульгарным, як і паводзіны. Але яна не бачыць гэтага. Так ёй і трэба! Шкада толькі, постаць у Юлі такая, што нават кідка-вычварныя ўборы, якія яна так любіць, не могуць збрыдзіць яе.

Алене таксама хутка семнаццаць, а выглядае яна дзяўчынкай-падлеткам. Вунь была нядаўна ў горадзе, дык у аўтобусе да яе так і звярталіся: «Дзяўчынка, перадай, калі ласка, грошы на білет».

Маці на днях заўважыла, з якім засмучэннем разглядвае сябе Алена перад трумо, і сказала:

- Не бядуй, дачушка. Я ў тваім узросце такая ж сухарэбрыца была. А потым за адно лета - адкуль што і ўзялося! - расцвіла, папрыгажэла. Як у школу прыйшла ў верасні, дык мяне не адразу і пазналі.

Словы маці ніколечкі не суцешылі Алену: калі яшчэ тое лета? А ёй хочацца быць прыгожай цяпер! Ды і хіба летам яе шэрыя вочы стануць карымі? Хіба зробіцца роўненькім нос з ненавіснай гарбінкаю? Не, відаць, ніколі не быць Алене прыгажуняй. Вось калі б здарыўся такі цуд! Можа б, тады Віця калі не на край свету паклікаў, дык хаця б на школьным вечары на танец запрасіў. Але ж і прыгажуню Лапіцкую ён таксама не запрашае, хоць яна апошнім часам да яго чапляецца, і гэта ўжо многія ў класе заўважаць пачалі. Так што няхай яна не выдумляе абы-чаго.

 

* * *

 

Пераможны смех Лапіцкай быў, што называецца, «вясёлай мінаю пры дрэннай гульні». Насамрэч ёй хацелася хутчэй плакаць, чым смяяцца. Больш за месяц таму, яшчэ перад Новым годам, Юля, якая лічыла сябе самай, па яе словах, «сексапільнай» дзяўчынай не толькі ў школе, але і ва ўсім пасёлку, пахвалілася Ніне Мастаўцовай, што яна «без праблем» можа «закадрыць» любога хлопца.

- Любога? - перапытала Ніна. - А Бялецкага?

Лапіцкая насмешліва прыжмурыла падмаляваныя зялёным алоўкам вочы:

- Віцьку? І лёгка!

- А я думаю, што зусім і не лёгка...

- Чаму гэта? - здзівілася Лапіцкая. - Хіба ў яго нетрадыцыйная арыентацыя?

- Ды цьфу на цябе, Юлька! Вярзеш абы-што. Проста мне здаецца, што ты крыху спазнілася. Апярэдзілі цябе.

Сяброўчыны словы толькі падахвоцілі Лапіцкую.

- Прапаную пайсці ў заклад! Бачыш вось гэты ланцужок? Залаты, між іншым. Калі праз месяц Бялецкі не закахаецца ў мяне па вушы, ланцужок твой. Калі ж будзе па-мойму, ты аддаеш мне свой пярсцёнак. Лады?

- А, давай! - махнула рукой Мастаўцова. - Завушніцы ў мяне ёсць, пярсцёнак - таксама, а ланцужка для поўнага камплекта якраз і не хапае.

І вось падобна на тое, што Юлі давядзецца развітацца з ланцужком. І з-за каго? З-за гэтай мымры Васюковай!

Якія толькі захады не рабіла Юля, каб прывабіць Бялецкага! Нават вопытны мужчына не ўстаяў бы. Позіркі, што час ад часу скіроўваў на яе хлопец, лесцілі Юліна самалюбства, надавалі ўпэўненасці. Яна ўжо не раз у думках прымярала на безыменны палец Нінін пярсцёнак з прыгожым ружовым каменьчыкам і нібы наяве бачыла разгублены сяброўчын твар. І раптам... Ды не раптам! Юля і раней заўважала, што Бялецкі чамусьці ніякавее, калі размаўляе з Васюковай, і тым не менш усё часцей падыходзіць да яе: то задача ў яго не рашылася, то падручнік дома забыўся, а на перапынку хацеў бы паўтарыць дамашняе заданне. А сам толькі пагартае той падручнік. І глядзеў ён, аказваецца, не на Юлю, а праз Юлю - на Васюкову ён глядзеў. Божухна, ды было б там на што глядзець!

Праўда, яшчэ не ўсё прапала. У суботу ў школе вечар, прысвечаны апекуну закаханых святому Валянціну. Вечар гэты самы цікавы з усіх, што ладзяцца ў школе. Не параўнаць з усякімі там літаратурнымі, дзе вершы чытаюць ды свечкі запальваюць. Каму гэта трэба? Вось вечар святога Валянціна - зусім іншая справа! Там розныя цікавыя гульні: «Маргалкі», «Трэці лішні», «Знайдзі сабе пару». Ну, і белыя танцы. Пошта працуе, «валянцінкі» разносіць.

У мінулым годзе Юля атрымала ажно дзесяць «валянцінак». А Наташа Бібік - тры. Нінка ж Мастаўцова ўсяго толькі дзве. Дарэчы, на вечары ў гэты раз паштальёнкай будзе Ніна. Трэба папрасіць, каб яна яшчэ і цэнзарам пабыла, хоць, здаецца, паміж Бялецкім і Васюковай, акрамя пераглядак, нічога няма.

На вечар Юля збіралася мо дзве гадзіны. Спачатку зрабіла макіяж: бэзавыя цені, блакітная туш, ярка-чырвоная памада. Воблік дзяўчыны-вамп давяршыў убор: чорныя капры і вогненна-аранжавая кароценькая кофтачка. Пакруцілася перад люстэркам, узбіла баклажанавага колеру валасы, шчодра паліла іх лакам. Задаволена ўсміхнулася: знешнасцю прырода яе не абдзяліла - і стан, бы вытачаны, і тварык хоць на вокладку часопіса. Хацела ўжо апрануць футра, як раптам спахапілася: а духі? Духі ў Юлі не абы-якія, а французскія - «Фіджы». «Папік» падарыў. Ёсць у яе адзін, так бы мовіць, сябра. На ўсё дзеля яе гатовы. Нічога сабе мужчына. Толькі стараваты крыху: трыццаць яму. Ды жанаты. Праўда, кажуць, што жонка - не сцяна, можна і адсунуць. Але Юлі і так няблага. Ёй пра замуства зусім яшчэ рана думаць.

...Вечар канчаткова разбурыў Юліны спадзяванні: Бялецкі нават і не глянуў на яе. І танцаваць з Юляй адмовіўся, папрасіў прабачэння і сказаў, што не ўмее. Паслаў ён усяго адну «валянцінку». Вядома ж, Васюковай. Перш чым аддаць яе Алене, Мастаўцова паказала «валянцінку» Юлі са словамі: «Ну, калі ланцужок аддасі?» У «валянцінцы» Віцевай рукой было напісана: «Хай для мяне тваё імя гучыць, як музыка, штодня!»

Юля атрымала цэлую кучу «валянцінак». Але ўсе яны былі нейкія не такія: «Юля, ты - адпад!», «Ты супер, Юля!», «Чакаю ў скверы за клубам». А дзве ўвогуле непрыстойныя. Вершаў не было. А зрэшты, хіба трэба ёй тыя вершы ды іншыя «сюсю-мусю»? Ды і Бялецкі ёй трэба як казе барабан. У яе і так кавалераў хапае. Калі б не пад кайфам тады была, то і ў заклад не пайшла б. А ланцужка шкада! Што яна сваім скажа, калі спытаюцца, куды падзеўся іхні падарунак? Можа, «папіка» развесці на чарговы прэзент? Бялецкі з вечара пайшоў услед за Васюковай. Нарэшце гэты Рамэо асмеліўся наблізіцца да сваёй Джульеты! А Васюкова ззяла, бы новая грыўня!

Не, трэба ўсё ж хоць крыху папсаваць ёй нервы: і за тыя «выступленні», і за Бялецкага, і за ланцужок. Нічога, прыдумаецца што-небудзь!

 

* * *

 

Алена гартала сшытак у сіняй вокладцы, на першай старонцы якога было напісана: «Дзённік асабістага жыцця». Гэты сшытак - самы надзейны яе сябра. Толькі яму яна давярае ўсё самае запаветнае. Ён ніколі нікому не раскрые ніводнага Аленінага сакрэта, нават калі як-небудзь выпадкова трапіць у чужыя рукі. Здорава яна прыдумала - пісаць шыфрам, які сама ж і вынайшла. Ну, хто прачытае хаця б сённяшні запіс: «Гешша а сэчьлы гнагчы саа!»?

Так, сёння Алена вельмі шчаслівая! Самая шчаслівая ў свеце!

А Віця смешны: тры вечары яны хадзілі па вуліцы па некалькі гадзін, мерзлі, а ён кожны раз яшчэ па паўгадзіны трымаў Алену ля пад'езда. А сёння таптаўся-таптаўся на месцы, а потым зрабіў выгляд, быццам паслізнуўся і таму да Аленінай шчакі дакрануўся вуснамі выпадкова. Дакрануўся і сам спужаўся сваёй смеласці. Алене ж ад радасці і смяяцца, і плакаць хацелася. Яна заплюшчыла вочы. Вось скончаць яны з Віцем школу, будуць паступаць разам, а потым... Не, далей не трэба загадваць, бо сурочыць можна. Алена не вельмі ў прымхі верыць, але ж хто яго ведае?

Ой, як не хочацца брацца за ўрокі! А тут яшчэ кантрольны тэст па беларускай мове заўтра. Навошта тыя тэсты па мове? Самі ж настаўнікі, Алена чула, абураюцца: маўляў, і так вучні два словы звязаць не могуць, а з гэтым тэсціраваннем увогуле ў нямкоў ператворацца. Дый заданні вельмі цяжкія. Думаеш-думаеш, ажно галава трашчыць. Дарэчы, Віця прасіў, каб прынесла яму кніжку з тэстамі і каб не забылася. Ну, хіба яна можа забыцца? Яна ж думае пра Віцю кожную хвіліну. На кантрольнай па матэматыцы і то думае. Вядома, Віцю яна пра тое не скажа. І як моцна кахае яго, таксама не скажа. Можа, калі-небудзь потым. А цяпер будзе проста кахаць. Заўжды. Усё жыццё.

 

* * *

 

Юля Лапіцкая лаяла сябе апошнімі словамі. Празмерную волю яна дала сабе! За трэцюю чвэрць абы-якіх адзнак нахапалася. А пара ўжо думаць, як зрабіць сабе годны атэстат. Яна ж не дэбілка якая і добра разумее: каб як след уладкавацца ў жыцці, адной знешнасці мала, хоць і знешнасць - каштоўнасць немалая.

Заўтра ў іх англійская мова, трэба садзіцца за пераклад. Спрабавала аднойчы зрабіць гэта праз камп'ютэр, але ён такую лухту выдаў! А можа, у яе такі камп'ютэр? Юля пачала марудліва корпацца ў кніжнай шафе. Вось ён, англійска-рускі слоўнік. Лапіцкая са злосцю шыбанула яго на стол. З кніжкі выпаў вузенькі светла-сіні канверцік і слізгануў на падлогу. Юля аж войкнула: як жа яна забылася?! А што, калі б гэты так званы «Тэст для ранняй дыягностыкі цяжарнасці» трапіў на вочы маці? О, маці так «пратэсціравала» б Юлю, што яна не патрапіла б, куды бегчы. І так задзяўбла сваімі заімшэлымі прынцыпамі: «Дзявочая годнасць!», «Цнатлівасць!», «У наш час...».

Ну, ніяк гэтыя старыя не хочуць зразумець, што час цяпер зусім іншы! У іхнім дзесятым некаторыя дзяўчаты - даўно не дзяўчаты. І няма чаго абурацца! Цяпер гэта нармальная з'ява. Вунь наверсе і то даўно прынялі як належнае: у пералік хвароб, якія даюць права на вызваленне ад школьных экзаменаў, уключылі і цяжарнасць. Ну, а цяжарнасць жа, як вядома, не з прастуды здараецца! І бадай у кожнай школе штогод не адзін такі выпадак бывае.

Ну, Юля, вядома, не такая разява, як, напрыклад, Наташа Бібік. Тая мінулым летам «заляцела». Толькі дзякуючы такому вось «тэсту» своечасова пра сваю бяду даведалася і без урачоў абышлася. І Юлі гэты канверцік дала, сказала, «на ўсякі выпадак». Не будзе ў Юлі такога выпадку, бо ў яе галава на плячах ёсць, таму ніякія тэсты ёй не спатрэбяцца. Выкінуць, пакуль не позна! Толькі куды? Яна заклапочана пацерла рукою лоб і раптам ледзьве не падскочыла ад нечаканай думкі: «А што, калі... Так, гэта будзе ўсім прыколам прыкол! Няхай Васюкова пакруціцца, як вужака!»

Юля падышла да тэлефона і набрала Нінін нумар. Мастаўцова чамусьці не прыйшла ў захапленне ад Юлінай задумкі:

- Не раіла б я табе такое рабіць: ці мала што з гэтага атрымацца можа?

- Ага, ты баішся, што я ўсё ж выйграю і табе давядзецца аддаваць назад ланцужок? Не бойся, у мяне ўжо другі ёсць, ніколечкі не горшы.

- А ты можаш і гэты забраць, - адказала Ніна.

- Ну, і пайшла ты...! Я і без цябе абыдуся. Толькі дачакаюся зручнага моманту і зраблю ўсё так, што камар носа не падточыць.

...Зручны момант выпаў пазней, на пачатку мая.

 

* * *

 

Сёння мае дзесяцікласнікі нарэшце прынеслі свае «пасланні». Іх, акуратна складзеныя ў файл, аддаў мне Вадзім Максімкоў. У яго чамусьці трымцелі рукі. Хваляваўся? Няма чаго хвалявацца. Я ж ім не вораг. Калі і натраплю на што-небудзь «крамольнае», зраблю выгляд, што не заўважыла. Дзіўна, але і сама я хвалююся. Яны, вядома ж, напішуць і пра мяне. Некаторыя настаўнікі сцвярджаюць, быццам ім усё роўна, што гавораць і думаюць пра іх вучні. Галоўнае, правільна рабіць сваю справу. Я не веру ім. Кожнаму хочацца, каб яго не толькі паважалі, але і хоць крышачку любілі. Ды і што азначае «правільна рабіць сваю справу»! Дзе крытэрыі? За доўгія гады маёй працы яны столькі разоў мяняліся!

З заміраннем у сэрцы бяру ў рукі файл з вучнёўскімі лістамі і... адсоўваю яго ўбок. Няхай заўтра. А сёння займуся хатнімі справамі. Не, спачатку прачытаю.

«У некаторых настаўнікаў ёсць любімчыкі. Іх увесь час хваляць, ставяць у прыклад, завышаюць ім адзнакі і называюць па імёнах. А нас жа, «нелюбімчыкаў», - толькі па прозвішчах, быццам мы - салдаты. І ніколі нам ніякіх паслабленняў! А калі ты дрэнна адчуваў сябе ці дома ў цябе здарылася непрыемнасць, таму не змог падрыхтавацца да ўрока?

Іншым разам думаецца, што для такіх настаўнікаў, як, напрыклад, І. і Р., усе мы, акрамя любімчыкаў, - шэрая, безаблічная маса. Яны не бачаць кожнага з нас паасобку. Даходзіць да таго, што любімчыкам у кантрольных работах выпраўляюць памылкі фіялетавым колерам. У мяне з маёй суседкай па парце была аднолькавая колькасць памылак, я гэта дакладна ведаю, але мне паставілі шэсць балаў, а ёй - восем. Дзве памылкі былі выпраўлены фіялетавым».

 

«Я настаўнікам дазваляў бы працаваць у школе гадоў да трыццаці - трыццаці пяці, а потым пераводзіў бы іх на якую-небудзь іншую работу, бо ўсе яны паступова становяцца занудлівымі, нецікавымі, не хочуць хадзіць у паходы, займацца спортам і нічога не чытаюць, апроч падручнікаў ды сваіх метадычак. Паміж сабой размаўляюць толькі пра школу. І ад нас таго ж хочуць: урокі, урокі, урокі... І кожны свой прадмет галоўным лічыць, і кожны кучу дамашніх заданняў задае. Ды немагчыма іх усе выканаць! А ў нас жа і іншыя інтарэсы ёсць. Няхай бы настаўнікі часцей успаміналі сябе ў нашым узросце!»

 

«На школьных калідорах вісяць плакаты пра шкоднасць курэння. А колькі настаўнікаў і настаўніц курыць? Думаеце, калі папырскаецеся духамі ці ўкінеце ў рот жуйку, дык не будзе чуваць паху? Памыляецеся! А К., бывае, прыходзіць у школу з гарэлачным перагарам. І ўсе гэта ведаюць. Адміністрацыя таксама. Але ж яго трымаюць на рабоце, таму што ў яго «жена и дети маленькие». Гэта правільна? Па-мойму, ні курыльшчыкам, ні выпівохам не месца ў школе!»

 

«В. прыходзіць у школу злая, як змяя. Яна ніколі не ўсміхнецца, не скажа добрага слова. Мы ведаем, што ў яе дома нелады. Але ж ці мы вінаваты? Яе любімы выраз: «Гэта вашы, а не мае праблемы». Чаму ж яна свае праблемы прыносіць у школу? Мы ўсе яе не любім. А малодшыя мажуць ёй стол цыбуляю, бо В. не пераносіць яе пах».

 

«Я звяртаюся да вас, Ларыса Міхайлаўна. Вы неаднойчы гаварылі нам, што слова - вялікая сіла, што словам можна і ўратаваць, і забіць. А самі іншым разам «забіваеце». Ваша іронія бывае злой, яна нас прыніжае. Вось, напрыклад, тых, каму цяжка даецца мова, вы называеце «гігантамі беларускага правапісу», «вялікімі філолагамі». Вось учора: «Да дошкі пойдзе знакаміты мовазнаўца Іванчыкаў». Некаторыя смяюцца, а мне не смешна. Ніколечкі!»

 

«У правілах для школьнікаў нічога не гаворыцца пра тое, што дзяўчатам-старшакласніцам нельга карыстацца дэкаратыўнай касметыкай. А ў часопісе «Гаспадыня» нядаўна быў змешчаны матэрыял «Макіяж для школьніцы». Нам па шаснаццаць-семнаццаць гадоў. Мы хочам падабацца хлопцам. А завуч адсылае нас умывацца».

 

«Люблю, калі ў нашай школе праводзіцца які-небудзь семінар або прыязджае праверка. Тады нават С. фарбуе вусны і замест заўсёднай страхалюднай сіняй сукенкі апранае святочны касцюм. Ён, праўда, гадоў дзесяць таму выйшаў з моды, але ж...

А як цікава ў такія дні на ўсіх уроках! Дыспуты, даследаванні, падарожжы, «клубы цікавых сустрэч». Сапраўднае шоу! А ці ведаюць правяраючыя, што амаль усе настаўнікі тыя ўрокі рэпеціруюць, як тэатральныя спектаклі? Вы называеце такія ўрокі адкрытымі. А больш правільна было б называць іх урокамі крывадушнасці, таму што заўтра ж вы зойдзеце ў клас зусім іншымі. У некаторых з вас не будзе нават і следу ад той дабрыні і прыязнасці, якой вы аж свяціліся на ўчарашніх «спектаклях». І мы ўжо будзем не «дарагімі рабяткамі», а «гультаямі», «нахабнікамі», «тупіцамі» і нават (так часта называе нас В.) «дзецьмі п'янай вячэры».

А нядаўна ў нас, а дакладней у вас, «пракол» выйшаў. У пятніцу чакалі ў школу дэпутатаў, дык у сталовай акрамя паўсядзённай кашы і мандарыны, і пірожныя давалі! І нават чай у той дзень салодкі быў. А дэпутаты ўзялі ды не прыехалі! Паабяцалі на наступным тыдні, а калі - не сказалі. Што ж, смачна есці нам на ўвесь тыдзень!

Я зрабіў бы, каб камісіі нечакана прыязджалі. А то ў нас, як у Чэхава: «Пасудзін, можа, толькі яшчэ збіраецца ехаць, твар захутвае, каб яго не пазналі. Можа, ужо і едзе і думае, што ведаць ніхто не ведае, што ён едзе, а ўжо для яго, скажы, калі ласка, падрыхтаваны і віно, і сёмга, і закускі розныя!»

 

«Я не разумею, чаму настаўнікі так скнарнічаюць, калі ставяць нам адзнакі? У нас дзесяцібальная сістэма. А пагартайце класныя журналы і скажыце, ці часта ўбачыце дзесяткі або дзевяткі за чвэрць? Ну, дзевяткі яшчэ зрэдку сустракаюцца, а дзесятак практычна няма. Ёсць і яшчэ дзве адзнакі, якіх таксама не бывае сярод адзнак за чвэрць. Гэта адзінка і двойка. Можаш нічога не рабіць, не мець нават сшытка і падручніка, табе ўсё роўна паставяць тройку. Кажуць, за двойкі і адзінкі настаўнікаў караюць. Выходзіць, адзін стараецца-стараецца, а яму тройка, другі тую ж тройку проста так атрымлівае. Дык ці дзесяцібальная ў нас сістэма?»

 

«Нас дакараюць, што мы мала чытаем. Так, чытаюць сёння адзінкі. Сярод іх і я. Але да чытання мяне прыахвоцілі бацькі, а не школа. У школьнай праграме шмат твораў, якія чытаць цяжка і нецікава. Я многа памяняў бы ў праграме як па беларускай, так і па рускай літаратуры. У першую чаргу выкінуў бы «Вайну і мір» і «Песню пра зубра». Уяўляю, як будзе абурацца Ларыса Міхайлаўна. Можа, гэта і шэдэўры, але чытаць іх трэба ў сталым узросце, а не ў школе. Шмат састарэлых слязлівых вершаў пра горкую долю беларуса. А трэба, каб больш было сучасных твораў з цікавымі сюжэтамі. А то праграма толькі адбівае жаданне чытаць».

 

Перагледзела ўсе лісты і падумала: калі б хто старонні, далёкі ад нашых школьных праблем, прачытаў іх, то за галаву хапіўся б: маўляў, што ж гэта за настаўнікі? Іх жа да дзяцей блізка падпускаць нельга!

Ды не такія мы грэшнікі, як вам можа падацца! Большасць з сарака настаўнікаў нашай школы добрыя спецыялісты, прыстойныя і сардэчныя людзі. Так, людзі, а не анёлы, якімі многія хочуць нас бачыць. Паверце, анёлы не змаглі б працаваць тут хаця б з той прычыны, што ў сутыкненні з рэаліямі школьнага жыцця хутка зламалі б свае крылы.

Здаецца, я апраўдваюся... Значыць, адчуваю сябе вінаватай і зноў пачынаю займацца самаедствам? Хопіць! У адным толькі прызнаюся. Сабе. Шэптам і па-вялікім сакрэце. Ніхто не чуе? Дык вось: малавата ў нас, сённяшніх настаўніках, сапраўднай інтэлігентнасці... Толькі ж гэта хутчэй бяда, а не віна наша.

Усё. Трэба думаць, што мне рабіць з «анкетамі». Можа, самае галоўнае выпісаць і прапанаваць для абмеркавання на педсавеце? З дазволу дырэктара, вядома. Толькі як гэта зрабіць, каб не пакрыўдзіць сваіх калег, а прымусіць усіх нас задумацца над сваімі адносінамі да дзяцей, якія бачаць і разумеюць больш, чым тое нам здаецца, і, канешне, гавораць пра ўсё і дома, і на вуліцы. Да тых жа, пра каго гавораць, гэта даходзіць у апошнюю чаргу.

 

* * *

 

Пяць урокаў узапар - гэта занадта, асабліва цяпер, у канцы навучальнага года. Стамілася так, што нават не маю сілы паставіць на пліту чайнік. Саджуся ў крэсла, бяздумна гляджу за акно. Мне трэба, як мінімум, паўгадзіны пасядзець нерухома і ні на чым не засяроджвацца. А лепш паляжаць, паспаць гадзінку. Але гэта ўжо раскоша. Так разважаючы, я задрамала, як мне падалося, на хвілінку. Апамяталася ад рэзкага званка ў дзверы. Зірнула на гадзіннік. Нічога сабе! Вось-вось цямнець пачне. Я выйшла ў вітальню, адчыніла дзверы.

На парозе стаяў задыханы Вадзім Максімкоў.

- Ларыса Міхайлаўна, там Віця Бялецкі... Толькі што... - Валодзя ўсхліпнуў і павярнуўся да мяне спіной.

Праз хвіліну я, на хаду зашпільваючы дрыжачымі рукамі плашч, бегла па вуліцы.

Ля дома, дзе жыў Віця Бялецкі, стаяла купка жанчын. Адна з іх ступіла мне насустрач:

- У іх нікога няма. Бацька яшчэ не вярнуўся з працы, а маці паехала з Віцем.

- Як паехала? - не зразумела я. - Куды?

- На «хуткай». У раён яго павезлі.

- Дык ён жывы?! Віця - жывы?!

- Мабыць, жывы яшчэ, калі ў бальніцу забралі. А там, хто ведае, як яно будзе. От ужо нарабіў, дык нарабіў! Засіліцца надумаўся! І чаго гэтаму Віцьку не хапала?

У раённую бальніцу я дазванілася недзе праз гадзіну. Папярэдне спытаўшы, кім я даводжуся Бялецкаму, мне паведамілі, што хлопец апрытомнеў, але знаходзіцца пакуль у рэанімацыі, таму нікога з наведвальнікаў пускаць да яго не будуць.

Назаўтра з самай раніцы мяне выклікаў да сябе дырэктар.

- Сядайце, - запрасіў ён, кіўком галавы адказаўшы на маё прывітанне. - Які ўжо тут добры дзень, калі такая бяда ў нас. Я гутарыў з настаўнікамі. Ніхто нічога адметнага ў паводзінах Бялецкага ўчора не заўважыў. Пагартаў я класны журнал. Дзве васьмёркі ў яго за ўчарашні дзень: па гісторыі і па біялогіі. Цяпер трэба высветліць, хто з аднакласнікаў ці з вучняў іншых класаў калі і дзе ў апошні раз бачыў Бялецкага. Ну, вядома, трэба і бацькоў убачыць. Ёсць жа нейкая сур'ёзная прычына. І калі высветліцца, што тут ёсць наша з вамі віна, на добрае разлічваць не выпадае. Паляцяць нашы галовы. У вас цяпер урок у дзесятым?

- Так, - адказала я, - у маім дзесятым «А».

- Ну, вось якраз і пагаворыце з імі. І яшчэ. Мне паведамілі, што вы там нейкія дасье на настаўнікаў збіралі. Прынясіце іх мне.

- Ды ніякія не дасье! Проста дзеці самі вырашылі напісаць пра набалелае. Асноўнае я выпісала. Паказаць?

- Не, вы мне іхнія лісты пакажыце. Я сам хачу паглядзець, што ў іх там «набалела». Можа, якраз там і хаваецца прычына, з якой Бялецкі адважыўся на самагубства.

Ну, што яму сказаць? Прыдумаць, быццам я спаліла або выкінула лісты? Пэўна я ведала толькі адно: ні ў якім разе нельга аддаваць анкеты дырэктару. Гэта будзе здрадай у адносінах да дзяцей. А кім я буду выглядаць у вачах настаўнікаў?

- А дзеці забралі лісты. Мы так дамаўляліся, - хаваючы вочы, нарэшце прамовіла я і зразумела, што Васіль Пятровіч адчуў маю няшчырасць.

- Ах, вы дамаўляліся? - з'едліва прыжмурыўся ён. - Цяпер я ведаю, чаму менавіта ў вашым класе заўжды што-небудзь здараецца! Распусцілі вы іх без меры! Але пра тое будзем гаварыць пазней. А цяпер ідзіце!

 

* * *

 

Якія ўсё ж недалікатныя, грубыя людзі! Няўжо не разумеюць, што цяпер робіцца ў Аленінай душы? Лезуць з роспытамі. Спачатку сяброўкі, потым Ларыса Міхайлаўна. А дырэктар сярод урока ў кабінет выклікаў. І чаго толькі не сплятаюць! Дагаварыліся ўжо да таго, быццам у Віці СНІД, таму ён і адважыўся на такое. Глупства, канешне. Але што ж, што яго прымусіла? І дома, і ў школе ўсё нармальна было. На мінулым тыдні Віця грамату атрымаў за першае месца ў літаратурным конкурсе «Проба пяра». Вядомы пісьменнік прыязджаў у раён і ўручаў граматы. Віця так радаваўся, такі шчаслівы быў!

У выхадныя збіраліся ўсім класам у лес схадзіць. Там цяпер вельмі прыгожа. Ландышы зацвілі, і Віця гаварыў, што грыбы ўжо ёсць.

- Якія грыбы ў маі? - засмяяўся нехта з хлопцаў.

- А яны і называюцца майскімі, - растлумачыў Віця, - і растуць не ў самім лесе, а на ўскрайку, ля самага поля.

Учора Алена з Віцем дамовіліся сустрэцца вечарам на стадыёне. А пасля школы ён збіраўся сесці за сачыненне, бо назаўтра трэба было здаваць, а ён папярэдні ўрок прапусціў, таму нават тэмы дакладна не ведаў. На перапынку ўзяў Аленін сшытак па літаратуры.

Алена з нецярпеннем пазірала на гадзіннік і аж злавалася: ну, чаму так марудна ідзе час, хутчэй бы той вечар! А на пачатку шостай гадзіны ёй патэлефанавала Даша і сказала... Алена толькі пад раніцу заснула. Крыху лягчэй стала на сэрцы, калі пачула, што Віцю ўратавалі. А тут яны ўсе: «Што? Як?»

Каб жа Алена ведала!

 

* * *

 

Белая столь... Белыя сцены... У кутку нейкі загадкавы апарат незразумелага прызначэння з мноствам нікеліраваных пераключальнікаў, пластыкавых трубак і правадоў. Хлопец памкнуўся ўзняць галаву, але перад вачыма замітусіліся залацістыя мухі.

У той жа момант нечая рука ціхенька дакранулася да ягонага пляча і лагодны жаночы голас прамовіў:

- Ляжы, ляжы, міленькі! Усё будзе добра! Цяпер у цябе ўсё будзе добра!

«Усё будзе добра? Значыць, было дрэнна? Але чаму?» Віця разляпіў перасохлыя вусны, хацеў спытацца, дзе ён і што з ім, як раптам з глыбіні падсвядомасці маланкаю выбліснула: «Самагубца! Няўдалы самагубца!» - і тут жа хтосьці нябачны пачаў раскручваць стужку Віцевай памяці.

...Ён асцярожна, як штосьці крохкае, дастаў з сумкі Аленін сшытак, вокладка якога, здавалася, яшчэ захавала цеплыню яе рук, і ўсміхнуўся ад невыказнага пачуцця светлай радасці, што запаўняла ўсю яго істоту кожны раз, калі ён бачыў Алену ці думаў пра яе. Дзіўна неяк! Яны разам хадзілі ў садок, у адзін і той жа год пайшлі ў школу. У пачатковых класах нават сядзелі за адной партаю. Чаму ж ён раней не заўважаў, што яна такая... асаблівая ад усіх астатніх дзяўчат. У яе нават почырк асаблівы. І як ёй удаецца так раўнютка пісаць? І ніколі нідзе ніводнай плямінкі.

Алена, Аленачка... Якое цудоўнае імя! У перакладзе яно азначае «святло», «бляск». Ніякае іншае так не адпавядала б усяму яе вобліку. Яна, відаць, і сама не разумее, якая яна прыгожая і незвычайная. Але ён раскажа ёй. І ўсе вершы, што ёй прысвяціў, прачытае. А іх у яго цэлы сшытак. Вось набярэцца смеласці і прачытае. Не, лепш ён дашле іх у які-небудзь часопіс. У «Маладосць», напрыклад, або ў «Полымя». І назаве іх «Вершы да А.». Толькі, здаецца, нехта з паэтаў ужо даваў такую назву сваім вершам. Шкада. Але нічога. Ён што-небудзь іншае прыдумае. Заўтра ж і пачне думаць. А сёння трэба пісаць сачыненне. Спачатку выбраць тэму і скласці план. Праўда, калі б Ларыса Міхайлаўна не патрабавала, ён абышоўся б без плана, бо сачыненні піша звычайна на вольную тэму. І ўвогуле, сачыненне - гэта творчасць, а якая можа быць творчасць па плане? Іншым разам і сам не чакаеш, што з-пад пяра выйдзе, і сам жа потым здзіўляешся. Толькі ці ёсць сярод прапанаваных настаўніцай у гэты раз вольная тэма?

Віця разгарнуў Аленін сшытак і ўбачыў паміж старонкамі невялічкі светла-сіні канверцік. З левага боку - выява чырвонай ружы, з правага - узятае ў рамку «Будзьце ўпэўненыя!». Пасярэдзіне - буйна і выразна - «Тэст», а ўнізе чатыры ці пяць радкоў, напісаных дробнымі літарамі. «Закладка? Але навошта ў сшытку закладка?» - паспеў яшчэ здзівіцца ён, і ў тое ж імгненне сэрца затахкала недзе ля самага горла, а ў роце зрабілася так горка, нібы ён глынуў палыновага адвару. Хлопцу захацелася закрычаць, што такога не можа быць, што гэта нейкая недарэчнасць, але ўяўленне малявала яму жахлівыя карціны, а дробныя літары па-ранейшаму ўпарта складаліся ў словы, якія падалі на яго цяжкімі бруднымі камянямі, і ўся Віцева істота сціналася ад нясцерпнага болю. І не было ад таго болю ніякага ратавання...

Куды ж цяпер падзеўся той боль? Няма. Ёсць толькі запознены страх: ён, Віця Бялецкі, мог памерці! Хіба ён хацеў памерці? Можа, і хацеў, але каб не назаўжды, а так, паглядзець... Але што ж бы ён, памерлы, мог убачыць? Яго ж бы не было! Як жа гэта? Няўжо і без яго па-ранейшаму свяціла б сонца, ішлі дажджы, цвілі кветкі, хадзілі цягнікі і яго аднакласнікі рашалі б задачы і разбіралі сказы?! А яна? Яна спакойна пісала б у акуратным сшытку сваім раўнюткім почыркам сачыненні пра шчасце і сэнс жыцця. Жыццё! Які цуд, што ён будзе жыць!

 

* * *

 

- Заўтра Віця Бялецкі прыйдзе ў школу, - паведаміла я. - Спадзяюся, вам не трэба тлумачыць, як вы павінны паводзіць сябе з ім?

- Ну, мы ж не маленькія! - пакрыўджана выгукнуў Міша Падабед. - Няўжо вы думаеце, што мы з роспытамі палезем альбо пальцамі тыцкаць пачнём?

Я махнула рукою:

- Ад вас, мае даражэнькія, усяго чакаць можна. Вы ж у мяне і філосафы, і блазны ў адной асобе. Вось таварыша свайго ледзьве не страцілі, а ніхто нічога не ведае.

- Здаецца, я ведаю, - нечакана для ўсіх прамовіла Ніна Мастаўцова. - Толькі ці варта пра тое цяпер гаварыць? Хаця я падумаю. Можа, і варта.

Я заўважыла, што Юля Лапіцкая наструнілася і з-пад парты паказала Мастаўцовай кулак.

«Што б гэта магло азначаць?» - занепакоілася я і, счакаўшы, пакуль клас апусцее, стала ля акна збоку.

Дзесяцікласнікі, хто па трое-чацвёра, хто па адным, прайшлі па школьным двары. Лапіцкай і Мастаўцовай не было. А вось нарэшце і яны. Мастаўцова, энергічна рассякаючы паветра далонню, нешта даказвае Лапіцкай. Тая спачатку адмоўна хітае галавой, а потым рэзка паварочваецца да Мастаўцовай, паказвае ёй кукіш і подбегам кіруецца да варот. Мастаўцова бяжыць следам.

Я паціснула плячыма і адышлася ад акна. Зразумела толькі адно: сяброўкі сур'ёзна пасварыліся і гэта нейкім чынам звязана з Віцем Бялецкім...

 

* * *

 

Алена мо ў дзесяты раз прабягала вачыма адну і тую ж старонку падручніка. «Вонкава-дынамічны драматызм...», «Супярэчліва-крызісны стан...». Не, колькі ні перачытвай, нічога не зразумееш. Відаць, той, хто складаў падручнік, апошні раз быў у школе на сваім выпускным вечары... гадоў сорак таму. Інакш ён не пісаў бы такой «звышнавуковай» моваю.

Алена незадаволена адсунула кнігу і тут жа злавіла сябе на тым, што справа не толькі і не столькі ў «звышнавуковасці» падручніка, колькі ў ёй самой. Ну, не можа яна сёння ні на чым засяродзіцца, акрамя аднаго. Чаму ён так з ёю? Тое, што ў першыя дні пасля бальніцы Віця не сказаў да яе ніводнага слова, Алену не вельмі пакрыўдзіла: тады ён увогуле больш маўчаў, чым гаварыў. І яго стараліся не трывожыць ні аднакласнікі, ні настаўнікі. Але ж чаму ён і цяпер, калі для ўсіх іншых стаў ранейшым, пазбягае яе? Не падыходзіць, не глядзіць. Сёння яна вырашыла падысці сама. Пакутуючы ад прыніжэння, паклікала, ступіла да яго некалькі крокаў ды так і застыла на месцы: ён глядзеў на яе нейкім варожым і нават грэблівым (а можа, падалося?) позіркам. Чым жа яна так пакрыўдзіла яго? У бальніцу два разы прыязджала, але ёй сказалі, што да Бялецкага нельга, што ён не хоча нікога бачыць.

Алена ўпотайкі назірала за Віцем. Пасля ўрокаў да яго падбегла Ніна Мастаўцова, нешта нашаптала яму на вуха, і ён пайшоў з ёю ў канец калідора, дзе ў вялікай драўлянай скрынцы расла пальма. З-за пальмы выглядвала... Юля Лапіцкая!

Як не на сваіх нагах Алена сышла на першы паверх, забрала з гардэроба плашч і паволі пасунулася дадому. На вуліцы было не па-вясноваму слотна і шэра. Шэрымі і непрыветнымі здаваліся твары сустрэчных, і ад гэтага яшчэ больш тужліва і безуцешна станавілася на душы. Апынуцца б зараз на якім-небудзь бязлюдным востраве, паваліцца на зямлю і плакаць, плакаць голасна, да знямогі, потым заснуць і прачнуцца вольнай ад нядаўна радасных, а цяпер такіх пакутлівых думак пра яго! Кажуць, час - лепшы лекар ад душэўнай немачы. Але ж вельмі марудлівы гэты лекар...

Вечарам яна доўга гартала альбом з фотаздымкамі. І на гэтым ён. І тут, дзе яны ўсім класам фатаграфаваліся, калі хадзілі ў паход. А вось і здымак, які Віця падараваў ёй зусім нядаўна. На зваротным баку ўсяго два словы: «Алене Прыгожай». Трэба парваць, каб хоць дома не трапляў ёй на вочы ягоны твар! А з астатніх здымкаў павыразаць яго нажніцамі!

Але ж так яна сапсуе столькі здымкаў! Ды і глупства гэта. Хіба такім чынам можна нешта паправіць? Трэба супакоіцца і паразважаць цвяроза. Можа, усё зусім не так, як яна ўявіла сабе. Ну, пайшоў ён з Мастаўцовай. Але ж відаць было, што ішоў неахвотна. Ну, чакала яго Лапіцкая. Але ж які разгублены быў у яе твар! І школьны калідор - не лепшае месца для спаткання. Толькі ж адбылося штосьці паміж імі... Няўжо Лапіцкая не падманвала, калі сказала, што ў іх «усё было»? Не, у такое страшна верыць. Не хочацца верыць. Можа, яшчэ раз паспрабаваць пагаварыць з ім? І нічога ганебнага тут няма: яна ж не збіраецца вешацца хлопцу на шыю, яна проста хоча высветліць, чаму ён так перамяніўся да яе. Можа, яна ўсё ж як-небудзь міжвольна пакрыўдзіла яго?

 

* * *

 

- Ну, што ж ты маўчыш, Юля? Давай гавары!

Лапіцкая злосна зірнула на сваю цяпер ужо, без сумнення, былую сяброўку.

- Пайшла б ты... пагуляла дзе-небудзь. Ты сваю справу зрабіла, вялікі дзякуй табе!

- Не пайду! - рашуча заявіла Мастаўцова. - Пры мне гавары. І ўсё як было! Інакш пра тваё паскудства раскажу я. Усім раскажу!

- Паслухай, праведніца! У мяне таксама ёсць што пра цябе расказаць! - агрызнулася Лапіцкая.

- Дзяўчаты, - нецярпліва перапыніў іх Бялецкі, - калі вы сабраліся высвятляць свае адносіны, то я, мабыць, тут лішні. Пайду я.

Мастаўцова схапіла хлопца за рукаў:

- Пачакай, Віця. Ну, Юля!

Лапіцкая, натужліва падбіраючы словы, пачала:

- Віця, я... прабач, я ж не думала, што ўсё так атрымаецца...

Бялецкі слухаў блытаную споведзь аднакласніцы і з цяжкасцю перамагаў у сабе жаданне кінуцца да яе і біць, біць па гэтым умомант стаўшым ненавісным твары! Ужо амаль не спадзеючыся адолець тое дзікунскае жаданне, хлопец, нібы замову, пачаў у думках паўтараць недзе прачытанае: «Жанчыну нельга ўдарыць нават кветкаю! Нават кветкаю! Нельга!»

Ён не мог сказаць пэўна: ці то «замова» дапамагла, ці то Лапіцкая ў крытычны момант сышла, бо неўзабаве ўбачыў сябе на вуліцы з усё яшчэ сціснутымі ў кулакі рукамі.

...«У правы слупок запішыце словы, якія абазначаюць станоўчыя рысы чалавечага характару, у левы - адмоўныя». Было гады два таму ў падручніку па мове такое заданне. Віця яго хутка і лёгка выканаў. «Дабрыня», «шчырасць», «высакароднасць», «прыстойнасць» - управа, ну, а «жорсткасць», «хітрасць», «крывадушнасць», «ілжывасць» - вядома ж, улева. Усё проста і ясна. І тое, што ніхто з Віцевых аднакласнікаў не жадаў быць ні жорсткім, ні хітрым, ні крывадушным таксама было ясным, як пагодлівы летні дзень. Дык няўжо супроць уласнай волі людзі становяцца жорсткімі, крывадушнымі і... подлымі? Ну, напрыклад, трапляе чалавеку ў нутро штосьці накшталт асколка з люстэрка злога казачнага троля, і чалавек пачынае бачыць і адчуваць усё наадварот, і таму добра яму бывае толькі тады, калі іншым блага. А Віцю цяпер вельмі блага! Амаль як тады...

Відаць, дарэмна ён стрымліваў сябе. Трэба было хоць раз пляснуць па пысе гэтай дрэні. Можа, крыху лягчэй стала б. І што рабіць цяпер? Самае правільнае было б пайсці зараз да Алены і прасіць у яе прабачэння. Але чамусьці не хочацца яму ні бачыць Алену, ні гаварыць з ёй. Зусім не хочацца. Ды што ж гэта такое? Ён жа цяпер ведае, што ні ў чым Алена перад ім не вінаватая. Яна ўсё тая ж, якую ён зусім яшчэ нядаўна абагаўляў, без якой не мог уявіць свайго жыцця!

Як холадна, вусцішна і пуста ў душы! Пуста... А для Алены няма там месца. Чужая яна яму. Няўжо гэта назаўжды? І тое, што вершы колькі часу ўжо не пішуцца, - таксама назаўжды?

 

* * *

 

Ніяк не магу апамятацца ад таго, што расказала мне Ніна Мастаўцова.

- Толькі, калі ласка, вельмі прашу вас, Ларыса Міхайлаўна, не чапайце Лапіцкую. Адно, што я слова ёй дала, другое - яна і так у трансе. Учора да яе дамачка з горада прыязджала, шыкоўная такая! Жонка Юлінага «папіка». Ну, Юля так аднаго свайго кавалера называе. Каб вы пабачылі, што там было! Яна ж Юлі ледзьве валасы не павыдзірала!

Не чапаць? А маім першым памкненнем якраз і было «зачапаць» нягодніцу так, каб і следу яе ў школе на засталося. На жаль, няма ў мяне такога права. Ды і ўвогуле, у нас, настаўнікаў, тых правоў з камарыны нос. Вось абавязкаў даволі. І галоўны з іх - выхоўваць і перавыхоўваць. Хай прабачаць педагогі-тэарэтыкі - практыкі ж, спадзяюся, пагодзяцца са мною - не веру я ў тое, што чалавека можна перавыхаваць, і таму цалкам пагаджаюся з думкай «заснавальніка сацыялістычнага рэалізму»: «Народжаны поўзаць лятаць не можа». Хто на што здатны. Ну, і хай бы адны ляталі, другія поўзалі. Толькі ж «паўзуны» - ці то з прыроджанай іх подласці, ці то з прымітыўнай зайздрасці - задавальняюцца, калі прыніжаюць да свайго ўзроўню кожнага, хто імкнецца ў неба, а калі пашанцуе, то і ўвогуле затоптваюць яго ў бруд.

- Ніна, адкуль Лапіцкая ведала, што Віця возьме Аленін сшытак?

- Дык яна ж бачыла, як ён браў, а потым залезла ў ягоную сумку і паклала «тэст», - тлумачыць Мастаўцова і ўмольна глядзіць мне ў вочы. - Вы абяцаеце, што нічога не скажаце Юлі?

- Не! - рэзка адсякаю я. - Не магу абяцаць!

Вусны дзяўчыны пакрыўджана ўздрыгваюць, а з імгненна пачырванелых вачэй вось-вось пырснуць слёзы. А на вейках, між іншым, цэлы пласт тушы. І яўна не фірменнай.

- Супакойся, - гавару я і хачу падаць ёй насоўку, але не паспяваю: Ніна пальцамі абедзвюх рук знізу ўверх праводзіць па вейках. Падушачкі пальцаў робяцца паласатымі, але твар ад чорных пісягаў уратаваны. - Ты прабач, Ніна, але я не разумею, чаму тады ты прыйшла да мяне?

- Мне Алену шкада, - усхліпвае Мастаўцова. - А яшчэ... баюся я!

- Каго? Лапіцкай?

- Не. Баюся, як здарыцца што, то і я вінаватая буду. Я ж і тады ведала, што Лапіцкая збіраецца «падставу зрабіць», а не папярэдзіла ні Віцю, ні Алену. У мяне і думкі не было, што для Віці гэта стане трагедыяй. А цяпер вунь Алена мучыцца. Я ж бачу. Я спадзявалася, што калі Бялецкі пра тую «падставу» даведаецца, то ў іх з Аленай усё наладзіцца. А ён...

- Дык Бялецкі ведае? - здзівілася я. - Адкуль?

- Юля сама яму прызналася яшчэ тыдзень таму.

- Ты глянь! Значыць, яшчэ не ўсё сумленне згубіла!

Ніна расчароўвае мяне:

- Ну, яна не зусім сама... Я яе ўпрасіла. Карацей, умову паставіла: ці яна Бялецкаму раскажа, ці я - усяму класу. Яна і спужалася. Толькі ж Віця ўсё роўна... Дзіўныя яны нейкія з Аленай. Як не з гэтага свету. Вось я таму і баюся. Можа б, вы што прыдумалі, каб яны памірыліся? Можа, далі б ім якое даручэнне, каб разам яны там што-небудзь рабілі.

- Ніна, я вось яшчэ пра што хацела ў цябе спытацца: а вам, школьніцам, ніколечкі не сорамна купляць у аптэцы гэтыя самыя «тэсты»? Як-ніяк не па матэматыцы ж яны і не па мове! А наша аптэкарка ўсіх вас і ў твар, і па прозвішчах ведае.

- Ларыса Міхайлаўна, вы што? - Ніне аж смешна ад маёй наіўнасці. - Хто ж будзе ў пасялковай аптэцы такое купляць? Мы... яны, ну, тыя дзяўчаты, каму трэба, у горадзе іх купляюць.

Мне становіцца непрыемна бачыць Мастаўцову.

- Ну, ты ідзі, Ніна, а я пастараюся што-небудзь прыдумаць. І Лапіцкую, як ты прасіла, не буду «чапаць».

Мастаўцова сыходзіць, а я яшчэ нейкі час нерухома сяджу за сталом, потым рашуча ўстаю і іду ў аптэку.

- Захварэлі, Ларыса Міхайлаўна? - спачувальна пытаецца аптэкарка Таня, мая былая вучаніца.

- Ды не, проста хачу купіць якіх-небудзь вітамінаў, - на хаду прыдумваю я, а сама ўпотайкі шукаю вачыма злашчасны «тэст» (спытаўся б хто, навошта ён мне?). Ды вось жа ён, прылеплены скотчам на шкло бакавой вітрыны. Зусім маленькая палоска з глянцавай паперы. Маленькая, а столькі бяды з-за яе.

- Вазьміце вось гэтыя. - Таня падае мне высокі бела-ружовы пластмасавы стаўбунок. - Тут комплекс усіх вітамінаў. Якраз тое, што вам трэба цяпер, у канцы навучальнага года.

- Колькі? - насцярожана пытаюся я (хоць бы не вельмі дорага, бо ў кашальку нягуста).

- Сем тысяч. Ёсць і больш танныя.

- Давай гэтыя, - спакойна гавару я, кладу ў сумачку зусім непатрэбныя мне вітаміны і яшчэ раз кідаю вокам на палоску з глянцавай паперы.

«Тэст для ранняй дыягностыкі...» А для Віці Бялецкага ён стаў тэстам на першае каханне, на яго сапраўднасць і - няўжо? - забойцам гэтага чыстага, нібы крынічная вада, але крохкага пачуцця.

«Можа, што-небудзь прыдумаю...» Каб жа гэта было магчыма! Уваскрасіць памерлае можа толькі цуд! Ну, а калі ўсё ж не «памерлае»? Так хочацца спадзявацца на гэта! А вы, цвярозы мой розум ды славутая мая інтуіцыя, памаўчыце! Сёння я не жадаю слухаць вас і верыць вам! Мне хочацца верыць у цуд.

 

* * *

 

Як хутка праляцела лета! Яшчэ ўчора не было ў пышных кудзерах бяроз ніводнай з гэтых лімонна-жоўтых пасмачак і нябесная сінява не была такой пранізлівай і па-развітальнаму задуменнай. Восень... Люблю яе, нават познюю, з графітавай шэранню асірацелых палёў, з безабароннай празрыстасцю нядаўна яшчэ гаманлівых лясоў, з волкімі туманамі, імглістымі манатоннымі дажджамі. І асабліва люблю першы яе дзень, бо на яго выпадае бадай што самае радаснае для мяне свята.

Урачыстая лінейка з прамовамі-віншаваннямі-пажаданнямі, школьны званок у руках мініяцюрнай першакласніцы, якая з радасцю і затоеным страхам пазірае наўкол з пляча ладнага юнака-адзінаццацікласніка, кветкі, усмешкі... Ну, здаецца, з году ў год адно і тое ж, а сэрца ўсё так жа сціскаецца ад пачуцця, азначэння якому за ўсе гэтыя гады я так і не змагла знайсці.

Да першага верасня засталося пяць дзён, і настрой мой ужо па-святочнаму прыўзняты. У гэтым настроі я заходжу ў двухпавярховы будынак РАА, дзе сёння адбудзецца раённы семінар. Праз некалькі хвілін ад радаснага настрою не застаецца і следу.

Спачатку я старанна рабіла выгляд, што ўважліва слухаю «даклады» - слова ў слова перапісаныя з навуковых часопісаў артыкулы, якія з запінкамі на словах кшталту «прапедэўтычны», «крэатыўны» (у перакладзе на нармальную чалавечую мову - «падрыхтоўчы» і «творчы») чыталі мае бедалагі калегі. Сёй-той з слухачоў пасмейваўся. Але ж ці вінаватыя выступоўцы, што мудрагеліста закручаныя вучонымі дзядзькамі тэмы былі спушчаны ў школу зверху і ніхто нават не пацікавіўся ні магчымасцямі, ні жаданнем патэнцыяльных дакладчыкаў. Ды і самі тэмы, на мой погляд, мелі для школы прыблізна такое ж практычнае значэнне, як найноўшыя камп'ютэрныя тэхналогіі для якога-небудзь экзатычнага выміраючага племені.

Пра іншае цяпер думаць бы, з азоў пачынаць. З таго, напрыклад, як уратаваць дзяцей ад разбэшчвання бессаромна-прыдуркаватымі тэлевізійнымі шоу, што рабіць, каб калі не зусім знікла, то хаця б зменшылася колькасць сірот пры жывых бацьках, каб не дажывалі свой век на «сацыяльных ложках» спрацаваныя, нямоглыя і нікому не патрэбныя старыя, каб не кідаліся ў вір «дарослага» жыцця горкія дзеці.

Але ўсё гэта такія нізкія матэрыі! Ды і навошта выносіць смецце з хаты? Ці не прасцей зрабіць выгляд, што ў нас тут усё на належным узроўні, таму маем права займацца «матэрыямі высокімі». Вось заўтра-паслязаўтра гэтыя «даклады» ў шыкоўных, прыгожа аформленых папках зоймуць сваё месца на спецыяльных палічках у методкабінеце: глядзіце, маўляў, працуем, удасканальваемся, асвойваем інавацыйныя тэхналогіі.

А што, калі б перапыніць чарговага дакладчыка і папрасіць пераказаць сваімі словамі сутнасць таго, што ён чытае? Кінь дурное! Хто табе дазволіць перапыняць ход сур'ёзнага мерапрыемства?

Ледзьве дачакалася перапынку і збегла, бы тая нядбайная вучаніца з нелюбімага ўрока. На аўтобус я ўсё роўна спазнілася. Наступны трэба чакаць да вечара. Але гэта мяне не асабліва засмуціла. Абед і вячэра ў мяне прыгатаваныя. Маю я, нарэшце, права не на хвіліну-другую забегчы да Веры, а пасядзець у яе ўтульнай кватэры ажно тры гадзіны. Сёння Вера якраз дома.

Мы з Верай - жывое абвяржэнне ходкай думкі пра немагчымасць жаночага сяброўства. І не трэба з'едлівых усмешак ды гісторый пра сябровак - «змяюк-разлучніц»! Мы даўно не дзяўчынкі-падлеткі, што некалі запісвалі ў свае «Дзённікі асабістага жыцця» клятвы ва ўзаемнай і вечнай вернасці. Мы, як ні сумна ў тым прызнавацца, жанчыны даволі сталага веку. У нас па двое дарослых сыноў, старэйшых з якіх, Сашу і Алега, мы ўхітрыліся нарадзіць у адзін і той жа дзень - 25 студзеня. Нашы маці таксама сябравалі. Усё жыццё. Бярозаўскія дасціпнікі нават мянушку адну ім далі: сёстры Фёдаравы (былі некалі такія папулярныя спявачкі). Мая і Верына матулі паўсюль былі разам: разам хадзілі ў лес збіраць грыбы, ягады і лекавыя травы, разам трымаліся ў вясковых «кунпаніях» - гулянках - і заўжды прасілі калгаснага брыгадзіра Федзюлька, каб нормы льну і буракоў ён адмерваў ім побач. «Ты ж ужо ўдружы нам, Іванавіч, а мы табе аддзячым», - ледзьве не кланяліся яны ўсёмагутнаму Федзюльку. Той заклапочана моршчыў лоб, крактаў і чухаў патыліцу: рабіў выгляд, што вырашэнне такой складанай праблемы патрабуе немалых намаганняў. Але «праблема» адразу ж знікала, калі сёстры Фёдаравы з падміргваннем і няшчырымі ўсмешкамі (каб ты папярхнуўся, гад!) усоўвалі ў рукі брыгадзіру палатняную торбачку з пляшкай самагонкі і няхітрай вясковай закускаю: шматком сала, кавалкам хлеба ды парай агуркоў.

Нас, зусім яшчэ малых, маці бралі з сабой на «норму», асабліва на лён, які трэба было і двойчы прапалоць, і павырываць (рукамі), і абмалаціць, і разаслаць.

Мабыць, з тых часоў і пачалося наша з Верай сяброўства, а можа, крыху пазней, калі першы настаўнік Іван Емяльянавіч пасадзіў нас за адну парту ў класным пакоі, што быў некалі «чыстай» палавінаю хаты сасланага ў паўночныя краі і ў хуткім часе там памерлага кулака-міраеда Міхаля Пятрушкава. Добрая была хата, прасторная, складзеная з тоўстых бярвенняў - на вякі будавалася, каб сынам і ўнукам хапіла! - з высокай столлю і не па-вясковаму шырокімі вокнамі. Доўга служыла яна школай бярозаўскай дзятве. Толькі недзе ў сямідзесятых, калі шыльда з надпісам «Чырвонакастрычніцкая пачатковая школа» ўсталявалася на новым цагляным будынку, сельсавет, крыху падрамантаваўшы кулацкую хату, аддаў яе бязмужняй, але шматдзетнай калгаснай актывістцы Вользе Хопікавай.

Пра тое, чаму школа, якая знаходзілася ў Бярозаўцы, называлася Чырвонакастрычніцкай, мы неяк не задумваліся. Толькі тады, калі пасталелі, даведаліся, што нашай Бярозаўцы некалі хацелі даць больш прыгожую, на думку мясцовай улады, назву - Чырвоны Кастрычнік. Новая назва не прыжылася, а вось школа да канца свайго існавання так і засталася Чырвонакастрычніцкай.

Цяпер школы ў Бярозаўцы няма, а нешматлікіх школьнікаў аўтобусам возяць у суседнюю Андрэеўку.

Калі я - цяпер ужо вельмі рэдка - прыязджаю ў Бярозаўку і бачу паўразбураны будынак з белай цэглы сярод парослага травой былога школьнага двара, чамусьці адчуваю сябе вінаватай.

...Вера таксама некалі збіралася стаць настаўніцай, толькі лёс распарадзіўся па-свойму: яна працуе бухгалтарам і жыве ў райцэнтры, ад якога да майго пасёлка хвілін сорак язды на аўтобусе. Сем'ямі мы не сябруем, бо нашы мужы адзін аднаго на дух не пераносяць: Верчын называе майго мімозай і кісялём, мой Верчынага - хамам і салдафонам. Але нас іхнія адносіны не хвалююць: жанчыны мы самагодныя і ў пэўным сэнсе незалежныя.

- Ты ўяўляеш, да чаго мы дажыліся? - пачынае Вера, сустракаючы мяне на парозе. - Яны ж ужо ні ў Перавессе, ні ў Балас нашых не пускаюць!

Усё ясна: Вера на выхадныя з'ездзіла ў Бярозаўку. Ну, ніяк яна не хоча прымірыцца з тым, што наша вёска цяпер прыгранічная зона, што за нашай вузенькай рачулкай ужо іншая - «самостійна!» - дзяржава і што парушаць граніцу сапраўды нельга.

- Мне як сказалі, - узбуджана працягвае сяброўка, - дык я не паверыла. Пайду, думаю, і ніхто нічога мне не зробіць!

- Не ведаю, як хто, а я табе што-небудзь зраблю, калі ты будзеш трымаць мяне ў вітальні! - нібыта сярдую я, і Вера збянтэжана ўсміхаецца:

- Ой, прабач, калі ласка, праходзь, пачакай хвіліначку, я згатую каву!

Вера бяжыць на кухню, а я саджуся ў сваё любімае крэсла-качалку і ўключаю тэлевізар.

Малады мужчына з крыкам «Я хочу посмотреть ваш туалет!» урываецца ў чужую кватэру, размахваючы «універсальным сродкам». Двое - ён і яна - здаецца, зараз паб'юцца: вельмі ж заўзята адбіраюць адно ў аднаго замежны ласунак, які абяцае ім «райское наслаждение».

Я націскаю на кнопку, і тэлевізар, пакрыўджана міргнуўшы вокам экрана, змаўкае.

- Не, ты толькі падумай, - ніяк не можа супакоіцца Вера. - Нашы маці той лес садзілі, а цяпер нам туды і кроку ступіць нельга! А чарніцы ж толькі ў Перавессі растуць. І маліны. І да крыніцы ж таксама нельга! Старыя ажно плачуць: спрадвеку да той крыніцы і на Сёмуху, і на Пятра з усіх навакольных вёсак на маленне збіраліся - і з нашых Андрэеўкі, Бярозаўкі і Ніў і з іхніх Кусяёў, Дзеравін і Пярэпіса! А зруб і крыж над крыніцай нашы, бярозаўскія, мужыкі рабілі.

Ну, прайшла я мост - нікога. А ў Баласе грыбоў сёлета процьма. Хаджу сабе, песні спяваю, кошык ужо амаль поўны. А тут - яны! Выскачылі з кустоў, бы чэрці з табакеркі, з камерай і пашпарт патрабуюць! Быццам які дурань па грыбы з пашпартам ходзіць! Я па-добраму хацела: «Ды кіньце вы, хлопцы! Мы ж з вашымі ўсё жыццё сваталіся-жаніліся. Колькі дзяўчат бярозаўскіх у вашы Кусяі замуж пайшло!» А яны кошык у мяне з рук выхапілі, грыбы высыпалі, яшчэ й нагамі патапталі. «Ану, геть відсюля, і колы шчэ раз піймаемо...» От жа хахлы ненармальныя!

- Ды нармальныя яны, Вера, нармальныя! Проста час такі ненармальны настаў. Ды і нам з табой ужо няма чаго ў Бярозаўцы рабіць, хіба толькі на Радаўніцу на могілках сваіх адведваць. А на Радаўніцу ніхто прыязджаць не забараняе.

- Але калі да сэрца іншым разам так падступіць, што пешшу туды пайшла б? Няўжо з табой такога не бывае?

- Бывае, Вера, яшчэ як бывае! І ведаеш чаму? Пупавіны нашы, што ў бярозаўскай зямельцы закапаныя, да сябе клічуць. І да самай смерці клікаць будуць. Так старыя людзі кажуць.

- Ох, ведаць бы, дзе яны закапаныя, выкапаць ды і сюды перавезці. Толькі ж ніколі нам таго не ўведаць. І спытацца ўжо няма ў каго.

- Хопіць! - перабіваю я. - Давай пагаворым пра што-небудзь іншае.

Вера іранічна прыжмурвае зеленавата-карыя, з чорнымі крапінкамі вакол зрэнак вочы.

- Пра іншае - гэта значыць пра тваю школу? Ну, давай пачынай.

І я пачынаю расказваць ёй пра «маю» школу.

Вера цярпліва выслухвае мой даволі доўгі маналог пра настаўніцкія радасці і расчараванні, якія спасціглі мяне за той час, што мы не бачыліся. Яна даўно перастала гаварыць пра маю празмерную «зацыкленасць» на школе, бо зразумела, што мая прафесія - не проста прафесія, але і стан душы, і асаблівасць светаўспрымання, і склад жыцця, а гэта, па яе ж словах, «хвароба невылечная».

- А памятаеш, ты ў мінулы раз расказвала пра таго хлопца з твайго класа... Здаецца, яго імя Віця. Я чамусьці часта пра яго ўспамінаю, калі хто гаворыць, што цяпер паняцце «каханне» страціла свой рамантычны арэол, што сёння маладыя не кахаюць, а «займаюцца каханнем», лёгка мяняюць партнёраў і лічаць гэта звычайнай справаю. Як у яго з той дзяўчынай?

- На жаль, ніяк, - уздыхаю я. - Дзяўчына тая забрала дакументы і паступіла ў каледж. Як мы з дырэктарам ні ўпрошвалі, каб у адзінаццаты клас пайшла, не ўпрасілі. А Віця толькі на днях прыехаў: амаль усё лета ў Расіі ў сваіх родзічаў прабыў. Сустрэла я яго ўчора на вуліцы. Пасталеў, пасур'ёзнеў. Пацікавілася, ці спадабалася яму ў гасцях і ці не збіраецца ён пасля школы туды назусім. А ён: «Не, Ларыса Міхайлаўна, яны самі хочуць да нас пераехаць. Гаварылі, што ў нас лепш: і палі бур'янам не пазарасталі, як у іх, і крымінальнага разгулу няма». Так што, Вера, дарэмна мы наракаем на сваё жыццё: і тое нам не так, і гэта. Усё пазнаецца ў параўнанні.

Хацела я хлопцу пра Алену сказаць, але ўспомніла адну сваю няўдалую спробу прымірыць іх і перадумала. Няхай будзе як будзе. Усе мы перахварэлі на першае каханне. Памятаеш, як ты з-за Лёніка Міронава з дзесятага «Б» пакутавала?

- Яшчэ б! Я нават ягоны карычневы вельветавы касцюмчык да гэтай пары памятаю.

- І што ты ў тым Лёніку знайшла? Рыжы, вушаты...

- Ты маімі вачыма тады на яго паглядзела б! - нявесела ўсміхаецца Вера. - Золатавалосы казачны прынц!

- Ага ж! І «прынцэса» ў яго была - Валька Рабцава.

- Ой, як жа я ненавідзела тую Вальку! Здавалася, забіла б! Як бачыла дзе іх з Лёнікам разам - свет нямілы станавіўся. А колькі я паплакала! Але, заўваж, ніхто нават не здагадваўся пра маё няўдалае каханне. І ты не здагадалася б, калі б у дзённік мой не залезла, бессаромніца.

- Можна падумаць, што ты ў мой не залезла б, калі б ён у тваёй сумцы апынуўся, - запознена апраўдваюся я.

- Ды пераблытала я сумкі. Яны ж у нас аднолькавыя былі. Але ж ты бачыла, што сшытак не твой. Навошта чытала? Вось зараз як дам!

- Ну, успомніла бабулька, як дзяўчынкай была! - смяюся я і ўстаю з-за стала. - Мне пара, а то і на вячэрні аўтобус спазнюся.

У вітальні я прыпыняюся перад люстэркам, каб асвяжыць з'едзеную за каваю памаду, і заўважаю ля вуснаў дзве новыя маршчынкі. Ну, ты глянь! Яшчэ ж сёння раніцай іх не было! Паварочваюся да Веры:

- Слухай, няўжо гэта заўжды такі твар будзе?

- Які - «такі»? - не разумее Вера.

- Ну, тут маршчына, тут пляміна, тут зноў маршчына.

- Не, заўжды такім не будзе, - запэўнівае мяне сяброўка. - Горшым будзе: і маршчын прыбавіцца, і плямін.

- Дзякуй, ты мяне вельмі суцешыла. Ну, пайшла я, а то яшчэ чым-небудзь «парадуеш». Тэлефануй.

 

* * *

 

Аб'явы аб прыёме ў сярэднія і вышэйшыя навучальныя ўстановы былі размешчаны на спецыяльна адведзеным стэндзе ў школьным вестыбюлі яшчэ на пачатку красавіка. Раней Алена не звяртала на іх асаблівай увагі: па-першае, наперадзе яшчэ адзін навучальны год, па-другое, яны з Віцем ужо свой выбар зрабілі - будуць паступаць у БДУ. Але гэта было яшчэ тады. А цяпер... няхай ён сам туды паступае. Ці з Юляй Лапіцкай. Алена ўважліва перачытала ўсе аб'явы і вырашыла, што чакаць цэлы год яна не будзе, а назло ўсім паступіць сёлета. У педагагічны каледж. Калі б хто спытаўся ў яе, чаму «назло» і каму гэта «ўсім», Алена не знайшла б што адказаць.

Дома, пачуўшы пра такі намер, вядома ж, не ўзрадаваліся. Маці пачала плакаць, а бацька затупаў нагамі і нават паабяцаў «пачаставаць» дачку папругаю. Алена ўпарта стаяла на сваім: маўляў, у інстытут яна можа і не паступіць, бо з матэматыкай праблемы пачаліся, і з хіміяй, і з фізікай. А гэта азначае, што атэстат у яе не бліскучым будзе. А вось у каледж яна пэўна паступіць. У рэшце рэшт бацькоў яна пераканала. Праўда, і ў школе давялося некалькі натацый выслухаць, але гэта ўжо дробязі.

І вось яна ўжо амаль два тыдні студэнтка. Ёй заўжды падабалася гэтае слова. Нешта ў ім вытанчанае, арыстакратычнае. Нават і будынак, у якім знаходзіцца каледж Алене спадабаўся, і сам горад, прыгожы і чысты. Адно толькі насцярожвае яе: выкладчыкі ў каледжы зусім непадобныя на школьных настаўнікаў: няма ў іхніх адносінах да студэнтаў той шчырасці і адкрытасці, да якой Алена прывыкла ў школе. Такое ўражанне, быццам яны аднойчы і назаўжды адгарадзіліся ад сваіх навучэнцаў нябачным бар'ерам халоднай ветлівасці і афіцыйнасці. Ад гэтага так няўтульна і нават крыўдна. Але трэба прывыкаць. І да інтэрната таксама прывыкаць трэба. Дома ў Алены быў свой пакой, дзе яна магла пабыць сам-насам з уласнымі думкамі, паслухаць любімую музыку, пачытаць або проста паляжаць на канапе і памарыць. А тут, у інтэрнацкім пакоі, акрамя Алены яшчэ тры дзяўчыны - Таня, Ніна і Рыта. Дзяўчаты быццам і неблагія, але ў кожнай свой характар, свой лад жыцця. Рыта, напрыклад, рана кладзецца спаць і патрабуе выключыць святло, Таня ж, наадварот, да позняй ночы чытае. Ніна размаўляе ў сне і да таго ж мае дрэнную звычку без дазволу браць чужыя рэчы. Учора, напрыклад, яна апранула Аленіну сукенку і хацела ісці ў парк. Калі ж Алена выказала сваю незадаволенасць, Ніна назвала яе жміндай.

Калі і далей так будзе, то давядзецца Алене шукаць кватэру. Вось паедзе на выхадныя дадому і пагаворыць з бацькамі. Хутчэй бы ўжо тыя выхадныя. Здаецца, цэлую вечнасць яна не была дома. Цікава, а каго там у школе замест яе сакратаром БРСМ абралі? Можа, яго? Наўрад. Для гэтага яму і сур'ёзнасці, і сабранасці бракуе. Хаця Алена яго даўно не бачыла... Ды і навошта ёй бачыць яго? Няўжо на ім свет клінам сышоўся? Вунь колькі навокал хлопцаў. Праўда, у іхнім каледжы іх зусім мала, але ж амаль насупраць - політэхнічны і чыгуначны. І ўвогуле, горад ёсць горад. Можа, якраз тут Алена сустрэне каго-небудзь і тады зусім забудзецца, што быў у яе жыцці нейкі Віця Бялецкі. Вядома ж, забудзецца! Яна ўжо і цяпер амаль не думае пра яго. Стараецца не думаць.

 

* * *

 

Вось і пачаўся новы навучальны год. Пара ажыццяўляць свае планы-задумы, што выспелі за лета. Па школе, вядома ж, вельмі засумавала. Не ўяўляю, як буду жыць, калі пайду на пенсію. Ну, да пенсіі пакуль далекавата, але чамусьці думкі пра яе прыходзяць усё часцей.

На першым педсавеце віншавалі Васіля Пятровіча. Наш дырэктар усё ж адважыўся развітацца са сваім халасцяцкім жыццём. Няёмка толькі, што падарунак яму паднеслі вельмі сціплы: пасля водпуску амаль усе «не пры грашах». Васіль Пятровіч збянтэжыўся, нібы хлапчук, і доўга не мог перайсці на належны яму афіцыйны тон. Як звычайна на пачатку года, вырашалі пераважна так званыя арганізацыйныя пытанні. Узніклі праблемы з канчатковым размеркаваннем настаўніцкай нагрузкі: дзесятых класаў будзе не два, як планавалася, а адзін. Увогуле, дзяцей у школе з кожным годам усё меней і меней. Падобна на тое, што ў хуткім часе ў нас пачнуцца скарачэнні. Страшнавата! Ну, куды можа пайсці працаваць учарашні настаўнік? Мы ж усе з гадамі становімся нейкай асаблівай кастаю людзей, якія ў пераважнасці сваёй няздатныя ўжыцца ні ў якім калектыве, акрамя настаўніцкага. Усе мы крыху рамантыкі (можа, гэта вынік пастаянных стасункаў з дзецьмі?), а сёння быць рамантыкам не толькі нямодна, але і небяспечна. А можа, міне нашу школу гэтая бяда? Пасёлак жа хоць і пакрысе, але ажывае: пачалі рамантаваць дарогі, нешта будаваць. Пагаворваюць, што тут неўзабаве будзе аграгарадок і пачнуць працаваць прадпрыемствы, якія спынілі сваю работу ў хуткім часе пасля перабудовачнай мітусні і развалу «імперыі».

У маім былым дзесятым, а цяпер ужо адзінаццатым таксама паменела на два вучні. Сышлі, на жаль, далёка не горшыя: Алена Васюкова і Міша Падабед. Мішавы бацькі купілі кватэру ў горадзе, і хлопцу давядзецца заканчваць там школу.

Зараз у мяне ўрок у пятым класе. Вельмі не хацелася мне браць гэты клас: даўно не працавала з малымі, таму ніяк не магу прывыкнуць да іх: вельмі ж стамляюць мяне яны, непаседлівыя, шумлівыя. Да таго ж маюць непрыгожую звычку нагаворваць і скардзіцца адно на аднаго з-за ўсялякай дробязі. Даходзіць да камічнага, як тое было нядаўна. «Ларыса Міхайлаўна, а Дзіма Бобкін сапсаваў паветра!» - і скаржніца запытальна глядзіць на мяне ў чаканні прысуду, а чырвоны, бы вараны рак, «злачынца» пад хіхіканне аднакласнікаў засяроджана разглядвае ўласныя пазногці. Не, нізавошта не працавала б я ў пачатковых класах!

Празвінеў яшчэ толькі адзін званок (на першы ўрок іх у нас даюць два), але я бяру журнал і выходжу з настаўніцкай.

Насустрач мне з урачыста-загадкавым выглядам бяжыць Даша Каштанава.

- Ларыса Міхайлаўна, а ў нашым класе новенькая! Зайдзіце зірніце, мы зараз у кабінеце гісторыі.

- Ды ў мяне ж наступны ўрок у вас. Тады і, як ты кажаш, зірну.

- Не! - На твары ў Дашы тыя ж загадкавасць і ўрачыстасць. - Вы, калі ласка, цяпер зайдзіце. Ну, на хвіліначку! Ну, калі ласка!

Я прыкладаю руку да віртуальнага казырка:

- Слухаю і падпарадкуюся, мой генерал!

Даша забягае наперад, паслужліва расчыняе перада мною дзверы ў кабінет гісторыі, і я твар у твар сутыкаюся з... Аленай Васюковай.

- Вось наша н-о-о-о-венькая! - радасна спявае Даша. - Знаёмцеся!

- Ды мы нібыта ўжо крышачку знаёмыя, - жартую я. - Добры дзень, Алена! Вельмі прыемна, што ты пра нас не забываешся. Ну, расказвай, як табе там жывецца-вучыцца.

- Ды вы не зразумелі! - не вельмі далікатна перабівае Даша. - Алена хоча вярнуцца да нас назусім! Яна ўжо і дакументы з каледжа забрала.

- Калі можна, - нясмела дадае Алена. - Я ж амаль месяц прапусціла.

Я раблю знарочыста сур'ёзны твар.

- Што ж, трэба падумаць...

Але ў вачах дзяўчыны столькі трывожнага чакання (няўжо і сапраўды думае, быццам ёй могуць адмовіць?), што я паспешліва дадаю:

- Ну, вядома ж, можна, Аленачка!

Аднакласнікі віншуюць «блудную дачку з памілаваннем і вяртаннем у родныя пенаты», і Алена садзіцца за парту, старанна не заўважаючы позіркаў, што час ад часу крадком кідае на яе Віця Бялецкі.

Звініць званок. Другі, між іншым. Я амаль бягу да кабінета, дзе ўжо тоўпяцца, штурхаюць адно аднаго і па чарзе зазіраюць у замочную шчыліну - і што яны там бачаць? - смешнаватыя, такія кранальна малыя і ўжо таксама мае пяцікласнікі.

 


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая