epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянціна Кадзетава

Вось прыедзе Сашка...

- Абе-е-ед! Абе-е-ед! - чуецца на калідоры, і ў палату зазірае ружовашчокая санітарка Вера. - Дзевачкі, сёння ў нас смачная рыбка!

Праз колькі хвілін «дзевачкі» - тры жанчыны далёка не бальзакаўскага ўзросту і чацвёртая баба Маша, - з кубкамі і лыжкамі кіруюцца да сталовай.

У Чарацянскай участковай бальніцы лечацца пасялковыя ды жыхары з суседніх вёсак: Каранёў, Рэкты, Хацееўкі. Але трапляюць сюды і хворыя з райцэнра.

У нашай пятай палаце ўсе, акрамя бабы Машы, мясцовыя. Пятроўна - школьны бібліятэкар, Наталля Іванаўна - прадавец, я - выхавацелька дзіцячага садка. Палат у бальніцы, былым будынку школы, усяго восем, тры з іх так званыя сацыяльныя, або палаты сястрынскага догляду, дзе знайшлі сабе прытулак нямоглыя людзі. Санітаркі, медсёстры і двое ўрачоў жывуць у Чарацянцы і пацыентаў, як былых, так і будучых, штодзень сустракаюць на вуліцах. Мабыць, таму ў іх адносінах да хворых няма халоднай афіцыйнасці, якая назіраецца ў іншых медыцынскіх установах.

Абед сёння сапраўды смачны. Наталля Іванаўна нават спыталася ў Тані, бальнічнага повара, як называецца рыба, каб потым пры выпадку завезці яе ў пасялковы магазін.

Пасля абеду ў нас ціхая гадзіна. Пятроўна гартае часопіс. Наталля Іванаўна, як звычайна, скардзіцца на галаўны боль і на свайго «негадзяшчага» мужа, які дома можа «нарабіць спраў»:

- То ж у людзей мужыкі як мужыкі, а ў мяне боўдзіла. Паехала да сястры ў Баранавічы ўсяго на чатыры дні. Прыязджаю, а ў хаце смецця - хоць бульдозер выклікай. А як у хлеў зайшла, дык кабанчык, угледзеўшы мяне, ледзьве з закутка свайго ад радасці не выскачыў. Так ужо радуецца, так радуецца! Гаспадар яго «цурай» карміў: кіне ў начоўкі хлеба, вады налье - вось табе і цура.

За мінулы тыдзень Наталля Іванаўна расказала пра ўсе свае хваробы, беды і няўдачы. Мы стаміліся ад яе такой шчырасці, а яна не разумела гэтага і гатова была спавядацца далей. Не люблю жанчын, якія выстаўляюць сваіх мужоў ідыётамі і ў той жа час пільна сочаць, каб якая-небудзь «шалашоўка» не паквапілася на гэтае «боўдзіла». Калі ж такое здараецца, то «ідыёт-боўдзіла» ў імгненне вока ператвараецца ў «законнага мужа», «бацьку дзяцей», а пакрыўджаная «законная жана» ўчыняе «шалашоўцы» страшэнны скандал.

...Убачыўшы, што баба Маша час ад часу пазірае ў акно, Наталля Іванаўна заўважае:

- Аўтобус ужо прайшоў, а наступны будзе толькі ўвечары.

- Ды гэта я так... - бянтэжыцца баба Маша. - Гляджу, ці не на дождж збіраецца.

Яна схіляецца над ёмістымі сумкамі, што стаяць пад яе ложкам, і пачынае корпацца ў іх. Пятроўна моўчкі паказвае Наталлі Іванаўне кулак і дакорліва хітае галавою. Тая пераводзіць размову на іншае:

- Зірніце, у бабы Машы зноў новы халат. Прыгожы!

- Цяпер дзеду з першай палаты зусім хана! - падхоплівае Пятроўна.

- Дарэчы, дзед не абы-які: удавец, адстаўнік, пенсія - ого! - удакладняю я. - Сёння зноў пра вас, баба Маша, пытаўся. Ці не хоча пасватацца?

- Ну вас з вашым дзедам! - знарочыста сярдзіта гаворыць баба Маша, але твар яе расцвітае задаволенай усмешкаю. - Гэта ж Сашка, сынок мой, да дня нараджэння такі халат мне купіў. Харошы ў мяне сын: і граматны, і працавіты. І з выгляду - што той каралевіч. Вось прыедзе - пабачыце. Пайду да суседак.

«Да суседак» - гэта значыць, у шостую палату, дзе ўсе хворыя ляжачыя.

Вяртаецца яна задуменная, з вільготным бляскам у вачах:

- Не дай Бог да такога дажывацца! Гляджу на гэтых няшчасных і аднаго ў Госпада прашу: каб прывёў памерці на сваіх ножачках.

- Калі вельмі папросіце, то так яно і будзе, - усміхаюся я. - Счакайце толькі гадкоў трыццаць.

- Прыдумала! - замахала рукамі баба Маша. - Да каго ж я тады падобная буду, калі і цяпер ужо ў люстэрка брыдка глядзецца?

- Што вы на сябе нагаворваеце? - зноў падае голас Наталля Іванаўна. - Вы яшчэ не старая і прыгожая.

Словы Наталлі Іванаўны не былі кампліментам. Баба Маша даўно размяняла восьмы дзесятак, але не ператварылася ў неахайную, цалкам засяроджаную на старэчых балячках жанчыну, хоць балячак у яе хапала: скакаў ціск, млела сэрца.

Штораніцы баба Маша старанна мылася, акуратна прычэсвала коратка пастрыжаныя сівыя, але яшчэ густыя валасы (хустак не прызнавала), прыбірала ў тумбачцы і, калі адчувала сябе, зноў жа па яе словах, «адносна цярпіма», ішла ў «ляжачую» палату, дапамагала санітаркам карміць і пераапранаць хворых ці проста пасядзець. Днём яна клалася ў ложак толькі тады, калі ёй было зусім блага. Пра сябе расказвала неахвотна і мала, затое пра сына гаварыла бясконца. Адчуваючы такую сваю слабінку, апраўдвалася:

- Вы не думайце, я не таму сына хвалю, што ён мой. Ён і праўда харошы. На тым тыдні не змог прыехаць, а вось на гэтым - абавязкова.

Мы чакалі. Мы хацелі пабачыць яе Сашку.

Ён прыехаў у пятніцу. Высокі, цёмнавалосы, добра апрануты - сапраўды паглядны мужчына. Баба Маша войкнула, ірванулася яму насустрач, прыпала да сынавых грудзей:

- Сыночак, як жа я цябе ў акно не ўбачыла! Я ж усе аўтобусы выглядала!

Ён паставіў на падлогу чорную сумку, дакрануўся вуснамі да яе шчакі:

- Я на машыне. Сусед падвёз. Як ты тут?

- Ды што я? Лячуся памалу. У вас што?

- Учора зноў гаварыў з Алёнаю, - ціха прамовіў ён, - і, абвёўшы нас траіх непрыязным позіркам, замаўчаў.

Мы выйшлі з палаты і вярнуліся толькі тады, калі доўгачаканы наведвальнік сышоў.

Баба Маша сядзела на ложку. На нагах у яе былі новыя тапачкі, аблямаваныя ярка-сінім штучным футрам. На табурэце ў цэлафанавым пакеце ляжала квяцістая адзежына, на тумбачцы - апельсіны, цукеркі і некалькі пакункаў і пакуначкаў у белай паперы. Але бабу Машу, відаць, ніколечкі не радавалі сынавы гасцінцы. Твар яе, нядаўна радасны, зблажэў. Перад намі была не заўсёдная жыццярадасная баба Маша, а старая панурая жанчына... Вось яна схамянулася і ненатуральна весела загаманіла:

- Во ўжо навёз мне мой сынуля! І куды мне столькі? Бярыце, частуйцеся!

...На абед яна не пайшла і да вечара праляжала ў ложку.

У панядзелак Пятроўну і Наталлю Іванаўну выпісалі.

- Ну, даражэнькія, хутчэйшага вам выздараўлення, - сказала Валянціна Пятроўна. - Мы будзем вас наведваць.

- А мяне праз два дні выпішуць, - пахвалілася я.

- Выпісвайся, і мы тады разам будзем бабу Машу адведваць, - азвалася Наталля Іванаўна. - Вы ж, баба Маша, цяпер у гэтай палаце назаўжды застанецеся? Пераходзіць у іншую не збіраецеся?

- Я? - баба Маша сумелася, пачырванела. - Ну, я пакуль не магу нічога сказаць... Вось прыедзе Сашка...

У палаце павісла няёмкае маўчанне.

- Ну, чаго мы стаім? - спахапілася Пятроўна. - Пойдзем!

На вуліцы мы з Пятроўнай накінуліся на Наталлю Іванаўну:

- Ты хоць думаеш, перш чым даваць волю языку? - абурылася Пятроўна.

- Жанчыне і так хоць у пельку кідайся, а тут яшчэ і ты! - не адставала я.

Наталля Іванаўна наструнілася:

- Хопіць мяне выхоўваць! Інтэлігэнткі! Хопіць крывадушнічаць! Усім вядома, што баба Маша з «сацыяльных» і што сюды яе «харошы» сынок сплавіў. Цукерачкамі ды тапачкамі ад маці хоча адкупіцца!

- А ты чаго ў чужое жыццё лезеш? - даводзіла Пятроўна не на жарт раззлаванай Наталлі Іванаўне. - Яны самі разбяруцца.

- А што тут разбірацца? Усё і так ясна: замінае яна сыну. Не патрэбная яму стала. Я на яе месцы плюнула б на яго і пайшла да таго дзеда-адстаўніка жыць. І ў цёплым, і ў добрым, і сама сабе гаспадыня. А ён, сын-нягоднік, лепш бы ўжо ў інвалідны яе здаў. Там хоць усе роўныя, таіцца няма ад каго - усіх на абочыну выкінулі. Ні сораму, ні сумлення! І вось жа законаў такіх няма, каб караць такіх злыдняў. І мы ўсе спакойна на гэта глядзім: усміхаемся, руку для прывітання падаём. А калі па справядлівасці, дык трэба, каб пад імі зямля гарэла! Каб хадзілі яны па вуліцы, а на іх пальцамі паказвалі і плявалі ім услед! Можа, тады б адумаліся?

Наталля Іванаўна махнула рукою і пашыбавала прэч, не развітаўшыся.

Валянціна Пятроўна разгублена паглядзела ёй услед і невясёла прамовіла:

- Вось жа Наталля Іванаўна бесцырымонная... Але ж правільна яна зараз сказала: забыліся цяперашнія людзі пра сумленне, пра сорам перад людзьмі. А што такое чалавек без гэтага? Чым ён ад жывёліны адрозніваецца? Вось Наталля Іванаўна збіралася гэтаму Сашку пысу намыліць. Ды такіх «сашак» столькі, што і мыла на ўсіх не хопіць. З дваццаці «сацыяльных» бяздзетных усяго чацвёра.

Бабы Машы ў палаце не было. У «ляжачай» таксама. Куды ж яна магла падзецца? Знайшла я яе ў закутку пад лесвіцай, па якой некалі школьнікі спускаліся ў спартыўную залу. Яна сядзела на скрыні, дзе санітаркі захоўвалі свой інвентар. Пачуўшы мае крокі, схіліла галаву і спешна выцерла твар белай у блакітныя крапінкі насоўкаю.

- Чаго гэта мы тут хаваемся? - выгукнула я, надаючы голасу жартаўлівасць. - Ці не ўколаў збаялася?

Баба Маша паспрабавала ўсміхнуцца, але вусны яе задрыжалі і з вачэй пакаціліся слёзы.

- Даражэнькая бабулечка! Вы ж заўжды малайчынаю былі! - як магла, суцяшала я яе. - Што ж вы так?

- Пасядзі крыху са мною, - папрасіла яна. - Скажы, а калі вы ўведалі, што я тут... ну, вось так?

- З першага дня і ведалі.

- Ты не думай, я на Сашку не крыўдую. Гэта нявестка... А ён бы хоць сёння забраў.

- А чым вы нявестцы не дагадзілі?

- Тым, што зажылася. Яна, старасць, толькі гарбузу вартасці дадае: чым старэй, тым лепей. А чалавек... І выйсця няма ніякага: жывой жа ў зямлю не палезеш. Ці ж думала я некалі, што такое чакае мяне? Сашку адна гадавала, бо заўдавела рана, а замуж больш не пайшла. Дом свой у Бабруйску прадала, каб тут, у вашым райцэнтры, Сашку кватэру большую купіць ды жыць разам. Але... Паслухай, як ты мяркуеш, ці ўгаворыць Сашка Алёну?

- Ну, вядома ж, угаворыць.

- Ох, твае б словы ды Богу ў вушы! - скрушліва ўздыхнула баба Маша, і ў вачах яе кволым агенчыкам засвяцілася надзея.

- Ды я ж сказала вам, што ўсё добра будзе. У мяне прадчуванне такое. А яно мяне ніколі не падманвае, - запэўніла я старую.

Падманула я бабу Машу. Не было ў мяне ніякага прадчування. І не магло быць, таму што я дакладна ведала: нявестка - гэта толькі адгаворка. Проста ўнукі падраслі, і ім спатрэбілася жыццёвая, а дакладней, жыллёвая прастора ў выглядзе пакоя, які займала баба Маша.

У чацвер я выйшла на працу. Мае малышы сустрэлі мяне радаснымі воклічамі. Я глядзела на дзяцей, на чыстыя тварыкі з шырока расплюшчанымі вачыма і таксама радавалася: амаль два тыдні без іх. А яны літаральна засыпалі мяне навінамі:

- А я ўжо навучыўся «р» гавар-р-рыць!

- А мне купілі ляльку! Яна ходзіць і спявае. І мікрафон у руцэ!

- А Ваня ўчора бегаў па лужынах і не слухаўся Ніну Пятроўну!

- А ў мяне цяпер тата ёсць!

- А да нас бабуля прыехала і будзе ў садок мяне вадзіць!

- Ой, задавака! У мяне дзве бабулі ёсць!

- А ў мяне бабуль тры, тры і яшчэ пяць, яшчэ...

- Добра, добра, - перапыніла я «шматбабульнага» фантазёра. - А вы бабуль сваіх любіце?

- Лю-ю-юбім! - у адзін голас закрычалі дзеці, а перад маімі вачыма раптам паўстаў сумны твар бабы Машы і ад нядаўняй радасці не засталося і следу.

«Трэба было б зайсці да яе, - падумала я, - але ж з пустымі рукамі не пойдзеш, а да зарплаты яшчэ цэлы тыдзень...»

«Вось так вы ўсе, жаласнікі, - азвалася маё другое «я». - Толькі словы прыгожыя гаварыць ці ў галаве складаць умееце. А як да справы...»

Я перахапіла колькі грошай у нянечкі і пайшла да бабы Машы.

 

* * *

 

Хаджу я да яе і цяпер. Праўда, не вельмі часта, але хаджу. Сашка яе таксама наведвае. Прыязджае ён ужо на ўласнай машыне, прывозіць розныя прысмакі, лекі, а да Новага года падарыў бабе Машы прыгожую і цёплую пуховую кофту і яшчэ адзін халат.

 


2007?

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая