epub
 
падключыць
слоўнікі

Валянціна Коўтун

Пакліканыя

Кніга першая. КРЫЖ ІГУМЕННІ
  Ад аўтара
  ЗАМЕСТ УСТУПУ
    3 гісторыі біярмійскага скарбу
    З гісторыі хрысціянства
  ЧАСТКА ПЕРШАЯ
    РАЗДЗЕЛ 1. Праз мора Міжземнае... З вотрацтва
    РАЗДЗЕЛ 2. Пострыг
  ЧАСТКА ДРУГАЯ
    РАЗДЗЕЛ 3. Князь запалоцкі
    РАЗДЗЕЛ 4. Вужоўня
  ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ
    РАЗДЗЕЛ 5. Плыты чумы
    РАЗДЗЕЛ 6. Капішча
    РАЗДЗЕЛ 7. Прыход Анёла
    РАЗДЗЕЛ 8. Веся чумная
  ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ
    РАЗДЗЕЛ 9. Блаславенне епіскапа
    РАЗДЗЕЛ 10. Заснаванне манастыра
    РАЗДЗЕЛ 11. Будаўніцтва царквы
    РАЗДЗЕЛ 12. Звеніслава
    РАЗДЗЕЛ 13. Баяры ў Сяльцы
    РАЗДЗЕЛ 14. «Паляна касцей»
  ЧАСТКА ПЯТАЯ
    РАЗДЗЕЛ 15. Напад Мсціслава
    РАЗДЗЕЛ 16. Суд вечавы
    РАЗДЗЕЛ 17. Выкраданне ігуменні
    РАЗДЗЕЛ 18. Князь Васілька
    РАЗДЗЕЛ 19. Пячоры
  ЧАСТКА ШОСТАЯ
    РАЗДЗЕЛ 20. Вольга — князёўна менская
    РАЗДЗЕЛ 21. Развітанне з Савам
    РАЗДЗЕЛ 22. Паломніцкае
Кніга другая. СПАСАМ ПАКЛІКАНЫЯ
  ЧАСТКА СЁМАЯ
    РАЗДЗЕЛ 23. «Агненніца»
    РАЗДЗЕЛ 24. Валодша
    РАЗДЗЕЛ 25. Хрышчэнне
    РАЗДЗЕЛ 26. Замах на вялікага князя
  ЧАСТКА ВОСЬМАЯ
    РАЗДЗЕЛ 27. «Палюбі, як смерць, мяне!..»
    РАЗДЗЕЛ 28. Вяртанне Вольгі
    РАЗДЗЕЛ 29 (сакральны). Крыж Лазара
ЭПІЛОГ
  ЧАСТКА ДЗЕВЯТАЯ
    РАЗДЗЕЛ 30. Дзева галілейская
    РАЗДЗЕЛ 31. Змій галаадскі
    РАЗДЗЕЛ 32. Прымары пустыні
    РАЗДЗЕЛ 33. Смерч


Кніга першая. КРЫЖ ІГУМЕННІ

 

 

«...бо яна наступіла нагамі сваімі на змяіную галаву гэтага злога раба і процістаяла дзёрзкасці яго акаяннай...»

 

Аповесць жыцця і смерці святой і блажэннай і найпадобнейшай Еўфрасінні, ігуменні манастыра Святога Спаса і Найсвяцейшай Ягонай Маці, што ў горадзе Полацку. Благаславі, Ойча!

 

Ад аўтара

Распачаць стварэнне рамана-жыція, прысвечанага не проста незвычайнай жанчыне свету, а святой Апякунцы цэлага народа, падзвігла мяне, думаецца, найперш шматгадовая праца ў Міжнародным жаночым фондзе святой Еўфрасінні Полацкай. Аднак узяцца за пісьменніцкае пяро насмелілася я толькі пасля неардынарнай падзеі — начнога аб’яўлення мне самой Еўфрасінні. Прыбачыўся якраз той момант, калі найпадобнейшая ігумення з Полацка разам з іншымі паломнікамі праходзіла праз пяскі грознай Іудзейскай пустыні, пэўна, кіруючыся ў горад свае запаветнае мроі — Ерусалім. У тую ж незабыўную ноч былі напісаны і першыя часткі рамана, што далі штуршок роздумам пра агульны змест і развіццё характару галоўнай гераіні. Затым пачаліся няўтомныя пошукі факталагічнага матэрыялу, што ўключылі і летапісныя звесткі, і зборы «Живописной России», гістарычныя фаліянты М. Карамзіна, даследаванні М. Мікалаева, вядомыя царкоўныя жыція ігуменні, кнігі тыпу «Очерки по истории русской святости» (1991), «Палестина и места, освященные учением и страданиями Апостолов...» (1838), працы А. Мельнікава, Г. Запартыкі, У. Арлова, іншых даследчыкаў, шматтомныя даведнікі і энцыклапедыі. Пры гэтым на першым месцы, вядома, адзначу важнасць пастаяннага чытання Новага Запавету і Псалтыра. Асабліва важныя звесткі прыйшлі да мяне таксама пры знаёмстве з працамі не толькі такіх вядомых нашаму сучасніку святароў, як Аляксандр Мень, але таксама філосафаў і выбітных тэолагаў XII стагоддзя, з якімі знаёмілася я падчас наведвання бібліятэкі Свята-Петрапаўлаўскага сабора Мінска. У гэтай сувязі хачу выказаць асаблівую падзяку за дзейсную падтрымку настаяцелю гэтага сабора Георгію Латушку.

Разумею — сама святасць назаўжды застанецца таямніцай — неспасцігальнай таямніцай Бога і чалавечай душы, якую можна прыняць верай, але немагчыма адлюстраваць мастацкімі сродкамі... Менавіта пра гэта гаварылася падчас нашай сустрэчы са святаром Свята-Петрапаўлаўскага сабора Мінска, іерэем Юрыем Залоскам. Аднак мяне як аўтара цешыць наступнае меркаванне святара, выказанае ім пасля прачытання рукапісу рамана-жыція «Пакліканыя»: «...узяты чыста ў мастацкім плане, раман, як падаецца, схоплівае істотную праўду ў гісторыі святасці, а менавіта «супраціўленне матэрыялу» чалавечага, моманты барацьбы і выбару, адступніцтва і навяртання...» Навяртання да веры.

ЗАМЕСТ УСТУПУ

Расхістаная камяністаю дарогаю павозка з паломнікамі паволі праязджала праз мігатлівае святло іх першага вечара на Святой Зямлі. І раптам вечаровы прасцяг ударыў глухі ўскрык:

— Лепей бы мне тое куфі атрутнае выпіць!

Малады кніжнік, не зважаючы на ўстрывожаных спадарожнікаў, нечакана зляцеў з павозкі і пабег у бок барханаў. Пабег, нават не азіраючыся. Першым апамятаўся Асан. Саскочыўшы на дарогу, рынуўся следам і вось ужо вяртаўся да ігуменні, прытрымліваючы кніжніка за плечы. Той адразу ўпаў на калені Усе астатнія зніякавела пасталі зводдаль.

— Спавядай мяне!

— Не маю такое...

— Споведзі прашу! Малю споведзі! Грэшны, грэшны, грэшны я, ігумення! І целам, і словам, і думкамі! Грэшны, грэшны! Як толькі ўбачыў яе! Як толькі пачуў яе! Яшчэ ў Царгорадзе, калі вы ўсе ў бібліятэку зайшлі...

— Супакойся, Коста. Гасподзь заўсёды пачуе.

— Цяпер хачу.

— І цяпер чуе, Коста. Падыміся.

— Ты мяне з Міхалам у Візантыю паслала. Каб я вучыўся. А я ж... Не сказаў табе нічога тады!

— Цяпер скажаш, забудзі благое. Забудзі, Коста! Збяры гарошыны памяці чорнай, высып у гэты бархан, няхай зусім высахнуць.

— А цяпер за грахі жарсця такая. Не магу болей трываць!

— Моцны дух у цябе, Коста. Ведай пра гэта.

— Ты думаеш, у палацы імператарскім я толькі кніжкі чытаў?!

— Чытай Евангелле, Коста. Не распінай сэрца сваё на вятры-сухавеі. У душы праўды пытай. Усе мы, людзі, грахамі спакушаныя. Кожны па-свойму. І пра ўсё гэта, Коста, у Запаветах Божых згадана. Зараз павернем за камяні, і жарсця твая з сэрца паплыве, як дым.

— У галаве маёй цёмны дым, ігумення.

— Вазьмі шчыт веры, захіліся і патушы ім распаленыя стрэлы.

— У роце ў мяне ад пажады горка. Плячом яе крануся, а ўсё цела гарыць. Жаданая такая яна.

— Сказана:«Любоў не бушуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не замышляе ліха... Цешыцца з ісціны. Усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць».

— Лепей бы мне тое куфі выпіць!

— Любоў ніколі не мінаецца, Коста.

— Не вытрымаю, ігумення. Я азіраўся і бачыў толькі пустэльню. Калі змеціў у яе вачах чужасць, так спалохаўся, пачуўся такім парожнім, як сярод поля, дзе няма ні лекара, ні мечніка, каб спынілі пакуты. Усё, што было да вашага прыходу ў бібліятэку, рассеялася, як чад. Адным яе позіркам.

— Сядай побач з Асанам, Коста. Да споведзі — ужо ў Ерусаліме.

— І не стала ні другаў для мяне, ні настаўнікаў, ні сваякоў. Адна толькі яна, гаспадыня, была. І я толькі адзін застаўся, слуга сярод слуг.

— Паперадзе сядай, Коста. Там і чытаць зможаш.

— Змагу. Там чытаць, і праўда, можна.

— І памятай: самы большы грэх — жадаць гвалтоўнай смерці.

..Які рэзкі ён, сухавей пустыні. У недасяжнай вышыні ўсё яшчэ кружыў птах, быццам падвязаны да паднеб’я пурпуровым вісонным шнурочкам. Наперадзе быў новы паварот за скалы, і позірк адразу выхапіў з жоўтага марыва велічны будынак. У тую ж хвіліну ўсе на павозцы, якую няшчадна трэсла на камяністай дарозе, ачомаліся. Усміхнуўся, павярнуўшыся да падарожнікаў, і возны Асан. Але прамаўчаў, ведаючы, што да блізкага, як усім здавалася, манастыра яшчэ далекавата. Праз колькі часу зноў прыпыніліся, і светлатварая красуня, саскочыўшы, шчыльней падвязала свой важкі хітон, пачакала блізу павозкі. Кідала насцярожлівыя позіркі на ігуменню, тая таксама сыходзіла на зямлю, пацягнуўшы за сабою астатніх. Нарэшце ўвесь ланцужок паломнікаў з Полацка заспяшаўся ўздоўж дарогі, і ліпкі пясок барханаў, асеўшы на доўгія полы хламід, зашаргацеў, зашахаў пры хадзе (...ш-ша ш-шах! Ш-шах! Ш-шах!).

А ігумення ўжо ўзіралася ў глыбіню галілейскага вечара, быццам імкнулася разгледзець у яго сяйве запаветнае. Успомніць і разгадаць блізкае і далёкае. Прыспешвала хаду...

 

3 гісторыі біярмійскага скарбу

...Прыбярэжнае марыва туману блізу паўночнай дзяржавы Біярміі, адкуль у сівую непрагляднасць вечара ўжо даляталі гарлавыя крыкі боцма і рыпенне ўсключын, сціху выпускала вялікія караблі нарвежскіх купцоў. Але вось, патрапіўшы ў паласу нечакана яркага месяцовага промня, агромністыя марскія пасудзіны застылі. І адразу ж, наўздзіў лёгка разагнаўшы апошнія тумановыя пасмы, над узбярэжжам Гольмгарда ўспыхнула зыркасць. Ад караблёў, імкліва слізгаючы па марской слюдзе, тут жа аддзяліліся вялікія, асветленыя водбліскамі маяка і ліхтароў ладдзі. Нарэшце шумная грамада прыбылых гасцей, мінуўшы гольмгардскі цвінтар і загадзя распытаўшы мясцовую варту, дзе можна выпіць добрага віна і падсілкавацца, заспяшалася праз устрывожанае места.

..Дзверы самай вялікай таверны ў Гольмгардзе шырока расчыніліся, і ў бляклы помарак піўніцы шумным збоем уваліліся познія наведнікі — вікінгі, гандляры, маракі. Уварваліся разам з імі і згукі халоднага мора — на плашчах яшчэ паблісквалі кроплі, з капелюшоў сцякалі струменьчыкі ледзяной вады.

А вікінгі, сядаючы за шырокі, застаўлены талерамі з ежай стол пасярод таверны, адразу ж запатрабавалі пітва і з віннымі жбанамі ў руках адразу ж забегалі падавальнікі.

Гучныя выкрыкі гаманлівых гасцей, сярод якіх, у акружэнні мясцовых прыгажуняў, высіліся праслаўныя Карл і Торэр, перакрывалі нават дружны стук драўляных келіхаў аб сталешніцу. Вясёлыя і схмялелыя: «Няхай доўжацца леты караля нашага Олафа! Налівай усім, гаспадар...» Госці нават не падазравалі, што некаторыя з мясцовых жыхароў, разам з кметамі маладога запалоцкага князя Барыслава, што прыбылі сюды колькі дзён таму, адразу пераапрануліся ў загадзя прыпасеныя плашчы вікінгаў. Паімчалі на конях у супрацьлеглы ад таверны бок і праз нейкі час ужо прыпыніліся перад варотамі старога біярмійскага цвінтара, які цяпер ніхто не вартаваў. Увесь Гольмгард гарланіў песні ў сваёй вялікай, прасмуроджанай віном і смажанай рыбай таверне.

...Кінуўшы на шырокія цвінтарныя вароты за Гольмгардам цэлую жменю халоднага бляску, поўня прымарудзіла рух. Вастрыё жоўтага промня высвеціла ўпрыгожаную істужкамі, рыбнымі чучаламі і звярынымі хвастамі фігуру ідала Ёмелы, павярнулася блішчастым люстэркам да хаўрусні рабаўнікоў. Праз рэдкія зубы драўлянага боства на гэтым біярмійскім цвінтары ў святле паходняў зіхацелі каштоўныя камяні, залатыя і сярэбраныя манеты, жаночыя бранзалеты — усё, што было ахвяравана ў скарбонку горада падчас усяго летняга гандлю. Зграя рабаўнікоў, упэўненая ў тым, што баяцца няма каго, нават не азіралася. У таверне цяпер шумелі не толькі прыезджыя купцы... Адно ваяўнічыя памагатыя купца-жмудзіна Кірыка, што спыніліся ў Гольмгардзе па дарозе ў Полацак з Эльблонга, паводзіліся нязвыкла: толькі выпіўшы віна і сціху перамовіўшыся са старым уладальнікам таверны, таксама заспяшаліся ў бок цвінтарных варотаў, заякімі і дапраўды было наўздзіў ажыўлена і людна. Некалькі смялейшых і сквапных рабаўнікоў, прыхапіўшы з сабою рыдлёўкі, даўно прыступілі да работы. Паўсюль зеўралі чорныя ямкі раскапаных магіл, з якіх рабаўнікі, не баючыся граху, выграбалі ўсё дараванае нябожчыкам пры пахаванні.

У руках многіх рабаўнікоў бліскалі доўгія баявыя цапы, у тым дзікунскім гоне за здабычай, падступіўшыся да Ёмелы, людзі, здавалася, захмялелі, і малады важак, злосна бліснуўшы вялікімі чорнымі вачмі, шырокім узмахам мяча нарэшце адцяў гольмгардскаму боству галаву, тая, грымнуўшыся аб зямлю, разбілася напал. Астуджваючы хаўруснікаў грознымі вокрыкамі, важак тым часам порстка зграбаў у скураную суму біярмійскія скарбы. Кінуўся, не чакаючы падмогі, да цвінтарнага склепа, адкуль ужо выбягалі, таксама наладаваўшы торбы, іншыя. У руках аднаго з рабаўнікоў ажно свяціліся вялізныя бурштынавыя каралі, што ў месячным святле нагадвалі залацістую змяю. Рэзкі гарлавы ўскрык — і дзівосныя каралі таксама апынуліся ў сумцы важака.

...Спяшаюцца, прыслухоўваючыся да валтузні на цвінтары, спадарожнікі Кірыкея. Грозна падняўшы жалезныя цапы, лоб у лоб нарэшце сутыкаюцца з рабаўнікамі і ўжо не саступаюць. Не адступае, падняўшы супроць суайчыннікаў бердышы, і разгарачаная хаўрусня. ...Бліскаюць, пазвоньваючы, цапы, чуюцца стогны. Самы дужы з гурту, жмудзінскі купец Кірыкей, нарэшце сыходзіцца ў бойцы з важаком рабаўнікоў і, неўспадзеў убачыўшы на грудзях у таго вялікую пячатку, здзіўлена ўскрыквае:

— Ці не князь запалоцкі?

Не адказвае маладзён, а, скарыстаўшы замінку, подла б’е мячом нечаканага цвінтарнага заступніка. Бліскавічна адхітнуўшыся, той, аднак, тут жа злосна вырывае з рук супраціўніка адну з кайстраў, паверсе якой жаўцеюць бурштынавыя каралі.

— Дзякуй скажы, што пячатку ўбачыў... Іначай...

Храпуць коні. Імчыць ад горада, высока падымаючы паходні, схмялелая гольмгардская варта. Прыспешвае, вінаватая ў залішняй даверлівасці, коней. Але важак рабаўнікоў, змеціўшы варту і ў апошнім рыўку адкінуўшы ад сябе настырнага жмудзіна, не чакае. Не чакае і Кірыкей. Затуліўшы чорнай хламідай торбу з таямнічымі каралямі, знікае ў поўначы. А гольмгардская варта, адно зірнуўшы на абезгалоўленага Ёмелу і абрабаваны прыстанак нябожчыкаў, імгненна паварочвае коней і, на чале са сваім дзесяцкім, імчыцца ў пагоню за ўцекачамі. Але тых даўно агарнула густая ноч.

Носіцца варта, крычыць, б’е капытамі ўзбярэжжа, на якое з нізкага неба пачынае цадзіцца няўцешная раніца. Нарэшце ўрываецца ў таверну, дзе спяць схмялелыя, ні ў чым не вінаватыя купцы.

— Смерць купцам!

— Смерць нарвегам!

...Адбіваючы першае сонечнае праменне, у руках гольмгардскіх катаў грозна блішчаць доўгія мечы. Сплываюць струмені крыві з наспех збудаваных памостаў, да якіх гвалтам звалакаюць бясцямных пасля бяссоннай ночы гасцей. І вось ужо, як толькі прачытана зычным голасам судовая абвестка, коцяцца пад ухвальныя крыкі гольмгардскага галавасека, ці не пад ногі раз’ятраных месцічаў скрываўленыя голавы купцоў. Толькі стараста горада, падняўшы позірк, нечакана змеціў караблі з напятымі паветрам ветразямі. Закрычаў загады, паказваючы рукою ў той бок

...Зноў заспяшалася, паімчала да берага варта; пачалі таропка адплываць ад прыстані баявыя ладдзі, даганяючы ўцекачоў. Аднак купецкія караблі, знікаючы ў марской смузе, былі ўжо недасягальнымі.

След біярмійскіх скарбаў стапнеў у халоднай сівой далечы.

* * *

...Запалоцкая сядзіба княжага палаца, якая па ўсім прасцягу даволі вялікай забалаці была акружана пушчанскімі лавамі, суседзіла з зялёнымі астраўкамі. Малады запалоцкі князь Барыслаў, акружаны схмялелымі кметамі, імчаўся па лясной дарозе, нават не азіраючыся. Пры сядле ягоным блішчалі скуранымі падвязкамі кайстры з біярмійскім скарбам. Вяртаючыся ў Запалоцце з далёкай паездкі, кметы ўжо не стрымлівалі коней, і гожая маладзіца, што неўспадзеў сустрэла іх на дарозе, не чакаючы такога шалёнага гону, ледзьве паспела адступіцца ўбок Кметы, вымушаныя прыпыніцца, па знаку гаспадара апусцілі скураныя плёткі на плечы жанчыны, якая так недарэчы апынулася на гэтай сціснутай пракаветнымі дрэвамі дарозе. Тая, угнуўшы плечы, спалохана хавала ад удараў укручанае ў радно гадавалае хлапчаня. Нарэшце выпрасталася і кінула ўслед:

— Пашто сына б’еш? На сына глянь, князь!

Соцкі, павярнуўшыся, з усяе сілы сцёбнуў маладзіцу па руках, стараючыся дастаць хлапчанё, што ўжо захліпалася плачам.

— Няма сына ў князя! Няма!

...Імчыцца дружына за Барыславам. Запаўняе лясную глухату вясёлым гіканнем і крыкамі.

— Няма прыплода ніякага! Прэч, кроў чорная!

— А ў самога якая?! — Пасылае маладзіца ўслед верхаўцам грэблівы, поўны нянавісці рогат. Убачыўшы, як бліснула нешта ў гразюцы, падымае з растоўчанай дарогі металічную пячатку на ланцужку.

— Шчаслівы ты, прыплод! Гэта табе. Ад бацькі! — Злосна ўсхліпвае: — Насі!

...Прапахлая сасноваю ігліцаю раніца, у якой ужо адчувалася набліжэнне зімы, нечакана адазвалася да здарожанага верхаўца крыкам варання.

Да Полацка заставалася не меней як паўдня дарогі, і вершнік з кайстраю пры сядле ўжо нічога не чуў: пільна ўзіраючыся ў рэдкія прасветы паміж дрэвамі пушчы, спяшаўся ў бездараж па апалым лісці.

— Не адолееш! Не дагоніш мяне, іспра рагаты...

Забубнеў сам сабе пад нос пагрозы нячысціку і зноў падняў плётку. Не ўбачыў, як наперадзе мільганула баваўнянай накідкай маладзіца з дзіцем на руках:

— Няма малака ў мяне! Вялікі ты ўжо.

...Спяшаецца верхавец па ледзь бачнай сцяжыне якраз туды, дзе ў сарцавіне густога лесу, блізу хаўтурнай яміны-камы з гаручымі смалякамі, затаіўся абшыты сасновымі голлямі будан. Падганяе каня, не змеціўшы, што каля будана ўжо спынілася здарожаная маладзіца з сынам на руках. Старожка вызіраючы з-за дрэў, дачакалася нарэшце, як з будана выйшаў яшчэ малады доўгавалосы вяшчун Вікула ў воўчай накідцы. Крутнулася да ўвахода ў жытло і адразу, адно пакінуўшы дзіця за дзвярыма, быццам злілася ценем з ранішняй смугою. А вяшчун, праз хвілю выносячы з бліжэйшага хлеўчука, адкуль неслася казінае мэканне, глечык з малаком, ужо вярнуўся ў сваё спрэс завешанае падсохлымі зёлкамі пушчанскае прыстанішча. Наліўшы малака ў драўляную місу, прысеў на ўсланы мядзведжаю шкураю тапчан, паставіў місу на зямлю каля каменнага, з выраўненым верхам стала; да сябе падсунуў талеру з праснакамі і дзічынай, падняў гляк з пітвом.

— І нічога я ім не раблю. — Звяртаючыся да ўяўнага субяседніка, нават уздыхнуў: — Я песні спяваю, я з небам і зямлёю, з дрэвамі і птушкамі гаманю... Чым перашкаджаю ім? — Здаецца, перамаўляўся ўжо з тоўстымі вужакамі, што, выпаўзаючы з кутоў будана, звыкла апусцілі галовы ў місу з малаком — Ударыць яшчэ. Ударыць іх Пярун. А вы ўсё не спіце? Пара! — Толькі цяпер і ўбачыў, здаецца, голае хлапчанё ў пісягах ад бізуна.

— Падкіданец, бач! Гэта ж трэба на зіму такое... — Здзівіўся яшчэ болей, убачыўшы, што малы, падпаўзаючы да місы з малаком, ручанятамі адпіхаў убок вужакаў.

— Валодшам будзеш, калі такі. Вешчуном зраблю.

Засмяяўся: малы, нахіліўшы галаву, неяк па-кацячы хлябтаў з місы малако.

— Не пракармлю такога ненаежнага.

Ужо масціў спінку дзіцёнка травяным золівам, але той, не зважаючы на боль, нават не румзаў.

— Будуць грошы, будзе і хлеб, падкіданец. Не будзе — не бойся. На смерць галодную не пакіну. Калі такі цярплівы, сам заб’ю.

Зняўшы з грудзей малога пячатку на вяровачцы, падняў яе ўверх.

— Бач ты! — Здзіўлены, зноў павесіў яе на ранейшае месца — Барыславаў!

...Наўздзіў нечаканая бойка ці ад нейкага неасцярожнага слова, ці ад аднае толькі ўспышкі ў каме— усчалася якраз недалёка ад гэтай хаўтурнай яміны. І гэтак жа імгненна, ледзьве не зваліўшыся ў вогненную прорву, абодва, і верхавец у пацёртай манаскай апратцы, і вяшчун Вікула, апамяталіся і астылі.

— Табе чаго, купец? — недаверліва зіркаючы на нязванага госця, Вікула ўжо міралюбна прыпальваў таму вугельчыкамі раны.

— Чаго?.. Заблудзіўся. Гляджу — не пазнаю. Старых дарог ані знаку.

— Паспяшаеш ты надта, купец. Перуна не баішся. Нешта важнае вязеш?

— А табе што? Наказаў князь Чарадзеюшка: што, Кірыкей, у дарозе здабудзеш, палову — Полацку!

— Няма ўжо Чарадзея, князя твайго любімага. Захварэў раптоўна.

— А я ж яшчэ ў паходзе на Новагорад сказаў... — Кірыкей адно ўздыхнуў і сумна схіліў галаву— Не бяры, княжанька Усяслаў, чужыя панікадзілы і званы! — Задумаўся.— Аднак жа Сафію ў тыя леты будавалі!

— Бачу, зусім ты белы, Кірыкей. Іншым цябе памятаю...

— І Барыслаў, маладзён запалоцкі, каля стальца круціцца?

— Шаснаццаць летаў толькі, а тры ладдзі дворных у Дзвіне ўтапіў. Уласнай воляю.

— Як жа Полацак цяпер, Вікула?

— Вазмяташася быў Давыд-князь, у хаўрусе з кіеўцамі, на Менск.

— Ніяк браты не падзеляць вотчыну!

— Толькі Глеб перамог і дружыну сваю кінуў на Друцак, Копысь, Воршу... На Слуцак нават напаў.

— Кіеўская зямля то!

— І я кажу — Кіеўская. Манамах — на Менск з дружынамі пайдзé ў адказ. Абгаліў бяшэ цэрквы вашы ўсе.

— Нахадзіўся я, Вікула. І цяжэй за ўсё бачыць, кажу, як людзі ў душу атрутных чарвей пускаюць — пыху, хцівасць, хлусню...

— А ці не сумуеш ты па бляску храмаў далёкіх, купец?

— Думаю вось, а на каго падае той бляск? Ці ж на крывавыя раны Хрыстовы? Ой-я. Не дзеля такога ішоў Уладар Нябесны на крыж свой...

— Сам пашто далёка так апынуўся?

— Князя Барыса дачку адвозіў. Звеніславу. Начамі крыкам крычала. А там лекі нейкія... Пасля пра купцоў каралеўскіх дачуўся. Падумаў, паеду, пра гандаль дамоўлюся (уздыхнуўшы). Ледзь за каралі гэтыя ды золата жывот не паклаў.

— Нічога... З багаццем нашы князі добра ўпраўляюцца.

— На сэрцы нейк цяжка.

— Дамоў ідзі! Сына жонка гадуе.

— Кірыка?! — Радасна падхапіўшыся на ногі, Кірыкей ужо ледзь не танцаваў, але над буданом нечакана грозна грымнула, прымусіўшы яго зноў спалохана сесці.

— Бушуе Зюзя!

— Каторы дзень ужо! А перад тым — знаменне было... Якраз перад тваім прыходам. На маёй памяці...

— Знак, скажу!

— Можа, і знак. У князя Святаслава жонка, што з харомаў Яраслава кіеўскага ў Відбеск узята, хутка дзіця народзіць.

— Добра, што нехта родзіцца...

— Падсілкуйся хоць... Зіма з неба пазірае.

— Медавуха ёсць?

— Ёсць, калі грыўну дасі.

— Грыўну? — Госць ужо садзіўся на калодку блізу стала, з палёгкай выпрастаўшы ногі ў старых ботах.— Няма грыўнаў!

— І за «няма» ёсць! Ёсць... Толькі настоеная на травах .— Вяшчун разліваў пітво ў два каўшы і тут жа адступіўся.

— Якая трава, дзік лясны?! Хутка мы цябе выкурым адсюль. І з гадаўём. І з травою тваёй!

— Пі, купец.

— Схаваўся, бач! — Кірыкей насцярожана пазірае на вешчуна, і той нетаропка п’е з каўша.

— З-пад хвастоў конскіх гной збіраць у мяне будзеш! Іншая цяпер вера ідзе! Хрысціянская.

— Можна і да коней, купец — Валодша, сціху ўсміхнуўшыся, адно назірае, як Кірыкей таропка п’е і адразу, акругліўшы вочы, падае з пенаю на вуснах.

— А як жа гэта? — хрыпіць здзіўлена. — Яшчэ ж скарбу не завёз. Не паспеў я. (Б'е пена з горла.) Сыну!

— Старая ў нас вера, купец. Была і будзе. Свая... вера! — Зазірае ў кайстру — Ой-я! А гэта адкуль? — Зноў смяецца. — Грыўну пашкадаваў Кірыкей, а ў самога кайстра набітая. Ой-а, людзі! За грыўну... І не думаў я труціць — З цяжкасцю здымае з нябожчыка боты і разам з пергаменам, які таксама выняў з кайстры, кідае ў кут. Нахіляецца да немаўляці.— Да гэтых траваў гадзюшных толькі адзін я даўно звык. — Перасыпае ў далонях манеты і з цікавасцю ўзіраецца ў бурштынавыя каралі. — А вы нядобрыя. Гожыя. Ярылавы. А крыві прагнеце. — Паварочваецца да нерухомага Кірыкея. — Ты не думай. Мне б толькі жменю багацця якога. — Бярэ немаўля на рукі. — І нічога мне, акром ветру ды сонца, не патрэбна. А вось яму хлеба — паболей. Малака. — Пазірае на нябожчыка. — Палову сыну твайму, як папрасіў, занясу. Занясу, Кірыкей. Не сумнявайся. А Полацак... Ой-я! — Няўмела поіць малаком немаўля. — Удачлівы ты, падкіданец. Малако пасля вужоў засталося.

Здымае з шыі малога пячатку на вяровачцы, паварочвае галаву. Прыслухоўваецца да ўжо зімовага падвывання завеі і аддаленага царкоўнага звону:

— Бач ты, звоняць. У харомах Святаслававых дзіця нараджаецца.

Адхінуўшы ўцепленыя ачаротам дзверы, вызірае ў ноч — неба зноў зацягнуў цёмнымі хмарамі, з якіх белай завесай ужо злятаў густы снег.

— Зіма позняя... — Уздыхае.

 

З гісторыі хрысціянства

...Такая шчодрая для гасцей, такая міласэрная да ўсяго народа свайго, Візантыя ў тое лета нібыта здранцвела, як ад укусу жоўтай мядзянай змяі, што нападае з расколін прыбярэжных скалаў. Аднак гэтая «змяя» — ажно дзвесце варожых караблёў — прыплыла з боку магутнага паганскага краю, што грозна раскінуўся па Дняпры і Сажы да самых варагаў.

У цэрквах пачаліся ахоўныя службы, але толькі пасля доўгае малітвы самога патрыярха Фоція, калі рызу Улахернскай Маці Божай усклалі на прыбярэжныя хвалі, мора быццам звар’яцела: за адну толькі ноч несціханы смерч патапіў большую частку абложнага флоту, і цэлыя лавы драўлян і радзімічаў, дрыгавічоў і валынцаў знайшлі свой апошні прытулак на марскім дне. А тыя, што апынуліся на беразе, устрашаныя імператарскай конніцай, былі дагнаны, як расказвалі потым бывальцы, каля балгарскае Варны — людзінаў каля васьмісот на чале з князем Вышатаю. Вернутыя палонніцкім збоем у Канстанцінопаль, усе разам, і простыя ратнікі, і князевы сыны, званыя тутархонгамі, былі тут няшчадна бітыя і ўрэшце — аслепленыя. Але тая страшная вайна русічаў з грэкамі, дзякаваць Богу, сталася апошняю. У Васпор заходзілі адно караблі гандляроў. Тады ж распачаў імператар новы хрысціянскі паход дзесяці настаўнікаў архірэя Ігнація, што павезлі ажно да крывіцкага княства вялікую сяўбу верніцтва. З-пад струн салодкагалосых баянаў узносіліся звонкія, як плёскат Дняпра і Дзвіны, былі. Спявалі сівыя старцы і пра Ізяслава Полацкага, які даў жыццё князю Брачыславу; той урэшце спамогся ўзяць пад апеку новыя гарады, успадчаныя пасля сынам ягоным Усяславам, званым у народзе Чарадзеем. Вялікі сын умацаваў полацкі сталец яшчэ болей, сведчаннем чаму стала велічная Сафія над Дзвіною.

Штораніцы гэтая гожая царква біла ў званы, пасылаючы свой голас найслаўнейшым Усяслававым нашчадкам: Барысу, Рагвалоду, Давыду, Глебу, Раману, Расціславу, Святаславу-Георгію...

Стары вяшчун Вікула помніў яшчэ і тое, як пасля смерці Чарадзея і закладання Уладзімірам Манамахам смаленскае царквы Святой Багародзіцы, а яшчэ пасля таго, як ненкая няшчасная маладзіца падкінула ў лясны будан немаўля — цяпер адзінага сына ягонага Валодшу, убачылі палачане ў месяцы просінцы страшнае знаменне: усё неба ахапілі такія вогненныя зараніцы, што праз усю ноч у Сафійцы кленчылі, узносячы да Маці Божай малітву аб літасці. Бо яшчэ трымала памяць вернікаў нядаўняе — землі тутэйшыя скавалі чуткі аб прыходзе д’ябла. Іспра пачаў аб’яўляцца начамі, стогнучы і ловячы людзей, аб чым запісана было ў галубцы чарняцом-кніжнікам: «І хто з дому выйдзе, жадаючы тое ўбачыць, будзе там уязвёны нябачнаю д’яблавай язваю і ад таго памрэ». Ці не шукаў тады паганы цмок сярод люду крывіцкага нейкае незвычайнае дзіця?! Вікула нават уважлівей агледзеў свайго падкіданца і, папраўдзе, жахнуўся ўбачанаму. Аднак тут жа ўразумеў, што Валодша — не той, каго прагнуў знайсці князь апраметнай.

Але калі ў гэты ж час у малодшага брата полацкіх валадароў нарадзілася дачка, названая Прадславаю, вяшчун ад нечаканай здагадкі адмахнуўся. Бо хіба можа ўстрашыць д’ябла слабасілая жаночая плоць?!

Іспра, аднак, не адступаўся, штоночы расцінаючы барвовымі бліскавіцамі важкае, забранае хмарамі неба, што вылівала на зямлю патокі цёмнага, перамешанага з градам дажджу.

І ўсё ж, нягледзячы на благія знакі, полацкі сталец заставаўся па-ранейшаму моцным, хоць усім было зразумела, што кіеўскія князі так лёгка ад яго не адступяцца. З другога канца княства хціва падціскалі суседзі, смаляне і наўгародцы. Не драмалі і дазорныя варты заходніх межаў, усё часцей прыносячы весткі аб тым, што тамтэйшыя каралеўскія дарадцы таксама не абмінаюць увагаю яшчэ зусім маладую, амаль напалову паганскую суседнюю дзяржаву.

І праз увесь гэты час першыя хрысціянскія святары, добра засвоіўшы падвойную запаведзь, што вынікае з Духу Хрыстовага,— «маліцца і працаваць», азіраючыся на Візантыю, не прыпынялі вялікае працы ва ўлонні веры, аддаючыся ўпакорлівай малітве, каб узносіцца на тую вяршыню дрэва, дзе толькі птушкі нябесныя знаходзяць прытулак.

Але чым болей мацнела хрысціянская вера, тым большы размах набывала крывавая барацьба паміж Полацкам, Ноўгарадам і Кіевам за вярхоўную княжую ўладу, што была так густа паліта бязвіннай крывёю ў гэтым новым, яшчэ крыху палахлівым, але ўжо суровым дванаццатым стагоддзі, якое пачыналася трывожна і неміласэрна.

 

ЧАСТКА ПЕРШАЯ

«Святым Духам напоўніўся розум яе, — і сказала сабе: Што будзе, калі бацька надумае аддаць мяне замуж?»

 

РАЗДЗЕЛ 1. Праз мора Міжземнае... З вотрацтва

Шырока расхінуўшы полы сваёй вогненна-карычневай гімаціі, вецер Хамсін наляцеў на Міжземнае мора, як смерч. У берагавую заслону базальтавых скалаў з усяго маху ўдарыла грозная пясчаная лава, і мора ад нечаканасці ўздрыгнула. Але ў той жа міг чорная, паднятая з самага дна махіна з грукатам абрынулася на крохкае рыбацкае жытло і адразу, але ўжо з абломкамі дошак, патрушчанымі смоквамі і парванымі сецямі зашыпела і спаўзла з берага назад, важка ўдарыўшы ў такую ж шалёную сустрэчную сцяну.

Агромністыя слупы спечанай гліны і шурпатай вапны віхрамі закружылі па бязмежнай прасторы, нізка навіслае неба хлынула ў марскія правалы патокамі бруднага густога ліўню. І ўсе адразу зразумелі, што пачынаецца нечуваны дасюль на ўсёй Галілеі страшны шторм. Хвалі ўзнесліся дзявятым валам, вецер асмягла хапаў пенныя глыбы, са свістам укручваўся ў глыбокія, як ідумейскія ўпадзіны, марскія варонкі. Лёгкія трырэмы рыбакоў, што не паспелі кінуць якары, вокамгненна расшпурляла па ўсім уздыбленым міжзем’і, не пакідаючы людзям аніякай надзеі на ўратаванне. І вось ужо ніхто не заўважыў, як мінуў дзень і пачаўся другі. Мора змяшалася з берагам. Але калі Маці Божая ў гэтую грозную раніцу азірнула землі, на якіх ніколі не ачахнуць сляды Яе Сына, і позірк Яе крануўся жорсткай марской стыхіі, то змеціла Яна, як пасярод няшчаднага шторму на тонкай ніціне паміж жыццём і смерцю ажно ўздрыгвае і трашчыць па ўсіх швах, але ўсё яшчэ трымаецца вялікі кесараўскі карабель з Канстанцінопаля. Яго то высока падносіла, тузаючы ў розныя бакі, то зноў апускала ўніз, як шчэпку. У штармавым грукаце патаналі і каманды капітана, і матроскія крыкі, і адчайныя падвыванні хананейскіх жрацоў Ваала ў ніжніх каютах. Але праз несціханы свіст ветру пачула Апякунка і ціхія словы малітвы, што ўзляталі над марскім пеклам белымі чаіцамі. Гэта маліліся, расцягваючы акруглыя славянскія гукі, пакліканыя з таго далёкага крывіцкага краю, дзе і сёння ў сечы братазабойчай лілася кроў і так мала яшчэ душаў навярнулася да Збаўцы. Д’ябальскі шабас, што смуроднымі клубкамі і енкам ляцеў у неба з іх паганскіх капішчаў, быў такі ж грымотны, як і гэты марскі шторм. Але пазнала Маці і вылучыла з усяго сусветнага галасу мальбу той, якую даўно змеціла і да чыіх ранаў некалі, у далёкай Полаччыне, ужо дакраналася персцямі: «Ойча наш, Сэрцазнаўца, адзіны ў Святой Тройцы... ачысці нас, няўдзячных рабоў Тваіх, збаў ад усялякіх брыдотаў, плоцкіх і душэўных, і асвяці Прасвятым Тваім Духам, калі, адышоўшы ад імглы нячыстых прывідаў, спадобімся чыстым сумленнем адверсці грэшныя вусны і ўславіць Усесвятое Імя Тваё...» Не паспеўшы спусціцца ў каюту, ігумення кленчыла пры левым борціку і моцна трымалася за канат. Ледзь змагаючы рэзкія парывы ветру, сціху касілася на мажнога суседа, аблічча якога было цалкам заслонена вялізным каптуром. Нарэшце яна падняла голаў і адразу ж рэзка адхінулася ад удару: па вачах з усяго маху шарганула калючая марская шурпа. Неўспадзеў балюча і злосна, бы крапіўная валасяніца. Тады яшчэ шчыльней прыціснулася лбом да каната і змярцвела ад страшнай здагадкі, што, пэўна, вось тут, пасярод гэтай звар’яцелай марской стыхіі, можа завяршыцца яе жыццё. А разам з ім перарвецца шлях да Жаніха, распазнаны яшчэ ў полацкай Сафіі над Дзвіною, дзе яна, дачка відбескага князя Прадслава, толькі пачынала служэнне.

Усё цела ігуменні калацілася. Блізка ад яе ледзь трымаліся яшчэ двое: каржакаваты вотрак крысом хламіды заклапочана ахінаў плечы залатавокай і светлатварай красуні, якая ўжо не хавала роспачных слёз: «Божа міласэрны, пашто гэтак караеш?» У грымотныя галасы раз’ятранага мора нечакана ўліліся тоны такога любага спеву, які светлатварая красуня пазнала адразу — над шумам ветру, як некалі ў далёкай маладосці, уладарыў гарлавы розгалас: «Ай-а-а... лада мая...» Вырынуў з жарала гэтай страшнай прорвы, такой далёкай ад яе роднай Меншчыны, затрос плечы рыданнямі: «Ой-а-а...» Ужо не зважала ні на ўстрывожанага вотрака, ні на шэравокую суседку, што таксама спалохана кідала вакол сябе няўцямныя позіркі, прыбачыўшы ва ўздыбленых хвалях пакручаста ўзвітыя космы вялізных вогнішчаў. Відзеж вырынуў ці не з самага доння памяці, нагадаўшы тыя страшныя сны маленства, калі яна, бедная сіраціна Даля, прачыналася з балючымі апёкамі на руках і жываце. Глядзець на тыя таямнічыя знакі сыходзіліся амаль усе чарніцы. Але цяпер ніхто з паломнікаў не спяшаўся ёй дапамагчы. Хмарападобныя хвалі са свістам падалі на палубу, і перад пагрозаю смерці ўсе сямёра пасталі шчыльным шэрагам. Заклапочана скасілася адно манашка-чалядніца Еўпраксія, усё яшчэ, не зважаючы на сталы ўзрост, цемнавокая і чарнабровая. Не прыпыняючы пакаяльнае малітвы, у самыя пагрозлівыя моманты яна хапала гожа акрэсленымі вуснамі салёныя кроплі і здаўлена хрыпела: «Барыслаў!..» Але тут жа зніякавела апускала голаў. Мора дыбілася да самага неба, палуба была спрэс у сівой пене і патрушчаных абломках, а з гурту паломнікаў, уподзіў для ўсіх, узляцеў мужчынскі бас, аддаючы марской далечы сваё: за нябачны гарызонт у прорву ляцела горка-балючае «Віста-а-а. Віста... Госпадзі, даруй!» Асіплыя каманды капітана і крыкі матросаў ужо амаль зліліся з пранізлівымі енкамі пачварнай стыхіі, і ніхто нават не змеціў, што знямоглая ігумення схілілася плячмі да насцілу палубы, усё ніжэй апускаючы голаў у пякучую памяць. «Грахі і правіны мае! Наўмысныя і ненаўмысныя. Цягнеце ўніз валунамі, не адпускаеце...» Сціснутыя на канаце пальцы бялелі, як касцяныя. «Маці літасцівая, Маці Багародзіца, даруй і блаславі. Прымі, Міласэрная». За плячмі паломніцы ўжо засталіся кіеўскія лаўры і святыя пячоры Візантыі, запаветная мроя пра Ерусалім, здавалася, была толькі за некалькі крокаў ад яе шляху.

Ігумення няўпынна шаптала малітвы, не зважаючы, што шурпатая хламіда абдзірае плечы, і ўсё ўзіралася ў пачварныя валы і нізкія ўсклочаныя хмары, нібыта намагалася ў смяротнай кудасе разгледзець і разгадаць тое спрадвечнае, да чаго яна гэтак адчайна і доўга, праз усё сваё жыццё, спяшалася.

* *

— Прадслава-а!.. — Быццам жывая тканка, ад аднаго гэтага поклічу ў думкі паломніцы раптам уварвалася рачное бязмежжа, і ў прарэсе раз’ятранага шторму імгненна ўспыхнуў сонечны дзень і той прапахлы аерам бераг Свіслачы, дзе яна, яшчэ зусім юніца, схілялася над бліскучаю, як слюда, вадой. З таямнічай глыбіні насустрач зірнулі вялізныя, на паўтвару, і цёмныя, як гэтае рачное прадонне, вочы. Гады весела засмяялася, бо гэта былі яе ўласныя вочы. Пацягнулася да белай лілеі на хрусткім, як аблітым воскам лісце, але не ўтрымалася. З піскам паляцела ў раку, намачыўшы кужэльную сукню і хусту, што акрывала доўгія, сплеценыя колцамі да самага пояса светлыя валасы.

— Прадслава!..

Праз імгненне ў ваду шуснуў высокі, мажны княжыч са Смаленска, які з самай зімы разам з іншымі авалодваў навукаю ў школе слыннага пісца Данілы. Буйныя кучары Дабраслава мокрымі жгутамі падалі на лоб. Смалянін, які ўжо даўно ўпраўляўся з бердышом, цяпер шырока расплюшчваў ад страху вочы і, схапіўшы ўпартую князёўну за руку, цягнуў да берага:

— Не гняві раку, Прадслава! Віры аж кіпяць! Схопяць... Вочкі гожыя заплюшчацца. Вусны замкнуцца!

Аднак зноў рассмяялася. І раптам пачула яшчэ адзін, басісты, рогат. Зусім блізка стаяў малады валацужны лучнік. Відно, з-за нейкай правіны прагнаны з княскай дружыны, быў цяпер у падраным зрэб’і і старых дашчаных бронях. Не думаючы доўга, скочыў з берага ў ваду.

— А лада ж мая салодкая! — Аброслы злямчанай барадою, прасіпеў: — Калі дзядзька твой менскі, трасцу яму ў вочы і кала ў бок, не пашкадаваў Кажадуба, то ты, лада...

— Прэч, смерд!

— А я ж яму ўсе ханскія пасланні расчытваў, лада. І выявы розныя маляваў.

Нечакана, падступіўшыся, так груба шаргануў па яе грудзях рукою, што каўнерык сукні з трэскам разарваўся. Аднак смалянін, на якога гвалтаўнік нават не звяртаў увагі, імгненна кінуўся таму наперарэз, і праз хвілю, вынырнуўшы з вады, нахаба ажно ўзвыў ад бяссілай ярасці: «А трасцу табе ў бок!» Спешна кінуўся за чараты: ад манастыра па прыбярэжнай круцізне бегма спускаліся іншыя Данілавы навучэнцы — услед за самым старэйшым, барадатым маўчуном-жмудзінам Кірыкам, рылі нагамі жоўты пясок сын баярына з Бельчыцаў Міхал і находнік без роду-племені Валодша, што, як ні дзіўна, умеў чытаць яшчэ да з’яўлення ў Данілавай школе.

— Успомніш яшчэ Кажадуба, ганарлівіца!

— Вернемся, князёўна! Даніла кліча. — Дабраслаў зноў працягнуў руку і нечакана сарамліва ўсміхнуўся. Акінуўшы позіркам бераг да самых падлескавых ачаротаў, тая нарэшце згодна кіўнула: нахабнага лучніка ўжо нідзе не было. Адно блізіліся, задыхаўшыся, Міхал і Кірык.

..Да Свіслачы Прадслава прыйшла толькі перад самым ад’ездам дамоў. Заняткі ў манастырскай школе закончыліся, і яна штораніцы нецярпліва чакала бацькавых возных. Тыя, аднак, пазніліся, даючы магчымасць князёўне развітацца і з сівабародым негаваркім майстрам, і з цёткай-ігуменняй, і з хуткаплыннай ракою.

Высокае сонца разлівала свой густы воск па прыбярэжным дыване і па-ранейшаму цікаўна сачыла за вузкакрылымі сінімі стракозамі, што пераляталі з лазовых шатаў на зялёнае клінне аеру. Торгаючыся ў палёце, апускаліся да самай вады на сакавітыя стаўбункі лотаці. Паўсюль млосна патыхала збуцвелым глеем. Падступаў надвячорак, і абшар поўніўся развітальным шолахам падсохлага чароту. А Прадслава хадзіла па яркай раскошы пругкай травы і кураслепу, слухала неспакойную раку. Часам міжволі азіралася, баючыся ўбачыць за спіною нахабнага лучніка, які пасля тае прыгоды пачаў з’яўляцца ў снах, цягнучы з рачнога прадоння чорныя прагавітыя рукі з вострымі пазурамі. Тады ўпоплечкі з ёю зноў паўставалі ў рашучым маўчанні і Кірык з бердышом у руках, і негаваркі насцярожаны Валодша, і светлавокі Міхалка з Бельчыцаў, і яшчэ гожы смалянін

Дабраслаў з залацістымі, па ўсіх плячах кучарамі.

Ша-ша-ссу... Крылцы стракозаў няўпынна шалясцелі між густых лазовых шатаў, і гэтак таямніча і пагрозліва перашэптваліся, набягаючы на бераг, рачныя хвалі. Быццам засцерагалі яе ад жыццёвых бедаў.

...Прывязаўшы да карчавіны вёрткі чаўнок, на якім яна ўмірг вока апынулася на супрацьлеглым плёсе, Прадслава міжволі азірнулася — над ракой пачыналі ружавець першыя цені. Тады пабегла ў бок чубатага лесу, што, здаецца, паклікаў. Уляцеўшы пад густыя сасновыя шаты, заспяшалася ў нетру, з радасцю пазнаючы знаёмыя мясціны. І адразу ж пачула даўкі пах дыму. Пасярод невялікай бялявіны разгаралася вогнішча, да якога сыходзілася ўзрушаная моладзь. Але сама яна сцішана стаяла збоку, адзінока назіраючы за бясцямным людскім шалам. Нечакана пачулася нязвыкла дарослай і чамусьці безабароннай. Языкі залацістага агню весела шугалі за сасновыя вяршаліны, падхопленае дымам шыгаллё імкліва злятала на раскрыленыя світкі і раскручаныя віскатлівым танцам спадніцы. Адно яловы Пярун, цемнатвары і суровы, моўчкі назіраў за ярым танцам сваіх смердаў, што зліліся, быццам ашалеўшы ад абдоймаў і пацалункаў, у адно вялікае кола жарсці. Ужо нават не зважалі на прыціхлую юніцу. І раптам нехта груба, уцягваючы яе ў гарачы вір, тузануў за рукаво. Міжволі ўскрыкнула. Незнаёмы, які рэзка вылучаўся з усёй зборні — быў не ў лазовых хадачках, а ў ботах і шаломе з брамніцаю, з-пад якой вызірала сіваватая барада, — тут жа зноў схапіў яе за расшытую залатымі ніцямі накідку і рыўком штурхнуў да агню, іскры пагрозліва пырснулі проста ў твар.

— Ох, якая ж гожая! То чыя будзеш? Ці не князёўна? — Так здзекліва зарагатаў, што яна міжволі адхінулася.

— Пашто ведаць чужынцу? — Горда падняла галаву, але незнаёмы нечакана зноў схапіў яе за рукі і, нягледзячы на спробы вырвацца, не адпускаў.

«Шша-су... Табе, можа, скажуць, што я поўны ўсялякае хітрыны і зладзейства, сын д’яблаў і вораг усялякае праўды і не перастаю зводзіць з прамых дарог... — не вер!»

З вачэй, што пазіралі з проразяў брамніцы, нечакана палыхнула такім пякучым і пажадлівым агнём, што яна ўпершыню ў сваім яшчэ кароткім і такім бесклапотным жыцці падумала пра д’ябальскія спакусы, якімі ўсё часцей палохала чарнарызіца-нянька Яўлампія. Проста ў сэрца ўлівалася невядомая яшчэ, але быццам бы і знаёмая аднекуль дарослая таямніца. Тады рэзка адштурхнула чужака і кінулася прэч. Услед адразу ж забухалі важкія боты. Нават крык: «Не ўцячэш!» пачула ледзь не за самай спіною. Прыткія ногі, здаецца, ледзь краналіся пакручастай сцяжыны, вочы звыкла выхоплівалі з шарасці прасветы паміж дрэвамі. З грудзей раз-пораз вырываўся здушаны крык. Нарэшце, выбіўшыся з сіл, яна спынілася і рэзка павярнулася да крыўдзіцеля. Незнаёмы ў шаломе таксама сіпла аддыхваўся. Стаяла, не зводзячы з чужынца гнеўнага, поўнага пагарды позірку. Той, пасля хрыплага мужчынскага смяшку, таксама маўчаў. Але нечакана, калі на яе вочы ўжо набягалі слёзы, здзіўлена гмыкнуў і адступіў:

— А можа, ведзьма якая пушчанская? Нездарма — красуня! — Зноў груба шахнуў яе па грудзях — Ад князя Барыслава не ўцякаюць!

Тады, роспачна азірнуўшыся, закрычала. І тут жа з-за шчыльна сплеценых карчоў воўчага ягадніку пагрозліва выбегла даволі шматлікая, распаленая гонам гуртоўня мясцовага вешчуна ў лісінай масцы. Чужынец, убачыўшы столькі нечаканых яе заступнікаў, спасцярожліва адступіў убок, аднак з другога канца дарогі ўжо вылятала павозка, акружаная вершнікамі ў сініх кафтанах. Выхапіўшы на ляту кароткія мячы, вершнікі так пагрозліва гікнулі, што вешчунова грамадка імгненна знікла за тоўстымі пракаветнымі соснамі. Пакланіўшыся таму, хто назваў сябе князем Барыславам, дзесяцкі ўжо таропка падводзіў яму гнедага лашака. Здзіўлена зірнуў на Прадславу ў багатай сукні і моўчкі, запрашаючы, паказаў на павозку.

Паломніцкае

— Прадслава-а!..— яе зноў і зноў настойліва клікалі, шукалі нават пасярод гэтага звар’яцелага мора на паўдарозе да Святой зямлі, вярталі ў далёкую маладосць.

Мокрая паломніцкая хламіда важка звісала з плячэй, вецер змаху біў у твар, пальцы быццам зліліся з цвёрдым канатам. Грозны віхор, падымаючы хвалі, тузаў кесараўскі карабель усё мацней, чайкі крычалі надрыўна і жаласліва. Нізкае неба, быццам зацвярдзеўшы, цёмна правісла над разгайданаю прорвай, уздоўж якой з грукатам праносіліся шалёныя слупы.

Марская кудаса пагрозліва ўзвывала, і сілы нешматлікай карабельнай каманды ўрэшце пачалі слабець. Але вось карабель пачало ўкручваць у глыбозную варонку, і да паломнікаў адразу ж кінуўся высокі, дужы тлумач Асан, што дасюль дапамагаў карабельнікам. Засланіў ігуменню ад едкай шурпы. Тая нечакана выпрастала плечы і прыўзнялася: «Маці Багародзіца, прымі душы грэшныя, не пакідай у скрусе. Ахіні...» Не зважаючы на ўдары ўспененага смерчу, ужо не адчувала, здаецца, рэальнасці і ўтрапёна ўзіралася ў смяротную шарасць. Варонка, круцячы карабель, грымела, як раз’ятраная пачвара, — крышыла д’ябальскімі жгутамі і высокія мачты, і цяпер такія ненадзейныя ратавальныя шлюпы пры борце.

Пачыналася трэцяя, самая грозная, раніца смерчу. Ігумення, таропка захіляючыся ад важкага вадаспада здранцвелымі ад холаду рукамі, здавалася, адчула гэта: ледзь растуліўшы вусны, апантана зашаптала: «Ойча наш...» Гарачкава жагнаючыся, заспяшалася, усё глыбей урынаючы ў глыбіню свайго малітоўнага ўтрапення. Ужо не стрымлівала слёз, што так нечакана хлынулі па твары на пашэрхлыя вусны. І ў той жа момант з нутра цёмнага ранішняга мораку, калі ўсе ўжо страцілі надзею на ўратаванне, праз увесь шалёны шторм несціханым шквалам раптам праляцеў, прасвістаў востры, як ятаган, струмень з Пірэяў; злёту ўдарыў сваім чорным вастрыём па пругкім нябесным паддоне, імгненна ўспароўшы нізкія хмары. Неба над морам тут жа закрывяніла ярка-пунсовай зарою і нарэшце, пагрукваючы магутнымі плячмі, расхінулася, быццам прагрымела праз увесь прасцяг: «Алілуя! Алілуя! Алілуя!»

І вось ужо два анёлы-ахоўнікі няўзнак паўсталі ў бляску яркага прамення. Шырока ўсміхнуўшыся, пратрубілі ў свае звонкія салодкагалосыя горны, паўсюль настала цішыня і запеніла лёгкае пер’е серабрыстых воблакаў рання.

Тады ўсе загайданыя штормам да паўсмерці — і бывалыя марскія ваўкі, і маладзенькія юнгі, і ацалелыя пасажыры з Канстанцінопаля, — адчуўшы Боскую літасць, нібыта апрытомнелі. Падняўшыся наверх, здзіўлена ўбачылі на палубе ігуменню з паднесеным насустрач ветру абліччам, упоплечкі з якою стаялі іншыя падарожнікі з Полацка. У сваіх вялізных мокрых хламідах з каптурамі ўсе яны яшчэ моцна трымаліся за канат борта і, не звяртаючы ні на кога ўвагі, маліліся. Шторм блізу берагоў Галілеі сапраўды пачаў канчаткова супакойвацца. Капітан здзіўлена вызначыў, куды іх урэшце прыбіла. І хоць гэта была не Газа, а далекаватая ад Ерусаліма Дора, суцяшала тое, што піраты і падводныя рыфы тут амаль не сустракаліся. Цёмныя марскія воды яшчэ выкідвалі са свае глыбіні сярэбраныя чародкі лятучых рыб, аднак гарызонт рабіўся празрыстым, праменне над дрогкімі хвалямі лагодна-зыркім, мора спакойным. Паўсюль узнікалі абрысы ацалелых караблёў; і вось ужо цэлы караван галеонаў у суправаджэнні белых птушак і спічастых скалаў спусціў катвагі каля берагоў старой гавані. Тады ўсіх, хто выйшаў з гэтага жудаснага шторму жывым і прыбыў да Святой зямлі, Галілея сустрэла, як пакутнікаў, — ласкавым праменнем і затоена радасным ветрыкам. Паветра было густое, над лазурковаю вадою падымаліся ледзь бачныя змейкі трымтлівага марыва, бераг спрэс заваліла гарой абломкаў і зялёнай рудаватай цінаю. Едка пацягнула свежай рыбаю і марской цвіллю. Карабель стомлена заціх і апусціў трап. І першымі на прыстань сышлі слугі, воіны і гандляры, потым, за імі, — тыя самыя сямёра. У сваіх доўгіх шырачэзных хламідах, што пагойдваліся складкамі важкіх успамінаў і развярэджаных штормам думак, яны няўклюдна, аслепленыя яркім сонцам, сыходзілі на камяністую зямлю, спяшаючы за нетаропкай ігуменняй у чорным, якая лагодна прытрымлівала на грудзях прыгожа аздоблены сапфірамі крыж на сярэбраным ланцужку. Цёмныя бровы ігуменні, яе гнутка акрэсленыя, строга складзеныя вусны і ўсё яшчэ не абпаленае праменнем бледнае аблічча затворніцы былі заценены паўкруглым брылём каптура. Вялікія, з цёмнай, арэхавага колеру, глыбінёю вочы пазіралі з адкрытым спакоем, не выдаючы аніякага здзіўлення ці страху, і цяжка было зразумець, што ўсё ж прыцягвае яе ўвагу ў гэтым марскім порце. Не зразумець было і таго, што папраўдзе тоіцца ў наўздзіў спагадным, мудрым позірку Еўфрасінні з Полацка. Такой панябеснаму светлалікай, яшчэ гожай і ў сталым веку, але як бы адсутнай, чужой нават уласнаму хараству. Прыгледзеўшыся, наўкруг вачэй, што ў рэдкія імгненні калюча насцярожваліся, можна было ўбачыць маршчыны, якія выдавалі перажытыя пакуты і ўжо доўгае і даволі клопатнае жыццё. За ігуменняй на бераг сыходзілі астатнія. Аднак усе яны так нізка апускалі на твары свае цёмныя каптуры, што ўвагу прыцягваў адно смуглы, але з блакітнымі вачмі і русымі кучаравымі валасамі праваднік-тлумач са смарагдавым кудменем на грудзях. Ахоўваючы падарожнікаў, ён ішоў, высозны і мускулісты, крыху збоку, прытрымліваючы рукой крывы ятаган паверх шаравараў.

Паломнікі так рэзка адрозніваліся ад мясцовых жыхароў сваім выглядам і нязвыклымі паводзінамі, што адразу трапілі ў акружэнне жабракоў і, ратуючыся ад крыклівых мянялаў пачалі шукаць хоць якое зацененае месца для адпачынку. Усе яны яшчэ моцна хісталіся пры хадзе, нібыта пад нагамі быў не камяністы бераг Галілеі, а разгайданая доўгім штормам палуба. Старэйшая паперадзе раптам ціхенька ўскрыкнула — ледзь не каля самых ног яе праслізнула і тут жа знікла ў каменнай крушні бліскучая змейка. Астатнія крыху спалохана азіраліся, аглушаныя крыклівай стракатасцю тлумнай прыстані, што служыла адначасна рынкам і была цяпер занята гандлярамі і дарожнымі людзьмі. Асабліва нахабна паводзілі сябе зазывалы-егіпцяне з глінянымі фігуркамі жукоў-скарабеяў у руках; стаялі тут і насупленыя пастухі-качэўнікі ў гімаціях, іх прыслужніцы ў белых накідках, рабы ў грубай апратцы з вярблюджага воласу, бессаромныя жанчыны пэўнага занятку і агорнутыя таямнічасцю паляўнічыя з жоўта-рудымі плямістымі звярынымі шкурамі на плячах. Ад неміласэрнага сонца ўсіх гэтых да чарнаты абпаленых пустыняю людзей ратавалі найбольш доўгія шалі-таліты паверх шапачак, абвязаных наўкруг ілба баваўнянымі пасамі. І чым вышэй падымалася сонца, тым весялей бегалі, шнуруючы натоўп, гарластыя падлеткі з пучкамі пахкай травы і хлябамі. Ішоў бойкі гандаль. Быццам і не было ніякага шторму, і не праходзілі праз прыстань, б’ючы сябе кулакамі ў грудзі, надрыўныя плачкі з абсыпанымі попелам галовамі. Высахлыя да абцягнутых карычневай скураю касцей хананеі: «...О, магутная маці Ашэра, злітуйся!» нахабна хапалі і тузалі за полы хламід, але тут жа, змеціўшы пад крысом у адной з маладзейшых паломніц унушальны меч у похвах, адхітваліся. Разам са здаўленым бляяннем ахвярных баранчыкаў праз пыл несліся рэзкія асліныя крыкі, і гэты бясконцы гандлёвы галас абрынуўся на аглушаных паломнікаў так нечакана, што ўсе міжволі застылі. Адно Асан, звыкла азіраючы тлумную плошчу, быў спакойны і, не зважаючы на штурханіну, адразу заняўся цюком з рэчамі. Напытваў і ціхі прытулак нанач — Дора была перапоўнена цэлай арміяй валацужных рабаўнікоў, ад якіх мала каму шэнціла ўратавацца. Зрэшты, найлепей было скарыстаць параду патрыярха Лукі і звярнуцца па дапамогу да дзеваў манастыра Святой Алены. Да таго ж часу ў пасланніка было мала: як мага хутчэй памяняўшы на караблі парваныя ветразі, Асан мусіў вяртацца праз Салонікі да свайго імператара ў балгарскія землі, дзе ў самы першы сакавіцкі дзень, толькі пачаўшы свой паход на уграў, Мануіл Комнін сустрэў гэтых прышлых з Полаччыны — таго самага далёкага княства, што залатымі ніцямі лучыла арабскі Халіфат і хазараў з краем славян і нават з суроваю скандынаўскай зямлёй.

Сустрэча з полацкімі паломнікамі была сапраўдным цудам. Ашаломлены імператар, дзівячыся незвычайнай праяве Боскай волі, ветліва прыняў ігуменню Еўфрасінню ў сваім вялікім, акружаным двума ланцугамі ахоўнікаў паходным шатры, аднак затрымлівацца не мог і пры развітанні перадаў палачан пад апеку вернага і надзейнага слугі Асана. Той з атрадам аховы без асаблівых прыгод правёў падапечных спачатку да святых мошчаў на Лімнас, потым, ужо ў Канстанцінопалі, клапаціўся пра паломнікаў у Ілахернскай царкве і святой Ай-Сафіі, дзе дапамог Еўфрасінні набыць дары для Ерусаліма. Нарэшце аснасціў карабель у Святую зямлю; сын турка і паланянкі з берагоў Дняпра, ён добра разумеў мову палачан і быў адначасна тлумачом і надзейнай аховаю паломнікаў, пільна выконваючы загад свайго імператара.

Пульсар устаўкі. Сустрэча з імператарам

...Багаты паходны шацёр, куды полацкую ігуменню адразу павялі на сустрэчу да візантыйскага імператара Мануіла, быў акружаны трыма радамі варты.

— Калі нясеш веру ў чужыя землі, ігумення, мячы павінны быць вострымі!

— Вера ў Хрыста гэта любоў.

— ...у такую вялікую дарогу выпраўляешся.

— Жыццё чалавечае нечым падобна да гэтых пяскоў, якія ўвесь час трэба адольваць. Спяшае чалавек да Госпада. І шлях ягоны бясконцы.

— Але паломнікі, ігумення, далёка не воіны — Усміхнуўся: — Хутчэй — слугі Хрыстовы.

— Шлях, і праўда, няблізкі. — Схіліла галаву. — Ад кіеўскага мітрапаліта і полацкага Дыянісія вітанне дазволь перадаць...

Імператар, у вайсковым плашчы, кіўнуўшы ў бок рослага плячыстага янычара, усміхнуўся:

— Цяпер Асан — не толькі тлумач, але і слуга ваш, ігумення. З ім не страшны ніякі вораг і ўсялякія цяжкасці будуць адолены. Прыбыўшы ў Канстанцінопаль, нізкі паклон перадайце імператрыцы нашай Марыі і нашчадку, — задаволена ўспыхнуў вачмі,— Алексісу. Атрымаеце падтрымку патрыярха Лукі Хрысаверга.

— Не мечам. а мірам Любоў Божая поўніцца... — Зірнула на янычара, які з ледзь прыкметнаю ўсмешкай схіліў перад ёй галаву.

...Нарэшце, выходзячы з шатра ў суправаджэнні новага правадніка, адразу ж папраставала за ім па вузкім праходзе паміж шчыльнымі радамі варты. Аслепленая бляскам мячоў, нарэшце міжволі азірнулася, быццам імкнулася разгледзець у глыбіні мінулага самае важнае ў пройдзеным і перажытым. ...І тут жа заспяшалася далей, павёўшы сваіх спадарожнікаў праз няўмольную спёку пустыні. Пераглянулася адно з ігуменам Міхалам, якому належала сачыць за павозкаю з дарожным цюком, наладаваным яшчэ ў Полацку. І вось ужо, звыкла ачоліўшы чараду сваіх палачан, захістала доўгімі поламі паломніцкага хітона, няўтомна шахаючы па бездаражы гэтага бясконцага шляху.

Тут, у Галілеі, Асан спярша напытаў караван у Ерусалім, дзе купіў для сваіх падапечных надзейныя месцы і без цяжкасцей набыў у дарогу добры харч і бурдзюкі з вадою, адправіўшы іх разам з іншым скарбам да старэйшага бедуіна.

Паломнікі тым часам звыкліся з берагавым гармідарам і нават абышлі ўвесь рынак, аднак наперадзе чакала ноч, і трэба было спяшацца: манастыр Святой Алены, блізу якога праходзілі амаль усе гандлёвыя шляхі, знаходзіўся за Дораю. Менавіта там полацкіх паломнікаў праз некалькі дзён і павінен быў забраць Іх караван.

...Асан урэшце падагнаў павозку, і ўсе з радасцю паселі на прыкрытыя вярблюджаю коўдраю дошкі. Заўсміхаліся, яшчэ не ведаючы, якая цяжкая камяністая дарога наперадзе. Галілея моўчкі прыглядалася да гэтых дзіўных падарожнікаў, кратала іх пяшчотныя абліччы пальцамі мяккага вечаровага прамення, казытала павевамі ветрыку, зазірала ў вочы цёмнымі зрэнкамі невысокіх скалаў, што засяроджана брылі ўслед за людзьмі паўз дарогу.

Высока ў небе знерухомеў празрысты купал, і ружаватае воблака трымала на нябачнай нітачцы раскрыленага птаха, які то ўзмываў угару, то зноў спускаўся павольнымі кругамі ўніз, нібыта сачыў за гэтай адзінотнай сярод камяністай пустыні павозкай. Вецер ані дыхаў. Галілея суцішвалася.

Асан міжволі азірнуўся. Паперадзе, за яго спіною, сядзеў чорнабароды, з адкрытым светлым позіркам князь Давыд; за ім — ціхмяны вотрак, што праз усю дарогу нясмела туліўся плячом да светлатварай красуні, з другога боку ад якое ўздрыгвала амаль няўцямная ад перажытага чарніца Даля. Тая з непрыхаваным жахам назірала, як яе рашучая суседка, прыжмурваючы вочы цёмна-залацістага колеру, час ад часу развязвае матузкі хламіды і правярае похвы з мечам на скураным поясе паверх доўгай вуземкавай безрукаўкі.

— Мы ж ідзём да Госпада, Вольга.

Красуня, заценіўшы павекамі неспакойныя, з залацістымі іскрынкамі вочы, не адказала, і Даля спыніла запытальны позірк на светлатварым кніжніку:

— Няўжо зброя спатрэбіцца, Коста?

Той замест адказу паціснуў плячмі, паказваючы, што дарога ўсё-ткі няблізкая.

Устрывожаны памацнелым ветрам, Асан усё часцей заклапочана перамаўляўся з князем Давыдам, малодшым братам самой ігуменні, які ахвотна падтрымліваў гаворку. На другой палове павозкі месціліся старэйшыя: упоплечкі з густабародым насупленым маўчуном, ігуменам Міхалам, сядзела, стомлена апусціўшы плечы, чалядніца Еўпраксія, што ўвесь час насцярожана пакусвала свае гожа акрэсленыя вусны і стойвалася нават ад ціхага скавытання сухавею. Нарэшце не вытрымала:

— А праўда, што тут страшныя цмокі водзяцца? — Успыхнула, падняўшы на барадатага суседа вусцішны позірк, але той адно адвярнуўся і няўпэўнена гмыкнуў у вялізны кулак.

..Дарога тым часам стала раўнейшаю, павозка памякчэла, і паломнікі скупна задрамалі. Толькі самая паважная, ігумення Еўфрасіння, седзячы ззаду, не магла нават прыплюшчыць павекі і сачыла то за купкамі серабрыстых смакоўніц удалечыні, то за адзінокім птахам пад ружавата-крышталёвым нябесным парасонам, то за грувасткім статкам шэрых скалаў уздоўж дарогі, пазначанай калючымі церневымі кустамі. Слухаючы шоргат колаў: «Шша-шу... шах...», усё часцей і часцей яна са стрыманай усмешкай падстаўляла твар вечаровай свежасці і азіралася: «Божа, Сэрцазнаўца, Адзіны ў Святой Тройцы, дазволь. І пусці кола памяці праз жыццёвы круг, калі ўжо той завяршаецца». Пачула на шчацэ пякучую слязу, «...бо ўжо гатова сэрца маё».

Пругка пагойдваючы яе даўкія думкі, павозка шаргатліва намотвала на колы пустынны галілейскі шлях, аднак манашка нават не змыкала павекаў. Быццам хацела ўбачыць праз рэдзенькі пыл гэтай дарогі па Святой зямлі нешта такое, аб чым, здавалася, ужо даўно забыла, што ўжо даўно, здавалася, прамінула і адышло ў нябыт. Але ж...

* * *

Згадваючы пры бляску сваіх начных вогнішчаў багатыя землі крывічоў, ваяводы вялікага кіеўскага князя хапаліся за мячы нават пры напаміне пра полацкі сталец. Стольны горад непакорнага княства ўрэшце вырашыў заручыцца падтрымкай Смаленска: у князя Святаслава ўбіралася ў леты прыгажуня дачка, дзеля якой у Відбеск яшчэ зімой прыязджаў смаленскі княжыч. Але Прадславу на тую сустрэчу паклікалі толькі перад самым ягоным ад’ездам. Затым, як і патрабавалі таго надзвычай важныя і таемныя змовіны, Відбеск і Смаленск на пэўны час прымоўклі. Аднак мала хто з імянітых мужоў Полацка ведаў, што, дазнаўшыся пра змовіны, да Святаслава на згоне зімы прыязджаў запалоцкі князь Барыслаў, просячы аддаць юніцу яму, і пасля тае начное сустрэчы князі, відаць, не змовіўшыся, сталі адкрыта варагаваць.

Пра тое гаварылі адны. Іншыя ж сведчылі супрацьлеглае. Быццам бы вырашылі абодва, асцерагаючыся смалян, спачатку пашукаць падтрымкі ў самога Уладзіміра Манамаха і толькі потым аб’явіць пра канчатковы выбар. Бальшыня месцічаў, праўда, схілялася на карысць сына смаленскага Яраполка, што пераўзыходзіў іншых багаццем і ўладаю. Усё княства насцярожана прыціхла.

..Да полацкіх весяў, гонячы па небе статкі ўскудлачаных хмараў, тым часам падступаўся месяц беразазол, і ў адну з шарых раніц веснавога посту Прадслава, атрымаўшы дазвол епіскапа Міны, перабралася ў галубец Сафіі. Але нечакана заняпала: апантана перапісваючы грэчаскія рукапісы, ужо зусім змаглася і адчувала невераемную знясіленасць: грудзі юніцы сушыла мацней, чым за ўсе доўгія халодныя тыдні, рэзкі кашаль не даваў нават засынаць.

Урэшце, скончыўшы перапісваць Евангелле, яна неяк на золку ціха спусцілася з келлі ў двор, і вузкая сцяжына павяла па круцізне да крыніцы, дзе глыток сцюдзёнай вады адразу ж прынёс палёгку. У цэўках аголеных вербалозін ціха пасвістваў вецер, нізкія зоркі з ледзь чутным перазвонам прыветна падміргвалі.

На вусначкі набеглі слёзы: жыццё здалося непрывётна-жорсткім і няўмольным. Пашто гэтак спешна хочуць бацькі адпрэчыць яе ў нейкі невядомы, чужы край, дзе, можа, няма ні пергаменаў, ні найкаштоўнейшых, з Царгорада прысланых, кніжак? Ужо вярнуўшыся ў храм і амаль нічога не чуючы задубелымі нагамі, яна пайшла наверх і, калі да галубца заставалася зусім блізка, адчайна хапаючыся рукамі за шурпатую сцяну, асунулася на каменную падлогу. Міжволі прыслухалася і — замерла.

...Шырока раскрыленыя і белыя, яны мякка ляцелі праз абсыпанае зоркавым зернем неба і, пасылаючы ёй пяшчотнае «коўрлы», клікалі за сабой. Урэшце паплылі так блізка, што пачула, як па шчоках струменяць узмахі вялікіх крылаў. Нечакана для сябе самой нават апынулася ўнутры гэтага птушынага ланцужка: пальцы краналіся і тут жа саслізгвалі з бліскучых, як навошчаных, жураўліных бакоў. Зоркі пазвоньвалі зусім побач. Тады ўсім разгарачаным целам адчула хрусткасць і бязважкасць гэтай сцюдзёнай вышыні: радасная, узіралася ў россып залацістых агнёў, але пругкая нябесная тканка быццам разатнулася і выпусціла яе з сябе. Неба, якое раней так моцна трымала, у адно імгненне нечакана выцягнулася ў бясконцы горні прасцяг, і юніца з жахам адчула, што падае. Колкае паветра балюча абшморгвала расхінутыя ў бакі рукі. Ахопленая адчаем, сапраўды ўзмахнула імі, але, відаць, так няўмела, што пачала падаць яшчэ шпарчэй, у вочы забіла полымя, наўкол закружылі цэлыя віры асляпляльна яркіх зорак, што таксама, услед за ёю, ляцелі ўніз. Тады пачала крычаць. Ляжала цяпер перад самым уваходам у галубец, і так нясцерпна горача балелі локці. Усю спіну таксама, здаецца, раскрышыла. Ледзь змагаючы боль, азірнулася, на вострых прыступках замест рук на кароткую хвілю прыбачыла тонкае сухажылле і белае, ажно серабрыстае, пер’е крылаў. Але відзеж тут жа засланіла мярэжай, у сяйве якой яна быццам бы ішла ўгору па нахіленай крызе, з якой струменіла нязвыкла сліпучае святло. Блізілася да высокага крыжа, што віднеўся ў блакітнай далечыні на полацкім погарбе. Заўважыла раптам, што ступае па замерзлай Дзвіне ці нават па моры Варажскім босымі нагамі. Тады яе зноў паклікалі. Такім працяглым і ласкавым «коўрлы»... Сэрца сціснулася ад новага адчування ўзлёту. І дапраўды паднялася так высока, што ўбачыла зверху на снезе яркую, як надломленая бліскавіца, дарогу. Убачыла на ёй і сябе. Да слыху зноў даляцеў жураўліны покліч. Але перш чым ачуняць, змеціла, як на дарогу ці не з самага неба капае густая і важкая кроў, расцякаецца па наледзі пачварнымі плямінамі. Тады ад жаху ачуцілася. Урэшце, падняўшыся і трымаючыся за сцяну, рушыла на дрогкіх нагах у келлю. На сталешніцы мігцелі свечкі, ляжала некалькі пергаменаў з вершамі Іаана Дамаскіна, над якімі яна адразу ж, кінуўшы на плечы хламідку, схілілася. Нечакана моцна забалела спіна, але ўсё роўна, сеўшы за стол, узяла ў рукі пяро.

Сакральнае

— Я яшчэ не ведаю цябе, але адчуваю тваю прысутнасць.

— Калі нябёсы болей не трымаюць чалавека, ён зноў нараджаецца.

— Казаў мне пра тых жанчын, якія, прыняўшы моц мужчынскую, адсеклі ад сябе грахі і слодычы зямныя мечам...

— Але не з жалеза, а з моцнага духу! І імёны іх напісаныя на нябёсах.

— ...баюся так.

— У закон Божы стань і будзеш як дрэва, над плынямі водаў пасаджанае, ліст якога не жухне.

— Але ж ручкі нямоцныя. Ледзь пяро трымаюць.

— Моц духу трымай, юніца. Не так тыя бязбожнікі. Быццам пыл, ветрам падняты.

— Яшчэ не бачыла цябе. Толькі крылы кранула.

— Убачыш.

— Быццам прымара, нехта там жа, дзе і ты, свеціцца.

— Гэта любоў твая будучая. Тая, што прылятае здалёку, з-за небакраю.

— Любоў мая... Але чаму без пары гінуць невінаватыя?

— Як смерць праз чалавека, так праз чалавека ўваскрасенне з мёртвых, сястра.

Пульсар устаўкі. Звеніслава

Праз лекавае памяшканне замка Эльблонг раз-пораз паважна праходзяць насупленыя, нечым незадаволеныя чарніцы. Старэйшыя ўводзяць чарнабровую і цемнавокую, непадобную да іншых юніцу гадоў семнаццаці. Паволі вызваляюць яе з зеленаватых ад гразі прасцірадлаў. Выціраюць ручнікамі.

Уваходзіць доктар Тазіт, і манашкі, хітнуўшы доўгімі шатамі, ускладаюць на юніцу гэткую ж чорную хламіду.

— Ты памятаеш, Тэрэза, адкуль прыехала сюды?

Доктар, павярнуўшыся да юніцы, прыўзнімае бровы, нават адступае на крок.

— Я — Звеніслава з Полацка. Прывезена купцом Кірыкеем на лячэнне.

Юніца азіраецца.

— Забудзь пра Кірыкея. Забудзь пра Звеніславу. Бо то быў сон.

— І бацька мой, князь вялікі Барыс.

Насцярожана азіраецца, калі ўваходзіць чалавек у багатай хламідзе з крапідлам у руках.

Але вось каля самых сцен заценіліся іншыя манахі. Пачалі глуха спяваць гарлавымі галасамі.

— Цяпер ты па-сапраўднаму Тэрэза, а не Звеніслава.

Тазіт зноў сурова ссунуў густыя бровы.

— Людзьмі, думкамі, мроямі іх авалодвай! — Нарэшце скупа ўсміхнуўся. — Сэрцы слабыя крышы, падавай бліскаўкі марных надзей тым, хто ад бляску пустога аслепнуць гатовы. У клетку хараства свайго розных птахаў лаві. Не выпускай, пакуль усяго не аддадуць! — Выпрастаў плечы — І авалодаеш Полацкам.

— Але я — Звеніслава...

— Вялікая місія ўскладзена на цябе, Тэрэза. Будзь заўжды лепшай, разумнейшай, хітрэйшай, багацейшай за іншых!

— Але ж напісана...

— Не прыходзь да Госпада ў зрэб’і. Заўсёды свайго дамагайся! Зрабі з хараства свайго ланцугі для спакушаных.

— Але ж напісана, доктар...

— Сэрца шчырасцю ні перад кім не адчыняй. Няхай сыходзяцца на цялесны корм твой усялякія звяры. Прынадзіўшы, не выпускай нікога, хто карысным быць можа.

— Але ж...

— Не паўставай прад вачмі Госпада ані прыніжанай, ані гордай, каб ведаў, што славу зямную здабыўшы, да Яго ўсё набытае нясеш.

— Хіба развітваемся, доктар?

— Паедзеш — прыслухоўвайся. Недзе, на Полаччыне, золата гольмгардскае. І каралі багатыя.

— Не маё гэта.

— Знойдзеш — пасланцам маім перадасі. Прыбудуць у Полацак не лянуйся, прыветна сустрэнь. Усё аддай ім. Храм новы ў Гольмгардзе збудуем. Хіба не высакародна?

— Высакародна.

— Усё аддасі тым, хто прыйдзе.

—...лепшай, разумнейшай, хітрэйшай, багацейшай...

— Нічым не грэбуй. Ні перад чым не спыняйся!

— Але ж...

— Не схіляй галавы перад неразумнымі, бо хлусні цяпер болей, праўдзе вераць. Чалавека зваюй і Светам авалодаеш, чуеш мяне, Тэрэза.?!

Азіраецца, спалоханая.

 

РАЗДЗЕЛ 2. Пострыг

— Прадслава!

Гучны голас Яўлампіі, даляцеўшы знізу, адразу абудзіў, і Прадслава таропка азірнулася — па келлейцы рассейвалася блакітнаватае святло раніцы. Тады, гнуткая і лёгенькая, што былінка, імкліва зашалясцела хадачкамі па лесвіцы. Выбегла ў двор і вось ужо, лоўка прымасціўшыся на сядзенні побач з фурманам, задаволена рассмяялася. Пачала распытваць, ці дапраўды многа кніг прыслалі ад імператара з Візантыі, пра што сказала сама ігумення, але фурман нечакана зухавата тузануў за лейцы і з таямнічым пакашліваннем адвярнуўся. Нянька, падаўшы князёўне прасначок, непрыкметна кінула на прыкрытыя толькі тонкай хламідай плечукі баваўняную накідку і таксама сонна заціхла. Адно коні, звыкла адольваючы выбоістую дарогу да Відбеска, весела пазвоньвалі прывязанымі да хамута бомамі.

Фурман, з цяжкасцю змагаючы дрымоту, пачаў азірацца.

— Не надакучыла табе чытанне тое, князёўна?

— А хіба сонца можа надакучыць чалавеку?

— То ж Ярыла!

— А кніжка?

— Забава пустая.

— Кніжкі як сонейка ўдзень. Як месяц уначы...

— Мудрыце! — засмяяўся, хітравата скасіўшыся на Яўлампію.

— Кніжкі — гэта Гасподзь, які ёсць — Слова.

— Уся наша пагібель, Яўлампія, ад прамудрасці гэтай.— Падняў пугу, і коні адразу спалохана зафыркалі, прыспешылі бег.

...Уехаўшы ў княскі падворак, фурманка нарэшце спынілася, і Прадслава, нават не зазірнуўшы да маці, з усіх ног кінулася ў святліцу. І ледзь не задыхнулася: на шырокай лаве каля акна сапраўды ляжала з дзесятак новых тоўстых фаліянтаў. Узрушаная, адразу села за стол, пачала таропка гартаць першы, які трапіў у рукі.

Паглыбілася ў чытанне. Але тут жа нечакана адчула блізкую прысутнасць чужой, нядобрай сілы. Тады міжволі падхапілася на ногі, аднак павярнуць голаў не паспела: грубыя абдоймы, чэпка сціснуўшы яе за плечы, не давалі нават варухнуцца. Пачула, як па шыі распаўзаецца гідкае гарачае дыханне. У адчаі зноў пасілілася, убачыўшы сіваватую бараду нязванага госця. Гэта быў запалоцкі князь Барыслаў. Адчайна рвануўшыся, пачула, як на плячах трашчыць сукня. А князь, задыхаючыся, нешта гарачкава зашаптаў, усё мацней сціскаючы яе за плечы. Груба кінуў на ложа, упаўшы зверху, і яна штосілы ўжо выкручвалася з цвёрдых, як жалезныя ланцугі, рук

— Хочаш, куфры ўсе перад табою адчыню?! Князем вялікім стану! — Цвёрдыя пазюры шахалі па спіне і грудзях.— Калі не маёю — нічыёй не станеш, лада!

Горла сшэрхла і не давала клікнуць на дапамогу.

— Прадслава!

Нецярплівы бацькаў голас уварваўся ў святліцу, як выратавальны гром, і задыханы госць, уздрыгнуўшы ад нечаканасці, нарэшце апамятаўся, прыпалохана азірнуўся і таропка кінуўся да выхаду, напаследак, выбягаючы, крыкнуў яшчэ нешта прыкра-абразлівае, але яна ўжо спехам нацягвала выхапленую з куфра новую вопратку.

У святліцу ляцела збялелая нянька.

— Прадслава!

Гнеўны бацька, відаць, страчваў цярпенне. Тады паслухмяна кінулася да выхаду, каб паскардзіцца яму на запалачаніна, і тут жа, для сябе самой нечакана, так весела і гучна рассмяялася, што адразу забыла і пра агідныя княжыя шэпты, і пра парваную сукню, і вось ужо, імкліва мінуўшы прасторныя сенцы, бегма ляцела ў вялікую залу па кіліме з мяккіх мядзведжых шкур. Спяшалася міма ўсмешлівых лучнікаў і ўрачыстых грыдняў з пікамі, упрыгожанымі расфарбаванымі воўчымі хвастамі. Рэзка спыніўшыся каля схіленых у паклоне баяраў, ажно прытупнула кароткім боцікам; княгіня Сафія незадаволена прыўзняла бровы, ушчуваючы дачку за легкадумнасць. А тая гарэзліва азірнулася і тут жа зніякавела, убачыўшы яшчэ аднаго госця, які сядзеў за прысценным візантыйскім столікам з гнутымі ножкамі, у белай, залатымі ніцямі расшытай сарочцы. Валасы і барада княжыча таксама адлівалі золатам. Гэта быў Дабраслаў. Увесь гэты час не мог адвесці ад яе захопленых вачэй. Адчуўшы, што чырванее, заўпарцілася.

Бацька з сурова зведзенымі бровамі хітнуў высокай, падбітай серабрыстым футрам шапкаю і асуджальна гмыкнуў:

— Нягожа дачцэ нашай, падобна шэрым перапісчыкам, вочы сляпіць! — Ледзь авалодвала трымтлівымі пальцамі, але князь завяршыў строгім і рашучым тонам: — Досыць бегаць па келлях, князёўна! Час пра іншае памысліць!

З надзеяй глянула на маці. Даўгавідая, цемнабровая княгіня Сафія паважна, як і належала дачцэ вялікага кіеўскага князя Яраслава Мудрага, сядзела ў крэсле высокаю разьбянай спінкаю і была наўздзіў стрыманай. На сталешніцы шырокага стала блізу сярэбраных колтаў з зялёнымі вочкамі і караляў з гладкіх чырвоных камянёў стаялі заморскія банечкі з пахучымі арафамамі. Усё, што звычайна прывозяць у падарунак нарачоным. Дабраслаў, перахапіўшы яе позірк, ветла ўсміхнуўся і схіліў галаву.

Села па бацькавым знаку насупраць госця, заспяшалася:

— Святы Пётра, калі адчуў голад, узышоў на дах дома памаліцца, пакуль згатуюць ежу...

Бацька, не чакаючы ад юніцы такой дзёрзкасці, строга перабіў:

— Дачка наша...

Ахопленая роспаччу, успыхнула:

— ...але пакуль гатавалі, найшло на яго захапленне, і ўбачыў святы Пётра адчыненае неба і вялікае палатно, спусканае на зямлю...

Русабароды мажны святар, які прыехаў разам з Дабраславам, якраз выходзіў з бакавых дзвярэй, працягваючы:

— ...і былі ў ім усялякія чатырногі зямныя, звяры, плазуны, птушкі нябесныя... — На хвілю прыпыніўся.— Быў голас тады яму... — Паволі абвёў насмешлівым позіркам баяраў і нечакана грымнуў: — Устань, Пётра, закалі і еж!

Бацька-князь весела засмяяўся. Рогатам выбухнула і ўся стракатая зала: гаспадар ужо наказваў старэйшаму чалядніку несці пачастунак. Насупіўшы бровы, падняўся і Дабраслаў. Відаць, зразумеў, пра які голад Пётры яна гаварыла. З дзядзінца данесліся конскае ржанне і стук капытоў аб гладкі, толькі што пакладзены ў гонар госця дубовы насціл. Але князёўна нечакана моцна, ажно напалохала ўсіх, ускрыкнула і, лоўка абмінаючы чэлядзь, што ўжо разносіла па сталах місы з гарачай ежаю, кінулася ў сваю святліцу. Ляцела, амаль не дакранаючыся нагамі да падлогі. І раптам, ужо наважыўшыся пераступіць парог, пачула:

— Прадслава-а!

Не зважаючы на недаўменныя позіркі прысутных, смалянін таксама сарваўся з месца і вось ужо дагнаў яе каля самых дзвярэй, прыціскаючы складзеныя крыжам рукі да грудзей:

— Хіба не абяцаў я прыехаць?

Голас княжыча панізіўся да глухога шэпту, аднак яна, яшчэ ахопленая адчаем, нечакана спынілася. І, сама сябе не разумеючы, як не разумеючы да канца ўсяго, што адбываецца, пачула яго:

— Ідзём, Прадслава! Не магу вярнуцца прысаромлены.

— Хочаш узяць, чаго не клаў, і пажаць, чаго не сеяў?

— Пашто ганьбіш, князёўна?!

— Хіба вечна жылі роды чалавечыя, княжыч?.. Ці забыў, пра што марылі?

 

— Не забыў, Прадслава.

Ловячы кожнае слова, той здзіўлена падступіў бліжэй.

— Жыццё хуткацечнае. Багацце — прах. Павуціна ліпкая.

— Казаў жа — як страла, у маім сэрцы любасць да цябе! Ці, можа, болей да мыслі князь запалоцкі? — Відаць, змеціўшы ў яе вачах непрыхаваныя здзіўленне і нават агіду, сумеўся: — Хіба не ведала, што запалоцкі таксама? — Уздыхнуў— Важны князь!

— Веліч зямная попелам рассейваецца! — абыякава адвяла позірк

— Не чуеш мяне зусім, Прадслава.

Вусны смаляніна затрымцелі.

Успыхнула і сама:

— Хутка ж забыў ты наказы Данілавы.

— А можа, прыйшоў зыскаць і выратаваць, што можа загінуць?

— Не памятаеш, як у Заслаўі Слову кляліся?

— Памятаю, лада мая. Але цяпер, калі вярнуся без дамовы, пральецца такая кроў!.. А будуць змовіны — на цэлае лета коп’і крыві не ўзлакнуць.

— На цэлае лета...

Бацька ўшчуваў і клікаў вярнуцца, баяры са Смаленска таксама шумна абураліся, але смалянін, узяўшы Прадславу за руку, ужо важна выходзіў на ганак. І ў той жа момант распаленая нецярпеннем дружына, згрудзіўшыся пад самымі вокнамі палаца, сустрэла маладых такім радасным гікам, што Прадслава ажно заплюшчыла вочы.

— Слава! Відбеску! І Смаленску! Слава! Слав-ва!

...Яркае сонечнае святло перапоўніла наваколле. Адплюшчыўшы павекі, яна нарэшце зірнула на смаляніна з залатой хваляю густых валасоў на плячах. Усё было так нязвыкла. І тут жа сцішылася, замерла. Бо яшчэ ніхто не бачыў... Ні бацька з маці, ні смаленскі святар, ні баяры, што, ціха перамаўляючыся, паўкругам пасталі на ганку. Яшчэ ніхто, акрамя Прадславы, не бачыў Яе... Гэтай тонкай, чырванадзюбай, такой звонкай стралы, што раптам вылецела з глыбіні двара з-за спін чэлядзі і вось ужо, імкліва набіраючы моцы і працінаючы радасны смех грыдняў, блізілася да ўсіх, хто стаяў на высокім княжым ганку. Тады міжволі ўскрыкнула. Здалося, смерць неслася проста на яе. Аднак страла, пасланая рукой забойцы-найміта, быццам адштурхнутая моцным ударам ветру, што раптам шугануў праз падворак, на імгненне змяніла свой накірунак і вось ужо, са свістам парваўшы святочную сарочку смаляніна, ударыла сваёй вострай дзюбаю ў ягоныя развінутыя ад шчасця грудзі, прабіла наскрозь сэрца. У густым паветры, гучна шахаючы «шша-шшах» чорнымі крыламі, над княжычам нечакана праляцела вялікая птушка, і той, ледзь варухнуўшы скрываўленымі вуснамі, прашаптаў:

— Прадслава...

Так рэзка павярнуўся, што хвост стралы балюча шаргануў яе па грудзях. І пачаў падаць. Амаль непрытомная, кінуўшыся яму на дапамогу, у кароткае імгненне паспела разгледзець надломленае брыво і крывую ўсмешку запалоцкага князя Барыслава. Быццам працятая тым пажадлівым позіркам, што апёк да самага нутра, паволі апусцілася побач са смалянінам, над якім ужо схіляўся святар. Паплыла ў недасяжна-поклічнае «коўрлы»...

— Прадслава...

Хваляць любоў на зямлі вялікія рыбы і ўсе прадонні, агонь і град,

 

Снег і туман, буйны вецер, які напаўняе Слова Гасподняе.

Хваляць Горы і ўсе пагоркі, дрэвы плодныя і ўсе кедры, звяры і ўсялякая

Жывёла, паўзуны і птушкі. Цары магутныя і ўсе народы, князі і

Суддзі зямныя, вотракі і юніцы, старцы і падлеткі. Хваляць усе любоў.

 

З таго часу, як яе, ахопленую гарачкаю, прывезлі ў ціхую келлю Заслаўскага манастыра, даўно прамінула восень, і за каплічнымі сценамі скавытала лютаўская непагадзь. Аднак такога шалёнага ветру, што з пранізлівым свістам гнаў усцяж вузкіх вулачак і пакрытай лёдам Свіслачы клочча растурзаных стажкоў, на Меншчыне даўно не памяталі. Адно пагадаваўшы скаціну, людзі спяшаліся са сваіх двароў з першай шарасцю: у капліцу, нягледзячы на холад, увесь час заходзілі, і Прадслава міжволі лавіла на сабе цікаўна-здзіўленыя позіркі. Пасля ранішняй малітвы паўсюль расцякалася прапахлая ладанам цішыня. І раптам у капліцы зашапацела так моцна, што яна ледзь стрымалася, каб не крыкнуць. Не ў стане вытрываць з’едлівы рогат, што ўмірг вока абрынуўся на галаву аднекуль з вышыні, пачула, што абліваецца гарачай, як затлелая аўчына, нямогласцю. Над дзвярыма патрэсквала лучына ў жалезным, убітым у сцяну светачы. Памкнулася затуліць вушы і сцішылася, выцягнуўшы перад сабою рукі. ..Але страла, пушчаная забойцам-наймітам, ужо ляцела, адразаючы ад яе нават вогнікі свечак. Павярнуўшыся да дзвярэй, зрабіла крок да выхаду, аднак у апошняе імгненне прыбачыла, што ступае ў чорную бяздонную прорву, ад якой адразу ж рэзка адхітнулася. Пабуджаныя цеплынёй чалавечых дыханняў матылі недзе высока шукалі выйсця і біліся крылцамі аб слюду акна. Нарэшце, акружаная чародкай сёстраў, яна замерла і прыслухалася, доўга ўзіраючыся ў каплічны купал. А той нечакана дрогнуў, пайшоў шырокімі хвалямі, закружыўся і вось ужо зашумеў, імкліва ўцягнуты ў карычневую варонку, дно якой было недзе ў захмар’і. Яркія сполахі раз-пораз выхоплівалі з глыбіні каплічнага паўзмроку то суровы позірк улюбёнай візантыйскай святой Еўфрасінні, то залатыя колцы валасоў, якія падалі на плечы смаляніна, то крывавыя плямы на ягонай святочнай сарочцы... «Прадслава-а!» Узяўшыся за рукі, яны зноў і зноў выходзілі да дружыны, але сонца было чамусьці шарае і мёртвае, твару ўвесь час краналіся колкія павевы ветру, да слыху даносілася поклічнае: «Коўр-лы». Часам рыпелі дзверы і ў капліцу заходзілі новыя вернікі. Краем вока змеціла ігуменню і каля яе — збялелую маці ў доўгай цёмнай альпадзе. Слых кранулі прыглушаныя шэпты:

— Праз усе месяцы гарачка князёўну тваю паліла. Памыслі, святлейшая. І са святаром яна ўжо раду мела.

— Нельга без дазволу бацькавага, ігумення! (..Агонь на лучыне замігцеў.)

— Бачылі князя твайго з кіеўскім Мсціславам. Рабуюць зроднікі Менск, святлейшая. Рэкі крыві плывуць да Свіслачы. Але моцны князь наш Глеб, пераможа і ў Заслаўі хутка будзе. (Людзі наўкруга хавалі азяблыя рукі ў кішэні...) Ці пашкадуе юніцу тваю, святлейшая?

— Але ж пляменніца яна...

— Толькі сцены манастыра і абароняць. Вер мне!

— Яраполкава раць таксама каля мяжы. Так патрэбна яе замужжа, ігумення!

— Як толькі возьмеце адсюль дачку, рушаць і новагародцы, і смаляне. (Сёстры са свечкамі ў руках адступілі да самай сцяны...)

— Святаслаў вернецца хутка, а ў гневе страшны ён!

— Што можа быць страшнейшае за гнеў Гаспода? Не забірай дачку, княгіня. (Дзверы ўпусцілі разам з людзьмі белаватыя змейкі пазёмкі.)

— Царква заўжды рупілася пра справы дзяржаўныя! Вярні Прадславу!

— Аб тым цяпер толькі ў самой князёўны трэба пытаць, святлейшая. І ў Таго, Чые рукі трымаюць нітку яе жыцця.

З падворка даляцеў галас растрывожанага людскога збою, у які нечакана ўварвалася гучная звяга скамарошых званочкаў. Здзіўленая, зірнула на ігуменню, і тая нахіліла галаву:

— Яны таксама моляцца за цябе, Прадслава. Хоць і па-свойму.

Наблізілася і, пільна ўзіраючыся ў яе хвараватае аблічча, яшчэ раз ціха запытала:

— Ты гатова, князёўна?

Згодна кіўнуўшы ў адказ, тая адно прыплюшчыла павекі і прыслухалася да рыпення дзвярэй, што прапускалі ў капліцу яшчэ адзін людскі збой. На манастырскі падворак сыходзіліся самыя аддаленыя весі, хоць ні настаяцельніца, ні святар не маглі зразумець, якім чынам гэтая самотная і, здавалася, зусім не знаная тут князёўна, якая адно праседжвала дні і ночы за пергаменамі, здолела сабраць да сябе цэлую хмару самых розных людзей. Перад капліцай стаяла крытая тоўстым радном валацужная скамарошая фура, якую не чапала нават варта вялікага князя: унутры капліцы была сама княгіня Сафія.

— Ты гатова?!

Яна падняла вочы, пільна ўзіраючыся ў асветлены свечкамі абраз Божай Маці, і знерухомела гэтак надоўга, што кволае цела, спакутаванае ад няшчаднага бяссоння, нечакана страсянулася і пачало... адчыняцца. У адно імгненне расшчапілася, адкрытае ўсяму зямному і нябеснаму: угору шуганулі і ажно тройчы ўдарылі, перасягнуўшы праз столю, тры агромністыя вогненныя слупы. Выплескі гарачага і іскрыстага полымя шугалі, асляпляючы, з-пад самага сэрца, анямелага горла і дарэшты ўсмылелай спіны. Снапы распаленых вугольчыкаў ярка ўспыхвалі ў вачах і білі над Прадушваю да самых аблокаў. Аднак ні ігумення, ні сёстры-манашкі не прамовілі ні слова. Тады зразумела, што толькі яна адна і бачыць у сабе тыя грозныя віхры. А вогненныя слупы, злучаючы юніцу з высокім небам, усё яшчэ іскрыліся. Стракатым карагодам закружыліся зоркі: хлынулі раптам з нябеснага каўша ў яе нутро, сціснулі грудзі. Дзявочая існасць адкрывалася вышыні так балюча, што, укленчаная, не была ў стане нават варухнуцца альбо вымавіць слова. Сёстры прасціралі над князёўнам» рукі, але адразу, нібы апёкшыся нябачным агнём, дзьмухалі на далоні. Запальвалі і ставілі свечкі перад абразамі Збаўцы і Святога Панцеляймона. Святар не адрываў позірку ад амаль празрыстага тварыку юніцы: задыхаючыся, ледзь рухала ашэрхлымі вуснамі. Тады, ні на хвілю не забываючы пра іх апошнюю размову, згодна кіўнуў ігуменні і з гатоўнасцю адгарнуў Евангелле. Манастыр замёр.

...Той, каго Прадслава так доўга чакала, паўстаў у промнях. Неспадзеў уладна ступіў у яе чуйны відзеж. Высокі, з прасветлена-празрыстым прадаўгаватым тварам, у шаўкавістай апратцы, адразу ж павёў яе па глухіх радаводных спратах: блізу маўклівага гурту маладзіц з дзецьмі ў куце, міма цемнавокага і суровага князя ў акружэнні воінаў з лукамі і рамесных людзей з работным рыштункам. Але калі яны ўрэшце ўвайшлі ў асветленую нябачнымі свечкамі келлю, дзе над пергаменам схілялася немаладая манашка ў расшытых серабром шатах, князёўна нават адступіла, пачуўшы ў сэрцы моцны штуршок: «Рагнеда!» А пракаветная суродзічка, ветла ўсміхнуўшыся, працягнула ёй залаты крыж, які адразу зліўся з шыпушачкамі пальцаў. Анёл, чые тонка згорнутыя крылы паблісквалі зусім блізка, чакаў. Тады ступіла ў ягоны бок, і перыйкі ў серабрыстых крылах ціха зашалясцелі. Да слыху даляцела разгайданае шчыльным чалавечым збоем: «Святы Божа, Святы Моцны, Святы Несмяротны».

— Ужо гатова сэрца маё, Ойча... Гатова!

У яе абуджаную свядомасць нечакана ўлілося прамяністае захмар’е і разам з ім пяшчотны водгалас царкоўнага звону:

— І прымае пострыг сястра Еўфрасіння!

— Да Цябе прыцякаю ад жывата маці маёй.

Ішла, не прыпыняючыся, за крыламі анёла, пакуль над галавою не разляцеліся, бы раструшчаныя залатым жэзлам, дзверы, з-за недасяжных аблокаў у развярэджанае сэрца адразу ўдарыла такая зыркасць, што пачулася нязвыкла празрыстай.

— Я спяшаюся, Ойча!

Прастуючы пасярод серабрыстага ззяння па ледзь бачных прыступках, упарта падалася ўверх. Да слыху раптам данесліся дзіўныя гукі — надзвычай рэзкі бразгат зброі і конскае ржанне, ад якога на імгненне нават хітнулася. Аднекуль з прадоння явы заклубіўся бляклы сіваваты туман, што адразу засланіў прыступкі нябеснай лесвіцы.

— Ты — Бог мой, што пажадаеш, тое і спраўдзіш са мной, рабой Тваёю.

...Бразгат зброі на падворку, хоць юніца гэтага ўжо не чула, не аціхаў, і на знак святара каплічныя дзверы падперлі важкай прысценнай лавай.

— Не пралівай крыві, Рымша!

— Забыла Карфагенскі сабор, ігумення?

Па капліцы, лёгка крануўшы вогнікі свечак, прашугаў здзіўлены шэпт:

— Ці для Заслаўя няма святых законаў? А правіла сто саракавое забыла?

З падворка даносіліся гнеўныя крыкі, але ігумення ўжо ўзнесла галаву:

— Усім ведама вера князёўны, і шчырасць яе, і дабрамудрасць, і пажаданне толькі Госпаду служыць!

...Ішла, усхвалявана прасціраючы рукі ў густое серабрыста-мігатлівае ззянне бязмежнага паднеб’я:

— Я так спяшаюся да Цябе, Божа!

— Князю запалоцкаму Прадслава абяцана!

Не спынялася, і аснежаны туман пачаў скочвацца па празрыстай лесвіцы з-пад аслабелых ног некуды ўніз, адразу рассейваючыся.

— Няма для нас твайго загаду, Рымша.

— І прымае пострыг князёўна полацкая.

Праз капліцу: — У імя Айца... — праляталі прасветленыя свечкамі словы малітвы: — І Сына і Святога Духа!

— Нам Прадслава абяцана, ігумення, і нашаю будзе!

Віскатлівае конскае ржанне раскройвала яву. Бразгат зброі падаў на нябесныя прыступкі, тут жа разбіваючыся ў друзкі. Сумелася: пранізлівыя дудачкі жалейнікаў нечакана заліліся так весела і дружна, што яна на імгненне нават разгубілася. У відзежы раптам акрэсліўся манастырскі падворак: вартавыя кметы вялікага князя, ашчацініўшыся дзідамі, загароджвалі ўваход у капліцу, аднак соцкі Рымша з Запалоцця так ірвануў вуздэчку, што мышасты конь, падымаючы капытамі цэлую хмару снегавой сечкі, узвіўся ледзь не да самага ланцуга аховы. Бомы скамарохаў заліваліся адначасна весела і роспачна. Грозны навальнічны гром таксама ўдарыў аднекуль з вышыні так гнеўна, што адразу ж змусіў распаленых бойкаю і медавухай вояў прыпыніцца: запавольваючы мячы, усе здзіўлена паднялі позіркі, але на сівым ад холаду небе, адкуль ракатала пагроза, не было ні хмурынкі.

...Яна нарэшце спынілася, зразумеўшы, перад Чыім Прастолам стаіць. Аслепленая горнім бляскам, ледзь змеціла тонкую Мацерыну руку з крыжам, што, наблізіўшыся, крануўся яе невыносна балючых ранаў: такой глыбокай і калючай — у сэрцы, такой торгаючай — на горле, такой даўкай са спіны. Усюдыісны боль ужо зліваўся са зладжаным каплічным спевам.

— І прымае пострыг князёўна полацкая Прадслава, у імя Айца...

— Наша князёўна! — У дзверы зноў гахнулі бервяном.

— І Сына... І Святога Духа. Святар схіліўся. І прымае прычасце сястра Еўфрасіння.

Вусны апякло гарачай кропляю, вочы шырока расплюшчыліся. У капліцы было так многа людзей, што яна, цяпер ужо сястра Еўфрасіння, міжволі азірнулася на зачыненыя дзверы, з-за якіх усё яшчэ даносіліся крыкі. Свечкі заміргалі. ...Белая, што сцяна, маці, стоячы каля ігуменні, апусціла голаў.

А яна, убачыўшы абедзвюх так блізка, адчула раптам, як набліжаюцца, адбіраючы вочы бляскам, два найярчэйшыя прамяні, пасланыя ёй ад Таго, Хто быў на вяршыні.

Стаяла пад абразом Збаўцы, утапіўшыся позіркам у яркай хвалі, праз якую значыўся Яго цярновы, з такімі вострымі скрываўленымі шыпулямі, вянец.

«I на рабоў Маіх і рабыняў у тыя дні вылью ад Духа Майго, і будуць прарочыць і ацаляць, упакорлівыя, як толькі прасцірацьмуць руку на гаенне і на тварэнне імем Духа Святога».

— І Ты, Матухна Баганосная, побач. Прыкладаеш персці свае да майго сэрца, і дыхання, і вуснаў, і вачэй. Ратуеш і клічаш.

...Нечакана адчула ў сабе такі моцны боль, што нават устрашылася. Бо гэты новы і зусім чужы боль уліваўся ў яе адкрытыя раны, сыходзячы ад прысутных манашак У адно імгненне ўведала: Антонія пакутуе ад страшнай рэзі ў жываце, у сястры Еўдакіі ные пад правай рабрынай, у Піліпы ажно ўгіналіся ад вузлаватых саляных наростаў худзенькія плечы. Падняўшыся, пацягнулася да гэтых плячэй далонямі, што адразу прысталі да цвёрдых наростаў, праз трымтлівыя пальцы ў чужую хворасць пругкімі штуршкамі пацякла гаючая сіла. Было, аднак, так горача самой, што падзьмухала на далоні. ...Гром грыміць, хоць на вуліцы люты мароз. Вецер прадзімае худы частакол. Мечы рагочаць. Ускрык параненага. Ступіла да дзвярэй, і перад ёй нехаця аднялі важкую дубовую лаўку, адчынілі дзверы. У капліцу тут жа асунуўся, падаючы спіной на аснежаны парожак, яшчэ зусім малады скамарох з бразготкамі па ўсіх грудзях. Лежачы, застагнаў. З раны ў баку цякла, распаўзаючыся па снезе яркай плямінаю, кроў. Тады схілілася, і запалоцкія грыдні, што пры яе з’яўленні пераможна пераглянуліся, міжволі адступілі. Падняла рукі і застыла над параненым. Рымша, у цёплым жупане і падбітым лісіным футрам шаломе, хітнуўся на сваім вялізным кані. Выпусціў вуздэчку. А яна, прыклаўшы дараны абедзве далоні, пачала малітву. Суцішвала кроў. Над падворкам запалегла цішыня.

Княгіня Сафія, усведамляючы, што дачка ўжо ніколі не вернецца ў дзявочую святліцу, сумна адвярнулася — моцны ўдар нанесены быў цяпер бацьку-князю і ўсяму полацкаму крылу Ізяслава. Пасля даччынога пострыгу, які ўжо не дасць Святаславу ні слаўнага зяця, ні жаданых унукаў, даўнія мроі відбескага валадара пра велікакняскі сталец сплывалі, як дым ачахлага вогнішча. Манашка Еўфрасіння — ужо не толькі ягоная дачка.

Святар няспешна выйшаў з царквы і ў суправаджэнні дзячка, мінаючы насцярожаных запалоцкіх вершнікаў, скіраваўся да сваёй павозкі. На хаду дабраслаўляў усіх, хто ў гэты лютаўскі дзень, не зважаючы на пагрозу ўласнаму жывату, заставаўся ў падворку, баронячы абіцель.

* * *

Рэдкія вясновыя адлігі ў годзе ад Нараджэння Божага адна тысяча сто дваццаць шостым былі надзвычай кароткімі. Па-зімоваму холадна, гразка было і на душы ў месцічаў: варажнеча паміж запалоцкім валадаром і вялікім князем Барысам навальнічна ўзрастала. Ці не таму гадзюкамі папаўзлі па весях нядобрыя чуткі пра таемныя перамовы кіеўскага Мсціслава з дрыгавіцкімі і палянскімі князямі?! Аднак толькі пасля таго, як дазорныя кметы прынеслі нечаканую навіну пра нахабныя ханскія атрады, што бліскавічна наляцелі на харчовыя схароны, пакінуўшы за сабою пажары і смерць дзесяткаў крывічоў, увесь край нібыта прачнуўся. Спешна набіраліся новыя дружыны. Кузні, не аціхаючы, шугалі агнём нават начамі. Новыя суліцы і мячы вывозілі ў весі цэлымі падводамі. Віхрам пралятаючы ўздоўж Дзвіны і зубчатых межавых лясоў, за дзяржаўным спакоем няўпынна сачылі падвоеныя атрады кметаў. Але хан Баняк нечакана адступіў.

Мінуў тыдзень, і Полацак усцешыўся даносамі віжоў пра тое, што варожыя лавы наўздзіў спешна рушылі на далёкую жмудзь. Не было спакою толькі княжай каморы вышуку: у глухіх пушчах, пэўна, пакінуў хан таемныя стойбішчы, гатовыя прыняць новых паланянак. На звязаных недзе ў дзвінскіх затоках плытах гожых упалоненых юніц глухімі начамі адпраўлялі на страшныя ўсходнія рынкі. Часцей за ўсё праз Кіеў. Некаторыя з тых таемных нявольніцкіх плытоў пераймала варта з дазорных прыстаняў Полацка. Аднак большасць так і знікала ў невараці.

Толькі ці не было якой іншай прычыны сыходу з Полаччыны хітрага Баняка? Можа, зусім і не хлусілі тыя жалейнікі са Смаленшчыны, што расказвалі пра страшны мор у тамтэйшых землях?

«От Святаго Духа напльняшеся мысль ся, и рече: ...поидоша вслед Христа, Жениха своего...»

..Аднак жа як імкліва мінаюць леты жыцця. Быцам тая страла, што праляцела праз яе дзявоцтва. Быццам зорка світання, што так часта хавалася ад сваёй князёўны ў хвалях Дзвіны, калі яна надоўга пасялілася ў вузкім, асветленым толькі свечкамі манастырскім галубцы Сафіі. Цяпер, закалыханая гэтай рыпучай галілейскай павозкаю, ужо такая немаладая полацкая падарожніца, узіраючыся ў сваё колішняе, нечакана адчула, што гэтак жа балюча, бы ў далёкай маладосці, зудзіць зашорганая цяжкай хламідаю спіна. Мілыя зроднікі, прыціскаючыся плячмі адно да аднаго, драмалі і раз-пораз уздрыгвалі, відаць, згадваючы нядаўні марскі шторм. Але павекі ігуменні толькі прыплюшчваліся і трымцелі ад мяккага дыхання ветрыку, што так лёгка перагортваў манускрыпты яе ўласнага, такога доўгага і няпростага жыцця.

...Раз’езджаная павозка нечакана моцна тарганулася: кола наляцела на нейкую перашкоду, і Асан нешта незадаволена прабурчаў На дарогу зараз жа саскочыў мажны барадаты маўчун, за якім размяць ногі вырашылі астатнія.

— І праўда, падмажы, Міхале, — задаволена кіўнула нават ігумення: той, агледзеўшы павозку, выбіў з-пад кола камень. Але вось, убачыўшы, што спадарожнікі ўжо ідуць назад, сеў на звыклае месца, вяртаючыся да свае бясконцай памяці.

...Амаль усё сваё жыццё ён, малодшы сын баярына з Бельчыцаў Міхал, слухаўся разумных парад і трымаўся звыклага шляху. Пакуль не сустрэў тую чорнавалосую... Пакуль не ажаніўся з ёю, дачкою простага медніка, нават не здагадваючыся, што ўпала Веранія ў вока і запалоцкаму Барыславу.

Шмат пазней, калі Веранію пасля таемнае змовы Барыслава з Міхалавым бацькам ужо звезлі з двара, аднойчы сярэдначы прынёс яму нейкі страшны смерд у скрываўленай сарочцы пярсцёнак з чырвоным вочкам. Але Міхал, знячэўку ўстрашаны дзіўным госцем, упершыню не прызнаўся, што ведае яго ўладальніцу. Адцураўся і ад любай жонкі, і ад яе пасланца, якога, папраўдзе, праз імгненне пазнаў. Але дружбак шкалярскага вотрацтва жмудзін Кірык, хітравата ўсміхнуўшыся, ужо знік у ранішнім тумане, пакінуўшы пярсцёнак на Міхалавай далоні.

...Той пярсцёнак з чырвоным вочкам ён усё роўна пазней згубіў. Але начная сустрэча з даўнім сябрам балюча развярэдзіла згадкі.

Заўсёды вось так нечакана ўзнікаў і сыходзіў ён, гэты Кірык. Часам называў сябе чамусьці Кірыкусам. Такі падобны да крывічоў жмудзін, што яшчэ ў Данілавай школе здзіўляў усіх сваімі адчайнымі дзівацтвамі. Пазней, зрэшты, таксама. Калі замацярэў і пачаў вадзіць па Полаччыне, наганяючы жах на самыя моцныя двары, сваю буяную хаўрусню рабаўнікоў і падпальшчыкаў.

Гойсаў штоночы наўпоперак задзвінскага прасцягу, не баючыся нават вар’ятаў соцкага з Запалоцця Рымшы.

 

ЧАСТКА ДРУГАЯ

«...як жа часта на мяне цяпер падаюць зоркі-знічкі, саслізгваючы з пальцаў Гасподніх»

 

РАЗДЗЕЛ 3. Князь запалоцкі

І закоўвала Любоў мяне ў путы жалезныя. І меч двухсечны ў руцэ Любові.

Заціскала, пяшчотнае, у кайданы сэрца маё, клявала, вастрадзюбае, пячонку маю.

Хваляць Любоў усе анёлы.

Хваляць усе войскі Госпада. Хваляць яе

Нябёсы нябёсаў і — воды, якія вышэй неба... Хваляць усе любові Любоў.

Запалоцкі князь Барыслаў у шоўкам расшытай керэі паверх простай сарочкі ўсміхнуўся ў чорную, з сіваватымі космамі, бараду. Спыніў на начным суразмоўцы нядобры позірк:

— Ты адмаўляешся памагчы мне, Кірык?

— Не казаў такога князю.

— Казаць — не казаў. А думаеш па-свойму.

Князь Барыслаў, самы малодшы, як сведчылі злыя чуткі, сын Усяслава Чарадзея, прыжыты ім з гожай запалоцкай ключніцай, быў вельмі падобны на маці і да зроднікаў адносіўся заўжды насцярожана: ледзь не прылюдна знаўся з тацямінаходнікамі і ханскімі хаўруснікамі, аднак нічога не баяўся, бо меў надзейную падтрымку вялікіх князёў Давыда і Барыса. Даволі часта варагуючы між сабою, абодва валадары ставіліся да зводнага брата з аднолькавай цярплівасцю. Але апошняе прагнае незразумелае ўзлакненне запалачанінам маладое князёўны Прадславы, што ўжо і так надоўга парушыла выгадныя дамовы Полацка са смалянамі, адвярнула ад яго амаль усіх зроднікаў. Урэшце, калі князь Святаслаў, варагуючы з магутным Яраполкам, увачавідкі паслабеў, малады Рагвалод у запале гневу ўпершыню назваў Барыслава «запалоцкім кукушонам». Мянушка ў асяроддзі месцічаў адразу ж прыжылася: запалоцкае падвор’е было абкружана вялікімі, перапоўненымі зязюліным куваннем дубровамі. Тады ўпершыню і сталі для ўсяго полацкага веча відочнымі таемныя пасягненні «кукушона» на велікакняскі сталец. Барыслаў, аднак, ужо не звяртаў на кпіны аніякай увагі, паспеўшы займець не толькі самую моцную ў княстве баявую дружыну, але і не менш унушальную казну з серабром.

Расчырванелы ад духаты князь гучна кашлянуў, нібы змушаючы госця падняць вялікую цёмнавалосую галаву.

— Усё, што ты прывёз, я ханскім прыслужнікам уранні перадам. Заўтра ж прывядуць красуню тваю з ляснога схарону. Толькі і мне службу саслужы.

У невялікай гасцёўні палаца насупраць князя Барыслава, моцна трымаючыся за сталешніцу знямелымі пальцамі, сядзеў сын жмудзінскага купца Кірык Князь увесь час падсоўваў маладому госцю жалезны коўш з медавухай, паказваючы на гліняны спод з вялікай вэнджанай драфой. Але жмудзін нават не пазіраў на стол.

— Я сабраў усё, што хан хацеў! Усе трыста вавёрыц белых! Мяшок футра! Ці чуеш? Скажы ханскім прыслужнікам, княжа, няхай адпускаюць Алму!

— Ці ж я не скажу?! Але чаму медавухі маёй не п’еш, Кірыкас? — Засмяяўся здзекліва: — Ой, не ўмееш ты! Ні піва піць, ні...

Кірык здзіўлена гмыкнуў, але Барыслаў, адпіўшы з бліскучага, падобнага на чалавечы чэрап каўша, толькі ўсміхнуўся.

— Хутка мо і сам князем станеш. А мы медавуху ўмеем піць. Пітво такое саладзейшае за жонку! Праўда, Рымша?!

Соцкі Рымша, якраз уваходзячы ў пакой, адно згодна прытупнуў казлінымі прабашнямі і засмяяўся:

— Гожая маладзіца на рынку ўдвая даражэй.

Кірык імкліва падскочыў з лавы:

— На якім рынку?!

Але мажныя грыдні, што стаялі каля сцяны, адразу ж ткнулі яму коп’ямі пад лапаткі.

— Сядай — Князь Барыслаў, падсунуўшы госцю шкляніцу цёмнага піва, крыва ўсміхаўся: — Усё, што ты прывёз, я перадам. Не сумнявайся. Вернуць табе тваю

Алму. Ханскія найміты паслухаюць. — Калючым позіркам паласнуў па стале. — Толькі і ты мне ласку зрабі.

— Не магу я, князь. Яшчэ столькі вавёрыц прывязу...

Кірык, шахнуўшы па барадзе пяцярнёй, рашуча адсунуў ад сябе пергамен.

— Казаў ужо тваім: не паверыць мне Прадслава.

— Яна ўжо Еўфрасіння!

Князь Барыслаў так моцна ўдарыў па сталешніцы рукою, што Кірык уздрыгнуў.

— Не ладзілі мы ў Заслаўі, князь. Чужымі былі. Гордая Прадслава. Дзікая, хоць і з роду княскага.

Барыслаў, недаверліва скасавурыўшыся, рыўком сцягнуў з галавы шапку і нядобра ўсміхнуўся:

— Гэта нічога. Лятункі маладыя ўсё роўна вочы засцяць! Хіба па сабе не ведаеш? Пішы, калі хочаш жонку ўбачыць! І не бойся, не аспіды мы. Не варнакі няхрышчаныя, як тваё племя вужына! Толькі пагаворым і адразу адпусцім служку божую.

На плячо Кірыка легла важкая рука соцкага, і ён, падняўшы позірк, ажно сумеўся: перад сталом, здалося, высіўся яго заслаўскі сябар-шкаляр Міхалка. Не стрымаўшыся, запытаў:

— А брата Міхала ў цябе няма часам, соцкі? Міхала з Бельчыцаў?

Чорнавалосая пакаёўка, што якраз несла вінны гляк, зачапілася за рог стала, і хмельнае пітво пад агульныя незадаволеныя крыкі пачало разлівацца па падлозе сярод гліняных чарапкоў. Тым часам, падняўшы вочы, Кірык сустрэў ледзяны позірк.

— Пішы лепей, жмудзін.

— Тады прывязі Алму да Сафіі. Туды, дзе з Прадславай сустрэнемся.

— Прывязу, жмудзін! А брата Міхала ў мяне даўно няма.

— Пакажы яму, Рымша.

Барыслаў зарагатаў, і Рымша, урэшце выклікаўшы Кірыка з-за стала, шырока расчыніў дзверы ў бакавы пакой, адкуль даносіліся п’яныя крыкі і разбэшчаны жаночы смех.

— Ідзі, жмудзін. Весяліся!

...Апоўначы некалькі грыдняў усцягнулі вялізнага, што мядзведзь, але бясцямнага госця на нізкі тапчан. Маладая чарнавокая пакаёўка, акрываючы Кірыка коўдраю, нечакана нахілілася і ледзь чутна прашаптала: «Ды вывезлі ўжо тваю Алму, бедалага. Так ціха вывезлі, што нават лось сахаты не бачыў». Але схмялелы Кірык у адказ толькі сонна выпрастаўся і заціх да наступнага вечара.

Прачнуўшыся, ён схапіўся рукамі за галаву і яшчэ раз паўтарыў: да Сафіі, куды ўжо настала пара ісці на сустрэчу з Еўфрасінняй, кметы павінны прывезці і яго Алму.

Выходзячы з гасцёўні, шаргануў рукою ў кішэні жупана, і пальцы адразу нешта намацалі. Гэта былі сонечныя бурштынавыя пацеркі, якія ён некалі зрабіў і падараваў Алме на вяселлі. Пацеркі былі ўкручаны ў шаўковую скрываўленую хусцінку. І ці не ўпершыню ў жыцці рука Кірыка здрадліва дрыгнула.

Але Рымша, акружаны ўзброенымі кметамі, ужо падводзіў яму грудастага, з падкурчаным хвастом каня.

АХОВА ДУХАМ СВЯТЫМ

Сакральнае

— Я не ведаю цябе, але адчуваю тваю прысутнасць.

— Гасподзь шчыт перад усімі і слава і падымае голаў. За любоў сваю цяпер прасі, юніца. Бо нічога не ўзрастае на зямлі гэтай без любові. Так прасі, паўтараючы за мною: Госпадзі Спасе наш...

— Госпадзе, Спасе наш.

— Ратуй любоў маю ад вуснаў ілжывых.

— Ратуй любоў маю ад вуснаў ілжывых.

— ...ад языка падступнага, што дае вострыя стрэлы з жарам ад ядлоўцу.

— Ратуй, Госпадзе, любоў жыцця майго...

...У тыя халодныя веснавыя ночы манашка Еўфрасіння, ужо набраўшы незвычайнае красы — з вялікімі вачыма і пунсовымі вуснамі, — змогшыся ад перапісвання Евангелля, некалькі дзён запар бачыла адзін і той жа відзеж. Праз бляклае сяйво паўставалі высокія сцены харомаў, за сталом пасярэдзіне важна сядзелі два суразмоўцы, у якіх змагла пазнаць кіеўскага Мсціслава і запалоцкага «кукушона». Відзеж быў настолькі нечаканы, што, прачнуўшыся, юніца не насмелілася нават згадваць прыбачанае. Страшыла іншае — тая вялікая жоўтая вада, што са змяіным шыпеннем нечакана ўрывалася ў яе сны, разам змываючы бруднымі хвалямі і белыя харомы, і грознага кіяўляніна, і ягонага суразмоўцу. Успенены бруд з сіпеннем ляцеў па гарадскіх вуліцах, несучы ў невядомы прасцяг хатнія рэчы, друз пачарнелых жэрдак і нават разбухлыя дзіцячыя цельцы, змеціўшы якія, яна ад жаху прачыналася. Напалоханая, малілася, аднак відзеж зноў і зноў вяртаўся. Тады ў адну з бяссонных раніц, зноў зняможаная тым самым бачаннем, яна надоўга знерухомела перад укрыжаваннем. Лёгкія пёркі хмараў ледзь краналіся залачонага крыжа, зазіралі праз вузкія слюдзяныя акенцы ўсярэдзіну, дзе ад запаленых свечак было ўрачыста і светла, а рэха пад высокім купалам дрогка паўтарала: «Злітуйся».

Праз кожнае слова малітвы прабягала сляза, якую краналі жывыя агеньчыкі свечак «І жывы ў ласцы Усявышняга, такі міласэрны і бязгрэшны, Заступнік мой і Ахова, Бог мой, прыйдзі, Збаўца ад сетак лоўчых і словаў паганых. І пад крылом Тваім спадзяюся, што зброяю ахоўнай будзе гэтая ісціна Твая...»

Яна пачынала шаптаць словы вялікай ісціны, і царква таксама чула іх, уздрыгваючы ад даччыное трывогі і моцнага, яшчэ па-зімоваму шурпатага, ветру, што, здаецца, таксама працягваў: «..ды не ўстрашся ад жаху начнога і ад стралы, што ляціць удзень, і ад дзеі, што творыцца ў цемры, і ад д’ябла паўдзённага. І няхай упадзе ад волі твае тысяча, і змрок не наблізіцца, і не настане зло, і рана абыдзе цела тваё, калі Анёлам сваім звястую аберагаць. На руках узнясуць цябе, і не торкнешся нагой аб камень, на аспіда і васіліска не наступіш, але пасароміш ільва і змія».

Неба адзывалася да юніцы трапяткім святлом ранішніх зорак.

«Калі спадзяешся на Мяне, збаўлю, ахіну, уратую, адно спавядай імя Маё з вераю».

Царква на адкрытым сцюдзёнаму ветру погарбе лагодна свяцілася сваім тонкім абрысам. Свечкі пад абразамі, нібы назіраючы за інакіняй, гарэлі роўна і спакойна. Тады паціху праслізнула за дзверы, нават не пабудзіўшы няньку, якой удзень прынеслі пергамен ад Кірыка. Былы Данілаў вучань, а яе сябра прасіў аб сустрэчы, але чамусьці ночаю каля ракі. Дапісаў унізе, быццам ад той размовы залежыць жывот ягонай сям’і. Здзівілася, але ведала, што на сустрэчу абавязкова пойдзе.

...Царкоўны двор быў усланы заінелым бітым каменем, тонкія пальчыкі начной свежасці колка краналіся шыі і шчокаў; падняўшы вочы, маладая манашка доўга ўзіралася ў вышыню, дзе ў заваленым хмарамі небе нарэшце ярка ўспыхнула вялікая лагодная зорка. Гэта быў доўгачаканы знак Тады пачала асцярожна спускацца па крутой заінелай сцежцы. Ішла, кіруючыся ў бок ракі, і вось ужо наблізілася да вялікага валуна, што патыхаў адсырэлым мохам. Здалёк было відаць, як па нерухомай, усё яшчэ акаванай лёдам рачной прасторы міргае і шаўковымі пасмамі цягнецца ў невядомасць такая ж, як заўсёды, ільсністая поўня. Тады ласкава правяла рукою па камені, і неба з ледзь чутным стогнам пасвятлела, частыя зоркі імгненна апусціліся ніжэй: вось-вось, здавалася, дакрануцца і да гэтых хрусткіх вербалозаў, і да набухлай веснавою сілай ракі, і да гэтага жывога валуна, які так надзейна ахоўваў крывіцкае княства. Побач вуркатліва бруілася крынічка. Нагнуўшыся, зачэрпнула з яе жменяй, ачышчаючы глытком дыханне: «Тады ўратуе ён, камень, пагарджаны намі, будаўнікамі, бо ён зрабіўся галавою вугла, і няма ні ў кім іншым ратунку».

Вакольнае жыццё сапраўды азвалася да яе гатовымі вось-вось распукнуцца пупышкамі; узбярэжжа рыпнула пругкім коранем аеру, што за доўгія леты, змагаючы важкія чорныя пласты, пакрыўся закарэлай бранёю. Цвёрды, як жэрдка, гэты пракаветны корань імкнуў уздоўж усёй Дзвіны, уздрыгваючы ад уласнае сілы, і яму адгукалася лона ўсёй полацкай зямлі. Водар жыцця і любові запоўніў кожную жылку навакольнага свету: і высока ўскінуты зорны пас у небе, да якога ўвесь час цягнуўся позірк, і гэтае сухое ад інею паветра. Ледзь стрымліваючы лекаценне, яна ўрэшце абаперлася аб камень, але па вачах так моцна шарганула чырвоным радном, што ад нечаканага постраху ажно хітнулася. Бачыла: быццам звітыя з жылаў тоўстыя ногі полаўцаў у кароткіх ботах лупілі ў твары палеглых у крывавай сечы крывіцкіх ратнікаў — прашчнікаў і лучнікаў. І кожны раз яна таксама адхіналася, як ад удараў. Зрабіла колькі крокаў наўкруг валуна: слухала моцныя штуршкі вялізнага каменнага сэрца, перапоўненага назапашаным за доўгія лéты сонечным цяплом. «Аднак было тое ці мо будзе яшчэ ў Полацку? Толькі навошта пасылаеш Ты мне, Госпадзі, гэтыя ўявы? Як жа часта сёння падаюць зоркі-знічкі, саслізгваючы з пальцаў Тваіх».

З боку Дзвіны, куды трэба было спусціцца на сустрэчу з Кірыкам, прыбег цікаўны ветрык, сціснуў свежасцю тонкія плечы, палашчыў аблічча. Засвістаў, заскуголіў, зарагатаў, бавячыся.

— Прадслава!

Ад нечаканасці ўздрыгнула і павярнулася да амаль нябачнай ракі на знаёмы голас; позірк адразу патануў у невераемна глыбокім застрашлівым мораку.

— Асцерагайся!

Начную цемру нечакана распаролі агні ліхтароў, з глыбокай берагавой цемрадзі данесліся злосная лаянка і бразгат зброі.

— Бяжы адсюль! Пастка! Бяжы!

Крыкі імкліва набліжаліся:

— Бяжы, Прадслава!

Задыхаючыся і абдзіраючы рукі аб лазнякі, і сама ўжо кінулася па круцізне ўверх. Бегла, пакуль не апынулася за важкімі дзвярыма царквы, якія тут жа гулка зачыніла за яе спіною амаль няўцямная Яўлампія.

— Я чула яго, нянька...

— Не плач!

— Пашто ж Кірык?!

— Маліся — і ўведаеш.

— Усе мы — вучні Данілавы. Цяпер аднаго з нас, Дабраслава, няма. З-за мяне! Кірык таксама клікаў.

— Папярэдзіў ён цябе. У Запалоцці толькі адзін гаспадар ёсць. Князь Барыслаў. І ўсе пергамены толькі ягонай рукою пішуцца!

— Кажаш, што і пра гэты пергамен ведаў?

— Ці не сам і напісаў, князёўна мая!

Тая, насцярожана прыслухаўшыся, нават затаіла дыханне, аднак на падворку было ціха. Тады, перажагнаўшыся, задумліва падалася ў келлю.

«Інакіні Еўфрасінні ў абіцель манастыра ад пісца епіскапскага. Запытанне. І ведама табе, князёўна святлейшая, як вясна ў краі нашым запазнілася, ведама табе, што смерды з навакольных весяў пачалі абдзіраць з бяроз кару і збіраць з-пад наледзі сівы мох. І ёсць ужо няшчасныя памерлыя. Пасылае князь апраметны ў весі крыўскія валацужных сабак-людаедаў і хмары варання..»

На хвілю сумелася. Ведама. ...Ведама і пра тое, што дазорцы, выстаўленыя вялікім князем па ўсіх скрыжаваннях, няшчадна, у небе і на зямлі, знішчаюць нечаканых наймітаў смерці, але тыя, збіўшыся ў нахабныя зграі, блізяцца да жылых аселіц, нападаючы нават на людзей. Начамі па полацкіх вуліцах гойсаюць, важка гупаючы лапамі па дашчаных насцілах, цэлыя зборні псоў-забойцаў, і пабуджаныя гараджане ў жаху сцішваюцца да раніцы, пакуль не пачынаецца абход варты, аб чым гучна абвяшчаюць удары ў жалезныя біты. Следам парыпвае няўклюдная, абцягнутая радном хаўтурная фура на вялікіх драўляных колах. Доўга валюхаецца па асветленых ліхтарамі вуліцах, падбіраючы начныя ахвяры, і, ужо гружаная даверху, паволі знікае за гарадскім валам. «Адначасна па ўсёй Полацкай зямлі, святлейшая, разляцелася вестка пра з’яўленне вялізнай гуртоўні рабаўнікоў, якіх па баярскіх дворышчах водзіць незнаёмы, бязлітасны і жорсткі, жмудзін. Вялікі князь нават падвоіў колькасць ахоўных раз'ездаў, аднак пішу табе з трывогаю, бо і д'ябальскія псовыя зграі, і збоі гнюсаў тых аб'яўляюцца ў самых нечаканых месцах... — Уздыхнула і перажагналася.— Ці не ведама табе, інакіня Еўфрасіння, дзе могуць хавацца таці тыя, што ўсю зямлю нашу крывёю залілі? Бо казаў князь запалоцкі Барыслаў, якому не заўсёды ўладыка наш веры дае, аднак жа, казаў запалачанін, што водзій зладзейскі Кірык з табою разам у заслаўскай школе навучаўся і цяпер можа ў любы час блізу храма аб’явіцца. З нагоды тае просім цябе, князёўна святлейшая, варту сваю памацніць, для чаго і пасылаем навучанага вартаванню Агменя. Яшчэ просім паведамляць нам усё, што да таця Кірыка лучыцца. Понежэ казанае запалачанінам не толькі супроць цябе ўчыняецца, але і на нас усіх зламысным падазрэннем падае».

...Божа міласэрны, але хіба ж не прарочыў гэтыя няшчасці Полацку чарнец

Ілля, наказваючы ўсім адно маліцца?!

Толькі чаму ж не піша служка ігуменскі пра свавольствы запалоцкіх кметаў? Зграі псовыя і прышлыя таці адно зрэдзьчасу месцічаў страшаць. Не тое — запалоцкія! Штодня, штоночы крояць па жывым зямлю крыўскую. Пашто ж не плача аб тым пісец ігуменскі?! Думае — розум у яе дзіцячы, недамысльны. Забыўся — тон, хто Вечную Кнігу шматкроць перапісаў, дзесяткі летаў да сваіх дадаць можа.

 

РАЗДЗЕЛ 4. Вужоўня

...Іх, відаць, чакалі. Кірык зразумеў гэта адразу, як толькі з бакавых дзвярэй палаца ўслед за Рымшаю ў падворак хлынулі слугі з яркімі паходнямі і ліхтарамі ў руках. Крыкнуў гуртоўні, каб усе разбягаліся, але з байніц каменная агароджы смяротнай хмарай сыпанулі стрэлы. Каля сцен умірг вока палеглі дзесяткі забітых.

Святло ліхтароў высвечвала на світках цёмныя пляміны крыві. Зрэдзьчасу даносіліся балючыя стогны. Ніхто з гуртаўнікоў, відаць, не ўцалеў. Нават той, хто данёс, што яны прыйдуць сёння пеша.

— Я садзіў цябе за свой стол!

Да Кірыка, рукі якога былі моцна звязаны за спіною, ушчыльную падступаўся

сам князь Барыслаў.

— Дзіды ты мне пад рэбры ткнуў.

— Я з табою мёд піў! Я скляпы піўныя табе адчыніў.

— І вавёрыцы мае сабе забраў!

— Я табе самы мяккі ложак аддаў! — Раз’ятраны, князь ужо, здаецца, пырскаў слінаю — Я дворных дзевак пад цябе ўсіх кінуў. А цяпер на мяне жалуешся?

— Алму маю ты ў ложак чужы кінуў! Хлус ты нікчэмны, князь запалоцкі! Рукі ад страху звязаў мне.

Нехта з вартавых па князевым знаку імгненна рассек вяроўку і ўжо ўзмахнуў над Кірыкавай галавой сякіраю, але князь нечакана забегаў па падворку, як паранены дзік:

— Не будзе табе смерці лёгкай, жмудзін! Прэч усе! Не чапаць! Яшчэ ніхто не смеў гэтак са мною! У вужоўню аспіда, да суроднікаў! Жоўцю сплывеш там, лыч жмудзінскі!

Падскочыўшы, з сілаю грымнуў Кірыка ў грудзі, быццам падаў знак і Рымшу, і харомнай варце гэтага нязванага госця не шкадаваць.

...Глыбокая, але з жоўтым пясчаным днішчам яма з нішамі ў сценах была пругка абвітая сырой, нават з клейкімі пахучымі лісточкамі лазою. Упаўшы на даволі мяккі пясок, Кірык усё роўна закрычаў ад болю: збітае нутро адазвалася на ўдар гарачаю ўспышкай уваччу, усе косці былі быццам патрушчаны. Падняў галаву — на тоўстыя жалезныя краты тут жа, закрыўшы ад яго зоркі, упала нешта важкае і глухое. Не адрываючы позірку ад той высокай чарнаты, Кірык пачаў прыслухоўвацца да цемры яміны і нечакана ўсцешыўся, пачуўшы скрыгатлівую, з самага маленства любую, песню цвыркуна. Праз імгненне, праўда, з горыччу ўсвядоміў, што гэта яму здалося. Правёў рукою па лазовай агароджы і зморана заплюшчыў вочы. У адным куце ямы яшчэ мігцела, астываючы, вуголле вогнішча. Тады сеў, абхапіўшы рукамі калені, і на іх апусціў цяжкую галаву. Чакаў, калі ўрэшце сагрэецца. Мармытаў напаўзабытую матчыну песню без слоў і ўсміхаўся.

...Юрык заснуў так моцна, так надоўга праваліўся ў свой адчай, што, калі нарэшце адплюшчыў павекі, ужо не ведаў, колькі прамінула часу. Едкая халодная сырасць паказвала, што блізіцца раніца. Як ні дзіўна, вогнішча зноў весела іграла язычкамі агню і патрэсквала ад смалякоў. Тады ачуціўся ад нейкага нязвыклага шархацення і свісту, праз якія зверху цадзіўся шараваты пылок. Блізу адкрытых ужо кратаў, пакашліваючы, пахаджваў вартавы.

Кірык міжволі прыслухаўся, злавіўшы асобныя словы гаворкі паміж жанчынаю і мужчынам, крыкнуў:

— Прынясіце хоць вады!

Але ніхто яму не адказаў. Вартавы, праўда, рассмяяўся і весела засвістаў, наблізіўшыся да самага аброжку яміны. Раз-пораз закрываў ад Кірыка бляклыя перадранішнія зоркі. Аднак да свісту і шахання крокаў вартавога нечакана далучыўся нейкі іншы, знаёмы і ўсё ж пакуль не пазнаны ім гук. Тады насцярожыў памяць і застыў. Гэта было тое густое пагрозлівае сіпенне, ад якога ў Кірыка імгненна перасохлі вусны. Павольна падняўшыся на ногі, ён ступіў да сцяны. І адразу зразумеў, што зрабіў не тое. Ледзь не каля самых ягоных рук, расхінаючы лісце лазняку, на плечы пругка ўзваліліся ліпкія і гнуткія вяроўкі, што адразу ж крануліся рук і шыі. Гэта былі вялізныя пушчанскія карчавыя гадзюкі, што звычайна гняздзіліся ў пнішчах, не падпускаючы да сябе нікога.

Ён стаяў на анямелых нагах, нават не шалохнуўшы пальцам, і гадаўё, якое чуў ён цяпер не толькі слыхам, імгненна абвіло ўсё цела, запаўзаючы нават пад парваную сарочку. Гадзюкі масцілі збітыя грудзі і спіну сваім ліпкім клеем, але ўсё-ткі не джалілі. Ці не былі заварожаныя тым лясным духам ягонай баваўнянай світкі, у якой начамі Кірыку так цёпла спалася каля пушчанскіх вогнішчаў. Ды і ўвесь ён быў цяпер забраны тым едкім пахам разапрэлага сасновага шыгалля, тым калючым лясным водарам папараці і смалы, па якім, відаць, сумавалася нават гэтым упалоненым людзьмі паўзучым гадам. Атрутныя пачвары нечакана прызналі Кірыка сваім і не чапалі.

— І я сумую. Па Алме сваёй. І я... — уздыхнуў, зноў урынаючы ў сваю бясконцую памяць.

* * *

...Праз сівы туман, што выплываў з падлеску, цямнела даволі вялікая, багатая хароміна жмудзінскага купца. Пачуліся насцярожаныя крокі і ціхія гарлавыя загады. Але іх ніхто ў купецкіх харомах не чуў. У адным з пакояў бліжэйшай да лесу паловы на шырокім ложку, перад якім падлога была заслана мядзведжымі шкурамі, пад вавёрчынай коўдраю ляжала маладая светлавалосая гаспадыня ў шоўкам вышытым покрыве — прыгажуня Алма. Са сцен пазіралі акруглымі вочкамі чучалы вялікіх птушак, у большасці — соў і каршукоў. З боку пушчы нечакана данесліся гучнае рохканне і тупаценне дзікоў, але маладзіца зноў нават не павярнула галавы. Адно ласкава паглядзела на чорнабародага высокага гаспадара, у якім лёгка было пазнаць таго самага жмудзіна Кірыка з Данілавай школы, што разам з Прадславаю даваў клятву на беразе Свіслачы.

— Пашто брату майму дагаджаеш, Алма?

— Хіба не мушу брату твайму ежу гатаваць?

— Сам няхай жэніцца. Няма чаго на братавую зіркаць.

— Сказаў бы такое сам брату.

— У пушчу трэба сыходзіць. Кажуць, хан аб’явіўся. За гаццю двары спалілі.

— Квасу хачу, Кірык. Такая нудота ўнутры...

— Квасу мая вавёрыца хоча. — Узрадавана і здзіўлена акругляе вочы: — А можа?..

— Можа...

— Квасу! Квасу Алме маёй!

Праверыўшы наяўнасць на скураным поясе доўгага нажа, тут жа спехам выходзіць у сенцы і ўжо нават не зважае на пушчанскіх гадзюк, што звісаюць з нацягнутых уздоўж сцен вяровак блізу распорак, на якіх падсыхаюць звярыныя шкуркі. Гадзюкі сонна водзяць у бакі галовамі. Быццам прыслухоўваюцца да такога знаёмага ўжо свісту гаспадара.

Узяўшы з прысценнай лавы глечык з квасам, Кірык тым часам таропка нясе яго ў пакой. Але, не данёсшы пітва да ложка, рэзка паварочваецца на ўскрык у сенцах. З хрустам раструшчваючы на мокрай падлозе аскабалкі ад разбітага глечыка, бягом вяртаецца і тут жа ніякавее: з адчыненых дзвярэй у пакой вывальваецца цемнатвары торк з крывым мечам у руцэ. На шыі нязванага госця цямнее вішнёвая пляміна ад змяінага ўкусу. З бакавых дзвярэй, якія ўжо адчыніў падобны да самога Кірыка дзяцюк, у пакой урываецца яшчэ адна зграя ваяўнічых торкаў; скарыстаўшы замінку здзіўленага гаспадара, у імгненне накідвае на таго вераўчаную сетку, зацягвае канцы... Бліснула некалькі гадзючын, што спынялі смяротнымі ўкусамі гвалтаўнікоў.

З усяе сілы выпручваецца Кірык з сеткі і, нарэшце выцягнуўшы з-за пояса нож, разразае тоўстыя вяроўкі. Але ўратаваць жонку, якую таці ўжо ўпіхнулі ў вялізны скураны мех, не паспявае. Атрад рабаўнікоў, забіўшы на падворку вернага ваўкадава, так хутка стапнеў у падлеску, што Кірык паспеў толькі вывесці каня. ...Цэлы дзень гнаўся ён па пушчы за ханскімі пасланцамі, спяшаўся да няблізкага таемнага стойбішча на беразе Дзвіны. І ўсё ж не паспеў. Ні ханскіх наймітаў, ні паланянак там ужо не застаў. Адно ачахлыя галавешкі вогнішчаў пырхалі з попелу жарынкамі.

Вось толькі калі б азірнуўся Кірык, спускаючыся з высокай рачной кручы, калі б толькі азірнуўся, то ўбачыў бы плыты, перапоўненыя такімі, як і ягоная

Алма, паланянкамі. Нават коні, але на асобных плытах, былі тут... А плыты ўжо кіравалі да левага берага, наўсцяж якога, ажно да Запалоцця, цягнуліся гіблыя мясціны.

Пульсар устаўкі

... — Зноў красуні нашы?

Да прыстані на адным з астравоў Запалоцця прыставаў плыт з паланянкамі, і з туману далятаў журботны жаночы спеў.

Плыт ужо сустракаў, ідучы насустрач ханскаму намесніку Шыдзягею, сам князь Барыслаў.

— Хібы не князь пажадаў, каб мы жонку жмудзіна Кірыка з двара звялі? А Алма яго — дыямент! (Рагоча.) Можа, і сабе такую пакіну.

— А купец як?

— Баяліся стралой красуню зачапіць. Іншую аплату прасі, князь.

— Няхай торкі з праважатым, соцкім маім Рымшаю, няхай да брата яго старэйшага зазірнуць. Жонка ў Міхала — Веранія... Сюды прывязіце!

— Дзіўныя вы ў Склавініі. Любіце братоў сваіх! (Засмяяўся.) То жонку чужую выкрадзеце, то ўсю маёмасць забераце... То стралу ў спіну братаву пусціце.

— Ты што ведаеш пра нас?!

— Прывязу, прывязу красу тваю, не злуйся, князь. (Засмяяўся.) Толькі ж многа золата можна было б за рабыню гожую ўзяць!

— Такая, як Веранія, і мне...

— У нас, калі госць захоча...

— Табе, хан, дворных дзевак яшчэ дам. А Веранія — мая.

— Ці толькі красу яе ўпадабаў, князь?

— Усё ты, хан, бачыш! У Міхала, мужа яе, пячонку выдзеўбаць хачу. І іншых другаў уцікую.

— Пашто так? Чыіх другаў?

— Калі са мною, як з рабом чорным, то няхай другі яе адкажуць!

— Дзіўная Склавінія твая, князь. Пра каго думаеш так цяжка?

— Пра тую, што сэрца маё атруціла. Дачку брата майго старэйшага! Прадславу! — Ажно скрыпнуў зубамі — Гожая і недаступная. Мушу зламаць ганарліўку.

Смяецца хан:

— Шаснаццаць летаў паміж вамі, зроднікі! Не страшна?

* * *

...У гэтай глыбокай вужоўні было так холадна, што Кірык ледзь стрымліваў стогн, але ціхае, насцярожанае сіпенне гадаўя нагадвала аб паўсюднай прысутнасці смерці.

Зверху зноў даляцелі таропкая гаворка і ціхі жаночы смяшок. Праз хвіліну ўніз на вяроўцы пачало спускацца важкае вядро, з якога на сыраваты пясок выплюхвалася нешта белае. Гэта было малако. Вядро асцярожна спусцілі на зямлю ў супрацьлеглым ад Кірыка кутку, і гадзюкі па ўжо астылым вуголлі тут жа заслізгалі ў бок пачастунку. Праз нейкі час, насыціўшыся, зніклі ў лазовых сценах.

Вяроўка зманліва пагойдвалася. Працягнуўшы руку, Кірык міжволі намацаў і моцна тузануў яе, адразу зразумеўшы, што вяроўка ўверсе за нешта прывязана. Прыслухаўся. Ні крокаў, ні пакашлівання вартавога не чулася. Але там, наверсе, усё ж нехта быў. Здавалася, ён нават пачуў стоенае дыханне. Счакаўшы хвіліну, зноў тузануў вяроўку. І тады, напяўшыся ўсім вялікім, дужым целам, рашыўся. Нарэшце, пасля доўгіх упартых намаганняў, усё-ткі падцягнуўся на моцных руках да самага краю ямы; ужо не думаючы пра магчымую небяспеку, упаў на пасунутыя ўбок тоўстыя краты, за якія і была прывязана вяроўка. Побач, выпрастаўшы ногі, ляжаў вартавы.

— Не бойся. Адвару аднаго моцнага выпіў. Падымецца! А во з гэтай прорвы, — жанчына кіўнула на змяіную яму, — яшчэ ніхто жывым не падымаўся.

Ён адразу пазнаў тую самую чорнавалосую пакаёўку, што прыслужвала ў палацы яшчэ пры яго першай сустрэчы з князем Барыславам.

— Чым аддзячу табе?

— Хоць сам выжыві, жмудзін. І сама лепей, гэта занясі.

Пакаёўка таропка паклала ў яго далонь пярсцёнак з бліскучым каменьчыкам-вочкам.

— Знайдзі Міхала, сына баярскага з Бельчыцаў.

— Ведаю яго. Ці не ты Алміны пацеркі мне ў кішэню паклала?

— Яны тваю Алму адразу адаслалі. На першым плыце з самымі гожымі.

Ледзь змогшы даўкасць у горле, прыслухаўся да ўсхваляванага шэпту:

— Таці Барыслава начамі кроў людскую ўсюды разліваюць, а віна на цябе, жмудзін, падае — Уздыхнула: — Аддай вочка, скажы, каб не чакаў мяне... — Заплакала. — Іншае сам бачыў.

Усё яшчэ спасцярожліва не павышала голасу.

— Няма мне адсюль дарогі. У тым баку, — паказала рукою накірунак, — пад арабінамі ў сцяне лаз ёсць.

— Завуць як?..

— Забылася. Раней — Веранія. А цяпер забылася. І ты мяне забудзь. Толькі

Міхалу персцянёк аддай. Кажуць, Вістачка наша зусім слабенькая.

Апусціўшы галаву, зноў заплакала. Аднак Кірык ужо знікаў у малочнай пене ранішняга туману.

З боку палаца нечакана гучна і злосна завылі псы.

 

ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ

«Без любові як хваля ты, якую вецер гоніць, распырсквае...

Без любові спакушаны будзеш страсцю — пажадаю... Зародак чалавечы бачылі вочы любові. Не схаваны былі ад любові косткі чалавечыя, калі іх у таямніцы стваралі, калі складалі іх з глыбіні нутрыны. Ці возьмеш крыло зары і пераселішся на край неба — любоў сустрэнеш там».

 

РАЗДЗЕЛ 5. Плыты чумы

«І скажуць, што ўзлакнуў я крыві Ягонае, укусіўшы зямное і нябеснае, што мёртвы я ў грахах і ашукваю вас, неразважліва надзімаючыся плоцкім розумам сваім, — не вер! Не вер!

— Еўфрасіння!

Ледзь аддаліўшыся ад пагрозлівага таямнічага шэпту, маладая манашка нарэшце прачнулася, слых улавіў гучны тупат. З царквы пасля службы выходзіла, ціха пазвоньваючы латамі, княжая дружына. А яна нахіліўшыся за коўшыкам з вадою, вымыла твар і рукі, задаволена парухала анямелымі плячмі. На стале ляжаў амаль да канца спісаны пергамен. Нехта з паслушніц паспеў непрыкметна пакласці на ўслон, засланы тонкім палатном, аўсяны хлеб і сухую рыбіну. Усё выразней чула, што дружына нечым узбуджана. Тады, успомніўшы незвычайны начны відзеж, сарвалася з месца і кінулася з галубца ў двор, аднак за вершнікамі ўжо заклубілася лёгкая шарасць, а да царквы адусюль сцякаліся схуднелыя прасталюдзіны. Унурана бліскалі бялкамі вялікіх, паўпадалых ад доўгага галадання вачэй. Кланяючыся сваёй князёўне, нават не ўсміхаліся. Тады зразумела, што сапраўды нешта здарылася, і хуткім крокам пайшла з двара ў бок набухлай паводкаю ракі, улілася ў шчыльны людскі збой. І адразу, у адзін момант, па ўсім наваколлі расцёкся, быццам злучаны з манашкай, якая амаль усю ноч перапісвала Святую Кнігу, салодкі звон святога Спаса, паплыў, абганяючы людскі галас, да самага берага, ударыў у панцыр ярка-чырвонага сонца. Важкія бомы несціхана падалі на скаваныя сцюдзёнасцю шаргатліва-крохкія крыгі. Нібыта за вяроўкі, як званар, тузаў сам, ужо ахутаны дымам, поўдзень. Наляцеў пругкі вецер, зашоргаў космамі сівой, сплеценай з ахраслых ад холаду вербалозін барады. Над сіваватай вадою падымалася ледзь бачная пара: запозненая вясна ўсё ж брала сваё. Тады, абмінаючы рэха гэтага жыватворнага звону Сафіі, на Дзвіну чорнаю хмараю нечакана наляцела чарада крыклівага варання, і пачварная пляміна тлустай жывой смалы распаўзлася па ўсім супрацьлеглым беразе блізу самай вады. І тут жа з-за павароту пад здзіўленыя выкрыкі месцічаў на быстру стромы шырокім папярэчным ланцугом нечакана вырваліся, загойдаліся крывава-грознымі лавамі пасланцы ханскіх наймітаў — анічым не прыкрытыя вялізныя плыты, што неслі Полацку пасечаных мядамі і працятых дзідамі вояў у яркіх скрываўленых сарочках. Гнеўныя крыкі ашаломленых людзей дакаціліся нават да супрацьлеглага берага. Бо хто насмеліўся пусціць па жывароднай вадзе гэтыя смяротныя каўчэгі?! Нехта крыкнуў, што некалькі атрадаў хана з наўгародцамі падышлі амаль да самага Відбеска, і бераг азваўся гневам. Тады вараннё, зашумеўшы крыламі, сарвалася і з агідным карканнем сшугалася ў небе ў чаканні спажывы. Але вось ужо цэлыя хмары стрэл, што ўзляцелі з боку княжых лучнікаў і атрадаў аховы, пачалі нанізваць на вострыя наканечнікі лятучую брыду. Немае карканне адразу ж захліпнулася, перарванае дружным крыкам ухвалы, які падхапілі і тыя, што сабраліся на беразе, — смерды і рамеснікі з гарадскога таржышча, цівуны і манахі ў чорным, што клалі крыжы на мёртвы шэраг, і тыя, хто яшчэ толькі збягаў, прастуючы вузкімі вулкамі да вады, і ўвесь іншы людскі збой, што стоена сачыў з-за каменных зубцоў вонкавай сцяны горада. Усе ведалі, што гэтыя стругі з мерцвякамі, да якіх адно траціна палёту суліцы, вяшчуюць палачанам нядобры час.

І раптам з-за крутой лукавіны ракі, нібы прарваўшы нябачны тут заслон дзвінскіх парогаў з такімі ласкавымі імёнамі, у сівым прасцягу паўнаводнай ракі ўзніклі вялізныя ладдзі пад дзіравымі вятрыламі, адна ці дзве з якіх праплылі перад горадам яшчэ раніцаю. Але вось, прыбліжаныя адна да аднае, а часам і сутыкаючыся краямі, ужо плылі і плылі, важка напаўзаючы на пацямнелыя крыгі. З'явіліся і прасмоленыя дубовыя чаўны без весляроў: як непаваротлівыя валы, пад гучнае чаўканне глыбокіх віроў, высока нагружаныя мёртвымі зямянамі, важка і паволі сплывалі ў невараць міма Полацка, гатовыя ў любы момант пайсці на дно.

З-пад грубых дзяруг-покрываў былі бачны то ссінелыя цэўкі босых ног, то аблыселыя чарапы з пустымі, ужо выпітымі вараннём вачніцамі. Наляцеў вецер, сарваў дзяружкі, і тады вачам палачан адкрыліся цёмна-шызыя пляміны, што густа ўкрывалі жываты і грудзі нябожчыкаў. Гэта былі пасланцы лютай чорнай смерці.

Полацак анямеў. Еўфрасіння падалася бліжэй да ракі, і перад ёю ўсе адразу расступіліся: гледзячы, як па цёмнай гладзі плыве цень чумы, устрашана перажагналася. Але ўсе ўжо сачылі за тым, як з боку княскага палаца спускаюцца на конях трое мажных, прыкрытых яркімі чырвонымі плашчамі вершнікаў. І следам за імі ўвесь левы бераг пачалі заліваць маўклівыя маладыя грыдні з запаленымі паходнямі...

Чорнагаловы, магутны, як звіты з каранёў, князь Рагвалод, адно ў лёгкай сарочцы пад латамі, трымаўся побач з бацькам — такім жа плячыстым, з кароткай сівою барадою вялікім князем Барысам. Той, наблізіўшыся да Дзвіны, нарэшце спыніў каня блізу сходаў у вялікі струг. Краем вока скмеціў блізка ад сябе Еўфрасінню, пасвятлеў тварам. За спіною храплі, месячы гліністы бераг, коні верхаўцаў. Але яшчэ ніхто з палачан не ведаў, куды сабраліся ратнікі і навошта сам вялікі князь Барыс разам з Рагвалодам прыйшлі да ракі. І чаму так злосна варочае бялкамі сваіх вачэй запалоцкі князь Барыслаў, які, перадаўшы вуздэчку слузе, моўчкі мінуў дружыну Барыса і вось ужо наблізіўся да Рагвалода, што гарою ўзвышаўся над сходамі, цёмныя валасы князя кратаў дзвінскі халодны вецер. І раптам Барыслаў, які быў зусім блізка ад Рагвалода, прыпыніўся — проста пад ногі яму з шарай вышыні ўпаў, ударыўшыся вобзем, прашыты стралой воран, забіў здаровым крылом па вадзе, апырскаў брудам князеў бот. Еўфрасіння замерла. Знямеў і ўвесь бераг. Застыла конніца. Гэта быў дрэнны знак. Запалоцкі князь спалатнеў, падняўшы вочы на спахмурнелага Рагвалода. І тут жа з дзікім лямантам да вады скочыў чорны, высахлы да касцей смерд, умірг вока апынуўся перад Барысавам, выхапіў з-пад яго нагі ворана і, таропка вышмаргнуўшы стралу, разарваў птушку напал. Не зважаючы на бруд, што пацёк яму на рукі, скубянуў чорнае тоўстае пер’е і адразу ж упіўся зубамі ў блакітную прасветліну птушынага мяса. Аднак у тую ж хвілю востры Рагвалодаў меч знёс няшчаснаму вар’яту галаву. Труп, падхоплены грознай ракой, імгненна знік у яе чорнай глыбіні. Бераг ахнуў. Міма, па Дзвіне, так блізка, усё яшчэ праплывалі мёртвыя плыты. Малады князь нарэшце схіліўся, падхапіў мечам злямчанага ворана і, прылаўчыўшыся, з усяе сілы шпурнуў знявечаную, але такую страшную для людзей чумную птушку на бліжэйшую крыгу. Бераг застыў у суровым маўчанні.

Быццам адчуўшы агульны жах, вялікі князь Барыс адвярнуўся ад ракі, падняў

меч і зычным голасам крыкнуў:

— Чуйце! Бо спынены ўжо другамі нашымі хаўруснікі паганага Шалудзяка, Смаленскам нацкаваныя. І прысаромлены Ноўгарад! Але ведайце яшчэ пра адну вялікую перамогу: да радасці нашай не так даўно тры тысячы хрысціянаў у зямлі Святой пабілі паганых аспідаў усяго люду хрысціянскага, лікам у сорак тысячаў

У чым і ўхвала Госпаду!

Князь высока ўзмахнуў мечам і пакланіўся.

Бераг выбухнуў крыкам:

— Ухвала! Хвал-ла!

Лучнікі, узрушаныя словамі князя, ускінулі ўверх стрэлы, ледзь стрымліваючы іх на трымтлівай напятай цеціве.

— Сівымі летамі сваімі кланяюся ўсім, брацці. Бо спяшаемся, каб паспець золкам на перамовы з Кіевам, пакідаючы статак князю запалоцкаму Барыславу.

Полацак ад нечаканасці сцішыўся: усе ведалі, што запалачанін быў зняможаны невядомай нікому хворасцю. Але Барыс і Рагвалод ужо насунулі на галовы шаломы, з-пад якіх выбіліся доўгія космы. Верная дружына стракацела белымі і чырвонымі паскамі, грозна пагойдвала воўчымі і лісінымі хвастамі, прытарочанымі да нацэленых у неба дзідаў. Абодва валадары ўскінулі, як развітваючыся, мячы. Коні грымнулі капытамі ў бераг, і той адразу наструніўся: унутры, зусім блізка ад вады, задрыжаў тоўсты, як алешына, аеравы корань, які нават праз цвёрдую зямлю з наледдзю адчуваў і хаду дзесяткаў гараджан, і ўдары вострых конскіх капытоў. Барыс нарэшце выпрастаўся, кінуў меч у абцягнутыя скураю похвы, падаў знак Рагвалоду. Імкліва сарваўшыся з месца, абодва віхрам паляцелі па беразе. Падтрымаўшы валадароў дружным гіканнем, следам заспяшалася, развеяла над шаломамі воўчыя і лісіныя хвасты бойкая дружына. Тады гараджане нібыта апрытомнелі і нарэшце кінуліся ад праплылай па рацэ смерці за сцены знешняга горада. Нарэшце ўсё-ткі зразумелі, што страшная хвароба зусім недалёка. Не за ракою зусім, як спярша здалося. Не на супрацьлеглым беразе, а вось жа... Толькі працягні руку... Дзвіна, як залітая крывёю, трымцела, і Еўфрасіння насцярожана азірнулася. Вялікі струг з князем Барыславам і светлабародым маладым святаром з Бельчыцаў ужо гайдануўся адплываць, але яна, для сябе самой нечакана, так рашуча рванулася наперад, што нават не зразумела, як апынулася ў чоўне, які тут жа быў падхоплены і знесены імклівым цячэннем да самай сярэдзіны ракі. Тады, не падымаючы вачэй на агаломшанага князя, ціхенька прымасцілася на днішчы. Атуліўшы калені цёплым покрывам, сціху агледзелася. У струзе, акрамя князя, было яшчэ шасцёра — весляры і лучнікі з добра прасмоленымі паходнямі. Агорнутая сцюдзёнасцю, адразу пачула ледзяное дыханне і плёскат вады. Настылае праменне над ракою згусцела, і яго раз-пораз рассякалі моцныя ўзмахі вёслаў. Але ўсе ўжо назіралі за тым, як па ўзбярэжжы Дзвіны бясконца імчаць ашалелыя ад жаху коннікі. Бясконцай чарадою, у акружэнні грыдняў, цягнуліся, валюхаючыся, даверху гружаныя хатнім скарбам павозкі: і найбольш заможныя месцічы Полацка, і рамеснікі з прыткімі гандлярамі спяшаліся — ехалі, ішлі, беглі цэлымі сем'ямі, пакідалі, нават не азіраючыся, родны горад, што ўжо ахутваўся горкім ад палыну, шызым дымам — адзінаю, бадай, абаронаю ад чорнай смерці. Забраны трывожнымі думкамі, Барыслаў нават не змеціў, што на лясістым узлобку левага берага выраслі ўзброеныя вершнікі. Але гэта, дзякуй Богу, была княжая варта. Пастаўшы на берагавой круцізне шчыльным частаколам, вершнікі гучна, ажно праз усю раку заекатала, ударылі ў абшытыя меддзю драўляныя шчыты. Князь тут жа ўзмахнуў у адказ ружаватым ад ужо нізкага сонца кароткім мечам.

Весляры заспяшаліся, і струг, адганяючы дзідамі вострыя, што бабровыя разакі. крыгі, павярнуў улева, прыстаючы да берага з воямі. Важка шаргануў па краі сціснутай тоўстым карэннем гарушкі, з якой і пачыналася старое капішча.

Паломніцкае. Грэх Міхала

..Які ўсё-ткі няшчадны і калючы гэты галілейскі сухавей! Быццам трава-разак, што хлёстала ў далёкім дзявоцтве па нагах, калі летняй раніцаю выбягала яна, яшчэ князёўна-юніца Прадслава, да ракі. Старэйшыя сёстры хмурыліся: нягожа дачцэ Святаслававай прыпадабняцца да прыдворных дзевак.

А яна ўсё роўна, хоць з цягам часу і не так часта, спускалася да рачнога берага, доўга назіраючы за магутнай стромай.

...Галілейская павозка, дзярката рыпнуўшы, нарэшце спынілася, і ўсе адразу з палёгкаю выпрасталі плечы.

— Перадых — Асан першы саскочыў на камяністы лапік выпетранай зямлі з сям’ёй прыгнутых кедраў і аліў, што ахоўвалі невысокія сцены акружанага каменнымі глыбамі калодзежа. Па ўсім было відаць, як цяжка дрэвам працівіцца ветру пустыні: адкінутыя імі цені былі тут наўздзіў празрыстымі.

Паломнікі, тым часам крыху размяўшы ногі, ужо хуценька вярталіся, сасмягла гледзячы, як Асан і барадаты маўчун пояць вала, выліваючы ваду з бурдзюка ў пашчэрбленыя ночвы.

— Раней тут быў добры калодзеж А цяпер ні кроплі. Суха!

Быццам просячы прабачэння, Асан вінавата зірнуў на ігуменню, якая сядзела пад аліваю з Евангеллем у руках, і цяжка ўздыхнуў:

— Так хутка ўсё мяняецца. Бурдзюкі даўно ў караване. Вады няма.

— А ў мяне ёсць!

Расхваляваны кніжнік, страсянуўшы светлымі віхрамі, імгненна сашмаргнуў з пляча дарожную кайстру і выцягнуў з яе скураную бутэльку. Падляцеў да маладой залатавокай ваяркі, што якраз зняла хламіду, застаўшыся ў шчыльна сплеценай з тонкіх канапляных ніцяў вяровачак кальчузе. Выняўшы з похваў меч, папраўляла скураны пояс.

— Ёсць пітво! — падступіўся да яе кніжнік. — На рынку купіў. Табе.

Усе адразу заўсміхаліся, але Асан, раптам падскочыўшы, патрабавальна працягнуў руку. Кніжнік незадаволена ўспыхнуў, аднак паслухаўся. Асан, адкаркаваўшы бутэльку, пачаў асцярожна прынюхвацца. І адразу шпурнуў бутэльку на зямлю. Усе агаломшана глядзелі, як на камяністай глебе пузырыцца жаўтаватая вадкасць.

— Куфі! — Са страхам выгукнуўшы незразумелае слова, Асан так люта апусціў на бутэльку скураны бот, што падарожнікі вусцішна адступілі.

— Ад аспіда Куфі не прачынаюцца! Ніхто.

Азірнуўшыся, ігумення ўбачыла, што малады кніжнік стаіць перад расчаўленай бутэлькай з апушчанай галавою. Незадаволена, спалохана зіркаў на Асана, які ўжо клікаў да павозкі.

— Толькі не здымайце хламіды. Пасля нашага сонца і ветру, бывае, кавалкі цела адвальваюцца.

— І прашу ад гэтага дня, падзякаваўшы Госпаду за ўратаванне, харчавацца толькі разам і не піць нідзе нічога без нашага дазволу.

Ігумення таксама спяшалася і таропка заняла сваё звыклае месца.

Асан, кіруючы павозку на раўнейшую дарогу з россыпам блішчастага друзу, азірнуўся — за спіною, упоплечкі з князем Давыдам, па-ранейшаму сядзеў, заплюшчыўшы вочы, маўклівы ад бясконцых успамінаў ігумен Міхал.

...Ці гэта пясок так жаласна свішча пад вухам, ці зноў, з усяго маху, шчакі кранаецца востры язык у тры столкі плеценага кунчука? А ён, старэйшы баярскі сын, бацькам адрынуты за непачцівасць, усё яшчэ таропка выцірае кроў і адварочваецца ад брата свайго малодшага, соцкага запалоцкай варты Рымшы. Просіць спагады. Аднак напорысты і наўздзіў жорсткі маладзён зноў злосна і балюча тыцкае Міхалу ў зубы ялаўцоваю цэўкай:

— Хіба забыўся ты, што бацька наш, няхай памагаюць яму ў цяжкай хваробе і Пярун, і святы Пётра, перадаў увесь скарб у мае рукі — і збажыну, і мёд?! Грэбуеш законамі?

— Але ж Віста мая памірае.

— Усе памром, і Віста, і мы з табою. Мой гэта пограб! Забыўся? І гарох мой. І мёд. Калі сам не пойдзеш, у поруб кіну, згнаю!

— Але ж Вістачка...

...Назаўтра, прыцягнуўшы дахаты куль бобу, пазычанага яму Прадславаю, Міхал радасна кінуўся ў курную зямлянку і замёр. Маленькая Віста, як вавёрыца, ляжала на прыкрытай воўнаю лаве і пазірала блакітнымі вачамі ў нізкую столю. Халодная, як снег. Спярша думаў, што дапраўды не паспеў Задзіўлена вызірнуў у двор: суседзі ладавалі на падводы свой сціплы скарб, спешна збіраючыся ў дарогу.

— Паздзекаваліся з яе, Міхале.

— Хто?! — Варочаў пачырванелымі ад гневу вачмі.

— Ведама хто...

— Не баранілі чаму? Не заступіліся!..

Загаласіла суседка, распатланая і замурзаная:

— Не баранілі?! — Заенчыла, рассаджваючы малых на павозцы. Перапытала: — Ад запалоцкіх?!

— Трынаццаць жа летаў Вістачцы!

— Немалая ўжо! — працадзіў, як радуючыся яго бядзе, нізкарослы сусед-лоў. Але не паспеў нават адысціся.

Раз’ятрана кінуўшыся на недарэку, Міхал з усяе сілы шпурнуў таго вобзем. Ужо не зважаў на мажную суседку, што трымала ззаду яму ў плечы. А лоў, ледзьве адарваўшы Міхалавы пальцы ад свайго кадыка, прасіпеў:

— Чаму прынадзіў запалоцкіх сюды? У мяне і гоня тут пасаджаная! Сычаць пачалі! Дзеці падраслі. А цяпер? — Пакрыўджана падымаўся перад недаўменным Міхалам на ногі — Уцякаць куды, скажы, з дзецьмі?

— Уцякаць нашто?

— Пра нейкага жмудзіна-рабаўніка пыталіся. Пашто згубу на нас навёў, сусед?

— Сама бачыла, — суседка зноў заенчыла, — бачыла, як ночаю порубнік укрываўлены да цябе пад акно прыходзіў.

— Персцянёк ад Вераніі прыносіў...

— Як яна там? — Вінавата ўстрапянуўшыся, кабета зніякавела.

— Не ведаю — Апусціў аблічча ў шырокія далоні.

— Ты не заставайся тут, Міхале. Запалоцкія — вяртаюцца...

— Вісту пахаваю.

* * *

...Юніца трынаццаці летаў цёмнавалосая Віста была наўздзіў падобнай да маці Вераніі, даўно звезенай у палац князя Барыслава, і гэта развярэдзіла сардэчную рану яшчэ болей: Міхал стагнаў праз усю ноч. Потым сам у тую страшную раніцу абмыў дачку, убраў, скрываўленую, у новы покрыў, павесіўшы на маленькія грудзі яркія каралі, якія некалі падарыў Вераніі. І адзін маліўся, ажно змакрэлі ад слёз і ручнік, і шоўкавымі ніцямі расшыты даччын покрыў:

«Вось зіма ўжо прамінула: дождж прайшоў, перастаў, кветкі з’явіліся на зямлі, час песні наступіў, і голас туркаўкі чутны ў краі нашым; смакоўніцы распусцілі пупышкі свае, і вінаградная лаза, расквітаючы, водар пасылае. Устань, любая, дзівосная, выйдзі! Галубка мая ў расшчэпліне скалы пад кручаю, пакажы мне аблічча сваё, дай мне пачуць голас твой, таму што голас твой салодкі. Заклінаю вас, дочкі ерусалімскія, сернамі ці палявымі ланямі не бяжыце, не будзіце і не трывожце яе...»

Ён занёс Вісту да капішча на руках. Паклаў у хаўтурнае радно ўлюбёнага даччынога саламянага ваўчка, з якім тая заўсёды засынала. Толькі сам хіба спаў ён пасля таго пахавання?! «Але ж ты, любая, спі і не ўспамінай нічога... І забудзь, забудзь, як гладзіў, даўшы волю гарачым рукам, ногі твае. Жываток і грудзі, ужо халодныя. Усё забудзь. Забудзь!» Пасля ён пайшоў да Валодшы ў будан і, перш чым выпіць кубак мядовага напою, доўга расціраў далоні, ад якіх тхнула жвірам і задымленай грэшнай жарсцёю.

Ужо вяртаючыся дахаты, як шалёны, ляцеў уздоўж яшчэ не апалай паводкі па кручы левабярэжжа і раптам убачыў, як з-за купкі ўцалелых дрэў на рэбрах узбуранай плыні з’явіўся вёрткі чаўнок А ў ім сядзеў бацька. Крычаў, просячы запозненае прабачэнне, цягнуў да Міхала рукі, і вецер кубліў уверх сівыя бацькавы валасы. Міхал тузануўся наперад, але круча была вельмі высокай, а човен з бацькам ужо знікаў.

Значна пазней, калі ў Полацак прыйшоў з воямі Мсціслаў, Міхал сам кінуўся кіеўцу ў ногі з просьбаю адаслаць яго хоць на нявольніцкі рынак Але ўгневаны князь ледзь не знёс мечам апушчаную галаву.

Упершыню ў яго паверыла сама ігумення. І ён. сын баярына, адрынуты зроднікамі, стаў верным парабкам абіцелі. Быццам просты смерд, з цёмнай раніцы цягаў бярвенне і плінфы на будоўлі новае царквы Святога Спаса. Не баючыся ні дажджу, ні няшчаднага ветру, габляваў бярвенне для манастыра і грабарні ў Бельчыцах. Адмольваў у працы і жорсткім посце свой вялікі грэх. Сваю Вісту... А ігумення сапраўды яму верыла. Нават неаднойчы адпраўляла з залатымі і сярэбранымі манетамі ў майстэрню да Богшы, дзе штукавалі кіёт абраза Найсвяцейшае Тройцы.

Потым, калі Міхал ужо вызнаўся найпершым у манаскай цноце і начных малітвах, калі першым усклаў на сябе на тры тыдні вярыгі з кузні самога Рамана, Еўфрасіння даверыла яму галоўнае — ігуменства ў мужчынскім манастыры і тую вялікую пасольскую дарогу ў Канстанцінопаль па Адзігітрыю, дзеля якой прайшоў Міхал спярша гразкія дарогі кіеўскіх вотчын, потым — зямлю грэкаў. Аднаго толькі не распавёў ён Еўфрасінні. Што на Чарнігаўшчыне сустрэў падобную да Вісты, гэтак жа званую дачку баярына, якая завабіла, адняла ў яго розум, не адпускала дахаты цэлыя тры месяцы. Але тое было даўно, яшчэ ў тую страшную пару, калі Полаччыну так часта трэсла немарач: то страшныя паводкі, то напады хана і жудасная чорная смерць, то вар’яцтва запалоцкага князя Барыслава з адзічэлымі кметамі, што назаўсёды забралі ў яго Веранію і Вісту.

 

РАЗДЗЕЛ 6. Капішча

Нізкія хмары над Полаччынай штораніцы цягнулі за сабою гарлавы спеў вешчуновага сына Валодшы: прасцяг ужо быў зацемнены густымі барвовымі клубкамі ахоўнага дыму, што завалок смуродам усё наваколле. Але нічога не дапамагала: чорная смерць перасягнула ўсе абярогі і гарадскія сцены, штодня прыносячы жыхарам ваколіц, і смердам, і больш заможным гаспадарам, страту родных людзей. Нябожчыкаў прыбывала, і амаль забытае капішча за Ваўчыным Логам неўпрыкмет ажыло. Вяшчун Вікула, яго стары гаспадар, у радасным спадзяванні, што вяртаецца даўняя вера, кожнае ночы распальваў на месцы ранейшай камы хаўтурныя вогнішчы і чакаў абозы з нябожчыкамі.

Правілі службы і ў полацкай Сафіі. Прасілі ў Госпада заступніцтва. Аднак чума не адступала. Тады ўсе забыліся пра наказы вялікага князя і старым звычаем пачалі ўскладаць нябожчыкаў на кастры, разам аддаючы агню і самыя патрэбныя ім рэчы: гліняныя прасліцы памерлых жонак, даччыныя драўляныя і шкляныя пацеркі, якія яшчэ захоўвалі жывое цяпло, кручаныя з саломы ці злепленыя з гліны дзіцячыя цацкі.

Але ўсё часцей ляцелі ў яміны з галавешкамі жалезныя коп’і, булавы і сякеры, баявы рыштунак мужчын, паляўнічых ці вояў, якія так і не адужалі самага страшнага ворага. Абмазваючы дубовага перуна смярдзючым барсучыным тлушчам, стары Вікула рабіў сваю справу пры маўклівай згодзе зроднікаў памерлых, тоячы ў душы надзею, што гэтае зацятае, набрынялае слязьмі маўчанне прарвецца навальніцай гневу і ўрэшце змые з полацкай зямлі прынесеную чужынцамі новую веру ў распятага і ўваскрэслага Бога: раструшчыць і прыдарожныя крыжы, і царкву над Дзвіною. Усё тое, што, як казалі, так апантана прыняла ў Полацку новая манашка-князёўна — праўнучка вялікага Усяслава. Таго самага князя, якога яшчэ дзяды звалі Чарадзеем і які быў гаспадаром бацькі самога Вікулы.

У рэдкія хвіліны адпачынку вяшчун падаў на мяккія, высока накладзеныя сасновыя лапы, назіраючы, як зыркае полымя камы адбіваецца на капішчанскім бостве. Стрымліваючы дрогкасць выпетраных рук, вартаўнік капішча да самага падбародка нацягваў мяккую мядзведжую коўдру і, сагрэўшыся, з асалодаю плюшчыў павекі. Гэткі ж стары, як і ён, капішчанскі вецер ціха лагодзіў твар свайго гаспадара; той спалохана ўздрыгваў усім целам і праз сон кашляў. Тады адзывалася яшчэ прамерзлая зямля, парыпвала да яго тоўстымі цвёрдымі каранямі сасновай варты. Слых старога ўрэшце лавіў шаргаценне колаў: да капішча набліжалася новая падвода нябожчыкаў...

...Але вось гэтыя, нікому не вядомыя, прыплылыя на ладдзях і чаўнах па апаганенай наўем рацэ, пакутнікі, што шчыльнымі кладзямі ляжалі цяпер на рыпучых дрогах, сотнямі расплюшчаных, ашклянелых вачэй з маўклівым адчаем узіраліся ў шараватую вышыню хмурага дня. І ні ад кога ўжо не чакалі нават спагады. Тады, падмеціўшы незадаволенасць князя Барыслава, старэйшы кмет ірвануўся наперад, і зараз жа хрыплыя і пісклявыя, як гэтыя колы, нямоцныя жаночыя галасы заенчылі, завылі, загаласілі. Сілаю сагнаныя сюды з вакольных весяў, прымерзлыя плачкі завялі спеў так няўцешна, быццам намотвалі на колы ўсе свае хворасці і злыбеды. Суравыя ніткі шэрага поўдня, нацягнутыя паміж небам і берагам Дзвіны, раптам нібыта парваліся разам з тонкімі галасамі плачак: «А брацюхна мой міленькі, а на каго ж мяне, бедную, пакінуў, а саколік жа ты мой ясненькі, а галубок шызакрыленькі, а чаму ж ні слоўка не скажаш? А-а-... У-у-у..» Гаротны плач балесна вырваўся з размякчаных слязьмі жаночых сэрцаў, тут жа абняўшы скрухаю ўсіх прысутных — і ўпрэжаных у аглоблі смердаў з блізкіх весяў, і тых, хто ішоў узбоч колаў, узяўшы на плечы тоўстыя вяроўкі для раўнавагі.

Аднак нешта адбылося, стала зусім іншым на гэтай страшнай бялявіне. Быццам дарэшты расчуленыя людзі толькі цяпер зразумелі, што вось гэтыя палеглыя воі, вольныя ці пад’ярэмныя, яшчэ зусім нядаўна былі проста нечымі ўлюбёнымі мужамі і сынамі, а значыць, недзе ў далёкіх дварах няўцешныя жанчыны, не ведаючы нічога, марна чакаюць іх вяртання дахаты. Па выцягнутым галлі хвояў пошапкі прабегся скразняк, прыглушыў напуджанае фырканне кметавых коней. Князь Барыслаў шырокімі замашыстымі крокамі заспяшаўся наперад, паклікаў святара, працяўшы Еўфрасінню прыкра-пажадлівым позіркам. Тады і сама пайшла ўсцяж хаўтурнага абозу, але зачапілася чабатком за вытыркнуты пянёк і, быццам падштурхнутая ў плечы, ледзь не ўпала. Аднак нехта падхапіў яе пад руку. Падняла вочы. Князь Барыслаў. Быў так блізка, што чула нават хрыплае дыханне:

— Такая воля наша, каб вярнулася ты, князёўна, у човен і адплыла адсюль як хутчэй!

Апусціўшы галаву, знарачыта не адказала яму, і, агаломшаны такой непавагаю, запалачанін зноў успыхнуў; шэры попел, лёгшы на лоб і шчокі, зліваўся з дымчатымі нітачкамі ў барадзе. Вочы ў чорных кругах палалі.

— Ні сябе, ні іншых не шкадуеш, манашка! Прыйдзе чорная смерць — і не адмолішся! Ні любові, ні ласкі чалавечае не спазнаеш... Глядзі на іх! — паказаў рукою на кладзі з нябожчыкамі і глуха закашляўся: — Чума лютая гэта, манашка!

Таропка заспяшалася далей, і князь зноў не стрымаўся, закрычаў ёй услед:

— Паедзеш са мною — жыць застанешся. Любіць будзеш!

Змагаючы рэзкі кашаль, уладна паклікаў да сябе старэйшага кмета, адрывіста аддаючы загады. Аднак яна ўжо не чакала:

— Гнеў няўцямны адолей, княжа-дзядзечка! І не зачэпіць каса ліхая, і праўда, — падняла Евангелле,— пойдзе перад табою. Паклічаш — і Гасподзь пачуе...

— Але чаму сама не чуеш?! Не бачыш хіба, крывёю кашляю без ласкі твае? — Зноў рэзка закашляў. Угнуўшыся, зірнуў на яе цёмнымі, як віры, вачымаЦі, думаеш, крыж ад кашчавай заслоніць?!

Нібыта не пачуўшы гэтага перарывістага і прыглухлага ад жарсці шэпту, адвярнулася. Прагла цяпер адно схавацца ад гэтага чужога, такога злоснага дарослага чалавека.

— Толькі да ракі спусціся хоць раз!

Зніякавела адвярнулася, але князь ужо не сунімаўся:

— Не мець табе спакою, чарнарызая! — Распаляючыся, падступіўся яшчэ бліжэй. — З-за цябе, ведай, адправілі на рынак жонку друга твайго жмудзіна! Кірыка! З-за пыхі твае сляпой! За цэлай зграяй рабаўнікоў цяпер ганяюцца... А ўсё ў тваіх руках! Толькі слова скажы...

Па-змоўніцку схіліўся да самага аблічча, зашаптаў, абпаліўшы шчаку гарачым дыханнем:

— Ці не бачыш — ехаць адсюль пара! Яны, — кіўнуў на смердаў і кметаў варты, — яшчэ нічога не ўцямілі. Але ж ты — ведаеш!

— Голас падымаеш на мяне, князь. — Глянула проста ў чорныя глыбокія вочы, ледзь адольваючы прыкрую чырвань. — Гаворыш абразы мне... А хочаш, дзядзечка, і святло ўзыдзе ў змроку тваім, як поўдзень? А хочаш, літасць Боская асветліць усё?

Пазірнуў з такім гнеўным здзіўленнем, што ледзьве варухнула пашэрхлымі вуснамі:

— А хочаш, і ацаленне тваё, князь, узрасце?! Душа загоіцца.

Пабялеў, але яна ўжо скрушна апусціла вочы:

— Дазволь і мне памаліцца за дзядзьку нашага князя.

— Ведзьма чарнарызая!

Нарэшце, нібыта апрытомнеўшы, князь так злосна бразнуў мечам аб латы, што вусаты кмет тут жа бегма падвёў яму каня; адно торкнуўшы ў неба запаленай паходняй, гучна, каб чулі ўсе, нарэшце абвясціў, што вяртаецца ў палац, і адразу ж, махнуўшы перад сабою паходняй, разам з дружынаю падаўся за сосны, дзе пачыналася сцежка з капішча. Тады, урэшце зразумеўшы, што засталася тут адна ад усяго княскага роду, яна перахапіла спагадную ўсмешку бельчыцкага святара і заспяшалася пасярэдзіне мёртвага шэрагу, раптам згледзеўшы тое, ад чаго знячэўку спатыкнулася. Зусім, здаецца, і не высока, адно над вяршалінамі капішчанскіх соснаў, але яны ўсе сабраліся ў адно вялікае трапяткое воблака. Усе, чые целы з баявымі ранамі ці чорнымі дзірамі д’яблавай чумы ляжалі цяпер на колах. І гэты агромністы збой быў адначасна і над ёю — як адно вялізнае, недасяжнае для людскіх вачэй падхмарнае княства. Усе мёртвыя сталі цяпер такімі відучымі, з такім абвостраным слыхам, што, ведала, бачаць і чуюць зверху ўсё і ўсіх. Вось толькі ад чаго так дрыжыць у жаху гэтая трымтлівая рака спакутаваных душаў, кожная з якіх цяпер была быццам злучаная з яе думкамі.

Без любові як хваля ты, якую вецер гоніць, распырсквае. Без любові спакушаны будзеш страсцю-пажадаю, а пажада, зачаўшы, родзіць грэх. Ці на неба чалавек узыдзе — і там любоў. І ў апраметную рыне — любоў знойдзе. Ці возьмеш крылы зары і пераселішся на край неба — любоў сустрэнеш там. Уладжана любоў і ў чэраве маці тваёй. Зародак чалавечы бачылі вочы любові. Не схаваны былі ад любові косткі чалавечыя, калі іх у таямніцы стваралі, калі складалі іх з глыбіні нутрыны. Колькі жыццяў, любоў, апладняеш ты! Ці ж палічыць можна, калі болей іх, чым лістоты ў ліпцавым кветніку; ці ж палічыць можна, калі болей іх, чым пясчынак у жвіры хаўтурным...

Адчай яшчэ не адляцелых ад зямлі душаў кратаў вяршаліны дрэў, запаліўшы знутры ствалы, і тыя нібыта ўспыхнулі. Памяць нядаўніх кавалёў, меднікаў, пчаляроў, прашчнікаў, ганчарных майстроў і ворнікаў яшчэ ўтрымлівала зямныя ўявы, якія перадаваліся цяпер і ёй. Раз-пораз успыхвалі высока ўскінутыя мечы, па якіх плыла чырвоная густая кроў. Храплі коні, барадатыя вершнікі сыходзіліся ў сечы, наляталі, трымаючы адзін аднаго шырокімі, у сталёвых латах грудзьмі. ...Ішлі праз гоні і зямяне з нарогамі, а яшчэ — збіралі збожжа, сыпалі зерне ў жароны, пяклі пахучы хлеб, смажылі на кастрах аляніну, круцілі круглыя дубовыя споды, падымаючы ўверх шыйкі дзівоснага хараства глечыкаў.

Закашлялася: з-за аброжка далёкага абрысу, куды зрок ужо амаль не сягаў, узвіваліся і білі ў надзем’е агромністыя чырвона-чорныя языкі апраметнага полымя. Убачыла і таго, хто, стаўшы ў поўны рост, узвысіўся за аблокі. На грудзях анёла-ахоўніка паблісквалі жалезныя пласціны кальчугі; з-пад гэткіх жа, але амаль да каленяў, пласцінак ваярскай спадніцы ў зямлю ўпіраліся дужыя ногі. Вартавы вой быў гэтак падобны да святога Юр’я. Праз прасветліны ў дыме ўгледзела і дрэўка яго бліскучай нябеснай дзіды. Але ж як лекацяць, як нема крычаць ахопленыя жахам душы нябожчыкаў.

— Памяні, Госпадзі, і пачуй усе надзеі на жыццё вечнае. Памяні памерлыя айцы і брацця нашу — Бельчыцкі святар падняў над абозам бліскучы жалезны крыж.

Сухастоіны, пастаўленыя над ямінаю высокім кучменем, гарэлі так ярка, так балюча апякалі аблічча, што Еўфрасіння нават прыплюшчыла вочы. Проста перад ёю расхінулася глыбокая вогненная прорва. Падняўшы над галавою ўласнаручна ўпарадкаванае ў залацісты аклад Евангелле, ступіла да першых павозак, слых улавіў шархаценне драўляных колаў па жвірыстым пяску. І яшчэ — развярэджаны стогн параненай зямлі і нават ціньканне нябачных зорак, што ўжо сыпаліся з нізкага неба ў прагную, як сама апраметная, каму. Але сіла зямнога ўлоння накочвалася і біла цяпер ёй у спіну. Тады, адчуўшы смяротную небяспеку, рэзка павярнулася і адразу хітнулася назад: проста перад ёю стаяў раз’ятраны вяшчун Вікула.

— Бо сказана ў тваёй кнізе, — моргаючы хворымі ад бяссоння вачмі, Вікула і сапраўды ваяўніча тыкнуў пальцам у Евангелле: «Ужо і сякера ля кораня дрэў ляжыць: кожнае дрэва, якое не дае плода, ссякаюць і кідаюць у агонь!..» І бясплодныя гэтыя людзі, — паказаў на колы з нябожчыкамі, — і бясплодны край, што іх нарадзіў. А ты хіба не бачыш сякеры, манашка?! Чырвоныя водбліскі агню беглі па сівой барадзе.

— Нехта блудзіць плоццю, а ты словам! Прэч іменем Госпада, які стварыў гэтую зямлю і даў жыццё, і судзіць нас Ён адзін будзе. Але ім,паказала на мёртвых,цяпер патрэбны толькі малітва і ласка Духа Святога. Бо сказана: не збірайце сабе скарбаў на зямлі, дзе моль і іржа атрутная...

Падняла Евангелле. На спрэс абвітым пачварнымі маршчынамі твары старога адбівалася чырвань камы, з-пад доўгай хламіды з каструбаватых ваўчыных шкур бачыліся палатняныя нагавіцы, ногі былі ў лазовых хадачках. Аднак усю яе скаланула з-за іншага: звіваючыся і зблытаўшыся з доўгімі валасамі, з плячэй вешчуна звісалі, водзячы наўкруг пляскатымі галовамі, амаль белыя ад старасці гадзюкі. Ужо даўно пагубляўшы ў лясной траве свае атрутныя зубы, пачвары, тры ці нават чатыры, тыцкаліся ў розныя бакі і гучна сіпелі. Перапалоханыя плачкі адразу змоўклі. Падняла позірк і міжволі адхітнулася: насупраць стаяў чорнабароды, з шырокімі, прыкрытымі адно світкаю плячмі, паляўнічы. Над лісіным стаўбуном волата блішчалі трохзубыя вілы. «Кірык!»

«Ой, адпусці ж нас, Пярун, на вольную волю...»

...Гэта быў сапраўды Кірык. Але пазнаць яго, цяпер такога наўздзіў пастарэлага, было няпроста. Міжволі азірнулася: смерды наблізіліся ўшчыльную і сціскалі яе ўжо з усіх бакоў:

«Ой, аддаем жа табе князёўну найпершу, Пяруне, ой, за ўсіх прыгажэйшую, ой!» Упарта падштурхоўваючы яе да агню, нават разгойдваліся. «Ой, дай жа нам, Пяруне, моцныя давілы, як у дуба Гаўрылы-ы-ы! Ой, дай жа нам, Пяруне, у жывот і на сліны, а мы табе цэлы воз саланіны, ой!»

Бельчыцкі святар пачаў таропка казаць малітвы. Падняў крыж, але яго тут жа адцерлі ўбок. Усе нарэшце ўбачылі не толькі крывавыя раны ад мячоў, але і тыя жахлівыя зялёна-шызыя пляміны на жыватах нябожчыкаў, што выклікалі гнеўныя і спалоханыя крыкі. Тады рашуча ступіла да камы, і Евангелле, прыціснутае да грудзей, засцерагальна паслала ў сэрца трывожны праменьчык. Тоўстыя гадзюкі Вікулы, падымаючы галовы, завадзілі імі ва ўсе бакі, засыкалі яшчэ страшней.

— Глядзіце, і кропелькі Усяслававы пабрала. Вяшчун нечакана здзекліва зарагатаў, ткнуўшы ў яе бок чорным ад копаці вялізным пальцам. Табе хто-небудзь казаў, чарніца, што падобная на дзеда свайго Усяслава?! То чаму ад веры яго адцуралася? Кіўнуў на нябожчыкаў: Гэта чуманька! Ідзе... Ідзе-брыдзе, ненажэрная. Усіх паб’е! Адступнікаў, адваротнікаў, адшчапеннікаў. У світах, у чорных клабуках, у жупанах баярскіх.

— Адзін толькі Бог у нас! Шчыт наш і ахова наша. Ісус!

— Еўфрасіння, заступіся!

Быццам падштурхнутыя рогатам вешчуна, смерды раптам калыхнуліся да яе так блізка, што на хвілю пачулася безабароннай. Аднак вяшчун ужо не адступаў:

— Хіба не бачыш тых плямінаў шызых, манашка? Дзе вочы пакінула? І Бога твайго яны не пашкадуюць і Яго сваёй атрутай згнояць! Сляпая! А Усяслаў, дзед твой, усё бачыў, усё чуў! Усё разумеў.

Людскі збой, набліжаючыся, зладжана гудзеў, аднак гэтае зацятае гудзенне, у якім таіліся адначасна і страх, і няўцямная надзея на яшчэ невядомую і незразумелую тут нікому малітву, нечакана перарвалася наўздзіў тонкім і жаласлівым дзявочым галаском:

«Ой, не гневайся, чуманька! Ой, не сварыся, жоўта цётанька, ой-а, не чапай жа ды нас ручкай касцявенькай, ой, не цалуй жа ды цэпікам ласкавенькім, ой-а. Ой жа даруем ды табе ахвяру-дзявіцу... Ой, дзявіцу-зараніцу».

Над людзьмі, што яшчэ нядаўна прасілі ў яе заступніцтва, палыхнула такая непрыхавана ваяўнічая рашучасць, што пасмялелы Вікула, уладна акінуўшы вачмі шчыльны збой, нечакана выпрастаўся:

— На калы кроў Чарадзееву! Перуну!

— Ахвяру!..

Вострыя, што дзіды, рагаціны хрустка праткнулі нізкія хмары, і адтуль сыпанула дробным калючым дажджом. Побач з Кірыкам вырасла мажная постаць белагаловага смерда, падобнага на Валодшу. Людское кола не адступала, з адчайнай нянавісцю паўтараючы: «Перуну!» Аднак напасці асмеліўся толькі Вікула. Падняўшы ўгору белых гадзючын, нечакана кінуўся наперад: «На калы!» І, пэўна, змог бы...

Але яна, беспрытомная, ужо асунулася на зямлю.

Крыху пазней, ачуняўшы, згадвала, як бельчыцкі святар, імгненна апынуўшыся побач, рэзка павярнуўся да Вікулы, і той з непрыхаванай люццю шпурнуў у яго раз’ятраных гадаў. Аднак, заблізка ступіўшы да гліністага краю камы, так рэзка і шырока махнуў рукамі, што сам не ўтрымаўся і, спалохаўшы ўсіх адчайным енкам, нечакана паляцеў спіною ўніз, і над камаю адразу ж шугануў цэлы сноп зыркіх іскраў.

..Яна запомніла і бляск высока паднятага перад агнём крыжа, і перакошаныя твары смердаў. І яшчэ нясцерпную гарачыню, бо пацягнулася ў каму ратаваць вешчуна і агонь порстка ўчапіўся за шырокія рукавы чорных шатаў, якія адразу ж нехта пачаў тушыць. Міжволі дакранулася да патыліцы: адчуўшы востры боль, адняла руку. На пальцах цямнелі крывавыя пляміны. Нехта паспеў яе ўсё ж ударыць.

Хістаючыся, пайшла ад вогнішча. І раптам рана ў галаве так моцна тарганула, што, не змогшы нават паклікаць на дапамогу, асунулася на сасновае голле.

...Імчыць варта ўздоўж Дзвіны ў бок Бельчыцаў. З гіканнем ляціць насустрач карэце вялікага князя, з якой, як толькі параўняўся з дзверцамі запалоцкі Барыслаў, вызірнула маладзенькая Звеніслава. Успыхнула, убачыўшы, як насупленыя бровы валадара Запалоцця здзіўлена ўзняліся ўверх. Заірдзелася, зірнуўшы ў тыя пякельна-чорныя вочы-студні...

Запытаў ахрыплым ад хвалявання голасам:

— Адкуль сама такая? Гожая...

— З Эльблонга!

— І куды?

— У манастыр Бельчыцкі. Бацька-князь пасылае.

— Там ад чумы не схаваешся, князёўна.

— А дзе схаваешся?

— Толькі ў Запалоцці. Мы ад усіх пошасцяў вадой абаронены. З усіх бакоў.

Смяецца Звеніслава. Весела, поклічна.

Адно Рымша, скмеціўшы ўтрапенне гаспадара, незадаволена зіркае.

— Не рабі гэтага. — Шэпча на вуха гаспадару яшчэ цішэй: — Князь Барыс — не месціч нейкі.

Маўчыць Барыслаў, загледзеўшыся.

— Вярнуся я лепей, князь, на капішча.

Рымша кашлянуў і зноў прыглушыў голас:

— Прывязу тваю Прадславу. Абавязкова прысачу яе...

— Каго? — успыхнула Звеніслава, раўніва насупіўшы бровы. — Каго прысочыць соцкі?

— Не трэба, Рымша. Цяпер — нікога не трэба.

...Гарлаюць ранішнія пеўні, і шалёны крык іх збівае з неба зоркі. Кахае Звеніслава. Да бясцямы. Да помараку...

— ...Толькі ўбачыла цябе, яшчэ ў карэце едучы...

— Ніколі такой і ў мяне не было, як ты, Звеніслава.

— Якой?..

— Не наталяюся.

— І я. Ах, Барыслаў, утапілася... Не выплыву. А ты спі. Адпачывай.

— Які сон цяжкі... Прадслава!

— Пашто сястру маю стрыечную ўспомніў, князь?

— Не зважай.

Засынае. Зноў шэпча праз сон:

— Прадслава!

— Заб’ю я цябе, сястра! Мой ён!

Гарлаюць ранішнія пеўні, і бадзёры крык іх урываецца ў гарачае бяссонне закаханых.

 

 

РАЗДЗЕЛ 7. Прыход Анёла

— Як прабіць шчыт чорны, калі душы людскія не бялейшыя?

— Не адступайся — і пойдзеш.

— Браты ненавідзяць братоў.

— Не згінай духу і знойдзеш, Еўфрасіння.

— І бацькі — проці бацькоў.

— Не адхіляйся — і зможаш, сястра.

...Нехта побач, зусім блізка, клікаў. Гэтак тоненька і ціха, як можа клікаць адно жвірына з капішча. Ад прыстылага дыхання калола ў грудзях. Рукі здранцвелі. Даляцеў ценькі перазвон срэбнай расы. Але вось ціўкнула адна, другая птушачка. Лес падступаўся ўсё шчыльней, і Еўфрасіння ўжо не ведала, ці гэта ява, ці працягваецца сон, але ад высокага, абвітага апошнім серабрыстым туманам крыжа, што падымаўся над засыпанай камаю, лёгка ступаючы па першых промнях святла і сам выпраменьваючы незвычайную зыркасць, да бялявіны блізіўся анёл, якога яна бачыла яшчэ пры пострыгу. Працягнуўшы да яе кончыкі сваіх крылаў, пяшчотна гаіў абпаленыя пальцы. Але тут жа пачулася важкае, уладнае:

— Ідзі ў Сяльцо, сястра. І збудуй там дом Уладара нашага. І зрабі прытулак для абранніц Яго! І будзь ім сэрцам і розумам. І ўціхамірвай люд свой, і не дай кроплям крыві ракою стаць. І наступі на галаву злога раба і процістой дзёрзкасці яго акаяннай!

Паднятыя крылы шчыльна самкнуліся над яе галавою і былі такія гарачыя, так адчувальна і гаюча краналіся раны, што, канчаткова прачнуўшыся, азірнулася.

Паволі, як нехаця, наступала раніца, трымтлівымі хвалямі плыла з боку патухлага вогнішча, на месцы якога ўжо зажаўцела кургановая спудзельніца з высокім, амаль цалкам утопленым у густым сяйве крыжам. І раптам, шырока расплюшчыўшы вочы, яна ўскочыла на ногі і пабегла да насыпу, не верачы таму, што ўбачыла здалёк. У доўгіх, што даставалі да жоўтага жвіру, скрываўленых рызах, з нізка апушчанаю на грудзі галавою і расхінутымі ў бакі рукамі да новага крыжа быў прывязаны маладзенькі бельчыцкі святар з ядлоўцавым вянком над ілбом. На смяротна ссінелыя шчокі збягалі цёмныя, ужо засохлыя за ноч шнарочкі крыві. І Еўфрасіння застыла, не ў змозе паверыць вачам: чацвёра месцічаў пачалі здымаць упакутаванага на зямлю і наўкруг мёртвага святара сышліся здзіўленыя смерды, быццам і самі не разумелі, як такое магло адбыцца.

Тады паволі, не прамовіўшы ні слова папроку, нібы чуючы віну за начное бяспамяцтва, яна разгарнула Евангелле. Людзі на бялявіне падступаліся бліжэй. Злучаныя агульным адчуваннем страшнай віны, здавалася, не адчувалі ні голаду, ні сцюдзёнага дыхання набрынялай паводкаю ракі.

— Шчаслівыя ўбогія духам, бо іхняе ёсць Царства нябеснае.

Кірык, збялеўшы, стаяў насупраць яе, не падымаючы галавы. Вобруч на рацэ напяўся так моцна, што нечакана ўлавіла такое небяспечнае патрэскванне; крыж на высокім кургане слухаў мальбу ўсіх, каго нарэшце ахінуў крыламі.

— Шчаслівыя тыя, што плачуць, бо яны ўцешацца...

Праз кожнае слова малітвы ў горле прыбывала гаркота, але Еўфрасіння не спынялася. Не зводзячы вачэй з укрыжаванага святара, ледзь чутна шаптала:

— Шчаслівыя ціхія, бо яны ўспадчаць зямлю...

З-за соснаў, прашытых ранішнімі промнямі, нечакана вылецелі дзве фурманкі з атрадам кметаў, і верхаўцы, змеціўшы князёўну, радасна гікнулі. Аднак тут жа, убачыўшы на зямлі мёртвага святара, рэзка нацягнулі павады і грозна бразнулі мячамі ў шчыты. Тады закрычала, каб нікога не чапалі, але кметы ўжо сціскалі коньмі бялявіну, адцясняючы людзей да ракі. Падняла грозны позірк на старэйшага:

— Па волі Божай будзе!

Крыху здзіўлена, але згодна той схіліў галаву і даў знак служылым.

...Прыгрэўшыся на аўчынах у фурманцы, Еўфрасіння расплюшчыла вочы ад страшнага грукату — фурман гнаў ашалелых коней з усяе пугі. Змушаная моцна ўчапіцца за драбіны, у нейкую хвіліну азірнулася: уздыбленая, перамяшаная з ледзяной шурпою, раскідаўшы, як шчэпкі, павыдзіраныя з каранямі дрэвы, рака ўрэшце скрышыла берагі і вось ужо шырокай лаваю абрынулася на польныя разлогі. Круцячы ў варонках трупы ласёў і коней, рознай птушыны, грозна пенілася перад Полацкам; грымотна, быццам дзікая жывёліна, імчалася да ахоўнага рова, даганяючы на вузенькай дарозе адзінокую павозку. Але тая, акружаная коннай вартай, ужо імкліва ўз’язджала на мост, што адразу, як толькі павозка пранеслася праз гарадскую браму, быў падняты. Вартавыя брамнікі, не зводзячы вачэй з бясконцага, затопленага грознай вадою сівога наваколля, пераглядваліся. Да самай поўначы, праходжваючыся па гарадскіх сценах, кожныя паўгадзіны грымалі ў жалезныя біты, тым самым абвяшчаючы перапалоханым гараджанам, што паводка пакуль не прыбывае. Аднак бяссонны горад, ведаючы круты нораў свае ракі, насцярожана застыў. Зусім змогшыся, толькі пад раніцу задрамала і яна: прыкрыты ласінай шкураю тапчан здаўся мяккім, як стог сена. Праўда, сон быў кароткі. Як і на старым капішчы, нечакана пачула ціхі плач, ад якога адразу прачнулася. Доўга ляжала з прыплюшчанымі вачыма. Нарэшце зразумела, што гэта не плач, а тонкі, ледзь чутны спеў.

Тады азірнулася, дрогкае сіняватае святло сыходзіла ад адзінокай зоркі, якая прыветна мігцела ў кутку келлі, і ўслед за зоркай у яе бяссонне зноў улілося святло анёльскіх крылаў.

— Хай ніхто не асуджае вас за ежу, пітво ці за якое-небудзь свята і ў справе маладога месяца: гэта ёсць цень будучыні, а цела ў Хрысце. Любоў сваю слухай, сястра.

 

РАЗДЗЕЛ 8. Веся чумная

Сакральнае

— Дае Любоў вецер і вогань ратавальны.

— Сыпле снег, як попел...

— Мацуе завалы ў брамы свае...

— Дабраслаўляе сыноў нашых сярод неба.

— Сцвярджае ў межах нашых спакой.

— Тлушчам пшаніцы корміць.

— Пакрывае неба аслонамі.

— Рыхтуе зямлі спорны дождж

— Росціць на горах траву.

— Дае жывому ўсяму на зямлі пашу ягоную.

— О, Любоў...

..Аднак жа колькі дзён даставаліся яны сюды, хаваючыся ад чумы, на чым перакінуліся цераз гэтую бурную смяротную паводку? І якім дзівосным чынам змаглі перасягнуць праз высокую сцяну горада?

...Спусціўшыся ўранні ў двор, яна ледзьве паверыла вачам. Пад сцяною Сафіі, акрыўшыся сплеценымі з гнуткага балотнага мірту коўдрамі і дзіравымі лахманамі, адно да аднаго тулілася некалькі дзесяткаў ушчэнт схуднелых вотракаў. Згалелыя ўцекачы з далёкіх весяў, страціўшы, пэўна, бацькоў, ведалі толькі адну дарогу. Да Сафіі.

— Як завуць цябе? — Падазвала віхрастага сінявокага мальца гадкоў трынаццаці, што пры яе з’яўленні адразу ўстаў на ногі.

Падыходзіў хістаючыся, але ўсё ж не выпускаў з рук палову вялікай кнігі.

— Галей.

— Дзе гэта ўзяў, Галей? — паказала на кнігу.

— Бацька казаў: «Ідзі ў Полацак да чорных клабукоў, знайдзі Еўфрасінню. Навучыць буквіцам». — Засмяяўся зласліва. — Потым узяў і прадаў нас з сястрою прышламу. А той хутка памёр. І сястрычка памерла.

— Сам адкуль, Галей?

— З Новагорада. — Пашкроб пяцярнёю густую светлую чупрыну. — Там усіх нас прадалі прышламу.

Паказаў на меншых:

— Тут і вашыя з весяў. Прысталі.

— Са мной пойдзеш?

— Мяне старэйшым выбралі. Не пакіну іх.

— Пашукаю вам дзе хлеба.

— І бацькі паўміралі.

— Тады маім будзь.

— А яны?

— І яны.

Падсушаныя скарынкі і вяленыя ўюны, адшуканыя ў паслушніцкай прыбудове, былі змецены ўмірг вока. Тады, не чакаючы ігуменні, разам з Яўлампіяй сама пачала распальваць вогнішча, прымацоўваючы на трынозе вялізны чан. Заліўшы яго вадою, прынесла дзевясілу і ліповага цвету. Але выпіць вару не ўдалося.

Наляцеўшы з боку ракі, княская варта з чорнымі стужкамі на стаўбунах таропка сагнала падлеткаў да сярэдзіны двара.

Тады, выбегшы наперад, сама стала перад канём дзесяцкага:

— У чым дзяцей віна?

— Лекар распарадзіўся. — Выцягнуў з-за пазухі пергамен: — «Усіх, хто з хворага краю прыбыў, альбо сам захварэў, альбо пражывае разам з хворым, не зважаючы на асобу, ці то князь гэта, ці баярын, ці служывы, ці смерд просты, — дзеля ўратавання Полацка ад жоўтай смерці і згодна павяленню галоўнага лекара баярына Дабрамысла, — належыць размясціць у лекавым стойбішчы за Сарочымі Хмызамі. Ухіленне ўсялякае ад выканання загаду гэтага смерцю караецца...»

— Тады мяне першую бярыце.

— Не было распараджэння.

— Але ж дзеці з голаду могуць памерці.

— І прасіў лекар-баярын князёўну на раду да яго прыбыць. Там і скажаш...

Даў знак варце, і служывыя, імгненна сціснуўшы дзяцей вераўчаным перавяслам, пагналі ўсіх па вузкай сцежачцы праз рэдкалессе.

* * *

— Не магу, князёўна. — Ігумення спалохана затрэсла рукамі. — Дарога ў Відбеск хутка будзе.

— Але ёсць жа запасы ў схаронах нашых.

— Ёсць, князёўна. З павялення вялікага князя толькі для дружыны.

— Калі гэтыя вотракі паўміраюць, ігумення, не будзе каго ў службу браць.

— Дарога, кажу, у Відбеск вось-вось...

— А хто да таго часу выжыве? Ці ж чужакі гэта? Згадай: «Калі скажаш, што вуха ці вока не належаць да цела, няўжо яны не належаць яму?»

 

— Самі для сябе схаронаў не чапаем. А смердам, князёўна?..

— Усе мы адным Духам хрысціліся, ігумення.

— Войска з вялікім князем далёка. А тут грэшнікі адны.

— Штодня па тры фуры за Палатý хаўтурнікі вязуць.

— Не маю дазвалення, сястра!

— Усе мы — цела Хрыстовае! Слухай наказ тады, слухай мяне: я, князёўна Прадслава з роду Ізяславічаў, у манастве Еўфрасіння, імем дзеда майго, праслаўнага князя Усяслава, і бацькі майго Святаслава-Ягоргія, і зроднікаў князёў вялікіх полацкіх Барыса і Рагвалода загадваю табе, ігумення Бельчыцкага манастыра і чалядніца храма Сафійскага, выдаць траціну запасаў харчовых дзеля ратавання роду крывіцкага і мацавання веры хрысціянскай на зямлі Полацкай у імя Айца і Сына і Духа Святага. — Ужо не бачыла, як немаладая чалядніца пабялела і схапілася за грудзі. — І прызначаю цябе першай вучэльніцай у школе для дзяцей нашых, каб пачала навяртанне да веры і слова Божага з дня сённяшняга. Ад таго ўсю віну за непакорлівасць волі княжай прымаю на сябе адну. У чым і прысягаю, укленчыўшы перад абразам найсвяцейшай Маці Багародзіцы.

— Якая ж з мяне вучэльніца, князёўна?!

— І якая б немарач не ўпала на Полаччыну, а ці будзе адзін вотрак, а ці два, а ці болей уцалее — навучаць! Разам і кожнага. Цяпер і пасля.

...Усю ёміну — вялізныя, добра напакаваныя і прасоленыя ў дубовых бочках дрофы, дзяружкі высушаных тоўстых уюноў і сялявы, кулі бобу і гароху, скрыні падсушанай да жаўцізны, залітай воскам дзічыны, куняў, беркаўцы з цвёрдым мёдам — узяліся выносіць са скляпоў чатыры паслушніцы і некалькі дужэйшых падлеткаў. Выкапалі з зямлі і медныя катлы з трыножнікамі. Ці не тады якраз і прыйшоў да яе са сваёй просьбаю Міхал? Схапіўшы пад паху куль бобу, знік і адсутнічаў цэлы тыдзень. Вярнуўшыся, чорны і няўцямны, ужо амаль не заўважаў нікога навокал. Сказаў, што дачку забілі. Моўчкі стаў з бердышом у руках каля харчовых запасаў. Сам амаль нічога не еў. Адно ачоліў пры харчы варту.

..Яны выязджалі з храмавага падворка яшчэ зацемна. Спярша распальвалі паддонныя агні, потым ставілі на трыножнікі катлы і налівалі іх вадою. Вартавалі, разам з Міхалам, дужэйшыя з вотракаў з суліцамі ў руках. Пасярод абязлюдзелай і знямелай, а некалі самай гаманлівай вуліцы адмысловых ганчароў і меднікаў урэшце разгаралася некалькі вогнішчаў, каля якіх, памешваючы ў чанах варыва, стаялі агорнутыя адно ахоўнымі хусткамі маладзенькія паслушніцы. Тады і выходзілі, спалохана азіраючыся, ледзь прыкрытыя рызманамі, страшныя, бы прымары, аздаравелыя месцічы. Дым разам з прыцягальным пахам, спярша па крутых завулках, потым па даўжэзным ахоўным рове вакол Полацка, каціўся да самых ачаротаў, і ці не адтуль у акружаны шчыльнымі ланцугамі аховы горад прасочваліся чорныя, што зямля, смерды з двароў і весяў, каб атрымаць кавалачак распаранай дзічыны.

Нарэшце, з цяжкасцю прадзіраючыся праз ахраслыя ад смуроду і сцюдзёнасці лазнякі, надыходзіў вечар; вартавыя, запальваючы паходні, падкідалі ў полымя вогнішчаў сухі палын, спальвалі лахманы хворых. З бруднага рыззя з адчайным піскам выляталі вялізныя пацукі і потым бегалі яшчэ доўга каля сцен і частаколаў. Але напрыканцы тыдня злёг памочнік галоўнага лекара, потым, услед за ім, і князь Радамір, каля якога хадзіла паслушніца Крыця, праз дзень таксама захварэла. Пачаліся крадзяжы, асабліва харчовых кладзяў. Людзі, сабакі, пацукі... Нападаючы на паграбы і таемныя схароны месцічаў, падмяталі ўсё да апошняй скарынкі. Гонсалі па вуліцах цэлымі зграямі. Полацак урэшце не стрымаўся. Часцей звычайна засядаў суд, выносячы тацям-рабаўнікам няшчадны вырак: усмерценне праз павешанне. Штораніцы ўдоўж вуліц горада паўставалі вісельні. Павешаныя пацукі глянцавата паблісквалі поўсткаю ў дымнай смузе ажно да вечара. Віслі, даўгахвостыя, на тонкіх вяровачках да самай зямлі. І побач сабакі. Аднак у Полацку нават іх ужо амаль не засталося. Адно ацалелыя пацукі, змеціўшы набліжэнне хаўтурнай фуры і быццам разумеючы жорсткасць людзей, уцякалі ад судовых спраўнікаў безвач...

Начамі, часцяком узбіраючыся па ножках вісельняў наверх, падалі з нейкім хрыплаватым піскам на мёртвых суродзічаў, упіваліся зубамі ў спіны, разрывалі жываты.

...Спынілася абцягнутая стракатым радном фура, і да Еўфрасінні, якая стаяла каля чана ў цёмным радняным покрыве, наблізіўся, весела пазвоньваючы бомамі, немалады скамарох:

— Помніш, як ратавала мяне, манашка?

— Кожны заўсёды каго-небудзь ратуе.

— І топіць таксама. І на вісельнях...

— Бачу, не баішся.

— А цяпер я цябе буду ратаваць. Весяліся, князёўна, жыць застанешся!

Засмяяўся, зайграў трашчоткамі. З фуры тут жа вылецела некалькі жвавых маладзёнаў, пачалі вясёлы рэй, куляючыся і ходзячы на высозных тонкіх хадулях.

— Яны ж усе гатовы разарваць цябе, сваю дабрадайку, — старэйшы паказаў на брудных месцічаў. Зноў скрывіўся ў грымасах, зашархацеў добра надзьмутымі бычынымі, з сухім гарохам унутры, шлункамі.

— Палюбі галоднага — і накорміш. Палюбі хворага — і ацаліш...

— Маўчаць, а толькі адвярніся... Дай смерду адзін кавалак, ён адразу запатрабуе яшчэ. Смерд толькі сілы баіцца, манашка. Для яго слова дзесяцкага страшнейшае за чуму. Такія людзі!

Насцярожана абвёў позіркам засмечаную чорным вуголлем, трэскамі і сухімі конскімі круглякамі вуліцу, каля смуродных вогнішчаў сядзелі і ляжалі распатланыя, з крывавымі плямамі на руках і тварах, брудныя чарналюдзіны.

...Віхрам праляцела карэта з хмельнымі, у расшытых кафтанах баярчукамі.

Скамарох ажно прысвіснуў:

— У Запалоцце спяшаюцца. Толькі Барыслаў на свае астравы не пускае.

Аб шчарбаты дашчаны насціл вуліцы загрымела павозка. Спынілася каля нерухомай старой, што ляжала на зямлі, абшчаперыўшы кашчавымі рукамі калені. Двое хаўтурнікаў у чорных фартухах, асцярожна паздымаўшы вісельнікаў, паднялі, паклалі старую жабрачку паверх такіх жа высахлых шкілетаў з гнайнікамі на шыі і пад пахамі, нокнулі на коней. Але ў апошняе імгненне, калі павозка ўжо знікала ў глухім прыцемку, старая нечакана прыўзняла галаву і ўсміхнулася Еўфрасінні страшным бяззуба-насмешлівым выскалам. Тады кінуліся з Міхалам да Сафіі і, таропка склаўшы ў ношкі сухую дзічыну, знайшлі тачку. Заспяшаліся праз чадны туман, аб’язджалі тых, хто з крыкам качаўся па зямлі.

— У весю лекавую мне пара... А ты штодня харч прывозь. Усё, што зможаш.

— Не выжывеш, Прадслава.

— Не як Прадслава іду. Як Еўфрасіння.

...Насцярожана абвёўшы позіркам шчыльна абгароджаную высокім, на тры сажні, частаколам лекавую весю, яна ўвайшла ўсярэдзіну — азірнула абсыпаную трэскамі і сухімі конскімі круглякамі вуліцу; каля вогнішчаў сядзелі і ляжалі дзесяткі распатланых, з крывавымі ранамі на шыях чарналюдзінаў.

Асобна седзячы каля ачахлага вуголля, насуплена маўчалі баярчукі. Маладзён у багата расшытым, але ўжо брудным кафтане нечакана так страшна закашляў, што ўсе міжволі пачалі ад яго адсоўвацца. Ускочыў на ногі. З шыі зляцела хустачка, адкрыўшы чорныя пляміны. Падбег, схапіў яе за рукі.

— Чаму мне паміраць? — Закашляў смуродам.— Чаму — не табе?

Выняла з ношкі кавалачак саланіны... Заплакаў, як дзіця. Пачалі падцягвацца іншыя. З кашлем і стогнамі. Вечарэла. Нехта папрасіў піць. Смерды ў світках, трымаючы ў руках трохзубыя драўляныя вілы, нядобра бліснулі вачмі на суседзяў баярчукоў. Лазар, як блазнаваты, бясконца калоцячы званочкам і старонячыся дзесяцкага варты, таксама атрымаў свой кавалачак.

— А гэтаму пашто дагаджаць, князёўна? Розумам хворы нікому не патрэбны. Дай час. Вылавім — усіх пазабіваем!

— Гасподзь любіць усіх, дзесяцкі.

— Кажуць, свой Бог у цябе. Хрыстос ваш. Моцны вельмі.

— Адмалі! Розныя тут... Пасыходзіліся... Ад чумы ўцякаючы... Ровам наўкруга адгарадзіліся. Памаліся.

— Полацкія! — Азірнулася.

— Смаляне! Навагародскія... Менскія...

Укленчыўшы, перажагналася:

— Абарані, Госпадзі, пачуй усе надзеі на жыццё вечнае. Даруй здароўе людзям гэтым. Злітуйся, Маці Багародзіца, над Полацкам.

Праз тонкую цішыню лекавай раптам праляцеў глухаваты царкоўны звон, і яна зноў перажагналася. Спынілася каля старой, што ляжала, абшчаперыўшы рукамі калені. Паспрабавала яе падняць. Але ў апошняе імгненне старая наўздзіў порстка падхапілася на ногі і ўсміхнулася да яе страшным бяззуба-насмешлівым ашчэрам. Варта адразу апынулася за высокай агароджаю.

Баярчукі неяк разам закашляліся і таксама паўскоквалі на ногі. Пачалі, назіраючы, як яна перавязвае аднаму з хворых раны, падцягвацца бліжэй. З кашлем і стогнамі. І раптам выхапіўшы з-за пазухі мяшэчак з грыўнамі, адзін з баярчукоў кінуў машну ёй пад ногі. Бухнуўся на калені, засоваўся па зямлі.

Адчуваючы на шчоках гарачыя слёзы, маўчала. Адвярнулася. З усіх бакоў пачалі ляцець, рассыпаючыся па зямлі, грошы.

— Усё забірае няхай Бог твой. Плачу. Жыць хачу! Багаты я...

— І кожнаму будзе дадзена па веры яго, дзіўны чалавек.

Азірнулася. Тая самая старая бліснула з глыбіняў свае цемры прагнымі вачмі, падышла і нечакана прытка схапіла яе за рукі сваімі ў чорных гнайніках.

— Думаеш, маладая, ад чумы ўцячэш?

— Плацім!

— Прайдзіце праз голкавае вушка, баяры багатыя!

Зазвінела золата на зямлі, але варта, хаваючыся за агароджу, нават не варухнулася.

— Плацім! — Грыўны ўжо ляцелі ёй у твар, білі па руках, якімі імкнулася захінуцца.

— Плацім! Жыць!

— О, Найміласэрны Божа: Ойча, Сыне і Духу Святы, у непадзельнай Тройцы адзіны, годны хвалы й славы. Не гневайся на дзяцей слабых. Глянь у гадзіну ліхую з ласкі Свае на слуг тваіх...

— Радаслава... Яраполка... Вячку... Гарадзея...

— А хто тут слугі? Хто плоціць, той не слуга. І ўсе цуды — нашы!

— Прайдзі праз голкавае вушка!

Старая, адбегшы, кінула ў яе збоку вялізным каменем, што раптам пацэліў у галаву. Хінулася і зрабіла некалькі няўпэўненых крокаў, праз імгненне падаючы на рукі Міхала, які ўжо бег да яе з адчыненых варотаў.

..Апоўначы каля дзвярэй Сафіі прагупацела лапамі цэлая зграя ашалелых сабак-людаедаў, што не дапускалі да сябе нават узброеную варту. Потым спыніліся рыпучыя колы, і нехта крыкнуў, каб адчынялі, бо маюць пасланне да Еўфрасінні ад вялікага князя. Тут жа пачуўся шум дажджу, загрукатаў гром, падагнаны сапраўднай навальніцай. За дзвярыма зноў закрычалі, але Міхал, не зважаючы на пратэсты Еўфрасінні, басавіта прыгразіў, што адчыніць пасланцам толькі раніцаю.

У дзверы злосна грымнулі ботамі. Міхал не паддаваўся. Стаяў, нават не адзываючыся. Навальніца тым часам прыглухла, і дождж гэтак жа раптоўна, як і пачаўся, аціхнуў. Госці, быццам адно толькі і чакалі гэтай распагоджанасці, з рогатам сышлі. Міхал, прыслухаўшыся, недаверліва праверыў дзвярныя завалы...

Раніцай каля самага парожка храма ляжала тая бяззубая, ужо амаль аблыселая старая з плямамі на аголеным жываце і пад пахамі. Пазірала ўверх прыплюшчаным чырвоным вокам, якое, здаецца, цікавала за дрыготкімі, што праляталі над Сафіяй, вятрамі. У сэрца нябожчыцы быў убіты асінавы кол.

Чорная смерць — адступіла.

 

ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ

“..І кінь мяне, грэшную, пад сандалі Апосталаў Тваіх, каб прайшлі па рэбрах рабыні слухмянай з Полацку. І выціснецца з вінаграду красы і маладосці спелы алей для каўшоў горніх...”

 

РАЗДЗЕЛ 9. Блаславенне епіскапа

Густое месіва ледзяной шурпы пагрозліва-нерухомай лаваю раздзяліла стольнае места з яго дварамі на доўгія тыдні. І калі нарэшце настала доўгачаканая пара і Дзвіна гэтак жа раптоўна, як вырвалася на волю, вярнулася ў свае звыклыя берагі, Полаччына яшчэ доўга і насцярожана чакала.

Веснавая распагоджанасць, аднак, брала сваё. Над весямі і гонямі засвяціла цёплае і па-весняму сліпучае сонца, з краю ў край загойсалі, зашумелі кудлатыя гаючыя вятры, распушылі яркія хвосцікі лазовых коцікаў, развеялі па берагах салодка-млосны пылок першацвету. Настаў той час абнаўлення, калі полацкі епіскап Ілля ўрэшце змог паклікаць у свой загарадны харом старшынаў полацкага веча. Асобнае запрашэнне, замацаванае пячаткаю, было прывезена і Еўфрасінні, тая, прачытаўшы пасланне і яшчэ нават не ведаючы, што ў гурце гасцей уладыкі будзе адзінаю жанчынай, трывожна задумалася. Жанчын на такія сходні звычайна не запрашалі. Адначасна адчула і палёгку: можна будзе распавесці пра свой капішчанскі відзеж. Тады яшчэ раз перачытала запрашэнне.

...У гэты даволі прасторны, але сціплы пастырскі дом Еўфрасіння прыехала загадзя. Пасля кароткай гаворкі з пісцом скіравалася ў бібліятэку. І нечакана сустрэла там дзіўнага госця. З квадратным, добра паголеным падбародкам і кружком валасоў на вялізнай галаве, малады манах з Рыма нарэшце закончыў агляд бібліятэчных паліц. Быў у грубай хламідзе з доўгім капюшонам. Убачыўшы яе, шырока расплюшчыў вочы: відаць, яшчэ мала сустракаў у гэтым краі манашак. Сумеўшыся, загаварыў:

— Тыя землі, якія ўжо бачыў я, такія ўсе непадобныя. З усходняй часткі зямной запомніў толькі раўніну. Бясконцую і нямую. Агромністая прастора. Хоць і няма вялікіх мораў, няма спёкі і чорных людзей, якіх таксама бачыў у свеце нямала— Дадаў: — Такі адрозны гэты край ад мае радзімы, якую сонца абрала месцам свайго адпачынку.

— Але калі з гэтага канца зямлі яно пачынае свой шлях, стараючыся ў поце высокага чала, то, значыць, шлях ягоны мудра размеркаваны. У вас яно адпачывае, у нас, — Еўфрасіння ўздыхнула, — найболей працуе. І ўсе мы яму роўна патрэбны.

Манах выняў са свае кайстры добра пацёрты, ці не ў германаў набыты манускрыпт і, разгарнуўшы яго, папрасіў Еўфрасінню падысці бліжэй, паказаў невялікую мініяцюру: чатыры жаночыя постаці, схіляючыся сваімі дзяржаўнымі каронамі перад тронам свяшчэннай Рымскай імперыі, трымалі ў руках паднашэнні. У першай з дараносіц адразу ж пазнала ўвасабленне ўсяе рымскай зямлі, далей у парадку іерархічнага царкоўнага старшынства, якім бачыў яго даўні майстра, паўсталі Галія, Германія і Склавінія.

— У залатым рогу германаў, брат наш, не зямныя плады і шчадроты, як бачыш, а зусім іншыя каштоўнасці. Хоць і складзены яны крыжам, што азначае, пэўна, памацненне ў тым краі царквы і веры, атрыманай з рук Папы Рымскага.

— Затое ў вашай Склавініі замест кароны сцяна! Ці не ёю, як нехта тут паказаў, край ваш хоча аддзяліцца ад іншых дзяржаў?..

— Лепей убач, што ў правай руцэ нашай — сонца, а левая таксама паказвае ў неба...

— «Еttollerucem suam соtidе еt sе quatum mе...»

— Улада прыроды і свяціла яго — вось мерка моцы Боскае. А той... — ціха пераклаўшы пачутае, прадоўжыла: — «Той, хто хоча ісці за Мной, няхай адлучыць сябе ад іншага, возьме свой крыж і кожны дзень ідзе...»

Прыслухаўшыся да моцнага ветру, што далятаў сюды праз высокія вузкія вокны, задумаўся.

— Семя ў зямлі толькі ад сонца наталяецца, сястра, а вецер і такая вялікая вада, як у вашай зямлі цяпер, адно ад помыслаў грахоўных бываюць.

— Але каянне і вера ператвораць іх на добрае... — Уздыхнула. — Варта толькі насенню Боскаму прыняцца, як у людзях узнікае прага знішчыць яго. Хіба не зведалі і вы смерці пакутніцкія, прынятыя ад Нерона?

— Усё цела маё і плоць тых людзей, якіх бачыў па вашых дарогах, паслаблены грахом, і душы ўстрашаны пажадамі. — Падвысіў голас, што і без таго гучна разлягаўся па зале. — Можа, знайду адказы ў Грыгорыя-страсцерпца, які, кажуць, прыплыў з нашага Рыма ў Ноўгарад на вялікім камені. Цяпер пайду да яго.

У голасе госця нечакана пачулася нешта такое, што выклікала спачуванне, аднак рымлянін ужо схамянуўся і застыў пасярод бібліятэкі — шыракаплечы, але з хвараватым і пашарэлым ад доўгага падарожжа тварам:

— Калі Пан мой дзве лепты ўдавы не адхіліў, то хіба не возьме ад нас золата пакаяння?

— А хіба змерана вышыня нябесная зямным золатам? Хіба выпрабавана, брат мой, адно пажадамі людскімі глыбіня апраметнай?

...Рыпнулі, вырваўшы яе з роздуму, важкія дзверы, і заклапочаны дзяк, уляцеўшы ў бібліятэку, замахаў рукамі, запрашаючы яе ісці следам.

* * *

— Хоць усе вы, да гэтага часу, быццам няродныя сыны...

Калі епіскап сам увёў у гасцёўню маладую манашку, белую ад хвалявання, з вялікімі цёмнымі вачмі, у глыбіні якіх, нягледзячы на шарасць манаскага каптура, стоена адбіваўся агонь такое моцы, што нямногія гэты позірк змаглі вытрымаць, прысутныя міжволі пераглянуліся. Барыслаў, які ачольваў найбольш заможны гурт з левага боку дубовага стала, ад нечаканасці ажно прыўзняўся: «Доўгавалосая?!», але гаспадар дома, дакрануўшыся да крыжа на абцягнутых корзнаю грудзях, ужо завяршаў малітву. Садзіў маладую манашку побач з вялікім князем, працягваючы тым жа роўным тонам:

— Хоць і аддаліліся вы, баяры полацкія, ад грудзей маці вашай царквы... — паважна паказаў на святароў, што сядзелі з правага боку,— мы, выконваючы дадзены ад Бога пастырскі абавязак расплюшчваць вочы народу свайму, не можам пагарджаць бацькоўскімі наказамі! — Насцярожана падняў позірк на Барыслава і яго суседзяў. — ...Бо як галава кіруе часткамі цела... — Нехта незадаволена гмыкнуў. — ...і як Эфраім звяртаўся да Юды і Самарыя да Ерусаліма...

Князь Барыслаў зноў рэзка прыўзняў над сталешніцай руку, але дзверы ў залу нечакана адчыніліся — таропка аддаўшы ўсім паклон, хуткім крокам увайшоў цівун. Перадаў епіскапу пергаменны скрутак, і той, прачытаўшы першыя словы паслання, адразу падняўся:

— І з Божае ласкі перамовы князёў нашых з Кіевам завяршыліся мірам!

Праз гасцёўню шугануў узрушаны шум галасоў, і ўсе міжволі павярнуліся да князя Барыса, што ўсміхаўся ў кароткую сівую бараду. Адно запалачанін нечакана так глыбока ўздыхнуў, што моцны кашаль затрос усё яго цела. Епіскап адразу ж узяў у рукі званочак; князь, аднак, паспеў прыгубіць кубак з мёдам і прыціх. У гасцёўні, нягледзячы на радасную вестку, панавала маўчанне, якое зноў жа, абвёўшы ўсіх вострым позіркам, парушыў гаспадар:

— Землі нашы полацкія пашыраюцца, і гэта ўжо... — зірнуў на князя Барыса, — дзякуючы сіле княскай. Але ж пашыраюцца і прасцягі для працы пастырскай. Толькі калі бераце подаці ад тых, хто жыве па ўзмор’і варажскім, і з літвы, то чаму, валадары полацкія, не думаеце пра душы іхнія? — Скрушна ўздыхнуў. — Хто вінаваты, скажыце, што адкупляюцца людзі ад вірнікаў, зборшчыкаў подаці вашых, не толькі вавёрыцамі, але часам, — голас уладыкі ўжо звінеў, — і наготамі сваімі?! — Суровы позірк зноў слізгануў па запалоцкім князю. — І як спытаць з тых таемных ханскіх пасланцоў, што, хаўрусуючы з адступнікамі крыўскімі, насцігаюць цэлыя весі ізгояў і, яка псы д’яблавы, жоны і дзеці іх паімаша?!

Голас епіскапа ўжо басіў, і прысутныя сцішыліся, міжволі скіраваўшы позіркі на тую, што па-ранейшаму з годным маўчаннем сядзела поруч з самім вялікім князем. А Еўфрасіння, адчуўшы на сабе недаўменныя позіркі, міжволі апусціла галаву. Аднак новае пачуццё, што ўлілося ў яе сэрца пасля пахавання бельчыцкага святара, тое бязмежнае адчуванне ўласнае сілы не паслабела.

...Памяць імгненна вярнула ўбачанае па дарозе з Бельчыцаў. Каля дрэваў наўсцяж гасцінца дваццаць альбо нават болей схуднелых смердаў былі прывязаны за рукі да верхніх галін, у прарэхах дзіравых сарочак чарнелі парваныя сабачымі ікламі раны. Кметы з пікамі і сякеркамі не дапускалі да ўвязненых нават іхніх жонак Тады, саскочыўшы з павозкі, пабегла да пакараных бліжэй, але тут жа спынілася перад скрыжаванымі дзідамі варты. А адзін з увязненых нават сумна засмяяўся:

— І ты паверыла ім, Прадслава? Хіба ж я забіваў? А ты паверыла. Толькі і я аднойчы хлусу запалоцкаму... паверыў! Ой, як паплаціўся.

Намагалася бліжэй падступіцца да клеткі, у якой сядзеў сам Кірык — амаль голы і ўжо з барадою да пояса. Скрывіўшыся, зноў прашаптаў:

— Усё, чаму Даніла навучаў, — хлусня, Прадслава! Міласэрнасць... Літасць...

Падстаў шчаку другую... Хлусня!

— І кожнаму будзе дадзена па веры яго, Юрык. Маліся.

Слязлівыя вочы даўняга сябра пазіралі цяпер адначасна з насмешкаю і такой балючай мальбою, што падняла руку і міжволі перажагнала яго. Забойцу бельчыцкага святара, якім прызналі Кірыка баяры, чакала знакамітая, самая глыбокая ва ўсёй Полацкай дзяржаве відбеская яма, адкуль яшчэ ніхто не ўцякаў.

...Нехта з прысутных гучна кашлянуў, імгненна вяртаючы яе ў залу.

— Дзікі край перад намі прасціраецца, уладыка,святар з Друцка схіліў цёмна-сіні клабук, — ...каля Мядзведжай Галавы, падобна ліфляндцам, абагаўляюць свяцілы нябесныя і змеяў, дазваляюць жанчынам пакланяцца Лайме і Дзякле. Усхвалявана перадыхнуў. — Нясуць, уладыка, ахвяры свайму Вайцгінгасу, каб даў ільну на адзенне. Бо ўсё, што самі наткалі, вірнікі забіраюць. Чуў нядаўна прыказку ад аднаго смаляніна: «Ой, блага жывеш, князь, — літвою і жмуддзю арэш...»

— Ці не ведаем таго? Епіскап сурова глянуў на святара, і той, успыхнуўшы, замаўчаў.

— Ці, можа, забылі, браціе, што кніжныя славесе падобны да рэкаў якімі наталяецца ўвесь сусвет. Ці часта плывём па тых рэках да чужых берагоў, дзе нас так чакаюць?! Аднак жа прысніўся нам у ноч з суботы на нядзелю Анёл...

Гэты пераход уладыкі да сну здаўся прысутным такім недарэчным, што ўсе міжволі скіравалі на прамоўцу здзіўленыя позіркі. А той нечакана важка падняўся і выйшаў з-за стала. Недаўменна перамаўляючыся, госці таксама стоўпіліся пасярэдзіне пакоя. Бліжэй, аднак, акрамя бацькі Святаслава, падышлі толькі вялікі князь Барыс і ваявода Вялішын са святарамі.

А Еўфрасіння ўжо стаяла побач з епіскапам, адчуваючы, што не можа варухнуць нават пальцам. Ад высокага ўкрыжавання з правага боку хлынула такая гарачая, пругкая хваля, што ледзь утрымалася на нагах. Адчула на сабе суровыя позіркі апосталаў з пасярэбранага абраза Тайнае Вячэры на сцяне.

— Дух Святы Божы, усюды прысутны, які ўсё накіроўвае, скарбніца радасці, дабра і ласкі, прыйдзі і жыві між нас, каб стаў дом наш Тваёй святыняю і шлях наш — Тваім шляхам.

Як праз мярэжу, бачыла, што, падняўшы руку, уладыка ўжо ўскладае свой вялікі крыж на яе галаву:

— Тое і перадаю ўсім, пачутае ад Анёла: каб была Еўфрасіння ў Сяльцы і збудавала манастыр! Памілуй нас, Госпадзі, адвярні і Ты, Літасцівая, аблічча Сваё ад грахоў нашых, адвядзі пошасці варожыя ад Полаччыны і захавай край наш на вякі вечныя. Каб гоні былі плодныя, крыніцы гаючыя, рэкі чыстыя...

— А што з тацямі яна хаўрусуе, то як? — Злоснае сіпенне запалоцкага князя змусіла ўсіх уздрыгнуць, але яго адразу ж перапыніла рокатнае:

— Божа Усёмагутны, блаславі Абранніцу і ахіні яе моцаю і ласкаю Духу Твайго Святага. Няхай будзе імя Тваё блаславёнае на Еўфрасінні полацкай.— Епіскап на хвіліну прымоўк, але вось голас яго зноў уладна ўзмацніўся. — Перадаём з жэзлам ігуменскім Еўфрасінні ва ўладанне вечнае метахію Святой Сафіі з царквою Святога Спаса ў Сяльцы. І пасля смерці мае ніхто каб не судзіўся за мой дар гэты. Як блаславёнае міра, хай узыдзе малітва яе да Госпада за ўсю зямлю крывіцкую. І няхай жыціе твае, агніца, прасія прад анёламі і, як вянец на галаве царскай, няхай спачывае Дух Святы на табе...

...Краем вока бачыла: услед за служылымі з гасцёўні выходзяць, міжволі прыхоўваючы здзіўленне, насцярожаныя баяры. Але яна ўсё яшчэ маўчала, стоячы каля сцяны. За апошнім нарэшце прычыніліся дзверы.

— Будуй Сяльцо, ігумення! — Зняможаны бяссоннем і бясконцымі клопатамі, стары пазіраў перад сабою перапоўненымі скрухай вачмі. — І вядзі кашару: прасі, як загадвай, але ўшчувай без страху і няверы, іначай раб чорны знойдзе нават маленькую шчыліну і ўпаўзе, калі слабасць пачуе. — Уздыхнуў. — Толькі хто ведае, чаму да святога Крыжа мы ідзём праз грахі смяротныя?

Адчуўшы ў голасе ўладыкі напружаныя тоны, схіліла галаву, але ён ужо схамянуўся:

— Не зусім тое тут, што казаў. — Апусціў важкую далонь на стол, дзе ўсё яшчэ ляжала пасланне. — І ты... Не ўсю праўду казаць сабе дазваляй! Дзеля самой жа праўды — Незадаволена падняла галаву, але епіскап імгненна ўзвысіў голас: — Вялікі князь кіеўскі Уладзімір Манамах памірае! Яшчэ колькі часу — і адмовіцца Барыс ад стальца на карысць Давыда, чацвёртага з Усяславічаў. — Са стогнам выпрастаў плечы. — Толькі вялікая смута ідзе супроць Давыда. Моцна Барыса ўсе шануюць. Цяпер за сына ягонага Рагвалода могуць голас падаць. Вось і думай, ці надоўга закняжыць Давыд. — Уздыхнуў. — Разлому крывавага паміж зроднікамі, дзядзькам і братам тваім стрыечным, чакаем. Аднак воля Божая — вышэй за княжую! Слухай, чаго народ хоча. Вялікая сіла цяпер у руках тваіх, ігумення.

— Калі так, уладыка...

Епіскап крыху здзіўлена і насцярожана схіліў галаву:

— Кажы, што хацела сказаць, ігумення.

— Першая мая просьба — вызваліце смердаў тых, якія на капішчы не ведалі, што дзеюць.— Яшчэ няўпэўнена кашлянула.— І асобная просьба — за Кірыка, у імя Госпада, чые раны адкупілі грахі нашыя.

Епіскап, паволі ківаючы галавою ці то яе словам, ці сваім патаемным думкам, нечакана падняў востры позірк:

— Аб чым просіш, неразумная?! Ці ж не ведаеш? Ледзь не загубіў ён цябе, таць той! З запалоцкім пярэваратнем хаўрусуе. Памыслі! Смерд той злы і нікчэмны. Сэрцу, кажу, многа волі даеш! А табе, пакліканая, слабіна тая ўжо стакроць не дазволена.

— Смерд... Князь. Усе перад Госпадам роўныя. Не даведзена яшчэ віна яго...

— Калі за якога чалавека просіш, думай і пра тое, што за грахі ягоныя заступаешся. І зламыснасць, і хцівасць, і ліхаімства, і немач, і чарната памысленняў на кожным...

— Прымаю словы твае, як зерне ў жытніцу душы, каб прыносілі плады, і па трыццаць з кожнага, і па шэсцьдзесят, і па сту. Але за Кірыка...

— Адразу пазнаць хочаш і цяжар служэння ігуменскага?

Узяў у руку срэбны званочак, і ў пакой тут жа ўляцеў цівун Прошка.

— Коні гатовы?

— Як загадана было, уладыка.

— Тады едзем, сердабольная.

 

ПОРУБ

«І скажуць табе, што зводнік і антыхрыст я, бо не вызнаю Ісуса Хрыста, які прыйшоў у плоці, — не вер. Не вер! Скажуць, што ганю ісціну і супярэчу, сыплючы жвірам у вочы пакліканым, якія асвечаны Богам Айцом і ахаваныя Ісусам Хрыстом, — не вер!»

Дождж урэшце стаміўся. Але куды яны, ледзь паспяваючы за павозкай епіскапа, едуць, яна здагадалася толькі пасля Сарочых Хмызоў. Манастырская павозка спынялася каля чатырохсценнай, складзенай з тоўстага бярвення пабудовы, у якой размяшчалася вартавая служба: гэта быў стары, збудаваны яшчэ на пачатку княжання вялікага Рагвалода, полацкі поруб. Узмахам рукі загадаўшы цівуну застацца каля ўвахода, епіскап прапусціў наперад двух вартаўнікоў са смалякамі, падаў знак ісці следам і Еўфрасінні. Пачаў паволі спускацца ў глыбіню поруба, асцярожна ступаючы па расслізганых каменных прыступках. Часам дакранаўся рукою да асклізлых сцен. І чым глыбей яны апускаліся, тым цяжэй было дыхаць: цяжкі дух сыходзіў, здаецца, з самога чэрава яміны. Слых злавіў нязвыклыя для вуха гукі, падобныя да агіднага булькання хворай цемры.

...Следам за епіскапам Еўфрасіння ўваходзіла ў знакамітую на ўсёй Полаччыне вязніцу. Багна загуслай плесні і кіславатай сырасці азвалася гучным енкам: якраз міналі вузкі праход. Цьмяныя прамяні-водбліскі ад лучын, ушчэмленых у сцены, выхоплівалі з густога марыва чорныя дошкі бакавых клетак. У вузкія шчыліны паміж імі, раздзіраючы космы доўгіх бародаў, працэджваліся тонкія, як цэўкі, ледзь бачныя рукі ўвязненых. Змеціла і хворы бляск вачэй: позіркі былі напоўнены адначасна нянавісцю і мальбою. Хітнулася, бо так моцна біў у грудзі цёмны грэх, які ўжо спазнаваў пакуту і слодыч пакаяння. Слых нечакана рэзка крануў жаночы крык з глыбіні кутняе клеткі, каля якой яны ўжо спыняліся:

— Іспра!..

Махаючы рукамі, ледзь прыкрытая спарахнелымі лахманамі, чорнавалосая, яшчэ даволі маладая жанчына выкрыквала праклёны, забіўшыся ў куток. Падалей ад таго месца, у якое Еўфрасіння ўзіралася ўсё пільней. А нявольніца быццам прагнула адно знікнуць, працадзіцца праз сцяну сваёй вязніцы. Старэйшы вартаўнік, нахіліўшыся да ўладыкі, ужо шаптаў таму нешта на вуха, і Еўфрасіння міжволі адхітнулася, нарэшце зразумела тую глухую трывогу, што сціснула сэрца пры першым жа позірку на гэтага служылага. Яшчэ раз падняла позірк і зноў сумелася. Перад епіскапам стаяў той самы заслаўскі лучнік, што так часта трывожыў яе сны начнымі жахамі. Але колішні нахаба з задаволена-ўпэўненай ухмылкай быў цяпер не ў старых дашчаных латах, а ў багатым чорным кафтане.

Жанчына ў клетцы, усё яшчэ тузаючыся ў цёмным куце, не сунімалася:

— Іспра!

Уладыка з нізка апушчанымі плячмі, стоячы блізу Еўфрасінні, выдыхнуў:

— «І сказаў ёй цар сірыйскі Венедат: «Чаго табе, жанчына?..» І пачуў: «Зварылі мы сына майго...»

Увязненая затрэслася:

— ...не варылі! Іспра сам!

Епіскап, не зважаючы на енкі, працягваў:

— «...і зварылі мы сына майго, і з’елі яго...»

— Іспра!.. Усё — іспра!.. Уклаў спярша сына ў маё чэрава, а тады з’еў!..

— То колькі ж ратоў у твайго іспры было, Веранія? Не бойся, хадзі сюды. Раскажы Кажадубу.

Да жанчыны падступіўся старэйшы вартаўнік, і тая пачала спалохана ўскідваць перад сабою рукі:

— Адзін... другі... трэці!

Задаволены, Кажадуб падаў знак, і другі з вартаўнікоў, які ўвесь гэты час стаяў пры ўваходзе, прыўзняў смаляк.

Тады ў бляклым хворым святле яна нарэшце ўбачыла тое, да чаго ўвесь час цягнуўся позірк. Хітнулася назад, але ўладыка ўжо моўчкі працягваў свой, аздоблены залатымі ўзорамі, пояс. Вочы яго, пашчыпаныя едкім дымам, яшчэ болей слязіліся. Тады, схіліўшыся, паціху, каб знячэўку не зачапіць душы маленькага пакутніка, плоць якога была спажыта ў гэтым страшным месцы, пачала збіраць з клейкай гразкай падлогі дзіцячыя костачкі з плямінамі мяса, складваючы і ахінаючы іх святарскім поясам. Рукі гарэлі, як налітыя расплаўленым воскам.

«Ойча нябесны, выбач і ўратуй...»

Як у сне, пачула Кажадуба:

— Тут і нарадзіла...

— Хто прыслаў яе?

— Князь Барыслаў з Запалоцця.

— Віна ў чым?

— Выпусціла насуперак волі княжай таця прышлага.

— Ці не Кірыка?!

— Блудніца!

Кажадуб, схіліўшыся да епіскапа, нешта зашаптаў на вуха, і той ажно хітнуўся:

— Княжая воля!

Кажадуб ужо запабегліва паціснуў плячмі, аднак слых яе, здаецца, абвастрыўся ад накату гневу:

— Як трапілі сюды згубцы? Вароцечкі — моцныя. Дзе варта была? І чаму не крычала?

— Таго не ведаю. З’ядалі немаўля ноччу.

— А хіба тут бывае дзень?

Улавіўшы ў голасе госці нечаканую пагрозу, старэйшы вартаўнік пачаў нахіляцца, каб дапамагчы, аднак Еўфрасіння пазірала толькі на жанчыну:

— Кормяць як, нябога?

Не чакаючы адказу ўвязненай, строга выпрасталася.

— Усім цяпер цяжка, — голас Кажадуба, які, здаецца, толькі цяпер пачаў пазнаваць у наведвальніцы полацкую князёўну, адразу ж прыглух.

Гнеўна падняла галаву:

— Пасылаў жа бацька ў ваш поруб цэлы воз рэпы! Якраз два дні таму. Ці скралі, можа? Тады — хто? Адказвай мне, вартаўнік старэйшы!

Кажадуб імгненна сцёр з аблічча ўхмылку і нешта таропка паясняў, але яна ўжо не слухала. Перадаўшы загорнутыя ў пояс костачкі епіскапу, які, адчувалася, ледзь стаяў на хворых нагах, павярнулася да наструненай, гатовай да ўсяго жанчыны:

— Пойдзеш са мною!

Таропка соваючы каленьмі, увязненая тут жа папаўзла да выхаду — малодшы вартаўнік якраз прачыняў дзверы перад епіскапам. Следам выходзіла і Еўфрасіння, але, павярнуўшыся, рашуча грымнула ў пазы вароцечак тоўстую жардзіну, пакінуўшы ў клетцы Кажадуба, які спачатку нават нічога не ўцяміў.

 

— Ты, — павярнулася да маладога, — будзеш старэйшым замест хлуса. Патрымай датуль, пакуль праўды не скажа і не пакаецца.

Толькі цяпер зразумеўшы, што адбылося, Кажадуб бухнуўся на калені і зароў:

— Уладычыца, злітуйся! Уладыка, слова скажы!

Епіскап, не азіраючыся, ужо спяшаўся ў помарак вузкага поруба. Пайшла, не зважаючы на крык увязненага, і яна. Краем вока змеціла, што апошняю спяшаецца, засланяючыся ад святла, Веранія.

Нарэшце, апынуўшыся наверсе, сурова зірнула на новага старэйшыну варты:

— Ці ёсць яшчэ ў порубе дзеці?

— Толькі тыя, якіх падкінулі. Двое жывуць...

— Дзяцей падкідваюць? Звяла бровы.

— У яме ж лепей, чым недзе псы разарвуць...

— А калі разрываюць людзі?

Схіліўшы галаву, малады вартавы ўжо забіраў ад епіскапа пояс з костачкамі:

— Пахаваем з малітвамі айца Яўлампія, які прыходзіць штодня для службы Божай.

— Спраўдзіш сказанае?

— Спраўджу, уладычыца.

Ад’язджаючы, яшчэ раз азірнулася на блакітнавокага, хаця і не надта высокага, але з валявым, памечаным ямінкаю, падбародкам, вартавога поруба.

— Як завуць цябе?

— Кмет Сава, уладычыца. Варта наша за вамі ззаду паедзе.

..Яны ўжо блізіліся да Полацка, калі Еўфрасіння міжволі адплюшчыла павекі. Павозка з епіскапам рэзка спынілася — да слыху раптам данесліся пагрозлівыя выкрыкі. Дарогу перагарадзіла ўнушальная гуртоўня смердаў, і абедзве павозкі ўмомант абляпіла неспакойная людская зборня.

Яшчэ нічога не разумеючы, Еўфрасіння зірнула на епіскапа, але той, паважна прыгорбіўшы плечы, моўчкі знерухомеў на пярэдняй павозцы. І раптам над людскім збоем прахрыпелі грозныя галасы:

— Праксэду хочам! Прадслава будзе!

— Прэч, находнікі!

— Ні закону грэчаскага... Ні закону рымскага... Хочам сваю, полацкую!

— Няхай яна цяпер службу служыць!

Спалохана азіралася, але некалькі дужых дзецюкоў, падступіўшыся да павозкі епіскапа, рашуча абхапілі яе з абодвух бакоў і пачалі павольна расхітваць. Цівун Прошка, грозна падняўшы бізун, зніякавела азіраўся, не насмельваючыся нават узмахнуць рукою. Змеціў, што людзей штокроць прыбывае.

А Еўфрасіння разам з епіскапам ужо сышлі на зямлю і пачалі паволі адступаць. Саскочыў і цівун, пільнуючы найперш пабялелага епіскапа.

— Абарані, уладычыца! Заслані! Не гневайся! Не адступае смерць лютая. Косіць двары. — Людзі, падагнаныя бядою, наступалі на яе ўсё смялей — Барані, уладычыца!

Абвяла позіркам пярэднія, у грубых світках і злямчаных стаўбунах, шэрагі. Моцна трымаючы Евангелле, парывіста ўскінула вольную руку. Праз увесь прасцяг агромністая людская хваля неўспадзеў так рашуча, з такой нечаканай гатоўнасцю ўкленчыла, так пакорліва схілілася, упіраючыся ў гразкую раллю зношанымі лазутнямі і лычакамі, да самай зямлі, што, здавалася, пачуліся ўдары ўстрывожаных сэрцаў. Міжволі сцішылася.

— Блаславі, заступніца... — Бліжэйшыя, соваючы каленьмі па ледзяной гразнучы, падпаўзалі да самай дарогі. — Бласла... ві...

— Бласлаўляй, ігумення. — Хрыплаваты голас епіскапа перарываўся.

— Але ж не маю...

— Служэнне табе такое цяпер даю!

— Уладыка, толькі ты...

— Бласлаўляй! Іначай разнясуць! — Сіпла аддыхваўся.

— Сцвердзі, уладыка, што ў порубе нікога не ўсмерцяць.

— Не ўсмерцяць!

— І на калы не...

— Не пасадзяць! — Сіпеў ужо з мальбою: — Бласлаўляй, ігумення!

Зняўшы з шыі свой невялікі нацельны крыжык, падняла яго высока над галавою, і бязладныя крыкі тут жа прыціхлі.

З боку поруба імчала варта, ачоленая Савам, але яна, ступіўшы да людзей, зноў узнесла руку для блаславення. Поле смердаў адазвалася радаснымі крыкамі.

На павозцы раптам адчайна заскуголіла Веранія. Ахінутая радном, якое заўсёды ляжала на сподзе калымагі, раз'ятрана ўскрыкнула:

— Іспра ўсё!

Але, злавіўшы косы позірк ігуменні, прымоўкла.

Праз поле са свістам праляцеў халодны вецер, і людзі, азіраючыся, пачалі падымацца. Адводзячы ўбок суровыя позіркі, разыходзіліся.

Нейкая маладзіца блізу дарогі ў апошне, трымаючы на руках немаўля, падскочыла да павозкі, нечакана паднесла яго да Еўфрасінні:

— Блаславі!

Слухмяна падняла руку, аднак у апошні момант змеціла, што дзіця — нежывое.

Праз некалькі дзён у паслушніцкай забудове блізу Сафіі на вымытую ў вялізным, выдзеўбаным з цёмнага дубу карыце Веранію ўсклалі, каб суцішыць пажады плоці, важкую валасяніцу. Амаль не спала ў тыя дні, растрывожаная, і Еўфрасіння, толькі цяпер зразумеўшы, што будаваць манастыр давядзецца наноў: хілыя пабудовы, найбольш клеці і свірны, каля старой царквы ў Сяльцы залішне доўга служылі сховішчам для гародніны і рознай збажыны і для абіцелі не былі прыдатныя. Смылела і новая стрэмка. Уладыка пасля сустрэчы з раз’ятранымі смердамі пакрыўджана аддаліўся, пераклаўшы ўсе перамовы з ёй на маладзенькага пісца.

 

РАЗДЗЕЛ 10. Заснаванне манастыра

Сакральнае

— Хіба забыла ты, Еўфрасіння? Усякае дыханне — ды славіць Госпада.

Прыйшла любоў, і паўсталі супроць яе ненавіснікі.

Шмат уціскалі мяне з юнацтва майго, але не адолелі.

На хрыбце маім аралі аратыя, вялі доўгія барозны свае.

Але Гасподзь справядлівы, ён рассек путы знявернікаў.

Хай жа будуць, як трава на дахах, што раней, чым вырвана будзе, засыхае, і ёю жнец не напоўніць рукі сваёй, а хто вяжа снапы — жмені сваёй.

«Прабач, Божа, прабач мяне, такую слабасілую і леную, жорсткую і неразумную... Прабач мяне, Божа».

Суцішваючы памяць, насцярожылася — нехта паціху, бы крадучыся, падымаўся наверх. Крокі нечакана памацнелі — да келлі ўжо спяшаліся бегма. Тады, не зважаючы на боль у жываце, паднялася, запаліла яшчэ адну свечку, і ў тое ж імгненне грубая тканая дзяружка, што служыла дзвярыма галубцы, адхінулася, ад чаго міжволі адступіла назад. Але тут жа з палёгкаю ўздыхнула: на парожку стаяла Веранія, аднак чамусьці без каптура і ўся аплеценая грываю распатланых чорных валасоў. Здзівілася. Узіраючыся ў белую, што снег, з шырока расплюшчанымі ад бяссоння і вар’яцкай рашучасці вачмі жанчыну, міжволі звяла бровы.

— Што сталася, Веранія?

Запытала строгім тонам, але паслушніца ўжо ўпадала ў гарачку, нават не разумеючы, хто перад ёй. На дне вар’яцкага позірку віраваў пранізаны пякельнымі сполахамі, такі гарачы нутраны покліч бясцямнай жарсці, што, крануўшы пальцамі свой ігуменскі крыж, Еўфрасіння міжволі падступіла да стала, на якім чакаў званочак

— Паглядзі!

Агорнутая распатланымі валасамі, начная госця крычала ўжо амаль бясцямна, і Еўфрасіння адчула ў сэрцы балючы ўкол трывожнай голачкі.

— Аддай сына! Вярні... спажытага! Дзе яны, костачкі малыя?

Апускаючыся на зямлю, Веранія застагнала так жудка, што Еўфрасіння не вытрымала і падхапіла са стала званочак. У келлю тут жа ўляцела некалькі маладых сёстраў, якія пачалі адводзіць паслушніцу да дзвярэй, але тая, з пенаю на скрыўленых вуснах, нечакана вырвалася і, выкрыкваючы клёны, кінулася з галубца ўніз. З рогатам выбегла з Сафіі на падворак. Яўлампія і сёстры, шырока расплюшчыўшы вочы, зніякавела стаялі каля выхаду.

Ігумення нават знакам не паказала гневу, паціху зганяючы з аблічча прыкрую чырвань. Нарэшце ўладна прамовіла:

— Накажыце князевым кметам, каб хворай здзеку не чынілі, бо прымем спакушаную ў Сяльцо. — Перажагналася. — І адмолім грэх.

Яўлампія, згодна кіўнуўшы і выводзячы з келлі сясцёр, падалася да дзвярэй.

А Еўфрасіння, нарэшце застаўшыся адна, стомлена апусцілася на калені. У келлю з боку ракі даляцелі крыкі Вераніі. Тады, міжволі змагаючы ліпкую задуху, замерла: у галубцы зрабілася нечакана глуха і цёмна, бы ў тым вузкім бяздонным калодзежы, па якім у полымя апраметнай ляцяць самлелыя душы грэшнікаў, прыход спакушанай быў толькі пачаткам. Улавіўшы смуроднае дыханне, азірнулася.

У куце раптам бліснуў пажадлівы позірк чырвоных вачэй — той, хто нарэшце патрапіў у яе жыллё, чакаў, стаіўшыся. Самы моцны з усіх, з кім ёй давялося

сустракацца.

Сам нябачны, бачыў усіх і ўсё. Бесцялесны, ва ўяве людской паўставаў агромністым, з пачварна крутымі рагамі. Вораг, нячутны слыху чалавечаму, сам чуў нават тое, як прапаўзае чарвяк у чорнай лусце зямлі, як пырхае крылом жоўты матылёк і расце волас на дзявочай галаве. Быў цяпер так блізка ад яе, што па плячах шуганулі гарачыя мурашкі, так горача патыхаў смуродам цвілі, вызіраючы з усіх кутоў, так пажадліва набліжаўся, што праз келлю праплыла нудотная хваля. Устрывожана сцішылася. І раптам чужая сіла, палкая і млосная, сапраўды наляцела, ударыўшы спачатку па ўгнутай спіне і грудзях. Але вось ужо расцеклася па ёй усёй. Тады змеціла на сценах вогненныя водбліскі, растуліла апаленыя жарам вусны: «Ады-дзі!» Нават спрабавала адхінуцца, але гарачая пругкая цемра ўжо налятала з усіх бакоў, абліваючы яе ліпкім, як смала, ліўнем. Цела размякла, і ўсярэдзіне пачаў расці такі пякучы і нязвыкла моцны покліч, што, знерухомеўшы на халоднай каменнай падлозе, абняла рукамі падціснутыя да грудзей калені. Ахопленая адчаем, зразумела, што вораг ужо не адступіцца. І адразу ж важкая, хаця і нябачная, чужая плоць сапраўды абвалакла і сціснула, дыхаючы проста ў твар сераю і чадам. Апраметная сіла ўжо авалодала яе думкамі, абяцаючы такую незямную слодыч, што дзявочы розум замуціўся, а пад грудзі падкаціла нудота.

— Еўфрасіння! — Трывожны крык Яўлампіі настойліва абуджаў. Паспрабавала варухнуцца, але ўсё было марна... Вогненна шаргануўшы вострымі кіпцюрамі па сценах, вораг, ці не сам іспра, нечакана зрабіў да яе апошні рывок, і агромністая д’ябальская пашча разверзлася, схапіла, пачала сціскаць яе галаву, абпальваючы валасы. Тады, сабраўшы апошнюю волю, крыкнула:

— Ізы-дзі! — Паўтарыла: — Ізы-дзі!

Але той, што віраваў цяпер па ўсёй келлі млоснымі кругамі, зноў намогся, нават пачула, як ягоныя чрэслы спрабуюць завалодаць ёю. Ледзь рухаючы сасмяглымі вуснамі, гарачкава крыкнула:

— Ратуй, ратуй мяне, злітуйся, Госпадзі. Ды свяціцца імя Тваё, ды будзе юля Твая, ды прыйдзе Царства Тваё! Ратуй мяне, Жаніх нябесны! Бо жылы курчацца і косці раскрыжаваны!.. Ратуй... — Так рэзка, як разрываючы путы, з такой адчайнай моцаю развінула рукі, што спіна з лёгкім хрустам выпрасталася. Прыўзняўшыся, тут жа апрытомнела ад чаканага і такога салодкага адчування хрусткай вышыні. Уплываючы ў сцюдзёна-празрысты блакіт неба, яшчэ мацней раскрыліла рукі, і струменьчыкі паветра тут жа зашархацелі пёркамі. Халодная раса з блізкага воблака пырснула ў твар. Радасная, пачула сябе яшчэ вальней, даганяючы звонка-ласкавае «ко-урлы...».

Ці, можа, атуленыя срэбрам аблачынак зоркі гэтак перагукваюцца між сабою?

«Ды свяціцца імя Тваё, ды будзе воля Твая».

Памкнулася ўбачыць Таго, хто быў паперадзе кліна, ахінаючы птаства магутнымі крыламі, але ў апошнюю хвіліну, калі голас сястры-гаспадыні зноў паклікаў, уздрыгнула і... ачуняла. Свечкі пад абразамі дагаралі.

Гады, намогшыся, паднялася. І тут убачыла ў бляклым святле, што на ўскрайку акенца сядзіць белая галубка і, схіліўшы галаву, пазірае на яе сваім цёмнымвочкам. А той, хто яшчэ нядаўна змагаў яе грахоўным агнём, ужо раствараўся і знікаў у вечаровым сяйве.

Уратуй, Божа, бо косці мае, бы сякерай, расшчэплены на трэскі і замутнены вочы спакусамі, мацнейшымі за розум.

Злітуйся, бо, перамагаючы, ачышчаюся, Ойча. І небаўзношуся енкамі сваймі. Схіляюся перад выглядам Тваім, Госпадзі, што падобны да каменя яспісу і сардысу і смарагду вясёлкавага.

Павеяла струменьчыкам ладану. На хвілю пачула покліч высокіх птушак. Тады зноў паднялася думкамі. І вось ужо з вышыні Сафіі ўбачыла ўсю сваю Полацкую зямлю, яшчэ крыху часу — і пад зорным небам на шырокіх разлогах пачнецца ранішняя праца. Адусюль ад складзеных у кастры, выкарчаваных смалістых пнёў да самых зорак клубіліся шэрыя ўзвівы дыму. Хутка зазвіняць сякеры і людзі, ачышчаючы ляды, зробяць новае жытло. Блізу ракі на пашу пойдзе быдла: слых, здаецца, крануў звон бомаў, якімі будуць бавіцца пастушкі. Пачула і бразгат мячоў: княжыя дружыны, пэўна, ужо збіраюцца рушыць у дазорны начны аб’езд. У тонкім спеве зорак тапнелі відзежы. Цела, здавалася, было ліпкім і гарачым.

— Ігумення! — Голас Яўлампіі, даляцеўшы ў келлю, адразу ж астудзіў.

Падышла да драўлянай місы з вадою, каб памыцца, азяблая, усклала на сябе неміласэрна калючую ад нядаўна ўплеценай крапівы валасяніцу. Новая апратка была такая важкая і грубая, што адразу ж кранулася і без таго аслабелага цела, змусіўшы яе ўздрыгнуць. Выпрасталася, нечакана адчуўшы сябе амаль празрыстай. Ахінуўшы валасяніцу покрывам, узяла Евангелле і пачала спускацца да Яўлампіі. На стале каля выхаду з Сафіі ў новенькім лазовым кашы ляжалі прыкрытыя кужалем тры жоўтыя хлябы.

— З Праабражэннем Гасподнім, маці ігумення. Хлябы гатовы.

Звонку нечакана даляцеў рогат Вераніі, і Яўлампія яшчэ раз зірнула на ігуменню, чакаючы наказаў, але заўважыўшы пад покрывам валасяніцу, скрушна ўздыхнула. Як часта не могуць зразумець людзі, што ідуць малітоўніцы-манашкі да вялікай Ісціны ў ранах, сягаюць праз пякельныя прорвы і збіваюць душы аб вострыя камяні грахоў смяротных? І спасцігаюць вышыню праз падзенне.

Скасілася: Еўфрасіння, падыходзячы да павозкі, ужо пра нешта задумалася.

— Як будзем ехаць, галубка мая ігумення, старайся не варушыцца. Ад валасяніцы такой раны да касці бываюць.

— Душа цалейшаю будзе.

Але будзь літасцівым да пакутаў рабыні Твае і ўратуй, Госпадзі.

І кінь мяне, грэшную, пад сандалі Апосталаў, каб прайшлі па рэбрах маіх, выціскаючы з вінаграду красы і маладосці спелы сок для Тваіх каўшоў. І няхай пройдуць па ўкрыжаваным шале рабыні твае з Полацка, Дзевы-міраносіцы, і ссукаюць з гарачых жылаў ніткі, якімі будуць сшываць крылы белых анёлаў

Ноч расхінулася над зямлёю зорным покрывам. Адусюль павявала таямнічай начной цішынёю. Ліхтар у руках Яўлампіі кідаў яркае жоўтае праменне праз усю цемру.

Еўфрасіння нарэшце села на павозку, і валасяніца адразу пачала абдзіраць плечы. Спуджана фыркаючы, конь натужна адольваў добра бачную ў яркім месяцовым святле ўхабістую каляіну. Трымаючы ў руках лейцы, Яўлампія раз-пораз моўчкі азіралася: павозку ўжо тузала ва ўсе бакі. Але Еўфрасіння маўчала; ледзь змагаючы боль ад валасяніцы, нават не заўважала, як ад пругкага ветрыку ўзбоч шляху няўцешна гойдаюцца, адбіваючы густой лістотаю бляск зорак, высокія алешыны. Кланяюцца тонкімі галінамі адзінокай павозцы з манашкамі.

..Абсыпанае буйнымі зоркамі нізкае неба спякотнага месяца зарэня заставалася ўсё яшчэ чыстым: ні воблачка, ні хмурага ценю.

Данёсся вар’яцкі крык Вераніі. І хоць гэта, пэўна, зноў прычулася, у сэрца нечакана ўпаўзла атрутная згадка пра начны прыход нячыстага.

Конь, аднак, мераў дарогу да Сяльца ўсё весялей, ноч, падсветленая мігатлівымі зоркамі, была мяккая і ціхая. Аднак зноў — Вераніін смех... Тады, таропка азірнуўшыся, пачала гучна маліцца:

Ойча літасцівы, Суцяшыцель наш, пачуй і літасць Сваю даруй.

Бо прагну даўно, каб рыбакі Твае закідвалі сеці ў вочы мае, якія стварыў такімі глыбокімі і гожымі, як іарданскія прадонні, ахінутыя густымі ачаротамі павекаў. І няхай прыносяць, Божа, тыя сеці да ног Тваіх адно залацістых рыбін любові і шаўковыя водарасці вечнай пакуты аб Табе. І няхай плакальшчыцы Твае,

Госпадзі, збіраюць слёзы мройныя ў бяздонныя чаны мудрасці Твае.

Бо даўно прашу я — з Полацка ігумення Еўфрасіння: злітуйся і пагавары, Ойча, з адчаем і болем маім на мове мудрай спагады Сваёй.

Слёзы каціліся, апякаючы, па шчоках. Але яе малітва доўжылася:

І ўвядзі мяне ў кузню Сваю, Ойча, і сэрца распалі агнём, каб зліць з адхлання нявольніцы Твае срэбныя званочкі для кашары Пастуха!

Куды ні кінецца якая аблудная авечка — зазвініць званочак, папярэдзіўшы неразумную: «Схамяніся і вярніся да Айца!»

Налятаў свежы, пругкі вецер, на сэрцы ставала спакайней. І раптам павозка так рэзка спынілася, што Евангелле ледзь не выпала з рук Устрывожана прыслухалася: здаецца, з супроцьлеглага ад Сяльца боку выразна чулася тонкае воўчае падвыванне.

Яўлампія ўстрывожылася:

— Казалі, каля Сірочых Хмызоў лісіцы звар’яцелыя аб’явіліся. Усіх кусаюць. Людзей і звера... І ваўкоў, чую, пакусалі...

Неба зацягнула пёрыстая чародка бляклых лятучых воблакаў, што на нейкі момант патушылі жоўтую свечку поўні.

— Рухай! Ноч канчаецца. Не паспеем...

Яўлампія рашуча тузанула за лейцы, аднак конь застрыг вушамі і заўпарціўся. Не дапамог і бізун. Тады, паціху апусціўшы ногі, Еўфрасіння ступіла на зямлю. Калючая валасяніца ўжо даўно нацерла ранкі, але яна, трымаючы ў руках Евангелле, асцярожна падалася па дарозе наперад. Конь таксама паціху з насцярожаным фырканнем зрушыўся з месца. У той жа момант зноў пачулася доўгае і, як ні дзіўна, жаласлівае воўчае падвыванне. Конь захроп. Але яна не спынялася.

Вар’яцкі смех Вераніі з цёмнай сцяны прыдарожнага кустоўя цяпер здаўся страшнейшым за ваўчынае выццё, але нават не павярнулася, трывожна ўзіраючыся ў зацемненую начной смугою і ценямі ад лазнякоў дарогу.

Ішла, адчуваючы, як з усіх бакоў блізіцца і б’е ў сэрца смяротная пагроза, што цікавала ўжо за ёю з усіх кутоў гэтай страшнай ночы.

У берагавыя жылы мае і гарачыя струмені крыві, Ойча, што брыняць праз цела спакутаванае, пералі людскія сны вар’яцкія, пажадныя, каб патапляліся на дне. Пералі поты мае ў строму тае ракі, дзе захлынацца будуць тысячаротыя, старукія пачвары бруду і хлусні!

Госпадзі, скажы ловам Сваім, каб паставілі пасткі для пажадлівых рук маіх, бо прагну ведаць толькі пяшчоту міласэрнасці Твае.

І зрабі сіло для вуснаў-птушанят, каб адно зерне каласістых снапоў Тваіх спажываць маглі. Сыпні ж зерне мудрасці рукою шчодрай.

Ратуй, ратуй, Ойча. І аратыя Твае няхай засеюць два белыя пагоркі грудзей дзявочых краскамі і ружоваю канюшынаю на спажыву пчолам нябесным, каб услодычылі соты Боскія!

Спяшала, і дарожныя камякі пад яе нагамі з шархаценнем рассыпаліся ў дробны пясок.

«Каб выкасілі, скажы, касцы траву паміж белых слупоў тых, што ўрастаюць у нутро маё вечным плодам жыцця і смерці, каб было чым Айцу карміць асліцаў у дарозе вечнай...»

На скроні павеяў свежы вецер, ад чаго пачула радаснае ўзрушэнне: набліжалася раніца.

І адразу ж — рэзка спынілася, адчуўшы, што пагроза, дзікая і смяротна небяспечная, ужо зусім блізка. Конская храпа мякка ткнулася ў спіну. Слых зноў улавіў пажадны і такі недарэчны смех, што быццам здзекаваўся.

«Але чаму не хочуць зразумець людзі, што не так зямная валасяніца балючая, хоць абгрызае да крыві грудзі і плечы, але найстрашней тая, сплеценая з салодкіх цянётаў пажада, што ўліваецца ў цела з першароднай крывёю і выплюхваецца з нутра млосцю? Парваўшы зямныя шнуры, ляцяць душы да тых спакусаў, што пануюць у паднебных прасторах, дзе пераплятаюцца рукамі і звіваюцца целамі нашы прымары. Ці бачыў Ты іх, Ойча, ці не ўскіпала ад болю сэрца Тваё? Бо найстрашнейшы грэх — слодыч мройных плоцезлучэнняў!»

Стаяла перад начной цемраю, у якой знікаў вузенькі, сціснуты хмызнякамі, прасцяг.

І зрабі з рук маіх спакушаных, Ойча, жэрдкі для моста ад гэтай зямлі, на якой стаю, да воблака, на якім Прастол Твой, каб ляцелі па мосце да святых ног, бы коні акрыленыя, толькі ўздыхі нашы і пакаянні.

Ратуй мяне, ратуй, Міласэрны. Дай выпрабаванне, каб змагаць мяцяжы душы і пустаслоўе і аблудлівасць праз доўгія леты. Ратуй, Госпадзі.

Тая дзікая сіла, якая спачатку пагражала ёй з усіх бакоў, цяпер так моцна біла ў спіну, што, наказаўшы амаль бясцямнай ад жаху Яўлампіі не выпускаць з рук лейцаў, павярнулася, ноч і сапраўды імгненна азвалася грозным воўчым выццём. Зялёныя агеньчыкі, працінаючы адлегласць, блізіліся так імкліва, што не магла нават варухнуцца. Царкоўную павозку даганяла цэлая зграя, і яна міжволі адступіла. Спуджана заіржаўшы і ўжо не слухаючы лейцаў, конь таксама не вытрымаў. Пачула рэзкае рыпенне колаў і крык перапалоханай да смерці Яўлампіі, якая, відно, не магла нават саскочыць на зямлю. А смерць ужо імчала да іх, насцігала воўчаю ашалелай зграяй, працінаючы трывожную ноч зялёнымі агеньчыкамі.

«Ойча, Сэрцазнаўца, няўжо час настае?»

Падняла вочы — зоркі кружыліся над галавою зіхатлівым колам.

«Выбач, Ойча, мяне, грахаводную, няўдзячную, нецярплівую, аблудную, неразумную, леную, нячыстую. І даруй, дазволіўшы хоць думкамі ўпасці пад ногі Твае, падобныя да халкалівану».

Шырокія языкі пачвараў, якія імчаліся так імкліва па начной дарозе, матляліся, пырскаючы ў бакі пенаю густой сліны. Белыя клыкі блішчалі і здаваліся ў месячным святле пагрозліва вялізнымі. Усё яшчэ трымаючы ў руках Евангелле, падняла яго ўгору і рушыла наперад. Здаецца, нават пачула смуроднае дыханне распаленага бегам вялізнага звера. Але неўспадзеў, адно выклікаўшы ў Еўфрасінні ўскрык жаху, наперарэз ваўчыцы, што вяла за сабою ўсю зграю, ці не з глыбіні густых карчоў раптам вылецела чорнавалосая жанчына, шырока размахваючы рукамі, дзіка закрычала. У той жа момант ваўчыца, мінаючы Еўфрасінню, з лёту скочыла, клацнуўшы зубамі, на ваяўнічую вар’ятку. Адразу ж сціснула вострымі клыкамі яе горла.

Тады нарэшце пазнала Веранію...

У роспачы азірнулася — па дарозе імчаў, высока падняўшы паходню, вершнік. Полымя высвеціла яго чырвоны кафтан і глыбока насунуты на бровы стаўбун. А ваўчыца, павёўшы да Еўфрасінні скрываўленай пашчай, шумна ўцягнула ў сябе паветра. Стоячы блізу яе, вялізныя маладыя ваўкі бліскалі злоснымі вачмі. Аднак вершнік, падлятаючы, так шырока махнуў перад сабою паходняй, так пагрозліва закрычаў, што, ашчэрыўшы іклы, ваўчыца пругка адскочыла ў густы хмызняк. Услед за ёю ў цемры тут жа знікла і ўся зграя. На дарозе з чорнай ранаю ў горле і пагрызенымі грудзьмі засталася ляжаць Веранія.

Урэшце, укленчыўшы каля нябожчыцы, Еўфрасіння пачала гарачкава шаптаць малітву і ўжо не чула, як пад’ехала павозка, з якой вылецела Яўлампія. Вершнік у чырвоным кафтане ўздыхнуў:

— Дзякаваць Богу, сустрэў вас. — Зразумеўшы, што ігумення ўсё яшчэ не можа пазнаць яго, схіліў галаву. — Кмет Сава. — Зноў наблізіўся.— З дазволу твайго пахаваем гаротную на могілках каля старога поруба.

— У Сяльцо! Там будзе.

З нізкага неба нечакана дыхнула навальнічная задуха. Неба было чорнае, як дзёгаць. І хоць не ўпала яшчэ ні кроплі дажджу, над галавою прагрымелі ўдары грому, а ўвесь нябесны паддон раскроіла раздвоеная, бы змяіны язык, маланка. Блізілася жнівеньская навальніца, і Яўлампія ўжо клікала да павозкі.

...Праз колькі часу, адгарнуўшы новую абалонку свайго летапісу, ігумення Еўфрасіння запісала, што быў закладзены Спаса-Праабражэнскі манастыр у Сяльцы ноччу пасля доўгага змагання са спакусамі, з прывезенымі ёю Евангеллем і трыма даравальнымі хлябамі ў імя Айца і Сына і Святога Духа напрыканцы месяца зарэня ў лета ад нараджэння Божага адна тысяча сто дваццаць шостае.

Памяць на імгненне вярнула гнуткія вербалозы ўздоўж дарогі і зялёныя агеньчыкі пасланцоў апраметнай, што тою ночаю старажавалі і праводзілі іх павозку да самага Сяльца. Згадала і рэзкія ўдары грому пасярод сухой чорнай ночы, і адзінокую постаць вершніка з паходняй, і епіскапа, які, прыехаўшы ў Сяльцо той жа шарай раніцаю, здзівіўся, убачыўшы, што ён тут не першы госць. Міжволі прашаптала: «Дасталася, узяўшы толькі кніг колькі, што цешылі душу, мацавалі сэрца маё. І нічога не мела болей. Толькі Цябе, Падаўцу, бо Ты ёсць Айцец убогім, Заступнік скрыўджаным, Надзея расчараваным».

* * *

Сакральнае

...Каб не было любові з намі, паўсталі б людзі на нас, жывых нас яны праглынулі б, калі б загарэлася ятра ў іх на нас; і воды патапілі б усіх, і паток бы прайшоў вірамі над душою нашаю...

Дабраславёны Гасподзь, які не даў нас на здабычу іхнім зубам.

І душа наша вылецела радасна, як птушка з сеткі лаўцовай;

І сетка згубная парвана ўжо, і мы з вамі — вызваліліся...

Ігумення прачыніла дзверы ў шчодра асветлены поўняю манастырскі двор, потым па звычцы абышла старэнькую царкву Святога Спаса, але нечакана сутыкнулася з новай чалядніцай Кулінай.

— Такая пакута для мяне праз усю ноч, гэта ж не тапчан. Гэта ж ложак жалезны, на якім Хрыстовых пакутнікаў спальвалі.

Змеціўшы, што ігумення асуджальна ссунула бровы, чалядніца тут жа змяніла тон:

— Заробак ад продажу мёду манастырскага, матухна...

Еўфрасіння не спынілася, і Куліна, такая высокая і мажная ў сваім шырокім балахоне, заспяшалася следам, ігумення кіравала да пергаменнай майстэрні, збудаванай на ўскрайку толькі што пасаджанага саду. Тоненькая, у падвязанай тканым паяском чорнай хламідзе, лёгка мінала ледзь бачныя ў шарай раніцы яшчэ невысокія дрэўцы. А задыханая Куліна адно трывожна азіралася і нарэшце гучна

паклікала ігуменню. Тая, аднак, не абазвалася.

..Яна пачала з цяжкасцю растуляць вусны пасля страшнай смерці бацькавых кметаў — на згоне восені ўсю Святаслававу варту ноччу пабілі дзідамі, пакінуўшы ўсіх пяцёх ляжаць пад вокнамі палаца. Полацак анямеў ад подзіву, бо як зразумець, што княжая сям’я пры гэтым ацалела? Пачуўшы страшную вестку, Еўфрасіння не сказала ні слова, але бляск, што праменіўся з яе вялікіх вачэй пасля таго, як манастыр у Сяльцы асвяціў сам уладыка, адразу ж пабляк. А яшчэ праз нейкі час, калі князя Барыса знайшлі з жоўтай пенаю на вуснах ва ўласным ложку, сцішылася зусім. Не зважаючы на холад, помніцца, да вечара праляжала яна тварам да зямлі пасярод двара, выцягнуўшы перад сабою рукі з вялікім жалезным крыжам. Праз увесь дзень малілася, і сцюдзёны вецер узносіў балесны шэпт да сівых лятучых воблакаў, пакуль не заззялі першыя зоркі. Усё часцей тым часам у манастыр даляталі чуткі, што забойца няйначай сам Кірык, які невядома з чыёй дапамогаю змог выбавіцца нават з відбескага поруба. Аднак дзе гэты злодзей і забойца хаваецца, ніхто не ведаў.

— Хочуць купіць наша Евангелле, матухна!

Ігумення нарэшце пачула і азірнулася на Куліну, нечакана згадаўшы, што прыйшла тая ў манастыр недзе з паўгода назад. Пакорлівая і маўклівая.

— Цэлых дзесяць грыўнаў даюць.

— І хто?

— Не ведаю, матухна. У каптуры быў. Толькі бараду і бачыла. Сказаў, што сам аб’явіцца.

— Хлусіш мне?!

Тыя няўпэўненыя тоны, якія Еўфрасіння адразу ж вылавіла ў голасе чалядніцы, прымусілі спыніцца, здзіўлена перапытала:

— То хто той Божы чалавек?

— Не ведаю, матухна!

Толькі цяпер, калі Куліна, вялікая, што гара, паўстала пасярод дарогі ў сваёй важкай хламідзе, Еўфрасіння нечакана быццам застыла. Толькі цяпер убачыла і зразумела, што чалядніца — цяжарная. І ўжо, відно, на апошнім месяцы. Застагнаўшы, застыла ў роздуме. Але праз хвіліну рэзка адвярнулася і зноў шырокім крокам заспяшалася праз сад. Чалядніца, не зважаючы на свой стан, порстка патупала следам, і яе нечаканы крыю «Матухна, не хадзі туды!» прагучаў ледзь не за спіною ігуменні, якая ўжо стаяла перад дзвярыма пергаменнай майстэрні. Рыўком адчыніўшы дзверы, тут жа адступіла. Той, хто хаваўся ў майстэрні, цяпер стаяў перад ёю, закрыўшы твар Евангеллем. І ў гэты момант рэзкі ўскрык чалядніцы прымусіў азірнуцца. Трымаючыся за свой агромністы жывот, цяжарная асоўвалася на зямлю, і Еўфрасіння адразу ж кінулася назад. Смерд, які выскачыў з майстэрні, таксама бег следам, усё яшчэ трымаючы Евангелле ў руках. Белы, што снег, з чорнай густой барадою, вялізны месціч, у якім Еўфрасіння адразу ж пазнала Кірыка, укленчыў, прыўзняўшы галаву парадзіхі ў сваіх шырокіх, што лапаты, далонях. Невераемна здзіўленая здагадкай, азірнулася: парадзіха нават не варушылася. І раптам так пранізліва ўскрыкнула, што Кірык таропка падсунуў ёй пад галаву тоўстае Евангелле. Разгублены, запытальна бліснуў да Еўфрасінні спалоханым позіркам. І тая нарэшце адазвалася:

— Спехам у трапезную! Вада цёплая можа быць. І аўчын, ручнікоў паболей. Скажы сястры-кухарцы, што я наказала. — З надзеяй азіраючыся, чакала дапамогі, але блізка нікога не было. Кірык, важка тупаючы, бег да трапезнай.

 

РАЗДЗЕЛ 11. Будаўніцтва царквы

Паломніцкае

Злітуйся, Госпадзі, і не аддавай ва ўладу злога раба са смуроднай сукравіцай. І не праганяй з-пад аслоны ценю Твайго.

І згарні ўздыханні мае бяссонныя, Ойча, у пялёсткі і лістоту

кветнікаў і садоў, у нарды і шапраны, цынамоны і лілеі,

побач з якімі ўчарнеюць і асыплюцца попелам жарсці грахоўныя.

І ўбі ў горла маё светланосныя слупы позірку Твайго,

каб крык мой пачулі ўсе, хто пакутуе ў цішы ад затоенага шалу.

Распалі ногі мае, Жаніх нябесны, да белага ззяння, каб магла паўстаць да воблакаў, у якіх прагну стапнець, Ойча.

Апалі ж мяне светачамі вогненнымі!

Галілейскі вецер, які прынёс гэты амаль забыты плач, зашоргаў па тварах паломнікаў гарачай шурпою, і ігумення адвярнулася, ужо забраная новым відзежам няшчаднай памяці, што не адставала ад яе ні на крок.

...На пачатку халоднага просінца яшчэ зусім шараю раніцаю ў манастырскія вароты пастукалі. Спачатку так нясмела, што стук гэты пачула толькі званарка Еўдакія. Затым ударылі драўляным молатам, і, пачуўшы гэты настойлівы стук, ад манастырскага будынка заспяшалася сама Еўфрасіння. А малодшая сястра ігуменні Еўдакія, на плячах якой ужо ляжаў амаль увесь гаспадарчы клопат манастыра, тым часам упускала на заснежаны падворак двух рамесных са скуранымі кайстрамі на плячах. У адным з іх абедзве адразу ж пазналі прыстаўніка, майстра Іаана быў, як і заўсёды, у вялізным, да самых лятаў, кажусе. Другога, з кароткаю светлай бародкай, Лазара Бошу, ведалі меней.

Ігумення, падыходзячы да Іаана, усміхалася. Свяціўся радасцю і той:

— Дзівішся, маці, што так рана паднялі?.. Толькі ж не маю сну ні ў адным

воку!

— І нам не да сну. Маліліся за ўсіх зроднікаў нашых.

Іаан усміхнуўся, а Еўфрасіння ўжо запрашала гасцей у трапезную, ведаючы, што там заўсёды знойдзецца журавінавы напой. Па дарозе зноў запытала:

— То чаму ж не спіцца так дойлідам полацкім?

У трапезнай, на сценах якой віселі абразы, а пасярэдзіне стаяла некалькі сталоў з вышараванымі да жаўцізны сталешніцамі, адразу ж падсунула гасцям пачастунак — каўшы з цёплым напоем. Паўтарыла:

— То чаму не спіцца табе, майстра?

Іаан, замест адказу, глыбока засунуў у сваю скураную кайстру руку і вось ужо выцягнуў, усхвалявана кашлянуўшы, пергамен. Яшчэ нават не ведаючы мэты гэтага нечаканага іх прыходу, трывожна адчула, як у сэрца кальнула.

— Табе, ігумення, прынёс.

Дойлід, адставіўшы ўбок пустыя каўшы, ужо разгортваў пергамен, з першага погляду на які яна паднялася і павярнулася да гасцей.

— Ужо каторую раніцу чую я, матухна, голас: «Падымайся, Іаан, і ідзі для справы Уладара Спаса». — Уздыхнуў. — Вось такое чую, ігумення.

А яна, нетаропка абыходзячы стол, узіралася ў пергамен, на якім была змалявана высокая каменная царква.

— Ці не ты гэта клічаш мяне на будаўніцтва, ігумення?

Здзіўлена падняла бровы:

— Калі нават і не я цябе наймаю, дойлід, усё роўна падпарадкоўвайся Таму, Хто заклікае цябе на гэтую работу. Скажу толькі, што часу ў майстроў мала...

Богша так паспешліва падсунуў пергамен бліжэй да сябе, што абое нават усміхнуліся.

— За трыццаць тыдняў паспееце? Да свята Праабражэння Спасава?

— Калі толькі на старым падмурку, уладычыца. — Заўжды асцярожлівы Лазар уступіў у гаворку наўздзіў смела.

— Драўляная царква наша, і праўда, падае. Яшчэ летам ночаю разбурылі...

— Затое падмурак — моцны, ігумення!

Еўдакія, якая дасюль болей маўчала, уздыхнула:

— Плінфы цяпер дорага каштуюць!

— Усё ў руцэ Божай.

— І шаломы залатыя царкву нашу ўзвысяць, уладычыца. І закамары выштукуем, з Божае ласкі, трох’ярусныя...

— Толькі падлічыце выдаткі, майстры. Каб да апошняе грыўны.

— Усё падлічым, уладычыца.

...Паўсюль уладарылі сухія марозныя тыдні, але майстры наведваліся ў Сяльцо амаль штодня. Будаўніцтва новай царквы пачалося.

* * *

...Зоркі над Сафіяй успыхвалі так ярка, што ўжо не маглі ўтрымацца і, чыркаючы яркімі вогненнымі хвастамі прасцяг паміж небам і зямлёю, падалі на льсністую плыткасць Дзвіны. Ноч кацілася ўздоўж берагоў, кранаючы згнілыя леташнія качыныя гнёзды і прыхаваныя пад дзёрнам тоўстыя аерыны. Усё ў наваколлі прагла абнаўлення і ўсёдаравальнага спакою. Зямля, радасна парыпваючы глыбокім карэннем, разняволена выпроствалася. Усё жывілася плодным сокам і прагай выспявання. Жыццё пасля паводкі імкліва вярталася ў звыклыя берагі. І найбольш голасна аб гэтым праспявалі пеўні. Птушак было ўсяго толькі чатыры альбо пяць на ўвесь Полацак Але, вернутыя гаспадарамі разам з іншаю птушынай і жывёлаю ў родную аселіцу, гарластыя певуны галасілі нараніцы так адчайна і так радасна, што ўсе зразумелі — гэта сапраўды цяпло. І ўсё ж на самым згоне травеню, калі маленькі сын каваля Рамана нечакана пачаў задыхацца і ўчарнелы ад гора бацька, кінуўшыся ў яе ігуменскую келлю, бухнуўся на калені, яна нарэшце зразумела...

Толькі ж гэтак доўга ў глухаце келлі ўтаймоўвала яна сваё няўтольнае жаданне прыкладваць рукі да чужых болек, не ведаючы спаўна ўласнай моцы, так доўга і ўпарта зачыняла ў сабе тыя аднойчы адкрытыя небу раны, упускаючы ў душу адно бляск зорак, што, здаецца, ужо згубіла дадзены Госпадам дар гаення. Згадала і доўгія ночы, калі, спасцігнуўшы, што жывая плоць яе невыносна балюча крышыцца ад шалу, да раніцы ткала здзертымі да сукравіцы рукамі пераплёты кніг. Дарога жыцця патрабавала новае пакуты, не даючы ні глытка спагады. Усцягвала старую валасяніцу, і тая груба шоргала па зорных крыніцах, што струменілі з неба ў яе сэрца. Сцёртае да ранаў цела доўга гаілася, і ад нясцерпнага свербу можна было звар’яцець. Тады падымала позірк вялікіх вачэй на абразы: за што, Літасцівая?

Але толькі цяпер, убачыўшы перад сабою амаль непрытомнага ад гора каваля, зразумела, што яе адверстыя раны ўжо ніколі не загрубеюць. І хаця так доўга не дазваляла рукам дакранацца да чужое хваробы, не ўпэўненая, ці сапраўды вылечвае, ці толькі прабівае ў чужой плоці шчыліну для таго злога раба, які адразу ж улазіць у душу з чорнымі капытамі, сёння — не змагла адвярнуцца. Але скажы, Госпадзі, як не нашкодзіць чалавецам?

Прыціскаючы немаўля да грудзей, яна ўваходзіла пад пранізаны трымтлівым святлом купал Сафіі, і малое адразу ж сцішана каўкнула. Яшчэ зусім малады святар кінуўся рыхтаваць усё неабходнае для хросту. Тады пачала малітву, адчуваючы, як сілы па кроплях пераліваюцца ў хворанькае цельца. Нават потым, калі малога ўзялі ад яе, яшчэ доўга не магла падняцца на ногі...

Але раніцаю зноў выехала ў Сяльцо. Каб тым жа вечарам вярнуцца да хворага.

...Потым, стомленая, яна ўрэшце прыляжа ў келлі на мулкі тапчан і суцішыць востры боль у сэрцы. Але раніцаю зноў прачнецца для малітвы і затым спешна выедзе на будаўніцтва.

Сакральнае

 

— Адно падводы плінфаў не хапае...

— А за вас, хто на любоў маю пасягнуў вуснамі пакеплівымі, хто атачыў адусюль мяне словамі нянавісці і здрады, хто ўзбройвае супроць мяне без прычыны, хто за любоў маю ваюе супроць мяне, хто аддае мне злом за дабро, а за любоў — нянавісцю... За вас, здрайцы ліхаімныямалюся!

— Ты молішся ўжо ўсю ноч, і малітва твая нябёсы расхіляе.

— Так мала патрэбна ўжо для завяршэння царквы.

— Ты молішся толькі ноч...

...Сон, авалодваючы зняможаным целам ігуменні, часам перарываўся кашлем, і памяць зноў паварочвала ў Сяльцо. Суцішваючы рэзь у жываце, што пачалася пасля таго, як разам з цеслямі і сама неяк пацягала важкія дошкі, глыбока ўздыхнула. Але думкі кіраваліся да звыклага.будаўніцтва царквы завяршалася якраз напярэдадні вялікага свята Праабражэння Хрыстовага. У паўсне ўсміхнулася.

Знізу нечакана данесліся галасы:

— А я думаю, то сапраўдны цуд. Як бы сам Гасподзь...

— Ды кмет адзін з плінфамі пастараўся!

— Г^та табе нячысцік нашэптвае!

— А кмет вельмі дужы! Усё вочы апускае. І нічога мне нячысцік не шэпча.

— Маўчы! І ў царкоўных сцен вушы ёсць!

— Можа, і праўда цуд?

Выпрастаўшыся на тапчане, глыбока ўздыхнула, але гаваркія паслушніцы нечакана сышлі. Вечаровая шарасць пагусцела, і ў галубец працадзілася вечаровая свежасць. Успомніла ліст чарняца з Турава. Дружа Даніла пісаў, што сумуе ў адзіноце і плача штодзённа, бо грэшныя тыя, хто, маючы ўладу над простымі смердамі, неміласэрныя да рабоў сваіх: знясільваючы працаю, не даюць гаротным досыць ежы і адзення. Аднак жа ці атрымае і яна калі-небудзь Божае прабачэнне, грэшная, неміласэрная, няўдзячная? Бо так часта змушае прасталюдзінаў з шарай раніцы ўзводзіць сцены новага скрыпторыя і царквы ў Сяльцы. Знізу яшчэ раз прашалясцелі аддаленыя галасы паслушніц. Памяць не адступала.

...Раніца яшчэ толькі пачыналася, а паўсюль снавалі работныя, выконваючы наказы дойліда Іаана. Міжволі адчуваючы ў сэрцы незразумелую трывогу, азіралася і сама. Нарэшце, змеціўшы сярод цесляў Кажадуба, якога, пэўна, выпусцілі з поруба, каб паслаць на гэтае будаўніцтва, адвяла позірк убок Побач з былым старэйшым наглядчыкам поруба, што здзівіла не меней, ценілася Веранія ў хламідзе.

— Без плінфаў нічога не закончым, уладычыца.

Устрывожаны рудабароды дойлід Іаан з надзеяй павярнуў голаў у бок дарогі, на якой ужо два дні таму павінны былі з’явіцца павозкі з плінфамі, але безнадзейна махнуў рукою. І раптам з-за атуленага густымі вербалозамі павароту данеслася натужнае рыпенне. Усе на будаўніцтве замерлі, шырока расплюшчыўшы вочы, замест коней у колы, што нечакана важка выпаўзлі з-за карчоў, былі ўпрэжаны ледзь прыкрытыя лахманамі смерды з поруба, якіх ачольваў Сава ў скрываўленым кафтане. Іаан махнуў рукою, і да павозкі з плінфамі радасна кінуліся памагатыя.

— Нас яшчэ ў пушчы дагналі, уладычыца!

Загадаўшы пакласці скрываўленага кмета на падсыхаючы каля сцяны мох, шарханула рукою ў лекавай кайстры, якую заўжды насіла з сабою. Апусцілася перад параненым наўколенцы, пачала, прамываючы раны дубовым адварам, намошчваць іх дзівасілавым золівам. Прыслухоўвалася да бяссілага шэпту:

— І коней нашых забралі, уладычыца, і саміх ледзь не пакалечылі.

— Хто?

— Кажуць, Кірыкавы людзі.

Ледзь стрымліваючы стогн, сіліўся падняцца. Прашаптаў праз сілу:

— Толькі ў тое не веру. Кірык у відбескім порубе, а адтуль яшчэ ніхто не збягаў. Ды і ведалі, па якой дарозе паедзем.

— За плінфы паклон усім.

— Кмет Сава я, уладычыца, слуга твой вечны...

За спіною нечакана так здзекліва зарагаталі, што імкліва азірнулася. Каля сцяны стаяў, ашчэрыўшыся, Кажадуб. Але тут жа, угнуўшы плечы ад яе суровага позірку, падаўся да сваіх цесляў і пад вечар сышоў зусім.

...Сон-успамін, як пакута, зноў апускае свае ружаватыя мярэжы, выхопліваючы з цемры і новыя сцены манастыра, і заплаканую Веранію, што, стоячы перад ёю пасярод двара, усё ніжэй схіляе плечы.

— Злітуйся, матухна.

— Не плач...

— Кажадуб...

— Часта Кажадуба бачыш?

— У поруб ночамі возіць.

— Гэта ты яму расказала, што мы плінфы чакаем?

— Да запалоцкага кмета ў лес ганяў, каб сказала.

Адводзячы ўбок спалоханы позірк, Веранія ўсё яшчэ па-дзіцячы размазвала слёзы.

— Чаму ж мне — ані разу?

— Заб’е, матухна! Там і Саву бачыла. Толькі ў катавальні.

— Нашага работнага? Хто ж на такое насмеліўся?!

— На свае вочы, матухна, бачыла.

— Суцішся, Веранія, не твая ў гэтым замесе віна.

* * *

І скажуць, быццам пракраўся я, бязбожнік, і мілату Бога нашага...

І абарачаю ў нагоду да распусты... — не вер! І быццам падаю {надаю

}ў змусту здзірства, як Валаам, і ў зацятасці гіну, як Карэй, не вер!

Праз цьмяны паўзмрок катавальні ледзь бачна, што прывязаны за рукі да крукоў кмет сплыў крывёй і ўжо ледзь трывае. Праз твар яго палымнеў ужо глыбокі пачварны шнар, спасаваныя бізуном грудзі спрэс залівала сукравіцаю. Вочы ў чорных кругах не адплюшчваліся. Распухлыя ад удараў вусны ледзь варухнуліся.

— І не ведаеш, ці прыязджалі да ігуменні ганцы са жмудзі?! — Голас Кажадуба хрыпеў ад напругі, але Сава зноў адмоўна хітнуў галавою і застагнаў. Кажадуб грозна падняў бізун, аднак у катавальню ступіў разгневаны цівун епіскапа, што ўвесь час моўчкі сачыў за ўсім з-за прачыненых дзвярэй.

Грозна кашлянуў:

— А хіба не ведаеш ты, порубнік паганы, што не смееш вачыма сваймі нахабнымі нават пазіраць на Божую абранніцу?!

— Не пазіраў я.

— Трасцу табе ў вочы і кала ў бок!

Рэзкі ўдар змусіў Саву застагнаць.

— І не памятаеш, што ў Сяльцо да Еўфрасінні прыязджаў пасланец з Кіева?!

— З Кіева?! І не чуў, пра што гаварылі?

Цівун за валасы падымае галаву збітага, пазіраючы проста ў вочы, але спалоханы крык, з якім убягае малады наглядчык, прымушае яго азірнуцца:

— Загадана было!

— Але ж гэта ўладычыца!

...Памяць, памяць быццам атрутны дым, ад чаго дыханне стае такім перарывістым, што яна нехаця паварочваецца на другі бок, адразу ж адчуўшы важкія, глухія ўдары сціснутага сэрца. Яўлампія, падняўшыся ў яе келлю, ужо ласкава прыгарнула да ўспацелага чала халодны ручнік, але відзежы яшчэ мацней зашахалі па вачах крывавым туманам. Сон ці ява? Ці, можа, зноў відзеж, што пякуча сціскае горла? ..Ледзь стрымліваючы гнеў, яна так шырока адчыніла дзверы, што тыя натужна зарыпелі, і тут жа, ступіўшы колькі рашучых крокаў у катавальню, спынілася. Падняла важкі позірк на Кажадуба:

— Якая віна работнага нашага?!

— А хіба не таць гэты, уладычыца, затрымаў цэлы воз плінфаў для твайго Сяльца?!

— Не тым пераймаешся, Кажадуб! Не хлусі мне! Ці прасіла каго з вас аб паслузе? Пашто для спраў маіх так стараецеся?

Цівун епіскапа, ужо не хаваючыся, адступіў ад сцяны:

— Нягожа і ігуменні за паганага смерда клапаціцца.

— Гэта цівуну неразумнаму ў справы такія нягожа совацца. Руку адхопяць! — Паказаўшы на Саву, кінула: — На маю павозку занясіце! І дапраўды: «Прыстаўленыя да варот сказалі: “...пойдзем, рабаваць будзем”».

Ужо не хаваючы незадаволенасці, павярнулася да выхаду:

— І князю запалоцкаму Барыславу, і ўсім іншым валадарам перадайце, што ігумення Сяльцова парадам мудрым заўжды радуецца, але ад гэтага дня і караць, і мілаваць сваіх работных людзей сама здолее. Час кмету Саве на службу ў поруб вяртацца! — Чыркнуўшы па катавальні косым позіркам, падняла галаву: — І пакінь, Кажадуб, юніц нашых у послуху. Іначай — у яму зноў рынеш.

Яшчэ не было таго, каб памочнікі Барыслава і самога епіскапа схілялі голаў перад жанчынаю, але цяпер, у гэтай страшнай прорве, адкуль мала хто выходзіў жывым, нечакана адступілі. Адно Кажадуб прахрыпеў:

— А ў нас крукі, бачыш, вызваліліся.

Аднак, змеціўшы гнеўны позірк цівуна, адступіў. І ўсё ж напаследак не вытрымаў:

— Кажуць, у Сяльцы тваім дзіця нарадзілася. Гэта ж які Дух у вас там аб’явіўся? Ці не з чорнай барадою? — Зарагатаў. I гэты страшны рогат, вылецеўшы з начной глыбіні, адразу ж нагадаў яшчэ пра адну ноч... Тую дзіўную ноч з парадзіхай, калі на дапамогу ёй так ніхто і не прыбег.

— ..Аселіцы будзіў звыклы перазвон манастыра, сцюдзёная раніца глыбела, праз двор спяшаліся заклапочаныя сёстры, але ігумення не выходзіла. Яшчэ цёмначы перавёўшы чалядніцу ў сваю келлю, сядзела блізу парадзіхі на нізкім услончыку. Трымаючы ў руках Евангелле, пад абразамі сцішыўся і Кірык. Зрэдчас касіўся вірлаватымі вачмі на маленькую дачку, што ляжала ў глыбокіх, да паловы прыкрытых дзяружкаю і вавёрчынай коўдрачкаю ночвах. За дзвярыма келлі вартавала верная Гардзіслава. Нарэшце Еўфрасіння моўчкі паднялася і, перажагнаўшыся, зірнула на маўклівага, засяроджанага Кірыка. Падняўся і ён і ў гэтай маленькай келлі здаўся яшчэ мажнейшым. Міжволі ссунула бровы. А ён, усё яшчэ не выпускаючы з рук Евангелля, нечакана бухнуўся на калені, таропка жагнаючыся:

— Ва ўсім вінаваты. За ўсё адкажу, Прадслава! Але не забіваў я... Не чапаў.

— Здаецца, пра напад на харомы бацькі майго кажаш? Але хто ж, як не ты?

— Не ведаю, Прадслава! Але дазволь сказаць. — Зноў сядзеў на лаве, асцярожна трымаючы лапішчамі ўкручанае ў палатняныя анучкі дзіця. Тыя, што мяне з ямы вынялі, умову паставілі. Альбо назад — гніць, альбо каб бацьку твайго зарэзаў. — Яшчэ ніжэй, уздыхнуўшы, апусціў чорную хмару растрэсеных кучаравых валасоў. — Варту вашу, князёўна, мой гурт загубіў. Каюся ў тым. Толькі бацьку твайго я, хоць і абяцаўся, — не зачапіў! Таму і бегаю цяпер, як заяц, ад тых са Смаленска. І Барыслаў, ведаю, з імі.

— Ці праўду чую?!

— Смаляне то былі, якія намаўлялі! Разам з Барыславам. Але ж хто мне паверыць? — Прыгарнуў дзіця да грудзей, і тое нават слаба піскнула.

— Здаўна на Полаччыне забойцы з ахвярамі хаўрусуюць.

Кірык ужо стаяў на нагах, не зводзячы з яе цёмных гарачых вачэй:

— Аднаго прашу, уратуй, літасцівая. — Зірнуўшы на Купіну, што ўсё яшчэ ляжала на лаве пры другой сцяне, ціхенька паклаў у ночвы малую — Маліся за іх. Чуў, сіла вялікая ў малітве тваёй. Дачку Даляю назаві. Як маці маю.

— Няхай Даляю будзе. Пра што яшчэ хацеў сказаць?

— Чуў, хутка сам Мсціслаў Манамах у Полацак прыйдзе. Збіраюцца з князямі палянскімі і дрыгавічамі на Лагожаск і Друцк. Моцны Мсціслаў. Хоча, каб толькі яму палачане крыж цалавалі. А ўсіх вашых, літасцівая... Веча полацкае цяпер здрадлівае, прадасць князёў сваіх.

— Ці не чуў пра змовы з чуддзю?

— Пра тое маўчалі. Але Мсціслаў усіх апярэдзіць.

Не прамовіўшы болей ні слова, зняла з пальца вялікі срэбны пярсцёнак з блакітным вочкам, матчын падарунак, працягнула Кірыку:

— Маліся, душу ратуючы, прасі літасці. А ноччу ідзі да каваля Рамана. Накажаш, каб з гэтым пярсцёнкам ехаў да бацькі-князя і ўсё, што мне расказваў, каб яму перадаў Цяпер усе цябе пільнуюць. Іншая чума, цемра чалавечая, паўсюль распаўзлася. Запалоцкі князь Барыслаў з баярамі падымаюць меч на маладога Рагвалода.

— Іакі час цяпер, Прадслава — Скрушна ўстрасянуў буйнымі кучарамі.— Іспра з пекла вылез і ўсё перавярнуў на свеце. А пра Купіну не думай блага. Яшчэ да манастыра ў нас было. Бацька яе ўспрацівіўся!

...Куліна, крыху ачуняўшы ад пасляродавай гарачкі, ледзь варухнула асмяглымі вуснамі, і Кірык, толькі зірнуўшы на яе, шэрую, што вапна, застагнаў. Але вось моўчкі нацягнуў на самыя вэчы стаўбун і, нават не развітаўшыся, выйшаў. Выглянула і сама. Ваколле затапляў густы шараваты туман.

«Ігуменні абіцелі Сяльцовай Еўфрасінні дазнанне ад пісара бібліятэкі епіскапскай. Сім перадаю ігуменні святлейшай дазнанне ад вірніка, уратаванага кметамі вялікага князя на памежжы жмудзкім: «3-за мора Варажскага ў квецені завезены ў пушчы Запалоцця тры вялікія ладдзі з рабынямі старымі, навародкамі плоці жаночай і юніцамі — асуджанымі з-за голаду на ўсмерценне — павешанне альбо спаленне, што і выканана было тамтэйшай вартаю і торкамі пры ўдзеле кметаў князя Барыслава. І выбраў князь для дружыны свае і на работнае падвор'е з кола ўпалоненых тры дзесяткі юніц летаў дванаццаці і болей. Міласцю тваёй, ігумення Еўфрасіння, чакаем звестак аб прышлых у абіцель юніцах невядомых, панежэ многія з іх навучаны спакусам д'ябальскім і маюць намер аблуднасцю сваёй расхітваць сілу і моцу двароў нашых, баярскіх і рамесніцкіх. І смеласць маю запытаць, ці праўду даносяць, быццам ведаеш, дзе можа хавацца злодзей — таць жмудзінскі Кірык, аб чым нашэптваюць віжы запалоцкага князя Барыслава? У чым, ігумення, самі мы, папраўдзе, сумняваемся. За сім — пісар епіскапскі, якому і належыць у камору ўладыкі адпісаць».

Ах, пісар хітрамудры... Ці ўсё-ткі данеслі пра Куліну?

І ...пра віжоў запалоцкіх зноў чамусьці напісаў...

 

РАЗДЗЕЛ 12. Звеніслава

Паломніцкае

...Рыпучая галілейская павозка так балюча муляла, што, міжволі варухнуўшыся, ігумення павярнулася да маладой суседкі, якая ўсё яшчэ спалохана азіралася такімі ж блакітна-шэрымі, як і ў яе маці, вачмі. Пра маці сваю Даля, падгадаваная спярша ў падвор’і Такліны, а затым у Сяльцовай абіцелі, яшчэ дасюль нічога не ведала. У гадоў пятнаццаць, праўда, пачала задаваць пытанні, але старэйшыя чарніцы Сяльца былі негаваркія, а малодшыя пра Куліну нават не чулі. ...Наляцеў сухі вецер, і пустыня азвалася таямнічай мелодыяй пабуджаных барханаў. Асан таксама пачаў нуднаватую, нікому не вядомую мелодыю, да якой усе міжволі пачалі прыслухоўвацца. І раптам хмуры маўчун Міхал, уздыхнуўшы, гучна кашлянуў і нечакана моцным распеўным голасам зацягнуў: «Быў жа ў бага-га-тага ды брат Лазар, і пайшоў ён к бага-га-таму брату... А мая ж то душанька нацярпелася». Асан, усміхнуўшыся, варухнуў вуснамі, быццам хацеў падмагчы, але Міхалаў голас, наўздзіў густы і багаты, здаецца, ужо разлягаўся па ўсёй пустыні: «А сыдзі ж ты, сквірня-а-а-вы, ды са майго двара...» Нехта ўхвальна ўскрыкнуў, і спявак зніякавела заціх. Скасіўся ў бок узрушаных спадарожнікаў. На павозку зноў і зноў налятаў сухі вецер, і наваколле адгукнулася шапаткой скаргай гарачых пяскоў. Ігумення адно зірнула на суседак, пэўна, абедзве і дапраўды яшчэ ніколі не гаварылі пра тое, якім моцным вузлом некалі звязала іх лёсы мінулае: нават на гэтай галілейскай павозцы, такія непадобныя адна да аднае, яны ўсё роўна сядзелі ўпоплечкі. З-за жаўтаватай мярэжы паднятага пяску на дарогу, зусім блізка ад іх, вылецела некалькі конных у чорных запыленых плашчах і з чорнымі аслонамі на тварах. Усе на павозцы, акрамя Асана, спалохана сумеліся. Але вершнікі, ні на хвілю не спыняючыся, віхрам праімчалі наперад. Быццам не змеціўшы ні гэтай вялізнай павозкі, ні цэлай грамады людзей на ёй.

— Ганцы! — паясніў Асан. Азірнуўся на барханы — Нядобрую вестку некаму

нясуць!

Усе пачалі ажыўлена абмяркоўваць падзею, і Вольга нават пацягнулася за мячом, аднак Асан спасцярожліва-адмоўна хітнуў галавою.

— Ім цяпер — паспець бы! Тады, можа, і жыццё даруюць.

На павозцы зноў зацікаўлена загаманілі. Адно смуглявая і цемнавокая чалядніца Еўпраксія, бадай, самая маўклівая сярод усіх, кратаючы зубамі гожыя вусны, нават не падняла голаў, не ў стане вырынуць з глыбокага ўспаміну. Уздыхнула, забраная той далёкай, такой страшнай, салодка-грэшнай вясною, калі Полаччыну па ўсіх дварах і весях яшчэ касіла няўмольная чорная смерць. Асан, заклапочана азірнуўшыся на прытомленых падарожнікаў, крыкнуў на вала, аднак той цягнуў павозку з ранейшым нетаропкім імпэтам. Малады кніжнік, адгарнуўшы радно і паказваючы на свой пергамен, схіліўся да суседкі-красуні, нешта прамаўляючы той на вуха. Нечакана так ярка зачырванеўся, што тая, скасіўшы на пергамен недаўменны позірк, адвярнулася. А кніжнік зноў аб нечым таропка зашаптаў, хілячыся ўжо да Еўпраксіі, але не адазвалася і тая, слухаючы толькі спякотнабясконцую далеч пустыні.

...Слухаючы толькі сваю няўтомную балючую памяць.

* * *

Яе, сваю дачку Звеніславу, што вельмі рана заўдавела — маладога мужа заспела на паляванні шалёная страла, вялікі князь Барыс, напалохаўшыся мору, адразу ж адаслаў у манастыр. Тады і сустрэлася яна, седзячы ў карэце, што трэслася блізу дзвінскага берага ў бок Бельчыцаў, з запалоцкім князем Барыславам, калі той разам з дружынай вяртаўся ў вотчыну з нейкага ляснога капішча, злосны і раз'ятраны. І таксама — убачыў яе, амаль юніцу яшчэ. А апоўначы ўжо звёз, выкраўшы з келлі, у Запалоцце. Ледзь паспеў разам з чэляддзю і кметамі схавацца ў сваіх лукаморных нетрах ад лютых іклаў чумы. Бо раніцаю і пачалася тая страшная паводка, што надоўга адрэзала Запалоцце ад весяў, у якіх чорная смерць выкасіла амаль палову сем’яў. Перад вачмі паломніцы ў залатым сяйве пустыні нечакана ўзніклі абрысы межаў, зубчатыя вярхі далёкіх лясных лаваў, жоўтыя чубкі снапоў далёкай радзімы. І яшчэ дзіцячыя тварыкі немаўлят у лазовых калысках, якія запалоцкія маладзіцы падкідвалі потым, калі паводка ўжо сышла, пад вароты манастыра. Чалядніца застагнала, убачыўшы, як прывідна паімчалі праз морак бясконцай пустыні сытыя коні з вершнікамі ў сініх жупанах, перавязаных шаўковымі паясамі, сярод якіх у тую веснавую раніцу і ўбачыла яна, на сваё шчасце і на сваю бяду, чарнавокага запалоцкага князя Барыслава.

Галілейскі вецер так злосна і неўспадзеў так пагрозліва шахнуў па яе гарачых вуснах, што міжволі адхітнулася: «Злітуйся нада мною, Божа міласэрны. Не ведала, не разумела. Не здолела апрацівіцца».

Вецер, абганяючы павозку, свістаў каля самага яе вуха, запаўзаючы пад полы гарачай хламіды. — «А пасля? Што было пасля, Звеніслава?!»

«Гэта ты ў мяне пытаеш, вецер галілейскі, ты, які бачыў столькі, што зямля можа патрэскацца ад енкаў і мора высахнуць ад полымя, што з грудзей чалавечых ірвалася? Пасля?! Праўда твая, каюся. Толькі ж ці ведала, ці разумела, калі нават у Бельчыцкім манастыры прыкмячала блуд? І сама ўжо не ў стане была стрымацца. Ці дазволіш адмаліць грэх смяротны?»

«Нельга піць адначасна чару Гасподнюю і чару дэманскую. Ці ўнікала, любасная, служэння ідалу?»

Зноў і зноў успыхваюць перад яе вачыма чарнабровыя і блакітнавокія, такія пяшчотныя дзявочыя абліччы. Князевай пакаёўкі Вераніі таксама.

«Табе казалі: гэта — ідалаахвярнае, а ты — ела! Помніш, як нават Веранію князь перад сваім прыходам прысылаў?..»

«Прысылаў...»

...Штовечара Веранія прыходзіла ў яе святліцу, абвівала чорнымі як смоль валасамі, працінала сэрца такімі ж чорнымі вачыма. І па загадзе Барыслава так прагна пачынала цалаваць. Тады яшчэ такую неразумнічую князёўну. І ў вусны, і ў грудзі, і паўсюль. І лашчыць Звеніславу языком і рукамі. Усе навокал пазіралі і таксама стагналі і енчылі. А яна нікога не магла адпрэчыць. Бо ён, Барыслаў, пазіраў і смяяўся, і яму таксама было добра. Самыя апошнія князевы слугі рагаталі. У канцы вечара князь нарэшце, смеючыся, вёў яе, амаль бясцямную ад перажытай слодычы, у свой пакой і раскладваў на ложы. І так кожны дзень. Калі нават Веранія адсутнічала, былі іншыя, гожыя і ласкавыя, сярод якіх пазнала неяк манашку з Бельчыцаў. Усе — і маладыя кметы, і чэлядзь — усе тады бачылі.

І амаль усіх потым, калі вялікі князь Барыс разам з камораю вышуку пачаў тое грознае дазнанне, запалоцкі валадар з дружынаю грыдняў, баючыся выкрыцця, неяк ночаю пасек. У крывавую кашу. Усіх.

Якраз тады, калі Звеніслава ўжо здагадалася, хто ж па-сапраўднаму завалодаў сэрцам яе любага князя, які нават пасля гарачкавых любошчаў з ёй у прадранішніх снах неаднойчы выдаваў сваю таямніцу, выкрыкваючы: «Прадслава!»

«Не будзем жа спакушаць тымі ўспамінамі Хрыста, як некаторыя спакушалі і загінулі ад змеяў».

«Вецер галілейскі, што ведама табе пра пакуты людскія, пашто гэткі жорсткі да мяне?»

..Доўгая, бясконцая была тая паводка для Звеніславы. Калі ўпрасіла яна князева соцкага Рымшу прынесці ёй востры кінжал. Бо ведала, што калі-небудзь абавязкова сустрэнецца з ненавіснай стрыечнай сястрою.

...Галілейская павозка ўжо здавалася распаленым гарачым чэранем. Усе, відно, прагнулі хоць якога адпачынку. Малады кніжнік, паказваючы на пергамен, усё стараўся нешта давесці суседкам, але колы раз-пораз наязджалі на перашкоды і торгаліся, адбіваючы ў падарожнікаў жаданне перамаўляцца. Чалядніца нечакана азірнулася: на самым краі сядзела, як старажуючы сваіх палачан, сама ігумення. Змеціўшы спагадлівы позірк сястры, усміхнулася ў адказ. Быццам высвеціла з глыбіні доўгія леты пражытага ў Сяльцовых келлях. Быццам вярнула яе, Звеніславу, у тую далёкую полацкую вясну процістаяння, калі ў Куліны з’явілася дзіця. Пэўна, і яна, ігумення, ніколі пра тое не забывала.

* * *

...Пяшчотнае водгулле ранішняй малітвы яшчэ перапаўняла пачуцці, і Еўфрасіння па звычцы засталася ў царкве. Але ўвагу нечакана адцягнуў даволі моцны незразумелы шум на падворку. Сэрца балюча тарганулася. З якога часу тое пачалося, мала хто памятаў, але пад вароты манастыра ўсё часцей пачалі падкідваць мёртвых. Спачатку — амаль аслізлых псоў. Потым — укручаных у радняныя пялюшкі дзяцей-навародкаў. Таксама памерлых. Ад хваробы ці голаду. Сястра-гаспадыня паехала на размову да вялікага князя, дазнаўшыся: на Полаччыне, пасля сыходу чорнай смерці, дапраўды пачаўся такі ганебны гвалт, што чуткі пра гэта пачалі разрастацца, як снегавы камяк. Аднак скрыўджаныя жанчыны, баючыся толькі ім вядомых гвалтаўнікоў, маўчалі. ...Падкінутых мёртвых немаўлят тым часам пачалі хаваць на адгароджанай зямлі зводдаль ад келляў...

У царкве было халаднавата, калені і плечы дарэшты азяблі, і ігумення зноў міжволі прыслухалася, устрывожаная наўздзіў рэзкім шоргатам шматлікіх крокаў, што даляталі з-за прачыненых дзвярэй. І раптам з падворка так выяўна данесліся дзіцячы плач і немы жаночы крык, што міжволі кінулася да дзвярэй. Здзіўленая, пачула віскатлівае:

— Як прыйшло, так і згіне! Сказана ўсім: «Не блудзі!»

Падагнаная трывогай, адчыніла важкія дзверы. Выбегла і зніякавела: пасярод падворка сабраліся ці не ўсе чарніцы абіцелі, у цэнтры іх стаяла высокая, прышлая ў Сяльцо з Бельчыцкага манастыра, Звеніслава:

— Усмерцім адроддзе д’яблава!

Убачыўшы ігуменню, усе расступіліся, утварыўшы праход да сярэдзіны, адкуль далятаў жаласлівы дзіцячы піск, перарваны дзікім жаночым енкам. Некалькі сёстраў моцна трымалі за рукі збялелую Куліну, якая выпручвалася з усіх сіл і з жахам пазірала на Звеніславу — тая, падняўшы над сабой амаль голенькага навародка, ужо ледзь не захлыналася крыкам:

— Не будзе ў абіцелі святой блуду! Смерць вырадку!

Ступіўшы крок, падняла дзіця яшчэ вышай, пагражаючы грымнуць таго вобзем, і Еўфрасіння, жахнуўшыся, прахрыпела:

— Апамятайся! Ісус сказаў: пусціце дзяцей і не заважайце ім прыходзіць да мяне, бо такім належыць Царства Нябеснае.

Немаўля ў руках Звеніславы закрычала яшчэ мацней, і Еўфрасіння кінулася наперад. Але не паспела: Сава, што нечакана пад’ехаў на вазку, па-звярынаму імкліва саскочыў з колаў, умірг вока падляцеўшы да Звеніславы, выхапіў у тае з рук дзіця і тут жа знік за спінамі сёстраў.

— Калі не можаш быць ігуменняй, дай іншым дарогу! Ідзі княжыць альбо сама блудзі!

Звеніслава ад нечаканасці ажно хітнулася і вось ужо ўдарыла па Еўфрасінні поўным нянавісці позіркам.

— Бацька мой мацнейшы быў за твайго! І багаццем, і княжаннем!

З сястрынскага гурту пачуліся згодныя выкрыкі, і Звеніслава яшчэ болей узвілася:

— Толькі не трэба цяпер пра анёла свайго капішчанскага! Наслухаліся. Не верым! Распуста ў абіцелі пасялілася, ігумення! Саступі!

— Гора свету ад спакусаў, сястра, бо павінны прыйсці спакусы. І такое ў Святым Дабравесці сказана!

Еўфрасіння азірнула імгненна прыціхлы сястрынскі гурт, пасуровела:

— Але ж гора таму чалавеку, праз якога спакусы прыходзяць.

— Лепей сама адступіся!

Звеніславу ўжо калаціла, але да слыху раптам данёсся такі дзікі жаночы ўскрык, што ўсе зніякавела пераглянуліся, тут жа спалохана расступаючыся.

— Акрапі, Божа, ісопам, і ачысцімся...

Пасярод гурту на зямлі ляжала, раскінуўшы рукі і неяк жаласліва стуліўшы вусны, назаўсёды аціхлая Куліна, і першымі, глянуўшы на памерлую, ачуціліся маладзенькія паслушніцы.

— ...абмый, і болей за снег адбелімся — Схіліўшыся над Кулінаю, смялейшая з паслушніц ужо закрыла павекі нерухомых вачэй.

Чарніцы, зніякавела адступаючы, некаторыя міжволі азіраліся, але Звеніславы на падворку ўжо не было.

...Позна ўвечары цяжкага, перапоўненага клопатам аб пахаванні Куліны, дня праз парог ігуменскай ступіў Сава. Працягнуў Еўфрасінні ўгорнутае ў цёплую коўдру дзіця:

— У порубе козы ёсць.

— ..луту невінаватую ратуючы...

— Слёзы твае няхай анёлы ўбачаць, уладычыца.

— Слязьмі гэтую кроплю жывую не накорміш, Сава. Што, скажы, рабіць?

— Гадаваць, ігумення. А малако ў трапезную я буду прыносіць.

* * *

І скажуць, што прыношу быццам на вячэры любові хмары бязводныя, высадзіўшы бясплодныя дрэвы, двойчы памерлыя, выкарчаваныя. І як хвалі раз'юшаныя быццам бы з шулавіннем выкідваю на бераг людскі сваю брыду і зоркі вандроўныя, якіх прыганяе мора цемрыва, — не вер! Шша-су... Не вер!

...Выбавіўшыся з катавальні Кажадуба і зноў вярнуўшыся ў поруб старэйшым наглядчыкам, Сава нібыта захварэў: пачаў наведвацца ў Сяльцо ці не на ўсе вечаровыя сястрынскія спевы, гадзінамі мераючы немалую дарогу ад Сарочых Хмызоў. Разам з полацкімі месцічамі ўваходзіў у царкву, здымаў у парозе неглыбокі стаўбун, хітнуўшы русай чупрынаю густых валасоў, шукаў позіркам вялікіх блакітных вачэй ігуменню. Маліўся. Потым ціха выходзіў і праз увесь Полацак вяртаўся на службу. Паходы кмета, аднак, не засталіся незаўважанымі і працягваліся да таго вечара, пакуль у Сяльцо не прыйшоў галоўны цівун уладыкі. Убачыўшы перад свечкамі кмета з поруба, суровы служка епіскапа непрыкметна выйшаў, пасля чаго Сава неяк раптоўна і надоўга знік. Праз некалькі месяцаў адна з сёстраў, праўда, спытала: «Дзе наш Сава?!», і нехта адказаў, што кмет знайшоў новую службу. Ці то ў менскага князя Глеба, ці ў запалоцкага Барыслава, у што слаба верылася. Але калі Сава нарэшце аб’явіўся на вячэрняй службе ў полацкай Сафіі, ужо ў сівой світцы звычайнага смерда з даўнім шнарам, што пачварна расцінаў увесь твар, Еўфрасіння жахнулася: колішні асілак, які на будаўніцтве манастыра мог лёгка зрушыць з месца павозку з дошкамі, нагадваў цяпер выпетраны шкілет. Пасля службы, не зважаючы на гнеўныя позіркі святара, сама падышла да верніка.

Успыхнуўшы блакітнымі вачмі, Сава адразу ж апусціўся на калені.

— Кмет Сава?..

— Ужо не кмет я, уладычыца.

— Заўтра раніцаю прыйдзі ў Сяльцо, кмет. У пергаменнай майстэрні работнікі патрэбны, задумалі з Міхалам і грабарню пры мужчынскай абіцелі. А ў цябе рукі залатыя.

Блакітныя вочы ўспыхнулі.

— Калі буду жывы, прыйду.

— Усе мы ў ласцы Божай.

Той жа ночаю, укленчыўшы перад абразамі, да самай раніцы яна прасіла спагады, але агеньчыкі свечак нават не дрогнулі. Неба не адзывалася.

Тады паслала вознага да каваля Рамана ў кузню па тыя жалезныя ланцугі...

 

РАЗДЗЕЛ 13. Баяры ў Сяльцы

...Не мінула і тыдня, як перад варотамі спынілася багатая павозка, з якой выйшла некалькі баяраў на чале з запалоцкім князем Барыславам і ваяводам Вялішыным. Здзіўлена і ўхвальна азірнуўшы новы падворак манастыра, барадаты ваявода ў тоўстай свіце з сіняй аблямоўкаю і залатымі закаўнерамі пачаў з галоўнага:

— Ведама ўсім, літасцівая, што пасля смерці вялікага князя Барыса, — баяры скрушна схілілі галовы ў вавёрчыных стаўбунах, — усе мы толькі князя Барыслава на стальны бачым.

Міжволі падняла вочы, сутыкнуўшыся з пранізліва-насмешлівым позіркам запалоцкага госця.

Ваявода тым часам працягваў:

— Нялюбыя нам ні Глебавічы, ні сам Рагвалод, хоць той і намерваецца... Але хіба толькі Барыслаў, ігумення, улесціць нораў Манамаха.

— І ёсць дамова. — Запалачанін, не стрымаўшыся, выступіў наперад. Скасіўся на сёстраў, што ўжо сыходзіліся да Еўфрасінні.

— Чаго ж ад мяне чакаеце?

Ваявода, хітнуўшы вялізным жыватом, схопленым паверх сіняга кафтана багатым аксамітавым поясам, злёгку пакланіўся:

— Старэйшыны веча аб адным просяць...

Не чакаючы працягу, бліснула цёмнымі вачмі:

— Ці праўду кажуць, што, асудзіўшы зродніцу нашу якая ўжо Госпаду служыць як сястра Еўдакія, — баяры здзіўлена пераглянуліся, — то ці праўду кажуць, што і другую сястру нашу, Звеніславу, вялікі князь пад вашым прымусам змовіўся аддаць ноўгарадцу Радміру?

Барыслаў незадаволена кашлянуў.

— А ён, баяры полацкія, і пра гэта не толькі вы, але ўвесь край наш ведае, ужо чацвёртую жонку да смерці забіў! Звер люты і той...

— Ці маглі мы старшынаў змусіць на такое, ігумення? Маладосць твая, папракаючы нас, яшчэ сляпая.

— Вочы мае не паслаблі, ваявода! Хаця скажу: не вачмі ў гэтай абіцелі, а сэрцам бачу.

— Не адзін раз мы клалі гонар свой за розных зроднікаў ігуменні Ваявода, як просячы выбачыць за смелую размову, усміхнуўся: — А цяпер зямля крыўская яго хоча. Памацні галіну князёў полацкіх! Менскія наступаюць!

— Няўжо сляпы такі, ваявода?! Чаму ж не спыняеш варажнечу паміж братамі нашымі? Ці, можа, зусім розум ваш размякчыўся, баяры?

— Не малітвы твае цяпер, а мячы нашы Полацку патрэбны!

— Сілаю пасадзіце на сталец няўгоднага, не суцішыцца гарачы Рагвалод! І ніякая наўгародская падмога не пасініць яго. — Уздыхнула.

— Зноў кроў пральецца!

— Ужо льецца.

— Крывёю братоў сваіх, касцямі іх, баяры, шлях для Мсціслава мосціце!

— Не пярэч Полацку! Аддай Звеніславу ў Ноўгарад! Веча наша кажа тое!

Баяры, стоячы за спіной запалоцкага князя, пазіралі на яе з такой зацятай злосцю, што міжволі прымоўкла і задумалася. Але вось, сціснуўшы вусны, так высока паднесла срэбны крыж, што Барыслаў міжволі адступіў.

— Пра сястру нашу, паслушніцу, у Жаніха яе нябеснага запытайце. У Яго, баяры, дазволу прасіце. Бо сама яна з Бельчыцаў да нас прыйшла і цяпер — у глыбокім посце маўчання. Болей дбае пра тое, каб рабіць цвёрдым пакліканне і не спатыкнуцца. Як навучаў святы апостал Пётра...

Запалачанін амаль задыхаўся, але пасля кароткага кашлю нечакана зрабіў да яе імклівы крок. Крыкнуў так, што здаецца, пачулі нават смерды з весяў:

— А хто вас блуду навучыў, затворніцы?! Таксама Пётра? Які там пост маўчання?! Ды ўсе крыкам крычаць, як вы тут у любові да Хрыста свайго,— здзекліва скрывіў вусны, — гэтага беднага жаніха без нагавіц, за іншымі нагавіцамі сочыце. І не даяце нікому праходу! Дзяцей раскідваеце паўсюль.

Ужо не памятала, як паднесла налітую гарачкай руку, апусціўшы яе на шчаку крыўдзіцеля. Не пазнавала і ўласнага голасу:

— Як заступаўся святы Мікола за веру хрысціянскую ўдарам па хлуслівым вуснам, так і цяпер, аблудны князь...

Усе замерлі — ашалелы запалачанін рыўком выхапіў з-за пояса сякерку. І ўжо нават махнуў ёю. Першым апамятаўся ваявода — не зважаючы на вялізны жывот, гак увішна крутнуўся наперад, што адразу ж засланіў Еўфрасінню ад чырвонага, з вырачанымі ад узбурана» жоўці вачмі, зняважанага князя. Насупіў калматыя бровы:

— Не думаеш пра Полацак, ігумення!

— Толькі пра Полацак і дбаю, ваявода! Толькі бачу, засмучаная, што мужы яго імянітыя гатовы кроў праліць за ўладу, забываючы пра дух.— Да яе шчок усё яшчэ прыбывала гарачка перажытага.— Пакаяцца час!

Падняла крыж, але баяры ўжо спяшаліся да павозкі ўслед за Барыславам, які так і не выпусціў з рук сякеркі. На імгненне азірнуўся, і ўсе, хто стаяў на манастырскім падворку, зразумелі, што перажытую абразу князь ужо ніколі не даруе.

Звеніслава, нядобра бліснуўшы вачмі, крыху пастаяла моўчкі. Нарэшце павярнулася да трапезнай даганяць чарніц. Не вытрымала і на хаду азірнулася:

— Пашто за мяне адказ даеш, сястра?

— Ці не ведаеш? Той, каму цябе...

— Сама слова сваё скажу!

«Ігуменні абіцелі Сяльцовай Еўфрасінні ад пісара бібліятэкі епіскапскай. Сім перадаю ігуменні дазнанне ад інака лаўры Пячэрскай Лаўрэнція, прыбылага з ладдзёю купецкай: «Князь вялікі Мсціслаў Уладзіміравіч, Сын Манамахаў, укупе з баярамі чарнігаўскімі і пераяслаўскімі, назбіраў сіл вялікіх проці хана палавецкага Баняка Халудзяка, што, знаглеўшы, косіць смяротнымі цэпамі цэлыя весі і двары нашы, завальвае крыніцы зямянамі, гвалтам звалакае цэлымі ладдзямі паланянак на рынкі». Ці паверыш, ігумення, што зроднікі твае, Рагвалод, сын Барысаў, і дзядзькі твае з кораня праслаўнага Усяслава, як паведаў інак той, на савеце велікакняжым, не запытаўшы веча Полацкага і адно заслепленыя варожасцю адзін да аднаго, смелі адказаць Кіеву: «Ужо ж разбірайцеся прамеж сябе, а ў нас ёсць свае справы». Жадаюць, недамысльныя, займець праз князя запалоцкага Барыслава мір з ханам, кідаюць худыя дружыны свае супроць суседзяў смалян і навагародцаў, кім і паваяваныя бываюць няшчадна. Пра ганебны ўчынак гэты дасюль маўчанне было. Пакуль не прыбыла вестка. Раці кіеўскія без удзелу полацкіх здрайцаў пабілі ханскіх аспідаў і цяпер гатовы павярнуць мечы на Полацак. Вайна блізіцца! Дазволь, ігумення слаўная, завяршыць дазнанне сіе весткаю не менш сумнай. Уладыка наш Ілля, Царства яму Нябеснае, ночаю раптоўна пачыў у Бозе, запавядаючы табе, ігумення Еўфрасіння, не забываць волі ягонае. І з прычыны тае прашу з пасланцом нашым абмовіць дапамогу сёстраў пры адпяванні і страў стала задушнага прыгатаванні. За сім, з паклонам — пісар Ярэмія».

 

 

РАЗДЗЕЛ 14. «Паляна касцей»

Пастаў жа над імі, Госпадзі, бязбожнага. І д’ябал няхай стане праваруч іх... І малітва іхная хай стане грэхам. І хай забудуцца імёны іхныя ў наступным родзе за тое, што не злітаваліся здрайцы на зямлі, а гналі чалавека беднага, беднага і зламанага сэрцам... Уратуй жа мяне, Госпадзі, ад здрайцаў, бо атрута іх уваходзіць, як вада, у нутроту і, як алей, у косткі. Бо апрануць мяне ў сорам, быццам у вопратку, акрыюць ганьбаю, як шатамі...

— Не спяшайся, ігумення. Княжыя кметы вось-вось...

Яна зноў памкнулася саскочыць з вазка, але наўздзіў пасмялелы Сава, седзячы за спіною, нечакана моцна прытрымаў яе за плечы. Недзе каля задняга кола натужна соп вялізны манастырскі вартаўнік Агмень. Наперадзе, з-за таямнічай залаціста-зялёнай сцяны разналесся, чырванелі яркія сполахі агню, чуліся дзявочыя енкі і раз’ятраны мужчынскі рогат.

З самага пачатку, як толькі манастырская падвода пад’ехала да гэтай бялявіны, Сава ткнуў паходню ў зямлю, і агонь, зашыпеўшы, патух; манастырскую павозку ахінула валогая лясная глухата. На высокім небе ярка жаўцела поўня, міма якой праплывалі рэдкія прадранішнія хмаркі. Да слыху данеслася патрэскванне смалякоў.

Сава, аднак, настойваў:

— Пачакай. Мы гэтых аспідаў даўно выцікоўвалі. Блудзяць кметы княжыя, пэўна. У пушчы ночаю няпроста.

— Могуць і не прыехаць.

— Найбольшая віна мая, што нічога не магу ўтаіць ад цябе, ігумення. Прасіў жа: не едзь! Але дзе паслухаеш... Толькі ж цяпер хаця не спяшайся.

Ужо сыходзячы на зямлю, пачула нечакана рэзкі, па-даросламу роспачны дзіцячы плач, што балюча ўдарыў у сэрца. Ногі самі пакіравалі на атрутна-жоўтае святло.

Следам таропка зашоргаў і Сава:

— Не аказвайся ім, уладычыца!

Але яна ўжо не чакала, прастуючы да святла. Перад вачыма разлягалася тая самая «паляна касцей», адкуль да гэтага часу вывозілі цэлыя крушні спарахнелых людскіх касцей і пабітых іржою мечаў. Ночамі, як казалі сівыя бывальцы, бавілася тут сваімі пачварнымі гульнямі нячыстая сіла, страшнае месца абміналі нават самыя адчайныя ловы-паляўнічыя. Аднак цяпер па ўсёй даўжыні страшнай бялявіны палалі вялізныя вогнішчы. Каля двух сярэдніх, што ўжо добра разгарэліся, высілася некалькі збітых з грубых дошак сталоў, на якіх ляжалі асвежаваныя свіныя тушы. Паблізу, каля адсечаных даўжэзных лычоў і зваленых на зямлю трыбухоў, валтузіліся адзічэлыя ад свежай крыві псы. Грыдні ў скураных фартухах, гуляючы доўгімі нажамі, наразалі і насаджвалі на бліскучыя шампуры ладныя кавалкі дзічыны. Маладзенькія слугі, падсмажыўшы мяса, тут жа бегма шнуравалі бялявіну, несучы яго князю Барыславу і маладым баярам, якія з келіхамі ў руках акружылі вялізныя гліняныя карагачы з медавухай. Сава, не адступаючыся, дыхаў ледзь не за самай яе спіною.

— Чакай тут, уладычыца.— Кашлянуў і імгненна знік у цемры, але Еўфрасіння, усё яшчэ не заўважаная нікім, зрабіла колькі крокаў наперад. У нос ударыла прытарнай хмельнай церпкасцю.

Каля крайняга стала, на якім ляжала ледзь прыкрытае радняным шматком немаўля, стаяла апранутая ў свой строгі манаскі покрыў, але з келіхам у руцэ Звеніслава. Абдымаючы чырванатварага, у серабром расшытым кафтане запалоцкага князя, цалавала яго так апантана, што вакол пачала збірацца ашалелая моладзь. Да слыху данесліся роспачныя дзявочыя ўскрыкі: вялізныя кметы, заломваючы дворным дзеўкам рукі, шпурлялі няшчасных на зямлю і тут жа, пад агульны п’яны рогат, гвалцілі. Самых непакорных, наваліўшыся па трое, прывязвалі расхінутымі нагамі да алешын і зноў гвалцілі. Ахінуўшыся толькі шоўкавымі стужкамі і доўгімі распушчанымі валасамі, наўкруг вогнішчаў з рогатам бегала некалькі бессаромных маладзіц, і нехта адразу ж захрыпеў: «Ведзьмы!»

Тады, падняўшы вышай крыж, яна паглыбілася ў малітвы. Перад вачыма, завалакаючы наваколле смуродам, з шыпеннем заторгаліся яркія чырвоныя кругі. Усё навокал чадзела густой сераю, у грудзі ўдарыла слупом разбэшчанага смеху. Апусціўшыся на калені, зноў замерла ў малітве, дакранулася лбом да халоднага крыжа. Не абзывалася.

..Яе абудзіў рэзкі дзіцячы крык, ад якога імгненна адплюшчыліся павекі. Таропка падняўшыся, трапіла ў кола пякучага святла, і агаломшаныя кметы адразу ж адступілі. Не бачыла ігуменню толькі Звеніслава. Падхапіўшы голенькую Далю на рукі, з нядобрым смехам скіравалася да вогнішча.

— І мяне ў агонь кідай, Звеніслава!

Нібыта ўбачыўшы прывід, тая з жахам адступіла, але тут жа апамяталася:

— Не дзіця гэта чалавечае. Ахвяра наша.

— Бервяна ў воку сваім не бачыш.

— А што ты, чарнарызая, разумееш у любові?! — Раз’ятрана глянула на ігуменню.— ...што разумееш? Любы мне князь Барыслаў. З першага позірку любы. Толькі за яго пайду.

— Ці не ён учора хацеў цябе другому аддаць, сястра?

— Удаваў так.

Звеніслава, засмяяўшыся, зрабіла пагрозлівы крок да вогнішча.

— Крыві Ягняці прагнеш, сястра?

— Грэх — грэхам!

Ужо ні на кога не зважаючы, грэбліва скрывіла вусны і раптам пачула гучны і кплівы рогат князя. Міжволі спынілася.

Маленькая Даля, якую ўжо прыпякала блізкае вогнішча, гучна заплакала, ад чаго, быццам пасмялеўшы, Звеніслава зноў рашуча выпрасталася і ступіла крок наперад. Толькі на хвілю сумелася: Еўфрасіння ўжо не адступала. Раскінуўшы ў бакі рукі, замерла, краем вока змеціўшы набліжэнне баярскай моладзі, наперадзе якой выступаў дзесяцкі Гарадзей.

— Чаму дзевак дворных нам, а абранніц Божых... — Ашалелы і зблажэлы ад медавухі дзесяцкі ажно хітнуўся. — А што дружыне, князь?

Баярчукі пагрозліва зашумелі, і Барыслаў у ярасці бразнуў келіхам па стале, змусіўшы насцярожанага Гарадзея наўздзіў спрытна выхапіць меч. Ад нечаканасці князь нават сумеўся, але раптам, затрымцеўшы, пачаў так моцна задыхацца, так ліхаманкава тузаць рукамі за каўнер кафтана, што ўсе прымоўклі. Хрыпеў:

— Калі хочаце, усіх бярыце!

— І гэтую? — Гарадзей махнуў рукою ў бок Звеніславы і зноў узбуджана засмяяўся.

Крыва ўсміхнуўшыся, Барыслаў здушана хмыкнуў, але не было ніводнага, хто не пачуў бы ягонае важкае і пякучае:

— Толькі ігумення — мая!

П’яна гікаючы, да Звеніславы блізілася распусная, няўцямная зборня.

— Рабычыч запалоцкі! — Назіраючы за няўпэўненай мітуснёю князя, Звеніслава так грэбліва скрывіла вусны, што захмялелыя баярчукі ашалелі ад рогату.

Князь, успыхнуўшы ад нечаканай жаночай дзёрзкасці, імкліва ступіў наперад і зноў ціха і ўпэўнена сцвердзіў:

— І гэтую! Калі хочаце! Толькі ігумення — мая!

Нехта кінуў у Еўфрасінню, сыпнуў проста ў твар жменю сухога калючага пяску, і перад вачыма агнём запалалі вялікія сонцы, у якія яна так балюча і доўга — «...аддаецца суду і лютасці агню...» — пачала падаць.

«Сава... Дзе Сава?! Сава...» Вочы заходзіліся едкім свербам.

...Магутны, з барвовым глыбокім шнарам праз увесь твар, Сава і дапраўды вынік з густога клубка дыму, як прымара, адразу ж засланіўшы яе ад усёй хаўрусні. З ярасцю шахаючы наўкруга мядзведжым ланцугом, біў ім па ботах, але вось так пранізліва крыкнуў когутам, што Звеніслава, працягнуўшы ахрыплае дзіця Еўфрасінні, бясцямна азірнулася. Над палянаю паляцеў яшчэ адзін дзяркаты крык, да якога, распаляючы знаглеўшую дружыну, далучыўся запалошны сабачы брэх. Затрашчаў сухастой, праз усю «Паляну касцей», падняўшыся ва ўвесь рост, ішоў агромністы, знакаміты ва ўсёй Полаччыне манастырскі мядзведзь Агмень, убачыўшы якога, усе пачалі з енкам разбягацца. Сава, не выпускаючы з рук важкі ланцуг, ціха, але настойліва падштурхоўваў ігуменню да соснаў. Азірнулася. Вогнішчы, патрэскваючы смалякамі, дагаралі, і каля іх сядзелі, захінаючы калені парванымі спадніцамі, знямелыя і бясцямныя ад перажытага маладзіцы.

— «...і на абазнаных...» — Прыціхлая Звеніслава, якую Сава пасадзіў на падводу побач з Еўфрасінняй, нарэшце заплакала:

— Спакушаная я, ігумення...

— У Таго прасі, хто выпрабоўвае сэрцы і вантробы нашы і аддае кожнаму паводле ўчынкаў ягоных. У Яго прасі, сястра.

— «І на абазнаных у глыбінях д’ябальскіх... — Звеніслава нечакана так горка ўсхліпнула: — ...ускладзецца толькі тое, што маецца...»

Так скрушна засмяялася, што азірнуўся нават Сава. Але ўжо не магла маўчаць:

— Спакусілі... Прыйшла хвіліна, і змяя сэрца ўкусіла.

— Збяры слёзы ў рукаво начэй бяссонных, сястра. Патрымай сэрца ў вярыгах. Пакуль не прыйдзе ён.

— «...толькі ці не скрышуся, — плакала, — ...посудам гліняным ад жэзла жалезнага?» — Не суцішвалася. — Але хто гэтак зачараваў мяне? Быццам аслепла, аглухла. Пашто розум адабралі? Увесь бацькаў куфэрак аднесла запалоцкаму!

Яшчэ шчыльней захінула на грудзях свой прапахлы дымам манаскі покрыў.

— Вось і аддзячыў!

Бяссонная ноч мінала...

— Але не ўсё яшчэ выпусціла з рук!

— Ці пра тое цяпер дбаеш, сястра?

— Засталіся падвескі залатыя і бранзалеты мае сярэбраныя. У манастыр усё прынясу! Злітуйся. — Апусціла галаву ў далоні. — Прымі!

— Не золатам-срэбрам да Яго прамаўляй. За сэрца беззаганнае аплаты не просяць. Не за веру срэбранікі адлічваюць.

— Яшчэ смяяўся, што купіў быццам у нейкага нехрысця нязвычную дзівосу. Чэрап...

— Хіба мала чарапоў на Полаччыне?

Сава ажно папярхнуўся ад смяшку, але Звеніслава не пакрыўдзілася.

— Княжы той быццам. Зродніка нашага найстарэйшага. І кроў людскую з яго піў! Маладзеў і здаравеў так. Д’ябал ён, князь запалоцкі, сястра.

...Старажавы Агмень збег у пушчу і знік там, відно, назаўсёды. Маленькая, што кацяня, Даля, укручаная ў вялізны кажух, жаласна пішчала.

Сава, седзячы за фурмана, устрывожана азіраўся:

— Вялікі князь сам меўся прыехаць з дружынай, уладычыца. — Уздыхнуў. — Гнюсаў запалоцкіх мы даўно высачылі.

— Значыць, сталася нешта, Сава.

— Значыць, сталася, калі не прыехалі!

...Коні, ляніва рухаючы закляклымі за ноч нагамі, нетаропка павярнулі па ледзь бачнай праз туман дарозе ў сівую раніцу. Падвода, мінаючы разнасцежаны падлесак, валюхалася да краю пушчы.

Укручаная ў кажух малая сагрэлася і пацішэла. Але зноў заскімліла, пругка ўпіраючыся ў кажух ножкамі.

Нарэшце, ад’ехаўшы да Сарочых Хмызоў, Сава павесялеў і апусціў бізун. Вазок спыняўся перад невялікай чатырохсценнай пабудовай, дзе жыла старая нянька князя Васількі Такліна. Акінуўшы позіркам знаёмы падворак, Еўфрасіння ўсміхнулася. Старая квочка з гладкім абліччам у шырокім, са скуранымі латкамі каптане ўжо бегла да павозкі.

Шырока ўсміхнуўшыся, адразу ж выхапіла з кажуха ўсё яшчэ ўгорнутую ў радняную хусту дзяўчынку.

— Хэ... Трэба ж, дзіця моцнае!

Шапялява засмяялася, і Еўфрасіння схіліла да яе галаву:

— Выратуй, нянька! Малая, а столькі ўжо ёй...

— Калі так ножкамі пручаецца, выкачаем. А ты ж як, князёўна? Гожая, што тая галубка.

— Гняздо раблю, Такліна.

— Ці птаха якога чакаеш?

— Чакаю.

— Хто мае ключ, той адамкне. Прыязджай часцей, ладанька.

— Прыеду!

Такліна лагодна і дапытліва зірнула на Звеніславу.

— Не плач і ты, маладзічка... Той млын, — махнула рукою ў далёкі, адно ёй знаёмы, прасцяг, — усё перамеле. — Задумалася. — Цяпер хадземце, паранае малако ў мяне ёсць.

...Ужо вяртаючыся ў Сяльцо, загушканая павозкай, Еўфрасіння нарэшце сцішана задрамала. Але тут жа, толькі пачуўшы ў сэрцы калючы боль, адплюшчыла павекі.

Сава, павярнуўшыся, трывожана крыкнуў:

— Дапраўды сталася, уладычыца!

Праз гразкае поле імчаў, пабліскваючы драцяною сарочкаю, вершнік без шалома.

Убачыўшы бацькавага ратніка, сумелася і адразу ж, спыніўшы вазок, сышла долу. «А хто ж збярэ статак увесь і жываты нашы?»

Пэўна, толькі цяпер, убачыўшы раскрыленую на зямлі ігуменню, і кмет Сава, і задыханы княжы пасланец, які нарэшце дагнаў павозку, і маўклівая Звеніслава, і гэтае веснавое поле з азяблымі Сарочымі Хмызамі, і хмаркі, гнаныя ветрам, нарэшце зразумелі, якая бяда прыйшла на Полаччыну...

 

ЧАСТКА ПЯТАЯ

Маці Багародзіца! Жылы нашы такія моцныя, што ўтрымаюць нават зоркі, і такія доўгія, як карані вольхаў стагодніх, што імкнуць у сарцавіну плоці зямной. Забяры іх і аддай ткаллям Тваім. І ссукаюць клубкі ніцяў, і сплятуць з іх сарочкі для вояў нябесных... Пашлі іх бараніць зямлю крыўскую!

 

РАЗДЗЕЛ 15. Напад Мсціслава

Засеяўшы навакольныя весі і развораныя ляды акрываўленымі ратнікамі Рагвалода, дружыны кіеўскага князя Мсціслава разам з хаўруснікамі, помслівымі смалянамі і навагародцамі, а таксама дрыгавічанамі і дулебамі, асадзілі Полацкую дзяржаву з усіх бакоў і занялі аслаблены набегамі, знясілены чумою і частымі паводкамі Полацак за тыдзень, аддаўшы воям забраны край на яшчэ нечуванае, дзікае рабаванне. Гэткія ж, як і іхні князь Мсціслаў, нястомныя і бязлітасныя, прызвычаеныя начаваць толькі на зямлі, паклаўшы пад голаў кайстру са стрэламі, спажываць птушынае мяса і дзічыну, спечаную ў паходным вогнішчы, воіны з Кіева былі мужныя і бясстрашныя ў сечы. Аднак не змог перадаць князь дружыне самае галоўнае — свае абыякавасці да срэбра і золата, якое заўсёды раздаваў прыгаршчамі. Ці не гэтую самую каштоўную якасць свайго характару кіеўскі ўладар пазней успадчыў свайму сыну Расціславу? Але ў гэтае, адна тысяча сто дваццаць дзявятае, лета ў паваяванай Полацкай зямлі пераможцы, адразу ж стаўшы забойцамі і гвалтаўнікамі, выціскалі з душы адно атруту, назапашаную за доўгія леты застарэлай варажнечы паміж Кіевам і нашчадкамі Ізяслава: род полацкага першакнязя ўрэшце быў высачаны і схоплены. Не дацягнуліся рукі віжоў толькі да маладога Васількі. Зраненая, анямелая Полаччына затаілася.

Пульсар устаўкі

Маці літасцівая, Багародзіца, прымі малітву маю. Маці Багародзіца, пашто дазваляеш скрусе пераядаць дні нашы? Хіба не бачыш вочы выплаканыя?

Вазьмі іх у кузню цудаў Тваіх. І дыханні, якімі славім штодня імя Сына Твайго, Госпада нашага, і вусны нашы забяры! Каб сталіся вудачкамі дзяцей, што народзяцца ў весях зямлі крыўскай.

І забяры грудзі мае, белыя і трымтлівыя, бы срэбра расплаўленае, і плечы мае, і аддай кавалям воінства свайго, каб гартавалі шчыты з цноты манаскай — аслоньваць люд наш ад смяротных стрэл.

Ойча міласэрны, і Табе кланяюся: выпрабаванне дай дачцэ полацкай.

Як выпрабоўваў палесцінскіх пакутнікаў Сваіх — постам, бяссоннем, працаю. І ўзнагародзь моцаю егіпецкіх пустэльнікаў і затворнікаў афонскіх. Каб змагаць жорсткасць і здраду, мяцяжы душы, пустаслоўе, аблудлівасць праз доўгія леты.

Гнеў Мсціслава, які так і не дачакаўся прыходу ігуменні з Сяльца, выбухнуў ужо на наступны тыдзень.

Ноччу, асветленай не толькі поўняю, але і сполахамі пажараў з блізкіх весяў, у вароты прыціхлага манастыра нечакана ўдарылі разгушканым бервяном. П’яныя ратнікі, бліскаючы мячамі, гарлава загадвалі ігуменні адчыніць. Сарваныя з петляў дзверы ўрэшце бразнуліся на зямлю. Але тут жа, да вялікай радасці агніц Божых, пачуўся і звон мячоў: перад манастыром нечакана ўсчалася жорсткая бойка. Праўда, яшчэ ніхто з сёстраў не ведаў, хто насмеліўся выступіць на абарону статка Пастыра. З двара даносіліся толькі крыкі вояў і бразгат зброі. Нарэшце, не зважаючы на пратэсты сёстраў, ігумення загадала адкінуць жалезную засаўку і пераступіла парог. Поўня залівала падворак такім яркім святлом, што ўсё было відно, як удзень. Мсціслававы ратнікі, чалавек пятнаццаць, наляталі на ўзброеных толькі пікамі і сякерамі абаронцаў абіцелі, што трымалі бой, падтрымліваючы свой ваярскі дух дружнымі крыкамі, і не адступалі. Гэта была жмудзь. Віскатлівае конскае ржанне, грубыя мужчынскія выкрыкі, бразгат зброі і енкі параненых — усё гэта перакрываў магутны бас важака абаронцаў. Вялікі, што стог, жмудзін штораз браў на сябе чацвярых, пускаючы ў ход нават кулакі, не змеціўшы, як у падворку раптам усё сціхла. Такі ж магутны, у бліскучых латах і жалезным шаломе, да манастыра імчаў сам князь Мсціслаў. З лёту ўразаючыся ў бойку, адразу ж падступіўся да важака манастырскіх заступнікаў. Узмахнуў булавою, і вой, хітнуўшыся, адразу ж упаў грудзьмі на конскую грыву. Сеча замерла. Грозны кіяўлянін падняў левую руку ў жалезнай рукавіцы, сурова гмыкнуў у сівую кароткую бараду, і распаленая бойкаю дружына імгненна апусціла мячы.

Стаяла і яна, быццам брамніца, блізу варотаў манастыра, аблітая яркім месяцовым святлом. У доўгай хламідзе. Прамаўляла малітву. Пазірала на Мсціслававых вояў шырока расплюшчанымі ад гневу вачмі.

— Сказана: абуўшы ногі ў гатовасць абвяшчаць мір і ўзяўшы шчыт веры, якім зможаце патушыць распаленыя стрэлы ліхадзея. Толькі тады ідзіце і — пераможаце!

Азірнуўшы нерухомую постаць маладой ігуменні, князь адно шчыльней ссунуў над гарачымі ад ваяўнічага шалу вачмі калматыя бровы.

Тады паднесла галаву і зычным голасам прамовіла:

— Сказана: прыйдзі да сябе і прыйдзеш да Айца нябеснага.

Ужо не зводзячы з яе захопленых вачэй, вялікі князь павольна апускаў булаву.

Нарэшце падышла, і ўсе перад ёю расступаліся, да жмудзіна. Пацягнула за рукаў. Паранены паволі, чапляючыся за конскую грыву, пачаў апаўзаць...

— І мір няхай стане да раці... — Схілілася і, паклаўшы цяжкую руку воя сабе на плечы, павяла, такога важкага, з залітым крывёю абліччам, да невысокага лекавага прытулку. Шэптам прамаўляла:

— Прыйдзі да сябе і прыйдзеш да Айца нябеснага.

Магутны Мсціслаў, які толькі што ўзбуджана гікаў на разгарачанага каня, з булавою ў руцэ, акрыты бліскучымі меднымі латамі, не зводзіў з манашкі здзіўлена-захопленых вачэй. Адказаў глухім басам:

— І раць — да міру!

Але вось махнуў рукою ў жалезнай рукавіцы, і ратнікі, азірнуўшыся, павярнулі коней прэч. У двары засталіся толькі забітыя.

...Рана Кірыка аказалася неглыбокай, і пад наглядам сястры Еўдакіі нечаканы заступнік абіцелі застаўся ляжаць у манастырскім шпіталі. Але ў гэтую шалёную ноч нікому, здаецца, не было спакою. Добра вытаптаная сцежка праз двор у месячным ззянні зіхацела, як абсыпаная гарачым прыскам. Забітыя парадкаваліся сёстрамі да апошняга шляху, і бальшыня нябожчыкаў былі жмудзіны. Племя зусім невядомае, вольнае; зямля іх лясістая і непрыступная, куды і збіраўся пасля Новагорада той дзіўны манах з Рыма. Таямніча-грозныя пляміны крыві — і тых, хто біў у манастырскія вароты бервяном, і тых, хто бараніў чарніц, цяпер аднолькава тлуста блішчалі на ўзлобку бясконцай ночы.

У сваёй доўгай хламідзе ігумення стаяла пасярод манастырскага двара, агорнутая трымтліва-дрогкім святлом поўні, не адчуваючы, як плячэй кранаюцца і тут жа саслізгваюць уніз, прабіваючы лавы дзёрну, кінутыя Ягонай рукою зоркі-знічкі. Аднак жа які помарак вакол у жыцці, якое запусценне, якое аскудзенне. І ўсе ўратаваныя ісціны Боскія нібыта абкрадзены: «Прыйдзі ў сябе, чалавеча. Уваскрасі хоць у думках годнасць і веліч сваю. Бо Гасподзь блізка ўжо. Толькі і чакае, каб сказаў хто: «Паўстаўшы, — іду да Цябе!”» Нарэшце вярнулася ў келлю і, акрыўшы плечы вавёрчынай хламідкай, села за стол, каб супакоіцца ў працы. Звыкла раскрыла фаліянт, толькі ўчора прысланы з бібліятэкі епіскапа. Запаліўшы таўсцейшую свечку, паўзіралася ў буйныя цітлы. Гэта быў даўні расповед пра далёкую Біярмію і гольмгардскія каралі Ёмелы. Забыў, пэўна, дзяк, што ўжо даваў ёй гэта чытаць...

Незразумелая трывога сціскала грудзі. Але калі нехта ціха пастукаў у дзверы, нават не паспела спалохацца. А тыя ўжо адчыніліся. Высозны, у доўгім кажусе і з глыбокім стаўбуном, які прыкрываў рану, у парозе стаяў Кірык. Убачыўшы яго, усміхнулася: ваяўнічы жмудзін нязвыкла хутка паздаравеў. Мабыць, і сапраўды спяшаўся і ўжо не зважаў на боль. Позірк волата свяціўся ўдзячнасцю, але хутчэй не за сябе, а за ўратаванне дачкі — маленькая Даля дасюль гадавалася ў старой Такліны. Нарэшце ступіў да стала. Няўпэўнена, як просячы, сказаў:

— У цябе пабудзе няхай, Прадслава.

Згодна кіўнула, разумеючы, што просіць за дачку.

— А калі свет стане ласкавейшым...

Чамусьці таропка азірнуўся. У маленькай келлі, асветленай адно свечкамі, было вусцішна. Кірык важка сеў насупраць яе за стол, моўчкі задумаўся. І раптам, засунуўшы вялізную руку за пазуху, пачаў выцягваць і класці на сталешніцу да глянцу зашмальцаваныя ладныя мяшэчкі. Развязаўшы праз хвілю матузкі, асцярожна пачаў высыпаць з іх сапраўднае багацце, што адразу ж адабрала вочы невераемным бляскам. Але што гэта частка таго самага біярмійскага скарбу, Еўфрасіння зразумела не адразу. Цэлай горкаю ў цьмяным святле ззялі падвескі і бранзалеты, яркія каштоўныя камяні і асабліва — каралі з вялікіх і гладкіх бурштынавых камянёў. Расхваляваная, не магла адвесці ад іх позірку. А Кірык, адно параўняўшы ссыпанае сваімі вялізнымі шырокімі далонямі па сталешніцы, паволі выйшаў з-за стала. Тады, ледзь перасіліўшы здзіўленне, таксама паднялася. У вачах суровага жмудзіна бліснулі слёзы.

— За Далю ахвяру маю прымі. Цяпер разумееш, чаму мы тут апынуліся. Везлі табе гэты скарб. А натрапілі на кіеўцаў. Цяпер у двары чацвёра нашых ляжаць. Маліся за іх! — Уздыхнуўшы, паклаў на скарб вялізны чорны кулак. — Усё гэта не з чужое скрыні выкраў, як таць-злодзей, але ад дзеда атрымаў, а той ад свайго. Калі ж грэх які на гэтым багацці, адмалі яго, ігумення, і няхай на добрую справу ідзе. Павер і прымі.

— І ты... Самае дарагое. — Расчулена працягнула яму сваё Евангелле.— Яшчэ Менандор казаў: мець кнігі лепей, чым золата, у якім няма дапамогі для душы. Помніш, казаў пра тое і майстра Даніла.

Схіліла голаў, але Кірык ужо прыхоўваў падарунак за пазухаю. Ціха дадала:

— Ахвяра твая, калі зажадаў, няхай паслужыць справе кніжнай. Муж, які не мае кніг, падобны да агароджы без апораў. Падзьме на яго вецер грахоўны, і ўпадзе, калі не мае моцы славесяў кніжных, як пісаў Яфрэм Сірын.

— яшчэ ў Заслаўі кніжніцай была.

— Птушкам нябесным на тое крылы дадзены, каб цянётаў чалавечых пазбегнуць, а людзям — кнігі, бо ўсю непрыязную лесць адганяюць.

— Гэта добра, калі адганяюць. Пакідаю з табою адзіную крывіну, Далю сваю. Але калі... — голас Кірыка нечакана заледзянеў: — Але калі з дачкі хоць волас упадзе... — не закончыўшы, рэзка павярнуўся і нечакана паспешліва знік за дзвярыма, праз якія ў келлю тут жа ўхлынуў едкі смурод патухаючага на панадворку вогнішча.

Праз кароткі час, прачыніўшы дзверы, ігумення акінула позіркам ваколле, але Кірыка нідзе не было. Зямлю густа засыпала буйная раса. Набліжаўся час ранішняй малітвы. І ўсё ж, яшчэ раз азірнуўшы цэлую сталешніцу нечаканага багацця, яна міжволі сцішылася. Ці не Твая гэта, Маці міласэрная, ахвяра агніцам полацкім? Альбо, можа, спакуса? Не адкладваючы, тут жа паклікала сястру-гаспадыню і Саву, перадаўшы набыты скарб у вядомы толькі ім манастырскі схарон. Падалей ад чужых вачэй.

 

РАЗДЗЕЛ 16. Суд вечавы

— Хіба не задушылі вас голадам і паборамі?! — За вечавога на памосце, развеяўшы бараду з сівымі пасмамі і палаючы чорнымі вачмі, стаяў запалоцкі князь Барыслаў. У серабром расшытым, расхрыстаным жупане, раз-пораз узмахваў рукамі.

Не звыклае, радаснае і шумнае, са спрэчкамі да гарлавога хрыпу, падагрэтае чаканнем застолля з півам і жалейнікамі, сёння веча на Полаччыне. Людзі на плошчы, аточаныя ланцугамі кіеўскіх і навагародскіх вартавых, глуха шумелі, не выказваючы ні згоды, ні асуджэння, і прамоўца яшчэ болей распаліўся.

— Гэта я вам кажу, сын ключніцы! Просты, як і вы ўсе!

Чародка сёстраў у шэрых покрывах з нізка насунутымі на вочы каптурамі ценілася бліжэй да ігуменні. За спіною — Сава, пісар Ерамія, колькі вотракаў з манастырскай школы, вернікі. Сілком сагнаныя на плошчу перад Дзвіною, мссцічы ўжо напіралі на ратнікаў смаленскага Яраполка. Але тыя адно нязлосна перасмейваліся. Увесь збой полацкіх князёў на вечавым памосце шчыльным частаколам сціскалі грыдні Рымшы, які раз-пораз запытальна касіўся на гаспадара. З левага боку ад вечавога стаялі ваяводы, імянітыя рамеснікі і вайскоўцы, надзеленыя правам крычаць. З правага — маўклівыя, з непакрытымі галовамі, аслоненыя цяпер самымі дужымі ратнікамі, полацкія князі, сярод якіх былі стары Давыд і каля яго Расціслаў, тут жа маладыя Барысавы Іван з Васілём, бацька Еўфрасінні Святаслаў. Каля маці Сафіі, якая ўжо ледзь стаяла на нагах, за спадніцу трымаўся Давыдзік Малы, нібы пачуўшы матчын жах, нават не скімліў.

— А пра што думалі яны, князі нашы, калі нагла адмаўлялі вялікаму валадару кіеўскаму? — Запалачанін нарэшце прыдыхнуў: — Мовіць хачу з вамі не як князь, а як месціч просты, ваш брат, палачане.

Збой месцічаў ухвальна загудзеў, і полацкія князі на памосце трывожна пераглянуліся.

— Хіба меліся яны, мізэрныя, — нехта з плошчы ўсё ж гучна запярэчыў вечаваму, аднак запалачанін, нібыта нічога не чуючы, упэўнена працягваў:

— Хіба вартыя яны былі вялікаму Мсціславу і яго супольнікам адмовіць у паходзе на Баняка?

Павярнуўся да Мсціслававага пасланца, смаляніна Яраполка ў строгім, абшытым меднымі пласцінамі жупане,’ што, не здымаючы бліскучага шалома, прытрымліваў каня блізу вечавога ўзвышэння. Нізка таму пакланіўся, і са збою палачан тут жа вырынулі гнеўныя крыкі: «Кукушон запалоцкі, не ганьбі!»

Некалькі грыдняў з пярэдніх ланцугоў аховы, што аддзяліў плошчу ад вечавога памопа, кінуліся на пошукі незадаволеных, але Барыслаў зноў узняў руку:

— А хіба Баняк не наш вораг таксама? Хіба не руйнуе хан весі нашы, не забівае, забіраючы жон і вотракаў нашых?!

— Ці не ты іх сам і водзіш, запалочанін?

Зноў тыя самыя настырныя гарлапаны, на якіх вечавы ўсё яшчэ не зважаў.

— Ці, можа, не дзеля цябе Полацак, дружыны кіеўскія і пскоўскія пралівалі кроў сваю на полі славы?!

Маўчаць месцічы. Хаця праўду цяпер сказаў запалачанін, а маўчаць. Відно, урэшце конча зразумелі: не полацкія валадары ўжо на ўзвышэнні, а толькі палонныя. Яраполк незадаволена бліснуў вачмі. Пачыналася галоўнае. Нарэшце па знаку запалачаніна і ўсе імянітыя рамеснікі, і баяры, што нават без спрэчак апускалі голаў, па чарзе выступалі з радчага гурту, выносячы вырак Таропка выгуквалі адно толькі:

— Вінаватыя. Выслаць! Вінаватыя. Выслаць!

Адварочваліся, але зноў, апускаючы вочы, выгуквалі:

— Вінаватыя. Выслаць!

Плошча ад нечаканасці грозна загула:

— Здрада! Полацку... Здрадзілі!

У падмогу ахове адразу ж пабеглі бязлітасныя запалоцкія грыдні, і Еўфрасіння міжволі падалася ў бок вечавога насту, тут жа змушаная спыніцца: шчыльны ланцуг вартавых нікога не прапускаў. І раптам малы Давыдзік так гучна і жаласна ўсхліпнуў, што яна, ужо не слухаючы Яўлампію, кінулася наперад, гнеўна прабіваючыся праз шчыльную варту. Барыслаў, убачыўшы яе, ад нечаканасці сумеўся, але тут жа падаў знак прапусціць. Чуючы спіною насцярожаныя позіркі месцічаў, паволі пайшла да маці, узяла за руку малога Давыда. Працятая сотнямі позіркаў, зразумела, што мусіць цяпер спусціцца ўніз. Нават ступіла да сходаў першы крок, але ў горла нечакана ўдарыла такая вострая, пасланая з самога сэрца сляза, што, павярнуўшыся, спыніла на Барыславе пякучы позірк.

— Кажаш, быццам любіш народ свой, князь? А ты ж яго, як арыман сызпеклы, — караеш!

Падняла галаву яшчэ вышай.

— Чаму прадаеш зямлю родну находнікам?

Усе назіралі за вечавым з вусцішным маўчаннем. Здзіўлена ўсміхаючыся, не абзываўся і Яраполк. Але яна ўжо не спынялася:

— У грудзі сябе б’еш. Быццам дбаеш пра моцу і сілу дзяржаўную, а чаму ж лепшых сыноў у порубе гноіш?! Здраду і смерць сееш адно! Адкажы Полацку.

Адчула: яшчэ слова — і плошча выбухне гневам. Сыходзячы з узвышэння, перажагналася, гучны плач Давыдзіка адразу ж разнёсся над гуртам, і ўсе на плошчы гнеўна хітнуліся наперад. Бакавыя дружыны, грымнуўшы мячамі аб шчыты, прыўзнялі дзіды, тут жа адкінуўшы назад пярэднія шэрагі. Пачуліся крыкі параненых; людская лава пагрозліва завіравала, ужо гатовая кінуцца на дзіды.

І раптам з боку ракі азваліся такія звонкія бомы, што ўсе міжволі прыглухлі. Ад берага спешна падымалася вялікая скамарошая фура. Спынілася недалёка ад варты, і да яе хутка пабег незадаволены Рымша. З фуры, услед за жалейнікамі, выцекла паважная сівабародая грамада. Месцічы застылі, бо яшчэ ніхто не бачыў разам столькі сівабародых баянаў з гуслямі, над струнамі якіх ужо ўзляталі імклівыя рукі:

— «Слава княжая Усяславава, ой-а, ды коціцца, ой-а, ды за моры Хвалынскія...»

Гуслі грымелі і ракаталі, і гэты густы баянаў спеў, што так даўка залёг над усёй плошчаю, нечакана высек слёзы.

Вартавыя грыдні на памосце таропка зганялі ўпалоненых князёў у адно шчыльнае кола, але гусляры не сунімаліся:

— «Слава княжая Усяславава ляціць, ой-а, за ўсё мора Хвалынскае хутчэй стралы, плыўчэй вокуня».

Магутны акорд рассякаў важкае маўчанне варты.

— «І спраўней воўка шэрага, і ганчэй лося пушчанскага... І плытней бобра ён, Усяславе наш. І страшны князь Усяслаў для варагаў находнікаў, і бацька ён смелым вотракам, і як гнеўны гром — усім здрайцам ліхім...»

«Але хто вы, кудзейнікі і гусляры, летапісцы, абраннікі колераў, думак валадары, браты мае юродывыя?! Мечамі пагражаюць, а вы ідзеце! У ямы кідаюць, а вы ўзлятаеце! Бо няма кратаў для душы. Ланцугамі абвесілі вас, калодкамі ногі да ранаў сцерлі. Вяроўкамі пяньковымі шыі сціснулі... Каб ні руху, ні ўздыху, ні слова годнага. Гэта на думках і мроях нашых, на будучыні, на дзецях-унуках — ланцугі, вяроўкі, калодкі! Час д'яблаў у вотчыне! Толькі адны вы, не схіліўшыся, праўду прамаўляеце. Не адступіцеся ж ад дзяцей сваіх, бессмяротныя! Паўстаньце! Абудзіце! Не пакідайце дачку сваю, край забраны. І прачнецца Полаччына!»

Смалянін, выпрастаўшы спіну, раздражнена махнуў плёткай, і Рымша, падскочыўшы да першых барадачоў, загадаў замаўчаць. Ссунуў бровы, падзываючы ратнікаў. Гуслі славілі — разліваліся шчогатам і рыканнем, свісталі, гегалі, гарлалі, сіпелі, шархацелі дажджом і пяскамі, грымелі громам і каменнымі крушнямі, клекаталі буслінымі ранкамі, рыкалі ласінымі поўднямі.

— «Прыляці, Усяслаў, громам-люценем, удар гневам сваім у находнікаў... Барані, Усяслаў, зямлю родную!»

...Струмень крыві з горла старца лінуў спачатку на струны. Потым зачырванелі анямелыя пальцы, пацямнела пад нагамі зямля. Запалоцкія грыдні, не зважаючы на зацятае зняменне месцічаў не спыніліся да тае пары, пакуль на дарогу не палеглі ўсе баяны. Дзесяцкі варты кінуў палаючую паходню ў фуру, і маладзіцы з дзецьмі адразу выскачылі адтуль на дарогу. Фура запалала. Коні ашалела неслі вогненную павозку ўздоўж берага. Яраполк, не чакаючы, калі полацкіх князёў павядуць у поруб, рэзка павярнуў каня. Мінаючы скрываўлены шэраг гусляроў, адвярнуўся: над забітымі ўжо схіляліся сяльцовыя сёстры. Нехта з грыдняў наступіў на гуслі, і з іх узляцеў жаласны звон.

«Слова і пэндзля майстры. Біце ў злачынцаў громам парогаў дзвінскіх, гневам пушчаў няўходных. Фарбамі нябеснымі зямлю нашу прыўкрасьце! Слова не аддавайце! Маці-вотчыны не цурайцеся. Дык Чые ж пасланцы вы, Майстры выбітныя?! Чыё царства будуеце са слоў і фарбаў, плінфаў і гукаў? Хто ўкладае ў сэрцы вашы ісціны вечныя? Хто падае пэндзлі і пёры? Хто сэрцы адкрывае вам, Майстры, гнаныя па скрыжаваннях і весях зямных, яка псы бязродны? Чыю вялікую любоў, Чыю пакуту бязмерную нясеце ў свет сілай неспасцігальнай? Адгукніцеся з прошласці. Адзавіцеся з будучыні».

— Чые ж вы, Майстры?

— Госпадавы!..

З боку ракі да вечавога памоста кінуўся развітальны вецер, расшумеўся, кратаючы ссівелыя валасы сціснутых наўкруга вяроўкамі полацкіх князёў Праз частакол паднятых дзідаў злавіла трывожны сустрэчны позірк бацькі. Пайшла, ужо не азіраючыся і трымаючы за руку малога Давыда, да манастырскай павозкі, што, здаецца...

...ужо рыпела, шоргала паломніцкімі коламі па гарачай дарозе Галілеі. Але вось праляцела колькі імгненняў, і думка ігуменні ўжо зноў выхапіла яшчэ адну дарогу з густой шарасці той полацкай поўначы, калі некалькі даверху нагружаных вазоў з самым неабходным для няблізкага падарожжа княжым скарбам блізіліся да ніжняй дзвінскай прыстані, дзе ўжо чакалі вялізныя княжыя ладдзі. Перагортваючы цяпер згадкі пра крывавыя бітвы за княжыя стальцы, у каторы раз спрабавала яна зразумець тую вялікую таямніцу, што тоіць у сабе д’ябальская спакуса ўлады і ўсялякая магчымасць быць мацней за іншага чалавека. І мацней настолькі, што можна нават забраць у супраціўніка дар Боскі — жыццё. Полацкія князі-выгнаннікі тою ноччу спыніліся каля новага манастыра толькі на хвілю: асветленыя паходнямі варты, абдымаліся, развітваючыся, тут жа ў двары. Маці з бацькам, дзядзькі і стрыечныя браты-княжычы. Потым, недзе праз дзесяць гадоў, двое з іх вярнуліся з далёкіх Грэкаў дахаты. Было нават вяселле, на якое ў трох ладдзях у Полацак прыбыў з Кіева амаль увесь двор вялікага князя. Было... Помніцца, усё было. Пазней... Але ў тую жахлівую, аблітую жоўтай месячнай слюдою ноч развітання яна, такая яшчэ маладая ігумення, не хавала слёз ні ад манастырскіх сёстраў, ні ад бацькоў. У вушах чамусьці доўга яшчэ стаяў звонкі трэск раструшчаных нагою гусляў, а перад вачыма раз-пораз паўставаў шэраг гусляроў з апушчанымі на струны скрываўленымі рукамі. І яшчэ — шырока расплюшчаныя вочы, у якія кроплямі ўплывала важкае ледзяное неба.

І ўвядзі мяне ў кузню Сваю, Ойча, і сэрца распалі агнём, каб зліць з пакутаў нявольніцы Твае срэбныя струны літасці. І збаў ад братазабойства, выраджэння, здрады, нявер’я. І зрабі з храшчоў горла майго і з вуснаў гарачых — Рог для нябеснага птаства і ўдыхні ў Рог!

Каб спяваў гучна і грозна, даганяючы ўшчуваннем адступнікаў.

І каб чутны быў Рог і ў дарозе, і на сечавым полі, і пад уласнай маёй страхой. І злітаваўся каб — над Полаччынаю. І дараваў Шлях і Слова.

Хвала Табе, Госпадзі! Хвала табе, зямля родная...

РАЗДЗЕЛ 17. Выкраданне ігуменні

— Малітвы час.

Еўпраксія ўжо стаяла ў дзвярах, але была вымушана адступіць — у келлю з падворка грозна і моўчкі заходзілі незнаёмыя здарожаныя манахі ў чорным і з глыбока насунутымі на твар каптурамі. І адразу ж, толькі ўбачыўшы іх, яна адышла да сцяны і міжволі прысела на лаву. У галаве тонка, уедліва зазвінела. Слухала з цяжкасцю.

— Казаў Тазіт — настане дзень, калі прыбудуць у Полацак ганцы, якіх мусіш прывеціць. І ва ўсім слухацца. Ці памятаеш, што дадзена многа табе?

— ...Быць лепшай, разумнейшай... (.Амаль бясцямна.) хітрэйшай, багацейшай за іншых.

— Але не бойся.

У гаворку ўжо ўступіў самы малады з начных гасцей.

— Прытулак у нас ужо ёсць. У Запалоцці...

— Чулі. у паломніцтва ігумення збіраецца?

— Не казала.

— Будзь там, Тэрэза!

— Але ж яшчэ невядома...

— Настойвай, каб там быць.

Старэйшы, як супакойваючы яе, нават прысеў на лаву побач. Дадаў:

— І памятай: ніколі не прыходзь да Госпада жабрачкай, Тэрэза. Каб ведаў, што, багацце зямное здабыўшы, да Яго ўсё нясеш.

— Дзе скарб гольмгардскі, Тэрэза?

— Дзіцячае ўсё даўно забыла... Еўпраксія я!

— Прыйдзе час — і панясеш у Ерусалім скарб. А калі будзеце ў палацы імператара...

— Дзе ён, той біярмійскі?.. — Малодшы з манахаў, прасачыўшы яе спалоханы позірк на вялікае драўлянае ўкрыжаванне, што стаяла ў куце на куфры, кінуўся ў той бок.

— У Барыслава мы спыніліся, — зноў старэйшы, з міралюбнай усмешкай.

— ...Кахае цябе моцна князь.

— Не мяне!

— Цябе, Тэрэза. І ад таго пакутуе.

— І я... пакутую.

...Праз неба праляталі аблачынкі, і ў сяйве раніцы было відно, як да трапезнай, азіраючыся на жоўтае ад свечак акенца Еўпраксіі, спяшала паварыха. Нешта нашэптвала сама сабе пад нос.

А Еўпраксія ўрэшце паднялася з каленяў, зірнула на сваю будзённую безрукаўку, над якой доўга сядзелі прышлыя чарняцы. Схавала яе, ужо цяжкую, у той жа куфар, на які зноў паставіла ўкрыжаванне. З поцемкаў памяці выплыў знаёмы голас Тазіта: «Людзьмі, думкамі, мроямі іх авалодвай, Тэрэза, сэрцы слабыя крышы, не адкрывайся перад неразумнымі, бо хлусні болей праўды вераць; падавай бліскаўкі марных надзеяў тым, хто ад бляску пустога аслепнуць гатовы. Чалавека зваюй — І Светам авалодаеш».

* * *

...Шу-жжжах! — надакучлівы шоргат сасновага голля ні на хвілю не даваў спакою. Туга звязаныя за спіною рукі занямелі так балюча, што ігумення ўжо не магла нават варухнуць пальцамі. Усё цела пасля язды па выбоістай дарозе, ды яшчэ на прыкрытых адно тонкаю дзяружкаю драбінах, балюча ныла і пачынала дранцвець ад холаду і сырасці. Блізка ад вялізнага будана, куды яе ўрэшце кінулі на лаву лапніку, гарэла вогнішча, адчула востры пах ядлаўцовага дыму і смажанай дзічыны. Даляцела і гаворка, ад якой сэрца яшчэ болей сціснулася. Старажавалі, відно, наёмнікі Шалудзяка. Чуткі пра тое, што ў вакольных пушчах Полаччыны ёсць таемныя ханскія схароны, з’явіліся даўно. Аднак нічога пэўнага ніхто не ведаў. Адно толькі гвалт на Полаччыне памацніўся, і таемная служба вялікага князя збілася з ног: штораніцы на вуліцах горада і нават за ахоўнымі сценамі знаходзілі забітых. Найчасцей мужоў імянітых ці ў дзяржаўных справах дасведчаных. Ад Полацка крывавыя рукі забойцаў пацягнуліся і ў весі. Конная варта з ліку найбольш дужых і смелых гараджан несла пільную службу да самай раніцы, але тацяў нічога не спыняла. Ганцоў з трывожнымі весткамі пра няшчадных забойцаў паслалі нават у Кіеў і Ноўгарад.

...Яе вывелі пад вечар проста з ігуменскай келлі. Гвалтоўна скруціўшы рукі, нацягнулі на галаву мяшок. Падкраліся нечакана, калі хвілю як вярнулася з царквы і была яшчэ забраная вячэрняй малітваю — нічога вакол не чула і не прыкмячала. Груба штурхаючы ў плечы, павялі за вароты да павозкі.

Праз усю лясную дарогу, калі па плячах час ад часу шоргала сасновае голле, возныя маўчалі, як нямыя, ад чаго стала яшчэ трывожней. Гэтак жа моўчкі ўпіхнулі яе і ў гэты будан. Урэшце, крыху прызвычаіўшыся да цемры, яна разгледзела тонкія цвічкі ружаватага святла ад вогнішча, што прабіваліся праз шчыліны ў плеценых лазовых сценах. Будан быў вялізны і даволі высокі, і да яго цяпер нехта набліжаўся — чулася гучнае шаргаценне ботаў па траве. Праз прарэху ў дзяружцы ўвахода нечакана прабілася паласа святла. Але вось дзяружку рашуча адкінулі, і ў будан ступілі двое з вялікімі яркімі паходнямі ў руках. Першы, відно ханскі намеснік, у багатым вярблюджым чугаі адразу ж працяў яе вострым позіркам вузкіх, з насмешлівым прыжмурам, вачэй, нешта крыкнуў, і да Еўфрасінні таропка кінуўся слуга, хутка развязаўшы вяроўкі на руках і нагах. Але ўсё яшчэ сядзела на высокім скідзе голляў. Другі паднёс ёй гліняную конаўку з вадой, ад якой патыхнула рачным глеем. Татарын, успыхнуўшы недаверлівым позіркам, зноў загаварыў, і тады наперад ступіў яшчэ адзін з прыбылых — у багатым кафтане і з бердышом у руках. Здзіўлена адхітнуўшыся, пазнала Кажадуба. Аднак каля таго ценіўся яшчэ адзін мажны кмет у шаломе з нізка апушчанай на твар брамніцай. І толькі цяпер, убачыўшы гэтага прышлага з брамніцай, яна ўрэшце па-сапраўднаму спалохалася і пачала азірацца.

Татарын нешта крыкнуў, і Кажадуб заспяшаўся:

— Пасланец шаноўнага хана пытае, дзе скарб, прынесены табе жмудзінам недастойным? Толькі не кажы, што нічога не ведаеш, манашка! Калі жыць хочаш. — Перакладаючы, нават ступіў наперад, і той, хто стаяў з ім побач і хаваўся за брамніцаю, прыўзняў паходню, быццам хацеў прачытаць на яе твары цені таемных думак

А яна, паволі выпростваючы занямелую спіну, паднялася на ногі, пазіраючы проста ў вочы ханскаму пасланцу. Загаварыла ціха:

— Усё, што прыбывае ў абіцель, толькі на Боскія справы ідзе.

Татарын, нечакана груба адштурхнуўшы яе, зноў нешта крыкнуў, і Кажадуб спалохана пераклаў:

— Яшчэ раз пытаю, дзе скарб жмудзінаў? Дурніца сяльцова... — Апошняе, пэўна, дадаў ад сябе. — Кажы! Бо калі трапіш у іншыя рукі, і язык праб’юць, і вочы выкалюць, і ўвесь твой манастыр згвалцяць.

— Іншым я скарбам даўно жыву! У тым і клятву даю ў імя Айца... — Ужо рыхтавалася да жагнання, але раптам невераемны боль паласнуў усё цела, кінуўшы гарачы ком у горла: той, хто хаваўся за брамніцай, нечакана хітнуўся наперад і ярасна ткнуў у яе паднесеную руку палыхаючую паходню. Полымя затрашчала, будан запоўніў рэзкі смурод.

— ..Айца і Сына, — невераемным намаганнем дакранулася апаленымі пальцамі да лба, — ...і Святога Духа. Амінь.

Татарын зноў закрычаў, але незнаёмы, прыклаўшы кулак да грудзей, нешта таму адказаў.

— Цяпер трымайся, манашка, малі свайго Бога! Іншы за цябе возьмецца. — Кажадуб прашаптаў гэта, ужо не хаваючы жаху, але яна нават не адказала.

Татарын, нечакана рассмяяўшыся, крута павярнуўся і імкліва, хітнуўшы важкаю дзяружкай выхаду, ступіў з будана. Услед за ім заспяшаліся і абодва праважатыя.

Усё навокал затапіла глухая цемра і глухое шапаценне голля, што адразу ж, як ні дзіўна, супакоіла. У будане было зноў цёмна і даўка. Тады апусцілася на ўтрамбаваны лапнік і прыплюшчыла павекі. Толькі цяпер адчула, што боль апечанай правіцы расцёкся па ўсім плячы. Захінула ногі крысом хламіды і сцішылася, ледзь стрымліваючы лекаценне ўсяго цела. Нарэшце, з цяжкасцю склаўшы апечаныя пальцы, перажагналася...

Наперадзе чакала доўгая лясная ноч. За буданом ціха патрэсквала вогнішча і перамаўлялася варта. Галаву абвалакла глухая чаднасць. Чула, як недзе зусім блізка вухкае сава. Страціўшы адчуванне часу, урынала ў глыбокі сон, куды нечакана ўляцеў і рэзкі крык когута. ...На грудзі легла і пачала груба ціснуць вялізная мядзведжая лапа, што вострымі кіпцюрамі паласавала ўвесь правы бок. Асабліва пякуча торгала ў пальцах. А гарачая лапа тым часам ужо сціскала дыханне. Сон імгненна перапыніўся. Зрэшты, гэта быў зусім не сон. Той, хто так нехаця выпускаў з учэпістых пальцаў яе горла, нечакана ўпяўся ў вусны, шоргаючы па шыі калючай барадою. Тарганулася ўбок. Да слыху данёсся вар’яцкі шэпт: «Сказаў жа, што маёй толькі будзеш! — У галаве забухалі біты — Дзе скарб жмудзінаў, чарнарызая? Толькі скажы — і выпушчу!» Пазнаўшы голас запалоцкага князя, пасілілася вызваліцца. І раптам хіжыя абдоймы абмяклі і ўсё цела запалачаніна пачало асоўвацца. У будане быў яшчэ нехта. Але ўжо яе абаронца.

Не адчуваючы болей гвалтоўнага націску, паволі паднялася на ногі. Звонку данесліся трывожныя гарлавыя загады — да будана ўжо спяшаліся, і незнаёмы выратавальнік у лісінай масцы адразу ж, схапіўшы яе за руку, пабег да выхаду.

* * *

...Яна сядзела пасярэдзіне крыху намоклай па краях мядзведжай шкуры, што была разасланая па днішчы шырокага рыбацкага плыта. Слухала плёскат вады. Ахінуўшы мяккім глеем донныя лежбішчы ментузоў, заслаўшы тлустай лісцвяной коўдраю патайныя норы выдраў, рака пазірала на ранішніх гасцей цёмнымі вірамі, адкуль пасылала людзям свае легкаплынныя струменьчыкі-думкі. Наперадзе, каля самага краю багатага плыта, які хутка аддаляўся ад высокіх прыбярэжных соснаў, за якімі стоіліся наёмнікі хана, сядзеў з восцямі ў руках шыракаплечы рыбак у каструбаватай накідцы. Па спіне яго рассыпаліся буйныя залатыя колцы доўгіх валасоў.

Уздыхнуўшы, падзьмухала на абпаленыя пальцы, і рыбак азірнуўся:

— Яны думалі, Прадслава, што ў маім лесе будуць гаспадарыць і нішчыць людзей крывіцкіх. Забылі, касавокія, хто тут гаспадар! І князь запалоцкі забыў.

Ранішнія зоркі, высыпаўшы над ракой шырокі пояс нябесных вогнікаў, будзілі ваколле, над якім ужо шугала звонкае «коур-лы...».

— Даўно не чуў адлятаючае птаства нябеснае. — Зажурана апусціў галаву. — Хутка прыстану да берага. А там і ідзі ў сваё Сяльцо. Дарога блізкая.

— Чаму не хочаш мне памагчы, Валодша? Сам ведаеш — шмат давесці трэба, каб таця запалоцкага выкрыць. А ты не хочаш пасабіць. Чаго спалохаўся? У Данілы самы адчайны быў.

— І цяпер не баюся. З тае самай ночы, калі бацьку Вікулу кама забрала. Памятаеш? На той гарушцы. Так што змаўляйцеся між сабою самі, на тое вы і князі! А за мной кметы даўно цікуюць. Ці не па тваёй просьбе, Прадслава? — Засмяяўся, але так нядобра, што міжволі насцярожылася. — Спачатку за старым ганяліся, цяпер — за мной. — Стаўшы на поўны рост блізу краю, так рэзка нахіліў плыт, што ледзь утрымалася.

— Мала табе было бацькі майго?! Хутка ж забыла, што і сама некалі ў Перуна ласкі прасіла.

Але вось, супакоены яе маўчаннем, пачаў падступаць бліжэй да сярэдзіны, выроўніваючы плыт.

— Добра робіш, што не баішся. Бо не княскай я пароды. Не здзекуюся з людзей.— Глумліва гмыкнуў: — Ды і цяпер многія з тваіх да вогнішча Перуновага прыходзяць. Удзень да цябе ў царкву, ночаю — да мяне ў лес.

Варухнулася, расціраючы занямелыя халодныя рукі.

— Толькі пашто мяне цікаваць, Прадслава? Я песні спяваю, я з птушкамі, са зверам гаманю. Каму перашкаджаю? Носіцеся, а дагнаць — не дагоніце. А я ж — як вецер у полі. Як дождж у лесе. Хачу — і променем стану. Я — як ноч, як дзень.

— Чаму ж тады ў сілу майго Айца не верыш, Які і дзень, і ноч стварыў?! Адзін Гасподзь у нас.

— Пярун у нас адзін!

— Ісус, Валодша! Які на крыжы грахі, усе злыбеды людскія крывёю ўласнаю адкупіў.

Устрасянуў валасамі, што золатам разляцеліся па магутных плячах, і незласліва рассмяяўся:

— А ты гожаю стала. І не бачыў раней — Уздыхнуў. — Сыходжу з Полаччыны я, Прадслава. Пара на Меншчыну, дзе бацька некалі пачынаў. А засовы свае ой як правярай!

— У кожнай абіцелі свае вароты.

— Не пакіне цябе запалачанін. Дужа люты!

— Столькі гвалту на Полаччыне нашай коіцца, столькі блуду. А хто вінаваты? Хто зло сее, Валодша? Чаму маўчыш? Усюды ходзіш, усе лясныя нетры табе ведамы, усё ты бачыш. І маўчыш.

— Бывай, красуня. Скарбы, скрадзеныя быццам бы,— у манастыры сваім шукай. Хітры запалоцкі. Ой, хітры ліхадзей.

Змеціўшы яе здзіўленне, усміхнуўся:

— Людзям ты надта верыш, Прадслава. А дзякуй найбольш Кірыку скажы. Разумны жмудзін, любіць цябе, таму і жывая цяпер, хоць Полацак моцна яго пакрыўдзіў.

— Вось і ты нешта ад мяне тоіш, Валодша...

— Вялеса ў падмогу табе, Прадслава! Начамі чуйна спі! Запалоцкія не адступаюцца.

...На супрацьлеглым беразе, расцінаючы ранішнюю імглістасць, нечакана бліснуў агеньчык, пачуўся дзявочы смех, і Валодша адразу ж развярнуў у той бок свой плыт. А яна, ужо нават адыходзячы ад прыбярэжных ачаротаў, усё яшчэ чула нізкі гарлавы спеў, што разносіўся, здаецца, па ўсім узбярэжжы: «Толькі абдымі мяне, лада, ночаю ці раніцай, і рукі заззяюць, як чараціны, месяцам аблітыя. Ой-а. Пачуеш, як стагну я — рака ў берагах каленяў тваіх...»

Даляцеў тупат конскіх капытоў: з-за сцяны туману насустрач імчаў атрад кметаў, сярод якіх убачыла Саву. Збялелы ад стомленасці і хвалявання, кмет высока падымаў над сабой паходню.

— Уладычыца, таць Кірык...

— Ніхто столькі скрухі сэрцам нашым не дадае, як блізкія суроднікі, Сава! Забудзь пра Кірыка.

— Уладычыца... Голаў сячы. Скарб гольмгардскі... вінаваты... скралі скарб!

Моўчкі паціснула плячмі.

...З Кірыкам Еўфрасіння сустрэлася праз колькі месяцаў, калі намеснікі Мсціслава збіраліся ісці на непакорлівую жмудзь з агнём і мячом. Зноў было сутонне густога вечара і трывога нядобрых прадчуванняў. Выйшла за вароты — насупраць манастыра нечага спыніўся чужы вялізны воз. Не зважаючы на суровы выгляд фурманаў у доўгіх кажухах, наблізілася і, смела адгарнуўшы радно, убачыла, што на мяхі з мукою да самага верху было пакладзена шмат баявых суліцаў. Убаку, з павагаю схіліўшы галовы і быццам адгарадзіўшыся ад ігуменні густым помаракам, стаяла некалькі вазакоў. Але магутнага Кірыка ў адным з іх на гэты раз пазнала толькі па голасе:

— А ты спраўдзіла слова, любіміца Данілава.

Наблізіўся, і вочы зіркнулі па-ранейшаму дапытліва.

— За дачку Далю падзяка табе. А вось мы... — яшчэ болей прыцішыў голас,— кіеўскіх і смаленскіх ваяводаў чакаем, казалі, зноў збіраюцца ў нашы пушчы, мячы войстраць. Увесь наш абоз наперадзе. Толькі я затрымаўся.

— Столькі крыві ў зямлю нашу плыве... Маліся лепей.

— Тады схадзі да кіеўца! — Голас Кірыка зазвінеў: — Скажы, каб не чапаў нас, бо яшчэ ніхто так не абдзіраў жмудзі, як яго вірнікі. Кажуць — па тры грыўны і яшчэ... куняў столькі з дыму!

— Бачу, твой конь такое паклажы, — кіўнула на воз, — не давязе. Але... маем аднаго маладога.

Ужо вывеўшы каня за вароты, пастаяла.

Кірык зніякавела кашлянуў у вялізны кулак:

— А вы як жа тут?

— З Боскаю дапамогай.

— Тады сёстрам усім паклон, — сапраўды нізка пакланіўся. — І апякуйся дачкою, літасцівая. А я... — таямніча прыглушыў голас, — за тваім гляну.

— Пра што сказаў?

— Віруе Полаччына. Кіпіць! А ты, ігумення, во дзіва, быццам і не бачыш...

У сэрца пякуча пацэліла голачка. Воз рыпуча зрушыўся з месца, і адзін з вазакоў, у глыбока насунутым на вочы каптуры, павярнуўся, махнуўшы ёй здалёку рукой. Усё забірала цемра, з нутра якой даносіліся адно рыпенне колаў і ноканне.

...Не забыўшы абяцанне, ранічкаю з айцом Міхалам яна і сапраўды пайшла да Мсціслававага намесніка і атрымала ад яго слова, што весі жмудскія, аддаленыя ад Полаччыны, больш не зачэпяць.

Але ўлетку, калі, не вытрымаўшы набегаў княжых дружын, дашчэнту спаленая і згалелая жмудзь пайшла па крывіцкіх дварах ганебна старцаваць, а вірнікі патроілі паборы з саміх палачан, увесь крывіцкі край быццам ачуняў ад цяжкага сну. Узбройваючыся косамі і сякерамі, і бліжнія двары, і дальнія пасады ледзь прыхоўвалі зацяты гнеў, чакаючы толькі знаку важака для выступлення.

Вялікае полацкае процістаянне пачалося, і ўжо недзе...

 

РАЗДЗЕЛ 18. Князь Васілька

...ужо недзе напрыканцы вясны, калі новая паводка яшчэ раз паруйнавала навакольныя пасады, да вялікага кіеўскага князя Святаполка дайшлі ўпартыя чуткі, што Полаччына адкрыта загаварыла пра Васільку Святаславіча. Ва ўсіх дварах, і дапраўды, нарастаў таемны людскі гнеў: Святаполкавы віжы сачылі нават за манастырскай школаю сястры Еўпраксіі. Але знакаў таго, што блізіцца бунт, не знаходзілі. Пераапранутыя смердамі, прашнуравалі ўвесь крывіцкі край ад весі да весі, але двары маўчалі. Кіеўскі намеснік неяк, прыехаўшы на вячэрнюю службу ў Сяльцоў манастыр, меў наконт гэтага гаворку з самой ігуменняй Еўфрасінняй, аднак тая пра брата нічога не сказала. Віжы тым не меней патроілі пільнасць, і крывіцкае княства на цэлую вясну быццам знямела. Але ніхто нават не здагадваўся пра тое, што тутэйшыя баяры даўно паслалі ў далёкую жмудзь свайго ганца з важным пергаменам. Не ведалі віжы і таго, што вестка аб канчатковай згодзе ўзмужнелага Васількі пайсці на чале збройных полацкіх атрадаў даляцела да крывіцкіх ваяводаў яшчэ ў сярэдзіне кветня. Тады ж, болей не марудзячы, сам баярын Праслужыцкі ўпотайкі ад кіеўскага вока склікаў у свае харомы ратніцкую раду, на якую з’ехалася ажно сорак слынных мужоў з усіх куточкаў Полаччыны. Згадаўшы пра былую славу і выказваючы надзею на хуткае збавенне ад чужацкай апекі, таемная полацкая рада цягнулася да самай раніцы наступнага дня і завяршылася агульнай згодаю. Сустрэць Святаполкавых ваяводаў змовіліся на Вялікім Полі, куды свае атрады абяцаліся прывесці і сыны самога Праслужыцкага, і цівуны са Старога Горада, і ваявода Вялішын, які збіраўся прабрацца да поля сечы ад кручаў Званіцы. Нарэшце, даўшы сваё моцнае слова, ухвальна кіўнуў і ваявода Дзяменцій, галоўны апякун атрадаў, што размясціліся на клінах блізу возера Звана да самае Дрысы за бабровымі тонямі. За ваяводам намерыліся сабраць свае сілы русявыя важакі халопаў з прыбярэжных весяў, рассыпаных уздоўж Палаты. Такім чынам змовіўшыся, полацкія мужы тут жа заспяшаліся скарыстаць добрую часіну і скіравалі позірк на Васільку. Паабяцаўшы маладому князю цалаваць крыж, паслалі на жмудскую зямлю яшчэ адзін пергамен з подпісамі, чакаючы ад нашчадка Ізяслававага крыла ратнага подзвігу. І чакалі, папраўдзе, нядоўга. Наступленне было прымеркавана Васількам да дня святога Юрыя, і над Полацкам ад таго часу пацягнулася нудна-шэрая, халодная нават у пагодныя дні, насцярожанасць чакання. Ці то пёрыстыя воблачкі, мінаючы дзень за днём, праляталі над полем будучай сечы, рассейваючы паўсюль залацістае зерне сонечнага прамення, ці то авечымі статкамі набягалі шэрыя хмары, і тады ўсё атуляла халодная шарасць. Час набрыняў стрымана-асцярожлівай хмурасцю, але ў дзень бойкі ўсё наўздзіў памянялася...

...Сонца, здаецца, закіпела з самае раніцы, абліваючы сваім залацістым воскам даволі акруглы погарб, на якім з харугвамі святога воя ўжо стаялі і зарэчныя ваяводы, і сам Васілька, трывожна зіркаючы ў той канец, дзе, адно прыкрыўшыся шчытамі, застылі, купна з чарнігаўскімі і смалянскімі ратнікамі, мечнікі кіеўскага Святаполка, гатовыя імгненна выкінуць перад сабою доўгія дзіды. Задуха чакання кацілася з краю ў край клубамі жоўтага пылу. Нецярпенне расло. Князь Васілька нарэшце азірнуў бліжэйшы край Вялікага Поля, заняты штыхамі Праслужыцкага і Вялішына, прыўстаў у страмёнах, перажагнаўся і важка, павольна ўзмахнуў агромністым Князь-Рагвалодавым мечам. І тады загрымеў, прыгінаючы ўсіх да конскіх грываў, баявы княжы рог, даў воям знак пачатку наступлення. Вялікае Поле з неасяжнымі прыбярэжнымі гацямі ўстрапянулася. І адразу ж ад крутога выверту ракі, як бы зусім асобна ад галоўных полацкіх сіл, але амаль упоравень з прашчнікамі Вышаты, роўнымі шыхтамі па дваццаць чалавек, насустрач ратнай славе, падганяючы сябе крыкамі, паляцелі вядомыя ўсяму Падзвінню ловы з правабярэжжа. Ужо беглі да дружыны Дабраслава, трымаючы наперавес кароткія тоўстыя пікі з жалезнымі наканечнікамі. Яшчэ цёмначы, пераскочыўшы раку на сваіх маленькіх вёрткіх чаўнах і стаіўшыся пад шатамі густа пераплеценага з хмелем вербалозу, гэтыя найлепшыя ў краі рыбакі і шчураловы заставаліся незаўважнымі да самай раніцы. Але выслалі князю Васільку ганца з весткаю, што ловы ўжо тут і чакаюць адно знаку.

І ўсё ж, калі пасля дзяркатага княжага рога наўчольныя атрады правабярэжнікаў хлынулі, як паводка, на Вялікае Поле — у аднолькава плямістых, ладна пашытых са шчурыных шкурак накідках і самі падобныя да шчурынага племені, паляцелі з лукамі-самастрэламі цёмнага і светлага дрэва, князь Васілька з баярамі ўжо не маглі стрымаць радасныя крыкі ўхвалы. Пачатак бітвы ўразіў нават бывалых вояў-кіеўцаў А шчураловы, не прыпыняючыся, саштыхаваліся ў роўныя шэрагі так хутка, што Васілька задаволена падняў руку ў жалезнай рукавіцы. І ў тую ж хвілю з боку Вароняга Хмызу, услед за «шчурамі», рынулі важкаватыя ў бегу, але такія грозныя, прыкрытыя блішчастымі меднымі латамі сякернікі, за якімі асобнымі купкамі затрухала пасадская моладзь. Нарэшце, пакінуўшы за сабою акрываўленых пасаднікаў, новыя сілы Васількі выстраіліся перад мостам. У тую ж хвілю, апамятаўшыся, пад гучныя ўдары жалезных бітаў праз ахоўны роў на дапамогу чарнігаўскаму ваяводзе, ледзь стрымліваючы коней, паімчалася, мечамі змятаючы ў палёце полацкіх халопаў, смаленская дружына. Васілька ў трывозе падняў паліцу, але той, што сутулавата ўзвышаўся над сівым канём леваруч ад князя, той, у якім многія са смердаў радасна пазнавалі Кірыка, прыўстаўшы ў страмёнах, гайдануў дзідаю з воўчым хвастом, і з Вароняга Ляска адразу ж, мінаючы хмызы, пад гучныя ўдары бубнаў наперарэз смалянам, падымаючы з зямлі клубкі жоўтага пылу, вырвалася, не паслабляючы шалёнага гону, ударыла, раскрыліўшы за спінамі свае яркія плашчы, такая бязлітасная і дзікая ў сечы гарластая жмудзь.Тады і Васілька, і яго паплечнікі пачалі ў напружаным маўчанні назіраць за тым, як увесь гэты стракаты, агромністы збой полацкага воінства, пакліканы прагай вольніцы і ахоплены помстаю, абрынуўся на чужынцаў, сціснуўшы іх галоўныя сілы смяротнай пятлёю. І тут жа расцёкся, разгарнуўся па ўсім прасцягу бойкі. З моста зноў вылецеў новы, ужо наўгародскі, атрад, але яго тут жа, ударыўшы з засады, сустрэлі вялізныя, што мядзведзі, дручакі-мечнікі, перад якім здымалі шаломы нават волаты з Відбеска.

І ці не ў гэты самы час у смяротным збоі ўпершыню затрашчалі косці, а над частаколам коп’яў і мечаў шугануўшы навальніцаю, узбурылася крывава-брудная пена, што заліла і твары вояў, і іх латы, і харугвы, і разбэрсаныя конскія грывы.

Па аброжку Вялікага Поля ўздоўж загадзя пракапаных раўчукоў раптам успыхнуў невядома кім падпалены сушняк, і агонь імкліва пабег да карчоў. З бліжніх сухастоін, ратуючы задымленыя гнёзды, у сівое неба ўзняліся, несучы ў дзюбах ахопленыя агнём галінкі, вялізныя азёрныя буслы, умомант перанеслі агонь у бліжнія весі. Тыя адразу ж успыхнулі, засцілаючы хмызнякі чорным дымам, што зашыпеў, спаўзаючы гарачымі языкамі ў перапоўненыя крывёй яміны. Даўкі смурод спечанага мяса паплыў да самых вербалозін.

І вось тады ў загуслай ад тлустае гары паўдзённай спёцы, працяўшы немым крыкам і лясныя нетры Ваўчынага Логу, і рыбныя тоўшчы магутнай Дзвіны, скалануўшы ўсё Вялікае Поле, над воямі, ужо звар’яцелымі ад паху і салёнага прысмаку крыві, паўстаў, з хрустам наступаючы капытамі на плечы і прыкрытыя адно тонкімі шаломамі галовы ратнікаў, сам іспра. Пайшоў праз дым па сваёй смяротнай пожні, рассякаючы сякерамі, пратыкаючы стрэламі і дзідамі, раскройваючы мячамі жывыя целы да белых костак Ішоў пад енкі і жалезны бразгат да таго часу, пакуль выцягнутая з прорвы мінулых летаў нянавісць паміж палачанамі і Кіевам не выбухнула такім крывавым, завостраным слупом, што той прашыў серабрыста раскрылены статак лятучых воблакаў, сягнуў, ударыўшы ў вышыню, падуладную толькі анёлам. Святыя абярогі крывіцкага краю хітнуліся.

...Тады адразу ж, схапіўшыся ў сваёй келлі за сэрца, полацкая ігумення раптоўна аслабела, тут жа адчуўшы на вуснах палкі вугольчык. І зразумела, Чыя гэта... сляза. З цяжкасцю паднялася на дрогкія ногі. У келлю ўжо заходзіў схуднелы грэчаскі манах у худых дарожных шатах і з вялікім візантыйскім крыжам на грудзях, убачыўшы якога, яна адразу ж ступіла насустрач. Працягнула коўшык з узварам.

— ...гаварыў я ў Кіеве пра неабходнасць памацнення веры хрысціянскай у вашых землях...

— Князі, суроднікі, гразнуць у сквапнасці і багне ўладалюбства.

— Аднак ведаем мы, сястра, пра памацненне абіцелі вашай, што мудрасцю ігуменскай наталяецца. Спазнаныя і пра несумненную моцу слова твайго між князёў. Суцішваеш, хоць і леты твае маладыя, дух буяны зроднікаў. — Пакланіўся.{Пакланіўся — Таму, верачы ў міратворнасць духу і вернае служэнне Хрысту, Госпаду нашаму, прыношу ад імператара і ўладыкі... — Сэрца ўжо, здаецца, ажно грымела ад болю— Адгаворваў Кіеў ад грозных намераў, праслаўная, але не знайшоў паразумення, аб чым шкадую.

— Пакуль не адбаліць, пакуль не прарве гэтая гнойная сукравіца, не ўціхамірацца князі. Але што маю зрабіць — спраўджу.

— Так цяжка, святлейшая, выканаць яшчэ адзін абавязак... Бо пасланы перадаць, што бацька твой, генерал Візантыі, князь Полацкі Георгій, адвагаю ўславіўшы род свой у бітве з сарацынамі, быў смяротна паранены і з усімі пашанотамі, у прысутнасці імператара з імператрыцаю, пахаваны ў склепе Святога Лукі... — Замаўчаў, змеціўшы, як маўклівая ігумення страшна пабялела.— Пасылалі ганца, але не ведаем, ці дастаўся той да весяў вашых. — Ціха працягваў: — А праз лета ў тым жа склепе пастаўлены намі і саркафаг княгіні праслаўнай, якая, нягледзячы на падтрымку і спагаду нашу, не вытрымала гора.— Заціх, назіраючы, як яна павярнулася на абраз і перажагналася.

Праз келлю праляцеў адно глухі шэпт:

— Прылучы, Госпадзі, Георгія, бацьку нашага, і маці Сафію да слугаў Сваіх і не адкінь апошняй ахвяры іхняй у далёкай Візантыі і выбач грэшным усе правіны, вольныя і нявольныя, і супакой душы іх у вечнай славе Тваёй.

Толькі калі пасланец імператара, дапіўшы ўзвар, выйшаў, нарэшце паволі асунулася на калені. Але ў дзверы зноў зазірнула Еўпраксія.

— Страшная бойка на Вялікім Полі, сястра. Сава ганца прывёз.

У дашчаных латах, ледзь трымаючыся на нагах ад стомленасці, цераз парог ступіў цівун Трошка і, адвесіўшы паклон, хітнуўся:

— Вітаю святлейшую ад брата-князя Васількі, які гоніць, хвала небу, кіеўскіх, смаленскіх і навагародскіх ваяводаў ажно да ніжняй дзвінскай прыстані. А веча полацкае пасылае мацеры Еўфрасінні просьбу ўмовіць брата свайго прыняць сталец!

— Еўдакія, Саве скажы, няхай коней...

— Не едзь туды, сястра. Пра нас падумай.

— І штодня... І штохвіліны клапачуся...

* * *

Прыціскаючы да грудзей Евангелле, яна ішла праз поле сечы, задыхаючыся ад гары, што клубкамі падымалася ад зямлі. Спынілася, змеціўшы над сабой вогненную дзіду. Падняла крыж:

 

— Ізыдзі!

Праз усё сп’янелае ад крыві, жалезнага бразгату і стогнаў сечавое поле праносіліся д’ябальскія віхры, але ігумення, стоячы перад агромністай фігурай з чорнымі рагамі, што ўжо заносіў свой меч над маладым верхаўцам у княжых латах, зноў гучна паўтарыла:

— Ізыдзі ў прорву сваю!

Моцна трымаючы крыж, ішла.

«Уладару Нябесны, Пацяшыцелю, Духу Праўды, што ўсюды ёсць і ўсё напаўняеш, Скарбніца дабра й Жыццядацелю, прыйдзі й усяліся ў нас, ачысці нас ад усяго благога і ратуй, Добры, душы нашы».

Пякучая гаркота сляпіла вочы.

— Ізыдзі! Пакінь зямлю крывіцкую!

...Маці Нябесная, азіраючы зямныя гоні, праз крывавыя хмары над Полацкам угледзела лавы нябожчыкаў, скрушна схіліўшы голаў, працягнула да вояў руку з крыжам, і ўсе ў Полацку адразу ж змецілі, як чорны дым пачаў сплываць за пачырванелую ад крыві раку.

Сеча — кончылася. Убачыла тое і ігумення.

— І сказана: «...станьце, апаясаўшы сцёгны вашыя праўдаю і апрануўшыся ў браню праведнасці».

Стаяла ўжо на ўскрайку поля, апусціўшы голаў. Князь Васілька разгарачана саскочыў з каня і ўпаў перад ёй на калені, апусціўшы галаву на Евангелле. Тады, укленчыўшы побач, паклала на пругкія братавы кучары руку.

— «...і абуўшы ногі ў гатовасць абвяшчаць мір...»

Дапамажы, Прадслава... Плечы маладога князя ўздрыгнулі.

— І сказана: «...а найперш вазьміце шчыт веры, якім зможаце пагасіць усе распаленыя стрэлы ліхадзея».

Абапіраючыся на руку Васількі, ужо кіравалася да манастырскага вазка.

— «...і шалом ратунку вазьміце, і меч духоўны, які ёсць Слова Божае...»

— Адмалі грэх мой цяжкі, сястра.

— «...апранайцеся ў поўную зброю Божую, каб вам можна было стаць супроць віжовак д’ябальскіх...»

Ногі слізгалі па скрываўленай зямлі. Шаптала:

— «...І ўсякаю малітваю і просьбаю маліцеся ў любы час духам...»

...Неба над Полацкам пачынала цямнець. Вазок мінаў сечавое поле, і цэлыя лавы палеглых плячо ў плячо на гэтай вытаптанай і няшчадна скапычанай, мокрай ад крыві зямлі вояў, над якімі ўжо кружыла ненасытнае вараннё, з усіх бакоў асочвалі ігуменню сваімі нерухомымі позіркамі, чакаючы малітвы.

— Не ўсмерці болей нікога, Васілька!

 

РАЗДЗЕЛ 19. Пячоры

Расхістаная няроўнай галілейскай дарогаю павозка няшчадна зарыпела і моцна нахілілася. Асан, саскочыўшы на зямлю, пачаў правяраць колы. Тады ўслед за ім усе падарожнікі з радасцю ступілі на цвёрдую камяністую зямлю блізу высокай скальнай сцяны, зрашэчанай, як сотамі, мноствам вузкіх пячор. Асан, папраўляючы кола, сказаў, што якраз з гэтых пячораў і пачынаўся той манастыр, куды яны едуць. Тутэйшыя пустэльнікі, аднак, ужо даўно перасяліліся на Ерыхон ці ў Ерусалім, падараваўшы свой будынак галілейскім чарніцам.

Ехаць заставалася зусім мала, і Еўфрасіння з задавальненнем праходзіла ўздоўж даўняй манаскай сцяны, нібыта хацела ўбачыць хоць бы цені тых, хто так доўга, аддаліўшыся ад жыцця будзённага, у адзіноце і малітве рыхтаваўся да сустрэчы з Госпадам. Дужы Міхал, зняўшы манаскую хламіду і акрыўшы плечы звычайнай світкаю, дапамагаў Асану. А яна, яшчэ не астыўшы ад успамінаў пра тую страшную бойку за Полацкам, праходзіла ўздоўж намоленых пячораў, напаўняючыся мяккім сонечным дыханнем Галілеі. Прыслухоўвалася да высокага неба і нечакана дапраўды пачула ў гэтай далёкай і ад Полаччыны, і ад кіеўскіх пячор Святой зямлі надтрэснутыя галасы, што даляталі сюды, здавалася, ад колішняга, ужо зарослага травою рэчышча Палаты, пазначанага адно вялізным каменем, на якім сам князь Барыс высек свой крыж. Гэтаму магутнаму поклічу тут жа азваліся іншыя параскіданыя па ўсім княстве каменныя вартаўнікі.

Азваўся нават той варшанскі, абмыты Дняпром, зроднік скрываўленых камянёў Нямігі, што так добра помніў дзень, калі полацкі Усяслаў, спадзеючыся ўсталяваць мір, паверыў у клятву Яраславічаў... Ізяслава Кіеўскага, Святаслава Чарнігаўскага, Усевалада Пераяслаўскага.

...Стаялі на супрацьлеглым беразе ў акружэнні верных ваяводаў і клікалі, цалуючы каменны крыж: «Плыві сюды, Чарадзей! Плыві да нас, браце». Урэшце даплыў і, выпіўшы вялізны коўш мядовае сыты, з гучным рогатам зваліўся на разасланае мядзведжае футра адпачыць. Прачнуўся, аднак, у глыбозным порубе з кайданамі на руках і нагах. А потым і князь Глеб, схоплены падчас ганебнага захопу Менска, таксама спазнаў Манамахаў гнеў у катавальні, дзе і памёр у вялікай скрусе.

Здавалася, што Кіеў з Полацкам ужо ніколі...

Але настаў час шлюбу Васількавай Марыі і кіеўскага княжыча, калі на вясельную вячэру, дзе быў сам Усевалад, скіравалася ў княжы палац і яна.

Але, доўга не заседзеўшыся за сытым сталом, ціха развіталася і выйшла ў падворак, прашалясцела хадачкамі па сцежцы, знікаючы ў глыбокай раніцы. Перад ад’ездам кіеўскія зроднікі запрасілі палачан у адведкі, і Еўфрасіння паабяцала прыехаць: Кіеў прыцягваў манаскай лаўраю найпадобных Антонія і Фядосія.

Абяцала выправіцца ў госці як найхутчэй, але апынулася ў велікакняжым горадзе толькі напрыканцы жыцця, зрабіўшы невялікі прыпынак перад далёкай дарогаю ў Ерусалім.

Цяпер, пасярод гэтай спякотнай галілейскай прасторы, міжволі прыслухалася да ціхіх, як дыханне травы, галасоў памяці, што даляталі сюды нават з далёкіх пячораў лаўры і здаліся раптам ёй мацнейшымі нават за...

ЛАЎРА

...У Кіеве стаялі пагодныя ласкавыя дні, і перад ад’ездам з «Брачыслававага двара» Еўфрасіння надумала яшчэ раз наведаць святыя пячоры. Тады ў суправаджэнні чарняца спусцілася да святых мошчаў і, стаіўшы дыханне, адразу ж пачула басісты манашы спеў, што далятаў сюды з верхняе царквы. Лаўра жадала палачанам Боскае спагады і Анёла-ахоўніка. А яна папрасіла ў чарняца дазволу застацца тут на адзіноце, пакінуўшы сабе толькі некалькі свечак. Апусцілася на калені, надоўга заглыбіўшыся ў малітву, і ўжо не заўважала, як мінаюць гадзіны. Ад цёмнай сцяны вузкага скляпення сыходзіла ледзь улоўнае цяпло. Адкрываючы ў сэрцы патаемны востры зрок, якім яшчэ ў сваёй ігуменскай келлі сягала ў малітве да святых таямніц, урэшце сапраўды змеціла на шурпатай сцяне выразную выяву невераемна схуднелага, аброслага доўгаю барадою і валасамі аблічча. Не была пэўная, ці сапраўды прыбачыла самога айца лаўры, але тут жа вымаляваўся яшчэ адзін абрыс, а слых нечакана ўлавіў глухаваты шэпт: «Не дайце мяне, брація мая мілая і любая, не дайце мяне... Памілуйце, пашкадуйце маладосці мае, злітуйцеся, бо плоццю ўстрапянуўся я перад вачмі смерці. Злітуйцеся і будзеце гаспадарамі мне, а я вам — рабом. Толькі не дайце мяне. Бо, як немаўля Віфлеемскае, смерцю спавядаю Слова». Схоплены русан бародкаю воблік прымары нагадваў аднаго з братоў-пакутнікаў, усмерценых братам Святаполкам з-за княжага стальца. Ці не сам князь Барыс гэта, ахвярны сын Уладзіміра? Той, хто, змагаючы адважна язычнікаў-печанегаў, пакорліва схіліў шыю перад братавым мечам на беразе Альты, дзе заставаўся пад аховаю аднаго толькі венгра Георгія. Альбо, можа, Глеб гэта, забіты пад Смаленскам? Яна і дапраўды прыбачыла схіленага над сталом юнага княжыча з глыбока ўсаджаным у шыю кухарскім нажом; забарвяніўшы дняпроўскія хвалі, з глыбіні часу плылі патокі крыві. «Брація, брація, мая мілая і любая, крыху яшчэ мне часу дайце, адно памаліцца Богу майму...» Нахлынулыя відзежы перапыніў голас, што, здаецца, улятаў сюды з вышыні. На сцяне яшчэ раз аб’явіўся суровы абрыс Антонія, уладыкі царства манаскага. Суровы і цвёрды воляю, як тыя камяні, з якіх складзены візантыйскія манастыры, дзе пабожны інак знайшоў некалі выратаванне,— тую малітву пустэльніка, якую потым узносіў у неба разам з галасістым хорам кінавітаў. Перад вачыма раптам замільгала восеньская лістота, здзьмухнутая ветрам ці не з галін полацкіх клёнаў. Узрадаваная, удыхнула так глыбока, што ледзь не закашлялася. У грудзі нечакана ўдарыла гарачая млосная хваля. Ад нечаканасці нават адхіснулася, змеціўшы спакуслівы бляск палкіх вачэй у куце, жарсцю якіх пазнала адразу ж «Літасцівы Божа, няўжо і цяпер, на сыходзе жыцця, будзеш выпрабоўваць мяне, дапусціўшы ў гэтае святое месца д’ябла, каб учарніў, зганьбіў, устрашыў, абылгаў?..» Чырвоныя вочы апраметнай ужо гарэлі на сцяне насупраць. Жагнаючыся, не спыняла малітвы, але перад вачмі нечакана паўстаў пачварны рагаты з бародкаю, што ўвачавідкі мяняўся і ставаў пячорнікам, якога ўбачыла... нахіленым над белай козачкаю. Трымаючыся за рожкі жывёліны, біў няшчасную ззаду сваім чрэслам, закотваючы ад асалоды пабялелыя вочы.

«Ойча, Хрысце, Божа наш, злітуйся і адвядзі Духам Святым ад смяротнага граху». Казлападобны рассмяяўся, але яна зашаптала малітву да Багародзіцы, і пачвара пачала знікаць. Праз сцяну пячоры зноўку праступіў суровы святы абрыс. «Але не цярпі аніякага мяцяжу і славесяў марных!» Гэта быў сам Фядосі, падобны і да Яна Хрысціцеля, і да тых палесцінскіх святых, якія ўсё жыццё будавалі з камянёў адзіноты і малітваў школу ратавання ад апраметных спакусаў. Па вуснах пацягнула свежасцю; расплюшчыла павекі, змеціўшы над сабою звонкі клін серабрыстых птушак, але той ужо знікаў, губляўся між зорак. Тады зноў убачыла цемру: быццам жывая, паволі сціскала і яе. Зразумела, што гэта ўжо новы відзеж. Маладзенькі манах нецярпліва прыспешваў муляраў, якія нехаця закладвалі каменем уваход у яго, і без таго вузенькую, келлю. Застаўся толькі верхні прасвет у адзін камень. Нарэшце звонку данесліся толькі галасы майстроў, якія аддаляліся. А манах, адразу ж укленчыўшы, пачаў шаптаць выратавальны трапар. Праз акенца келлі прасачыўся тонкі, бы травіна, узвіў мяккага вечаровага ветру, бліснуў ражок маладзіка; пустэльнік адпоўз у глыбіню сваёй пячоры. У вузкі манаскі поруб уляцеў неасцярожны камар, зазвінеў уедліва. А манах ужо распрануўся і пачаў нацягваць на сябе сырую авечую шкуру, што ляжала ў самым кутку. З цяжкасцю стаў на калені, ахвярна замёр, чакаючы, калі новая апратка пачне ссыхацца. Ноч мінала, і чарнец на імгненне заснуў, але ў сон яго тут жа ўступіла гожая, без аніякага покрыву, з вялікімі грудзьмі і белым гладкім жыватом маладзіца — разлеглася, пачаўшы расхінаць калені... «Прэч, д’яблава семя!» Полацкая ігумення ўскрыкнула гэта ў адзін голас з манахам, які нечакана заплакаў: «Паслухай жа, маці, якая нарадзіла і ўзгадавала мяне, малюся за цябе, сам убогі, але ведай, што люблю толькі цела Хрыстова і цалую толькі раны Яго крывавыя. І ніколі не скіну валасяніцу сваю і не буду спаць на рэбрах, бо адно аб крыжы сваім мрою...» Авечая шкура, ссыхаючыся, не давала дыхаць, тады застагнаў: «Ідзі адсюль, пакінь дух мой! Хіба не бачыш, як б’юся аб зямлю, д’ябла выганяючы?.. Бо я ўжо даўно вольны ад цябе, маці. Ідзі, каб аддаў я цела з-за грахоў людскіх на спажыву дзікім восам! Ідзі ад мяне. І толькі на святы Вялікдзень з’еж хлеб, спечаны ў мёдзе і макавым алеі. А ў цяжкія дні ідзі толькі да святога Фядосія, прасі хлеб палыновы, бо з рук яго смачнейшы за соты. І — еж, каб прыйшлі да цябе, маці, каянне і малітва!»

Аўчына на маладзенькім манаху ўжо настолькі ссохлася, што пачала трэскацца, расцінаючы цела пакутніка. Тады, не вытрымаўшы гэтага жахлівага болю, які пераліваўся і ў яе цела, Еўфрасіння апусціла галаву, згадваючы ўласныя пакуты ў сяльцовай келлі. А манах убіваў позірк у цёмную сцяну поруба і гарачкава шаптаў: «Божа міласэрны, пазбаў ад дэманаў, бо пераступіў я даўно зямную ўслодыч, прымаю толькі прасфору праз дзень, аддаліўшыся ад жорсткага жыцця ў гэтых чатырох локцях».

Перад інакам бліскае, шырыцца, рассявае зыркія прамяні дзівосны воблік анёла. Тады, укленчыўшы, чарнец б’е паклоны, ажно кроў з разбітага лба цячэ па шчоках. Толькі адкуль гэткі смурод, едкі, што сера, які не зблытаеш ні з якім іншым, адкуль гэты стогн апраметнага бяздоння?

...Яна ўжо ўбачыла падман: «Спыніся, брат мой!» Але інак, ахоплены радасцю, ніяк не можа ўгледзець пагрозу. Нарэшце, зразумеўшы, хто прыйшоў да яго, адступае ад сцяны: «Ах, ты мяне ўсё ж спакусіў, д’ябал, ах-х, гора мне ад ілжывага бляску твайго». Рагоча, плача, зноў смяецца, разрываючы на сабе старую вопратку, кідае яе на ланцугі вярыгаў, што ляжаць тут жа каля сцяны:

«Злітуйся, даруй, Госпадзі, і ўратуй мяне ад гардыні!» Ілжывая прымара знікла. Але зорачкі, малюючы на пячорнай сцяне яшчэ аднаго чарняца, мігцяць.

«...Агапій-лечац, які гаіў раны і вяльможным, і смердам, бо ўсе роўныя перад пакутамі і хваробамі цела, ці не ты гэта? Як жа часта ў сваім полацкім галубцы, думаючы пра святасць і грэх лекавання, малілася я табе!»

Сырасць лаўры ўжо сціскала плечы, але, насуперак яе волі, прабіваючы цвердзі, у глыбокія сховы ўжо ўплывалі вастрадзюбыя чырвоныя чаўны, на адным з якіх паўставаў вясляр, дужы і моцны, як святы Сава.

...Памяць успыхнула так ярка, што памкнулася затуліцца ад яе густой сеткаю цемры. Тады азірнулася на трапяткое святло свечкі, што ўжо дагарала на прыступцы выхаду. Падняўшыся на здранцвелыя ногі, ступіла колькі крокаў наперад, глыбячыся ў таямніцы лаўры. Ракі, з якімі так доўга яна перамаўлялася, былі змешчаны ў вузкіх, высечаных у сцяне каўчэгах, акрытыя чорным простым радном, ад чаго нятленныя мошчы здаваліся амаль дзіцячымі... Расхваляваная, ішла і чула, як шалясценне, наплывы галасоў: «...калі прадзеш воўну, псалмы спявай... і будзі негняўліва, і міласэрда, і ціха, усёй душою, усімі думкамі звяртайся адно да Госпада нашага. І ўсё аддавай Богу, і ўсяго чакай ад Бога». Прыгледзеўшыся, убачыла над мошчамі рэдзенькае сяйво, што сыходзіла з каўчэгаў і срабрысты струменіла над ракамі, паціху запаўняючы пячору. З любасцю ступіла ў празрыстасць гэтага зіхоткага святла. Пячорныя шэпты дабраслаўлялі: «Ідзі». Асцярожна, пачуўшы крокі звонку, заспяшалася да выхаду. Чарнец, асвятляючы прыступкі выхаду свечкай, нецярпліва пакашліваў. Убачыўшы, як важка яна падымаецца, падаў руку. Заспяшалася насустрач.

...Толькі навошта зноў прыходзіць у яе памяць той, чый воблік, здавалася, ужо даўно змыты начным заслаўскім дажджом? «Як імя тваё?» — «Кмет Сава я, уладычыца». Але хіба пра яго варта цяпер згадваць? Ёй, ссівелай ігуменні-паломніцы? Ці пра Саву трэба было думаць каля пустэльнікаў святой лаўры?

«Чаму ж маўчыш, Маці мая нябесная, няўжо ані слова не выдыхнеш з міласэрных вуснаў Сваіх, каб збылося нарэшце маё сэрца пакутлівае віны? І таго пякучага ўспаміну».

 

ЧАСТКА ШОСТАЯ

Сакральнае

— Рукі любові робяць арган над берагам іарданскім.

— Пальцы жарсці ладзяць Псалтыр пасярод прорвы смяротнай.

— Пахвалі ж любоў чалавечую гукам трубным.

— Пахвалі яе струнамі і кімваламі гучнагалосымі.

 

РАЗДЗЕЛ 20. Вольга — князёўна менская

Фурманка з рыпучым скураным верхам павольна ўплывала ў чорную ноч Заслаўя, і цемра вакол здавалася такой густой, што можна было толькі падзівіцца, як яны, выехаўшы з Полацка колькі дзён назад такім жа ўедлівым ліпучым дажджом, не збіліся з дарогі.

...Выехалі сапраўды спешна, пасля нечакана гнеўнага веча. Еўфрасіння яшчэ раз праверыла, ці на месцы пасланне баяраў, і тут жа супакоілася. Коні, натомленыя холадам і цемрай, спуджана храплі. Адно фурман Сава ў доўгім жупане і войлачнай шапцы трымаўся ўпэўнена. Толькі зрэдку азіраўся на ігуменню.

А яна пільна асочвала цёмнае наваколле, нібыта хацела ўбачыць у глыбіні ночы тое, што, здавалася, ужо даўно вылецела з памяці. Але заслаўскі дождж усё шумеў і шумеў, вымываючы са споду глухой цемры малюнкі яе далёкага маленства ў доме старога князя. Сэрца замірала. Тое далёкае, такое цёплае і ласкавае, з высокімі пахучымі ліпамі і гарачымі арабінамі блізу княжай камяніцы, аказваецца, не забылася, а толькі ціха стаілася ў душы і вось успыхнула: штоночы, помніцца, усцяж ахоўнай сцяны вартавыя з яе маленства палілі высокія вогнішчы. Цяпер, пад’язджаючы да княжай сядзібы, яна ўзіралася ў цемру, чакаючы ўбачыць тыя далёкія агні, але стары валадар даўно памёр, а князь Расціслаў на даўнія звычкі ўжо не зважаў. Амаль адначасна, пасля чумы, пахаваўшы жонку і маці, ён гадаваў у Заслаўі адзіную дачку Вольгу. Але тыдзень таму быў змушаны выслаць ганца ў Полацак да Еўфрасінні. Зразумеўшы, у чым прычына такога спеху, тая, пакінуўшы манастыр на сястру Еўдакію, выехала ў той жа дзень. Дарога была няблізкая, неба праз увесь шлях маўчала — аніводнай зоркі, ані знаку з’яўлення маладзіка. Толькі халодны дождж, такі ж важкі, як і гэтая густая ноч. Але іх — чакалі. Зусім блізка пачуліся радасныя галасы. Фурман крактануў і азірнуўся, нават у цемры разгледзела шырокае, наўскос рассечанае глыбокім шнарам светлабародае аблічча манаха-маўчуна. Сава ўсміхнуўся і саскочыў на зямлю. Абаперлася на яго руку, сышла з абрыдлай павозкі, да якой ужо спяшаўся з бляклым ліхтаром задыханы і ажно шэры ад трывожнага чакання князь:

— Гасподзь літасцівы, сястра. Дачакаліся...

Перажагнаўшыся, увайшла за ім у асветленую запаленымі перад абразамі васковымі свечкамі камяніцу. Зняла накідку. Князь тут жа знік у бакавых дзвярах. Тады агледзелася. Гэта была невялікая каплічка, куды яна прыходзіла яшчэ падчас вучобы ў Данілавай школе. Амаль пасярэдзіне яе, на засланай светлаю коўдраю шырокай лаве, ляжала маладзенькая, гадоў чатырнаццаці, юніца ў доўгай светлай апратцы — княжая дачка. Здавалася — спіць. А Еўфрасіння ўжо абыходзіла капліцу, якую Глебавічы збудавалі яшчэ ў даўнія леты, прыкладвалася да абразоў. Крыху зводдаль ад хворай дзяўчынкі стаялі двое паважных, у шоўкам расшытых шатах святароў, з якімі ветліва і радасна павіталася. Было яшчэ двое ў вельмі простым адзенні, але добра ведала і іх — лекар Раман з Кіева з вучнем. Ціха перашэптваліся. Нізка пакланіўшыся, павіталіся з ёю здалёк. Значыць, усё блага. А да яе ўжо вяртаўся з бакавых дзвярэй сам князь, з непакрытаю галавою і чырвонымі ад бяссоння вачыма. Паднёс кубак журавінавага напою. Прычыніў за сабою важкія рыпучыя дзверы. Нарэшце селі на прысценкавую лаву блізу самага выхаду. Яшчэ даволі малады, князь Расціслаў ледзь стрымліваў трымценне рук. Заспяшаўся:

— Я перадам табе, маці-ігумення, для манастыра два крыжы, залаты і сярэбраны, і яшчэ абраз Апякункі нашае. Усё аддам.

— Не мне аддаеш, князь... — Годна, але з іскрынкамі здзіўлення ў вачах схіліла да Расціслава галаву.

— І яшчэ, як і пісаў, перадам у Полацак нядаўна закончаны абраз Найсвяцейшае Тройцы. Але...

— Але? — Журавінавы напой ачысціў дыханне — Што сталася? — кіўнула на князёўну. — Чаму тут ляжыць?

— Да малітвы і святых абразоў бліжэй.

— Збудуй лепей для ўсіх нямоглых асобны харом лекавы. — Зноў зірнула на хворую. — Ці даўно заснула?

— З вечара яшчэ. Выпіла макавы настой. Увесь тыдзень прачынаецца з такімі пакутамі, сястра. Памірае.

Лекар, пачуўшы апошнія словы князя, сумна зірнуў у іх бок, але працягваў стаяць каля князёўны.

Расціслаў яшчэ больш спахмурнеў:

— Невылечную хворасць сэрца прызнаюць. І хуткую смерць.

— Усе мы ў руцэ Боскай, князь...

— Табе не казалі, што да продка нашага, Усяслава, надта ж падобная? І яна, — кіўнуў на дачку, — таксама! Вочы тыя ж

— Толькі ў кожнае, бачыш, лёс інакшы, браце...

— Прашу, зайдзі да нас, міласэрная. Адпачні з дарогі.

Лекары і святары, якія стаялі каля ачмурэлай ад макавага зелля хворай, кідалі на полацкую госцю здзіўленыя позіркі, свечкі пад абразамі, ціха патрэскваючы, падавалі знак аб смяротнай пагрозе. Тады ўслед за князем выйшла. Але, пасля кароткага адпачынку ў маленькай бакоўцы, перамяніўшы вопратку, вярнулася ў капліцу. Расціслаў быў яшчэ тут:

— Колькі казаў ёй: не знайся з паганцамі. Ужо ў травені купаліся ў Свіслачы! А потым... гэтыя зборні ў лесе з вогнішчамі.

— З Боскае волі, падыду да твае дачкі, брат, але не чакай цуду. Не да твару нам у такім гандлі з Госпадам рашаць яе жывот. Бо ўсё ў руках Ягоных. Вазьмі.

Выняўшы з шырокага рукава пергамен, аддала яго Расціславу:

— Гэта табе, князь. Ад палачан пасланне. Рагвалод, пляменнік наш, усё не суцішваецца.

Зноў глянула на хворую, якая за ўвесь гэты час нават не варухнулася.

Расціслаў, сарваўшы пячатку, апусціў моцна аблыселую не па гадах галаву ў

далоні:

— Ой, ігумення...

Ноч грозна шумела за сценамі каплічкі дажджом і ветрам. Свечкі пад абразамі трапяталі тонкімі язычкамі. Тады, яшчэ такая ацяжэлая пасля доўгай дарогі, паволі скіравалася да хворай і ішла так ціха, што здавалася, ледзь рухае знямелымі нагамі. Аднак з кожным крокам усё больш выпроствалася. Наблізіўшыся да юніцы, глянула на яе белы тварык. Міжволі перавяла позірк на лекара, той адно ўздыхнуў і развёў рукамі. Замерла — праз капліцу прашапацеў глухі шэпт: «Ойча наш...» Ужо ўшчыльную наблізілася да лавы з юніцаю. Не згаворваючыся, абодва святары і госці з Кіева, сам князь адступіліся да дзвярэй, заціхлі. Амаль не дыхалі і грыдні з княжай дружыны, што неўпрыкмет праціснуліся ў капліцу. Стаялі купкай пад вузкім, залітым празрыстай слюдою акенцам. А полацкая госця тым часам ужо нічога не заўважала, схіліўшы галаву ў сваёй бясконцай малітве. І ніхто ўжо не мог сказаць, колькі часу мінула. Падняла позірк на вялікае ўкрыжаванне Збаўцы і яшчэ на абраз Маці Божай, зноў прыклалася да ранаў Хрыстовых. Вярнулася да маладзенькай Вольгі, перапоўненая святлом укрыжавання, падняла рукі над прыспанаю паміраючай. ...Праз тоненькія рыскі рэбраў адчула сэрца, што білася роўна і поўна. Аднак у самой яе так моцна закалацілася ў грудзях, што застагнала. Бачыла іншыя здаровыя органы маладога цела. Шукала хваробу. І раптам уздрыгнула — торкнулася рубам далоні ў пругкую заслону над ныркамі, дзе ў пухіры чарнела страшная нячыстая сіла. Затрымцелі пальцы. Адчула, як на лбе выступіў пот, цела пакрылася ліпкай слабасцю, ужо не магла адвесці рук ад гэтай чорнай смяротнай цвердзі ў нырках. Тады шчыльна склала далоні, адчуўшы, як працягам іх стае жывы востры промень. З блаславення Апякункі, уся знерухомеўшы, пачала рассякаць плоць юніцы, пранікаючы ўсярэдзіну, але не так, як гэта робіць меч ці нож, а так, як тое здольна рабіць моца малітвы: праходзіла праз здаровыя тканкі да смяротнай д’ябальскай чарнаты. Нарэшце паціху абвалакла, як цянётамі, абхапіла пухліну нябачнымі воку пальцамі і, намогшыся, павольна і асцярожна пацягнула, стогнучы і абліваючыся жарам. Пакуль не зрушыла з месца чорную ігрушыну, што з кожным яе намаганнем усё болей святлела. Але вось нарэшце замерла і зрабіла той, апошні, рывок, ад якога хворая ажно войкнула і тут жа паружавела.

Усе, хто быў у каплічцы, лекары і святары, молячыся, і сам князь у акружэнні грыдняў, не наважваліся падступіцца бліжэй. Увесь час са здзіўленай радасцю і затоеным жахам пазіралі на госцю. Толькі Сава кашлянуў. Белая, што снег, перавяла позірк на лекара Рамана з Кіева:

— Хворасць вялікая, бо ўсялілася ў юніцу сіла апраметная, у нырках была. — Глянула на князя і ўсміхнулася. — Але няма ўжо яе па волі Боскай. Хутка,— кіўнула на Вольгу, — служкай Хрыстоваю будзе. Толькі сілаю ад паганскіх ігрышчаў не адцягвай. Сама адвернецца. — Азірнулася на прыглухлы ўсхваляваны гул. — Службу пачынай, бацюшка!

І абодва святары, і лекары з Кіева, і княжая чэлядзь, што выбегла з бакавых дзвярэй, і дружына ў бліскучых латах, узрушаныя пасля службы, усе разам шумна ўваходзілі ў прасторную залу да стала, застаўленага пітвом і ежаю: смажанінай і вэнджанымі вуграмі, фаршыраванымі гусінымі шынкамі, белымі грыбамі. Сапраўды пасядзела крыху, з’ела мёду, што нацёк з сотаў у гліняную місу. Пакаштавала смажаныя грыбы, мочаныя яблыкі, журавінавы напой. Потым папрасіла адвесці яе ў тую ж маленькую бакоўку, дзе пажадала адпачыць. Склаўшы на грудзях рукі, прылегла. І адразу ж задрамала, уплываючы ў такі знаёмы трапяткі спеў.

I злівай у жывот мой, Ойча, семя з дрэваў ліданскіх і соты згарчэлага шалу людскога, і ачысці іх, і апладні Запаветаў Сваіх гронамі, каб раіліся і нараджаліся ўва мне новыя жывыя душы, што будуць шукаць сябе ў чалавецах на зямлі Полацкай. Злітуйся, Міласэрны, і дазволь адчыніць дзверы новае кашары Твае ў Сяльцы ключамі, што на вякі вечныя плоць зямную маю замкнуць, аддаўшы яе толькі небу!

 

РАЗДЗЕЛ 21. Развітанне з Савам

..Яна не паддавалася аніякім угаворам і просьбам князя, і той, уздыхнуўшы, выслаў слугу да павозкі — паставіць кошык пітва і ежы ў дарогу. Асобна паклалі абразы, загорнутыя ў радно. За дзвярыма камяніцы ўсё яшчэ шалела непагадзь, ранішняя цемра перамяшалася з халодным дажджом. Але фурман Сава ўжо рыхтаваўся ў зваротны шлях. Упэўніўшыся, што Еўфрасіння сапраўды не затрымаецца, князь пакіраваў яшчэ ў адны бакавыя дзверы і тут жа вярнуўся, трымаючы ў руках вялікую скрынку, адразу ж адчыніла вечка, залюбаваўшыся на дзівосна аздобленыя золатам і серабром крыжы. Упершыню за ўвесь доўгі вечар стоена ўсміхнулася. Гэта былі тыя самыя крыжы, якія яна калі-небудзь занясе ў Святы Горад. Каля дзвярэй павярнулася да князя:

— Крывёю зямлю і рукі ўмываеце, браты мае, а жыватом сваім плоцяць дзеці і душы чыстыя... — Кіўнула ў бок яшчэ нерухомай Вольгі. — Госпаду нашаму і народу крывіцкаму хіба даспадобы, што зроднікі, князі з аднаго кораня... — Уздыхнула. — Пашто ж адзін для аднаго мячоў не шкадуеце?

Расціслаў дачытваў пасланне полацкага веча, якое прасіла яго прыехаць і ўмацаваць вялікі сталец.

— Міру чакаю ад цябе, князь. Таму і падтрымала на вечы. Але ж гнеў Божы як зброя, з абодвух бакоў вострая.

...Ноч па-ранейшаму была чорная, як дзёгаць, дарога небяспечная, але ад язджалі, як таго і пажадала, без аховы. Заслаўе залівала дажджом. Пагрозліва блізка шалела паўнаводная Свіслач, аднак ігуменню гэта не трывожыла. Павозка мякка пагойдвалася, і яна адразу ж задрамала, не зважаючы на тое, што халодныя пальцы ранішняй сырасці ўжо адхінулі край скуранога верху і пацягнуліся да плячэй і шыі. Праз дрымоту здалося, што нехта паклікаў:

— Прадслава!..

Голас ледзь прабіваўся праз шум дажджу, да таго ж вецер так моцна дзьмуў, што фурманка гучна рыпела. Сава адрывіста кашлянуў. Але не спыніўся. Відно, нічога не чуў. Зрэшты, сапраўды, хто можа клікаць яе сярод гэтай пустэльнай заслаўскай шарасці?

— Прадслава!

Фурман нарэшце пачуў і ад подзіву гучна кашлянуў. Уздрыгнула і Еўфрасіння. Адразу ж спыніліся.

— Прадслава!

Раніца яшчэ не набрала моцы, але мярэжа ўжо загусцела. Выглянуўшы з-за скуранога схову, міжволі адхінулася: проста ў твар ёй бліснулі ўзрушаныя вочы незнаёмага. Але праз імгненне, здзіўленая, пазнала. Нібыта і не было за плячыма цэлага жыцця — праз нізка апалыя сівыя рэдкія валасы на яе ўзіраліся амаль забытыя, з крапінкамі наўкол зрэнак і шалёным бляскам вочы... Паляцелі насустрач сінімі і чорнымі стракозамі.

Гэта быў той самы, але ўжо зусім састарэлы лучнік Кажадуб, які некалі з’яўляўся ў яе маладых снах, страшыў, цягнучы да шыі чорныя пажадлівыя пальцы, а потым, выконваючы загады запалоцкага князя Барыслава, насцігаў дробязнымі, такімі нядобрымі звягамі.

Ён чакаў іх на гэтай заслаўскай дарозе, пэўна, ужо даўно: быў вымаклы да ніткі, па валасах і сівой барадзе сцякалі дажджавыя кроплі.

— Літасцівая!

Не зважаючы на пратэсты Савы, ступіла, таропка апусціўшыся з фурманкі, на зямлю. Ледзь трываючы ламату спакутаванага за бясконцую дарогу цела, наблізілася да лучніка. А таго ажно калаціла.

— Дай блаславенне! Прыпаў гарачымі вуснамі да яе рукі.

Адчула, што таго сапраўды моцна трасе. Але не ад холаду, а, падобна, ад вар’яцкага шалу.

Здзіўленая нечаканаму наплыву трывогі, краем вока сачыла за тым, як на зямлю з фурманкі саскочыў Сава. І тут жа, сарваўшыся з месца, пабег да іх, заспяшаўся, таксама нечым устрывожаны.

Лучнік, звузіўшы вочы, хваравіта насцярожыўся. Тады адступіла ад яго, маўкліва стоячы ў тумане на заслаўскай дарозе ў сваім чорным покрыве, здзіўлена чакала.

А Сава, у расхлістанай простай сарочцы, падбег зусім блізка і абхапіў яе, зніякавелую, дужымі рукамі, адштурхоўваючы і засланяючы, такі шыракаплечы і высокі, ад лучніка. Пачала злавацца. Аднак Сава, недаўменна азірнуўшыся сінімі вачмі, нечакана замёр, таргануўся ўсім сваім вялікім целам, гучна ўскрыкнуў і праз імгненне... пачаў адступаць. Бачыла, як ён надзвычай доўга падае, павольна паварочваецца і марудна выпростваецца на зямлі. Нарэшце, абхапіўшы дарогу шырока раскінутымі рукамі, заціх.

Усё яшчэ нічога не разумеючы, не звяртала ўвагі на мітуслівага лучніка, які нізка схіляўся над Саваю. І толькі тады раптам убачыла, разгледзела невялікі бліскучы арэхавы тронак нажа, што тырчаў з Сававае спіны, бліскаў паміж крыламі лапатак... Падняла вочы на лучніка — калоцячыся, той ужо нават не хаваў позірку памутнелых ад нянавісці вачэй, сіпеў:

— Ведзьма! І племя тваё — Чарадзеева!

Схіліўшыся ніжэй, таргануў з шырокае спіны Савы свой нож, але кроў з раны так моцна выхлюпнула, нечакана так густа заляпіла яму вочы, што забойца падхапіўся на ногі, прыходзячы да цямы, і вось ужо замахаў рукамі, пабег, пятляючы, як заяц, у бок лесу.

А яна, упаўшы на калені, ужо прыкладвала рукі да скразной раны, скуль біла пякучым болем, перад якім ці не ўпершыню ў сваім жыцці яна была бяссільная. Таропка сарвала з плячэй цёплы покрыў і, намогшыся, павярнула Саву, такога цяпер цяжкага, спіною да зямлі. Даўкі камяк забіваў горла.

— ...Паслухай.

Шэпт паміраючага ледзь прашалясцеў, блакіт вачэй быў замутнёны. Прыўзняў галаву, каб убачыць яе. Глыбокі шнар, што рассякаў твар, здаецца, разгладжваўся і пачаў знікаць. А яна, страціўшы адчуванне явы, тут жа заплюшчыла вочы, апусціўшыся ў сваю бясконцую малітву-плач, якую раптам працяла вялікая, яшчэ невядомая ёй дасюль, скруха. Гэта падала голас ваўчыца, што вырвалася з клеткі, вызірнула са свае таямніцы і загаласіла, завыла, заскуголіла па тым, каго ніколі не ведала, па кім не ссохла, не згарчэла. Гэта падала свой балесны голас жаночая плоць, што дасюль не аказвалася з глыбокай таямнічай манаскае цноты, не выяўлялася гэтак моцна.

...Толькі шапоча дождж, ад якога, нізка нахіліўшыся, яна схавала Саву.

— Міласэрная...

Ах, любове... Сэрца маё! Няхай прыліпне язык мой да паднябення, калі помніць цябе не буду. Бо адно калі пайду сярод нелюдзяў, ты ажывіш мяне. На ятру ворагаў маіх пашлеш руку моцную. І ўратуе тады правіца. Быццам алей каштоўны на галаве ты, які сцякае на вусны свае Еўфрасінні, падае на край шатаў. Як раса Ярмонская ты, што зіхаціць на гары Сіонскай, дзе наказаў Гасподзь блаславенне нам і жыццё на векі вечныя. Ах, любове мая...

З боку палаца імчала варта: князь, відно, усё ж дачуўся пра вар’ята-забойцу. Рэзкі ўдар ветру са Свіслачы апёк яе, яшчэ амаль няўцямную, сваёй раз’ятранай сцюдзёнасцю. Уздрыгнула, быццам нехта паклікаў. Праз хвілю і дапраўды пачула прыглухлы спеў, што далятаў, здаецца, з глыбіні яе няўцешнага болю.

Ранішні туман клубкамі скочваўся да настылай за дажджлівую ноч ракі, уздоўж якой плыла, пагойдваючыся на колах, дарожная фурманка. Шыракакрылыя сінія стракозы апошніх дажджын дзе-калі падалі са скуранога верху ўніз. Тады праз самотнае забыццё яна зноў паклікала і пачула далёкае: «Кмет Сава я, уладычыца...»

Над рэкамі Вавілона сядзела, з плачам, Любові любоў. На вербах павесіла арфы свае. А тыя, што яе паланілі, песняў ды весялосці патрабавалі.

Як жа спяваць, скажы, калі ў сэрца атруту здрады і хлуслівасці ўлілі?

Няхай жа прыліпне язык мой да нёба, калі помніць цябе не буду...

Калі ж пайду сярод нелюдзяў, ты ажывіш мяне, пашлеш на здрайцаў руку моцную. Святары Любові твае апранаюцца ў праўды праменне...

Расплюшчыла вочы, убачыла спіну маладога фурмана, прысланага Расціславам. Сунімаючы гарачы накат роспачы, азірнулася, нібыта хацела ўбачыць на заслаўскай дарозе разгадку свайго жыцця.

У твар ударыла жменяю шурпатых дажджын. «Ведзьма!» Такіх важкіх і калючых дажджын...

Чамусьці гарачых, як пясок пустыні.

 

РАЗДЗЕЛ 22. Паломніцкае

...Галілея дыхнула такой невераемнай спрагласцю, што міжволі заплюшчыла павекі. Слых нечакана разанула вар’яцкім смехам заслаўскага забойцы.

Сілы міласэрныя, як жа часта за гаенне ёй плацілі адно нянавісцю. Яна вяртала хворых да жыцця, а людзі крычалі ёй проста ў вочы: «Ведзьма!..»

«Маці Багародзіца, хіба не пашкадуеш мяне, не абароніш хоць і на згоне жыцця ад хлусні гэтае і людское жорсткасці Сваёю ісцінай?! Хіба адступішся ад

мяне разам з абранніцамі сваімі?»

«Пачуй жа і ты мяне, сястра Ерміона, пачуй, дачка дзяка Піліпа. Пачуй, найпадобная, што загінула ў Эфесе за слова Божае, прарочыца і лекарка. Хіба не заступішся ты, калі стану перад Судом?»

«Хрыстова найвярнейшая, роўнаапостальная Ніна, дазволь прыпасці да ласкі твае. Няўжо, сястра, пагрэбуеш пакутамі служкі Божае з Полацка? Як і ты, у дванаццаць летаў пераступіла я Парог. Але скажы, які наказ даваў бацька, калі пакінуў цябе малой, сыходзячы ў пустыню? І чаму навучала маці-дыяканіса? На вачах тваіх, абдараваная, вялікія апосталы Божыя змаўляліся, куды каму несці Слова. Табе дасталася Іверыя, дзе спазнала, сястра мая, вялікі цяжар і слодыч ацалення людзей — цялесаў і душаў. Ацалі ж і мяне, як сям’ю Марыяна. Выбаў з цянётаў хворае сэрца. Злітуйся і даруй духу цвёрдасць, абарані, міласэрная! Дапамажы выканаць волю Госпада нашага. Бо сказаў: “І будуць прарочыць і ацаляць імем Духа Святога”».

 

«А ты, Фёкла, першапакутніца, якая выбавіла коштам уласнага багацця з глухой цямніцы апостала Паўла? Ішла, пакліканая Айцом, збіваючы ногі да крыві на дарогах Іконі і Сялеўні. Гэткая гожая, што нейкі валадар свету нават прасіў цябе стаць жонкаю. Ты, якая пражыла амаль да ста гадоў, лекарка ўслаўленая, бо навярнула да хрысціянства столькі патрыцыянак, хіба не злітуешся, сястра, не захінеш мяне, уладарка дароў вялікіх, хіба не заслоніш ад чалавечае нянавісці?»

«Не пагарджайце ж мною, сёстры пакліканыя! Не біце ж мяне бізунамі свайго адхлання, літасцівыя! Не праганяйце, не крычыце мне ўслед атрутныя словы».

«А ты, Апанісся з вострава Эгіны, абдараваная, вялікая лекарка, адкрый мне вочы, каб у дарозе гэтай галілейскай убіралі ў сябе ўсё хараство, створанае рукамі Ягонымі. Бо так даўно ўжо прашу Таго, хто Сам ацаляў, падымаючы рабоў Сваіх з дамавіны: “Уцвердзь, Ойча, Сэрцазнаўца адзіны, уцвердзь пакуты мае ў семя і дазволь разнесці яго вятрам па ўсёй крывіцкай зямлі. Каб выраслі плады і далі новае семя. Каб не застаўся люд наш без вечнай літасці і гаючых дароў”». Усміхнулася.

* * *

...Расхістаная камяністаю дарогаю павозка з паломнікамі паволі праязджала праз цьмянае святло іх першага вечара на Святой зямлі. І раптам вечаровы прасцяг расцяў глухі ўскрык:

— Лепей бы мне тое куфі атрутнае выпіць!

Малады кніжнік, не зважаючы на ўстрывожаных спадарожнікаў, нечакана саскочыў з павозкі і пабег у бок барханаў. Пабег, нават не азіраючыся. Першым апамятаўся Асан. Мігам зляцеўшы на дарогу, рынуўся следам і вось ужо вяртаўся да Еўфрасінні, прытрымліваючы кніжніка за плечы. Той адразу ж упаў на калені. Усе астатнія зніякавела пасталі зводдаль.

— Спавядай мяне! Малю... Грэшны, грэшны, грэшны, ігумення! І целам, і словам, і думкамі! Грэшны, грэшны! Як толькі ўбачыў яе! Як толькі пачуў яе! Яшчэ ў Царгорадзе, калі вы ўсе ў бібліятэку зайшлі...

— Супакойся, Коста. Гасподзь заўсёды пачуе.

— Цяпер хачу.

— І цяпер чуе. Падыміся.

— Ты мяне з Міхалам у Візантыю паслала. Каб я вучыўся. А я ж... Не сказаў табе нічога тады!

— Цяпер скажаш, забудзь благое. Забудзь, Коста! Збяры гарошыны памяці чорнай, высып у гэты бархан, няхай зусім высахнуць.

— А цяпер за грахі жарсця гэтая. Не магу болей трываць!

— Моцны дух у цябе, Коста. Ведай пра гэта. Чытай Евангелле. У душы праўды пытай. — Уздыхнула. — Усе мы, людзі, грахамі спакушаныя. Кожны па-свойму. І пра ўсё гэта, Коста, у Запаветах Божых згадана. Зараз павернем за камяні, і жарсця твая з сэрца паплыве, як дым.

— У галаве маёй цёмны дым, ігумення.

— Вазьмі шчыт веры, захіліся і патушы ім распаленыя стрэлы.

Прыпаў да яе сухарлявай рукі, адчуўшы саланаваты след слязы:

— У роце ў мяне ад пажады горка. Плячом яе крануся, а ўсё цела гарыць. Жаданая такая яна.

— Сказана: «Любоў не бушуе, не шукае свайго, не раздражняецца, не замышляе ліха... Цешыцца з ісціны. Усё пакрывае, усяму верыць, на ўсё спадзяецца, усё пераносіць».

— Лепей бы мне тое куфі выпіць!

— Любоў ніколі не мінаецца, Коста.

— Не вытрымаю, ігумення. Я азіраўся і бачыў толькі пустэльню. Калі змеціў у яе вачах чужасць, так спалохаўся, пачуўся такім парожнім, як сярод поля, дзе няма ні лекара, ні мечніка, каб спынілі пакуты. Усё, што было да вашага прыходу ў бібліятэку, рассеялася, як чад. Адным яе позіркам.

— Сядай побач з Асанам, Коста. Да споведзі — ужо ў Ерусаліме.

— І не стала ні другаў для мяне, ні настаўнікаў, ні сваякоў. Адна толькі яна, гаспадыня, была. І я толькі адзін застаўся, слуга сярод слуг.

— Паперадзе сядай, Коста. Там і чытаць зможаш.

— Змагу. Там чытаць і праўда можна.

— І памятай: самы большы грэх — жадаць гвалтоўнай смерці.

...Які рэзкі ён, сухавей пустыні. У недасяжнай вышыні ўсё яшчэ кружыў птах, быццам падвязаны да паднеб’я пурпуровым вісонным шнурочкам. Дарога зрабіла новы паварот за скалы, і позірк адразу ж выхапіў з жоўтага марыва велічны будынак. У тую ж хвіліну ўсе на павозцы, якую няшчадна трэсла на камяністай дарозе, быццам ачомаліся. Усміхнуўся, павярнуўшыся да падарожнікаў, і возны Асан. Але прамаўчаў, ведаючы, што да блізкага, як усім здавалася, манастыра яшчэ далекавата. Праз колькі часу зноў прыпыніліся, і светлатварая красуня, саскочыўшы, шчыльней падвязала свой доўгі хітон, пачакала блізу павозкі. Кідала насцярожлівыя позіркі на ігуменню, тая таксама сыходзіла на зямлю, пацягнуўшы за сабою астатніх.

Нарэшце ўвесь ланцужок паломнікаў з Полацка заспяшаўся ўздоўж дарогі, і ліпкі пясок барханаў, асеўшы на доўгія полы хламід, зашаргацеў, зашахаў пры хадзе:

...Ш-ша, ш-шах! Ш-шах! Ш-шах!

А ігумення ўжо ўзіралася ў глыбіню галілейскага вечара, быццам імкнулася разгледзець у яго сяйве запаветнае. Успомніць і разгадаць блізкае і далёкае.

Прыспешвала хаду. Чула...

 

 

Кніга другая. СПАСАМ ПАКЛІКАНЫЯ

 

Так будуць апошнія першымі і першыя апошнімі; бо шмат пакліканых, ды мала выбраных.

Новы Запавет. Псалтыр. Паводле Мацвея:

Святое Дабравесце. ХХ: 16, 29

 

 

ЧАСТКА СЁМАЯ

...Яна развучылася размаўляць нават з дрэвамі. Бо ўжо даўно перастала чуць іх...

 

РАЗДЗЕЛ 23. «Агненніца»

Грозны вецер Хамсін, рассекшы важкія, як вярблюджыя гарбы, аблокі Іудзеі, упаў на Нéву, ад іскрыста-белай гары да Хеўрона панесліся шалёныя падвыванні і балючыя енкі. Нарэшце, сарваўшыся са скалістых іклаў, апантаны гончы пустыні расшпурляў па марскім узбярэжжы навесы для рыбацкіх сецяў, траскучыя дашчаныя чэравы мёртвых галеонаў, засыпаў пяском шпангоўты і патрушчаныя сірэны. Крыклівыя чайкі бачылі, як раз’ятраны віхор з ярасным скавытаннем укруціў у Тыверыяцкае возера баркі з зернем. Але вось з пранізлівым свістам узляцеў на барханы і абагнаў атрад варты, што з высока паднятымі ятаганамі суправаджала еўнуха ў дарагім халаце. Еўнух, не прыпыняючы каня, скінуў на зямлю замардаваную прыгажуню ў акрываўленым покрыве. Верхаўцы тут жа крута развярнуліся і паляцелі назад, з-пад капытоў танканогіх коней уздыбілася рудая сечка. Пакінутая пасярод пякельных пяскоў ледзь жывая рабыня горасна падняла да неба рукі, молячы пра выратаванне. А праз сэрца Хамсіна ад прагорклай даліны бяды Ахор ужо расцягнулася доўгая спружына прыгорбленых жабракоў, што кіраваліся ў Ерусалім; праз дзіравыя лахманы цямнелі выпетраныя рэбры, над плячмі мільгатліва ценілася дрогкае марыва. Пустыня сустракала новых паломнікаў пагрозлівым сіпеннем. Вецер крутнуўся ўбок, наляцеў на пракаветную, дарэшты вышчарбленую дарогу і адразу ж, быццам сутыкнуўшыся з нябачнай заслонай, прыстаў. З дарогі трымтліва струменіла і рассейвалася праменне ад слядоў Хрыста.

Пустыня заціхла. Хамсін злёту прадзьмуў апостальскія пячоры і зноў пагнаў да Іардана спякотныя віхры, разносячы па наваколлі грозны звярыны рык і траскучыя пошчакі грымучых гадаў Не спыняючыся, магутны віхор ударыў у белую, як херувімскія шаты, скалу, спіхнуў з яе вяршыні камень, што паляцеў на сцежку, па якой за блізкі паварот шархацела павозка з паломнікамі ў манаскіх шатах. Каменная глыба грымнулася на зямлю каля задняга кола павозкі і разляцелася на вострыя аскабалкі.

Самы малады з паломнікаў ад нечаканасці ўздрыгнуў і спалохана замыляў вуснамі:

— Прэдзіўна бысць у Полотсьцэ! Бывашэ у ношчы туцен стояшча па вуліцэм. І, яко чэловеці, рышчушча бесі.

Павозка няшчадна рыпела, і вотрак заспяшаўся:

— І ашчэ хто вылазяшэ з храміны, уязвен невідзімо бывашэ ото бесов язвою. Посем не саміх, но коне іх копыціны відзэ! — Малады кніжнік нават падвысіў голас і азірнуўся, але яго ніхто не чуў. Усе на павозцы паглыбіліся ў зняможаную дрымоту. Зануджаны доўгай дарогай, маладзён выцягваў з памяці некалі прачытанае ў пергаменах. Вецер скуголіў пад самым яго вухам, зрываючы з кудлатай галавы тонкі каптур, аднак вотрак нічога не заўважаў:

— І остася по следу образ змея велікаго, стояшча по небу...

Прыклаў далонь да горла, але кашаль ужо трос усё яго вялікае кашчавае цела.

— І тако уязвляху люд полотські. — Ужо не выпускаў з рук важкага, з меднымі зашчапкамі на скураных вокладках пергамент да слыху зноў данеслася тое таямнічае шаптанне, што суправаджала яго праз усё жыццё. Толькі ўзяўшы ў рукі гусінае пяро, чуў ён, здаецца, і гэтае патаемнае шаптанне:

«Не забудзі жа, Коста, як, сызмальства пагартаўшы тысячы абалонак Бібліі і хронік Амартола, шукалі ўсе, услед за вялікім старцам Нестарам, адказ на адно толькі пытанне: “...адкуль руська зямля стала і ёсць?”»

«Толькі ж ведаў пра тое хіба што баламутнік вялікі, бацька гісторыі Герадот, назваўшы цэлы збой земляў і плямёнаў Скіфіяй. Краем, дзе няма ні гарадоў, ні ўмацаванняў, бо ўсе толькі рышчуць, гойсаюць па разлогах польных, яко качэўнікі, воі і лучнікі».

«Але ж мы здавён — сейбіты. Арачы-ворнікі мы. І прадзеды нашы, ад зямлі, займаліся таржышчам хлеба і запальвалі паходні на свята свяшчэннага плуга. Ворнікі-скалоты мы!.. Як пісалі пра тое Пліній Малодшы слаўны і Карнелі Тацыт».

«..Дык пашто слухаць зласлівыя шэпты чужынцаў, што іншае пра нас разносяць?» «А калі і праўда? Калі і праўда з чэрава венедаў мы выпаўзлі, падпіраючы слупамі межавымі сцены германаў і сарматаў?! Кідалі рыбацкія восці прапрадзеды мужныя і ў Рось, і ў Цясьмін. І ў Дунай нават. З готамі і гунамі стаўшы ўпоплечкі, рынулі, аброслыя рудаглеем і дзёрзкай шчэццю, на Рым і элінаў. Запаланілі землі Балканаў. Закапалі па плечы. Выпалілі да дна вачэй».

«Выйшлі да цёплага мора блізу Пелапанеса, дапяўшы да Спарты...»

«Кінуліся і ў другі бок, да каменяедаў астраўных белагаловых, насельнікаў грознай Сулы. І пакаціліся галовы. Белыя, што выпаленае сонцам жніўё. Рудыя, што падлескі восеньскія. Ах, Коста! Хіба не стыне кроў твая?»

«Толькі ж, гартаючы начамі абалонкі старых і цяжкіх, як залатыя руны, пераменаў, не ўцяміш часам, дзе праўда тут пасеяна, а дзе — хітрае баянава казанне. Кажуць бо чарняцы: “Навучайся, вотрак, у Нестара і ўведаеш пра палян і драўлян з бародамі касцюкаватымі, пра дрыгвічоў і бужан, якія птушак рукамі рвуць”».

«Чытай, Коста, і потым сам расказвай пра вяцічаў, улічоў, ціверцаў.

Стань паслом для людзей, бо той пасол, хто прыносіць наказы. Будзі, Коста, і паслушнікам. Тым, хто слухае і — слухаецца. Слухайся Бога адно толькі. Таго, Хто прынёс нам Слова».

«І раскажы пра росаў — людзей з такімі агромністымі целамі, што і моцныя коні не маглі насіць іх».

«А ці многа чытаў ты, Коста, пра лжывае племя расамонаў і тое, як забіў кароль Германурых жонку аднаго расамона-здрадніка Сунільду, званую Лыбіддзю, з-за чаго і распачалася тая страшная вайна. Раскажы, Коста! Пра беламораў чалавекаедных і чудзь, пра весь і варагаў, якія русьсю завуць. Бо зямля наша вяліка і плодна, а парадку ўсё яшчэ няма».

«З таго самага часу няма, як прашчуры, вялікі прэгорды каган Асколд і находнік Рурык, што судзілі весічаў адно «па праўдзе», змерлі, пакінуўшы ўсіх у вялікай самоце і разладзе».

«Пытай і запішы ўсё, Коста. Так чарняцы кажуць, і ігумення праслаўная Полацкая, Еўфрасіння, так звячае. То будзі ж — ласка яе!»

...Залатавокая і наўздзіў белатварая красуня, ідучы блізу павозкі, міжволі азірнулася на смяротны дарожны друз і апусціла галаву. Але тут жа ўздрыгнула ад спеўнага воклічу: «Ой-а-а!», падняла вочы, і Хамсін уміг злавіў насцярожаны позірк, па якім пазнаў тую, каго ўжо бачыў у штармавой прорве Міжземнага мора. Тады шахнуў па тварах паломнікаў лёзамі гарачага пяску, ад чаго ўсе адразу ж пачалі шчыльней затуляцца ў хламіды. Адно абазнаная толькі ціха ўсміхнулася. Над Галілеяй гусцеў жоўты гаркаваты надвячорак, нябесны покрыў над пустыняй ціха ачахваў.

Павозка мінала чараду прыдарожных валуноў. Тады паломніца выпрастала плечы пад кальчугай, з асалодаю прыплюшчыла павекі. І адразу ж пачула далёкае і ласкавае: «Ла...да-а!..»

Быццам паклікалі з-за ракі, з аеравага берага маленства. Ці, можа, адазваўся, прашугаўшы над мянескай зямлёю, вецер яе анёла, намачыў рабрыстыя крылы ў сцюдзёнай Свіслачы? Ці тая, раскрыжаваная ў галілейскай спякоце, птушка, што ўсё кідалася ўніз, навязаўшы да неба вісонным шнурочкам хісткую павозку. Да слыху паломніцы данеслася спасцярожлівае шаптанне дарогі, што спяшалася праз усю Галілею ў галоўны горад Святой зямлі. Альбо, можа, гэтак балюча сумуе па ёй Валодша, які заўсёды назірае за сваёй Вольгаю з-за празрыстых аблокаў?

— Ла..да-а! — Рэха, абганяючы калымагу, ужо неслася да паломніцы з усіх бакоў. Але тая, забраная ўспамінамі, маўчала.

..Яна развучылася размаўляць нават з дрэвамі. Бо ўжо даўно перастала чуць іх. Слых мянескай князёўны Вольгі чуйна ўлоўліваў і крокі нянькі за дзвярамі святліцы, і глухое рыпенне ветракоў на погарбе, але дрэвы ёй ужо не адгукаліся. Праўда, яшчэ ў заслаўскай капліцы, дзе Вольга пасля ад’езду ігуменні Еўфрасінні прачнулася з незвычайнай лёгкасцю ў целе, з-пад абразоў да яе паплылі дрогкія перашэпты свечак, у якіх, як здалося тады, пачула яна галасы маці і бабулі, памерлых ад чумы. Ад подзіву нават прыўзнялася на абрыдлай лаве, да якой адразу ж заспяшаліся зарэчныя чарніцы. Хацела спыніць іх, але нечакана зразумела, што не можа вымавіць ні слова. Перад вачмі замітусіліся зоркі. Тады, ашаломленая, зноў легла. Чарніцы ўсхвалявана распытвалі ў яе пра пачуванне, але ў адказ князёўна толькі сціскала вусны.

Важка падняўшыся з прысценнай лавы, князь Расціслаў таксама падышоў і нахіліўся да дачкі. Ад бажніцы даносіліся перазовы намоленай ночы. Аднак Вольга, заплюшчыўшы павекі, нават яму не выдала роспачы: ужо зразумела, што можа адказаць толькі ўласным думкам.

Бацька-князь, уздыхаючы, аддаў загад дзесяцкаму, і Вольгу тут жа пачалі апранаць для пераезду ў менскія харомы.

Дома, у сваёй утульнай, чыста прыбранай святлічцы, Вольга павесялела і стала хутка папраўляцца, але па-ранейшаму не гаварыла: ледзь не адразу ж пасля сустрэчы з суровай полацкай ігуменняй свядомасць яе быццам завалакло шэрай воўнай. Слых не ўлоўліваў ні патрэсквання набраклага сонечным сокам лісця, ні рыпучага пацягвання каранёў у зямлі. Ужо не чула яна і ветрыку, што любіў яе распушаныя ранічкаю валасы. Не чула шархацення птушыных крылаў над гасцінцам і шэпту свіслацкага аеру. У палацы Глебавічаў запанавала трывожная ціша. Так горка Вользе было толькі пасля раптоўнай матчынай смерці, калі ад галаўнога болю зрэдзьчасу цямнела ўваччу і адымала мову. І хаця апошнім часам пасля ад’езду полацкай родзічкі пад рэбрамі стала лягчэй, Вольга разумела, што ў адчуваннях яе нешта змянілася. Змен тых, аднак, нават баялася, глыбячыся ва ўласныя адчуванні і настроі. Не заўважала ўжо, што за вокнамі не прыпыняецца звыклы палёт дзён і начэй. Неяк непрыкметна адснежыла суровая зіма і прамінула вясна, саступіўшы месца сапраўднаму цяплу, калі Вольга нарэшце насмелілася выйсці на дзядзінец Час — адмысловы лекар, заружовіў дзявочыя шчокі водсветам здароўя. Да таго ж князь Расціслаў, які спешна выехаў з дружынаю ў Полацак, пакінуўшы дачку на строгую няньку Яўлампію і верную варту, часта пасылаў у Менск сваіх кметаў, што трымалі ў палацы звыклы парадак.

І ўсё ж пасля ад’езду гаспадара смерды з халупаў каля дзядзінца пачуліся значна вальней і часцей звычайнага пачалі наведваць капішча ў пушчы.

Дачакаўшыся летняга цяпла, пакаёўка Маўра таксама ўвачавідкі пасмялела і неяк сярэдначы ўсё ж выманіла Вольгу з харомаў. Над падворкам раскашавала яркая святочная поўня. Лёгка змеціўшы ў вачах Маўры затоеныя хітрынкі, Вольга азірнулася. Перад варотамі ўжо чакаў невялікі вазок. Тады, вярнуўшыся ў святліцу і загадаўшы прынесці ёй простую вопратку з хустай і звычайныя хадачкі, князёўна пераапранулася. Пасля без сумневу адолела ў двары нечаканы парыў ветру і скіравалася да варотаў. Маўра з ліхтаром у руках заспяшала наперад.

...Ужо ўкрытая на вазку цёплымі дзяружкамі, Вольга праз усю дарогу раз-пораз уздрыгвала ад ускрыкаў пакаёўкі, якая сядзела побач з фурманам, трымаючы над сабою ліхтар. Але вось на тоўстых сасновых ствалах заірдзелі водбліскі агню, і вазок спыніўся. Тады, не чакаючы Маўру і адпрэчыўшы дахаты фурмана, яна рашуча ступіла на цвёрдую ўтаптаную бялявіну і таропка падалася ў бок вогнішча, назіраючы, як ваколле хутка запаўняецца смердамі. Але сама нават не падымала голаў, сцішана прымасціўшыся на горцы лапніку. Міжволі скасілася на збой моладзі і прыслухалася да гарэзлівых спеваў. Аднак лагоднага вуркатання прыску, што гэтак лашчыў яе слых раней, ужо не злавіла. Быццам полацкая ігумення, прыбылая той восенню ў Заслаўе, выняла з яе хворага цела не страшную пухліну, а нешта зусім іншае: тое, што яшчэ з маленства нябачнымі, але такімі моцнымі повязямі лучыла Вольгу з жывым духам усёй мянескай зямлі. Маўра даўно згубілася ў людскім гурце, пад нагамі распаленых начным шалам дзецюкоў патрэскваў сушняк, ад нецярплівага постраху папісквалі юніцы.

Урэшце Вольга ўтульней прымасцілася на лясным стальцы і знерухомела, не адрываючы вачэй ад рою іскрынак. На імгненне да паяска вопраткі дакрануўся пругкі язык балотнае вужакі, і князёўна адразу ж адчула гэты пякучы дотык Наўкруга клубіўся таямнічы шоргат, праз мігатлівую сетку начных ценяў сачылася тонкае змяінае сіпенне, ад якога ў глыбіні жывата нечакана заторгаўся пабуджальны шал. Тады, употайкі азірнуўшыся, яна ледзь стрымала спалоханы ўскрык: амаль усе смерды на бялявіне былі ў вялізных, ярка расфарбаваных драўляных масках звяр’я ці птушак. Паверх доўгіх радняных світак на плячах ільсніліся бабрыныя накідкі. Многія з Хорсавых падданых трымалі ў руках ваярскія шчыты і драўляныя, завостраныя касцянымі ці крэмневымі наканечнікамі пікі.

Вогнішча падшугала пад самыя вяршаліны соснаў, распырскваючы над галовамі ваяўнічага збою зіхоткі жар. Але Вольга зачаравана назірала за ўвівамі агню і нават не адхілялася.

Нарэшце яна ачуцілася, убачыўшы, як з боку шчыльна схінутых соснаў да людзей ступіла мажная, у доўгай світцы постаць. Ад рэзкага подыху траскучага вогнішча пасма валасоў у начнога госця нечакана зляцела з твару на плечы і адкрыла лісіную маску з вялізнымі ікламі. Смерды, пазнаўшы свайго вешчуна, з радаснымі крыкамі пачалі збягацца ў гурт, насцярожана наблізіліся да лапніку. Трывожную цішыню раз-пораз чэркалі іскрыстыя пырскі.

— Не загубіце! Шэпт князёўны перарываўся ад затоенага жаху, але вяшчун, з распушчанымі па плячах вогненна-рудымі валасамі, нечакана гучна зарагатаў. Выступіўшы з людскога кола, якое з непрыхаванай юрлівасцю ўсё шчыльней блізілася да князёўны, укленчыў перад ёю і, зняўшы маску, адкрыў скуластае цёмнае аблічча. Прыпаў гарачымі вуснамі да жылкі на яе шыі:

— Ты не забыла мяне, лада?

— Не забыла, Валодша.

Навокал пагрозліва стаяла насцярожаная моладзь. Але вось, пашыхаваўшы з боку пікі, усе апантана затупалі ў зямлю шырока расстаўленымі нагамі; наўкруг Валодшы бушавалі сляпыя карагоды капішчанскага танца. Вочы князёўны былі прыплюшчаны, разгарачаныя дзецюкі і юніцы з пацалункамі і абдоймамі пачалі шалёна зрываць адно з аднаго світкі, зліліся ў адзін шчыльны, разгушканы жарсцёю збой. Нечыя рукі дасталіся і да яе — балюча тузанулі з плячэй каптан, развязалі, прагна залашчыўшы грудзі, матузкі блузы. Тады пачула ў сабе такую млосную нямогласць, што застагнала.

Працінаючы зямлю, з глыбокіх таямнічых спратаў ночы ў цела князёўны раптам памкнула даўкае хваляванне, паплыло па дзявочых нагах разам з палкімі, жалобнымі пальцамі вешчуна. Растуліла вусны, каб паклікаць на дапамогу, але гарачая сліна замкнула мову. А вяшчун, зноў пацалаваўшы Вольгу ў вусны, нечакана так моцна схапіў яе за жывот, што ўвесь ніз прашыла стралой.

— Ты не забыла мяне, лада?

Лёгка падштурхануўшы юніцу ў плечы, змусіў яе ісці да людскога кола. Сам, рашуча павярнуўшыся, знік у начной цемры. Але мянеская князёўна, забраная агульным шалам, ужо нічога не бачыла — прутка прытанцоўваючы разам з ловамі, уся агорнутая доўгімі, пушчанымі па ветры і чорнымі, як гэтая загадкавая летняя ноч, валасамі, распачала свой танец.

Пад сасновай карой па тоўстых жылах дрэў ірванула, імкнучы ўверх, расплаўленая пажадай смала. А князёўна, не прыпыняючыся ні на імгненне, бясцямна ўкручвалася ў шчыльны людскі вір і ўжо не адчувала ног. Чырвань ударыла ёй у твар, полымя блізкага вогнішча распаліла дыханне.

Нарэшце, працятая гарачай, да зацьмення ў вачах, млосцю, яна ўскрыкнула, і гэты амаль няўцямны крык паклікаў у дзявочае нутро цэлы ручай нябесных зорак. Тады растуліла вусны для малення, славячы і гэтую пракаветную, набраклую сокамі зямлю, і магутнае неба. Пад сасновымі шатамі ў водблісках вогнішча палымнеў густа затлушчаны заечым смальцам дубовы Хорс. Пазіраў перад сабой вялікімі вырачанымі вачмі. Здаецца, усміхаўся Вользе. А ўзрушаная князёўна нават не заўважыла, як ахоўная хусцінка нечакана паляцела з твару пад ногі. Памкнулася падняць яе, але было позна. Смерды, гучна выкрыкваючы пагрозы, імгненна кінуліся да пікаў, стоўпіліся на другім канцы палянкі. Прысутнасць князёўны на бялявіне пагражала ўсім лютай смерцю. Кметы Расціслава, асочваючы вешчуноў па ўсім свіслацкім наваколлі, дашчэнту руйнавалі і іх капішчы.

— Не забівайце мяне! — З грудзей Вольгі нечакана вырваўся спалоханы стогн, азіраючыся, марна шукала позіркам вешчуна.

Нехта дзіка правухкаў савою, і ўся бялявіна імкліва сарвалася з месца, да горла Вольгі, у якое ўжо цэліла некалькі пікаў, падкаціла нудота. І раптам, быццам спынены нябачнай вяроўкаю, разгарачаны гурт здзіўлена замёр. Адно сава зноў азвалася з пушчы глухой пагрозаю.

...Лясны чалавек, які вылецеў, здавалася, з самай нетры і нечакана грымнуўся на зямлю перад ваяўнічымі ловамі, выцягнуўся перад вогнішчам. Чорны ад капішчанскага дыму, нагадваў лясную пачвару. Доўгія, выпэцканыя балотнаю раскаю валасы спрэс загарнулі аблічча і грудзі. Зусім голы, лясны прывід кашчава знерухомеў, бессаромна расставіўшы перад усімі абдзёртыя, з бліскучымі каленямі ногі. Смерды, узрадавана пазнаўшы ў ляжачым свайго вешчуна, зноў падступіліся бліжэй, але Вольга здзіўлена адхітнулася, нечакана разгледзеўшы тое, што прыцягвала цяпер усе позіркі, — вялікае і трымтлівае мужчынскае чэлеса ў пахвіне. З агідаю адвярнулася і тут жа, разам з усімі, пацягнулася рукамі да бессаромна разведзеных каленяў. Зачадзеўшы ад капішчанскага смуроду, з цяжкасцю змагла ванітаванне.

Ледзь трымаючыся на нагах і ўжо не даючы веры ўласным вачам, хітнулася, тут жа падхопленая некім пад рукі, ужо ніхто на бялявіне не звяртаў на яе аніякай увагі, скіраваўшы позіркі ў іншы бок. І толькі адзін ён, вяшчун Валодша, нагі і безабаронны, як злучыўшы агульнай жарсцёю вялікі людскі збой, быў цяпер тут усім. І — нічым. Усіхні і для ўсіх. Як сама, натоленая мужчынскім і жаночым семенем, зямля. Адчуванне гэтай неспасцігальнай лучнасці, гэтай агульнай для ўсіх таямнічай першаплоці нечакана перапоўніла і наталіла ўсю істоту Вольгі такой сілай і прагай уплодненасці, што грудзі імгненна набраклі жывым агнём. Азірнулася. Перад вогнішчам ярэў новы танец. Рухі танцораў ставалі амаль бясцямнымі, пікі, горда паднятыя ўверх, поралі нізкае начное неба.

— Будзі! Нам будзі... Наша будзі! Наша будзі!

Танец бушаваў, і тады ўсе на капішчы пачулі ўдары вялікага сэрца, што адгукнулася аднекуль з-пад тоўстых сасновых каранёў. «Нам будзі!.. Наша — будзі!» Вяшчун, які ляжаў каля самага вогнішча, застагнаў, і яму адразу ж кінулі апранаху, чакаючы ў гурт.

...Ён падымаўся наўздзіў важка, нехаця адрываючыся ад мяккай, засланай сапрэлым шыгаллём зямлі. Падвязаўшы даўгаполую світку вяроўчынай, радасна і белазуба ўсміхнуўся. Начная бялявіна поўнілася хрыпеннем зямных спратаў.

Урэшце, раз’ятраны спрадвечным поклічам зямное плоці, вяшчун падняў вялізныя рукі і, похапкам удыхаючы густое задымленае паветра, захістаўся. Але вось, лёгка схапіўшы Вольгу ў абдоймы, з рогатам кінуўся ў вірлівае кола. Яшчэ імгненне, і, радасная, змеціла навокал сябе толькі стракаты россып агеньчыкаў: ці то сполахі дагараючага вогнішча, ці то язычкі запаленых паўсюль свечак. Нечакана ўспыхнула бліскавіца, высвеціўшы ў цемры прадаўгаватае, атуленае белым манаскім каптуром танкабровае аблічча полацкай манашкі і абразы на сценах старой заслаўскай капліцы.

Памяць была такой яркай, што Вольга быццам наноў адчула чэпкі позірк вялікіх цёмных вачэй ігуменні Еўфрасінні і той дзіўны стан, калі полацкая лекарка, не прыпыняючы малітвы, раптам паклала трымтлівыя рукі на яе рэбры. Пальцы былі такія гарачыя, што Вольга, помніцца, міжволі скаланулася. Невераемная моца, што сыходзіла ад гэтых рук і запаленых свечак, нябачнымі лёзамі працінала ўсю дзявочую істоту, выбіраючы з нутра страшны боль. Цяпер, яшчэ раз наноў адчуўшы той немы жах і намагаючыся вырвацца з тугога капішчанскага карагода, Вольга зноў з мальбою зірнула на Валодшу, але вяшчун толькі задаволена ўскрыкваў; над раз’ятранымі людзьмі шугалі бязладныя спевы: «Ах, матухнавіраніца! Ах, развядзі ж агні ды на маім карані!» І ўжо ніхто на Вольгу нават не пазіраў. Адно вогнішча патрэсквала, цаляючы ў твар зіхоткім жарам.

«ЗАБІ ІГУМЕННЮ...»

..Яна прачнулася ад мужчынскага спеву. Пад цёплым доўгім кажухом было пахатняму ўтульна. Аднак варта было Вользе толькі расплюшчыць вочы, як песня заціхла.

— Ігумення, кажаш?.. Яна зрабіла табе балюча? — Над ложам з прывялага кляновага і бярозавага вецця схіліўся, ахінуўшы яе распушчанымі валасамі, Валодша. Прыўзняўшыся на локці, згодна яму кіўнула і агледзелася.

Усё навокал патыхала духмяным водарам аеру і хвоі.

Маўра збіралася адысці, але азірнулася і нечакана гучна сказала:

— Тады забі яе, гаспадыня. Забі ігуменню.

— І ты гэтак парадзіш, Валодша?

Вольга скасілася на вешчуна, але той абыякава адвярнуўся. Праз колькі хвілін, ужо адступіўшы ад свайго начнога ложа, яна зноў міжволі скасілася на Валодшу, які нёс пацёртае голле да вогнішча. Застагнала. Усё ўнутры гарэла, быццам туды сыпанулі пасечанай крапівы:

— І заб’ю!

— Ведаеш, што яна зрабіла з табою? Выцягнула з цябе сокі зямныя, лада! І ты ўжо забыла, як мы з табою некалі ўсё вакол старажавалі. —Валодша раскінуў рукі, быццам хацеў абняць усю бялявіну. — І заўсёды хадзілі разам, чулі ўсё, бачылі ўсё, лада!

Гэта была праўда, і Вольга згодна кіўнула.

— Памятаеш, лада, расказваў, як бацька мой ды падсцеле яму Пярун мяккага лапніку згарэў? Ажно падвысіў голас: З-за яе. З-за Прадславы! Радасць яна выцягнула з цябе, лада.

— А можа, едзь у Полацак, гаспадыня? І вялікі князь чакае. Ігумення твая таксама там. Едзь, гаспадыня.

Маўра, падыходзячы, нечакана выняла з кайстры невялікую арэхавую бонку на ланцужку.

Адчыніўшы вечка, Вольга зазірнула ўнутр. Убачыла зялёную гарошыну. Адхітнулася. Гэта была атрута з блёкату і жоўтай змяінай сліны. Памкнулася адвярнуцца, але Маўра, засмяяўшыся, ужо вешала бонку ёй на шыю. Унутры жывата зноў так востра і пякуча разанула, што Вольга міжволі застагнала. Нагадваючы пра начны шал, на паляне паўсюль былі раскіданы патрушчаныя маскі і паламанае галлё. Вогнішча, схапіўшы яшчэ адзін абярэмак вецця, задыхала жарам, і над ім засквірчэла мяса: Валодша, пэўна, ужо схадзіў на заечыя ловы.

Недалёка ад бліскучага дубовага хорса стаяла некалькі коней, сярод якіх Вольга ўзрадавана змеціла свайго мышастага Сыча. З раднянай кайстры пры яго сядле вытыркаліся стрэлы і абцягнуты чорнаю скурай лук. Тут жа ў старых пашорганых похвах вісеў яшчэ бацькам падораны кароткі меч. Не стрымаўшыся, намерылася бегчы да каня, але Валодша спыніў яе, клікнуўшы снедаць. Усміхнулася і паслухала яго.

Нарэшце, ужо сядаючы ў старое зручнае сядло, Вольга звыкла азірнулася, пакаёўка стаяла каля вазка і пакорліва схіляла галаву. Бліснуўшы насмешлівым позіркам, выпрастаўся ў сядле і Валодша. Не азіраючыся, падняў тонкую лазіну, з гікам скіраваў свайго Крутня ў бок далекаватага адсюль ляснога жытла. Сыч, не чакаючы плёткі, ахвотна затрухаў услед па знаёмай сцежцы.

...У той патаемны вешчуноў схарон, дзе былі збудаваны дзве добра ўцепленыя таўстасценныя хаціны, аўчарня і загарадак для коней, Вольга ўпершыню патрапіла яшчэ да прыезду полацкай ігуменні ў Заслаўе. І амаль цэлае лета навучання ў вешчуна-воя не мінулася марна: недзе на згоне ліпца дзёрзкая і надзвычай упартая, яна ўжо магла пацягацца ў стральбе з лука нават з бацькавымі кметамі. Успрымаючы ваярскае захапленне дачкі як дзіцячую гульню, князь Расціслаў спачатку толькі ўхмыляўся: пасля раптоўнай смерці любай жонкі дазваляў Вользе прападаць на бялявіне цэлымі днямі. Але аднойчы, убачыўшы яе ў мужчынскай драцяной сарочцы і з мечам у руцэ, ускіпеў ад гневу і адразу ж забараніў дачцэ нават кароткія паездкі ў пушчу. Праўда, пасля ягонага спешнага ад’езду ў Полацак Вольга, цяжка перажыўшы самоту пакінутасці, быццам апрытомнела. Сурова пакараўшы скураной плёткай найбольш неслухмяных слуг, стала пачуваць сябе сапраўднай гаспадыняй палаца і адразу ж пасталела.

Дарога да ляснога схарону была выбоістая. Сыч, адвыклы ад ляснога карэння, часта спатыкаўся; жывот у Вольгі неспадзеў разанула так моцна, што міжволі застагнала:

— Я загублю цябе!

Перад вачмі бліснула тонкае аблічча полацкай ігуменні, і рэзь на хвіліну адпусціла. Але вось конь узбуджана захроп: лясная сцежка выцекла да знаёмай, расцятай маланкаю амаль да самых карэнняў сасны, за якой адразу ж зашарэлі жардзяныя загарадкі для адлоўленага звера. Князёўна ўдыхнула на поўныя грудзі і ласкава паклала руку на склычаную конскую грыву.

Валодша, радасна засмяяўшыся, таксама прытрымаў свайго Крутня і прапусціў Вольгу наперад. Узбуджана крыкнуў:

— Заўтра ж — на дзіка!

Замест адказу Вольга адно гарэзліва ўскінула чорныя бровы.

ЛОВЫ

...гучна выкрыкваючы клёны Хорсу і ляскаючы наўкол драцяною пугай, Валодша амаль паўдня выпорваў звера з непралазнай нетры, затым доўга выводзіў дзіка да краю забалаці, дзе Вольга ўжо даўно прычэквала. Як на тое, паўсюль раскашавала духмяная вусцішнасць, і крыкі Валодшы то блізіліся, то зноў аддаляліся. Падумалася нават, што звер урэшце здолеў адарвацца. І раптам, калі Вольга ўжо кранула павады, кіруючы Сыча на бліжэйшую паляну, да слыху данеслася пагрозлівае чмяканне балота. Зусім блізка змеціла яна і рэзкае хістанне травы. Рукі сталі гарача-ліпкімі. Пушчанскі дзік быў на рэдкасць агромністы. З травыразаку пляміста выблісквала шырокая лава спіны, але бакоў звера не было відаць. Падносячы рагаціну над густой травою, Вольга трымала зброю напагатове, аднак лясны волат старожка пацягнуўся ўбок, падымаючы над шапаткімі лёзамі травы брудны лыч. Балота злёгку падразала свіное чэрава.

І раптам, няўдала хітнуўшыся ў сядле, Вольга неўспадзеў так рэзка і глыбока ткнула рагацінаю пад вялізную купіну, што на паверхню з гучным сіпеннем вырваліся бурбалкі балотнага духу. Дзік ад нечаканасці ажно падскочыў. Быццам паднесены бясцямным перапалохам, наўздзіў прутка крутнуўся на месцы, і Вольга ледзь паспела павярнуць у яго бок рагаціну, ужо не чула ні ўстрывожаных крыкаў Валодшы, ні сіпення балотнай атруты: пушчанскі волат грозна ляцеў праз куп’ё проста на Сыча. Тады, ці не ў самы апошні момант, яна так моцна тузанула за павады, што конь адразу ж ускінуў пярэднія ногі. Але звер, з хрустам затоптваючы павароты аеравага карэння, нёсся наперад. Яшчэ хвіліна — і выпусціць з конскага чэрава вантробы, затопча і саму вершніцу. Ашалелы Сыч забіў па траве паднятымі капытамі і спалохана заіржаў.

..Аднак вяшчун паспеў: падляцеўшы на сваім гнедым Крутні, з такім ляскам пусціў драцяную пугу па шчаціністым хібе дзіка, што той завішчаў на ўсё балота. Мінаючы хмызнякі, паляцеў якраз туды, дзе на паляне, пад скрыжаванымі жэрдкамі і ялаўцом, чакала глыбозная, яшчэ звечара выкапаная яміна пасткі. І адразу ж калі ўжо не стала высокай травы, убачыла. І роспачна закрычала: Валодша гнаў у яміну тоўстую саміцу. Вепручыха ледзь трымалася на кароткіх нагах, але, не прыпыняючыся і з рохканнем крышачы старыя пянькі, сослепу ляцела да згубнай пасткі. Імгненне — і крык Вольгі зліўся з жахлівым трэскам жэрдак і балючым віскатлівым енкам: вялізную саміцу, што, можа, яшчэ нядаўна вадзіла малых, ад самага чэрава прапароў тоўсты завостраны кол яміны. Віскатлівы боль секануў па маладым ельніку і, адбіваючыся ад шарахаватых жылістых соснаў, працяў усю пушчанскую нетру. Выпусціўшы з рук павады, Вольга ўчапілася ў густую конскую грыву і бездапаможна азірнулася. Валодша заклапочана бегаў вакол яміны. Тады, ударыўшы Сыча плёткай, лёгка павярнула і без таго слухмянага каня да гліністага ўзлобка, за якім пачыналася сцежка на капішча.

* * *

— Нельга забіваць саміц. Толькі ж усё трава захінала...

У вогнішчы на тоўстых дубцах смажылася мяса, але Вольга, сабраўшы свае цёмныя валасы ў ніцяную сетачку, панура адвярнулася. Нарэшце Валодша сашмаргнуў смачныя кавалачкі на гліняную талеру Адкусіў мяса вялікімі моцнымі зубамі.

— Вазьмі, — працягнуў Вользе бела-ружовы кавалачак, але тая, звёўшы бровы, адвярнулася.

— Чэрава яе — плоднае было і цяпер хоча аддаць нам сваю сілу. Еж, лада!

Адвярнуўшыся, з’ела невялікі праснак і зноў уздыхнула. А Валодша ўжо выцер ручніком цёмныя вусны і падаў ёй жбан. Ласкава і неяк таямніча кашлянуў. Тады, падняўшы жбан з падагрэтаю за дзень вадою, таксама ўсміхнулася — лінула яму спачатку на вялікія рукі, потым на галаву і спіну. Ліла, а Валодша, распырскваючы ваду, задаволена смяяўся. І раптам, выпрастаўшыся, заціх. Такі вялізны, з хваліста раскіданымі па плячах густымі валасамі. Адчуўшы нязвыклае ўзрушэнне, нават адступіла. А ён, рэзка падаўшыся наперад, нечакана схапіў яе за плечы. Бясцямна зваліў, кінуўшы на лапнік. Груба і ўладна, як палонніцу. Запрагнуў. Упершыню за гэткія частыя сустрэчы ў пушчы. Пасля, прытрымліваючы Вольгу за рамёны, заспяшаўся. Быццам адчуваў, што якраз цяпер, пасля смяротна небяспечнага палявання, абое нарэшце адчуюць прыліў млосці. Навальваўся на Вольгу так прагна, што міжволі пачала расхінаць каптан, адчуўшы, як ён горача лашчыць грудзі. Быў такім пяшчотным, што ўрэшце і сапраўды, нечакана для сябе самой, рэзка і шалёна, быццам працятая салодкай стралою, зарухалася і апантана ўскрыкнула. З глыбіні рынуў, паліўся струмень гарачае смагі. Сцяўшыся ад гэтага магутнага поклічу, на хвіліну супакоілася і адсунулася ад яго далей. Закашляўшыся ад чаднага дыму, нечакана падняла позірк. І тут жа ўскочыла на ногі: ледзь прыхаваныя нізка апушчаным сасновым голлем, зусім блізка ад іх згрудзіліся, бліскаючы палаючымі вачыма, смерды. Затупалі, выступаючы наперад, нагамі:

— Будзі нам! Будзі наша! Будзі! Будзі! Будзі наша!

Усё гэта было так нечакана, што Вольга залілася прыкрай чырванню. Паперадзе збою нахабна скалілася проставалосая, што вар’ятка, Маўра. Пагладжваючы сцёгны, разбэшчана пазірала на гаспадыню.

Тады, рэзка адвярнуўшыся і ўжо не зважаючы на крыкі Валодшы, Вольга яшчэ раз адчайна азірнулася і кінулася ад лапніку ў глыбіню пушчы. Паляцела, не разбіраючы дарогі, у чорную нетру. Імчала, пераскокваючы праз сушняк, безвач, і галлё сустрэчных дрэў бязлітасна зашоргала, абдзіраючы яе рукі і аблічча вострымі цэўкамі. Нарэшце, не ў змозе трываць боль у паколатых нагах, яна ўсё ж спынілася і, важка аддыхваючыся, падняла галаву. Набліжалася ноч. Перад вачмі разлягалася сцюдзёнае лясное возера. Гэта была іх з Валодшам патаемная мясціна. Недзе ў карчах звыкла чакаў і човен з вяслом. Тады, адвярнуўшы ўбок дзярніну ўвахода ў сваю патаемную схованку, лёгка спусцілася ўніз і ўпала на засцеленае сухой травою днішча старога звярынага лагва.

Слёзы яшчэ доўга не суцішваліся, але яна, стомлена падаючы ў глухую пячору соннай бясцямы, адно шылася ў мяккае лісце глыбей і ні на што не зважала.

Паблізу, раструшчваючы сухастой, прабягала звяр’ё. Зрэдчас вухкала начная сава ці даносілася нават ваўчынае выццё, але Вольга ўсё яшчэ нічога не чула.

Перад самай раніцай, праўда, азваўся, зароў праз усю бялявіну стары лосьадзінец. Разам з шархаценнем прыбярэжных ачаротаў памацнела і мернае плёсканне хваляў аб днішча чоўна. Устрывожаная набліжэннем новага дня, лясная таямнічасць запусціла ў лясныя шчэлі голачкі сцюдзёнасці.

Нарэшце раніца наступіла, абазвалася да Вольгі дружным птушыным шчогатам.

 

РАЗДЗЕЛ 24. Валодша

Ярка-чырвоны, быццам крывавы, шнарок зары імкліва расцякаўся па бліскучай слюдзе возера. Нечакана ляснуў па самай сярэдзіне, узносячы ўверх спічастыя вежы першага хрусткага прамення. З глыбіні неба шырока вырастала набраклае агнём ранішняе сонца. Абмываючы твар сцюдзёнаю колкай вадою, Вольга схілілася да чорнай яміны і адразу ж, скасіўшы позірк, убачыла прывязаны да ляшчыніны даволі вялікі човен. Пераапранутая ў сухое і ўжо абутая ў простыя хадачкі, што заўсёды чакалі яе ў куце зямлянкі, радасна агледзелася.

Усё дыхала прастораю, выпроствалася і атрэсвалася ад сну. Урэшце, упарта адганяючы наплывы нядобрых згадак, не стрымаўшы балючых успамінаў і пачуццяў, заплюшчыла павекі. А калі ўсё ж развінула іх, перад вачмі зрабілася спачатку чорна, потым шуснуў яркі сноп сонечных іскрынак: гэтак блізка было перад ёй Валодшава аблічча — цяпер чамусьці нязвычна выхуднелае, з шырока пастаўленымі зялёна-шэрымі вачмі.

А Валодша ўжо ўзважваў на руцэ тонкія восці для рыбных ловаў. Наўздзіў наструнены, з вострымі, як абмянташанымі шорсткім ветрам, лапаткамі на прыгорбленай спіне.

Урэшце, узрадаваная ягоным, хоць і запозненым, прыходам, Вольга сціху размякчыла ў роце прынесены праснак і супакоілася. Недзе ў душы спачатку нясмела, але вось ужо больш адчувальна заторгалася адна вялізная і халодная, як гэтае лясное возера, сляза. Падняўшы вочы, сустрэлася з лагодным і сумна-балючым ягоным позіркам: пачакаўшы каля чоўна, Валодша ўжо асцярожна падмагаў ёй пераступіць борцік і прымасціцца на днішчы. Човен адразу ж паляцеў уздоўж густа зацененага лазнякамі берага, імкліва дастаўшыся да сутокі гэтага доўгага, як п’яўка, азярца са Свіслаччу. А Валодша, рэзка налягаючы на вёслы, нечакана загаварыў:

— Наша Лада вялікая прагне не толькі мае любові, але і ласкі ўсіхняй. Тады не скудзее семя зямное...

Чэпкім позіркам ужо ўзіраўся ў берагі. А Вольга, апусціўшы ў ваду руку, ужо рассякала даланёю пругкі імклівы рух плыні, зразумеўшы, што менавіта тут возера ўліваецца ў Свіслач.

— І дух народзінаў уплывае ў нутро людскае, лада. Ці думала пра тое?

Над вірамі, што змяіліся ўздоўж супрацьлеглага берага, навісала круча, і пад яе жоўтым брывом разлягаўся схоплены ажыннікам бераг.

— Хіба ты не наша князёўна?!

Разгублена падняла на яго насцярожаны позірк. Слухала.

— Хіба не ў тваім нутры гроны жыццяў нашых крыўскіх маюць быці?!

У голасе Валодшы ўжо чуліся выяўна-пагрозлівыя тоны:

— Чаму ж не хочаш аддаць нам семя сваё?

Гнеўна зірнуўшы на яго з-пад насупленых броваў, адно рэзка адвярнулася, але Валодша не сунімаўся:

— Пашто Ладзе вялікай працівішся, князёўна?! Будзі з намі! Апладняйся! Залі сокам пякучым шчэлі зямныя... Норы... Гнёзды. Соты. Вунь колькі багацця мецьмеш. Слодыч захлісне. Будзі маці ўсім! Цябе выбраці хочам.

Не хавала раздражнёнага здзіўлення, але ён, засяроджана выбіраючы найбольш прыдатныя для ловаў прыбярэжныя лазнякі, ужо, здаецца, нічога не заўважаў.

— Ад чаго — знямела, ведаеш?

Выпрастаўшы плечы, пазірала на яго з насцярожанай цікавасцю.

— Бо і Пярун наш таксама маўклівы. І Лада. Замкнула мову табе, князёўна, каб шчэлі ўсе іншыя адамюгуць. Толькі знак падай — і ўсе будзем слугамі тваімі.

Сціснуўшы вусны, адвярнулася ў роздуме. Але нарэшце запытальна ўскінула бровы.

— А хто бацькам будзе, пытаеш? — Міжволі ўспыхнуў і скрыгатнуў зубамі. — Там, дзе Лада, — там і Пярун. І ўсе мы, князёўна. Лада... яна ўсіхняя!

Ад нечаканасці нават закашлялася і міжволі азірнулася, але Валодша, добра разагнаўшы човен, ужо кінуў яго на пясчаны язык берага і першым ступіў у ваду, каб дапамагчы Вользе сысці на бераг. Нахіліўся і пацалаваў яе:

— Будзі і мацераю, і нарачонаю ўсім нам, князёўна!

Нарэшце, удала развярнуўшы човен пад шаты разлапістай, нахіленай над рачнымі лілеямі вярбіны, надоўга заціх. А яна, стоячы на невысокім погарбе, адно наструнена назірала за ловамі. У чоўне пад травою ўжо трапятаў, вытыркаючы ўверх калючкі і пярэсты хвост, ладны акунь. Вялікая рачная страказа з блакітнымі палоскамі на доўгіх крылцах села на сухі борцік. З вады, як высахлыя кульці, вытыркаліся барадаўчатыя галіны карча-тапляка. Так блізка шапацела трапяткая лістота, так лагодна павявала свежасцю, што Вольга прыціхла. Замёр і Валодша, ледзь не кранаючы вастрыём восцяў чорнае вока ракі. Упёршыся каленам у борцік, нахіліў човен амаль да самай вады.

І раптам пруткі акунь, выбіўшыся з-пад травы і ўдарыўшы пляскатым хвастом аб днішча, падскочыў і так гучна плёхнуўся з чоўна назад у раку, што Валодша адно няўклюдна махнуў рукою і ад нечаканасці страціў раўнавагу. Паляцеў галавою ў чорную, бы смала, ваду. Вызвалены човен, накрываючы днішчам хрусткія кветкі, пачаў імкліва паварочвацца да вірлівай стромы, і Вольга адразу пабегла да самай вады, але ўсё адбывалася так імкліва, што ўжо праз хвілю, недзе на сярэдзіне стромы, з вады вынырнула толькі мокрая галава плыўца: ускінуўшы над хвалямі замашыстыя рукі, Валодша таропка паплыў па цячэнні. Тады, ледзь прытомная, у роспачы кінулася ўздоўж крутога берага. Аднак Валодшы, як ні азіралася, нідзе не было.

Яна абмацвала чэпкім позіркам берагавыя вербалозіны, увесь час суцяшаючы сябе тым, што Валодша заўжды быў добрым плыўцом. Перапалоханыя чыркі, лопаючы па вадзе крыламі, з шумам выляталі з-пад лазовых шатаў і праносіліся над самай яе галавою. Старалася падысці бліжэй да ракі, аднак папераду грозна, як сцяна, паўставалі высокія ачароты і лазнякі, праз якія імклівая рака толькі цьмяна паблісквала.

Але вось, падняўшы твар, Вольга нарэшце злавіла дыханне свежага, ужо вечаровага, ветрыку і адразу ж зразумела, што дзень канчаецца. І раптам, нечакана для сябе самой, спынілася, узіраючыся ў вузкую касу, аточаную нізкім шчаціністым сітнікам. Прыгледзелася: якраз тут пачынаўся мелкі брод. Над ракою пачало ўжо змяркацца, з супрацьлеглага берага, быццам паклікаўшы яе да сябе, ласкава зазвінелі высокія пушчанскія сосны.

Тады, не распранаючыся і ўжо ледзь трываючы роспач, яна рыўком ступіла ў пацямнелую раку. І адразу ж апяклася сцюдзёнасцю вады, сцепанулася ўсім целам. Па спіне, здаецца, запоўзалі непрыемныя казытлівыя слімакі. Рачное дно было жвірыстае і даволі тугое. Старалася ісці як мага хутчэй, але скураныя хадачкі, набухшы, пацяжэлі. Паднятая над вадою паветрам спадніца напнулася, але тут жа, намокшы, апусцілася і абляпіла ногі.

Яна ішла і чакала, што вось-вось сарвецца ў якую-небудзь донную яміну, дзе грозная рака зможа наваліцца і здушыць яе ўсім сваім цяжарам. Пасля, ужо нежывую і нерухомую, панясе, затузае па дне ў розныя бакі, слізкая трава пачне абмацваць адплюшчаныя мёртвыя ючы, перапляцецца з доўгімі распушчанымі валасамі.

Вада і дапраўды падступіла амаль да самых Вользіных грудзей, з сэрца па кроплі выцякала жаданне ісці далей і жыць. Нешта слізкае і гідкае абкруцілася вакол каленяў, павольна папаўзло ўверх, ногі падгіналіся і дрыжалі. Над ракою са свістам праляцеў цікаўны ветрык, і цемра адразу ж заляпіла ўсё ваколле. Урэшце, гатовая да ўсяго, Вольга чакала апошняга рыўка невядомай пачвары. Тады роспачна закрычала. І сама сабе здзівілася: упершыню за доўгі час яна гэтак гучна і выразна прамовіла слова. Гэта было толькі адно, вешчунова, імя. Прыслухалася, аднак навокал княжыла толькі насцярожаная цішыня. Блізілася навальніца. Паспрабавала паклікаць Валодшу яшчэ раз, але голасу ўжо не было. На супрацьлеглым беразе нечакана бліснуў агеньчык. Яскрава ўявіла жоўты язычок вялікай свечкі пад абразамі. З начной глыбіні на яе, здаецца, зірнула сама полацкая ігумення. Тады, хапаючы сцюдзёныя глыточкі паветра і выцягнуўшы перад сабою рукі, Вольга адчайна кінулася наперад. Да такога жаданага і, як аказалася, блізкага берага. І адразу адчула, што пачынаецца дождж. Рэзкі і халодны. Над галавою Вольгі з ляскам загрукацела. Неба пачалі паласаваць кароткія, бы лёзы мячоў, бліскавіцы. Пачула моцны ўдар грому і трэск, ад якога міжволі падняла позірк. Зусім блізка ад берага ярка палала расшчэпленая маланкай сухастоіна, у твар дыхнула прыветнае цяпло, і ўсё навокал павесялела. Дождж нечакана таксама адступіў і зашалясцеў у пушчы. Толькі цяпер, усвядоміўшы, што пад нагамі нарэшце выратавальны бераг, яна ўсцешана азірнулася. І адразу ж змеціла прыдатны для начнога адпачынку сушняк. Сасна на высокім беразе яшчэ ярка палала, кідаючы на чорную і, здавалася, нерухомую плынь ракі мігатліва-барвовыя водбліскі. Нанач лепей было спыніцца тут.

...Вольга дасталася да ляснога жытла вешчуна толькі пад раніцу, але, не выходзячы з-за густых карчоў, спачатку стоена цікавала за падворкам. Суцішвала разгарачанае дыханне: слых у Валодшы ўлаўліваў нават палёт чмяля. Тое, што ён выбраўся з ракі ацалелым, Вольга адчула яшчэ на золку блізу датляваючай сасны. Ледзь зводзіла павекі, баючыся нападу прыблуднага звера. Лавіла водгулле начных галасоў, прагнучы пачуць толькі крык Валодшы. Але той не аб’явіўся. Цяпер, назіраючы са свайго схарону за шызым дымком, што цадзіўся з дзіры ў стрэсе, яна з цяжкасцю стрымлівала жаданне выйсці, але патаемны ўнутраны голас упарта пярэчыў: пачакай!

Нарэшце і сапраўды дачакалася: з-пад густога сасновага навеса, пастаўленага за звярынымі загарадкамі, выйшаў сам Валодша. Убачыўшы яго, дужага, з распушчанымі па плячах хвалістымі валасамі, Вольга ўскрыкнула ад радасці. Але тут жа прыкусіла губу — з-пад таго ж навеса выйшла і Маўра. Шчасліва ўсміхаючыся, прыхінулася да грудзей Валодшы і пацалавала таго ў вусны. З’явіліся і іншыя ловы — з паляўнічымі бердышамі ў руках. Гучна смеючыся, аб нечым перамаўляліся. Тады, ледзь стрымліваючы трымценне каленяў і задуху — грудзям не хапала паветра,— Вольга падалася наперад. Маўра, убачыўшы гаспадыню, адразу ж адхітнулася ад Валодшы, ловы таксама міжволі пацясніліся ў гурт, але Вольга на іх ужо не зважала. Мінуўшы доўгі чарод акораных, лазою перацятых жэрдак загарадзі, адвязала ад аднаго са слупоў Сыча. Увесь час чула спіною нядобрыя позіркі. Нетаропка выняўшы з прысядзельнай кайстры сваё ваярскае начынне, прымацавала да пояса шырокі пояс з мечам. Імкліва ўзляцеўшы ў сядло, узмахнула плёткай. Знікаючы ў пушчы, ужо не чула, як Валодша нешта крыкнуў услед.

 

РАЗДЗЕЛ 25. Хрышчэнне

Шырока расчыніўшы вароты кметавай, з-за якой чуўся гучны мужчынскі рогат, Вольга ажно хітнулася: на стале стаяў вялізны жбан з медавухай — пітвом, забароненым у палацы яшчэ самім князем Глебам. Дзесяцкі Вікула, бліскаючы сваімі дубовымі, з жалезнай аблямоўкай, латамі, зблажэла ўсміхаўся ёй. Толькі на імгненне прыпыніўшыся, азірнула схмялелую варту палаца, але тут жа, рашуча ступіўшы да стала, так рэзка ўзмахнула плёткай, што на гліняную падлогу з плюханнем паліўся недапіты салодкі напой, зазвінелі аскабалкі разбітага жбана. Але вось, адступіўшы паўкроку, Вольга зноў падняла плётку і раззлавана ўскрыкнула: праз успацелы твар маладога дзесяцкага Вікулы пралёг набраклы крывёю шнар. Кметы, якія пры з’яўленні князёўны нават не падняліся з лавы, цяпер узлавана паўскоквалі. Ледзь стрымліваючы трымценне вуснаў, застыў і Вікула. Аднак, зірнуўшы на князёўну, якая ўсё яшчэ трымала ў руцэ скураную плётку і хмура бліскала на яго шалёнымі вачмі, пабялеў. Пасярод кметавай, ледзь стрымліваючы гнеў, стаяла раз’ятраная дачка грознага Расціслава. Некалькі кметаў пачалі нерашуча апускацца на калені, але князёўна ўжо спяшалася ў двор. Уладным рухам паслаўшы варту на стайню, імкліва паляцела ў святліцу. Там, зняўшы з прысценнага мядзведжага кіліма крывы нож, схілілася над куфрам. Захрыпеўшы ад злосці, паласавала ім усю дзявоцкую вопратку. З дзвярэй палаца на вуліцу паляцелі перапалоханыя дворныя...

Калі Вольга з’явілася на ганку ў скураных нагавіцах і ваярскай кальчузе з шырокімі бліскучымі наплечнікамі, верхавыя кметы ўжо чакалі. А яна, лоўка ўзляцеўшы ў сядло, пачула за спіною здзіўлены вокліч. Нехта з кметаў усё-ткі не вытрымаў: замест доўгіх чорных валасоў усе ўбачылі на галаве князёўны толькі пачварна злямчанае, кароценькае, як у смерда з поруба, пакулле. Але Вольга, безуважная да ўсяго, ужо рашуча нацягвала на галаву свой медны, падбіты тонкаю шкуркай шалом. Нарэшце так рашуча ўдарыла плёткаю каня, што ўзброеныя пікамі і бердышамі воі ўмірг вока сарваліся з месца. Віхрам, ледзь паспяваючы за гаспадыняю, панесліся ў бок пушчы.

*

Немалы збой ловаў, прыгнаны вартаю на вешчунову бялявіну, згрудзіўся каля прычахлага, але ўсё яшчэ мігатлівага вогнішча. Усе трывожна касіліся ў бок драўлянага Хорса і ціха перамаўляліся. Не сыходзячы з каня, Вольга працягнула першаму з краю смерду невялікі, складзены з тонкіх кіёчкаў і перавязаны пасярэдзіне папаратнікавай цэўкай крыж. Абсеяны па ўсім твары рабаціннем, зніякавелы дзяцюк рашуча адбег назад і нязгодна адвярнуўся.

Гнеўна бліснуўшы з-пад густых веяў залаціста-чорным агнём, князёўна сціснула вусны, і варта адразу ж сурова прыглухла. Паперадзе паляўнічых стаяла спалатнелая ад жаху Маўра. Узяўшы ў аднаго з кметаў крыжык, Вольга строга глянула на пакаёўку, і тая міжволі адступіла: з-за дубовага Хорса, скарыстаўшы замінку, нечакана выскачыў вялізны доўгавалосы смерд у лісінай масцы, рынуўся напрасткі ў пушчу. Кметы гікнулі, збіраючыся ў пагоню, але Вольга адмоўна хітнула галавой. Зноў працягнула крыж Маўры, аднак тая збялела і адступіла далей.

...Малады дзесяцкі гвалціў пакаёўку перад усімі на бялявіне, і тая здаўлена хрыпела. Смерды і ловы навокал маўчалі.

Нарэшце, зашахаўшы па голлях плёткамі і ўзбуджана перагукваючыся, усе спешыліся вакол гаспадыні. Спадылба цікуючы за нерухомаю, у парваным покрыве Маўраю, чакалі загадаў, аднак Вольга адно безуважна пагладжвала густую грыву каня. І раптам, ні хвіліны не раздумваючы, выхапіла з похваў меч і з усяе сілы ўзмахнула ім перад сабою, быццам рассякала водбліскі яшчэ жывога агню. Людскі збой, стоячы на другім баку ад вогнішча, сачыў за непадобнай сёння на саму сябе гаспадыняй з упартай нянавісцю. А тая, здаецца, ужо нічога не бачыла. Сышла на зямлю, і гурт на бялявіне замёр: князёўна, трымаючы перад сабой меч, падступілася да самага вогнішча і нечакана, не зважаючы на агульны ўскрык подзіву, рыўком ступіла на сіваватае ад попелу вуголле, з-пад чабаткоў узвіліся язычкі тонкага сіняга дыму. Кметы імгненна спаўзлі з коней. Полымя, шугануўшы ўверх, лізнула драцяную кальчугу, але яна, усё яшчэ з мечам у руцэ, не зважаючы на вогненныя плёткі, ішла наперад; снапы зыркіх іскраў абвівалі і скураныя чабаткі, і ўсю тонкую дзявочую постаць. Бялявіна замерла. Першым апамятаўся дзесяцкі і нарэшце кінуўся шырокімі замашыстымі крокамі да вогнішча. Але агорнутая дымам князёўна, пакідаючы за сабою вогненна-зыркі след, ужо выходзіла на парослую гарчычнікам каляіну. Над людзьмі навісла глухое зняменне. Ад скураных ботаў і нагавіцаў князёўны патыхала едкім дымам. Аднак тая, відно, не адчуваючы болю, нават не крывілася. Ушчыльную наблізілася да збою памярцвелых смердаў, і нехта ў жаху выгукнуў: «Агненніца!..»

Дарэшты ашаломленыя кметы, грозна падаючы кожнаму на бялявіне перавязаныя папаратнікам крыжы, раз-пораз ляскалі пугамі па ўгнутых плячах і абступалі забраных з усіх бакоў, прымушаючы кленчыць.

Вольга, зняўшы з пояса поўную біклагу, падняла яе, распырскала ваду па схіленых плячах:

— Маліцеся, людзі хрышчоныя.

— Ойча наш!

Дзесяцкі ўжо дапамагаў ёй.

— Маліцеся: «Ойча наш!»

— Маліцеся новаму Богу!!

...Яна ачуцілася ад рэзкага конскага ржання. Людзі з крыжамі ў руках кленчылі па ўсёй бялявіне, аднак Валодшы сярод іх не было. Тады, падняўшы голаў, звыкла ўзляцела ў сядло; узбуджаныя, кметы ўжо ўшчыльную падступалі да хорса. Спачатку, падпіраючы ідала жэрдкамі, доўга адрывалі таго ад зямлі. Потым, калі нехта з кметаў знайшоў у кайстры вяроўку, смялейшыя пачалі абкручваць ёй грубую блішчастую шыю і марудна расхітваць. Конча распалены няўдачай, хтосьці нават прывалок з пушчы сухастоіну, і яе тут жа раскрышылі аб драўлянае чэрава. Некалькі кметаў пачалі ў страху азірацца на Вольгу. Тады, пад’ехаўшы, рашуча ўскінула меч. Нарэшце з усяе сілы рэзка апусціла руку, і дубовы гаспадар бялявіны, хрыпла азваўшыся на ўдар траскучым рогатам, усё ж паддаўся. Зямля пад магутнымі задымленымі нагамі з нядобрым шапаценнем пацекла некуды ў глыбокае нутро капішча: важка нахіліўшыся, вялізны стаўпун дрогнуў і пад гучны свіст раз’ятраных кметаў гохнуўся на зямлю. Упаў з такім гулкім стогнам, што смерды каля вогнішча роспачна закрычалі. Хорс, ужо скаціўшыся ў глыбокі роў, сапраўды адгукнуўся: пагрозліва загудзеў да іх усім сваім нутром, у спіне драўлянага волата зеўрала вялізная, выедзеная шашалем ікластая дзіра.

Першымі апамяталіся і паўскоквалі на ногі, разбягаючыся, пабялелыя ловы: безвач ляцелі ў калючыя зараслі ялаўцу. З дзіры дзумліваю хмарай выляталі вялізныя лясныя восы. Гэта была салодкая пушчанская смерць. Кметы ў жаху тузанулі за павады, з крыкамі кіруючы конем у нетру, — восы ўжо джалілі людзей у шчокі, прывабленыя хмельным водарам медавухі. Ледзь стрымліваючы лекаценне, Вольга міжволі хітнулася да грывы, але конь, шалёна заіржаўшы, ужо ляцеў з бялявіны.

Яна падняла вочы толькі тады, калі Сыч спыніўся. Азірнулася. Конь стаяў перад заслаўскай цэркаўкай. Зарыпелі дзверы: не хаваючы здзіўлення, да князёўны ўжо беглі зніякавелыя манашкі. А тая, спусціўшыся з каня на зямлю, пайшла унутр. Ад аоразоў адразу ж пацягнула тонкім водарам свечак. У намоленай празрыстасці чуліся таямнічыя перазовы, у якіх адразу ж пазнала галасы бабулі і маці. Ледзь стрымліваючы роспач, упала на калені, і похвы з мечам ударылі аб гліняны ток падлогі. Драцяная сарочка таксама зашаргацела, але Вольга ўжо знерухомела. Нарэшце падняла вочы на абраз Маці Божай. Прыгледзелася: па светлым ліку Нябеснай Царыцы каціліся слёзы. А яна, здавалася, ужо не магла напоўніцу ўдыхнуць: «...наўмысныя і ненаўмысныя... Ці выбачыш правіны мае, Маці літасцівая? Грахі цяжкія мае... Ці выбачыш?»

— Я з табою... — Вочы Багародзіцы пазіралі проста ў сэрца. Паўсюль пад абразамі гарэлі, зноў адзываючыся да Вольгі роднымі галасамі, трымтлівыя свечкі. Тады затуліла вушы далонямі і застагнала: «Пашто пакінула мяне, княгіня-матухна, дзеля чаго пакінула, такую няўцямную і горасную, у адзіноце?! А ні з вады плотачкай не бліскаеш, а ні з галінкі галубкаю не ляціш, а ні траўкаю з зямлі не гойдаешся. На каго ж пакінула мяне?!»

— Я з табой, Вольга.

Уздрыгнуўшы, зноў падняла вочы на Маці Божую:

— І я — з Табою, Маці.

Моцнае пачуццё вялікага жалю працінала яе сэрца такой пякучаю скрухай, што, ужо не ў змозе трываць боль у галаве, выбегла ў двор. Чарніцы якраз неслі Сычу цэбар з вадою. Тады пачакала, калі конь нап’ецца. Нарэшце, пакланіўшыся сёстрам, узляцела ў сядло. Кіўнула на развітанне. А чарніцы, агаломшаныя, яшчэ доўга стаялі ў сваім двары, пазіраючы ў бок ледзь бачнага ляснога прагалу.

...недзе пад вечар, ужо прабіраючыся праз густыя нетры, яна, адзінокая вершніца, міжволі прыслухалася да насцярожанай шапатлівасці ветрыку ў нізкім галлі і здрадлівага хрусту сушняку пад капытамі Сыча. Хітнуўшыся ў сядле, схапілася за левы, адзервянелы ад болю бок. Нечакана згадала Валодшу, да пляча якога, шчасліва ўсміхаючыся, тулілася Маўра. Усё перажытае нагадвала далёкі чужы сон. Тады яшчэ мацней сціснула павады пальцамі: «Я прыйшла да яго з палаца насуперак бацькавай волі. Але пашто ж забыў пра тое?! І я сама таксама забыла... што — дачка бацькі свайго! Князя вялікага Расціслава! Вольга!»

Вусны ўсё яшчэ не хацелі растуляцца, агортваючы бясстрашную вершніцу даўкім маўчаннем, ад чаго ўрэшце нават заплакала. І ўспомніла... Гэткае ж і лухое роспачнае аняменне пачало з’яўляцца ў яе яшчэ раней, недзе адразу пасля матчынай смерці.

Весі, як расказвала тады нянька, пагрозліва зашапталі пра знямелую юніцу, такіх, анямелых ці аглохлых, дзяцей часта тапілі ці спальвалі на вешчуновых палянах — ад страху, што пошасць маўчання навядзе на блізкія двары лютую хваробу. Даведаўшыся пра знямелую дачку, князь нават падвоіў варту і перастаў клікаць у харомы жаніхоў. А яна, ужо ўвабраўшыся ў леты і спаўна адчуўшы на сабе той гнятлівы цяжар таемнага асуджэння, таксама пачала стараніцца людзей, шукаючы другаў толькі на вешчуновай бялявіне. І амаль кожнага дня, не зважаючы ні на спёку, ні на шалёныя навальніцы, адно лётала ўзбоч дрымотнай пушчы, безвач насілася па наваколлі на сваім няўтомным гонкім Сычы...

Паломніцкае

— Гэта толькі здаецца, што мы доўга едзем, Коста. А ўсё іначай.

— Але ж Вольга...

— Ці ўсё ты, Коста, ведаеш пра людзей?

— Пра Вольгу — усё.

— Ой, дабрадзей...— Міхал з усмешкаю зірнуў на кніжніка і адвярнуўся.

Галілейская дарога стала такой камяністаю, што ўсіх на павозцы няшчадна затрэсла. Будынак такога блізкага, як здавалася, манастыра нават аддаліўся. Усе перамаўляліся прыглухлымі ад стомленасці галасамі. Маўчаў, косячыся на залатавокую Вольгу, толькі Коста.

— Ты болей за іншых стаміўся, Коста — Міхал зноў спагадліва зірнуў на кніжніка, і той, заліўшыся чырванню, адвярнуўся.

— Не тое кажаш. Я... Як і Вольга, я не стамляюся зусім.

— Патрывай. Хутка даедзем, Коста.

— Як Вольга, так і я.

Не падымаючы галавы, маладзён таропка прыхінуў да грудзей вялізны, з меднымі зашчэпкамі пергамен. Ціха, быццам гартаючы нябачныя абалонкі, зашаптаў на памяць:

— «...і ў леце даўнім, адна тысяча сто трыццаць дзевятым, калі разам з уладыкам Казьмою ў Полацак вярнуліся з Царгорада, ажно праз дзесяць летаў пасля выгнання, сыны Барысавы Рагвалод і Іван, далі яны сэрцу ігуменні і радасць ад вяртання свайго, і жаль, бо не прыцішылі, а яшчэ мацней раздзьмулі полымя сварак за валоданне стальцом вялікім. Паўстаўшы адзін супроць другога, яка вепры пушчанскія, загразлі браты ў багне інтрыганства. Раздрай вялікі прыйшоў на Полаччыну. Толькі ж і другая бяда гнездзілася ў сэрцах людскіх.

Князь Давыд азірнуўся і ціха гмыкнуў у кулак, але Коста не спыняўся:

— «Нават рыбакі з далёкай Герсікі добра ведалі, як моцна памыліўся праслаўны князь Васілька, аддаўшы дачку за сына кіеўскага князя Усевалада. Супраціўнік жа ягоны Рагвалод праз удалую жаніцьбу сына выйграў, парадніўшыся з Ізяславам Мсціславічам. Пралічыўся Васілька, князь міралюбны. Але ж хто ведаў, што якраз у леце адна тысяча сто сорак шостым паклічуць да варотаў нябесных вялікага Ольгавіча. А пасля смерці яго ўлада ў Кіеве так хутка змянілася, што Васілька ледзь паспеў збегчы ў відбескую вотчыну, дзе і затаіўся надоўга».

Так казалі яму, Косце, у імператарскай бібліятэцы. Спачатку сама Еўфрасіння-ўладычыца, пасля — ігумен Міхал. Дзівіліся, што мітрапалітам кіеўскім па тым часе не грэчаскі прызначэнец стаў, а русіч з-пад Копыся Смаляціц, чарнец зарубскі. Дастаўшыся да ігуменскае ўлады, раскалоў той Смаляціцкі скіпетр увесь руські клір. Замяшаў у катле цэлых дзесяці летаў вялікую смуту: нядобрым цяжарам легла яна на плечы манастыроў

Казаў яшчэ сівабароды ігумен: «І не забудзі жа распавесці, вотрак, як у тым жа часе, калі раздрай у царкве ўчыніўся, падняўся іспра-д’ябал з пекла. І пачаліся, косці пашчарбляючы, сукупленні жывых з мёртвым наўем ды ведзьміны шабасы, што з дамавін вылазяша ў ночы. Зачадзела паўсюль. І асабліва — у Запалоцці, дзе князь Барыслаў кроў густую піў з чэрапа чалавечага. Казалі, быццам чэрап той — ад прашчура князёў полацкіх, яшчэ ханам забітага. Толькі ці праўда яно?»

...Белатварая красуня, якая ўвайшла ў імператарскую бібліятэку следам за ігуменняй, і была дачкою таго самага Расціслава Менскага, што, пакліканы вечам на вялікі сталец, смела рушыў па прыездзе сваім у Полацак на абарону веры хрысціянскай. І пра ўсё гэта, як і пра іншыя дзеі, пры добрай памяці пісаў увесь час падрабязна ў летапісе Полацкім ён, сын чарналюдзіна, прыкмечаны сярод іншых інакаў пільным вокам самой уладычыцы. Леты разгортваў, як шаты нябесныя, зоркамі абсыпаныя. Зімы халодныя прыпыняў, снегам кручы высокія завеяўшы. Бо сказана: «І дапраўды тысяча год, як дзень учарашні!»

...Вось толькі калі госця залатавокая ў бібліятэку зайшла, усё ў галаве ў Косты перамяшалася.

Пасля, калі ўваччу ўжо крыху заяснела, слухаў ён у гэтай доўгай дарозе расповед чарніцы Далі пра першы Вользін прыезд у абіцель. Якраз тады, калі князя Расціслава паклікалі на сталец. Слухала Далю і сама Вольга. Пасмейвалася. Потым Міхал дапоўніў казань. Быццам вострым мячом скібкі лётаў ад памяці сваёй адсякаў: «Не забудзі жа, Коста!» Усё — пра Полацак. Пра Расціслава і Рагвалода, пра Васільку і сына ягонага.

Вось толькі адна яна, князёўна менская, маўчала. Слухала, і па вачах цёмна-залацістых відно было, што нічога яшчэ не забыла.

...Тая далёкая дарога ў Полацак была настолькі пакутлівай, што Вольга, толькі на хвілю заехаўшы ў палац і баючыся роспытаў і бацькавых папрокаў, адразу падалася ў Сяльцо. Манастыр, як і чакала, сустрэў яе маўчанне вусцішна, не пытаючы сапраўднае прычыны такой доўгай адсутнасці. Тым болей ніхто не зазіраў у яе менскі ларэц, дзе па-ранейшаму ляжала атрутная гарошына, пра якую і сама яна ледзь не забыла; з шарай раніцы да вечара разам з сёстрамі праводзіла ў малітвах, усе адразу ж змецілі і ўхвалілі тонкі шчымлівы голас прышлай. Не ў змозе нават слова вымавіць, Вольга наўздзіў хораша спявала малітвы. Тая злосная рашучасць, з якой яна выязджала з Менска, у Сяльцовым намоленым прытулку амаль зусім прыглухла: недзе на самым донцы сэрца часам шчымела апошняя кропля болю, аднак Вольга да яе ўжо не прыслухоўвалася.

Учора, праўда, калі Сяльцо завіравала падрыхтоўкаю да Пятрова свята, сярод прыезджых жмудзінскіх рыбакоў выпадкова ўбачыла яна наўздзіў вялізнага калматага смерда, які здалёк нагадаў Валодшу. У горле пякуча зашчымела, памяць кальнула пад рэбры вялікай самотаю. Ужо ночаю, у сваёй бяссоннай келлі, яна нарэшце зразумела, што ўсе гэтыя леты, тоячыся ад сябе самой, насіла ў душы пякучае жаданне ўбачыцца з каханым. Скруха была такой едкай, што ледзь не кінулася шукаць Валодшу сярод работных наймітаў, але насцярожаны ставокі манастыр, молячыся да самай раніцы, не спаў. Тады, хапаючы вуснамі слёзы, вярнулася ў келлю. На мулкім драўляным тапчане падцягнула да самага падбародка худую коўдрачку і пакутліва застыла. Ужо шарай раніцай, не дачакаўшыся выратавальнага сну, на імгненне вызірнула ў двор. Свечка бліскала толькі ў адным акенцы. У той самай келлі, дзе жыла ігумення...

Тады паспакайнела і нарэшце заснула.

ПАЛАТА

«Ігуменні святлейшай Еўфрасінні ад пісца Ераміі. У леце ад нараджэння Божага ...пяцьдзесят дзявятым, дні восьмым кветня-месяца. Дазнанне. І сказана дзесяцкім з Запалоцця Аўдзеем, што высушваюць у Полацку здрады пагрозлівыя, бо даўно ўжо, святлейшая, не парджаючы подкупам, прагнуць рагвалодаўскія баяры крыкнуць князю вялікаму Расціславу Глебавічу, як некалі і самому Рагвалоду: «Не хочам цябе!» Падымаюць супраць стальца пасады і глухія двары. Разаслаў вялікі князь па весях атрады верных кметаў, спрабуючы прыцішыць нечаканы бунт, але ж баяры хлуслівыя нашапталі ўжо супроць яго нават халопнікаў-рэпаедаў і лясных памытчыкаў. Бяда такая ў княстве нашым, святлейшая. Якраз цяпер, шлі вы з дойлідам Іаанам штукаваць надумалі царкву Успення Багародзіцы, стрыечныя браты з абодвух каленаў княжых, зроднікі твае, за сталец кроў гатовы праліць...»

У келлі было холадна, і Еўфрасіння, адсунуўшы пергамен, пачала пахаджваць. Любіла вось так, абыходзячы сваю келлю, думаць. Устрывожаны Расціслаў, як ведала ўжо, памацніў ахоўную варту па ўсіх межах, але нічога не дапамагала — верных стальцу людзей амаль штодня знаходзілі з перарэзанымі горламі ажно за ахоўным ровам. Пакутуючы ад бяссоння, вялікі князь і сам тыдзень таму прыязджаў раніцаю ў Сяльцо. Спачатку распытаў у яе пра дачку, затым перайшоў да сваёй просьбы. Развітваючыся з ім, паабяцала сустрэцца з найбольш важнымі баярамі.

Сказала князю сваё слова — і абяцанае спраўдзіла: сустрэча з Рагвалодам была прызначана на дзень святога Пятра, і тое зладзіў ёй сам ваявода Вялішын. Згадзілася. Вось толькі пра што яшчэ хацеў сказаць ёй у гэтым пасланні ўстрывожаны пісец? «І даносіць дзесяцкі з Запалоцця, святлейшая, што варту княжую трэба на дзень замірэння памацніць і нават дружыну Вялішына ў Полацак заклікаць». Укінуў у яе сэрца вугалёк трывогі, але болей ні слова не дадаў. Аднак жа да важнага дня было рукою падаць!

Тады нарэшце паклікала сястру-гаспадыню. Тая, выцягнуўшы з манастырскіх лёхаў мяхі з мукою і бобам, агледзеўшы цэбры мочаных ягад, цэлыя горы сухіх грыбоў і камяні воску, накіравала паляўнічых у нетры Запалоцця. Пагаварыўшы з мядовымі старастамі, прычэквала і рыбакоў-жмудзінаў. Па ўсім Полацкім краі даўно ведалі: на пачастунак сяльцовы сёстры шчодра выстаўляюць місы са смажанаю ў арэхах сялявай і — дзічыну.

Падзужаная клапатлівым снаваннем сёстраў у трапезнай і агульным святочным уздымам, урэшце не вытрымала, падрадзіўшыся дапамагаць на рыбных ловах, і Вольга. Упершыню за доўгія леты затворніцтва насмелілася выехаць за вароты Сяльца. Праўда, назаўтра раніцаю зноў засумнявалася. Праца каля ракі здалася нязвыкла цяжкай. Але тут жа ўспыхнула: што гэта сталася з ёю, такою раней адчайнай і гордаю? Што сталася?! Забегаўшы па нейкіх неадкладных справах праз падворак, нарэшце зразумела, што зноў чакае сустрэчы з Валодшам. Але таго нідзе не было. Думкі, аднак, пакіраваліся да іншага: дзень ловаў блізіўся.

Пульсар устаўкі. Пажар у Бельчыцах

«І са слоў ігумена Міхала запісваю я, пісар ігуменскі Ерамія, пра важнае ў Полаччыне: ноч тая пякельная ўспыхнула ў Бельчыцах такім яркім зарывам, што да мужчынскага манастыра Успення Багародзіцы з усіх ускраін адразу хлынулі цэлыя лавы людзей. Толькі тушыць ужо не было чаго. Страшная вестка разнеслася — у манастырскай школе за ноч згарэлі ўсе тры будынкі, у якіх жылі і вучні, і колькі чарняцоў са скрыпторыя. Абставіўшы абгарэлыя сцены кметамі, ігумен Міхал сам паўдня пораўся каля сяльцовых сёстраў, якім выпаў цяжкі абавязак — дапамагчы скласці ў дамавіны абгарэлыя дзіцячыя костачкі. Кметы ледзь стрымлівалі напор няшчасных бацькоў. Малілі чарнічак сяльцовых, кажучы: «Не пускаеце ўсё?!

А што ведама вам, ялавыя, гіра боль мацярынскі? А дзе Бог ваш быў? Пашто не абараніў, пашто не засланіў? Пашто ў храміну агонь дапусціў? Калі не Перуну моліцеся, то прэч адсюль, чарнарызыя, прэч з зямлі Полацкай!»

Не ведалі, недавяркі, што проці Расціслава ўсё. А ў сёстраў рукі счарнелі ад гары. Смылелі праз усю ноч... Сказаў яшчэ ігумен Міхал, што было веча полацкае і адпрэчылі месцічы Рагвалода. Той жа. выказаўшы сваю нязгоду прастольнаму ўладыку Казьму, не тоячы ярасці, кінуў раці баявыя на Менск і Заслаўе. Рухалася войска Рагвалода па мянескім краі, як чума. спальваючы сядзібы служылых і вытоптваючы засеяныя палосы, забіваючы купцоў і непакорных ваяводаў. Нарэшце забралі соцкія ў палон маладога княжыча і, пасадзіўшы ўпалоненага ў клетку, вярнуліся ў Полацак пераможцамі. Аднак жа веча ўсё роўна пракрычала за Расціслава. Столькі крыві было праліта, што ўгневаліся і Гасподзь Хрыстос, і Нямізя з Хорсам, паслалі полымя вялікае на Полаччыну, не шкадуючы ні вояў, ні мацерак, ні дзяцей малых».

* * *

...Вольга прыняла Палату адразу ж, як толькі з сёстрамі саскочыла з вазка на прыбярэжны дзірван. І адразу ж здзіўлена зразумела: плыткая рака, зазірнуўшы ў сэрца, нечакана адкрыла ў ёй даўнейшыя, амаль забытыя, унутраныя слых і зрок Замёршы перад вусцішнай таямнічасцю берагоў, ахапіла позіркам велічную прастору шырокага, як скінуць вокам, вусця. Прыбачыла і сінюю, да чарнаты, глыбіню імклівай плыні, дзе пачынаўся рух магутных цячэнняў. Пасылаючы наўкруг сябе насцярожаныя позіркі з-пад прамых чорных броваў, слухала шоргат развярэджаных хваляў. Нарэшце ўзрадавана ўздыхнула: да ракі на вялізных новых падводах набліжаліся жмудзінскія арцельнікі. Сонца ўжо збіралася ўзыходзіць на свой завоблачны сталец, усё навокал дыхала радасным чаканнем; услед за вялізным сівабародым важаком, гэткія ж шырокія ў плячах і барадатыя, прыезджыя рыбакі з воклічамі здзіўлення саскоквалі на дзірван. Залітая яркім сонечным праменнем Палата адбірала вочы светлай бязмежнасцю, выдаючы асабліва магутнай якраз пры гэтай сутоцы з Дзвіною. Агледзеўшыся, жмудзіны тут жа ажыўлена падступілі да сецяў. Недзе там, у патаемнай глыбіні Палаты, пачынала трымцець звонкая вастрадзюбая трава, наўкруг якой сігалі тонкія вёрткія шчупачкі, кідаліся стайкамі ў розныя бакі, адчуваючы трывогу рачнога мацярынскага ўлоння. Праз дробныя, нагнаныя нізавым ветрыкам, хвалі раптам ударылі першыя скураныя пугі, дружна заляскалі шырокія лёзы вёслаў, затрашчалі жардзіны загоншчыкаў, завухкалі важкія прыбярэжныя біты.

Вялізны сівабароды Кірык, знерухомеўшы на самым аброжку берагавой кручы, нечакана сумна крактануў і ўсміхнуўся Вользе. На тонкія вецяркі нанізваліся колцы апошняга туману. Тады, не адрываючы вачэй ад мігатлівай вадзяной гладзі, Вольга сумелася і замерла.

...Першаю ў сваю смяротную няволю пайшла сялява, прыгажуня з жаўтаватымі тоўстымі брушкамі і вузкімі чырвонымі плаўнікамі: паблісквала серабром лускі, пускаючы за сабою даўжэзныя пасмы серабрыстых бурбалак. Гвалтам выпараная з дрымотных зацішкаў, пакінуўшы ўкаранёныя ў цвёрдым дне вербалозы, рачная ўладарка плыла суцэльнай тоняю, ужо не старонячыся зубастага племені агромністых зялёна-пярэстых шчупакоў, што таксама страцілі свой звыклы паляўнічы гон. Рачное воінства, павільваючы ў сустрэчных струменях раздвоенымі хвастамі, ценілася разам з натапыранымі калючымі акунямі бліжэй да прыбярэжнай лотаці. Тут жа, ледзь не кранаючыся бакамі, лена варочаліся тоўстыя, як жэрдкі, самы і асочаныя ў патаемных норах таўсталобыя судакі, узбоч якіх колтамі паблісквалі пёрыстыя ўклеі і ляшчы, гналі перад сабою донны глей і зялёную сечку пашчапанага чароту. І толькі каля самага дна, падшугаўшы ўверх карычневую буру забалочаных лапін, змяіліся ўюны, але таксама былі схоплены пругкімі шырокімі сеткамі. Да вяровак надзейным грузам былі прывязаны каменныя молаты, што стрымлівалі магутны напор і супраціўленне тоні. Блізу Кірыка на крутым беразе стаялі, стоіўшы дыханне, старасты жмудзінскіх арцеляў. Кідалі ўдалеч пільныя позіркі, раз-пораз супакойваючы разгарачаных загоншчыкаў, якія ўсё яшчэ шнуравалі Палату: ляскалі доўгімі жэрдкамі па прыбярэжных зарасніках, поралі рагацінамі ў чорныя лазы пад нахіленымі вербамі. Імкліва слізгаючы між берагоў на сваіх вёрткіх чаўнах, стараліся. Паніжай крутой лабаціны, уздоўж сецяў на беразе шчыльна пасталі сёстры ў простых радняных покрывах і лазовых хадачках. Тонкія арэхавыя налобнікі трымалі над вачыма ахоўныя хусткі.

Вольга сціху касілася на прыезджых рыбакоў, але Кірык, якога абступілі старасты, не зводзіў позірку з Палаты. Праз густую лістоту вербалозу з левага боку віднелася прыстань рачнога вымалу, дзе да калод было прывязана некалькі барак і тры ладдзі з высокімі шчэгламі. Вольгу падштурхнулі наперад, паставіўшы каля самай вады, і ногі адразу ж намоклі.

І раптам пачалося невераемнае... З усяе моцы падцягваючы вяроўку, разам з усімі яна штохвіліны адчувала, як там, на другім канцы сеткі, клубіцца, віруе і тузае свой ніцяны нерат схопленае з усіх бакоў рачное жыхарства. Спалохана зірнула ў бок рыбнай заставы, і вочы асляпіла бляскам — вада вакол каменных быкоў і высокіх дубовых слупоў загарадкі адлівала ўзвіхраным серабром: паверх тоняў хлынулі раз’юшаныя берзакі і плоткі-ўклеі. Ледзьве трымаючыся на нагах, захліснутая невераемнай жаласцю да ўсіх гэтых забраных у палон рачных насельнікаў, Вольга ледзь не расшчапіла пальцы. Але тут жа адчула спіною недаверліва строгія позіркі сёстраў. Кірык, падстаўляючы сцюдзёнасці мужны, бы выкаваны з бронзы твар, зацята ўзіраўся ў рачны прасцяг. Вецер-вярховік са свістам прадзіраўся на супрацьлеглым беразе праз непраходныя, вышэй чалавечага росту, чарацяныя нетры. Нарэшце пераляцеў цераз раку, прынёсшы да берагавой кручы працяглае, чутнае толькі Кірыку і яго рыбакам, падобнае да бычынага рыку, гудзенне: «У-у-у...»

Гэта падавалі голас агромністыя арагавелыя рачныя пачвары, якіх умелі лавіць толькі скандынавы-волаты, што яшчэ пры Усяславе рассяліліся па ўсім крывіцкім краі. Аднак час мінаў, бязлітасна вынішчаючы з рэк іх дзівосных насельнікаў. Частка скандынаваў сышла ў Герцыку, частка засталася на Полаччыне.

..Але вось, злавіўшы тое працяглае гудзенне пракаветнага рачнога духу, Кірык насцярожыўся: яшчэ хвіліна і рыба, сціснутая сецямі, пачне шалець і заскача з нерата назад у раку. Жмудзіны пераглянуліся. Урэшце ўсім збоем рынулі на бераг: выстройваючыся радамі, уладна адцяснілі манашак і схапіліся за сеці, што рассякалі ўпоперак засадзе амаль усю Палату. Гучна, як змовіўшыся, ляснулі вяроўкамі па вадзе. Загоншчыкі дружна апусцілі жэрдкі на хвалі, і Палата вусцішна замерла. Да берага, працінаючы раку нясцерпным болем, плыў першы серабрысты ўлоў.

* * *

..Як толькі вялізная падвода са скуранымі мяхамі, напоўненымі рыбаю, павалюхалася ад Палаты да рыбаварні, сёстры, чакаючы ігуменню, сцішыліся на беразе. Аднак прыбыла чалядніца. Саскочыўшы з манастырскага вазка, падбадзёрыла ўсіх кіўком галавы і тут жа заклапочана адвяла Кірыка ўбок, аб нечым загаварыла з ім. Кірык здзіўлена адступіў і пасуровеў. Адбегшы, аб нечым заспрачаўся з сівабародым плячыстым арцельшчыкам. Нарэшце, пакінуўшы замест сябе аднаго са старастаў, грузна заспяшаўся з чарніцай да манастырскага вазка. Тады, як падзужаная нечаканай трывогаю, Вольга кінулася следам і, пакланіўшыся чалядніцы, папрасілася ў Сяльцо. Тая ад подзіву нават адступіла, але тут жа, змеціўшы ў вачах мянескай князёўны ўпарты бляск, дала згоду.

..Яны даімчалі да Сяльца амаль у маўчанні, аднак Вольга, прыслухоўваючыся да рэдкіх перашэптаў чалядніцы з Кірыкам, паспела зразумець: нечым устрывожаная ўладычыца Еўфрасіння з бельчыцкім ігуменам Міхалам яшчэ ўчора выехала ў Полацак да вялікага князя. Тады, ледзь дачакаўшыся, калі вазок ускочыць у манастырскі двор, тут жа таропка кінулася ў келлю, з якой праз колькі хвілін выбегла ў доўгай драцяной сарочцы. Згорнутыя пад шаломам кароценькія валасы выбіліся на скронь чорным колцам. Скураныя нагавіцы апаясваў шырокі пояс, на якім у старых похвах вісеў кароткі меч. На нагах блішчалі высокія скураныя боты. Кінуўшыся ў стайню, малады вой, не абазнаны нават зіркастай чараговай сястрой, дзёрзка вывеў у двор белую кабыліцу. Чалядніца, аддаўшы апошнія наказы кухарцы, спешна сядала з Кірыкам у вазок. Недаўменна азірнулася на дзёрзкага верхаўца з мечам, аднак той, зліўшыся з белаю конскай грывай, ужо мінаў апошнія сяльцовы двары.

..Драцяная сарочка балюча шоргала па каленях, аднак Вольга нічога не заўважала, узрушаная нечаканасцю: бонкі з атрутнай гарошынай на звыклым месцы не было. Яна высыпала на ложак усе каштоўнасці з патаемнага ларца, перабрала ўсю вопратку і залілася гарачай чырванню: бонка, падораная яшчэ ў Заслаўі Маўраю, знікла.

 

РАЗДЗЕЛ 26. Замах на вялікага князя

Маладзенькі вой, бліскаючы шырокімі наплечнікамі паверх доўгай драцяной сарочкі, імчаў да Варотнай вежы. Нарэшце, узляцеўшы на дарогу, па якой рыпучым цугам валюхаліся гружаныя бочкамі з мочанымі журавінамі і мяхамі сушаных уюноў дрыгавіцкія вазы, вершнік спыніўся. Паказаўшы старэйшаму кмету варты ладанку з пячаткай Глебавічаў, паспешліва змяшаўся з гуртам дрыгавіцкіх пасланцоў: вазы блізіліся да Верхняга замка. На дзядзінец старой Машні, мінаючы гародні паміж Барысаглебскай і Сафійскай вежамі, па добра ўбітым узвозе да Вялікага пасада спяшаліся госці Полацка. Над гарадскімі дварамі і вузкімі прадмесцямі разлягаўся звон Сафіі. Плошчу, запоўненую баярамі і стракатым натоўпам служывых і рамеснікаў, безупынна шнуравалі вартавыя кметы. Аднак вялікі князь усё яшчэ не выходзіў. Наперад выступілі толькі суровыя паслушніцы, выносячы на прысценныя, засланыя па ўсёй даўжыні добра празоленымі абрусамі дубовыя сталы місы з сяляваю і дзічынай, ставілі пасярэдзіне вялізныя карагачы з хмельнымі напоямі. Але ніхто з прысутных не зрабіў да ежы ні кроку. Каля сталоў стаяла варта. Недзе на падворку з усяго маху ўдарылі ў біты, і людзі на дзядзінцы замерлі.

Урачыста і грозна затрубілі ў рог — вароты пачалі ўрачыста расчыняцца: услед за вялікім князем пад высокія спевы сяльцовых чарніц на плошчу выходзілі баяры і манахі з Бельчыцаў. Еўфрасіння ў шырокіх, крыжамі абшытых шатах ішла папераду блакітнавокага важнага чарняца — намесніка Свята-Успенскага манастыра Міхала.

Гурма народу на дзядзінцы, убачыўшы іх, загудзела: «Блаславі!», і ігумення паднесла над галавою Евангелле ў скураным акладзе; вакольны люд адразу ж апусціўся на калені. А яна спачатку асвяціла Евангеллем схіленых гараджан, потым доўга трымала яго над галовамі бельчыцкіх чарняцоў. Шлях у Візантыю, куды ігумен Міхал з яе пасольствам ад’язджаў заўтра ўранні, быў доўгі і небяспечны.

Падняўшыся з каленяў, смерды і служылыя з цікавасцю пачалі назіраць за тым, як на другой палове плошчы вялікі князь вітаецца з гасцямі. На асобныя сталы складваліся падарункі паслоў, і палачане ажыўлена абмяркоўвалі паднашэнні.

Звон Сафіі ўсё яшчэ не аціхаў, да ігуменні падступіліся пасадскія. Князь, акружаны вартавымі ў чырвоных жупанах, завяршаў ганаровы абход шматлікіх гасцей. Сціху абмацваючы позіркам перапоўнены дзядзінец, варта з высока ўзнесенымі сякірамі была напагатове. Нарэшце прывітанні кончыліся: госці змяшаліся з полацкімі баярамі і ўзрушана ступілі да сталоў. Еўфрасіння з Міхалам, акружаныя вернікамі, выбіралі спакайнейшае месца. Але нечакана спыніліся. З гурту збройнікаў, цудам прарваўшыся праз варту, да абаіх зданню кінуўся спрэс аброслы злямчанымі валасамі клышаногі дурнік Яміна. Узяўшы са стала келіх з мядовым напоем, юрод працягнуў яго ігуменні, і тая, пад гучную ўхвалу прысутных, не згідзілася. Адшукаўшы вачмі Расціслава, павярнулася князю насустрач, падняла келіх.

...Потым, калі памагаты княжага ката задаваў пасадскім свае пытанні, ніхто ўжо не мог успомніць, адкуль вылецеў той маладзенькі вой у доўгай драцяной сарочцы з шырокімі наплечнікамі, што нечакана вырас пасярод дзядзінца. Узвіўся на сваім белым кані, з пляча ўдарыў кароткім мечам па келіху, і рукі ігуменні адразу ж заліло чырвоным, што кроў, узварам. Натоўп гайдануўся. Спалатнелы князь угневана зірнуў на анямелую варту, але вой ужо рвануў каня ўбок, у момант вока абмінуўшы рудыя шэрагі пасадскіх людзей. Нібы прывід, стапнеў за сцяной агромністага людскога збою.

І раптам, ці не ў тое ж самае імгненне, дзядзінец зноў заледзянеў: шырокую плошчу з гіканнем запаўняла адчайная дружына відбескага князя Брачыслава, малады Васількавіч ляцеў на чорным кані з высока паднятым мечам, аднак Расціслаў, быццам загадзя ведаючы пра напад пляменніка, рашуча махнуў рукою — цэлы шэраг служылых у простым адзенні, бегма кінуўшыся да ўзбочных вазоў, пачаў выхопліваць з-пад травяных мяхоў бердышы і баявыя пікі. Брачыслаў, не чакаючы такога адпору, міжволі сцішыўся. Захапіць вялікага князя знячэўку не ўдавалася.

Над Полацкам залегла мёртвая ціша: адзін князеў узмах мечам — і мошчаная камянямі і дубовымі круглякамі плошча абмыецца крывёю. Паветра зазвінела.

Але тут жа, быццам адчуўшы гэтую страшную напружаную хвіліну, Еўфрасіння імкліва абмінула акружэнне вернікаў і выступіла наперад. Зычным голасам загадаўшы ўсім спыніцца, падняла над сабою вялікі пазалочаны крыж. Баяры, якія толькі што адхлынулі ад цэнтра, пачалі вяртацца.

Полацак сцішыўся, і конскае фырканне перакрыў грозны загад Расціслава:

— У поруб!

Але ўсе пазіралі толькі на ўзняты крыж ігуменні.

— Ранамі святога Пятра прашу: будзь літасцівы да зродніка маладога, вялікі княжа. Не забі! Як нам сказаў Айцец Нябесны.

Расціслаў, не хаваючы раздражнення, сурова насупіў бровы. Кметы, так і не падняўшы мячы, усё ж адцеснілі зніякавелага Брачыслава да варотаў. І раптам дзядзінец зноў зашумеў: з іншага боку, ці не ад запалоцкіх лукаў, да Верхняга замка выступала шырокая лава ўзброеных важкімі мячамі вояў.

Гэта быў сам, званы сюды для замірэння, Рагвалод, за якім згрудзіліся, пахітваючы высокімі сабалінымі шапкамі, баяры. Нішто не паказвала на тое, што Рагвалод спяшаўся з добрымі намерамі. Побач на сівым кані важка ўзвышаўся плячысты намеснік вялікага кіеўскага князя; не сказаў яшчэ нават слова, але грозны выгляд пасланніка выдаваў рашучыя намеры Кіева ў каторы раз памяняць уладара полацкага стальца.

..Зноў загудзеў, захрыпеў, загаласіў дзяркаты рог, змусіў усіх азірнуцца: ігумення, не зважаючы на смяротную пагрозу, тут жа апусцілася на калені. Яшчэ імгненне, і па ўсім прасцягу ўкленчанай плошчы зачарнелі схіленыя плечы манахаў і вернікаў. Пачалося малітоўнае блаславенне пасольскай місіі ў Візантыю. І ніхто нават не змеціў, як Расціслаў пад аховай маленькага атрада прабраўся за вароты. Нарэшце, не азіраючыся, паімчаў у бок Менска. Выехаўшы на сярэдзіну дзядзінца, Рагвалод пільна агледзеў прысутных, уладным узмахам рукі зноў запрасіў усіх да сталоў. Саскочыўшы з каня, наліў і паднёс келіх мядовае сыты кіеўскаму госцю, які ўсё яшчэ нерухома ўзвышаўся над сваім вялізным грудастым канём. З шэрагу смердаў да князя з радасным енкам нечакана вылецеў няўклюдны, увесь агорнуты доўгімі залацістымі валасамі заслаўскі вяшчун Валодша. Натоўп адразу ж ухвальна зароў да яго. Але Рагвалод, імкліва выхапіўшы меч, ярасна праткнуў плячо няўклюды. Пачуўся балючы ўскрык Аднак пасадскія і кметы ўжо нічога не чулі, накінуўшыся на місы з сяляваю і копчанымі вуграмі. Адно Еўфрасіння падала ледзь улоўны знак сёстрам, якія адразу ж паклалі параненага на адзін з прысценных вазоў.

— Я пашлю за ім! Даганю і затраўлю, акі таця! — Рагвалод, змеціўшы знікненне Расціслава, гнеўна загрымеў на соцкага, краем вока ўбачыўшы, што Еўфрасіння ўжо наблізілася да кіеўскага намесніка. Той адразу ж сышоў з каня на зямлю, схіліўся, слухаючы.

— Хіба не памятае вялікі госць, як мянескі князь Глеб, бацька брата нашага ўлюбёнага Расціслава, пасылаў у лаўру пячорскім манахам золата і срэбра?

— Ніколі таго Кіеўская зямля не забудзе, слаўная — Намеснік усміхнуўся, выслухоўваючы просьбы ігуменні. Полацкае пасольства ў Візантыю мелася спыніцца ў Кіеве на «Брачыслававым двары». Паўтарыў: — Ніколі зямля Кіеўская не забудзе Глебавіча.

Сяльцова гаспадыня перамагала, і Рагвалод, успыхнуўшы ад ярасці, нечакана рэзка павярнуўся да бельчыцкіх чарняцоў:

— Паганяў бы вас, тлустазадых, па Запалоцці!

Скрыгатнуўшы зубамі, так моцна ляснуў тоўстай драцяною пугай аб дзядзінец, што тыя адхітнуліся.

— Думаеце, калі абвесіліся абразамі і крыжамі, то і самі ўжо — святыя? — Запырскаў слінаю: — Судзіць хочаце? Хочаце словам Гасподнім сваю волю тут праўдзіць? Пакуль жывы, не будзе ў Полацку таго! Прэч, племя глумлівае, сквапнае, пражорлівае!

— Ці да твару князю вялікаму з Божымі служкамі цяжбу весці? — Голас Еўфрасінні выдаваў упакорлівым. — Калі хочаш душу ад горычы збавіць, прыедзь, княжа, сам пагавары з Айцом Нябесным на адзіноце. Келлю князю знойдзем. Тады адчуеш, як нялёгка адказваць на запытанні, перад якімі паўстае душа чалавечая. Што адказваць будзеш, князь?

Кіеўскі госць па-ранейшаму маўчаў, і Рагвалод, схіліўшы перад Еўфрасінняю галаву, нарэшце пацалаваў крыж. Ледзь растуліўшы вусны, прахрыпеў:

— Як Бог хоча і як на тое воля ігуменні, быці ўсяму!

Плошча, перапоўненая воямі і месцічамі, маўчала.

 

ЧАСТКА ВОСЬМАЯ

Прачыні спраты свае, развяжы вузлы нябесныя! Аддай тое, з чым прыходзіла ў чар начны, варажбітка дзівосная. Палюбі мяне, лада! Палюбі, як смерць, мяне!

 

РАЗДЗЕЛ 27. «Палюбі, як смерць, мяне!..»

Да самых грудзей захінуты радном, Валодша ляжаў пры сцяне пад стракатымі пучкамі высахлых зёлаў Дзверы лекавай келлі былі прачынены, і тонкія язычкі дзвюх свечак на стале ўздрыгвалі ад лёгкага скразняку. З супрацьлеглай сцяны пазіралі цёмныя праніклівыя вочы Той, да Каго штоночы пасылала свае малітвы сяльцова ігумення. Услухоўваючыся праз гарачку трызненняў у палкія просьбы дараваць яму ацаленне, Валодша дасюль не мог зразумець, дзеля чаго яна, цяпер такая важная гаспадыня манастыра, рупіцца пра няшчаснага нехрысця, навошта, падмогшы чараговай сястры, так доўга, часам да самай раніцы, стаіць наўколенцах. Не ведае... Не ведае, што аддаў тады атрутную гарошыну дурніку Яміне. Хацеў чужымі рукамі. А калі б ведала? Ці малілася б тады за яго? Пэўна — малілася б. Ці ж не для таго, каб, збавіўшы ягонае цела ад крывавай раны, забраць душу?!

«Шу-шша-а... Скажуць, быццам не змагу я вочы свае вырваць, каб аддаць іх сляпому... Што гадую адно плоці дзяцей —пералюбства, варожасць, звады, зайздрасць, гнеў, нянавісць, забойствы, закалоты. І спрахласць быццам бы з-за мяне чалавек пажынае... Што турбую падчас малітваў, кідаю соль і агонь у тых, хто носіць раны Ісусавыя на целе сваім... Што разбіў я посуд гліняны са скарбам славы Божай і духмянасць ведаў пра Госпада засмуроджваю тхлом попельным, смалою і сераю... Быццам нашэптваю вернікам: вольнасць ваша — як змуса да таго, каб плоці дагаджаць, а любоў ваша — для таго, каб служылі толькі адно аднаму, грызліся між сабою, елі адно аднаго здрадамі і рэўнасцю, нішчылі адно аднаго спакусамі!

Скажуць усё гэта пра мяне — а ты не вер!»

Высокая і статная, гожая і, здавалася, маладзейшая нават за юніц-паслушніц, ігумення сама мяняла павязкі на ягонай ране. Тады, здзіўлены, бачыў, як вялікія вочы поўняцца слязьмі. Увесь час адно пазірала, ані разу не абмовіўшыся да яго ні словам. Пакуль урэшце і сапраўды не атруціла гэтым даўкім маўчаннем і спагадай ягоную душу. «Мудры Вялес, Лада магутная! І ты, Нямізя! Не дайце загінуць. Не адступіцеся ад сына». Амаль палова ягонай грудзіны была залеплена ўжо добра падсохлымі лістамі дзяцельніку. Над тапчаном схілялася чараговая сястра.

— Паздаравеў, маці-ігумення. Адно ўвечары стагнаў у сне.

Толькі пачуўшы знаёмы голас, Валодша імгненна ачуціўся, зразумеўшы, што ў келлі начная госця. Як сталася, што ён нават не адчуў яе прыходу? Заўсёды ведаў загадзя.

— І ў двары сам быў. Гоіцца ўсё, як на зверы лясным.

Чараговая ціха ўздыхнула, але тут жа, змеціўшы ў вачах Валодшы нядобры бляск, падалася да дзвярэй.

— Пра чалавека гэтак, неразумная! — Ігумення з папрокам азірнулася.— Без пакаяння — не кладзіся!

— Даруй, літасцівая.

Дзверы за сястрой прычыніліся, і ігумення нарэшце апусцілася на ўслончык перад высокім тапчаном. Валодша, разгарачана шпурнуўшы да сцяны радно, таропка спусціў ногі ў грубых нагавіцах і лёгка саскочыў на гліняны ток.

— Не рухайся. — Прыклаўшы руку да зацягнутай раны, ігумення нарэшце праяснела тварам.— Амаль загаілася. — Тут жа хацела падняцца з услончыка, але здзіўлена замерла: Валодша, шырока расплюшчыўшы пачырванелыя вочы, усё яшчэ моцна прыціскаў яе руку да сваіх грудзей і няўцямна торгаў куточкамі вуснаў:

— Хіба ты не ведаеш, Прадслава, што не зёлы, не дзяцельнікі твае лечаць?!

Хмура абвёў позіркам падвешаныя пад столлю, усё яшчэ шматкалёрныя і пахучыя пучкі зёлаў і, неяк нечакана распаліўшыся, захрыпеў:

— Вось яно, маё княства... Як карона Ярылы! Як вугалле гарачае. — Усё мацней прыціскаў яе далонь да сваіх грудзей. — Як вусны, чырвоныя і налітыя сокам! Твае вусны, ігумення! Хіба я клікаў цябе ў сны? А ты прыходзіла! У Заслаўі не бачыў, а цяпер... Галаву сячы, любая! Атруціць хацеў. Бацьку, што ў каме застаўся, не забываю.

Зніякавеўшы, адхітнулася, але Валодша ўжо не спыняўся:

— Молішся ўсё! Просіш за мяне. Не я... Ты мяне атруціла, ігумення.

Зноў здзіўлена падняла зніякавелы позірк, слухаючы.

— Хіба дзяцельнік тлусты кроў запаліць можа? О-йя, ігумення! Думаў, ніколі не хлусяць і не ловяць сэрцаў тут. Асабліва ты. Запомніў іншаю.

«Прыхілі да грэшных нас, Госпадзі, вуха спагады Свае».

— Дзікі я, кажаш! І вусны мае горкія? Салодкія! Хочаш выпіць? Чаму не хочаш іх выпіць?!

Валодша ўжо хрыпеў і ўсё шчыльней падсоўваўся да ўслончыка, з якога ёй аніяк нельга было падняцца. Ледзь выдыхнула ёлкасць, не ў стане адвесці вочы ад ягонага, атручанага спрагласцю, позірку.

— Ты перад усімі красунямі найпершая, Прадслава! А я? Куды так доўга ішоў, запытай, з кім так біўся, што жывога лапіка на целе не знойдзеш? Глядзі!

Урэшце адняў яе далонь ад раны, прыкрытай шчытом зацвярдзелае травы, зашаптаў:

— Хіба могуць так гаіць зёлкі, ігумення?

Каленьмі адчувала, як увесь затрымцеў:

— Столькі разоў песціла ты рану маю рукой!

Сапраўды адчула ўнутры пякучую стрэмку.

— А дзе Ён, Гасподзь твой?! Дзе мілата Яго да лады?!

— Што ведаеш пра мілалюбства, смерд неразумны?

— Запалоцкі я! Князеў! Не смерд. Служыла маці ў Барыслава. А пасля падкінула вешчуну ў будан. Шукаў князь, шукаў! Каб аніякага следу. Усіх дзяцей сваіх забіваў, у калодзежы, у мурашнікі, у гнёзды змяіныя кідаў. А я... выжыў! Выжыў, Прадслава!

Ажно хітнулася, зірнуўшы ў цёмныя і вялікія ад узрушэння вочы.

— Кажаш, не разумеюся? А табе, ігумення, што пра пакуты людскія ведама? Так нябеснымі перанялася, што не зважаеш ні на чорны люд, ні на апекуноў нашых. А яны ўсё роўна паўсюль. Хорс і Нямізя. Жыццё даюць. І цяпло, і ваду, і рыбу... А які твон Бог? Дзеці твае дзе, манашка? Хоць каго дала плоць твая, красуня?

...Тое, што Валодша нечакана ўткнуўся тварам у яе калені, было такім недарэчным, што здзіўлена ўзнесла бровы:

— Духам святым жыву я! І ўсёмагутны Гасподзь мой. Як на небе, так і на зямлі. Колькі малітваў, столькі і дзяцей маю. А ты, дзік пушчанскі няўдзячны, і не ведаеш: непраўдзівы плод, што ўзрастае на гнілой галіне. Альбо рана ўпадзе, альбо счарнее ў сарцавіне. Іншы Гасподзь мой магутны. І няплодную ў дом мацераю пасадзіць.

— Памаўчы, лада... Хіба не бачыш, як угінаю плечы перад табой? Толькі чужыя мы ўсе табе... Ах, Прадслава. — Напяўшыся ўсім кашчавым целам, нечакана зірнуў на яе з такой незразумелай злосцю, што здзіўлена замерла.

— А хочаш, і маладой зраблю?! Гожай такой, што і аляніцы затанцуюць! Праўдзівыя зёлы ёсць! Без калодзежа пояць спраглага. Толькі пачуй... Дай надзею. Бо так холадна, Прадслава!

Пад скарынкай травяной павязкі шалёна білася перапоўненае пачуццём сэрца. А Валодша, нецярпліва шахнуўшы рукою па яе шчыльна аслоненай хламідзе, так блізка прысунуўся да каленяў, што ледзь не сціскаў іх локцямі з абодвух бакоў:

— Хіба можа так будзіць чалавека трава, лада?

Той нябачны дарадчык, што так часта нашэптваў ёй знутры праўду, цяпер упарта засцерагаў. Тут жа адчула на сваім горле лагодныя, але ўчэпістыя пальцы.

— Чаму не хочаш піць мёд мой, лада?! Хіба не твае кветкі ў лугах маіх? Хіба не твае пчолы ляцяць за маёй слодыччу? (Шшу-шша...) — Прагная рука абмацвала шыю. — Не пакідай мяне, лада. (Шшу-шша...) Хіба ж Ён можа любіць так, як я? Столькі разоў прыкладвала да мяне рукі свае, лада, што сню ўжо іх. Дзеля чаго аджывіла?

Такі вялікі і дужы, Валодша ўсё яшчэ стаяў перад ёй на каленях.

І раптам, заплюшчыўшы вочы, заспяваў:

 

Вочы сніў я твае цёмныя, лада, як крыніцы глыбокія... Ой-а!

Наталяюцца алені, ласі пушчанскія.

Праткні мроі мае, лада, слодыччу хмельнай. Ой-а...

І грудзей шышачкамі...

Малаком няхай напояць бяссоннага.

Абаўю ногі твае хмелем тугім. Ой-а...

Як бярозкі белакорыя падлескавыя ногі твае,

І сон-дзерунец лісцём асланяе іх

Імкнуць па жылах сокі падкарэнныя.

Гэта любасць мая да цябе, лада! Ой-а!

 

Быццам пабуджаная гэтым нечакана гарачкавым спевам, апусціла позірк, проста перад ёю чырванелі спраглыя Валодшавы вусны. Задыхалася.

 

І да аерын павекаў тваіх цягнуцца зоркі нябесныя.

І шчокі асмужаны пухам, лашчацца вавёрыцы. Ой-а...

Толькі абдымі мяне, і рукі

Заззяюць, як чараціны, месяцам аблітыя.

Чуеш, як стагну я — рака, сціснутая берагамі каленяў тваіх.

Колькі платвіц і сомаў падглінных

Плывуць з доння майго ў строму тваю шалёную.

Хіба не чуеш ты вецер? Ой-а...

Як нясе свіст і дзяркатыя крыкі і пошчакі птаства,

Што раняе з густапёрых крылаў слёзы любові. Ой-а...

 

Голас Валодшы, такі гарлавы і глыбокі, імгненна запоўніў лекавую келлейку.

Але вось ажно застагнаў:

— Як жа прагну я цябе!

Міжволі падняла рукі, спрабуючы вызваліцца.

— Пашто сэрца з рэбраў вымала, ігумення? Сніў цябе!

Зноў падняла рукі, спрабуючы вызваліцца.

 

Адчыні брамы трымтлівыя, недасяжная,

Іду ў шаўковы лес млосных валасоў тваіх...

Ляці ў пушчу маю... Ой-а-а...

Дзе стагнанне бабрынае, зовы гарачыя, ловы кунічныя.

Пачуй нетру маю, лада.

Стагненне лісаў, сіпенне змеяў падкарэнных,

Што звіваюцца ў пнішчах і бярлогах сухіх там,

Родзячы новыя клубкі... Ой-а...

Вуххі савіныя. Звоны салаўіныя.

Рохканне і грымоты пушчанскія...

Б’юць капытамі дзёран лосі крутарогія,

Равуць каля ільсністых саміц,

Што такія ж гожыя, гарачыя і неспатольныя,

Як і ты ў снах маіх, лада.

Прачыні спраты свае, развяжы вузлы нябесныя!

Аддай тое, з чым прыходзіла ў чар начны, варажбітка дзівосная.

Палюбі мяне, лада. Ой-а! Палюбі, як смерць, мяне!

 

Заплакаў, і пальцы на шыі неўспадзеў затрымцелі.

— Як жа прагну я цябе, Прадслава!

...Ці гэта напраўду нехта пастукаў у дзверы, ці Той, перад Кім яна кленчыла ў думках, літасціва адазваўся?!

У келлю нечакана хлынула начное вільгатнаватае паветра. Падняла позірк: у прачыненых дзвярах стаяла Вольга. Валодша, бліснуўшы цёмнымі вачмі, адразу ж зніякавеў і падняўся. Пры выхадзе азірнуўся. Але і яго, і паніклую галавою Вольгу ў ваярскай кальчузе ігумення бачыла ўжо як праз туман. Адно спеў не аціхаў, перапаўняючы лекавую келлю, у якую праз прачыненыя дзверы ўжо ўлівалася прадранішняе святло.

...Прашыты сонцам падлесак сустрэў іх радасным птушыным шчогатам, і Вольга, праз усю дарогу косячыся на Валодшу, ласкава пагладзіла шнар ад раны.

Той у адказ устрасянуў валасамі:

— Тут не дадуць есці, князёўна. Тут трэба самім. Ідзём. Каля ракі маю човен і восці. Усё ў будане маю. Толькі ці не распесцілася ты залішне ў келлях?

...Вогнішча на падсохлым беразе тым часам разгарэлася імгненна, і нанізаная на доўгія дубчыкі рыба туг жа апетытна прывяла...

Але і пасля снедання Валодша нават не ўсміхнуўся, нарэшце падняўшы на Вольгу цёмныя вочы:

— Чаго чакаеш ад мяне, лада? Пашто ідзеш за мною? — Прамаўчала, адводзячы позірк убок. Але ён не спыніўся:

— Які ж слабы ён, ваш Бог, калі так лёгка забіраць жанчын ад Яго.

Гнеўна адвярнулася, але Валодша ўжо ласкава прыгортваў яе да сябе.

Узрадаваная, і сама памкнулася абняць дужыя плечы і тут жа зніякавела, сустрэўшыся з нечакана спустошаным позіркам.

— Калі думаеш, князёўна, што палюблю зноў, вяртайся назад. Не хацела Ладаю ўсіхняй стаць... Пашто ж цяпер?

Сумеўшыся, адвярнулася; навокал панавала лясная насцярожанасць. А Валодша, зноў лёгка адштурхнуўшы яе ад сябе, захіліў далонямі твар. І нечакана ціха, не хаваючы роспачы, застагнаў:

— Я не магу болей любіць цябе, лада. І нікога не змагу. Атруціла яна мяне. Упаўзла ў сэрца, уджаліла, як аса. Аздаравець мне трэба, лада. У пушчу ісці ад ігуменні вашай. Не кранайся мяне, абрыдлая.

Ужо не азіраючыся, Вольга імкліва кінулася да берага і так рашуча ўскочыла ў човен, што Валодша ўстрывожана падняўся на ногі. Прыціснуў да лба сціснутыя кулакі, спадылба сачыў, як човен імкліва адплывае за вербалозы. Памкнуўся клікнуць Вольгу назад, але тонкую постаць у доўгай кальчузе ўжо засланілі надрэчныя шаты. Над берагам трымцела шапаценне высокага сітніку і касачоў. Яшчэ раз азірнуўся — човен знікаў за далёкім крутым выгінам.

 

РАЗДЗЕЛ 28. Вяртанне Вольгі

«Ігуменні, князёўне Еўфрасінні праслаўнай. Дазнанне. У дні дзесятым беразазола.

І ведама мне, ігумення, што, збегшы з забранага Рагвалодам Полацка ў Менск і дачакаўшыся лепшае пары, князь Расціслаў паклікаў соцкага вышуку. І ушчуў няўцешнае: пасля таго дня святога Пятра Вольга, дачка ягоная, а твая зродніца, зусім сышла некуды і яшчэ ані разу ў палацы менскім не аб'яўлялася. З абсягаў абіцелі, як ведаю, таксама яна знікла. Полацак, які ледзь не забіў Расціслава, адпрэчыў у невядомы край і дачку яго нямую. Паслаўшы таемных віжоў ва ўсе канцы княства і іншыя землі, чакаў Расціслаў цэлых два леты, але аніякіх звестак не атрымаў. Штодня ўздоўж межавых ірвоў Полаччыны пралятаюць, як ведама табе, атрады асочвання, але пра мянескую князёўну Вольгу яшчэ ніхто не чуў. Адной табе, ігумення праслаўная, скажу. Бо аднойчы выратавала ты мяне, сама таго не ведаючы... адно кавалачкам дзічыны распаранае ўратавала... Скажу цяпер іншае: бачылі верныя людзі, якія ходзяць за пушнінаю і бурштынам у жмудзь, воя маладога. Хоць ні да каго не абзываецца, але страшны ў сечы. Памыслі, ігумення, бо хутка Расціслаў зноў у Полацак вернецца. І пра дачку, якую ты, ігумення, не ўтрымала, запытае. Пасылай ганцоў сваіх да Кірыка. Той — усё ведае».

Дазнанне невядомага зычліўца было нечаканасцю. Адчуўшы ў сэрцы халадок трывогі, усё ж дачытала:

«Зненавідзелі ўжо Рагвалода малодшага за жорсткасць. Усталяваў у княстве з запалоцкім князем Барыславам новыя парадкі: усе зарачанскія трубы перапоўнены мяцежнікамі. Будуць, ігумення, баяры збірацца. Будуць, вер мне, міласэрная, Расціслава вяртаць. І могуць зрабіць тое хутка. Бо Рагвалод у Новагорад збіраецца. А ці вернецца дамоў вялікім князем — сама выбірай. Каго хочаш — таго і пастаў валадаром полацкім. Веча ўсё роўна збярэцца. Паклічуць туды і цябе! Сама цяпер мыслі, ігумення».

* * *

...З растуленых вішнёвых вуснаў вырывалася працяглае: «Ма...», але Еўфрасіння маўчала. Усё яшчэ апранутая ў ваярскую драцяную сарочку, Вольга не адымала свайго аблічча ад яе каленяў, да якіх дасталіся гарачыя слёзы. Нарэшце паднялася на ногі, але калі ігумення кіўнула на новы манаскі покрыў, што ляжаў на ўслоне, адмоўна адвярнулася.

Захадзіўшы па келлі, тая нарэшце запытала:

— Так доўга была ў жмудзі, князёўна, што ўсё полацкае забыла. Ці, можа, хочаш быць у нашай варце?

Вольга радасна кіўнула ў знак згоды, і ігумення наблізілася:

— Мы рады вяртанню твайму! Слухаючы сёстраў, навучышся супакойваць гнеў і дзёрзкасць, князёўна. Калі сама па добрай волі выбрала служэнне наша, значыць, смуткаў свету гэтага ўжо не пазбегнеш. Заўтра ў лес збіраемся. Моху для будаўніцтва нован школы ў Бельчыцах надзерці. Разам з усімі будзь.

Прыгледзеўшыся пільней да зніякавелай пляменніцы, усміхнулася:

— Кметы варты нашай, як і сёстры, штодня моляцца.

— Ойча наш! Вымавіўшы пачатак малітвы наўздзіў выразна і гучна, Вольга зноў схіліла галаву. Звыклым рухам праверыла, ці на месцы прытарочаная да пояса радняная кайстра, з якой вытыркалася некалькі самаробных пэндзляў. Але ігумення ўжо спяшалася да выхаду.

Пасля, хуткім крокам прашнураваўшы начны падворак, ціха адчыніла дзверы новага скрыпторыя. Дзве маладзенькія перапісчыцы спалі на прысценных тапчанах. Мокры ад Вользіных слёз покрыў таркаю шаргануў па каленях; зняможана замерла пасярод скрыпторыя. На стале гарэла тоўстая свечка. Уздыхнуўшы, села насупраць яе, перагарнуўшы абалонку, узяла ў рукі сціло. Вывела на пергамене першую буквіцу...

ПУШЧА

З-за стала ігумення паднялася толькі перад раніцай. У глухім падворку яшчэ спала маладая трава, спалі затуленыя ў бутоны пялёсткі кветак. Адно зоркі над Сяльцом ледзь чутна перазвоньваліся. Вусцішна пастаяўшы пад нябесным купалам, звыкла скіравалася ў царкву і здзіўлена змеціла ў прачыненых дзвярах водбліскі даволі яркага святла. У храме, відно, гарэла некалькі свечак Ціха ўвайшла ўнутр царквы і адразу ж змеціла на прысценнай лаве Вольгу ў тоўстай сястрынскай хламідзе. Побач ляжала драцяная сарочка і меч паверх яе. У царкве востра пахла свежай фарбай, ад чаго крыху занудзіла. Скасілася на скрыню Богшы, што дасюль стаяла ў кутку пры выхадзе. Цяпер скрыня была адчынена, блізу лавы стаяла некалькі гліняных коўшыкаў з фарбамі. Тут жа на ручніку ляжалі і пэндзлі. Азірнуўшыся, міжволі адхітнулася. З шарай царкоўнай сцяны проста на яе пазірала... яна сама. Еўфрасіння... Гэта была дапраўды яна. І ўсё ж... не яна. Хаця ў той, якую змалявалі на сцяне, былі яе вочы. Яшчэ такія маладыя і зацікаўленыя. Прагныя да жыцця і зямных спраў. Толькі адкуль магла гэтая менская «агненніца» ведаць пра яе тую, яшчэ маладую ігуменню?

Задыхаючыся ад наплыву гарачкі, азірнулася. І адразу ж змеціла яшчэ адну, падобную да першай, жаночую выяву. Ужо з іншым позіркам цёмных пякучых вачэй. Божа літасцівы, адкуль жа ўведала юніца гэтая пра вечнае маўчанне, той непазбыўны боль, што і дасюль яшчэ ляжыць пад бясконцым дажджом на растоўчанай заслаўскай дарозе, захінуты адно яе трапяткой памяццю? Аднак жа стапнела ўсё, растварылася ў далечы, адпакутавала.

...Падаюць слёзы, ускіпаюць, працінаючы кароткія сны, вугалем коцяцца па слядах, калі яна спяшаецца ў келлю. Адкуль жа ўведала юніца неразумная шлях той церневы і душу, спаласаваную няшчаднымі ранамі ад бясконцай бойкі з чорным анёлам. Дало неба дзеля спакусы і чорныя вочы, і вішнёва-прывабныя вусны.

Толькі сіл цнотных спаўна не выдзеліла. Адкуль жа ўведала, вогненная, як адольваеш сябе штодня і ачышчаешся? Агарнула чорным покрывам, атуліла ўзмахамі свайго пэндзля белае аблічча, адценіла вялікія, што калодзежныя прорвы, вочы, наліла ў іх пакутлівага суму.

Але ці ведае, як часта плявалі ў гэтыя калодзежы і ворагі, і браты-суроднікі?

Не толькі зоркі падалі ў глыбіні мае, пэндзляў валадарка! Не толькі лілеі расхіналіся...

Вольга, лежачы на прысценнай лаве, усё яшчэ сонна ўсміхалася. Свечкі, узіраючыся ў выявы на сцяне, насцярожана перашэптваліся. З прачыненых дзвярэй патыхала церпкай начной свежасцю.

* * *

— І сказана: «Вы былі калісь цемра, а цяпер святло ў Госпадзе. Дык паводзьцеся, як дзеці святла».

— Ах, не Госпаду нашаму болей служыла, а людзям. Не Духам напаўнялася...

— Усе мы — часткі Цела Ягонага, ад Плоці Ягонай і ад касцей Ягоных.

...Раніца выпала мяккая і чыстая, дарога таксама была прыемна падсушана сонцам. Лясная вышыня і празрыстасць нечакана нагадалі пра той сонечны дзень, калі разам з сёстрамі ўпершыню, такой маладзенькаю ігуменняй, яна выехала неяк у лес па мох: у манастыры будаваўся новы скрыпторый. Паперадзе за конюха сядзеў кмет Сава...

Колішнія мохавыя мясціны цяпер густа зараслі высокімі лазнякамі дзікіх ягад, і над кожным ядавіта-дрогкім воблачкам трымаўся, калыхаючыся ўваччу, багуновы туман. Яна так бы і не насмелілася прадрацца праз буяковую сетку гэтай насцярожанай пушчы, калі б не сліпучае сонца поўдня: вырваўшыся з тлустай кудзелі воблака і ўсім сваім бляскам ударыўшы па балотнай чэзласці, раптам сыпанула на шэрыя купіны жмені залатых падковак. Атрутны чад імгненна развеяўся, з куп’я вынырнулі ярка-чырвоныя і ружовыя, з фіялетавымі сярэдзінамі, грыбы. Пыжыліся парваць жылістую траву сваімі крохкімі шапачкамі. Залюбаваўшыся імі, ігумення задаволена выпрастала плечы. Нарэшце, асцерагаючыся гадаўя і па-буслінаму высока падымаючы ногі, пакіравалася ў бок Лагвянкі. І адразу ўбачыла знаёмую кручу: такую ж лабастую, як і раней, але ўжо добра пажаўцелую. Ведала, што далей, смела ўзлазячы на плечы гэтага шырокага, аточанага норамі погарбу, разрастаецца сасоннік, але сама там ніколі не была. За нахабным кустоўем раскашавала чадная зелянота, аплеценая бляклымі нітачкамі журавін. Мох тут яшчэ не выдзерлі, і, не зважаючы на здзіўленыя позіркі сёстраў, што ведалі пра яе ранішнюю хворасць, і сама пачала выбіраць мох у разасланую посцілку.

Урэшце, прысеўшы на грудок пад кручаю, уткнулася плячом у цёплую гліністую сцяну. Навокал разлягалася, нечакана нагадаўшы пра маленства, заклапочанае чмялінае гудзенне: сюды яе вазіў яшчэ бацька-князь. Сёстры, заглыбіўшыся ў лагвянскія нетры, гучна пераклікаліся. Але вось, невядома адкуль, ці не з-за гэтай кручы, данеслася нясмелае, яшчэ ціхае салаўінае цёхканне. Здзівілася, але ў тое ж імгненне да першага поклічу далучыўся цэлы птушыны хор. Ад апантанага галасу закладала вушы.

Быццам упершыню ў жыцці чуючы гэткія шалёныя птушыныя спевы, міжволі азірнулася, шукаючы вачамі ўласны цень. За кустоўем бліснула драцяной сарочкаю Вольга — насцярожана азіралася на сваю ігуменню. Тады, быццам пачуўшы нечы таемны загад, падняла галаву і ўбачыла проста над сабою, недзе на самым версе кручы, кашчавую воўчую морду. Міжволі ўціснулася плячом у цёплы погарб. Раней бы, магчыма, па-сапраўднаму спалохалася, але цяпер толькі ўздыхнула. Яшчэ раз зірнула ўверх, але на кручы ўжо нікога не было.

А можа, здаліся, прысніліся ёй, ігуменні сяльцовай, і лясныя чары маленства, і далёкая, амаль забытая ўтрапёнасць кмета Савы, фурмана і вартаўніка абіцелі, які толькі сумна пазіраў здалёк, ціха сачыў за ёю з-пад апушчаных павекаў.

Слюдзяна-чорнае, налітае да краёў лагвянскае вока, якое бачыла яшчэ яе бацьку-князя Ягоргія, гэтак жа таемна сачыла цяпер сваім дрымотным дзікім позіркам і за яго дачкою. Урэшце, навошта прыйшла яна сюды? Што хацела знайсці ў гэтым старым лесе, акрамя невыносна горкіх, пякучых успамінаў? Востры боль, што яшчэ з раніцы калоў пад левую рабрыну, раптам ударыў па ўсім целе, хапаючы пякучае, як расплаўленая смала, паветра, асцярожна апусцілася на дарогу. Пад галавой і спіною, пад усёй ёю было цяпер гнутка пераплеценае, рабрыстае карэнне. Быццам сухажылле крылаў тых ваярскіх анёлаў, што баранілі некалі зямлю крыўскую, і палеглі, абхапіўшы, сціснуўшы яе ў развітанні, крыламі. Засталіся тут на векі вечныя. Задзервянелі каранямі. З-за бліжэйшых дрэў, пераклікаючыся, да ігуменні ўжо блізіліся ўстрывожаныя чарніцы; схапіўшыся рукамі за свой ігуменскі крыж, нарэшце ўкленчыла. Гарачкава зашаптала:

— Вось, сабрала вас у гурт, нібы авечак, каб пасвіліся вы ў запаведзях Божых. — Перадыхнула, убачыўшы, як сёстры адна за адной выходзяць з-за дрэў.— А я з радасным сэрцам рупілася вучыць, каб убачыць плён, і вучэннем на вас дождж такі паліваю. Але ж вашы нівы аднолькавыя стаяць. Не растуць, не ўздымаюцца ўгару. А год падыходзіць да завяршэння, і лапата на гумне ляжыць. — Здаецца, ужо задыхалася ад гаркава-млоснага водару багунніку. — І баюся, што калі будзе пустазелле ў вас, аддадзены будзеце агню нязгаснаму.

Чуючы сардэчную калатнечу, ледзь варухнула пабялелымі вуснамі і асцярожна паднялася:

— Пастарайцеся ж, чады мае, пазбегнуць яго, і станьце пшаніцаю чыстаю, і змяліцеся ў жорнах з малітвамі і постам, каб чыстым хлебам прыўзнесціся на

трапезу Хрыстову.

Над галавою ледзь бачна варушыла галізнем старая вольха. Навокал панавала таямнічая цішыня. З-пад тоўстага карэння да слыху нечакана даляцелі ледзь чутныя, падобныя да дзіцячага плачу галасы. Гэта адзываліся тонкія костачкі далёкіх продкаў, сярод якіх былі і тыя, што належалі праслаўнаму роду Торвальда. Але цяпер пад пушчанскімі нетрамі ляжалі ўжо не мужчынскія ці жаночыя рэшткі, бо з кожнае костачкі наверх прабіваліся ствалы, і па іх струменіў сок, перамешаны з крывёю і пракаветным духам усёй крывіцкай зямлі.

Павольна, але ўсё больш упэўнена ігумення пачала знаходзіць у сабе тое галоўнае, дзеля чаго сёння, праз столькі гадоў пасля смерці бацькоў, вярнулася яна да маўклівай лясной Лагвянкі, і гэтае галоўнае было нечакана простым і прынесла душы невымерную радасць. З-за блізкіх карчоў за ўсімі сяльцовымі насельніцамі цікавалі халодныя, зялёныя вочы вечнага лесу. Праз усю яе, такую цяпер прасветленую, праходзілі шчымлівыя лясныя гукі і пахі, адчуўшы якія, нарэшце падалася па дарозе наперад. А можа, паклікала яе, Еўфрасінню, у гэты лес успамінаў душа Савы? Каб нарэшце паспавядацца і паспавядаць. І распытаць пра ўсё.

Дрэвы падыходзілі і абступалі дарогу ўсё шчыльней. Пільна ўзіраліся ў яе пражытыя гады, у яе, напоўненыя жыццём і смерцю, вочы і збалелае сэрца. Кожны лісцік трымцеў, як агеньчык над вялікаю свечкай. Тады падняла вочы і ўбачыла ў гэтым шматгалосым Божым храме сваю ціхую душу і пачула сваю новую малітву: «Маці Нябесная, ці чуеш пакуты мае і ўспаміны балючыя? Ці бачыш, як брыніць па жылах кроў? Маці Нябесная, злітуйся, пералі яе з жылаў маіх у крыніцы, што натоляць плоднаю сілай улонні мацярок зямлі крыўскай. Злітуйся над душою зямлі мае роднай, Царыца Нябесная...» Дрэвы цягнуліся ў вышыню. Да неба і памяці. І ўсё гэта былі іх, Еўфрасінніны і сяльцовых манашак, дзеці. Яе і яшчэ нечыя ўнукі і праўнукі. Яе і яшчэ нечыя крыўды і праўды. Азірнуўшыся, змеціла блізу сябе Вольгу: не тоячы ўзрушэння, юніца-ваярка азіралася шырока расплюшчанымі вачыма. Быццам выбірала ў зялёным царстве новую сцежку.

— Усё бачнае на гэтым свеце прыгожае і слаўнае, Вольга, але хутка, як сон, мінае. Завядае, бы кветка.

Тая, аднак, нечакана адвярнулася: пільны позірк змеціў, як блізка ад дарогі, па якой ужо рухалася падвода з напакаванымі мохам ношкамі, на якіх сядзелі чарніцы, шахнула сівая здань. Адно ігумення ішла ўзбоч па высокай папараці і, паглыбленая ў свае думкі, працягвала:

— Вечнае ж і нябачнае вякі прабывае. Як у Пісанні сказана: «Ні вока не бачыць, ні вуха не чуе, ні на сэрца чалавеку не прыйдзе, што ўгатаваў Бог тым, хто любіць яго».

Усе чакалі, калі Вольга праверыць выезд з лесу. Чалядніца нават прыкрыкнула на ленаватага каня. А Еўфрасіння ажно ўгнулася ад вострага болю з левага боку.

Заплюшчыла вочы. Да слыху выразна данеслася далёкае і амаль забытае: «Прадслава!»

Павозка гучна рыпела, але ценькі голас маленства не аддаляўся.

І раптам, калі рыпенне колаў і ўзрушаныя перамовы сёстраў нечакана сціхлі, як удараная трывожнай цішаю, міжволі падняла позірк і сама. Спынілася, чуючы адно гулкія ўдары ахопленага жахам сэрца: на лясной дарозе, грозна застыўшы перад Вольгаю, стаяла вялізная ашчэраная ваўчыца.

...Потым расказвалі... І чалядніца Еўпраксія. І тая маладзенькая паслушніца, што гэтак неасцярожна варухнулася і ўскрыкнула. Конь, не слухаючы лейцаў, імгненна стаў на дыбкі і панёс павозку ўбок. Зрэшты, і ўласная памяць захавала момант, калі лютая звярына стралой узвілася насустрач зніякавелай Вользе, якая не паспела нават выхапіць меч. Змеціла і бліскавічную здань, што тут жа рынула з-за соснаў насустрач зверу.

...Магутныя дрэвы высіліся над людзьмі, паўстаючы з багуну і разлапістага, ледзь не да самага днішча павозкі, папаратніку. Ад лясной дарогі несліся звярынае хрыпенне і роспачныя крыкі. Праз прагалы між дрэвамі было відаць, як на дарозе, сашчапіўшыся ў смяротным паядынку, змагаюцца двое. Звер і чалавек. Вольга, падняўшы меч, напружана чакала зручнага моманту. Нарэшце данёсся жахлівы хруст.

...Ігумення ішла па дарозе, хістаючыся. Следам, гэтак жа моўчкі, ценіліся разгубленыя сёстры. На ўтравелай лясной дарозе ляжаў, шырока раскінуўшы рукі, сапраўдны волат. Густыя, усё яшчэ агністага колеру валасы і сіваватая барада ляснога заступніка былі заліты крывёю і хвалямі падалі на прыкрытыя заечай світкаю грудзі. Вочы былі заплюшчаны, у горле зеўрала глыбокая рана, з якой біў струменьчык цёмнай крыві. Крыху воддаль, разявіўшы зяпу, ляжала ваўчыца з патрушчаным чэрапам. Да ігуменні, якая моўчкі пазірала на ўкленчаную перад вешчуном Вольгу, сыходзіліся сёстры. Касіліся на скрываўлены меч, што ляжаў на карэннях. З жахам пераглядваліся. Еўпраксія войкнула. Пэўна, таксама пазнала Валодшу. Але менская князёўна так горка плакала, што сёстры зніякавела адступілі. Злавіўшы спасцярожлівы позірк ігуменні, Еўпраксія тут жа дастала з глыбокай дарожнай кайстры малітоўнік, які заўсёды насіла з сабою. Да высокіх густых вяршалін пачала ўзносіцца пяшчотная развітальная малітва. Лес падхопліваў дзявочыя галасы перазвонам казюрак і птушыным шчогатам. Вольга, схіліўшыся над вешчуном, бясцямна шаптала горкія словы нязбытнай пяшчоты і ўвесь час паціху выцірала слёзы...

 

РАЗДЗЕЛ 29 (сакральны). Крыж Лазара

У Сяльцо Вольга вярнулася толькі нараніцы. Падзужаная нядобрымі прадчуваннямі, спяшалася. І яшчэ здалёк змеціла, што манастырскі падворак перапоўніла цэлая гурма народу. Потым згадвала... Пальцы, сціскаючыся на ручцы мяча, закляклі. Радняны падкаўнерык нацёр шыю. Нехта спалохана выгукнуў: «Агненніца!» Удавала, быццам і не змеціла іх страху. Адно ігумення паверх галоў удалеч узіраецца. Звыклы да цішыні невялікай майстэрні, Богша пры такой людской гурме не асмеліўся нават падняць вочы. Зніякавела азіраецца спадылба. Убачыўшы Вольгу, нарэшце рашуча ступіў разам з ёю колькі крокаў наперад. Да Еўфрасінні. Нехта зноў спалохана прашаптаў: «Агненніца!» Адна ігумення нічога не бачыць. Стаіць на ўзвышэнні, полы хламіды ад ветру развяваюцца і шархацяць.

— Дачакаўся люд полацкі на векі вечныя абярогу. — Задумаўшыся на хвілю, прытрымлівае Богшу за рукаво. — Нізка кланяемся табе, майстра.

Толькі цяпер, здаецца, і змеціла Вольгу, усміхнулася. Паказаўшы ўсім блішчасты, золатам і камянямі яркімі аздоблены, крыж, падымае яго высока над галавою:

— Назаўжды з намі крыж гэты. Асвячаць людзей сваіх, нас усіх, будзе — часцінкамі драўніны, на якой укрыжавалі Збаўцу. Святлом мошчаў святых.

...Імчыць Рымша з Запалоцця. Азіраецца на ляту, быццам хоча ўпэўніцца, што князь Барыслаў і дружына не адстаюць. Гоніць перад сабою на плошчу жоўты клубок дарожнага пылу. Месцічы кашляюць і адступаюць.

— З якога часу прысвойвае абіцель тое, што належыць толькі князю Барыславу?!

— Гэта я запытаю ў вас! — Ігумення, не зводзячы з запалоцкага князя гнеўнага позірку, ажно пабялела. — З чые ласкі гэта князь хоча выкрасці тое, што толькі храму Багародзіцы належыць?!

— Ці не мы цэлы гарнец срэбра пасылалі табе, Богша? Скажы.

Той, вінавата адвярнуўшыся, прашаптаў:

— Не хапала крыху, уладычыца. Пазычыў.

— А пакажы таго, Рымша, хто не ахвяраваў Полацку на крыж?

...Кметы ўжо сталі ў два рады, забразгалі мячамі ў акаваныя меддзю шчыты.

— Што наша — тое наша!

— І запісана: «Ды не знясецца з манастыра крыж гэты! Яка ні прадаць, ні аддаць нельга яго!» — Азірнуўшы кметаў, падвысіла голас: — «...ашчэ хто прэслухае і знясе, ці ўладыка, ці князь, ці епіскап, ці сама я, ігумення... Акі дзярзне хто...»

Князь Барыслаў, выступіўшы наперад, грозна скіраваўся да ўзвышэння, але перад ім усё яшчэ стаяў Богша. Адно толькі ігумення, здаецца, нічога не бачыць:

— Ды не будзе зламысніку ніколі памочнікам святы крыж наш ні ў гэты век, ні ў будучы, ды будзе скрадніку пакаранне Юды, што Хрыста прадаў!

Запалоцкая дружына спалохана хітнулася назад.

— «...ды пракляты будзе таць той...» — Да Богшы, што ні на паўкроку не адступіў перад Барыславам, бег, падымаючы дзіду, соцкі Рымша. Спяшаўся, аднак праз хвілю, трымаючыся за скрываўлены бок рукамі, здзіўлена адступіў ад маладога воя ў драцяной сарочцы:

— Агненніца, ці вартыя яны ўсе? За што?

Хістаецца, убачыўшы, што з меча Вольгі капае кроў. Узрушаныя дружыннікі, падхапіўшы соцкага, таропка адводзяць таго да павозкі. Крычаць, гатовыя кінуцца і на Богшу, і на ігуменню, але перад пікамі зноў стаіць, падняўшы меч, маладая ваярка ў доўгай драцяной сарочцы. Здаецца, адно крутнулася на адным месцы віхрам, а дзіды, патрушчаныя, уміг разляцеліся. «Агненніца!» Адступаюць, уведаўшы незвычайнае ўмельства і дзівосную сілу...

— Развяла ў абіцелі семя д’яблава, ігумення! Барыслаў задыхаецца: Не сееце, не жнеце, дрэваў не валіце, дарог не мосціце, жорнаў не рухаеце. Звоны толькі паўсюль у абіцелі тваёй, ігумення. Мазідлы, буквіцы, пергамены. А паміж абалонак што там? Д’яблаў хаваеш?

Падняла крыж яшчэ вышэй.

— І сеюць, і жнуць, і дарогі мосцяць у абіцелі, князь. Толькі вось, Чые служкі яны, сейбіты і жнеі Духу?

Блішчыць пад сонцам крыж

— То хто ж яны, скажы, хараства лаўцы, Барыслаў?

Павяла вачмі па людскім збоі на падворку, і ўсе адразу ж ухвальна загудзелі. Прасталюдзіны і чарніцы — найбольш у войлачных каптурах, у падвязаных вяровачкамі світах, у манаскіх шатах; босыя ці ў простых хадачках.

— Кім адораныя прарокі нашы, валадары пэндзляў і спеваў? Чые пасланцы, майстры-дойліды краю нашага, летапісцы-схімнікі, абраннікі мудрасці? Чыё царства будуюць са слоў і колераў, княжа? Хто ўкладае ў вусны іх вечныя словы?! Хто падае пёры і пэндзлі майстрам, братам і сёстрам маім юродзівым? — Падвысіла тоны голасу: — Ім, гнаным па ўсіх скрыжаваннях, яка дзеці бязродныя?

Павярнула голаў да Барыслава:

— Думаеш, князь запалоцкі, уладу ў руках трымаеш? А сіла ўся — у тых, хто валодае жыццём праўдзівым, пахамі-колерамі, словамі яго, мыслямі чалавечымі. Над часам, што ляціць, нас усіх у яміну сызпеклую цягнучы, уладу яны маюць. Бо ў леты глыбокія зазіраюць. І там застаюцца. Такая сіла ім дадзена. Таго нам, князь, не ўразумець. Можна і жыццё ў гаротнага забраць. А дар Боскі — як адбярэш? Не змелеш, не злушчыш, у печы не звугліш, за кратамі ў порубе не сагнеш.

— Сагну, калі захачу. Талент усялякі хвалёны — мяккі і палахлівы...

Паток тых, хто прыкладваўся да крыжа, быў бясконцы, аднак ігумення, адвярнуўшыся ад запалоцкага князя, пазірала толькі на Богшу:

— Ці хоць ведае хто-небудзь з вас, майстра, Чыю вялікую любоў і Чыю славу, Чыю пакуту бязмежную прамаўляеце і нясеце вы ў свет сваёй неспасцігальнай сілай?

Некалі цёмныя валасы Барыслава сталі зусім сівымі, і іх даймае пругкі вецер. Стаіць перад ігуменняю, засунуўшы тронак бізуна за шырокі пояс, а тая не зводзіць вачэй з Богшы:

— Чые ж слугі і найміты, Чые браце і сёстры вы? Кім, майстры выбітныя, пакліканы?

Ці гэта воблакам і дзядзінцам, плыткай ракою і шатамі лесу, што акружыў Полацак з усіх бакоў, ці, можа, птушыным крыллем над царквою Багародзіцы, разгушканымі спевамі сёстраў-манашак, выдыхае:

— Спасам...

Узвіваецца, падступіўшы яшчэ бліжэй, Барыслаў:

— І цяпер — першаю над усімі быці хочаш? Усё жыццё маё атруціла!

...Рэзкі ўзмах рукою — і апусціўся на грудзі ігуменні меч. Здалося нават — высек, пад роспачны галас вернікаў на падворку, іскры. Адно пабялела яна і хітнулася. Устаяла. Паляцелі долу рассечаныя шаты. Роспачны галас пралунаў над Сяльцом. І тут жа аціхла прастора. На ігуменні былі жалезныя вярыгі.

Паломніцкае

 

...Галілейская павозка тарганулася, але ніхто на гэта не зважаў. Адно кніжнік, азіраючыся, пачаў нешта мармытаць пад нос:

— І сведчана мною, кніжнікам ігуменні Еўфрасінні Костаю, што прыбылі госці полацкія ў Візантыю разам са слугою імператарскім Асанам у месяцы кветні і прадсталі прад імператрыцаю Марыяй, няхай доўжыць Гасподзь леты яе, сядзелі пасля да поўначы ў бібліятэцы. — Хвіліну перадыхнуўшы, зноў зашаптаў:

— Былі перад тым Еўпраксія-сястра, Давыд і ігумення ў склепе Лукі святога, мяне за сабою паклікаўшы. Казала там ігумення, быццам і дапраўды прыбачыла ў сяйве скляпення бацьку-князя Ягоргія. Казала так: «Не адно клопаты свае горкія ў сэрцы прынесла табе я, але — казань ад сэрца. Жывот увесь свой, княжа-бацька, я Полаччыне аддала, а да міру так і не дасталася. Хацела вочы адчыніць люду нашаму крыўскаму, а толькі яшчэ болей заплюшчыліся ад скрыўджанасці і галечы. Душы мысліла лячыць, бацька, а даводзілася раны гаіць крывавыя. Казалі ўсе: «Адступі, не пярэч, не гняві!» Забылі, балесныя: толькі перад Госпадам адступаю. Забылі, недамысльныя, што толькі волі Гасподняй паклікана не пярэчыць. І толькі Госпада ўгнявіць баюся. Кідалі зроднікі ў вочы пяском, крычалі ўхваліць хцівасць і ліхаімства: «...адчыні спраты манастырскія, аддай золата-серабра!» Грызліся між сабою, забываючы — сваё багацце ёсць у душы манаскай — воля і ласка Госпада нашага. Ганцоў з мячамі і агнём пасылалі да мяне, бацька-князь: то, маўляў, не пярэч князю вялікаму, калі дружыну ў паход збірае, то — не гняві баяраў. Што да таго табе, маўляў, калі засякаюць насмерць дворных, гвалцяць юніц, бэсцяць атракавіц, разворваюць нарогамі помсты чыстае поле зямлі крыўскай! І, каюся, адступала, адварочвалася. Ці прабачыш мяне, няўдалую, бацька-княжа?»

Глуха закашляўся:

— Так і казала. Толькі ж не праўдзівае тое, што нагаворвала на сябе ігумення. Бо пярэчыў пасля Міхал сівабароды, мне дыхтуючы: «Блаславёны Гасподзь, Бог Аўраамаў, Бог Ісаакаў, не мёртвых Бог, але жывых. Бо праведнікі навекі жывуць, як пісаў Саламон у сваіх прытчах, і ад Госпада мзда іх і патраенне іх ад Усявышняга; таму і прымаюць яны вянкі з рук Госпада».

Павозка зноў тарганулася, і вотрак заспяшаўся:

— Казаў так Міхал: «Збярыцеся ж усе, хто жыве падобна анёлам у пустынях і горах: старыя — адрынуўшы немач сваю, вотракі — скачучы, яка алені. Прыйдзіце ўсе. Бо хачу прапанаваць вам трапезу, якая ўзвесяліць душу і ўмацуе розум на подзвігі дабрачыннасцей. І, адкрыўшы вушы свае і ўмякчыўшы нівы сэрцаў, прыміце ў іх семя шматлікаратавальнага жыцця ігуменні гэтай, подзвігаў і працы і любові яе да Бога».

Вецер з пустыні сыпнуў у вочы маладзёну гарачы пясок, і той зноў асіпла закашляўся.

— Так казаў мне ігумен Міхал. А сама Еўфрасіння, перабываючы ў Царгорадзе, шмат што ўпадабала. Палац імператарскі з партрэтамі ў блішчастых рамах — Алексіса Першага, Базыліюса, Раймонда — прынца Антыёхіі. Царкву Сафіі Святой — высокую, з калонамі наверсе; а ў самім купале ажно сорак зашклёных колерамі рознымі акенцаў. Помнік велічны імператару Юспініяну, пра што казала пры сустрэчы самой імператрыцы і патрыярху візантыйскаму і канстанцінопальскаму Хрысавергу.

Кніжнік, азірнуўшыся, уздыхнуў. Спадарожнікі яго ўсё яшчэ ціха драмалі і нічога не чулі.

— А мне, Косце, прызналася яшчэ ігумення, што найбліжэй сэрцу яе — лілеі візантыйскія, дзівосна белыя і вялікія ў вазах прысценных, на якія адусюль падае святло ад абразоў. І яшчэ — кандалябра залатая з васьмю свечкамі.

Ён, пэўна, павысіў голас, бо адразу ж адчуў на сабе позірк. Аднак не азірнуўся, яшчэ мацней прыціснуўшы да грудзей свой тоўсты фаліянт.

— Вось тады і сказаў князь Давыд, у бібліятэку зазірнуўшы, быццам імператрыца ігуменню кліча. Дапраўды, усё было б добра тады ў палацы, бо мудрасцю ігуменні полацкай усе захапляліся. З самой імператрыцаю і дочкамі ейнымі, прынцэсамі Ганнай і Марыяй, яна добрую мову займела. Прынца Алексія на руках патрымала. Усё было б добра, калі б не Андронікус, старэйшы брат імператара. Папраўдзе, яму-то і належала быць на троне, Андронікусу. Толькі ж бацька Іаан, ухваліўшы нораў высакародны і ваярскі дух малодшага з сыноў, аддаў уладу Мануілу, у якога да таго ж сапраўдны спадчыннік хутка нарадзіўся. Не ў лёгкую пару гадавацца мусіў. Бо пакінуў якраз Мануіл і дзяржаву, і імператрыцу з навародкам, спадзеючыся толькі на ласку Божую і генерала варты, які аніяк не хацеў сварыцца з зайздроснікамі двума іншымі прынцамі крыві каралеўскай. Сышоў Мануіл на уграў, і грэх было не скарыстаць такі зручны момант. Сам я, Коста, седзячы тады ночаю разам з ігуменняю Еўфрасінняю ў бібліятэцы, бачыў, як праз залу ценню прашалясцеў у сваім начным плашчы адзін з прынцаў. Здзівіўся я тады, бо ніводнага з іх дасюль у бібліятэцы так позна не бачыў.

Замыляў вуснамі, нібыта працягваў гаварыць у думках.

«Пасля і пачаўся ў палацы той галас. Нават палачан абвінавачвалі. Быццам бы хацелі маленькага нашчадка імператарскага Алексіса скрасці. Але там іншыя таці рупіліся. Не ўдалося! Дыхтаваў мне, Косце, тады, калі ўжо імператрыца сама за гасцей, гнеўна зіркаючы на Андронікуса, заступілася. Казаў тады мне ігумен Міхал: «І ўбачыла Еўфрасіння вялікі статак агніц, ёю сабраных; старэйшых вучыла цярпенню і ўстрыманню, юніцаў навучала чысціні душэўнай і скудзіне цялеснай, дабранраўнаму посту, упакорліваму поступу, замірэннаму голасу, дабрачыннаму слову, бязмоўнай трапезе, каб пры старэйшых — маўчаць, мудрэйшых слухацца, быць упакорлівымі, аб любові да роўных і ніжэйшых гаварыць мала, а многа разумець. Быў Госпадам дадзены ігуменні гэтай дар: калі хто-небудзь пытаў парады — то яна яму адказвала, чаму трэба навучацца, і хто тых парадаў слухаўся — паварочвалася з ім усё на добрае». Пасля таго начнога перапалоху ігумення полацкая яшчэ доўга не магла ацяміцца. Аднак гэткія ўжо ў палацах нашых парадкі... Вось якраз і ўвайшла ў бібліятэку тады яна. Вольга. Залатавокая і ўсмешлівая, ні на кога не падобная князёўна менская. І назаўсёды забрала ў мяне сэрца. Быццам у тумане яшчэ быў, калі пісаў на пергамене за ігуменам Міхалам: «...якой моваю, брація, годна ўславіць светазарную нявехну Хрыстову Еўфрасінню. Бо ёсць яна памочніцаю скрыўджаным, скрушным — уцехаю, нагім — адзежаю, хворым — лекаваннем, а папросту кажучы — для ўсіх ўсё яна».

Спяшаўся ігумен казаць, бо прадчуваў блізкае завяршэнне шляху. Спяшаўся сам і мяне, неслухмянага, прыспешваў, адрываючы ад мрояў пра залатавокую. Казаў пісаць: «Еўфрасіння сэрца сваё наталяе прамудрасцю Божай, яка няўвядальны квет саду райскага. Яка арол небаўзносны яна, крылы расхінуўшы з захаду да ўсходу, яка промень сонечны, прасіяўшы ўсю зямлю Полацкую...» Спяшаўся, быццам ведаў, што дапраўды нядоўга яму застаецца. Але пра тое мала тады я думаў, заняты толькі залатавокаю.

Ці не з-за яе, падумае нехта, і цяпер пакіраваўся ў гэтую подараж у Ерусалім? Але ж не! Каюся! Атручаны я. Забраны пакутай. Млоснай і пякучай. ...Каюся, Госпадзі».

Пульсар устаўкі. Канстанцінопаль

...Ноч, і паўсюль у нішах сценаў бібліятэчнай залы ў імператарскім палацы гараць свяцільнікі. За адным са сталоў, побач з Костаю, Міхал. За другім ігумення Еўфрасіння. Перагортвае старонкі вялікай кнігі. Змеціла: Коста ўсміхнуўся.

— Нават я сам «Намаканон» гэты, звод царкоўных законаў візантыйскіх, доўга расчытваў, — Дадаў няўпэўнена: — У перакладанні, здаецца, Кірылам і Мятодзіем.

Давыд, таропка ўваходзячы ў бібліятэку, чамусьці трывожна азірнуўся:

— Імператрыца ігуменню кліча.

— Разам пойдзем.

— Пашто ўсе? І сама мудрая.

— Разам. Трывожна мне.

— Я — не змог бы! З гэтай...

— Давыд! Кажаш пра саму імператрыцу...

— ...прынцэсы... Ганна... Марыя!

— Паломніцтва навука дыпламатыі. Хіба не зразумеў?

— Пашто ўсім ісці, калі цябе адну просіць? І прынца Алексія на руках патрымаеш...

— Ад маладосці яшчэ слабасць духу твайго. Алексій — спадчыннік.

— Ці доўга пражыве?! Самага важнага не бачыш, ігумення. Мануіл далёка. А імператрыца з сынам толькі на Госпада і генерала варты спадзяецца. — Міхал глуха кашлянуў і адвярнуўся.

— Чаму не бачу?.. Бачу!..

— Генерал, ігумення, і праўда аніяк не хоча сварыцца з двума іншымі прынцамі. Я гэта даўно, хоць і ў бібліятэцы сяджу; уцяміў.

— І ўсе гэтыя кнігі ты прачытаў? — Міхал, зірнуўшы на Косту, паказаў рукою на застаўленыя кнігамі бясконцыя паліцы.

— Дзіва! Колькі летаў тут ужо...

— Цяпер разам з намі ў Ерусалім пойдзеш.

— Калі воля ігуменні будзе.

— З нашай абіцелі ўзяты, значыць, мая воля для цябе — усіх законаў звод.

— Калі слова ігуменні будзе!

Міхал ужо ледзьве стрымліваў успышку гневу, косячыся на засяроджаную ігуменню. Коста, аднак, упарта сціскаў вусны. Але вось зарыпелі вялікія дзверы, і ў бібліятэку нечакана зайшла Вольга, убачыўшы якую, Коста тут жа зніякавела адступіў і апусціў галаву.

А Вольга, зноў азірнуўшыся, міжволі спыніла позірк на вялізным пергамене ў вішнёвых скураных вокладках, які Коста так і не выпусціў з рук. Вольга, аднак, ужо зірнула на ігуменню:

— Усё сабрана. Можам ісці. — Скасілася на пачырванелага Косту. — І кніжнік — з намі?

— Пайду. Калі з табою.

«Адчыні трымпілівыя брамы свае. Іду, недасяжна, у шаўковы лес млосных валасоў тваіх...»

Такі нечаканы тут спеў Валодшы даляцеў, здаецца, з горняй вышыні, і Вольга міжволі пацягнулася рукою да похваў з мечам пад доўгім крысом хламіды. Азірнулася, зноў змеціўшы на твары Косты яркую чырвань.

...Праз бібліятэку нечакана паспешліва, адно хітнуўшы крысом чорнага плашча, прабег старэйшы брат Мануіла прынц Андронікус.

— Імператрыца ігуменню да сябе просіць!

— Ці толькі ў Ерусалім яны ідуць? — Андронікус незадаволена кашлянуў.

...У пакоях імператрыцы генерал імператарскай варты і прынц Андронікус. Тут жа, блізу Еўфрасінні, сцішыліся палачане. Да зніякавелай Еўфрасінні схіляецца генерал варты:

— Уначы малога Алексіса спрабавалі выкрасці.

— І якія доказы такіх падазрэнняў, прынц?

— Чаму ўвесь час у бібліятэцы?! А тая, як вядома, суседзіць з пакоямі нашага

дарагога пляменніка.

— Дзе ж яшчэ знаёміцца з кніжнай мудрасцю, як не ў бібліятэцы?

— А чаму — начамі?

Запытальна глянуўшы на імператрыцу, ігумення ўрэшце атрымлівае дазвол лёгкі ківок галавою і паварочвае галаву да Андронікуса.

— Пры спазнанні мудрасці кніжнай не спыняюць чалавека межы быція. Ні ва ўзросце... Ні ў зменах вёснаў і зім. Ні ў бегу начэй і дзён.

Малады і гарачы Давыд, гнеўна зірнуўшы на Андронікуса і ўжо не зважаючы на папераджальныя позіркі ігуменні, не вытрымлівае:

— Калі і патрэбна камусьці знікненне нашчадка імператара, то не нам... Генерал схіляе галаву да ігуменні.

— У палацы былі і пасланцы ад Тазіта. А значыць, у гурце вашым паломніцкім,

ігумення, ёсць той, хто — звязаны з Тазітам.

— Пра што, генерал?

— Пра магчымасць знаходжання ў вашых дарожных рэчах гольмгардскага скарбу.

— Сляды яго даўно згублены.

— Цяпер не думаю так!

Зрабіў ледзь бачны ківок падначаленым — і варта імгненна выпрасталася. Імператрыца, аднак, ужо гнеўна перавяла позірк з Андронікуса на Давыда, Вольга амаль непрыкметна пацягнулася пад крысо дарожнага плашча да меча.

Азірнуўся і Асан, з надзеяй пазіраючы на бакавыя дзверы.

А тыя і праўда шырока расчыніліся. Пачуліся гучныя ўпэўненыя крокі.

У залу ўвайшоў патрыярх Хрысаверг, убачыўшы якога, Еўфрасіння міжволі

ўсміхнулася.

— Час, ігумення!

— Час, уладыка...

 

ЭПІЛОГ

«Дзеці мае, — я зноў дзеля вас у пакутах народзінаў, пакуль вобраз Хрыста не аб’явіцца ў вас!»

Новы Запавет. Псалтыр. Пасланне Апостала Паўла да Галятаў. IV: 19.

 

ЧАСТКА ДЗЕВЯТАЯ

— А на гэты раз адкладзіце ўсё: гнеў, лютасць, ліхаслоўе, кляцьбу з вуснаў вашых. Не хлусьце адно аднаму, бо вы распранулі з сябе старога чалавека з дзеямі ягонымі.

— Ці да ўсіх прамаўляеш, ці да мяне толькі?

— ...бо апрануўся кожны ўжо ў новага чалавека, які абнаўляецца ў спазнанні паводле вобраза Стваральніка.

— Хіба абнавіліся?

— Ідзём, Еўфрасіння.

 

РАЗДЗЕЛ 30. Дзева галілейская

Галілейская павозка, натужна ўздыхнуўшы, нарэшце спынілася. Валы стаялі перад самым манастыром, і Вольга, злавіўшы патрабавальны позірк ігуменні, падступілася да варотаў. Нямоцна пастукалася. Але ніхто не адказваў. Паломнікі, сыходзячы на зямлю, з надзеяй пазіралі на Асана. Адно ігумення нетаропка адышлася да камянёў і адкрыла Евангелле. Услед за ёю адразу ж укленчылі і іншыя.

...Вароты пачалі адчыняцца, калі малітва ўжо завяршалася: усе, пасмягшы, міжволі кінуліся да ўвахода ў абіцель. Але тут жа, шырока расплюшчыўшы вочы, адступілі назад. Тыя, што сустракалі іх, былі наўздзіў цёмнымі, цёмнымі, як ноч, дзевамі-галілейкамі. З суровымі позіркамі глыбокіх насцярожаных вачэй, ацененых наўздзіў бялюткімі хрусткімі каптурамі.

...Цемнаскурая, з тоўстымі вуснамі і схопленымі на лобе раменьчыкам кучаравымі валасамі старэйшая дзева манастыра, што ўжо выходзіла з гурту сёстраў, насустрач, годна прыняла ад полацкіх паломнікаў залаты крыжык. І адразу ж адправіла ўсіх з чараговаю сястрой да купальні. Затым, ціха перамовіўшыся з Асанам і хітнуўшы складкамі шырокага балахона, па гулкім калідоры прывяла Еўфрасінню ў даволі прасторную гасцёўню. Не прыпыняючы гаворкі, што распачалася яшчэ па дарозе, прапанавала гасцям сесці на мяккія візантыйскія пуфікі наўкруг засланага аксамітам нізкага стала. Наліла ў піялы казінае малако.

— Бойцеся пустыні, ігумення.

— Усё жыццё наша, як пустыня, сястра. Ідзём і бясконца абдзіраемся да крыві. А я?.. Я ўжо такая перабытая... Чаго мне баяцца ў гэтых пясках? (Падняла галаву ў выпаленым сухавеямі каптуры.)

— Хіба ігуменні нагадаць? «Тады Ісус быў зведзены Духам у пустыню, на спакушэнне ад д’ябла...»

— Я адолела амаль усе свае дарогі, сястра, ад Полацка да магіл у склепе святога Лукі. І даўно ўжо старэйшая за сваю маці, якая так і не вярнулася з Царгорада, куды з бацькам была выслана... (Задумалася.) Але ж гэта было так даўно. Зрэшты, у вас бываюць адтуль госці?

— З Царгорада? Вядома. Чулі нават пра вашу зямлю... — Дзева ўздыхнула. — Толькі быццам вельмі дзікая яна. Людзі, як звяры.

— Звер — той, хто шукае сабе нару ў людскіх душах, як пісаў Васіль Кесарыйскі.

— Людзі заўжды асуджаюць іншых залішне паспешліва. Без роздуму, без спачування. Асабліва калі маюць у руках уладу і багацце.

— Слава зямная — прах і попел. Знікае, як падманная пара. І горш павуціння абблытвае людзей. Слабасці плоці часам мацней за сілу духу.

— А колькі такіх, што асуджаюць бліжняга, думаючы толькі пра ўласныя, перажытыя з-за некага, пакуты. Ужо забылі пра Ягоныя раны.

— Я даўно зразумела. (Скрушна хітнуўшы галавою.) ...той, хто толькі асуджае, ніколі не спасцігне провіду Боскага. Але скажы, сястра, з іменем Чыім так хутка мяняецца свет?! (Падвысіўшы тон.) Так будуецца Рым. Так падымаюцца германы!

— Храмы там, і праўда, высокія (Скептычна.) Шмат бляску! Але да бляску хінуцца толькі найміты веры!.. Тыя, што многа гавораць пра Госпада. О, як многа гавораць. Аднак аплаты за сваю любоў не цураюцца. І чым вышэйшы сан і болей бляску, тым большая аплата патрабуецца. (Ціхі смех абедзвюх.)

— Але ж на каго падае гэты бляск, шаноўная? На Хрыста? На Яго крывавыя раны? Ці дзеля такога, ігумення, наш Уладыка пайшоў на ўкрыжаванне?!

— Любоў дзяцей да Айца павінна быць дарункам сціплае душы. Вы гэта мне хацелі сказаць? А можа, асабліва гордыя рабы, акружыўшы сябе тым бляскам, пра які сястра мне гаворыць, хочуць упадобіцца Боскім прарокам? Каб узвысіцца над іншымі людзьмі.

— А значыць, хочуць настаўляць і судзіць іншых? Сама цяжка бачыць, як годныя, здавалася, вернікі пускаюць у душу атрутных чарвей... непамерную пыху і хцівасць, што выпіваюць з плоці агонь жыцця.

— Не будзем такімі суровымі, сястра. Усе мы Ягоныя дзеці.

— І ўсё ж асцерагайцеся нашых вятроў і пясчаных прывідаў, ігумення!

— Пясок жыцця выядае вочы. Гэта праўда. (Самотна.) Але калі ідзеш да ўкрыжавання, думаеш ужо пра іншы край пустыні. А вы яшчэ такая маладая. (Заплюшчвае павекі.) Вам думаць пра тое рана...

Асан пачаў цярпліва ператлумачваць усё, што Еўфрасіння расказвала пра свой край і манастыр у Сяльцы, і галілейка, такая важная ў сваім белым покрыве, толькі здзіўлена падымала бровы і прасіла гасцей падліваць у піялы казінае малако. Сама сядзела блізу вялікага цісовага ўкрыжавання з высока паднятай галавою. І Еўфрасіння міжволі змеціла, што пры такім суседстве старэйшая дзева гэтага сястрынскага прытулку таксама была быццам агорнута тым бляскам, пра які яны толькі што гаварылі. І, пэўна, пачувае сябе тут ледзь не галоўнай Хрыстовай абранніцай. Міжволі хаваючы ўсмешку, паднялася і зрабіла колькі крокаў па гасцёўні, спынілася перад фаліянтамі на высокім абчасаным камені. «Хронікі» Яна Малалы і Георгія Амартола былі і ў яе полацкіх зборах. Над перапісваннем тапаграфіі Касмы прасядзела амаль цэлую вясну. Змеціла Яна Сінайскага; былі на гэтай каменнай паліцы «Фізіялог» і, на першым месцы, «Шасцідзённы» Італа. Запытальна зірнула на гаспадыню: хіба забыла шаноўная, што гэты верны вучань Псёла пакланяўся адно Платону?

Дзева ўсміхнулася:

— А хто яшчэ так адкрыта асуджаў дэспатаў? Толькі дзёрзкі Італ!

Еўфрасіння стомлена схіліла галаву, чакаючы завяршэння Асанавага перакладу, і дзева ветлівым жэстам запрасіла ігуменню вярнуцца да стала. Слухала.

— Паднесеных гардыняю, сястра наша, мала хвалюе святое пакліканне, ад якога адышоў Юда.

— Але Юдзе сёння моляцца болей, чым Сыну Божаму, ігумення! І трымаюць нагатове тыя цвікі, што беззаконні^ выцягнулі са святых ранаў.

— Здаўна так. Ёсць птушкі, што сягаюць у неба, і ёсць тыя, што шукаюць для спажывы толькі падліну.

— Страсць садомская зацьміла нават Галілею! Усе пра тое ведаюць, але маўчаць. У святых пячорах пасяляюцца па двое ці з рагатай жывёлінай. Але ж не для таго, каб маліцца! Зямля разбэшчана, і ўсялякая плоць схібіла шлях свой на ёй.

Зноў пачалі гаварыць пра далёкую Полаччыну, і дзева нарэшце прапанавала, праўда, не вельмі ахвотна, наведаць іх шпіталь. Еўфрасіння адразу ж згадзілася, хаця не зразумела ні стрыманасці дзевы, ні настойлівасці Асана, які адразу ж пачаў адгаворваць яе ад наведвання. Пасланец Камніна амаль у адчаі паўтараў адно слова, сэнс якога Еўфрасіння так і не зразумела. Урэшце, старэйшая дзева настаяла на тым, каб госця спярша адпачыла, і Еўфрасіння згадзілася, падаўшыся за вартаўніцай да купальні.

...Ужо ў келлі, як толькі галава кранулася мяккай травяной падушкі, яна нарэшце задаволена парухала знямелымі за доўгі дзень нагамі. Пасля халаднаватай вады купальні з асалодаю выпрасталася на прыкрытай толькі тонкай коўдрачкай цыноўцы. Памяць перад сном вяртала то полацкія малюнкі, то жахлівыя згадкі пра шторм. З якой радасцю ўсе яны адчулі ўрэшце, што гойданка Міжземнага мора відочна слабее. І хаця хвалі яшчэ бушавалі, усе заставаліся на палубе пасярод моцнай, яшчэ неўтаймаванай калатнечы: перад вачмі то ўзнікалі, то зноў ляцелі ўніз цэлыя статкі калматых дзіваў з пачварнымі клыкамі і рожкамі над кучаравай пенаю. Вушы закладала ад рэзкага посвісту ветру; у бруднай каламуці раз-пораз успыхвалі, па-блазенску падміргваючы, чырвоныя вочкі пасланцоў апраметнай. Тады шчыльней тулілася да пляча дужага Давыда, пазірала на засяроджаную, укленчаную поруч Ксію. Шторм не хацеў адступаць, і здавалася, што смерць ужо так блізка. Але цяпер у гэтым ціхім галілейскім прытулку марское здарэнне бачылася Еўфрасінні крыху іначай. Недзе побач пасля сціплага пачастунку спалі яе выпетраныя стомленасцю спадарожнікі. Праз дрымоту згадак, прыслухаўшыся, можна было ўлавіць тонкія перазовы блізкіх адсюль пясчаных дзюнаў. «Не давярайце пустыні, ігумення!» Міжволі паціснула плячмі, адчуўшы, наколькі моцна яна змаглася. У прапахлай загусцелым цяплом і пажухлымі травамі келлі блымаў тонкі агеньчык свяцільніка. Каля цыноўкі на каменным століку, засланым шырокім вінаградным лісцем, стаяла піяла з малаком і ляжала некалькі фінікаў. Нават у забыцці ўсцешылася думкай, што разам з усімі нарэшце прычакала Святое зямлі. Тады супакоілася і, прыплюшчыўшы вочы, паплыла ў доўгачаканы сон.

..Яна прахапілася ад нядобрага адчування, што зусім блізка стаіць, чакаючы дапамогі, спакутаваны бяссоннем чалавек. Падняўшыся, таропка адхінула тонкую засцілку дзвярэй, выйшла ў калідор. Сэрца спалохана калатнулася. Насупраць келлі сапраўды нехта стаяў. Нарэшце прышлая павярнулася, і Еўфрасіння з палёгкай уздыхнула. Перад дзвярыма была Вольга — цяпер у простым галілейскім покрыве, забраным на сцёгнах тым жа, але ўжо без меча, поясам. Сэрца, аднак, па-ранейшаму трывожна сціскалася: вочы Вольгі, здавалася, нічога не бачаць.

— Ты не можаш заснуць?

Вольга скрушна кіўнула галавою.

— Даруй ігуменню сваю. Збіралася ўжо сама прыйсці да вас. — Вольга тут жа прыклала да шчакі далонь, паказаўшы, што ўсе спяць. — Тады ўваходзь.

Яна з Вольгаю ўжо стаялі на каленях, рыхтуючыся да малітвы, і Святая зямля тут жа адгукнулася з-за манастырскіх сцен ціхім перашэптам пясчаных прымараў. Але слых ігуменні нечакана ўлавіў мерны плёскат рачных хваляў, і да любасці знаёмыя гукі імгненна вярнулі яе ў жоўты полацкі поўдзень да паўнаводнай Палаты. Хвалі зноў і зноў плёскаліся, падганяючы шапаценне чаротаў. Відзежы памяці ставалі амаль відочнымі. Побач варухнулася Вольга. Тады, адно зірнуўшы ў яе вочы, уздыхнула:

— Калі мы яшчэ на зямлі, Вольга, то ўсе такія малыя. І ўсё добра бачым, добра чуем. Так нам здаецца. Але хіба не час усім здагадацца, што чалавек пачынае па-сапраўднаму бачыць і чуць толькі тады, калі слых і зрок падымаюцца да горніх вяршыняў? Я так даўно ўжо хачу, каб твае вочы і слых расчыніліся. І спасцігнулі святло. І зразумелі кірунак слядоў Ягоных. Але такая далёкая дарога яшчэ наперадзе.

Вольга, апусціўшы голаў, нечакана гучна, выразна пачала:

— Ойча наш...

— Ах, Вольга... — Вусны ігуменні ледзь выдыхнулі скруху...

Пасля малітвы, ужо збіраючыся ісці ў сваю келлю, Вольга нечакана таропка зняла пояс. Затым, расшнураваўшы яго яшчэ і збоку, выцягнула знутры пергамен.

— Ты цяпер толькі ўбачыла гэта, Вольга? — Еўфрасіння пазірала на начную госцю сурова, але тая адмоўна пахітала галавою. — Табе гэта перад самым нашым ад’ездам перадалі? — Вольга нечакана заплакала і зноў адвярнулася, паказваючы, што не хоча нават ведаць, што ў пергамене. — Ідзі, адпачні лепей. Заўтра — караван прыбывае.

«Ігуменні Еўфрасінні праслаўнай дазнанне ад пісца Ераміі. Сэрца вызваляючы, пішу табе, прасветлая Яшчэ тыдзень таму ўсё ведаў, але не змог распавесці. І цяпер дазвалення не маю. А ўсё ж пішу перад дарогаю тваёю ў зямлю Святую, дзе, можа, і мой грэх адмоліш. І дазналіся мы, ігумення найслаўнейшая, ад Рымшы, соцкага з Запалоцця, перад скананнем ягоным, бо рана страшная ад стралы ханскай прабіла грудзіну. І сказаў Рымша ў гарачцы, што ёсць між паломнікамі тваймі той, што скарб біярмійскі некалі скраў з абіцелі Сяльцовай. Доўга быццам бы тады вышуквалі і найміты біярмійскія, і ханскія паслугачы той скарб. Бо каралі святыя, каштоўнейшыя за ўсё іншае, там ёсць. Шукаў яго сам Барыслаў, прапануючы ўзамен чэрап-чашу, з якое віно з крывёю піў. Бо — чэрап то — першакнязя вашага, якога яшчэ хан забіў. Ведаў Барыслаў —усё багацце князі полацкія аддадуць, каб той чэрап займець і пахаваць па-хрысціянску, адводзячы нячысціка ад вотчыны. Толькі быццам бы нічога тады не ўдалося Барыславу. Адно перад ад’ездам вашым князь шапнуў, што з вамі недзе скарб той. Прагаварыўся. Якраз перад тым, як сышоўся на мячах з Кірыкам. Не дараваў жмудзін Алму князю. Не дараваў! Праткнуў грудзі Барыславу».

Сумна азірнулася, але зноў перавяла позірк на пасланне:

«Аднак і сам ляжыць цяпер на ложы смяротным. Памаліся за яго, ігумення. Бо паспеў запалоцкі аспід кінуць у супраціўніка нож атручаны. Забіць — не забіў. Толькі не падымаецца жмудзін тыдзень ажно... І не пісаў бы я, жыватом рызыкуючы, табе дазнанне гэтае, але памыслі, ігумення: ведаюць пра скарб і ханскія янычары, і віжы біярмійскія. Усе такія няшчадныя і жорсткія...»

Пульсар устаўкі. Барыслаў

На ложы ў запалоцкіх харомах пад коўдрамі убінтаваны ў тонкае скрываўленае палатно князь Барыслаў.

 

— Думаў, не прыедзеш, ігумення.

— Самае важнае кажы цяпер, князь.

— Ахрысці.

— Пакайся перш! Падае знак святару, і той адразу падыходзіць і, нахіліўшыся да князя, слухае, паступова цямнеючы тварам. Адступаецца, рыхтуе ўсё да хрышчэння.

— Усё жыццё з-за цябе, Прадслава, я... З-за вачэй тваіх згубных...

— Не гавары так многа, князь. — Паклала руку на скрываўленыя павязкі.

— Не маўчаў сэрцам ніколі. Куды б ні йшоў: «Прадслава... Прадслава...»

— Суцішся. Аслабнеш.

— Не ў добрую пару сустрэў цябе. — Па схуднелых шчоках каціліся частыя слёзы.

— Пашто так юніц губіў, пашто маладзіц з двароў зводзіў, князь? Пашто разбой сеяў паўсюль?

— Каюся... Каюся, Госпадзі.

— Прашу аднаго — каб пачуў Гасподзь цябе.

— ...клічуць!..Чуеш?..

— Маліся.

— Злітуйся над тацем, Гасподзь хрысціянскі! Каюся! Так многа было... Цалаваў. Бэсціў. А ў вачах — толькі адна стаяла. Толькі яе вочы бачыў...

— Супакойся, князь. Молімся...

— І там не адступлюся ад цябе, Прадслава...

— І хто ходзіць у ношчы, патыкнецца, яко несць святла ў ім. — Выцірала тонкім ручніком яго ўзмакрэлы лоб. — І хто ходзіць у дне, не патыкнецца, яко святло свету гэтага бачыць.

— Хрышчэння мне!

— Пакайся.

— Не маўчала сэрца. Куды б ні йшоў — усё адно толькі стукала: «Прадслава! Прадслава...»

— Тое, што прамаўляецца на зямлі,— прах і тленне, бо належыць толькі зямному.

— На грахах, як на конях ліхіх, па жыцці праімчаў! Каюся!

— А на гэты раз адкладзіце ўсё! — Азірнулася на святара, што ўжо чакаў яе каля выхаду.

— ...гнеў, лютасць, ліхаслоўе, кляцьбу. Не хлусьце адзін аднаму, бо вы распранулі з сябе старога чалавека. І апрануўся ўжо кожны — у новага чалавека, які абнаўляецца ў спазнанні паводле вобраза Стваральніка.

«...Выбачай .мяне, маламысльнага, калі надакучыў ужо ігуменні стары Ерамія, пісар епіскапскі. Але ж асцерагайся. Асцерагайся! Боскае літасці табе! А там, дзе ўжо чытаеш гэта, памаліся і за мяне. Бо адчуваю апошнім часам млосць вялікую ў нагах. І рукі трымцяць ад летаў халодных старасці мае. За сім...» }Урэшце дачытаўшы полацкае пасланне, задумалася, але тонкая посцілка нечакана расхінулася, і ў келлю зазірнула старэйшая дзева манастыра. Запрасіла да выхаду.

Акружаны смакоўніцамі будынак поўніўся тонкім стракатаннем тысячаў не бачных нават птушкам казюрак, і Еўфрасіння адразу ж заспяшалася следам за маўклівай гаспадыняй абіцелі.

У двары міжволі азірнулася. Складзены з белага каменю манастыр быў акружаны даволі высокай тоўстай сцяною з варотамі. Нарэшце абедзве, гаспадыня і госця, не пабудзіўшы Асана, перасеклі двор, і Еўфрасіння пасля адпачынку ўжо ледзь не абганяла галілейку. А тая павярнула чамусьці не да бліжэйшай купкі смакоўніц, дзе ўзвышаліся збудаванні з шэрага туфу, а ў бок вялізных, бязладна раскіданых каля чырвонай скалы валуноў. Шпіталь і сапраўды размяшчаўся пад зямлёю ў даволі глыбокай каменяломні, спусціцца туды можна было па вузкіх, высечаных у скале прыступках. Патыхала вапнаю і старожкаю цемрай. Да таго ж увесь час трэба было трымацца за шурпатую сцяну. Спускаючыся ўслед за дзеваю, якая асвятляла шлях запаленаю свечкай, Еўфрасіння раптам спынілася: пад горла падкаціла такая даўкасць, што абаперлася плячмі аб каменны выступ. Дзева, змеціўшы нядобры стан госці, таксама прыпынілася. А Еўфрасіння ўжо моўчкі знерухомела, неўспадзеў змеціўшы пажадлівы бляск чырвоных вачэй у трэшчынах цёмнай сцяны. Гарачкава зашаптала малітву: чорная сіла ўжо біла з тых дзвярэй, да якіх яе так неахвотна вяла старэйшая дзева.

...Памяшканне галілейскага шпіталя асвятлялася толькі запаленымі ўздоўж сцен глінянымі свяцільнікамі; пасярэдзіне, пабліскваючы ў помараку, узвышаўся невысокі, высечаны з серабрыстага мармуру крыж. У глыбіні, каля невялікага вогнішча, сядзела чараговая дзева ў шырокім балахоне. Здзівіла іншае. У гэтым прасторным на першы погляд шпіталі, дзе было каля трыццаці альбо нават больш жанчын, не чулася нават слабых стогнаў ці крыкаў. Не было і ўсхліпаў.

Еўфрасіння ажно закашлялася ад дыму, якім моцна пацягнула ад вогнішча, і ўжо хацела запытаць, ці не лепей было б размясціць хворых наверсе. Але тлумача Асана з імі не было. Тады, не падаўшы і знаку незадаволенасці, моўчкі абвяла позіркам хворых, больш уважліва прыгледзелася да той, якая ляжала першаю каля ўвахода, — немаладой, прыкрытай вярблюджаю коўдрай жанчыны. Рукі яе, тонкія, як цэўкі, і забінтаваныя ў жоўтыя анучы, былі спрэс з’едзены шэра-фіялетавымі пранцаватымі плямамі. І Еўфрасіння жахнулася такой яскравай выяве страшнай хваробы. Побач на цыноўцы ляжала яшчэ адна, даволі маладая жанчына з такімі ж пачварнымі плямамі на шыі. Маладзейшая раптам спадылба зірнула на Еўфрасінню і нечакана так моцна, так па-дзікунску жудасна крыкнула, што ўсе ў шпіталі патрывожана зірнулі ў іх бок, да госці ўжо бегла, махаючы рукамі, чараговая сястра. Апантаная, відно, сама напалохаўшыся, таропка пацягнула на сябе коўдру, але зноў у нейкі момант зіркнула на Еўфрасінню. І ў яе позірку было столькі зняверанай пакуты і жаху, перамешанага з нейкай віруючай усярэдзіне апантанай жарсцёю, што Еўфрасіння павярнулася да старэйшай дзевы, знакамі паказала, што яшчэ застанецца ў шпіталі адна. Тая адразу ж зразумела, згодна пакланілася і пачала падымацца да верхняга выхаду. Апантаная зноў жудасна захрыпела, цёмнае, амаль не прыкрытае вопраткай, выпетранае цела забілася ў корчах, на вусны хлынула пена, і Еўфрасіння ўжо ўбачыла яе галоўную хворасць. Тады ўкленчыла тут жа, на шурпатыя камяні шпіталя, сціснула пальцы пранцаватай у сваіх моцна сашчэпленых руках з крыжыкам унутры. І амаль адразу ж праз тонкую скуру далоняў пачула гулкія, спалоханыя ўдары чужога сэрца, позірк гаротніцы працяў яе такім болем і мальбою, што адначасна пачула яшчэ адзін гук, які заўсёды суправаджаўся патокам невераемна асляпляльнага і гарачага святла. Прамяністы бляск пранікаў у кожную жылку, затапляў і паглынаў цалкам. Гэга было прадчуванне і набліжэнне малітвы. Самай моцнай за ўвесь гэты дзень. Тады яшчэ ніжэй схіліла галаву.

Але чым болей Еўфрасіння малілася, тым цяжэй станавілася дыхаць. Дзева шпіталя, якая стаяла побач, паціху абцірала яе лоб шурпатым ручніком, аднак Еўфрасіння ўжо амаль задыхалася ад спёкі, апантаная нечакана прахрыпела ў забыцці: «Ал...ма!»

Гэта было добра — тое, што хворая імкнулася вымавіць сваё імя. Значыць, душа вызвалялася. Але той, хто быў унутры яе плоці, зноў скруціў хворую корчамі, а жывот так пуката ўздуўся, што здавалася, гэта цяжарная. Жудасна ўскрыкнуўшы, Алма зноў распасцерлася на падлозе, усё цела яе нечакана напружылася, і Еўфрасіння падняла вочы на дзеву, тая з разуменнем абышла хворую з другога боку. А Еўфрасіння ўжо накладвала свае рукі з паломніцкім крыжыкам на ўздуты жывот няшчаснай. Пачала малітву, гатовая да ўдараў. Яе і сапраўды ў той жа момант пранізала невераемна рэзкім, вострым, як шыла, болем, ад якога ў роце, здаецца, закіпала сліна. Ледзь не задыхнуўшыся, адразу ж стала такой чуйнай да ўсіх пахаў і гукаў, быццам стаяла тут, укленчыўшы, нават без скуры і была такой безабароннай у сваёй жахлівай адчыненасці. Тады, схіліўшыся да акруглага, як у цяжарнай, жывата, да гэтага напятага бубна, рэзка і ўладна сказала:

— Ізыдзі!

Апантаная дзіка ўскрыкнула, і чараговая дзева моцна прыціснула яе плечы да падлогі.

— Ізыдзі!

Апантаную пачало трэсці, але Еўфрасіння не адступала. ...Яна ведала, Каго трэба прасіць аб дапамозе, і ўзрадавалася, калі моца малітвы нарэшце пачала ўзносіць яе позірк да падножжа Боскае велічы. Але так ярка біла тое нябеснае святло ў вочы, так моцна сляпіла, што ігумення не адразу зразумела, дзе знаходзіцца найсвятлейшая Апякунка: не прыпыняючы малітвы, звыкла схіліла ў просьбе галаву. Рукі з крыжам, што таксама зрабіўся нясцерпна гарачым, паслабелі і расшчапіліся. Хворая яшчэ раз, ці не ў апошні, ускрыкнула. А Еўфрасіння, апрытомнеўшы, развінула плечы і ўрэшце змагла глянуць на спакутаваны, але ўжо спакойны твар хворай. Жывот апантанай апаў, вусны склаліся ў мяккую ўсмешку. Шызых плямаў на шыі не было. На шпітальнай цыноўцы ляжала маладжавая, з тонкімі рысамі смуглявага твару прыгожая жанчына. Еўфрасіння паклікала яе, але вызваленая спала. Тады азвалася ссохлая ў ніціну старая, што ляжала побач, і Еўфрасіння ўжо не мела моцы вызваліць сваю руку з яе ўчэпістых пальцаў. А пранцаватая, падобная на жывы, як абцягнуты жоўтым міткалем, шкілет, прашаптала: *Ал...ма...» Буйныя слёзы перапаўнялі глыбіню яе вачніц. Гэта была маці Алмы. І сама — Алма.

— Адкуль ты?

Еўфрасіння запытала, ужо ўсвядоміўшы, што гэтая ссівелая хворая зусім не галілейка, і адразу ўбачыла на яе руках яшчэ адно сведчанне пакутаў — спрэс абсеяныя жоўта-зялёнымі гнайнікамі ўмяціны ад ланцугоў. Перад Еўфрасінняй была аслабелая ад запушчанай хваробы паланянка. Яшчэ раз глыбока выдыхнула, як прабіваючы захраслы ў горле камяк спачування, перапытала:

— Адкуль ты, сястра?

Вочы, поўныя мальбы і адначасна невераемнай радасці, наліваліся слязьмі. Вусны ледзь растуліліся:

— Я... адтуль, скуль і ты.

Тады, наблізіўшыся, Еўфрасіння яшчэ ніжэй схіліла галаву і мякка, павольна, але ўпэўнена і без страху налажыла свае рукі на яе развярэджаныя жоўта-крывавыя гнайнікі. Перад пачаткам малітвы азірнулася. І ў той жа момант галілейскі шпіталь пачаў напаўняцца гукамі — стогнамі і ўсхліпамі. З розных куткоў на Еўфрасінню пазіралі вялікія, цёмныя, пякучыя ад болю і мальбы вочы. Тады ўбачыла ўвесь шпіталь — усіх гэтых, жыццём і людзьмі адрынутых, дзяцей Божых. Тут жа адчула пад далонямі гарачыя штуршкі ад гнайнікоў паланянкі, яшчэ раз прыплюшчыла вочы. Пачала малітву, і моцная гарачая сіла пайшла з яе далоняў у чужыя раны. Захацелася хоць на хвіліну адняць свае рукі ад хворай, каб астудзіць ахопленыя полымем пальцы, але цяпер гэтага рабіць не выпадала. Важкая, як смала, стомленасць пачала расцякацца па ўсёй спіне, але яна ўсё малілася і малілася... Увесь шпіталь у напружаным маўчанні сачыў за кожным рухам незвычайнай госці, якая нават не заўважала, як вакол яе ў шчыльны круг збіраецца даволі стракатая грамадка. І толькі калі ўсе жанчыны, такія хворыя і знясіленыя ад штодзённага чакання смерці, моцна ўзяўшыся за рукі, стварылі жывое кола адчаю, ад якога сыходзіла хваля жудаснага болю, Еўфрасіння ў нейкае імгненне пачула гэты немы крык аб выратаванні і азірнулася. Замерла ў роздуме, але вось абвяла ўсіх позіркам і кіўнула галавою. І тады ўсе разам, праз слёзы і сцішаныя стогны, пачалі яшчэ раз: «Ойча наш...»

...Прачнуўшыся сярэдначы ад застаялай задухі, што сціскала дыханне, Еўфрасіння з асалодаю ацерла шурпатым ручніком твар, прыгубіла гаркавае казінае малако, з’ела жменьку смокваў і фінікаў. Келля, куды яна вярнулася са шпіталя, была зусім цеснай. Часу амаль не заставалася. Першым, каб упэўніцца, што месца, аплачанае ў караване, сапраўды надзейнае, меўся падняцца і сустрэць бедуінаў Асан. А яна, прыкрыўшыся доўгім, купленым у качэўніка баваўняным плашчом, нарэшце выцягнула ўсцяж цела рукі і заплюшчыла вочы. Чакала соннага забыцця, але ў твар зноў ударылі важкія салёныя пырскі нядаўняга шторму. Тады зразумела: усё, што адбывалася з ёю за гэты бясконца доўгі час, ужо не адступіцца. Цяпер, пасярод мірнай галілейскай ночы, цяжка было паверыць, што яшчэ ўчора яна зусім не ведала, ці дастанецца да жаданага берага. Але трэба было абавязкова даплысці і ступіць на цвёрдую дарогу ёй, ужо такой немаладой Хрыстовай служанцы, каб прайсці апошні жыццёвы круг па слядах Госпада. Каб ісці як з заплюшчанымі вачмі, але — відушчаю, ісці і згадваць пра добра вядомае, думаць пра перажытае, вяртаючыся ў такое доўгае сваё жыццё, але — ісці... Думаць аб заўтрашняй сустрэчы і загойваць у сваёй душы раны сустрэч колішніх. Заглядваць у вочы хуткай будучыні і азірацца ў такую блізкую яшчэ сваю маладосць. Слых нечакана ўзнавіў прыглухлае: «Я адтуль, скуль і ты». Выпітыя хваробаю бляклыя вочы хворай паланянкі зноў трывожылі. У паўсне пачула, як праз перапоўненую шапатлівымі гукамі галілейскую ноч працадзіўся зусім іншы, не падобны да цыкадаў, моцны гук. Аднак жа хутчэй шум. Глухі і працяглы шум, што нагадваў шугаценне дажджу, які далятаў, здаецца, з самога Полацка. Бо час настаў... Нешта, відно, перавярнулася ў яе душы на гэтай зямлі. Нешта вельмі важнае здарылася пасля наведвання галілейскага шпіталя. («Я адтуль, скуль і ты».) Нешта скруціла яе сярэдзіну, змушаючы зноў і зноў вяртаць думкі ў мінулае. І калі малюнкі перажытага сапраўды сталі такімі выразнымі і яркімі, такімі балюча-жывымі, якімі бываюць, толькі калі надыходзіць завяршэнне, тады сапраўды паверыла, што Час — настае. Міжволі расплюшчыла павекі: да келлі таропка спяшаліся. Караван, няйначай, прыбыў раней часу, і манастыр імгненна абудзіўся. Праз калідор неслася водгулле таропкіх крокаў. Посцілка, якою засланілі ўваход у келлю, нечакана варухнулася. Тады выглянула. Блізу келлі ўжо стаялі ўсе яе палачане-паломнікі. Гатовыя да самай важнай дарогі, трывожна чакалі. Не здзівіліся і тыя, убачыўшы ігуменню апранутаю ў дарожную хламіду. Быццам і не спала зусім.

 

РАЗДЗЕЛ 31. Змій галаадскі

— І скажуць, светаўпраўца цемры я, але ты не вер. Што кайданы надзяваю на пасольства, якому дадзена абвяшчаць таямніцы Звеставання, — не вер. Што чарвяком упаўзаю ў чыстае і неспатыкнёнае, нішчу плод праведны... што стаю не за веру Дабравесц... што ёсць я знак пагібелі. Што выйшаў я з упарцістага разбэшчанага роду і шукаю адно свайго, а не таго, што даспадобы }Ісусу Хрысту... — не вер! Што ўзлакнуў я Крыві Ягонае, укусіўшы зямное і нябеснае, што мёртвы я ў грахах, што ашукваю вас сваёй удаванай пакораю і ўрываюся ў тое, чаго не бачыў, неразважліва надзімаючыся плоцкім розумам сваім... Не вер! ..Што насычаю зямныя цялесы людскія — распусту, нечысць, юр, ліхую хцівасць, любаздзірства ідаласлужэння. Не вер!!! Не вер.

...Месца, купленае Асанам, было ў сярэдзіне каравана, да таго ж суседам князя Давыда быў немалады мараніт, які крыху разумеў па-сербску, і гэта азначала, што ў далёкай дарозе цераз пустыню палачанам будзе з кім перамовіцца хоць бы словам. Шлях, які пачынаўся ў галілейскім манастыры, абяцаў жаданую сустрэчу, і Еўфрасіння, развітваючыся са старэйшай дзевай манастыра, усміхалася. Тая, аднак, нечакана апусціла твар у далоні і заплакала, ад чаго полацкія паломнікі сцішана апусцілі вочы. Але праз хвіліну пачуўся патрабавальна-заклапочаны голас старэйшага пагоншчыка. Асан, правяраючы паклажу, таксама прыспешваў.

Пясок пустыні патлусцеў і густа наліп на шырокія полы паломніцкай хламіды. Некалькі пластоў шурпатага, як кара старога дрэва, пяску — і полы зрабіліся такімі цвёрдымі, важкімі, так моцна шорхалі пры хадзе, што гэтых здарожаных паломнікаў з далёкага крывіцкага краю, якія амаль у непрытомнасці і нават без ахоўнага атрада і правадніка адольвалі бясконцы хвалісты грэбень Іудзейскай пустыні, пачулі. Як некалі пачулі ў пясках Фарана цяжкі пераход іудзеяў з Егіпта ў Ханаанскую зямлю, калі месія вёў свой народ уздоўж згарчэлага ад солі Мёртвага мора і Ерыхона.

Але гэтыя спакутаваныя падарожнікі яшчэ нават не здагадваліся, што ўжо збіліся з дарогі, заблудзілі і, самі таго не жадаючы, таксама блізіліся да берагоў, на якіх на пачатку ўсіх часоў стаялі Садом і Гамора. Яркае сонца расцеклася па сшэрхлым ад спёкі небе і цяпер балюча біла проста ў вочы. Зусім блізка ад Еўфрасінні з рабрыстага бархана нечакана ўзвіўся доўгі, бліскучы і надзвычай пруткі гад, заслізгаў, торгаючыся па аброжку крутой пясчанай касы, і тут жа знік, нібыта растварыўся ў пясках. Шшу-шах. Ша-шах. Шах-ша.

...Шурхаценне наліплага на хламіду пяску ўжо стала голасам самой пустыні, і падарожнікаў зноў пачулі. Ігумення, якая звыкла ішла паперадзе, спынілася і прыслухалася. З-пад самых ног яе, абутых у сандалі і ледзь прыкрытых доўгімі поламі хітона, нечакана ўзвіхрылася пясчаная пазёмка. Калюча ўедлівыя клубкі, засцілаючы вочы і забіваючы дыханне, падняліся цэлай лаваю бялеса-рудаватага пылу, але дарога вяла ў даўкую, як высахлая і размеленая Хамсінам Хрыстовая кроў, бясконцасць. Вецер жаласна заскуголіў. Тады ўсе міжволі прыпыніліся, і, нагнуўшыся, Еўфрасіння паправіла палатняныя паскі, якімі туга, пад самыя калені, былі абматаны зашорганыя ногі, шчыльней насунула на твар затлушчаную алеем хусціну. Але вось зноў пайшла наперад. За ёй, падняўшы да самых вачэй такія ж ахоўныя анучкі, амаль след у след рушылі іншыя паломнікі — высокі Коста і цемнавокая, падобная да самой Еўфрасінні, ужо таксама немаладая чалядніца Еўпраксія, альбо Ксія, як звалі яе ў Полацку. І мала хто памятаў ужо яе дзявочае імя — Звеніслава. Следам, не здымаючы ваярскага пояса з мечам, прыспешвала крок Вольга. Дзіўна, але нават сонца пустыні не здолела хоць бы крыху асмужыць па-ранейшаму светлае і пяшчотнае аблічча гэтай маладой, але з сурова зведзенымі бровамі менскай князёўны. Вочы Вольгі пачыналі слязіцца, і яна раз-пораз закрывала іх рукамі, засланяючыся ад рэзкага бляску пяску. Апошнім няспешна ішоў Міхал — стары бельчыцкі ігумен з абложыстай барадою. Захінуў аблічча радняным шматком, схопленым па лбе скураным раменьчыкам. Быў ужо ў простай сялянскай вопратцы, з-пад манаскага вастраверхага стаўбуна на галаве выслізнулі сівыя касмечыкі рэдкіх валасоў. На руцэ Міхала пабліскваў сярэбраны баярскі вобруч. За ўсю доўгую дарогу ад Акры чарнец сказаў толькі некалькі слоў, заняты няпростым клопатам, які пасля смерці слуг усклаў на сябе: сачыў разам з Костаю за іх няхітрай гаспадаркай, што размяшчалася на муле і восліку. Вецер даганяў і нагадваў пра сябе лёгкімі штуршкамі ў спіну. Коста таропка зашаптаў: «І бысць бура веліка, яко жэ не была ніколі, і разносі хоромы і товар, і клеці, і жыта з гумен, і проста рэшчы, яко раць узяла, і потопляша бороне у балоцех...» Спалохана азірнуўся. «У леце шэсць тысячаў шэсцьсот пяцьдзесят другім!» Шшу-шах. Ша-шша!

Здаецца, і не было тут арабійскага гада, не прапаўзаў і не страшыў, падымаючы сваю доўгую пляскатую галаву над расплаўленым пяском. Не даганяў... Яны ішлі ў чырвонай і густой сцяне пылу так доўга, што Еўфрасіння балюча закашлялася, нават падняла рукі, сутаргава зрываючы з шыі вераўчаныя жгуты спёкі. Нарэшце выдыхнула крывавую кроплю ў ліпкую далонь. Не пераставала шаптаць, ледзь растуляючы вусны, малітву.

— Напэўна, хутка Аронта, сястра. Вільгаці шмат. Пясок цяжкі.

Ксія, задыхаўшыся, параўнялася і падышла бліжэй да Косты, нахіліла галаву.

Доўгавалосы кніжнік з даверліва-дзіцячым паглядам шырока расплюшчаных шэрых вачэй па-ранейшаму не адставаў ад Вольгі, але тая, здавалася, была безуважная да ўсяго.

— Ты не стаміўся, Коста? — Змеціўшы запеклую бурую кроў на ягоных нагах, Еўфрасіння звярнулася да Ксіі: — Яшчэ хіба не застаўся бальсам галаадскі?

Тая адмоўна хітнула галавою.

— Няўжо ні кроплі?

Ксія зноў адно ўздыхнула, паправіўшы на твары ахоўную хусціну. Трывожна азірнулася, закашлялася і Вольга.

У які момант яны збіліся з дарогі? Напэўна, адразу ж, як адышлі ад каравана, што рэзка змяніў свой маршрут і скіраваўся ў Суэзы пасля вымушанага перапынку. Хто прынёс у караван чорную воспу — было невядома. Але за тыдзень памерла адразу трынаццаць чалавек і сярод іх — колькі ахоўнікаў, пасланых з палачанамі яшчэ імператарам. Князя Давыда разам з Даляю і іншымі хворымі спешна адправілі ў лекавы лагер ажно пад Акру. Аднак ігумення, не зважаючы на перасцярогі і адгаворы, рушыла ў дарогу. Старэйшы пагоншчык на развітанне паказаў, куды трэба ісці, каб патрапіць у Ерусалім, да якога было падаць рукою, гарачкава раіў не збочваць. Але яны так спяшаліся, што нават не змецілі, як страцілі напрамак Мул і вослік, падараваныя суседам-маранітам, ужо хісталіся ад стомы, хаця паклажы на іх не былі цяжкімі: дзве невялікія торбы з курдзючным салам, сушанай рыбаю і бабамі, скураныя пляшкі з алеем, бурдзюкі з вадой і яшчэ тое, што ацалела ад Полацка: вопратка, апошнія пары скураных лычкаў, драўляны і алавяны посуд сагайдак з лукам і стрэламі. Праўда, на муле была яшчэ скрынка з падарункамі — набытае ў Візантыйскай Сафіі залатое кадзіла, два полацкія, аздобленыя чырвоным золатам і серабром, крыжы з моранага дубу, ладны сувой ільнянога палатна для ерусалімскіх манастыроў і самае лепшае, самой Еўфрасінняю перапісанае Евангелле ў скураных вокладках. Уласнымі рукамі вырабляла яна і тоўсты пераплёт. Апусціўшы галовы, мул і вослік з наладаванымі паклажамі звыкла цягнуліся за ўнураным у сябе Міхалам.

Коста ўсё яшчэ трымаўся бліжэй да Вольгі і, змеціўшы, як ігумення скасіла трывожны позірк на яго зашорганыя ногі, паспешліва супакоіў:

— Вытрываю. Гэта не раны, уладычыца... А вось у цябе... Гаіць трэба.

— Ідзём, Коста. Хіба маем мы час?

Ша-шша... Прастора па-ранейшаму здавалася пагрозліва бясконцай, але Еўфрасіння ўжо адчула, што ўся агромністая Іудзейская пустыня быццам пахілілася. Тады падала знак, і падбадзёраныя паломнікі, адчуўшы, што пачалі спускацца, заспяшаліся. Міжволі прыспешыла хаду і сама, аднак неспадзеўкі зачапілася за калючы выдзерыкуст і, не ўтрымаўшыся, зарылася каленьмі ў пясок. Расплаўленае сонца пякельнымі слупамі ўдарыла ёй у галаву, і так нясцерпна балюча зудзела паміж лапаткамі. Пустыня тут жа нечакана захрыпела, але вось пачуўся тонкі, як ад палёту тысячаў нябачных стрэлаў, свіст, і гэты балючы енк гарача-вільготных барханаў адразу ж падхапіў вецер. Змушаная затуліць вушы, яна нават прыплюшчыла вочы. Здаецца, на кароткую хвілю задрамала. Усё яшчэ ўкленчаная, слухала спрадвечную крыўду парушаных пяскоў. Але вось паднялася на ногі, свіст адразу ж прыпыніўся, паўсюль панавала велічная цішыня. Падзьмуў свяжэйшы ветрык, і яго цёплы язык мякка лізнуў з’едзеныя спёкаю трэшчыны на лытках.

Уздыхнула на поўныя грудзі, уздрыгнула: па нагах нечакана слізганула нешта халоднае і гідкае. Краем вока змеціла бліскучы кончык змяінага хваста. Змогшы агіду і страх, здзівілася, што кубло арабійскага гада ўсё яшчэ не адступае. Аднак стракаты пасак ужо згубіўся ў пясках. Тады, пачуўшы ва ўсім целе вялікую слабасць, прылегла на бок, закашлялася. Выдыхнула на хламіду скрываўлены пыл.

І тут, падняўшы вочы, міжволі адхітнулася — уперлася позіркам у самую глыбіню змяінага нёба. Нават сцішыла дыханне. Укленчана прыўзнялася. Гэта была цёмная глыбіня велізарнай пашчы арагавелай, скручанай колцамі пачвары, што, аказваецца, увесь гэты час не адступала, сачыла за кожным іх крокам і цяпер паднялася, упершыся хвастом у зямлю, грозна застыла перад Еўфрасінняй, як жывая тоўстая спружына, гатовая ў любы момант выпрастацца. Сонца пустыні аблівала жоўтым алеем бліскучую прадаўгаватую галаву гада, па баках вялізнай ружавата-чорнай пашчы бялелі вострыя іклы, і паміж імі выслізгваў, біў наперад бліскучы язык. Язык пустыні цягнуўся да самых вуснаў манашкі, і яна рэзка паднесла руку, каб захінуцца, але смяротныя кольцы бліскавічна выпрасталіся і няшчадна ўдарылі: змій-забойца ўпіўся ў падушачку далоні. І адразу ж — адпаў, пачаў уцякаць, рассякаючы пяскі. А яна ўскочыла ад жаху і болю на ногі, захісталася.

Коста, зірнуўшы на Ксію, паклікаў:

— Сястра!

Але тая працягвала ісці, апусціўшы галаву ў свае глыбокія, усё яшчэ, пэўна,

полацкія, думкі.

І раптам Вольга, імгненна падляцеўшы да Еўфрасінні, прыпала вуснамі да глыбокай, быццам скуру разадрала страла, раны. Пасля паспрабавала выплюнуць атруту. Жоўтыя смяротныя кроплі адразу ж высахлі.

— Ксія! — Еўфрасіння паклікала гучней, і сястра нарэшце азірнулася. Кінулася да іх з Вольгаю, і аблепленыя згуслым пяском важкія полы яе хламіды шырока разляталіся ў бакі. Вярталася размашыстымі, шырокімі крокамі, на бягу шоргаючы рукою ў раднянай торбе. У нейкае імгненне прыпынілася. Акругліла ад радасці вочы, падняла руку з чорнай глінянай банькай:

— Знайшоўся! Бальсам...

— Вользе на вусны!

Але вось ужо, імкліва намасціўшы бальсамам Вользіны вусны, Ксія тут жа перавязала і Еўфрасінню, перацягнуўшы руку грубым, яшчэ полацкім ручніком. А тая здаўлена застагнала: перад вачмі ўжо кружыліся яркія сонечныя абады, у скроні бухалі гарачыя молаты. Рука, здаецца, анямела да самага пляча, ад чаго ў ігуменні на вачах міжволі выступілі слёзы.

Коста не вытрымаў:

— Спыніцца трэба, Ксія, я ўладычыцу панясу...

Не трэба, Коста міласэрны. Калі ў першую хвілю выжыла, значыць, Боская воля на тое. Спяшаць трэба. Ідзём!

Але ж, маці-ігумення. Рука, бачу...— Коста, пабялеўшы, разгублена пазіраў на яе апухлую руку.

— Хадземце. Час не чакае.

Шшах... Шшшах... Шшах!

Смяротная пагроза ў барханах зноў неспадзявана бліснула. Зазмяілася, здаецца, зусім блізка, і Еўфрасіння зразумела: пустыня ўсё яшчэ не адступіла, але высочвала цяпер не яе ці Ксію, а самага малодшага з паломнікаў не па летах начытанага, вусцішнага Косту. Усю прастору завалакло лятучым попелам пясчанай буры, у якой нечакана ўзнікла фігура вершніка, што, махнуўшы свайму ахоўнаму атраду рукою, чамусьці павярнуў назад. Імгненна знік за барханамі, пацягнуўшы за сабою пясчаныя клубкі. Бура, і дапраўды, аціхла. Але хіба можна было верыць у такой каламуці вачам? Як пачуўшы яе думкі, між пяскоў зноў бліснуў, хоць і не так блізка, арабійскі гад — нязвыкла спакойна ляжаў на бархане. Над пустыняю з уедліва тонкім, скразным свістам пачало падымацца трымтліва-плыткае марыва; Еўфрасіння нават затуліла вочы рукамі, гледзячы толькі праз шчыліну між пальцамі. Прыпынілася. Бліскучы змяіны пасак, што ўсё яшчэ нерухома ляжаў на пяску, раптам пачаў большаць і вось ужо настолькі разбух, так выяўна акругліўся, што ўмірг вока стаў падобным на чалавечае цела. Прымара разварушанай гарачым ветрам пустыні адразу ж стала выяўнай: гэта была жанчына, якая нават павярнулася на бок, бліснуўшы пад сонцам чорнымі акруглымі сцёгнамі. У гарачым сяйве рэзка змаляваліся вытыркнутыя ўверх вялікія грудзі з вострымі саскамі і выразны профіль жаночага твару. Але ні Ксія з Вольгаю, ні Міхал, здаецца, нічога не бачылі. Толькі Коста спыніўся як укопаны. Уся пустыня была цяпер як залатое ложа для гэтага пажадліва раскінутага цела, з рэзкім шархаценнем рухаючы наўкруга жаночае плоці свае зыбучыя глыбы. Кніжнік разгублена азіраўся, з мальбою ў вачах звяртаючыся найперш да Міхала, але сівабароды манах, унураны толькі ў свае думкі, па-ранейшаму нічога не заўважаў.

— І ачышчэнне Духам Святым, Коста! — Ігумення ласкава зірнула на зніякавелага кнігара, прыпала вуснамі да свайго дарожнага крыжыка.

Вочы заслаў іншы малюнак. Богша ў доўгай палатнянай сарочцы, з толькі што закончаным, дзівоснага хараства, крыжам у руках стаіць пасярод іхняга падворка перад свежапабеленай каменнай царквою Святога Спаса. Абліты яркім полымем надвячорка, усміхаецца небу. Вецер нечакана так з’едліва прысвіснуў, што, згубіўшы полацкі малюнак, ігумення спалохана азірнулася. Пустыня пачала адліваць блішчастай чырванню. Напружыўшы зрок, змеціла, як цемнаскурая жанчына на пясчаным хрыбце, уся пакрытая крывавымі пісягамі ад бізуна, прыўзнялася. На пяску, недалёка ад яе, ляжаў шыты золатам скрываўлены покрыў. Няшчадна збітая і кінутая на пагібель сярод пяскоў пустыні, незнаёмая падняла руку, паклікала на дапамогу. Але тут жа, непрытомная, упала. І ўжо не было часу разважаць, хто яна, дзеля чаго і кім тут пакінута. Да барханаў адразу ж заспяшаўся Коста. Аднак галілейка, ачуціўшыся, ужо таропка паднялася, захінулася ў скрываўлены покрыў.

...Адпіўшы па глытку вады са скураной пляшкі, паломнікі нарэшце супакоіліся, распачаўшы звыклы рух. Пустыня паспела змяніцца: паўсюль была рассыпана такая безліч дробных камянёў, што ўсе раз-пораз збівалі аб іх без таго натруджаныя ногі. Дзень прыкметна ачахваў нарэшце спыніліся на прыпынак, і Міхал падышоў да Косты, пільна паўзіраўся ў галілейку. Даведаўшыся, што імя незнаёмай Шахіра, вярнуўся да мула, паправіў паклажу. Вольга, адвязаўшы са свайго пояса скураную бутэльку, яшчэ раз працягнула яе галілейцы, і тая ад радасці шырока расплюшчыла вялізныя, бы ўтопленыя ў прорвах, цёмныя вочы. Ксія, асачыўшы Еўфрасіннін позірк у бок выяўна акрэсленых удалечыні пагоркаў, рашуча падалася туды першаю, павёўшы за сабой астатніх. Пясок на новым месцы і сапраўды нашмат патанеў. Усё часцей сустракаліся адзінокія калючыя кусты і нават зялёныя языкі травы. Яшчэ ніхто з палачан дакладна не ведаў, куды яны цяпер трапілі, але Еўфрасінню не пакідала пачуццё, што выйсце недзе зусім блізка. Ледзь бачная дарога і сапраўды хутка аб’явілася. Адразу ж, як толькі яны падышлі да грады бліскучых скалаў каля нешматлікай купкі лістоўніц, блізка знайшлася і глыбокая, абкладзеная абчасанымі каменнымі квадратамі студня. Спусціўся ў яе Коста: пачаў напаўняць і падаваць наверх скураное вядро з жаўтаватай вадою. Паілі найперш мула з вослікам, якія адшукалі тут сабе і лапікі чэзлай травы. Гэта была даўно пакінутая людзьмі вёска з яшчэ моцнымі сценамі і старымі дрэвамі. Спыніліся каля адной з пашчэрбленых пясчаным ветрам камянюкі, укленчылі для малітвы. Назапашаная за ўсе гэтыя дні стома стала такой важкай, што Еўфрасіння адчула нясцерпную ламоту ва ўсім целе. Зусім блізка пад лістоўніцай на тонкай пасцілцы ляжала Шахіра, і Ксія лёгкімі рухамі пачала масціць яе зраненую спіну яшчэ полацкім, настоеным на дзівасіле, алеем. Пісягі між лапаткамі галілейкі сталі амаль чорнымі, але ніхто не пачуў ад яе ані стогну. Коста, падняўшыся са студні, маўчаў. Раз-пораз паглядваў на Міхала — стары манах завіхаўся каля мула і восліка, абціраючы палатнянай анучаю бакі схуднелых жывёлін. Адчуваўся блізкі вечар, і паломнікі, урэшце пакінуўшы мёртвыя сцены, пацягнуліся ўздоўж прахалодных скалаў. Галілейка, прыкрыўшыся сваім тонкім доўгім хітонам, ужо была абута ў мяккія лазовыя хадачкі. З шыі звісаў залаты ланцужок са змейкай. Запясце левай рукі было схоплена залатым бранзалетам, упрыгожаным каштоўнымі камянямі. Таксама ў выглядзе змейкі. Той, хто падняў біч на гэтую красуню і потым пакінуў яе ў пясках пустыні, быў, пэўна, нябедны. І ўсё-ткі, што не дазволіла яму зняць з прыніжанай і пакінутай на пагібель жанчыны такія каштоўныя рэчы?

 

РАЗДЗЕЛ 32. Прымары пустыні

Пасля лекаў Ксіі і кароткага адпачынку Шахіра ішла ўпэўнена, употай кідаючы зацікаўленыя позіркі на сваіх выратавальнікаў. Ці не ад празмернай стомленасці, Еўфрасіння яшчэ ні разу не зазірнула ў яе вочы, адчуўшы ў галілейцы толькі чарнату пакуты і цялеснага болю. У ружовым небе раскрыліўся каршук, шырокімі кругамі спускаў з нябёсаў чаканую прахалоду: пачало дапраўды свяжэць. Тады ўсе міжволі заспяшаліся, без цяжкасці знайшоўшы ў скалах пячору нанач — даволі прасторную, з мяккім пяском пад самымі сценамі. Глухавата-цёплы прытулак, каля якога так блізка праходзіў шлях караванаў, пэўна, ужо неаднойчы служыў падарожнікам: па цэнтры невялікага, выпаленага да чорнага чэраня круга ляжаў сухі трыснёг. Каля яго — горка пасечанага ветрам вярблюджага памёту і амаль цэлая, высахлая да белай косткі, выдраная з карэннем смакоўніца. Высакаватая столь пячоры паблісквала белымі жылкамі. Было прасторна і гулка. Разаслаўшы паверх намеценага каля сцен пяску дарожныя посцілкі, усе спешна ўладкоўваліся нанач. Коста, патрушчыўшы галіны смакоўніцы, заклапочана схіліўся над імі з крэсівам, і агонь тут жа раскінуў па сценах вясёлыя сполахі. Дым адшукаў у каменнай столі шчыліну, і вогнішча затанцавала: пячора напаўнялася мігатліва-зыбкім святлом. Міхал застаўся блізу выхаду, прылёгшы каля сваіх жывёлін. Ксія, асцярожна наліўшы ў драўляную міску вады, высыпала туды жменю бобу. Вольга, адклаўшы ўбок пояс з мечам. звыкла маўчала. Маўчала і Еўфрасіння. Слухала сябе, мякчыла языком і цёплаю слінаю сухую саранчу, што была тут колісь адзінаю ежаю Яна Хрысціцеля. Аднак варта было толькі заплюшчыць павекі, і яна зноў ішла праз рабрыстыя барханы, адчуваючы, як зудзяць пасечаныя гарачым пяском ногі. Паспрабавала выпрастаць іх на дзяружцы. Ціха застагнала ад пякучага болю ў руцэ. Падзужаная ўстрывожаным позіркам Ксіі, выпіла задухмянены сухою ажынай кіпень і адчула набліжэнне сну...

Пасля малітвы і кароткай вячэры ўсе адразу ж павесялелі, але змагацца са стомленасцю ўжо не было сіл. Коста запаліў ад вогнішча адну з галін смакоўніцы і пайшоў у глыбіню пячоры. Аднак хутка вярнуўся. Сказаў, што ў скалу ўрэзаўся вузкі патаемны праход; на ўсялякі выпадак нават лёг каля ўвахода ў яго, але адразу ж заснуў. Звонку, напалохаўшы палачан, даляцела глухое вухканне савы, зазвінелі цыкады, якіх паломнікі ўжо чулі праз дрымоту.

...Шшу-шшах... Шшах! Шша... Здаецца, не спала толькі адна Еўфрасіння. Ляжала зусім блізка да выхаду. Чула хрыплаватае дыханне мула. Вялікія, жоўтыя, як восы, зоркі, нават не адбіваючы святла, паціху сцягваліся з вышыні ў іх пячору. Свежая ліпучасць мякка краналася шчок. Нечакана ў сне гучна ўскрыкнула Ксія. Але ніхто нават не павярнуў да яе галавы. Толькі Міхал уздыхнуў. Пэўна, таксама не спаў. А Еўфрасіння ўжо зноў кленчыла, з цяжкасцю растуляючы сасмяглыя вусны: «Ойча наш...»

Адчуўшы каленьмі пласт зляжалага пяску пад шурпатай посцілкай, з намаганнем выпрастала плечы. Пачала маліцца і малілася так доўга, што пачула подступы забыцця: вострае жоўтае святло ад вогнішча раптам расцяло перад ёю сцяну пячоры і так лёгка цяпер пасоўвала цвердзь, што, узрушаная нечаканым відзежам, убачыла ў цёмна-жоўтым святле Шлях... Гэта была засыпаная шурпата-вострымі камянямі дарога па Кальварыі, якую з усіх бакоў абступіла цэлая гурма неспакойнага народа. Былі сярод яго і вершнікі ў святочных плашчах, і легіянеры з коп’ямі. Бліскалі шчытамі на грудзях. Пад самымі конскімі храпамі згрудзіліся натоўпы жабракоў. У цяньку ад навесаў важна перамаўляліся гараджане ў новых халатах і халдзеі. Так многа было паўсюль рознага мітуслівага люду, што многія тут пачалі нават штурхацца і з пажадлівай цікаўнасцю сачылі за Тым, хто ішоў па Шляху, не падымаючы галавы ў церневым вянку. Убачыла вельмі выразна Яго і сама. Такі высокі і схуднелы, нёс, угнуўшы плечы, агромністы Крыж Раптам хітнуўся пад яго цяжарам; на нейкую хвіліну падняў галаву і нечакана зірнуў... І пазіраў проста ў вочы. Але колькі часу доўжыўся той, невымернае глыбіні і пакуты, позірк? І што хацеў сказаць Ты мне, Госпадзі? Не здужала нават падняць рук, каб ацерці з твару слёзы. Побач стагнала галілейка; у сэрца ігуменні адразу ж уліўся і пачаў разрастацца боль.

...Запаўняючыся бляклым святлом вогнішча, уся пячора нечакана быццам імгненна расхінулася, і, ахопленая сяйвом гэтага новага відзежу, Еўфрасіння ўрэшце ступіла ў прасторную залу. Уздоўж высечаных у скале, добра адшліфаваных сцен гарэлі паходні. Пасярэдзіне пачварна ўзвышалася вялізнае драўлянае кола. Але толькі змеціўшы, што са столі звісае некалькі вяровак з крукамі, яна з жахам здагадалася, што гэта не зала, а катавальня. І адразу ж убачыла двух катаў. У глухім куце ляжалі і замардаваныя ахвяры — дзве ледзь прыкрытыя скрываўленымі лахманамі цёмнавалосыя жанчыны. Пасярэдзіне памяшкання стаяла трэцяя, якую толькі што, прачыніўшы важкія дзверы, упіхнулі сюды. Светлавокая і светлакосая, у схопленым на сцёгнах залатым паскам белым хітоне, зусім маладзенькая хрысціянка была босая і цяпер азіралася шырока расплюшчанымі вачыма. Адзін з катаў, ухмыляючыся, наблізіўся да яе, але з глыбокага цёмнага кутка катавальні раптам выйшаў высокі чалавек з чорнымі, ажно смольнымі, кучарамі, што рассыпаліся па прыкрытых чырвоным плашчом суддзі плячах. Дзяўчына адразу ж стала такой белай, што пажадлівы кат, схіліўшы галаву перад суддзёю, рэзка адступіў, незнарок крануўшы спушчаныя зверху крукі, вострыя іклы смуроднай катавальні загойдаліся на бліскучых, сплеценых з валовіных жылаў вяроўках.

— Адрачыся! — Высокі, у чырвоным плашчы, працягнуў руку да патрыцыянкі, і тая спасцярожліва адступіла. Аднак суддзя зноў наблізіўся, і ў той жа момант Еўфрасіння адчула, што ён, працягнуўшы руку, балюча торкае доўгімі пальцамі ў грудзі. Але ўжо ў яе, Еўфрасінніны, грудзі. Ліпкая нямогласць завалакла ўсё цела: бачыла маладзенькую пакутніцу як бы з адлегласці, але пякуча адчувала ўсё, што адбывалася.

Той, у чырвоным, зноў наблізіўся:

— Адрачыся!

Гарачы камень захраснуу у горле, і Еўфрасіння роспачна растуліла вусны. На языку засаланела ад крыві. У сярэдзіне галавы пякуча свярдзёліла няўмольнае: «Адрачыся! Адрачыся... Адрачы...»

— І дапраўды кажуць: «Той, хто не мог зрабіць сабе нават сандалі, суддзёю стаў!»

Грубым рыўком сарваўшы з тонкай шыі патрыцыянкі просты крыжык, суддзя гэтак груба сцягнуў у вялізную жменю яе залатыя валасы, што адкінулася галавою назад. Скрываўленая накідка паляцела на падлогу.

— І дапраўды смех забыты, і не аддаляецца смерць.

«...І не аддаляецца смерць...»

Еўфрасіння ўжо амаль няўцямна паўтарала ўслед за патрыцыянкаю кожнае слова; худзенькае цела тае было барвовым ад удараў. Пышная светлая хваля валасоў падала на грудзі, але суддзя, хітнуўшы чырвоным плашчом, сурова зірнуў на катаў і важка пратупаў праз усю катавальню. Спыніўшыся каля дзвярэй, грозна паўтарыў:

— Адрачыся...

— Няма болей чалавека дня. Сэрца яго жорсткае.

«Сэрца яго жорсткае...» Збітая да рабаватай сінявы дзяўчына нават не выдавала на жывую, нібыта шчыльна абцягнутая ці то палоскамі цёмнага пергамену, ці то худымі рыбацкімі сецямі. Адно вочы ліхаманкава блішчалі.

«Няма болей чалавека дня...»

Але ж як баляць, як гараць распухлыя ад удараў вусны! «Адрачы...»

— Хіба не ведаеш ты, няшчасны? Той, хто павесіў зямлю на вадзе, быў павешаны на драўніне. Той, хто распасцёр нябёсы, быў на крыжы распасцёрты. Але Ён выратаваў цябе! — Голас юніцы быў наўздзіў моцны і гулка разлягаўся па ўсёй катавальні.

Суддзя, які ўжо блізіўся да дзвярэй, перастаў смяяцца, падняў руку:

— А цябе Ён — выратуе?

— Ты ведаеш наша Слова.

— Хіба ў вас яно ёсць?!

— Тое, што прамаўляецца на зямлі, — прах і тленне, бо належыць толькі зямному.

Маладзенькая патрыцыянка выдавала ўжо старэйшаю нават за гэтага важнага суддзю.

— Але адкуль табе ведаць, недавярак, што людзі пачынаюць разумець Словы толькі тады, калі пакліканым будзе дазволена наблізіцца да горняга?!

Ледзь падняўшы з зямлі заплямлены крывёю покрыў, ахінула ім плечы.

— Што ты ведаеш пра Ягонае Слова, няшчасны? — Прыплюшчыла вочы. — Жывое навекі яно! Хаця з некім і было забіта! А з некім было на чужыне (!), а з некім ратавалася ўцёкамі, а яшчэ з некім — плыло на караблі.

Суддзя ажно зарагатаў, але юніца не моўкла:

— І цярпела спакусы... А з некім было прададзена!

Па шчоках яе нечакана пацяклі слёзы.

— І цярпела голад і смагу! І было аддадзена на здзекі і катаванні!

— Тады гэтае слова — Смерць!

Суддзя ўрэшце падаў апошні знак і грукнуў дзвярыма. Адна з пакутніц, што ляжала ў цёмным куце катавальні, глуха застагнала, і маладзенькая хрысціянка, абхапіўшы плечы рукамі, міжволі азірнулася. Таропка зашаптала малітву, ужо не зважаючы на набліжэнне катаў у доўгіх фартухах. Падступіўшыся, адзін з іх акінуў верніцу грэблівым позіркам і, не чакаючы завяршэння малітвы, моцным ударам кулака збіў яе з ног. Другі, умела падцягнуўшы тоўстыя вяроўкі бліжэй і прынаравіўшыся, кінуў нерухомае дзявочае цела на вострыя жалезныя крукі. Забегаў навокал, закрычаў да памочніка, патрабуючы ўдзелу.

...так глыбока ўпіліся крукі ў грудкі, што юніца здаўлена ўскрыкнула; на вопратку, што хваліста ляжала на падлозе, закапала кроў, запаўняючы барвовым туманам усё смуроднае памяшканне.

...Пастаўшы побач, круцяць абодва каты вялізнае кола, і жалезныя крукі ўсё глыбей упіваюццца ў маленькія грудзі верніцы. Нарэшце праткнулі іх наскрозь.

...Полымя шугае перад вачыма. Закіпае алей, рэдзенька выцякае з вялізнага чана зверху; аплывае растопленым воскам па плячах і спіне, нібы здзірае з Еўфрасінні скуру.

— Ці пазнала ты мяне, ігумення?

Здзіўлена падняла позірк і праз помарак катавальні і густога болю нечакана разгледзела абрыс знаёмага аблічча. Ці не Сава?

— Хто ты? — Маўчыць прымара, засмяяўшыся. Зноў запытала: — Адкуль ты?

— Пазнала, думаеш? Ах, ігумення наймудрэйшая. І пазнала, Еўфрасіння. І памылілася. Не я гэта, а грэх твой колішні! Думаеш — пекла смаляное далёка і глыбока? Там недзе? — Тоны голасу ставалі ўсё болей здзеклівымі: — Спадзяешся мінуць яго?

Мажны кат у брудным скураным фартуху, з цёмнымі злепленымі валасамі па ўсіх плячах паказаў некуды ўбок рукою:

— А яна, апраметная, з намі ўсімі на зямлі, ігумення! У кожнага свая і на ўсіх аднолькавая.— Кат з такім знаёмым абліччам зноў лінуў ёй на грудзі расплаўлены воск, ад чаго перацяло дыханне.

— Колішняе я тваё, ігумення! Думаеш, адраклася ад пражытага? Адкаснулася — і нічога не было?

...Полымя зноў... і алей, рэдзенька, закіпае, цячэ... па грудзях...

— Ці пазнала ты мяне?

Боль быў такім нясцерпным, што Еўфрасіння, здавалася, не вытрывае. Аднак з другога кутка катавальні ўжо блізіўся яшчэ адзін. Таксама тоўсты, у блішчастым ад крывавых плямін доўгім халаце.

— І мяне не пазнала?! Ой-а, ігумення...

Засунуў руку ў зашмальцаваную кішэню, выцягваючы адтуль цэлую жменю срэбных бранзалетаў і яркіх караляў:

— А я цяперашняе тваё, манашка. Прамяняла Госпада на скарб гэты?

Але ж як магла яна хоць на хвілю прыбачыць у гэтым страшным каце Саву?

— Не прамяняла, кат! Ізыдзі!

— Кажаш, не прамяняла... — Здзекліва, гучна зарагатаў: — ...а скарбу біярмійскаму ўзрадавалася.

Гарачы вецер нечакана ўдарыў па шчоках і апаліў бровы.

— Хочаш раю цяпер выпрасіць? А рай ты сабе на зямлі наладзіла. У славе ігуменскай лепей, чым ва ўладзе княскай, купалася.

Таропка адступіла.

— Не грашыла, кажаш, уцехамі плоцкімі?

Неслухмяныя вусны ўжо нават не растуляліся.

— А чаму тады цнотай кічылася? Не спажывала хмёду салодкага, кажаш, ігумення? А згадай, колькі думак салодкіх і грэшных песціла ў сабе! Глянь, якая гняўлівая была, як абражала і бэсціла тых, каго толькі Гасподзь пакараць меўся. Зірні, як нястрыманасцю сваёй любоў людскую труціла. Каменне ў рукі працягнутыя клала.

Затуліла далонямі полымнае аблічча, але прывід ужо цягнуў да яе чорныя прыгаршчы, з якіх у нябачную прорву пачалі слізгаць, звіваючыся, тлустыя доўгія пачвары.

— Вось яны, думкі вашы патаемныя, вось запаветнае ваша, служкі храмавы! Похаццю абраслі, пыхай, гардыняй заброснелі, прымарамі юрлівымі аслізлі. Казалі — рукі маеце чыстыя, сэрцы адкрытыя, думкі любасныя. Свяцейшыя, як у Госпада, можа?

Спрабавала адхітнуцца, і прывід, разам з ёю, таксама важка хітнуўся:

— Болькамі сваімі захлыналіся.

Зноў спалохана памкнулася хоць на хвілю перапыніць яго...

— ...Енчылі ад укусу камарынага!

...але вусны не адчыняліся.

— А пра Ягоны боль — забылі?!

Плечы, сціснутыя гарачым покрывам, задрыжалі.

— Песцілі, верніцы, свае пакуты, а пра Ягоныя ці згадвалі? Не Госпаду служылі, а сіле іншай! То жыватам уласным, то князям ды каралям і фарысеям. Іх валадарства згубнае літасцю Боскай прыкрывалі! Іх волю вышэй за Божую ставілі. Не аднеквайся, ігумення! Не апраўдвайся. Кажаш, не угіналася, не кланялася, не труціла сэрца любошчамі і багаццем зямным. Не ставіла, кажаш, срэбра вышэй за чалавека?

...Падняўшы рукі, чорны, як абсыпаны сажаю, кат...

— То, можа, і праўда, Госпада цяпер цнатлівей?

Той, што быў у зашмальцаваным халаце, раптам шпурнуў у яе жменю тлустай,

звітай у клубкі нечысці:

— Глядзі! Глядзі! Расплюшчы вочы свае. Адчыні сэрца.

Ужо наблізіўся амаль ушчыльную, ледзь не кранаючыся яе сваім вялізным, пад зашчэпленым на ўсе гузікі брудным халатам, жыватом.

— Вось я — цяперашняе тваё. Усё, чым акружыла сябе.

Дыхнуў у твар такім гарачым смуродам, што адразу ж выпрастала плечы.

— Ізыдзі!

Выпрастаўшы плечы, падняла на пачвару грозны позірк:

— Пазнала цябе. Ізыдзі! Ізыдзі, іспра! Ізыдзі, д’ябал. Пазнала цябе! Ізыдзі...

...Еўфрасіння апрытомнела ад уласнага стогну. Жоўты помарак катавальні бляклымі ценямі плыў на скрываўленае цела замардаванай патрыцыянкі, клубкамі ахутваў вялікае кола і звіслыя са столі вяроўкі з крукамі. І каля іх — двух мажных катаў. Аднак усё так хутка зацягвалася атрутна-жоўтым дымам, што закашлялася. І раптам у вочы ўдарыла такое сліпучае праменне ад запаленай паходні, што конча прачнулася. І хоць плечы і ногі былі быццам зашорганыя полымем, з радасцю пазнавала блішчастыя сцены пячоры, дзе ніхто, акрамя ачахлага вогнішча, не бачыў яе пакут. Задоўжаная ноч звінела цыкадамі. Ксія праз сон падняла галаву. І тут жа сонна адвярнулася, нават не паказала выгляду, што ўжо даўно не спіць. Ледзь стрымлівала ўздыхі, баючыся напалохаць ігуменню. Сціскала, каб суняць трымценне ўнутры, вусны. Чакала, калі старэйшая манашка заплюшчыць вочы і ўрэшце засне. ..Ах, ігумення! Так і не ведае дасюль, што ў дзявоцтве яшчэ, калі бацька, вялікі князь Барыс, паслаў яе, юніцу Звеніславу, разам з вернымі людзьмі ажно пад самае мора ў замак Эльблонг да лекара Тазіта, лекаваў той яе, такую неслухмяную і неразумную, штодня. Абкладваў цягучым зялёна-чорным глеем, ад якога патыхала незнаёмымі, не падобнымі да рачных водарасцямі. Пачала пасля таго смуроднага глею і праўда спакайнець: ужо не крычала па начах, не вырывалася з рук нянькі, не бегала безвач па наўколлі. Здаравела. Потым завялі ў капліцу з вузкімі каляровымі акенцамі, якраз у левым крыле камяніцы. Прыйшоў, услед за Тазітам, чалавек у золатам расшытай хламідзе з крапідлам у руцэ. Сказаў, што цяпер, пасля хрышчэння, мае яна яшчэ адно імя. Сапраўднае. Тэрэза. Толькі ў Полацку пра тое зусім не варта распавядаць. ...Вось тады, калі ўжо вярнулася Звеніслава паздаравелаю з таго Эльблонга дахаты і коратка перамовілася з бацькам, які тут жа адправіў карэту ў Бельчыцы, вось тады і сустрэла яна па дарозе ў манастыр князя Барыслава.

Але нават князь, якога кахала Звеніслава ў тыя маладыя леты бясцямна, так і не дазнаўся пра яе, Тэрэзу. Зрэшты, і сама ўжо амаль забыла пра тую паездку ў Эльблонг. Не прызнавалася самой сабе. Выкідвала Тэрэзу нават з памяці. Асабліва пасля таго, як прыняла пострыг і стала чарніцай Еўпраксіяй. Не сказала ні слова. Ні святару, ні самой Еўфрасінні. Быццам назаўжды пахавала ў душы далёкую і чужую Тэрэзу. Толькі ад лёсу што схаваеш? Ад Госпада што ўтоіш? У першае ж імгненне, як толькі кранулася нага гэтай галілейскай дарогі, Тэрэза аб’явілася ў Звеніславе сама:

— І не зможаш ты болей цурацца мяне!

— Не цуралася, але ж хіба не ты змушала мяне — памятаеш? — класціся без любасці побач з многімі і цалаваць... Чаму змушала, Тэрэза, рабіць тое, душу руйнуючы?

Не хлусі! Гэта яны, Пярун з Ладаю, у ложкі цябе розныя кідалі. А я... Даўно ведаеш. Моца я твая. Сіла я твая! Розум я твой, што сэрцам слабавольным рухае. І імя маё, другое імя тваё, Тэрэза, — не забыта.

— Але ж я — Ксія! Еўпраксія.

— Няўжо і дапраўды так думаеш, Звеніслава? Тады скажы: хто яна ў табе — Ксія? Хіба не да Барыслава няўдзячнага штурхнула? Хіба не абдоймамі і пацалункамі ягонымі атруціла? Абрабаваў дарэшты, згвалціў, наздзекаваўся князь з укаханасці твае. Вось такая заўсёды яна — Ксія твая. Даверлівая па-дурному, добрая, як ягня неразумнае. У праўду людскую верыць. Усё пра іншых дбае. Нават псу беспрытульнаму акраец апошні аддасць. Слабасць яна вялікая твая Ксія!

— А ты, Тэрэза?! Хіба не слабая? Перад бляскам золата-серабра асабліва. Уцягнула мяне ў той скарб біярмійскі. Апляла па руках-нагах.

— Пашто ганьбіш?

— Ксія затое — іншая... Ні хцівасці, ні ліхаімства, ні аблуднасці ў ёй.

— Але ж хіба не тузае яна сэрца тваё пакутамі і сумненнямі? Хіба не з-за яе, Ксіі, ты, Звеніслава, адступаешся перад гвалтам, падманам, жорсткасцю?

Зажурылася ціха ў адказ, ведаючы — не адступіць Тэрэза, тая і праўда адазвалася ў тое ж імгненне:

— Я рукі твае ў кулакі сціскаю, я грудзі бронямі захінаю! Прагані мроі атрутныя з сэрца свайго. Бо даўно пра сапраўднае думаю. Каб заўтра ўсё ў цябе было. І серабро звонкае, якім папракаеш! І хлеб штодзённы!

— Маўчы. Не руш мяне.

— А яна? Удараць — шчаку левую падстаўляе! І не бачыць: б’юць жа адразу па абедзвюх!

— Адкасніся, Тэрэза! Паказаў Гасподзь усім лепту ўдавы. Сказаў: «Дабрашчасны чалавек, які стрывае спакусу, бо пасля выпрабавання атрымае вянок жыцця, які абяцаў тым, хто любіць Яго». — Ужо нават заплакала: — Кланяюся ў мальбе: не ўзірайся ні на Косту-кніжніка, ні на Шахіру гожую прышлую, ні на грэка цемнатварага. Не спакушай нікога. Не спакушайся. Пакінь, ізыдзі з мяне, Тэрэза!

— Не вольная ты правіць мною, Ксія! Не вольны ўжо ніхто нада мною!

— Ізыдзі, Тэрэза! Не атручвай душу маю грахом. Ізыдзі.

 

ДА ГОРНЯГА

 

На калясніцы вогненных начэй,

Узяўшы ключ ад святасці і пекла,

Паўстань малітвай сэрцаў і вачэй,

Каб тых — апоеных крывёй Гасподняй — секчы!

Агнём палаюць грывы коней злых,

І твары чалавечыя ў пачвараў,

Накормленыя плоццю ўсіх святых,

Растопчуць землі і стагоддзяў — мары...

Іх жываты даўно ўжо — стойлы зла,

І бес віе гняздо ў нутры прыроды,

Зламаны рукі словаў. І з вясла Плывуць, як воды, роды і народы...

Ударыць з вуснаў Божых меч святла...

І ўспомняць, што Айчына ў іх — была!

 

 

«Але руськая панначка...»

Калі ў пячору даляцеў лёгкі перазвон, Еўфрасіння ўжо закончыла малітвы. Не спаў і Міхал. Але спаў Коста, і яшчэ нават не варухнуліся, прыкрытыя лёгкай коўдрачкай, набытай у Акры, Вольга з Ксіяю. Звон, які гучаў усё грамчэй, пачула адно галілейка, пазіраючы на праём выхаду агромністымі ад жаху вачмі, замахала рукамі; у пячору нечакана даляцеў ахрыплы мужчынскі спеў:

 

Карабель наш праслаўны з малітвай імчаў

Дзевы палкай Сыцылі — красы незямной...

Амаратаў іх секлі мы ў бойках з пляча...

Але руськая панначка грэбуе мной!

 

З глыбіні жоўтага марыва да пячоры блізіліся незнаёмыя людзі Першыя што сустрэліся ім у гэтай бясконцай пустыні. Узрадаваная, Еўфрасіння ўжо намерылася выйсці з пячоры, але нехта моцна тузануў яе за рукаво. Азірнулася, адразу ж сустрэўшы амаль вар'яцкі позірк Шахіры: пацямнелая ад жаху галілейка ўсім сваім напружаным выглядам паказвала, што там, звонку, чакае бяда. Мілагучны звон тым часам усё не сціхаў, але Міхал, змеціўшы той незразумелы жах у позірку галілейкі, таксама сумеўся. Спявалі, пэўна, чалавек трыццаць. Нарэшце, не зважаючы на Шахіру, Еўфрасіння выйшла на дарогу і адразу ж быццам аслепла ад бляску блізкіх пяскоў. Усё навокал было абліта яркім сонечным святлом. Насустрач па-ранейшаму ляцела ўрачыста-сумнае:

 

У палоне гібелі рабы і цары.

Мы паілі мячы нашы элем з крывёй,

Столькі ўцехаў спазнаў грозны бердыш стары.

Але руськая панначка грэбуе мной!

 

Асіплы хор падарожнікаў дружна падцягваў надакучлівы матыў, аднак Шахіра зноў у роспачы моцна тузанула Еўфрасінню за рукаво. Спеў пабудзіў і Ксію з Вольгаю.

 

Падымай галаву, дронтгермейскі народ.

Дзе руно — залатое, там кроў, нібы гной.

З важкім скарбам дахаты вярнуўся Гарольд.

Але руськая панначка грэбуе мной!

 

Гэта хрыпелі спечаныя і перамешаныя з глінаю пяскі. Збоку пакінутай вёскі, дзе яны толькі ўчора адпачывалі, рухалася даволі стракатая працэсія ледзь прыкрытых лахманамі жанчын і мужчын з высахлымі пальмавымі галінкамі ў руках. На грудзях у некаторых гойдаліся маленькія званочкі: «дзын... дзын!» Людзі былі ад пячоры так блізка, што Еўфрасіння, змеціўшы ў дзіўным шэрагу знаёмае аблічча, ускрыкнула: прышлыя ўжо спыняліся каля самай пячоры, і апошняю сапраўды была тая самая, але без пранцаватых плямаў на шыі, маладая паланянка па імені Алма. Не падымаючы вачэй, ішла ўслед за высокім сівабародым старым, які ўвесь час круціў галавою, нібыта ўзіраючыся ў наваколле сваімі бяльматымі сляпымі вачыма.

— Алма! — Гэта вырвалася ў Еўфрасінні міжволі, але ўсе адразу ж павярнуліся ў яе бок і спыніліся.

Цемнаскуры, прыкрыты, нягледзячы на няшчадную спёку, капітанскім кафтанам сапрэла-чырвонага колеру, грэк рэзка махнуў рукою падаўшы ўсім знак.

Шахіра, спалатнеўшы, зноў нешта роспачна загаварыла. Спачатку Еўфрасінні, потым — Косту, паказваючы на свае шчокі і шыю.

— Ксія... — ігумення звярнулася да сястры амаль шэптам, але падарожнікі — і хто ўжо сеў на зямлю, і хто яшчэ стаяў блізу скалы — разам павярнуліся ў яе бок Тады і сама зірнула на кожнага, змеціўшы, што амаль усе прышлыя абуты ў хліпкія, зношаныя сандалі. Ледзь прыкрытыя дзіравымі лахманамі, бліскалі на палачан нядобрымі позіркамі пачырванелых вачэй. Адрынутыя жыццём і людзьмі, гэтыя дзеці Божыя ішлі, пэўна, туды ж, куды і палачане; Еўфрасіння патрабавальна зірнула на Ксію, і сястра-чалядніца адразу, хаця і не вельмі спяшаючыся, вынесла з пячоры міску назапашаных яшчэ ў Доры фінікаў. Ежай без мітусні распарадзіўся грэк, раздаўшы ўсім пароўну. Палачанам застаўся толькі звараны ўвечары падсохлы боб. Галілейка зноў пачала тузаць Еўфрасінню за рукаво. Аднак, убачыўшы, што яе не слухаюць, крутнулася назад, праз кароткі час вылецела, трымаючы ў руках свае залатыя колты. Высока падняла іх, як разглядваючы багатае ўпрыгожанне ў яркіх сонечных праменнях. Але вось падышла да грэка і нешта ціха сказала таму на вуха. Укінула колты ў вялізную скураную торбу. Коста, зразумеўшы, што гэта аплата за дазвол ісці разам, сумна ўсміхнуўся Міхалу: той якраз падганяў з боку пакінутай вёскі мула і восліка. Відно, добра напоеных і накормленых. Бурдзюкі на іх спінах таксама былі напоўнены вадою. А Еўфрасіння ўсё яшчэ абводзіла позіркам грамадку незнаёмых людзей, да канца не спасцігнуўшы новага выпрабавання. Нечакана ўздрыгнула: нехта мякка крануўся складак яе покрыва.

— Алма?!

Вогнішча перад пячораю дагарэла ўмомант, і ўсе з незадаволеным крактаннем пачалі падымацца. Аднак старэйшына, паправіўшы на плячы кайстру, зноў упарта, нават не дазваляючы думаць пра адпачынак у цяньку, зацягнуў сваё нуднае:

 

Я з Нарвегіі Верхняй, я ўдалы ганец,

Выдзіраўся і з пекла, і з прорвы зямной.

Вось нарэшце здабыў гэты царскі вянец!

Але руськая панначка грэбуе мной.

 

Працэсія, выстройваючыся ў доўгі шэраг, бязладна загудзела, паўтараючы: «Але руськая панначка грэбуе мной...», пакорліва зашоргала за сваім павадыром; палачане прысталі да чароду ў самым канцы, і Міхал з Костам асабліва пільна прыглядвалі за жывёлай: на мула і восліка ўжо хціва касіліся. Але тут жа адводзілі позіркі, збаяўшыся нават выгляду магутнага, з сівой разложыстай барадою волата. Паломніцкі збой ішоў праз пустыню не перамаўляючыся і ішоў гэтак доўга, што ад бясконцага «...Але руськая панначка грэбуе мной...» Еўфрасінню пачало нудзіць. Сціху азіралася, увесь час ловячы на сабе бліскавічныя позіркі Шахіры. Коста ішоў блізу Вольгі, па стомленым позірку якой было відно, што гэты шлях здаецца ёй невымерна бясконцым. Высокі нябесны купал адліваў атрутна-жоўтым бляскам, і прывязаная да яго праменьчыкам шыракакрылая птушка бясконца кружыла над купкаю худых смакоўніц, каля якіх паломнікі нарэшце зноў спыніліся.

Адчуўшы, як аслабела лскацяць натомленыя ногі, Еўфрасіння апусцілася на калені і сцішыла задыханасць. Назірала, як людзі ашчадна дапіваюць ваду. Адкрыла Вечную Кнігу. Грэк усё яшчэ цягнуў сваё нуднае: «Я з Нарвегіі Верхняй, я ўслаўлены сын...», але ніхто праважатаму ўжо не падцягваў.

«..лапата Ягоная ў руцэ ў Яго, і Ён ачысціць гумно Сваё і збярэ пшаніцу Сваю ў засекі, і салому спаліць агнём непагасным....»

Сонца пустыні стаяла ў самым зеніце і так няшчадна пякло, што смакоўніцы амаль не давалі ценю. Паўсюль былі раскіданы акруглыя камяні, на якіх, падаслаўшы світкі, можна было прымасціцца. У кожнага з паломнікаў да пояса былі прывязаны скураныя пляшкі з вадою. Міхал заклапочана накрываў восліка і мула посцілкамі.

— Старэйшына кажа, што да раніцы, ігумення, зможам дайсці да Чырвонай грады. І там ёсць калодзеж і запас тлустых вярблюджых скураў.

Алма, скарыстаўшы перапынак, ужо абышла ўсіх паломнікаў і цяпер укленчыла каля Еўфрасінні, тая схілялася над Евангеллем.

— Хутка Іардан будзе, ігумення, калі грэк не змыляецца. Толькі здаецца мне, — ад страху ў голасе Алмы з’явілася нядобрая хрыпатца, — шаноўная, што да Мёртвага мора мы хілімся.

Не адказаўшы, ігумення перагарнула старонку, зашаптала:

— «...І, ахрысціўшыся, Ісус выйшаў адразу з вады; і вось адчыніліся яму нябёсы, — і ўбачыў Ян Духа Божага, Які сыходзіў, як голуб, і апускаўся на Яго. І вось голас з нябёсаў прамовіў: гэты ёсць Сын Мой любасны, Якога Я ўпадабаў».

Нечаканы ўзвіў калючага, як растоўчанае шкло, пяску шаснуў па вачах, міжволі азірнулася. Коста сядзеў пад смокваю і аб нечым перамаўляўся са старым сляпцом. Каля іх прымасцілася і Вольга, да якой паволі набліжалася Шахіра. І раптам Алма, ускочыўшы на ногі, кінулася той наперарэз, нешта рэзка і так адрывіста выкрыкнула, што галілейка спалохана адвярнулася, крутнуўшыся да Міхала, які дзіравай анучай ласкава пагладжваў рабрыстыя бакі схуднелых жывёлін. Старэйшына-грэк незадаволена махнуў кулаком і прыкрыкнуў на Алму. Здзіўленая, запытальна зірнула на яе і Еўфрасіння, перад вачмі раптам пырснулі жарынкі, ад чаго ледзь не страціла прытомнасць, але Алма нечакана пачала расказваць пра маці, прымушаючы ігуменню падняць вочы і слухаць. ...Расказвала, як аднойчы цёмнаю раніцаю маці Алмы, прыгажуня жмудзінка, была выкрадзена ад мужа, сына купецкага, проста з-пад мяккай вавёрчынай коўдры. Самы ўдалы ва ўсёй жмудзі паляўнічы і лучнік, бацька яе, Кірык, пачуўшы, колькі пушніны трэба было для выкупу, у адчаі разаслаў ганцоў да ўсіх другаў, і пушніна ўрэшце была сабрана. Але варагі-находнікі ніколі не ўмелі чакаць. Тады яшчэ ніхто не ведаў, што маладая паланянка цяжарная. Не перапыняючыся, Алма ўвесь час кідала папераджальныя позіркі на Шахіру, але тут жа адводзіла вочы ўбок. Прызналася, што сапраўды сустракала галілейку ў гарэме старога Аль-Ашрама. І болей — ні слова. Ігумення ўжо зноў перагарнула абалонку Евангелля. Сонца па-ранейшаму было няшчадным. Сама блізка да Еўфрасінні сядзеў стары паломнік з белай анучаю на аблыселым чэрапе. Нечакана заенчыўшы, стары адкінуў убок чырвоную яшчарачку. Тады, прыпыніўшы чытанне, ігумення насцярожана азірнулася. Вольга, паклаўшы галаву Косту на плячо, здаецца, драмала. Жаўтаватая скура яе мела нездаровы выгляд, рукі былі скрыжаваны на грудзях.

...Але нешта здарылася ў наваколлі, нешта змянілася. Ад нечаканай млосці Еўфрасіння схіліла плечы. Тады Міхал неспадзеўкі падышоў ззаду і загадаў ёй адпіць з пляшкі хоць глыток вады. Паслухала яго і сапраўды пачулася лепей, пільна ловячы пагрозлівыя гукі гэтай бясконцай пусткі, што зноў рухала пясчанымі лавамі. Усё навокал шапацела, шоргала, шумела. Важкі чырванаваты поўдзень узіраўся ў цёмныя, павільгатнелыя ад стомы вочы манашкі са спагадаю, мякка абвяваў твар лёгкім дыханнем. Нехта зноў замармытаў: «Але руськая панначка грэбуе мной...» І раптам Міхал, седзячы каля мула, нечакана моцным распеўным голасам зацягнуў добра вядомы ўсім палачанам матыў: «Быў жа ў багатага ды брат Лазар, і пайшоў ён к багатаму брату... А мая ж то душанька нацярпелася...» Вольга, усміхнуўшыся, варухнула вуснамі, тонка падцягваючы старому. Міхалаў голас, такі па-маладому густы і багаты, ужо разлягаўся, здавалася, па ўсёй пустыні: «А сыдзі ж ты, сквірнявы, ды з майго двара...» Нехта, аднак, ухвальна ўскрыкнуў, і Міхал адразу ж апамятаўся. Злавіўшы на сабе захопленыя позіркі, заціх. Слыху паломнікаў тут жа крануўся яшчэ адзін — ахрыплы, падобны да гудзення, спеў. Гэта адазваўся сляпы, які сядзеў у паўкроку ад Міхала. Ужо ледзьве растуляў вусны, хапаючы перад сабою пальцамі гарачае паветра.

 

..Карабель наш ірвецца ў раз’юшаны шторм,

Колькі вёсен грымотных сплыло за спіной!

Ды, счарпаўшы ваду, — зноў ляцім у прастор...

Але руськая панначка грэбуе мной!

 

Хамсін падшугаў да расхінутых над Галілеяй кучавых воблакаў, і над утравелымі берагамі Іардана, над саванамі і пячорамі галілейскіх пустэльнікаў разнеслася яго ахрыплае гудзенне. Аднак вышэй, туды, дзе пачынала свой горні шлях апошняя дарога, ні адзін вецер яшчэ не падымаўся. Бо нават блізіцца да празрыстых прыступак дарогі, што вяла да Варотаў, не дазволена было ні сухавейным вятрам, ні скучаным дажджавым хмарам, ні марскім брызам. Толькі шэпт малітваў і салодкае біццё чыстых сэрцаў нябачна працэджваліся праз крохкія соты пад шапаценне бліскучага лісця вечнага саду, да якога праз блакітную мярэжу рэхам даносіўся хор натруджаных галасоў:

 

Вось на сушу ўзышлі мы бліз кратэру гор,

Што смалою плюецца, як юнга сліной,

І малітвай далі таму пеклу адпор,

Але руськая панначка грэбуе мной.

 

...Каля Варотаў стаяла новая варта — у празрыста-хвалістых шатах з доўгімі серабрыстымі мячамі, якімі херувімы так лёгка адсякалі брудныя патокі чалавечае жарсці і глеістыя, разварушаныя чарвямі, смярдзячыя гарбы смяротных грахоў. Тыя адразу ж сцякалі праз шчыліны цёмных нетраў у нябачныя глыбіні апраметнага агню. Хамсін ужо прадзьмуў сабе дарогу праз воблакі: кідаўся, насіўся над пустыняй і Міжземным морам; спяваў спрадвечную песню над зажуранымі смоквамі і ерусалімскімі камянямі, што рассейвалі навокал сябе зыркасць дотыкаў Сына Божага.

...Вечны горад яшчэ не прачнуўся, але ўжо і не сніў нічога. Цэлымі радамі перад Варотамі размяшчаліся крамкі з хецкімі залатымі ўпрыгожаннямі. Густабародыя і доўгавалосыя, з сівымі касіцамі качэўнікі басавіта прапаноўвалі пакупнікам маладых ахвярных баранчыкаў; адусюль чулася здаўленае бляянне. Каля прасторных лазовых клетак з птушкамі на высокіх латках паблісквалі бронзавыя падносы з вінаграднымі гронкамі, фінікамі і віном у тонкіх, з доўгімі шыйкамі жбанах, і іх уладальнікі ўвесь час імкнуліся перакрычаць адзін аднаго.

Не зважаючы на няшчадную спёку, да горада блізілася доўгая чарада спакутаваных паломнікаў, да якіх Хамсін нават звык. Амаль апошняю, побач з ужо барадатым маладым кніжнікам, ішла тая залатавокая, што заўсёды сустракала павевы ветру белазубай усмешкай, лёгка падбіваючы пры хадзе полы сваіх доўгіх, абсечаных пяском шатаў.

Хамсін з лёгкім свістам узляцеў яшчэ вышэй, але тут жа падагнуў крылы, нечакана змеціўшы, як у бок падарожнікаў праз рассохлыя шчыліны высокіх скалаў пачынаюць змяіцца чорныя тлуставатыя ўзвівы яшчэ аднаго, але значна мацнейшага за ўсе іншыя, горкага сухавею. Зразумеўшы, як блізка знаходзяцца гэтыя людзі ад свае смерці, вецер устрывожана заскуголіў. Паломнікі, яшчэ не ведаючы, што вось-вось уступяць у страшнае кола, бесклапотна цягнулі сваё нуднае «але руськая панначка...». Азіраліся, пазвоньваючы, «дзын-дзын», сваімі дарожнымі званочкамі, схілялі голаў, услухоўваючыся ў нецярплівае і таямніча-роспачнае падвыванне грознай пустыні. І толькі немаладая ігумення, прыціскаючы да грудзей Евангелле, нечакана схапілася за горла і апусцілася на калені, адразу ж уткнуўшыся лбом у разгорнутыя абалонкі.

Але калі аддалены гул страшнага смерчу нарэшце пачуўся даволі выяўна і ўсе пачалі спалохана азірацца, разам з усімі і сама здзіўлена змеціла, што ўвесь гэты час, аказваецца, яны хадзілі кругамі: праз жоўтае марыва праглядваўся няроўны абрыс знаёмых скалаў з пячорамі. Моцны парыў сухавею так грозна падняў уверх жоўтую гарачую сечку, што падарожнікі, ужо не зважаючы на незадаволены крык важака-грэка, кінуліся да ігуменні. І першаю была Еўпраксія. Наблізілася, і Еўфрасіння абняла, захінула сястру ад пяску шатай свайго покрыву. Спагадліва прашаптала:

— Не бойся, Ксія. Усё ў руцэ Гасподняй. Не бойся.

Тая, у нейкае імгненне падняўшы няўцямны позірк, яшчэ мацней прытулілася да ігуменні. Прыціхла. З-за небакраю ў бок паломнікаў агромністым жоўта-чырвоным слупом імчаў сапраўдны смерч...

 

РАЗДЗЕЛ 33. Смерч

«І скажуць, што зміем упаўзаю ў плод праведны, бо ёсць я знак пагібелі і супраціўляюся таму, што даспадобы Ісусу Хрысту... Што ўзлакнуў я Крыві Ягонае, укусіўшы зямное і нябеснае. Што мёртвы я ў грахах і ашукваю вас, неразважліва надзімаючыся плоцкім розумам сваім... Не вер таму! Што насычаю зямныя цялесы людскія распустай, нечысцю, юрам, ліхой хцівасцю, любаздзірствам ідаласлужэння, — не вер. Нікому. Не вер!»

Ах, ігумення, сястра мая Еўфрасіння! Як жа сказаць, як прызнацца, што ў тым далёкім Эльблонзе, калі лекар Тазіт сказаў, што яна, Звеніслава, ужо стала Тэрэзаю, дадаў ён і тое, што настане дзень, калі прыбудуць у Полацак ганцы, якіх трэба будзе сустрэць і прывеціць. І ва ўсім слухацца. Бо вялікая місія ўскладзена Тазітам на яе, Тэрэзу. Адну з нямногіх. І найперш, каб была лепшай, разумнейшай, хітрэйшай, багацейшай за іншых. Дзень той і дапраўды настаў. Аб’явіліся ганцы. Перад самым іхнім сыходам з Полацка ў паломніцтва. Сказалі:

— Не прыходзь да Госпада ў зрэб’і, Тэрэза. Не прадставай прад вачмі Ягонымі ані прыніжанай, ані гордай, каб ведаў, што, славу зямную здабыўшы, да Яго ўсё набытае ў канцы жыцця нясеш.

Памятае, як сумелася тады, здзіўлена падняўшы позірк. Але госці ўжо зачыніліся ў кутавой келлі, сказаўшы, што зашыюць біярмійскі скарб у яе доўгую безрукаўку. Дзівілася толькі: адкуль уведалі, з такой далечы прыбыўшы, што хавала скарб па падказцы Барыслава — ды будзе зямля яму пухам! — на самым відным месцы. У келлі хавала. Паставіўшы на ларэц дубовае ўкрыжаванне.

— Людзьмі, думкамі, мроямі іх авалодвай, Тэрэза, сэрцы слабыя крышы, не адкрывайся перад неразумнымі, бо хлусні болей, чым праўдзе, вераць; падавай бліскаўкі марных надзей тым, хто ад бляску пустога аслепнуць гатовы. Чалавека зваюй — і Светам авалодаеш.

Не бачылі, як пабялела тады. Навучалі. Не пярэчыла, слухаючы.

— Нясі Госпаду гэты скарб. Ад усіх нас. Памятаеш, пра што Тазіт найпадобны казаў?

Нічога не адказала. Бо даўно ўжо схавала ў душы таямніцу, у якую цягам часу перастала верыць і сама. Да таго самага моманту, пакуль не прыйшлі гэтыя манахі ад Тазіта.

І адразу ж аб'явіліся ў ёй, Звеніславе, яны абедзве. І Тэрэза. І Ксія. Неадлучныя адна ад аднае. Неад’емныя. Як дзве палавінкі яе душы. І цела. Палавінкі...

...Навокал зазмяіўся такі віхор, што ўсе, каго непагадзь сагнала ў адно кола да Еўфрасінні, схапіліся за рукі, але вецер нечакана пачаў так моцна віраваць, так упарта расшчапляць кола паломнікаў, што праз імгненне Ксіі знемаглося нават дыхнуць: нечакана апынулася побач з Шахірай, якая тут жа ўвішна падскочыла да ігуменні, намагаючыся вырваць у тае з рук Евангелле... Зноў узвіхрыўся магутны круцень. І Шахіра, не ў змозе ўжо працівіцца яму, раптам ухапіла за рукаво, памкнулася сцягнуць з плячэй Ксіі хламіду. Наўздзіў сквапна ўсміхалася.

Яны не саступалі адна адной ні паўкроку, і Ксія ўжо зразумела, чаго тая прагла. Дзеля чаго, урэшце, апынулася на іх дарозе. Злосна, з усяе сілы, ударыла галілейку ў грудзі, і Шахіра адляцела так далёка, што згубілася ў жоўтай кудасе. Вецер адразу ж шаргануў Ксію па абліччы, схапіў тысячамі пальцаў за шыю. Засвістаў, заенчыў. Але ўжо не сваім сіпеннем, а роспачнымі, прыглушанымі ад жаху галасамі:

— Краніся нас, Звеніслава. Аблудных і вясёлых! Ідзі і прасі ў Госпада літасці да пастухоў і пастушак Лотавых. Ці не ў госці сюды прыйшла?

— Прынясі тады хоць крыху свежай вады нам, сасмяглым, што ўсё жыццё сваё толькі віно салодкае і густое спажывалі.

Сумеўшыся, у постраху азірнулася: рудаватыя клубкі насіліся вакол яе звар’яцелым круценем.

— Вады крынічнай прынясі нам, Ксія сердабольная, каб смагу прабіць і каб не слязьмі толькі мылі ногі свае.

— Хлеба прынясі нам, далёкая. Сэрцы падмацаваць.

— І вазьмі алею, і цялятка пяшчотнае прыгатуй. Гэта ўжо цябе, Тэрэза, просім. Пахітнулася, затуляючыся рукамі ад енкаў: «Памятаеш, памятаеш, памятаеш?»

— Што памятаць мушу?

«МАЛІСЯ ЗА НАРОД СВОЙ...»

Ці гэта смерч, ці дапраўды за полы хламіды ўчапіліся, тузаючы, разбэшчаныя пастухі Лота, што ставілі колісь шатры свае па ўсёй іарданскай зямлі. Яшчэ да тае ночы, як Гасподзь праліў гнеўна на горад сукупленняў грэшных агонь нябесны.

Горасна цяпер плачуць:

— Ах. не паслухалі тады слова Ягонага, не ішлі за гаспадаром у Сігор, не пакінулі статкі, не ратавалі душаў сваіх, паленаваліся падняцца на гару. Ах, пральсціліся беззаконнем і грахом смяротным.

— Але ты, чалядніца манастырская, не пакідай нас! Не забудзь грэшнікаў і пакляніся ў тым свяшчэннымі сасудамі. — Ужо рагаталі ў постраху: Прамоў хоць слова у абарону! За грэшнікаў аблудных, пастухоў Лотавых! Прасі ў Госпада літасці. (Ахрыпла.) Толькі нас не папракай, балесная! Бо хіба край, адкуль прыйшла сама, — не такі ж грэшны, як нашыя Садом і Гамора?! А як вернешся — нагадай суроднікам сваім пра боль наш. Памятаеш? «І праліў Гасподзь дажджом серу і агонь, і нізвергнуў гарады тыя, і ўсю ваколіцу, і ўсіх жыхароў...» Нагадай! Маліся за народ свой! Каб ацалеў!

Зноў тузанулі за рукаво, ад чаго Звеніслава міжволі азірнулася. Цёмная, быццам гэты смерч, Шахіра, няўцямна бліскаючы шырока расплюшчанымі вачмі, зноў ярасна ўчапілася ў яе хламіду, імкнучыся нарэшце дастацца да безрукаўкі з моцнага, добра прашытага палатна, якую Ксія не здымала праз увесь гэты доўгі і бязлітасны шлях.

— Аддай тое, што не тваё.

— Але ж і не тваё, Шахіра.

— Аддай скарб біярмійскі — і жыць будзеш!

Зваліўшы Ксію на зямлю, галілейка ўжо ўздымала над яе галавою вялізны камень. Шалёны парыў ветру так ярасна закруціўся навокал, што каля абедзвюх нечакана апынуўся Коста. Змеціўшы камень у руках Шахіры, спружынай ірвануўся наперад. Ні хвіліны не вагаючыся, апусціў важкі пергамен, які ніколі не выпускаў з рук, на патыліцу галілейкі, і тая адразу ж апаўзла на зямлю. Віхор, падымаючы абярэймы дробнага камення, заенчыў, кінуўшыся ў бок аддаленых скалаў, завалок усё рудою жарствой.

...Да вялізнага валуна, на якім, з кашлем выдыхаючы гарачы пясок і абхапіўшы рукамі плечы, сядзела Вольга, блізіўся высокі жылісты сляпец. Ледзь падняўшыся на ногі, памкнулася ступіць да нямоглага сляпога, што заўсёды валокся ў паломніцкім збоі самым апошнім, але тоўсты і слізкі жгут смерчу не дазваляў нават зрушыцца з месца, сціскаў грудзі. Тады закрычала. І стары, як ні дзіўна, пачуў, працягнуў да яе рукі. І тут жа ўпаў на калені, затуляючы локцямі нізка схіленую галаву. Рэдкія сівыя валасы закубліліся, сарочка пузыром уздулася над сухім, дугою ўгнутым хрыбетнікам. І тут жа знік з вачэй, забраны чорнай глыбокай варонкай.

...Ён, князь і прарок беламорскі Ерыней, сляпы ўжо трыццаць сем летаў, доўгіх і бясконцых у пакуце, і дасюль не забыў. І дасюль памятае. Як прасіў тады сабачнікаў багатых і імянітых: не шкадуйце рыбы ні дзецям, ні старым, ні жанчынам. Мінецца пара ліхая. Будзе ўсяго досыць. Пушніна будзе. Тлустыя марскія звяры на бераг самі павыскокваюць. Алені статкамі збяруцца. Але адказалі іншае Не чакаў такога Ерыней, аднак зусім адваротнае сказалі:

— Хочаш над намі князем быці, Ерыней малады, хочаш, каб прарокам цябе лічылі? Хочаш юхты на ногі мяккія, футра цёплае, кадоўбы тлушчу? А сані шырокія, прыкрытыя коўдрамі з пуху гагар, — таксама хочаш? Тады слухай, малады, што скажам, загадай варце... Каб усіх лішніх... прэч, і дзяцей таксама, князь! Не спрачайся! Не даводзь. Падумай: хіба ж не вырастуць дзеці, хіба не закрычаць даць ім рыбы?! І жонак меней нам трэба. Каб на ўсіх пароўну. Астатніх у каменяломні тыя, што за Мядзведжай гарою. Толькі сам асачы, каб вывезлі. І прарокам застанешся, і князем. А праз тыдзень пасля таго, як іх усіх адвязуць, правер. Абавязкова правер!

...Ён аслеп адразу ж. Пасля першай жа таемнай, нават без варты і цёплага футра, паездкі ў касцяныя пячоры за Мядзведжай гарой. У тое ж імгненне, калі нечакана наступіў на ручку заледзянелага немаўлёнка, пачуўшы жахлівы хруст пад нагой. Па вачах так моцна ўдарыла, недзе ўнутры галавы так ярка і балюча бліснула, што ледзь не ўпаў. Папраўдзе, упаў, укленчыўшы. Завадзіў вакол сябе рукамі. Так моцна крыкнуў, што водгулле трывае ўнутры галавы і цяпер. З усіх, каго па ягоным загадзе тады вывезлі за Бел-мора, выжыла толькі адна кабета. Сабраўшы лахманы ў адзін хатуль, узяла яго, сляпога, за руку, павяла. Праз лясы і рэкі, праз ачароты непралазныя, што абдзіралі яму рукі і аблічча да крыві. Праз каменныя скляпенні і пякучыя барханы.

Ішлі... Ішлі і трэсліся абое на колах, плылі і потым зноў ішлі. Памерла Неганіла, як звалі тую, што не пакінула яго праз усе доўгія леты, у Акры. Добрыя людзі пахавалі. Яго ўзялі з сабою. ...Свірэпы вецер, вырываючы старога з успамінаў, так балюча ўдарыў па галаве, што той упаў на калені. Але тут жа ўпёрся рукамі ў дарогу. І адразу ж пачуў:

— Падымайся. Ідзі, сляпец. Ідзі, Ерыней! І маліся за мяне, за Лота з Садома. Бо і я пакінуў грэшнікаў смярдзячых. Попелам развеяліся з-за грахоў страшных, бо заслужылі. І былі спалены. А ты ідзі і маліся за мяне, за Лота з Садома. Пакінуў тады іх. Як толькі ўзышла зара, анёлы пачалі прыспешваць: «Падымайся, вазьмі жонку сваю і дзвюх дачок, каб не загінулі за беззаконне горада». І павёў. А гараджан астатніх пакінуў... Казаў тады адзін Анёл: «Ратуй душу сваю: не азірайся, Лоце, назад і нідзе не спыняйся ў мясцовасці гэтай... Ратуйся на гары, каб не загінуць... бо знішчым горад гэты, таму што вялікі ўскрык на жыхароў ягоных да

Госпада...»

— Але ж я, князь і прарок Ерыней, сам звёз у пячоры касцяныя сваіх суроднікаў.

— ...азіраюся ўсё цяпер... Быццам і дапраўды чую, што клічуць, енчаць з агню і серы, просяць аб літасці мяне, Лота, месцічы пакараныя: «Ай-а, Лот, ратуй... Ратуй!»

Азіраюся і чую галас іх жахлівы, бачу смерч вогненны.

— Але ж і я... у ільды касцяныя... Сам адправіў! Дзяцей з мацерамі і старых.

— Не ты гэта звозіў іх, а голад, Ерыней!

— Аднаго ў Госпада прашу. Снегу сабе паболей. Ільдоў аслізлых паболей.

Шурпаты віхор так моцна ўдарыў па галаве жменяю камянёў, што па лбе старога адразу ж распаўзліся крывавыя плямы. Аднак нават не застагнаў.

— Ідзі, сляпец! Маліся за мяне. За Лота гаротнага. За пастухоў нашых і пастушак...

— А за мяне хто памоліцца?

— Тая, што вядзе. Ігумення з Полацка. Яна за ўсіх памоліцца.

Еўпраксія азірнулася і сапраўды ўбачыла ігуменню, што якраз кленчыла. Убачыла і тое, што менавіта да таго каменя, дзе ігумення малілася, зноў імчаў страшны, ажно чорны ўзвіў новага смерчу. Убачыла і тое, як ігумення схапілася рукамі за вочы...

Імгненне — і вочы зноў нечакана расплюшчыліся, але замест яркага святла позірк адбірала цёмная шалёная крутаверць. Вецер укручваў у сваё жарало ўсіх, хто яшчэ не паспеў схапіцца за хламіду суседа. Так блізка ад яе нечакана пранеслася злямчаная торба, за лейку якой трымаўся амаль бясцямны праваднік. Але тут жа, упаўшы на зямлю, асланіў галаву далонямі. Азірнулася, шукаючы хоць каго-небудзь на падмогу, аднак вецер нечакана так злосна шаргануў па твары, што задыхнулася ад болю. Чула адно густое даўкае сіпенне, што ўжо аддалялася за грувасткія валуны. Каля крайняга, укленчыўшы, пахітваўся пакінуты цяпер спадарожнікамі важак-праваднік.

— Усе кажуць, што ты грэк?!

— Што табе з таго, вецер? Хіба не забіваў сам, не высушваў косці яшчэ жывых іянітаў і тампліераў? Не разносіў хіба па засеяных палосах полымя, не напаўняў крылле арлоў-падальшчыкаў, што не баяліся нават пошчаку маіх грозных барабанных палачак? А я ж так грымеў. Так стараўся, што здавалася, вось-вось рухнуць жоўтыя сцены крэпасці, адкрыюць тоўстыя вароты перад ім — каралеўскім лучнікам, што прыхапіў мяне, сірату галодную, на дарозе, узяўшы з сабою ў паход.

— Але ж ты нарадзіўся ў Трыпалі і пасля ішоў барабаншчыкам гаспітальераў, з яркім шоўкавым крыжам, нашытым на чорным камзоле, да самай Эдэсы. А потым быў Дамашак. Памятаеш?

— А што ты памятаеш, сухавей? Як даганяў нас, крыжаносцаў, па ўсіх дарогах? Як выпіваў калодзежы?

— А вы? Хіба не закідвалі вы тыя самыя калодзежы нябожчыкамі, рассякаючы іх, смярдзячых, на кавалкі? Бліскалі мечамі і шчытамі. Думалі — вось прыйдзеце ў Ерусалім да Дамавіны, і адразу ж уваскрэснуць усе. Шшу. Шшах...

— Ці тое памятаеш, сухавей?

Як пацеў і ванітаваў ты, маларослы, калі бачыў, як да чорнага попелу выпальваюць твае праслаўныя апекуны-храмоўнікі ўсё жывое. Не толькі жыллё прасталюдзінаў, але і сэрцы іх. І як гвалцяць юніц, памаліўшыся Богу. Памятаеш? Як Хрысту памаліўшыся, кідаюць у вогнішча першы кавалак мяса. Не простага мяса, грэк, а чалавечыны. Цябе ванітавала, і ўсе смяяліся, называючы малога барабаншчыка нягеглым смуродам.

— Не смурод я маларослы. Многае магу, многае цяпер умею!

— Усё жыццё крычаў ты пра сваё геройства, крыжакоў барабаншчык, так гучна крычаў, быццам маглі пачуць не толькі жывыя, што ўсё роўна насміхаліся з цябе, але і яны. Тыя, што ўжо даўно не прасілі цябе прагрымець адбой. Пераканаў урэшце. Усім давёў сваё! Стаў, як і бацька твой некалі, каралеўскім меднікам.

Шшшу-ша...

— Стаў. Дапраўды — стаў!

— Толькі слёзы ў цябе па-ранейшаму горка-салёныя, барабаншчык. І ногі, якія ледзь перастаўляў ты, калі ішоў, памятаеш, па вуліцах ерусалімскіх, валокся па калені ў крыві, ногі твае і дасюль яшчэ быццам крышацца падчас непагадзі. Слухай жа. Гэта яны, твае храмоўнікі, твае трампліеры, твае начальнікі паходныя. З крыжамі на грудзях і спінах. Слу-хай жа.

Шша-шша...

— Памаліся за нас! Выбачай нас.

Віхор ужо ўкруціў у сваю глыбокую варонку цэлыя лавы дробных і большых камянёў, раз’ятрана сыпануўшы іх на выпетранага, амаль голага чалавека, які нават не азваўся. Быццам прыслухоўваўся да такіх знаёмых, далёкіх і блізкіх, галасоў:

— Барабаншчык-юнец, памаліся за нас.

— Прабач нас, барабаншчык...

— Памалюся.

Шшу-шша...

* * *

...у вочы яе раптам ударыла такой шорсткай сечкай, што яна ўжо ледзь стрымала стогн. Але гэта ўжо была не шурпа чорнага смерчу, а яркае, ажно сліпучае праменне... паміж дрэвамі, што ўжо абступалі мажную паставу старога князя ў багатых, золатам расшытых шатах. А князь, насупіўшы калматыя бровы, раптам востра зірнуў у яе шырока расплюшчаныя вочы...

— Я, Уладзімір Манамах, што не цярпеў аніякага мяцяжу і славесяў марных усё жыццё, кланяюся, Айцец нябесны, за праўнучку маю, ігуменню з Полацка...

— ...і прэбывалі мы ў пячорах лаўры Кіеўскай.

— Адольвалі пустыню Іудзейскую... Цяжка было...

Пачуўшы ігуменню, з-за промняў-дрэў гэтага дзіўнага, падобнага на Гефсіманскі, саду раптам пачалі з’яўляцца розныя людзі. І сама яна таксама ступіла наперад. Прашаптала:

— Мы прайшлі спярша ў Кіеў. І малады Давыд, і ігумен Міхал. І — Еўпраксія.

Бачыла, як з-за дрэў выйшаў стары сівабароды манах. Перажагнаўся і таропка загаварыў:

— Я, Фядосі, лаўры святой заснавальнік, скажу: у пару, калі рыскалі бесі па зямлі, малітвай ратавала ігумення полацкая ўсіх нас.

Адступіла тая, змеціўшы, што ў праменны сад яе відзежу ўваходзяць верніцыпатрыцыянкі, і адна з іх, у дарожным шэрым плашчы, ужо блізілася і жагналася:

— Я, Еўфрасіння з Візантыі, кланяюся Табе, Госпадзі, і прашу за сястру маю полацкую...

— Я, Ерміона, дачка Піліпа, што загінула ў Эфесе за слова Божае, прарочыца і лекарка... Кланяюся Табе!

— Адольвалі мы, падарожнікі полацкія, пустыні спякотныя, пераплылі і цераз мора...

— Я, роўнаапостальная Ніна, каго абраннікі святыя паслалі ў Іверыю, прашу імем Духа Святога — за ігуменню з Полацка!

— Я, Фёкла, першапакутніца і лекарка, якая выбавіла з глухой цямніцы апостала Паўла і ішла, збіваючы ногі да крыві, па дарогах Іконі і Сялеўні... Прашу Госпада!

— Мы, Святыя палесцінскія, просім!

— Мы, Воіны нябесныя, молімся!..

— Мы, Кніжнікі зямныя і горнія...

Ударыла апраменне па вачах, асляпіла. Да болю...

Страшная варонка сухавею, стаяком празмяіўшыся праз усю Галілею і ўрэшце кінуўшы ацалелых людзей на барханы, паволі суцішвала свой скразны, паміж небам і зямлёю, страшны палёт. ...Яны кленчылі перад уваходам у тую самую пячору, дзе яшчэ раніцаю адпачывалі. Здалёк, цягнучыся следам за вослікам і мулам, блізіўся Міхал. Спакойны і па-ранейшаму засяроджаны толькі на малітве. Пад ружаватым паднебным парасонам усё яшчэ кружыў шыракакрылы птах, быццам не верачы ў тое, што бачыць на зямлі Галілеі столькі жывых людзей. Гэтыя, што ацалелі, былі тыя самыя. Яшчэ з імператарскага карабля, са шторму. Тыя, што прыйшлі сюды з далёкай і невядомай Хамсіну Полацкай зямлі.

ПЕРАД ГАЛГОФАЙ

...Імклівы пошчак добра падкаваных капытоў па камяністай дарозе яны пачулі адразу ж. За Шахіраю, з аомаганан скрываўленым шоўкавым шалем пабітай галавою, імчала некалькі вершнікаў. З другога боку, яшчэ далекавата, праўда, наперарэз янычарам спяшалася трое. За Асанам з цяжкасцю паспяваў князь Давыд, за якім на нізкарослым кані сядзела Даля ў чужым чырвоным сарафане.

— У пячору! Імгненна выхапіўшы з похваў свой меч...У пячору! Вольга паўтарыла загад ігуменні так уладна, што Ксія нават не паспела нешта сказаць, каб урэшце прызнацца...

Аднак ігумення, паказаўшы рукою на яе безрукаўку, апярэдзіла:

— У Ерусалім скарб гэты біярмійскі занясём. Калі воля Божая будзе.

— Ты ведала, Еўфрасіння?..

— У сваёй абіцелі ўсё ведала я, Ксія.

Імклівы пошчак добра падкаваных капытоў блізіўся штохвілінна, і старэйшая манашка зноў пасуровела:

— У пячору!

Азірнулася, дзівячыся, як імгненна скарачаецца адлегласць паміж палачанамі і коннымі рабаўнікамі. Адно Вольга, не разгубіўшыся і не зважаючы на пярэчанні ігуменні, ужо ўштурхнула спадарожнікаў у нутро пячоры і, выхапіўшы меч, на імгненне застыла перад уваходам, сустракаючы верхаўцаў Шахіры. Аднак іх было ажно шасцёра...

...Ужо не выпускаючы з рук свой кароткі меч, Вольга нават не змеціла, як яе шырокі левы наплечнік прабіла вострая піка. Пахітнулася, і з нутра пячоры, якую яна дасюль засланяла сабою, адразу ж выскачылі Ксія з Костаю. Шахіра, нешта крыкнуўшы, зноў паказала на чалядніцу Ксію, і чорнабароды нізкарослы важак, імкліва ўзмахнуўшы ятаганам, імгненна рассек на той доўгую безрукаўку. З шырокай прарэхі на пясок пасыпалася важкае акруглае каменне. Гэта была рачная галька. Зніякавела зароўшы, важак азірнуўся і з усяго маху паласнуў шабляю па Шахіры. З пячоры, падняўшы крыж, ужо выходзіла ігумення. Некалькі рабаўнікоў гарлава-грозна зарычалі, але да іх зноў ступіла Вольга.

...Бацька, князь Расціслаў, высока падняўшы яе над сабою, смяецца, казыча барадою тварык малой, перадае яе ў рукі княгіні, і маці нясе, нясе маленькую Вольку праз шырокі падворак у палац.

— Ойча наш! Ойча наш...

Ужо не блізу палаца яна, а на добра знаёмым манастырскім падворку. Шэпча ўслед за ігуменняю, лёгка растуляе спёклыя вусны, прамаўляючы словы малітвы чыста і без запінкі. ...Зноў — то сонца на ўзлеску, то цянёк пад ялінамі, то вясёлая гульня вогнішча на бялявіне. ...Валодша, белазуба ўсміхаючыся, трымае яе за руку. І вось ужо разам прадзіраюцца праз пушчу, а яна ўсё нешта гаворыць не спыняючыся. Гаворыць яму з любасцю. Даўно ўжо так, лёгка і распеўна, не гаварыла ні з кім. Спыняюцца на беразе агромністага зіхоткага ляснога возера.

 

Пачуй пушчу маю, лада,

Дзе стагненне лісаў і сіпенне змеяў падкарэнных. Ой-а!

...што звіваюцца ў пнішчах, родзячы новыя клубкі. Ой-а...

Вуххі савіныя... Звоны салаўіныя...

Рохканне і грымоты пушчанскія тут... Ой-а!

Б’юць капытамі дзёран лосі крутарогія,

Равуць каля ільсністых саміц сваіх,

Што такія ж гожыя, гарачыя і неспатольныя,

Як ты ў снах маіх, лада! Ой-а...

 

...Хіжа, грозна, весела бліснулі ятаганы. Агромністыя рабаўнікі падступаюцца ўсё бліжэй і бліжэй. Коста, засланяючы сваю залатавокую красуню, грудзі якой ужо былі заліты крывёю, кідаецца наперад. Падае, не выпускаючы з рук вялізны пергамен. Крывы ятаган з усяго маху апускаецца на тоўстую вокладку, і тая, расцятая напал, разлятаецца ў бакі пасечанымі абалонкамі летапісу. На зямлю, звіваючыся, падаюць каралі... Каралі Ёмелы.

— Я не ведаў, уладычыца. Не ведаў! Яшчэ ў Царгорадзе пергамен мой гарталі!

Не сказалі пра скарб... |

З прабітага горла кніжніка бурыць крывавая пена...

Чалядніца Еўпраксія пазірае на гальку шырока расплюшчанымі вачыма. Вусцішна ўжо зрабілася, глыбака на душы... Ведае — няма болей у ёй Тэрэзы. Зліліся палавінкі. Палавінкі душы, Тэрэза і Ксія. І цела палавінкі — злучаны. Мінулася бяда. Вызваленне...

— Памажы, Ксія. — Ігумення Еўфрасіння ўжо кленчыла перад кніжнікам. ...Янычары, схапіўшы з пяску ажно пабурэлыя ад крыві каралі, з гарлава-злоснымі крыкамі ўжо аддаляюцца, знікаюць у памутнелай, усё яшчэ ўзвіхранай пустыні.

— І прымі, Госпадзі, душу ўпакорлівых рабоў Тваіх.

Да ігуменні, што асцярожна сцягвала з Вольгі скрываўленую драцяную сарочку і шаптала: — ...як жа цяжанька табе было... — імчаўся Давыд. Зляцеўшы з каня, падтрымліваў ігуменню за локаць. Міхал, падганяючы сваіх жывёл, таксама спяшаўся.

Даля, азіраючыся, паволі апускалася на калені побач з Еўпраксіяй, збірала з зямлі рассечаныя старонкі пергамену, складвала іх у кайстру. Суцішвала слёзы.

Сакральнае

— Ашчэ хто ходзіць у ношчы, патыкнецца, яко несць святла ў ім.

— Радуюся, пачуўшы цябе зноў.

— Ашчэ хто ходзіць у дне, не патыкнецца, яко святло свету гэтага бачыць.

— Радуюся, убачыўшы цябе.

— Чакаюць, ігумення.

...На высокім ложы перад Галгофай, да самага падбародка аслоненая хаўтурным хітонам з вышытымі крыжамі, ляжала паломніца з заплюшчанымі вачмі. Каля ложа стаяў рослы князь, у якім яшчэ ценілася нядаўна перажытая страшная хвароба: усё аблічча маладога воя было ўзрыта слядамі чорнай воспы.

Хамсін, праслізнуўшы праз шчыліны высокіх сцен, нават уздрыгнуў, пазнаўшы ў нябожчыцы тую, з кім так часта апошнім часам сустракаўся на галілейскіх дарогах. Але цяпер праз увесь твар красуні з прамымі чорнымі бровамі палымнеў глыбокі шнар ад ятагана. Павекі таксама змежыліся так шчыльна, што вецер адно скрушна ўзвыў. У рукі красуні нехта ўклаў блішчасты меч, на якім ляжаў невялікі крыж Побач, укленчыўшы, малілася ігумення:

— Хутка і я! Прашу цябе, Госпадзі! Пакліч... Дазволь.

Яшчэ не бачыла таго, што змеціў, устрасянуўшыся, вецер пустыні: над усім горадам і яго манастырамі, рассяваючы паўсюль блакітнае зарыва, хваліста трымцела Амафора.

Пэўна, змецілі гэты покрыў Мацеры Багародзіцы і сівабародыя насельнікі абіцелі святога Фядосія: ужо абкурвалі дамавіны фіміямам, спяваючы развітальныя малітвы. У адной з дамавін ляжаў малады кніжнік са складзенымі паверх рассечанага пергамену рукамі.

Маўклівая, усё яшчэ з шырока расплюшчанымі ад недаўмення вачмі, Даля не адступалася ад чалядніцы.

Даляцеў лёгкі шэпт:

— Ксія...

— Я тут, Еўфрасіння.

— І заўжды будзь з усімі. Ідзі і навучай Слову Божаму. І напішы ўсё.

— Апавітая ланцугамі грахоў я. Хіба не ведаеш, ігумення?

Выцірае слязу.

— Столькі спакусаў спазнаўшы, столькі чорных камянёў у аблічча Ягонае кінуўшы, як магу?!

— Ідзі і навучай. Дадзена ўбачыць было страсці пякельныя, якія распазнаеш ужо. І скруціш галовы змяіныя, і станеш настаўніцай вялікай. Адпакутавала! Вяртайся ў Полацак! Да дзяцей веры нашай.

— Ой жа, моцна чапляюцца вяроўкі, ігумення. Варушацца ўспаміны і скрухі,

вісяць на нагах, не даюць кроку ступіць.

— Пасілься, Ксія. Засведчы перамогу над тым, хто джалам упіваецца ў сэрца Хрыстова. Скажы Міхалу і Давыду — няхай бароняць. Бо хутка ўжо не будзе тут мяне.

— Але ж не ведаю ўжо — хто я цяпер?!

— Ідзі, Ксія, нясі навуку ўкрыжавання свайго. Бо сказана было: «...няма ўжо Юдэя, ні язычніка; няма раба, ні вольніка, няма мужчынскага полу, няма жаночага, бо ўсе вы адно ў Хрысце Ісусе».

...Над Ерусалімам шчыльным покрывам, узіраючыся ў белае, што сцяна манастыра, аблічча, агорнутае пяшчотнымі складкамі каптура, несліся начныя хмары. Перад Галгофай ляжала тая, што гэтак доўга ішла пустыняй, выводзячы сваіх спадарожнікаў да Святой гары.

З невымернай далечыні ў Ерусалім раптам данёсся бразгат мячоў. Над нязнанаю тут крывіцкай зямлёю, пакрытай густымі пушчамі і спаласаванай глыбокімі рэкамі і крыніцамі, не зважаючы на ўкаранёныя ў кручы цэрквы і не баючыся Божага гневу, у смяротнай бойцы зноў сыходзіліся нашчадкі княжай дынастыі. Напэўна, пачула гэты смяротны бразгат і хворая ігумення, бо яшчэ мацней сціснула ў руках свечку:

— Даруй ім, братам маім, Уладыка нябесны, даруй, Маці спагадная, правіны наўмысныя і ненаўмысныя...

Падазвала Далю:

— Шукай Алму, сястру сваю. Вяртайцеся дадому. Нясіце Веру Хрыстову.

Тонкі спеў сяльцовых манашак, даносячыся з далечы, усё яшчэ прасіў у Царыцы Нябеснай літасці і заступніцтва для полацкіх паломнікаў. Па шчоках ігуменні, пакідаючы сляды-шнарочкі, каціліся ўспаміны, на вуснах ценілася ўсмешка сустрэчы. Полацкае пасольства блізілася да горніх разлогаў і Хамсін, здалёку паслаўшы ігуменні песню Іудзейскай пустыні, кінуўся назад да берагоў, упаў на цёплае Міжземнае мора.

...Душа падступалася да Варотаў пад аховаю вершніцы ў доўгай драцяной сарочцы з шырокімі наплечнікамі; боты ваяркі абвівала празрыстае мігатлівае полымя. З-пад шалома выбіліся і хваляй развеяліся ў нябесных віхрах густыя цёмныя валасы. Не адстаючы ад свае ігуменні, светлалікая агненніца ледзь кранала павады, і конь, ледзьве падносячы тонкія ногі з залацістымі падковамі, ляцеў разам з анёламі яшчэ вышэй, плыў у трапяткіх струменях горняй вышыні, спасцярожліва абмінаючы шырока расхіленыя крылы нябеснага жыхарства, сярод якога — ці не хлусяць вочы? — можна было лёгка прызнаць юнага кніжніка. Летапісец трымаў, таксама развінуўшы крылы, ледзь бачнае пяро, запісваў на пергаменах белых аблачын ісціну, што ўсё напісанае дзеля славы Божае ніколі не знікае. Імкнуў разам з ігуменняй у тую бязмежнасць, з якой лілося, убіраючы ў сябе нават нябесныя зоркі, магутнае святло.

— Як жа доўга ішла ты да Нас, дачка.

— Як жа хутка дасталася я да краю зямнога...

 

1998 — 7 красавіка 2007

 

 

 

 

 

 

 

 

 


2002

Тэкст падаецца паводле выдання: Коўтун, Валянціна. Пакліканыя : раман-жыціе / Валянціна Коўтун. - Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. - 247с.
Крыніца: скан