epub
 
падключыць
слоўнікі

Валеры Брусаў

Муляр

— Муляру, муляр, у фартуху белым,

Што ты там ставіш? Каму?

— Гэй, не займай нам, заняты мы вельмі,

Ставім мы, ставім турму.

 

— Муляру, муляр, з рыдлёўкай жалезнай,

Хто-ж будзе у ёй галасіць?

— Ваш брат, — багаты сюды не палезе,

Красці нашто вам хадзіць!

 

— Муляру, муляр, хто-ж доўгія ночы

Змочыць тут стромамі слёз?

— Можа мой сын, гэткі самы рабочы, —

Гэтым багаты наш лёс.

 

— Муляру, муляр, успомніць ён, можа,

Тых, хто муры талачыў?

— Ля рыштаванняў хадзі асцярожна,

Ведаем самі, маўчы.



Пераклад: Алесь Дудар