Ты не знаеш, Ніна, што жыцця вясна
Адшуміць, адзвоніць, змоўкне, бы струна.
Я сягоння новы, іншы, як заўчора,
Бо ў жыцці я ведаў многа слёз і гора.
Ўспомні сад над рэчкай, белы свежы сад,
Дзе не раз табе я аб жыцці казаў.
Толькі ты не думай, не труці душы, -
Не магу я болей так нікчэмна жыць.
Я хачу нанова чуць трызвон палёў,
Каб не плакаць болей без душы і слоў.
Я калісьці думаў, думаў я не раз,
Што ў прасторах сініх ёсць надзей разгар.
Гэта ўсё няпраўда, гэта ўсё мана.
Ты, напэўна, знаеш, што жыцця вясна
Адшуміць, адзвоніць, знікне ў туманох.
Не сумуй жа, Ніна, нам не жыць наноў!
Я з табой, як сябра!.. дай цябе абняць!..
Бо на гэтых нівах, дзе цяпер вясна,
Дзе цяпер ліецца светазорны смех,
Будуць пець другія пра жыццё і смерць!
1927