epub
 
падключыць
слоўнікі

Валеры Маракоў

З белых начэй

 

1

 

Дай ты мне свае белыя грудзі,

Дай да сэрца прыціснуць хоць раз.

Гэта ноч ўсё жывое абудзіць,

Не абудзіць адных толькі нас.

 

Не абудзіць ні слоў, ні кахання.

Ну і што ж, калі хораша так

Адшукаць свой прытулак ў тумане,

Адшукаць і другім перадаць.

 

Што глядзіш так таемна і ўпарта?

О, я знаю, ты хочаш шчэ жыць,

Бо да шчасця - надзеі і жарты,

А для смерці - трызвон і крыжы!..

 

Дай жа, дай свае белыя грудзі,

Дай да сэрца прыціснуць хоць раз.

Гэта ноч ўсё жывое абудзіць,

Не абудзіць адных толькі нас!..

 

2

 

Не цвілі дыяментамі вочы,

Дый за гэтым тады не сачыў.

Толькі шкода, што ў белыя ночы

Мала знаў я прыгожых жанчын.

 

Я не знаў. І навошта так рана

Свае грудзі журбой абуджаць?

Раз абудзіш - і чорная рана

Будзе каменем вечна ляжаць.

 

А так многа, на свеце так многа,

Што згубілі жыццё абы-як,

Бо была ім апошняй дарога,

Што вядзе у бяздонне й кабак.

 

І хоць так не палалі тут вочы,

Я за гэтым тады не сачыў,

Толькі шкода, што ў белыя ночы

Мала знаў я прыгожых жанчын!

 

3

 

Не табе, не з табой я маліўся,

Ну й за гэта сягоння даруй,

Не шкада, што на свет нарадзіўся,

Не шкада, што калісьці памру.

 

Не шкада, што ў вячэрнім тумане

Мёртвы месяц пажарам гарыць

І на белыя грудзі курганаў

Льюцца слёзы крывавай зары.

 

Ах, сягоння ля гэтай дубровы

Хочу жыць, яшчэ хочу я жыць,

Бо кахаць ты не будзеш нанова,

А пажару крыві не стушыць.

 

І хоць так! Не табе я маліўся,

Ну й за гэта сягоння даруй, -

Не шкада, што на свет нарадзіўся,

Не шкада, што калісьці памру!

 

1927

 


1927

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая