epub
 
падключыць
слоўнікі

Валеры Маракоў

«Зноў прыйшла, прыйшла ты...»

 

Зноў прыйшла, прыйшла ты

Да сялянскай хаты,

На прастор шырокі радасных Дуброў -

Ты сягоння будзеш

Ў маладыя грудзі

Уліваць жаданні і юнацтва кроў.

 

Хай цвіце Айчына

На прасторах сініх,

Дзе агнём палае прозалаць-зара -

Ты ужо красуеш

І жыццё чаруеш,

Ўжо лясоў кашулі ў зелені гараць.

 

Ты прыйшла, і ў нівах

Радасна-шумлівых

Твая радасць-кветка б'е агнём крыніц,

Толькі я прыволля

Не сустрэў на полі,

Не адчуў кахання сваіх родных ніў.

 

І цяпер пад сонцам

Хочацца бясконца

Абдымаць рукамі гэту даль і шыр,

Каб агнём паэта

Перад новым светам

Ўсё сказаць і шчыра, што я перажыў!..

 

Зноў прыйшла, прыйшла ты

Да сялянскай хаты,

На прастор шырокі радасных дуброў.

Вось затым сягоння

Рвуся я на гоні,

Вось затым сягоння так шумуе кроў!..

 

1926

 


1926

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая