epub
 
падключыць
слоўнікі

Валерый Касмылёў

Двубой

Да гісторыі дуэляў у Беларусі

Гісторыя дуэляў сягае ў глыб стагоддзяў. Класічная дуэль, або двубой, мела сваіх папярэднікаў у выглядзе судовых паядынкаў (ардалій), рыцарскіх турніраў. У значным дыяпазоне вар'іраваліся адносіны да дуэляў: дазвол і шырокае выкарыстанне ў судовых працэсах, спробы рэгламентацыі, катэгарычная афіцыйная забарона пры маўклівым прызнанні і захаванні дуэльных традыцый у грамадскім жыцці. Этычна-праўны аспект дуэльнай тэмы заслугоўвае асобнай гаворкі, таксама як і дуэльныя кодэксы. Адзначу толькі, што дуэлі практыкаваліся нават у першыя гады існавання савецкай улады: сярод вайскоўцаў праводзіліся дыскусіі на гэтую тэму. Урэшце рэшт, практыка дуэляў чырвонаармейцамі была асуджана.

Судовыя паядынкі (ардаліі, поле) з'яўляліся адным з судовых доказаў старажытнага права, варыянтам Боскага суда. Ачышчальная прысяга з цягам часу страціла сваё доказнае значэнне, тое ж самае адбылося з клятвамі сапрысяжнікаў. У такіх абставінах патрабавалася новая гарантыя справядлівасці сведчанняў цяжэбнікаў. Такой гарантыяй з'яўлялася асабістая сіла, падмацаваная Богам - абаронцам бязвінных. Цяжэбнікі ў прысутнасці прадстаўнікоў улады і царквы пасля клятвеннага звароту да Бога ўступалі ў бойку; пераможаны лічыўся асуджаным і нёс адпаведнае пакаранне, паводле нормы «Бог дапамагае праваму». Неабходна адрозніваць юрыдычную прыроду судовага паядынка і дуэлі, якой абараняўся гонар. У першым выпадку мелася на ўвазе віна, сумніцельныя доказы якой даводзілася пакідаць усевідушчаму суду Боскаму, у другім няма гаворкі аб якім-небудзь сумненні, несвядомасці. Судовы паядынак ёсць доказ, на падставе якога выносіцца рашэнне, двубой - само рашэнне.

Пэўны час такая практыка апякалася аўтарытэтам царквы, але з цягам часу яна пачынае выступаць супраць гэтага, бо двубой супярэчыў хрысціянскім запаветам. У якасці кур'ёзу можна адзначыць, што часам спакуса была настолькі моцнай, што нават вышэйшыя царкоўныя іерархі спрабавалі вырашаць спрэчкі з дапамогай дуэлі: у сярэдзіне ХVІ ст. папа Павел ІІІ выклікаў на двубой імператара Свяшчэннай Рымскай імперыі і караля Гішпаніі Карла І.

На беларускіх землях першае ўпамінанне аб судовым паядынку адносіцца да 1229 г. і сустракаецца ў дагаворнай грамаце Смаленска з Рыгай: «Русину не звати Латинина на поле биться у Русской земли, а Латинину не звати Русина на поле биться у Ризе и на Готском березе. Аже Латинеский гость биеться межю собою у Русской земле любо мечом, а любо деревом, князю то ненадобе межю собою судити. Тако аже Русский гость биеться у Ризе или на Готском березе, Латине то не надобе, а промежю собою урядятся».

Верагодней за ўсё, беларусы не злоўжывалі такімі паядынкамі, бо згадкі аб двубоях у пісьмовых крыніцах сустракаюцца рэдка.

Даволі рана ў Беларусі зафіксаваны рыцарскія паядынкі. Гэта, на мой погляд, тлумачыцца заходнеэўрапейскім уплывам.

На схіле ХІV ст. назіралася жорсткае супрацьстаянне паміж польскім каралём і вялікім князем літоўскім Ягайлам і гарадзенскім і троцкім князем Вітаўтам. Войскі апошняга, сярод якога былі крыжакі, імкнуліся захапіць Вільню. На абарону Вільні Ягайла накіраваў польскіх рыцараў на чале з Клеменсам з Маскажава. Крыжакі выказалі абурэнне сваім польскім калегам з нагоды таго, што яны дапамагаюць паганцам. У адказ пачулі: дапамагаем неафітам, якія прынялі хрысціянства. Гэтую «тэалагічную» спрэчку вырашылі скончыць паядынкам, для ўдзелу ў якім бакі вылучылі па чатыры рыцары; месцам турніра была абрана чэшская Прага. У ход падзей умяшаўся імператар Свяшчэннай Рымскай імперыі (1378-1400) і чэшскі кароль (1378-1419) Вацлаў, які выступіў пасрэднікам і здолеў памірыць бакі.

Крыніцы данеслі да нас яшчэ адно сведчанне, якое мае непасрэднае дачыненне да цікавячага нас пытання і звязана з барацьбой за Вільню ў 1390 г.

Адным з кіраўнікоў абароны Вільні быў брат Ягайлы пінскі князь Нарымунт: «... мужне обеих замков з литвою, поляками и русью боронил, переходячи от едного до другого на ратунок, был вызванный на поединок от едного неподлего рицера немецкого на руку сам, а сам, а гды обадва в поле выехали, поткалися копиями мужне, там Наримунт с коня збитым зостал копием и поиманый. Потым приведен есть до Витолда, которого без милосердия Витолт казал за ноги на дереве вязовом повесити на луце мижи делы и стрелами его окрутне сам Витолт устрелял, над пристойность против брату стриечному и рицерови доброму».

Можна толькі дадаць, што, нягледзячы на жорсткую рэгламентацыю дуэльнай справы, трывала сустракаюцца выпадкі парушэнняў пісаных і няпісаных правілаў рыцарскага кодэкса гонару.

Паядынкі такога роду былі ў свой час доволі распаўсюджанымі. Сутнасць іх у тым, што справа вырашалася не татальнай бойкай варагуючых бакоў, а адзінаборствам правадыроў ці вылучаных ваяроў. У «Аповесці мінулых гадоў» неаднойчы ўзгадваюцца такія выпадкі. У 992 г. печанежскі князь зрабіў свайму кіеўскаму праціўніку наступную прапанову: «Пусці ты свайго асілка, а я свайго, няхай змагаюцца. Калі твой асілак кіне майго на зямлю, то не будзем ваяваць тры гады; калі ж наш асілак кіне твайго вобзем, то будзем спусташаць вас тры гады».

У 1022 г. касожскі правадыр Радзедзя прапануе тмутараканскаму князю Мсціславу: «Дзеля чаго будзем нішчыць дружыны? Сыйдземся, каб самім пазмагацца. Калі ты пераможаш, возьмеш багацці мае, і жонку маю, і зямлю маю».

У «Паданні аб Мамаевым пабоішчы» апавядаецца аб тым, што напярэдадні Кулікоўскай бітвы для адзінаборства сышліся маскоўскі віцязь Перасвет і татарскі мурза Чалібей: «И удариша крепко копии, едва место не проломися под ними, и спадши оба с коней на землю и скончашеся».

Узгаданыя паядынкі з'яўляюцца папярэднікамі класічных дуэляў. Апошнія ж, хутчэй за ўсё, атрымліваюць распаўсюджанне ў Вялікім Княстве Літоўскім у другой палове ХVІ ст. На карысць такога дапушчэння сведчыць тое, што такія аўтарытэтныя зборы заканадаўчых нормаў, як Першы і Другі Статуты Вялікага Княства Літоўскага не ўзгадваюць двубояў. У той жа час, Статут ВКЛ 1588 г. (раздзел ІІ, арт.14 «О забитье за повабеньем або вызваннем на руку») удзяляе гэтай праблеме значнае месца.

Відаць, тут да месца будзе кароткі пераказ артыкула. Яго назва - «Аб забойстве пры заахвочанні ці выкліку на паядынак». Вялікі літоўскі князь вельмі заклапочаны тым, што ў Княстве пашырылася шкодная звычка - двубой, пераважна паміж асобамі шляхецкага стану. Пры гэтым ігнаруюцца законы, вярхоўная ўлада. Шмат паядынкаў канчаецца праліццём крыві і нават смерцю. Гаспадар узрушаны такім становішчам, якое абурае пана Бога, вядзе да смуты ў краіне, і ён забараняе дуэлі. Звяртае на сябе тая акалічнасць, што гэтая забарона не абсалютная: у выпадку «вялікіх і выдатных прычын» вялікі князь альбо гетман могут даць дазвол на двубой. Далей у Статуце разглядаліся канкрэтныя варыянты дуэляў, іх наступствы, а таксама карныя санкцыі (маёмасныя і крымінальныя), ажно да пакарання смерцю.

Зразумела, што Статут адлюстроўваў рэальную сітуацыю, на якую былі вымушаны рэагаваць улады. Зараз цяжка дакладна вызначыць, чаму менавіта ў гэты час дуэлі атрымалі шырокае распаўсюджанне ў Вялікім Княстве. Відавочна, што сваю ролю адыграў уплыў з Захаду, мода, а таксама аслабленне вярхоўнай улады ў другой палове княжання Жыгімонта ІІІ Аўгуста (1545-1572).

Перад тым, як прасачыць сітуацыю з дуэлямі ў больш познія часы, узгадаю гістарычна засведчаныя факты, якія набліжаюцца да легендарных.

Агульнаэўрапейскі рэзананс набыў выклік каралём і вялікім князем Сцяпанам Батурай на паядынак маскоўскага цара Івана Жахлівага. Летам 1581 г. Іван Жахлівы накіраваў Сцяпану Батуры ліст, дзе ўтрымліваліся абразлівыя выразы. Апошні ў адказ паслаў ліст маскоўскаму цару, дзе характарызаваў яго наступным чынам: «ядовитый клеветник чужой совести и плохой страж своей собственной», «палач людей, а не государь», «Каин», «фараон», «Ирод», «Нерон». Далей Жахлівы выклікаўся на дуэль: «Возьми оружие, сядь на коня, сойдись со мной в избранный, урочный час, покажи, каков ты муж и насколько ты доверяешь правоте своей; рассудим наш спор мечем, чтобы меньше кровь христианская проливалась».

З Лівонскай вайной звязаны і яшчэ адзін выклік на двубой. Пад час аблогі Пскова, у канцы 1581 г., праціўнікі знаходзіліся ў крытычным стане. Адзін з афіцэраў прапанаваў вялікаму кароннаму гетману Я.Замойскаму перадаць у Пскоў нешта накшталт міны, схаванай пад падарунак. Ініцыятары разлічвалі, што выбух знішчыць кіраўніка абароны Пскова маскоўскага ваяводу І.П.Шуйскага. План удаўся часткова: выбух адбыўся, некалькі маскоўскіх ваявод загінулі. У лагеры Рэчы Паспалітай нават пайшла пагалоска аб смерці Шуйскага. На наступны дзень Замойскі атрымаў ліст, у якім Шуйскі абвінавачваў гетмана ў парушэнні правілаў вядзення вайны і крывадушнасці. Абураны Замойскі выклікаў Шуйскага на паядынак. Існуе і некалькі іншая версія, згодна з якой ініцыятарам выкліка быў Шуйскі. Замойскі пагадзіўся і з'явіўся на вызначанае месца, але маскоўскі ваявода не стрымаў слова.

Забароны на дуэлі станоўчых вынікаў не мелі, і двубоі ў шляхецкім стане пашыраліся. Найбольш за ўсё яны былі распаўсюджаны сярод вайскоўцаў, аб чым сведчаць шматлікія крыніцы. Асабліва частымі двубоі былі ў час ваенных дзеянняў, калі ў адным месцы збіралася мноства ўзброеных, часта рознаэтнічнага паходжання людзей, якія не мелі асаблівых сімпатый адзін да аднаго. Вайсковыя артыкулы, якія ў той час адыгрывалі ролю дысцыплінарных і баявых статутаў, звычайна прадугледжавалі жорсткія пакаранні за выклік на дуэль.

Распаўсюджаным месцам для дуэляў былі соймы і соймікі. Часта, калі дэпутатам не хапала слоў, яны спрабавалі вырашыць спрэчныя пытанні з дапамогай зброі. Даводзіцца канстатаваць, што вельмі часта гэтыя соймавыя паядынкі прымалі выгляд не рэгламентаванага адзінаборства, а звычайнай бойкі, пад час якой бакі не прытрымліваліся аніякіх правілаў, што пераўтварала іх у звычайны самасуд, фізічную расправу над праціўнікам.

Відаць, цяжка сабе ўявіць гісторыю Беларусі мінулых вякоў без Радзівілаў, з якімі звязана надзвычай шмат цікавейшых гістарычных эпізодаў. Было б дзіўна, калі б гэтае прозвішча не мела дачынення да двубояў.

Агульнаэўрапейскую вядомасць у гэтай справе набыў Багуслаў Радзівіл. Падарожнічаючы па Заходняй Эўропе, ён не аднойчы ініцыяваў дуэлі. За гэта нават трапіў у 1647 г. у Бастылію, адкуль, праўда, быў вызвалены праз некалькі гадзін па загаду каралевы і кардынала Мазарыні.

Багуслаў Радзівіл у 1663 г. змагаўся на дуэлі з Міхалам Казімірам Пацам. Сутычка была выклікана прэтэнзіямі двух бакоў на булаву польнага гетмана Вялікага Княства Літоўскага. Верагодна, менавіта Багуслаў Радзівіл стаў прататыпам аднайменнага героя вядомага французскага пісьменніка ХVІІІ ст. Алена Рэнэ Лесажа «Прыгоды Жыль Бласа», які ўзгадваецца ў сувязі з дуэллю.

Сярод Радзівілаў сваімі дзівацтвамі вызначаўся і Кароль Радзівіл (1734-1790), вядомы таксама як Пане Каханку.

Пад час аднаго з шматлікіх баляванняў узнік канфлікт паміж К.Радзівілам (гаспадаром) і яго сябрам і сабутэльнікам Пацам (мемуарыст яго імя не ўзгадвае, найбольш на гэтую роль падыходзіў Ігнацій Пац, які памёр у 1765 г.). Пац быў надзвычай раззлаваны прыкрымі выбрыкамі і жартамі гаспадара. Ён выклікаў гаспадара на двубой. У адказ Пане Каханку загадаў закуць Паца ў кайданы і кінуць у турму, а раніцай загадаў апрануць на яго смяротную кашулю і адправіць у суправаджэнні ксяндза і ката да месца пакарання. Прыяцелі Радзівіла, сам Пац слёзна прасілі гаспадара злітавацца, але той заставаўся непахісным, нават прыспяшаў Паца, каб ён хутчэй паклаў галаву пад меч ката. Згубіўшы ўсялякую надзею, Пац вымольваў хвілінку на развітанне з жыццём і на споведзь. І тут наступіла развязка... Пане Каханку кінуўся да прыяцеля і з усмешкай сказаў: «Вось бачыш! Я цябе больш напалохаў, чым ты мяне сваім выклікам на дуэль!»

Пачалася новая грандыёзная папойка. У выніку такіх узрушэнняў Пац захварэў і на трэці дзень памёр...

На дуэльнай ніве праславіліся і іншыя прадстаўнікі магнацкіх родаў з Беларусі. Сярод іх і Пацы. Аб адным выпадку з удзелам Міхала Казіміра Паца ўзгадвалася раней. Ён жа ў 1652 г. змагаўся на двубоі з Янам Сабескім, тагачасным явароўскім старостам, і цяжка параніў яго. Паядынак быў выкліканы заляцаннямі абодвух да паненкі Архоўскай, дачкі гувернёра Сабескіх.

У 1678 г. на Гарадзенскім сойме было прынята (які ўжо раз!) рашэнне аб забароне дуэляў. Разам з тым, пад час пасяджэнняў адбыўся характэрны для Рэчы Паспалітай інцыдэнт паміж каралём Янам ІІІ Сабескім (1674-1696) і вялікім гетманам ВКЛ Міхалам Казімірам Пацам. Кароль здаўна знаходзіўся ў вельмі непрыязных адносінах з Пацамі, асабліва з вышэйзгаданым. Пад час працы сойма ён быў выведзены з сябе прычэпкамі Паца і, схапіўшыся за шаблю, выгукнуў: «Не зведай цяжару маёй рукі!» У адказ пачуў: «Памятай, што я быў спраўным, калі мы былі аднолькавымі».

Баніфацый Тэафіл Пац, абозны ВКЛ, на пачатку 1670-ых гадоў змагаўся на двубоі са Станіславам Вінцэнтам Ордам, кашталянам жамойцкім і троцкім, і цяжка параніў яго.

Ужо ў ХІХ ст. Людвік Міхал Пац двойчы біўся на дуэлі з Адамам Юрыем Чартарыйскім. Яблыкам разладу паміж імі была Ганна Сапежанка, якая ў 1817 г. стала жонкай Чартарыйскага. Існуе і іншая версія, згодна з якой прычынай саперніцтва былі палітычныя матывы.

Вялікі рэзананс у Эўропе выклікала процістаянне Ігнація Гелгуда, стражніка ВКЛ, удзельніка паўстання пад кіраўніцтвам Т.Касцюшкі і колішняга фаварыта Кацярыны ІІ Платона Зубава. Апошні ў 1802 г. цераз Варшаву накіроўваўся ў Вену, каб прыняць удзел у дуэлі, якую ён адхіліў пры жыцці імператрыцы. У Варшаве экс-фаварыт быў сустрэты надзвычай непрыязна, бо значная частка мясцовага бамонда бачыла ў ім аднаго з віноўнікаў падзелаў Рэчы Паспалітай. Гелгуд накіраваў Зубаву выклік на дуэль, але ён быў адхілены. Зубаў аргументаваў гэта дрэнным станам свайго здароўя, а таксама тым, што яму папярэдне неабходна вырашыць ранейшую справу гонару. У Вене Зубаў прыняў удзел у дуэлі, а тым часам туды прыехаў Гелгуд і запатрабаваў задавальнення. Зубаў імкнуўся пазбегнуць дуэлі і звярнуўся да Аляксандра І за дазволам вярнуцца ў Расею. У адказ расейскі імператар заўважыў: «Ваша вяртанне ў Расею немінуча дасць падставу лічыць, што вы ўхіляецеся ад канчатковага вырашэння справы з Гелгудам, тым больш, што слова вашае дадзена яўным чынам у лісце да яго, і якое ўсім зрабілася вядомым».

Зубаў быў вымушаны цішком пакінуць Вену...

Вядомым дуэлянтам на схіле ХVІІІ - пачатку ХІХ ст. быў ураджэнец Берасцейшчыны Якуб Багуслаўскі. Існуе перакананне, што ён удзельнічаў у 60-ці паядынках, а 15 сапернікаў палі ад яго рукі. Вядомы польскі пісьменнік Г.Сянкевіч зрабіў яго дзеючай асобай сваёй аповесці «Легіёны», дзе ў адным з эпізодаў Багуслаўскі адначасова пераможна змагаўся з чатырма праціўнікамі.

Доўжыць прыклады можна яшчэ доўга, бо пісалі аб двубоях вельмі шмат і надзвычай красамоўна. Сярод іх і наш зямляк, ураджэнец Уздзеншчыны Фадзей Булгарын. Так, ён узгадвае цікавы эпізод з жыцця свайго бацькі. Аднойчы той ехаў з Глуска ў Менск. На шляху яму сустрэлася карчма, якая належала памешчыку Пузыну. Карчма ўтрымлівалася вельмі дрэнна - брудна, аніякіх выгод для падарожнікаў. Булгарын спытаў у жыда-арандатара: «Колькі каштуе карчма?» і ў адказ пачуў: «1500 злотых». Адлічыўшы гэтую суму арандатару, ён загадаў карчму спаліць, а сам размясціўся біваком пад адкрытым небам. Перапужаны і збянтэжаны арандатар паведаміў аб здарэнні гаспадару, які накіраваў да Булгарына пасланца з лістом з пагрозай судовага праследавання. Раззлаваны Булгарын паімчаўся са сваімі людзьмі ў маёнтак да Пузыны, уварваўся ў дом, запатрабаваў гаспадара. Калі той выйшаў, ён паклаў перад ім два пісталеты і прапанаваў неадкладна страляцца, каб ачысціцца ад пагарды; калі гаспадар не дасць згоды, то ён будзе забіты, як мядзведзь. Перапужаны Пузына і яго родзічы малілі аб літасці. Пасля працяглых угавораў Булгарын злітаваўся, але на пэўных умовах: Пузына адбудуе новую карчму, будзе назіраць, каб утрымлівалася яна ў належным парадку, і адмовіцца ад усіх прэтэнзій да Булгарына.

Яшчэ колькі сведчанняў расейскага пісьменніка... Ён успамінаў, што напрыканцы ХVІІІ ст. у Рэчы Паспалітай «была нейкая зухаватасць, ад якой ніхто не адважваўся ўхіліцца. Пабіцца на шаблях значыла амаль тое ж, што чокнуцца келіхам. Кожны мужчына (шляхціч - В.К.) павінен быў быць выдатным вершнікам і стралком са стрэльбы і пісталета».

Аб падзеях пачатку ХІХ ст. ён узгадваў: «І на вайне і ў мірных абставінах мы шукалі небяспекі, каб вылучыцца адвагай і зухаватасцю. Пабаляваць, пабіцца на шаблях, пабушаваць, дзе б там не было - усё гэта ўваходзіла ў склад нашага вайсковага жыцця... Буянства, хаця і падлягала пакаранню, але не лічылася заганай і не пляміла гонару афіцэра, калі не выходзіла з акрэслена-ўмоўных межаў. Страляліся надзвычай рэдка; але сякліся за ўсялякую дробязь, за што цяпер і не зморшчацца. А пасля такіх дуэляў звычайна наступала міравая, потым баляванне і сяброўства».

Сёння двубой - як быццам гістарычны анахранізм, рамантычна-драматычны аксесуар часоў даўно мінуўшых. Але, згадзіцеся, ці такім ужо дзікунствам здаецца ён у нашы дні, калі ў грамадстве анахранізмам становяцца не тое што гонар і сумленнасць, а самая звычайная прыстойнасць...


1996

Тэкст падаецца паводле выдання: часопіс «Беларуская Мінуўшчына», No.2, 1997.
Крыніца: скан