epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Абознік

Над схаванымі ў цемры прасторамі ціха ляжала летняя ноч. Слабыя подыхі цёплага ветрыку асцярожна неслі з сабой кволыя шолахі ніў і густыя духмяныя пахі выспелых мурожных сенажацяў. У нябачным травяністым наваколлі старанным хорам верашчалі конікі, недзе ўдалечыні глухімі ўздыхамі аддавалася гарматная страляніна, угары, прыкрыты цемрай, праракатаў і сціх «кукурузнік». Павевы ветру даносілі і іншыя гукі, невыразныя і падазроныя, але тых, што намагаўся ўчуць Максім, не было ў начной цішыні.

Тады закралася сумненне, якое парушыла разважлівы спакой чалавека. Апаслівыя думкі заснавалі ў яго галаве, але трэба было або ехаць наперад, або вяртацца назад. Намаганнем волі Максім усё ж адагнаў благія прадчуванні і, разважыўшы, рашыў, што батальён павінен быць далей, наперадзе. Гэтае меркаванне хоць і не суняло ўзнікшай трывогі, але крыху супакоіла чалавека. Коні, нібы зразумеўшы намер гаспадара, ахвотна падаліся па мяккай палявой дарозе.

Максім Корань — ездавы сёмай роты. Гэтую вайсковую пасаду заняў ён нядаўна, і прычынай таму быў яго ўзрост — Корань лічыўся самым старым салдатам у роце. Максім цяпер разумеў, што з такімі гадамі хоць і давялося трапіць на фронт, але ваяваць ужо наўрад ці прыйдзецца. Есць у войску старшыны, якія заўсёды цікуюць старога, каб са строю забраць яго да коней або да кухні ці яшчэ куды, дзе патрэбны дбайны, надзейны гаспадар. Праўда, Максім не вельмі і нудзіўся па тым стралковым узводзе, у якім ён нядоўга служыў дагэтуль. «Эт,— разважаў ён,— калі нягож у страі, дык і няма чаго лезці туды. Начальству лепш відаць, дзе тваё месца». Нядаўна па загадзе старшыны прыняў ён пару спраўных трафейных коней і цяжкую, акутую жалезам вайсковую каламажку.

Так пачалася яго служба на новай пасадзе, служба спакойная і аднастайная, мала чым падобная да вайсковай. Максім ведаў толькі клопаты пра коней ды паклажу, выконваў старшыновы загады, асцерагаўся бамбёжкі ды баяўся часам задрамаць на возе, каб не адстаць ад абозу. Пад бамбёжку, праўда, трапіць не давялося, а адстаць вось здарыўся выпадак.

«і як недарэчна выйшла, — думаў Максім. — Каб ён згарэў, той вобад. Трэба ж было яму збракаваць у цемры. Даганяй цяпер батальён, шукай сярод ночы».

— Нэ-нэ, любыя, варушыся, — упаўголаса, лагодна падганяе Максім коней, седзячы на перадку, і немаладымі вачыма імкнецца разгледзець што-небудзь наперадзе. Але ноч выдалася не палетняму цёмная, у ёй і з добрым зрокам нічога нельга было ўбачыць. Зямля да раніцы старанна схавала сваё аблічча, каб заўтра сустрэць сонца новым, пасвяжэлым хараством. Толькі высокае зорнае неба, уладарна ўзнёсшыся над ёю, поўнілася бляскам і няспыннай мітуснёю зор.

Злёгку варушачы лейцамі, Максім з непрыемнасцю думаў, што цяпер, пэўна, пападзе ад старшыны. Аднойчы між імі ўжо была сутычка: старшына задаў перцу ездавому, не абышлося, вядома, і без моцнага слова.

Яно крыўдна, праўда, але, бадай, справядліва.

Максім і сам невялікай думкі аб уласных якасцях. Дый якія там якасці, калі чалавеку з паўсотні год, маладосць пражыў цёмным мужыком, без пісьменнасці, у працы ды нястачы. Нават і чыгункі не бачыў ніколі, і дзе яе ўбачыш, калі да найбліжэйшай станцыі было дзевяноста вёрст. Так, у лясной глушы, пад панскай уладай і ішло жыццё. Толькі ў 39-м з’явілася надзея, акрыяў духам, ды ненадоўга. Зноў жыццё пайшло вірам, у вайну загінуў старэйшы сын, памерла старая... Дый сам пастарэў да часу, знік былы спрыт у працы, надламаўся характар. Дзе яму цяпер раўняцца з маладымі ды разумнымі. «Ну і хай, — суцяшае сябе Максім, — хоць бы і абознік. Усё ж трэба камусьці быць і пры возе... »

А коні Максіму спадабаліся. У сваім жыцці не давялося мець добрых, дык цяпер вайсковыя не на жарт захапілі сялянскую душу байца. Што і казаць: добрыя былі коні, у гаспадарку б такіх, у плуг з накаваным новым лемехам, на ўрадлівую зямлю...

Так, крыху паспакайнеўшы, думаў ездавы, а коні ішлі як самі хацелі — дзе трушком, а дзе і крокам. Яны ўжо мінулі поле і дасягнулі хваёвага ўзлеску, які змрочнай сцяной паўстаў на Максімавым шляху. Дарога стала пясчанай, і фурманка амаль не скрыпела і не стукала. Толькі зрэдку, трапіўшы на карнявішча, яна аднабока перавальвалася пярэднімі і заднімі коламі. У гэтай таемнай лясной прыцішанасці Максіму зноў зрабілася ніякавата, і ён, сілячыся не бразнуць чым, каб не парушыць цішыні, узяў з воза вінтоўку.

Пэўна ад надакучлівай адзіноты Максім прыпомніў былы свой трэці ўзвод, камандзіра аддзялення татарына Сагітава, які вучыў яго страляць і акопвацца. З акопваннем, праўда, справа ішла паспяхова, а вось у стральбе не шанцавала Максіму. «Які ўжо там з мяне стралец, — ухмыляецца ездавы, — у жыцці ружжа не трымаў, не то што вайсковай стрэльбы». Аднак, трапіўшы надоечы да коней, ён выпрасіў у старшыны вінтоўку, а трафейны карабін аддаў назад.

— Бо ямчэй мне з ёю: усё ж руская. Ды і даўжэйшая, далей возьме, — вытлумачыў Корань.

Цяпер гэтую вінтоўку прымасціў ён на каленях, але ў такім стане яна перашкаджала кіраваць коньмі, і Максім узяў яе на рэмень. Потым, прызвычаіўшыся да лясной дарогі і крыху супакоіўшыся, баец уздзеў яе за спіну, як і належала ездавому.

Неўзабаве лес скончыўся і зноў пачалося поле. Цемра нібы парадзела, расступілася, але паранейшаму воддаль ад дарогі нічога нельга было ўбачыць. Коні ступалі жвава, ім таксама надакучыла падарожжа, і яны прыкметна імкнуліся наперад.

А ноч зачароўвала хараством. Струменілі раслінныя пахі, цёплай дрымотаю павяваў ласкавы ветрык, і ў недасяглай вышыні незразумелай мігатлівай музыкай трапяталіся зоркі. Дні стаялі спякотныя, з рэдкімі пераходнымі навальніцамі, ад нагрэтай зямлі за поўнач зыходзіла цеплыня. А раніцай збажына і даспелыя травы зіхацелі срэбнымі росамі, і ззялі ў доле іскрыстыя зоркі, нібы апаўшы з неба ўначы.

Захоплены думкамі, Максім не адразу заўважыў, што коні чамусьці прыцішылі хаду і нарэшце нерашуча спыніліся. Ездавы спрабаваў быў тузануць лейцамі, але гэта не падзейнічала, тады ён не замарудзіў злезці. Праз колькі крокаў перад ім у цёмным небе высіўся адзінокі крыж раздарожжа. Вузенькая дарожка дзялілася на дзве, і тыя, абышоўшы змрочнага «Ісуса», разыходзіліся ў розных напрамках.

Максім благім словам памянуў цёмную ноч і тое няладнае кола, што прымусіла яго блукаць немаведама дзе, мо’ нават ужо ў тыле ворага. Максіму раптам стала боязна, ён хуценька ўскочыў на сваё месца і звярнуў улева. Але, не праехаўшы і сотні крокаў, ездавы спыніўся, падумаў і крута завярнуў назад паўз крыж, на другую дарогу. Цяпер ужо было відавочна, што абознік Максім Корань заблудзіў, адстаў ад сваіх, згубіў батальён, і хто ведае, куды выедзе ў гэтай цемры на незнаёмай мясцовасці. Зноў узнікла трывога, ды ўжо мацнейшая, чым першы раз, трывога і адчуванне страху, няўпэўненасці, калі няма яснай думкі ў галаве, а расшыраныя вочы імкнуцца пранікнуць у цемру.

І раптам зусім блізка наперадзе надрыўны вокліч скалануў цішыню. Ад нечаканасці спалохана захраплі коні, а ў Максіма, здаецца, адарвалася сэрца і жудаснае здранцвенне на якую секунду адабрала розум і сілы. Мімаволі сама па сабе шыбанула ў голаў страшная здагадка — немцы!

На другі такі ж вокліч Максім рвануў лейцы, — коні, адчуўшы нядобрае, паслухмяна кінуліся ўбок, але ў тое ж імгненне з цемры ўдарыла аўтаматная чарга. Максім адчуў толькі, як, лязгнуўшы па коле, рыкашэтам зыўкнула куля. Коні знянацку рвануліся, а ён, не ўтрымаўшыся на краі сядзення, нязграбна бразнуўся з брычкі.

«Вось і ўсё, канец!»

Ні жалю, ні думкі, адно самотнае прадчуванне пагібелі ахапіла ездавога. Жах скаваў розум, цела апанаваў халодны панылы боль. Максім не кратаўся, у смяротнай роспачы сутаргава ўпіліся ў імшыстую мякаць пожні яго вузлаватыя пальцы.

Без руху з паўхвіліны Максім усёй істотай чакаў апошніх стрэлаў, якія прыкончылі б яго, але стрэлаў чамусьці не было. Тады паволі пачала вяртацца развага.

Яшчэ не адчутае да канца нешта новае, падобнае на злосць, з’явілася ў яго настроі. Максім крануўся — моцна балела плячо і нага, але асаблівых пашкоджанняў, здаецца, не было. Ён хацеў ужо ўставаць, ды пачуў непадалёку таропкія крокі і цяжкае чалавечае дыханне. На зорным фоне відаць было, як зусім блізка, баязліва прыгнуўшыся, прабеглі ўслед коням дзве цьмяныя постаці. Максім адразу пазнаў гэтыя ненавісныя постаці: надоўга адбіліся яны ў памяці чалавека. «Яны ж забяруць фурманку», — шыбанула новая думка, і крыўда хлынула ў сэрца старога.

Праз нейкі час, калі крыху суняўся першы спалох, у пачуццях чалавека ўзнікла адчуванне адказнасці за свой абавязак салдата. Перамагаючы боль, ездавы павярнуўся на бок і дастаў з—за спіны вінтоўку. Рукі яго дрыжалі і ўсё не маглі зладзіць з тугім затворам, і наогул ён не ведаў, што зробіць зараз, толькі жаданне неяк супраціўляцца ўсё болей мацнела ў ім.

Максім узняўся і, згорбіўшыся, кульгаючы на правую нагу, падаўся ўслед за ворагамі. Зараджаную вінтоўку ён ухапіў за канец ствала і бяссільна цягнуў яе, нібы цяжкую і нязручную прыладу.

Збянтэжаны і ўзрушаны здарэннем, у гарачцы хвалявання ён дрэнна ўяўляў сэнс падзей і, бадай, трапіў бы ў рукі ворагаў, калі б тыя першыя заўважылі яго. Але гітлераўцы, злавіўшы напалоханых коней, пэўна, рашылі, што ездавы ўцёк, і, пачакаўшы крыху, павярнулі ў свой бок. Максім тады і сустрэў іх.

Адчуўшы спрыт і асцярогу, што раптам з’явіліся ў ім, ездавы адскочыў убок і прытуліўся да зямлі. Зноў перад ім, непрыкмечаным, прайшлі немцы: адзін вёў за павады яго коней, а другі, што ішоў ззаду, спыніўся і пастаяў, хвіліну прыслухоўваючыся.

Максім узняў вінтоўку. Яму з долу добра бачны быў варожы сілуэт, які чорным ценем засланіў край зорнага небасхілу. Максім наставіў стрэльбу на ворага, але стрэліць так і не адважыўся. У апошняе імгненне, калі трэба было ціснуць курок, смеласць пакінула яго. Задні гітлеравец, відаць, нічога падазронага не ўчуўшы, сказаў нешта таму, што вёў коней, і яны абодва ўзлезлі на былое Максімава месца на возе.

Так ворагі, коні і фурманка з ротным дабром зніклі ў начной цемры.

Тады ездавы, абапёршыся аб дол рукамі, сеў на травяністай імшарыне побач са сваёй вінтоўкай і ўжо не спрабаваў стрымацца. Канчаткова ахапіўшая яго роспач выціснула з грудзей цяжкі, пакутлівы енк. Гэты енк, спалохаўшы ў цішы самога Максіма, нечакана абудзіў яго, прымусіў зірнуць на сяб е аднекуль збоку, вачыма другога чалавека, чалавека разумнейшага ў жыцці і мацнейшага ў барацьбе. Потым ён адчуў асуджэнне і дакор сабе, агідна бездапаможнаму ў такі рашаючы час. Цяжкія няўцешныя думкі, поўныя бязлітаснай насмешкі над сабой, паплылі ў немаладой яго галаве. Хоць і не першы раз у жыцці напаткала Максіма бяда, але гэтая была зусім іншага складу, чым усе перажытыя. Яна агіднай ганьбай запляміла чалавечую яго вартасць, падсекла надзеі, дарэшты зняславіла ранейшае жыццё чалавека. Як было пасля такога здарэння ісці ў батальён, дзе кожны дзень паміралі людзі, маладыя і больш вартыя, чым ён? Як было жыць, калі пасля гэтага ўжо нічога не заставалася ў душы, апрача вечнай агіды да сябе?

Дык няўжо гэта канец? Няўжо толькі пагібель з’явіцца справядлівай збаўцай ад нясцерпных пакут? Чаму ж тады ён павінен так недарэчна, пагана памерці, а злачынцы-ворагі застануцца жыць і ўчыняць яшчэ не адну смерць добрым людзям.

Усвядоміўшы глыбіню сваёй бяды, ездавы зразумеў, што ёсць у ім нешта мацнейшае за звычайную чалавечую смерць. Пачуццё салдата паступова, але рашуча пачало браць верх, заглушыўшы ўсё іншае, асабістае, якое цяпер выявілася ў ім самым благім чынам.

Усё настойлівей з’яўлялася жаданне дзейнічаць, яно хутка аформілася ў намер і стала непахісным. І хоць вялікі быў яшчэ маральны боль, але на сэрцы ўжо палягчэла, і памалу пачало ўзнаўляцца ранейшае адчуванне злосці. Гэта вярнула сілы, і баец хутка ўзняўся, падхапіўшы вінтоўку.

Дзіўна нават было, адкуль узялося ў Максіма гэтулькі энергіі і спрыту, калі ён пусціўся наўздагон ворагам. Каржакаваты і нязграбны, ён шпаркім крокам сігаў па полі, то прыгінаючыся да зямлі, каб лепш бачыць наперадзе, то намагаючыся ступаць як мага хутчэй і цішэй. У гэтыя хвіліны ездавы ні аб чым не думаў і нічога не адчуваў, апрача ўпартага жадання дагнаць праціўніка.

Невядома, ці доўга ён гнаўся, як пашанцавала яму не збіцца з кірунку, але нарэшце ўбачыў Максім знаёмы сілуэт сваёй фурманкі з няпрошанымі седакамі на перадку. Тады ездавы, на колькі быў здольны, узброіўся хітрасцю і асцярогай, нячутна зайшоў збоку і на хаду прыблізіўся да ворагаў. Яго выстаўленая наперад вінтоўка амаль кранала бліжняга немца. У грудзях моцна білася сэрца, здавалася, вось—вось гучна вырвецца сцятае дыханне і ўсё загіне. Немаладыя ўжо сілы байца падыходзілі к канцу.

Грымотны стрэл рускай трохлінейкі аглушыў усіх — і ворагаў, і Максіма. Крайні немец неяк бясшумна знік пад фурманкай, а другога Максім, дранцвеючы ад жаху, з усяе апошняй сілы выцяў вінтоўкай па галаве.

Далей усё пайшло з нейкім шалёным імпэтам. Максім, падхапіўшы лейцы, вялікім паўколам завярнуў фурманку і дзікім, несваім голасам гікнуў на коней. Ім, напэўна, перадалася ўзрушанасць гаспадара, бо без пугі і новых крыкаў яны так паімчаліся ў цемры, што Максім, паўмёртвы ад перажытага, з вялікім намаганнем трымаўся на возе, які цяжка кідаўся з боку ў бок, грукацеў і падскакваў. Баец зусім не ведаў, куды кіраваць, і ў выбары напрамку цалкам даверыўся коням. І коні імчалі без супынку, наўскасяк мяжыстых палосак шархатлівай збажыны, па глухой мякаці бульбянішчаў, пераехалі неглыбокі высахлы раўчук, асакаватую балацявінку і, нарэшце, непадалёку ад змрочнага лесу выбіліся на нейкую дарогу.

Максім тады спыніў фурманку, прыслухаўся і на поўныя грудзі ўдыхнуў пасвяжэлага падранак паветра. У правым вуху, нібы парваная струна, тоненька звінела ад стрэлу, ва ўсім целе, схаладзелым ад ліпкага поту, з’явілася млявасць, як пасля цяжкай шматгадзіннай працы.

Пачынаўся досвітак. Змрок парадзеў, на ўсходзе святлела неба, гасячы зоры. Наперадзе ля лесу пачуліся галасы, іх адразу пазнаў Максім — то былі свае.

Толькі тады раптоўна неяк зразумеў ездавы, якой вялікай бяды пашанцавала яму пазбыцца ўначы і як пакутліва далася яму маленькая перамога. Ён парадаваўся яшчэ, што ўсе жахі тыя засталіся ззаду, і, хутка губляючы сілы, моцна захацеў спаць. Мабыць, упершыню так выразна адчуў чалавек, што шмат ужо год за плячыма, а за гэтую ноч прыбавілася яшчэ, — бадай, з дзесяць.


1951

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/