epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Абы ціха

Памфлет

Кажуць, беларусы — дурныя людзі. Я з гэтым нязгодны. Як і кожны нацыянал-патрыст, я паважаю ўласны народ і лічу яго самым мудрым на сьвеце.

На самой справе — столькі гадоў без уласнай дзяржавы, без нацыянальнай палітыкі праіснаваць на прахадным падворку Еўропы, прайсьці праз столькі войнаў, рэвалюцыяў, паўстаньняў і захавацца. Ня зьнікнуць. Ня страціць свае мовы, пры нагодзе абараніць свой гонар (успомніце ВАВ). Тут мала аднае мудрасьці, тут трэба адмысловы талент ды боскае блаславеньне, спрыяньне сілаў, зямных і нябесных.

Праўда, беларус не такі, як іншыя людзі. Хоць бы і суседзі. Тыя, калі іх б’юць, дык зараз жа даюць здачы. Ня надта разважаючы. Тады іншыя кажуць, што яны сварлівыя і няўступлівыя. Неталерантныя. Беларус жа заўжды талерантны. I ўдумлівы. Калі, бывала, яго вытнуць па карку, дык сьпярша ён папросіць прабачэньня, што даў непрыяцелю клопату павярэдзіць руку. Пасьля, добра падумаўшы, яшчэ і падзякуе за навуку. Ведама ж, перш чым адказаць, трэба падумаць. Хай сабе людзей такога кшталту клічуць тугадумамі, але выгадней туга думаць, чым лёгка паміраць. Беларус хоча жыць. Хоць бы і баючыся, у атачэньні страху. Адчуваньне страху і болю дадзена чалавеку, каб пабольшыць ягоныя шанцы на выжываньне. Што карысьці з адвагі і сьмеласьці, якія ня ведаюць страху? Прыклад Чачэніі — ва ўсіх перад вачыма. А беларусы хоць і баяцца, ды дагэтуль усе (амаль усе, за выняткам пасаджаных і невядома дзе зьніклых) жывыя, здаровыя. I ўсе іхнія гарады не пабураныя. I ўсе іх шаноўныя начальнікі-вертыкальшчыкі жывуць у шыкоўных вілах, а не туляюцца ў пячорах пад глыбіннымі бомбамі. Што значыць — мець прыроджаную здольнасьць да страху. Усё ціха.

Даўно вядома, што кожная навука — на карысьць, беларус дужа любіць вучыцца. I гэта добра. Інакш бы ў нас не было столькі студэнтаў, столькі навукоўцаў — ад кандыдатаў да акадэмікаў, столькі дыпламаваных начальнікаў усіх рангаў. Стала добрай традыцыяй: як зрабіўся начальнікам, дык і стаў вучоным. Ці наадварот. Асабліва ахвотна вучыцца беларус у яшчэ болей мудрага старэйшага брата. Менавіта ад таго ён засвоіў шмат якія маральна-этычныя каштоўнасьці, што дужа спрыялі ягонай самаідэнтыфікацыі. Праўда, гэта дужа складаная навука, падлеглая ня кожнай логіцы. Па-расейску любіць — значыць, ненавідзець, што ўпершыню адкрыў незабыўны Оруэл. Адпаведна — ненавідзець, значыць, любіць. I тут хітрая залежнасьць: чым большая нянавісьць, тым большая любоў. Нагадаю Івана Жахлівага, Пятра Вялікага, Леніна і Сталіна. Колькі тыя пры жыцьці пралілі крыві і здабылі нянавісьці, столькі пасьля сьмерці маіоць усенароднай любові. Мусіць, так і з беларускім усенароднаабраным. Калісь з усіх пяцёх кандыдатаў беларусы найменей за ўсіх любілі гэтага, менавіта таму і абралі. I ён, малайчына, — не спудлаваў, спраўдзіў іхнія чаканкі: надоўга забясьпечыў страхам. На гады. Як можна не шанаваць такога забесьпячэнцу?

Нашы мудрыя інтэлектуалы адкрылі і засвоілі некалькі ісьцінаў, невядомых у ранейшай фундаментальнай навуцы. А менавіта: нічога ня трэба адкрываць-вынаходзіць, ня лезьці папярод бацькі ў пекла. Трэба ўмець адгадваць! Канешне ж — намеры і жаданьні кіраўніка. Мабыць, тое — самая цяжкая навука. I найперш з тае прычыны, што намеры кіраўнікоў дужа дыялектычна зьменлівыя. Бывала раней: толькі вучоныя нешта грунтоўна ўдумаюць, абмяркуюць і зацьвердзяць на ўласна акадэмічным узроўні, як думкі начальства мянягоцца на супрацьлеглыя. Часам мяняецца і само начальства: ці то ідзе пад расстрэл (як раней), ці на падвышэньне (як зараз). Паспрабуй угадаць і дагадзіць. Менавіта таму навукоўцы цьвёрда стаяць за стабільнасьць грамадства, супраць усяе гэтае мітынгоўшчыны, страйкаўшчыны, парламенцкага бязладдзя. Нашто парламентарам языкі, калі яны маюць рукі, каб падымаць па камандзе «за». Навукоўцы гатовыя прызнаць і абгрунтаваць што хочаш: урэзаны бюджэт на ўласную навуку, куртатую гісторыю краіны, нават урэзаную ўласную зарплату. Абы было ціха. Затое навукоўцы засталіся ў сваім шыкоўным будынку, на які тачыў зубы драпежны Іван Ціцянкоў. У іншых інтэлектуалаў тыя будынкі паадбіралі, а навукоўцам пакінулі. Цяпер яны там будуць спакойна і натхнёна дасканаліць ракетна-ядзерную тэхніку — касьмічны шпіянаж для падупалага старэйшага брата. Тым болей, што іншага яны і ня ўмеюць. Ды іншым ніколі і не займаліся.

Як даўно заўважана, маштаб далейшага ўздыму прамысловасьці ды й сельскай гаспадаркі наўпрост залежыць ад ступені іхняга заняпаду. Чым яны глыбей упадуць, тым вышэй паднімуцца (калі толькі сапраўды паднімуцца) і тым болей гонару зробяць кіраўніцтву. Менавіта ў тым, на маю думку, палягае сакрэтны план упартага нежаданьня іхняга рэфармаваньня. Тут уся справа ў статыстыцы, якая за мала спрыяльны савецкі час абагнала ў сваім разьвіцьці ці ня ўсе іншыя навукі. Менавіта статыстыка можа падаць заняпад як росквіт, крызіс як прагрэс і тым натхніць масы. Калі, скажам, хлеба давалі 150 грамаў на пайку, а з першага чысла сталі даваць 300, дык той рост падаецца як 200 адсоткаў. Хлеба мала, затое адсоткаў шмат, што і захапляе. Здаецца, менавіта з тае прычыны наша кіраўніцтва так упарта пазьбягае рэформаў — каб пасьля, як усё дойдзе да нулявога паказчыку, пачаць статыстычныя рэкорды. I ў гэтым сэнсе мы дамагліся цуда, вартага кнігі Гінеса. Як нядаўна паведамілі неафіцыйныя крыніцы (афіцыйныя, вядома, у такіх выпадках маўчаць), кошты на тавары за дзесяць гадоў у Беларусі павялічыліся ў сто тысячаў разоў. Той факт, вядома ж, хаваецца ад міжнароднай супольнасыді. Бо калі б тая супольнасьць пра яго дазналася, яе зьдзіўленьшо не было б мяжы: як гэта магчыма выжыць? Іншыя, канешне, ня выжывуць, апроч беларусаў. Гэныя могуць. Ну, як не паважаць гэткую нацыю, пэўна, адзіную ў сьвеце!

У гэтых марсіянскіх умовах гэтая нацыя ня толькі ўмее выжыць, але яшчэ здольная любіць тое жыцьцё, а разам — і галоўнага рэжысёра таго паталагічнага эксьперыменту. Тут ужо і старэйшы брат запанікаваў і адправіў у адстаўку свайго цара Барыса. А наш толькі пасьміхаецца ў свае фельдфебельскія вусы, яму хоць бы хны. Мабыць, у ягоных планах ёсьць яшчэ нс такое! Прыпамятаўшы аднаго напалеонаўскага маршала, можна здагадацца, што ён думае. Нешта накшталт: ты палюбіў бы мяне яшчэ болей, калі б ведаў, куды я цябе павяду заўтра. Але сапраўды — куды? Планы вялікага чалавека заўжды ахутаныя туманам таемнасьці. Можа, у партызанскую Чачэнію на дапамогу старэйшаму брату? Можа, у віртуальную, ды ня меней страшную за рэальнасьць Вялікую Славянскую імперыю? Можа, да ўдзелу ў легкадумна пакінутыя ракетна-ядзерныя гулі з Амерыкай?

Але кудысь павядзе. Ды і чаму не павесьці гэткі талерантны, рахманы народ, які стрывае ўсё. Абы ціха.


2000-2003?

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/