epub
 
Падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Чацвёртая няўдача

То была цяжкая работа.

Хай бы лепш ужо трапіўся глей, яго як—ніяк можна быіло б надзяўбці кіркай ды паціху павыкідаць рыдлёўкай. У гэтай жа праклятай лесавой зямлі, скрозь перавітай тоўстымі, як бізуны, і цвёрдымі, як дрот, яловымі каранямі, мала карысці ад кіркі, лома ці звычайнай штыхавой рыдлёўкі. Адно, што як—колечы памагала Турку капаць гэты акопчык, была сякера. Салдат раз—пораз выпростваўся з ямы, якая патроху, але ўсё ж глыбела, браўся за гразкае тапарышча і блішчастым затупленым лязом сек у цвёрдай зямлі непадаткія смаляныя карані. Пасля ён браў з кута рыдлёўку і кідаў ёю цераз плячо земляныя ацяробкі. Буйнейшыя камякі шасталі непадалёк у альховым кусце, а рассыпістая драбяза, падхопленая ветрам, пыльна трусіла на яго спіну, шыю, пілотку. Ад такой турботнае працы хлопец неўзабаве змарыўся. Не зважаючы на слоту асенняга надвор’я, ён расперазаў сваю трафейную дзягу з «гот міт унс» на алюмініевай спражцы, сцягнуў за рукавы шынель і выкінуў яго з акопа далей на мокрую, засыпаную зямлёй траву. За паўхвіліны тае перадышкі ён паспеў паглядзець назад, туды, на тэлефаністаў, што мясціліся з апаратамі на ўскрайку гэтай травяністай лясной прагаліны. Праўда, цікавілі Турка не тэлефаністы, а яго камандзір - старшы на батарэі лейтэнант Гаркавенка. Якраз было ціха, батарэя маўчала, і лейтэнант, расставіўшы калені, сядзеў на шырокім пні ля сваёй бусланогай бусолі і курыў. Позіркі іх сустрэліся.

— Ну што, пяхота? Уходаўся? — праз дым ад цыгаркі знарок зласнавата гукнуў лейтэнант, але Турок згледзеў, што вочы ў камандзіра ўжо добрыя, нават смяшлівыя, а ад былое злосці не засталося і следу. За мянушку ж тую — пяхота! — Турок ужо даўно перастаў крыўдаваць на лейтэнанта і на хлопцаў, можа таму, што прывык, а можа адтаго, што не адчуваў тут ніякай сваёй віны. Хіба ён быў вінаваты, што яго перадалі гэтай батарэі са стралковага батальёна, у якім ён пачынаў франтавую службу, і таму ў артылерыйскай навуцы не дужа што, як кажуць, кумекаў. Ад лейтэнантавай адмякчэласці хлопцу трохі палепшала ў гэтай пераплеценай каранямі яме; ён уздыхнуў, папляваў на далоні і з новаю сілай узяўся за цёплы, адслізганы тронак рыдлёўкі.

З самага ранку гэтага слотнага дня паваліліся на радавога Турка дробныя і вялікія няўдачы. Пачалося з таго, што на старой агнявой пазіцыі, з якой яны на світанні зняліся, ён забыўся сваю тарбінку з сякім—такім салдацкім набыткам. Праўда, дужа каштоўнага там не было нічога, хіба толькі новыя байкавыя анучы, ні разу яшчэ не абутыя і беражоныя на самы неабходны выпадак. Турок пабедаваў крыху ды можа і забыўся б на тую няўдачу, калі б праз якую гадзіну не напаткала яго другая. Збіраючыся паснедаць і ўжо дастаючы з—за абмоткі сваю пагнутую лыжку, ён незнарок перакуліў кацялок і выліў у траву ўвесь крупнік. Пакуль хлопцы рагаталі з яго, Турок усухамятку зжаваў сваю хлебную пайку, нявесела пазіраючы ў той бок, дзе батарэйны кухар мыў у ручаіне парожнія тэрмасы.

Трэцяе ж ліха было куды горшае. Батарэя вяла агонь, лейтэнант Гаркавенка сваім заўсягдашнім нейкім злосным голасам крычаў ад бусолі каманды. Раз—пораз тузаючыся, бы прысядаючы на высокіх гумовых колах, гахалі гаўбіцы — недзе за лесам нашых атакоўвалі немцы. Турок быў зарадным — седзячы ў папараці каля гарматы, выдзіраў з гільз парафінавыя донцы і, слухаючы каманду Гаркавенкі, «рабіў зарад».

— Зарад трэці! — крычаў Гаркавенка, і Турок вымаў з шырокай, бы глечык, гільзы тры мяшэчкі дробнага пораху.

— Зарад чацвёрты! — вымаў чатыры мяшэчкі, пяты — пяць. Гільзу зараз жа трэба было перадаць зараджаючаму.

У той раз ці можа Турка задужа аглушыла стрэлам, ці заікнуўся як лейтэнант Гаркавенка, толькі салдат не пачуў нумара зарада і, схапіўшы са скрынкі слізкую ад змазкі гільзу, сумеўся. Пэўна, трэба было запытацца, але камандзір з выгляду быў дужа непрыступны і злосны, вакол грымелі стрэлы іншых гармат і ўстрывожана мітусіліся хлопцы. Зараджаючы ўжо працяг свае хапастыя рукі за чарговай гільзай, і Турок хуценька выкінуў у траву чатыры мяшэчкі. Затым гармата пальнула, хлопца абдало парахавым смуродам, ударыла ў левае вуха. Ён ухапіў новую гільзу, вырваў парафінавае донца, але Гаркавенка чамусьці не камандаваў далей і батарэя прыціхла. Хлопец устрывожана азірнуўся — старшы на батарэі, стоячы на каленях ля свайго прысадзістага пня, прыціх з блакнотам у руках і пазіраў на тэлефаніста, які штосьці не мог разабраць з таго, што чулася ў трубцы. Пасля гэтую трубку ў яго вырваў Гаркавенка.

«Камбат гаворыць»,— здагадаўся Турок і сцяўся, прысеў у траве, адчуўшы, што памыліўся з зарадам і нарабіў ліха.

Так яно і сталася. Лейтэнант хутка кінуў тэлефаністу трубку, ускочыў на ногі і, паўстаўшы на прагаліне, як тая яго цыбатая бусоль, — вялізны, паджары і строгі — закрычаў да іхняй гарматы:

— Сяржант Петракоў, чаму снарад адарваўся? Далажыць прыцэл!

— Сто дваццаць чатыры, — адказаў сяржант, зірнуўшы ў сваю паперку.

— Зарад?

— Турок, які зарад? — здаецца, западозрыўшы штосьці, гукнуў да хлопца сяржант, і Турок, адчуўшы, як раптоўна самлелі яго калені, няпэўна сказаў:

— Дык гэта... Чацвёрты, я думаў.

— Чацвёрты!!! — грымотна раўнуў Гаркавенка. — Я табе пакажу чацвёрты! Уся батарэя страляе на трэцім, а яму чацвёрты! — Хуткім крокам ён рушыў да іхняй гарматы, але не дайшоў, спыніўся і закрычаў:

— Прэч адсюль! Марш ровік капаць! Жыва! — I дадаў цішэй, але яшчэ болей злосна і кпліва: — Ух ты, пяхота!

Так Турок апынуўся ў недакапанай яме і паныла калупаўся тут ужо мабыць з паўдня. Даўно батарэя перастала страляць, хлопцы ў разліках маскіравалі гаўбіцы, чакалі вячэры, а ён усё не мог скончыць гэтага ровіка для батарэйных снарадаў. У адзіноце і ўціхласці хлопцу было трошкі крыўдна на душы ад лейтэнантавай строгасці, трошкі прыкра на самога сябе за тую памылку. Памыляўся ён ужо не адзін раз, батарэйцы за тое кпілі з яго, самага маладога тут і неспрактыкаванага, камандзіры часта скарыстоўвалі хлопца на розных дробязных турботных работах, бо якраз ён быў такі, каго тут найменш паважалі. Праўда, хлопец трываў, стараўся, не дужа крыўдаваў і ніколі не сварыўся ні з кім.

Урэшце можна было і спачыць, глыбіня ўжо стала такая, што Турок ледзьве не хаваўся ў яміне. Накапаная зямля затуліла ад яго і гарматы, і тэлефаністаў, і лейтэнанта Гаркавенку, толькі кашлатыя елкі тырчалі ў небе шышкатымі верхавінамі. Неба было самотна-шэрае, мутнае; з туману ці нізкіх ускалмачаных хмар сеялася на дол восеньская золь, — відаць, к ночы збіраўся дождж. Прыкметна вечарэла. За хмызняком, у баку ворага, стала зусім ціха — ні стрэлу, ні выбуху, толькі справа, у суседзяў, з роўнымі прамежкамі часу рваліся міны і ў лясной далечы прыцішана грукатала рэха.

Турок зморана аддыхваўся і думаў, што яшчэ якіх два-тры штыхі і, пэўна, будзе даволі — метр пяцьдзесят, якраз у яго рост, а болей для ровіка пад снарады і не трэба. Але калі ён наступіў на рыдлёўку, каб як упіхнуць яе ў зямлю, пачуў нечы голас. Турок выпрастаўся — здаля яўна да яго гукаў лейтэнант Гаркавенка:

— ...не чуеш, ці што? Ану вылазь!

Турок падскочыў і выбраўся на бруствер. На пні ля лейтэнантавай бусолі сядзеў незнаемы афіцэр у фуражцы з самадзельным казырком, ля яго стаяў Гаркавенка і нецярпліва чакаў, пакуль Турок падбяжыць да іх. Хлопец ацерушыў гімнасцёрку і паслухмяна падбег, запытальна пазіраючы ў заўсёды загадкавы лейтэнантаў твар.

— Ану адзявайся. Начальніка разведкі, капітана, да КП праводзіш. Ды падсобіш там: ён паранены.

Турок подбегам кінуўся да ровіка, струхнуў з шыняля пясок і тады спахапіўся, што не ведае, дзе той КП.

— А куды ж гэта ісці?

— Вось па лініі. Па чырвоным провадзе, — гукнуў з вузенькай траншэйкі тэлефаніст. — Проста цераз лес да дарогі, а там у палкавых сувязістаў спытаеш.

— Нашто пытаць, — сказаў лейтэнант і зусім ужо пасяброўску паклікаў: — Ідзі сюды.

Напінаючы на сябе шынель, Турок падбег да камандзіра і спыніўся — нізенькі, з пакамечанымі пагонамі і расплюснутай на галаве пілоткай — побач з даўганогім вялізным Гаркавенкам. Лейтэнант павярнуў яго тварам да лесу і выцяг над плячом руку.

— Вунь, бачыш, між елак гарбіна голая. То вышыня трыццаць пяць і пяць. Яна ў немцаў. А вунь у бок ад яе тырчыць сухадрэвіна, ля яе і КП.

Турок не дужа ўпэўнена кіўнуў — сухадрэвіну ён сапраўды ўбачыў, толькі гэта было далёка, на бугры за лесам,— мабыць, якіх кіламетры за тры адгэтуль. Можа б, трэба было распытаць падрабязней, але лейтэнант строга прыкрыкнуў:

— I давай хутчэй! Каб праз гадзіну назад! Чуў ты, пяхота?

Турок закінуў на спіну вінтоўку, на хаду падперазаўся.

З пня зморана падняўся капітан — маладжавы плячысты дужак у расхрыстанай зялёнай ватоўцы, пад якою паблісквалі спражкі — большая на жываце ад рамяня і маленькая на грудзях — ад партупеі. Устаўшы, ён абапёрся на нейкую патарчаку, якая была ў яго замест кія, трохі перасмыкнуў вуснамі і засцярожліва ступіў на левую нагу. Турок пачакаў трохі, а пасля па—над провадам няспешна пайшоў да лесу.

Афіцэр, аднак, дужа кульгаў. Ледзь толькі прыступіўшы на левы бот, ён хуценька сігаў правай нагой і пасля марудна, з асцярогай, пераносіў наперад левую. Твар ягоны пры гэтым — хударлявы, трошкі нервовы твар чалавека, няз—выклага да дробязных нягодаў жыцця,— выражаў незадаволенасць і прыкрасць. Турок праз якіх дваццаць крокаў спыніўся пад разлапістай елкай і пачакаў, пакуль капітан прыкульгікае бліжэй. Гэтага афіцэра Турок бачыў упершыню і, адчуваючы сябе гаспадаром у іх падарожжы, падумаў, што трэба нешта загаманіць да яго, бо моўчкі ісці нядобра. I ён запытаўся:

— Мусіць, здорава вас параніла?

— Ды ўжо ж,— скупа азваўся капітан, пакутна кульгікаючы.

— Куляй ці асколкам?

— А ты што — доктар?

Капітан праз боль на твары няласкава паглядзеў на хлопца, і той сумеўся, навошта было балбатаць: ведама ж, начальнік, ды яшчэ паранены. Афіцэр жа падышоў да яго бліжэй і, пэўна, каб паправіць уражанне, вытлумачыў:

— Куляй ці асколкам — цяпер усё роўна. Цяпер на пару тыдняў медсанбат. Калі толькі да немцаў не трапім.

— А хіба яны блізка? — здзівіўся Турок.

— Блізка. На стыку з сорак шостым прарваліся.

— З сорак шостым? — Салдат аж прыпыніўся. — Гэта там? — Ён паказаў у той бок, куды ім трэба было ісці.

— Эге ж, там.

Турок зноў прыпыніў хаду, услухаўся. Навокал уперамешку з алешнікам, пагойдваючы верхавінамі, стаялі замшэлыя елкі, пад іх абвіслым долу суччом збіраўся ўжо змрок. Было ціха, толькі лесавы шум угары то расплываўся хвалямі, то заціхаў. Мінныя выбухі, што чуваць былі паўгадзіны назад, цяпер сціхлі, але недзе ўдалечы дробным рассыпістым рэхам пракацілася кулямётная чарга. Зблізку ў вяршалінах пракрумкала невядома чым патрывожаная варона.

Хлопец, аднак, прыцяў у сабе зачаткі трывогі — усё ж на тую хаду не яго была воля, капітана трэба было весці далей — і, страціўшы ахвоту да гаворкі, моўчкі пайшоў уперад. Лес быў не дужа густы, хмызняк пад елкамі ўжо добра пацерабіла восень, у вільготным паветры стаяў гаркавата-смалісты пах ігліцы. Хутка ім трапіўся пністы расцяроб з высокай да калень папараццю і ссохлым паламаным маліннікам, у якіх зусім гублялася тоненькая нітачка проваду. Каб не збіцца з кірунку, хлопец раз—пораз браў яе ў руку і шкандыбаў так, прыслухоўваючыся да лесавых гукаў і далёкай страляніны. Провад казытаў далонь, часам на ім набягалі аголеныя драцяныя вузлы, яны балюча калолі далонь. Турок тады кідаў провад і стараўся толькі бачыць яго. У двух месцах на лініі трапіліся парожнія шпулькі — пакінутыя да часу сувязістамі, шпулькі ляжалі ў траве. На адной Турок згледзеў фанерную бірку з прозвішчам «Трахімчук» і прыпамятаў рабога сувязіста, забітага пад вёскай Лычы. Ад таго хлопцу стала крыху ніякавата — чалавека ўжо з месяц няма, а на шпульцы ўсё ягоная бірка, нібы і дагэтуль яе гаспадар — нябожчык Трахімчук.

Але елкі спакваля пачалі расступацца, стала крыху святлей, навокал усё болей трапляла алешніку. Капітан па—ранейшаму адставаў, і Турок, як ні намагаўся ісці павольней, усё адрываўся ад яго. Вакол былі глухмень і бязлюддзе.

Пасля пачалася нейкая забалаць, Турковыя башмакі шасталі ў апалым альховым лісці, пад якім чвякала макрэдзь. Капітану ісці стала яшчэ горш, ён усё болей ашчадна ставіў сваю параненую нагу і ўсё марудней кульгікаў за хлопцам. Тым часам змяркалася, провад у траве ўжо цяжка было згледзець, і Турок зноў узяў яго ў жменю. Неба касмылявілася, насела на самыя верхавіны дрэў, раз—пораз налятаў халодны вецер, устрывожана шамацеў хмызняком і напаўняў лес непрытульнасцю ды прадчуваннем ночы.

— Салдат! — раптам гукнуў ззаду капітан. — Стой!

Турок азірнуўся, капітан прыкульгікаў да струхлелага

пня і, падкорчыўшы нагу, апусціўся на яго. Хлопец падышоў да афіцэра, той выставіў аблеплены лісцем бот і загадаў:

— Ану пацягні. Толькі паціху.

Турок прысланіў да алешыны вінтоўку і далікатна пацягнуў яго мокры бот. Капітан учапіўся рукамі ў трухляціны пня, упёрся здаровай нагою ў дол і сцяў сківіцы.

— Дужэй! Ды не рві адразу. Раўней.

Хлопец здзеў бот. Капітан, усё яшчэ не разнімаючы сківіц, пасядзеў з хвіліну, а пасля пачаў тужэй абмотваць анучай нагу. Пэўна, у боце ён ужо ісці не мог і рабіў гэта, каб аблегчыць пакуты. Турок памагаў загарнуць анучу, але яна ўсё раскручвалася ды і была не дужа вялікая, каб трымацца на назе. Гледзячы на зацяты афіцэраў твар, хлопец агартаўся спагадай да гэтага чалавека за яго пакуты і, як—колечы прыладзіўшы на яго забінтаваных шчыкалатках анучу, сказаў:

— А давайце яшчэ і мае накруцім.

Капітан не адмовіўся, і Турок разбэрсаў свае змакрэлыя чаравікі; удвох яны добра ўкруцілі параненую нагу. Каб лепей трымалася гэтая кульба, яе трэба было звязаць, і капітан зняў з рамяня партупею. з—пад ватоўкі на ягоных грудзях бліснулі тры ордэны, гэта яшчэ болей надало хлопцу павагі да афіцэра; ён ужо адчуваў у сабе нястрымную адданасць да яго. Пасля капітан абвязаў нагу партупеяй і ўстаў з пня.

— А вы ступайце на пятку. Так, пэўна, зручней будзе,— параіў Турок. Афіцэр без увагі на хлопца паціху пашкандыбаў па сцяжыне, несучы на незадаволеным твары абыякавасць да ўсяго, што не датычыла ягонай нагі.

Яны ішлі так адзін за адным. Турок увесь час азіраўся на спадарожніка, які нёс пад пахай свой здзеты бот і ішоў па—ранейшаму вельмі марудна. У лесе вечарэла, неяк непрытульна глушэла, хацелася хутчэй выбрацца куды на поле з гэтых хмызнякоў, і хлопец, сам таго не прыкмячаючы, прыбаўляў хады. Навокал нідзе не было нікога, і гэтае бязлюддзе пачынала прыгнятаць. У голаў лезлі роз—ныя нядобрыя думкі, і, каб пазбыцца іх, Турок пачаў думаць пра агнявую пазіцыю, дзе цяпер было ціха і спакойна; хлопцы, пэўна, павячэралі ўжо, толькі вось ён увесь дзень не еўшы. Хутчэй бы дайсці да КП, вярнуцца, тады б ужо ён пазбыўся гэтае трывожнай няўтульнасці. За шмат дзён вайны Турок прывык да батарэі і агнявую пазіцыю лічыў сваім нібы хатнім прытулкам.

Так думаў Турок, пазіраючы ўздоўж крывулястай лесавой сцяжыны ў хмызняку, як аднекуль,— здаецца, панад самай яго галавой, раздаўся жахлівы, унутрана-гарлавы крык:

— У-у-у-у-уп!

Турок жахнуўся, скалануўся, аж прысеў, і не паспеў яшчэ апамятацца, як крык паўтарыўся двойчы:

— У-у-у-уп! У-у-у-уп!

Капітан таксама спыніўся, але толькі на якую секунду, затым зноў пакульгікаў сцяжынай. Турок стаяў і пазіраў то ў хмызняк, то на свайго спадарожніка.

— Гідота птушка,— сказаў афіцэр, падышоўшы бліжэй.— А ты што, збаяўся?

Турок не адказаў і, азіраючыся па баках, пайшоў далей. Хоць цяпер хлопец і ведаў, што гэта не якая нядобрая сіла, але ад чакання зноў учуць гэты жахлівы крык у Турка ледзянела нутро. Ён яшчэ прайшоў крыху з вінтоўкай пад пахай і раптам спахапіўся, што на сцяжыне не відно провада. Уласна не было ўжо і сцяжыны, яны ішлі між кустоў ляшчынніка, рэдкіх маладых елачак, якія цьмянымі сілуэтамі падазрона чарнелі сям—там. Турок спыніўся, нахіліўся ў дол, кінуўся ўбок, прагрэб пальцамі апалае лісце, пасля падаўся ў другі бок. Капітан стаў, насуплена паглядзеў на мітусню свайго праважатага і нядобра сказаў: — Што, згубіў?

Турок усё кідаўся сюды—туды, яшчэ не трацячы надзеі знайсці провад, і ўсё бубніў сабе: «Толькі ж быў. От жа халера!..»

Капітан пастаяў, паслухаў; скрозь было ціха і пуста, хоць бы дзе які стрэл, які гук. Усё знікла, знямела, у кустах зусім разлеглася цемра; з навіслага неба пачаў накропваць дробны рэдзенькі дожджык. Турок адышоўся далёка, усё заграбаючы ў змроку лісцвяны дол, накалоў на сукавіну руку, але провада нідзе не знайшоў. Тады ён спалохаўся ад думкі, што ў гэтай дажджавой цемры можа згубіцца і капітан, і вярнуўся да яго. Хлопец адчуваў сябе зусім вінаватым і не ведаў, куды ісці далей.

— Ну дык што ж! — знарок спакойна сказаў капітан.— Заначуем?

Турок пачуў непрыкрыты папрок у яго голасе, але змоўчаў, і афіцэр тады ўжо не стрымаў сваёй злосці.

— Балбес ты, а не салдат. Сказана ж было — па провадзе. Трэ было трымаць яго. Ну, а цяпер што?

Турок не ведаў, што рабіць цяпер; ён маўчаў, і было хлопцу вельмі адзінока тут, у лесе, уначы, побач з гэтым няласкавым на слова чалавекам. Капітан жа, да якога ён зусім нядаўна яшчэ пачаў гарнуцца душой, цяпер, не тоячы сваёй прыкрасці, зацята глядзеў на Турка.

— Пайшлі сюды! — сказаў урэшце афіцэр і пакульгікаў некуды ў змрок між кустоўя; за ім, уздыхнуўшы, падаўся Турок.

Капітан вёў доўга і марудна. Сцябаючы хлопца веццем, ён прадзіраўся праз нейкі гушчар. Абодва яны адхіналіся ў бакі, нахіляліся, але ўсё роўна натыкаліся на суччо, паабдзіралі рукі і твары і толькі засцерагалі вочы. Навокал па кустах і апалай лістоце лапацеў пагусцелы дождж. Турковы плечы, пілотка і рукавы шыняля ўсё болей макрэлі. У думках хлопец праклінаў сябе за няўвагу, за тыя дзіцячыя страхі — ад нейкай там птушкі! — і адчуваў сябе вельмі няўдалым. Пра батарэю і лейтэнанта Гаркавенку ён проста баяўся падумаць — невядома было, як вяртацца туды пасля гэтай яго чацвёртай няўдачы.

Наваколле змоўкла, счарнела, схавалася, праглынутае непагодлівай ноччу, і нідзе не было ніякіх адзнак чалавека. Капітан часта спыняўся, слухаў, Турок таксама тады прыпыняўся за ягонай спіной і таксама ўслухоўваўся ў ноч. Але скрозь было толькі роўнае лапатанне дажджу і болей нічога. Турку стала здавацца, што яны даўно ўжо мінулі тую вышыню з сухадрэвінай і той іх КП і блукаюць недзе ў тыле палка, а можа нават ля штаба дывізіі. Але яго меркаванне цяпер мала што значыла, наперадзе ішоў капітан, ён моўчкі некуды вёў, і хлопец пакорліва плёўся следам.

Так яны перайшлі грудок з бярэзнікам, у якім вельмі пахла прэлай ліствой і грыбамі. У адным месцы трапіўся на шляху нейкі гнілячок, аблеплены зеленаватым роівам светлячкоў. Турок дзеўбануў яго чаравікам, і светлячкі, разляцеўшыся ў траве, ціха заблішчалі навокал. Хлопец прыгнуўся за адным, як раптам наваколле праяснілася, захісталася,— Турок схамянуўся,— нейкае святло наперадзе разагнала цемру, асвяціла неба, сталі відаць верхавіны алешын. Святло дрыготка пасунулася па небасхіле, прыцьмела і неяк раптоўна згасла. Стала яшчэ цямней, і Турок здагадаўся тады, што гэта ракета. Капітан спыніўся, трохі паслухаў, і паціху пайшоў ранейшым кірункам. Турок жа не ведаў, радавацца ад ракеты ці непакоіцца, хоць адчуванне блізкасці людзей надало крыху бадзёрасці.

Неўзабаве яны нечакана неяк вылезлі з кустоўя на поле. Вецер дажджавой сцюжаю дыхнуў у іхнія твары; ад таго, што перастаў шастаць хмызняк, стала ціха і пуста. Капітан з паўхвіліны зноў пастаяў, паслухаў і ўжо ступіў уздоўж па ўзлеску некалькі сваіх кульгавых крокаў, як зноў спыніўся. Турок таксама стаў, схіліў набок голаў і ўслухаўся. Там былі людзі. Наперадзе ў полі перад узлескам чулася нейкая невыразная гамана, лязгнула жалеза, пасля нехта глуха, прастуджана закашляў. Турок спачатку ажно ўзрадаваўся, але насцярожаная падазронасць афіцэра прыглушыла яго заўчасную радасць. Каб лепей разгледзець што ў цемры, капітан прысеў пад кустоўем. Турок таксама ўкленчыў ля яго і паклаў далонь на рукаятку затвора. Пэўна што там, праз якіх сто метраў, былі людзі, але свае ці немцы — нельга было ні ўчуць, ні ўбачыць. А ў такі вось час, калі Турок з капітанам, нічога не ўчуўшы, хацелі было падацца далей, нехта выразна загаманіў з цемры:

— Брынг маль, Отта, обер філь, дас золь фюр унс бейдэ генюген,

Турок змярцвеў, учуўшы такое, а капітан побач выцягнуў з—пад ватоўкі пісталет. Тады зусім блізка наперадзе зашорхалі крокі, і з цемры коратка і буркатліва азваўся прастуджаны голас:

— На шон, вірдгемахт,

То былі немцы.

з—пад кустоўя стала добра чуваць, што проста на іх нетаропка ішоў чалавек. Ён кашлянуў, адкырхаўся, плюнуў і нетаропка пашкандыбаў да ўзлеску. Турок быццам сцяўся ў боязны маленькі камячок, стуліўся ля афіцэрава пляча і ўсімі сіламі прымушаў сябе сядзець ціха, змярцвець і чакаць, што зробяць двое: капітан і той немец. Капітан настырчыўся, падцягнуўся, выцяг шыю, падабраў пад сябе рукі, бы перад скачком, а немец тым часам падышоў да ўзлеску ў дзесяці кроках ад іх і, сапучы ды шастаючы веццем, пачаў ламаць алешнік.

«Цікаць... цікаць... цікаць!» — патрабавала ўсё Туркова нутро, хлопец ажна акрыяў, што самае страшнае мінула, што немец не заўважыў іх. Але капітан марудзіў, і хлопец мярцвеў ля яго, баючыся паварушыцца, каб даць знак, што трэба ўцякаць. Праз якую хвіліну, праўда, капітан павярнуўся, загрэбшы рукой, падгарнуў да сябе Туркову голаў у мокрай пілотцы і абдаў яго шчаку цёплым дыханнем:

— Возьмем! Ты аглушы прыкладам!

Спачатку Турок не зразумеў яго, а затым з самай глыбіні ягонай душы ўзняўся пратэст — нашто? Так хацелася ўратавацца і так гэта было магчыма — навошта ісці самім па добрай волі ў самую ляпу смерці. Але капітан, бы і не падазраючы нічога,— ні боязі салдата, ні такой блізкай магчымасці паратунку — прыгнуўся і нячутна, на чацвярэньках, падаўся ў змрок. I Турок, маўкліва пратэстуючы ўсім нутром, мусіў прыдушыць у сабе баязліўца, заглушыць благія прадчуванні і, таксама прыгнуўшыся да самага долу, пасігаць за афіцэрам. Усё ў ім было паралізавана страхам і воляю капітана; супрацьлеглыя гэтыя адчуванні спляліся ўнутры, непадуладныя адзін аднаму. Так з імі Турок машынальна і сігаў у змрок, дзе зусім блізка шастаў хмызняк, хрускалі галінкі і пасопваў блізкі, загадкавы і страшны вораг.

Капітан урэшце спыніўся, зноў прыціснуўся к долу — адчувалася, немец быў ужо зусім побач, нават трохі відаць было на фоне неба, як гойдалася верхавіна алешыны, якую ламаў ён. Капітан тады павярнуўся, дацягнуўся да Турковага вуха і шапнуў:

— Ускочыш і глушы па галаве. Я следам...

Ён памаўчаў, угледзеўшыся ў цемру, трохі счакаў і затым цвёрдай рукой загадна штурхнуў яго ў спіну.

Турок не дужа спрытна ўскочыў, бадай не адчуваючы нічога. Пэўна, трэба было прыгнуцца, але ён ужо дрэнна валодаў сабой, на вялых, бы ватных нагах ступіў разы два ў цемру, дзе шастала дрэўца. У адно імгненне пад кустоўем трапянулася цьмяная постаць, мільганула і застыла шэрая пляма твару — выпушчаная з рук алешына махнула ўгары верхавінай. I тады Турок размахнуўся з усяе сілы і выцяў немца вінтоўкай па галаве.

Вораг, здаецца, адскочыў, застагнаў і мякка паваліўся на дол. I ў той жа час капітан з цемры кінуўся да яго. Адчуўшы самае страшнае, Турок прысеў, стуліўся, але капітан зараз жа гучным шэптам гукнуў яму:

— Давай сюды!

Ад гэтага яго шэпту Турок трохі апрытомнеў, у свядомасць цюкнула думка, што схібіць цяпер нельга, інакш яны абодва загінуць. I хлопец, інстынктыўна прыгнуўшыся, падаўся ў змрок да паваленага немца, на якога ўжо ўссеў капітан. Турок таксама рынуўся на варожае цела, ашчаперыў яго за калені, тыя напружыліся і разы два бяссільна трапянуліся. Некалькі часу хлопец толькі трымаў іх так — з усяе сілы. Пасля капітан ухапіў з немцавай галавы пілотку, ямчэй прыналёгшы на яго, запіхнуў яе ворагу ў рот і строгім загадным шэптам кінуў салдату:

— Абмотку, жыва!

Турок здагадаўся і, не выпускаючы з—пад пахі немцавых ног, дрыготкімі пальцамі аднае рукі адарваў завязку сваёй абмоткі і хуценька раскруціў яе. Капітан перакуліў немца на жывот, заламіў на спіне яго рукі і, пакрэктваючы, укруціў іх абмоткай. Немец не супраціўляўся, Турку нават здалося, што ён нежывы, але хуткія засцярожлівыя рухі супольніка прымушалі думаць, што трэба быць пільным.

Здаецца, усё адбылося нечакана, удала і хутка. I вось капітан выпрастаўся, Турок намацаў у траве вінтоўку; яны ўдвох прыўзнялі пад пахі цяжкое нерухомае цела. Але капітан адразу ж спаткнуўся — замінала нага, і ён загадаў салдату:

— Ану цягні!

Турок уздзеў на плячо вінтоўку, аберуч ухапіў немца і павалок яго ў цемру — туды, адкуль яны ішлі. Немцавы ногі валакліся ў доле, але ён не падаваў ніякіх адзнак жыцця і быў вельмі цяжкі. Зрэшты, хлопец не асабліва ўглядаўся ў немца, уся яго ўвага цяпер скіравалася туды, у поле, дзе былі іншыя, але тыя маўчалі, і трэба было спяшацца.

Капітан хуценька пракульгаў наперад, збочыў у хмызняк, расхінуў вецце, і хлопец звалок пад змрочны схоў гушчару сваю ношу. Шастаючы голлем, капітан прадзіраўся далей. Ы трэба было як найхутчэй уцячы адсюль. Турок разумеў гэта і стараўся як мага цягнуць немца. Цягнуць жа было дужа дрэнна, скрозь замінаў хмызняк. У Турковы грудзі аднойчы балюча тыцнулася нейкая патарчака, і хлопец, застагнаўшы ад болю, ледзьве ўстаяў на нагах.

Гэтак мінула, мусіць, багата часу. Чапляючыся за суччо і штомінутна спатыкаючыся, зашчэмліваючыся ў ляшчынніку, яны караскаліся ў хмызняку, пакуль урэшце не выбраліся на нейкую прагаліну.

Капітан прыпыніўся і ўслухаўся, Турок жа адразу чмяк—нуў немца на дол і сам паваліўся побач. Ягоныя грудзі пякла такая гаркота знямогі, што ён не мог сказаць слова. Толькі цяпер ён пачаў разумець, што яны пазбыліся бяды і, здавалася, зрабілі нешта большае, чым толькі ўратавалі сябе. Гэтае разуменне прыглушала страх, і таемная іскрынка радасці ўзгарэлася ў хлапечай душы. Некалькі хвілін ён перамагаў сваё непадуладнае сэрца, якое тугім камяком калацілася ў грудзях, а пасля з прыхаванай палёгкаю спытаў афіцэра:

— Ці жывы ён хаця?

Капітан, таксама змораны, прысланіўся да нятоўстай бярозкі, і гэты раз адказаў ахватней і неяк амаль пасяброўску — як старэйшы таварыш маладзейшаму:

— А дзе ён дзенецца? Жыў будзе. Прыглушыў толькі занадта.

Нахіліўшыся над нерухомым палонным, ён расшпіліў светлыя гузікі яго шыняля і засунуў руку за пазуху.

— Жывы,— яшчэ раз задаволена пацвердзіў ён, вымаючы з кішэняў немцавы паперы.— А ты што: ніколі яшчэ па языка не хадзіў?

— Дзе там мне! — сумеўся ў цемры Турок. — Я ж не разведчык.

— Ну вось і разведчыкам пабыў,— усміхнуўся капітан.

Яны памаўчалі, аддыхваючыся, і капітан занепакоіўся:

— Але куды ж нам кіраваць далей?

З цёмнага неба імжыў дробненькі дожджык, недзе ў вяршалінах елак шумеў вецер, наўкола па-начному заўзята шапацела лістота. I капітан і Турок дужа намоклі ў хмыз—няку, і ў кароткі гэты супынак абодвум стала холадна. Трошкі адпачыўшы, трэба было ісці далей, да сваіх — толькі куды? За час блукання без проваду і цяпер, уцякаючы ад немцаў, яны зусім збіліся з кірунку і маглі зноў трапіць дзе-небудзь да немцаў.

— Не ведаю, таварыш капітан, — шчыра прызнаўся Турок.

— Але ж, — згадзіўся капітан. — I я вось таксама. А ўсё ж пойдзем.

Яны ўсталі, Турок узяўся за немца, які нібы яшчэ больш пацяжалеў за якіх дзесяць хвілін адпачынку. Хлопец намогся, учапіўшыся за дзягу палоннага, прысеў, капітан дапамог, і яны ўдвох узвалілі непрытомнага ворага на салдатавы плечы. Немец перавешваўся напалам, спаўзаў са спіны, ад яго смярдзела застарэлым потам і дустам. Ён быў дужа цяжкі, і ў Турковых вачах ад знямогі пачалі расплывацца жоўтыя плямы. Але хлопец ішоў, хістаючыся, дзе—нідзе ледзьве ўтрымліваючыся, каб не ўпасці. Праўда, лес стаў радзейшы, не так замінаў хмызняк, але нябачныя ў цемры яловыя камлі, нібы штыхі, выстаўлялі ў бакі абломкі ніжніх сукоў, аб якія можна было знявечыцца. Капітан ішоў побач і, як мог, прытрымліваў немца.

Невядома, колькі цягнуўся іх той лесавы шлях. Здавалася Турку, што яны зайшлі ўжо вельмі далёка, а лес усё не канчаўся. Ужо двойчы хлопец падаў, разбіваючы аб карані локці. За імі ніхто не гнаўся, і нідзе не чутно было стрэлу, не бачна ніводнага ракетнага водбліску. Тым часам дождж перастаў, угары між вяршалін дрэў тамсям заміргалі рэдкія зоркі і з—за ашмоцця хмар выплыў над лесам месяц.

Турок ішоў за капітанам, выцягшы наперад левую руку, бы сляпы за павадыром, галава яго была прыціснута целам ворага, балела шыя, і ён нічога не бачыў у цемрыве ночы. Капітан, абапіраючыся на палку, няроўна скакаў адным бокам. Але вось ён чагосьці спыніўся, паварушыў перад сабой кіем, як сляпы, намацваючы дарогу, пасля павярнуўся і папярэдзіў салдата:

— Асцярожней! Хадзі сюды.

Турок няспрытна павярнуў голаў — наперадзе пад слабым месячным святлом слалася ледзьве прыкметнае шызаватае курыва туману. Кустоўе тут адступілася, — відаць, непадалёк унізе раскінулася шырокая лесавая аўражына. Яны пайшлі па—над яе берагам. Здалося Турку, ішлі яны вельмі доўга. Немец сваім цяжарам упарта гнуў к долу хлапечую постаць, нястрымна спаўзаў з плячэй.

Аднойчы Турок наскочыў на куст ядлоўцу і ўпаў, балюча ўдарыўшыся бокам аб нешта цвёрдае. Немец распластаўся на моху, а ў хлапечых грудзях ад болю перацяло дыханне. Пачуўшы благое, капітан вярнуўся да салдата. Ён дапамог Турку сесці і сам апусціўся на імшарыну, выцягшы наперад натруджаную нагу. Нейкі час хлопец стагнаў і корчыўся, не могучы суняць боль, але пакрысе аддыхаўся.

— Ось такі, брат, разведчыцкі хлеб,— сур’ёзна зазначыў капітан.— Зразумеў?

Турок зразумеў, вядома, але ўсё маўчаў, бо дужа балела ў баку. Капітан, уздыхнуўшы, таксама змоўк, яны абодва суцішыліся і, з’яднаныя адным клопатам, у той час без слоў пабліжэлі адзін да аднаго. Пасля капітан сказаў:

— Дзве ночы да іх лазілі і марна. Шэсць чалавек палажылі. Мяне вось падстрэлілі. А тут неспадзеўку пашанцавала. — Ён трохі памаўчаў і дадаў з таварысцкай шчырасцю: — Але ты гэта ладна аглушыў яго. Я, прызнацца, не думаў.

Турку стала лягчэй ад тае пахвалы, аднак ён прастадушна прызнаўся:

— Я ўжо не памятаю, як усё і сталася. З непрывычкі.

— Нічога, прывыкнеш, — заспакоіў капітан. — Першы раз, ведама.— Пасля, нібы знянацку надумаўшы тое, спытаў: — Хочаш, я цябе ў разведку вазьму? Га? Як ты думаеш?

— Ну што вы?! — здзівіўся Турок, прыпамятаўшы лейтэнанта Гаркавенку і сваіх батарэйцаў, якія заўжды з’едліва пасмейваліся з яго нерухавасці. Зноў жа зусім яшчэ светлыя былі ў адчуванні нядаўнія страхі, нягожыя для разведчыка. Але падумаўшы крыху, Турок зразумеў, што ўсе пакуты засталіся адно ў ягонай душы, капітан жа меркаваў толькі па ўчынках. I, невядома чаму, гэтая капітанава прапанова праз хвіліну не здалася яму недарэчнай.

Праўда, ён усё ж не адважыўся пагадзіцца, а капітан, нібы адразу забыўшыся на сваю прапанову, угледзеўся ў ноч.

— Праклятая цемра. Хоць бы як з гэтага лесу выбрацца. Ты, мусіць, прыстаў ужо?

— Ды не, чаму? — прахапіўся Турок і заварушыўся, пакутна ўстаючы на ногі, але толькі падняўся на калені, як зноў апусціўся долу. Ён зусім ужо выбіўся з сілы і, добра не адпачыўшы, наўрад ці здолеў бы ўтрымаць на сабе немца. Слухаючы яго хрыпатае надрыўнае дыханне, капітан зразумеў гэта і змоўк. Побач ціха, не шавелячыся, ляжаў іхні «язык», а з другога боку ў месячным святле курылася туманом праваліна аўрага.

— Вось што, — падумаўшы, сказаў капітан. — Ты чакай тут, а я пайду. Можа каго спаткаю. Павінен жа быць нехта.

Турок заварушыўся, яму ўраз стала ніякавата за сваю знямогу; думалася, не капітан, а ён пасланы сюды, каб турбавацца, як выйсці да сваіх. Але сілы ў яго ўжо не засталося ніколькі.

— Бяры вінтоўку і глядзі. Чакай, — сказаў афіцэр, устаў і пакульгікаў у лес.

Турок трошкі суняў свае адчуванні, насцярожыўся, узяў у рукі вінтоўку. Капітан адразу ж прапаў, бы растаў у змроку — нейкі нядоўгі час чутны былі яго крокі, патрэсквалі галінкі ў доле, прашархацелі прыаўражныя кусты. Потым усё змоўкла.

Хлопец з асаблівай самотаю адчуў сваю адзіноту і аж схамянуўся ад няпэўнага таямнічага страху. Стаіўшыся ў імшарыне, ён стараўся не паварушыцца, каб не парушыць цішыні, а сам глядзеў да болю ў вачах і слухаў. Паблізу было ціха, але аднекуль здалёк, з лесавой чашчобы, вынікалі загадкавыя гукі — нешта ціхенька заляскала ў галлі, разы тры піснула, пасля рыпнула, бы якая сухадрэвіна або дзяркач. Аднойчы ў тым баку, за аўрагам, залапатала крыламі нейкая патрывожаная птушка. Сярпок месяца сеў на выгінастую сукавіну елкі і то хаваўся за ашмоцце растрэсеных ветрам хмар, то зноў сціпла блішчаў на небе. Насцярожыўшыся і ўжо забыўшыся на знямогу, хлопец стаіўся, прыціх, нават запыніў дыханне і чакаў.

I ў гэтай яго насцярожанасці да загадкавых, таямнічых і падазроных спраў лесу зусім блізка ля хлопца ўсім целам трапятнуўся немец.

Гэта было так нечакана, што Турок таксама ажно здрыгануўся і ледзьве не крыкнуў. Хлопец падаўся назад, ухапіўшыся за ложа вінтоўкі, але немец ляжаў і не ўскокваў. Яшчэ праз якіх пяць хвілін Турок крыху ачуняў ад спалоху і падумаў, што немец заварушыўся ў непрытомнасці. Хлопец вельмі хацеў, каб «язык» не апрытомнеў цяпер, калі не было капітана; ён проста не ведаў, што рабіць яму, калі вораг усё ж ачнецца.

Вельмі непакоячыся, салдат паціху падняўся і, асцярожна ступаючы, падышоў да немца. Месяц якраз выбег з—за хмар і трохі асвяціў змрочную ў доле постаць, гузікі на шынялі, адарваны пагон, звернуты набок твар з глыбокімі цёмнымі плямамі замест вачэй. З роту ворага ўсё тырчаў кляп — ягоная пілотка.

Трошкі нагнуўшыся, Турок асцярожна зазірнуў зверху ў гэты прыцьмелы твар, як раптам немец зноў варухнуўся, крутнуў галавой і замычаў нешта. Турок адскочыў, інстынктыўна скіраваўшы на яго дула вінтоўкі, але немец, відаць, уставаць не збіраўся. Ён толькі закруціў галавой, замычаў нешта, і Турка ахапіў отарап.

Пэўна, немцу дапякала нешта,— можа, боль ці якая патрэба, бо калі б ён хацеў устаць, дык зрабіў бы гэта. Але ён толькі пераваліўся на бок, скорчыўся з падкручанымі назад рукамі і мычаў, умольна, як здалося Турку, узіраючыся ў вартавога. Турок не ведаў, што яму рабіць, і напружана ўслухоўваўся ў начныя шолахі. Ён вельмі чакаў капітана.

А немец тым часам пачаў жаласна неяк скуголіць. Бы малое шчанё, круціў ён галавой і сяк і так, быццам стараючыся выкінуць з рота кляп. Стоячы праз тры крокі ад яго, Турок з кожнай хвілінай адчуваў усё больш непакою. Бездапаможныя енкі немца неяк аслабілі ў хлопца страх, ён апусціў долу вінтоўку і падумаў, ці не выцягнуць у яго кляп. Яшчэ каб не задушыўся. Скрозь было ціха, немец здаваўся дужа аслабелым, да таго ж рукі яго былі звязаны. I хлопец, нядоўга павагаўшыся, ступіў бліжэй і тузануў з варожага рота пілотку.

I ў тое ж імгненне нешта ўдарыла яго па нагах. Турок не паспеў нават войкнуць, як апынуўся ў доле, а немец, крутнуўшыся побач, нечым тупым і цяжкім, напэўна ботам, ляпнуў яго ў скроню. З хлапечых вачэй пырснулі іскры, і ў свядомасці бліснула кароценькая жахлівая думка — прапаў! Але Турок разгубіўся не болей як на імгненне. Услед за здзіўленнем шыбанула ў адчуванні злосць на гэтага злыдня-ворага, і хлопец, ледзьве не заплакаўшы ад крыўды, ухапіў у цемры яго за адзежыну і не даў хутка ўскочыць на ногі. Затым, разграбаючы чаравікам імшарыну, Турок упёрся ў зямлю, налаўчыўся і ўсім целам рынуўся на немца. Ворагу заміналі звязаныя рукі, але затое немалая сіла з’явілася ў ягоных плячах, да таго ж ён шалёна брыкаўся ў цемры нагамі. «Э не, зладзюга», — задышліва прастагнаў Турок, ашчаперваючы ягоныя плечы. Затым ён яшчэ намогся і ўссеўся на яго, як мядзведзь, прыгнуў да зямлі. Немец яшчэ рвануўся, але падняцца не здолеў і сцішыўся.

Так ён апынуўся пад хлопцам, яшчэ не скароны і напружаны, хрыпата і злосна дыхаючы, а Турок, таксама сапучы, са страхам чакаў яго новых спроб вызваліцца. Але немец, відаць, не дужа спяшаўся, ён чакаў, выбіраючы лепшы для таго момант, і хлопец мусіў трымаць. Пастаяннае напружанне адбірала шмат сілы, да таго ж салдат адчуваў, што вораг усё ж дужэйшы за яго. Добра, што капітан моцна скруціў яго рукі — развязаць іх немцу пакуль не ўдалося, але хто ведае, што будзе далей.

Нейкі час абодва яны шалёна дыхалі, змарыўшыся ў той непрацяглай і лютай барацьбе, і чагосьці чакалі, пільна прыслухоўваючыся адзін да аднаго. Месяц схаваўся за елку, і тут стала зусім цёмна, пахла сырым прэлым долам, мохам, лесавой цвіллю і немцам. Турку было вельмі крыўдна, што немец гэтак няхітра ашукаў яго. «Вось табе і разведчык! — з’едліва падумаў ён пра сябе. — Капітан адышоўся, дык ледзьве не ўпусціў гэтага фрыцука». Хлопец пачаў напружана думаць, што рабіць далей, каб не даць уцячы немцу. I тады ягоная нага намацала побач вінтоўку. Немец пакрысе варушыўся пад ім, чамусьці хілячыся набок, ды мармытаў сабе «майн гот» ці яшчэ што. У Турка трошкі прыбыло ўпэўненасці, але яшчэ не прайшоў канчаткова і страх, які паралізаваў яго сілы. Трэба было зрабіць нешта рашучае, і Турок спакваля зразумеў, што, не перамогшы баязлівасці, яму наўрад ці ўдасца перамагчы і немца. Было б недарэчна і злачынна выпусціць яго або даць яму даканаць сябе пасля таго, як гэтак даверліва паспадзяваўся на яго, Турка, капітан.

Прайшло яшчэ трохі часу. Месяц зноў паказаўся з—за хмар з другога боку счарнелай елкі. У Турка ад напружання млелі рукі, — здавалася, яшчэ праз дзесяць хвілін ён зусім абнядужае і выпусціць немца. Добра яшчэ, што немец не рваўся, — пэўна, ён таксама знямог, а можа меў на ўвазе што іншае. I Турок наважыўся тады на рашучы ўчынак. Раптоўна кінуўшы палоннага, ён адскочыў убок, схапіў з долу вінтоўку і імгненна лязгнуў затворам.

— Стой, гад! Ні з месца!!!

Немец крутнуўся, павёў плячыма, збянтэжана паглядзеў на яго і паволі ўсеўся на імшарыне з закладзенымі назад рукамі. Яго апушчаны твар быў скіраваны ўніз, але Турок адчуваў, што вораг спадылба пільна сочыць за ім. I Турок таксама не зводзіў з яго погляду, гатовы цяпер да новых варожых хітрыкаў.

Так мінула гадзіна ці болей, немец і Турок чуйна ўслухоўваліся ў лесавую ціш. I аднойчы да Турковага слыху данесліся свежыя гукі. Спачатку гэта былі далёкія, ледзь чутныя галасы, яны вынікалі з таго кірунку, куды пайшоў капітан. Пасля недзе ў лесавых нетрах мільганула і прапала маленькая плямка святла з ліхтарыка. Пазней раздалося шамаценне галля, зноў галасы, і ўрэшце з кустоў вылезлі цьмяныя постаці ў шархаткіх плашч-палатках.

Турок апусціў прыклад, узяў вінтоўку ў адну руку і, абяссілены, апусціўся на дол.

У батарэю Турок ішоў на світанні.

Ён брыў па лесавой сцяжыне няпэўнай, п’янай хадой ушчэнт знямоглага, змардаванага чалавека. Пасля дажджлівае ночы ў хмызняках стылі золкія клубы туману, елкі страсалі ў траву празрыстыя сцюдзёныя кроплі, з туманнай прыцьмеласці няпэўна праступалі вяршаліны дрэў. Мокры і знясілены, Турок ледзьве пераступаў нагамі і не вельмі нават узрадаваўся, калі сцяжына прывяла яго да знаёмай прагаліны на ўзлессі. Чатыры гаўбіцы спакойна драмалі ў тумане, гразкі і нейкі закінуты чарнеў недакапаны ім ровік. Ля тэлефонаў каля шырокага пня над патухлым цяпельцам драмаў тэлефаніст і тырчала бусоль з накінутым наверх футаралам. Ля крайняй гаўбіцы, ледзьве прыкметна шавелячыся, стаяў вартавы. Усё гэта здалося хлопцу знаёмым, перажытым і нецікавым. Ён выйшаў на прагаліну, агледзеўся — салдат ужо не баяўся лейтэнанта Гаркавенкі; хлопцу нават хацелася ўбачыцца з ім, але афіцэр, мусіць, спаў. I Турок, заплятаючыся нагамі, падышоў да сваёй, чацвёртай, гарматы.

Між станін на падасланым вецці, скурчыўшыся, у сырых шынялях, спалі хлопцы. Нехта надрыўна хроп, бы яго душыў хто, нехта заварушыўся, паторгаў нагамі і сціх, нацягнуўшы на голаў шынелак. Гэта былі хвацкія языкастыя хлопцы, умелыя батарэйцы, але, пэўна, ніводзін з іх не перажыў таго, што сёння напаткала Турка. Змораны, ён няўцямна аглядаў іх, і ў ягонай душы цьмела ўсё тая капітанава абяцанка наконт разведкі. Ён яшчэ не ведаў чаму, але батарэя ўжо не здалася яму жаданай і роднай, як заўжды, калі ён вяртаўся ў яе пасля доўгай адлучкі.

Турок сеў на ахопак вецця і прысланіўся спіной да вялізнага кола гаўбіцы. Яго поўнілі перажытыя і яшчэ не аблеглыя пачуцці, яны рваліся, бруілі, змагаліся ў ягонай душы. Турок быў сам не свой, бы тыя начныя пакуты як падмянілі яго, не даўшы часу даўмецца, усвядоміць, што гэта сталася з ім.

Марудна і ляніва прышкандыбаў да яго вартавы, сонна паглядзеў на хлопца, лыпнуў вачыма, падумаў і запытаўся:

— Дзе гэта цябе ўходала так?

У Турковых вушах усё яшчэ тлумна шумела галлё і скакалі, мітусіліся ўваччу прыцьмелая сцежка, барвовая нітка проваду і чарнела кульгавая капітанава постаць. Павекі яго ўсё цяжалелі, ён быў дужа знямоглы і не сказаў чалавеку нічога.

Вочы яго ўжо заплюшчыліся, голаў павісла, увесь ён абмяк, нахіліўся і ўпёрся лбом у калені. I ўсе яго сённяшнія начныя турботы — крыклівы Гаркавенка, капітан, якога ён болей не ўбачыў, і той выкрутлівы немец — раптам зніклі, быццам і не было іх зусім. Турок заснуў глыбокім запрацаваным сном пазнаўшага сабе цану чалавека. Здаецца, у гэтай чацвёртай за суткі няўдачы ён знайшоў для сябе нейкую сілу, з якой лягчэй стала жыць.




Крыніца: http://www.lit-bel.org/

Беларуская Палічка: http://knihi.com