epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Чарапы

Сьпярша ўсе яны былі канібалы, елі адзін аднаго. I, вядома, таўсьцелі, — у простай залежнасьці ад таго, хто колькіх зьеў. На свае сезонныя спатканьні, якія ў розны час зваліся па-рознаму — зьезды, соймы, пленумы, саміты, — такія і зьязджаліся: самыя тоўстыя, добра тоўстыя, трохі худзейшыя. Надта худых не было зусім. Пры іхніх апетытах худым быць не выпадала.

Пасьля, аднак, было прызнана, што такі спосаб самаідэнтыфікацыі ня надта пераканаўчы, бо тоўстым можна зрабіцца і на поснай страве. У моду ўвайшоў дзесь вынайдзены арыфметычны прынцып — хто колькіх зьеў, столькі чарапоў і меў у сваім багажы. Таму за кожным з канібальскіх валадароў звычайна ехаў мул, ці ішак, ці асёл, нагружаны скуранымі мяхамі чарапоў. Ладных, добра вывараных і адшліфаваных людскіх чарапоў лікам у каго колькі. У каго 10, у каго 20, а то і 50. Чым іх было болей, тым большы гонар выпадаў уладару-канібалу на зьездах-соймах-пленумах-самітах. Там яны выхваляліся адзін перад адным сваімі трафеямі — памерам, колерам косьці, цеменнай і на патыліцы. А таксама колькасьцю ды якасьцю зубоў, здаровых, вядома. Гнілыя і старэчыя ня браліся ў залік.

Але з цягам часу гульня ў чарапы, мусіць, надакучыла вяльможным канібалам. Ды й чыніла нямала клопату на транспартыроўцы, асабліва для тых, што ехалі з правінцыі ці нават з далёкага замежжа. Вядома ж, багаж у дарозе — не вялікая радасьць. Ды і з кормам-бензінам для транспартных сродкаў здараліся праблемы. Тады перанялі ў кітайцаў (або японцаў, ці таіландцаў) новы болей прагрэсіўны спосаб. Сапраўды, нашто везьці чарапы, калі дзеля прэстыжу хапала іншых адмысловых сімвалаў. Ня возяць жа купцы кавалкі золата — абыходзяцца папяровымі грашыма, што паводле сусьветнай завядзёнкі адно і тое ж. Таму замест чарапоў пачалі прышчапляць на грудзі невялікія часткі з лобнае долі чарапоў. Тых частак-сімвалаў у некаторых набралася таксама нямала — ад пляча да пахавіны, што стала не зусім зручна. Асабліва на акадэміях (канібалы ўжо атрымалі адукацыю) ды на пачостках — ціснула на страўнік і не давала шмат зьесьці. А малаежны канібал — ужо не канібал. Тады мудрыя дарадчыкі параілі кожны касьцяны дзясятак замяніць адной срэбнай брандзэлкай. Калі ж у каго набярэцца два дзясяткі — прышпіліць на грудзі залатую брандзэлку. Каб дыферэпцыяваць брандзэлкі, увялі іхнія ступені — ад адной да дзесяці. Тое было дужа прагрэсіўна і ўсіх улагоджвала. А галоўнае — пра канібальскую першапрычыну быццам ужо і забыліся. Пра ўзнагароды казалі проста — за заслугі перад дзяржавай. Ці перад народам. Яно і праўда: нішчачы дзясяткі ці нават сотні тубыльцаў, рабілі паслугу тым, што заставаліся — эканоміўся харч, вызваляліся месцы паслугачоў. Ды й з кватэрным пытаньнем была палёгка. Мусіць, таму па ініцыятыве зьнізу найболей адметных канібалаў узнагародзілі новымі імёнамі. Да ранейшых страшнаватых назоваў накшталт Тоўсты, Бязьлітасны, Жахлівы дадалі амаль ласкавыя — Вялікі, Прыгожы, Першы. Хутка аднак тая завядзёнка і яшчэ ўдасканалілася — ранейшая частка назоваў сама неяк адпала, а другая затрымалася моцна, бо не выклікала ні страху, ні агіды, адно — пашану. Сутнасьць, праўда, засталася, але хто зважае на непрыемную ці страхавітую сутнасьць, калі ёсьць яе узьнёслае увасабленьне.

Новая сістэма давала магчымасьць узнагароджваць усіх, і ня толькі канібалаў. Тое было ўважана за адмысловы лібералізм — народны па форме і сацыялістычны па сутнасыді. Неяк спрабавалі пайсьці і далей — з прыкладу адной далёкай краіны замяніць срэбныя і залатыя брандзэлкі на яшчэ болей адмысловыя сімвалы з парэстай тканіны, кожную памерам з муху. Але тае прапановы канібальскі сінкліт не прыпяў, справядліва ўважыўшы яе за прафанацыю сьвятой канібальскай традыцыі.

Так у краіне сталася рэфармацыя і рэвалюцыя адначасна — з захаваньнем спакою і стабільнасьці ў грамадстве. Галоўнае — усе былі задаволеныя — і пражэрлівыя канібалы, і іхнія падданыя, якія нікога ня елі. А калі елі іх, дык такой бяды — думалі: усіх не зьядуць. А тыя, што застануцца, атрымаюць свае брандзэлкі і будуць шчасьлівыя.


1998

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/