epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Ціхманая жонка

Зімовы дзень кароткі, як зайцаў хвосцік. Не паспее развіднецца, і ўжо хіліць на адвячорак. А калі мала часу, заўжды знойдзецца шмат спраў, і тады ўжо не мінуць ночы.

У Юзіка Паддубка спраў было многа. Пакуль атрымаў трыерныя сіты на базе Сельгасзбыту ды купіў сёе-тое ў крамах, дык ужо на вуліцах загарэліся агні. У прыцемках хлопец выехаў з горада, узбіўся на гасцінец і паціху падаўся ў сваё Зарэчча.

...Конік рухава бяжыць па знаёмай дарозе, візгоча, рыпіць снег пад палазамі, плывуць, паварочваюцца па баках бялявыя, далікатна ахінутыя змрокам палі. Мароз нанач патроху ўбіраецца ў сілу, пашчыпвае Юзіка за вушы, але той цярпліва трымае форс і не развязвае шапкі. Дый што той мароз, калі ў душы хлопца столькі мараў-летуценняў, такіх далёкіх ад гэтай зімовай дарогі! Нездарма ж ён паехаў у горад за тымі сітамі — былі і яшчэ клопаты. I як ім не быць, калі ў хлопца праз тыдзень вяселле, а там... А там гэткае шчасце, што аж не верыцца, не ўяўляецца нават...

I раптам над Юзікавай галавой — бесцырымонны конскі храп, ажно цёплай парай патыхнула за сцюдзёны каўнер. Амаль налезшы на хлопцавы сані, конь так і не збіраецца збочыць, абмінуць, а толькі бразгае цуглямі ды шумна пыхкае ў воз. Неўзабаве, аднак, з фасоннага вазка саскаквае на дарогу сядок — спрытны мужчына ў расшпіленым чорным кажушку і валёнках. Паляпаўшы рукавіцамі, ён крычыць спадарожніку;

— Гэй, закурым, браток?

Ён даганяе Юзікавы сані і, па-качынаму валюхаючыся ў бакі, спорна крочыць побач.

— А я выехаў поначы, гляджу — нідзе нікога. Во, думаю, самота будзе аднаму. Ды вось дагнаў цябе,— жвавым тонам гаваркога, шчырага чалавека кажа незнаёмец. Ён на хаду прыпальвае папяросу, пстрыкае ў снег агеньчык запалкі. Юзік насупіўся, маўчыць, не дужа задаволены ўтаржэннем у яго мары.

— Ты адкуль будзеш? — проста пытаецца чалавек.

— З Зарэчча.

— З Зарэчча? А чый там? А, Петрусёў. Ну, ну, ведаў калісь. Бацьку, вядома, не цябе. Што, ужо сямейны ці нежанатым ходзіш?

— Ды не яшчэ, нежанаты,— сарамяжліва ўсміхаецца Юзік і па нейкіх няўлоўных рухах душы спадарожніка адчувае, што таго поўніць добрае, лёгкае пачуццё, якое і прывяло яго да Юзікавых саней. I сапраўды, чалавек, як да знаёмага, адразу прыладжваецца да хлопца. Конік яго рупліва тупае ззаду, а чалавеку карціць усё гаманіць, выказаць сваё.

— А я, браце, вунь жонку адвёз... У горад — на вазку, а там у «Победзе» паехала — на сустрэчы выступаць. Кандыдат, брат, жонка, — з прытоеным гонарам паведамляе незнаёмец, і Юзік здагадваецца, што гэта і ёсць прычына яго радасці.

Юзік — маўчун, ціхманы, нетаропкі. З такім цяжка весці размову, але затое ён скарб для тых, хто сам любіць расказваць, успомніць ці проста падзяліцца сваім. Незнаёмец, відаць, адчувае гэтую рысу ў хлапечым характары і ўжо не можа ўтрымаць у сабе таго, што так поўніць яго цяпер.

— Ось, браце, каб ты ведаў, і нарабіла мне жонка клопату — і клопату і дзіва — усё адно да аднаго. Быў гаспадар, муж, галава сям’і, так сказаць, а стаў чорт ведае хто.

— А што? — зацікавіўшыся, пытаецца Юзік. Чалавекаў кажушок матляецца поламі ля Юзікавага твару, пахрумствае снег пад валёнкамі. Чалавек ступае спорна, ёмка і ў такт кроку сюды—туды паводзіць плячыма.

— Ды вы сядайце, чаго там,— прапануе Юзік.

— От, браце, і сам дзіўлюся, як усё выйшла, — кажа новы сядок, размашыста ўвальваючыся ў Юзікавы сані.

Хлопец трохі пасунуўся на край, побач адразу моцна запахла аўчынай і духмянасцю папяроснага дыму. Зблізку Юзіку добра відаць чалавекаў твар — паголены, ужо немалады, пасівераны і скуласты — рухавы твар бойкага, недурнога чалавека.

— Ведаеш, я нават атарапеў крыху. Думаю, мо’ які недагляд, непаразуменне, вельмі ўжо крута ўсё. Была жонка, баба, значыць, ну там даярка — гэта зразумела, як і мае быць. А цяпер — хто ведае што? I як усё атрымалася — падумаць толькі! — Ён з задавальненнем смяецца і рухава ляпае сябе па сцягне рукавіцай. — Мая Фроська — і на табе: ардэнаносец — раз, герой — два, кандыдат — тры! Во як.

У словах чалавека — здзіўленне, павага і нястрымная, няўрымслівая радасць,— тая светлая добрая радасць за жонку, якая часцяком хаваецца ў мужчын за зухаватай знешняй грубаватасцю. Але радасць — не гора, яе не схаваеш у душы, радасць імкнецца к людзям.

Юзік сціпла ўсміхаецца ў паўзмроку ночы, але незнаёмец не бачыць таго. Адкінуўшыся на локаць, ён патыхае ў марознае паветра пахучым дымком і ўсё апавядае пра тое, што рвецца цяпер з яго душы.

— Ведаеш, я і сам не які-небудзь доўбень. У вайну ў войску служыў — вярнуўся з ордэнам і трыма медалямі. Вярнуўся — дома пашана і павага. Усе, ведаеш, з роспытамі: што і як? Многа ў каго ў вачах — сам бачу — завідкі гараць, усё мае ўзнагароды мацаюць. Ну, гарэлкі папілі, значыць, павесяліліся — трэба і за працу брацца. А ў калгасе, брат, блага — ні коней, ні хлеба, паўвёскі спалена. Кажуць прыяцелі: што ты тут будзеш пэцкацца — ты ж заслужаны чалавек, гэта мы ўжо нікудыкі, дзе дзявацца? I праўда, думаю, хіба я раўня гэтым дамаседам: Берлін браў, паранены, узнагароджаны. Ну, і падаўся я ў МТС, па тэхнічнай, значыць, лініі. МТС недалёка, вярсты тры. Кожнага ранку сняданак у кішэню — і на працу. Кіцель з медалямі на відным месцы ў хаце павесіў, каб бачна было, што за гаспадар тут. А дома маці адна старая. Цяжка ёй, вядома. Кажа аднойчы: жаніўся б — пара ўжо. Думаю: сапраўды пара. Але вось толькі з кім тут ажэнішся? Дзевак-то многа, а адной, той самай, якой трэба, і няма. Але ўжо, як кажуць, калі парупіць, дык мусіш. Прыгледзеўся я — у эмтээсе ў нас рахункаводка Жэня, зграбная такая дзеўка, і апрануцца і язык пачасаць — во якая хвацкая. Ну і ў вёсцы яшчэ была ў мяне, да вайны калісь вадзіліся трохі — Фрося. Гэта, брат ты мой, якраз супраціўніца той, эмтээсаўскай. Такая сарамяжная, ціхманая, у калгасе робіць, і больш нічога аб ёй не скажаш. Думаў я, думаў і не ўцямлю, да якой больш сэрца цягне. Хацеў ужо быў да Жэні прыставаць — байчэйшыя яны хутчэй галаву ачмураць. Ды гляджу аднойчы — наш Сёмка-шафёр неяк дужа блізка ля яе круціцца, і яна яму, увакурат, як і мне, вочкі закочвае. Узяла мяне злосць — я ж табе пакажу. Раз-два з Фроськай згаварыўся, і акурат на Дзень танкістаў — у загс, распісаліся.

Над заснежанымі палямі ў зорным мігатлівым небе аднекуль з’явіўся ўжо вузенькі сярпок месяца. Ён не свеціць, а толькі пазірае ў цьмянае зімовае наваколле і ўсё бяжыць, бяжыць кудысьці навыперадкі з двума фурманкамі на дарозе, нібы таксама слухае, зацікаўлены разважнай чужой радасцю. Юзік усё маўчыць, але слухае чуйна — яго сэрца вунь як убірае ў сябе тыя незнаёмыя справы чалавека.

— Давай закурым,— зноў прапануе сядок, шчоўкаючы ў руках самаробным дзюралевым партабакам.— Не курыш? Ну, ты, браце, зусім як дзеўка. Дык слухай тады, спатрэбіцца можа...

Ён прыкурвае з прыгаршчаў, асвяціўшы пасівераны нос і натапыраныя бровы, гойкае на свайго коніка, які трохі адстаў ад саней, і смачна зацягваецца.

— I вось, браце, стаў я, значыць, жанатым чалавекам. Спачатку дзіўна гэта з непрывычкі — жанатым зрабіцца. На працы — нейкая новая сур’ёзнасць, бы гадоў прыбавілася ці на пасадзе павысілі. Жонка здаецца гэткай ладнай, добрай, успамінаеш што-кольвечы, ну і марыш пра рознае. Але зноў жа і нязручнасць — дзеўкі ўжо без увагі да цябе, бы ты які вышчарблены стаў. Пажартуеш ці ўшчыпнеш там — адразу адвод — не для цябе, кажуць: жонка ёсць. I вось прыйдзеш дадому, а там — новы чалавек у хаце, глядзіш, цікавішся: што, як. Дагэтуль жа не бачыў так зблізку ў жыцці, ды мо’ не звяртаў увагі, а цяпер у адной хаце ўсё відно. А трэба табе сказаць, чалавек я не злосны, але строгасць паважаю. Бацька быў строгі, потым сам я ў войску сяржантам служыў, там ужо камандзірская строгасць у кроў уелася — не люблю зважаць. Ну, і да жонкі я таксама без паблажкі. Што дзе не так — кажу напрамкі: вучыся, слухай — на тое й муж, каб дагаджаць яму. Спачатку яна — слязу на вочы, а потым нішто, прывыкла. Вядома ж, хто яна? Вясковае дзяўчо, а я ўсё ж аўтаслесар, тэхнічны чалавек, дый на людзях пабыў, пабачыў сёе-тое.

Так і жывём. Нарадзілася дачка Нюрка, пахаваў маці. Я ўсё ў МТС, а жонка пад восень на ферму даяркай уладкавалася. Гляджу — дрэнь справа. I днюе, і начуе там, а тут прыбяжыш з працы — на дзвярах замок. Вячэры няма, дачка ў суседзяў ці ў цешчы. А ведаеш, як гэта прыкра, калі ў дом позна вернешся, а жонкі няма. Гэта, браце, адна злосць ды нерваванне. Бегай па вёсцы, як пабіраха, збірай сям’ю, палі ў печы. Надакучыла мне гэта, уз’еўся я на Фросю, кажу: кінь к сабакам тую ферму — мне жонка патрэбна, гаспадыня, а не даярка. Дрэнь жывецца, а тут яшчэ радня, асабліва цётка Яналіха — ведзьма-баба, скажу табе, — шапоча ўсё пры сустрэчы: на каго ты падобны стаў, рубашка брудная, схуднеў, навошта, браў такую — негаспадарлівая, неруплівая, каровіна паслугачка. ЦІ такая табе трэба, сам мужык такі відны,— муціць чорт душу. Ужо хацеў быў кінуць, развясціся, ды дачка ўтрымала. Іншы раз сваруся, сваруся, кулаком аб стол грымну, якую міску жалезную аб падлогу бразну, а жонка ўсё маўчыць — хоць ёй што. Маўчыць, а потым, нібы нічога і не чула, гэтак спакойна: «А Красаўка сёння ацялілася — бычок во які ладны». Эх, ты, гора сяміногае, думаю, што ты з ёй зробіш? Калі б хоць яна сварылася, даказвала, ужо я даў бы ёй, а то ціхманая такая, маўклівая. Ну і адлегла пакрысе маё сэрца. Прывык. Кінуў у яе справы мяшацца, стаў і печ паліць, і сняданак сабе гатаваць, а болей без снедання абыходзіцца. Думаю: хай! ві свае жылы, можа, сама сабе дакажаш, калі я не даказаў.

— Ну, а як жа тады: кахалі яе ці не? — стрымана запытаўся Юзік. Сядок, не чакаючы, відаць, гэтага пытання, памаўчаў крыху, бы ўспамінаючы штосьці.

— Ды ну: кахаў... Не ведаю, ці кахаў, ці не. Так, шкадаваў, гэта было. Як пагляджу на яе рукі, распухлыя, парэпаныя, гэткія балгочыя, шкада робіцца. Аднойчы ўвечары мыла яна бялізну, а я ўсё бурчаў, бурчаў ды не вытрымаў. Ці ведаеш, адабраў у яе начоўкі ды ўзяўся сам. Не рукі, а гора адно. Не жарты — дзесяць кароў і дагледзець, і накарміць, і выдаіць — і ўсё ў макраце, у холадзе — немінучы раматус. Ды яшчэ з гэткім яе характарам — сябе не пашкадуе, здароўе паложыць, а зробіць як трэба. I зрабіла. Спачатку на Дошцы гонару апынулася, потым — на выстаўцы ў Маскве. Ну, думаю: давай, давай, баба. А сам, папраўдзе, гляджу на гэтыя яе поспехі, як на забаўку якую. Падумаеш там — за малако медаль нейкі бронзавы. У людзей срэбных ды залатых колькі, ды за якія справы! Пасля сталі да яе з вобласці ездзіць — усё на ферме глядзелі нешта, выпытвалі, вымяралі. Яна ўсё расказвае, часам дома каго прымае, якога карэспандэнта. Я не звяртаю ўвагі. Аддзяліўся, так сказаць, ад яе службы — свая шыю пілуе.

Над дарогай плыве зорная, мігатлівая ноч. Маладзічок усё лезе на неба вышэй і вышэй, у полі панурыліся, сціхлі заснежаныя дрэвы, хмызняк. Хоць і ноч, а відно далёка, ледзь не да самага краявіду. Гасцінец бяжыць роўны, доўгі і далёка наперадзе, бы агромністы полаз, загінаецца на ўзгорак. Раптам над тым узгоркам бліснулі і ўперліся ў неба стромкія промні сустрэчнай машыны. Праз момант, стрыгануўшы ў густой нябеснай сіні, яны падаюць ніжэй і ўрэшце бліскучай плямай кладуцца на дарогу. Машына хутка набліжаецца, асляпляе седакоў, залівае дарогу густым святлом фар.

Незнаёмец хуценька саскаквае з саней, каб скіраваць убок свой вазок, Юзік прытрымлівае каня, углядаючыся з—пад далоні ў грукатлівы рухавы сілуэт. Нехта адтуль, з машыны, гучна крычыць:

— Прывет, Нядзвецкі! Віншаванне! Заўтра твая ў нас выступае...

Юзіка абдае снежнай віхурай, і машына мінае іх. Спадарожнік бліжэй падганяе свайго каня і зноў валіцца ў Юзікавы сані.

— Андрэй з «Кастрычніка», — паведамляе ён.— Ваявалі разам. Пазнаў, глядзі. А ўжо даўно не бачыліся. I пра жонку ведае,— з усмешкай кажа чалавек і з хвіліну задуменна пазірае на дарогу, дзе яшчэ гудзе машына.

— Гэта, брат, так, — кажа ён далей хлопцу. — Другая жонка за мужавай спіной, як за печчу, жыве, а мая вось, як бачыш, на мяне сваю славу наводзіць. Вось табе і баба... Дык дзе гэта мы спыніліся? Ага, значыць, прышылася мая Фроська да фермы, як гузік да світкі. Там бы і спала, і ела, калі б сям’і не было. Мала што ўвесь дзень працуе, яшчэ розных кніжак напрыносіла — чытае ўсё па вечарах, нешта выпісвае ў сшытак. Тут ужо я зноў не ўтрываў, кажу: не дужа зарывайся, не лезь на чужое седала. Робіш, ну і рабі сабе, а навошта па начах яшчэ сляпіцца? Прызнацца, я да кніжак не дужа ахвочы. Ну там «Дапаможнік аўтамеханіку» ці «Кіраўніцтва па рамонце» — гэта вартыя кніжкі. А другія там што — лухта адна. I вось прачнуся сярод ночы — святло гарыць, і яна над сталом гнецца. Я тады ўстану ды кніжку — у кут, і лямпу патушу. Патушу, а яна запаліць, зноў патушу — зноў запаліць. I маўчыць, не сварыцца, але ўпартая, як той мядзведзь ля вулля. Кажа: без навукі і карову не падоіш. Ну і сядзіць да другіх пеўняў, вылічвае на паперцы тыя свае рацыёны. I праўда, ці ад таго, ці па якой іншай прычыне, а кароўкі яе болей сталі малака даваць. Адна дык нават па пяцьдзесят літраў у дзень давала — во як! Ферме — слава, калгасу — пашана, і даяркам, вядома, добрае слова. Тут ужо я трохі змякчэў, стаў прыглядацца да свае жонкі. Што, думаю, за такая: дзесяць год жыву, а што ў яе душы — толкам не ведаю. Гляджу калі — гэткая невялічкая і не надта прыгожая з аздобы — пастарэла ўжо — нос кірпаты, нічога няма ў ёй — звычайная баба. Адкуль, думаю, упартасць тая? I ведаеш, даўмеўся. Аднойчы ўжо засынаю ўначы, думаю ўсё. Яна за сталом сядзіць над паперамі, і мне раптам стукнула ў голаў: ад працы ўсё ў яе, бо змалку яна смак да працы мае. Сапраўды: навукі не дужа многа — сем класаў, і ўсё жыццё — у працы. Вось так мазалём і дайшла да плёну. I слухай, брат, самае галоўнае вось будзе.

Аднойчы пасля новага года прыходжу з МТС — на дзвярах замок. Ну гэта справа не новая,— дастаў з—за шула ключ, адчыняю. У хаце ўсё прыбрана, вячэра згатавана і на стале — запіска. Сэрца ў мяне так і ёкнула — першы раз за ўсё жыццё. Думаю, ці не кінула часам, аж злякаўся. Чытаю: дарагі Хвядоска, паехала ў Мінск на нараду. Скараспешна выклікалі. Есці — там і там, Нюрка — у бабы. Вось, думаю, і дачакаўся. I тады ўпершыню, браце, зразумеў я, што мая Фрося пераскочыла мяне, перарасла неўзаметку, цесна ўжо ёй у мужавай хаце. А хіба стрымаеш? Не стрымаеш. I я, ведаеш, прыціх і скарыўся. Ну вось і вяртаецца — і што думаеш? З Залатой Зоркай і ордэнам Леніна. У калгасе дзіва, людзей поўна хата, прыязджаюць, прыходзяць, адбою няма. Роспыты, віншаванні. Аказваецца, сам таварыш Хрушчоў уручыў тую ўзнагароду і руку паціснуў і казаў штось маёй Фросьцы, толькі яна ўжо не памятае што — з радасці забылася ўсё чыста. Паглядзеў я на гэтую справу ды і зняў са сцяны свой вайсковы кіцель з медалямі: павесіў у шафу. Якія ўжо там медалі, калі такая ўзнагарода ў хаце завялася — і ў каго, падумаць, — у маёй ціхманай жонкі Фросі. Вось, брат, як выйшла! А цяпер яшчэ і кандыдатам у Вярхоўны Савет вылучылі, афішы расклеілі з партрэтамі і біяграфіяй. Вунь выступаць будзе, паехала ў вобласць.

Чалавек памаўчаў крыху і, усміхнуўшыся, зноў хапаецца за свой партабак у кішэні.

— Вось, браце, як выйшла,— бадзёра дадае ён і смяецца. Радасць і ціхае захапленне блізкім чалавекам зноў пануе ў яго настроі, і калі ёсць там доля зайздрасці, дык зайздрасці добразычлівай і зважлівай, а болей — гонару і стрыманага мужчынскага шчасця.

Неўзабаве Юзіку трэба зварочваць з гасцінца на вузенькую дарожку, і Нядзвецкі саскаквае з саней. Ён дзякуе за ўвагу, адвязвае ад перадка лейцы і апынаецца на вузенькім сядзенні ў вазку.

— Вось, браце, жэнішся — пазнаеш фунт ліха. Але будзе і шчасце, чакай.

Маўчун Юзік не адказаў нічога. Над прыціхлымі соннымі прасторамі загадкава і няспынна варушацца зоры: бы разумеючы што, жмурыць блішчастае вока месяц. Хлопец уздыхае і доўга думае пра сваё будучае і, папраўдзе, вельмі хочацца яму хоць і труднага, але вялікага шчасця, такога, як у гэтага нечаканага начнога спадарожніка.


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/