epub
 
Падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Да родных месц

Неяк глыбокай ноччу Васіль Васільевіч адчуў, што ўжо да раніцы яму заснуць не прыйдзецца. Некалькі гадзін ён варочаўся яшчэ ў ложку, шчыльней туліў вуха да падушкі, але ўладаваць свае думкі, што дачасна адагналі сон, так і не здолеў. Тады ён надзеў на ногі цёплыя тапачкі, апрануў піжаму і выйшаў у пярэднюю.

Начны дрымотны спакой панаваў у кватэры. Часам чуваць было, як за тонкай сцяной нешта сонна мармытала жонка, недзе пад падлогай заварушыліся мышы, моцна задзярэбаўшы вугал, злез з даху кот. Васіль Васільевіч падсунуў бліжэй да грубкі стул і прыемна адчуў, як цяпло ад гладкага кафелю мякка разышлося ў рэўматычнай спіне.

Васіль Васільевіч, чалавек даволі ўжо пажылога веку, нядаўна выйшаў у адстаўку з вайсковай службы і пасяліўся са сваёй старой у небагатым, але ладным доміку ўскрай вялікага горада.

Жыццё ішло ў закат, часцей і часцей дапякалі хваробы, думкі ўходзілі ў мінулае, у цяжкія гады двух войн, у мірныя часы турботнай армейскай службы. Дзеці ўжо павырасталі, выйшлі ў людзі, жылі, працавалі, клопатаў заставалася ўсё менш з кожным годам. Ён пісаў кнігу, каб пакінуць свой багаты вопыт маладзейшым людзям, вайскоўцам. Жылося ўвогуле нядрэнна, ды і не ў глушы дзе-небудзь: усё ж у вялікім горадзе, прыгожым і людным. Дзесьці былі родныя мясціны, землякі, але за апошнія, асабліва пасляваенныя гады неяк адвык зусім Васіль Васільевіч ад тых месц, дзе нарадзіўся, гадаваўся. Жыццё праходзіла здалёк ад іх, былі месцы лепшыя, былі і горшыя, шмат новых людзей зрабіліся блізкімі і дарагімі, старыя сувязі з землякамі змарнелі з часам, з часам прастыла і юнацкая прыхільнасць да такіх прывабных некалі родных мясцін. Кароткія водпускі імкнуўся праводзіць з карысцю для здароўя, ездзіў на поўдзень. У астатні час, заняты службай, не да ўспамінаў было, жыў справамі, штодзённымі клопатамі. Так і думалася, што дзе добра жывецца, дзе ёсць хлеб, там і будзе калі ўжо не шчасце, дык хоць спакой, а што трэба яшчэ пажылому ўжо хвораму чалавек? Гэткія былі думкі і намеры, але на справе нешта атрымлівалася іншае.

Колькі ўжо дзён усё часцей і часцей успамінаўся родны край, тая затуленая лясамі вёсачка, дзе прамільгнула яго басаногае дзяцінства, дзе еў крапіву ў галодныя вёсны, палеткі, на якіх пасвіў скаціну і дапамагаў бацьку, старому чалавеку, дачасу змардаванаму працай і сялянскай нядоляй. Даўно ўжо было тое, шмат часу мінула, цяпер там, вядома, змянілася шмат што, вялікая сіла новых пераўтварэнняў узняла народ да інакшага, лепшага жыцця. Якімі там сталі цяпер людзі, землякі яго, як змяніўся край, гаротны і спакучаны, які спрадвеку гібеў у галечы? I тут Васіль Васільевіч адчуў, што тое, забытае за шмат гадоў, выціснутае з памяці справамі службы, узнялося цяпер у душы і не дае спакою. I, пэўна, не дасць ужо.

Да самага золаку сядзеў Васіль Васільевіч у пярэдняй. Шмат выкурыў папярос, шмат перадумаў, усё пра былое, не заўважыў нават, што ўжо даўно прастыла грубка, а ён усё туліўся да яе хворай спіной. У вокнах пашарэла, пэўна, памацнеў на дварэ вецер, тоненькая галінка бэзу задзярэбала па мокрай шыбе. Нехта з суседзяў, бразгаючы вёдрамі, прайшоў паўз акно да калодзежа. Са спальні выйшла старая, устрывожаная неспакоем мужа.

— Адамаўна, — сказаў Васіль Васільевіч, — збяры мне чамадан: трэба наведацца на пару дзён у Замошша.

Нешта здзіўлялася старая, казала пра восень, сцюжу, пра далёкі шлях, пагражала хваробай. Васіль Васільевіч ведаў пра ўсё гэта, не пярэчыў ёй, але адчуваў, што не паехаць яму нельга, і яго ўсё мацней пачала апаноўваць нецярплівасць рушыць у дарогу.

Непрывычна і некалькі дзіўна прагучала з яго вуснаў даўно забытая назва маленькай станцыі, да якой браў ён білет. Касірша спытала, якой дарогі станцыя, але Васіль Васільевіч ужо не ведаў, якой яна стала цяпер дарогі. Чыгуначніца, незадаволена зірнуўшы на няўцямнага пасажыра, пацягнулася [па] тоўст[ую] кніг[у].

Пасля некалькіх дзён язды і трох перасадак, хмарнай асенняй ноччу Васіль Васільевіч злез з высокіх прыступкаў вагона. Калі цягнік пайшоў далей, на пероне засталося некалькі пасажыраў. Васіля Васільевіча ніхто не сустракаў, падавацца сярод ночы было некуды, і ён увайшоў у станцыйны будынак. Невялічкі пакойчык з бетоннай падлогай вельмі скупа асвятляла закапцелая газоўка, што вісела над акенцам касы. На лаўках уздоўж сцен сядзела некалькі кабет, якія ціха размаўлялі аб сваіх справах. Ля чорнай грубкі-галандкі прымасціўся на бярэмку дроў сівабароды дзед у ватоўцы і вельмі вялікай касматай шапцы. Васіль Васільевіч, агледзеўшыся, накіраваўся да яго і паставіў на падлогу свой чамаданчык. Жанчыны прыпынілі размову і агледзелі незнаёмага чалавека ў капелюшы, апранутага не па-тутэйшаму ў лёгкае добрае паліто. Яго некалькі азызлы, але яшчэ рухавы з выразнымі рысамі твар нікому тут не здаўся знаёмым, і жанчыны хутка ўляглі ў сваю размову.

Васіль Васільевіч дастаў папяросы і, каб распачаць гутарку, прапанаваў старому. Дзед асцярожна ўзяў адну з бліскучага партсігара, падзякаваў і, пакруціўшы ў няспрытных пальцах, схаваў некуды ў шапку. Потым ён выцяг з—за пазухі свой капшук і пачаў скручваць цыгарку.

— Прыехалі ці едзеце куды? — запытаў Васіль Васільевіч.

— Еду, чалавеча, у горад, — ахвотна адказаў дзед. — Сын там у мяне працуе. Наказаў, каб прыехаў: патрэба нейкая ёсць.

— А самі адкуль вы?

— А сам з Свірыдава, калгас «Новы шлях» цяпер.

Васіль Васільевіч адразу прыпамятаў гэту невялічкую

вёсачку, якая была не дужа далёка ад яго Замошша.

— Ну і як там цяпер жыццё ў вас?

— А нішто, жыццё стала пахожае, — сказаў дзед, закашляўшыся. — Калгас увабраўся ў сілу, мільянер цяпер. I старшыня спрытны мужчына, клапоціцца пра ўсё.

— А як жывуць у Замошшы? — пытаў Васіль Васільевіч.

— А ў Замошшы, скажу я вам, не дужа гожа. Штось у іх там не ладзіцца. Ды і кіраўніцтва не дужа ўдалае, усё змяняецца штогод. Ну і жыццё, каб сказаць — добрае, дык не. А вы ці тутэйшы будзіце? — ужо, відаць, зацікавіўшыся, запытаў дзед.

— Тутэйшы, тутэйшы, дзед, — адказаў Васіль Васільевіч. — З таго самага Замошша. Мусіць, чулі Васіля Крывога, вось я яго сын.

— Як жа не чуць? Чуў. Гэта вы ўсё на ваеннай службе былі. А цяпер як — на зусім ці на пабыўку?

Васіль Васільевіч уздыхнуў і адказаў не адразу.

— На пабыўку, дзед.

— Ну вядома ж на пабыўку, — згадзіўся стары. — Калі якое начальства, то яму ў вёсцы жыць незрукі, усё па гарадах больш.

Васіль Васільевіч не сказаў нічога. Яму крыху ніякавата зрабілася ад слоў старога, некалькі крыўдна нават, што калгас у роднай вёсцы горшы за суседні. Хацелася чуць добрае пра сваіх аднавяскоўцаў, бачыць іх жыццё радасным, з дастаткам у сем’ях, арганізаванасцю ў арцельнай гаспадарцы. Але калі так кажа гэты дзед, то справы, відаць, не дужа добрыя ў яго Замошшы.

Дачакаўшыся ранку, Васіль Васільевіч рушыў да родных месц. Ісці трэба было кілометраў з дзесяць. Дарога вілася ў полі, мінала ляскі і параснікі, адразала край вялікай пушчы. Чым бліжэй падыходзіў Васіль Васільевіч да сваёй вёскі, тым больш знаёмых месц траплялася яму. Праўда, шмат што змянілася за гэты доўгі тэрмін: разрасліся хмызнякі між ворных прасцягаў, пазнікалі ў полі памятныя з дзяцінства грушы-дзічкі, з’явіліся новыя дарогі і сцежкі.

Надвор’е выдалася добрае, вецер сціх. з—за лесу ўзнялося сонца і лагодна засвяціла над прасторамі. Стаялі апошнія пагодныя дні восені, густа палымнелі на ўзлесках далікатныя бярозкі, як чырвоныя слёзы з ціхім маркотным шолахам падалі іх лісточкі, шасткім дываном усцілаючы дол. Поле пуставала ўжо, сям—там на іржышчы высіліся сцірты саломы, ужо страціўшай свой свежы жаўтлявы колер. Пад лесам на бульбянішчы завіхаліся жанчыны, недзе чмыхаў нябачны за кустоўем трактар.

Набліжаючыся да Свірыдава, праз якое трэба было прайсці, каб трапіць у суседняе Замошша, Васіль Васільевіч звярнуў увагу на вялікую колькасць ільну на палях. Усе лужкі, сенажаці і нават выган нібы саматканыя дываны стракацелі ладнымі палосамі разасланага даўгунца. Пад самай вёскай да Васіля Васільевіча далучыўся тутэйшы брыгадзір — сухарлявы аднавокі чалавек, былы партызан і армейскі камандзір, як выявілася з размовы. Ён расказаў пра справы калгаса, як за два гады прыбыткі гаспадаркі перайшлі за мільён — і ўсё праз лён — як будавалі грамадскія памяшканні, наладжвалі працоўную дысцыпліну, памянуў і пра гаспадарчую дбайнасць новага старшыні. Праходзячы праз вёску, Васіль Васільевіч бачыў новыя хаты калгаснікаў, ад слупоў пад дахі збягалі тоненькія правадкі радыё, а над многімі дахамі высіліся гонкія шасты антэн. Па ўсім відаць было, што жыццё тут ідзе ўгару, і гэта выклікала стрыманую радасць за ўдалыя справы суседзяў.

Мінуўшы вёску і невялікі параснік у полі, Васіль Васільевіч выйшаў на пагорак, і сэрца яго хутка-хутка застукала ў грудзях. У канцы поля, між садкоў і гародаў расцягнулася яго Замошша. Ніжняя ваколіца сяла і крайнія хаты зусім не змяніліся за шмат год і выглядалі амаль так, як і адбіліся на век яшчэ ў дзіцячай памяці Васіля Васільевіча. Гэтак жа між плоту ішла вулачка да дарогі, хіліўся над хатай дзядзькі Паўла высачэзны вяз з бусліным гняздом у коле, ніжэй, у канцы гародаў, зелянела заросшая асакой сажалка. Другі ж, дальні канец быў незнаёмы Васілю Васільевічу: там значна прыбавілася хат, і вуліца цягнулася да самага лесу.

Ахоплены даўно нязведаным пачуццём замілавання да родных мясцін, Васіль Васільевіч марудна крочыў па дарозе. Пад альховым кустом за канавай нечакана трапіўся яму вялізны пляскаты камень, расшчэплены папалам. Васіль Васільевіч спыніўся і ўсміхнуўся яму, нібы знаёмаму чалавеку. Як добра вядомы быў яму гэты імшысты велікан, кожная яміна на ім і кожная шчыліна! Яго расшчапіла маланка амаль перад вачыма малога Васількі, які непадалёку пасвіў тады вясковы статак. Тут, недзе побач з камянём была палоска зямлі яго бацькі, вузенькая і сціснутая дзвюма высокімі межамі. Цяпер і следу няма ад тых меж. Тут ён, падлетак Васілька, упершыню пазнаў і асалоду, і пакуты цяжкой і марнай сялянскай працы. А вунь і бярэзіна ля балацявінкі, старая ўжо, як і ён, а колькі разоў у спёку і ў дождж туліла яна яго пад сваім багатым веццем. Васіль Васільевіч выцяг з кішэні хустку. Хваляванне не сціхала, і цёплае пачуццё да ўсяго гэтага дарагога, паўзабытага прастору, да ўсіх драбніц, звязаных з непаўторнай цяжкой і чароўнай парой дзяцінства, узнімалася ў ім.

Ён ішоў далей. Абапал дарогі на вялікім прасцягу паўстала новая для гэтых месц расліна — кукуруза. Месцамі яна ўрадзіла добрая, галінастая і сцяблістая, але, відаць, бавіліся тут з яе ўборкай. У другіх месцах бачыў Васіль Васільевіч ужо ўбраныя плошчы. Дзесьці побач чуліся людскія галасы, і недалёка з кукурузных зараснікаў высіўся кузаў машыны, напоўнены тоўстымі важкімі сцябламі. Дзве дзяўчыны, уладаваўшы паклажу, сядзелі з віламі наверсе, адна з іх першай прыкмеціла незнаёмага і ўгледзелася ў яго. За ёй і другая пачала глядзець у яго бок, і Васіль Васільевіч павярнуў з дарогі на аўтамабільны след.

Некалькі жанчын і падлеткаў ссякалі сцяблы секачамі і вялікімі нажамі і складвалі кукурузу ў кучы. На адной такой кучы сядзела пяцёра мужчын і дымілі цыгаркамі. Машына хоць і была поўнасцю нагружана, але не краналася з месца. Спрактыкаваным вокам Васіль Васільевіч адразу прыкмеціў непарадак і неарганізаванасць у працы.

— Дзень добры, землякі, — сказаў ён, зняўшы капялюш. Тыя, што працавалі, безуважна паглядзелі на яго і зноў узяліся за свой занятак, адна толькі старая жанчына з сярпом у руцэ засталася нерухомай і пільна ўгледзелася ў прахожага.

— Ой, родненькія, — ускрыкнула яна. — Гэта ж Васільевіч!

— Пазнала, — згадзіўся Васіль Васільевіч.

— Ой, як жа не пазнаць! Але ж і змяніліся вы і пастарэлі.

— Ды ўжо пара. Але я вось не пазнаю вас.

— Ды я ж Сымоніха, што ля калодзежа жыла. Але вы, мусіць, не памятаеце ўжо.

— Цяпер прыпамінаю, — сказаў Васіль Васільевіч. — Аднак вам шмат ужо гадоў, а вы працуеце ўсё.

— А як жа не працаваць. Калі маладыя не хочуць, дык старым хоць трэба. Маладыя яны, вядома, толькі вырастуць і — у людзі, у гарады, а каторы і застанецца ў калгасе, дык дбае начальнікам стаць, ці ў кантору куды.

— Аднак штосьці ў вас машына стаіць даўно? — запытаў Васіль Васільевіч.

— А вось бачыце, шафёр, трасцу яму ў бок, пайшоў за нейкай гайкай у вёску і няма ўжо паўдня. Няйначай п’е дзе.

Васіль Васільевіч памаўчаў. З уласнага вопыту ён добра ведаў усю згубу гэткай неарганізаванасці, і новае пачуццё абурэння з’явілася ў ім.

— А дзе ж брыгадзір?

— Ат, брыгадзір, — махнуў рукой высокі селянін з няголеным тварам. — Усё там жа, у кладаўшчыка, пэўна.

— Аднак і бязладдзе ў вас, — заўважыў Васіль Васільевіч. — Ну а як жыццё наогул?

Шмат галасоў загаварылі разам. Адчувалася, што крыўда і абурэнне даўно сабралася ў людскіх сэрцах. Казалі пра дрэннае кіраўніцтва, пра п’янства брыгадзіра, пра нелады ў гаспадарцы. Васіль Васільевіч вельмі чула паставіўся да іхніх скаргаў і адразу ўнік у чужыя турботы.

— Дык а куды ж вы глядзіце? — з яўным абурэннем запытаў ён.

— Эт куды глядзець? Мы што? I не дужа разумныя і грамаці мала, — адказаў за ўсіх вялізны худы калгаснік, абапіраючыся на граблі. Іншыя сяляне ўжо ўсе прыпынілі працу і па адным падаліся да неспадзяванага госця.

— Грамаць тут не мае вялікага значэння, — сказаў Васіль Васільевіч. — Трэба толькі не цярпець бязладдзе, а змагацца з ім.

Сяляне, відаць, разумелі гэта і самі, але штосьці не давала ім рабіць так, як было трэба. Яны ўздыхалі, тупілі ў дол вочы і заклапочана ссоўвалі на патыліцы шапкі.

— Эх вы! — з дакорам сказаў Васіль Васільевіч. — Навокал вас жыццё шыбуе, а вы...

— Вы ж, пэўна, па справах ці так да нас? — запытала Сымоніха, прыпыняючы непрыемную размову.

Гэтае пытанне ўскалыхнула Васіля Васільевіча. Сапраўды, хто ён і зачым прыехаў сюды? Уражанаму турботамі землякоў, яму ўжо нават дзіўным здалося, што ён колькі месяцаў пражыў у цішы, у баку ад клопатаў і трывог, замкнуўшыся ў сабе, а тут, на радзіме, яго землякі, простыя калгаснікі, не вельмі пісьменныя, але працавітыя і сумленныя, прагнуць разумнага парадку, арганізаванасці і дбайнага кіраўніцтва.

Яшчэ нават не разважыўшы як трэба, ён адчуў, што не можа, не мае права зноў пакідаць гэтых людзей, родныя мясціны, дзе пачалося яго жыццё. Тое, што ён пачуў і ўбачыў, адразу разбурыла сузіральны спакой і нядаўняе замілаванне, узняло недзе з глыбіні душы ўлегшы было непакой за людскія лёсы, і ён рашыў, што будзе дзейнічаць. Ён яшчэ не ведаў, што і як трэба рабіць, але трэба было нешта прадпрымаць, будзіць людзей, і хоць няпэўнай яшчэ заставалася роля яго і месца ў новай справе, ён цвёрда рашыў пачынаць барацьбу.

— Назаўсёды, — пасля роздуму цвёрда адказаў ён Сымонісе. — Ускалыхнуць рашыў вас, каб вы нарэшце ўзняліся ды агледзеліся.




Крыніца: http://www.lit-bel.org/

Беларуская Палічка: http://knihi.com