epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Дапякло

(Скарга раскрытыкаванага старшыні)

Браточкі, сакратары, начальнікі, старшыні, што ж гэта робіцца? Два гады кіраваў, стараўся, гаспадарку ладзіў, пра рэпутацыю дбаў, а тут ушчалося напасце. Зняславілі, зганьбілі, раскрытыкавалі... Гаспадарцы яно нішто, але ж мой аўтарытэт...

Не падумайце благога — я не супраць крытыкі. Не, што вы! Я за яе і рукамі і нагамі. Але ж трэба разумець, якая крытыка і хто крытык. Калі, скажам, таварыш Петрушкевіч — наш першы сакратар — крытыкуе, дык яно, ведаеце, неяк аж прыемна. З аднаго боку — прыкра, а з другога — прыемна. Сядзіш гэта і старанна ў блакнот тую крытыку ўпісваеш, а на цябе суседзі пазіраюць — здаецца, што зайздросцяць нават. Скончыць сакратар, а ты гэтак ветліва і цвёрда; «Будзе спраўлена, Пётр Кузьміч. Памыліліся». I ўсё добра і ладна. Калі часам на калгасным сходзе там які стары Пятрок ці дзед Афон пачнуць што з прымаўкамі плявузгаць — трошкі ніякавата, але трываеш — хай! Ім можна прабачыць — натое і старыя. Усё гэта, як кажуць, у сваёй хаце, на людзі не прэцца, за парог не выносіцца. I ўжо іншая справа, калі які друкаваны орган зачэпіць цябе. Спакой ужо не ўтрымаеш — на тыдзень настрой страціш. Але і тое яшчэ нічога, калі гэта піша які газетны пісака — ён, вядома, адукаваны чалавек. А вось тое, што ў мяне здарылася, ніякага працадэнту не мае. Ужо такой крытыкі ніводзін знаёмы мне старшыня не стрывае — нават ціхманы Панасюк з «Кастрычніка» і той роўнавагу страціў бы.

I хто мог падумаць, што ўсё пачнецца з таго адвячорка, калі у мяне ў канторы з’явіўся той газетчык з раёна, малады, кірпаты, у шэрай кепцы. «Прывітанне, — кажа, — старшыня. Як справы з уборкай?». «Добра, — кажу, — што нам: пасеялі — жнём». «Дык можа артыкульчык напішаце пра жніво?» Вось, думаю, не было марокі. Што я, пісец які, ці што? На пісаніну ў мяне апарат ёсць. «Не, — кажу, — некалі. У нас план, а на тое няпланавае мерапрыемства часу няма».

У той момант гляджу — з вуліцы да нас Паўлюк кіруе, кульгавага Селівона хлопец, які дзесяцігодку скончыў і цяпер на ферме працуе. Сам ён з выгляду такі непрыкметны, ціхманы. Кармушкі ладзіць ці гной двойнямі кідае і ўсё маўчыць, нібы пра якую дзяржаўную справу дбае. Вось, кажу карэспандэнту, Паўлюк напіша, ён разумны — алгебру вывучаў. Пасмяяліся, а газетчык той да Паўлюка і падаўся. Я аж уздыхнуў з палёгкай, а не змікіціў, дурань, што нарабіў. Ды хіба мог я меркаваць тады, што гэты рахманы Паўлюк атруціць маё жыццё?

Не ведаю, аб чым там яны ўдвух гутарылі, дый не да таго было. Я хутка забыўся і на газетчыка, і на Паўлюка таксама. Але вось неўзабаве даходзяць да мяне людскія размовы пра нейкі артыкул. Я — за падшыўку. Гляджу — праўда: «Не зніжаць тэмпаў уборкі», чытаю — пра наш калгас. Усё добра, але ў канцы, быццам цвік у сцяне — нібыта я, старшыня, мала патрабую ад механізатараў, якія часам робяць брак. I подпіс: Павел Апенька. Падзівіўся я, што такі смаркач гэткі падвал адгэхаў, але не стаў злавацца. Хай сабе і не патрабую. Ды і як ад яго патрабаваць, калі яны сёння тут, заўтра там, ды агрызаюцца яшчэ: у нас сваё начальства на ўказкі і гэтак далей. Праўда, сустрэўшы аднойчы гэтага пісаку, я ўкалоў яго ўсё ж: што, маўляў, карэспандэнт, мо’ і ў «Правду» падвал напішаш? Людзі наўкола смяюцца, а ён усё моўчкі стаіць ды сур’ёзна гэтак пазірае.

Маўчаў, а праз нейкі час прыходзіць пісьмо з рэдакцыі — старшыні на рэагаванне, гэта значыць — мне. Чытаю. Аказваецца, гэты Паўлюк напісаў, што старой адзінокай

Барысісе не аказваецца дапамога, што ў яе няма дроў і дзіравая страха.

Ну, думаю, ці не сапраўды ўявіў ён сябе карэспандэнтам — вось нарабіў на сваю галаву! Але нешта ж трэба адпісваць — яшчэ новы клопат! Выклікаў я тую Барысіху. «Ты што, — кажу, — не можаш сама папрасіць, калі што трэба?». «Прасіла, — кажа. —Вы абяцалі, дык вось не дачакаюся, мо’ забыліся». Мо’ і забыўся, што ў мяне толькі і клопату, што тая Барысіха, — у мяне вунь дзяржаўныя задачы. Ну, прывезлі дроў, залапілі страху, але я ўжо раззлаваўся на гэтага блазнюка Паўлюка і ўсё збіраўся зайсці на ферму ды як след прабраць пісаку. Збіраўся, збіраўся і дачакаўся на сваю галаву. Праз тыдзень-другі ў той жа газеце — новы артыкул: «У «Новым шляху» марудзяць з сіласаваннем». Маўляў, засмечаныя ямы, сапсаваныя сіласарэзкі і гэтак далей. I Паўлюкоў подпіс. Ну, што тут зробіш? Я адразу ж бяжком на ферму, а ён якраз там скідае канюшыну з воза. Кажу: ці ты з глузду з’ехаў, хлопец? Не забывайся, у калгасе жывеш, пакуль я над табою начальнік. Май на ўвазе: ты — блазнюк, а я — старшыня. Ты пад лаўкай поўзаў, а я на франтах ваяваў. Словам, даў наганяй. А ён хоць бы слова. Маўчыць, стоячы на возе, і пазірае сур’ёзна, быццам не разумее, хто перад кім вінаваты.

А вінаватым такі аказаўся я. Бухталтар падаў звесткі, што ў нас засіласавана 80 працэнтаў, а на справе было засіласавана толькі 40. Тут я перажыў жахлівыя хвіліны, ледзьве вылез з тае бяды.

Але бяда адна не ходзіць, а за сабою і другую водзіць. Пасля ўсіх гэтых Паўлюковых допісаў камсамол яго сваім сакратаром абраў. I вось пачалі яны на ферме збірацца штосьці — Паўлюк гэты, Гнатанаў, Грышка Бормат і яшчэ куча падшывальцаў з імі. Збіраліся, шапталіся і аднойчы клічуць мяне на камсамольскі сход. Пытанне — аб стане жывёлагадоўлі ў калгасе. Думаў не пайсці, ды разважыў: трэба. Тут з райкома іхняга таварыш і той кірпаты газетчык. Выступалі, выступалі, крытыкавалі — і мяне, і праўленне, і сельсавет — і дагаварыліся да таго, што ў калгасе ёсць прытоеныя каровы на ферме, што дояць 120, а малако здаюць за 95. Тут ужо я не ўтрымаўся і, прыпомніўшы ўсе свае крыўды, страціў раўнавагу і нарабіў сваркі. А яны хоць бы што! Разышліся — і ўчора ў газеце зноў артыкул, ды не звычайны, а фельетон, значыцца, пра мае нібыта махінацыі.

Ну што цяпер будзе — памяркуйце самі. I хто гэта дазволіў, каб нейкі блазан, учарашняе дзіця, маё заслужонае імя няславіў і аўтарытэт падрываў?

Таварышочкі, дарагія, абараніце ад Паўлюка, не дайце загубіць заслужонага чалавека!

 


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/