epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Эстафета

Ён упаў на забаранаваную мякаць агароднай зямлі, не дабегшы якіх дзесяці крокаў да пасечанага асколкамі белага доміка з разбураным чарапічным дахам — іхняга ўчарашняга арыенціра тры.

Перад тым ён, ірвучы гімнасцёрку, прадраўся праз калючы гушчар жывой загарадзі, у якой з самага ранку гэтага пагоднага красавіцкага дня гулі, варушыліся пчолы, і, акінуўшы хуткім позіркам рэдкі ланцужок постацей, што па свежа апрацаваных агародах беглі да ўскраінных домікаў, замахаў рукамі і праз стрэлы і выбухі крыкнуў:

— Прыняць улева, на кірху!!!

Пасля прыгнуўся, неяк баднуў галавой у зухавата прыткнутай пілотцы і, выпусціўшы пісталет, тыцнуўся тварам у цёплую мякаць зямлі.

Сержант Лемяшэнка ў той час, размахваючы аўтаматам, зморана трухаў уздоўж калючай, дбайна падстрыжанай зялёнай сцяны і ледзьве не наскочыў на свайго нечакана распластанага ўзводнага. Спярша ён здзівіўся, што той гэтак недарэчна спатыкнуўся, нейкая няяснасць кораценька мільганула ў свядомасці, але затым усё стала на сваё месца. Лейтэнант назаўжды застыў, убіўшыся русавалосай галавой у пульхную зямлю, падкурчыўшы пад сябе калена левай нагі, выцягнуўшы правую, і некалькі пчол патрывожана мітусіліся над яго нерухомай прапацелай спіною.

Лемяшэнка не спыніўся, толькі нервова перасмыкнуў вуснамі і, пераняўшы каманду, закрычаў праз грукат бою:

— Узвод, прыняць лявей! На кірху! Гэй, на кірху!!!

Узвода, аднак, ён не бачыў — два дзесяткі аўтаматчыкаў ужо дасягнулі агарожаў, садкоў, будынкаў і прапалі ў грукаце бою, які ўваходзіў у самую сілу. Справа ад сержанта, на суседнім панадворку, мільгануў за шчыкетнікам шэры твар кулямётчыка Натужнага, недзе за ім паказаўся і знік малады бялявы Тарасаў. Астатніх байцоў яго аддзялення таксама не было відаць, але па тым, як час ад часу патрэсквалі іх аўтаматы, Лемяшэнка адчуваў, што яны недзе побач.

Трымаючы напагатове свой ППШ, сержант абабег домік, запыленымі ботамі трушчачы шкло і паскіданую з даха чарапіцу. У ім усё тлеў невыразны, так і не праяснены смутак аб забітым узводным, у якога, бы эстафету, падхапіў ён чарговы клопат — павярнуць узвод фронтам да кірхі. Лемяшэнка не дужа разумеў, навошта гэта было, але апошні загад камандзіра набыў ужо сілу і вёў яго новым кірункам.

Ад доміка па вузенькай дарожцы, выкладзенай бетоннымі пліткамі, ён дабег да весніц. За шчыкетнай загарадкай цягнуўся нешырокі завулак. Сержант зірнуў у адзін бок, у другі. Дзе-кольвечы сюды выбягалі з панадворкаў байцы і таксама азіраліся. Вунь і яго Ахметаў — выскачыў ля трансфарматарнай будкі, азірнуўся і, згледзеўшы аддзялённага, сярэдзінай вуліцы пашыбаваў да яго. Недзе між садкоў, шэрых катэджаў і домікаў з лютым крэктам разарвалася міна, побач на крутым даху, збітая асколкамі, зрушылася і пасыпалася ўніз чарапіца.

— Улева давай! На кірху!!! — крыкнуў сержант і сам пабег па—над драцяной агарожай, шукаючы дзе якога праходу. Наперадзе з—за курчавай зеляніны недалёкіх дрэў сінім шпілем тырчала ў неба кірха — новы арыенцір іхняга наступлення.

Тым часам у завулак адзін за адным высыпалі аўтаматчыкі; з'явіўся ззаду нізенькі, камлюкаваты, з крывымі ў абмотках нагамі кулямётчык Натужны, за ім — навічок масквіч Тарасаў, які з самага ранку не адставаў ад спрактыкаванага старога байца; з нейкага двара лез цераз загарадзь маруда Бабіч у перакручанай на галаве зімовай шапцы. «Не мог знайсці якога праходу, торба», — вылаяўся ў думках сержант, убачыўшы, як той спачатку перакінуў цераз плот свой аўтамат, а пасля нязграбна пераваліў на вуліцу няўклюднае медзведзяватае цела.

— Сюды, сюды давай! — махнуў ён, злуючы ад таго, што Бабіч, падняўшы аўтамат, пачаў атрэпваць свае запэцканыя калені. — Хутчэй!

Аўтаматчыкі нарэшце зразумелі каманду і, знаходзячы праходы, знікалі ў весніцах, між дамоў, за будынкамі. Лемяшэнка натрапіў на расчыненыя вароты і ўбег у даволі шырокі заасфальтаваны двор, на якім размясцілася нейкая нізкая шэрая будыніна, відаць, гараж. Следам за сержантам убеглі сюды яго падначаленыя — Ахметаў, Натужны, Тарасаў, апошнім трухаў Бабіч.

— Лейтэнанта забіла, — кінуў ім сержант, выглядаючы які-небудзь праход. — Ля белага доміка.

У той час аднекуль зверху і зблізку прагрукацела чарга, і кулі, пакідаючы на асфальце свежыя ямкі і зрыкашэціўшы, імгненна разляталіся ў бакі. Лемяшэнка кінуўся пад сховань глухой бетоннай сцяны, што абгароджвала двор, за ім — астатнія, толькі Ахметаў спатыкнуўся, ухапіўся за біклагу ля пояса, з якой у два струмені нешта лілося.

— Сабакі! Куды ўцэлілі, гітлерчукі праклятыя...

— З кірхі, — сказаў Натужны, пазіраючы праз голле дрэў у бок шпіталя. Яго невясёлы, папсуты воспаю твар агарнуўся клопатам.

За гаражом знайшліся весніцы з завязанай дротам клямкай. Сержант выняў фінку і за два ўзмахі перарэзаў дрот. Яны штурхнулі старыя дзверы і апынуліся пад разложыстымі галіністымі вязамі старога парку, але тут жа пападалі. Лемяшэнка разануў з аўтамата, за ім ударылі чэргамі Ахметаў і Тарасаў — між чорных жылістых камлёў беглі ўрассыпную зялёныя паджарыстыя постаці ворагаў. Непадалёку за дрэвамі праглядваў шырокі прастор нейкай плошчы, і за ім высілася ўжо нічым не затуленая кірха. Там бегалі і стралялі немцы.

Неўзабаве, аднак, ворагі заўважылі іх, і першая кулямётная чарга пырснула жарствой з бетоннай сцяны, абцярушыла парэпаную кару вязаў. Трэба было бегчы далей, да плошчы і кірхі, уссеўшы на ворага, не злазіць з яго карка, не даць яму апамятацца, але іх было мала. Сержант паглядзеў у бакі — болей пакуль ніхто не прабраўся да гэтага парку: чортавы панадворкі і загарадзі сваімі лабірынтамі трымалі людзей.

Кулямёты смалілі па сцяне, па шыферным даху гаража. Байцы распласталіся на драбнюткай далікатнай веснавой траўцы і тыркалі кароткімі аўтаматнымі чэргамі. Натужны выпусціў з паўдыска і сціх — страляць не было куды, немцы пахаваліся ўжо ля кірхі, а іх агонь з кожнай хвілінай гусцеў.

Ахметаў, лежачы побач, толькі соп, злосна раздзімаючы тонкія ноздры, і паглядваў на сержанта. «Ну, а што далей?» — пытаў гэты яго позірк, і Лемяшэнка ведаў, што і іншыя таксама пазіралі на яго, чакалі яго каманды, але скамандаваць што-небудзь было не дужа проста.

— А Бабіч дзе?

Іх было чацвера з сержантам — злева Натужны, справа Ахметаў з Тарасавым, а Бабіч так і не выбег з двара. Сержант хацеў загадаць каму паглядзець, што здарылася з тым мешкаватым байцом, але ў той час злева між дрэў замільгалі постаці аўтаматчыкаў іхняга ўзвода — яны сыпанулі аднекуль даволі густа і згодна ўдарылі з аўтаматаў па плошчы. Лемяшэнка не падумаў нават, а болей адчуў, што час падавацца далей, да кірхі, і, махнуўшы рукой, каб звярнуць на сябе ўвагу тых, злева, ірвануўся наперад. Крокаў праз некалькі пад камлём вяза ён упаў, даў дзве кароткія чаргі. Нехта глуха чмякнуўся побач, сержант не ўбачыў яго, але па нечым няўлоўным адчуў, што гэта Натужны. Затым ён ускочыў і яшчэ сігануў некалькі шырокіх крокаў. Злева не сціхалі чэргі — гэта пасоўваліся ў глыб парку яго аўтаматчыкі.

«Хутчэй, хутчэй», — у такт зморанаму сэрцу стукала ў галаве думка. Не даць апамятацца, наскочыць, разагнаць, бо, калі немцы паспеюць агледзецца і ўбачаць, што аўтаматчыкаў не шмат, тады будзе бяда, тады яны тут завязнуць...

Яшчэ прабегшы некалькі паспешлівых крокаў, ён упаў на старанна падгрэбены, прапахлы прэласцю дол; вязы ўжо засталіся ззаду, побач сціпла жаўцелі першыя веснавыя кветкі. Парк скончыўся, далей за зялёнай драцяною сеткай раскінулася блішчастая ад сонца плошча, вымашчаная дробнымі квадратамі шызай брусчаткі. У канцы плошчы ля кірхі мітусіліся прыгнутыя постаці немцаў у касках.

«Дзе ж гэты Бабіч?» — чамусьці ўсё назаляла думка, хоць з'явіўся цяпер большы клопат: трэба было неяк атакаваць кірху цераз плошчу, а гэтая справа здавалася яму нялёгкай.

Аўтаматчыкі, не дужа зладжана страляючы, выбягалі з—за дрэў і залягалі пад агарожай. Далей бегчы не было як, і сержанта дужа занепакоіла, як выбрацца з гэтага аблытанага дротам парку. Урэшце яго быццам нешта асвятліла знутры — ён выхапіў з кішэні гранату і павярнуўся, каб крыкнуць іншым. Але што крычаць у гэтым грукаце! Адзінай магчымай камандай тут быў уласны прыклад, надзейны камандзірскі загад: рабі, як я. Лемяшэнка вырваў з запала чаку і шпурнуў гранату пад сетку агарожы.

Дзірка атрымалася невялікая і няроўная. Разадраўшы на плячы гімнасцёрку, сержант праціснуўся праз сетку, азірнуўся — следам, прыгнуўшыся, бег Ахметаў, ускакваў з кулямётам Натужны; побач грымнулі яшчэ разрывы гранат. Тады ён, ужо не азіраючыся болей, што было сілы рынуўся наперад, ляскаючы гумовымі падэшвамі па слізкай брусчатцы плошчы.

І раптам здарылася нешта незразумелае. Плошча хіснулася, збочыла, адным краем кінулася некуды ўгору і балюча выцяла яго ў бок і скроню. Ён пачуў, як коратка і звонка бразнулі аб цвёрдыя камяні яго медалі, блізка, ля самага твару, пырснулі і застылі ў пыле кроплі нечай крыві. Пасля ён павярнуўся на бок, усім целам балюча адчуваючы непадатлівую мулкасць камення, аднекуль, з сіняга неба, зірнулі ў твар спалоханыя вочы Ахметава, але зараз жа зніклі. Яшчэ нейкі час праз грукат страляніны ён чуў побач сцятае дыханне, гулкае тупаценне ног, а пасля ўсё гэта сплыло далей, да кірхі, дзе, не сціхаючы, грукаталі стрэлы.

«Дзе Бабіч?» — зноў скаланула яго забытая думка і кароткі забыты клопат за лёс узвода прымусіў напяцца і паварушыцца. «Што ж гэта такое?» — свідравала пачуцці нямое запытанне. «Забіты, забіты», — казаў нехта ў ім ягонымі думкамі, і невядома было, ці гэта пра Бабіча, ці пра яго самога. Ён разумеў, што з ім сталася нешта благое, але болю не адчуваў, толькі знямога скавала цела ды туман засціў вочы, не даваў бачыць, ці ўдалася атака, ці выскачыў з парку ўзвод...

Пасля кароткага правалу ў свядомасці ён зноў адчуў сябе і ўбачыў неба, якое чамусьці ляжала ўнізе, бы адбівалася ў якім агромністым возеры, а зверху на самую яго спіну навалілася пляскатая роўнядзь плошчы з рэдкімі целамі прыліплых да яе байцоў.

Ён паварушыўся, спрабуючы ўбачыць дзе каго жывога — плошча і неба загойдаліся, а калі астаяліся, ён назнаў кірху, нядаўна атакаваную без яго. Цяпер там не было чуваць ужо стрэлаў, але з варот яе чамусьці выбягалі аўтаматчыкі і беглі за вугал. Закінуўшы голаў, сержант углядаўся, спрабуючы ўбачыць там Натужнага ці Ахметава, але іх не было, затое наперадзе ўсіх ля рога ён пазнаў свайго навічка Тарасава. Прыгнуўшыся, гэты маладзенькі баец спрытна сігаў да рога, спыніўся, зухавата замахаў некаму «сюды, сюды!» і знік — маленькі і кволы побач з высачэзным гмахам кірхі.

За ім пабеглі байцы, і на плошчы не засталося нікога. Тады сержант напаследак уздыхнуў і неяк адразу і назаўсёды сціх.

Да перамогі пайшлі другія...


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/