epub
 
Падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Калі хочацца жыць...

Мы спаўзлі на мулкія груды голага ўзбярэжнага абрыву і, зацяўшы дыханне, сціснуўшы ў сабе знямоглыя сэрцы, узіраліся на ўскраек кручы, дзе ў бясхмарным ранішнім небе гойдаліся зблытаныя сцябліны палыну і дзе вось—вось павінны былі з’явіцца яны. Зрэшты, узіраўся туды адзін я. Мой зямляк і неразлучны сябра Алёшка курчыўся ад болю, біўся патыліцай аб цвёрдыя, як камень, гліністыя брылы абрыву і чужым слабым голасам, ад якога ў мяне млела сэрца, прасіў даканаць яго. У пяці кроках ад нашых даўно не пераабуваных, спавітых абмоткамі ног лена пляскаў хвалямі Дон — наша нядаўняя надзея і наш цяперашні смяротны рубеж.

— Не марудзь... Чуеш? I ўцякай... Ты, можа, як-небудзь...

Замурзанымі аб зямлю пальцамі ён шкрабаў па глінішчы

абрыву і, не зносячы пякельнага болю, роспачна матляў галавой. Я не мог ні дапамагчы яму, ні абнадзеіць; разрыўная куля з нямецкага бронетранспарцёра перабіла хлопцу нагу, і яму ўжо, відаць, не суджана было жыць. Кіламетры з два я цягнуў яго на сабе сюды, да Дона, за якім быў наш паратунак, але з хутара за намі пагналіся немцы, а я ўжо выбіўся з сілы.

— Не марудзь... Дабівай і плыві... Перадай калі нашым... Запомні — Алешкавічы... Малыя Алешкавічы, ля возера.

Нібы ўспомніўшы штось, ён шырока расплюшчыў свае васільковыя вочы, ўгледзеўся ў высачэзную бездань летняга неба, у якім ужо шырока і вольна панавалі промні яшчэ нябачнага за краявідам сонца, і на хлапечых ніколі не голеных шчоках азначылі свой след дзве скупыя слязіны.

Я толькі скрыгаў зубамі ад яго страшных слоў і ад усёй вялікай бяды, што ў тыя жахлівыя дні апанавала нас. Пад Старабельскам наш полк спачатку адрэзалі ад сваіх, пасля акружылі, разбілі, і нямецкія танкі паразганялі па стэпе тых, хто яшчэ застаўся жывы. Два тыдні, абдзёртыя і галодныя, мы невялічкімі групамі прабіраліся на ўсход, кожны раз натыкаючыся на ворага і губляючы апошніх байцоў.

Не маючы ніякага выйсця, я гатоў быў дабіць і сябе, толькі дабіваць не было чым: учора ўначы мы наскочылі ў лагчыне на калону ворага і, адбіваючыся, у гарачцы разрадзілі аўтаматы, не пакінуўшы ніводнага патрона сабе. Цяпер, апроч трафейнай фінкі на Алёшкавай папружцы, у нас не было ніякае зброі.

Трэба было нешта рабіць, каб як ратавацца, але ў мяне ад усяго перажытага, ад стомы і бяссонніцы толькі немачна гудзела ў галаве. Я прыклаў вуха да выдзьмутай ветрам зямлі і выразна пачуў тупат ворагаў, якія даганялі нас. Я нічога не сказаў сябру, толькі зірнуў на яго, да болю ў скронях напружваючыся ў пошуках выйсця, і ён, відаць, зразумеў, што жыць засталося некалькі кароткіх хвілін.

— Валодзя! — роспачна вымавіў ён.— Што ж ты робіш?

Ён ужо не матляў галавой, ён упіўся ў мяне сваім патрабавальным, пакутным позіркам, у якім адбівалася ўсеабдымная перадсмяротная туга. Я ўсё маўчаў, а ён аслабелымі рукамі нязграбна выцягнуў з похвы паіржавелую ад начной расы фінку і падаў мне.

I тады, мабыць, упершыню, я ўразумеў тое, што ўжо выразна паўстала перад маім небаракам Алёшкам. У памяці мільганулі мінулыя страшныя выпадкі — з нашым клапатлівым ротным старшыной Дорахавым, пасля — з веселуном і запявалам Траяном. Уласаўцы захапілі іх у палон параненымі, здзекаваліся, пазнявечвалі штыхамі твары, павыразалі на спінах крывавыя паскі, а пасля дабілі. Паратунку ў нас не было, аднак ці мог я аддаць дарагога Алёшку — ціхманага, яснавокага равесніка і майго земляка на здзек і такія пакуты?

Ад невыноснага гора і напружання мне здалося, што я вось—вось звар’яцею і загублю яго і сябе. Тады ўжо ніхто з нас не пабачыць ніколі наш далёкі азёрны куток, ніхто не суніме няўцешныя слёзы нашых гаротных матак...

Алёшка ўсё курчыўся, грымасы неадольнага болю крывілі яго зрудзелы ад загару і пакутаў твар, пакрыты дробнай расой схаладзелага поту. Ад яго знявечанай, наспех перавязанай маёй папругаю нагі сцякаў, убіраючыся ў сухую зямлю, струмень згусцелай крыві. Сонца ўжо ўзнялося над зарэчнай далеччу. Нізкае і прамяністае, яно распластала над Донам свае гонкія промні, асвяціла ва ўпор гэты голы абрывісты бераг і блішчастым мігатлівым агнём запаліла шырокі прасцяг данское вады.

I тады на гэтым абрыве збоч нас паказаліся ворагі. Іх было чалавек восем, з нарыхтаванай зброяй. Паўглядаўшыся ў раку, адкуль іх сляпіла сонца, яны па—над кручай накіраваліся ў наш бок і неўзабаве схаваліся ва ўзбярэжнай рытвіне.

Заставаліся апошнія імгненні жыцця.

На маім твары, пэўна, адбіўся жах і збянтэжанасць, я ненавідзеў сябе за тую разгубленасць, але перайначыцца не мог. Я кінуўся да Алёшкі, прыціснуўся вуснамі да яго запалых, абветраных шчок і заплакаў горка і балюча — разам з ім. Ен, вядома, зразумеў, што рабілася ў маёй душы і, перамогшы сваю смяртэльную роспач, слаба ўсміхнуўся, каб суцешыць мяне.

— Ну, нічога... нічога... Я сам...

Дрыжачымі, бяссільнымі рукамі ён падняў з зямлі фінку і наставіў яе канец пад левую кішэньку свае аблезлай старой гімнасцёркі, У той час з абрыву даляцелі галасы — матляючы рамянямі аўтаматаў, сюды беглі трое цыбатых немцаў — яны, відаць, заўважылі нас.

— Бывай, братка! — цішэй і гаротней за ўсе разы прамовіў Алёшка, зразумеўшы, што прыйдзецца гінуць абодвум, і прастагнаў ад нейкага іншага болю, куды мацнейшага за боль свае смяротнае раны: — А як хочацца жыць! Помсціць!!!

Гэтая яго нелюдская туга ўраз парушыла ва мне нешта непадуладнае чалавеку, нешта надарвалася ў маіх зняможаных ад гора грудзях, і я выхапіў з яго пальцаў тую паіржавелую фінку.

— Алёшка! — дзіка вырвалася з майго нутра, і я адчуў, што звар’яцею, калі не выратую яго. А ён паслухмяна варухнуў павекамі і недаўменна павёў па мне сваім развітальным позіркам, спакойным і ясным, як тое далёкае неба, што вісела над намі. I тады, адчуўшы, як напружылася ва мне нестрываная сіла, я схапіў сябра пад пахі і рынуўся ў раку...

Пасля было страшнае, але яно засланілася ад мяне нечалавечым напружаннем маіх апошніх сіл. Захлёбваючыся сцюдзёнай вадой, я шалёна лупіў нагамі, гарнуў вадзяныя глыбы і, як здзічэлы, ірваўся ў зіхатлівую мітусню сонца. Гулкім надрэчным грымоццем ззаду грукаталі стрэлы, наўкола градам сыпаліся кулі, здавалася, ад іх кіпела і булькатала данская вада. Ад незвычайнага намагання мярцвелі мае рукі і ногі, а я, не азіраючыся і штораз глыбей правальваючыся ў рачную бездань, болей пад вадой, чым на паверхні, усё далей і далей валок на сабе прыціхлага сябра. Урэшце неяк прыбіўся к берагу, і там, у трыснягу на пясчанай водмелі, выцягнуўся паўжывым знямелым трупам.

...Ачнуўся, калі з паўдзённага неба свяціла высокае сонца. Было ціха, між шархоткіх сцяблін трыснягу снавалі зялёныя стрэлкі, санліва плёскалі ля берага хвалі. Спалоханы цішынёй, я выскачыў з вады: у якіх пяці кроках ляжаў мой Алёшка — ляжаў нерухома, уткнуўшы твар у празрыстую мель узбярэжнай вады.

Здаецца, я зноў страціў прытомнасць...

Пасля, адубянелы ад холаду і мокры, я стаў на калені. Адарваўшы рукаў гімнасцёркі, прамыў сваё прастрэленае куляй плячо і, угледзеўшыся ў люстраную гладзь вады, знячэўку ахнуў. Мая васемнаццацігадовая нястрыжаная галава, нібы пацярушаная снегам, свяцілася разам з аблокамі дзікай недарэчнай сівізной...




Крыніца: http://www.lit-bel.org/

Беларуская Палічка: http://knihi.com