epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Камэнтары

Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза – усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».

Працаваць над успамінамі В. Быкаў пачаў у Менску ў 90-х гадах (гл. «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія», працягнуў («Доўгая дарога дадому») у Берліне ў 2000 г., дапісваў у Франкфурце-на-Майне, куды Быкавы пераехалі ў студзені 2001 г. Восенню таго ж года пісьменьнік паведамляў крытыку і сябру В. Аскоцкаму: «Воспоминания свои я написал не так, как хотел, поэтому с публикацией хочу повременить. Тем более, что на перевод не осталось силы»1. А падчас аднаго інтэрв’ю ў чэрвені 2002 г., адказваючы на пытаньне, над чым сёньня працуе, распавядаў: «Над мемуарами. Я их уже написал, а теперь продолжаю шлифовать. Вношу необходимые уточнения, что-то переделываю заново»2.

Праца над успамінамі была скончана вясной 2002 г. — 19 сакавіка пісьменьнік даслаў дыскету з тэкстам А. Лукашуку на радыё «Свабода»3. Пазней В. Быкаў сьведчыў, што гэтая кніга пісалася толькі з памяці, дадаваў: «Гэта, канечне, дрэнна, бо там нейкі архіў, нейкія матэрыялы — у мяне ж з сабой іх не было, яны засталіся ў Менску. Таму калі я ўзяўся пісаць, у мяне нічога не было, апрача маёй галавы. І таму я пісаў толькі тое, што я памятаў. Тое, што я забыўся або памятаў няцьвёрда, гэта ў асноўным адносіцца да лічбаў, да храналёгіі. Тут, вядома, мае ўспаміны вельмі безабаронныя»4.

Укладальнікамі тома праведзена тэксталагічнае параўнаньне рукапісаў, машынапісу і публікацыяў. Адноўленыя тыя мясьціны, якія з розных прычынаў Аўтар не пажадаў друкаваць пры жыцьці або якія былі скарочаныя папярэднімі публікатарамі. Улічаны ўсе аўтарскія дапрацоўкі, дапаўненьні і ўдакладненьні.

Паколькі сваю «ўспамінную хроніку» Васіль Быкаў занатоўваў у клясычным правапісе Б. Тарашкевіча, ён і захоўваецца ў гэтым томе.

Пры рэдакцыйным камэнтаваньні пэрсаналіяў, якія сустракаюцца ў тэксьце, зноска робіцца адзін раз – пры першым згадваньні асобы.

 

Доўгая дарога дадому (стар. 5)

 

Асобным выданьнем выйшла ў 2002 г. (Васіль Быкаў. Доўгая дарога дадому: Кніга ўспамінаў. Мн.: ГА БТ «Кніга», 2002. – 544 с.). У тагачасных рэаліях гэта запатрабавала ад менскага выдаўца У. І. Лапцёнка грамадзянскай мужнасьці і рашучасьці. Асобныя разьдзелы былі агучаны аўтарам у этэры Радыё Свабода. У перакладзе на расейскую мову «Доўгая дарога дадому» была выдадзена ў 2005 г. (Масква: АСТ; Менск: Харвест, 2005). Пераклад зроблены Валянцінам Тарасам, аб чым В. Быкаў асабіста папрасіў Валянціна Яфімавіча, спэцыяльна запрасіўшы яго ў сакавіку 2003 г. у Прагу. Раней асобныя разьдзелы з кнігі друкаваліся ў аўтарскім перакладзе ў газэце «БДГ. Для служебного пользования» (2002, № 11; 2003 № 1 (12) – 2 (13)), а таксама ў часопісе «Дружба народов» (2003, № 8; пер. Н. Ігруновай).

Першаштуршком да напісаньня «Доўгай дарогі дадому» паслужыла адна публікацыя — В. Быкаў распавядаў аб тым: «В прошлом году5 тогда ещё не реорганизованный в «холдинг» журнал «Полымя» напечатал мою пространную беседу с покойным Алесем Адамовичем. Ввиду её почти 20-летней давности она не удовлетворила постаревшего автора, который усердно принялся её исправлять, сокращать, переделывать. И так втянулся в своё пережитое прошлое, что за зиму не сумел от него оторваться. (Известно, как стариков увлекают рассказы о пережитом, и я здесь не стал исключением.) К сожалению или к счастью — не знаю, но написал книгу — не очень умную и интересную, но о том, что так или иначе показалось мне важным в моей жизни и литературной судьбе»6.

Адзін з першапачатковых варыянтаў назвы кнігі мэмуараў — «Пункціры жыцьця. Кніга ўспамінаў», пад такім загалоўкам В. Быкаў даслаў у першай палове 2002 г. кнігу і ў ліпенілістападзе таго ж года ўстаўкі да яе, першаму намесьніку старшыні Беларускага таварыства «Кніга» У. І. Лапцёнку (пасьля пажару ў выдавецтве «Кніга» захаваліся лісты пісьменьніка і ўстаўкі да тэксту, у 2008 г. яны былі перададзеныя У. І. Лапцёнкам у Архіў В. Быкава). Летам 2002 г. пісьменьнік начытваў фрагмэнты з кнігі для восеньскіх этэраў Радыё «Свабода», з прычыны чаго прыязджаў у Прагу. У той час кніга называлася «Мае ўспаміны», але супрацоўнікі «Свабоды» папрасілі аўтара прыдумаць больш выразную назву, «хаця б дзеля перадачы на радыё». Праз некаторы час В. Быкаў сказаў па тэлефоне: «Так, пішыце. Назва будзе такая — “Доўгая Дарога Дадому”, — ён прачытаў менавіта так, апіраючыся на кожнае “д”, даючы асобны сэнс кожнаму з гэтых словаў»7. І пазьней тлумачыў, адказваючы на пытаньні:

«— В своей только что вышедшей книге “Доўгая дарога дадому” вы неоднократно пишете, что вдали от Беларуси всегда испытывали чувство тоски по Родине. Первый раз осознали это в самом начале войны, когда оказались в Саратовской области. Сейчас, живя в Праге, вы можете сказать то же самое?

— В Саратовской области я испытал это чувство не в первый и не в последний раз: оно возникало и раньше — ещё когда пришлось уходить с Украины на восток и когда Родина отдалялась всё больше и больше. И потом, в войну, и после войны… Да и сейчас тоже. Можно сказать, что это чувство присутствует постоянно. Но это, я думаю, вполне естественно. Поэтому к этому чувству надо прислушиваться.

— И по этой причине вы именно так назвали книгу?

— Да, именно поэтому»8.

У выходных дадзеных першага накладу «Доўгай дарогі дадому» пазначаны 2002 г. (наклад кнігі на працягу 2003—2004 гг. неаднаразова дадрукоўваўся), аднак у сапраўднасьці першыя асобнікі «Доўгай дарогі дадому» зьявіліся толькі 28 сакавіка 2003 г. і праз некалькі дзён былі перададзеныя аўтару ў Прагу, дзе яму напярэдадні зрабілі апэрацыю. С. Абламейка пасьля прыгадваў: «31 сакавіка Быкава перавялі з рэанімацыі ў звычайную палату, і ў той жа дзень мы з Вольгай і зь Сяргеем Навумчыкам прыехалі яго адведаць. […] Мы прывезьлі яму першыя асобнікі дзьвюх ягоных кніжак: “Доўгай дарогі дадому” і зборніку Быкаўскай публіцыстыкі на ўкраінскай мове “Крыжовы шлях”. Ён так чакаў выданьня сваіх успамінаў і быў так рады кнізе, што пакуль мы сядзелі ў яго на працягу гадзіны і гаварылі, некалькі разоў пачынаў гартаць кнігу і траціў нітку размовы. Мы абмяркоўвалі дызайн абедзьвюх кніжак, гаварылі, што ўкраінская лепшая, але было відаць, што яго цікавіць толькі “Доўгая дарога дадому”»9.

Аўтар да апошніх дзён дапрацоўваў тэкст «Доўгай дарогі дадому», сьведчаньне чаго – шматлікія матэрыялы, захаваныя ў Архіве Васіля Быкава.

Пры падрыхтоўцы гэтай публікацыі выкарыстоўваліся аднайменная кніга, раздрукоўка на прынтэры з аўтарскімі праўкамі (якія не заўсёды ўлічваліся і публікатарамі вышэйзгаданай кнігі), аўтарскія праўкі і ўдакладненьні да кніжнага тэксту «Доўгай дарогі дадому» (падрыхтаваныя Аўтарам дзеля перакладу кнігі на расейскую мову і перададзеныя Валянціну Тарасу), а таксама рукапісы тэксту і дадаткаў да яго: «Аўтабіяграфічныя дадаткі “ДДД” да адпаведных мясьцін» (упершыню апублікаваныя ў 2006 г. у часоп. «Дзеяслоў» (№ 23)) і рукапісныя дапаўненьні – 39 пранумараваных уставак Аўтара ў асноўны тэкст (чорна-чырвоны сшытак).

Упершыню «Доўгая дарога дадому» друкуецца з нумарацыяй разьдзелаў (117) і іх назвамі (паводле рукапісу і кампутарнай раздрукоўкі). Перад аўтарскімі ўстаўкамі ў тэксьце не падаюцца іх нумары, а сама ўстаўка вылучаецца прабеламі.

 

Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў (стар. 427)

 

Упершыню апублікаваныя ў 2004 г. у часоп. «Дзеяслоў» (№1 (8), студзень-люты).

У кніжным выданьні па-беларуску і ў перакладзе на расейскую Ірыны Шаўляковай – у кнізе «Парадоксы жыцьця» (Мінск: Беллітфонд, 2005).

 

Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія (стар. 439)

 

Тэкст упершыню быў апублікаваны ў 2005 г. у часоп. «Дзеяслоў» (№2—6 (15—19)).

Мяркуючы па датах на рукапісе (два сшыткі, сьпісаныя роўным акуратным почыркам, бяз правак, перакрэсьленьняў, уставак), «Пункціры жыцьця» пісаліся восеньню-зімой 1993 г. Гэта першы маштабны тэкст Васіля Быкава мэмуарнага жанру, подступ да хрэстаматыйнай «Доўгай дарогі дадому». У час свайго вымушанага паязджанства Аўтар ня меў магчымасьці карыстацца гэтымі запісамі (бо яны засталіся ў Менску).

«Пункціры жыцьця», як і ўся мэмуарыстыка Васіля Быкава, арганічна ўвайшлі ў экзыстэнцыйны кантэкст ягоных твораў 90-х гадоў.

 

1 З ліста ад 7 лістап. 2001 г. Копія. Архіў В. Быкава.

2 Василь Быков: Время подскажет, время рассудит… / Инт. А. Осипенко // «Московский комсомолец» в Белоруссии, 2002, № 2.

3 Паводле ліста В. Быкава да А. Лукашука ад 19 сак. 2002 г. Быкаў на Свабодзе. Выд. 2-е. [Без м.]: Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода, 2005. С. 564.

4 Ціхановіч А. Чаму Быкаў не любіў нататнікаў, паліў свае чарнавікі і архівы / Інт. з В. Быкавым // Быкаў на Свабодзе. С. 286.

5 У 2001 г.

6 Шапран С. «Был и остаюсь гражданином своей страны» / Инт. с В. Быковым // Белорусская деловая газета, 2002, 4 дек.

7 Ціхановіч А. Чаму Быкаў не любіў нататнікаў, паліў свае чарнавікі і архівы // Быкаў на Свабодзе. С. 285.

8 Шапран С. Неизвестный Быков // Белорусская деловая газета, 2003, 3 мая.

9 Абламейка С. Вясна з Быкавым // Быкаў на Свабодзе. 580.


2009

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/