epub
 
Падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

«Мальбара»

– Яўген Іванавіч, дык колькі вам гадоў?

Яўген сядзіць на лаўцы ў гародчыку за густым кустом бэзу, што аддзяляе яго ад вуліцы. Бэз ужо зацьвітае, сярод лісьця вісяць набрынялыя сокам гронкі. Вясновы дзень з ранку выдаўся цёплы, у небе над шыфернай суседскай дахоўкай клубяцца прыгожыя аблокі — пад вечар можа нават здарыцца дождж. Праз расчыненае акно з хаты чуюцца ня дужа цьвярозая гамана, сьмех, малады бесклапотны рогат — гэта сватаюць Яўгенаву ўнучку Сьветку. Зрэшты, Яўгена тое мала крапае, ён ужо там выпіў і цяпер выйшаў на вуліцу. Тым болей паявілася не абыякая нагода — да Яўгена прыехаў карэспандэнт.

– Гадоў? — перапытвае Яўген, і яго зморшчаны, невядома калі голены твар напружваецца — Яўген прыпамінае ці лічыць. Ці, можа, не хоча адразу ашаломіць чужога чалавека нсмалым лікам сваіх гадоў, зацягваецца цыгарэтай і быццам нехаця абвяшчае: — Дык, значыцца, калі з Вялікадня, дык пайшоў семдзесят шосты год.

– Нямала, аднак, — кажа карэспандэнт і нешта памячае ў сваім разгорнутым на калене блакноціку.

Яўген ветэран, удзельнік вялікай вайны — фронту і партызамкі, адзнакі якой пазначаны на борце ягонага даўно ня новага суконнага пінжака: тры крывавата прышпіленыя бланкі стракацяць нясьвежымі колерамі юбілейных узнагародаў. Менавіта як да ветэрана да яго і прыехаў сёньня карэспандэнт з раёнкі, — набліжаўся дзень Перамогі, спатрэбіліся сьвежыя ўспаміны пра вайну. Але ветэранаў заставалася з кожным годам усё меней, ужо трэба было падумаць, да каго паехаць, каб зрабіць варты матэрыял. Карэспандэнту параілі Яўгена Матусеню, і ён сёньня прыехаў.

Тым часам гамана ў хаце трохі прыпыняецца, і з акна высоўваецца віхрастая галава Сьветчынага свата Сяргея, які разам з яе жаніхом Вакулёнкам сёньня прыехаў з мястэчка. Вясёлы, счырванелы Сяргееў твар сьведчыць, што яны там добра ўжо ўзялі, і Сяргей цяпер курыць, пускаючы дым у гародчык.

– Што, дзед, расказваеш карэспандэнту, як на Прарыве немцаў грамілі? Ці немцы грамілі вас? Усё роўна карэспандэнту цікава...

Прыплюшчыўшы вока, Яўген пускае ў ягоны бок воблачка дыму.

– Цікава! — кажа ён з прыхаваным дакорам. — А во мне не цікава.

– Ну то ж табе! Столькі разоў, мусіць, расказваў — надаела.

– Надаела, — лёгка пагаджаецца Яўген і пазірае на вуліцу, дзе паўз гародчык тупаюць каровы — пастух гоніць нешматлікі вясковы статак. Размова за акном прыпыняецца.

– Яўген Іванавіч, а колькі ў вас урадавых узнагародаў? — пытаецца карэспандэнт, каб узнавіць патрэбную размову.

– А хто іх ведае. Я дык не лічыў.

– Вунь на пінжаку бачу дзевяць.

– Дык то было да перастройкі. А пасьля яшчэ давалі. А два медалі дык я не палучыў — у бальніцы ляжаў.

– Тады раскажы пра партызанскую любоў, — раіць з акна Сяргей. — Хай карэспандэнт надрукуе, як вы ў бары любіліся.

– А што ж, — пагаджаецца Яўген. — Была і на вайне любоў. Толькі не такая, як зараз.

– А якая ж?

I Сяргей у акне, і карэспандэнт прыціхаюць, чакаючы, што Яўген нарэшце пачне расказваць. Але Яўген хвіліну маўчыць, а пасьля абвяшчае:

– А й то ня вам слухаць.

– Чаму ж ня нам? Вунь хай Сьветка паслухае, ёй будзе цікава. I карэспандэнт надрукуе.

– Не надрукуе, — ціха пярэчыць Яўген.

Карэспандэнт не пагаджаецца:

– Не, чаму ж? Калі матэрыял цікавы...

– Мацер’ял... У нас раней пра крамніну казалі: мацер’ял, — зазначае Яўген. — Ці мацерыя. Праз гэтую мацерыю ў брата жыцьцё наперакасяк пайшло.

– Праз мацерыю? — дзівіцца Сяргей, але не зразумець, ці на самой справе, ці хлопец блазнуе.

– Ну. Тады ж ня тое, што зараз — пайшоў, купіў. Трэба было на пай, па тры метры ў гаду. Ды ў чарзе пастаяць. А ў вайну дык і таго ня стала. Во братава Марыля і ўзьелася на мужыка, бо не хапіла мацер’ялу. Вядома ж, на каго жонка можа ўзьесьціся, калі якія непаладкі. Ці няхваткі. Зьвяглівая была баба. А брат Ягор увогуле быў чалавек цярплівы, але пакуль ня вып’е. А як вып’е, можа даць добрага дыхту. Во раз і даў ёй дыхту.

У акне паявіліся аж тры галавы разам — побач з Сяргеем кучаравая галава жаніха Вакулёнка, які ўвогуле жыў у горадзе, але часьцяком наязджаў да бацькі-пчаляра па грошы. I між імі выбеленыя патлахі нявесты — Сьветкі.

– Дык калі тое было? — сьмяшліва пытаўся Сяргей. — Яшчэ да Акцябра?

– Да якога табе Акцябра? У сорак першым, як немцы прыйшлі. Восеньшо. Пра партызанаў яшчэ ні слуху, ні духу не было. Немцы на Маскву пёрлі, а да нас у мястэчка прыехаў камендант, усё доктарам звалі. Пастой, як жа яго фамілія — забыўся. Памяць стала дурная, і не прыпомніш. Адно дык дужа помніцца, а другое — хоць забі. Учора некуды малаток паклаў, сёньня шукаў, шукаў... Пайшоў, у суседа пазычыў.

– Мусіць, таму, дзед, што ўчора добра паддаў? — зьедліва ручыць з акна, і Яўген незадаволена моршчыцца.

– А я яе ніколі дужа і не падабаў. Ну, так калі... А цяпер дык і саўсём... Гары яна гарам. Хіба ўжо якая нагода...

– Нагода, а як жа, — кажа Сяргей. — Унучку сватаем.

– Каторы ўжо раз сватаеце? — з дакорам зазначае Яўген.

– А нам што — абы жаніхі былі.

– Жаніхі... Абы выпіць вам...

Яўген, відаць па ўсім, яўна незадаволены такім паваротам у размове, — усё ж хацеў бы болей павагі да сваёй сустрэчы з карэспандэнтам, а гэтыя гагатуны ўсё зводзяць да жарцікаў. Карэспандэнт, малады хлопец з капешкай белых валасоў, якія неслухмяна рассыпаюцца на галаве, турботна перабірае на калене свой пакамечаны блакноцік. Ён хоча запісваць, ды запісваць, падобна, няма чаго.

– Гэта ж яны ўжо чацьвёрты раз, — кіўнуўшы на акно, паведамляе яму Яўген. — Сватаюць! Вып’юць, закусяць, перасьпяць на паддашшы. А праз месяц зноў у сваты.

– А мы, каб ужо моцна было. Каб не заржавела, — шчэрыць белыя зубы Сяргей. Ягоны сябра Вакулёнак насьцярожваецца.

– Сьветка, чуеш? Цябе дзед крытыкуе.

Сьветка ганарліва закідвае галаву, матлянуўшы скудлычанымі патламі, і вымаўляе працяжна:

– Ну і што? Падумаеш...

Відаць, яна таксама паддала ўжо сёньня і цяпер курыць цыгарэту за цыгарэтай. Здаецца, да сёньняшняга сватаньня адносіцца надта спакойна, калі не абыякава — ёй тое не ўпершыню. Сьветка ўжо выходзіла замуж аж тройчы, двойчы разводзілася, дзяцей ня мела. Апошні яе муж — прапаршчык — недзе прапаў у Прыднястроўі, куды яго нейкая халера загнала, і Сьветка яго не чакае — выходзіць замуж.

– Во, чуў? — зьвяртаецца Яўген да карэспандэнта. — Гэта ж такая парода — Гулькевічаў. Аняго ж! I яе бабка Марыля гэткая ж была. А то і горшая. I замужам, і як адна засталася. Як брат пагіб.

– Пагіб? — устрывожана пытаецца карэспандэнт.

– Пад Варшавай. Зямляк расказаў — на міну наступіў. А ён і мог наступіць, бачыў кепска. Можа, каб акуляры... Хто іх яму дасьць? А я во цяпер без акуляраў ні газеціны не прачытаю, ні сярнічак не знайду. Зрок зусім кепскі стаў.

Карэспандэнт, перагарнуўшы свой блакноцік, напомніў:

– Дык тады, у гады вайны, вы былі ў партызанах...

– Быў, быў, за брата Ягора пайшоў. Ну таго, што пагіб. Ён жа што мог у парцізанах — хіба хамуты пачыняць. А я ўсё ж, хоць малады, ды граматны быў, восем класаў скончыў. На значок «Варашылаўскі стралок» нормы здаў. Ну і пайшоў.

– За брата?

– Ну.

Карэспандэнт ня мог чагось сьцяміць, і тады з акна падказалі:

– Гэта як немцы яго адлупілі. За жонку.

– Немцы?

– Немцы, ага, — паволі выдыхнуў дымам Яўген. — Ну я ж кажу, гэта яго Марыля такая вужака была, узьелася з-за нейкай лахманіны, што ня даў грошай, не было ў яго грошай. Брат доўга зважаў тое, маўчаў, а пасьля ну й даў дыхту. Відаць, добрага дыхту. Упярод, да вайны, дык тая пасьля ў прочкі бегала, як маці была жывая. А тут матка памерла, куды пабяжыш? Дык яна, дурніла, — у мястэчка да гэнага каменданта. Пастой, як жа яго фамілія? — напружыў аслабелую памяць Яўген і, раптам, успомніўшы, узрадваўся: — А, Мільх, во як! Доктар Мільх. Прыехаў гэты доктар у мястэчка на пачатку восені ў сорак першым, з ім дванаццаць немцаў, пасьля паліцаяў прыбавілася. Клопату вялікага ў іх не было, у раёне ціха, фронт улетку прайшоў, парцізаны яшчэ не паявіліся. Гэта ўжо пасьля, перазімаваўшы, парцізан набегла ў лясах. Знаеш, скажу табе, каб гэтыя немцы былі разумнейшыя, дык, можа б, і парцізанкі ў нас не было.

– Як не было? — зьдзівіўся карэспандэнт і пагартаў блакноцік. — Во: у раёне ў сакавіку сорак трэцяга года дзейнічала дзьве брыгады і трынаццаць баявых групаў.

– Дык гэта ўжо ў сорак трэцім. Тады ўжо ім лацьвей было паяўляцца. Тут такое дзела... Ну, нашыя некаторыя і асобенна акружэнцы сабраліся на зіму і сядзелі, як мышы, па хатах. Некаторыя прыжаніліся, за гаспадарку ўзяліся. Ды яшчэ як узяліся — немцы ж калгасы распусьцілі, зямлю назад аддалі, трэба было пахаць-сеяць, дзяцей карміць. I знаеш, кармілі ня тое што раней у калгасе: і немцам здавалі, план жа ранейшы быў, і парцізан забясьпечвалі, але і сабе хапала. Тады хлеба наеліся — што значыць: аднаасобна. Вайна там недзе пад Масквой грыміць, а тут ціха. Дык гэтыя дурні-немцы аддаюць загад, каб усе акружэнцы, ну і там чужыя — усе прыбылі на рэгістрацыю. За невыкананьне — расстрэл. Ну хто, скажы, пойдзе на тую рэгістрацыю, з якой, можа, у лагер загрыміш? Пабеглі ў лес і пачалі ствараць парцізанку.

Усе гэтыя расповеды цікавыя, думаў карэспандэнт, але абсалютна непрахадныя, што толку было іх запісваць. I каб скіраваць Яўгена ў патрэбнае рэчышча, ён зважліва папытаўся:

– Але ж вы пайшлі добраахвотна?

– Я — дабравольна, — з прыхаваным гонарам адказаў Яўген і ўсьміхнуўся. — Дабравольна, але абязацельна. Як на заём! А як жа. Хоць і малады быў, сямнаццаць гадоў меў, але мусіў. Бо Ягор куды пойдзе — счытай, сьляпы. А да яго вясной з лесу — ідзі ды ідзі, немцы усё роўна стрэльнуць, бо скампраметаваны. Ці нават зьвязаны з немцамі, — што таксама расстрэл, толькі з другога боку. Ужо ад сваіх.

– А ён што — сапраўды быў зьвязаны?

– Гэ! Так лічылася. Усе мы былі зьвязаныя, бо пад немцамі жылі, не пад саветамі ж. Саветы ж нас кінулі, куды нам было падацца? Дык гэта камендант, доктар, як яго... Зноў забыўся...

– Ну, Мільх, малочнік, — падказаў карэспандэнт.

– Ага, малочнік, тоўсты такі, усё па мястэчку хадзіў з ад’ютантам — высокім, бы жардзіна, у акулярах і з рудой аўчаркай на повадзе. Баяліся яго, ага. Праўда, тады яшчэ нікога не застрэліў, толькі яўрэяў некуды вывезьлі. Куды? Тады ж ніхто ня ведаў, казалі, у гета, у горад. Пабралі з сабой цёплыя апраткі, грошы, прадукты, думалі: значыць, недзе жывуць. Пасьля аказалася — пастралялі.

– А вы можаце сказаць, дзе пастралялі?

– А хто ж іх ведае. Можа, у раёне, можа, у Менску. Ці па часьцях. Каб следу не засталося. Але гэта пасьля ўжо, як сьнег лёг. А сьпярша ціха было. Дык гэтая Марыля пасьля адной пачосткі ад брата пабегла ў мястэчка і — да каменданта: дай рады, пан немец, муж з парцізанамі зьвязаўся, у лес да іх бегае. Во дурная баба! Трэба ж было так на мужыка плявузгаць. Дай яшчэ сігарэціну, калі ёсьць, — зьвярнуўся ён да карэспандэнта.

– Ёсьць, калі ласка, — пасьпешліва працягнуў той пачак «Мальбара», з якога Яўген каравымі пальцамі вылузнуў адну, заклаў за вуха.

– Я дык больш «Прыму» абажаю. А гэтыя «мальбары»... у тэлевізары глядзеў неяк, пачалося здорава — коні, дзецюкі такія зубатыя, ну, думаю, пра бандытаў будзе, цікава. Аж толькі рэклама...

– Табе лепш махру курыць, — азваўся з акна Сяргей. Там ён застаўся адзін, Сьветка з жаніхом ужо зьніклі. За вуглом прарыпела драбіна на паддашша, і ў хаце зрабілася ціха.

– А што — махра неблагое курыва. У вайну яшчэ як курылі. Нават немцы ўпадабалі. Лепей за гэтыя «мальбары».

– Дык Марыля паскардзілася каменданту, — нецярпліва напомніў карэспандэнт, з прыкрасьцю адчуваючы, як марудна рухаецца яго інтэрв’ю.

– Паскардзілася, ага. Думала са злосьці, што ўдавой будзе. Некаторыя ж жанкі толькі і мараць, каб удавой стаць. Сьпярша замуж выйсьці, пасьля пенсіі дачакацца, а затым удавой стаць. Так і Марыля.

– А што камендант?

– А камендант гэны, доктар... Ага, Мільх кажа: яволь. I падае каманду ад’ютанту, той — іншым. I во ўжо падкатвае брычка і конных некалькі і — у дзярэўню. I да Ягора. Той якраз бульбу на гародзе выбіраў, дык яго, не памыўшы рукі, — ком! А затым да старасты нашага — быў такі гаваркі актывісьцік у калгасе, дык яго старастам паставілі, каб народ да канторы сабраў. Ну чалавек дваццаць сабралася, і я там быў. Чую, мужыкі кажуць, што Ягора будуць вешаць за сувязь з парцізанамі. Якімі парцізанамі — ніхто ня ведае. Але прывялі Ягора, і Марыля тут, гэтая аж цьвіце — яе перамога. Можа, трохі і баялася, але не відно. Прыцягнулі з канторы лаву, на лаву ўзьлез камендант. Народ стаіць кучкай, чакае. I во камендант пачаў гаварыць, а перакладчык, нядаўні наш вучань, праўда, трохі старэйшы за мяне, Юрка Паўшонак перакладае. I што ж атрымліваецца? Атрымліваецца, што Марыля зрабіла наўмысны паклёп на мужа з намерам увесьці ў зман нямецкія ўлады, бо парцізан у раёне няма, не было і ніколі ня будзе. А таму за паклёп ёй належыць трыццаць Розгаў, якія сй даць тут жа.

Ну, мужыкі ўздыхнулі, — значыць, Ягора вешаць ня будуць. А бабу варта павучыць, хай гэтак не жартуе. Два паліцаі хапаюць Марылю ды на лаву. Тая крычыць, выкручваецца, ды паліцаі, здаровыя мужыкі — адзін з акружэнцаў, камандзір нейкі, а другі міліцыянер наш раённы, немцы сьпярша такіх бралі. Нават начальнік НКВД стаў нейкім паліцэйскім чынам у Полацку. Пасьля яго парцізаны застрэлілі.

Карэспандэнт уважліва слухаў, хаця нічога не запісваў, мусіць, не было чаго, і ён усё чакаў. У акне, пасьміхаючыся, сядзеў Сяргей. Гэты Яўгенаў расповед хлопец слухаў не ўпершыню і цяпер толькі курыў і таксама маўчаў. Да Яўгена падбегла яго рыжанькая вяртлявая сучачка, але, адчуўшы побач незнаёмага чалавека, адбеглася на вуліцу. З вуліцы да гародчыка падышлі двое малых, стаялі, зважліва пазіраючы цераз кветнік.

– Павалілі бабу на лаву, задралі спадніцу і дзержаць. А трэці ў нямецкай форме розгаю ёй па задзе. Тая галосіць, бы на хаўтурах, а гэты хлешча. Камендант лічыць — айн, цвай... Мы ўсе гледзімо — цікава. Трохі шкада, але і варта гэтай Марылі, будзе навука. Ягор таксама тут жа стаіць зьбялелы, гэтаму не да цікаўнасьці, мусіць. Тым болей, што бабы ўжо пачалі воўкам пазіраць на яго — ведама ж, бабам болей бабу шкада. Адсьцябалі яе, паднялі за рукі — каціся прэч, вэк, значыць. Народ уздыхнуў, але расхадзіцца не далі. Новы прысуд. Камендант аб’яўляе, што і Ягору таксама належыць уляпіць. За тое, што кепска выхоўвае жонку — дваццаць розгаў. Ягор стаіць нерухома, бы не разумее, мы таксама мала што разумеем. Тады паліцаі яго за рукі, як нядаўна жонку, — лажыся. Той няспрытна так лезе на лаву. Э, не, браце, — скідывай порткі. Расьпяразваецца, бы ў непрытомнасьці кладзецца, паліцаі яму порткі да калень ссоўваюць, каб зручней было, і ўсё той жа немец пачынае хвастаць. Добра даў, ня горш чым Марылі.

Народу аж шкада стала — завошта? Але немец ведаў, завошта: не распускай жонку, бо наробіць клопату.

– Гэта... Я хачу запытаць, — перапыняе Яўгена карэспандэнт. — А як прозьвішча вашага брата?

– А навошта ягонае прозьвішча? У газету? Ня трэба ў газету. Прозьвішча яго на камені пад Варшавай, там не сатрэцца. Ага... А каменданта ўвесну парцізаны падстрэлілі. Выйшаў уранку да туалета, ну там зарадку пачаў рабіць, як паложана, а з ляска Коля, малодшы Варончын хлопец, яму з вінтоўкі — прама ў скрошо. Во снайпер, халера. У блакаду ля Сухадольля забілі.

– А помнік? — запытаўся з акна Сяргей.

– Які табе помнік! — незадаволена азваўся Яўген, прыкурваючы «Мальбара». — Гэта на захадзе помнікі, кожнаму асобны. А ў нас хто тады помнікі ставіў? Адзін на ўсіх. Пасьля вайны паставілі бетоннага пастуха ў накідцы — вунь і цяпер ля сельсавета стаіць. Ну і словы — вечная памяць і так далей.

Карэспандэнт зноў разгарнуў блакнот.

– Але ж мые непанятна — Ягор гэты ваш, мяркуючы па ўсім, чалавек блізарукі, у партызаны не ўзялі, а ў войска?

– А ў войска ўзялі. Ды ён і ў парцізанах быў. Як я пайшоў, ну і да яго прыляпіліся — ідзі ў лес, бо ўжо скампраметаваны — ня немцы, дык нашы застрэляць. Як прыйшла брыгада Селязьнёва, дык жонка і туды зьбегала, на яго накапала. Ну асабісты і ўзялі. Думалі, застрэляць, не — паставілі ў строй. У атрадзе кулямётчыкам быў.

– Блізарукі — кулямётчыкам?

– Кулямётчыкам. Праўда, ня тым, што страляе, а тым, што станок на горбе носіць.

– Панятна, другім нумарам, значыць.

Карэспапдэнт зноў нешта пазначыў у сваім блакноце і змоўк, бьтццам задумаўся. У той час у акне паявіліся ўжо адсутныя да таго Сьветка і яе жаніх Вакулёнак. Сьветка гукнула да Сяргея:

– Пасунься. I дай прыкурыць.

Сяргей толькі павярнуў галаву.

– Хай табе той дасьць, каму ты давала.

– Ахламон! — кінула Сьветка і зьнікла з акна.

– Во якія яны, цяперашнія, — сказаў Яўген. — Усё Марыліна племя...

Карэспандэнт аж прыўстаў з лаўкі, каб зірнуць у хату,

дзе схавалася Сьветка. Але яе там не было відаць, толькі аднекуль здаля, можа, з сенцаў, пачуўся яе бесклапотны пявучы голас:

– А што такога? Падумаеш...

– Немца на вас няма, — сказаў Яўген. — Ён бы вам паказаў, што такога...

З акна, па-сяброўску абдымаючыся, пазіралі на гародчык і вуліцу Сяргей з Вакулёнкам, і Сяргей сказаў:

– Дзе ж цяпер возьмеш немца? Вы ж яго перамаглі. А цяпер во хутка і жраць ня будзе чаго.

– Эх ты — перамаглі. Многа ты панімаеш, — з дакорам сказаў Яўген. — Можа, гэта ён нас перамог...

Карэспандэнт, між тым, то разгортваў, то складваў свій блакноцік. Чагось ён усё ня мог сьцяміць. На хлапечым твары яго ляжаў ранейшы клопат — трэба было вяртацца ў раён, а матэрыялу пра гераізм у яго — кот наплакаў. Не надрукуеш жа гэтыя Яўгенавы байкі. Значыцца, ёсьць адно выйсьце — ехаць да Грыгаровіча, былога парторга брыгады Селязьнёва. Гэты, праўда, ужо зусім аглух і, бадай, зьдзяцінеў, але наконт гераізму — артыст! Толькі папытайся пра гераізм, ён табе нагаворыць, хоць на паласу, хоць на дзьве. Кепска адно, што яго ўжо растыражыравалі — і ў раённай, і ў абласной, і ў менскіх газетах, на кожнае сьвята — Грыгаровіч. Але нічога ня зробіш — трэба ехаць да Грыгаровіча.

Карэспандэнт хуценька разьвітаўся з Яўгенам, які, дакурваючы «Мальбара», застаўся ў гародчыку.

Маладых у акне ўжо ня стала відаць...




Крыніца: http://www.lit-bel.org/

Беларуская Палічка: http://knihi.com