epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

На возеры

У Мішкі Бурбона вясёлы настрой.

Гонячы перад сабою кароткі цень, Мішка зухавата завярнуў з перавулка, разагнаў у вішанніку курэй і апынуўся на двары. Там хлопец ураз затармазіў, саскочыў з сядзення і нядбайна штурхнуў да ганка свой блішчасты веласіпед.

— Маці, пастаў машыну! — гукнуў ён у хату тонам пестуна. — Я на возера.

Важна варушачы тугімі, рудымі ад загару плячыма, камлюкаваты і дужы, у аблезлай сіняй майцы, Мішка падаўся за ваколіцу. Ля апошняй хаты з новым, ненакрытым яшчэ трысценам ён збочыў на сцяжынку і пабрыў на недалёкі, у хмызняку, пагорак. 3 паўдзённага ліпеньскага неба пякло сонца, верашчалі жаўрукі над бульбянымі палямі, нагрэтая зямля апякала босыя хлопцавы ногі. Ззаду на дарозе загрукацела фурманка, нехта адтуль клікнуў Мішку. Хлопец з выразам незалежнасці на твары азірнуўся і стаў. Фурманка таксама спынілася — там сядзеў брыгадзір Сафрон і калгаснік з другой брыгады.

— Міхась! — закрычаў брыгадзір. — Ці ты скасіў, як я казаў?

У светлых хлапечых вачах, поўных упэўненасці і лянівае сілы, мільганула свавольная весялосць.

— I не думаў.

— Ну, ты не жартуй, дурань гэткі, а то я ўраз старшыні далажу. Што гэта за хамства — не выконваць нарады! — абураючыся, крычаў брыгадзір. — Дык кажы праўду, касіў ці не?

— Не верыш — правер, — свавольна ўхмыльнуўся Мішка.

Брыгадзір зноў пачаў лаяць хлопца, — тады Мішка,

відаць, задаволіўшыся ягонай злосцю, крыкнуў:

— Скасіў. I на поплаве, і яшчэ ў кустах сотак з дваццаць.

— Ну глядзі, а то я пажартую, — ужо без злосці пагразіў Сафрон, і фурманка зноў загрукацела па ўсохлай дарозе.

Весела аглядаючы наваколле, хлопец пайшоў сваім шляхам.

3 пагорка з—за хмызняку яму адкрылася возера. Шырокае, прывольнае і блішчастае ад сонечнага ззяння, яно спакойна ляжала між чаротавых берагоў, дыхала прахалодай і ў паўдзённы час вабіла да сябе тутэйшы вясковы люд. Гаспадыні ў ім паласкалі бялізну, хлапчукі вучыліся плаваць і вудзілі рыбу, мужчыны таксама завітвалі часам, каб памыць скарэлыя на працы ногі ды пасядзець на прыволлі.

Мішка памалу шкандыбаў сцяжынкай праз нешырокі лужок і, паводзячы прыгожымі брывамі, цікаваў каго са сваіх шматлікіх хаўруснікаў. Але на беразе не відаць было ніводнага дзецэка пэўна, яшчэ бавіліся на працы — і хлопец не ведаў, куды падацца. Купацца ён не вельмі спяшаўся, а болей аднаму рабіць тут не было чаго, хіба толькі пераплыць на той бок да леспрамгасаўскіх дзяўчат, якія ў лесе збіралі жывіцу.

Аглядаючы берагі, хлопец думаў, на што скіраваць увагу, калі ўбачыў ля сцежкі шэрую касмылявую постаць дзядзькі Алёксы, старога з суседняй вёскі Зароўе. Гэты Алёкса некалі меў вялікую сям’ю, але жонка нядаўна памерла, тры сыны загінулі ў вайну, а малодшы, Восіп, скончыўшы доўгую навуку, жыў недзе ў горадзе. Алёкса ў калгасе вядомы быў сваёй бяскрыўднасцю, ціхманасцю і непрыкметнасцю. Не адно пакаленне вясковых падшывальцаў вытварала над ім смешныя, часам крыўдныя забавы, але дзядзька не крыўдаваў, толькі зрэдку гразіў свавольнікам, чаго тыя не дужа баяліся. Нядаўна яны прадзіравілі дзядзькаў човен, і стары, не ўмеючы плаваць, ледзь не ўтапіўся ў возеры. Пасля той човен зусім знік недзе, і да рыбацкіх паслуг старога засталася на возеры старэнькая, немаведама чыя дубіца. Учора яна спатрэбілася Мішку — хлопец сагнаў яе ў затоку і схаваў у трысці.

— Здароў, стары, — грубавата павітаўся Мішка, падыходзячы да Алёксы. — Што сядзіш?

Стары выняў з бяззубага рота абслюнены недакурак і слязлівымі вочкамі, схаванымі ў сівым касмыллі, зірнуў на хлопца.

— Ці ведаеш — хай на яго халера — дубіцы няма. Трэ’ паглядзець мярэжы, а дубіцу нейкі дуронік сагнаў ці мо’ ўтапіў дзе.

Хлопец пагардліва агледзеў шчуплую дзядзькаву постаць у залапленай гімнасцёрцы, зрэбных портках, завязаных ля костачак, і ў яго гарэзных вачах з’явіўся заўзяты агеньчык.

— Хочаш, знайду дубіцу, толькі ўдвох сядзем.

— Ну, добра каб знайсці. А то ўжо два дні мярэжы не кратаны.

Становячыся на калені і памагаючы сабе рукамі, дзядзька ўзняўся, адкашляўся, даверліва пазіраючы на хлопца, які, нешта ўздумаўшы, сачыў за ім.

Крывой узбярэжнай сцяжынкаю, утаптанай мноствам каровіных ног, яны падаліся ў азёрныя зараснікі. Сцяжынка хутка схавалася ў алешніку, абапал яе тоўпіліся зараслі пякельнай крапівы, дзядька неўзабаве адстаў і паціху тупаў ззаду. Каб не згубіць чалавека, Мішка ўсё пакрыкваў у гушчар «Давай, давай» і ўхмыляўся ад зухаватай сваёй задумы. «Выедзем на сярэдзіну, і ўжо ж я выкупаю яго...».

Пазіраючы на бераг з цяністага алешніку, ён, нарэшце, знайшоў сваю схованку і, падкасаўшы штаны, улез у ваду. Водмелі тут, бадай, не было — адразу з берага дно крута ішло ўглыб, і адтуль, з глыбіні, лезла да сонца трасніковая гушчырня. Вада ў возеры, аднак, была цёплая, пахла аерным карэннем, над трысцём бліскалі на сонцы мітуслівыя стрэлкі. Мішка падцягнуў да берага гэтае выдаўбленае з елкі судна, узяў прыхаваны ля яго доўгі ашостак і, гойдаючы ў зарасніку ціхую вадзяную паверхню, улез у дубіцу.

— Дзядзька, гэй!

— Бягу, бягу, — пачулася з хмызняку, і неўзабаве з кустоў вылез Алёкса. Асцярожна мацаючы нагой дубіцу, стары папрасіў хлопца:

— Ты ж паціху каб, а то — хай на яе халера — я і так палоханы.

Мішка ўсміхнуўся і, стоячы на сваім канцы, хвацка адштурхнуўся ашосткам. Расхінаючы шархоткі чарот, дубіца вылезла на прастор.

— Вунь туды кіруй, да сухое елкі, — паказаў дзядзька на той бок. Ён сядзеў на носе і аберуч трымаўся за мокрыя счарнелыя барты. Мішка спрытна перабіраў шастком, пад дошкамі-крыллямі плёскалася вада, ззаду цягнуўся шырокі наморшчаны след. Тут было мелка, ля берага раслі гарлачыкі, дубіца раскалыхвала іх пляскатае слізкае лісце. Дно скрозь было багністае, з яго сям—там бісернымі ланцужкамі струменілі ўгору паветраныя пухіркі, Мішкаў шост ледзь знаходзіў апору. Урэшце бераг аддаліўся — яны апынуліся на шырокім вадзяным разлозе. 3 лужка даляталі галасы купальшчыкаў, нехта ў тым канцы крычаў цераз возера:

— Во-о-о-о-олька! Пісьмо табе прышло-о-о-о-о-о!

— Ну, як Восіп твой? — запытаў Мішка старога. — Што піша?

Гэта было знарок правакацыйнае пытанне. Адна з Мішкавых каханак — Алена, насіла пошту, і таму хлопец ведаў, што гэты Восіп ужо гады са два як не слаў бацьку пісем. Праўда, Алёкса аб тым не казаў нікому, не скардзіўся, але ўсе ведалі, што вучоны Алёксаў сын цураецца старога бацькі.

— Ды так, — неахвотна адказаў Алёкса, гледзячы ў ваду. — Піша, нішто жыве.

— Хлусіш ты, дзядзька, ні д’ябла ён не піша табе: адцураўся.

Стары нібы ўздрыгнуў, зірнуў на хлопца нейкім нядобрым, спалоханым позіркам і зноў патупіў голаў.

— Як гэта адцураўся? — сказаў ён, відаць, уражаны гэтым словам. — Хіба можна бацькі адцурацца?

Перакідваючы шост на другі бок, Мішка заўважыў, што пад вачыма старога, у сівых яго касмылях, быццам бліснула штосьці. Хлопцу на момант стала шкада чалавека, але такая слабасць душы была чужая яго характару, і Бурбон хутка пазбыўся яе.

— Ён у мяне добры, — казаў тым часам стары. — Бывала, маленькі быў, такі белагаловенькі, усё есці насіў на ніву. Прыйдзе, сядзіць на ўзмежку ці ходзіць за канём і ўсё пытае: што гэта, чаму тое? А ўвечары я яго на плячах дамоў нясу, да ваколіцы дайду, зірк — а ён ужо спіць.

— Гэх ты, — іранічна чмыхнуў Мішка. — А цяпер?

— Ён і цяпер добры... Надоечы, значыць, пасылку прыслаў: папярос гарадскіх, цукерак, піша, частуйцеся, татка, табе гасцінец. Яшчэ піша, можа, прыедзе на Спаса ды дошак выстараецца як: хату паправіць.

— Хм, — не ўтрымаўся Мішка. І зірнуў на чалавека. Тое, што казаў ён, была святая няпраўда, і хлопцу нават здалося, ці не п’яны, а мо’ не выспаўся гэты дзядзька. Аднак Алёкса спакойна сядзеў на шчарбатым носе, задумліва пазіраў цераз возера на той бераг, і на твары яго ляжала такая непрытворная вера ў сказанае, што хлопец ажно здзівіўся. Ён прыкінуўся прастаком і знарок запытаў старога:

— Мо’ ён табе і грошы прыслаў?

— Ага, і грошы прыслаў... Яно не многа, але ўсё падмога мне, бабылю. Ён добры, дарма што людзі кажуць.

— Выходзіць, выдумляюць?

— Ну яно, канешне, людзям цяміцца і тое і гэта. Дарма толькі.

Мішка зноў хацеў сказаць, што стары хлусіць, але нешта ўтрымала яго ад тых грубых слоў — вельмі ўжо непрыемна было разбураць гэтую фантазію чалавека. А той, відаць, упэўніўшыся ў даверлівасці хлопца, прадаўжаў сваё:

— Восіп у мяне добры, вучоны. Няма чаго бога гнявіць. Бацьку ён не забудзе.

— Глядзі ты, — прытварыўся хлопец. — А я думаў — паганец ён.

— Што ты? — здзівіўся стары. — Не.

«Вось дык справа, — думаў тым часам Мішка. — Трудна жыве сам, а не хоча ганьбіць таго свалату. Другі б на яго месцы ў суд падаў».

Хлопца здзівіла, што стары не паскардзіўся, не ўсчаў выкладваць свае крыўды, як гэта любяць занядбаныя, слабыя людзі. Такіх людзей Мішка недалюбліваў і да іх ліку адносіў і дзядзьку Алёксу. Але цяпер выходзіла, што стары быў неяк па-свойму велікадушны, а гэта ўжо сапраўды падабалася Бурбону, які паважаў усё шырокае, размашыстае ў жыцці. У той жа час Мішка шчыра ненавідзеў Восіпа і, праўду кажучы, трохі не разумеў Алёксу, які, здавалася хлопцу, дарэмна аберагаў сына. Нейкія ўжо дужа невыразныя былі іх адносіны, але затое было відавочна, што стары насіў у сабе немалое гора.

Яны пад’ехалі да другога берага, тут таксама было мелка і багніста, зялёнай шырокай паласой цягнуўся аер і трыснік, за імі, на пагорку, растапырыўшы кашлатае сучча, стаялі высачэзныя елкі. Іх верхавіны расплываліся ў вадзе, зыбаліся, пераліваліся бляскам і ценямі.

Алёкса здалёк прыкмеціў над вадой верх мярэжы, і дубіца наблізілася да яе. Пакуль стары выцягваў з вады мокрую, аблепленую тванню снасць і лавіў у гарлавіне слізкіх карасёў, Мішка ўсё шкадаваў, што заместа старога не сядзіць тут яго «добры» Восіп. Захоплены новымі думкамі, хлопец ужо забыўся на сваю дураслівую задуму, маўчаў, не пярэчыў дзядзьку, а той, узбадзёраны давер’ем, выдаваў за быль свае набалелыя мары пра сына.

— Хто ж цяпер мяне і дагледзіць, калі не ён? Жывыя былі б старэйшыя — і надзеі было б болей, а так на яго ўвесь спадзяванак. Ці ж ён не цяміць гэтага?

Другую мярэжу стары доўга не мог выцягнуць з вады, яе засмактала ў багну, і Мішка, устаўшы з кармы, грубавата адпіхнуў гаспадара.

— Дай я.

Ён спрытна ўправіўся, вытрас непатрэбнае, кінуў у дубіцу трапяткую плотку і перабраўся на сваё месца ў карме.

— Ну, дзякуй табе, хлопча, помог ты мне сёння, — казаў дзядзька Алёкса. Пакрысе ён ужо перажыў свой смутак і, узбадзёраны зважлівасцю хлопца, неяк аж пасвятлеў з твару. У яго слязлівых вачах, здаецца, свяцілася ўдзячнасць Мішку за тое, што паверыў у яго словы пра сына.

Мокрымі пальцамі з блішчынкамі прыліплай лускі дзядзька скруціў нязграбную цыгарку, прыкурыў у прыгаршчах — у гарачым паветры паплыў над вадою шызы пахучы дымок. Дубіца лёгка гойдалася на ціхай азёрнай плыні, стары задуменна пазіраў у ваду, а Мішка пільна глядзеў на яго.

— Ведаеш што, — нейкім асаблівым голасам раптам сказаў хлопец. — Гэта ж мы тады з Юзікам твой човен прадзіравалі.

Дзядзька коратка зірнуў на яго, але, замест здзіўлення, яго выцвілыя вочы бліснулі ўсмешкай.

— Я ж ведаю, браце, мне казалі. — Ён памаўчаў крыху і ўжо сур’ёзна дадаў: — Ну ды гэта глупства: вядома, падшывальцы.

— І ўздумалі ж — біць не было каму, — казаў Мішка. Ён ужо шчыра абураўся тым учынкам, а пра свой нядаўні намер хлопец аднак змоўчаў: было сорамна самога сябе.

Назад ехалі напрасткі, цераз усё возера да лужка, дзе разам з поўднем скончыўся людскі гоман, і пясчаны бераг быў пусты і ціхі. На сцяжынцы, там, ля алешніку, паказалася нейкая адзінокая постаць, і над возерам разнёсся знаёмы зычны брыгадзіраў голас:

— Мі-і-і-ха-а-ась, на стагаванне пойдзеш! Вілкі не забудзься-я-я!

Брыгадзір яшчэ пастаяў там, на пагорку, відаць, чакаў заўсягдашніх Мішкавых адгаворак, але хлопец, пасур’ёз—неўшы неяк, змоўчаў у знак згоды. Упершыню, здаецца, за сваю гарэзную маладосць натрапіў Міхась на невясёлую загадку чалавечых адносін і маўчаў, не ведаючы, як вытлумачыць яе. А дзядзька Алёкса курыў і прыязна пазіраў на памагатага, які ўсё хмурыў свае прыгожыя бровы і, шастком узнімаючы з дна пухіры, шпарка гнаў дубіцу.

На водмелі дзядзька вылез, намачыўшы штаны і трымаючы ў прыполе небагаты азёрны набытак. 3 берага ён сказаў хлопцу:

— Ну, дзякуй табе. Усё казалі нягодны ты, а гляджу — быццам нішто дзяцюк.

Мішка ніякавата паморшчыўся ад непрывычнай пахвалы.

— Дубіцу я на тое ж месца пастаўлю, — сказаў ён. — Трэба будзе — возьмеце.

Ён падхапіў шасток і, шырока расставіўшы ногі, упёрся ў бераг. Алёкса выціраў рукавом узмакрэлы лоб.

— Ведаеце, дзядзька, — раптам сказаў Мішка. — Усё ж калі траплю ў горад, знайду вашага Восіпа і наб’ю яму морду. Хам ён, вось хто. Кажуць на мяне, што я хам, але вось ён сапраўды хам.

Алёкса знячэўку ўздрыгнуў. Ён ураз зразумеў і няўдачу сваёй хітрасці, і нечаканую Мішкаву спагаду — старэчыя вочы яго хуценька заміргалі. Трэба было ісці дамоў, але ён чамусьці стаяў на беразе і ўсё моўчкі глядзеў на спрытнага дужага хлопца ў дубіцы.

А Мішка заклапочана зірнуў на паніжэлае сонца і, размахваючы даўжэзным шастком, пагнаў дубіцу ў трысніковую затоку.


1957

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/