epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Народныя мсьціўцы

З поля да вёскі можна было ісьці па сьцежцы, уздоўж прасьцягу кукурузы, каб затым на аселіцы завярнуць да хаты. Але той шлях цяпер здаўся задоўгім, і Іван па мянушцы Снайпер рашуча павярнуў на палетак. Тым болей, што кукуруза тут выдалася дохлая, да калена даўгалыгаму Івану, як, зрэшты, і ўсюды ў іхным калгасе. Апроч хіба шнурка пад борам, уздоўж бальшака ў раён. Але пра той шнурок дужа дбалі і страшыня і брыгадзіры, — то быў шнур напаказ для начальства, якое зь вясны сноўдала па раёне з найбольшым цяперашнім клопатам — пра кукурузу. Ні пра жыта, ні пра ярыну, ні пра бульбу так ня дбалі, як пра гэтую кукурузу, якая, аднак, упарта не хацела радзіць на тутэйшых клятых падзолах.

Пра кукурузу дбалі, але скаціну кармілі ўсё ж сенам, хоць назапасіць яго на зіму было няпроста. Найперш не было дзе, усё паўзворвалі на пасевы, засталіся хіба што балацявіны ды хмызьнякі. Зранку Снайпер-Іван касіў сваю пайку ў кустах між пнёў і алешніку, ды між пнёў ня шмат што накосіш, хіба на пару-другую рэзгінаў, і ўсё. Адно што — намахаесься касой да болю ў плячах. А тут, як на ліха, скончылася курава, і Снайпер-Іван ледзьве датрываў да вечара. Як сонца пахілілася да лесу, плюнуў на тую нехуцавую пайку і з касой на плячы рушыў дадому. Памятаў, недзе ў кухвайцы павінны застацца распачаты пачак ягонай "Прымы".

Шоргаючы гумавікамі ў нізкарослым зарасьніку кукурузы, ён кіраваў цераз палетак наўкось і думаў, што кукуруза наўрад ці акрыяе да восені, каб хоць было што скасіць на сілас. Зрэшты, на гэтым падзоле ня надта расло і ў ранейшыя, дакалгасныя гады. Снайпер-Іван памятаў, як колісь бурчэў бацька, возячы сюды гной па вясьне: колькі яго ні вазі, ураджаю ня будзе. Такая зямля. Непадалёк за кукурузным палеткам быў іхны надзел, на якім падлетак Іван упершыню сьціснуў у даланях высьлізганыя ручкі плуга і правёў свой першы загон. Увогуле скупы на пахвалы бацька тады шчыра пахваліў сына, сказаў: будзе гаспадар, ёсьць на каго пакінуць зямлю. Аж гаспадара з Івана ня выйшла, выйшаў снайпер, а зямля засталася нікому не патрэбнай, зрэшты, таксама, як і яе былы гаспадар. Бацьку ўзялі раньняй вясной, а старэйшаму ў сям'і Івану найперш стала патрэбнай не скалектывізаваная зямля, а дровы, каб маці магла зварыць бульбу для траіх згаладнелых братоў і сястры, якія зранку сядзелі на астылай печы. I ён зь сякерай за дзягай ішоў у кустоўе, сек алешыны і па сьнезе цягаў іх на дрывотню, каб насеч дроваў і напаліць у хаце. Пра бацьку наогул стараўся не ўспамінаць, аж пакуль яго не паклікалі ў раён і не ўручылі паперку пра рэабілітацыю "за адсутнасьцю складу злачынства". Яшчэ праз год у райфо ён атрымаў 650 рублёў — за сьмерць бацькі, якая, як было напісана ў паперцы, наступіла ў сорак другім годзе "ад язвы страўніка". За тыя грошы Снайпер-Іван купіў новую кухвайку і бутэльку "маскоўскай". На абмыўку бацькавай памяці.

З аселіцы ён пералез цераз жардзіну ў плоце і апынуўся на сваім агародзе. Перш чым выправіцца па баразьне далей, звыкла павёў адным вокам да хляўка — ці няма дзе курэй. Другога вока ня меў, замест выбітага асколкам пасьля вайны ў шпіталі ўставілі шкляное. Але шкляное Снайпер-Іван не падабаў і ўстаўляў яго хіба як куды ехаў — ў раён ці да доктара на інвалідзкую камісію, куды спраўна выклікалі штогод. Каля дому абыходзіўся сваім апошнім, да якога прызвычаіўся за гады і бачыў навокал ня горш за двухвокіх. Хоць бы і цяпер — лёгка прыкмеціў жонку Стасю, якая, сагнуўшыся, стаяла ў бурачніку. Угледзеўшы яго, выпрасталася, хвіліну паўзіралася, пакуль ён падышоў бліжай. Мусіць, дзівілася, чаму ён так рана, калі ўсе іншыя мужыкі яшчэ шчыравалі на пайках.

— Што, ці скасіў?

— А нягож табе пакінуў?

— Усё?

— А што там касіць? Ацяробкі...

Жонка змоўчала, мабыць, ня надта яму верачы. Але ён ня стаў яе пераконваць, моўчкі павесіў касу на вугал і пайшоў у сенцы, дзе на шуле вісела новая яго кухвайка. Ён паляпаў па кішэнях, але там было пуста, і тады ён успомніў, што два дні таму той пачак яны дакурылі ў Воўчым лагу, як выпівалі зь Ляплеўскім. З нагоды... Снайпер-Іван ужо ня памятаў, зь якой нагоды была тая п'янка, бо п'янак розных зь вясны здаралася ў іх нямала. Але ён памятаў, што, проч Ляплеўскага, там быў яшчэ малодшы Цыпрукоў зяць, міліцыянт з раёну, а пасьля набрыў абавязковы ў такой справе Дубчык. Добра пагудзелі тады, ледзьве дабрылі да аселіцы, як ужо прыгналі з пашы кароў.

Ад няўдачы з куравам злосна стала на душы ў Снайпера-Івана, а тут яшчэ пачала церціся аб ягоныя гумавікі маладая кошачка, нешта замяўкала, і Іван са злосьці паддаў ёй у бок: хай не вярэдзіць душу чалавеку, у якога няма чаго закурыць. На падворку прыслухаўся: празь дзьве хаты адсюль чуваць быў мерны жалезны стукат — гэта цягавіты Саўчанка адбіваў на бабцы касу, рыхтаваўся да заўтрашняй касьбы. Але заўтра мелася быць нядзеля, і ўжо ён, Снайпер-Іван, заўтра касіць ня пойдзе. Хіба — з паўдня, паверне тыя ацяробкі, каб лепш падсыхалі ў кустах. Саўчанка ж, ведама, будзе шчыраваць і заўтра, як і кожнага дня, гэта такі ўжо чалавек. Што значыць, зь сям'і падкулачнікаў. Ужо ў яго напэўна будзе што закурыць, падумаў Снайпер-Іван і саступіў зь нізкіх прыступкаў ганку. За парканам на агародзе зноў выпрасталася ягоная дзябёлая жонка.

— Гэта чуеш, да Касатага Вусаў прыехаў, — лагаднейшым, чым раней, голасам паведаміла яна.

— Вусаў?

— Ну, Вусаў. Той самы!

— Да Касатага?

— А нягож...

Во гэта навіна, — падумаў Снайпер-Іван. Старэйшыя дзеравенцы гэтага Вусава памяталі ўсе гады да вайны й пасьля, але пасьля ніхто нідзе ня чуў і ня бачыў яго. Спакваля пачалі на яго забывацца, думалі: прапаў за вайну, як тады прападала нямала каго. Меркавалі, што туды яму і дарога. Ніхто ніколі не памянуў яго добрым словам, так ён насаліў тут за тыя некалькі гадоў, што ажыцьцяўляў клясавую барацьбу і рэпрэсіі ў іхным Богам праклятым раёне. А ён, глядзі ты, — аказваецца, жывы, здаровы, і нават прыехаў да свайго сябрука — сувязнога Касатага. Але да каго ж яшчэ мог ён наведацца?..

— Надвячоркам Манька Валодзева бачыла, як з аўтобуса цераз аселіцу ішоў. Агародамі. Мусіць, каб не пазналі. Спраўны такі, у капелюшы.

— Мабыць, баіцца, аднак...

Узварушаны той навіной, Снайпер-Іван памалу пабрыў абсаджанай каровінымі лепяхамі вуліцай да хаты Саўчанкі. Ён аж забыўся на сваю патрэбу, калі ступіў у расчыненыя варотцы сядзібы. Саўчанка, мажны, шыракагруды дзядзька зь сівою чупрынай на галаве, у белай расшпіленай сарочцы, скончыўшы адбіваць касу, прыладжваў яе да касавільна.

— Чуў? — запытаў ад варотцаў Снайпер-Іван. — Вусаў прыехаў.

З выгляду быццам абыякавы да ягоных словаў, Саўчанка падняў касу, памацаў, ці ня кратаецца на касавільне. Каса ня краталася.

— Прыехаў, ага, — пацьвердзіў ён спакойна.

— Да Касатага?

— Да Касатага.

— I што яму трэба?

— Значыць, штось трэба, — ухіліўся ад адказу Саўчанка. Але, мусіць, ён таксама ня шмат што ведаў. Хоць калі б і ведаў, ад гэтага чалавека ня шмат можна было дазнацца.

— Закурыць у цябе ці ёсьць?

Вялікай рукой Саўчанка моўчкі вышчаміў зь цеснай кішэні штаноў пакамечаны цыгарэтны пачак, даў суседу, пасьля ўзяў адну цыгарэту сам.

— Дык гэта што ж атрымліваецца? — закурыўшы, ня мог чагосьці даўмецца Снайпер-Іван. — Па-новаму пачынаецца, ці як?

— Можа, і па-новаму.

Саўчанка быў старэйшы за Снайпера-Івана і, у адрозьненьне ад яго, негаваркі і стрыманы ў пачуцьцях. Для таго былі свае прычыны: толькі якіх-небудзь пяць гадоў прыехаў зь Сібіры, з ссылкі, у якой адбухаў ці ня дваццаць пяць гадоў. Паехаў некалі маладым мальцам з бацькамі-падкулачнікамі, а вярнуўся сівым і старым. Паводзіў сябе ціхмана, мабыць, не адчуваючы раўнёй з астатнімі калгасьнікамі, хоць бы во і з гэтым Іванам. Гэты так загераізаваўся ў вайну, што гатовы быў забыцца пра сваё бацькоўскае прозьвішча Ярашэвіч і ахватней адгукаўся на мянушку Снайпер. Але лацно Івану, ён і праўда прайшоў агонь і ваду ў партызанцы, і хоць славы там агораў ня шмат, затое языку цяпер даваў волю. Ня тое, што Саўчанка, нядаўні ссыльны падкулачнік, які на старасьці гадоў захацеў дажываць свой век у родным кутку. Тут трэба было раз і назаўжды забыцца пра свае крыўды. Калі б яны забываліся.

— Я яму пакажу, сволачы, такую яго маць! — вылаяўся Снайпер-Іван, кіруючы з падворка.

На вуліцы, аднак, ён спыніўся, яшчэ ня маючы рашучасьці рэалізаваць сваю злосьць. Патаптаўшыся ля плоту, успомніў, што ёсьць яшчэ чалавек, якому варта пачуць тую навіну пра Вусава, гэта — Ляплеўскі, настаўнік, што рабіў у раёне і прыехаў цяпер у касьбу памагчы маці. Тая жыла на краі вёскі, ля сажалкі, і Снайпер-Іван рашуча скіраваў туды. Каб хоць бы параіцца, аслабаніць душу ад таго, што пачало расьпіраць яго, ад застарэлае крыўды. Калісьці той энкавэдэшнік перасаджаў палову вёскі. То быў чужынец, аднекуль прыежджы ў іхны раён, і ў іхнай вёсцы займеў сабе вернага памочніка зь мясцовых — Касатага, зь якім і саджалі, пачынаючы з трыццаць трэцяга. Але асабліва пашчыравалі яны ў трыццаць сёмым, калі загрэблі і старога Іванавага бацьку. На ўласнага стукача Касатага ў вяскоўцаў злосьці ўжо не было, яна ўся перагарэла за гады, калі гэтага недалэнгу таксама загрэблі, хоць і апошнім у тую пару, — на заедак. Праўда, таму ўсё ж неяк пашэнціла вярнуцца пасьля вайны з нажытымі ў лягеры сухотамі і таксама рэабілітаваным, як ягоныя ахвяры, што бязь сьледу пазьнікалі ў лягерах і турмах. Цяпер ён жыў-дажываў са старой бабай у старым дамку, апусьцелым ад дзяцей і сямейнікаў, якіх некалі было ў яго многа. Але сямейнікі паразьяжджаліся хто куды, бо жыць з такім бацькам было ня надта зручна, асабліва апошнім часам. Людзям Касаты казаў, што на супрацоўніцтва з ворганамі яго змусіў усё той Вусаў, бо Касаты меў грашок яшчэ з часоў рэвалюцыі, калі, будучы ў войску, пацікавіўся палітыкай і разы два наведаў партыйныя сходкі левых эсэраў. Тая цікаўнасьць дорага каштавала салдату, ды й ці толькі яму аднаму.

На незагароджаным ад вуліцы падворку Ляплеўскага нікога не было відаць, але на паркане каля сенцаў віселі поруч дзьве касы з блішчастымі лёзамі, згледзеўшы якія, Снайпер-Іван зразумеў, што гаспадар дома. I яшчэ нехта апроч, які, мяркуючы па ўсім, памагаў яму на касьбе. Снайпер-Іван паціху перайшоў зарослы лапухамі падворак, зайшоў на той бок хаты і адразу ўбачыў двух мужыкоў. Пад глухой сьцяной ля старой разгалістай грушыны быў змайстраваны невялічкі столік з лаўкай, за якім цяпер сядзеў маладжавы, хоць ужо лысы Ляплеўскі і ягоны госьць Дубчык. Гэты апошні быў дужа падобны на дачасна састарэлага хлопчыка з худой шыяй і зморшчаным, бы печаны яблык, тварыкам. Абодва моўчкі ўтаропіліся ў нечаканага заходжага. На засланым газэцінай стале валяліся калівы сарванай з градкі цыбулі і стаялі дзьве шклянкі. Бутэльку, вядома, яны засьцярожліва пасьпелі прыхінуць у траву побач, што, аднак, адразу згледзеў Снайпер-Іван.

— П'ем! — замест прывітаньня строга канстатаваў той.

— А што — нельга? — з выклікам азваўся Ляплеўскі. У ягоным паглядзе, аднак, мільгануў цень занепакоенасьці — ці мала што? Усё ж Ляплеўскі нядаўна ўступіў у партыю, чаго дамагаўся шмат гадоў, як, зрэшты, і Снайпер-Іван, таму зьявілася падстава асьцерагацца. — I табе можам наліць. Дубчык, дай шклянку.

Дубчык, нешта жуючы поўным ротам, не адразу пасунуў сваю пустую шклянку, у якую Ляплеўскі ашчадна адмерыў роўна палову. Затым трохі пляснуў у сваю.

— Во дакасілі, дык надумалі адмеціць, — сьціпла патлумачыў гаспадар.

Снайпер-Іван выпіў тыя паўшклянкі — адным спраўным глытком, заядаць нічым ня стаў, узяў са стала пачак "Прымы". Зацягнуўшыся пару разоў, расслаблена апусьціўся на вузлаватыя карані грушы, што вытыркаліся побач зь зямлі.

— А вы ведаеце, хто да Касатага прыехаў?

— Ну, а хто? Пляменьнік? У яго ж у Воршы племяшы жывуць, — спакойна зазначыў гаспадар, таксама закурваючы.

— Пляменьнікі!.. Вусаў, во хто прыехаў. Той самы. Чэкісты НКВД. Які твайго брата змыліў. I тваіх, Дубчык. А то — пляменьнікі...

За столікам ураз зьнерухомелі, Ляплеўскі на момант нібы праглынуў язык, а Дубчык нават перастаў жаваць.

— Гэта што ж яму трэба? — вымавіў нарэшце Ляплеўскі.

— А во нешта трэба. Можа, у свой час не дабраў?

— Дык не дабраў. Мы ж во засталіся.

— Мы дык засталіся. А колькі не засталося? У мяне — бацька. У цябе брат. Такі слаўны дзяцюк быў, граматны чалавек, усё вучыўся, вучыўся. I парцейны. У яго вунь, — Снайпер кіўнуў на Дубчыка, які амаль са спалохам на дзіцячым твары нерухома сядзеў, адхінуўшыся да бёрнаў сьцяны. — У яго во, лічы, уся сям'я ляснула.

— Бацька, — тонкім голасам сьціпла ўдакладніў Дубчык.

— Бацьку ўзялі. А матка памерла. Чаму памерла — ня знаеш? Бо надарвалася, адна з кучай малых. Ты во добра — старэйшы. А трое малых тваіх дзе?

— Пад крыжамі...

— Во, пад крыжамі. Бо з голаду дайшлі. Помню, як жабравалі. Малыя. Па вёсках. Праўда, малым хоць давалі...

— Жабравалі, — паныла пагадзіўся Дубчык.

— Дык рэабіліціравалі, — уставіў сваё Ляплеўскі і завучана бадзёрым тонам дадаў, як усім вядомае: — Парція дапусьціла памылкі, яна іх і выправіла.

— Што? Выправіла? — настырчыўся Снайпер-Іван. — Па шэсьцьсот пяцьдзясят рублёў заплаціла? За чалавечую душу. Гэта кампэнсацыя?

— Гэта — адчэпнае, — ціха ўдакладніў Ляплеўскі.

— Вот іменна — адчэпнае. Каб адчапіцца ад людзей.

— Але ж ты ўзяў? I ён во ўзяў, — кіўнуў Ляплеўскі на змарнелага пад сьцяной суседа.

— А то — ня ўзяць? Ты ня ўзяў?

— Мне не плацілі. За брата не паложана, — сказаў Ляплеўскі.

— А я ўзяў. Бо паложана. Па закону. Я на тыя грошы кухвайку купіў.

— Ты купіў кухвайку, а Дубчык — паўлітру.

— Не, тры бутэлькі купіў.

— Ну во, аж тры бутэлькі. I ўсё прапілі. Дык ці варта было плаціць тую кампэнсацыю. Вы ж усё роўна ў райфо вярнулі. I кухвайку прап'еш, — сказаў ён і каротка задаволена рагатнуў, пазіраючы на Снайпера-Івана, які ніякавата ёрзаў на мулкіх каранях.

— А што, болей няма? — іншым тонам папытаўся той пасьля нядоўгай паўзы.

— Не, болей няма. Скончылася, — паказаў гаспадар пустую бутэльку. — Хіба ў Дубчыка...

— Была ў сабакі хата! — безнадзейна заключыў Снайпер-Іван. — Пайду да Бараніхі схаджу.

У Бараніхі павінна штось быць — ці якая бутэлька самагонкі, ці хоць бы кіслага балгарскага віна, якое нікому не падабалася, бо слабое і добра ня вып'еш. Але, калі не было іншага, пілі, хіба толькі меней. Бо, казалі, віно — не гарэлка, многа ня вып'еш.

— Дык нам чакаць ці што? — папытаўся Ляплеўскі.

— Чакайце, — няпэўна азваўся Снайпер-Іван ужо з панадворку.

Ляплеўскі з Дубчыкам засталіся, дзе сядзелі. Абое курылі і, ня маючы вялікай ахвоты размаўляць, думалі кожны на свой лад. Ляплеўскі, хоць і ня быў ад прыроды маўчун, але, даўно адарваны ад вёскі, зь вяскоўцамі размаўляў мала. Па-першае, шмат з кім тое было нецікава, а па-другое, ён ужо напярод ведаў, што ад каго пачуе. Выключэньне рабіў хіба што за сталом ці за бутэлькай, калі інакш было неяк. Іншая справа выпіць. Але шкада, што выпіваць нельга было моўчкі, прыходзілася гаварыць, што заўжды было небясьпечна, асабліва ў вялікіх кампаніях. Ды й сам-насам таксама, бо не было ніякай гарантыі, што сабутэльнік — не падасланы сексот. Вось трохі выпілі з маўчуном Дубчыкам, але набрыў гэты балбатун Снайпер-Іван, і Ляплеўскі адчуваў: цяпер пачнецца надоўга. Хоць цяпер яго трымала тут ня так жаданьне дабавіць, ня Снайпер-Іван, як навіна, якую той толькі што прынес. Каб на цьвярозую галаву, можа б усё сталася іначай, а на хмельную Ляплеўскі рабіўся надта чульлівы: старыя крыўды нечакана ажывалі ў ягоных пачуцьцях і рабіліся амаль неадольнымі. Цяпер ён з трывогай думаў пра Вусава. Найперш — глядзі ты, не баіцца нічога, калі ў такую пару завітаў на месца выкрытага свайго злачынства, якое скрозь асуджана і людзьмі, і ўладай. На што разьлічвае чалавек, якога тут дзясяткі гадоў пракліналі вяскоўцы, які пакалечыў шмат якіх сем'яў, панішчыў нямала людзей?

Ляплеўскі ўсё жыцьцё перажываў за старэйшага брата Сяргея, які першы зь сям'і некалі выбіўся ў людзі і цягнуў за сабой астатніх. Яго пасьля школы ўладкаваў у настаўніцкі інстытут у Воршы, дзе рабіў сам, узяў на кватэру ў сваю каморку ў чыгуначным бараку, карміў, апранаў і выхоўваў. Выхоўваў, вядома ж, у камуністычным духу, як і належала сьвядомаму камуністу-выкладчыку. Вучыцца было нялёгка, не хапала ні харчоў, ні часу, і Сяргей кожны раз, як выходзіла якая пастанова ЦК партыі, раіў брату яе прачытаць, падказваў, якую скарыстаць дадатковую літаратуру. I ўсё прывучаў выступаць на сходках, быць актыўным камсамольцам, не ашывацца па закутках, ініцыятыўна і сьмела паводзіць сябе зь сябрамі, не губляючы, аднак, клясавай пільнасьці. Тое ня надта давалася ціхманаму малодшаму Ляплеўскаму, але ён стараўся. У інстытуце быў членам бюро камсамола, агітатарам, здаў нормы на значкі ГТО, ГСО, "Варашьшаўскі стралок". Разы два яго ўжо выклікалі на бяседу ў органы, здаецца, мелі штось на ўвазе. Штось, аднак, добрае, нават прыемнае для ягонага лёсу. I ён чакаў.

Але ўсё рухнула аднойчы паўночнай парой. Толькі ён заснуў, змораны над канспэктамі "Кароткага курсу ВКП(б)", як у шыбіну пастукалі. Сяргея не было дома, якраз за дзень да таго паехаў на вёску памагчы маці з дрывамі, ну, і прыхапіць сёе-тое з харчу для двух гарадзкіх сыноў. Ляплеўскі адчыніў, у каморку ўвалілася чалавек шэсьць энкавэдэшнікаў, паднялі Сяргееву жонку з грудным дзіцём, запатрабавалі гаспадара. Хлопец сказаў, што выкладчыка Ляплеўскага няма дома. "Где он, говори быстро!" — запатрабаваў галоўны чэкіст з кароткімі вусікамі пад носам-бульбінай. Некалькі часу Ляплеўскі вагаўся, гадаючы, казаць праўду, ці схлусіць. Але не стрываў і сказаў, як было, што брат у вёсцы. На вёсцы тае начы яго і ўзялі. Але ўжо ня той з вусікамі, а мясцовы ўпаўнаважаны, мардаты бязвусы Вусаў.

Пасьля шэраг гадоў да вайны і пасьля Ляплеўскі каяўся, што сказаў праўду, можа, трэба было паслаць іх у Віцебск ці ў Менск, — хай бы шукалі, трацілі час. А самому як-небудзь папярэдзіць брата, можа б і ўратаваўся, калі б зьехалі куды далей. Як гэта некаторыя рабілі тады. Але што было б самому, калі б тое яго ашуканства раскрылася? I без таго клопату яму хапала, часам ён ажно зайздросьціў брату, бо той зьнік невядома дзе; калі жыў, дык, мабыць, яго кармілі. Як было жыць яму — выключанаму з інстытуту, без жыльля, без прапіскі, бяз працы. Добра яшчэ, што пасьля некалькіх месяцаў бадзяньня па падстрэшшах і садках у знаёмых, уладкаваўся на чыгунку пуцявым рабочым, атрымаў карткі і нейкі заробак, які даў яму магчымасьць датрываць да вайны. У вайну трапіў пад акупацыю, ледзьве не памёр ад тыфусу ў роднай вёсцы, пасьля яго загрэблі ў Нямеччыну на Рурскія шахты... А пасьля вайны? Вэрбаваўся ў Карэла-Фінскую, вучыўся завочна і толькі тры гады таму выбіўся ў настаўнікі.

А летась нават прынялі ў партыю.

Ляплеўскі ўстаў ад століка, усё курачы, падышоў да плоту. Сонца ўжо закацілася за лясныя нетры, з алешніку за бульбяным палеткам насоўваўся вечаровы прыцемак, мацней запахла бульбоўнікам, прыемна павеяла дымком з суседняга коміну. Плечы ў лёгкай сарочцы ўжо ахінула вільготная сьвежасьць. Трэба схадзіць у хату ды надзець пінжак, але гаспадар бавіў час, чакаў пасланца па дабаўку. Дубчык у заношанай шэрай сьвітцы таксама цярпліва чакаў, падпіраючы худымі плячамі цеплаватыя бёрны сьцяны.

— Дубчык, у цябе хоць з радні хто застаўся?

— Ды няма нікога.

— А сястра старэйшая? Клаўдзіяй, здаецца, звалі?

— Дык памерла.

— А малодшая?

— Тожа памерла.

— А Кандрусёва старэйшы сын. Ён жа табе дваюродным братам даводзіўся?

— Таго ў вайну забілі.

— Дык што ж ты — адзін?

— Ну, — ціха азваўся Дубчык.

Дубчык і сапраўды жыў бабылём, адзін у старой хаце, скаціны ніякай ня меў, не трымаў нават курыцы, рабіў у калгасе па спэцыяльнасьці "куды пашлюць", еў, дзе што дадуць. Піў, колькі нальюць, паводзіў сябе ціхмана і непрыкметна. Калі дзе перабіраў, дык там і засынаў — хоць на лаўцы ў хаце, хоць пад кустом у полі. Мужыкі яго недалюбвалі за недаросласьць, а болей за схільнасьць да дармаўшчыны — у кураве ці выпіўцы; бабы ж нават любілі — за безадмоўнасьць. Калі дзе што трэба было з мужчынскае працы — напілаваць дроваў, узьлезьці на страху да коміна ці выкапаць магілу нябожчыку, найперш клікалі Дубчыка. I той рабіў. Пра плату не пытаўся ніколі, ды яму рэдка і плацілі, — звычайна давалі на бутэльку ці самую бутэльку, якую Дубчык тут жа і выпіваў — з выпадковым сабутэльнікам. Але і сам пры выпадку не пудлаваў, калі у каго пасьпявала выпіўка. На тое ён меў адмысловы нюх і свайго не ўпускаў ніколі.

Празь якіх паўгадзіны на падворку паявіўся Снайпер-Іван, за ім нетаропка ступаў Саўчанка, які моўчкі дастаў з кішэняў пінжака дзьве паўлітры, з важнасьцю паставіў на стол.

— Ого! — міжволі вырвалася ў гаспадара.

— Вось табе і ого! — перадражніў яго Снайпер-Іван. — Дубчык, а ну, давай, нарві цыбулі. I гэта — хлеба! Што ў цябе, вучыцель, хлеба няма?

— Хлеб ёсьць. Зараз...

— Дык налівай!

Пакуль гаспадар хадзіў у хату, шукаў хлеб і надзяваў пінжак, Снайпер-Іван з Саўчанкам налілі па шклянцы і выпілі. Дубчык тым часам нарваў побач на агародзе ладны пук цыбулі. Затым настала іхная з гаспадаром чарга выпіць з тых самых шклянак. У бутэльцы засталося няшмат.

Выпіваць зручна было і стоячы, але каб курыць, мабыць, трэба было сесьці. На гэты раз за столікам уладкаваліся Снайпер-Іван з Саўчанкам, гаспадар прымасьціўся пад грушай, а Дубчык на водшыбе ля вугла, на краі падмурку. Ён не курыў і ў гутарцы амаль ня ўдзельнічаў. Так, калі запытаюць, адкажа. Але цяпер у яго ні пра што не пыталіся, трое дбалі аб сваім, і Снайпер-Іван усё ня мог супакоіцца.

— Прыехаў, падлюга! Думае, тут пра яго забыліся. Не, я яму, падлу, таго не дарую...

— А што ты яму зробіш? — спакойна запытаўся Ляплеўскі. — Солі на хвост насыплеш?

— Ды ўжо адпомшчу, сабаку.

— Як? У газэтку напішаш? — зьедліва дапытваўся Ляплеўскі. — Вунь адзін напісаў, дык з партыі выключылі. За паклёп!

— Не, я пісаць ня буду! Я яго заб'ю! — нечакана для сябе вырашыў Снайпер-Іван. — А што? Што так гледзіцё?

— Такі рашучы! Глядзі, каб штаны ня ўпалі.

— А і праўда, — стрымана азваўся Саўчанка. — Такому адпомсьціць — ня грэх. Было ў Сібіры, аднога вертухая да кедра ў тайзе прывязалі. Празь месяц знайшлі — адзін шкілет. Камары заелі.

— Ага, то ў Сібіры! — з зайздрасьцю вымавіў Снайпер-Іван. — А тут дзе прывяжаш? Свае ж і адвяжуць. Каторыя сексоты.

— Ня ўсе ж сексоты, — ціха зазначыў Ляплеўскі.

— Хапае. I ў нас таксама.

Ляплеўскі не запярэчыў, толькі прыслухаўся, каб зразумець, на што той намякае? Ляплеўскі заўсёды быў чуйны да нават малога намёку такога кшталту, бо за намёкам магла быць небясьпека ці яе блізкі сыгнал. Тое, што некалі пасобіла яму ў жыцьці, дало магчымасьць скончыць інстытут і нават уступіць у партыю, цяпер вельмі проста магло ўсё спляжыць. Настала іншая пара, пачалася новая палітыка, і невядома яшчэ, як там, наверсе, паставяцца да інстытуту сексотаў. Могуць тайна аддзячыць, а могуць і адкрыта спагнаць. У кожным разе было няпэўна і неспакойна. Нарабіў гэты дурань Хрушчоў вэрхалу ня толькі з кукурузай...

Спакваля зусім зьвечарэла. Густаваты прыцемак праглынуў ужо агарод і падворак, накрыў дрэвы і дахі. Усё навокал сьціхла, стаілася насустрач летняй кароткай начы. Толькі пад грушынай за хатай чулася стрыманая гамонка падпітых людзей, ды мільгалі ў змроку чырвоныя агеньчыкі цыгарэтаў. Адзін, выгнуўшы крутую дугу, зьнік у гародзе за плотам. Снайпер-Іван са злосным мацюгом вырашыў:

— Годзе піць! Мальцы мы ці засранцы! Гайда помсьціць!

— Яшчэ бутэлька засталася, — напомніў Ляплеўскі.

— Тады налівай! Але па апошняй. Вунь Дубчыку, а то ён мала выпіў.

— Ды выпіў я. Можа, годзе? — няпэўна азваўся Дубчык, аднак, пасоўваючыся бліжэй да стала.

— Выпі. I ты, сусед, выпі, — запрапанаваў Снайпер-Іван Саўчанку. — Там, брат, сіла спатрэбіцца.

— Ад гарэлкі сіла? — усумніўся Саўчанка.

— А ты думаеш — не? Выпіўшы заўжды дужэйшы за цьвярозага. Навука гаворыць, чытаў.

— Але ноччу нядобра. Нібы бандыты, — сказаў Ляплеўскі. Яму, пэўна, ня надта хацелася лезьці ў даволі сумнеўную справу, ды ён ня мог устаяць ад напору Снайпера-Івана.

— Нам, значыць, па начы нельга? Ага? А ім дык было лацьвей. Заўжды ноччу шчыравалі, каб сьведкаў не было. Я ж памятаю, мне ішоў пятнаццаты год. Прыехалі трох: гэты Вусаў і зь ім яшчэ два міліцыянты. Касаты — за панятога. Паднялі ўсіх апоўначы, толькі заснулі. Бацька якраз пастаўкі вазіў на станцыю, прыехаў азяблы, змораны, толькі чуні разуў, анучы ля грубкі разьвесіў. Уставай, ты арыштаваны. I вобыск. Усё перавярнулі, у дзежку з капустай шампалом шпыралі — контррэвалюцыю мацалі. Польскі шпіён! А я, панімаеш, ня дужа й спалохаўся, бо ведаю ж: не шпіён, мяне яны ня возьмуць. Чаму так думаў, дурань безгаловы? Вунь жа вас, Саўчанка, усіх пабралі, табе ж таксама было няшмат гадоў...

— Дык то ж у трыццаць трэцім, — азваўся з-за століка Саўчанка. — На ссылку ўсіх бралі: і старых, і малых.

— А я скуль ведаў: на ссылку ці на расстрэл? Сядзеў зь дзецьмі ў запеччы, каб вобыску не мяшаць, а бацьку яны ля парога з узьнятымі рукамі пад вінтоўкай трымалі. Бачу, гэты Вусаў выцягвае з куфэрка маю будзёнаўку з чырвонай зоркай. Скажу вам, неяк увосень бацька прывез з кірмашу, дужа яна мне падабалася, тая будзёнаўка з маленькімі такімі гузічкамі, таксама з зорачкамі. Я ж змалку да вайсковага прыхільнасьць меў, шкада, праз калецтва не давялося нават да сяржанта выслужыцца.

— Во чаму ты гімнасьцёрку ўпадабаў. Трэці год з плечаў не скідаеш, — ціха пасьміхнуўся Саўчанка.

— А што — паважаю. Але не пра тое гаворка. Надзеў раз тую будзёнаўку ў школу, ну мальцы й наляцелі: дай ды дай памераць. Адзін гузік і адарвалі. Бацька ўвечары пабачыў і адабраў, кажа: сьпярша аблавушку данасі. Крыўдна было, але, думаю, ладна. Ужо хутка дваццаць трэцяга лютага, дзень Чырвонай Арміі, ужо тады ён пра мяне ўспомніць. Выпрашу. Ды во — кукіш, а ня дзень арміі. Вусаў гэты маю будзёнаўку міліцыянту аддаў, кажа: не дамо польскаму шпіёну чырвонаармейскі ўбор кампрамэтаваць. Тая будзёнаўка мне затым два гады сьнілася.

— Таму ты і снайперам стаў? — спытаў Ляплеўскі.

— Не, снайперам не таму. Снайперам — гэта па слабасьці характару. У партызанку, як вока асколкам выбіла, ну трохі загаілася, а тут блякаду немцы распачалі. Загад: усіх інвалідаў у строй. Якраз снайпера нашага Біклагу забіла, вінтоўка з прыцэлам засталася. Каму яе аддаць? Усе адмаўляюцца: то не магу, то ня ўмею. Вядома, дрэйфяць, бо тут адвагі паболей трэба, чым з простым ружжом. Дык камандзір кажа: Івану Ярашэвічу, у яго адно вока спраўнае, а другога няма, то і прыплюшчваць ня трэба. Будзе біць нямецкіх захопнікаў. Во я і біў, як снайпер. Двух паліцаяў шлёпнуў і аднаго захопніка. Як цяпер памятаю: ранічкай на ўзьлеску вылез зь люку на танку, узіраецца ў дальні ўзьлесак зь бінокля. А я праз сто мэтраў пад кустом ляжу. Ну, я яму й гваздануў проста пад бінокаль, так і абвіс у люку.

— Герой! — няпэўна сказаў Ляплеўскі.

— А ты думаў! Мэдаль "За адвагу" ня кожнаму давалі.

— Ну, і камандуй. А мы за табой.

— Лады, мальцы! Тады яшчэ па каліву, і завязалі. А то... Ня знаю, які ён цяпер, а тады ладны бугай быў.

— Ня думай, не зьмізарнеў. Такія не мізарнеюць, — сказаў Саўчанка.

Яны і яшчэ выпілі — на гэты раз моўчкі, ужо агорнутыя новым клопатам, які абрынуў на іх гэты няўрымсьлівы Снайпер. Пасьля Ляплеўскі ненадоўга адлучыўся да плоту і зноў вярнуўся да століка. Іншым разам пара было ўжо і разыходзіцца, усё ж купальская ноч караценькая, ды нейкая сіла трымала іх разам, як змоўшчыкаў небясьпечнае справы, якая немаведама яшчэ чым скончыцца. I яны ўсе сядзелі за столікам, на якім цьмяна шарэла газэта зь дзьвюма парожнімі шклянкамі. Саўчанка нялоўка неяк саўгануў локцем і скінуў кудысь кавалак хлеба, які тут жа палез шукаць у траве. I доўга ня мог знайсьці, пакуль Дубчык не намацаў яго зводдаль на сьцежцы.

— I каб усе разам! Каб ніхто не сачкануў, — папярэджваў Снайпер-Іван.

— А чым мы яго? — прастадушна запытаўся Дубчьж.

— А хто чым. Бяры кол або камень. Нажа няма?

— Нажа няма, — сказаў Ляплеўскі бязь ценю гумару.

— Дык прынясі! Ужо ж у хаце нож ёсьць?

— Не, няма.

— Ну і хазяйства! Нават нажа ня маюць. А калі зарэзаць каго?

Дубчык аж дробненька засьмяяўся ад таго Іванавага досьціпу, а можа, успомніўшы, што і ў яго не было нажа. Можа, гады чатыры, як зламаўся бацькаў саморобны, выкуты ў местачковай кузьні, з драўлянымі тронкамі. У сваёй бабыльскай гаспадарцы Дубчык абыходзіўся сякерай, праўда, таксама старой і заржаўленай, зь нязручнай і кароткай расхістанай ручкай. Яшчэ ягоны бацька, калгасны вартаўнік, зьбіраўся яе паправіць, маці ўсё лаяла яго за няздатны інструмэнт, ды так і не сабраўся да арышту. Тупаючы марознай зімой ля калгаснага сьвірану, ён усё сьпяваў прыпеўкі — недзе пачутыя, а таксама ўласнага сачыненьня, часам бязглуздыя, а часам з пэўным дужа надзённым сэнсам. I хтосьці яго ўчуў. Ці адмыслова падслухаў. Як арыштавалі ўначы, дык гэты Вусаў, мабыць, не стрымаўшыся, працытаваў адну, якая на ўсё жыцьцё ўрэзалася ў памяць падлетка-сына: "У калгасе добра жыць, хто на могілках ляжыць". Бацька тады аж заўсьміхаўся з радасьці ад увагі да ягонай творчасьці. Тады наўрад ці ён прадбачыў, што і сам хутка ляжа на нейкіх могілках, і паўміраюць малымі ягоныя тры дачушкі, састарыцца сынок, а тая сякера-інвалід з раструшчаным тронкам усё будзе служыць. Несьмяротная сякера.

— Я гэта — па тапор зьбегаю, — ціха прапанаваў Дубчык.

— Давай, толькі хутка. А, ядры яго зьвер, — няўжо сьвітае?

— Аднак сьвітае, — пагадзіўся Саўчанка. — А ў мяне ў Кутах яшчэ пайка ня скошаная...

— Скосіш, пасьпееш! Ат, матары яго, давай разьлівай, дап'ем, і годзе, — раптам вырашыў Снайпер-Іван. — А то... Сумленьне не дазваляе.

— Не дазваляе. Сумленьне — яно тонкая рэч, — пагадзіўся Ляплеўскі, ужо бразгаючы бутэлькай аб пустую шклянку.

— Мне годзе, — сказаў Саўчанка.

— Годзе, дык годзе, — ахвотна пагадзіўся разьлівака.

— Нам болей дастанецца. Ага, вучыцель? — падхапіў Снайпер.

— Я ўжо пас!

— Што так? Ці брата не шкада? Я ж твайго Сяргея во як учора помню. Граматны мужык быў.

— Да, граматны.

— I дужа парцейны. Тожа ў калгас заганяў, — сказаў Саўчанка.

— Што ж, такая палітыка была.

— Ну, і яго загналі. Каб ня крыўдна было, — зноў зь нейкім намёкам сказаў Саўчанка.

— Каму ня крыўдна? — зьдзівіўся Ляплеўскі.

Усё ж яны добра выпілі, і думкі ў іхных галовах роіліся густа, блыталіся словы, што ня ў лад з думкамі ішлі зь языка.

— А ўсім — і камуністам, і беспартыйным, — няпэўна тлумачыў Саўчанка.

— Мой брат быў чэсны бальшавік, — пачынаў злаваць Ляплеўскі. — Гэта яго энкавэдэшнікі згубілі.

— Ён тут дваццаць чалавек згубіў, — удакладніў Снайпер-Іван, маючы на ўвазе Вусава. — I яшчэ мае нахабства сюды прыяжджаць на госьці. Ці ня ведае, што ўсіх рэабілітавалі?

— А, можа, ён мяркуе, што рэабілітавалі няправільна. Інакш гэта ж — брак у рабоце, — сказаў Саўчанка.

— Мы яму пакажам брак! Я яму самалічна чарапок раскрою! — лютаваў Снайпер-Іван, ускочыўшы з-за стала. Але ўпаў, зачапіўшыся гумавікамі за траву, зноў з натугай ускараскаўся на ногі. У той час з пашарэлага падворку сунуўся Дубчык зь сякерай у руках, якую ў яго адразу выхапіў Снайпер.

— Во гэтай сякерай галаву зьнясу!

Наглядна дэманструючы астатнім, як ён зробіць гэта, Снайпер-Іван шырока замахнуўся ў паветры, і сякера, зьляцеўшы з тронка, недзе тупа шпокнулася ў гародзе.

— Што гэта? Што ты мне прынёс, паскуда! А ну, шукай!

Дубчык моўчкі палез у гарод, поўзаў там пад плотам і ў градках, але знайсьці ня мог. Тады Снайпер-Іван выламаў бліжні кол з плоту, адкінуў на траву рэшту ссохлых лазовых перавязкаў.

— Пайшлі!

Ён быў ужо на добрым падпітку, але, мабыць, не заўважаў таго. Астатнія, відаць, цьверазейшыя за яго, напэўна, ужо сталі разумець сур'ёзнасьць сытуацыі і не адразу кінуліся за самазваным камандзірам. Хоць і не стрымлівалі яго. Першым з гатоўнасьцю скіраваў за Снайперам-Іванам Дубчык, пасьля з-за стала ўстаў Саўчанка. Ляплеўскі спрабаваў нешта намацаць на газэціне, ды кінуў і таксама падаўся сьледам за ўсімі.

— Мальцы, не адставаць, не адставаць мне!

Яны выйшлі з падворку на пустэльную ранішнюю вуліцу. Вёска спала, сонца яшчэ ня выкацілася з-за лесу, але навокал было ўжо добра відаць. Недзе ў хляве паблізу спазьнела пракукарэкаў певень, цераз вуліцу, вяртаючыся з начнога паляваньня, перабег чыйсь кот. Саўчанка збочыў на свой падворак і прыхапіў навостраную зьвечара касу — прыдасца. Ля плоту зраньня ўжо пасьвілася сівая каза Бараніхі, яна толькі азірнулася на мужыкоў і працягвала сваю традыцыйную справу. Бараніхі паблізу не было відаць, затое ў сваім двары Снайпер-Іван адразу ўбачыў жонку. Ну вядома, тая ня спала, як заўжды, калі гаспадар дзе-небудзь бавіўся, і цяпер стаяла ў варотцах.

— Куды гэта вы?

Снайпер-Іван зрабіў выгляд, што ня бачыць жонкі і важна пратупаў міма з калом на плячы. Тады жонка зьвярнулася да іншых.

— Аўдзей, Дубчык, куды гэта вы?

— Чакістага біць, — не адразу патлумачыў Дубчык.

— Ай, Божа, здурнелі, ці што! Жонка зусім выскачыла з варотцаў на вуліцу і аж залемантавала ў прадчуваньні хуткага злачынства.

— Спыніцеся, не чапайце яго! Не рабіце таго, вы сябе пагубіце, не хадзіце туды!

— Ціха, цётка! — прыкрыкнуў на яе Ляплеўскі.

Жанчына засталася ззаду, а болей іх ніхто не спыняў, і яны ня надта хуткай хадою ішлі па вуліцы.

Сядзіба Касатага была на канцы вёскі, і чацьвёра мужчын ня надта суладнай чарадой валакліся туды. Імі кіравала да мэты нязьдзейсьненая прага помсты, застарэлая крыўда, якая гэтак нечакана дала магчымасьць сквітацца. Ляплеўскі трымаўся трохі ў баку ад Снайпера-Івана, ягонай рашучасьці на вуліцы пачало бракаваць. Хоць ён і быў ня меней за іншых п'яны, але ня мог не разумець небясьпеку іхнай задумы, асабліва яе наступствы. Мусіць, трэба б запярэчыць гэтаму Снайперу, думаў ён, але пярэчыць усё не выпадала, і ён ішоў разам з усімі — цяпер сьледам за Дубчыкам. Дубчык жа, можа, упершыню адчуў сілу свае праваты і гатовы быў дзеля яе на што хочаш. Асабліва калі разам з мальцамі, на чале з адважным завадатарам Снайперам-Іванам.

Так яны прывалакліся нарэшце ў канец вёскі. Далей ляжаў пусты выган, а да сядзібы Касатага з вуліцы вёў нядбайна агароджаны плотам кароткі завулак. Прайсьці ў той завулак мальцы чамусь асьцерагаліся. Снайпер-Іван спыніўся, за ім спыніліся астатнія.

— А калі ён з нагана праз вакно... — сказаў Ляплеўскі.

Усе на хвіліну змоўклі, прыслухоўваючыся, але ні на падворку, ні ў хаце нічога не было чутна. Пасьля вечаровай гасьціны, мусіць, там яшчэ спалі.

— Я ж казаў: трэба было ўначы, — сказаў Снайпер-Іван.

— Трэба пачакаць: выйдзе. У дзевяць аўтобус, — патлумачыў Саўчанка.

Снайпер-Іван пагадзіўся:

— Правільна! Бы пры шашы ў засадзе.

Яны адышліся на другі бок пыльнай дарогі і спыніліся ля канавы. Нядоўгая вулічная праходка, падобна, стаміла іх пасьля бяссоннае ночы, і Дубчык першы сеў на зямлю за канавай. За ім на дробную, запэцканую курамі траўку апусьціліся Снайпер-Іван і астатнія. Побач Снайпер паклаў інструмэнт забойства — кол.

— Я яму як урэжу! — гразіўся ён. — А вы не зявайце. Як упадзе, адразу насесьці. Галоўнае, каб усе разам. Мы яму пакажам рэпрэсію... А закурыць? Ці ёсьць у каго закурыць?

Усе, аднак, маўчалі, здаецца, курава ні ў кога не было. Тады Снайпер-Іван вылаяўся і сьціх. Мабыць, трэба было патрываць, зрабіць сваю справу, а затым ужо дбаць пра курава ці яшчэ што.

З-за саламяных і шыфэрных дахаў выглянула нарэшце нізкае сьляпучае сонца. Саўчанка глыбей насунуў на вочы кепку. Ягонае звыкла заціснутае пачуцьцё было на парозе нейкага выйсьця. Адчуваў, калі б яны зьдзейсьнілі тое, на што наважыліся, яму была б палёгка. Толькі во гэты Снайпер... Саўчанка пачынаў сумнявацца ў ягоных якасьцях самазванага камандзіра-завадатара, і ўсё болей стаў пазіраць не на падворак Касатага, а на сьцежку ў поле. Там, згледзеў адразу, паявілася з касой раньняя кабета Бараніха, за пуняй на гародзе стала, пастаяла, няўцямна ўзіраючыся з-пад рукі на іхную купку на выгане. Яна ішла касіць пайку, тым напомніўшы Саўчанку пра ягоную патрэбу, і ён затурбаваўся:

— Ну, дзе ён там? Мне тожа касіць трэба.

— Ды чакай ты! У Сібіры не накасіўся! — груба папракнуў яго Снайпер-Іван. — Заб'ем, тады і скосіш.

Яны і яшчэ пасядзелі моўчкі. Напружана ўзіраючыся ў ненавісны падворак, які працягваў мірна спаць. Пэўна, пасьля добрага гасьцяваньня ўвечары. А можа, і ўначы. Але пачынаўся дзень, і ягоныя турботы ўсё болей апаноўвалі людзей. За парканамі суседніх падворкаў замільгалі жаночыя хусткі — гаспадыні распачыналі ранішнюю дойку, выглядвалі на вуліцу, калі пачнуць выганяць на пасту. Дбайна абскубваючы падплоцьце, да мужчын паволі набліжалася памаўзьлівая Баранішына каза. За ёй паявіліся на вуліцы тры хлапчукі, — зь цікаўнасьці да таго, што тут мела адбыцца. Паселі непадалёк пад плотам, моўчкі пазіраючы на мужчын.

— Ну, што ён там так доўга! — занепакоіўся і Ляплеўскі. — Хіба дняваць будзе?

— А можа, ён агародамі? Струсіць — па вуліцы, — памеркаваў Саўчанка.

— Дагонім! I ногі паламаем.

— Ну-ну.

Яшчэ пасядзелі колькі часу. Нарэшце, Саўчанка ўстаў з канавы.

— Ды ну яго ў дупу! Пайду касіць...

— Дрэйфіш? — злосна прыжмурыў адзінае вока Снайпер-Іван.

Не адказаўшы, Саўчанка ўскінуў на плячо касавільна і спорна пакрочыў краем вуліцы. Астатнія яшчэ болей апанурыліся, ужо амаль безнадзейна азіраючы абгароджаную сядзібу Касатага. Сонца тым часам прыўзьнялося над вёскай, стала прыграваць астылую за ноч зямлю. Снайпер-Іван стомлена адкінуўся на локаць, вальней выцяг у канаву доўгія ногі ў шэрых, падсохлых ад начное расы гумавіках. Трохі паляжаўшы, успомніў:

— Ляплеўскі, а там не засталося?

Ляплеўскі, што сядзеў побач, ленавата павярнуў да яго лысаватую галаву.

— Адкуль...

— Ты не цямні. Павінна застацца. У бутэльцы. Дубчык, а ну зьбегай. А то знаеш, — галава расколваецца.

Дубчык паслухмяна ўстаў і моўчкі патэпаў вуліцай у другі канец вёскі, дзе нешта павінна было застацца. Снайпер-Іван трохі пасядзеў яшчэ, але ягоная галава ўсё болей хілілася на грудзі, чалавека агортвала стома, і ён пляцнуўся плячмі на траву.

— Дык што ж цяпер мы — удвох? — няпэўна запытаўся Ляплеўскі.

Снайпер-Іван не адказаў. Калупаючы травіной у зубах, Ляплеўскі зірнуў на яго зьверху і зразумеў: іхны завадатар спаў.

— Ну во — дачакаліся!

Ён, аднак, працягваў сачыць за падворкам насупраць, ды там нічога пакуль не мянялася. Памаўзьлівая каза, між тым, ужо наблізілася да іх па канаве, недаўменна ўзьняла ад травы галаву і ўставілася на двух мужыкоў, што заміналі ёй пасьвіцца на яе звыклым шляху. Ляплеўскі замахаў рукой "Пайшла прэч!", ды марна: каза й ня думала саступаць. Хлапчукі насупраць засьмяяліся, мабыць, ім стала цікава ўбычыць, як настаўнік будзе адганяць бадлівую казу. Ён хацеў устаць і, як мае быць, шугануць яе, ды раптам на падворку Касатага ўбачыў людзей. Ну, вядома, адзін у кухвайцы, згорблены і белагаловы, — то быў сам галоўны вясковы сексот, побач ягоная баба, а сьпінаю да вуліцы стаяў мажны плячысты мужчына ў чорным пінжаку, з партфэлем у руках. Яны разьвіталіся. Парукаўшыся, госьць лёгкім жэстам дакрануўся да сьветлага капелюша на галаве і, азірнуўшыся, пайшоў да вуліцы.

— Іван! Іван! — Ляплеўскі штурхануў у бок таварыша. — Ідзе! Ён ідзе!

Снайпер-Іван толькі прамармытаў нешта і вальней выпрастаўся ў канаве. Ад прыкрасьці Ляплеўскі вылаяўся, ня ведаючы, што рабіць. Вусаў ужо згледзеў іх тут, за дарогай, і Ляплеўскаму здалося, зараз паверне назад — можа, на агароды...

Аднак Вусаў не павярнуў на агароды, толькі на момант замарудзіў хаду, выходзячы з завулка, і зараз жа даволі ўпэўнена скіраваў упоперак, цераз дарогу. Несумненна, да іх. Ад нечаканасьці Ляплеўскі марудна падняўся на ногі, паспрабаваў зашпіліць пінжак, ды пальцы чамусьці не маглі намацаць гузік. Ён ня мог адарваць позірку ад рослае постаці чэкіста, яго цьвёрдага, рашучага твару, караценькага гальштука на грудзях і — асабліва — ад стракатых радкоў ягоных узнагародаў на левай грудзіне. "Як у маршала", — мільганула недарэчная думка ў разварушанай сьвядомасьці настаўніка.

— Здарова, вучыцель! — бадзёра павітаўся Вусаў. — На касьбу сабраліся?

— Ды не, знаеце, — штось выціснуў зь сябе Ляплеўскі.

— А то хто? — кіўнуў Вусаў на распластаную постаць Снайпера-Івана.

— Ды так. Сусед...

— Ну, а как жысьць?

— Ды нічога.

Вусаў узіраўся яму проста ў твар, і ў тым позірку не было ні варожасьці, ні насьцярогі, адна спакойная ўпэўненасьць бязгрэшнага праведніка. Зьбянтэжаны Ляплеўскі ня мог даўмецца, як яму паводзіць сябе. Снайпер-Іван ляжаў, бы нежывы, а што ён мог адзін? Ды й наогул, ці варта было што рабіць? Упэўненасьць чэкіста абяззбройвала, і Ляплеўскі толькі ўнутрана ўсьміхнуўся зь нядаўняй свае рашучасьці. А яны яшчэ турбаваліся, дурні, каб гэты чалавек куды ня зьбег агародамі. Нашто яму куды бегчы?

— Я в курсе, — сказаў Вусаў, усё сьвідруючы сваім валявым позіркам. — Всех реабіліціравалі, выплацілі дзеньгі...

— Дзякуй, — нечакана выціснуў зь сябе Ляплеўскі.

— Галоўнае цяпер — не азлобіцца. Работаць, работаць нада! Для страны, для народа, для парціі...

— Ведама ж, партыя...

— Правільна! Парція ўсягда права! Чалавек можа ашыбацца, парція — нікагда. Ну, вучыцель, жалаю усьпеха.

Ён падаў на разьвітаньне руку, і Ляплеўскі, бы да агіднай жабы, слаба дакрануўся да яе. Затым хвіліну пазіраў усьлед яго мажнай, крутаплечай постаці, як ён усё далей ішоў па вуліцы, абмінаючы ссохлыя і сьвежыя каровіны лепяхі ў доле, і ня ведаў, што рабіць. Нават, што думаць. Са спазьнелаю злосьцю зірнуў на распластанага за канавай Снайпера, пад нагамі якога валяўся сухі кол з гнілым абламаным канцом.

Пасьля вылаяўся і паплёўся да свайго падворку.


1997

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/