epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Няўломак

1
2
3
4
5


1

У яго добрае імя — Косця, прыгожае прозвішча — Верас, а людзі клічуць Няўломкам. Калі ён быў яшчэ малы і жыў у вёсцы, тады яго звалі Рудым. Гэта, пэўна, таму, што ў Косці агністыя валасы і поўны твар густога рабаціння. Рабацінне тое крыху прытухае ўзімку, а пад весну разгараецца такой яркай чырванню, што хлопцы на рыштаваннях жартуюць калі; «Няма запалак — прыкурым з Няўломка».

Недарэчную гэту мянушку прыляпіў да Косці Правіла. Ён сапраўды гэткі ж доўгі 1 тонкі, як тая рэйкаправіла, якой муляры раўняюць цагліны ў радзе. Яшчэ ён злыдзень, бо не можа пражыць гадзіны, каб не пакрыўдзіць слабейшага. Яго многія пабойваюцца, многія абходзяць, а Косця дык ненавідзіць. Правіла плаціць яму тым жа, але хлопцу пляваць на яго адносіны: ён умее пастаяць за сябе. Калі б яшчэ гэткі быў Федзька, Косцеў аднавясковец і сябра, дык ім бы і не блага жылося. Але ў тым і бяда, што Федзька ціхманы і завельмі ўжо мяккі хлопец.

Вось і цяпер, доўгі і тонкі, як балотны хвошч, у расхлістанай на грудзях кашулі з’явіўся ў калідоры Правіла. Кашулю ён не зашпільваў, каб людзі бачылі цяльняшку, што ўзімку і ўлетку пярэсціць на яго грудзях. Косця ведаў, што гэта нават не цяльняшка, а толькі шкумат, які Правіла мацуе на целе шпагатам. Што з гэтага карысці — няўцям нікому, хіба толькі Правілу ямчэй хваліцца сваёй колішняй флоцкай службай.

Правіла спыніўся ў дзвярах, закурыў і хцівым позіркам вузкіх вачэй пачаў аглядаць чаргу. Чарга не дужа вялікая, але гаманкая і мітуслівая. Чалавек з трыццаць муляраў, тынкоўшчыкаў, арматуршчыкаў, цесляроў прыперліся да сцяны ўздоўж калідора, гаманілі і ціснуліся наперад. Некаторыя без чаргі лезлі і штурхаліся ля маленькага закратаванага акенца, застаўленага разлінаванай фанерынай, мабыць, ад якой-небудзь дошкі паказчыкаў. У гэтай фанерыне ўнізе — маленькая дзірачка, у якую толькі пралезе рука, каб чыркнуць у ведамасці і ўзяць грошы. У калідоры адны хлопцы. Дзяўчаты часам паказваюцца ў дзвярах, нясмела зазіраюць у гэты гоман і скарэй уцякаюць назад. Уцякаюць, бо Правіла ці яшчэ хто з гэткіх жа языкастых нахабнікаў не зазяваюцца і адразу ўсмаляць жарт, ад якога дзяўчыне адзін паратунак — уцячы.

Сціснуты спераду і ззаду і падпёрты сцяною, Косця цярпліва чакаў свае чаргі. Нахмурыўшы бровы, хлопец неўпрыцям пазіраў у парог, дзе, заклаўшы ў кішэні рукі, усё шныпарыў па людзях Правіла. Ён даўно ўжо атрымаў сваю палучку (без чаргі, вядома), збегаў, відаць, на рог спатоліць прагу, і цяпер яшчэ нешта трэба гэтаму злыдню. Косцік здагадваўся, каго выглядваў Правіла, і хлопцава нутро напаўнялася абурэннем.

— Федзька, — крыкнуў ён сябру. — Федзька, гэй!

Федзька быў ля самага акенца. На вокліч таварыша ён павярнуў белабрысы, круглы, заўжды з усмешкаю твар і моўчкі глянуў на сябра сваімі дзявочымі прыгожымі вачыма.

— Федзька, чакай мяне. Чуеш?

Пэўна, хлопец пачуў, але не адказаў нічога. Не адказаў, вядома, таму, што па калідоры да чаргі, раздзімаючы тонкія ноздры, ужо падыходзіў Правіла. Ён спыніўся збоч Косці, прыплюшчыў праз дым сваё хцівае вока і, не вымаючы з зубоў папяросы, ляніва спытаўся:

— Яшчэ морда цэла? Га?

— Не палохай, — спакойна адказаў хлопец. — Няма чаго абіраць людзей.

— Ага, так, Няўломак?

— Так.

Правіла яшчэ пажмурыўся з хвіліну, нібы згадваючы, што зрабіць гэтаму хлопцу, а потым, паводзячы з боку ў бок кашчаватай хрыбецінай, выйшаў на двор.

Чарга пасоўвалася марудна, хлопцы пацелі, штурхаліся ля акенца, цяжка было пралезці туды, але не лягчэй і вылезці. Ужо не адзін гузік, звонка цокаючы, каціўся ў кут па бетоннай падлозе. Але што там гузікі — сёння ўсе былі багатыя і вясёлыя, і хоць балелі бакі, але смяяліся твары, і ніхто не сварыўся.

Неўзабаве, адштурхоўваючыся ад людзей, нібы тыя не хацелі выпушчаць яго, вылез з натоўпу і Федзька. Яго шэрая кепачка нейкім цудам трымалася на патыліцы, хлопец аберуч прыціскаў да грудзей свой двухтыднёвы заробак.

— Глядзі ж, чакай мяне. Разам пойдзем, — папярэдзіў Косця.

Федзька кіўнуў галавой і адступіў на вальнейшае месца.

На дварэ наступаў вечар, і ў калідоры патроху цямнела. Недзе, змагаючыся з хмарамі, раз—пораз заглядвала ў акно сонца, і на сцяне пад столлю нядоўга, але ярка ззяла касабокая латка святла. Пакрысе яна ўсё менела і, нарэшце, знікла зусім. «Хоць бы не зачыніўся магазін,— занепакоіўся Косця. — Ну ды цяпер ужо хутка...». Яшчэ міне трохі часу, і ён атрымае палучку, заробленую жорсткімі, збітымі цэглай рукамі, і пабяжыць у ювелірны магазін. Там ён даўно ўжо аблюбаваў сабе жаданую пакупку — наручны гадзіннік «Кама» — дзівосную штуковіну з чорным цыферблатам і фосфарнымі лічбамі. Уначы, калі выключаць у інтэрнаце святло, яны будуць ціха свяціцца роўнымі зеленаватымі агеньчыкамі, бы тыя светлячкі на трухліне. Прачнешся, зірнеш — адразу відаць, колькі яшчэ спаць, ці скора ранак. На будоўлі таксама стане вунь як зручна, заўжды відаць, якая гадзіна, не трэба будзе чакаць гудкоў ці, задраўшы голаў, пытацца пра час у кранаўшчыцы Зінкі.

Чым бліжэй да акенца, тым цясней рабілася ў чарзе. Хлопцы бясконца штурхаліся, і ўсё таму, што адны стаяць гадзінамі, чакаюць, а другія пнуцца атрымаць адразу.

Вядома, гэта ўсё зубастыя ды хвацкія, і ніхто не дасць ім добрага адпору.

Адзін з такіх — Шпур, мурласты і рукасты дужака, заўсягдашні Правілаў хаўруснік. Рассоўваючы людзей локцямі, ён пралез да акенца і атрымаў грошы. Хлопцы бурчалі, але ціснуліся, саступалі з дарогі, і ніхто як след не дапёк гэтаму нахабніку. Адзін толькі Косця не хацеў зважаць і, хоць з выгляду быў зусім блазан супраць баксёрскай постаці Шпура, злосна кінуў з чаргі:

— Хлопцы, нашто пушчаеце? Хай бы пастаяў, падумаеш, цаца!

Шпур азірнуўся на голас, паказаў кулак і падаўся сабе ў дзверы. Косця пашкадаваў толькі, што не дадзена яму болей сілы — ён правучыў бы нягодніка як след.

Але вось і яго чарга. Хлопец нетаропка і роўна вывеў сваё прозвішча на чыстым радку і, падабрэўшы, пазіраў у акно, дзе ўжо мільгацелі яго хрумсткія паперкі. Як таго патрабуе парадак, ён тут жа, ля акенца, яшчэ раз пералічыў іх — 378 рублёў — здаецца, якраз хопіць на яго мару і яшчэ застанецца. На пражыццё не хопіць, вядома, але ён як-небудзь стрывае. Галоўнае — набыць гадзіннік, які ўжо сніцца яму амаль кожную ноч.

Хлопец вылез з чаргі, у патайную кішэню пінжака акуратна засунуў грошы, зашпіліў яе шпількай і пайшоў шукаць Федзьку.

На дварэ папырскаў невялікі дожджык і цяпер, хутка беручыся плямамі, падсыхаў асфальт дарожкі, духмяна пахла клейкае лісце таполяў. На бетонных прыступках высокага ганка сядзела некалькі хлопдаў, Косця зірнуў сюды—туды — сябра нідзе не было.

— Федзькі не бачылі? — устрывожана спытаў ён, адразу адчуўшы непакой у душы.

— Федзька? — ухмыльнуўся хлопец з запэцканым вапнаю тварам.— Быў ды ўвесь выйшаў. Змабілізаваны, брат, Федзька: пайшоў з Правілам.

Косця прыкусіў губу і насупіўся.

— Вось жа дурань! Казаў пачакай, дык не. А матка з дому дзвесце рублёў просіць — парася купіць. А ён вунь што!

— Лічы, што парася гэпнулася, — ухмыльнуўся хлопец.— Ужо Правіла паклапоціцца.

— Трэба шукаць, — вырашыў Косця. — Куды ж іх чорт панёс?

Ён збег з прыступак і ў брамцы спаткаўся з Зінкай. У чысценькай светлай сукенцы, у белых шкарпэтках, з малюсенькім чамаданчыкам у руках, яна была зусім нейкай інакшай, лепшай, чым звычайна, у сваёй зашклёнай будцы на кране.

— Зіна, не бачыла Федзькі? — спытаўся Косця, чамусьці асцерагаючыся глядзець у яе прывабны кірпаты твар.

— Не, не бачыла,— крутнулася яна, з затоенай усмешкай зірнула на яго і, узмахнуўшы чамаданчыкам, падалася ў кантору.

Косця трошкі затрымаўся, пагляд.зеў услед дзяўчыне і адвярнуўся. Усе навокал ведалі, што яна закахана ў Федзьку, гэтага прыгожага балбеса, а што ёй Косця? Да Федзькі яшчэ падбіваецца Шурка з бетонкі, Ванда са сталоўкі — вязе хлопцу на дзевак. У Косці ж няма нікога.

Косця выйшаў на вуліцу, паглядзеў у адзін бок, у другі, уздыхнуў і пайшоў шукаць сябра.

 

2

Болей за злодзеяў, нахабнікаў і хлусоў не любіў Косця п’яніц. За пражытыя ім васемнаццаць год хлопец вельмі добра пазнаў, якія беды нясе п’янства людзям. Гадоў колькі назад у яго была маці — ціхая лагодная жанчына, найлепшая за ўсіх людзей, якіх толькі ведаў Косця. Бадай, яна адна пасапраўднаму любіла гэтага рудагаловага хлапчука і клікала яго трошкі старамодна, але ласкава — Касцючок. Яны тады жылі на станцыі, у іх была лянівая каза і безліч дзівосных чыгуначных штуковін: цяжкія кіркі, ламы з раздвоенымі, як казіныя капыты, канцамі, флажкі, доўгая жалезная трубка з роўнем пасярэдзіне. Была яшчэ каляска на двух колах, у ёй маці катала яго на рэйках, калі вярталася з перагону, дзе падбівала шпалы. Косцік тады насіў фуражку з эмблемай ключа і молата на аколышцы, у яго кішэнях заўжды бразгацелі расплясканыя цягніком манеты. Гэта было ўжо далёкае, як сон, але незабыўнае шчаслівае жыццё. Бацькі тады не было.

Але вось аднойчы ў іх маленькі домік-будку з’явіўся бацька. Ён быў чорны ад вугальнага пылу, бруду і шчаціння, якое ніколі не выводзілася на яго твары. Маці спачатку хадзіла вясёлая, потым стала задумлівая, а пасля пачала плакаць. У іх не хапала грошай, а бацька, аднекуль позна прыйшоўшы ўначы, грукаў дзвярыма і незнаёмым грубым голасам клікаў маці. Маці палохалася, уцякала ў акно і хавалася ў палісадніку, а бацька кідаў па пакоі табурэткі і дзіка крычаў:

— Маня! Гадзіна! Хадзі сюды!

Косцік ад страху таксама выскакваў у акно, прыціскаўся ў кусце бэзу да дрыготкага цела маці і прасіў:

— Мамачка, мама... Уцячом! Давайце ўцячом...

Але маці нікуды не ўцякала, плакала і пазірала ўсё ў асветленае акно, дзе звярэў бацька. А той, ашаломлены гарэлкай, хапаў з—пад лаўкі сякеру і замахваўся на кафельную грубку — тую грубку, якую ім змураваў вартаўнік Восіп і якая дужа падабалася маці.

— Маня! — роў бацька. — Лічу да трох і крышу ўсё ў пыл!..

Ён і сапраўды пачынаў сеч грубку, аж пырскалі ў бакі кавалкі кафлі, і маці з крыкам кідалася ў хату.

Бацька бушаваў усю ноч. Біў маці, ламаў мэблю, шукаў Косцю, равучы на ўсю станцыю, што заб’е «рудога шчанюка». А на другі дзень гэты агідны чалавек поўзаў перад жонкай, цалаваў яе босыя ногі і плакаў. Маці таксама плакала, плакаў і Косця — ад нянавісці да бацькі і жалю да маці.

Неяк усё ж бацька ўціхамірыўся і не піў месяцы са тры. Маці зноў павесялела, памаладзела і, калі яны з сынам заставаліся ўдваіх, казала, што бацька добры, толькі хворы і нешчаслівы чалавек. Але Косця не верыў у гэта. Ён паранейшаму ненавідзеў бацьку, а бацька бачыў тое і ненавідзеў сына.

Аднак радасць маці была нядоўгай. Узімку пад новы год бацька зноў напіўся, выгнаў яе на снег і гнаў босую аж да суседняй вёскі Глінішчаў. Пасля маці захварэла і памерла. Бацька прадаў казу, разгойшыў набытак, запіў яшчэ болей, і Косцю жыць дома стала нельга. Хлопец надзеў стары мацерын кажушок, фуражку з эмблемай, узяў свой двухлязы ножык і пайшоў у вёску. Там яго прытуліла нейкая радня, ён дахадзіў зіму ў школу, а потым пасвіў жывёлу. Тады ж ён пасябраваў з Федзем і з ім два гады назад прыехаў у горад і паступіў у будаўнічую школу.

I вось цяпер гэты самы Федзька, ціхі добры хлопец, паддаўся шайцы Правілы і прапівае з ім свае грошы. А дома ў гэтага лайдака клапатлівая, старэнькая маці, якая кожны тыдзень шле яму пісьмы, у кожным пісьме яна абодвух іх называе сынкамі і ўсё бядуе пра іх цяжкае жыццё «на мурах». Дык як было стрываць хлопцу і спакойна глядзець, як на вачах у яго бэсціцца гэты неразумны, але ўсё ж свой чалавек.

I Косця шыбаваў па гарадскіх вуліцах, зазіраў у сталоўкі, закусачныя, піўныя — шукаў Федзьку.

 

3

Розных закусачных, бутэрбродных, піўных у горадзе было безліч. У кожнай каморыне памерам ледзь не з сабачую будку, дзе толькі магло змясціцца пяць чалавек, нейкія людзі гарадзілі прылавак, ставілі пару сталоў і прадавалі гарэлку. Косця даўно ўжо дзіву даваўся, чаму гэта адны чытаюць лекцыі, пішуць у газетах пра шкоду алкаголю, а другія гэтак заўзята гандлююць гарэлкай. Забараніць бы яе зусім ці выдаваць у аптэцы або хоць бы прадаваць раз у месяц перад якім святам, як тыя дрожджы. Дык не. На кожным рагу шырокімі радамі вабяць з вітрын спакуслівыя для дурняў бутэлькі.

Косцік аббегаў з паўгорада, злятаў за Нёман у славутую «Хвалю», зазірнуў у два рэстараны, аднак тых, каго трэба, нідзе не было. Ён занепакоіўся, што патраціў шмат часу і, мабыць, спазніўся. Увесь час, лётаючы па вуліцах, ён вельмі злаваўся на Федзьку і на сябе таксама, што адпусціў хлопца, не ўтрымаў. Што ён напіша Федзькавай маці, калі той прап’е грошы і нічога не пашле ёй. Вось жа безгаловая істота, ну хіба ж так можна? Калі б хоць Косця не засцерагаў яго, не гаварыў, што так нягожа, што трэба жыць сваім розумам, а не слухаць гэтага прайдзісвета Правілу. Дык не ж!

Так хлопец прыбег на вакзал, паглядзеў ля аднаго ларка, ля другога — знаёмых не было. Тады ён збочыў у завулак, дзе яны некалі вазілі арматуру на дваццацісямі-кватэрны дом, — там, здаецца, была піўная.

Тым часам паволі вечарэла. Косця хутка крочыў па няроўным вузенькім тратуары, зазіраў на шыльды. Было прыкра, што Федзька перастаў слухацца і рабіў яму адны клопаты. Ну але ён усё роўна не адступіцца, і калі ўжо ўзяўся, то вырве яго з гэтай кампаніі. Косця нават усміхнуўся з свае рашучасці,— мусіць, таму і клічуць яго Няўломкам, што ўпарты ён і заўжды гне сваю лінію. Але хай. Хай завуць, як хочуць, а характар ён перамяніць не можа.

Піўная сапраўды была на тым самым месцы — між вялікіх цагляных дамоў лісліва прыткнуўся яе зялёны фанерны буданчык. Угары над дзвярыма вісела, аднак, шыльда сасісачнай, але Косця ўжо ведаў гэтыя гандлярскія хітрыкі і штурхнуў зашклёныя дзверы.

Захожых было тут нямнога. Чалавекі два стаялі ля прылаўка, гэтулькі ж сядзела за столікам з аднаго боку дзвярэй, а за другім у куце хлопец убачыў знаёмыя твары. Прыпёршыся да сцяны, знемагаў ад п’янай асалоды расхлістаны, потны Правіла. Закаціўшы пад лоб невідушчыя вочы, ён хрыпла цягнуў нейкую няскладную песню і паныла матляў галавой. Збоку ад яго ўзлёгся на край стала Шпур, які, відаць па ўсім, быў тут за гаспадара — наліваў шклянкі, бразгацеў посудам і пад песні завадатара спраўна ўплятаў каўбасу. Насупроць яго сядзелі і жавалі закуску двое незнаёмых дзецюкоў. Але дзе ж быў Федзька?

Толькі прыгледзеўшыся, Косцік убачыў Федзю, і жаласць да яго балюча кальнула хлопца. Не дужа прывычны да гарэлкі, Федзя ўжо зусім аслабеў, адкінуўся на піўную бочку, схіліў на грудзі голаў і так пакутаваў. Косця ступіў да іх стала, і тады мурласты Шпур убачыў яго.

— Гэ, Няўломак! — гукнуў ён. Правіла сціх, злабаціў голаў, насцярожана ўтаропіў у хлопца выцвілыя вочы.

— Браткі, Няўломак зламаўся — піць пачаў, — сказаў Шпур і раптам зарагатаў, шырока разявіўшы рот, напханы каўбасою. Дзецюкі здзіўлена азірнуліся, Правіла ўсё падазрона ўглядаўся ў яго, паводзячы галавой. Косцю стала агідна ад гэтых п’яных выкрыкаў, нялюдскіх, нахабных твараў, і ён ступіў да сябра:

— Федзя,— нягучна паклікаў ён.— Федзя!

Федзя ачнуўся, убачыў яго, хацеў устаць, але пахіснуўся, і Шпур лёгкім дотыкам сваёй цяжкай рукі пхнуў яго на ранейшае месца.

— Цыц! — гаркнуў ён.— Во яшчэ нянька знайшлася. Маленькі, нос трэба абцерці, порткі надзець! Га? Ну дай ручку, Фядзюк, ён цябе ў яслі павядзе. Ты ж сапляк, блазан, а ён твой кодлач...

— Палундра! — раптам грымнуў Правіла і ляснуў па стале кулаком. Доўгі сухі твар яго наліўся п’янай лютасцю. Федзька няўцямна зірнуў на Косцю, на зрудзелага страшнага Правілу і жаласна ўсміхнуўся. На нейкі час стала ціха, Косцік цярпліва чакаў, хоць яго аж перасмыкала ад агіды і няёмкасці быць у гэтай адзічэлай п’янай кампаніі. I тады Федзька — той самы добры, падаткі Федзька, пра якога гэтак клапаціўся Косця,— замармытаў нейкім чужым і бездапаможным голасам:

— Адчапіся, Косцік. Ну чаго ты прывязаўся? Я ж сам не малы...

— Чуў? — другі раз грымотна зароў Правіла і зноў пагрозліва і запытальна ўтаропіў у хлопца свае п’яныя, затуманеныя бельмы. — Чуў? Каціся к сякой-такой матары, салага несалёная!..

За сталом заварушыліся. Шпур дэманстратыўна саўгануў да локцяў рукавы, агаляючы ўшчэнт статуіраваныя валасатыя кісці. Правіла рвануў на грудзях світку і, сагнуўшыся крукам, цяжка ўзняўся за сталом, бы збіраючыся праз яго скочыць на хлопца. Косцік насупіў бровы і не крануўся з месца.

— Федзька, ідзі дамоў! — цвёрда сказаў ён.

Але Федзька ўжо баяўся ісці, ён ніякавата патупіўся, каб не зірнуць у сябравы вочы, і туліўся да бочкі. А Правіла шырокім жэстам ускінуў над сталом доўгую кастлявую руку і тыцнуў на дзверы:

— Прэч, салага! Выгрузіць яго! Майнай, братва!

Хлопцы адкінулі табурэткі і падаліся да Косці. За прылаўкам завішчала буфетчыца, нехта з—за другога стала пачаў нерашуча суцішваць людзей. Косця, аднак, стаяў спакойны і стрыманы.

— Пусціце Федзю, — казаў ён. — Не маеце права спойваць яго. Яму грошы патрэбны, у яго маці...

Правіла зноў нешта зароў з—за стала, і Шпур растапыранай пяцярнёй ткнуў у Косцеў твар. Іншыя схапілі яго за рукі, за плечы, пачалі штурхаць у дзверы. Аднак дзверы былі вузкія, і Косця рашыў не здавацца.

У гэтай цеснай будыніне пачалася барацьба. П’яніцы таўкліся ля хлопца, штурхалі яго і адзін аднаго. Шпур учапіўся за нейчую нагу і так падвярнуў яе, што адзін п’яны дзяцюк зароў дзікім голасам. На Косцевых плячах затрашчаў пінжачок, нехта балюча выкруціў яму руку, крычала за прылаўкам буфетчыца, а Косця супраціўляўся з усяе сілы і ўсё цвярдзіў сваё:

— Пусціце Федзю. Пусціце... Не маеце права прапіваць яго грошы! Паразіты... Блатнякі...

Хлопца ўсё ж выштурхнулі за дзверы.

Шпур апошні раз балюча выцяў яго ў грудзі, і Косця, глуха войкнуўшы, апынуўся на вуліцы. Ззаду гучна бразнулі дзверы, і ўсё сціхла, а хлопец, душачыся ад крыўды і злосці, стаяў яшчэ на вышчарбленым тратуары і пазіраў у выбітую ў дзвярах шыбіну. Правіла сеў у куце, Шпур адразу ўзяўся наліваць шклянкі, дзецюкі, злосна сапучы, пачалі закурваць, а збоч, затуліўшы далонямі твар, сядзеў Федзька.

У Косцікавай душы зноў перамяшалася ўсё: і злосць, і крыўда на сябра, і хлынуў аднекуль жаль да яго, бездапаможнага і дурнога, і дапякала горыч ад свайго бяссілля. Але хлопец быў не такі, каб доўга паддавацца роспачы і адступаць перад сілай. Ён пастаяў яшчэ, падумаў і пайшоў, цвёрда рашыўшы дамагчыся свайго.

 

4

Соладка спіцца ў дажджлівы ранак выхаднога летняга дня. Не бяда, што грукочуць машыны на вуліцы, што стукаюць дзверы ў калідоры і чутна гамонка. Укарочаная танцамі, кіно і сустрэчамі, суботняя ноч займае часу ў нядзельнага ранку. I пластам ляжаць пад прасцінамі і коўдрамі падгуляўшыя хлопцы — ляжаць, пакуль не прачнецца хто першы і не наробіць крыку.

Косцік, аднак, даўно ўжо не спіць.

Каб не парушаць цішыні, ён ціхенька ляжыць на сваім скрыпучым ложку ў куце, пазірае ў столь і ніяк не можа перадумаць усяго. Хлопед зусім не выспаўся ў гэтую ноч, балела галава ад стомы, а болей ад непакою і перажыванняў, што турбавалі яго.

Учора ён усё ж дамогся, што апоўначы яны апынуліся ў мілідыі — і Федзька, і Правіла, і Шпур, і тыя два дзедюкі з аўтабазы. Мілідыянеры паклікалі туды і гаманкую буфетчыду, і дзядзьку з—за другога століка. Дзяжурны склаў пратакол, даў падпісаць яго ўсім і пасля буфетчыду, Косціка, Федзьку і дзядзьку пусцілі дамоў.

Пакуль хлопды ішлі ў інтэрнат па пустэльнай начной вуліды, Федзька крыўдліва бурчаў усё, што Косця нарабіў бяды, што дяпер ім не мінуць разбору на камсамольскім сходзе; павесяць, відаць, на ганебную дошку «Вілы ў бок», якой больш, чым мілідыі, баяліся Шпур і Правіла. Ды і на рабоце колькі будзе размоў, калі ў панядзелак даведаюцца людзі, што адбылося ў гэтую ноч. Ва ўсім ён вінаваціў Косцю, скардзіўся на яго задяты, нялюдскі характар, што давёў іх да такога сораму. Косця спачатку даводзіў сваё, лаяў неразумнага сябра, каторы раз тлумачыў, якія злыдні Шпур і Правіла і чаго дастукаецца Федзька, калі не пакіне вадзіцца з імі. Косця і гарачыўся і злаваў, але потым змоўк. Хіба мог тады зразумець што-небудзь гэты яго п’яны дурань? Другая справа пасля, калі той праспіцца, — ужо ён паставіць тады пытанне рубам — ці з Косцем, ці з Правілам. З гэтым намерам хлопед і прачнуўся ўранку.

На дварэ, відаць, ішоў дождж, у пакоі быў змрок. Верхавіна таполі, што заўжды зазірала ў акно іх паверха, устрывожана варушыла мокрым лісцем; з карніза за шыбай мерна падалі вялікія кроплі. На ўсіх шасці ложках яшчэ спалі хлопды, за тумбачкай побач ціхенька скурчыўся Федзька. Косцю здалося, што ён спіць, хлопед неўпрыдям зірнуў на сябра — а той шырокімі сваімі дзявочымі вачыма самотна глядзеў у акно.

Косця збіраўся як след вылаяць яго, ужо двярозага і разумнейшага, накрычаць, каб ведаў, што ён не прымірыцца з гэтай распустай. Але выгляд у Федзькі быў такі вінаваты і гаротны, што Косця змоўчаў.

Паляжаўшы яшчэ з гадзіну, Косця ўстаў, старанна заслаў ложак, увесь час мінаючы позіркам сябра. Той таксама маўчаў і ўсё маркотна глядзеў у акно. Косця яшчэ патаптаўся крыху ў праходзе, пасля закінуў на плячо ручнік, узяў мыльніду і пайшоў у мыцельнік.

У вузкім гэтым цемнаватым пакойчыку з ночы гарэла пад столлю лямпачка, пад кранам мыўся тынкоўшчык з сёмай брыгады. Тынкоўшчыкі любяць папаласкацца ў вадзе, і гэты хлопед мыўся старанна і доўга, аж стогнучы ад асалоды. Пасля ён гэтак жа старанна выціраўся і, ужо канчаючы, запытаў у Косці:

— Ці праўда, кажуць, ты на Правілу і Шпура ў мілідыю даказаў?

— Праўда,— коратка адказаў хлопед, намыльваючы рукі.

— I на сябрука свайго Федзьку таксама?

— Таксама.

— Здорава, брат.

Тынкоўшчык не сказаў болей нічога, сабраў сваё начынне і пайшоў, але Косцік выразна адчуў яго варожасць і пагарду да сябе.

Адразу засмуткаваўшы невядома чаму, ён нетаропка памыўся. Вось не разумеюць людзі, чаго дабіваецца Косця, не разумее і Федзька. Усе думаюць, што ён які дзівак, упарты Няўломак, што ён дзеля свайго нораву бунтуе супроць звычайнага, прывычнага, хоць і нядобрага. «Хто не п’е? — усе п’юць, толькі трэба ўмеючы, каб усё было ціха і гладка», — кажуць людзі. Але хіба п’янка прынесла каму дабро?

Калі Косця вярнуўся ў пакой, Федзька ўжо ўстаў. Паставіўшы на падлогу босыя ногі, ён нерухома сядзеў на ложку. Галава хлопда з раскудлачанымі валасамі дяжка звісала долу. Косця не вытрымаў:

— Ну што, кепска?

Федзька не адказаў.

У інтэрнаце рабіць не было чаго, але Косця не спяшаўся на снеданне. Без пільнай на тое патрэбы ён пачаў перакладваць драбязу ў тумбачды — яму карцела ўсё ж дапячы Федзьку.

— Дык здаволіўся ўчора? Можа, і сёння таго ж хацеў бы? Дурны ты, як пень альховы, скажу я табе па шчырасці.

Федзька ўсё маўчаў, хіляч ы голаў. Ён аблакаціўся на калені, падпёр кулакамі скроні і быццам не чуў злосных Косцевых слоў.

У той час пачалі прачынацца хлопды, заварушыліся пад коўдрамі, прыслухоўваючыся да гамонкі. Косця змоўк і, прыгадаўшы, што ў яго адарваны рукаў пінжака, пачаў прышываць. Федзька ўздыхнуў, узняў на хлопда самотныя вочы і вінавата папрасіў:

— Пазыч мне грошай, а, Косця?

— Во, якраз усю ноч чакаў,— з’едліва адказаў Косця, строга азіраючы сябра.— Прапіваць дык з Правілам, а пазычаць у мяне.

Федзька заварушыўся, пакутна паморшчыўся сваім круглявым тварам.

— Ведаеш... маці ж паслаць. Думаў, застанецца, ды дзе там...

— П’яніда ты няшчасны, — узлаваўся Косця. — Да чаго ж ты дастукаўся, дурань? Столькі грошай прапіць — дзе твая галава была? Не дам ні рубля, хоць канай. Хай табе Правіла дае, — злосна абвясціў Косця.

Федзька ведаў характар сябра і болей не прасіў. Ён узяў ручнік і выйшаў з пакоя.

Косця завязаў вузельчык, адарваў нітку і ўздыхнуў. Новы невясёлы клопат усё болей агартаў яго. Што дяпер было рабіць з гэтым дурнем? Хто яму дасць грошай, каб паслаць маці? Вядома, піць дык сяброў знойдзецца шмат, а вось памагчы небараку, апроч Косці, няма нікога.

Сяк—так Косця прышыў рукаў — атрымалася нішто сабе, добра яшчэ, што парвалі па шве, а не па дэлым. Косцік узняў адзежыну за плечы, разгарнуў. Пінжачок быў суконны, ужо не новы, заплямлены, лепшага хлопед не меў — усё неставала грошай. Але што пінжак — ён паслужыць яшчэ, а вось гадзінніка шкада. Купіць яго ўжо не прыйдзецца пакуль што, і ўсё гэты Федзька...

 

5

У сталовай Косця снедаў адзін — ён быў невясёлы. Федзька неўпрыдям знік з інтэрната, і сябра думаў дяпер, што з яго земляком робіцца нешта благое. Мусіць, прыйдзецца схадзіць да старэйшых — да прараба !вана Сымонавіча або ў камітэт камсамола. Усё роўна так гэтага пакінуць нельга — нельга дапусціць, каб хлопед спіўся — што тады скажуць пра іх абодвух у далёкіх Глінішчах?

Заплаціўшы за сняданак, Косця паціху падаўся на выхад. На дварэ сыпаў дробненькі, але густаваты дожджык, і ў дзвярах таўкліся дзяўчаты і некаторыя хлопды, што зранку ўжо апрануліся ў лепшае. Дождж дяпер палохаў іх, і яны ў нерашучасці чакалі, баючыся выбягаць на мокрае. Косця аднак не баяўся — наставіўшы каўнер пінжака, ён ступіў з ганка.

Хлопед ішоў на пошту.

Ён рэдка калі заходзіў у гэты вялізны будынак на галоўнай вуліды. Ніколі ў яго не было тут ніякай патрэбы — ён нікому не пасылаў нічога і ні ад каго не атрымліваў. Толькі калісьці ўзімку яны з Федзькам прыходзілі сюды па пасылку ад ягонай маці і пасля з тыдзень ласаваліся смачнымі вясковымі каўбасамі. Федзька тады быў цішэйшы, і Косця меў болей улады над ім.

На пошце Косця нагледзеў патрэбнае акенда ў вялізнай зале, папрасіў у дзяўчыны картку паштовых пераводаў і прысеў за сталом. Не прывыкшы да пісаніны, ён аж уходаўся, пакуль напісаў усе адрасы, суму лічбай і пропісам. Калі ўсё было зроблена, хлопед зірнуў на другі бок карткі — там таксама трэба было напісаць штосьці. Косця падумаў, незнарок капнуў з пяра на заплямлены і без таго стол і не надта прыгожа вывеў: «Мама, пасылаю вам 200 руб. Жыву добра, прадую з Косцем. Федзя».

Пасля Косця адшпіліў сваю тугую кішэню і падышоў да акенда.

Трохі паспакайнеўшы, хлопед вяртаўся ў інтэрнат. Дождж спыніўся, разы са два з неба ўсміхнулася сонда і, нібы засаромеўшыся сваёй усмешкі, схавалася зноў. Надвор’е пад поўдзень абядала ўсё ж разгуляцца. Па вуліды шпадыравала безліч народу. Зграбна апранутыя ў кароценькія шэрыя курткі, беглі кудысьці дзяўчаты-студэнткі. Косдя стрымана глядзеў на іх мільготкія вясёлыя твары, але ніводная з дзяўчат не затрымала свайго позірку на гэтым адзінокім нехлямяжным хлопды.

I раптам у людской мітусні з—за рога паказаўся Федзька, а з ім поплеч — Зіна. Косця чамусьці аж узрадаваўся, убачыўшы дзяўчыну і свайго няўдалага дружбака. Але нешта новае, насдярожлівае мільганула на вясёлым Федзевым твары — ён тузануў за рукаў Зіну і сышоў з тратуара. Дзяўчына, няўдямна азіраючыся, таксама падалася за ім, і яны апынуліся на другім баку вуліды.

Ад нечаканасці Косця спыніўся і прыкусіў губу.

Але нездарма ён зваўся Няўломкам, каб лёгка адступіцца і дазволіць Федзьку канчаткова сапсавацца. Ён паказаў сябру кулак і, поўны рашучасці, перайшоў вуліду. Трэба было высветліць адносіны і, як кажуць, паставіць кропку над «і».


1958

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/