epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Пастка

1
2
3
4
5
6
7
8


1

На першым заходзе атака сарвалася.

Ахапіўшы падковай вышыню, рота спрабавала ўварвацца ў траншэю на самай вяршыні, але не дайшла нават да палавіны схілу. Шквальны агонь нямецкіх кулямётаў паклаў аўтаматчыкаў на голым, умерзлым ад ранішняга марозца, палетку, і так нейкі час паляжаўшы на ветры, яны перабежкамі вярнуліся туды, адкуль пачыналі.

Гэта быў глыбокі, голы, без кустоўя, роў з рэдкімі плямамі яшчэ не расталага снегу і замерзлым ручаём пасярэдзіне; ён хаваў ад агню, ад неаслабнага напору сцюдзёнага сакавіцкага ветру і даваў магчымасць вырашыць, што рабіць далей. Трохі аддыхаўшыся на яго зацішным ад куль баку, ротны – капітан Арлавец – паклікаў абодвух сваіх камандзіраў узводаў і, незадаволены і раззлаваны, ні на каго ні разу не глянуўшы, пачаў:

– Бабы! Клапы! Заморкі! Які дурань вам аўтаматы даў?

Нацягнуўшы на галаву каўнер паўшубка, ён бокам ляжаў за ўзроўкам і, трымаючы ў зубах цыгарку, высякаў «кацюшай» іскру. Кавалак зломанага напільніка звонка лязгаў па крэмені, да якога вялікі, з жоўтым пазногцем, палец прыціскаў трут – пучок белых нітак, выцягнутых з брызентавай дзягі. Але капітан злаваўся, не трапляў па патрэбным месце, і слабая зеленаватая іскрынка, ледзьве бліснуўшы пад крэсівам, адразу ж гасла.

На злыя капітанавы словы ніхто не адказваў – ні тэлефаніст Капусцін, курносенькі, зыркасты хлопец, што скурчыўся ля абшкрэбанай скрыначкі УНФ, амаль з галавой узлезшы ад сцюжы ў расшпілены на грудзях шынелак; ні маўклівы, пакорлівы з выгляду малодшы лейтэнант Зубкоў, які, седзячы на пале свайго яшчэ не абношанага шынелка з новенькімі, але ўжо зламанымі напалам пагонамі, старанна калупаў зямлю. Побач з ім, месцячыся на крутаватым схіле таксама маўчаў лейтэнант Клімчанка, якога, аднак, распірала ад злосці на ўсе гэтыя няўдачы, а найбольш на самога ротнага.

– Чорта ад яе прыкурыш. Ану, высякай сам!

Арлавец злосна шпурнуў пад нос сувязісту яго неадмысловую курэцкую прыладу. Сувязіст моўчкі адклаў трубку і, захінуўшыся ад ветру, пачаў лязгаць крэсівам. Тым часам капітан сеў і выняў з тонкіх нервовых вуснаў цыгарку.

– Трэці ўзвод адстаў, першы расцягнуўся, як тая кішка, парадку ніякага. Вы камандзіры ці пастухі, чорт бы вас пабраў? – казаў ён, ссунуўшы бровы і ваўкавата гледзячы на ўзводных.

Зубкоў ад тых слоў яшчэ болын зацяўся, а Клімчанка шпурнуў у роў глыж.

– А што вы крычыцё? Мы што – у рове сядзелі? Ці збаяліся? Ці занялі вышыню і здалі? Вунь – падысці не дае – на тое глядзіце! – махнуў рукой у бок вышыні Клімчанка.

Капітан марудна спыніў на лейтэнанце цяжкі злы позірк.

– Ты што? – выдавіў ён з сябе пагрозліва і сурова.

Сувязіст тым часам прыпаліў трут і, устаўшы на каленях, працягнуў яго капітану. Але Арлавец нібы не заўважыў таго, і вецер дарма круціў у паветры тонкі струменьчык дыму.

– Ты гэта што – мітынгаваць уздумаў?

Лейтэнант паставіў каўнер свайго пасечанага асколкамі паўшубка, з дзірак якога тырчала клочча белай поўсці.

– А то! Хопіць на чужым гарбу ў рай ехаць, – запальчыва сказаў ён і адвярнуўся ўбок.

Круглявы, малады яшчэ твар яго з крутаватым падбародкам затаіў крыўду і злосць. Ротны ссунуўся на абрыве на якіх тры крокі і, перапаясаны рамянямі, стаў насупраць узводнага.

– Гэта хто едзе? Я еду? Ану, гавары прама!

– Ды і вы таксама! – кінуў Клімчанка і стаў пазіраць у роў.

Ён не баяўся капітана, хоць ведаў яго крутаваты нораў, бо сам ваяваў у гэтай роце з зімы, ведаў кожнага байца, таксама як яны ведалі яго. Арлавец жа быў чалавек новы, і хоць у баязлівасці яго ніхто не папракнуў бы, але ўсё ж з першага дня байцы неўзлюбілі капітана за яго, бадай, празмерную жорсткасць. Цяпер ад усёй гэтай сутычкі Клімчанку зрабілася прыкра, і ён, стараючыся стрымаць сябе, пачаў абцасам збіваць з абрыву глыжы. Земляныя камякі, падскокваючы, навыперадкі каціліся да ўмерзлага ручая, за імі церушыла жарства. Ротны, які стаяў побач, самкнуўшы бровы на худым, счарнелым ад сцюжы і шчаціння твары, праз зубы кінуў:

– Ану, прыкусі язык!

Нервова крутнуўшыся да яго, Клімчанка ўскінуў галаву.

– Што? Праўда вочы коле?

– Ах, праўда! Дык я табе скажу праўду. Твой узвод самы горшы. Самы марудлівы. Ён затрымаў роту. Ён сарваў тэмп наступлення.

Клімчанка ўскочыў на ногі, локцем піхнуў назад туга набітую кірзавую сумку.

– Мой узвод сарваў? Немцы сарвалі! Вось! Шэсць іхніх кулямётаў сарвалі. Вы што, не бачылі? – перастаючы сябе стрымліваць, закрычаў лейтэнант.

Сувязіст, уражаны гэтай сутычкай, разявіўшы рот, нерухома сядзеў ля апарата. Зубкоў сагнуўся яшчэ ніжэй і старанна калупаў свой кірзавы бот. На беразе рова з ямак-акопаў высоўваліся і застывалі ў нямое цікаўнасці галовы ў шапках і касках.

– Гэта што такое? – тупнуў Арлавец сваімі парудзелымі ад падпалін валёнкамі. – Вы на гулянцы ці ў арміі?..

Ён не дагаварыў, як наверсе на ўзгорку, мусіць, нехта неасцярожна высунуўся, і доўгая кулямётная чарга з вышыні шалёна разанула паветра над іх галовамі. На тым баку рова пасыпалася жарства, і калі вецер здзьмуў пыл, у мерзлай зямлі на абрыве сталі відаць некалькі ямак ад куль.

Арлавец, па-ранейшаму бычачы голаў, павярнуўся да ўзводнага.

– Ты ў мяне дачакаешся! Я цябе прымушу з адным узводам вышьшю браць. Тады запішчыш. Разумнік...

Лейтэнант крыва ўсміхнуўся.

– Ну і што ж! Трэба – пайду з узводам. Толькі вазьму – вам дакладваць не прыйдзецца. Сам у полк далажу.

– Ах, так?

– Так!

Капітан на паўхвіліны застыў, знямеўшы тварам і штось напружана вырашаючы, а Клімчанка, стоячы побач, чакаў. Сапраўды, ён гатовы быў атакаваць вышыню і з адным узводам, страху ад таго не адчуваў і хоць надзеяй на поспех таксама сябе не цешыў, але цяпер больш за ўсё астатняе не хацеў у чымсьці ўступіць капітану.

Арлавец тым часам, цяжка ступаючы валёнкамі, узлез на адхон і сеў на сваё ранейшае месца каля тэлефаніста.

– Ну, дзе агонь? – успомніў ён пра непадпаленую цыгарку ў пальцах.

Сувязіст зноў пачаў стукаць крэсівам.

– Вось што! – сказаў ротны падумаўшы. – Я такога не дапушчу. Балбатунам я жалезам языкі папрыпякаю. Іш, разгільдзяй той распусціў роту!

Гэта быў намёк на ранейшага камандзіра роты, старшага лейтэнанта Драніцына, параненага тыдзень назад. У палку аб ім гаварылі рознае, але Клімчанка на гэты конт меў сваю думку і цяпер сказаў:

– Каб усе ротныя такія былі, як Драніцын, дык ужо на вышыні паабедалі б.

– Што? Абараняеш? Канечне! Два боты – пара.

Клімчанка прамаўчаў.

– Ладна, – мякчэй ужо сказаў Арлавец. – На тым кропка. Каб мне ні-ні... Зразумела? А цяпер давай сюды.

Зубкоў, чагосьці не разумеючы ў перамене настрою камандзіра роты, марудна ўстаў, абціраючы з полаў пясок, а Клімчанка, насупіўшыся, стаяў унізе. Капітан тады, мяняючы тон, знарок грубавата прыкрыкнуў:

– Ну, што надзьмуліся? Давай бліжай!

Зубкоў, прыгнуўшыся, хуценька шмыгнуў да капітана, і Клімчанка, трохі памарудзіўшы, таксама палез угору.

Па голым схіле рова дзьмуў сіверкі марозны вецер, разгарачанае нядаўняй беганінай цела пачало астываць, лейтэнант тужэй падцягнуў дзягу і неахвотна пасунуўся да камандзіра роты. Твар узводнага быў па-ранейшаму змрочны.

Капітан тым часам прыкурыў, глынуў дым. Коратка бліснуўшы на лейтэнанта выпрабавальным, але ўжо нязлым позіркам, ён выцяг з-за пазухі карту.

– Так. Усё. Слухай задачу. Атакуем зноў...

 

2

Праз пятнаццаць хвілін атакавалі.

Без аніводнага стрэлу, моўчкі, усе разам высыпалі з рова і кінуліся на вышыню.

Немцы спачатку маўчалі, – можа, не заўважылі іх, а можа, чакалі, і з хвіліну ў ветраным сакавіцкім прасторы чуцён быў толькі бязладны дыхавічны тупат паўсотні пар ног. Людзі настылі за ранак на гліністым умерзлым доле, таму адразу рванулі дружна, аднак шлях іх пралягаў угору, бегчы было багата і такога імпэту хапіла ненадоўга. Правы фланг першага ўзвода неўзабаве загнуўся і пачаў адставаць; гэта было дрэнна, але лейтэнант Клімчанка не наважыўся парушыць цішыні, каб закрычаць на малодшага сяржанта Галаногу, які там камандаваў. Сцяўшы ў кулаку пісталет з раменьчыкам, прычэпленым да дзягі, ён бег з усімі як мага хутчэй туды, угору, дзе, нарыхтаваўшы кулямёты, чакалі, каб разам ударыць, немцы. Злева ад яго і далей пад лес, крыху марудней, адстаючы, трухаў з ардынарцам Арлавец. Час ад часу ён паварочваўся да першага ўзвода і на хаду трос кулаком – хутчэй! Клімчанка, аднак, не дужа зважаў на гэта; цяпер у ланцугу ён нейкім чынам стаў незалежны ад ротнага, сам ведаў, што трэба хутчэй, толькі салдацкія сілы не дужа падпарадкоўваліся і яму. Лейтэнант бег, адчуваючы, як датлявае ў ім рэшта ранейшае злосці, што прарвалася там, у рове. Ён пачаў ужо звыкацца з думкай, што капітан «арап» і «гарлапан», што ён не пашкадуе бацьку, каб выслужыцца – выпнуцца перад начальствам. Але ўсё ж ён мусіў слухацца ротнага і нават больш: пасля ягоных абраз быў поўны рашучасці ўварвацца ў траншэю ў што б там ні стала. Таму ён і бег так. Гэта быў разлічаны на адну толькі нечаканасць рывок, ад яго імпэту залежала, ці палягуць яны тут, на голым умерзлым схіле, ці, калі пашанцуе, возьмуць вышыню.

«Шась-шась... Шась-шась», – мялі струхлелы ржэўнік неданошаныя зімою валёнкі, гамашы з зялёнымі, шызымі, чорнымі абмоткамі, тупалі каляныя англійскія чаравікі, стаптаныя кірзачы. Паблізу ў некага на рамяні ці ў рэчмяшку мерна і нудна лязгаў пусты кацялок. «Не мог прыладзіць, разгільдзяй!» – злосна азірнуўся Клімчанка. Людзі беглі абапал яго; расшыраныя вочы боязна мітусіліся па вышыні; хакалі асіплыя ад стомы і прастуды грудзі; матляліся почапкі аўтаматаў. Вецер курэў у ржэўніку пасмамі пылу, угары ў непагодным небе плылі і кудлычыліся шэрыя хмары. Ветраныя парывы раздзімалі запэцканыя зямлёю полы паўшубка ўзводнага, дзьмулі праз дзірку ў бок, сцябалі па разгарачаным твары матузамі ад шапкі, але Клімчанка не прыкмячаў таго – бег. Адна толькі думка кіравала цяпер ім – хутчэй. Хутчэй, пакуль не ўдарылі немцы, пакуль ціха, прабегчы б хоць лішні дзесятак метраў да гэтай вышыні, куды, ведаў ён, шлях вось-вось абарвецца шквалам агню.

Рота выбягала з-за пагорка на адкрытае. Клімчанка ўжо ўбачыў перакапаную траншэяй вышыню – усю, ад лесу да пакатага схілу ў бок вёскі, на якім па разорах і пад узмежкамі бялелі рэдкія плямы бруднага, змерзлага ўранні снегу. I тады згледзеў, як скрозь на брустверы матлянуліся ў бакі і замерлі пляскатыя каскі. У той жа момант вецер данёс аслаблены адлегласцю ўскрык:

– Фойер!..

Раней, чым канчаткова згас у паветры гэты ўскрык, цішыня ўзарвалася громам, які праглынуў каманду і тупат ды цяжкі змораны соп людзей. Першыя чэргі рванулі тугое паветра над іх галовамі, побач нехта тоненька, не па-мужчынску ўскрыкнуў. Клімчанка хіснуўся ніжай, прыгнуўся, але зараз жа выпрастаўся, азірнуўся – на пяць крокаў ззаду, расчырванеўшыся маладым белабрысым тварам, бег з аўтаматам ягоны ардынарац Косця. Каска раптам гайданулася на яго галаве, пэўна, збітая куляй, саўганулася на вуха; хлопец піхнуў яе назад рукавіцай, зноў падхапіў за ствол аўтамат і кароценька, аднымі вачмі, усміхнуўся камандзіру. Аднак лейтэнант ужо не заўважыў тае ўсмешкі, ён бачыў, што правы фланг адставаў усё болей. Нявёрткі стары Галанога з падапхнутымі пад дзягу поламі шыняля, відаць, прыставаў, то бег, то спыняўся – кідаўся ўбок, нечага крычучы на байцоў, якія ўсё болей замаруджвалі бег і, відаць, гатовы былі залегчы. Гэтага дапусціць было нельга, і Клімчанка, адчуваючы, як ззаду крычыць і лае яго Арлавец, таксама ўскінуў угору абедзве рукі і затрос імі, крыкнуўшы сарваным, асіплым голасам:

– Галанога! Такую тваю... Уперад! Бягом!

Але словы яго глухлі ў віхуры бою, ён і сам не пачуў іх і, зразумеўшы гэта, яшчэ некалькі разоў патрос у паветры кулаком з пісталетам. Пасля рвануўся за ротай. Кулі густа нізалі паветра, зыўкалі, верашчалі, на ўсе галасы скуголілі, дзяўблі мерзлы дол пад нагамі, пырскаючы жарсцвянай зямлёй. Хмарнае паднябессе гуло, галасіла, пішчала; здавалася, нейкая ашалелая сіла раз’юшана буяніла ўгары, і нават не верылася, што ўсё гэта грымотнае страхоцце скіравана супраць рэдзенькага ланцужка ўшчэнт змораных людзей, якія падалі, ішлі і трухалі па шэрым схіле, марудна набліжаючыся да вышыні.

– Уперад! Уперад! – крычаў лейтэнант, даганяючы рэдзенькі шэраг людзей, якія адолелі ўжо, мабыць, палову шляху.

Але шквал агню з вышыні рабіў сваю справу: байцы замаруджвалі бег, ніжэй прыгіналіся да зямлі, некаторыя ўжо ляжалі на ржэўніку, і некалі было даўмецца, забітыя гэта або тыя, што проста збаяліся. У нейкай секунднай паўзе скогату ён, аднак, улавіў слыхам слабенькі, боязны стук пэўна таго ж кацялка і кораценька, радасна падумаў – жывы! Але цяпер не да таго было, каб думаць, хто гэта. Клімчанка адчуваў, што першы такі добры імпэт змарнеў і што ўзвод вось-вось заляжа. Сэрца яго шалёна гоцала ў грудзях, гаркота ад стомы распірала лёгкія, у скронях з натужным звонам білася кроў. «Хутчэй! Хутчэй! Хутчэй!» – стукала ў галаве ўпартая думка. Ужо недалёка пралегла дарога, – вытаялы з-пад снегу, умерзлы і вузенькі палявы шлях з рэдкімі грыўкамі быльнёгу паабапал. Ад дарожкі да траншэі было сотня крокаў, ні ў якім разе нельга было даць узводу залегчы тут, – у што б там ні стала трэба было дарвацца да бруствера.

Аднак не паспелі яны дабегчы да тае дарогі, як аднекуль з вёскі ў фланг ім ударыла аўтаматычная гармата. Першыя яе дробнакаліберныя чэргі важна загрукалі ўдалечы, сінія трасёры мільганулі па чорнай зямлі, і калючыя клубкі разрываў рассыпаліся па ніве. Некалькі байцоў упалі і суконнымі камякамі застылі на ржэўніку, адзін упусціў аўтамат і, абхапіўшы далонямі твар, з крыкам кінуўся назад па схіле. У той жа момант хлёсткія, гарачыя трасы разанулі каля ўзводнага, ударылі па зямлі ззаду, матлянуліся далей уздоўж няроўнага ланцуга роты. Ад неспадзеўкі Клімчанка на момант разгубіўся, але тут жа з незвычайнай выразнасцю сцяміў, што трэба зрабіць, і рвануўся наперад. Ён абмінуў суседняга ў ланцугу байца з расшкуматаным на спіне рэчмяшком, з якога высунуліся анучы; вецер засцябаў па плячах канцом ручніка. Баец марудна, трацячы сілы, спрабаваў устаць на калені, але хістаўся, відаць, паранены, і ўрэшце зусім упаў тварам у ржэўнік. Вецер пругкаю хваляй біў у твар узводнаму, які, не азіраючыся, услухоўваўся толькі ў тупат трафейных Косцевых ботаў ззаду. Ён ужо не спрабаваў падганяць байцоў, перастаў падаваць каманды, адно бег, апераджаючы ўсіх, ведаючы, што толькі так можна не даць людзям залегчы. Ззаду і па баках умерзлую зямлю злосна лупцавалі пыльныя чэргі тае аўтаматычнай тарахцелкі.

Разбіўшы падэшвамі тонкі лядок у вымерзлай лужынцы, лейтэнант перабег дарогу, пераскочыў канаву з пыльнай сохлай травой і, хілячыся долу, пабег далей. Траншэя была ўжо зусім блізка, праз якіх дваццаць крокаў, калі агністыя калючыя клубкі разрываў сыпанулі амаль пад самыя яго ногі. Асколкі віскліва рванулі полы паўшубка, бы дубцом сцебанулі па кірзавых халявах ботаў. Клімчанка ўпаў – першы раз за гэтую атаку – з усяго маху, як бег. Але, здаецца, ён уцалеў. Яшчэ не ўпэўнены ў гэтым, лейтэнант ускінуў галаву, праз неаселы пыл ад чаргі згледзеў – у траншэі, прыгінаючыся за бруствер, беглі кудысьці зялёныя каскі. На брустверы калюча пырскаў агнём аўтамат, яго кулі высеклі ля рук лейтэнанта жарству. Клімчанка ўскінуў у выцягнутай руцэ пісталет і торапка стрэліў туды тры разы. Побач паспешліва застрыкаў аўтамат – Косця! Заскарузлым рукавом лейтэнант церануў з твару пот, азірнуўся. Чарга тым часам з гулкім трэскатам на ўмерзлым доле кацілася далей між тых, што беглі, ляжалі, падалі. Клімчанка рукамі і нагамі ўскінуў ад зямлі сваё цела, намогся на апошнія дваццаць шырокіх крокаў-скачкоў, узляцеў на глыжасты, абсыпаны гільзамі бруствер, угнуўся, стрэліў некалькі разоў у страшную прорву траншэі і следам кульнуўся сам.

Ён ледзьве на кагосьці не наскочыў, у доле спалохана матлянулася ўбок зялёная постаць у касцы, – здалося, без твару, на адной толькі худой кадыкастай шыі; нібы баронячыся, яна ўскінула насустрач локаць. Клімчанка, адчуваючы, што ў магазіне засталося некалькі апошніх патронаў,рукаяткай пісталета, змаху, урэзаў ворага ў тое месца пад каскай, дзе павінна быць скроня, і адразу выразна адчуў – насмерць. Затым са здзічэлай, амаль немагчымай сілаю скочыў цераз яго абвялае цела, прыгінаючыся, сігануў крокі два да завароткі траншэі. Ззаду ўдарылі ў зямлю выбухі – гранаты! Нехта закрычаў: «Братцы! Братцы! Бра...» Крык абарваўся, недзе побач узвіўся другі: «Носке!» і яшчэ: «О, Носке!..» Затым, зрушваючы камяні з бруствера, у траншэю грукнулася нейкае цела. Клімчанка не паспеў азірнуцца, толькі мільганула здагадка, – Косця, – як з траншэйных сцен абапал яго сыпанула зямлёй, нешта востра штурхнула ў плячо. Клімчанка, асеўшы, крутнуўся, і яго вочы на імгненне сустрэліся з замутнелым позіркам Косці. Выпусціўшы аўтамат, ардынарац падаў ніц са скрываўленай шчакой; у шынялі на грудзях чарнела мокрая, ірваная знутры дзірка. Хлопец яшчэ не асеў у дол, як з-за яго спіны на фоне хмарнага неба вынырнуў немец – малады, проставалосы, у расшпіленым мундзіры, са здзічэлым ад жаху позіркам. Клімчанка, адкінуўшыся да сцяны, аслабелай рукой узняў насустрач яму пісталет, але стрэліць, здаецца, не паспеў: штосьці агніста-чорнае нясцерпным болем у галаве пагасіла ягоную свядомасць.

 

3

Было вельмі сцюдзёна, асабліва мерзла спіна. Лейтэнант унутрана сцяўся, нібы ўтрымліваючы ў сабе рэшткі цяпла, і дробненька тросся ад холаду. Спакою не было, нешта штурхала ў плечы, церла патыліцу, затым стала зразумела, што ён кудысьці сунецца, вопратка на яго спіне загарнулася. Клімчанка расплюшчыў вочы, убачыў перад сабой зямлю; здавалася, ён быў у яме, але чаму тады задраліся ўгору ногі? Ён варухнуў галавой, павярнуўся, спрабуючы затрымацца рукамі ад гэтага няспыннага спаўзання, і ўбачыў нахіленую спіну чалавека, хлясцік з алавяным гузікам і чорны скураны рэмень. Другі гузік у хлясціку быў адарваны, засталося толькі драцянае, залепленае зямлёй вушка, ніжэй якога пацепвалася старэнькая кірзавая сумка. Клімчанка адразу пазнаў яе – гэта была яго сумка, атрыманая яшчэ пры выпуску з вучылішча. Боты лейтэнанта былі заціснуты пад пахамі гэтага чалавека, які, так недарэчна ўпрогшыся, валок яго кудысьці па траншэі.

Зразумеўшы, дзе ён, Клімчанка, трапятнуўся, дрыгнуў нагамі. Немец адразу спыніўся, азірнуўся, – на яго густа зашчаціненым немаладым твары адбілася амаль, што палахлівае здзіўленне; ніжняя засліненая губа адарвалася ад верхняй, і на ёй, коса прыліпшы, дыміў жоўты недакурак цыгарэты.

– Майн гот! – сказаў немец, сустрэўся з Клімчанкавым позіркам і выпусціў яго ногі, якія глуха бразнуліся ў дно траншэі. Затым ён цепнуў губою, варухнуў рэдкімі рудымі бровамі і, чамусьці азірнуўшыся, пачаў знімаць з грудзей аўтамат.

А Клімчанка ўжо зразумеў, што з ім сталася, і ў адно імгненне згадаў: канец!.. У яго не было сілы абараняцца, ён толькі паспрабаваў сесці, бо нечакана спалохаўся ад думкі, што будзе забіты лежачы. Аднак аўтамат у немца быў на кароткім рэмені, чапляўся за каўнер, і салдат, збычыўшы голаў, знімаў яго цераз зімовую казыркатую шапку. Уверсе над ім плылі азызлыя хмары, і калівы быльнёгу на брустверы трапятка ляскаталі ад ветру.

Клімчанка намогся, абапершыся на левую руку, сеў, правай неўпрыкмет для немца цопнуў сябе па баку – кабура была пустая, абарваны з канца раменьчк-почапка ляжаў на глеі. Лейтэнант прыхінуўся галавой да сцяны траншэі, аслабелае сэрца ледзьве варушылася ў грудзях. У галаве хмельна гудзела, і ў правым вуху стаяў востры нясціхны звон.

Немец тым часам сагнаў з твару здзіўленне і, спахапіўшыся, разы два цмыгнуў свой недакурак. Затым, трошкі крывячы ад дыму вока, тузануў рукаятку аўтамата. Аднак стрэльнуць ён памарудзіў, узняў голаў – ззаду пачуліся крокі, і неўзабаве цераз лейтэнантава плячо пераступіў запэцканы зямлёй бот з радам бліскучых шыпоў на падэшве. У наступны момант, крануўшыся яго шчакі, матлянуў падол доўгага, з махрамі ўнізе, шыняля, у прарэзе якога мільганулі абшытыя жоўтаю скурай брыджы. Немец апусціў зброю, пастараніўся, даючы камусьці дарогу, але той прыпыніўся, спаважна зірнуў у твар Клімчанку і нешта буркнуў. Немец, што знімаў аўтамат, з падкрэсленай гатоўнасцю адказаў, і лейтэнант зразумеў: з’явіўся начальнік.

Клімчанку нудзіла, мутнела ўваччу, абодва немцы расплываліся, нібы цені ў скаламучанай вадзе, ён схіліў голаў і, заплюшчыўшы вочы, чакаў стрэлу ўжо як збаўлення ад пакутаў. З гэтага стану яго раптам выбіў удар у сцягно; лейтэнант здрыгануўся, зірнуў – немцы стаялі над ім, і той, з аўтаматам, выплюнуўшы недакурак, схіліўся, заглядваючы яму ў твар.

– Ставаць, рус! Ставаць!

Ледзьве адольваючы ліпкую мутнасць у свядомасці, лейтэнант зразумеў, што пагібель яму адтэрміноўваецца. I ён, як за паратунак, ухапіўся за кароценькую магчымасць жыць, абапёрся рукой аб сцяну, вельмі няўпэўнена ўстаў і адразу ж прываліўся плячом да броўкі траншэі. Тады немец дужай рукой падхапіў яго пад паху. Клімчанка ад болю і слабасці скрыгануў зубамі, тузануў руку, але немец трымаў моцна і, бесцырымонна пхнучы наперад, павёў яго па траншэі.

Вецер курыў з бруствера пылам, ад нейкай сцюдзёнай макрэдзі ламала ў патыліцы, было дужа холадна. Клімчанка зноў дробненька затросся ў неадольнай ліхаманцы і, абыякавы ўжо да таго, куды яго вялі, аслабела перастаўляў ногі. Другі немец ішоў наперадзе, здавалася, зусім безуважны да іх абодвух. Свежы марозны вецер рассыпаў на Клімчанкавай галаве валасы, – шапка недзе засталася ў траншэі, – студзіў памарожаныя зімой вушы, але ў той жа час і асвяжаў, дадаваў сілы, і чалавек, глыбей уздыхнуўшы, адчуў сябе лепей. З’явіўся першы неспакой па ўзводзе, скрозь звон у вушах ён услухаўся – не, бою паблізу не было чутна, калатнеча ў прасторы сціхла, толькі дзесьці – відаць, у зямлянцы – нейкі фрыц паўтараў адно і тое ж слова. Мусіць, тэлефаніст выклікаў пазыўныя. Клімчанка, адчуўшы сілу, мацней тузануў у немца руку, той спыніўся; тады лейтэнант выдавіў на шчоках жаўлакі і, хапаючыся за сцены, як п’яны рушыў уперад. Немец нешта сказаў, засмяяўся дыхавічным смехам прастуджанага, закашляўся і пайшоў ззаду.

Лейтэнант зірнуў у адзін бок, у другі – траншэя вяла ў тыл, рова і палетка з іржышчам, дзе яны наступалі, адсюль не было відаць. Навакол было па-веснавому прывольна і прасторна – чакаючы свайго часу, бруяў вясновымі сокамі лес, вытаяўшы з-пад снегу, вось-вось гатова была ажыць для свае адвечнае справы зямля. Там-сям у раўчуках, разорах, на падлеску марнелі-датайвалі, бы наждак, хрусткія на марозе лапіны снегу, гуляў над прасторамі вецер, – сушыў зямлю. На змену бясконца доўгае сцюжы ішла вясна, і лейтэнант зразумеў: не для яго.

 

4

Яго, аднак, не стралялі, а вялі і вялі ўсё глыбей у тыл, далей ад сваіх, ад роты, і Клімчанка ўсё выразней усведамляў, што гэта шлях назаўжды, што звароту яму ўжо не будзе.

Траншэя тым часам мялела і мялела, пакуль і зусім не скончылася ў лагчынцы дзвюма прыступкамі – яны вылезлі і апынуліся на сцяжынцы праз нейкі густаваты алешкавы хмызнячок. Клімчанка, дужа пакутуючы, стараўся ашчадней дыхаць, – ад глыбейшых уздыхаў калола ў баку і позірк заплываў туманам. Часам ён замаруджваў хаду, прыставаў, і тады задні штурхаў яго руляй аўтамата або рукой, прыгаворваючы пры гэтым: «Пшёль! Пшёль!» Але злосці ў ягоным голасе лейтэнант не адчуваў, хоць гэта цяпер і не мела значэння. Другі, ні разу не азірнуўшыся, роўным крокам ішоў наперадзе.

На сцяжынцы ім трапіліся чалавек шэсць салдат, – мабыць, сувязістаў. Абвешаныя шпулькамі з чырвоным кабелем, сумкамі, зброяй, яны насцярожана саступілі са сцежкі перад афіцэрам і, мінаючы палоннага, кожны з іх укалоў яго зацятым, злым позіркам. Адышоўшы, яны яшчэ азіраліся, але Клімчанка ўжо не адрываў ад зямлі свайго позірку. Усё, што было наўкола, яго амаль не датычыла.

Так яны выйшлі к дарозе. Гэта было ў шырокім раўчуку-разлозе, побач з мастком цераз замерзлы ручай. На невялікай прагаліне між кустоў збоч дарогі стаяла, абы-як загнаных, некалькі крытых брызентам машын. Дол між іх быў утаптаны і стракаты ад плямаў гаручага і змазкі, побач валялася некалькі бочак, і салдат у камбінезоне, адкінуўшы ўбок руку, валок да машыны цяжкую каністру. Два другія нахілялі бочку, з якой ліўся ў вядро бензін. Пярэдні канваір Клімчанкі нешта запытаў у салдата з каністрай, той, ляпнуўшы па сцягну рукой, коратка адказаў, і яны скіравалі ўбок, дзе пад узроўкам чарнелі дзверы зямлянак.

Спярша Клімчанку здалося, што тут штаб і, перш чым расстраляць, яму ўчыняць допыт. Але, агледзеўшыся, ён усумніўся ў той сваёй думцы. Зямлянак ва ўзмежку было ўсяго дзве; ні тэлефонаў, ні звычайнай штабной мітусні тут не заўважалася. Пярэдні немец адчыніў пафарбаваныя пад дуб – відаць, недзе знятыя ў доме – дзверы з шыбкай-акенцам у верхняй філёнцы і зайшоў у зямлянку. Следам, падштурхнуты канваірам, улез Клімчанка, і дзверы, рыпнуўшы, прыстукнуліся.

Ён ступіў на хісткія, негабляваныя дошкі, у твар ударыла гарачынёй напаленай жалезнай печкі, трошкі смярдзела дымам. На засланым коўдрай стале ляжалі паперы, гарэла нізенькая стэарынавая плошка, і нейкі маладжавы яшчэ афіцэр у кароценькім, з разрэзам, мундзірчыку, загойдаўшы агеньчык, кінуўся да ўвайшоўшага і стукнуў абцасамі. Пакуль яны гергеталі аб нечым, Клімчанка, паддаючыся расслабляючай сіле цяпла, агледзеўся. Ззаду праз шыбку ў філёнцы пранікала слабае святло хмарнага дня; разам з агеньчыкам у плошцы яно ўсё ж асвятляла пярэднюю сцяну, скрозь залепленую бясконцым паўторам аднаго і таго ж плаката: шыракатвары чырвонаармеец з плоскага кацялка еў нейкае хлёбава і зусім дурнавата ўсміхаўся немцу ў касцы, што паляпваў яго па плячы з такою ж ненатуральнай драўлянай ухмылкай на твары. Пад плакатам дзесятак разоў паўтараўся подпіс на рускай і нямецкай мовах. Плакат азадачыў Клімчанку і канчаткова пераканаў, што гэта не штаб. Але тады што? Гестапа? Які-небудзь прапагандысцкі аддзел?

Пакуль немец у мундзірчыку нешта дакладваў, доўгі ў шынялі, не знімаючы з рук чорных замшавых пальчатак, зняў толькі фуражку, пад якой аказалася выгаленая да бляску галава і, падышоўшы да стала, перабраў паперы. На двух аркушах трохі затрымаўся гюзіркам, але неўзабаве адклаў іх сваімі чорнымі пальцамі і нешта сказаў. Той, у цесным мундзірчыку, адразу зірнуў на Клімчанку, і лейтэнант здагадаўся, што гаворка ішла пра яго. Ён стрымана стаяў ля парога побач з канваірам; немцы перагаворваліся ўжо ўсе ўтрох, салдат-канваір зняў з сябе яго сумку, дастаў з-за пазухі і аддаў брытагаловаму пачак папер. Клімчанка пазнаў чырвоную вокладку свайго пасведчання, камсамольскі білет, пасведчанні аб узнагародах, разліковую кніжку, даведкі аб раненых. Тут было ўсё, што многія месяцы ляжала ў яго кішэнях, апроч хіба гадзінніка і кісета з тытунём, якія, відаць, засталіся ў канваіра. Афіцэр, грэбліва скрывіўшы тонкую губу, без асаблівай цікавасці перагартаў іх і кінуў на стол. Некалькі паперак, не даляцеўшы, заматляліся ў паветры, іх угодліва падабраў з падлогі другі, у цесным мундзірчыку.

Урэшце начальнік нешта загадаў, разы два пратупаў па хісткіх дошках падлогі і, не зірнуўшы на Клімчанку, выйшаў з зямлянкі. Канваір з аўтаматам таксама выйшаў і стаў за дзвярыма. Праз чыста працёртую шыбіну лейтэнант убачыў яго плячо з пагонам, казыркастую шапку, далей быў канец будкі-кузава з плямістым асеннім камуфляжам і літарамі «FW» у белым квадраце. Чакаючы, што будзе далей, Клімчанка зірнуў на таго, што застаўся з ім, і прыкмеціў, як пакорліва-паслушны выраз яго твару саступіў месца самазадаволенай упэўненасці.

– Ну, лейтэнант, пачнём размову, – на чысцейшай рускай мове сказаў ён, і ад нечаканасці Клімчанка аж страпянуўся. Немец, нібы і разлічваючы на тое, паблажліва заўсміхаўся, дастаў з кішэні блішчасты партабак, раскрыў і, стоячы пасярэдзіне зямлянкі, працягауў яго Клімчанку.

– Курыш?

Пачуўшы гэтыя, такія нечаканыя тут словы, лейтэнант, які ўвесь час быў у празмерным для яго напружанні, хіснуўся. Каб не ўпасці, ён ухапіўся рукою за абшалёваную сцяну зямлянкі, недарэчныя двое людзей на плакатах заскакалі ў вачах. Немец, убачыўшы тое, нерашуча прыкрыў партабак.

– Э, ды ты ж, здаецца, паранены! Што ж яны не сказалі? Ну, гэта драбяза: падлечым. Сядай вось! – Ён грукнуў на сярэдзіне падлогі выхапленым з кута зэдлікам, у дошцы якога была дзірка для рукі, і лейтэнант бяссільна апусціўся на яго.

Афіцэр расчыніў дзверы, нешта крыкнуў у падворак, там затупацелі боты, пачуліся галасы. Ад свежага паветра знадворку ў зямлянцы адразу пахаладзела, і Клімчанка трохі саўладаў са сваёю слабасцю. Квелы агеньчык трапятка біўся ў плошцы.

Неўзабаве паблізу застукалі боты і ў зямлянку ўваліўся камлюкаваты, немалады немец з нездаровым аплыўшым тварам. Ад яго патыхала дустам і вострым пахам нейкіх лякарстваў. Нягучна буркаючы, ён садраў з Клімчанкі перапэцканы і пашкумутаны ў бойцы паўшубак. Лейтэнант вяла падпарадкоўваўся яго настойлівым рухам, яму ўжо было ўсё роўна, хто і што зробіць з ім. Ён хацеў толькі спакою і невідушчым позіркам глядзеў, як па дошках вакол зэдліка тупалі растаптаныя, шырока расстаўленыя боты. Рукі немца, бесцырымонна паварочваючы яго галаву, паляз-галі ля вуха нажніцамі, і на падлогу ўпалі светлыя зблытаныя пасмы валасоў. Патыліца, відаць, была моцна разбіта і балела, але ён трываў усё, толькі аднаго разу здрыгануўся, калі ў ране запякло лякарства. Неўзабаве, аднак, немец спрытна абматаў галаву рудаватым папяровым бінтам, туга спавіў павязкаю і сабраў у сумку сваё начынне. Увесь гэты час той, у мундзірчыку, пускаючы пад столь дым, сядзеў на рагу стала і з ухмылкай назіраў за ім.

– Ну, так лепш? – проста і нават са спагадай запытаў гэты чалавек, калі санітар грукнуў дзвярыма і яны засталіся ўдвох. – Гэта вылечаць. У немцаў медыцына, як у нас кажуць, на вышыні. У нас, гэта значыць, – у рускіх. Не здзіўляйся. Я рускі. Як і ты. Масквіч. На Таганцы жыў.

Клімчанка ўжо адышоў ад першага здзіўлення і адзначыў сабе, што тут, відаць, да ўсяго трэба быць гатовым. Знарочыстая добразычлівасць і клопаты гэтага чалавека наводзілі лейтэнанта на думку, што чакае яго нялёгкае.

– Цікава, лейтэнант, а ты адкуль будзеш родам? – пытаўся гэты чалавек.

– Там напісана. Мусіць, граматны, – сказаў Клімчанка, зірнуўшы на стол з рассыпанымі на ім дакументамі.

Чалавек у мундзірчыку, усміхнуўшыся неадабральна, перасмыкнуў русым брывом.

– Ну, вядома, там усё напісана. У нас, то есць у вас, на гэты конт поўны парадак. Як кажуць: ажур. I дзе радзіўся, і дзе жаніўся, і дзе хрысціўся. I ці быў за мяжой, і ці меў хістанні. Я гэта ведаю, – зусім неяк проста і нават быццам дружалюбна сказаў ён і ўстаў з-за стала. – Сам быў такі.

Ён з ухмылкай спыніўся перад Клімчанкам і выпусціў над яго галавой струмень дыму.

«Што за тон? Дзеля чаго?» – думаў Клімчанка. Перамагаючы ў сабе абыякавасць да свайго лёсу, якая ўсчалася ў ім там, у траншэі, ён мерыўся цяпер вызначыць, што б уся гэта камедыя магла значыць. Распрануты, у адной гімнасцёрцы, з кубікамі на пятліцах, – пагоны толькі нядаўна ўвялі, і ён яшчэ не паспеў іх прыладзіць, – без дзягі, з абвязанай галавой, ён, нібы арыштант перад следчым, сядзеў на сярэдзіне зямлянкі і насцярожана слухаў. А той з задаволеным, амаль радасным выразам на хітраватым твары, нешта мяркуючы, аглядаў яго.

– Ардзянок даўно атрымаў? – кіўнуў ён на зорку над левай кішэняй.

– Увосень, – сказаў Клімчанка.

– За абарону, наступленне?

– За акружэнне.

– Ну што ж. Гэта нічога. Нават лепш. Заслужоны, баявы афіцэр, – маючы на ўвазе нешта сваё, сказаў чалавек і бадзёра прапанаваў: – Можа, аднак, пазнаёмімся? Я – Чарноў. На жаль, не Бялоў, але што зробіш, – засмяяўся ён, і ўнутры ў Клімчанкі нешта аж абарвалася, такая гэта была зусім таварыская ўсмешка, што аж хацелася паверыць, што ён свой, не немец. «А можа, ён тут па заданню нашых працуе? Мо разведчык? А раптам ён выручыць?» Ва ўсе вочы гледзячы на Чарнова, Клімчанка стараўся нешта зразумець у ім.

Чарноў жа, паблажліва ўсміхаючыся, працягваў:

– Можаш называць Барысам. Мы ж бадай што равеснікі. Ты з якога года? – Не чакаючы адказу, ён зірнуў у пасведчанне на стале. – З дваццаць першага. Ну, а я – з дзевяцьсот семнаццатага. Так сказаць, равеснік Акцябра. Невялікая розніца.

Ён кінуў за печку цыгарэту і ўпершыню сеў, – відаць, на сваё пастаяннае месца за сталом, растапырыўшы пальцы, агледзеў пазногці і маленькім ножыкам пачаў падразаць іх. Клімчанка, напружана моршчачы пад тугой перавязкай лоб і чагосьці чакаючы, ваўкавата сачыў за лёгенькай ухмылачкай, якая прыемна блукала на бялявым, у меру сытым, свежа паголеным, дагледжаным твары. Здавалася, такі чалавек нікому і ніколі ў жыцці не зрабіў благога.

– Мяркую, што мы згаворымся. Ты, можа, думаў, што ў палоне адразу расстрэл? Глупства. Ты ж не камісар. Немцы, яны паважаюць дастойных праціўнікаў. Асабліва страявых камандзіраў. Трудзяг вайны. Спецыялістаў. Немцы да іх ставяцца, я б сказаў, па-рыцарску. Я думаю, ты ўжо сам пераканаўся ў гэтым. Праўда ж?

Клімчанка маўчаў.

– Ну, што зашчаміўся, – адарваўшы позірк ад пазногцяў, упершыню папракнуў Чарноў. – I што так глядзіш на мяне? Ачухацца яшчэ не можаш?

– Што вам ад мяне трэба? – мераючы яго недаверлівым поглядам, запытаў лейтэнант.

Чарноў адкінуўся на сваім нябачным за сталом сядзенні.

– Во гэта па-дзелавому, – прыкметна, але неяк не зусім натуральна ўзрадаваўся ён, выйшаў з-за стала і прыткнуўся на яго ражку. Выцягнуўшы ўперад нагу ў начышчаным зграбным боце, паварушыў наском, быццам збіраючыся паведаміць галоўнае.

– Вельмі нават нямнога, – адказаў чалавек, які назваўся Чарновым; цяпер ён нібы ўжо страціў цікавасць да свае асобы і глядзеў толькі на Клімчанку. – Я думаю, табе не менш за нас шкада сваіх салдатаў, якія засталіся там. Праз дзень, другі пагоняць у наступленне і – усім капут. А навошта? Ці не даволі Расіі ліць кроў? – запытаў ён. Здавалася, ён шчыра перажываў тое, што гаварыў, і Клімчанка з некаторай новай цікаўнасцю зірнуў на яго.

– Навошта гінуць? Недарэчныя ахвяры! Колькі іх прынесла Расія! Адным словам, вось што... Трэба выступіць праз дынамік і пагутарыць са сваімі. Не, не палохайся: выдумляць нічога не трэба. Мы дамо тэкст.

«Дык вось яно што! Цяпер усё ясна!» – У Клімчанкі адразу спала напружанне, якое дагэтуль усё ўзмацнялася, ён упершыню варухнуўся на зэдліку і ўздыхнуў. Чарноў злез са стала і падышоў бліжэй.

– Дык як? Рызыкаваць не прыйдзецца. Дынамік на перадавой, мы ў траншэі. Некалькі слоў да канкрэтных людзей. Гэта падзейнічае. Гэта заўсёды дзейнічае.

Клімчанка зразумеў усё, бо гэта не было для яго новым. Некалі ў дажджлівую беспрасветную ноч пад Вязьмай ён ужо чуў, як брахаў праз дынамік нейкі нягоднік, што, мабыць, яшчэ з месяц назад быў чырвонаармейцам і з нашага кацялка сёрбаў суп, аднак жа агітаваў пераходзіць на бок вялікай арміі фюрэра.

– Ах, вось вы пра што! – сказаў ён, глянуўшы ў загадкава спакойныя вочы Чарнова. – Нічога не выйдзе. Шукайце другога.

Абапёршыся локцямі аб калені, ён нізка сагнуўся на зэдліку і апусціў голаў, гатовы да ўсяго. Чарноў змоўк, зайшоў на той бок стала і сеў, загадкава пазіраючы на яго. У грубцы дагаралі дровы, гарачыня паменшала, і з дзвярэй пацягнула холадам, спіна Клімчанкі адразу адчула гэта. Лейтэнант зябка перасмыкнуў плячамі.

– Так, так. Не хочаш, значыць. Ну што ж, – напэўна, штосьці абдумваючы і расклаўшы на абрусе рукі, сказаў Чарноў.

У двары, чутно было, перагаворваліся салдаты, бразгалі дзверцы ў кабінах, недзе ахнулі два далёкія выбухі. Агеньчык у плошцы ціха, задуменна мігаў. Раптам ён рэзка хіснуўся, ледзьве не згасшы зусім, – ззаду стукнулі дзверы.

Чарноў зараз жа ўсхапіўся са свайго месца.

У зямлянку заявіўся той, доўгі, што прывёў яго сюды. Клімчанка, не паварочваючы, пазнаў яго па скураных брыджах – цяпер ён быў без шыняля – і марудліва падняў галаву. Чарноў нешта буркнуў, выскокваючы з-за стала, але Клімчанка не зразумеў ці недачуў; афіцэр перакінуўся некалькімі словамі з падначаленым і ўрэшце абыякавым позіркам бясстрасных вачэй працяў палоннага. Не зводзячы з Клімчанкі гэтага погляду, ён дастаў з кішэні партабак і шчоўкнуў ім перад самым ягоным тварам. Лейтэнанту вельмі хацелася закурыць, але гэтая бесцырымоннасць абражала, і ён адвярнуўся. Немец тады нешта коратка і строга заўважыў Чарнову, той у адну секунду падскочыў да Клімчанкі, і лейтэнант, перш чым зразумеў, што адбылося, паляцеў да сцяны. У левым вуху пры гэтым, здаецца, штось лопнула, і ў галаве загуў тугі хваравіты гул.

Калі ён, не спяшаючыся і чакаючы новых удараў, падняўся ля сцяны з падлогі, Чарноў адпусціў пальцы з кулака, якім толькі што садануў палоннага, і нягучна, скрозь зубы, вымавіў:

– Адмаўляцца ў немцаў не прынята.

Клімчанка ў думках вылаяўся і падумаў: «Вось дзе тваё нутро адкрываецца, гадзіна паўзучая». З хвіліну ён стаяў ля сцяны пад позіркамі дзвюх пар розных вачэй. Было крыўдна і балюча, аднак не хацелася верыць у тое, што тут адбылося: так звычайна глядзелі на яго тыя вочы. Пасля высокі, усё ў тых жа чорных пальчатках, марудна падняўшы цыгарэту, мезінцам ашчадна строс з яе попел. Ён таксама не меў ніякіх адзнак злосці і выглядаў звычайным разважным чалавекам, такім, што можна было падумаць, нібы яны абодва жартуюць.

– Ты будзет выконвайт нямецкі бефёль1? – без пагрозы, звычайна запытаў немец.

– Я не здраднік!

– О! – толькі і сказаў немец-афіцэр і амаль неўпрыкмет, адным вокам падміргнуў Чарнову.

Той падышоў і зноў, не размахваючыся, па-баксёрску коратка, але дужа і балюча ўдарыў Клімчанку ў сківіцу. Лейтэнант зноў адляцеў ад сцяны – падаючы, зачапіў печку, у трубках зашархацеў, пасыпаўшыся з даху, пясок. Немец працадзіў «гут» і, сцяўшы тонкімі вуснамі каней цыгарэты, выйшаў з зямлянкі.

 

5

Як толькі дзверы за афіцэрам зачыніліся, Чарноў спакойна, нібы нічога кепскага між імі і не сталася, падышоў да Клімчанкі.

– Ну як?

– Сволач ты, а не зямляк! У душу табе кол! – сказаў лейтэнант, выплёўваючы на падлогу крывавую сліну.

Чарноў амаль без увагі на яго словы хітравата ўсміхнуўся.

– Не сярдуй! Глупства. Гэта так, для парадку. Інакш, сам разумееш, – начальства.

Ён падхапіў Клімчанку пад рукі, рыўком паставіў на ногі, ботам падсунуў зэдлік – сядай! Лейтэнант на момант разгубіўся ад такога павароту ў іхніх адносінах, але сеў і скоса пазіраў на твар свайго ката. Шэрыя рухавыя вочы таго раз за разам засцярожліва лыпалі на дзверы зямлянкі.

– А ваабшчэ ты прабач. Сам разумееш. Даводзіцца. Інакш скамандуе, і ўсё: канец. Дык часам лепш ударыць. Праўда ж?

Гайдаючы на стале агеньчык, Чарноў пачаў хадзіць па зямлянцы, спыняючыся і разважна гамонячы да Клімчанкі. Здаецца, нішто не здольна было вывесці яго з душэўнай раўнавагі, такі ён быў нетаропка-ўпэўнены, размераны, акуратна, нават элегантна апрануты. На яго стрыжанай пад бокс бялявай патыліцы варушылася ружовая зморшчына.

– Між іншым, табе выпала, можна сказаць, удача. Не кожнаму даецца такая магчымасць рэабілітаваць сябе. Перад немцамі асабліва трудна. Але яны гэта цэняць – магу запэўніць. З уласнага вопыту. Я таксама калісьці чакаў кулі. Такіх яны звычайна ўраз да сцяны. Разам з камісарамі. Прыйшлося даказаць што-колечы. I вось бачыш: замест кулі – мундзір. – Ён з мінутным задавальненнем абмацаў свой кароценькі фрэнчык з невялічкімі срэбнымі пагонамі. – Праўда, пры Саветах чын паболей быў, – даверліва паведаміў ён.

«Што за намёкі? Хто ён такі? Былы палітрук? Камандзір? Штабіст які-небудзь?..» – думаў лейтэнант.

– Дарма стараешся, – ваўкавата сказаў ён. – Не на таго напаў.

Чарноў раптам спыніўся і крутнуўся да Клімчанкі. Выраз ягонага твару не перамяніўся, толькі левае вока неяк нядобра акруглілася, і ён прыцішана, быццам для таго, каб не пачуў вартавы знадворку, сказаў:

– А ты таго... не дужа. Між іншым, выбар у цябе не вельмі багаты. Або ты выступіш, або ў зямлю ляжаш. Сёння ж.

Клімчанку пасля ўсяго, што здарылася, пагрозы маглі толькі ўзарваць, і ён усхапіўся з зэдліка.

– Ну і чорт з вамі! Страляйце! Усё роўна застрэліце. Што, да сваіх адпусціце? Сволачы!

Чарноў холадна ўсміхнуўся.

– Не гарачыся. Урэшце, мы можам зрабіць што трэба і без твайго ўдзелу.

Ён яшчэ пачакаў і, відаць, каб не стаяць так, грудзі ў грудзі з гэтым абарваным скрываўленым чалавекам, зайшоў за стол на сваё месца. Там з нейкаю шматзначнаю важнасцю ўзяў выняты з сумкі аркуш – спіс асабовага складу першага ўзвода аўтаматчыкаў.

– Камандзір першага аддзялення Галанога Іван Фаміч, яфрэйтар Апенкін Пётр Пятровіч, чырвонаармеец Сіязаў, Гаймадулін... імя па бацьку не прастаўлена – непарадак. Чыркоў, Фёдараў, Хіль. I так дваццаць два чалавекі. Выбыўшыя адзначаны? Адзначаны, а як жа. Ну вось. Адрас вядомы. Камандзір роты таксама вядомы – Арлавец. Астатняе – не бяда, і самі зробім. Толькі ты тады, вядома, злуй на сябе: без заслуг застанешся. Перад немцамі. А там заслугі за табой падвояцца. У квадрат узвядуцца. Зразумеў?

– Як гэта?

– А так. Падумай – зразумееш.

Клімчанка збянтэжыўся, ашаломлены яшчэ не да канца ўсвядомленай, але, безумоўна, нейкай вельмі нядобрай задумай гэтых сволачаў, і ва ўсе вочы глядзеў на Чарнова. А той, ужо змяніўшы свой ветліва стрыманы выраз на зацята афіцыйны, згарнуў спіс узвода і прыціснуў яго сумкай.

– Вось так! – сказаў ён, сеў і адкінуўся да сцяны. – Дык што рашаеш?

«Што яны ўздумалі? Што зробяць?» – білася ў галаве ўзводнага роспачная думка і паступова акрэслівалася здагадка, ад якой аж кінула ў жар. Клімчанка ўскочыў і, хіснуўшыся, сігануў да стала.

– Не маеце права! Правакатары! Сволачы прадажныя!

– Ціха! – строга сказаў Чарноў і ўстаў. Рука яго цвёрда лягла на сумку, пад якой быў спіс– Ціха, лейтэнант. Спачатку раскінь мазгой. Не спяшайся, – закончыў ён з нейкім паказным шкадаваннем.

Клімчанка асатанела глядзеў яму ў вочы – шэрыя і ў гэты раз ужо халодныя і суровыя. Некалькі секунд яны так стаялі – адзін на адзін, раздзеленыя толькі сталом, і тады да ўзводнага ўпершыню прыйшло разуменне, што гэтыя людзі зробяць з ім усё, што захочуць.

Нейкі час абодва маўчалі. У зямлянцы стала прахладна, печка ўжо не свіцілася агністымі шчылінамі, скупа шарэла заклееная недарэчнымі плакатамі сцяна, на якой выразней адзначыўся галавасты, да столі, цень ад Чарнова. На дварэ, пэўна, цямнела; там чуваць былі леныя крокі вартавога; недзе далей, абыякавыя да ўсяго, гаманілі, смяяліся салдаты. Тоненька наігрываў губны гармонік.

«Сволачы! Што робяць, сволачы! I трэба ж было толькі ўчора адзначыць выбыўшых: забітых і параненых. Тухватулін, здаецца, толькі не адзначан. Ноччу падстрэлілі – не паспеў спісаць... Не, гэтага дапусціць нельга. Але як?..»

I ён зразумеў, што адзінае яго выйсце тут – схітрыць, што іх утончанаму варварству трэба проціпаставіць тонкую хітрасць. Аднак ён, чалавек адкрытай і простай натуры, адчуваў сябе да таго мала здатным. Галоўнае, самае асноўнае цяпер для яго быў спіс, і лейтэнант дужа выразна разумеў гэта. Яму цяжка было прымусіць сябе не глядзець на прыціснуты сумкай аркуш паперы, і ўсё ж ён кожнаю частачкай цела адчуваў яго там і ажно баяўся, што Чарноў мог па чым-небудзь здагадацца аб яго імкненні. Але нездарма, відаць, яго пасадзілі на сярэдзіне зямлянкі. Кінуцца да стала яму было цяжка – цяпер ён не адчуваў у сабе неабходнага на тое спрыту. Трэба было прыдумаць іншае, і Клімчанка рашыў расцягнуць час.

– А што я павінен гаварыць там? – змрочным, але крыху раўнейшым голасам запытаў ён.

Чарноў варухнуў бровамі, коратка зыркнуў на яго і залапаў па стале рукамі.

– О, гэта вельмі проста. Прачытаць... Дзе ён тут у мяне заваліўся... Во. – Ён знайшоў сярод папер нейкі аркуш і, устаўшы, цераз стол сунуў яго Клімчанку. Лейтэнант раздумна агледзеў паперу.

«Дарагія грамадзяне, мае аднапалчане, – было надрукавана дробным шрыфтам. – Байцы і камандзіры... палка. (Іш, сволачы, і месца пакінулі, толькі прастаўляй.) Гэта звяртаецца да вас былы ваш камандзір (чырвонаармеец)». Зноў пропуск і шматкроп’я. Клімчанка зірнуў ніжэй, і там таксама ішлі пропускі – кропкі, усё звароты яшчэ чалавек да пятнаццаці з запрашэннем у палон. Тут жа меркавалася напомніць гэтым людзям іх канкрэтныя крыўды на Савецкую ўладу і пералічыць даброты палону – 700 грамаў хлеба, гарачы харч з кавай, кожнаму коўдра, свабода ад бальшавізму, па жаданню касцёл, кірха або царква для веруючых. Байцам, месца жыхарства якіх было занята немцамі, абяцаўся водпуск дахаты.

«Ладна распісалі. Складна, – падумаў Клімчанка. – Так добра, што і дурань не паверыць». Услых, стараючыся паспакайней, ён аб’явіў:

– Добра! Чорт з ім. Я згодзен.

– Ну вось і лады. Віншую! – Чарноў выйшаў з-за стала і паціснуў яго руку вышэй локця. – Раскалоўся, і дабро. Ну ведама ж, які сэнс паміраць за нейкі там папяровы прынцып. Праўда? Значыць, так! – З задавальненнем, як ад завяршэння нялёгкае справы, ён пацёр рукі. – Значыць, так: па расейскаму звычаю абмыем гэтую справу. Як-ніяк – людзей жа ад гібелі ратуем. Гэта, брат, не здрада. Гэта доблесць!

Пружыніста прысеўшы на ладных, з высокімі заднікамі ботах, ён адхінуў доўгі, да падлогі, абрус-коўдру і выцягнуў з-пад стала жоўтую, накшталт чамадана, скрынку. Шчоўкнуў замок, адчынілася вечка, і ў скрынцы цьмяна бліснулі шыйкі бутэлек, нейкія пакункі ў зіхоткім цэлафане, банкі кансерваў. Дакладным, відаць, завучаным рухам Чарноў паставіў на стол дзве алюмініевыя чарачкі. Побач, пад сумкай, ляжаў імянны спіс узвода аўтаматчыкаў.

У Клімчанкі расшырыліся зрэнкі, калі ён убачыў тое, унутры ўсё сцялася і пахаладзела, мышцы на яго аслабелым целе напружыліся – усяго два-тры крокі аддзялялі яго ад паперкі, якая зараз магла крута перамяніць яго лёс. Тое, што здарылася цяпер, было так незвычайна, што аж не верылася. «Знарок гэта ці па дурасці?» – напружана спрабаваў вырашыць лейтэнант. Утрапёны свой позірк ён перавёў уніз, на скрынку, але скоса бачыў на стале сумку, і ўсё ўнутры яго ліхаманкава закружылася, з новаю сілай запульсавала ў жылах кроў – у лічаныя, вельмі кароценькія секунды трэба было рашаць.

– Вось мы зараз, як нашы, то есць вашы, кажуць, і абмыем пачатак твае новае службы. Каньяк! Мусіць, такога не піў? – З добразычлівасцю гасціннага гаспадара Чарноў баўтнуў нейкаю вадкасцю ў цёмнай бутэльцы і паставіў яе на стол.

На абрусе-коўдры ўжо ляжалі невялічкія банкі паштэту, пачак галет, загорнуты ў цэлафан кавалак каўбасы; да гэтага далучылася яшчэ і бутэлька. Чарноў, аднак, усё яшчэ мацаў у скрынцы. Здаецца, ён і не цяміў, што рабілася ў душы палоннага.

«Памылка ці правакацыя?» – свідравала лейтэнантаву галаву пытанне, і нейкі нябачны, але дужа настойлівы дарадчык увесь час зудзеў: «Давай! Хутчэй! Хутчэй! Ну што ж ты!..»

«Зараз... Зараз...»

Клімчанка ямчэй паставіў ля табурэткі свае ногі, крыху схіліўся, каб спрытней было скочыць: адной рукой ён надумаў скінуць сумку, другой – схапіць спіс.

Чарноў тым часам выклаў на стол два салдацкія відэльцы, скляпаныя заадно з лыжкамі, і зноў запусціў руку ў скрынку. Клімчанка яшчэ бліжэй падабраў на падлозе ногі, угнуўся усім целам і – скочыў. Правай ён даволі спрытна адкінуў убок сумку, левая ж, скінуўшы каўбасу, ухапіла гэты шматок паперы. Чарноў няўцямна ўскінуў галаву і чамусыді, перш чым рынуцца на яго, цопнуў бутэльку, якая кацілася са стала. А Клімчанка адскочыў на крок назад і, ірвануўшы пячныя дзверцы, пхнуў да агню паперку. Разам з полымем, якое адразу ўсхапілася ў печцы, у ім успыхнула радасць. Але ў гэты час ззаду з нейкай істэрычнай весялосцю і незразумелаю бесклапотнасцю да яго ўчынку, зарагатаў, аж затросся, Чарноў.

Чагосьці не разумеючы, але ўжо адчуўшы бяду, Клімчанка вертануўся назад. Ён яшчэ не даўмеўся, што сталася, як Чарноў раптам абарваў смех; твар яго ўраз здзервянеў, ён сунуў руку ў кішэню штаноў і ледзьве не перад лейтэнантавым тварам матлянуў у паветры лістом паперы.

– Бачыў?

Той самы ягоны спіс, аказваецца, застаўся ў ворага.

У Клімчанкі штось абарвалася ўнутры.

– Дык вось яно як! Каго ты ўздумаў ашукаць? Каго?

Упіўшыся ў яго позіркам, Чарноў акуратна запіхнуў паперку ў нагрудны кішэнь, старанна зашпіліў гузік і зрабіў крок да палоннага У варожых расшыраных вачах пыхнула і згасла нялюдская злосць.

Пякельны ўдар у левую скулу, у правую, удар у падбародак, – здаецца, храснула сківіца, – звон, трэск у вушах, зыркі сноп з вачэй. Клімчанка адкінуўся да сцяны і, бескарысна спрабуючы затуліцца рукамі, хутка спаўзаў на падлогу. Цела само, без яго волі, старалася сціснуцца, згарнуцца ў як мага меншы і тужэйшы камяк, каб як-небудзь вытрымаць страшэнныя ўдары – у галаву, у твар, у жывот, у грудзі... Чарноў біў люта і моўчкі, як можна біць толькі за асабістую крыўду, за ўласныя няўдачы, за непапраўнае зло ў жыцці – спаганяў усё на адным. Неўзабаве ў лейтэнанта зацяло дыханне, і ён захлібнуўся чорнай балючай каламуццю.

 

6

Ён зноў ачнуўся, як і там, у траншэі, ад нясцерпнай сцюжы.

Памяць яго з незвычайнай яснасцю ўзнавіла апошнія хвіліны свядомасці, гэты раз ён добра разумеў, што з ім сталася, толькі не ведаў, колькі мінула часу і дзе ён. Наўкола было цёмна, але калі ён павярнуўся вялізным намаганнем усяго балючага, пабітага цела, дык убачыў збоч ад сябе акенца – невялічкія светлаватыя квадрацікі памерам ледзьве не з карабок ад запалак. Ён абапёрся рукамі аб падлогу – далоні адчулі шурпатае жалеза абшыўкі, і тады ён здагадаўся, што ляжыць у машыне. Цела яго так калацілася ад сцюжы, што ён ледзьве валодаў ім, як-колечы перасільваючы шэраг суцэльных пакутных дрыжыкаў. Але холад між тым і асвяжаў, не даваў расслабіцца, напружваў усе мышцы. Клімчанка сеў, сцяўшыся, пасунуўся да сцяны; жалеза абшыўкі, угнуўшыся, грукнула, і ён зразумеў, што наўкола цішыня – была ноч. Яго заперлі ў машыне, мусіць, у якім «газен-вагене», каб назаўтра кудысьці павезці. «Але чаму кудысьці?» – нявесела падумаў ён. Пасля таго, што сталася там, у зямлянцы, выкручвацца яму ўжо болей, відаць, не прыйдзецца.

«Вось жа сволачы! Трэба ж было так абхітрыць! Вось табе і доблесць, дурань дубовы!» – лаяў сябе Клімчанка, прыціснуўшы да грудзей калені і локці і ўсё ніяк не могучы суняць дрыготкі. Твар яго быў суцэльнаю болькай, хісталіся пад языком кутнія зубы, левае вока ледзьве расплюшчвалася – так заплыло пухлінай. Яшчэ балела сківіца пад вухам – да яе нельга было дакрануцца.

Відаць кулачнага майстра, «землячок» пракляты, – з нянавісцю згадаў ён Чарнова. Няхай бы ўжо немец – не так бы і крыўдна было, а то ж свой, і з выгляду чалавек як чалавек. А як пад’ехаў! Як мякка слаў, ледзьве нават каньяку не выпілі. Вось табе і суайчыннік! I хто ён, гэты Чарноў? Відаць, і сапраўды кімсьці быў там, у нас, але, падлюга, і тут стаў чынам, надзеў афіцэрскі мундзір і вось – крывяніць морды сваім. Хоць такое, вядома, немцы ацэняць. Ім гэта трэба».

Наўкола стаяла сонная глухая цішыня. Недзе ўбаку, відаць, на дарозе, прафыркатала машына, ды, пэўна, з перадавой, данеслася некалькі далёкіх вуркатлівых кулямётных чэргаў. Але – дзіўная справа! – у гэтай цішыні не было спакою, яна здавалася напоўненай жахамі пачвараў, якія толькі да часу стаіліся, зніклі, падрыхтаваліся да новага, яшчэ больш жудаснага. Навучаны ўсім, што нядаўна з ім сталася, лейтэнант чакаў ужо самага найгоршага – канца, падрыхтаваў сябе да яго і толькі хацеў, каб ён настаў хутчэй і без вялікіх пакут.

А колькі разоў на вайне мінала яго пагібель, нават і тады, калі надзеі на жыццё ўжо не было. Гэта спакваля прывучыла яго да падсвядомай думкі, што самае жахлівае абыдзе, што ён уцалее. Увогуле тое дапамагала, ён перастаў асабліва засцерагаць сябе, болей дбаў пра людзей і пра справу, і смерць мінала яго. Так было ў кожнай бойцы, у кожнай, самай безнадзейнай сітуацыі. Але вось, здаецца, напаткала кашчавая і яго. I ўчапілася моцна.

Апанаваны дрыготкаю і наплывам сумных, клейкіх, як смала, думак, ён не адразу звярнуў увагу на новыя гукі, што нарадзіліся ў дрымотнай цішыні ночы. Спачатку яму здалося, што гэта размова недзе там, на дарозе, затым ён адчуў у ёй нешта дужа знаёмае, сваё, не нямецкае. Гэта адразу ўстрывожыла. Клімчанка выцяг шыю, услухаўся – здалося, быццам дзесьці, далёка-далёка, гаворыць радыё. Так калісьці да вайны было ў іх лагерах, калі пад выхадны ён, чырвонаармеец кулямётнае роты, стаяў вартавым на самым далёкім пасту – складзе ГСМ, а ў сталовай круцілі карціну. Далёкія, ледзьве данесеныя ноччу гукі чалавечай гаворкі прабіваліся ў кузаў гэтай машыны. Клімчанка зацяў дыханне, што было магчымасці ўслухаўся і неўзабаве ад таго, што ўчуў, яго пранізаў жах.

Далёка, на перадавой, гаварыў дынамік.

Абапіраючыся аб настылае жалеза падлогі, Клімчанка рынуўся да дзвярэй. Тупы шырокі боль у баку адразу змусіў яго скрывіцца, зацяць дыханне, але ён дацягнуўся да цьмянай шчыліны ў парозе і абмёр. Дынамік гучаў з пераменнай гучнасцю, то затухаючы, то раптам выразна даносячы словы. Што яны былі рускімі, лейтэнант не сумняваўся, хоць спачатку не зразумеў сэнсу ніводнага. Ён зноў зацяў дыханне і тады пачуў – слаба, квола, але ўсё ж непапраўна выразна:

– ...чырвонаармеец Круглоў, малодшы сяржант Агапіцін, яфрэйтар Цёмушкін...

Яны пералічвалі яго аўтаматчыкаў.

Ён усхапіўся на каленях, выцягнуўшы над галавой рукі, грукнуў імі ў дзверы, – жалеза гучна бухнула, – і ён з усяе сілы пачаў малаціць па ім і крычаць:

– Вы, сволачы, што вы робіце?! Што вы робіце! Эй, вы! Што робіце! Адчыніце! Адчыніце зараз жа! Не маеце права!

Але знадворку было па-ранейшаму ціха, ніхто не азваўся ў адказ, – здавалася, ніхто яго тут і не чуў.

– Адчыніце! Не маеце права! Што вы робіце, звяр’ё! Фашысты! Гады!

Ён біў і біў у дзверы, да адзервянення ў кулаках. Ад натугі з патыліцы зноў пайшла кроў, але Клімчанку ўжо не шкада было жыцця – перад найвялікшаю несправядлівасцю ў жахлівай сударзе зайшлося ягонае сэрца.

– Адчыніце! Адчыніце!

Не спыняючы стукату, ён пачуў, – нібы хтосьці з’явіўся там, знадворку; тады ён загрукаў і закрычаў мацней – бязладнае, задыханае, абразлівае – і ў хвіліну аслабелай знямогласці пачуў:

– Шыссен будэм дзелайт!

– Ага! Шыссен! Чорт з вамі! Страляйце! Страляйце, сволачы!

Знадворку заварушыліся, прыцішана загаманілі, – пэўна, раіліся. Дынамік удалечы ўсё гучаў, але задыханы Клімчанка ў кароткія прыпынкі свае барацьбы не мог разабраць нічога – так моцна стукала ў грудзях сэрца і біла ў скронях кроў. Ён толькі пачуў стрэлы там, на перадавой, – у адказ на прапаганду доўгія і кароткія чэргі «дзегцярова». Гэта абнадзеіла яго, акрыліла, і ён загрукаў мацней.

– Сволачы! Гады! Што робіце! Адчыніце! Не маеце права! Давай Чарнова сюды!

Ён і сам разумеў, што гэтыя словы яго – марныя, што аб якім там праве можна гаварыць з гэтымі людаедамі, але ён прагнуў пратэставаць, бо не мог зрабіць нічога іншага. I ён біў і біў кулакамі, біў здаровым сцягном, каленямі, незвычайнае душэўнае напружанне з нейкага запасу надало яму сілы. Часам знадворку злосна гыркалі немцы, пэўна, вартавыя; ён чакаў і – чорт іх бяры – гатовы быў прыняць іх чаргу праз дзверы, – гэта яго не спыняла.

Уся яго істота бунтавала, пратэставала, змагалася.

Колькі мінула часу ў той барацьбе – ён не заўважыў.

Урэшце ён знясілеў, крык яго стаў хрыплы і нямоглы, кулакі да крыві разбіліся аб жалеза дзвярэй і апухлі. Ён не заўважыў, як у яго будцы-кузаве развіднела, шэрая імгла расступілася і на падлогу з акенца лягла пляма нясмелага ранішняга святла; ярчэй заблішчала пад дзвярыма шчыліна. Ён усё біў і не чуў, як знадворак ажываў гамонкай новых людзей. Наўкола затупацелі крокі, аднекуль прыехала і спынілася машына, і вось ля яго вуха шчоўкнуў замок-засоўка. Гэта было нечакана, дзверы расчыніліся, і ён ледзьве не вываліўся з кузава.

Тады ён ураз аціх. На дварэ быў задуменны вільготны ранак, стыла ў тумане голае вецце алешын, кудысьці на корм пранеслася стайка вераб’ёў. У дзвярах стаялі і глядзелі на яго два немцы – адзін у касцы і з аўтаматам упоперак грудзей, другі проставалосы, у мундзірчыку, без шыняля. За імі перад гэтай жа машынай тоўпіліся і яшчэ па-рознаму апранутыя і розныя па ўзросту немцы, якія, аднолькава прыціхшы, з цікаўнасцю на тварах, як на якое дзіва, глядзелі на яго. Але ён не бачыў нікога – яго позірк толькі матлянуўся па гэтай варожай людской мешаніне і спыніўся на прыціхлай постаці Чарнова. Трохі непадобны на ўчарашняга, халодны і стрыманы, у высокай афіцэрскай фуражцы і падпяразаным шынялі, ён стаяў зводдаль, ля ўвахода ў зямлянку і, зябка засунуўшы рукі ў кішэні, пазіраў на яго. Ля яго пераступалі з нагі на нагу яшчэ два афіцэры – той, учарашні, высокі, у абшытых скураю брыджах, і нізенькі, вяртлявы чалавечак з чорным каўняром шыняля і ў пілотцы.

Клімчанка ўсё гэта ўхапіў адным позіркам, маўклівая паўза працягвалася не болей як дзве-тры секунды – зараз жа ён скочыў з дзвярэй і кінуўся да Чарнова.

Вядома, яго схапілі за рукі, скруцілі, заламалі іх за спіну, тузанулі. Ён спрабаваў ірвануцца, выкруціцца, толькі намаганні яго не здолелі процістаяць учэпістай сіле дваіх. Тады ён зноў закрычаў:

– Звяр’ё! Пусціце! Свалата фашысцкая! I ты – гітлераўскі прыхваст. Сволач! Ублюдак!

Чарноў неяк шматзначна выцягнуў з кішэняў рукі і спаважна ступіў да машыны. Бліжнія салдаты расступіліся, а ён, несучы ў сваіх ужо проста сцюдзёных вачах нейкі намер, падышоў да Клімчанкі і два разы выцяў яго – па правай і левай шчацэ. Лейтэнант ірвануўся, закрычаў, але яго моцна трымалі. Тады з замутнелым ад бяссілля розумам ён ускінуў нагою і ледзьве не выцяў у жывот гэтага чалавека. Той, аднак, ухіліўся.

– Абшнайдэн кнопфе!1– кінуў ён некаму з салдат і адышоў на тры крокі назад.

Двое з тых, што з нядобрай цікаўнасцю глядзелі на ўсё гэта, падскочылі да яго. Адзін – рыжы ў сінім камбінезоне, пстрыкнуў вялікім раскладным нажом і збоку, каб засцерагчыся ад ног, тузануў яго за штаны. Другі аберуч абхапіў яго ногі. Клімчанка спачатку не зразумеў, што яны ўздумалі, тузаўся, толькі дарма. Той, у камбінезоне, разануў брызентавую папружку яго штаноў, пасля на зямлю адзін за адным пасыпаліся гузікі, адляцеў вырваны з ніткамі кручок.

– Сволачы! Гады! Што вы робіце? Забіце адразу. Ты, свалата! – закрычаў ён Чарнову– Страляй! Хутчэй, ну!

Чарноў кісла ўсміхнуўся, скоса лыпнуў на афіцэраў, што стаялі ля ўвахода ў зямлянку, і сказаў скрозь зубы – так, што пачуць і зразумець яго мог, відаць, адзін толькі палонны:

– Гэта для цябе задужа вялікая раскоша. Ты яшчэ папомніш мяне.

I, вярнуўшыся назад, да зямлянкі, нешта загаварыў з афіцэрамі. Высокі фанабэрліва варухнуў густымі белымі бровамі, нізенькі ж, яўна заінтрыгаваны, падышоў бліжэй, і некалькі часу Чарноў штосьці тлумачыў ім. Салдаты здаля ўслухоўваліся ў іх гамонку. Урэшце высокі сказаў «яволь», а нізкі зларадна зарагатаў.

– О, зэр гут, гер Шварц! Рускі капут!

Па нейкай камандзе тыя, што трымалі яго, пусцілі, – бяссільна скрыгануўшы зубамі, Клімчанка змушаны быў аберуч ухапіць сваю вопратку і трымаць так, каб пазбегнуць сораму. Наўкола рагаталі і ржалі дзесятка паўтара немцаў.

Урэшце Чарноў адышоўся ад афіцэраў, бліжэй да спражкі перасунуў на рамяні цвёрды кабур армейскага «валыэра» і рыўком расшпіліў яго. Збоку да Клімчанкі падступіў салдат, той, што трымаў за рукі, другі, распрануты, бягом кінуўся некуды. Праз паўхвіліны, на хаду апранаючы шынель, ён вярнуўся з вінтоўкаю. Клімчанку штурханулі ў спіну і кудысьці пагналі.

Канец.

Каторы ўжо раз за гэтыя суткі ўсёабдымнай тугою ахоплівала яго гэтая панылая думка, і каторы раз яна ўсё не праўдзілася. Але вось, здаецца, заб’юць. Ён падумаў тады, што яны зробяць гэта дзе ў раўчуку, далей ад людзей і гэтых машын, аднак трое ворагаў вывелі яго на ўчарашнюю сцежку і пайшлі туды, адкуль учора яго прывялі. Чарноў ішоў у пяці кроках наперадзе, увесь час маўчаў і не азіраўся. Ззаду, нешта перагаворваючыся і па чарзе цмыгаючы адзін недакурак, тупалі канваіры. З акрываўленай галавой, у адной гімнасцёрцы, клыпаў палонны, трымаючы рукамі штаны.

«Ну і зрабілі, сволачы! Не ўцячэш і не ўдарыш. Відаць вывучка!» – думаў лейтэнант пра Чарнова. У галаве яго хмельна кружылася, бінт зусім споўз з ілба і трымаўся толькі за вухам, гімнасцёрка на плячах была ўся запырскана крывёю. Ордэна на грудзях ужо не было, – відаць, учора выкруцілі ў зямлянцы.

Па схілах рова паўзло клочча туману, нізка навісла матава-шэрае неба, было золка. Да разгарачанага цела зноў пачала чапляцца дрыготка, і Клімчанка жадаў толькі хутчэйшага, хоць якога-небудзь канца.

 

1 Зрэзаць гузікі. (ням.)

7

Усё тым жа ўчарашнім шляхам яго павялі на перадавую.

«Што ім яшчэ трэба? Што яны ўздумалі, сволачы?!» – мацней за боль і за сцюжу дапякала пытанне. З роспачнаю нянавісцю ён сказаў на хаду Чарнову:

– Ты, сволач прадажная, хопіць вясці. Страляй ужо.

Чарноў павярнуўся і, прытрымліваючы рукою ліхтарык, скураным вушкам прышпілены на грудзях, зірнуў на яго з-пад нізкага, вільготнага казырка фуражкі.

– Страляць? Не, страляць я пачакаю. Я спачатку арганізую невялічкі спектакль. Ведаеш, як гэта ў нас, то есць у вас, кажуць: канцэрт самадзейнасці.

Так яны выйшлі з раўка ў нізіну. Трава вільгаціла боты. Навокал у шэрым туманістым мроіве ляжала золкая веснавая зямля – чорныя палосы ворыва, шэрыя паніклыя палеткі; светлымі ў падпалінах лапінкамі свінухі стракацелі пожні ля балацявін.

Не спыняючыся, перайшлі і нізіну. Чарноў маўчаў, толькі зыркаў з-пад казырка па баках; чуваць сталі блізкія стрэлы – аўтаматныя і вінтовачныя, але яны хутчэй сведчылі пра зацішша на перадавой, чым нагадвалі бой. Бою не было. Няпэўная цішыня панылаю невядомасцю прыгнятала лейтэнанта, але ад таго, што ён ішоў бліжэй да сваіх, трохі лягчэла на душы і чамусьці думалася: чым бліжэй, тым болей сілы надасца яму, хоць, ведаў ён, дапамагчы тут яму ніхто ўжо не здолее.

Учарашняй сцяжынкай яны дайшлі да пачатку траншэі, што, круцячыся па схіле, вяла на вышыню. Чарноў саскочыў у яе невялікую тут глыбіню і хутка пайшоў, па-ранейшаму цікуючы па баках. Наперадзе бухала ўсё бліжэй. Угары з тугім бзынканнем, заміраючы ўдалечыні, праносіліся кулі. Але гэта былі нашыя стрэлы і нашыя кулі, і яны нечаканаю лагодай аддаваліся ў сэрцы палоннага. Неўзабаве Чарноў дагнаў групу салдат – з узнятымі каўнярамі і нацягненымі на вушы шапкамі, яны зважліва прыціснуліся спінамі да сцяны, прапускаючы наперад афіцэра. У руках ва ўсіх былі плоскія алюмініевыя кацялкі, відаць, са сняданкам – на Клімчанку дыхнула пахам кавы, – даўні, паўзабыты пах, – і ад раптоўнага адчування голаду аж памутнела ў вачах.

Пад зацятымі поглядамі прыціхлых салдат ён пахіснуўся. Рукі яго па-ранейшаму трымалі штаны – цёмна-сінія дыяганалевыя галіфэ, што дасталіся яму пасля іх апошняга ротнага.

Траншэя вілася па схіле і ўсё далей і далей лезла на вышыню. Чарноў, прытрымліваючы за казырок фуражку, пачаў патроху прыгінацца – недзе ўжо зусім блізка быў пярэдні край. Клімчанка гнуць галавы не хацеў, разы два выглянуў па-над брустверам, але хтосьці з канваіраў ззаду прыкрыкнуў, і Чарноў азірнуўся.

– Ану ніжэй! – строга сказаў ён, і Клімчанка пазлараднічаў у душы з гэтых клопатаў аб яго бяспецы.

У той жа час яго недаўменне ад незвычайнасці намеру гэтага ката ўсё ўзрастала; ён як ні намагаўся, не мог уцяміць, што з ім надумалі зрабіць. «Можа, яшчэ агітаваць прымусяць. Дык я ім паагітую. Папомняць, сабакі».

Але агітаваць яму не давялося.

Мінаючы здзіўленых яго паяўленнем, акалелых з ночы, часам яшчэ сонных немцаў, што сядзелі ў засланых саломаю стралковых ячэйках, яны дайшлі па траншэі да самае выспы – ледзь не ў тое месца, куды ён гэтак няўдала ўварваўся ўчора. Недзе зусім блізка, – пэўна, у тым самым рове, была яго рота; ад прадчування гэтай яе блізкасці ў Клімчанкі цеплынёю напоўнілася нутро. Яму стала незвычайна шкада сваіх, гэткіх усё ж недасяжна далёкіх хлопцаў. Цяпер для яго было найвялікшым шчасцем хоць бы адзін дзень пабыць з імі, схадзіць хоць бы яшчэ ў адну атаку. Ён бы не лаяў цяпер трошкі нерастаропнага, валюхатага, але па сутнасці неблагога Галаногу, забыўся б на ўсе свае крыўды на ротнага. Ён гатовы быў бы цяпер ісці з імі ў любы бой, у самае пекла. Калі б толькі апынуцца там. Але тое – нязбыўная ўжо мара...

Яны падышлі да кулямётнай ячэйкі ў траншэі, якая, відаць, ніжэй за іншыя спускалася да рова. На тупат іх ног з ячэйкі азірнуўся малады яшчэ кулямётчык – невялікі белабрысы хлапчына ў доўгім, запэцканым глінай шынялі. Чарноў нешта сказаў яму. Кулямётчык, не адыходзячы ад свайго «МГ» на брустверы са стужкаю ў прыёмніку, здзіўленым позіркам лыпнуў на Клімчанку, пасля нешта крыкнуў, пэўна, суседу ў траншэі. Той таксама нешта пракрычаў, ззаду па траншэі нехта пабег, глуха затупаўшы ботамі і шорхаючы аб сцены палаткаю. Наўкола, скупа перегаворваючыся, збіраліся салдаты. Задымілі цыгарэты, і саладкаваты, незвычайна хмельны на сцюдзёным паветры дымок сваім пахам закружыў палоннаму галаву. Чарноў маўкліва чакаў, і ў Клімчанкі сцялася ўсё ўнутры – ён адчуваў, што зараз вырашыцца для яго ўсё.

Урэшце той, каго тут чакалі, прыйшоў. Гэта быў таўшчэзны, з заспанаю няголенай мордай, афіцэр, – мусіць, які гаўптман. Нахабна і незадаволена лыпаючы чырванаватымі вачмі, ён выслухаў тлумачэнні Чарнова, буркнуў сваё «яволь» і хрыпавата нешта загадаў салдатам. Тыя перадалі загад па траншэі.

Чарноў ляснуў сябе знятай з аднае рукі пальчаткаю і адступіў убок.

– Ну! Ідзі! – стаіўшы яўна нядобрае, кінуў ён Клімчанку.

Лейтэнант зразумеў, што той, самы апошні, час настаў, і быў гатовы як трэба сустрэць яго.

Але ён не зразумеў свайго ката.

– Куды?

– Туды, да сваіх. Ты ж хацеў, здаецца.

– Як да сваіх?..

– А проста. Вылазь і топай! Ну што, спалохаўся? Можа, не хочаш? Назад вернешся?

Што ён уздумаў? Страшны, незразумелы, загадкававы гэты чалавек-звер, што ён яшчэ падрыхтаваў? Смерць? Гэта вядома, але чаму так? Ну што ж... Хай! Можа, нават лепш так – на полі бою, перад вачыма сваіх... Хай!

Лейтэнант ступіў міма Чарнова, які стаяў са сцятымі сківіцамі і шырока раздзьмутымі ноздрамі, і грудзьмі пхнуўся на бруствер. Але траншэя была тут глыбокая, а рукі займалі штаны, і ён сарваўся, выцяўшыся аб броўку сківіцай.

Гэта было ганебна: ззаду, затаіўшы цікавасць, стаялі немцы, саплі, кырхалі, тупацелі ботамі – усе пазіралі на яго, і ён на момант бездапаможна сумеўся. Тады той малады кулямётчык, чыю ячэйку яны занялі, шчоўкнуў спражкаю свайго рэменя і, скінуўшы яго з доўгага шыняля, падаў Клімчанку. Пакутуючы ад сораму і прыніжанасці, лейтэнант нават не зірнуў на яго, машынальна падцягнуў і туга падперазаў штаны. Пасля, напружыўшы кожны мускул, скочыў грудзьмі на бруствер і вылез з траншэі.

– Зондэрпрывет там калегам, – неяк напаўжартам кінуў яму напаследак Чарноў, але Клімчанка нават не ўчуў яго.

Наўкола разлёгся шырокі прытуманены прасцяг – палеткі, зусім блізкі роў, крутаваты схіл з палеглым іржэўнікам і далячынь пад самае неба, з рэдкімі па раўчуках плямамі снегу. Гэтае прадсмяротнае прыволле нестрыванаю жалобай разанула ягонае сэрца. Ён не мог ні зразумець, ні адчуць нават, адкуль – ці з гэтага шэрага, маркотнага, але такога да болю вольнага прастору, ці, можа, з самай яго спакутаванай душы, – але раптам грымнуў у пачуццях нейкі дзівосны гімн вечнаму, вялікаму, нават святому, перад чым чалавек і ўсе яго клопаты сталі бязмежна нікчэмнымі. У нейкі кароценькі міг Клімчанка адчуў сябе мурашкаю і ўладаром адначасна, быццам з парога вечнасці на секунду зірнула ў яго твар вялікая, непазнаная ў жыцці сутнасць быцця. На некалькі кароценькіх секунд, страціўшы адчуванне сябе, як бы растварыўшыся ў небыцці, ён узнёсся над гэтым прасторам: вялізнай скрываўленай зямлёй, над траншэяй, ровам і нават уласнай хуткай пагібеллю.

Праўда, кароценькі позірк туды, назад ураз нізрынуў яго да зямлі, да сваёй гібелі, і ён, лічачы апошнія імгненні, сышоў з бруствера.

Тады марудна, ужо з рэальным адчуваннем зямнога, развітваючыся з жыццём, пайшоў ад траншэі ў поле, туды, уніз да рова, чакаючы ўсім целам чаргі ці, можа, залпу і ведаючы, што ўсё скончыцца проста. Смерць дужа простая штука, на вайне ён пераканаўся ў гэтым і не баяўся яе даўно. Яму толькі хацелася цяпер не празяваць той апошні міг, адзначыць яго як кропку, як апошнюю мяжу яго жыцця.

Але стрэлаў ззаду ўсё не было, і ён ішоў далей. Вецер тугою хваляй штурхаў яго ў грудзі, трапаў на галаве валасы, і кавалак бінта ляскаў па шчацэ. Клімчанка сарваў яго і з акрываўленым клокам ваты адкінуў прэч. Чапляючыся за ржышча, перавязка заскакала на ветры.

«Ну, страляйце! Страляйце ж, сволачы!.. Дзе ж стрэлы?..»

Стрэлаў, аднак, не было. Тады ён спыніўся, пачакаў, азірнуўся. Скрозь па ўсёй траншэі над брустверам тырчалі, варушыліся каскі, ствалы вінтовак, тонкія рулі аўтаматаў. Відаць, тое, што ён спыніўся, не ўваходзіла ў іх разлікі, і некалькі галасоў закрычалі:

– Рус, шнэль! Дом, дом шнэль! – I смех – хрыплы салдацкі рогат.

Што ж яны не страляюць? Чаму не б’юць? Чаго яны чакаюць? Здзіўленне спакваля пачало перарастаць у трывогу, якую ўжо не магла заглушыць і безнадзейная самота гібелі. Устрывожаны, ён адчуў, што гэта не так сабе, што гэты Чарноў-Шварц нешта ўздумаў – ці не горшае за самую смерць? Але што? Узрушаны і збянтэжаны, ён цяпер не мог сцяміць таго. Ён толькі адчуў небяспеку ззаду, усё далей адыходзіў ад яе і ўсё прыбаўляў кроку. У той жа час ён быў цвёрда ўпэўнены, што з гэтага палетка яны не выпусцяць яго. Можа, міннае поле? Можа, тая гармата-шпокалка?

I ён ішоў. Вось ужо ўчарашняя дарожка з быльнёгам у канаўках, побач распластанае цела ў шынялі – хтосьці іхні, але Клімчанка нават не зірнуў; непадалёк другі – з разматляным на спіне рыззём рэчмяшка – гэта ж Прошын. Клімчанка ўсё хутчэй шыбаваў уніз, уніз, да рова, увесь напружваючыся кожным нервам і чакаючы. Але яны там, на вышыні, маўчалі. Толькі прарываючыся пад вецер, яго даганялі абрыўкі гамонкі, рогат, і ўсю істоту лейтэнанта пранізвала недаўменне: чаму так? Няўжо... Няўжо Чарноў гэты – наш?

Гэтая думка канчаткова збянтэжыла яго.

Урэшце ён адышоўся настолькі, што забіць яго з першых стрэлаў стала ўжо не так лёгка. Ён зноў азірнуўся – не, за ім і не беглі, ніякага вераломства ззаду не было відаць. I тады ўсю яго істоту падхапіла надзея – жыць! Жыць! Жыць. Ён ірвануўся, што было сілы, вецер тужэй штурхануў у грудзі, але ён угнуўся, рынуўся наперад, ледзьве не паляцеўшы потырч, памчаўся зверху ўніз па палетку – хістка, няўпэўнена, ад слабасці амаль не валодаючы целам. I ўсё ж яго душа, неяк падсвядома, сама па сабе, як нейкага апраўдання, як праўды, як узнагароды за няпэўнасць, чакала ззаду стрэлаў.

Ды стрэлаў не было. Ніводнага. Аніадкуль. Вышыня замерла, стаілася, сціхла. Тады яго працяў раптоўны, не ўсвядомлены яшчэ ў свае прычыннасці жах – ён хіснуўся, аслабелыя ногі не адразу стрымалі яго. Няўцямным вар’яцкім позіркам лейтэнант глянуў уніз, дзе ўжо так блізка быў паратунак, і спыніўся.

Па ўсім беразе рова, з усіх рытвін і акопчыкаў-ровікаў тырчалі каскі, шапкі, натапыраныя каўняры аўтаматчыкаў. Ён яшчэ не ўбачыў ні іх твараў, ні позіркаў, – было яшчэ задалёка, – але нешта страшнае падсвядомаю сілай раптам перадалося яму. Ён раптам і вельмі выразна, як можа быць толькі за секунду да смерці, зразумеў, што ўсім тут ён – вораг.

Гэтае адкрыццё перуном ударыла яго, нешта ў ім ураз спарахнела, ногі самі кінуліся ўбок, ён, не ведаючы і не разумеючы, як і што здарылася і што рабіць, аббег па ржышчы крывуліну – безвыходную замкнёную пятлю, яшчэ раз убачыў маўклівую вышыню і тады канчаткова зразумеў, што з ім сталася.

Зразумеўшы, апусціў рукі, галава яго сама апала на грудзі, і ён, хістаючыся ад ветру, паціху пабрыў у роў.

Клімчанка ні разу не ўзняў галавы, каб зірнуць, дзе сысці на абрыў, але нейкае бескантрольнае адчуванне вывела яго да прамыіны-раўчука ў беразе рова. Там ён убачыў чыесьці рукі на свежанакапанай зямлі, пустыя закапцелыя гільзы, рассыпаныя ў сухой траве, шматок газеты, прыбіты ветрам у быльнёг. Дайшоўшы да абрыву, ён бокам, каб не зваліцца, ступіў у яго, стрымліваючы сябе на нагах, сышоў уніз. Побач былі людзі, але ён не бачыў іх. Яны ўсе маўчалі; з-пад яго ботаў сыпалася і незвычайна шумна шархацела жарства. Незнарок неяк яго позірк натрапіў на валёнкі з рудымі старымі падпалінамі, і ён узняў голаў: насупраць стаяў Арлавец.

Страшны, чорны ад шчаціння твар ротнага, на якім, сцятыя бровамі, нядобра гарэлі вочы, не здзівіў яго і не спалохаў – лейтэнант знямела і абыякава зірнуў у іх гнеўную глыбіню. Ён не здзівіўся таксама, калі ў наступнае імгненне з балючым звонам у вуху паляцеў на зямлю – ён толькі захліпнуўся ад крыўды і, нібы затраўлены, загнаны воўк, зараз жа ўскочыў і выцяў па вуху ротнага.

Затым у яго ўсё адразу прапала – і крыўда, і злосць, засталося толькі ранейшае адчуванне бяды, якая так несправядліва абрушылася на яго і скінуць якую ўжо не было магчымасці. Ён моўчкі чакаў за гэтым ударам другога – больш дужага – або, можа, стрэлу ў спіну, грудзі. Ззаду і па баках стаялі байцы. Нехта з іх крыкнуў штосьці абразлівае, і іншыя падхапілі:

– Здраднік!

– Запраданец нямецкі!

– Прыйшоў за астатнімі!

Клімчанка чакаў гэтыя крыкі і разумеў іх; апраўдвацца, аднак, не было слоў, штосьці назаўжды зацялася ў яго душы і не было сілы саўладаць з найвялікшаю такой несправядлівасцю. Упершыню ў кароткім прасвятленні свядомасці мільгануў зразумелы цяпер да дробязей намер Шварца-Чарнова, і лейтэнант з новаю сілай адчуў, што, сапраўды, смерць цяпер для яго – раскоша.

Але чаму маўчыць, не б’е і не страляе ў яго Арлавец, чаго ён чакае, скамянела ўставіўшыся ў яго?

Лейтэнант узняў вочы і, сустрэўшыся з яго позіркам, раптам нечакана для сябе ўбачыў у ім амаль што разгубленасць. Здалося, ротны пра ўсё ўжо здагадаўся, прачытаў на скрываўленым твары лейтэнанта яго страшэнную бяду. У душу Клімчанкі адразу хлынула крыўда; на момант ён адчуў сябе такім вартым жалю няўдакам, што не ўтрымаўся і на момант згубіў усе сілы. Ён аслабела асеў на дол, зашчаміў між каленяў твар і выдавіў з сябе нечалавечы роспачны енк. Наўкола гнеўна гудзелі байцы.

– Ціха! – пакрываючы гаману, раптам закрычаў Арлавец. – Маўчаць! Калі ні д’ябла не разумееце!..

Тады людзі, нібы штосьці адчуўшы, хутка прыціхлі. Клімчанка пачуў лаянку і пагрозы, але ўжо скіраваныя немцам. Ад роспачы ён затаіў дыханне і зблізку ад сябе ўчуў знаёмы, такі па-добраму разважлівы голас Галаногі:

– Што ж цяпер зробіш! Стрывай як-небудзь...

Гэтыя памяркоўныя, разважныя словы сталага чалавека, з якім у лейтэнанта было столькі рознага – і благога і добрага, – неяк нечакана нібы паставілі ў ім штось зрушанае, збітае на месца. Можа, у іх адбіўся той заўсёдашні трудны Галанога, з якім нямала пазмагаўся Клімчанка, – непераборлівы, цярплівы, падаткі. Лейтэнант унутрана рвануўся ў пратэсце супраць гэтага «як-небудзь». Ён не хацеў «як-небудзь», – ён хацеў быць або ранейшым для іх, або ніякім. Пратэст гэты ахапіў яго, перамог усе іншыя пачуцці, лейтэнант з новаю сілай, нададзенай яму злосцю, ускінуў галаву. Прага дасведчыць сваю невіноўнасць справаю ўраз успыхнула ў ім – гэта было выйсце.

Клімчанка вёртка ўскочыў, сігануў да згорбленага, у пакамечаным шынялі, Галаногі і тузануў за рулю яго аўтамат.

– Дай!

Галанога цяпнуў плячом, няўцямна міргнуў запалымі немаладымі вачмі, але праз момант апусціў руку і аддаў з пляча аўтамат. Клімчанка, схапіўшы яго, кінуўся на схіл. Раптам страціўшы вагу і, здаецца, розум, ён на карачках вылез з рова і па ніве рынуўся туды, угару, да вышыні.

Ззаду зрабілася ціха-ціха. Ён не азіраўся і не чуў нічога. Усе на абрыве нібы анямелі, і ніхто не затрымаў яго, не стрэліў, толькі праз момант хтосьці вылаяўся і затым над ровам узвіўся зычны малады голас тэлефаніста Капусціна:

– Сволачы! Гэта ўсё яны, сволачы!..

Неяк падспудна Клімчанка ўсё ж чакаў спачування, нават прагнуў яго, сам сабе не прызнаючыся ў тым. Гарачая расслабляючая хваля акаціла лейтэнанта з галавы да ног – і ён раптам адчуў, што ажыў, што ўваскрэс. А ззаду па ўмерзлай зямлі ўжо затупацелі ногі, – значыць, яго не пакінулі, паверылі; гэта вяртала яго да жыцця. Цяпер былі толькі немцы, быў пракляты Шварц-Чарноў, і ўсё ў Клімчанку разгоніста імкнулася туды, да помсты або смерці.

Толькі гэтак жа раптам усё і перайначылася.

– Адставіць! Усе стой! Назад! – раўнуў ззаду голас Арлаўца, і ўжо амаль што выстраены на бягу ланцуг здрыгануўся.

– Клімчанка, назад! Усе назад! Бягом!

«Што гэта? Што гэта? Чаму так? Навошта?» – раптам зноў з усёй сілаю запратэставала ў ім. Але за некалькі апошніх секунд ён паспеў ужо стаць часткай цэлага, як і ўсе, і мусіў слухацца гэтай каманды. I ён упаў. Немцы яшчэ не стралялі, рота – таксама, але зладны бег дзесятка людзей, што кінуліся за ім, ужо спыніўся, некаторыя пападалі, а некаторыя папляліся назад у роў, з берага якога крычаў Арлавец.

Тады, зноў аддаўшыся шчымліва-трывожнаму ў душы, Клімчанка ўстаў і, валочачы за почапку аўтамат, пайшоў па палетку ўніз.

 

8

Аўтаматчыкі дабягалі да рова і па адным знікалі за абрывам. Клімчанка, зноў абяссілены і панылы, з апалым сэрцам дайшоў да берага, дзе быў ротны, і адразу ўбачыў яго ўжо ўнізе, ля ручая, і з ім яшчэ некага ў белым паўшубку, з пісталетам у апушчанай руцэ. Абодва яны насцярожана глядзелі ўгару, на лейтэнанта.

Амаль фізічна адчуваючы варожасць іхняе маўклівасці, Клімчанка марудна пайшоў з абрыву. Знясілены, растрывожаны, у непадпяразанай гімнасцёрцы, без шапкі, са зблытанымі ветрам валасамі, ён тут асабліва востра адчуў сваю прыніжанасць і сваю бяду. I ўсё ж гэта было яшчэ не самае горшае. Самае горшае сталася, бадай, калі на сярэдзіне абрыву ён пазнаў у чалавеку з пісталетам капітана Петухова, афіцэра са штаба палка. Быццам укопаны, разрыўшы абцасамі глей, лейтэнант спыніўся.

– Пойдзеш у трыбунал! – змрочна сказаў Петухоў.

– Завошта? – ціха, пра сябе спытаў ён кагосьці, хто не мог адказаць яму, і выкрыкнуў мацней: – Завошта?

Але зноў яму ніхто не адказаў – ні Петухоў, ні ротны Арлавец, які, сцяўшы кашчавыя надброўі, змрочна глядзеў убок, ні аўтаматчыкі, што пасталі на абрыве скрозь па ўсім схіле і напружана сачылі за ім. Тады ён скалануўся, зразумеўшы, што пастка за ім назаўжды закрылася.

– Завошта? Завошта? – закрычаў ён, ледзьве трымаючыся на голым крутым абрыве. – Завошта? Капітан, скажыце?

– Ладна, Клімчанка! Разбяруцца, – нязлосна сказаў Арлавец, зрабіў крок насустрач, але тут жа павярнуўся назад і стаў у баку ад Петухова.

«Разбяруцца!» Ён ужо ведаў, як гэта часам разбіраліся. Да таго ж ён убачыў, як Петухоў, прыўзняўшы пісталет, зняў курок з ахоўніка.

Клімчанка паволі апусціў рукі, аўтамат на почапцы дзёўбнуўся аб зямлю, і лейтэнант упершыню ўсвядоміў яго цяжар. У той час – мабыць, таксама ўпершыню – ёы выразна адчуў, што надзеі ўсе абарваліся і што ўсё назаўжды скончана.

– Ты перамог, сволач! – сказаў ён, бачачы перад сабой загадкава-лядзяныя вочы Шварца-Чарнова.

Сказана гэта было зусім ціха, але ў той цішы, што запанавала ў рове, яго ўчулі, і Петухоў крыкнуў гучней – нецярпліва і пагрозліва:

– Узяць яго!

Два прыведзеныя ім з каменданцкага ўзвода байцы нехаця палезлі на абрыў; бачна было, што яны прыкметна баяліся і ўвесь час засцярожліва паглядвалі на лейтэнанта. Лезці было нязручна, хлопцы коўзаліся і падалі, абапіраючыся на рукі. Клімчанка, нібы стараючыся нешта вырашыць і баючыся, што не паспее зрабіць гэта, нягучна прыкрыкнуў:

– Стой!

Байцы, не далезшы якіх дзесяці крокаў, спыніліся; адзін апусціўся на калена, другі стаяў, шырока адставіўшы ўбок нагу. Клімчанка трохі ведаў іх, калісьці ў Дворышчах яны разам адбівалі нямецкую атаку, ратавалі штаб палка і палкавы сцяг, які тады ледзьве не трапіў да немцаў. Па пакутлівых выразах курносых твараў было відаць, што хлопцам вельмі непрыемна ўвязвацца ва ўсю гэтую справу. Да таго ж, відаць, яны пабойваліся яго.

– Стой, хлопцы! – мякчэй сказаў Клімчанка.

З нейкага нядаўняга часу ён пачаў спакайнець і чым далей, тым усё выразней разумеў, што адбываецца і што трэба рабіць. Гэта надало яму ўпэўненасці і душэўнай зладжанасці – здольнасці праз сілу перамагчы штосьці непераможнае ў сабе. Але ў гэты час Петухоў яшчэ нешта крыкнуў байцам і, трымаючы на вынасе пісталет, хуткім крокам пайшоў да абрыву.

За ім ступіў Арлавец.

– Пастойце! Вы што? У мяне ў дзевяць ноль-ноль атака! Вы ўлічваеце або не?

Петухоў не зірнуў на ротнага.

– Трыбунал усё ўлічыць! – пагрозліва прагучала ў трывожнай цішыні рова, і ў грудзях у Клімчанкі нешта безнадзейна заныла.

На хвіліну ў ім бліснула і згасла міжвольная ўдзячнасць к ротнаму. Але тут жа з’явілася думка: «Не трэба! Не ўпрошвай! Бескарысна!»

Петухоў далез да крайняга байца і з зацятай суровасцю на мясістым твары штурхануў яго ў каршэнь. Хлопец упаў на калені, устаў і палез вышай. I ў той час Клімчанка незвычайна абвостраным разуменнем адчуў сапраўдны, непазбежны, вялікі канец.

Каб не раздумаць, не даць у сабе аслабнуць чамусьці, як здалося яму, гранічна яснаму і адзіна магчымаму, ён перахапіў рукою аўтамат і ягоным нібы спецыяльна скошаным для таго дульным зрэзам ткнуў сабе ў грудзі.

– Стой! З глузду з’ехаў, ці што?!

Нехта з сілай ірвануў яго за локаць. Лейтэнант азірнуўся – то быў Галанога. Тады ў нейкім секундным праясненні Клімчанка зірнуў на сябе збоку і збянтэжыўся.

Сапраўды: гэта было куды як недарэчна, нават агідна – забіць сябе, калі ўжо цябе не забілі немцы. Марудна выспеўшая яго рашучасць была зрушана. Але што ж рабіць? Як быць далей? Лейтэнант выпусціў аўтамат, які цягнуў да сябе Галанога, і разгублена азірнуўся – на схіле рова, трывожна ўставіўшыся ў яго, стаялі байцы.

Ён так нічога і не вырашыў, як раптам недзе за ровам гулка ўдарыла ў паветры – раз і другі. У хмарным небе над галовамі аўтаматчыкаў з тугім шорхатам прайшлі снарады. Крэкнуўшы, яны разарваліся на вышыні. Праз некалькі хвілін павінна была пачацца атака.

Арлавец таропка зірнуў на гадзіннік у рукаве і рашуча ступіў да Петухова.

– Ты вось што! Канчай!

Петухоў недаўменна азірнуўся.

– Вы што?

– Анічога! Уматвай да д’ябла! У мяне атака! – змрочна сказаў Арлавец і, не чакаючы адказу, зычна падаў каманду: – Камандзіры ўзводаў, па мястах!

– Ах, так! – крута павярнуўся да яго Петухоў. – Пакрываеш? Каго пакрываеш, падумаў? Ты адкажаш за гэта!

– Ну і адкажу! – цераз плячо кінуў Арлавец. Відаць было, ён ледзьве стрымліваў сябе і ў іншы час не стрываў бы такога ўмяшання ў справы роты. Але цяпер у роце было ЧП, і тут шмат у чым ён адчуваў сябе звязаным.

Арлавец зноў зірнуў на гадзіннік і тужэй падцягнуў дзягу на сваім паўшубку. Пасля, нібы толькі заўважыўшы на схіле паныла-разгубленага Клімчанку, з клапатліваю строгасцю прыкрыкнуў на яго:

– Чаго стаў? Ану, марш да ўзвода!

Клімчанка збянтэжыўся яшчэ болей – такім нечаканым здаўся яму гэты, па сутнасці такі звычайны, загад. Лейтэнант недаўменна зірнуў на Арлаўца: ці да яго той звяртаецца? Але памылкі не было – ротны загадваў яму; сказаў і пайшоў па ручаіне ўгору, на сярэдзіну ланцуга, нібы адразу забыўшыся і на яго, і на Петухова, які з помслівай зацятасцю хутка ішоў прэч па рове.

З гулкім сэрцам у грудзях Клімчанка павярнуўся да ўзвода.

На вышыні грымелі выбухі, угары ў хмарным сакавіцкім небе люта верашчала і выла. Байцы дакурвалі цыгаркі і, ахопленыя новым клопатам, таропка разбягаліся ў ланцуг па краі рова. Лейтэнант таксама ўзлез па абрыву наверх і лёг між байцамі. Яшчэ не верачы, што ўсё абышлося, што самая вялікая бяда мінулася, і прадчуваючы наперадзе труднае, ён марудна спакойнеў.

Між тым часу ў яго было небагата, камандзіры ўзводаў у ланцугу падавалі ўжо каманды.

Тады і ён, прыўзняўшыся на краі абрыву і некалькі больш гучна, чым было трэба, дрыготкім ад хвалявання голасам крыкнуў:

– Узвод, падрыхтавацца да атакі!

Нехта сунуў яму аўтамат, нехта паспешна скінуў з сябе і аддаў яму ватоўку. З нямою ўдзячнасцю ў душы лейтэнант прыняў усё гэта і азірнуўся. Некалькі ўбаку над абрывам узнялася прыземістая постаць Арлаўца. Ротны дастаў з-за пазухі пісталет і, узмахнуўшы ім, выскачыў з рова.

Рота аўтаматчыкаў пачынала атаку.


1962

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2006
Крыніца: http://www.lit-bel.org/