epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Ранак-світанак

1
2
3
4
5
6


1

Ён ляжыць на лаўцы, між двума вокнамі, з застыглым васковым тварам, на якім ужо ні руху, ні думкі — толькі слабы адбітак нейкай няпэўнай грымасы. Грымаса гэтая больш за мярцвецкае здранцвенне робіць яго твар амаль чужым, раней невядомым мне, напэўна, гэта таму, што пры жыцці была зусім неўласціва яму. Такія ж мёртвыя ў сваёй нерухомасці рукі яго складзены кісцямі на жываце паверх непадпяразанай суконнай гімнасцёркі з дзвюма эмалевымі шпаламі ў палявых пятліцах. Ордэны з гімнасцёркі ўжо адвінчаны, і на грудзях чарнеюць дзве маленькія дзірачкі, ля якіх на сукне відаць плямкі ржы, хоць зусім можа быць, што гэта сляды крыві. На нагах акуратна падцягнутыя шарсцяныя трафейныя наскі, у якіх трошкі рассунутыя ступні здаюцца не па-мужчынску маленькімі.

— Ну, паглядзеў? — ціха пытаецца капітан Левін і паварочваецца да парога, даючы тым зразумець, што трэба выходзіць. Насунуўшы на галаву шапку, я асцярожна, каб не парушыць цішыні гэтай хаты, адчыняю дзверы. Зачыніць іх. з маёй параненай, падвешанай на бінце, рукой не дужа ўпраўна, і капітан зачыняе дзверы сам.

На дварэ марозна і сонечна. Дзесь на перадавой за ляском грахаюць мінныя выбухі, а тут, у прыфрантавой вёсачцы, свае рытмы і свае клопаты. Па вуліцы на фурманках з нейкай паклажай едуць абознікі, іх абмінаюць трое верхавых у маскхалатах. Ля сцяны пад хлеўчуком два байцы з каменданцкага ўзвода майструюць труну. Абодва яны маладыя і, відаць, упершыню ў жыцці ўзяліся за такую не вельмі звычайную нават на вайне справу і, мусіць, таму нешта ўсё пагыркваюць адзін на аднаго.

— Трымай ты! Бязрукі, ці што! — нервова кідае адзін з іх, трымаючы рукой кароткі абрэзак дошкі, у які трэба забіць цвік.

— Трымаю. Не разяўляйся, крыкун!

Цвікі, напэўна ж, з дроту, яны гнуцца пад малатком і не лезуць у смалістае сучкаватае дрэва дошкі. «Крыкун», стоячы на каленях, сяк—так спраўляецца адзін і, адклаўшы малаток, заклапочана азірае сваю работу.

— Ну во! А шырыні такой хопіць? — пытаецца ён і з—пад ілба кідае позірк на свайго напарніка. Пасля заўважае зводдаль мяне. У поглядзе хлопца такі пакутніцкі выраз, што, глянуўшы на яго, хочацца толькі лаяцца або плакаць.

— Трэба б схадзіць памераць,— кажа напарнік, бела-брысы і сінявокі, з растапыранымі вушамі шапкі, з якіх вісяць матузы завязак. Другі маўчыць, пэўна, ісці у хату, дзе ляжыць забіты, ніводнаму з іх не хочацца, і «крыкун» махае рукой. Стаўшы на ногі, ён сцягвае з сябе ватоўку, нязграбна прымошчваецца і выцягваецца ў мелкай яшчэ, без адной сценкі, труне.

— Ну паглядзі. Харош?

— Пайдзёць. Мо шыракаваты трохі.

— А ты памячай. Нашто лішняе.

Светлавокі дзелавіта размячае на тарцы разварот бакавых дошак, а я ўжо не магу тут заставацца. Мне ўвесь час хочацца некуды ісці. Вядома, трэба дабірацца ў санбат, але машыны туды будуць яшчэ не хутка, толькі што адправілі цяжкіх, а лёгкапараненым, відаць, прыйдзецца чакаць да абеду.

Не ведаючы, чым заняцца, каб як—колечы скаратаць час, я марудна брыду па вясковай вуліцы к школе. Мне тужліва і самотна, вельмі баліць рука, пасля бяссоннае ночы раз—пораз кідае ў дрыжыкі, а ў вачах няспынна мітусяцца ўрыўкі ўчарашніх падзей, гучаць галасы людзей, якіх ужо няма і ніколі болей не будзе.

 

2

Надвячоркам узвод аўтаматчыкаў заняў хутар. Заняў лёгка, амаль што без бою; некалькі немцаў, здаецца, ні разу не стрэліўшы, уцяклі па саннай дарозе ў сяло, і мы, пастраляўшы па іх, болей каб напалохаць (было далёка), разышліся ў ланцуг і залеглі пад плотам — у пяцідзесяці кроках ад хаты з хлявамі.

Мы рашылі не наступаць далей, бо і без таго здорава вырваліся з баявых парадкаў палка, бой — чутна было — грукатаў справа і злева ззаду, дзе на ўзгорках біліся стралковыя батальёны. Цяжкія нямецкія міны, з візгам пралятаючы над нашымі галовамі, пералапачвалі там снег з зямлёй; часам даносілася аслабленае адлегласцю, нейкае дужа нерашучае «ўра», але кулямётна-вінтовачная траскатня заглушала яго, і крыкі зусім прападалі. Не трэба было шмат вопыту, каб зразумець, якой цаной даставаліся палку ўзгоркі. Нам жа тут, пад носам у немцаў, як гэта ні дзіўна, было спакойна.

Я ляжаў на снезе пад плотам за перакуленай скрыняй параконнай нямецкай фурманкі і, узрушаны яшчэ не астыглай радасцю ад даволі лёгкага поспеху, адчуваў сябе амаль шчаслівым. Час ад часу пазіраючы з—за абсыпанай снегам скрынкі на поле і слухаючы грукат недалёкага бою, я стараўся заўважыць у ім хоць якую-небудзь прыкмету таго, што немцы адступаюць, але нічога заўважыць не мог. Тады з’явілася меркаванне, што, можа, так яшчэ і лепш; трымацца тут, на гэтым мыску, увогуле было няцяжка, і ў той жа час гэта быў мысок, які глыбока ўразаўся ў абарону ворага, што само па сабе красамоўна сведчыла аб пэўнай выключнасці нашай пазіцыі. Мінаў час, у нас паранейшаму было зацішна, і розныя фарсістыя прыдумкі ўсё настойлівей пачалі займаць маё ўяўленне.

Я ўжо бачыў, як на КП заўжды раззлаваны боем камандзір палка, маючы на ўвазе хутар, кажа зараз начальніку штаба; «Малайчына гэты аўтаматчык, іш урэзаўся куды!» або, можа, нават пакрыквае ў тэлефонную трубку на нашага суседа камбата-тры: «Што там топчашся? Вунь аўтаматчыкі хутар узялі. На іх раўняйся!». Зрэшты, я быў бы рады, калі б ён нават не сказаў, а хоць бы падумаў пра мяне што-небудзь накшталт: «Малайчына младшой! Не з труслівага дзесятка!».

Смелы я або трус — аб тым мне, дарэчы, яшчэ самому было невядома. Па прычыне зусім нядоўгае мае франтавой выслугі, выпадку як след праверыць сябе на гэтым пакуль не здаралася. Яшчэ два дні назад кожны візг міны над галавой вымушаў мяне сціскацца ўсім целам на снезе, не вельмі ўжо хутка я зразумеў, што міны ўсё ж ідуць міма, і неяк неўпрыкмет для сябе стаў прывыкаць. Ды і сорамна было памкамузвода сяржанта Хазяінава, шыракатварага нетаропкага чалавека, удвая старэйшага за мяне, які на кожны мой так старанна хаваны ў сябе спалох нібы незнарок кідаў:

— Нічога! Міма...

Я і сам ведаў, што міма, і, каб загладзіць няёмкасць, спазнела, без яўнай патрэбы вытыркаўся з прыдарожнай канавы, у якой мы ляжалі ад раніцы, чакаючы сігналу на атаку. Але што я мог зрабіць, калі маё цела само, незалежна ад мае волі, так бессаромна рэагавала на кожны выбух. Яго хоць і чакаюць, аднак заўсёды ён застае цябе знянацку. А гэта, нават не пазіраючы ў мой бок, заўважаў сяржант Хазяінаў.

— Нічога. Абы да ночы...

Ён і тут, здаецца, адгадваў мае думкі і, пасмоктваючы з рукава махорачную самакрутку, таксама прыслухоўваўся да грымотнай таўкатні ззаду. Апрануты ён быў у новы яшчэ камсастаўскі паўшубак з выдраным клокам на левай лапатцы, на нагах яго сядзелі валёнкі, рукавіц ён, здаецца, не насіў, грэючы рукі цыгаркай. Падобна на тое, што яму было цёпла. Я ж у сваім «на рыбіным футры» шынелку пачынаў ужо зябнуць на снезе і, разы два павярнуўшыся, прыглядаўся да пабудоваў — загрузлай у снезе хаціны ды скасабочаных хлеўчукоў са снегавымі шапкамі на стрэхах. Жыхароў там, мусіць, не было, хутар выглядаў сіратліва пакінутым, і ўсё ж там, здавалася, было цяплей, чым на

ветраным прыбоі пад яго сценамі. Хазяінаў адразу зрэагаваў на гэты мой міжвольны клопат, зірнуў з—за скрынкі і, згледзеўшы байца, што бліжэй за іншых ляжаў у ланцугу, паціху паклікаў:

— Маханькоў! Чуеш — паглядзі там...

Як ні дзіўна, Маханькоў зразумеў, з гатоўнасцю ўвішнага салдата хуценька падхапіўся і, спрытна перабіраючы локцямі, папоўз цераз двор да ганка.

— Уначы абагрэемся. Не можа быць, — нібы каб суцешыць мяне ды і сябе таксама, сказаў Хазяінаў і смачна засмактаў цыгарку.

Ноч нам была патрэбна, я адчуваў гэта, ноччу мы маглі тут прасядзець, а раніцай... Зрэшты, мае думкі не ішлі далей ночы, ранак быў незвычайна далёкім і зусім няпэўным — ці мала што магло здарыцца яшчэ да світання.

Тым часам памалу змяркалася, цямнела нізкае шэрае, як вата з фуфаек, неба. За снежным полем удалечыні ўжо ледзьве праглядвалі дахі сяла, дым ад пажараў у тым баку зусім змяшаўся са змрокам і стаў нябачным у небе. Толькі слупы ля дарогі на фоне снежнае шэрасці яшчэ прыкметны былі ў прыцемках амаль да сяла. Міны над хутарам, здаецца, сталі візжаць трохі радзей. Мяркуючы па тым, як пацішэла страляніна ззаду, можна было здагадацца, што бой к ночы канчаўся, так і не даўшы палку патрэбнага поспеху. Напэўна, сапраўды нам выпадала тут каратаць ноч, напалову абкружанымі.

Ну што ж, мне ад таго чамусьці не было дужа боязна. Хаця мы і апынуліся амаль што ў мяшку, але затое адарваліся ад начальства, якое за тры дні наступлення проста заганяла ўзвод аўтаматчыкаў. (Нават Хазяінаў стаў бурчэць і лаяцца.) Увогуле пакуль што атрымлівалася паводле выслоўя: няма ліха без дабра.

Мы яшчэ паляжалі некалькі хвілін. Мароз на змярканні, адчувалася, набіраў моцы. Байцы без усякай каманды ўзяліся за свае лапаткі, пачалі капаць у снезе ячэйкі — для сховы ад куль, а больш, каб сагрэцца. Горш за ўсё ў нашым становішчы — гэта няпэўна ляжаць ды мерзнуць, нічога не робячы. Думаючы аб сім-тым, я ўсё чакаў Маханькова, які павінен прыпаўзці і нешта паведаміць, каб тым самым даць нам з Хазяінавым прыняць рашэнне на ноч. Але з хаты пачуўся ягоны голас:

— Таварыш сяржант! Таварыш сяржант Хазяінаў!

Голас быў не зусім звычайны — нібы ўстрывожаны і

радасны адначасна, мы разам павярнуліся і ўбачылі ў прыадчыненых дзвярах ажыўлена-ўсмешысты твар байца:

— Ідзіце сюды!

Хазяінаў крэкнуў, памарудзіў, кінуў пільны нахмураны позірк у поле.

— Што там яшчэ такое?

Але Маханькоў чамусьці маўчаў, і сяржант, падхапіўшы свой аўтамат, хуценька пабег сагнуўшыся, спачатку паўз плот, а затым па—над сцяной хаты і нарэшце пераваліўся цераз парог. Маханькоў прычыніў дзверы.

Зноў пацягнуўся час.

Зрэшты, на гэты раз яны там маўчалі нядоўга. Неўзабаве ў прычыненых дзвярах зноў паказаўся круглявы, загадкава-ажыўлены твар Маханькова.

— Таварыш малодшы лейтэнант, памкамузвода клічуць.

Секунду я перасільваў у сабе тое меркаванне, што не

трэба б паўзці адсюль, хоць і было ціха, аднак, мабыць, нягожа на полі бою пакідаць узвод без нагляду. Але зноў жа, калі клікаў Хазяінаў, дык, напэўна, прычына гэтага выкліку была слушная.

Таксама, як 1 Маханькоў, я па-пластунску дапоўз да парога і ўскочыў у сені, з якіх насцеж расчыненыя дзверы вялі ў пакой. Ад ранейшых жыхароў тут няшмат чаго і засталося, падлога была завалена зляжалай саломай, ля парога грувасцілася куча зялёных скрынак ад боепрыпасаў. Ні стала, ні ложкаў, ні іншых прадметаў звычайнага сялянскага ўжытку нідзе не было — відаць, на хутары даўно ўжо гаспадарылі немцы. Пасярод хаты на каленях стаяў Хазяінаў; нахінуўшы тэрмас, ён сіліўся нешта разгледзець у ім.

— Лейтэнант, во трафей знайшлі, — зірнуўшы на мяне, сказаў памкамузвода.

— Тэрмас?

— Не тэрмас. У тэрмасе.

Без вялікай цікавасці я таксама зірнуў у лужонае нутро тэрмаса, дзе, да палавіны налітая, гойдалася, адбіваючы акно, нейкая вадкасць.

— Шнапс?

— Гарэлка. Наша, радзімая. Руска-горкая.

Прызнацца, я трохі расчараваўся. Не тое каб я не піў

зусім, але ніколі не адчуваў да гарэлкі асаблівай ахвоты. Куды з большым жаданнем я б знайшоў тут што-небудзь гарачае, што можна было б з’есці. А то — гарэлка! Піць яе ў мяне не было жаданай ахвоты — я хацеў есці.

— Давай пагрэемся, лейтэнант,— сказаў Хазяінаў.— Маханькоў, у цябе кварта была.

Маханькоў зняў са спіны даволі пляскаты рэчмяшок і выняў з яго алюмініевую кварту з двайной ручкай у плоскім баку.

— Та-ак! Зараз мы гэта... Толькі я першы. Ці мала чаго...

Папраўдзе, усё гэта мне мала падабалася, але нейкая зважлівая нерашучасць перад старэйшым, болей вопытным на вайне чалавекам не давала настоіць на сваім. Хазяінаў жа яўна радаваўся знаходцы, буйныя рысы яго абветранага, не часта голенага і даўно не маладога твару разгладзіліся, вочы ажывелі і падабрэлі. Церануўшы далонню кварту, ён ашчадна зачэрпнуў ёю з тэрмаса, пры скупым святле з выбітых вокан яшчэ раз паўзіраўся ў вадкасць і выпіў усю да дна.

— Хараша! Наша, наркомаўская.

— Дарма вы,— няўпэўнена пачаў я, але зараз жа змоўчаў пад здзіўленым, амаль што абураным поглядам майго памкамузвода.

— Як дарма? Вы што? Не хочаце — Маханькоў, давай фляжку. Мы яе зараз...

Маханькоў таропка адвязаў ад дзягі шкляную, у брызентавым чахле флягу, беручы якую, Хазяінаў незадаволена хмыкнуў:

— Лепшай не мог дастаць? Ваяка...

Фляга сапраўды была не Бог ведае якой моцы, і памкамузвода, раней чым наліць у яе, пакруціў пасудзіну ў руках, зазірнуў у рыльца, нават панюхаў. Затым чарпануў квартай з тэрмаса і беражна, тоненькім струменьчыкам пачаў наліваць гарэлку.

— Ану збегай да хлопцаў. Яшчэ фляг пяток будзе. Маханькоў ускочыў на ногі і толькі пераступіў парог, як дзесьці ў паўзмроку зімовага вечара над хатай раздаўся кароткі аглушальны трэскат. Ад нечаканасці мне здалося нават, што гэта Маханькоў незнарок даў чаргу з аўтамата. Але ў наступны момант трэск паўтарыўся, з акна са звонам вылецела адзіная там шыба, недзе паблізу грукнуў выбух, і зараз жа дробна і часта затрашчалі наўкола аўтаматныя чэргі.

Спачатку мы ўпалі на салому, потым Хазяінаў, вылаяўшыся, кінуўся да акна, я — да другога, але наскочыў на тэрмас і зноў упаў, выпусціўшы аўтамат. Калі ж я схапіў зброю, Хазяінаў ля акна раптам ненатуральна выпрастаўся і з нейкай дзіўнай марудлівасцю стаў паварочвацца, паварочвацца ў мой бок. Устаючы з долу, я зірнуў у твар памкамузвода і не пазнаў яго — ніжняя сківіца сяржанта дробна тузалася, вочы расшырыліся, зрэнкі закаціліся ўніз. Марудна выпрастаўшыся ля акна і не сказаўшы ні слова, ён раптам усім целам рухнуў пад мае ногі.

Ушчэнт разгублены, я не разумеў, што адбываецца. Дзесь у падсвядомасці нават мільганула думка, што сяржант жартуе, але, здаецца, было не да жартаў. Упаўшы побач, я схапіў яго за плечы і пераваліў на спіну. Белы каўнер паўшубка быў заліты крывёю, кроў і пузырыстая ружовая пена білі з дзвюх кулявых ран на шыі, якраз паабапал горла. Я выхапіў з кішэні штаноў перавязачны пакет і дрыготкімі рукамі пачаў абмотваць бінтом яго шыю. Ля хутара ваўсю грымеў бой, я чуў, як кулі з глухім стукатам дзяўблі сцены, нехта прабег каля хаты, нехта на панадворку крычаў. Пацямнелае неба за акном прарэзаў вогненны бляск блізкіх трас. Трэба было быць там, я ўсёю істотай адчуваў, што сталася бяда, і, не завязаўшы канцы бінта, кінуўся ў дзверы.

У гэты час нехта ўскочыў на ганак.

На шчасце, у сенцах было цемнавата, і ён, пэўна, не адразу ўбачыў мяне. Гэта быў немец у касцы і даўгаполым, вываляным у снезе шынялі, мае рукі самі ўскінулі насустрач яму аўтамат і выпусцілі ва ўпор даўгую — занадта даўгую — чаргу. Немец падламіўся і сеў на ганак, але за ім адразу ж паявілася яшчэ некалькі. Не ведаючы ўжо, як ратавацца, я ўздоўж сцяны падаўся назад, у хату, шмыгнуў у кут насупраць печы і стаіўся. Адразу ж услед з дзвярэй запыхала дрыготкае белаватае полымя, доўгая траскотная чарга прабегла па саломе, па Хазяінаве, абсыпала кулямі два супрацьлеглых вуглы. Не цэлячыся, я такой жа чаргой ударыў з—за вушака проста па белай пляме, у сенцах нехта дзіка завыў. Я разумеў, што засталіся апошнія мае секунды, і ў кароценькай паўзе паміж чэргамі бокам падскочыў да акна. Тут мяне лёгка можна было расстраляць. Але яны не стралялі — яны кінулі праз дзверы гранату. Стукнуўшыся аб голую сцяну, яна адляцела ў парог, а я скочыў на скрынку пад акном і двума ўдарамі бота высадзіў раму.

Выскачыў за секунду да выбуху, абсыпаны саламянай трухой, падняўся з калень ля прызбы і што было сілы прыпусціў у поле, дзе ўрассыпную па снезе ўцякаў мой узвод. Многія былі ўжо далёка, а з—за хлявоў наўздагон нам джгалі зялёныя маланкі трас. Бегучы, я азірнуўся — ля крайняга ад лесу хлеўчука, бліскаючы агнём, стаялі два бронетранспарцёры, пяхота з якіх ужо ўварвалася на хутар.

 

3

Мы сабраліся ў рэдзенькай маладой пасадцы абоч дарогі, адкуль некалькі гадзін назад пачыналі атаку і дзе заставаліся ў снезе нашы неглыбокія акопчыкі. Немцы за намі не пагналіся, пэўна, мэтай іх контратакі быў хутар, каторы цяпер, уначы, палыхаў за полем шалёным на ветры полымем. Недзе там жа засталіся і бронетранспарцёры. Іх буйнакаліберныя кулямёты час ад часу сыпалі ў наш бок агнянымі светлякамі куль.

Аўтаматчыкі затаіліся ў сваіх акопчыках, многія з якіх, дарэчы, так і засталіся пустымі. Я паслаў Маханькова палічыць, колькі ўцалела нашых, і тады аказалася, што мы страцілі ў гэтым злашчасным баі васьмярых — роўна трэцюю частку ўзвода. Чацвёра загінулі на хутары, двое засталіся ў полі, двое лёгкапараненых пайшлі па дарозе ў тыл. Самая цяжкая для мяне страта, вядома, быў мой памочнік сяржант Хазяінаў.

Збянтэжаны тым, што адбылося, не ў стане саўладаць з нервовай дрыготкай у нагах, я прыпёрся плячом да тонкага дрэўца ля акопчыка і сядзеў так, пазіраючы ў поле. Пасля ўсяго, што здарылася, лезці ў акопчык, хавацца было агідна. Чэргі з хутара цяпер не палохалі мяне, здаецца, я ўжо зусім вылечыўся ад страху. Я ўсё чагосьці не мог зразумець, у чымсь не мог разабрацца, я не ведаў, як усё гэта сталася і хто вінаваты. Я толькі адчуваў, што зараз жа трэба нешта зрабіць, каб паправіць становішча. Але што? Было відавочна, што супраць двух бронетранспарцёраў з іх кулямётамі мы бяссільны. У гэты момант я не думаў пра сваю бяспеку, тая стычка на хутары чамусьці не здавалася мне вельмі ўжо страшнай, я проста дрэнна памятаў яе, усё, што здарылася, было як у тумане і ўспаміналася нібы спрасоння. Я праклінаў хітрасць ворага, гарэлку, якая пагубіла Хазяінава, сваю такую недаравальна злачынную бяспечнасць. Маханькоў, мяркуючы па яго самотным выглядзе, не менш за мяне перажываў гэтую бяду і моўчкі сядзеў побач. Нейкім цудам яму ўдалося выскачыць цэлым з тае перапалкі, і цяпер, нібы адчуваючы якуюсь сваю віну, баец увесь час стараўся быць бліжэй да мяне.

— Ось дык пылае!..

Сапраўды, хутар пылаў, нібы цыстэрна з бензінам, і мы з тугой і роспаччу глядзелі на агонь, з якога пашэнціла вынесці ногі. Хоць і не ўсім. Але што мы маглі зрабіць?

— І адкуль яны выскачылі? з—за бугра, пэўна. Мы іх чакалі з сяла, а яны — з—за бугра, — прыціхлым голасам, усё яшчэ здзіўляючыся, казаў Маханькоў. Я задумліва слухаў яго, пакутуючы ад непапраўнасці нашага становішча, як у дальнім канцы канавы пачуўся голас. Неўзабаве ён паўтарыўся бліжэй, клікалі, здаецца, мяне.

— Што такое?

— Таварыш лейтэнант, там завуць.

— Хто заве?

Баец у суседняй ячэйцы, што перадаў мне гэта, аднак, змоўчаў, павярнуўшы голаў у бок дарогі. У начных прыцемках там угадвалася некалькі ценяў, якія, было падобна, кіравалі сюды.

— Дзе камандзір узвода?

Моўчкі я ўскочыў на ногі і ўзбег на дарогу, напружана ўзіраючыся ў шэры паўзмрок ночы. Вядома, я ўжо здагадваўся, хто гэта, і сэрца маё сціснулася ў прадчуванні і яшчэ горшага.

Камандзір палка Варонін, убачыўшы мяне, спыніўся трохі зводдаль, і я, падбегшы, моўчкі стаў перад ім. Няцяжка было здагадацца, якая справа прывяла маёра ва ўзвод аўтаматчыкаў, але слоў для апраўдання ў мяне не было, і я не стараўся знайсці іх.

— Чаму здадзен хутар?

Сударгава сціскаючы рэмень аўтамата на плячы, я маўчаў. Што я мог сказаць яму? Хіба ён сам не бачыў з НП, што адбывалася на гэтым хутары.

— Я пытаюся, чаму здадзен хутар?

— Бронетранспарцёры, таварыш маёр...

— Пляваць мне на бронетранспарцёры! Вы адказвайце, чаму здадзен хутар?

Ведама ж, мае тлумачэнні былі яму зусім непатрэбны,— яму патрэбен быў хутар, а не апраўданні. І я змоўк, гатовы прыняць ад маёра самую цяжкую кару, якую я заслугоўваў. Але ён злавесна маўчаў. Над полем з хутара ўзляцела ракета, у вышыні яна рассыпалася на тры, зорнае неба пыхнула сінявата-дымчатым водсветам. Нас маглі тут убачыць, але маёр нават не варухнуўся, утаропіўшы ў мяне злосны нахмураны позірк. Потым ён выцяг руку і, тыкаючы ёй у поле, ледзяным голасам абвясціў;

— Каб вы мне да раніцы яго ўзялі!

Я маўчаў. Я глядзеў на яго сутулаватую, паверх паў-шубка апяразаную рамянямі постаць, і ў гэты момант для мяне не існавала ў свеце нічога, апроч ягонае гнеўнай улады.

— Вы зразумелі? — не пачуўшы адказу, павысіў голас маёр.

— Зразумеў, таварыш маёр.

— Не возьмеце да васьмі ноль-ноль, я вас расстраляю вось тут, з гэтага вось пісталета.

Ён лёгка выхапіў з расшпіленай кабуры чорны ТТ і ягоным ствалом красамоўна пакруціў перад маім носам.

— Есць! — сказаў я, і голас мой здрыгануўся ад поўнай разгубленасці.

— Вось так! У восем ноль-ноль. Запомніце.

Што ж, запомніў. Я яшчэ дрэнна разумеў усе вынікі гэтага папярэджання, але названую гадзіну я запомніў. Не дужа вясёлы для мяне яго сэнс марудна даходзіў да маёй свядомасці, і калі камандзір палка з двума аўтаматчыкамі далекавата ўжо адышоў па дарозе, я ўсё яшчэ стаяў на месцы, з усяе моцы сілячыся зразумець, што ж мне цяпер рабіць.

Над полем зноў узнялася ракета, затым, калі яна дагарэла, засвяцілася другая — у дрыготкім яе святле пад зоркамі ярка азначыўся выгнуты, растузаны ветрам, след першай. У той жа момант імклівыя пісягі трас замільгалі ад хутара, б’ючыся аб насып дарогі і рыкашэтам пырхаючы з—пад маіх ног — у зараз жа пагусцелы змрок ночы.

— Таварыш лейтэнант!..

Мяне клікалі, за мяне непакоіліся, і я, нібыта ў паўсне, сышоў у свой акопчык пад дрэўцам. Побач, не займаючы яго, ляжаў на баку Маханькоў, неўзабаве аднекуль з ланцуга прыбег і ўпаў побач Грынюк, адзіны ўцалелы ва ўзводзе камандзір аддзялення. Абодва маўчалі, напэўна, чакаючы, што скажу я, але я таксама маўчаў. Да той шматзначнай размовы з камандзірам палка, якую яны ўсе чулі, дадаць мне не было чаго.

Ноч раптам праяснілася, хмары ў небе прарэдзіліся, і ў іх ірваных прагалінах з’явіўся месяц. Немцы яшчэ выпусцілі доўгую чаргу трасіруючых, на гэты раз многа правей уз—вода, у напрамку пагорка, куды пайшоў камандзір палка.

— Пуляе! Усё пуляе, гад,— заўважыў Грынюк. Маханькоў не сказаў нічога, я таксама.

Некаторы час мы сядзелі моўчкі, але я ведаў, што абодва яны спачувалі мне і, пэўна, хацелі супакоіць. Аднак спачуванні цяпер не мелі сэнсу, і яны самі, відаць, няблага разумелі гэта.

— Пакуль там што — давайце перакусім,— сказаў Грынюк і, нешта дастаўшы з кішэні, падаў мне.

— Што гэта? А-а-а...

— Галеты, таварыш лейтэнант. Маханькоў, давай фляжку.

Маханькоў з гатоўнасцю падаў флягу, і я, амаль недаўменна (якая фляга, навошта фляга?), нібы прасыпаючыся ад душэўнага змярцвення, узяў яе. Гэта была тая ж, знаёмая, нядобрай памяці шкляная фляга, і ў ёй важка, нібы жывая істота, з ціхім пляскам боўталася з паўлітра гарэлкі.

— Выпіце, лейтэнант,— неяк проста, па-свойску сказаў Грынюк.— Для сугрэву не пашкодзіць.

Я патрымаў флягу ў руцэ, падумаў і вырваў гумовую пробку. Гарэлка была страшэнна сцюдзёная і гарчыла ў роце, больш чым на тры глыткі ў мяне не хапіла дыхання. Пасля, пакуль я з нечаканым апетытам жаваў скрыпучую галету, глытнулі патроху Маханькоў і Грынюк.

— Во і добра! Сугрэўней стала. А то ночка — не мамачка.

Сапраўды, зрабілася неяк трохі цяплей, а галоўнае —

быццам весялей нават, з душы нібыта зваліўся гнятлівы цяжар, і мая вялікая бяда стала раптам патроху меншаць.

— Грынюк, як у вас з патронамі?

— З патронамі? Анічога. Есць патроны.

— Маханькоў, перадай па ланцугу фляжку. Кожнаму — адзін глыток.

Маханькоў падняў галаву, нібы чагось не разумеючы, і я паўтарыў:

— Перадай, перадай! І — падрыхтавацца да атакі.

— Зараз? — здзівіўся Грынюк.

— Так, зараз.

Грынюк заёрзаў па снезе, высмаркаўся, выцерся рукавіцай і, яўна не адабраючы маё рашэнне, шумна ўздыхнуў. Мяне ж ці то ад гарэлкі, ці таму, што я толькі цяпер пачаў усведамляць усю незайздроснасць свае перспектывы, пачала распіраць неспатольная прага да дзеяння. Хацелася неадкладна кудысьці бегчы, нешта рабіць, здаецца, я пачынаў адчуваць у сабе сілу і рашучасць супраціўляцца абставінам.

Грынюк жа, мяркуючы па ўсім, адносіўся да гэтага інакш.

— Пачакаем. Да раніцы цэлая ноч.

— Ну і што? За ноч хутар бліжэй не стане. Маханькоў, бяжы спытай, колькі часу.

Маханькоў, прыгнуўшыся, шмыгнуў у канаву і пабег да байца Бабкіна, у якога быў трафейны гадзіннік, а Грынюк, задраўшы падбародак, паглядзеў у неба, дзе час ад часу з’яўляўся з—за дранага ашмоцця воблакаў амаль правільны дыск месяца.

— Хоць бы гэта бяльмо схавалася. А так...

— Напляваць! Колькі, Маханькоў?

— Дваццаць хвілін першай, таварыш лейтэнант, — сказаў Маханькоў і апусціўся на адно калена.

Я ўстаў з акопа.

— Так! Падрыхтавацца да атакі. Дазарадзіць магазіны. Падрыхтаваць гранаты.

 

4

Я ледзьве вытрымаў, каб не падняць узвод зараз жа, цярпліва счакаў каля паўгадзіны і тады з дрыготкім сэрцам выйшаў з акопчыка. Поплеч адразу ж ускочыў Маханькоў, пасля ўсталі яшчэ, і ледзьве прыкметны ў прыцемках ланцужок рушыў па снежным полі ў напрамку да хутара.

Хутар ужо амаль дагарэў, і толькі некалькі агеньчыкаў слаба бліскалі ў цемры на самым краі поля. Я на ўсе вочы ўзіраўся ў гэты край, бо ад таго, заўважаць нас або не раней, чым мы зблізімся на кароткі рывок, залежала для мяне ўсё. Мне здавалася, што, раней чым немцы спахопяцца, узвод паспее прабегчы хоць бы палавіну поля, астатняе, вядома, давядзецца адольваць пад нямецкім агнём. Напэўна, гэта было не самае лепшае, але іншага спосабу вярнуць хутар я не знаходзіў. Зрэшты, у адным нам як бы быццам пашэнціла — месяц, здавалася, надоўга схаваўся за густым навалаччам хмар і ноч добра-такі сцямнела.

Пад ботамі і валёнкамі ціха паскрыпваў марозны снег, халодны нямоцны вецер апякаў твары. Я вельмі спяшаўся і то шырокім крокам, то бягом усё далей вёў узвод ад дарогі. Было цёмна і ціха. Вядома, з хвіліны на хвіліну немцы павінны былі павесіць ракету, я чакаў яе, каб адразу ж залегчы, пакуль яна яшчэ будзе на ўзлёце. Але атрымалася так, што іх чамусьці ўзнялося тры разам. Прадчуваючы нядобрае, я тут жа распластаўся на снезе, непадалёк пападалі байцы, і толькі на правым фланзе хтось недаравальна прамарудзіў — доўгі трайны цень яго па-здрадніцку заматляўся па бязлітасна асветленым полі.

Ракеты не паспелі дагарэць, як з—за хутара імкліва ўзляцелі яшчэ тры, і тут жа прывідны ў іх святле прастор над галовамі прашылі першыя паскі трас. Чэргі вылецелі з аднаго месца, трошкі лявей ад хутара, пасля ў паветры да іх далучыліся іншыя, затрашчалі новыя кулямёты, і ў глухой дагэтуль начной цішыні ўсчаўся такі вэрхал, якога, здавалася, не было ўдзень, калі наступаў полк.

Я ўголас вылаяўся, уціснуўся ў снег, амаль фізічна адчуваючы, як мая ўзнёсласць і мая рашучасць уступаюць месца роспачнай злой безвыходнасці. Было зразумела, што замысел мой разлятаўся ўшчэнт, наступаць пад такім агнём было самагубствам.

Ткнуўшы падбародак у снег, я пакутліва згадваў, што рабіць. У душы нядоўга паныла ды і сканала нясмелая надзея на тое, што гэта — так, што немцы ўсчалі такую страляніну, каб напалохаць, што нас яны не заўважылі.

Думалася, а раптам усё сціхне. Але дзе там! Сотні агняных светлякоў, пераганяючы адзін аднаго, скрыжоўваючыся і размінаючыся, шалёна несліся ў наш бок, дзёўбаліся аб снег, зламаўшы траекторыю, узляталі зноў. У небе пад аблокамі няспынна віселі ракеты, і было відаць, як вецер марудна раскручвае на небасхіле блытаніну іх дымных хвастоў.

Ад такога знішчальнага агню нас ратавала толькі адлегласць. Усё ж да хутара было не меней чым кіламетр, і таму рассейванне іх чэргаў было вялізнае. Па сутнасці, немцы сеялі імі па ўсім полі.

Павярнуўшы голаў, я паглядзеў на свой узвод. Няроўны яго ланцужок, нібы замершы адразу, ляжаў пад зіхоткай агнянай мітуснёй уверсе, здавалася, ніводным рухам не дэмаскіруючы сябе ў гэтым полі. Але цяпер гэта яго нерухомасць ужо не была перавагай — нас, пэўна ж, убачылі. Мабыць, трэба было падаваць каманду, каб вяртацца назад.

Аднак я марудзіў. Я чакаў, усё яшчэ спадзеючыся на штось раптоўнае і спрыяльнае для нас, як цуд. Уздоўж ланцуга, грудзямі рассоўваючы снег, поўз Грынюк. Я бачыў яго, але сяржант, перш чым загаварыць, патузаў мяне за бот і праз трэскат і гром пракрычаў:

— Лейтэнант! Чаму ляжым? Камандуйце: па-пластунску наперад!

«Дзякуй, Грынюк!» — падумаў я. А то мне здалося, што ён прыпоўз не за тым. Давялося б ваяваць, узяў бы яго на месца Хазяінава. А так... Але куды тут па-пластунску?

— Параненых многа?

— Ды быццам няма. Давай наперад. Замярзаем.

— Бачыш, што робіцца?

— А! Была не была. Усё роўна ўбачылі.

Вядома, убачылі, цяпер літасці ад іх не чакай. Цяпер ужо можна збліжацца адкрыта. Толькі што мы зробім, калі і зблізімся? Пакласці пятнаццаць чалавек пры такім агні з блізкай адлегласці — работы на пяць хвілін. Загублю ўзвод і сам лягу. Не, так нельга.

Але ж тады як?

Ракеты над полем свяцілі безупынку. Толькі пачынала дагараць адна — зараз жа ў дымнае ад папярэдніх неба ўзлятала наступная. Ноч поўнілася стогалосым траскоццем стрэлаў і д’ябальскай несціханай мітуснёй агню ўгары, супраць якога ў нас не было сродкаў. Адзіны выхад здаваўся там, ззаду, дзе засталася наша канава ў рэдзенькай маладой пасадцы. Яна, вядома, схавае, уратуе ўзвод, але не мяне. Мне месца там няма — там мая пагібель.

Але што ж,— пэўна, такі ўжо лёс!

Глытаючы тугі камяк у горле, я скамандаваў па ланцугу адыход.

 

5

I вось мы зноў у нашых неглыбокіх акопчыках і чакаем цяпер ужо недалёкае раніцы. Немцы маўчаць. Ноч сціхла, усё навокал стаілася і змоўкла. У зорным праяснелым небе ярка блішчыць месяц, канчаткова нішчачы мае апошнія надзеі як-небудзь пазбыцца гэтай бяды.

Да світання засталася гадзіна. Маханькоў толькі што збегаў да Бабкіна і, паведаміўшы мне гэтую болей чым невясёлую вестку, паныла апусціўся на край акопчыка.

З непазбыўнай цягучай журбой у душы я глядзеў у срабрыстае ад месячнага святла поле, і думкі мае былі далёка ад гэтага злашчаснага хутара, які бліскаў здалёк двума агеньчыкамі, ад канавы з пятнаццаццю аўтаматчыкамі і дарогі, на якой мне так хутка суджана было закончыць жыццё. Я думаў якраз аб гэтым сваім такім няўдалым жыцці.

Дурань, пянцюх і няўдачнік. А яшчэ столькі марыў аб подзвігах! Зубрыў у вучылішчы статуты, стараўся па службе, меў выдатныя характарыстыкі. Экзамены здаў на пяцёркі. Выпусцілі па першым разрадзе з правам датэрміновага прысваення чарговага воінскага звання. Навошта цяпер гэтыя правы і гэта першае званне, якое стала і апошнім. Расстраляюць, як сабаку, за невыкананне баявога загаду, як парушальніка дысцыпліны і ваеннай прысягі. I ніхто нават не даведаецца ніколі, што перажываў перад смерцю камандзір узвода аўтаматчыкаў і якое было ў яго жыццё.

— Ось так, Маханькоў!..

У мяне гэта вырвалася ўголас, і Маханькоў зябка пацепаў плячыма пад сваім шыняльком.

Ну што ж — праз гадзіну мяне расстраляюць, я ведаў гэта, але зусім не мог адчуць сябе мёртвым. Нечага ў мяне не хапала для таго — уяўлення, ці што? Або, можа, дастатковай упэўненасці ў грозную рашучасць камандзіра палка. Быццам застрэліць чалавека на вайне такая ўжо хітрая справа. I тым не менш менавіта гэтая няздольнасць адчуць смерць, як ні дзіўна, напаўняла мяне неўсвядомленым, амаль інстынктыўным пачуццём неўміручасці. Здавалася, камандзір палка пагражаў не мне. I хутар здаваў не я. Расстраляны таксама будзе нехта другі, таму што проста неверагодна забіць мяне, бо я ж — вось ён, жывы.

Але дзе там, думаў я, усё гэта глупства, вядома. Дарма чакаць цуда, на штось спадзявацца, час не спыніцца. Ды і Маханькоў, напэўна, выдатна разумеў мой незайздросны лёс і ўсім сваім выглядам сведчыў сваё спачуванне, ад якога, зрэшты, мне не рабілася лягчэй.

А вось Грынюка, здаецца, гэта зусім не турбавала. Пэўна, занудзіўшыся ў адзіноце на сваім не такім ужо і аддаленым фланзе, ён прыйшоў да нас па пратаптанай над канавай сцяжыне і спыніўся за спіной Маханькова.

— Нейкі крык там. Чулі?

Я падняў голаў. Маханькоў таксама насцярожыўся, хвіліну мы глядзелі на Грынюка, услухоўваючыся, але ніякага крыку не было.

— Там вунь, каля пагорка. Ці, можа, мне здалося.

— Быццам нічога няма,— сказаў Маханькоў.

— Ну здалося тады,— Грынюк зябка пастукаў абцасам аб заднік.— Фляжачку б для сугрэву, га? Маханькоў, у цябе там нічога не засталося?

Маханькоў здзіўлена паглядзеў на яго, не адказаўшы, і той, відаць, зразумеў, што турбавала нас.

— Кіньце вы гараваць, лейтэнант.

— Ага, кінеш! Вунь гадзіна засталася.

— Го! Цэлая гадзіна! Цэлая гадзіна — гэта ого!

Я маўчаў. Ён мяне злаваў, гэты няпрошаны аптыміст, які, прытанцоўваючы ад марозу, казаў, на мой погляд, абсалютную недарэчнасць.

— Гадзіну — яе перажыць трэба.

— Вы — перажывіцё.

— Можа, перажыву, а можа, і не. На вайне яно ўсяляк бывае.

Грынюк патопаў яшчэ і апусціўся на калені ля акопчыка. Затым, паціраючы рукі, даволі бадзёра, з нейкім нават уздымам падаўся да Маханькова.

— Закурым, ці што, дзяцюк. Каб дома не журыліся.

Я адвярнуўся. Было, бадай што, агідна глядзець на гэтую яго беспадстаўную бадзёрасць, якая злавала мяне, акалелага ад сцюжы, змарнелага ад пакут гэтай жахлівай для мяне ночы. А тут яшчэ нясцерпна мерзлі ногі, але ўставаць і грэць іх няхітрым салдацкім спосабам у мяне проста не было сілы. Сцяўшы ў рукавіцах азяблыя рукі, я журботна глядзеў у начныя прыцемкі, дзе знікала дарога і дзе быў палкавы НП. I, пэўна, таму я адразу ж пачуў у тым баку адзіночны вінтовачны стрэл, які рэзка бахнуў у чуйнай ранішняй цішыні. Праўда, мая ўвага амаль не затрымалася на ім: ці мала страляюць уначы на перадавой ды і ў тыле. Але ў той жа момант таропка бабахнула яшчэ і яшчэ. I праз секунду затрашчала, зашыпела, заохала. Трасіруючыя, мабыць, з рыкашэта, веерам, разляцеліся над пагоркам.

Маханькоў і Грынюк з недакручанымі цыгаркамі збянтэжана знерухомелі каля акопа.

— Што такое?

— Ачумелі яны там, ці што?

— Вартавы, можа? З упуду, — сказаў хтосьці ў канаве. Не, мабыць, гэта не з перапуду. На выпадковы перапалох гэта наогул было мала падобна — дужа ўжо ашалела трашчэлі аўтаматы. Грымнуў, мабыць, гранатны выбух, і зноў — аўтаматы і рэдкае важкае баханне вінтовак.

— Што за халера?

Грынюк сунуў непрыкураную цыгарку за адварот шапкі і ўскочыў на ногі.

— Бадай, нелады. Трэба б паслаць каго.

— Ось і давай! Бяры аддзяленне і — бягом!

Малодшы сяржант кінуўся ўздоўж канавы, і Маханькоў

таксама пераскочыў акопчык.

— I я.

На секунду ён затрымаўся, чакаючы мае згоды, але я трохі памарудзіў — штось ва мне раптам запярэчыла супраць таго, каб і ён бег туды. Пэўна, падзеі апошняй ночы зблізілі нас, і цяпер мне проста не хацелася заставацца тут без яго. Але я ўспомніў, колькі ўжо мала засталося хвілінак з майго апошняга часу, і махнуў рукой. Сем чалавек Грынюка выбягалі на дарогу, і Маханькоў, закінуўшы за плячо аўтамат, дагнаў іх.

Страляніна тым часам усё разгаралася, здаецца, сапраўды ў нашым тыле ішоў бой. Дзесьці за хутарам завухкалі нямецкія мінамёты, цяжкія іх міны, скаланаючы зямлю, пачалі рвацца на пазіцыях батальёнаў. Неба завыла, зашуршала, заварушылася. Але я ўсё не мог пагадзіцца з думкай, што праз баявыя парадкі палка прарваліся немцы — у такім разе мы самі апыналіся ў акружэнні, а гэта ўжо было горш за ўсе нашы ранейшыя беды. Аўтаматчыкі ў канаве ўсе насцярожыліся, павярнуліся ў акопчыках і, паглядваючы ў бакі, услухоўваліся ў загадкавую калатнечу.

I тады на дарозе невядома адкуль з’явіўся баец. У непадпяразанай гімнасцёрцы, з аўтаматам у руках ён быў не наш, я адразу сцяміў тое і, нешта адчуўшы, падняўся яму насустрач. Баец, раптам згледзеўшы ўзвод, закрычаў амаль у роспачы, як гэта магчыма, толькі калі трапіш у бяду:

— Аўтаматчыкі?.. Аўтаматчыкі — усім бягом туды! Чуеце? Немцы прарваліся...

— Куды прарваліся? Дзе прарваліся? — ужо ведаючы, што сталася кепскае, зацятым голасам пытаўся я.

— Камандзір, так? Начштаба загадаў: бягом!..

Баец раптам змоўк, нібы праглынуў словы, і пахіснуўся, хапаючыся за бок. Мы ўсе маўчалі, а ён стаў хіліцца ніжай і ніжай, каб не ўпасці, няўпэўнена пераступіў на дарозе.

— Рабяты, бінта...

Нехта кінуўся да яго з канавы, мяне ж у тую хвіліну нібы скаланула штосьці. У свядомасці бліснула здагадка-надзея, і я нават сцяўся ад думкі, што магу спазніцца. Выскачыўшы на палатно дарогі, я крыкнуў узводу: «За мной бягом!» — і ашалела пабег насустрач візгу і ціўканню бою. Ён цяпер не палохаў мяне, самае страшнае — хутар і дарога — заставалася ззаду, а смерць там, на НП, здавалася мне ўзнагародай.

 

6

I вось я не згінуў, а толькі паранены і нават лёгка — у руку. Тое, што адбылося потым на схіле пагорка з назіральным пунктам, заняло дзесяць хвілін і помніцца цяпер да кожнай драбніцы. Аказваецца, немцы абыходзілі мой узвод, каб ударыць па ім з тылу, ды налезлі ўначы на палкавы НП. На шчасце, мы былі побач і прыбеглі для паратунку ў час. Аўтаматчыкі ўварваліся ў траншэю, калі ў ёй ужо былі немцы — пайшлі ў ход гранаты, лапаты, нажы. Васемнаццаць нямецкіх трупаў засталося на гэтым бугры. Але перапала і нам.

Калі ўсё было скончана, у траншэі на мяне наскочыў начштаба, ён паціснуў маю здаровую руку і адразу ж запісаў імя і імя па бацьку — для ўзнагароды. Спачатку мне здалося, што ён жартуе, але капітан спытаўся яшчэ і прозвішча таго малодшага сяржанта, аддзяленне якога падбегла да пагорка першым і тым на хвіліну ўзяло на сябе агонь немцаў.

— Грынюк — было яго прозвішча, — сказаў я.

— Што — таксама?

— Таксама.

Капітан яшчэ больш спахмурнеў, на палявой сумцы хруснуў яго аловак. Начштаба вылаяўся.

Цяпер я сам не разумею сябе — адбылося нешта супярэчлівае і загадкавае. Недзе ў глыбіні душы я рады, амаль шчаслівы і ў той жа час мне як ніколі крыўдна і хочацца плакаць. Я ледзьве стрымліваю слёзы і не знаходжу сабе мясціны ў гэтым сяле. Я ўцякаю ад падворка каменданцкага ўзвода, дзе на акрываўленай саломе ляжаць пад брызентам Грынюк, Дудчанка, Усольцаў і Бабкін. Я стараюся больш не падыходзіць да хаты з раскіданай выбухам страхой, дзе ляжыць на лаве такі супакоены і чужы цяпер да ўсяго маёр Варонін. Не хочацца мне ісці і ў санітарную роту. Зараз там гаманліва, накурана, параненыя чакаюць снядання, машын з медсанбата, а цераз сені насупраць памірае з расшкуматаным жыватом Маханькоў. Кажуць, везці яго ў медсанбат ужо няма сэнсу.

Да маёра ў мяне, не зважаючы ні на што, адно толькі — ціхае шкадаванне. У яго пагібелі я не маю віны, мы сумленна стараліся выручыць яго на НП, але я ўсё думаю: няхай бы ён жыў. Можа б, і не расстраляў, як аб тым гразіўся. I тут самае кепскае ў тым, што ніколі ўжо і не даведаешся, ці ён сапраўды хацеў выканаць сваю пагрозу, ці толькі палохаў. Гэта ўжо навек застанецца для мяне загадкай.

Машыны, мяркуючы па ўсім, будуць няхутка. У небе над вёскай вісіць невысокае сонца, за лесам, напэўна, усё на тых жа пагорках грыміць бой. Невядома, як пашанцуе сёння нашым батальёнам...

Краем вуліцы я памалу брыду да школы. Там на невялічкай пляцоўцы пад вокнамі чацвёра маіх уцалелых аўтаматчыкаў капаюць магілу. Адну, брацкую. Спярша камандзіра палка хацелі хаваць асобна, але камісар сказаў: не варта старацца. Ды і няма каму. Усяго жывых-здаровых у мяне засталося сямёра — трох аддалі на папаўненне роты сувязі, чацвёра пахаваюць забітых і пойдуць у стралковы батальён капітана Паршына.

Па рыхлай вохкай зямлі я ўзбіраюся на гліністую кучу і моўчкі гляджу ўніз. Хлопцы, навесіўшы цераз плячо дзягі, працуюць у адных гімнасцёрках. Усе маўчаць, чутно толькі, як тупаюць, скрыгочуць па суглінку рыдлёўкі, зморана, адрывіста дыхаюць байцы. З ямы, раз за разам абсыпаючы мае боты, вылятае зямля. I я не збочваю ад рыдлёвак,— я адчуваю да гэтай магілы нейкае невыказнае сваё дачыненне. Напэўна, таму, што сярод тых, хто хутка ляжа сюды, вельмі нават магчыма мог бы ляжаць і я. Лёс або выпадак дамогся інакшага, і ўсё ж нейкая часцінка майго Я будзе вечна знаходзіцца тут — з Грынюком, Дудчанкам, Усольцавым, Бабкіным. Ды і з маёрам Вароніным таксама.


1966

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/