epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Рэформа

Фантастычная прыпавесьць

У адной краіне (ды ці толькі ў адной) была вялікая армія і шмат генералаў.

Як адбываліся войны, усё было ў звычайным парадку, генералы, як умелі, рабілі сваю звыклую справу і не прычынялі краіне вялікага клопату. Інакш здаралася, калі наставаў мір.

Уся рэч у тым, што на мінулай вайне быў моцны і каварны вораг, перамога над ім таксама была вялікай, і частка гонару ад яе справядліва перапала і генералам. Учуўшы тое з вуснаў дыктатара, генералы адразу паверылі яму, як верылі ва ўсім і ўсё жыцьцё. (Спрабаваў бы хто не паверыць!)

Але мінаў час, тыя генералы па адным перабраліся ў інакшы сьвет, на іх месца пазаступалі маладыя, якія зусім і ня думалі пачувацца гатункам горшым за ранейшых, — генеральскае званьне не дазваляла. Насамрэч, яны былі не меней (безумоўна, лепей) адукавапыя, маглі складна дакладваць абстаноўку і выступаць на партсходах, спрэс былі членамі партбюро а то і дэпутатамі парламенту? Само сабой маглі ня горш за старых выпіць і ўмелі адмыслова мацюгацца — як жа ў войску бяз мату? Але тут узьнікла праблема: ішлі гады, войнаў не пачыналася, і было не зразумела, чым заняць генералаў. Лепей за ўсё было б надзяліць кожнага войскам, але дзе было ўзяць такое войска ў зьбяднелай, зьнясіленай вайной краіне? Тады правялі рэформу, войска скарацілі — раз, затым другі і трэці. На добры розум, трэба было б скараціць і генералаў, але разважыўшы, урадоўцы рашылі: ня трэба. Які ж генерал бяз войска? Што ён будзе рабіць, чым зойме свой дзень, апроч рыбалкі ды паляваньня. Спрабавалі заахвоціць складаць баявыя мемуары пра свае гераічныя подзьвігі ў час вайны (ці пасьля вайны ў барацьбе з бандэраўскімі, афганскімі ды іншымі бандфармаваньнямі), але тое ім хутка надакучыла. Болей прывучаныя, як яны казалі, да «жывой, баявой працы», яны сваю справу перадаверылі маладым журналістам, у якіх тое апісаньне рабілася нават болей пераканаўчым. Спрабавалі заняць генералаў вучобай, наўчынялі шэраг акадэмій, у якіх адны генералы вучылі другіх. Тое ўвогуле генералам спадабалася, тым больш, што у хуткім часе яны спрэс парабіліся кандыдатамі ды дактарамі розных навук.

Наступным разам правялі чарговую рэформу рыштунку ды абмундзіроўкі — усім генералам справілі двубортныя сурдуты і новыя картузы з шырачэзнымі, бы грузінскія кепкі, вярхамі і высока задранай тульляй, пад якой кожны генерал-педамерак выглядаў на два метры. Лампасы на штанах набылі шырышо ў далонь, далей ужо не было куды пашыраць. Для генеральскага побыту кожнаму ў гожым барку збудавалі прыгожае лецішча з еўрапейскай сантэхнікай і прыбалтыйскай чарапіцай на даху. Чаго яшчэ не хапала людзям? Жыві, адпачывай, дажывай да высокай пенсіі.

Дык не. Генералам не хапала вайны.

Прычына таго — найперш ва ўзнагародах. Слушна было чакаць, што скончылася вайна — скончацца і ўзнагароды, бо завошта ж даваць баявыя арданы, калі няма ніякіх баёў? Але ж не. Што ж тады, сказалі некаторыя генералы, дажывеш да адстаўкі з голымі грудзямі? Не, не генеральскае тое жыцьцё. Урадоўцы прывыклі прыслухоўвацца да генеральскіх патрэбаў, бо і самі пачуваліся генераламі, хіба ў запасе. Было вырашана: хоць вайны і не было, але ўзнагароды генералам даваць, як і на вайне. Завошта? А хоць бы за манеўры, за вучэньні... За службовыя нарады і лічбавыя паказчыкі. Асобна за маладзецкі даклад і нябеднае застольле у гомар начальніцкага візіту. Сьпярша ўзнагароджвалі кіраўнікоў, а пасьля і ўсіх удзельнікаў — аж да буфетчыка і афіцыянтак. Хутка на родных генералаў люба стала глядзець — іхнія грудзі і без вайны зьзялі-праменілі іканастасам узнагародаў. У некаторых — бы ў Жукава.

Трохі болей складанай выпала праблема з зоркамі на пагоны. Усім хацелася зорак паболей і каб буйныя. Але самая буйная была адна ў войску і належала маршалу-міністру. I той ня надта хацеў, каб побач яшчэ былі маршалы. Іншая справа генерал-палкоўнік, гэтых яшчэ можна было трываць і побач. Тады ўсе генералы рынуліся ў генерал-палкоўнікі. Калі іх набраўся не адзін полк, у сталіцы менавіта для іх збудавалі айчынны Пентагон — трэба ж было ўсіх рассадзіць па ўтульных кабінетах. Але на ўсіх Пентагону ўсё ж не хапіла, нямала засталося ў іншых гарнізонах, і гэтыя, ня маючы кабінетаў, патрабавалі войска. Калі ж войска не давалі, генералы лезьлі ў палітыку, дзе нарабілі нямала тлуму. У краіне стварыўся яўны перакос сілаў — генералаў зашмат, а салдатаў мала. Дзе было браць салдатаў?

Салдатаў у войску традыцыйна не шанавалі (апроч аднаго, невядомага), зорак ім не давалі, кармілі кепска. Больш за сто гадоў войска насіла грубы замызганы шынелак перыяду знакамітай трыяды. Ды яшчэ сталі пасылаць на дзіўную вайну ў курортныя мясьціны, дзе салдатаў жорстка забівалі, а хаваць не было каму.


1999

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/