epub
 
Падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Сляды на зямлі

Галя прачнулася з прыкрым адчуваннем заўчасна патрывожанага сну.

Аднекуль знадворку ў ранішнюю цішыню пакоя ўрываліся магутныя, як выбухі, удары. Бух-бух-бух! — мерна і гулка разлягалася за акном, і ад гэтых стукаў у пакоі пад расчыненай форткай уздрыгвалі дробныя лісткі герані. Было яшчэ рана, сонца, узнімаючыся з—за дахаў, асвяціла толькі верхнія вокны трохпавярховай школы, што стаяла цераз дарогу. Ніжэй на яе беленай сцяне ляжаў знаёмы цень ад іх двухпавярховага драўлянага доміка — тры коміны, тэлевізійная антэна і магутная верхавіна суседскага вяза.

Дзяўчына звычайна спала позна, ужо тыдзень яна была адна ў гэтай гарадской кватэры і на ўласны густ ладзіла ўсе свае справы. Бацькі не ўзялі яе з сабой на прыгарадную дачу, бо яна мела пераэкзаменоўку па музыцы і таму, як казала маці, была прывязана да фартэпіяна.

— Бух-бух-бух! — усё неслася знадворку, і Галя, струхнуўшы рэшткі сну, зацікаўленая, падскочыла да акна. За цюлевай занавескай ляжаў завулак — неўпарадкаваны гарадскі закутак, бы канавамі, парэзаны з вясны засохлымі каляінамі самазвалаў. Улетку тут панаваў пыл, а ўвосень — гразь; пасля таго як закончылася будаўніцтва школы, машыны ўжо не хадзілі, а пешаходы ў дажджлівыя дні пераадольвалі гразкія мясціны, трымаючыся за шчыкеціны агарожы.

Цяпер тут рабілася нешта новае.

У нізінцы наўкос ад Галінага акна, на месцы самай упартай лужыны, якая высыхала толькі ў сярэдзіне лета і куды жыхары скідвалі рознае смецце, банкі, бутэлькі, бітую цэглу,— у гэтым запаведніку хлапчуковых гульняў цяпер з’явіліся новыя людзі. Прыладжаны на камянях, бы перакуленая задымленая прызма, стаяў там вялізны асфальтавы кацёл, пад якім незнаёмы чалавек распальваў агонь, а другі — нейкі голы да пояса хлопец — шырока расставіўшы ногі, лупіў шлягаю ў закураны жалезны бок.

Галя адчыніла акно і незадаволена паморшчылася заспаным кірпатым тварам, — калі ён так будзе бухаць доўга, дык, відаць, і сёння не дужа дарвешся да музыкі. А папрактыкавацца як след было неабходна — заставаліся апошнія два дні, усе ж астатнія патрачаны на волі, якая выдараецца рэдка і заўжды так вабіць шаснаццацігадовую дзяўчыну, не надзеленую вялікімі абавязкамі.

Чароўная свежасць першых гадзін ранку лілася ў вокны рэшткамі застаялай начной прахалоды, роснай духмянасцю кветак з гародчыку, светлай вольнасцю шырокага пагоднага неба. Расхінуўшы гардзіны, Галя яшчэ раз агледзела завулак — над катлом, развяваючы наўкола гаркоту, ужо курыўся шызы дымок, а рабочы адышоў у бок і выціраў рукавом твар. Гэта быў стары сухенькі чалавек з пільнымі вузенькімі вачыма і маленькай галавою, накрытай захапанаю кепкай-аладкай. Якіх паўхвіліны ён думаў аб чымсьці, зазірнуў у кацёл і сказаў маладому;

— Ну хопіць, ядрона рэпа.

Малады — невялічкі, ладна збіты крапак — паслухмяна апусціў шлягу і стаў, зморана аддыхваючыся, пабліскваючы матавымі загарэлымі да рудога лапаткамі. Калі хлопец павярнуўся тварам да вокан, Галя аж войкнула ад здзіўлення — такі ён быў белы — і вочы, і зубы, а валасы і бровы, бы заінелыя, аж свіцеліся на загарэлым смяшлівым твары. «Гэ, дзед Архіп і Лёнька»,— чамусьці мільганула ў Галінай галаве, і яна засмяялася, нібы падгледзела што — патаемнае і сарамлівае. Адразу ёй стала чамусьці дурасліва і добра, знікла санлявасць і былая кароткая прыкрасць. Дзяўчына крутнулася ад акна і з зухаватай жвавасцю пачала прыбірацца. Двума ўдарамі Яна падбіла падушкі, страсла з коўдры заспанае кацяня, са спрытнай нядбайнасцю захінула пасцель. Пасля з гэткай жа лёгкай рухавасцю памылася, апранула паркалёвую, у сіні гарошак сукенку і, закідваючы перад люстэркам галаву, некалькімі ўзмахамі грэбеня прычасала кароткія валасы. «Усё», — сказала яна сабе і з налёту крутнулася на круглым фартэпіянным зэдліку.

Трэба было іграць надакучлівыя гамы.

Пальцы прызвычаена, самі сабой бегалі па клавішах, піяніна неахвотна выціскала скупыя разрозненыя гукі, а Галя неўзабаве адчула, што ёй карціць другое — паглядзець у акно. Нейкі час яна стрымлівалася, прымушала сябе да музыкі, але ўрэшце зноў расхінула гардзіны і аддалася цікаўнасці.

Лёнька ўжо болей не стукаў той аглушальнаю шлягай, а разам з Архіпам цяпер займаўся новаю справай. Стоячы па абодвух баках катла, яны даўжэзнымі лапатамі нешта мяшалі ў ім. Гэта, відаць, было вельмі цяжка. Стары, падобны на жука ў сваёй зашмальцаванай чорнай вопратцы, неяк памаладому зухавата арудаваў лапатай. Напружваючыся з усяе сілы, ён уладарна падгінаў дзержанок пад сябе, пераварочваў у катле смалістую масу, крактаў ад напружання і задавальнення і паддзяваў зноў. Малады з другога боку, мабыць з яшчэ большай заядласцю, рабіў тое ж самае, намагаючы болей рукамі. На яго загарэлай спіне ад вялікай натугі цвёрдымі жаўлакамі варушыліся мускулы.

— Прысмылела, прыкіпела, надаела — павярнісь! — прыпяваў стары, і Лёнька аж ззяючы бліскучым ад поту тварам, радасна варочаў дымнае чорнае месіва.

Міжвольна паддаючыся чароўнай сіле іх цяжкай працы, Галя ўжо забылася на свае абавязкі — ёй было хораша і забаўна тут, з вышыні другога паверха, назіраць за гэтымі пашчырасці працавітымі вясёлымі людзьмі. Яна ўжо здагадалася, што яны вараць асфальт для вуліцы, і ў дзяўчыны разам з цікавасцю да іх справы з’явілася яшчэ і ўдзячнасць за клопаты, якія мелі дачыненне і да яе.

Над завулкам паволі ўзнімалася сонца, вузелі цені пад сценамі, школа насупраць ужо ярка зіхацела шматаконным фасадам. Вуліца поўнілася гарачынёй, пыльнай сухменню і гарачым смалістым смуродам асфальту. З двароў да незвычайнага відовішча пазбягаліся малыя на чале са сваім заўсягдашнім завадатарам Генькам, унукам школьнага дворніка. Гэты пяцігадовы карапуз у вялікай вайсковай фуражцы з чорнай аколышкай адчуваў сябе ў працы, як рыба ў вадзе, і цяпер круціўся пад самымі нагамі Архіпа і Лёнькі, гатовы, здаецца, улезці з цікаўнасці ў самы кацёл.

Галя зусім ужо згубіла ахвоту да свайго занятку, ёй таксама хацелася туды, да дымлівага вогнішча, але яна сарамяжліва стрымлівала сябе. «Во, каб пайсці ў смалакуры,— гарэзна падумалася дзяўчыне. — Прыедуць — скажу маме: паступіла ў рабочыя. Бывай музыка. Ні табе гамаў, ні практыкаванняў... Ось будзе перапалох!»

Ад такое свавольнае думкі яна засмяялася і адышла ад акна. У глыбіні душы ўзнікла і тлела нейкае невыразнае жаданне, цьмяная незадаволенасць нечым, імкненне кудысьці да лепшага. Новыя пачуцці неслі неспакой, шчымлівую заклапочанасць, але ці было тое смуткам ці цьмянай радасцю, дзяўчына не ведала.

На фартэпіяна чакалі яе два дні разгорнутыя практыкаванні, ды Галя ўжо забылася на гамы, яе душэўная ўзрушанасць прасіла чагосьці іншага — вольнага і шырокага. Бяздумная і далёкая, яна кранула клавішы — пальцы самі сабой натрапілі на дзівосныя такты любімага пракоф’еўскага «Вальса». Яна навучылася яго іграць даўно, яшчэ да музычнай школы, гэта быў яе любімы «твор для сябе», аднолькава блізкі ёй і ў гора, і ў радасць. Свежая, як ранак, мелодыя, поўная лірызму і летуценнасці, закружыла яе і панесла на сваіх бяздумна-салодкіх хвалях...

Невядома, колькі іграла яна, многа ці мала — паўтарала з пачатку ў канец, асобна праіграла некаторыя мясціны, дзенідзе збівалася з рытму, парушаючы стыль, але гэта было нічога; яна прымала яго і з фальшывасцю — як умела. Урэшце, супакоеная і трошкі стомленая, дзяўчына падышла да акна. Праз занавеску яна кінула погляд у завулак — там былі адны хлапчукі. Яшчэ поўная зачараванасці музыкай, Галя задуменна зазірнула ўніз і ўжо другі раз ледзьве не войкнула. Вялікія сінія вочы з—пад высока ўзнятых белых броваў здзіўлена і заварожана глядзелі на яе знізу ўгару з—за шчыкецін іх агародчыка.

Яна спачатку спалохалася гэтага ўтрапёнага позірку, а затым сарамліва ўсміхнулася. А ён, усё яшчэ не варушачыся і трымаючыся абедзвюма рукамі ў вялікіх рукавіцах за канцы шчыкецін, чуць прыадкрыўшы рот, усім сваім белабрысым бясхітрасным тварам уставіўся ў яе.

— Што... усё?— спытаўся ён, і лёгкі жаль адбіўся ў яго светлых вачах.

— Усё... А што?— сказала яна.

— Хіба... Хіба гэта ты?

Яна кіўнула і прыкусіла губу.

— Ну кажы — так і паверу, — не верыў хлопец. — Мусіць, хто старэйшы?

— Ну што вы! — сказала Галя, абапіраючыся на падаконнік. — Вельмі нават дрэнна, з чаго дзівіцца!

Хлопец пазіраў на яе ўсё яшчэ недаверліва і трошкі збянтэжана — відаць, ад нядаўняга ўражання, пасля зняў рукавіцу і паскроб белыя віхры на патыліцы.

— Тады малайчына, калі праўда... Мне б так навучыцца!..

— За чым жа стала, вучыся, — даляцела з—пад агародчыка, і тут толькі Галя заўважыла Архіпа; ён сядзеў на лаўцы пад кустом вяргіняў і разгортваў папяровы скрутак. Хлопец жа, безуважны да яго занятку, як стаяў, так і сеў проста на вуліцу, тварам да акна.

— А што, 1 навучуся,— задзірыста сказаў ён, ашчаперыўшы калені і зірнуўшы ў акно прыжмураным ад сонца вокам — здалося Галі — падміргнуў ёй.

— Ды ўжо ж, хвалілася каза, у хляве стоячы, — засмяяўся Архіп.

— А вось і не. Вы не ведаеце, а я ў вёсцы на гармоніку два гады граў.

— То гармонік, а то, брат, тонкі інструмент. Ігра ад ігры асобіцца, ядрона рэпа. На, лепш паснедай.

Ён расхінуў паперу, садраў з кефірнай бутэлькі срабрыстую галоўку, разламаў напалам батон і падаў Лёньку.

Хлопец няёмка паёрзаў, чамусьці ніякавата зірнуў на Галю ў акне, але ўзяў — далікатна і зважліва.

— Зараблю грошай — куплю баян, — абвясціў ён, адарваўшы зубамі добры кавалак булкі. — І яшчэ ў школу паступлю. Без музыкі ў душы цесна.

Галя тым часам зусім ужо асвойталася з імі, гэты хлопец чамусьці нагадаў ёй суседскага Віцьку — наіўнага ласкавага пяцікласніка, і ёй стала добра. Лёнька старанна ўмінаў батон, ашчадна адпіваючы з бутэлькі, якую чакаў Архіп, а Галя, аблакаціўшыся на падаконнік, з усмешкай разглядала гэтага дзіўнага бялявага хлопца.

— Скажыце, а вы будзеце наш завулак асфальтаваць?

Лёнька ўзняў галаву, заўсміхаўся, таропка праглынуў кавалак і пацвердзіў:

— Ды ўжо ж. Ад тупіка да самай вуліцы. Сто метраў загадаў брыгадзір... Да вечара — хоць трэсні.

Ён аддаў Архіпу паўбутэлькі кефіру і ўзняўся, смешна расставіўшы ногі ў дашчэнту запэцканых штанах.

— Слухай, дзяўчо, пайграй яшчэ. Як гэта музыка завецца?

— Гэта «Вальс» Пракоф’ева, — сказала Галя, калупаючы падаконнік.— Толькі дарма вы, я зусім дрэнна іграю.

— Ну, дрэнна! Ты не нагаворвай на сябе,— усё смяяўся Лёнька.— Аж дух займае. Дык пайграй, га?

Галя засаромелася, адступіла ад акна і сумелася. Яна яшчэ не чула, каб людзі гэтак прасілі музыкі — і ў школе, і дома яна прывыкла, што музыку паважалі, слухалі і ігралі, калі быў час, толькі ўслых ніхто не выказваў асаблівага ўзрушання ад яе. Шмат якія творы дзяўчына чула па радыё і ў выкананні маці, але ці, можа, таму, што прывыкла і страціла ўражанне навізны, ці, можа, ад бясконцых школьных практыкаванняў пераставала як след даражыць многім. «Каму патрэбна такая самадзейнасць? — казаў часам бацька. — Музыка, як і ўсё, — прадмет цэнтралізаванага забеспячэння: ёсць радыё». Маці і дачка не згаджаліся, але і не пярэчылі — сапраўды, у нейкай меры бацька меў рацыю. І тут — гэты белабрысы асфальціроўшчык з яго просьбамі...

Галя падышла да фартэпіяна, пагартала ноты, падумала, што ў некаторых мясцінах яна была бездапаможнай няўмекай. Не, яна не можа псаваць гэтай дзівоснай музыкі, яна зусім яшчэ дылетантка, часта фальшывіць або проста праглынае, змазвае трудныя часткі — ёй ужо даўно казала пра гэта і маці. Тое не так, тое не гэтак — гаварылі ёй штодзень, а гэты сказаў: дух займае. Але не, нельга ашукваць чалавека, які так шчыра аднёсся да яе майстэрства і перацаніў яе здольнасці. Нешта ў ёй прымусіла паставіцца да сябе стражэй, упершыню дзяўчына адчула сябе вінаватай за пераэкзаменоўку, пасаромелася за няўмельства, ёй хацелася ў нечым стаць вартай гэтых рабочых з іх нялёгкаю працай.

— Дык пайграеш, га? — чуўся за агародчыкам хлапечы голас, але яна ўжо не паказвалася ў акне. Прытаіўшыся за занавескай, Галя моўчкі сачыла за імі,— як яны курылі, нешта ўпаўголаса перагаворваліся аб сваіх справах, потым старэйшы ўзняўся, і яны пайшлі да катла. Лёнька азірнуўся на акно, і тады яна, засмуткаваўшы невядома чаго, уздыхнула.

...З паўдня Архіп і Лёнька пачалі асфальтаваць тратуары. На вузкай палосцы ля плота Архіп разгарнуў прывезены самазвалам пясок, а Лёнька, зухавата падхапіўшы жалезную тачку, пачаў вазіць дымны смярдзючы асфальт. Гэта было, пэўна, нялёгка: на грудзях і руках хлопца напружваліся мускулы, спіна макрэла ад поту, але сам ён заставаўся паранейшаму вёрткі, вясёлы, нібы прыемней за гэту работу нічога не ведаў у жыцці. Варта было паглядзець, як ён, вывернуўшы пры плоце дымную кучу асфальту, бягом гнаў перад сабой тачку, поўнячы вуліцу шумам і грукатам, як спрытна варочаў у катле вялікай лапатай і з якой зачараванасцю бегала за ім галапузая басаногая блазнота, каб пераканацца, што гэтая праца для хлопца была прыемнай і звыклай.

Галя шырока расхінула гардзіны, каб бачыць увесь завулак, і то сядзела на падаконніку, то бязмэтна тупала ля акна. Яна ўжо не іграла болей, прыціхла, бы злоўленае мышаня, увесь час адчуваючы насцярожаную хлопцаву ўвагу да акна. Пасля яна старанней прыбрала ў пакоі, перагарнула свае ноты, якія цяпер чамусьці набылі новы, куды больш аначны сэнс.

Тым часам завулак мяняў аблічча.

Архіп хутка разгортваў лапатай рыхлыя кучкі асфальту, затым кароценькай дошчачкай спрытна разгладжваў яго па зямлі. Уздоўж плота марудна, але няспынна расладаўжэла свежая, чорная і не астылая яшчэ пад спякотным сонцам палоса тратуара. Хлапчукі з дворнікавым завадатарам у вайсковай фуражцы ўсё штурхаліся ля Архіпа, ледзь не наступаючы яму на рукі, а ён не сварыўся, толькі нешта жартаваў з імі і сачыў, каб тыя не ступалі на мяккі яшчэ асфальт. Галя зайздросціла ім, гэтым падшывальцам, яна таксама хацела быць там, паспрабаваць самае тае нялёгкай і важнае працы, але пасля размовы з хлопцам сарамлівасць утрымлівала яе. Каб не губляць марна часу, яна ўзяла падручнік, прыладзілася на падаконніку і так, не адрываючыся ад падзей у завулку, спасцігала недацэненае раней мастацтва музыкі.

Архіп і Лёнька працавалі заўзята — смылілі ў завулку дымам, палілі кацёл вялікім і малым агнём, слалі і слалі пры плоце чорную стужку асфальту.

...Надвячоркам, калі спякотнае сонца ў бясхмарным небе кранулася даху школы, усё было скончана. Пад катлом засталася шэрая грудка попелу, Лёнька сабраў у кучу ўвесь іх закураны інструмент, выцер аб штаны страшэнна запэцканыя далоні. Архіп узяў з—пад плота несамавіты свой пінжачок, яны закурылі напаследак, і Лёнька ўзняў голаў да яе акна.

— Ну, дзякуй за музыку. Вучыся — на канцэрт слухаць прыйдзем, — гукнуў ён, заўсміхаўся і памахаў рукою. Твар яго быў ужо зусім чорны, абсмылены, а зубы, вочы і віхры валасоў таму здаваліся яшчэ святлейшыя.

Яна зразумела, што гэта развітанне, і дзяўчыне стала чагосьці нясцерпна шкада. Не адказваючы юнаку, Галя кінулася ў дзверы, па парэнчах ссунулася ўніз, ускочыла ў агародчык і пачала таропка рваць свае ўсё лета гадаваныя вяргіні. Яна рвала кветкі з лісцем, са сцябламі і галінамі — нарвала цэлы ахапак, спяшаючыся і баючыся спазніцца, адчуваючы, што мінаецца зараз нешта незвычайнае, непаўторнае і вельмі важнае.

Праз якую хвіліну, калі дзяўчына выскачыла з агародчыка, тыя двое людзей зморанай хадою працаўнікоў выходзілі з завулка на вуліцу. Яны ішлі няспешна — Архіп у накінутай на плечы світцы, Лёнька ў аблезлай майцы, туга напятай на яго дужай спіне. Асфальціроўшчыкі нават не азірнуліся назад, дзе з апушчаным букетам ярка-чырвоных вяргіняў разгублена стаяла дзяўчына і ляжаў аздоблены і ўпарадкаваны іх працай завулак. Бы дзве закапцелыя парныя лыжы, пралеглі абапал дарогі зманлівыя, чысценькія, блішчастыя тратуары.

А завулак працягваў жыць сваім прывычным жыццём. Па зацвярдзелым ужо асфальце насілася басаногая вулічная драбнота — Колі, Васі, Пеці, Ігарочкі, Людкі, Ленкі і, як заўсёды, наперадзе ўсіх — дворнікаў Генька ў насунутай на пераноссе фуражцы.

— След, след, глядзі след! — закрычаў ён, раптам спатыкнуўшыся на ўскрайку чорнае паласы. — След застаўся, глядзі! Во!

Да яго навыперадкі, падаючы і разбіваючы з лёту насы, кінуліся малыя, а Галя задуменна стаяла, пазіраючы на іх мітусню і не могучы пераадолець у сабе невыразную салодкую журботу.

«Сляды на зямлі! Як гэта важна — сляды на зямлі!»— думала яна, адчуваючы нейкі незразумелы яшчэ, але дарагі ёй след у сваёй душы, які пакінуў і пайшоў, не азірнуўшыся, той белабрысы працавіты хлопец з ёю выдуманым імем — Лёнька.




Крыніца: http://www.lit-bel.org/

Беларуская Палічка: http://knihi.com