epub
 
Падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Смерць чалавека

Чалавек ляжаў у непрытомнасці.

Пякельны боль ран і неадчэпныя страшныя пачвары безупынку катавалі яго знясіленае цела. Асабліва дапякаў аглушальны, пранозлівы крык, поўны нечалавечай лютасці і жаху. Часам крык трохі слабеў, адступаў кудысьці, і тады наўкола ў дзікім карагодзе з’яўляліся нейкія вострыя, нібы шкляныя аскалёпкі, агромністыя косыя плоскасці. Чалавек, як апантаны, кідаўся прэч, шукаючы ратунку, а бязладныя аскалёпкі накідваліся на яго, рэзалі і калолі цела вострымі краямі. Зноў з усіх бакоў наступаў злавесны крык, і пакуты, дасягнуўшы мяжы магчымага, заглушалі і без таго слабыя праявы жыцця ў паўмёртвым арганізме.

Так прадаўжалася доўга. Чалавек то кідаўся ў непрытомнасці, ратуючыся ад пачвараў, то зусім заміраў пад цяжарам нясцерпнага болю.

I раптам усё скончылася. Адляцелі кудысь страшыдлы, спыніўся крык, і ў пакалечанае цела паволі вярнулася жыццё. Рэальны свет, так далёка адсунуты пакутамі, з’явіўся перад чалавекам ва ўсёй яго выразнасці, як пасля страшнага сну, які прыпыніўся ад раптоўнага прабуджэння. Розум вярнуў амаль звычайную яснасць, фізічны боль, хоць і не ўняўся зусім, страціў ужо былую пякельнасць, і толькі празмерная слабасць, непадуладная ні волі, ні фізічнаму намаганню, моцна трымала чалавека ў сваім палоне.

У тую ж хвіліну, калі чалавек адчуў сябе ў рэальным свеце, ён зразумеў, што гэта прыйшла смерць.

Чалавек ляжаў на спіне, амаль увесь хаваючыся ў рослай лясной траве. Расплюшчыўшы вочы, ён убачыў над сабою павіслыя ўгары галіны маладых алешын, з камлёў да верху густа прыбраных лісцем. Ніжнія лісты, буйныя і зялёныя, ахопленыя цішшу, ужо хіліліся долу. Між імі ад лопуху і папараці непрыкметна ўзнімаўся вячэрні паўзмрок. Угары на альховых вяршалінах развітальным бляскам ірдзелі косыя сонечныя промні. Дробныя далёкія лісточкі там краталіся на лёгкім ветрыку, які то сціхаў зусім, то ціха варушыў самыя тонкія галінкі.

Чалавек быў моцнага складу, шырокай касці, плячысты і прысадзісты. Акрываўленая вайсковая гімнасцёрка з чырвонымі пятліцамі, парваная ў некалькіх мясцінах, адкрывала шматкі белай сарочкі і валасатыя грудзі — таксама са слядамі падсохлай крыві. Буйныя выразныя рысы схуднелага твару сведчылі пра адкрытасць і мужнасць характару. Цяпер твар быў парафінава-белы. Белізна гэтая, ненатуральная пад густым чорным шчаціннем, рабіла непазнавальным узрост чалавека. Нядаўні баец нагадваў цяпер вязня, які толькі што выйшаў з сутарэння. Спакучаныя вочы яго глыбока запалі пад касцісты лоб, і, як цень блізкай канчыны, навокал іх бралася смяротная празрыстая сінь.

Чалавек варухнуў распластанымі рукамі, спрабуючы ўзняць іх. Правая з цяжкасцю зрушылася з месца, а ў левай чалавек нечакана адчуў цяжар, непадуладны яго сіле. Спакваля ён намацаў пад пальцамі нешта круглае і металічна сцюдзёнае, немаведама зачым сціснутае ў руцэ. Другім намаганнем ён усё ж узняў руку і ўбачыў у ёй каструбаватую чорную «лімонку», зараджаную і годную да дзеяння.

Намаганні ад першых рухаў балючай грымасай адбіліся на твары і сутаргай прайшліся па целе. Чалавека апанавала такая слабасць, што кожная спроба крануць мускулам выклікала пакуты. Чалавек не ведаў, дзе былі яго раны, што заўчасна падарвалі сілу, не адчуваў нідзе асаблівага болю, толькі ў грудзях было неяк вельмі пуста.

Апусціўшы руку з гранатай, ён падумаў, што трэба канчаць, пакуль яшчэ не затуманіўся розум. Паміраць марудна, пры памяці, сярод цішыні летняга вечара было да агіды нязносна яго некалі энергічнай, дзейнай натуры.

Граната, што невядома як апынулася ў яго, прыйшлася дарэчы...

Дык вось, значыць, які канец твой, чалавеча...

Колькі думаў аб ім, разважаў, а такога, аднак, не прадбачыў. Усё здавалася, што смерць будзе гераічнай, на вачах у людзей і дорага абыдзецца ворагу. А выйшла так, што прыйдзецца самому спыніць уласныя пакуты, і ніколі ніхто не даведаецца, як памёр чалавек...

«Ну, што ж! Так будзе лепей... шкада толькі, што гэтак марна... »

А розум і думкі, перамагаючы смяротныя прадчуванні, у гэтыя апошнія хвіліны ўпарта чапляліся за жывое: за лёс барацьбы, з якой ужо назаўсёды выбыў баец. Ён не мог толькі меркаваць, як даўно абарвалася змаганне, бо непрытомнасць выкрасліла з памяці нейкі адрэзак часу.

«Дзе ж рота? — думаў чалавек. — Дзе сябры? Няўжо зноў адышлі, не стрымалі?..»

Іх было нямнога, надта нямнога для таго, каб лічыцца ротай. Фашысцкія танкі шчыльна прыціснулі іх да пераправы, і тут, у алешніку і ўзбярэжным лазняку, яны счапіліся ў смяртэльнай схватцы.

У памяці ўзнавілася тое апошняе імгненне, за якім ужо пачаўся змрок і непрытомнасць.

...Граната ўдарыла ў танк гэтак моцна, што, здавалася, не ўзарваўшыся магла праламаць браню. Гэта была апошняя супрацьтанкавая граната, і баец уклаў у яе ўсю ярасць і ўсе сілы, якіх тады нямала было ў яго. Ён не кінуўся прэч, не ўпаў на зямлю, толькі сцяў зубы да болю ў сківіцах і сам сціснуўся, гатовы і з голымі кулакамі кінуцца на ворага.

Выбух быў моцны і, здаецца, зрабіў сваю справу. Баец паспеў толькі адчуць гэта, а потым здарылася нешта, што ўжо вырвала яго з жыцця.

Сцішаны ветрык зноў лёгкім шолахам прабег па вяршынах, перабраў лісточкі і на момант развеяў іх санлівы спакой. У гэты час чуйны ў цішыні слых чалавека злавіў у лясным шэпце глухі, быццам з зямлі вынікшы гул. Спачатку незразумела было, з якога боку пачаўся ён, але потым, па меры таго, як ён мацнеў і шырыўся, можна было вызначыць напрамак яго з’яўлення. Гул нарастаў, усё больш запаўняў сабою прастор і паступова ператвараўся ў грукат.

Вочы чалавека акругліліся. У іх з’явіўся слабы бляск, які адбіваў насцярожаную ўвагу і намаганне зразумець сэнс новай з’явы. На твары першы раз адлюстравалася напружанне думкі, яно ажывіла змучаныя пакутамі рысы, і ў глыбіні вачэй нарадзілася нейкае жаданне.

Чалавек з хвіліну ўслухоўваўся. Ён не мог успомніць як далёка, але ведаў, што дзесьці побач павінна быць дарога, якую абараняла іх рота. Відаць, цяпер там нікога не было, і фашысцкія танкі калонамі паўзлі на ўсход — усё далей па захопленай здратаванай зямлі. Мімаволі ўваччу паўсталі бачаныя нядаўна фанабэрлівыя твары захопнікаў, і нянавісць зноў хлынула ў аслабелае сэрца.

Няўхільны прыступ смерці, здаецца, затрымаў сваё развіццё, саступіўшы месца мацнейшым за яго праявам жывога.

Непрыкметна абарвалася недзе і зусім знікла думка аб уласным няшчасці, І ўмомант нарадзіўся новы намер. Зразумеўшы, што азначае грукат, чалавек забыўся нават пра сваё бяссілле і памкнуўся ўзняцца. Калі ж гэта яму не ўдалося, ён, учапіўшыся за куст папараці, перакаціўся на бок.

Неадольнае жаданне дзейнічаць усё болей авалодвала ім. У цяперашнім яго стане ён ужо не адчуваў звычайнага чалавечага страху. Ён толькі прагнуў сыйсціся з ворагам, каб адпомсціць яму за тысячы бед, за людскія пакуты і за сваю заўчасную смерць.

Прага да змагання ўзгарэлася ў ім так моцна, што чалавек, здаецца, адчуў, як у целе прыбавілася сілы, якой не было хвіліну назад.

Чалавек запхнуў у кішэню гранату і марудна, пераадольваючы ўсеабдымную слабасць, працягнуў уперад руку, каб ухапіцца за нятоўсты альховы камель. У пальцах не ставала моцы абхапіць яго, і скручаная пяцярня слаба зачапілася за гладкую кару дрэва. Потым таксама павольна і няўпэўнена працягнуў ён да алешыны другую руку — яна была такая ж слабая і дрыжала. Сутаргава торгаючыся, чалавек падцягнуў сваё важкае цела, затым, узняўшыся з травы, перанёс рукі вышэй па ствале, каб устаць на ногі. Крохкае дрэўца размашыста гайдала верхавінай, але трымалася і, як магло, дапамагала чалавеку.

Грукат тым часам усё мацнеў. Ён ужо не толькі непадзельна панаваў у паветры, заглушыўшы ўсе іншыя гукі, але, здавалася, пранік у глыб зямлі, і тая дробна несціхана дрыжала. У чалавека ад слабасці таксама дрыжалі калені, а яму здавалася, нібы гэта нагам перадаецца ліхаманка зямлі.

У першы момант чалавек ледзь зноў не страціў прытомнасць. Галава неяк згубіла раўнавагу, зрабілася важкай і ўвесь час хілілася ўніз. Абапёршыся на алешыну, чалавек хістаўся разам з дрэўцам, а ў вачах яго гайдаліся лес, неба і хвалямі разыходзіліся чорна-барвовыя кругі. Не маючы надзейнай апоры ўгары, ён не мог трывала стаяць на зямлі — яна здавалася няцвёрдай, угіналася пад нагамі і ўладарна цягнула яго да сябе.

Пачакаўшы і крыху прызвычаіўшыся да новага стану, чалавек, усё яшчэ не выпускаючы з рук выратавальнай алешынкі, зрабіў крок наперад. Тады дрэвы і светлыя плямы неба, што віднеліся скрозь лісце, нечакана хіснуліся ўбок, разам з імі гайданулася зямля, і чалавек, раней чым паспеў зразумець, што адбылося, зноў адчуў гаркаваты цвілы пах долу.

Першая няўдача не пахіснула намеру чалавека. У яго яшчэ ставала сілы, а больш чым сілы было жадання дабрацца да дарогі. Чалавек і ў жыцці быў упарты, і цяпер, у апошнія хвіліны, упартасць гэтая ўдзесяцярыла яго фізічную здольнасць.

Звычным рухам чалавек падцягнуў пад сябе нагу, праз густую траву прасунуў наперад руку і падаўся сам. Потым — другую нагу і другую руку. Праз гімнасцёрку на баку выступіла шырокая мокрая пляма — гэта недзе адкрылася рана.

Чалавек папоўз. Цяжка дыхаючы, губляючы долу згусткі крыві, ён упарта разгортваў траву і прасоўваў наперад сваё цела. На травяністым шляху яго спалохана ўзляталі матылі, разбягаліся прэч устрывожаныя жукі і кузуркі. Ззаду за чалавекам цягнуўся няроўны шырокі след.

Дзесьці, ужо зусім побач, скрыгочучы гусеніцамі і люта равучы маторамі, грукацелі танкі. Зямля, не стрымліваючыся, абурана дрыжала, нібы не ў стане была сцярпець на сабе сталёвыя страшыдлы чужынцаў.

Яны былі блізка, і чалавек спяшаўся, каб паспець у час. Пасля доўгіх хвілін руху ён выпаўз на край невялічкай прагаліны, і нечакана яго абыякавы ўжо да смерці розум быў збянтэжаны страшным відовішчам.

У густой сакавітай траве на краі прагаліны працягнутая рука чалавека раптам напаткала перашкоду, і ён, далёкі ад страху, знячэўку ўздрыгнуў. Перад ім, неяк незвычайна закінуўшы галаву і задраўшы ўгору моцныя пашчэнкі, ляжаў забіты. Раскіданыя вакол галавы светлыя валасы пераблыталіся з травою, расплюшчаныя вочы застылым невідушчым позіркам углядаліся ў вячэрняе неба.

У чалавека тупым болем зашчымела ўнутры, калі ён пазнаў у забітым таго, хто дагэтуль камандаваў імі, вёў праз баі, між смерцяў, падтрымліваючы ў людзях веру ў перамогу. Узняўшы з травы галаву, чалавек убачыў і астатняе, што без слоў растлумачыла зыход страшных падзей на гэтай ціхай лясной прагаліне.

Праз дзесятак крокаў адсюль, расцягнуўшы за сабой гусеніцы, нібы кішкі, скасабочыўся нямецкі танк. Звернуты на бок і апушчаны ў бяссіллі ствол яго гарматы бездапаможна глядзеў у гушчар, правае вядучае кола ўпіралася ў корпус другой машыны, ад якой засталася бязладная куча абгарэлага жалеза. Воддаль, у паламаным алешніку, нібы гіганцкі палонік, ляжала вежа з гарматай, адкінутая выбухам. Прагаліна ва ўсіх напрамках была ўзарана гусеніцамі, травяністы дзірван разрыты на шматлікіх паваротах. А вакол танкаў на ўтаптанай траве ў ненатуральных позах ляжалі людзі — нашы савецкія байцы. Іх было шмат, і ўсе яны былі мёртвыя. Пэўна, не засталося ў іх ніводнага жывога таварыша, каб у роднай зямлі пахаваць іх целы. I яны ляжалі цяпер, як нямыя сведкі лютай сутычкі, у якой яны прыдбалі сабе салдацкую смерць.

Чалавек спыніўся, не адважваючыся прадаўжаць шлях праз гэтую страшную пляцоўку смерці. Боль усё мацней пранікаў у яго пачуцці: сярод забітых байцоў ён з жахам пазнаваў сваіх таварышаў па службе.

Цяпер ён упэўніўся, што ніхто не адступіў адсюль, і ўсе памерлі, да канца выканаўшы свой салдацкі абавязак. Толькі ён цудам ліпіць пакуль што, і ўвасобленая ў ім адным яшчэ прадаўжае жыць іх стралковая рота. З гэтай прычыны такой дарагою здалася чалавеку рэшта яго жыцця, што ён спалохаўся нават, адчуўшы, як моцна ўхапілася смерць за яго аслабелае цела. Не, не можа ён, не мае права загінуць раней, чым зробіць тое, да чаго кліча недавершаная помста мёртвых байцоў!

У свядомасці неяк сама па сабе ўмацавалася ўпэўненасць ва ўдалы зыход яго намагання. Здавалася, святая справядлівасць апошняга абавязку з тае хвіліны ўзяла яго пад сваю ахову.

Сонца, схаваўшыся за гушчар, кранулася недзе нябачанай хмурынкі і ў апошні раз раскінула над лесам стромкія шырокія промні. Прагаліну ўжо заслаў дымчаты цень — зачынак ночы, а ў небе над лесам яшчэ было светла і ўтульна. У бязветранай цішы віселі над прасторамі рэдкія хмурынкі, падсветленыя знізу самотным вячэрнім святлом нізкага сонца.

Знемагаючы, чалавек адолеў прагаліну і спыніўся. Далей пачынаўся рэдкі беразняк, а за ім ужо пралягала дарога. Толькі паўсотні крокаў аддзяляла чалавека ад яго мэты, ад яго апошняга рубяжа. Ужо можна было адрозніць па грукаце і лязгу на дарозе, як праходзілі паасобныя машыны. Рух там не спыняўся, але дыстанцыя між танкамі прыкметна павялічылася: відаць, калона канчалася.

Чалавек ведаў, што трэба паўзці, а сіл ужо амаль не было. Некалькі доўгіх хвілін ён ляжаў ніцма, не варушачыся. Нялёгкі шлях і страшнае відовішча мёртвай прагаліны зусім знясілілі яго. На момант крануўшыся свядомасці, недзе ў адчуванні мільганула непрытомнасць, памутнела ўваччу.

Чалавек спалохаўся, што зноў пазбавіцца пачуцця, і на могся зрабіць яшчэ некалькі рухаў.

Ішлі хвіліны. Заміраючы ад бяссілля, чалавек пасоўваўся крыху наперад, а потым зноў доўга ляжаў без руху. Пачуўшы, як слабее супраціўленне, смерць зноў насела на яго, і чалавеку не было чым абараняцца. Раз—пораз урываліся ў голаў пякельныя здані, і адчуванне рэчаіснасці чаргавалася з кашмарамі. Усё больш працяглымі рабіліся правалы ў аслабеўшай памяці, чалавек забываўся аб сабе, толькі недасягнутая мэта ўпарта трымалася ў свядомасці. I, пэўна, толькі яна яшчэ давала сілы супраціўляцца смерці.

У лесе цямнела. Дол ужо затуліла змрокам, у ім схаваўся чалавек і яго шлях, поўны пакут і болю.

Цяпер чалавек больш ляжаў, нерухома распластаўшыся на зямлі. Толькі зрэдку, нібы прачнуўшыся, нязграбна ўпіраўся нагамі і пасоўваўся на крок уперад.

Розум чалавека знесіляўся ў барацьбе з нябачным ворагам, які ўсё больш адольваў яго. Нібы ўрыўкі чужых размоў, у галаве скакалі думкі-фразы, звернутыя да ўсяго, што дапякала чалавеку. Тут былі і праклёны ворагу, і сварка з назаляўшай слабасцю, і падбадзёрванне сябе. I ўсё гэта працякала адвольна, без удзелу волі чалавека, так, нібы розум меў яшчэ сілу і сам па сабе рабіў сваю справу.

Невядома, колькі прайшло часу, але ў адно з кароткіх прасвятленняў чалавек адзначыў, што стала зусім цёмна. Спачатку яму здалося, што ён аслепнуў, але, прыўзняўшы твар, убачыў зоркі над недалёкімі цёмнымі вяршалінамі. Чалавек зразумеў тады, што дасягнуў свае мэты, толькі запозна. На прыдарожную траву ўжо асеў пыл, узняты танкамі, далёка на ўсход аднеслі захопнікі новыя няшчасці. На шырокай дарожнай паласе між лесу было пуста і мірна, нібы нічога і не адбылося тут: ні вайны, ні заўчасных чалавечых смерцяў.

Вострае адчуванне няўдачы бяссільнай крыўдай прарвалася ў свядомасці. Ён заплакаў, бадай, першы раз за шмат пражытых год. Заплакаў так, як плачуць моцна пакрыўджаныя дзеці ці выжытыя з сіл старыя: ён ужо не мог заглушыць роспачы, што хлынула ўслед за крыўдай.

Не сябе было шкада яму, а крушэння той апошняй надзеі, якая мацней за слабыя сілы цела ўтрымлівала яго ў жыцці.

Усёй істотай чалавек адчуваў, што хутка ўжо наступіць хвіліна, калі канчаткова пагасне яго жыццё.

Мінула яшчэ трохі часу. Чалавек, зусім ужо пазбаўлены сіл, пераадолеў дзесятак метраў і споўз з травяністага адхону. Пульхны дарожны дол, перацёрты гусеніцамі, быў яшчэ цёплы, як попел свежага вогнішча. У ім патанулі абмяклыя рукі чалавека.

Незвычайнае напружанне, якое ўвесь час узбуджала сілы, адразу ўпала. Чалавек слабеў і ўжо не імкнуўся нічым супрацьстаяць гэтай слабасці. Розум зноў пачаў напаўняцца туманам, сталі з’яўляцца пачварныя, страшныя істоты, зноў дапякалі кашмары.

I раптам, нібы ад знешняга штуршка, чалавек схамянуўся і ачнуўся. Нейкае трывожнае прадчуванне назаляла яму, і чалавек не адразу ўцяміў, што яно азначае. А потым, не ведаючы яшчэ, тое гэта было ці не, ён намацаў рукою кішэню і выняў гранату. Прывычным рухам пальцы адагнулі чаку, а зубы, у якіх больш захавалася моцы, выцягнулі яе з запала. Зноў адчуўшы набліжэнне млосці, чалавек, не адпускаючы планкі, сунуў гранату ў пясок пад свае грудзі.

Пэўна, гэта было тое, дзеля чаго абудзілася свядомасць, бо за ім наступіў супакой.

Хутка прыйшло забыццё, і смерць, канчаткова перамогшы, назаўсёды спыніла жыццё.

Было далёка за поўнач. Ужо прастыў дарожны пясок і закалянела цела нябожчыка. Бліскучы аднабокі месяц, як заўсёды, праплыў сваім шляхам па зорным небе і схаваўся за вяршаліны дрэў.

з—за павароткі, асвяціўшы бліжнія дрэвы і дарогу, з моцным бязладным трэскатам выкаціў атрад матацыклістаў. Пук яркага святла з фары пярэдняга, праразаючы цемру, роўна слізгаў па дарозе. Нечакана, угледзеўшы перашкоду, матацыкліст крутнуў убок і спыніўся. За ім прыпынілася калона.

— Агледзець! — скамандаваў ён.

Двое падначаленых ускочылі з матацыклаў і кінуліся выконваць загад. Яркае святло з фар кінула па адхоне іх галінастыя, хісткія цені.

— Рус, — сказаў немец, які раней за іншых падбег да цела. Моцным штуршком нагі ён перавярнуў труп на спіну.

— Рус зальдат, — дадаў гітлеравец.

Пярэдні схапіўся за рычаг, каб уключыць газ, але не паспеў. Ярка-чырвоная бліскавіца рванулася з—пад нябожчыка, аглушыла, люта пырснуўшы ў бакі мноствам гарачых смертаносных асколкаў...

Так памёр Чалавек.




Крыніца: http://www.lit-bel.org/

Беларуская Палічка: http://knihi.com