epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Сонца ў ваконцы?

У краіне заўжды шмат чаго не хапала — ад ботаў да хлеба, але разумных галоваў не бракавала ніколі. Хутчэй наадварот: кожны быў разумнейшы за іншага і тым ганарыўся. Дык вось самыя разумныя з іх даўмеліся, што, каб зажыць багата, трэба справядліва падзяліць тое, што мелі. Дасюль падзел існаваў дужа няправільны — дзе густа, а дзе пуста. Адны елі ад пуза і хадзілі ў золаце, а другія ня мелі чым павячэраць і абувалі лапці. Самыя разумныя, што студыявалі навукі ў багатым замежжы, вычыталі ў тамтэйшых кніжках, што калі бядняцкі набытак абагульніць і падзяліць пароўну, дык жыцьцё неверагодна зьменіцца. Стане багатым і шчасьлівым. Тым была запачаткаваная галоўная ідэя веку — роўны і справядлівы падзел.

Так і зрабілі.

Праўда, вялікая дзяльба, як, зрэшты, і кожная дзяльба — хоць бы і малая — выдалася дужа складанай. Пакуль дамагліся вынікаў, пралілі нямала крыві, былі панішчаны цэлыя класы і нямала саслоўяў. Ды ўрэшце ўсё падзялілі, а галоўнае — адабралі ў тых, хто меў. Набытак атрымаўся трохі не такі, як меркавалася, знайшліся пакрыўджаныя. Ды і як не знайсьціся? Хіба можыа было прыраўняць «сазнацельнага» барацьбіта за ідэю да таго, хто за гэтую ідэю змагаўся «несазнацельна»? Прыярытэт быў аддадзены тым, хто меў маленькую чырвоную кніжачку. Хутка ці ня ўсё грамадства пастала ў чаргу за тымі магічнымі кніжачкамі, ад якіх моцна залежаў дабрабыт. (Некаторыя ня надта адукаваныя звалі іх хлебпымі карткамі, але тое было няправільна, бо «карткі» забясьпечвалі ня толькі хлебам, але і пасадамі, кватэрамі, адукацыяй). Каб як стрымаць той жывы напор, была вылучана новая ідэя — працоўпых дынастый. Сутнасьць яе палягала ў тым, каб дзеці вуглякопа, падросшы, ішлі ў вуглякопы, а дзеці калгасьніка — у калгас. Адпаведна дзеці дыпламата ня йшлі рабіць на палеткі, а паступалі ў МПМО і ехалі працаваць у варожае кола — Гішпанію, Швейцарыю або Францыю. Таксама належала дзеяць дзецюкам ды дзеўкам вучоных, чэкістых, адказных партыйцаў. Дужа дыферэнцыяванымі сталі і заробкі, што было абсалютна правільна. Бо нельга ж было прыраўняць працу на калгасных палетках пад сьпеў жаўрука з небясьпечнай аперацыяй зьнешняга выведніка дзе-небудзь у лонданскім гатэлі з мэтаю вярбоўкі тамтэйшага транссэксуала. Стомленага выведніка магла застукаць бязьлітасная МІ5 ды засадзіць у камеру, — хоць з тэлевізарам і кандыцыянерам, але ж наводдаль ад роднай Лубянкі і падмаскоўнага беразьнячку. Або ўзяць пісакаў — паэтаў-празаікаў! Як параўнаць іхнюю блытаную пісаніну з напружанай працай вучоных-атамнікаў? Першыя толькі і ўмелі пісаць пра няўдалае каханьне ды няўклюдны камсамольскі сэкс, у той час як другія ўдзень і ўпачы мацавалі атамны шчыт радзімы і ад ператомы маглі ў чымсь памыліцца. А чаго вартая адна іх драбніца-памылачка — засьведчыў пракляты Чарнобыль, на які і дасюль не набярэшся грошай. А калі б тых памылак здарылася болей, пра вынікі нават страшна падумаць. Таму ніякай роўнасьці тут шукаць не выпадае. Усё астатняе, здаецца, было правільна. Тым больш у тэорыі.

На практыцы ж сталася трохі інакш — дабротаў зноў стала не хапаць. Сьпярша прывілеяў, грошай, валюты, пасьля — усяго астатняга, аж да хлеба, сыру і яек уключна. Першымі трывожна загаласілі тыя, што мелі болей за астатніх. Мусіць, гэтак заўсёды: хто болей мае, таму і больш хочацца.

Галоўная ідэя веку апынулася перад пагрозай банкруцтва. Стала відавочна, што яна ня можа пракарміць людзей, хаця па-ранейшаму гарантавала ўладу тых, хто ёй валодаў. Мабыць, у тым была яе непераацэнная каштоўнасьць, якою неразумна было б не пакарыстацца. Нават царква пасьля працяглага і жорсткага вышкаленьня ў КДБ зразумела нарэшце галоўную ісьціну веку і верай ды праўдай пачала верную службу ўладам. Запаветы Хрыста былі пакладзеныя па верхнюю паліцу, а для карыстаньня на кожны дзень узятыя сакрэтныя дэкрэты аб супрацоўніцтве і прывілеях. Агулам было вырашана ня даць загінуць вартай старадаўняй ідэі з тае прычыны, што дасюль яна ажыцьцяўлялася няправільна. Належала тую ідэю мадэрнізаваць, адаптаваць да новага часу. Роўнасьць — так! Але роўнасьць не ў багацьці, да якога пнецца гнілое грамадства Захаду, а лепей роўнасьць у беднасьці, як найноўшая дактрына новазнойдзенага рынкавага сацыялізму. Ужо гэтую ажыцьцявіць будзе куды лягчэй, электарат ад беднасьці не адвыкаў ніколі. Ніхто ня будзе пакрыўджаны, усе адразу ўціхамірацца і ахвотна прагаласуюць на выбарах за роўных сабе — дэпутата ці нават прэзідэнта — п'янога або цьвярозага, разумнага ці дурнога, што ў новых умовах па-сутнасьці ня будзе мець ніякага значэньня. Зьліквідоўвалася падстава для зайздрасьці, усе разам рабіліся бедныя, няшчасныя і дурныя. Або багатыя, шчасьлівыя і разумныя — гэта як патлумачыць. Быў тэрмінова вынайдзены эфектыўны сродак, як тую парадыгму зрабіць цалкам бясьпечнай для ўлады — перакруціць сэнс спрадвечных людскіх паняцьцяў: зло пераназваць дабром, хлусьню — праўдай, паразу — перамогай, сацыялізм — шчасьцем. Беднасьць палічыць багацьцем! Дарма што старажытныя казалі: калі шматкроць мовіць «халва, халва», у роце саладзей ня стане. Стане! Калі пра тое штодзень чуць з дзяржаўнае скрынкі, званаю тэлевізарам, дык сапраўды тое пачне быццам бы існаваць. Хоць бы ў новазнойдзенай на Захадзе так званай віртуальнай рэальнасьці, якая дужа прыдалася і на Усходзе. Спатрэбілася ня дужа шмат часу, каб людзі шчыра паверылі, што мяса ёсьць, нават калі яго не было ні ў хлявах, ні ў крамах, што вайна — зусім справядлівая рэч, нават калі з Поўдня самалёты замест фруктаў-персікаў везьлі славуты груз-200, што эканоміка краіны на ўздыме, калі кошт даляра па Камароўцы ўзьляцеў да мільёну «зайцоў». А кожны самы вар'яцкі кіраўнік зьяўляецца і самым геніяльным адначасна. Розьніца між тым ды гэтым зьнікала.

Пры тым важна, што ўвесь той несумненны эфект дасягаўся не затратай матэрыяльных сродкаў, не выдаткаваньнем замежных крэдытаў ці дэфіцытных энерганосьбітаў, а выключна дармовымі сродкамі мовы, пэўным чынам удасканаленай і адаптаванай. Гэтаю мовай сталася зусім не старадаўняя родная мова, а мова старэйшага брата; свая ж трасянка змушана была заткнуцца. (Некаторыя ня надта адукаваныя і разумныя казалі, што і слава Богу.) Стала відавочна, што толькі тая адзіная мае здольнасьць прарвацца праз заслону апрыклай рэчаіснасьці ў ружовую прастору віртуальнасьці з яе нечувана прывіднымі магчымасьцямі, стаць рухавіком прагрэсу, зачынальніцай новай цывілізацыі наадварот. Для людзей зьявілася магчымасьць ня дужа пачувацца галоднымі, нават ня маючы хлеба, шчасьліва жыць пры бандыцкай дыктатуры, адцурацца нацыянальнай культуры, лічыцца багатымі пры нечуванай галечы. Для тых, хто выказваў нязгоду з гэткаю адаптацыяй — апантанай радасьцю са сьлязьмі на вачох, у дзяржавы былі прыгатаваны даўгія гумовыя дручкі і сухотныя камеры з кратамі.

Прарваўшыся ў галодную прастору прывіднасьці, грамадства займела апошні клопат (іншыя аўтаматычна адпалі) — апантана яе пашырыць. Аказалася, што гэта — такая фантастычная прастора, якая няздольная існаваць у стане спакою і, бы касьмічны пульсар, можа або пашырацца, або звужацца (вядома, найлепш пашырацца). Ды тут сталася нечаканка — яе апалагеты непапраўна спазьніліся: усе вольныя куткі там былі ўжо занятыя іншымі, болей увішнымі прыхільнікамі дзяліць і валодаць — імперыялістамі-рыначнікамі, чырвонымі ды карычневымі, фундаменталістамі розных адценьняў. Заставаўся апошні, нікім не заняты, бо здаўна лічыўся для таго непрыдатным — панславянскі. Менавіта гэты ня надта духмяны закутак мацней за хмель, за алкаголь ці ЛСД закруціў адну віртуальную галаву ў краіне і выклікаў апантаную прагу да дзеяньня ў форме стварэньня манілаўскіх структураў, фантастычных інтэграцый галечы з жабрацтвам, безьлічы пустапарожніх заяў, дамоў і дэкларацыяў. Вынікаў жа не было ніякіх. Карнавальна-мітусьлівая віртуальнасьць жорстка сутыкнулася з няўдзячнай рэальнасьцю і дагэтуль ня можа тую адолець. Рэальнасьць стаіць, бы скала, і шмат хто ў краіне пачынае думаць, што яна мацнейшая за самую хітравумную віртуальнасьць. Можа, яно і так. Усё ж, як ні кажы, хлеб — спрадвечная рэальнасьць, кроў людская — таксама. А за імі калі-небудзь стане рэальнасьцю наша шматпакутная незалежнасьць і воля, а ня толькі рэальная турма ды галеча.

Загляне сонца і ў наша ваконца! Калі шчыра таго жадаць, дык яно можа і зьдзейсьніцца. Вядома ж, паводле законаў рэальнасьці.


1995-1998?

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2005.
Крыніца: http://www.lit-bel.org/