epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Страта

— Матузка, а Матузка! Аглух ты, цi што?

Над шэрай кучай зямлi пад плотам перасталi ўзлятаць угору дробныя камякi i паказалася аблезлая пiлотка i кiрпаты, апечаны сонцам твар.

— Лейтэнант клiча, не чуеш? — сказаў вусаты баец Пiлiпчук, якi, пазвоньваючы медалямi, акопваўся побач.

Матузка зiрнуў убок дарогi з вербнымi прысадамi, дзе, высунуўшыся з канавы, нешта махаў яму iх камандзiр.

— Матузка!! — гукаў лейтэнант. — Бягом за вёску, перадай Галкiну, каб у лес цераз лагчыну не пусцiў нiводнага фашыста. Сам пакуль што застанешся з iм. Давай хутчэй!

Калi загадана — трэба бегчы. Баец пашкадаваў крыху свайго ўтульнага сховiшча, але што зробiш? Прыхапiўшы вiнтоўку, ён спрытна выскачыў з акопчыка i, шмыгнуўшы пад жэрдку паламанага плота, апынуўся ў агародзе.

Летняе сонца ў бясхмарным небе ўжо з ранiцы набрала сiлу i моцна палiла прастор. Вялае бацвiнне, не ачуняўшы за кароткую ноч, бяссiльна ляжала на сухой зямлi; жоўклi i курчылiся на градах агурковыя калiвы. Капуста i тая згарнула абмяклае лiсце i зморшчылася, нiбы пастарэўшы да часу. Шморгаючы ў агароднiне загнутымi наскамi стаптаных ботаў, Матузка бег мiж градак i не азiраўся назад, дзе над выганам паспешлiва акопвалiся яго таварышы — байцы паходнай заставы, уранку напаткаўшай ворага.

Знарок дзеля маскiроўкi баец трымаўся гумнаў i агародаў, i хутка яму трапiлася сцяжынка, якая вiлася ля саду. Цераз паркан на абцяжараных галiнах звiсалi буйныя, яшчэ недаспелыя яблыкi, хлопец, па-дзiцячаму азiрнуўшыся, на бягу сарваў адзiн i памчаў далей. Рухавасцi ў яго хапала, хутка неслi ногi, i заўзята, без роздуму, сiгаў ён цераз высокiя платы i драцяныя загароды. Першае самастойнае баявое заданне было прычынай яго незвычайнай энергii i спрыту. Хоць Матузка i не першы дзень на вайне, але неяк здаралася, што яму не давялося трапiць у бой: усё выпадаў рэзерв або марш цi другi эшалон. Толькi вось сёння, здаецца, будзе нешта сур’ёзнае.

Так, па загуменнях i агародах, Матузка амаль ужо мiнаў вёску. Захоплены ўласным спрытам i жвавасцю, ён на час забыўся пра пагрозлiвыя абставiны, таму зусiм нечакана для яго ўгары заверашчэла нешта страшнае i, страсянуўшы наваколле, грымнулi тры выбухi. Якраз у тым кiрунку, куды трэба было бегчы, у адно iмгненне знесла саламяную страху з хаты. У паветры мiльганулi кроквы, шматкi саломы, кавалкi комiна, i ўсё знiкла ў гушчары садоў, толькi воблака пылу цiха паплыло ў блакiтнае неба.

«Мiны», — падумаў Матузка i здзiвiўся, адчуўшы пад сваiм целам цвёрдыя галiнастыя сцяблы бульбоўнiку. Падаць не меў ён намеру, а выйшла гэта неяк само сабой, неўпрыцям. Страшныя выбухi развеялi ўзнёслы настрой байца, але, каб не трацiць часу i не напаткаць якой бяды, Матузка не стаў асаблiва смуткаваць i яшчэ паскорыў бег.

* * *

Зрубленая з яловых вярхоў, счарнелая ад дыму i часу старэнькая лазня, у якой шмат гадоў мылiся людзi гэтай вёскi, набыла цяпер новае значэнне. Яна стала апорай непрыкрытага правага фланга, над якiм навiсла цяпер пагроза абыходу i якi асаблiва непакоiў лейтэнанта. Гэта было глухое месца наводшыбе, ля самага лесу. Вакол лазнi густа i згодна лезлi ўгору i ўшыркi быльнёг, крапiва, дзядоўнiк i iншая раслiнная непатрэба, якой нямала развялося на спустошанай вайною зямлi.

Матузка абышоў лазню, але Галкiна нiдзе не ўбачыў. Тады ён прыслухаўся i пачуў шамаценне галля: гэта кулямётчык маскiраваў свой акоп на ўзмежку пад лазовым кустом. Ён ужо акапаўся i цяпер старанна хаваў сляды свежай глiны, рассыпанай наўкола. Хлопец працаваў распрануты, у прапацелай бруднай майцы, а гiмнасцёрка яго ляжала пад дыскамi побач з кулямётам на брустверы.

У паветры тым часам завылi новыя мiны, i Матузка, не чакаючы запрашэння, скочыў у цесную ячэйку, якая ледзь змясцiла дваiх. Трохi здзiўлены кулямётчык не вельмi прыязна агледзеў нечаканага пасланца. Гэта быў дужы i сур’ёзны хлопец, ненамнога старэйшы, але з выгляду куды мажнейшы за Матузку. Рысы яго твару вылучалiся той грубаватай буйнаватасцю, якая разам з некаторай панурасцю ў поглядзе рабiла яго старэйшым за свае, можа, i невялiкiя гады. А свежы кiрпаты твар Матузкi, на пераноссi крануты рабацiннем, i тонкая постаць падлетка ўжо завельмi маладзiлi яго. Такiм чынам, рознiца ў выглядзе двух байцоў, зведзеных вайсковым лёсам, была даволi прыкметная.

З хваляваннем выклаўшы загад лейтэнанта, Матузка чакаў, што Галкiн паскардзiцца на цяжар новай задачы, аднак кулямётчык флегматычна заўважыў, гледзячы ўдалячынь:

— Вядома, не пушчаць, а то абыдуць.

Матузка хоць i бачыў раней гэтага байца, але мала ведаў яго. Галкiн служыў у кулямётным узводзе, трымаўся заўсёды сваiх хлопцаў i толькi ўчора быў перададзены стралкам для ўзмацнення галаўной паходнай заставы. Размаўляць жа iм давялося толькi першы раз, таму малады баец хацеў блiжэй пазнаёмiцца са сваiм часовым начальнiкам.

Але Галкiн маўчаў, i гэтая маўклiвасць усё больш не падабалася Матузку. Ён пачаў здагадвацца, што кулямётчык сваёй негаварлiвасцю хоча трымаць яго воддаль, маўклiва напамiнаючы маладому салдату, што не час яшчэ iм раўняцца. I сапраўды, Галкiн, якi быў ад прыроды не лёгкi на слова, гэты раз i зусiм не меў жадання пачынаць размовы. З ранiцы яго дапякала незразумелая трывога.

Ён ведаў, што з правага боку няма больш нiкога, усе сiлы паходнай заставы згрупаваны на тым баку вёскi. Праўда, дагэтуль тут было спакойна, гiтлераўцы паказалiся недзе на левым фланзе, спрабуючы, вiдаць, ударыць па дарозе, але хто ведае iх сапраўдныя намеры? На вайне трэба быць асаблiва пiльным, каб не даць ашукаць сябе, i Галкiн, ладзячы пазiцыю, увесь час пазiраў у нiзiну i прыкмячаў усё, што рабiлася ў баку ворага.

Ад лазнi на ўвесь прасцяг праглядалася нешырокая травянiстая лагчына, якая падступала да вёскi. Справа, уздоўж лугавiны, цягнуўся па адхону ельнiк, зараснiкамi шырокага ўзлеску амаль даходзячы за ўпадзiны. Там, дзе палоска маладога алешнiку заходзiць далёка ў нiзiну, гiтлераўцы могуць паспрабаваць прабрацца ў лес, каб абысцi вёску з яе безабароннага боку. Кулямётчык ужо заўважыў у тым кiрунку некалькi постацей, занятых невядома чым, i таму байцу было зусiм не да размовы.

Прыцiснуўшыся да халаднаватай сцяны акопа, Матузка таксама пачаў углядацца ў гэты небяспечны ўчастак. Вiнтоўку ён паклаў на бруствер побач з кулямётам, але ў гэты час за вёскай затрашчалi рэдкiя стрэлы, i баец падцягнуў яе да сябе. Галкiн не зварухнуўся. Схiлiўшы набок галаву, ён прыслухоўваўся да гукаў бою i сiлiўся зразумець па iх, што адбываецца ў вёсцы. На яго заклапочаным твары не шмат адбiвалася думак, аднак нiводная праява яго пачуцця не заставалася непрыкмечанай яго напарнiкам.

Тым часам стралянiна ў вёсцы мацнела, i мiны пачалi рвацца часцей i блiжэй. Матузка ў акопе хоць i не вельмi баяўся, але, не ўмеючы яшчэ валодаць сабою, уздрыгваў пасля кожнага выбуху. Толькi ўпэўнiўшыся, што мiны не наблiжаюцца больш да лазнi, ён перастаў турбавацца. Хлопец з радасцю адзначыў гэтую перамену ў сабе i падумаў, што прывыкае.

Праз якую гадзiну бой за вёску пачаў сцiхаць. Аўтаматы i вiнтоўкi змоўклi, толькi кулямёты яшчэ пускалi доўгiя чэргi па далёкiх цэлях. Вiдаць, першая атака гiтлераўцам не ўдалася, i цяпер трэба было чакаць другой.

Трымаючы кулямётны прыклад ля пляча, Галкiн не зводзiў вачэй з нiзiны — i не дарма. Накапiўшыся ў раўчуку злева, гiтлераўцы высыпалi ў нiзiну i, выстройваючыся на хаду ў няроўны блытаны ланцуг, кiнулiся да лесу. Галкiн пачакаў, пакуль усе высыплюць на адкрытую мясцовасць, i пусцiў доўгую чаргу.

Ад першых стрэлаў кулямёта Матузка ўздрыгнуў, мацней сцiснуў сваю вiнтоўку, але стрэлiць не здолеў. У яго зашчымела ў грудзях, млосць разлiлася па целе. Цяпер толькi ён адчуў i зразумеў упершыню, што вось пачалося тое, да чаго ён рыхтаваўся гэтулькi часу. Узрушанасць была моцная, яна хваляй уварвалася ў душу маладога салдата, але хутка i прайшла. Барацьба, у якую ўжо ўступiў юнак, патрабавала яго непасрэднага ўдзелу, не лiчачыся з настроем, i Матузка зразумеў гэта. Прыклаўшыся да вiнтоўкi, ён убачыў ля мушкi многа маленькiх фiгур, якiя паднiмалiся, беглi i падалi. Побач страляў кулямёт, i неяк у такт яго стрэлам цi мо ў такт сэрцу, сцiснутаму ў грудзях, ва ўсе бакi хадзiў ствол вiнтоўкi, не даючы прыцэлiцца. I ўсё ж Матузка выбраў момант, зацяў дыханне i стрэлiў. Потым яшчэ i яшчэ...

Нечакана сустрэтыя кулямётным агнём з фланга, гiтлераўцы спачатку кiнулiся наперад, а потым прыцiшылi бег. Многiя з iх пападалi на лугавiну, iншыя, змяшаўшыся, пачалi бязладна бегчы назад у раўчук, адкуль толькi што выйшлi. Наўздагон iм Галкiн апаражнiў дыск i вылаяўся, не стрымаўшы злоснай радасцi.

Матузка ўслед за кулямётчыкам з прыкметнай неахвотай пакiнуў страляць i паклаў на бруствер вiнтоўку. На яго твары ззяла такое шчырае захапленне першым поспехам, што Галкiн не ўтрымаўся ад усмешкi i, мiмаволi паддаючыся настрою памочнiка, амаль весела запытаў:

— Ну, як?

— Адбiлi, — проста адказаў Матузка. Кулямётчык выцер пiлоткай узмакрэлы лоб i, нiбы скiнуўшы з плячэй якi цяжар, зморана ўздыхнуў.

— Нiчога, братка, — цёпла сказаў ён, адклiкаючыся, вiдаць, на нейкiя свае думкi. — Як-небудзь. Давай папоўнiм дыскi.

Ён узяў з-пад ног рэчавы мяшок, наладаваны патронамi, i развязаў лямкi.

— Патронаў, здаецца, хопiць, а вось хлеба няма. Прыйдзецца патрываць пакуль што.

— У мяне ёсць крыху, — азваўся Матузка, узрадаваўшыся, што чым-небудзь можа ўслужыць старэйшаму таварышу.

— Давай тады заадно падмацуем i жываты, каб весялей жылося. Цябе як завуць?

— Мiкалай, — паведамiў Матузка.

— А мяне — Змiтрок.

Матузка выняў з кiшэнi загорнуты ў паперу кавалак усохлага хлеба, разламаў на дзве паловы i большую аддаў таварышу. У гэты час ён быў перакананы, што Галкiн зусiм някепскi хлопец, з iм можна сябраваць, i пашкадаваў, што яны не пазнаёмiлiся раней. А Галкiн, смачна хрумстаючы яблык з хлебам, пiхаў у дыск патроны i думаў, што з маладога байца, пэўна, будзе толк.

Так яны паснедалi несамавiтым харчам, павесялелi ў адносiнах мiж сабой i, задаволеныя добрым пачаткам справы, мала думалi, што яшчэ iх чакае.

* * *

Апоўднi над вёскай i полем запанавала нудная няпэўная цiшыня. Прасторы, размораныя спёкай, цiха драмалi, адпачываючы ад шматгадзiнных трывог барацьбы, ахапiўшай наваколле.

Галкiн i Матузка ў дзве пары вачэй сачылi за лагчынай, каб у час заўважыць новыя спробы немцаў абысцi вёску. Але ў нiзiне i ў полi было зусiм пуста. Нiводнай жывой iстоты, нiводнага руху не назiралася ўдалечынi, толькi над чаротам, пэўна, на добрае надвор’е, дрыжала гарачае марыва.

Можна было меркаваць, што немцы кiнулi намер авалодаць вёскай i адышлi на iншы рубеж цi змянiлi кiрунак наступу. Аднак да хлопцаў нiхто не прыходзiў, i Галкiн, як баец з вопытам, ведаў, што ў такiх выпадках трэба выконваць ранейшы загад.

Разам са спакоем прыйшлi i новыя клопаты. Пасля сухога снедання нясцерпна хацелася пiць, а спёка яшчэ больш узмацняла смагу. Нейкi час хлопцы моўчкi змагалiся з ёю, але нарэшце Галкiн не вытрымаў.

— Ты з кулямёта страляць умееш? — запытаў ён у таварыша.

— Ага.

— Тады папiльнуй тут, а я пашукаю вады.

Ён дастаў з рэчавага мяшка пагнуты кацялок i павольнай хадою падаўся за лазню.

Застаўшыся гаспадаром у акопе, Матузка агледзеў дыскi, пацiкавiўся, якi прыцэл стаiць на калодцы, i, паклаўшы палец на спуск, прымерыўся да кулямёта. Ён адчуваў сябе рашучым i моцным у гэты час, i на момант у яго нават з’явiлася жаданне, каб у лагчыне паказалiся немцы. Ужо ён даў бы iм перцу! Толькi да звароту Галкiна нiчога не здарылася. Матузка ўволю напiўся смачнай сцюдзёнай вады, а рэшту паставiў пад куст, каб не грэлася на сонцы.

Сонца тым часам пасунулася ў небе i павярнула цень ад куста, якi дагэтуль крыху хаваў iх. Стала вельмi горача, i Матузка, пазiраючы на рудыя плечы сябра, параiў:

— Ты б апрануўся, а то спячэшся.

Галкiн паслухаў i, пераклаўшы дыскi на дзядоўнiкаў лiст, апрануў заношаную i засаленую гiмнасцёрку з двума медалямi «За адвагу».

Уладкаваўшы свае справы, хлопцы зноў сталi пiльнаваць лагчыну.

Галкiн, мала адпачыўшы ноччу i змораны напружаннем ранiцы, адразу пачаў дзёўбаць носам, стоячы за кулямётам. Не давяраючы яшчэ аднаму Матузку, ён iмкнуўся назiраць сам, але ўваччу непрыкметна наплываў туман, галава марудна хiлiлася долу i павiсала, амаль кранаючы зямлi. Тады кулямётчык усхоплiваўся i як мага шырэй расплюшчваў пачырванелыя вочы, аднак праз хвiлiну цiшыня, зморанасць i спёка зноў бралi сваё. Матузка трымаўся болей бадзёра. Хоць i на яго дзейнiчала нерухомасць i спакой у полi, але ён не думаў пра адпачынак. Наадварот, бачачы, як стамiўся таварыш, ён яшчэ пiльней у соты раз аглядаў поле, якое вывучаў да апошняй драбнiцы.

Так прайшло некалькi расцягненых бяздзейнасцю гадзiн, i ў паўдзённай цiшынi выспела нарыхтаваная ворагам бяда.

Спачатку нi Галкiн, нi Матузка не звярнулi ўвагi на тое, што дзесьцi за лесам нiбы чмыхнула нешта раз i другi. Гукi гэтыя былi слабыя i амаль не нагадвалi стрэлаў. I тым не менш з-за лесу ўзяў пачатак i наблiжаўся востры прарэзлiвы вiск. Матузка на нейкую секунду разгубiўся, а потым iнстынктыўна ўцяў галаву ў плечы i прыцiснуўся да бруствера. У гэты ж момант з аглушальным крэктам цяжка здрыганулася зямля, i блiзкi выбух амаль болем аддаўся ў целе. Матузка ўчапiўся за Галкiна, а той, мiгам адолеўшы сон, падаўся да кулямёта. Калi ж хлопец глянуў наперад, дык убачыў непадалёку ад акопа дзве свежыя чорныя варонкi, над якiмi ў цiшынi курылася сухая зямля.

Зрабiлася надзвычай цiха, толькi ненадоўга. Зноў — тыя ж глухiя гукi з-за лесу, i цераз паднябессе з прарэзлiвым скрыгатам паляцелi мiны. Галкiн схапiў кулямёт i, тузануўшы Матузку, прысеў на дно ячэйкi. Магутныя выбухi ўскалыхнулi зямлю, апалiўшы алешнiк на ўзлеску, якраз ззаду iхняга акопчыка.

— Эге, братка, — зiрнуўшы са сховiшча, сказаў кулямётчык. — Гэта па нас вiлку ўзялi. Ну, цяпер трымайся!

I сапраўды, не паспелi хлопцы што-кольвечы падумаць, як зноў угары заверашчала ў шмат галасоў, i шумна ды жудасна панеслiся на iх серыi цяжкiх, буйнакалiберных мiн. Матузка адчуваў, як з кожным iмгненнем, непадуладнае цяпер яму, напружвалася яго цела, а сэрца, пэўна, спынялася, ахопленае прадчуваннем пагiбелi. Выбухi грымелi зусiм побач i так моцна, што здавалася, пад iх ударамi шчапалася зямля, на ўсю глыбiню працятая страшнай трацiлавай сiлай. Адзiн гучней за другi, як лютыя перуны, бiлi яны знямеўшыя ў роспачы нетры, i грымотнае рэха калыхала лясныя абшары.

Так цягнулася, здаецца, вельмi доўга. З бруствера на спiны байцоў сыпалася зямля, пахла пылам i нейкiм паленым смуродам, а яны, прыпаўшы да самага дна, нi разу не варухнулiся. Амаль фiзiчны боль пранiзваў iстоту, i хоць не было ран, Матузка дрэнна адчуваў, жывы ён цi ўжо мёртвы.

Галкiн чакаў, калi скончыцца агнявы шквал, ды чакаць давялося доўга. Калi ж выбухi крыху аддалiлiся, ён, адчуўшы нядобрае, хуценька падняўся ў акопе i ўскрыкнуў. Карыстаючыся агнявым прыкрыццём, цераз лагчыну ў лес бегла некалькi дзесяткаў ворагаў. Пярэднiя дасягнулi ўжо сярэдзiны лужка, i баец схапiў кулямёт.

За таварышам падняўся з акопа i Матузка. Кусты на ўзмежку парадзелi, нiбы скiнулi лiсце; лазня з выбiтым вуглом i раскiданай сцяною павалiлася на бок. У вёсцы нешта гарэла, i дым рудымi клубамi валiў угору. Травянiсты дол наўкола быў перамешаны з зямлёю, а ад багатай раслiннасцi не засталося i следу.

Зноў трапiўшы пад флангавы агонь, гiтлераўцы збянтэжылiся i заляглi. Злосна засакаталi ўдалечынi iх лёгкiя кулямёты, i недзе побач у паветры пачулася нядобрае «ф’ю-ф’ю». Хлопцам, аднак, не было калi прыслухоўвацца да новай небяспекi: яны выконвалi загад. Галкiн, упёршы прыклад у дужае плячо, разам з кулямётам тросся ўсiм целам. Ён баяўся прапусцiць хоць бы адзiн рух ворага i бiў частымi кароткiмi чэргамi. Побач, спяшаючыся i хвалюючыся, страляў Матузка, ад перажытага страху яшчэ дрэнна валодаючы сабой.

Гiтлераўцы нарэшце зразумелi, што прабiцца ў лес, пакуль на фланзе дзейнiчае кулямёт, iм не ўдасца. Вiдаць, уцямiлi яны i тое, што сiлы ля лазнi невялiкiя i кароткiм iмклiвым ударам можна знiшчыць дакучлiвую перашкоду.

Там, у траве на лузе, яны перастроiлi свой ланцуг i кароткiмi перабежкамi пачалi пасоўвацца да лазнi. Потны i брудны ад пылу Галкiн толькi скрыгатаў зубамi: высокая някошаная трава добра хавала ляжачых салдат, а бiць адзiночак, якiя зрэдку перабягалi, было нязручна i трацiлася шмат патронаў.

Злева, за вёскай, таксама разгарэўся моцны бой, там стрэлы i выбухi злiлiся ў суцэльны гул, гiтлераўцы адразу атакавалi на ўсiм участку.

Некалькi хвiлiн Галкiн страляў i страляў, а ворагi, не зважаючы на агонь, павольна, але ўпэўнена пасоўвалiся наперад.

— Ах, сволачы! — крыкнуў хлопец, адарваўшыся ад кулямёта. — Паўзуць!

Ён вызначыў, што затрымаць ворага на адлегласцi не ўдасца, а наблiзiўшыся, гiтлераўцы скарыстаюць хмызняк i блакiруюць кулямёт. На твары кулямётчыка адбiлася злосць, i вочы заснавалi па прасцягу, шукаючы выйсця. Адчуўшы, што настаў рашучы момант, ён увесь ажывiўся, налiўся сiлай i спрытам.

— Мiкалай, — звярнуўся ён да таварыша, — вось што, братка: бяры кулямёт i краем лесу шпар наперад. Як зраўняешся з iх флангам — лупянi збоку. Толькi нядоўга: дыскi са два. А я iх падражню адгэтуль.

Усхваляваны Матузка не вельмi разумеў у новым павароце справы, але адчуваў небяспеку. Ды i выгляд таварыша сведчыў, што становiшча сапраўды сур’ёзнае. Не кажучы нi слова, ён вылез з акопа i па ўзмежку, прыгiнаючыся як мага нiжэй, падаўся да лесу.

Пасля акопа на паверхнi баец адчуў сябе неяк зусiм адкрытым i безабаронным. Кулi пасвiствалi побач, падалi галiнкi, падсечаныя iх кароткiмi шалёнымi ўдарамi. Нядоўга было трапiць пад iх iмклiвы лёт, i ўжо наўрад цi давялося б падняцца. Страшна зрабiлася хлопцу тут, на паверхнi зямлi, воддаль ад выратавальнага акопчыка. Але трэба было рабiць сваю справу — бегчы наперад, каб у час памагчы Галкiну, якi адзiн зараз шчоўкае з яго вiнтоўкi. I Матузка шыбаў праз альховы гушчар, не асцерагаючыся галля, што балюча сцябала яго.

Выглядаць з лесу, каб убачыць, дзе немцы, яму не спатрэбiлася. Калi iх стралянiна стала зусiм побач, Матузка збочыў з гушчару i асцярожна высунуўся з-за маладой елкi на краю ўзлеску. Месца гэтае крыху ўзвышалася над лагчынай, i хлопец на момант сумеўся: ён выразна ўбачыў на роўнядзi крывы ланцуг гiтлераўцаў, якiя адзiн за адным ускаквалi, беглi i падалi.

Матузка лёг у жорсткую папараць пад елкай i нарыхтаваў кулямёт. Пакуль ён даставаў дыск, зараджаў i ставiў прыцэл, прайшло няшмат часу, але менавiта тады настала рашучая хвiлiна. Мiнныя выбухi зноў затаўклi зямлю ля лазнi; немец, што перабягаў апошнi за ланцугом, закрычаў штосьцi, усе пачалi падымацца i, страляючы з аўтаматаў, хуткiм крокам кiнулiся да вёскi. Здарылася так, што супраць Матузкi апынуўся гэты заднi немец-камандзiр, а ланцуг сваiм флангам ужо мiнуў тое месца, дзе прытаiўся кулямётчык. Малады баец моцна спалохаўся ад думкi, што спазнiўся. Як-кольвечы ён прыцэлiўся i нацiснуў спуск. Кулямёт, нiбы знайшоўшы выхад злосцi, рвануўся ў руках i задрыжаў буйнай сутаргавай лiхаманкай.

Калi б не так гучна грукацеў яго кулямёт, хлопец яшчэ раней пачуў бы новыя гукi, якiя з’явiлiся за гэты час. У тым баку вёскi, дзе адбiвалася галаўная паходная застава, скрозь лютую стралянiну пачулiся шматгалосыя крыкi. Адсюль нельга было ўчуць, было гэта «ўра» цi што iншае, ды Матузка i не слухаў. Немцы зноў заляглi, i па ўзлессю пайшоў моцны трэск, сыпалiся галiнкi з лiстамi, нiбы дзесяткi нябачных бiзуноў у розных месцах сцябалi дрэвы. Аднак як нi прыцiскалiся к долу залёгшыя ворагi, адсюль яны былi вiдаць кулямётчыку, i ён, змянiўшы дыск, зноў пусцiў чаргу.

У той час аднекуль з варожага боку ўзляцела ў неба дымная ракета i, выцягнуўшы хвост, згасла над логам. Немцы тады шалёна ўскочылi i што было моцы кiнулiся назад да свайго раўчука. Матузка задрыжаў увесь ад радасцi i апусцiў прыклад.

Нястрымная весялосць ахапiла кулямётчыка. Аглушаны выбухамi i стрэламi, ён на ўсё горла крычаў адно i тое ж зларадна-дураслiвае:

— Ага-а! Ага-а! Ага-а!

Праз некаторы час нямногiя ўцалелыя ворагi знiклi ў раўчуку, а ў лагчыну высыпалi ротныя ланцугi падышоўшага батальёна. Матузка, раптоўна зрабiўшыся лёгкiм i iмклiвым, узвалiў на плячо гарачы яшчэ кулямёт i па-над узлескам пабег да вёскi.

Многа ператрывала яго душа за гэты дзень, але здабытая перамога хвалюючай радасцю засланiла цяпер усё самотнае. Як крыўдныя слёзы маленства, адразу забылiся нядаўнiя страхi. Пачатак быў зроблены — цяжкi, але удалы пачатак. Хлопец паваяваў, i хоць не зусiм ладна, але, бадай, i не дрэнна. Ён сам адчуваў гэта, быў рады, i радасць яго павялiчвалася ўпэўненасцю, што Галкiн задаволiцца яго ўмельствам i цяпер, бадай, пасябруе з iм. Што ж датычыць Матузкi, дык ён вельмi жадаў гэтага.

Макрэючы ад поту, хлопец iмчаўся па ўгрэтай духмянай траве, радасць падганяла яго, i ён спяшаўся падзялiць яе са знойдзеным сёння баявым сябрам.

Яшчэ здалёк Матузка прыкмецiў ля лазнi групу афiцэраў (ён пазнаў там камандзiра батальёна) i заўважыў, што яны глядзелi ў гэты бок, нiбы чакалi каго. Хлопец пашукаў вачыма Галкiна, але не ўбачыў яго. Не было таго i ў акопчыку, якi, пусты i непатрэбны цяпер, тулiўся пад лазою. У кусце на ранейшым месцы стаяў кацялок з рэштай вады. Але чаму Змiтрок не сустракае яго, няўжо ён стаў зусiм абыякавым да свайго былога памочнiка? Нешта трывожнае затрымцела ў хлапечым сэрцы, калi ён пралазiў хмызняк на ўзмежку i наблiжаўся да камандзiраў.

— Вось ён, гэты кулямётчык, — сказаў камбат, звяртаючыся да незнаёмага, вiдаць, старэйшага афiцэра.

— Малайчына, — сказаў той. — Малайчына. Прадстаўце да ўзнагароды.

Матузка, аднак, чамусьцi змаркатнеў i не адчуваў радасцi ад пахвалы начальства: нейкая смутная трывога ўзнiмалася ў iм. Сцiпла стоячы перад афiцэрамi з узятым да нагi кулямётам, ён адказаў на iхнiя пытаннi i, адпушчаны, пайшоў памалу на выган да свайго ўзвода.

У вёску прыйшлi ўжо новыя людзi i з поўнай абыякавасцю да ўсяго, што адбылося тут, займалiся сваiмi справамi. У дварах гаманiлi галасы, стукалi колы па вулiцы; байцы нейкага гаспадарчага падраздзялення маскiравалi галлём нагружаныя вазы пад плотам. Абапал дарогi дагаралi хаты, i ўдушлiвы едкi смурод пажарышчаў раздзiраў грудзi. У адным месцы з вулiцы Матузка пазнаў садок, ля якога бег ранiцай, каб перадаць загад. Нейкая будынiна збоч саду згарэла дашчэнту, апалiўшы сваiм полымем суседнiя яблынi. Мiж iмi ўбачыў баец i тую яблыньку ля сцежкi, з якой сарваў надоечы недаспелы яблык. Цяпер чорныя галiны яе маркотна цягнулiся над тынам i, здавалася, у смяротнай роспачы прасiлi ратунку.

Пад прыдарожнымi вербамi на выгане сядзелi i гаманiлi цяпер байцы былой паходнай заставы. З апошняй надзеяй Матузка пашукаў позiркам сябра i, не знайшоўшы, запытаў у Пiлiпчука, якi курыў на абочыне, спусцiўшы ногi ў канаву:

— А дзе Галкiн?..

— Галкiн? — здзiвiўся вусаты Пiлiпчук. — Галкiн забiты, хiба ты не ведаеш?

Нешта цяжкае i душнае навалiлася на хлопца, зацяло дыханне, i ў вачах скрывiлася дарога. Матузка апусцiўся на пыльны ўскраек дарогi i абхапiў рукамi кулямёт. Знямоглае за дзень сонца паволi апускалася над лесам, дарога па насыпе, як хрыбцiна шчупака, стракацела палосамi ценяў, кiнутых вербамi...

Так баец сядзеў доўга i не чуў, што рабiлася наўкола. Толькi калi падалi каманду строiцца i байцы выйшлi на дарогу, Матузка падняўся апошнi i, падумаўшы крыху, стаў у галаву калоны, дзе ўчора крочыў Галкiн i дзе звычайна станавiлiся ручныя кулямётчыкi.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая