epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

У ліхую часіну

У Патапавых гора. Надвячоркам пісьманоска Нюра прынесла са станцыі тоненькі трохкутнік франтавога пісьма і невялічкую, памерам з падатковы квіток казённую паперку. Стары Ларывон стрэў дзяўчыну ў куце панадворка, дзе ён складваў пад страху падсохлыя на восеньскім ветры кізякі, і яшчэ зводдаль уцяміў, што здарылася страшнае. Ссунуўшы над пераноссем касмылявыя ссівелыя бровы, ён з натугай выпрастаўся над рассыпанай грудкай паліва і, як цяжкі прысуд, моўчкі ўзяў з рук прыціхлай Нюркі тыя вайсковыя весткі.

У пакамечаным і заштампаваным чорнымі пячаткамі пісьме старэйшы Ларывонаў сын Ігнат паведамляў бацьку, што ён жывы і здаровы, ваюе, хоць пакуль што адступае, але моцна б’е немцаў сваімі танкамі. Пісаў, што за абарону Смаленска яго прадставілі да ўзнагароды ордэнам Чырвонага Сцяга, прасіў, каб не турбаваліся дома, бо хоць цяжка і гаротна, але нічога — як-небудзь спыняць і адолеюць навалу, і ўсё абыдзецца добра. А ў казённай паперцы за подпісам нейкага падпалкоўніка і круглай пячаткай значылася, што пад горадам Вязьмай капітан Патапаў загінуў за свабоду Радзімы.

Патапавы сваё гора зносілі моўчкі. Стары Ларывон, негаваркі чалавек крутога характару, не знімаючы кажушка, як сеў у каморцы на зэдлік, так і не ўставаў да світання. Шырока расставіўшы ногі, аберуч ашчаперыўшы сівую галаву, ён быў змрочны, зацяты і страшны. Увечары вярнуўся з працы Піліп, дарослы, ужо запазнелы з жаніцьбай сын-камбайнёр, які па броні працаваў у МТС. Аб няшчасці ён здагадаўся, не распытваючы нікога, і таксама, не сказаўшы ні слова, гаротна прыткнуўся на ўслоне. Малодшы, семнаццацігадовы Грышка з’явіўся пазней за ўсіх, бо зранку вазіў здаваць у фонд абароны пшаніцу. Хлопец ужо дачуўся ў дарозе аб іхняй вялікай бядзе і, вячэраючы ля прыпеку, крыху пашморгаў носам ды так і заснуў, прысланіўшыся да астылай абшарпанай печы. Адна толькі старая хворая маці, не перастаючы, стагнала, вохкала, усхліпвала ў запеччы, упаўголаса выплакваючы матчына гора, і Ларывон насуперак сваёй завядзёнцы ні разу не крыкнуў на яе, не зазлаваў — разумеў і маўчаў.

Калі густой ранішняй сінню азначыліся вокны, Ларывон пераставіў з месца на месца абутыя ў валёнкі старыя балючыя ногі, пакратаўся і цяжка ўзняўся. Пасля ён зірнуў на Піліпа, які ўсё нерухома сядзеў, аблакаціўшыся на стол, на прыціхлага, зморанага працай 1 горам Грышку, прыслухаўся да немачных уздыхаў за печчу і зразумеў, што маці не перажыве ўжо гэтага гора. Стары намацаў клямку звечара не зачыненых на засоўку дзвярэй, выйшаў на панадворак. Ранак выдаўся сцюдзёны, ціхі, пахла кізячным дымам, рыпаў калодзежны калаварот у суседзяў. На дварэ, у быльнягу ля плота і на стрэхах будынін ляжаў сівы пласт першага моцнага замаразку.

Вялікае гора тачыла сэрца старога. Канчала свой век жонка, да часу абарвалася жыццё першага, найбольш паважанага сына, перліся ў глыб рускай зямлі германскія войскі. Калючым клубком спавіліся ў старэчай душы спрадвечныя людскія беды — і свае, і чужыя — і невядома было, якая мацнейшая, якая бліжэйшая — ад усіх прыкра, балюча і самотна.

Над касматымі ад інею стрэхамі, праз голае голле вербаў паблісквала далёкая паска зары. Неба там святлела, ірдзела, налівалася ядранай свежасцю марознага восеньскага дня. Толькі яшчэ пачынаўся лістапад, а ўжо амаль кожную ноч да звонкай цвердзі закоўвалі зямлю немалыя марозы — відаць, зіма збіралася ранняя і суровая. Ларывон павярнуўся ў другі канец вуліцы — на небасхіле ляжаў густы чорны змрок — туды адступала ноч.

Пагодная яснасць ранку надала старому рашучасці ў яго намеры, і ён патупаў у хату. Ад скрыпу дзвярэй і знаёмага тупацення ног заварушыліся Патапавы сыны. Ларывон, не ашчаджаючы цішыні, кінуў на лаўку рукавіцы і апусціўся на ўслон тварам у твар да Піліпа.

— Ну што, сын? — са знарочыстай строгасцю сказаў стары. — Цяпер ты?

Піліп адкінуўся ад стала, апусціўшы на лоб нерасчэсаныя пасмы валасоў. Ён зразумеў бацьку, бо абодва яны думалі аб адным.

— Цяпер я,— адказаў ён і ўстаў, тужэй зацягваючы дзягу. — Паснедаю і — у ваенкамат. Калі што — Грышка падменіць. Хлопец кемлівы, налаўчыўся за лета.

Піліпа ўзялі. Ларывон сам адвёз яго ў старшынёвым вазку на станцыю, пацалаваў у лоб і, не дачакаўшыся адпраўкі, паехаў назад. У брыгадзе патрэбны быў конь.

На прамёрзлую, бугрыстую, у каляінах дарогу, на бяскрайні стэпавы прастор з няўбранай кукурузай, на вялізны прасцяг незабуртаваных, у кучках буракоў клалася ранняя марозная зіма. Шэрае маркотнае неба ўсё церушыла і церушыла на дол дробныя калючыя сняжынкі. Апусціўшы хвасты, самотна сядзелі на тэлефонных слупах вароны. Ларывон патроху варушыў лейцамі і думаў.

Гадоў 25 назад гэтай самай дарогай на станцыю, на тую ж самую справу, што і сын, ішоў і ён, малады унтэр запасу. Гаманілі п’яныя мужыкі, плакала, ідучы поплеч, Мальвіна. Яна несла на плячы мужыкову катомку, а ён туліў да грудзей трохгадовага Ігнатку, які ўсё мацаў на яго галаве захаваны са службы картуз. Да самай станцыі ныла сэрца ад балючай самотнай ростані, горла душыў крыўдны камяк, але Ларывон трываў, зацяў у сабе гора і маўчаў. Пасля былі акопы, атакі, шрапнель, кроў, гразь і вошы. Лясныя беларускія прасторы — Аўгустоў, Сувалкі, Ваўкавыск, гора бежанцаў, руіны гарадоў і жах германскай навалы. Узводны Патапаў ненавідзеў несправядлівасць, меў цвёрдую руку, быў люты да ворага святой лютасцю помсты, і праз паўгода палкавы камандзір прычапіў на яго грудзі першы крыжык Георгія. Пісьмаў дамоў Ларывон не пісаў, сказаў Мальвіне; заб’юць — начальства даведаміць. Жонку шкадаваў, глыбока схаваўшы тое нават ад самога сябе. У шаснаццатым надарыўся палон, а з ім — доўгія гады пакут, здзекаў. Рэвалюцыя прынесла волю, потым — мір, які даў зямлю, і на ёй — труднае, але людскае жыццё.

І вось зноў паўтарылася старое...

Шкада, што мінула столькі гадоў, што выветрыла жыццё яго чалавечыя сілы. Праўда, у новыя часы прыйшлі новыя людзі, павырасталі сыны, адстойваць радзіму — цяпер ужо іхняя справа. Вось толькі цяжка рабілася ў вёсцы: усюды няўпраўка, хоць разарвіся ў працы, а тут яшчэ жонка... Калі б хоць болей паліва, а то з калгаса не далі ні пуда саломы, а кізякоў — толькі да новага года.

Дарога вілася доўгая, і перадумана было многа.

Калі ён прыехаў, упарадкаваў каня і датупаў дадому, настаў ужо вечар. У астылай хаце было па-нежылому сцюдзёна, пуста і самотна. Грышка на досвітку пайшоў дамаўляцца ў МТС, старая стагнала ў запеччы.

Ларывон адхукаў азяблыя рукі, адхінуў пасцілку, паглядзеў на жоўты, схуднелы твар жонкі. На момант у душы стала нечага крыўдна і балюча, чагосьці шкада. Але ён перасіліў сябе і сказаў сваім звычайным чуць сярдзітым тонам:

— Ну, можа хочаш чаго?

— Не, ужо ўсё, — слаба адгукнулася жонка і пакратала на падушцы захутанай у лахманы галавой. — Ужо ўсё, Ларывонка.

Пасля памаўчала і дадала з папрокам:

— Навошта Піліпку адправіў? Не выпраўлялі ж яго, дзяржалі пакуль. Памру — не пабачу абодвух сыночкаў...

Ен, відаць, не хацеў гаварыць пра гэта, адвярнуўся і выйшаў з запечча. Пастаяў, натапырыў бровы, бліснуў убок пацямнелымі строгімі вачыма, уздыхнуў.

— Нічога. Так трэба, старая...

— Яно, можа, і так. Табе лепш ведаць... Толькі я ўжо памру...

Жыць стала цяжэй, з кожным днём усё мацнелі марозы, узняўся з Заволжжа і не сціхаў пругкі сіверны вецер. Цераз вуліцу ад плоту да плоту намяло доўгія языкі гурбаў, павыкручвала снегавыя віры ў завуголлі. Кізякоў засталося ўжо мала, а хворай патрэбна было цяпло, яна мерзла і ціха-ціха стагнала. Кожны дзень, устаўшы на досвітку, Ларывон ладзіў санкі, браў старыя вузлаватыя лейцы і, з натугай перастаўляючы ногі, ішоў за ваколіцу. Там, за лагчынай, зазімаваў у стэпе прасцяг сланечніку, будылямі якога паліла ў печах сяло.

У той дзень, мераючы глыбокі і пульхны ў сланечніку снег, Ларывон ламаў хрусткія на марозе будылі, складаў у кучкі і ўсё думаў, як там на захадзе, пад Масквой, ці ўтрымаюць, ці не. Кажуць, і там маразы, гэта добра, што дацінае прырода праклятых чужынцаў, але адной халадэчай, пэўне, не возьмеш. Трэба многа сілы, многа людзей і яшчэ болей — людскога трывання. Надоечы дзяўчаты збіралі цёплае адзенне для фронта, Ларывон аддаў аўчынную сваю жылетку і рукавіцы, думаў — хай, там трэба, а тут як-небудзь.

Нагружаныя санкі глыбока ўразаліся вузкімі палазамі, канцы будылёў валакліся па свежа-бялюткім снезе, чыркалі абапал сцежкі доўгія роўныя рыскі. Ларывон цягнуў, спыняўся і зноў цягнуў. Самае цяжкае было пераадолець лагчыну, потым ішло лягчэй. І ўсё ж, дабраўшыся да панадворка, стары без с.ілы сеў на свой воз, доўга дыхавічна кашляў і дрыготкімі азяблымі рукамі ніяк не мог развязаць лейцаў. Трэба было выпраўляцца ў сталярню, дзе ён рамантаваў сані, але хацелася прапаліць у печы, каб хоць крыху сагрэць хату і аблегчыць пакуты старой.

Ларывон расчыніў дзверы, напусціўшы сівае сцюжы, уцягнуў бярэмя будылля і, рыпаючы намёрзлымі валёнкамі, падышоў да запечча.

— Ну, як ты тут? — запытаў ён захутаную ў рыззё старую.— Ці жыва?

Яна не адказала.

Ён спалохана сігануў бліжэй, ухапіў яе за худыя кастлявыя плечы, пакратаў.

— Мальвіна!

Жонка маўчала. Ларывон зразумеў, што сталася непаз—бежнае, зняў шапку, ссунуўся на падлогу і закамянеў так на доўгую пакутную гадзіну...

Праз дзень яе пахавалі.

Грышка не пайшоў на працу, ломам выдзеўб у мёрзлай зямлі на могілках вузкую яму. Ларывон збіў са старых назбіраных дошак дамавіну. Прыйшлі суседзі, бабулькі, чыя маладосць адшумела ў даўнія забытыя гады, некалькі кабет, паплакалі і закрылі дамавіну. Грышка з бацькам вынеслі яе на панадворак, паставілі ў сані. Хлопец за гэтыя дні пасталеў, пасур’ёзнеў і, цёпла апрануты ў ватовыя штаны, целагрэйку і валёнкі, зусім стаў падобны на прысадзістага ніштаватага мужчыну. Ён не плакаў, толькі насупіўся, нахмурыў брывасты, як у бацькі, лоб з тонкімі раннімі маршчынкамі і моўчкі разам з ім брыў за санямі з нябожчыцай.

Апусціць дамавіну ў магілу памагла пісьманоска Нюра, закопвалі Патапавы самі. Вецер курыў вымерзлы земляны пыл, раздзьмуваў яго доўгай грывай па чыстай белізне снегу. Пакуль паставілі змацаваны з таполевых чурбакоў крыж, на могілках ужо не было нікога. У сцюдзёным ветраным небе ляцела снегавая імгла, у стэпе і на могілках гуляла пазёмка, увачавідкі раўняючы свежую чалавечую магілу...

Пасля смерці жонкі стары Ларывон яшчэ больш панурыўся, прымоўк; бывала, што за ўвесь дзень не вымаўляў ніводнага слова. Ён перастаў хадзіць за будыллем, ведаў адно толькі сцежку ў сталярню. Грышка ўставаў рана, на досвітку, і, загарнуўшы ў газету кавалак хлеба, выпраўляўся ў МТС. Яго прынялі камбайнёрам, цяпер там было шмат рамонту, і хлопец вельмі завіхаўся на новай, тэхнічнай справе. Позна ўвечары, калі ён вяртаўся дадому, стары нешта паліў у грубцы і, не засвяціўшы газоўкі, сядзеў, ашчаперыўшы голаў, думаў. Ён ні аб чым не распытваў, але Грышка ведаў, што цікавіла бацьку, і заўсёды апавядаў яму пра пачутыя зводкі Саўінфармбюро, пра навіны вайны. Стары ўсё не кратаўся ад печкі, маўчаў, і сын адчуваў, што бацьку гэта цікава, і ўсё гаманіў, гаманіў — пра фронт, МТС, пра калгасныя справы.

Аднойчы, вярнуўшыся позна, Грышка намацаў на дзвярах замок. Замок гэты год дзесяць як служыў без ключа і вешаўся так, для адводу вачэй. Грышка зняў яго і ўвайшоў у дом. Холад тут быў не раўнуючы, як на панадворку; бацька, відаць, зранку так і не завітаў з працы. Хлопец трошкі засмуткаваў, але выбег на вуліцу, з трухлявага плота хуценька наламаў палак і запаліў у грубцы. Агонь доўга тлеў у намерзлай заснежанай трухліне, Грышка. дзьмуў, паліваў дровы бензінам, у хаце смярдзела дымам і чадам. Урэшце вогненныя языкі пачалі набіраць сілы, слабае цяпло лагодна атуліла астылыя рукі, залашчылася на хлопцавым твары.

У гэты час у сенцах забразгалі, затупацелі нечыя ногі і пачуўся бацькаў голас. Грышка ўскочыў, пабольшыў кнот у налітай пасоленым бензінам газоўцы, памог некаму адчыніць дзверы. Асцярожна ступаючы ў незнаёмым жыллі, у хату улезла кабета ў чорным гарадскім паліто і старым шаліку. За руку цераз парог яна цягнула захутанае малое з заснежанымі вялікімі чаравікамі на нагах. Незнаёмыя спыніліся ля печы, следам увайшоў стары і зачыніў дзверы.

— Ну, вось,— заклапочана прамовіў ён.— Не бог ведае што, і сцюдзёна, але неяк будзем... Што ж рабіць...

Жанчына ўсё стаяла, разглядаючы змрочную ўбогасць хаціны, не ведаючы, пэўна, куды прыткнуцца. Малое праз вузенькую заінелую шчыліну ў рыззі сумнымі вачанятамі пазірала на Грышку, які збянтэжана аглядаў гасцей.

— Ну, што стаіш? — буркнуў бацька на сына. — Бяры дзяўчынку, распранай, грэй. Не бачыш — змардаваліся людзі...

Грышка пачаў расшпільваць мноства несамавітых світак на худзенькім, азяблым цельцы малой, пасля абмёў рукавіцай яе змерзлыя з загнутымі наскамі чаравікі. Дзяўчынка пакорліва слухала яго, толькі падазрона паводзіла сваімі вялікімі вачыма і час ад часу пазірала на маці. А тая толькі расшпілілася, ссунула на патыліцу старэнькі шалік і, заламаўшы рукі, павалілася на стол у роспачным няўцешным рыданні. Грышка спалохаўся і не ведаў, як і чым суцешыць жанчыну, а бацька, нічога не кажучы, нетаропка зняў кажушок, прысеў ля печы і так доўга, паныла глядзеў у агонь.

Выплакаўшыся, жанчына, аднак, ажыла, яна была зусім яшчэ маладая, неблагая сабой, з круглявым дзявочым тварам і вялікімі, як у дачкі, сумнымі вачыма. Грышка падсунуў услон бліжэй да грубкі, збегаў яшчэ на двор, даламаў рэшткі плоту, падкінуў у агонь палак. Дровы ўрэшце разгарэліся, навокал пасвятлела, жанчына прыладзілася на ўслоне бліжэй да агню. Тулячы да сябе дачку, яна з непрывычным тут мяккім вымаўленнем расказала пра свой страшны лёс — пра бомбы, танкі, уцёкі, пра немцаў, пра жахі вайны, пра тое, як яна бегла з Гомеля, як згубіла ў дарозе сына, як напакутавалася на шматлікіх станцыях, у перапоўненых паяздах, пакуль не прыбілася сюды, у тыл.

Мігалі на падлозе барвовыя водсветы з грубкі, патроху цяплела ў хаце. Ларывон з Грышкам, тоячы ў сабе трывогу і боль, уважліва слухалі. Грышка не мог адарваць позірку ад гэтай спакутаванай жанчыны, а Ларывон, зацята насупіўшы бровы, глядзеў у падлогу і маўчаў.

— Дзякуй вам, дзеду, вялікае, за вашу дабрату, што прыгарнулі вы нас,— трохі абагрэўшыся і супакоіўшыся, казала жанчына.

Стары ніякавата заварушыўся на зэдліку, выцягнуў на каленях вузлаватыя, як вербныя карані, рукі.

— Няма за што, — сказаў ён з уздыхам. — Усе мы людзі... Будзем жыць, што зробіш... Ідзі ты, Грышка, пашукай — там недзе ў скрыні трохі цукру было, старая хавала. Будзем жывіцца, чым бог паслаў...

Хоць эвакуіраваная Зося з трохгадовай Людачкай і прынесла ў гэтую хаціну яшчэ болей гора, усё ж яно стала не такім зацятым і маўклівым, як было раней. Калгас выдаваў жанчыне трохі пшаніцы і проса, Грышка прынёс аднекуль ручную тарку — несамавітую самадзелку вайны, і Ларывон увечары, прымасціўшыся на ўслоне, трушчыў-расціраў на жарсцвяную муку той небагаты паёк. Да сваёй кватаранткі і яе дачкі ён, як і да ўсіх, ставіўся стрымана і зважліва, не шмат гаварыў, болей слухаў, а слухаць было пра што. Зося перацярпела нямала, і яшчэ часта здаралася, ускаквала ўначы з пасцелі, крычала, клікала згубленага сына, плакала. Ларывон узнімаўся тады ў запеччы і роўным разважным голасам цярпліва супакойваў кабету.

Надышоў час, калі стары пачаў пазіраць на дарогу, пільнаваць пісьманоску Нюру — ён чакаў весткі ад сына. Праўда, надзей было небагата, Ларывон ведаў, што Піліп — ягонай натуры, і не дужа распішацца. Хіба толькі здарыцца благое, якім багата вайна, таго бацька чакаў і баяўся.

Але ні вестак ад сына, ні добрых навін з фронта ўсё не было. Грышка ўвечары расказваў пра цяжкія баі пад Масквой, пад Тулай, пад Ленінградам, Растовам. Ларывон усё болей хмурнеў і горбіўся на зэдліку, Зося выцірала вочы, а Людачка, трымаючыся за матчын падол, з недзіцячай тугой пазірала на хлопца.

Аднаго разу Ларывон, устаўшы на золку, пачаў збірацца ў сланечнік. Яму, відаць, нездаровілася. Доўга абуваючыся, ён хваравіта пакрэктваў, браўся за бок, з недакручанай анучай на назе чагосьці задумваўся і сядзеў нерухома. Урэшце ён апрануўся, парыпаў па заснежаным двары, ладзячы санкі, і знік.

Зося гаспадарыла ў хаце, прыбірала, мыла посуд, чакала дзеда, але ён нешта забавіўся. Ужо прастыў і сняданак — пшонная каша, а старога ўсё не было. Тады жанчына занепакоілася, накінула на голаў свой шалік, замкнула Людачку і ўтаптанай сцяжынай пабегла за ваколіцу.

Быў сонечны марозны ранак. На ўвесь прасцяг ад сяла да краявіду ляжаў цудоўнай белізны прастор, ён ззяў мірыядамі іскрынак, пераліваўся мяккай сінявой ценяў ад хат, гурбаў, верб у ваколіцы. Высачэзныя дымы з комінаў грывастымі слупамі стаялі ў небе.

Стары ляжаў у лагчыне, каля наладаваных будыллем санак, і стагнаў. Зося спалохалася, думала, што здарылася бяда, але Ларывон папрасіў яе памагчы ўзняцца і доўга сядзеў на снезе. Яна выбавіла старога на роўнае, пасля вывалакла санкі. Аднак ісці ён не мог. як—кольвечы яна давезла яго да хаты, распранула, паклала ў ложак. Ён маўчаў усё, толькі ціха крактаў.

Адчуўшы благое, жанчына замітусілася, забедавала, не ведаючы, як памагчы чалавеку, спытала, ці не паклікаць людзей, з’ездзіць па фельчара. Ларывон ляжаў, заплюшчыўшы вочы, і коратка рашуча адказаў:

— Не трэба!

Болей ён не сказаў нічога, нічога не прасіў, не стаў снедаць, укрыўся сваім кажушком і прыціх у запеччы.

Надвячоркам, яшчэ завідна, чаго ніколі раней не здаралася, у хату ўляцеў Грышка. Ён быў на дзіва ажыўлены, неяк узрушаны. Ларывон паглядзеў на яго і сцяміў: нешта сталася. Сын, не распранаючыся, выцягнуў з—за пазухі нейкія паперы, адзін аркуш падаў бацьку.

Ларывон на час забыўся пра хворасць, прыўзняўся ў ложку — гэта было пісьмо ад Піліпа. Пакуль ён узіраўся памутнелым зрокам у не дужа зграбныя радкі і з намаганнем разбіраў сэнс слоў, Грышка апавядаў Зосі, што пад Масквой — перамога, што мы наступаем, што мы б’ём немцаў. А якія трафеі, а колькі адваявана рускай зямлі — аж трыста кіламетраў углыб! Во калі яно пачалося! Слухаючы гэта і чытаючы адначасова, Ларывон пакрысе разумеў, што сын пісаў са шпіталю, што ён паранены ў баях за Маскву і цяпер ляжыць на лячэнні ў горадзе Горкім, што рана цяжкая, з пашкоджаннем косці, але не бяда — ачуняе. Затое добра далі фрыцам, настала і на нашай вуліцы свята.

Ларывон апусціў на кажушок сваю высахлую — скура ды косці — руку, адхінуўся на падушку і заплюшчыў змакрэлыя вочы. Хвілін колькі ён не чуў і не бачыў нікога, толькі адчуваў, як агортвала яго позна прычаканая радасць...

Грышка заўважыў незвычайны стан бацькі і раптам неяк прыціх. Шчаслівымі слязьмі плакала Зося, толькі адна Людачка пазірала строга і сумна.

Суняўшы хваляванне, Ларывон папрасіў Грышку знайсці яму чыстую кашулю, не ўстаючы з ложка, адзеў яе, зноў лёг і паклікаў да сябе сына.

— Паглядзі-тка там, у куфры, — такі зялёны карабок. Дай сюды.

Грышка адчыніў цяжкае, размаляванае нейкімі кветкамі века матчынага сундука, адразу дастаў з—пад вопраткі добра вядомы з дзяцінства карабок і падаў бацьку. Той непаслухмянымі пальцамі адчыніў яго, выняў адтуль тры крыжыкі на паласатых чорна-рудых стужках і па адным пачаў прычэпліваць на свае знямоглыя старэчыя грудзі. Сын, Зося і Людачка з маўклівай павагай стаялі побач.

Прыладзіўшы ўзнагароды, Ларывон адкінуўся на па-душку і паглядзеў на прысутных. У яго зацененых касматымі брывамі вачах была спакойная разважнасць усё зведаўшага ў жыцці чалавека.

Сын неадрыўна пазіраў на бацьку, і ўсё болей марнела яго вясёлая ўзрушанасць, нешта жадаснае адбівалася на яго абсівераным маладым твары. Ён трымаў у руках паперку, усё збіраўся нешта сказаць бацьку і вагаўся.

— Тата,— урэшце наважыўся ён,— тата, мне вось павестка з ваенкамата. Таксама ў армію, а вы...

Ларывон зірнуў на яго, нібы здзівіўся. У армію? Пасля задумаўся і ля^гаў доўга. Сын і Зося з дачкой усё стаялі побач і чамусьці, бы якога прысуду, чакалі, што скажа стары.

— Ну, што ж — ідзі... Усе мы хадзілі. Можа, ты шчаслівейшы... Зробіш, што нам не прыйшлося... Дажывеш — мір пабачыш... Эх, мір, мір! — гаротна выдыхнуў Ларывон і зноў замоўк, нерухомым поглядам уставіўшыся ў закураную нябеленую столь. Пасля ціха, але рашуча пацвердзіў:

— Ідзі, сын!

Ён склаў на грудзях рудыя, схуднелыя рукі, самі заплюшчыліся яго пагаслыя вочы, і стары заціх у забыцці — сухі, касмылявы, сівы, з трыма георгіеўскімі крыжамі на запалых грудзях.

Грышка боязна паглядзеў на бацьку, зірнуў на Зосю з малою, уздыхнуў і пачаў збірацца ў сваю вялікую, нязнаную дарогу.


1959

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/