epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Быкаў

Уначы

У нізкім мураваным пад’ездзе старога будынка-інтэрната стаялі два хлопцы. Адзін — Піліп Лапата — прысадзісты, дужы дзяцюк у чорным пінжаку, які туга напяўся на яго шырокіх плячах — нецярпліва пазіраў маленькімі вочкамі на двор, — відаць, кагосьці чакаў. Другі — Алесь Вострыкаў — здаваўся абыякавым да непакою таварыша і задуменна калупаў заплямленую, даўно не фарбаваную сцяну пад’езду. Быў ён невялічкі, тонкі, у старэнькай, аблезлай і мытай-перамытай фэзээнаўскай форме; на твары яго з драбнаватымі рысамі ляжала паныласць. Калі, нарэшце, са двара паказаўся трэці, той, каго чакалі, Піліп загаварыў, і яго басавіты голас, нібы ў дзежцы, забумкаў пад нізкім скляпеннем пад’езду.

— Ну, чаго ты так доўга, Сёмка?

— Ат! — махнуў рукою Сёмка. — Няма кім падмяніць. Пайшлі!

Юнак быў відавочна раззлаваны нечым, і яны ўдвух з Піліпам падаліся на вуліцу. Алесь пачакаў, пакуль яны мінуць яго, і нетаропкай, сумнай хадой пабрыў следам.

Сонца схавалася за дахамі, але яго няяркія промні яшчэ поўнілі спакойны блакіт нізкім святлом адвячорка. Там, угары, было светла, цёпла і ўтульна, і ў самым зеніце, быццам ладкуючыся на адпачынак, спыніла свой дзённы рух белая хмурынка. На зямлі ад нагрэтых камяніц патыхала духатой, пахла пылам; як звычайна ў суботу, на тратуарах тоўпіліся пешаходы; запозненыя аўтамабілі пакідалі за сабой устойлівы ў цішы пах бензіну.

Алесь паныла ішоў за таварышамі і моцна крыўдзіўся. I як было не крыўдзіцца, калі тыя хлопцы, з якімі ён працаваў на адных рыштаваннях, жыў у адным інтэрнаце, сёння так пагардліва паставіліся да яго?

Уся справа пачалася адвячоркам, калі ад іхняй брыгады садзеяння міліцыі вылучаўся камсамольскі патруль. На гэта як заўсёды прызначылі двух: Піліпа Лапату і Сёмку Зубрыцкага, трэцім упершыню сёння наказалі збірацца Вострыкаву. Алесь пачысціў свой старэнькі фэзээнаўскі гарнітур, прышыў белы каўнерык, наваксаваў туфлі і, крыху ўзрушаны, чакаў, калі выходзіць. Але тут выявілася, што Сёмка і Піліп незадаволены трэцім супольнікам і не хочуць разам з ім ісці ў патрулі. Алесь, папраўдзе кажучы, разумеў іх: для такой справы патрэбны быў бойкі, рухавы хлопец. Ён жа сціплы, не дужа смелы і не дужа моцны, і ў такой справе гатовы быў уступіць сваё месца больш вартаму. Але вось больш вартага не знайшлося сёння ў іхнім інтэрнаце. Пасля работы ўсе разышліся хто куды, і Алесь мусіў збірацца з Піліпам і Сёмкам, якія злавалі, што ў іхнюю кампанію трапіў нежаданы чалавек.

Праўда, яны хутка забыліся на сваю злосць. Жвавы чарнавокі Сёмка шпарка сігаў па тратуары і, цікуючы між сустрэчных прыгожых дзяўчат, апавядаў нешта вясёлае. Лапата слухаў і ляніва ўхмыляўся вузенькімі вочкамі на дабрадушным санлівым твары. На Алеся яны махнулі рукой — ат, маўляў, няхай ідзе, калі хоча, а не хоча, няхай вяртаецца: бяда невялікая.

Але Вострыкаў не вярнуўся, а з самотнымі думкамі ішоў следам. Ды і чаго было вяртацца, калі ў інтэрнаце пуста і сумна, блізкага сябра ў Алеся яшчэ не было, і ніхто яго не чакаў там. Другія неяк зыходзіліся, разам працавалі, разам гулялі, а ён, ціхі, сціплы і непрыкметны, ад усіх заставаўся ўбаку. У сяброўства да яго ніхто не набіваўся, ды і ён асабліва не лез да іншых.

Хлопцы прайшлі люднай вуліцай, мінулі ўжо агорнуты вячэрняй цішынёю парк і падышлі да гаркомаўскага дома. Толькі тады, адчыняючы зялёныя дзверы ў мураванай браме, Лапата азірнуўся і ўбачыў Алеся, які ўпарта цягнуўся ззаду. Піліп знарок моцна грукнуў дзвярыма і ўвайшоў у двор.

Там ужо было шмат народу — навучэнцы школ ФЗН, студэнты педінстытута, чыгуначнікі і маладыя рабочыя заводаў, — яны сабраліся сюды і чакалі інструктажу. Трымаліся ўсе купкамі, сядзелі на ганку ўздоўж сцяны і нават на нізенькім шчыкетніку ля брамы. Увайшоўшы сюды, Алесь разгубіўся, не ведаючы, куды падацца. Хутка ён убачыў сваіх, Сёмку і Лапату, якія ўжо размаўлялі з нейкім віхрастым у акулярах хлопцам. Алесь здалёк ваўкавата паглядзеў у іх бок, але не пайшоў туды, а, уздыхнуўшы, прыткнуўся ля загародкі побач з групай гаваркіх студэнтаў.

Блізка за брамай гаманіла вуліца, шорхалі ногі па асфальце, і ў двор даносіліся ўрыўкі чужых вясёлых размоў. У двары таксама шумелі галасы, адчуванне нязведанай новай справы ўзнесла хлапечы настрой. Студэнты ўжо, відаць, не ўпершыню выпраўляліся ў патрулі і цяпер дасціпна фантазіравалі на тэму начных прыгод. Усе навокал гаманілі і смяяліся, прадчуваючы забаўныя падзеі, адзін толькі Алесь Вострыкаў, маўклівы і насуплены, сядзеў тут, на мулкай загародцы, і дзёўб абцасам упартую да жыцця мураўку.

Але вось той віхрасты ў акулярах, з якім размаўлялі хлопцы, выйшаў на сярэдзіну і сказаў, што трэба пастроіцца. З жартамі і вясёлымі кпінамі наконт свайго вайсковага спрыту моладзь падалася да яго і пачала нязграбна станавіцца ў шарэнгу. Алесь таксама ўстаў і, не ведаючы, дзе прыступіцца, стаяў зусім разгублены і чамусьці ніякавата моршчыў кароценькі, амаль дзіцячы нос. Ён пэўна стаў бы дзе-небудзь на левым фланзе, калі б не пачуў басавіты голас Піліпа Лапаты:

— Вострыкаў, давай сюды!

I дзіўная справа — душа чалавечая! Знаёмы Лапатаў голас прагучаў сярод гоману, як нешта сваё, блізкае і роднае. Алесь адразу адчуў, што трымацца замкнёна і воддаль у яго не стае моцы. Адчуваючы, як пацяплела ў душы, ён знарок паволі падышоў да хлопцаў і дзікавата яшчэ стаў у шарэнгу побач з Лапатам. Выроўніваючыся, хлопцы спачатку штурхаліся і сціскалі яго, паводзячы з боку ў бок, а потым неяк выпхнулі ў першы рад, дзе было вальней, і ён такім чынам апынуўся ля Сёмкі, які нядобра паглядзеў на яго.

Калі шум крыху ўгаманіўся і шарэнга яккольвечы ўладкавалася на двары, віхрасты ў акулярах аб’явіў, што ён — начальнік штаба камсамольскіх патрулёў, і пачаў інструктаж. Ён сказаў, што ў горадзе здараецца шмат хуліганскіх учынкаў, што камсамол павінен выкараняць іх, і для таго прызначаюцца патрулі, у задачу якіх уваходзіць выяўляць хуліганаў і папярэджваць хуліганства. Дзесяткі з тры хлопцаў уважліва слухалі яго, потым віхрасты разгарнуў спіс, што трымаў у руцэ, і пачаў размяркоўваць патрулёў па аб’ектах.

Пакуль называліся незнаёмыя прозвішчы і вызначаліся месцы, Алесь пазіраў на начальніка штаба і паціху слухаў, як варушыўся збоку яго сусед Сёмка. Ён усё перашэптваўся нешта з Лапатам і хіхікаў немаведама чаго, аднак Алесь не паварочваўся і не ўнікаў у іхнюю весялосць.

Нарэшце дайшла чарга і да іх. Віхрасты выйшаў на сярэдзіну шэрага і зачытаў:

— Дзесяты будтрэст: Лапата, Вострыкаў, Зубрыцкі. Будзеце патруляваць па вуліцы Пясчанай і ля інтэрната цагельнага завода. Звернеце асаблівую ўвагу на клуб завода. А хто старшы ў вас?

Начальнік павёў акулярамі, нібы стараючыся ўбачыць у шэрагу будаўнікоў старшага, але тыя стаялі маўклівыя і не ведалі, хто ў іх старшы.

— Што, няма старшага? — перапытаў ён. — Ну, вось... Вострыкаў і будзе ім.

Алесь збянтэжана зірнуў на начальніка штаба, не ведаючы яшчэ, жартуе той, ці сапраўды загадвае яму. Але пакуль хлопец гадаў, віхрасты ўжо зрабіў адзнаку ў сваім спісе.

— Я не старшы, — запярэчыў Алесь. — Я не ўмею...

Начальнік штаба толькі ўсміхнуўся.

— Ну, што вы? Зможаце, гэта нескладаная справа.

Алесю зноў стала ніякавата, праўда, ужо з нейкай іншай

прычыны, чым раней. Лапата ззаду прыціх, а Сёмка неяк адразу насцярожыўся — Алесь не бачыў, але, стоячы побач, адчуў гэта. Начальнік тым часам падаў яму чырвоную нарукаўную павязку старшага патруля і зноў паўтарыў, на што трэба звярнуць асаблівую ўвагу.

Так нечакана для сябе Алесь зрабіўся старшым, і, толькі калі віхрасты перайшоў да іншых, паверыў, што ўсё гэта адбылося ўсур’ёз і канчаткова.

Нарэшце ўсе справы былі скончаны. Хлопцы ў двары парушылі строй, з гамонкай і мітуснёй збіраючыся разысціся па сваіх вуліцах, але віхрасты зноў узняў руку:

— Адну хвіліну, таварышы! На мінулым тыдні ў горадзе з’явіўся рэцыдывіст, нехта па мянушцы Фараон. Калі дзе хто заўважыць гэтага бандзюгу, то даць сігнал абавязкова. Міліцыя на яго ўжо мае справу.

Двор пачынаў пусцець, хлопцы адзін за адным выходзілі, скрыпаючы дзвярыма. Алесь, не звяртаючыся да таварышаў, яккольвечы сам завязаў на рукаве канцы павязкі і зірнуў на хлопцаў.

Яны стаялі збоч ад яго і пазіралі на новага начальніка. Лапата, як заўсёды, заклаўшы рукі ў кішэні, ледзь варушыў сваімі белаватымі вейкамі, і хто ведае, што было ў яго позірку. Сёмка ж неяк стрымана ўсміхнуўся, але, здаецца, у жвавых чорных вачах яго бліснула насмешка. I хоць у Алеся прапала ўжо ўся крыўда на хлопцаў, гэтая насмешка неяк стрымлівала яго ад канчатковага збліжэння. Аднак, узяўшы на сябе пэўны клопат за справу, ён знарок проста, нібы між імі нічога і не здарылася, сказаў таварышам:

— Ну што? Пайшлі.

— Лавіць Фараона? — перапытаў Сёмка і з’едліва ўсміхнуўся.

— Пойдзем, — няпэўна азваўся Лапата, і яны выйшлі, на вуліцу.

Сёмка і Піліп усё трымаліся поплеч, толькі крочылі ззаду, падкрэслена прапусціўшы наперад старшага з павязкай. У людской цеснаце яны ішлі ля магазінаў; Алесь трошкі скасіў вока ў бок люстраной вітрыны і аж не пазнаў сябе. За тоўстым шклом у нагу з ім рухаўся белатвары хлопец у чысценькім выпрасаваным гарнітуры, і на яго рукаве ўрачыстай чырванню ззяла павязка. Крышачку саромеючыся за сваё незаслужанае старшынства, Алесь ішоў нетаропкім, важным крокам, як ходзяць патрулі-салдаты, і з сур’ёзнай мінай углядаўся ў постаці сустрэчных.

Злева, за беленай фігурнай агарожай, стаіўся стары парк, тут быў глухі яго бок. Дрэвы стаялі паніклыя ў цішы, і між іх галля ўжо гусцеў змрок. На слупах запаліліся ліхтары, але было яшчэ відна, іх святло марна таяла ўгары, цьмяна асвятляючы блізкае вецце дрэў. У канцы вуліцы залацістапалевым бляскам святлеў заходні ўскраек неба, аздоблены нізкай барвовай хмурынкай.

Хлопцы ішлі і ішлі ў напрамку тае хмурынкі, і ўжо ззаду засталіся людныя вуліцы і шматпавярховыя дамы. Лапата і Сёмка нешта перагаворваліся і жартавалі між сабой, а Вострыкаў пільна глядзеў па баках. Ён паранейшаму адчуваў сябе не зусім ёмка ў гэтай новай ролі. Праўда, тут, на ўскраіне, дзе прахожых было меней, ён паспакайнеў, а дагэтуль усё здавалася хлопцу, што сустрэчныя з іроніяй пазіралі на яго і, пэўна, думалі: «Вось яшчэ ўпарадкавальнік, блазан гэткі!». Асабліва дапякалі яму няпэўныя адносіны таварышаў. Была б гэта якая іншая справа, менш сур’ёзная, дык ён кінуў бы турбавацца і трымаў бы сябе куды вальней. Але цяпер ён быў тут галоўным, ад яго залежала дзейнасць патруля, і ён адказваў за яе перад гаркомам камсамола. Хлопец адчуваў гэтую адказнасць і хацеў выконваць свае абавязкі як мага лепш.

На скрыжаванні дзвюх пыльных небрукаваных вуліц ім сустрэліся двое юнакоў. Добра апранутыя, у шэрых гарнітурах з белымі каўнярамі паверх пінжакоў, яны шыбавалі пасярэдзіне вуліцы, трымалі ў роце цыгаркі і адмыслова лаяліся. Увесь іх выгляд быў нахабны і сведчыў, што хлопцы не прывыклі зважаць на чые-небудзь заўвагі. Алесь ведаў, што з такімі чапляцца — не абыдзешся без сваркі. Другім разам ён паціху прамінуў бы іх, і нават цяпер яму вельмі карцела зрабіць гэта. Але абавязкі ёсць абавязкі, і, неяк пераадолеўшы нерашучасць, ён спыніўся на асветленым ліхтаром месцы.

— Хлопцы, трэба цішэй, — як мага спакайней сказаў ён. Юнакі спынілі лаянку і, падазрона ўглядаючыся, збочылі да яго. Лапата і Сёмка адсталі ад свайго старшага крокаў на дваццаць і, размаўляючы, пляліся па тратуары. Апрача іх, на вуліцы, здаецца, не было нікога.

— Што трэба, блазан?

Гэта прамовіў пярэдні, нізкарослы таўсцяк. Ён насупіў бровы і, выцягнуўшы з кішэні рукі, пагрозліва наблізіўся да Алеся. Другі, сутулы і высокі, змрочна аглядаючы яго, таксама падышоў і стаў з другога боку.

Алесь адчуў сябе зусім ніякавата ад такога пагрозлівага намеру, але, прыкідваючыся, што не прыкмячае нічога незвычайнага, цвёрда сказаў:

— Мы — камсамольскі патруль. Прашу трымаць сябе культурна.

— Ха! Патруль! — шыркнуў высокі, і яны насмешліва пераглянуліся: — Дык што табе, па мордзе заехаць?

Але тут падышлі Сёмка і Лапата і моўчкі, з гатоўнасцю памагчы, сталі ззаду. Хуліганы, відаць, зразумелі, што на баку патруля не толькі закон, але і сіла, і бокам падаліся далей. Ужо адышоўшыся, яны палаяліся і зніклі ў змроку.

Патрулі пайшлі далей. Абапал вуліцы цягнуліся нізкія аднапавярховыя дамы. У асветленых вокнах часам з яўляліся жаночыя постаці і завешвалі іх ці папраўлялі фіранкі. К ночы моцна пахла бульбоўнікам з агародаў і нечым смажаным, што рыхтавалася на вячэру. Алесь крыху хваляваўся ад той не дужа прыемнай сустрэчы і вырашыў цяпер трымацца разам. Лапата і Сёмка ішлі моўчкі, аднойчы Лапата сказаў:

— Аднак ты, гляджу, зубасты.

Алесь не ўцяміў, была гэта пахвала ці дакор, ці мо’ толькі насмешка, і адказаў, думаючы пра тых нахабнікаў:

— Іх трэба было як след прабраць.

— Затрымаць ды ў штаб адвесці,— сур’ёзна зазначыў Лапата.

Сёмка, скептычна ўсміхаючыся, запярэчыў:

— Што з імі валэндацца? Намыліць бы каркі, ды і ўсё. Я ім паказаў бы!

Ужо, бадай, добра сцямнела, калі яны прыйшлі на вуліцу Пясчаную. Гэта была звычайная ўскраінная вуліца — ціхая, з невялікімі прыватнымі домікамі, садамі і агародамі. Між дамоў цягнуліся высокія платы, над імі ў зорным небе чарнелі вішнякі, і ў дварах бразгаталі ланцугамі сабакі. Хлопцавы чаравікі мякка ступалі па ўтаптанай мураве, дзе пасвіліся ўдзень шматлікія гусіныя статкі. У канцы вуліцы згрувасціліся баракі, павеці і абпальныя карпусы цагельнага завода.

Высокае, цёмнае неба заззяла безліччу мігатлівых іскрынак. Няроўнай паласой праз зорныя абшары рассыпаўся Млечны шлях. Пасля гарадскога тлуму тут, на ўскраіне, было неяк незвычайна ціха і глуха. Здалёк даносіліся гудкі паравозаў на станцыі, на людных вуліцах бліскалі аўтамабільныя фары — іх далёкае святло палахліва блукала па сценах будынкаў.

Хлопцы прайшлі між змрочных нямых карпусоў цагельнага завода, мінулі інтэрнат. Усюды было спакойна. Вокны ў будынках ярка свяціліся, часам бразгалі дзверы, і з фортак выляталі гукі радыё. У прысадзістым доўгім будынку клуба ішло кіно. Сіняватыя промні, быццам нацягнутыя трапяткія струны, снавалі ў цемнаце над галовамі гледачоў. Патрулі спыніліся перад вокнамі, зазірнулі на экран, і Сёмка раптам загарэўся жаданнем:

— Давайце паглядзім, — прапанаваў ён Піліпу. Алесь прыкмеціў, што Сёмка чамусьці не размаўляў з ім і звяртаўся да аднаго Лапаты. Разважыўшы, што гэта благая справа — глядзець кіно, калі яны прызначаны патруляваць, старшы запярэчыў:

— Ну, нельга так. Трэба хадзіць.

— Вось мне яшчэ камандзір знайшоўся! — злосна асек яго Сёмка. — Нельга, нельга!.. Хадзем, Піліп, нас пусцяць.

Але Піліп таксама адмовіўся, і яны зноў пайшлі назад ранейшым шляхам. Цяпер ужо ззаду ішоў Сёмка. Ён пакрыўдзіўся ці раззлаваўся і не размаўляў ні з кім.

Так яны апынуліся зноў на Пясчанай — у пачатковым пункце свайго маршруту. Час набліжаўся к поўначы, вокны ў дамах ужо гаслі патроху, і ўскраіну ўсё болей апаноўвала начная ціша. Патрульства канчалася, і Алесь нават пашкадаваў, што нічога так і не здарылася ў гэты вечар.

Пакрысе ён ужо асвоіўся з новымі абавязкамі і хацеў, каб яшчэ што-небудзь здарылася і каб была якая карысць ад яго намаганняў.

У канцы вуліцы яны спыніліся ля воданапорнай калонкі. З яе загнутай трубы ціхенька цурчэў у цемры тоненькі струменьчык, хлопцы па чарзе напіліся сцюдзёнай вады, потым моўчкі пастаялі крыху.

— Ну што, бадай, хопіць на сёння? Пайшлі дамоў, — сказаў Сёмка, і кінуў у цемру акурак.

— Яшчэ трэба было б на цагельны наведацца, — запярэчыў Алесь.

— Ат, што там хадзіць! Усюды спакойна.

— Але ж там сеанс хутка скончыцца.

— Мне ўжо надакучыла бадзяцца, — стаяў на сваім Сёмка. — Пайшлі, Піліп!

Ля Піліпавага твару разгарэўся і згас у цемры агеньчык цыгаркі, і Піліп сказаў з нечаканай прыкрасцю ў голасе:

— Што ж, аднаго Алеся пакідаць, ці што? Трэба патруляваць, калі прызначылі.

Сёмка крута павярнуўся да яго і ўраз насцярожыўся, пэўна, пакрыўджаны адказам.

— Што, мо’ хочаш падзяку з ім зарабіць? — з’едліва сказаў ён, гатовы, відаць, пасварыцца.

— Нашто падзяку, — спакойна адказаў Піліп. — Проста трэба прайсці.

— Ну і ідзі! — са злосцю кінуў Сёмка і хутка пайшоў ад іх.

Алесю не спадабалася гэта, але ён не спрачаўся. Сёмка быў разумнейшы, байчэйшы за яго і з усякай сваркі заўсёды выходзіў пераможцам. Алесь жа вельмі не любіў сварыцца і часта ўступаў крыклівым і нават тады, калі праўда была на яго баку. Яму цікава было толькі, чаго гэта Сёмка, звычайна такі актыўны ў камсамольскіх справах, гэтак занатурыўся сёння. I паступова ў Алеся выплыла думка, ці не яго старшынства было тут прычынай? Калі так, то які дзівак гэты Сёмка! А Лапата вось, здаецца, іншы, куды прасцейшы і зразумелы, — таксама новая рыса ў чалавеку, бо Піліп і Сёмка даўно сябравалі, і многія лічылі, што ў іх роўныя характары.

Застаўшыся ўдвух, Алесь і Піліп моўчкі пастаялі крыху, потым Лапата сказаў, таксама, відаць, думаючы пра Сёмку:

— Раззлаваўся, дурань.

— Давай, Піліп, хутчэй пойдзем, а то сеанс скончыцца, — сказаў Алесь. Піліп, зразумеўшы таварыша, згодна налёг на хаду, і неўзабаве хлопцы зноў уваходзілі на тэрыторыю цагельнага завода.

Кіно ўжо скончылася: ля клуба чулася гамонка; у розных кірунках разыходзіліся людзі; у цемры блішчалі ручныя ліхтарыкі. I раптам аднекуль данёсся жахлівы крык:

— А-а-й! Ратуйце! Людзі!

Гэты крык скалануў хлопцаў. Алесь устрапянуўся і кінуўся бегчы на голас, за ім — Лапата.

I тут насустрач ім вынырнулі цьмяныя постаці, яны набліжаліся да патрулёў, гучна тупаючы нагамі. I калі ззаду другі раз пачуўся прарэзлівы жаночы крык, Алесь зразумеў, хто гэта ўцякае. Але на нейкі момант ён разгубіўся і, відаць, спазніўся. Покуль хлопец што-кольвечы сцяміў, трое ўцекачоў ужо міналі іх. I тады, ахоплены нейкай трывогай, што ледзяніла душу, Алесь рвануўся з месца.

— Стой!!!

Куды прапаў Лапата, ён і не заўважыў нават. Пэўна той падаўся туды, дзе здарылася няшчасце, ды ў першае імгненне Алесь і не зважаў на яго адсутнасць. Ён імчаў, што аж жарам гарэлі падэшвы і сэрца захлыналася ў грудзях. Але ўцекачы, пэўна, ведалі, што ў іхніх нагах — іх паратунак, і таксама добра шыбавалі па цёмнай вуліцы. Нейкі час адлегласць між імі і Алесем амаль не скарачалася; Алесь бачыў у цемры толькі прыгнутую постаць задняга ўцекача, пярэднія ж хутка зніклі, відаць, пахаваліся недзе.

Узрушаны здарэннем, Алесь наважыўся абавязкова дагнаць злачынцу. Ён не думаў, ці здолее затрымаць яго, не ведаў, ці хопіць у яго сілы і смеласці зрабіць гэта. Ён толькі адчуваў сваю адказнасць за яго затрымку. I гэтае адчуванне цяпер было мацней за ўсе іншыя пачуцці.

Так яны апынуліся ў тым месцы, дзе была калонка і дзе яны нядаўна стаялі ўтраіх. Алесь, сабраўшы ўсе сілы, паскорыў бег і ўхапіў злачынцу ззаду за яго адзежыну. Уцякач спатыкнуўся, і яны абодва з лаянкай пакаціліся па вуліцы.

— Ах!.. Гад!.. — задыхаючыся ад зморанасці, хрыпеў валацуга. Алесь, падаючы, ухапіўся за яго рукаў, але ўцякач моцна выцяў хлопца ў бок, вырваўся і ўскочыў. Яны сутыкнуліся на нейкі вельмі кароткі момант, але хлопец паспеў адчуць яго моцнае пругкае цела і зразумеў, што той намнога дужэйшы. Як цяпер быў патрэбны Лапата! Але яго не чуваць нідзе — навокал ляжаў сонны маўклівы змрок.

Устаўшы на ногі, злачынца адразу кінуўся наперад. Алесь, ледзь аддыхаўшыся ад зморанасці і болю ў баку, зноў падаўся за ім. Крыўда і злосць ахапілі яго істоту, і думка, што, не ўтрымаўшы злачынцу, ён ужо не зловіць яго, моцна спалохала хлопца. Усё ж ён імчаўся следам і зноў ледзь не ўхапіўся за ўцекача, але нечакана апынуўся перад дзіркай у высокім дашчаным плоце. Тады ён спыніўся: з другога боку плота чулася зморанае цяжкае дыханне і злосны, поўны нянавісці хрып злачынцы...

— Ну ідзі, гад... калі... жыць абрыдла!

I бадай упершыню з таго часу, як ён пачуў той жахлівы крык на заводзе, хлопец зразумеў, якая небяспека пагражае яму. А калі зразумеў, дык у сэрца раптам пракраўся страх. У цемры за плотам ён адчуў лютасць раз’юшанага злачынствам чалавека і зразумеў яго рашучасць прыкончыць усякага, хто стане на яго шляху да паратунку.

Але што было рабіць? Яго назначылі старшым камсамольскага патруля, усклалі пэўныя абавязкі, надзеі. I ці мог ён пасля гэтага пакінуць злачынцу, які ўчыніў мо’ нават забойства? А што скажуць хлопцы, калі даведаюцца, што ён выпусціў бандыта толькі таму, што не хапіла смеласці?

«Але ж ён так і ўцячы можа», — мільганула трывожная думка. I хлопец, усё яшчэ працяты жахам, на адно кароценькае імгненне перамог нерашучасць і рынуўся ў дзірку. Яго з’яўленне па той бок было якраз упару, бо злачынца ўжо шкрабаў па плоце, спрабуючы пералезці ў суседні двор. Алесь падскочыў да яго і што было моцы рвануў за ногі.

Але той не зваліўся, а моцна брыкнуў нагамі і балюча выцяў Алеся абцасам у лоб. Хлопец войкнуў ад болю і, знянацку пачуўшы свой голас, ухапіўся за яго, бы за падмогу.

— Сюды! — закрычаў ён.— Сюды, людзі!

Уцякач на плоце спяшаўся, аднак Алесь хапаў яго за ногі і цягнуў долу. Нарэшце ён зваліўся і накінуўся на хлопца.

У кутку між платоў, на лапушыстай, ужо пакропленай расою гародніне пачалася лютая барацьба. Злачынца некалькі разоў балюча ўдарыў хлопца, Алесь прыгінаўся, біў, куды трапляла, але вельмі хутка адчуў, што перамога будзе не на яго баку. Уцякач кароткай спрактыкаванай хваткай паваліў хлопца і ўсім сваім цяжарам наваліўся на яго. Адной рукой ён мерыўся ямчэй таўхануць пад дых, а другой хапаў за горла. Алесь круціўся пад ім, як мог, у яго вачах ужо разы са два бліснулі агністыя іскры і заняло дыханне. Нарэшце, неяк устрапянуўшыся, хлопец ухапіў зубамі варожую пяцярню, што дабіралася да яго шыі.

Злачынца завыў ад болю, пакінуў Алеся і зноў рынуўся наўцёкі. Але хлопец не адставаў. Абодва яны выскачылі на вуліцу, і тут бандыт моцным размашыстым ударам выцяў Алеся па твары.

У хлапечых вачах бліснуў, нібы лопнуў, нейкі жоўты вогненны шар, ён адчуў, што страціў апору, але ўсё ж не выпускаў з рук злачынцу. Ад болю і пякучай крыўды вочы яго раптам заплылі слязьмі. А той другі раз і трэці ўдарыў па галаве, потым яшчэ і яшчэ. Алесь нарэшце выпусціў яго адзежыну і нема закрычаў. Падаючы ніцма, ён, аднак, замахнуў рукой, з апошняе сілы ухапіўся за нагу свайго ворага, і той зноў потырч пляснуўся аб зямлю. У гэты момант хлопец пачуў недалёкія галасы, тупат ног і... страціў прытомнасць.

Хутка навокал загаманілі людзі, нехта падняў Алеся з зямлі. Ен, яшчэ не расплюшчыўшы вачэй, пазнаў змораны Лапатаў голас і, зірнуўшы, заўважыў, што з неба свяціў акрайчык месяца, адна палова вуліцы стулілася ў ценю, а ля другой на відным месцы некалькі цьмяных постацей валтузіліся з бандытам.

Алесь паволі пераступіў з нагі на нагу і, кульгаючы, падаўся да людзей. Патрывожаная начным здарэннем, вуліца ажывала, аднекуль з’яўляліся людзі, у веснічках стаялі здзіўленыя, наспех апранутыя жыхары.

Нарэшце, калі міліцыянер і Лапата звязалі злачынцу рукі, афіцэр міліцыі бліснуў у твар затрыманага кішэнным ліхтарыкам і здзіўлена вымавіў:

— Эге! Ды гэта ж Фараон! Вось як ты трапіў да нас!

Алесь пачуў гэтае знаёмае імя і аж здрыгануўся ад страху. Але палохацца цяпер не было чаго: бандыта моцна трымалі. Наўкола ўзбуджана гаманілі людзі, і з іх гамонкі Алесь дазнаўся, што гэты рэцыдывіст пырнуў нажом нейкага чалавека, які, казалі, наўрад ці выжыве ад раны.

Бандыта павялі, а да Алеся падышоў усхваляваны, змораны Лапата.

— Ну, як ты? — цяжка дыхаючы, запытаў ён. — Не параніў ён цябе?

— Ды не, — адказаў Алесь. Хлопец адразу павесялеў ад чуласці таварыша, а боль і слабасць, здаецца, таксама паменшалі.

— А я аж спалохаўся, калі ты знік. Думаў, можа, забілі цябе.

Яны зноў пайшлі поплеч за натоўпам, які цягнуўся за міліцыянерамі. На заходняй палове неба з усёй моцы свяціў спознены маладзічок і ззялі зоры, а на ўсходняй, ужо разганяючы мігатлівую цемру, плыло іншае святло — там нараджаўся ранак.

У Алеся балела ў баку, балела левая нага, і слабасць знясільвала цела. Піліп цяпер не адыходзіў ад яго і, убачыўшы, што хлопцу цяжка ісці, сказаў:

— А ты абапірайся на мяне.

Алесь паклаў на яго плячо сваю руку і глянуў у твар. У прыцемках ён не ўбачыў Піліпавага позірку, але, бадай, і не трэба было бачыць нічога. Узаемнае добрае імкненне адзін да аднаго яны зразумелі без слоў.

— Што, вельмі баліць нага? — пытаў Піліп. — Давай я цябе паднясу, калі хочаш. Бярыся!

Алесь аж засаромеўся ад гэтай шчырасці і сказаў, што дойдзе сам: нага баліць, толькі не вельмі.

Яны яшчэ памаўчалі, кожны паасобку думаючы аб сваім, і тады ўпершыню ў іх нарадзілася нешта блізкае і цёплае ў адносінах адзін да другога. Потым Піліп сказаў:

— Аднак ты смелы, брат. Ціхі, маўклівы, а нішто...

— I ты таксама... справядлівы.

— А ты не ведаў? — пажартаваў Піліп. — Дык вось мы і спазналіся.

Алесь удзячна зірнуў на яго, іх позіркі сустрэліся, і абодва яны шчасліва засмяяліся.


1956

Тэкст падаецца паводле выдання: Васіль Быкаў. Поўны збор твораў. У 14 т. – Мінск: Саюз беларускіх пісьменьнікаў, 2009
Крыніца: http://www.lit-bel.org/