epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Хомчанка

Звон пад зямлёй

Баба Настачка, седзячы ў цяньку хаты на ўслончыку, карначом скрабла маладую бульбу і кідала яе ў чыгунок з вадою. Бульбіна булькала, вада пырскала і на самую бабу, і на Васілька, які прымасціўся на загавальні. Халодныя пырскі — вада толькі што са студні — прыемна, быццам ільдзінкі, паколвалі скуру, і Васілёк кожны раз, калі баба падносіла бульбіну да чыгунка, знарок падстаўляў твар пад гэтыя пырскі. «Блюм!» — глытала вада бульбіну. «Блюм!» — гаварыў Васілёк, зажмурваючыся ад пырскаў. Старая баба, скурчыўшыся на ўслончыку і ўся рупліва засяроджаная сваім заняткам, нічога гэтага не заўважала. Яе бурыя сухія пальцы бясконца варушыліся, і бліскучае лязо карнача варушылася, здзіраючы ружовае шалупінне. А калі ў чыгунку бульбы пабольшала, а вады паменшала і яна ўжо не пырскалася. Васілёк сказаў:

— Баба, а чаго я сяджу на двары? Чаго не збегаю на луг?

— А ты не сядзі, пабегай каля хаты.

— Я каля хаты бегаў. Тут куры і горача. Я на луг хачу.

— На лузе рэчка, і ты ўтопішся.

— Не ўтаплюся, навошта мне тапіцца.

Баба Настачка нічога не адказала, перастала скрабці бульбу і задумалася. Вочы ў бабы маленькія, вузенькія, вакол іх, нібы павуцінне, зморшчынкі, а старкаваты твар шэры, выцвілы, як пустое поле ў познюю восень. Баба не заўважыла, што ўжо не ў цяньку сядзіць — сонца выглянула з-за хаты і смаліла ёй галаву. Яна не пасунулася бліжэй да сцяны, а толькі нацягнула рог белай, у чорную гарошыну хусткі ніжэй на твар. Дачысціла бульбу, паклала нож у чыгунок і, выпрастаўшы рукі на каленях, адпачывала. Васілёк устаў з загавальні, абхапіў бабу за цёплую шыю і пачаў лашчыцца, як лашчыўся заўсёды, калі хацеў нешта выпрасіць.

— Баба, родненькая, пусці мяне.

Рука бабы Настачкі пасунулася па Васільковай спіне і плячы, легла на галаву, паказытала валасы.

— Не. унучак, я лепш табе моркаўку вырву. Сало-о-дкая моркаўка.

Васілёк пакрыўджана сеў на загавальню, абхапіў рукамі калені, а на калені паклаў галаву. Так ён сядзеў і чакаў, калі пашкадуе яго баба. Плакаць ён не збіраўся, ды і не змог бы заплакаць — крыўда ж яшчэ не моцная.

Сухі ліпень затапіў зямлю гарачынёй, спякотным сонечным святлом, парнай цішынёй, высініў неба, сцёршы з яго ўсе хмурынкі і аблачынкі, і яно апусцілася нізка, нібыта хацела параўнаць сваю сінюю красу з красой зямной, зялёнай. Чорныя кропкі ластавак прашывалі сінечу неба, і чым гарачэй рабілася на зямлі, тым вышэй і вышэй узнімаліся ластаўкі. Млосна стагналі куры пад сенцамі, на двары цыбаў, з бульканнем у горле, певень. Рыжы кот выцягнуўся на саломе і ляжаў як нежывы, раз-пораз высалопваючы чырвоны, падобны на стручок перцу, язык. Зрачкі ў ката, як дзве макавыя бубачкі, а хвост — прамая палка: колькі Васілёк ні глядзеў, хвост ні разу не варухнуўся.

Пуста ў вёсцы і ціха. Хто на сенажаці, хто ў лесе, хто на рэчцы. Не чуваць нічыйго крыку, піску, смеху. Хоць вазьмі Васілёк ды крычы за ўсіх сам, на ўсё сяло.

— А вунь і да цябе ідуць, — ці што пачула, ці ўбачыла баба. Васілёк, усё яшчэ седзячы ў той самотнай паставе, пачаў глядзець то на зачыненыя вароты, то на агарод — там, дзе ў затравелым рагавічку былі веснічкі і сцежка ў поле. Але нічога не ўбачыў. Ён падскочыў і спытаў:

— Дзе, баба, дзе? — І нарэшце ўбачыў над варотамі зялёнае вудзільна, а ў шчыліне нечае вока. Вароты з рыпам адціснуліся ад шула, і на двор зайшоў Антон.

— На Беседзь іду, — сказаў ён.

Васілёк чакаў, што Антон і яго запросіць на рэчку, але той не запрашаў.

— Ну дык пасядзі перад дарогай, — сказала баба Антону. А той як стаў пасярод двара, так моўчкі і стаяў, мыляючы

сваімі тоўстымі мокрымі губамі.

— Сядзь, — запрасіў і Васілёк, паляпаўшы па загавальні, і сеў сам.

Антон падышоў да загавальні, паставіў на яе босую закарэлую нагу, але не сеў. Яму хацелася нешта сказаць па сакрэце Васільку і каб не чула баба.

— Баба, давай я чыгунок у хату занясу, — зразумеўшы Антона, сказаў Васілёк.

Баба спахапілася, устала з услончыка, зірнула на сонца, а яно ўжо высока ўзабралася, — войкнула, што яшчэ столькі работы, і, захапіўшы чыгунок, паспяшалася ў прыхатак.

— Што ты, Антон, хацеў сказаць? — шэптам спытаў Васілёк.

— Дай гурок, — таксама шэптам папрасіў Антон.

— Гурок? — расчараваўся ў Антонавай таямніцы Васілёк.— Яны яшчэ горкія.

— Дай гурок, і я залезу на неба.

— Хо! — разявіў рот Васілёк.— На неба?

— Ага.

Было цікава, што прыдумаў сёння гэты Антон, цыганаваты і дурнаваты, як яго называла Васількова маці. Ён заўсёды што-небудзь ды выдумляў, і ўсе яго выдумкі мелі на мэце адно — нешта сабе выгадаць. Не так даўно разам з малышнёй Антон узяў і Васілька ў суніцы. І калі ўсе назбіралі ягад і наеліся да аскомы, Антон аб’явіў, што яны заблудзіліся: «вось туды Амерыка, там Нямеччына, там Японія. А дзе наша сяло, не ведаю». Лёгшы на зямлю, Антон прыкладваў то адно, то другое вуха, слухаў. «Ведаю, дзе сяло, ды не скажу». Дзятва, як ягняты, збілася вакол Антона, просіць, каб сказаў. «Добра, — згадзіўся ён,— кожны палову сваіх суніц аддае мне». Суніцы тады пааддавалі ўсе, і Васілёк палову сваіх высыпаў у Антонаў кошык. А цяпер вось гэта прыдумка Антона на неба залезці.

— Аж туды вунь, дзе ластаўкі лятаюць, залезеш? — не паверыў Васілёк.

— І вышэй.

— Ого ж!

Ці ж пашкадуеш агурка, каб такое ўбачыць? Васілёк азірнуўся на вокны хаты, бабулі нідзе не было відаць, і пераскочыў цераз прасла на грады. Сарваў два агуркі, кінуў Антону, які з сабачым спрытам падхапіў іх і запхнуў у кішэнь штаноў. Назад з агарода пералазіў не спяшаючыся. Думаў, якім жа чынам гэты Антон будзе ўзбірацца на неба? А калі ўзлезе, як назад спусціцца?

Антон стаў на загавальню абедзвюма нагамі і так пазіраў у неба, быццам прымерваўся да яго высі, выбіраў туды карацейшую дарогу. Жаўтаватыя вочы яго не хітравалі. Вось ён патрос чорнай усклычанай галавой, з доўгімі хвосцікамі валасоў на скронях і шыі,— даўным-даўно галава не бачыла нажніц, — адтапырыў ніжнюю, таўсцейшую губу.

— Н-да, — паварушыў ён гэтай губой. — А цяпер давай мне лесвіцу.

— Якую лесвіцу? — здзівіўся Васілёк.

— А па якой я на неба залезу.

Васілёк заміргаў вейкамі, ледзь не зарагатаў: дзе гэта можна такую лесвіцу дастаць? Ды адразу зразумеў, што Антон і на гэты раз яго абхітрыў.

— Ты ж не казаў, што палезеш па лесвіцы.

— І не казаў, што палезу без яе. Не казаў?

— Цыган, дурны цыган! — канчаткова зразумеўшы Антонаву хітрасць, крыкнуў Васілёк. — Толькі падманваеш заўсёды. Ідзі з двору!

У Антона была рэдкая хлапчукоўская якасць: ён ніколі ні на каго не злаваўся, не кідаўся з кулакамі і не біўся, абыякава пераносіў кепікі і дражнілкі. І ў гэты раз ён стаяў спакойна і ніяк не рэагаваў на Васількову абразу.

— Цыган!

— Цыс-с! — паднёс Антон палец да рота. — Ціха, званы звоняць!

Пакрыўджаны Васілёк не разумеў, пра якія званы гаворыць Антон, і гатоў быў вось-вось заплакаць, бо не мог яму дараваць падману.

— Цы-ган, — расцягнуў ён плаксіва рот і заміргаў вачыма, стрымліваючы слёзы.

— Бом! Дзілінь, дзілінь, бом! Чуеш?

— Не чую. Дзе? — нарэшце зацікавіўся Васілёк.

— На Гарадзішчанскай гары, пад зямлёй. Чэснае слова,— пастукаў Антон сябе па грудзях. — Пойдзем слухаць.

— Баба не пусціць.

— А ты з бабай і пайдзі. Да зямлі прыкладзі вуха і пачуеш: «Бом, дзілінь, дзілінь!..»

Антон, убачыўшы, што крыўда ў Васілька патухла, ускінуў вуду на плячо і падаўся да варот. Нагой адкінуў іх ад шула, бокам пралез на вуліцу.

Васілёк жа застаўся адзін на двары. Нават баба і тая не паказвалася з хаты, усё нешта там рабіла. Ён выйшаў за вароты, зірнуў на пустую вуліцу, а потым палез на прасла, спрабуючы ўбачыць Гарадзішчанскую гару, пад якой б’юць званы.

— Бом, бом, дзілінь-дзілінь! — уголас паўтарыў Васілёк, і ў грудзях яго адклікнулася нешта казытліва-салодкае.

 

Бульбяное поле густа цвіло белымі і сінімі кветкамі, якія пілі сонца і шчодра дзяліліся сваім сокам з усёй жыўнасцю, што кішэла на іх. Ад бульбы ішоў здаровы цёплы пах зямлі.

Баба Настачка, сагнуўшыся, ішла па баразне, ірвала свінням траву і складвала ў фартух. Паўзучая бярозка, учэпіста абкруціўшы бульбоўнік, цяжка паддавалася яе рукам і адрывалася з трэскам. Аднак сухаватыя, загарэлыя бабіны рукі даволі шустра мільгалі ў бульбоўніку. Калі фартух набіваўся, бабка выпрамлялася і размінала дзвюма рукамі паясніцу. Твар яе ад таго што падоўгу не разгіналася, быў чырвоны. Адпачыўшы трохі і размяўшы паясніцу, яна ішла на мяжу і складвала траву ў мех. Баба нават не заўважыла, што з’ехала хустка з галавы і агаліла сівыя, нібы мукой абсыпаныя, валасы. Андарак на бабе доўгі, да самых забарсней, бурачнага колеру, з шырокім падалом, аблямаваным зялёнымі і чорнымі паскамі. А кофта белая, падраная на локцях.

Васілёк ішоў услед за бабай па ўтаптанай сцежцы, між палосай бульбы і суседскім просам. У руках яго лазінка, якой ён махаў у паветры, слухаючы, як яна тонка, па-птушынаму, свішча. Часам ён цэліў па матыльку, але не трапляў.

— Баба, а матыльку баліць, калі ўдарыць?

— Баліць.

— А траве?

— І ёй баліць. Усяму жывому баліць.

— Гэта трава крычыць: «трэсь, трэсь», калі ты рвеш яе?

— Крычыць.

Васілёк задумаўся над складанасцю гэтага жывога незразумелага свету, які быў вакол яго, які ён бачыў, адчуваў і якім ён дыхаў... А свет гэты велізарны, неабдымны — нават у думках нельга ахапіць яго і ўбачыць, дзе канчаецца сіняе неба, што чашай вісіць над ім і бабай, зялёная зямля, над якой у паветры захлыналіся ад спеву жаваранкі. Жаваранкаў ён не бачыў, хоць і хацеў убачыць іх — дрыготкая сінеча неба смактала і сляпіла вочы...

Калі прыйшлі амаль усю палосу і ўзышлі на пагорачак, перад вачыма адкрыўся шырокі луг, падзелены на двое Беседдзю. Дальні бераг рэчкі быў нізкі, з рэдкім лазняком, а гэты, бліжэйшы, высокі, абрывісты, з гарой Гарадзішча на ім. Беседзь здавалася такой блізкай, што Васілёк быццам на дотык адчуваў прахалоду і ласкавасць яе вады. З лугу і ад рэчкі свежа і мякка пытыхала ветрыкам. На тым нізкім беразе чарнела рухавая постаць нейкага рыбака. Васілёк адразу здагадаўся, што гэта Антон. «Каб табе не злавілася нічога, — пажадаў ён свайму крыўдзіцелю, усё яшчэ помнячы тую лесвіцу ў неба. — Ні вялікая рыбка, ні малая». Але неўзабаве пашкадаваў Антона і ўзяў свой праклён назад.

Баба напхала поўны мех травы, вынесла яго на сцежку і прысела на гэты мех. Стомленыя рукі ляжалі на каленях, прыжмураныя вочы глядзелі ў зямлю. Васілёк прысеў побач, зазірнуў у бабчын твар, спытаў:

— Баба, а чаму ты жмурышся? Спаць хочаш?

Баба засмяялася, на твары яе пырснулі маршчынкі.

— Старая я. Вочы слабыя, на сонца цяжка глядзець.

— А ты на зямлю глядзі.

— Я і гляджу. Старасць заўсёды да зямлі гне.

— Няўжо ты такая старая?

— Ды ўжо ж.

Гэтак размаўляючы з бабай, Васілёк не зводзіў вачэй з Беседзі і прырэчнай гары Гарадзішча. Гара, зарослая на адхонах кустоўем, жаўцела, як прасяная. Нешта незвычайнае хацелася ўбачыць хлопчыку на гэтай гары: ну хоць бы чужых людзей, якіх ён там да гэтага ніколі не бачыў. Але гара ніякага дзіва яму не паказвала. Не далятала ад яе і ніякіх гукаў.

«Падмануў Антон і пра звон пад зямлёй, — падумаў Васілёк. — Ён усё можа, гэты цыган».

— Старая ўжо я, старая, — яшчэ раз паўтарыла баба і ніжэй схілілася да зямлі.

Васілёк адразу забыўся на Антона і пачаў думаць пра бабу. Яе словы, што яна старая, ён успрыняў па-свойму. Яна здалася яму сухой вярбой каля іх лазні. Бацька не раз браўся за тапор, каб ссячы вярбу, ды заўсёды шкадаваў: «Глядзі ж ты, трухлявая, а жыве, парасткі дае і якія буялыя», — гаварыў ён... Такая ж і баба Настачка — старая і трухлявая, нібы тая вярба. Толькі ж вярба жывыя парасткі пусціла, а дзе ж бабіны парасткі?

Ён хацеў пра гэта спытаць у бабы, але тая неяк сцішылася, як бы заснула.

— Баба, — шапнуў ён, каб праверыць, ці спіць яна.— Ба-ба!

Старая не азвалася, не варухнулася.

— Ну і спі, — сказаў ён ціхенька. — Ты ж старэнькая, і я цябе шкадую, як бацька вярбу.

У грудзях Васілька стала прыемна і цёпла, быццам улілася туды жывая вада. Ён зразумеў, што гэта варухнулася дабрата і жаласць да бабы, і яму захацелася зрабіць для яе нешта прыемнае і добрае. І ў гэты момант, калі ён думаў, што б такое зрабіць бабцы, аднекуль неспадзявана пачулася:

— Дзілінь-дзілінь, бом!

Ён азірнуўся, не разумеючы, адкуль ідзе звон. Рашыў, што гэта звініць недзе ў яго нутры тая цёплая жывая вада.

— Спі, бабулька, спі, — гладзіў ён яе па худому і цвёрдаму, як сук, локцю. — Выспішся — і мы з табой занясём траву двору, памыем у карыце, пасячом.

— Дзінь, бом! — зноў празвінела, і зноў Васілёк падумаў, што гэта звініць у яго нутры. Толькі ў трэці раз, калі звон крануў вушы, спачатку тоненькімі, хрупка-крыштальнымі гукамі, а пасля басавітым гулам, Васілёк насцярожыўся: не душа звінела, а званы, і недзе далёка-далёка. Ён ускочыў, паглядзеў у бакі, прыслухаўся, але так і не зразумеў, з якога боку вецер прынёс песню званоў. Можа, паслала неба сіняе? Ці плесканула сваімі хвалямі Беседзь? І раптам сэрца яго замлела ад здагадкі: гэта ж з Гарадзішчы ідзе звон!

— Баба, чуеш? — прашаптаў хлопчык, нахіліўшыся да бабульчынага вуха.

Але баба спала, мякка седзячы на мяху з травой, сагрэтая цёплым сонцам.

— Спі, спі,— не стаў яе будзіць Васілёк, а сам падаўся на выпетраную ўпоперак палос сцяжынку, потым подбегам пашыбаваў туды, дзе ў срэбным мроіве жаўцела пясчаная гара, а пры ёй сінела Беседзь.

«Баба Настачка не пускае мяне аднаго, баіцца, што ўтаплюся, — думаў ён. — А я не палезу ў рэчку, нават там, дзе мелка. Я толькі на гару ўзбяруся».

Пратэпаў Васілёк праз усё бульбяное поле, сасцяжыўся на шлях, туды, дзе выраіліся купаю бярозы. Дрэвы нібыта спалі, лісцікі не варушыліся, і цені ад іх ляжалі кружочкамі на затканай падарожнікам і трыпутнікам дарозе. Пагладзіў Васілёк цёплую бяросту, пакратаў раны-насечкі — вясной з іх капаў бярозавік, і Васілёк прыбягаў сюды піць яго праз саломінку, — пастаяў яшчэ крыху і пайшоў бліжэй да Гарадзішчы.

Дарога — вузкая травяная стужка з тупкімі каляінамі — вілася па полю ўлева-ўправа, рассоўваючы ў бакі то палосы бульбы, то жыта. Дарозе было горача, і яна падціскалася сваімі краямі ў цень. Па гэтых краях Васілёк і стараўся ступаць, там было халадней нагам. Жыта шумела ціхім пошумам, звінела птушкамі і трашчала цвыркунамі, між сцяблін свіцілася празрыстая зялёная цішыня. Ідучы, хлопчык раз-пораз падскокваў, каб убачыць гару. Ішлося лёгка — ці ж цяжка яму несці на плячах свае шэсць гадоў. А каласы, што хіліліся над дарогай, пяшчотна казыталі твар і пахлі, як свежы бохан хлеба. Неўзабаве Васілька абступіла задужа высокае жыта, і цяпер як ні падскокваў Васілёк, нічога вакол не мог убачыць.

Раптам да яго даляцеў стук колаў. Хлопчык спыніўся, збочыў у жыта. Праз колькі хвілін ён убачыў над жытам зялёную дугу, затым конскую гнядую галаву, якая рухалася да Васілька. Мяккі ляскат колаў і тупат капытоў узмацніўся, і неўзабаве перад самым Васільком фыркнула конская храпа і спынілася. Чалавек, што сядзеў на калёсах, звесіўшы босыя ногі, здзіўлена разглядаючы Васілька, спытаў:

— Ты чаго тут?

— Іду.

— Куды?

— На Гарадзішча.

Чалавек усміхнуўся, паляпаў па білах.

— Сядай, падвязу.

Васілёк узлез на калёсы, умасціўся на разасланай, не зляжалай траве.

— Ты Васілёк?

— Ага. Адкуль, дзядзька, мяне ведаеш?

— Бабу тваю ведаю, Настассю Акіндзеўну. Яна маіх дзяцей бабіла.

Дзядзька сморгнуў за лейцы — конь з упрэлай спіной крануў з месца нецярплівым трушком, уцякаючы ад назойлівых сляпнёў і мух, што віселі над ім. А дзядзька махаў вераўчанай пугай, не так падганяючы гнядога, як зганяючы з яго розную заедзь. Быў ён не стары, амаль такога веку, як Васількоў бацька, з кароткімі рыжаватымі вусамі і шчэццю на барадзе. На ім белая расхрыстаная кашуля, картуновыя чорныя штаны, закасаныя па калена, пальцы на правай руцэ жоўтыя, закураныя тытунёвым дымам.

Конь трусіў жвава, яго шырокі гладкі крыж, як перавернуты дном човен, калыхаўся ўпоравень з каласамі жыта. На калёсах Васільку сядзелася мякка, утульна, бачылася з іх далёка: сяло з напаўразбураным касцёлам, на круглым даху якога ў гняздзе стаяў бусел, густы ліловы лес, куча вербаў і бяроз на могілках, школа... Дзядзька тоненькім камарыным галаском цягнуў нейкую песеньку. Часам канцы восяў чаплялі жыта, з шорхатам падміналі сцябліны, і яны, зламаныя, адмечаныя чорнымі дзёгцевымі рыскамі, тут жа віслі на зямлю. Заміраны спакой лунаў і рухаўся разам з Васільком сярод жытнёвага прасцягу, агортваючы хлопчыкаву душу і цела. Ён адчуваў, што набліжаецца да нечага шчымліва-радаснага, шчаслівага, якое ён стрэне ўпершыню ў жыцці. І раптам гэта самае, што ён павінен сустрэць, што ён цяпер чакаў, абвясціла пра сябе ціхенькім звонам:

«Дзінь! Бом!»

Васільку здалося, што варухнулася гара.

— Дзядзька, звон!

Дзядзька прыклаў да вуха далонь, павярнуўся то ў адзін, то ў другі бок, прыслухаўся.

— Жаваранкі, — упэўнена сказаў ён.

— Не, не жаваранкі. Яны так: цілінь, цілінь, цілінь. А гэта — бом! Чуеш? Пад гарой звініць, во!

Дзядзька апусціў руку і нічога не сказаў. Яны ўжо пад’язджалі да гары. Бок яе, што старчаком узвышаўся над Беседдзю, быў спярэшчаны пячоркамі-гнёздамі. Стрыжы з цвіканнем ляталі каля гары, чыркалі крыльцамі па вадзе. Густая апаяска з дубняку і ляшчэўніку акружала гару па нізу, а вышэй на схіле, аж да самай макаўкі, жаўцелі пясчаныя праплешыны. Дзядзька спыніў каня, злез з калёс. Стоячы спінай да Васілька, пазіраў на верх гары і прыслухоўваўся.

— Праўда твая, Васілёк. Званы звіняць. І я колісь залазіў вунь туды, прыпадаў вухам да зямлі і чуў звон.

Ён узяў Васілька пад пахі, паставіў на зямлю. Васільковы ногі ўлезлі ў пясок па костачкі, і так стаяў ён, нібы ў цёплай вадзе.

— А адкуль званы пад зямлёй? — спытаў Васілёк.

— Даўняя гэта гісторыя, мой хлопчык, — ён паклаў руку на галаву Васілька, задумаўся, а потым, як бы гаворачы сам з сабою, працягваў: — Даўным-даўно, калі не было на свеце ні тваёй бабы, ні яе дзеда, ні дзедавага дзеда, жылі на гэтай гары людзі. Гара была тады і шырэй, і вышэй, акружаў яе вал земляны і дубовая сцяна. На самай вяршыні гары стаяла белая цэркаўка з сярэбранымі званамі і залатымі крыжамі. Званы так прыгожа звінелі, што ўсё жывое і нежывое замірала, слухаючы іх.

Аднойчы ў наш край уварваліся орды паганцаў. Мужна змагаліся з ордамі рускія людзі, ды сілы былі няроўныя. Падышлі паганцы і да Беседзі. Убачыў іх хан Гарадзішчанскую цэркаўку і ажно закалаціўся ад зайздрасці, што ў яго ханстве не было такой прыгажосці. Загадаў ён гарадзішчанцаў у палон пабраць, а царкву перавезці ў сваё ханства. Дзень і ноч біліся нашы людзі з паганскім войскам. А калі не ўтрымалі земляныя валы і запалалі дубовыя сцены, гарадзішчанцы схаваліся ў царкву. Падступіўся хан да царквы, а ўзяць не можа. Не здаваліся гарадзішчанцы. Тады люты хан загадаў спаліць царкву разам з людзьмі. Абклалі яе голлем, саломай і падпалілі. Шуганула полымя... І тут адбыўся цуд — цэркаўка раптам разам з людзьмі пачала асядаць у зямлю. А як зусім апусцілася, сышлася над ёй зямля, і як бы не было тут царквы. З той пары і звіняць званы пад зямлёю. .сі

— І людзі там? — спалохаўся Васілёк.

— І людзі. Вось яны і падаюць галасы.

— У званы звоняць, — дапоўніў Васілёк. — А гэта праўда ці казка?

Дзядзька пагладзіў Васілька па льняной галаве, узлез на калёсы і тузануў за лейцы.

— Добрая казка заўсёды праўдзівая.

Апошнія яго словы ўпалі на дарогу, і конь растаптаў іх капытамі. Порстка зрушаныя калёсы пакаціліся да броду, уехалі ў ваду па самыя восі, узбруіўшы каля сябе белыя віхорчыкі.

Пераехаўшы на другі бераг, дзядзька спыніў каня і падышоў да жанчыны, што пасвіла карову. Нешта сказаўшы ёй на вуха, паказаў пугай у бок гары і паехаў далей. Хоць Васілёк і не чуў, але зразумеў, што гаварыў дзядзька той жанчыне: «Глядзі, цётачка, каб хлопчык у рэчку не палез».

— Не палезу! — крыкнуў Васілёк і па адхону гары, упіраючыся і рукамі, і нагамі ў сыпучы пясок, рачком пакараскаўся вышэй. Паваліўся на зямлю, прыціснуўся да яе вухам. Безліч шумаў зрынуліся на яго. Тут былі і свіст, і ціліканне, і стракаценне, і мяккае шастанне каласоў, і плёскат вады, і крыкі, і плач, і стогн... Але раптам трывожны гулкі ўдар звона — «Бом!» — уладарна заглушыў увесь гэты хаос гукаў і шумаў. Услед за ім пракалыхаліся і затрапяталі самыя маленькія званочкі — дзілі, дзілі, дзілі... Рэха іх доўга цякло і доўга раставала.

А Васільковы губы варушыліся ў рытме пачутага і шапталі:

— Яшчэ званіце, яшчэ.

Цяпер ён верыў, што звон сапраўды ішоў з-пад тоўшчы зямлі. Званілі тыя людзі, якія праваліліся разам з царквою, пасылаючы ўверх, на белы свет, свае боль, і трывогу, і малінавую радасць за тых, хто жыве на белым свеце...

А тым часам паступова, спакваля пакідаў зямлю дзень і гусцеў прыцемак. Хоць да вечара было яшчэ далекавата і па-дзённаму сінела неба, усё ж сонца грэла слабей, а зямля ў цяні памалу пачала аддаваць сваю прахалоду, якую запасла з начы. Пахаладзела трава, бо, відаць, праз яе сачылася зямная прахалода, гасячы трымценне паветра. Паспакайнела спалавелае жыта, застыла, як зацягнутае скарынкай цеста.

А ў вушах Васілька гудзеў звон, і разам са звонам чуліся яму чалавечыя галасы, адтуль, з-пад зямлі.

Ён ускочыў і закрычаў у бок жанчыны, якая здалёк назірала за ім:

— Цётка, бяжы хутчэй сюды. Там людзі-і! Адкапаць трэба!

 

Баба Настачка, седзячы на мяху з травой, баялася заснуць. Аднак яе хіліла на сон, вочы мружыліся, галава цяжэла, рукі рабіліся нячутнымі. І можа, таму, што баялася заснуць і намагалася адолець сон, яна засынала неадольна і глыбока. Цела яе ўжо спала, толькі ў розуме білася насцярожанай жылкай турбота пра Васілька: як жа ён, гэты сардэчны чалавечак, застанецца без дагляду, калі яна засне. Потым баба правалілася ў цёплае забыццё, цёмнае бяздонне, лагоднае і спакойнае, дзе не было ніякага клопату і трывог. І зноў жа ў галаве ў апошні раз успыхнула і сатлела саломінкай думка, што вось так бы, як і засынала, добра было б і памерці...

Прачнуўшыся, бабка па сонцу вызначыла, што праспала добрую гадзіну. А ёй жа трэба было шмат чаго зрабіць да прыходу з поля сына і нявесткі. Яна хуценька ўзваліла мех з травою на спіну і паспяшалася двору і толькі цяпер успомніла, што з ёю ж дагэтуль быў Васілёк. Азірнулася, клікнула два разы і, не пачуўшы адказу, рашыла, што ўнучак дома. Відаць, прагаладаўся і збег дамоў, пакуль яна, старая варона, спала на мяху. Зайшоўшы на двор і паклаўшы мех каля карыта, бабка заспяшалася ў хату. Але і там Васілька не было. На лаўцы стаяў чыгунок з ачышчанай і залітай вадой бульбай — пара было печ распальваць.

— Васілёк! Васілёк! — клікала баба, выйшаўшы з хаты.

Ніхто ёй не адклікнуўся, толькі ўзбоч пралапатала ўлезшая ў грады курыца, з перапуду ледзь не таўханула бабу ў грудзі.

— Васілёк!

Знясіленая ад трывогі, яна села на загавальню. Куды бегчы, дзе шукаць малога? Што з ім? І не ведала, што рабіць. Нарэшце даўмелася, што Васілёк мог пайсці на Беседзь, як ветрам падхапіла старую і пагнала туды.

— Хоць бы ты там не ўтапіўся, — захлынулася яна слязьмі.

Пакуль дабегла да жыта, успела даволі моцна прытаміцца, боль і трывога прытупіліся. Баба Настачка раптам заўважыла, што вымахала такое добрае жыта, каласы буйныя і, значыцца, будуць людзі з хлебам. Супакойвала яе і цішыня над зямлёй, прахалода, якую яна раптам адчула ўсім целам. Па небе, з дробненькімі хмурынкамі, баба Настачка вызначыла, што заўтра будзе гарачы дзень з кароткім ціхім дожджыкам. «Няхай пройдзе, — узрадавалася, — сенакосу не пашкодзіць, а бульбу асвяжыць».

Нарэшце яна выйшла з жыта. Адсюль ужо добра былі відаць Беседзь і гара Гарадзішча. Прыбавіўшы ходу, яна хутка апынулася каля Беседзі. Пачала азірацца вакол, ці не засінее дзе Васількова кашулька. Падышла яшчэ бліжэй да гары, рассунула кустоўе — перад вачыма мільганула нешта сіняе. Старая радасна пляснула ў ладкі, — то яе Васілёк корпаўся ў пяску. Яна хацела крыкнуць яму, ды ад шчасця, што ўнучак жывы і здаровенькі, перахапіла дыханне. Схапілася за рагазаты дубок, ускараскалася вышэй і прысела побач з Васільком.

Хлопчык, заняты сваім, і не заўважыў бабкі. Прысеўшы на чупачкі, ён выграбаў з ямкі пясок і ссыпаў уніз.

— Унучак! — ціха паклікала Настачка.

Васілёк ад неспадзеўкі так і застыў з поўнымі прыгаршчамі. На спацелым, замурзаным зямлёю твары адначасова можна было прачытаць і віну за ўцёкі сюды, і радасць ад сустрэчы.

— Баба! — крыкнуў ён. — Лапату нясі. Тут жывыя людзі закапаны!

— Бог з табой, якія людзі!

— З царквою праваліліся і ў званы звоняць.

— Авохці мне, — ляпнула яна ў ладкі. — Вунь ты пра што...

А ўнук, улезшы ў ямку — цяпер яна была яму па грудзі — і выкінуўшы чарговыя прыгаршчы пяску, прысеў, крыкнуў:

— Людзі, чуеце мяне, я да вас іду!

Бабе таксама рупіла памагчы Васільку капаць, але яна ўспомніла, што дома яе чакае многа работы, занепакоілася, пачала прасіць Васілька ісці дамоў. Падала яму руку і памагла вылезці з ямкі.

Дахаты вярталіся, узяўшыся за рукі. Неба згусціла свой блакіт, здавалася, вось-вось ён закрапае сінім дожджыкам. Васілёк пазіраў на гэты блакіт і думаў нешта сваё, што не давала яму спакою.

— Баба, — загаварыў ён, — калі б з лапатамі ўсе-ўсе нашы прыйшлі, адкапалі б людзей?

— Адкапалі б, — сказала Настачка, каб заспакоіць унука. — Некалі так і зробяць.

Васілёк адчуў зноў, у каторы раз сёння, як жывая вада дабраты запаўняла яго душу, ацяпляла сэрца. Зразумеў: хораша яму таму, што побач ідзе яго любімая баба, што ён сёння чуў звон з-пад зямлі і рашыў, як падрасце, раскапае Гарадзішча, падорыць тым людзям волю, а сабе прыгожае дзіва — залатую цэркаўку.

Ён прыпыніўся, баба таксама прыпынілася, нагнулася да яго. Хлопчык абхапіў яе шыю рукамі і, прыціснуўшыся да мяккай шчакі, сказаў:

— Я цябе вельмі шкадую. Як тата вярбу, што каля лазні, і буду берагчы цябе і нікому не аддам, хоць ты і старая.

— Добра, унучак, добра, — падняла яго баба на рукі і пагладзіла спіну сухой жорсткай рукой. — І я цябе люблю.

Шчасцем родства, любоўю да блізкіх была напоўнена і бабіна душа. Вось на руках той жывы атожылак, які прарос з яе плоці, сын яе сына, здаравенькі, душэўны і чысты, як крынічка, хлопчык. Ён працягне род яе, застанецца жыць і тады, калі яна будзе ўжо нішто, пыл, прах...

І баба Настачка ўспомніла старую вярбу, ад каранёў якой цягнуліся к жыццю радасныя гонкія парасткі.

 


1975?

Тэкст падаецца паводле выдання: Лазарук, М.А. Родная літаратура : Падручнік-хрэстаматыя для 6 кл.агульнаадукац. шк. з бел. і рус. мовамі навучання. - Мн. : Нар.асвета, 2001. - 271с.
Крыніца: скан