epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Цяпінскі

Прадмова

Васіль Цяпінскі (жадае) слаўнай славянскай манархіі i асабліва набожным (людзям) ласкі i спакою ад Бога Айца i Госпада нашага Ісуса Хрыста

Рады паказаць сваю веру, якую маю, найперш свайму народу рускаму. Яны (людзі) пакорліва, мяркую, пацвердзяць яе слаўным веданнем веры з даўніх часоў сваімі продкамі; і калі (яна) у чымсьці памылковая, яны тое выправяць: бо трымаю ж ад Бога праз Хрыста-пана і яго апосталаў пададзенае не інакш як толькі з Евангелля (слова), якое з'яўляецца сумай Закону Божага; (хачу), каб яно таксама і для іх (людзей) на іх уласнай рускай мове (у перакладзе) са славянскай з друку выйшла.

I ў гэтым, маючы Госпада ў дапамогу, не незразумелым або красамоўным чынам, не пераканаўчымі або ўгоднымі часу словамі, але як прыязны, просты і шчыры, праўдзіва, верна і адкрыта, з любоўю да маёй Айчыны, паколькі мітрапаліты, уладыкі і ніхто з вучоных каму гэта ўласна і патрэбна было б зрабіць, такі доўгі час не хацелі (гэтага), народу майму раблю паслугу з убогае сваёй маёмасці, на якой і пры якой (жыву) у маёнтку. Хоць ён ужо і не надта вялікі з-за выдаткаў, і асабліва (выдаткаў) на здабыванне ў розных і няблізкіх месцах старадаўніх кніг. Акрамя таго, яшчэ ў мінулыя гады пераадольваў я цяжкія дарогі з-за друку і спадарожных яму патрэб, і амаль усё пачынаючы зноў, ува многім і дагэтуль так працягваецца, бо я не італьянец, не немец, не доктар або які-небудзь (чалавек) з асяроддзя паноў. (Вось) з гэтай прычыны павінны былі б Госпада з воклічамі славіць і радавацца што з іхняга асяроддзя русін, які сваёй Русі паслугу робіць; (і з чаго б) мне, кажу, як гэта зазвычай бывае, такою няўдзячнасцю, пагардаю, а некаторыя (замест дапамогі або падзякі) і зайздрасцю хацелі заплаціць. Нішто з усяго гэтага з-за маёй павіннасці і зычлівасці да іх не з'яўляецца прыкрым, а наадварот, дзякуючы ласцы Госпада Бога, клапоцячыся аб іхнім збавенні і нарэшце, пачцівасці і сумленнасці, (усё гэта) з'яўляецца для мяне прывабным - паказваць ім ахвоту і шчырасць майго сэрца і гэта на славу Божую завяршыць.

Яшчэ ж на гэтай нядрэнна вывучанай (мною) славянскай мове надрукаваў для іх у гэтай маёй убогай друкарні Евангеллі - пісанні св. Мацвея і св. Маркі і пачатак Лукі; хоць жа гэта не без вялікай цяжкасці далося, што на дзвюх мовах адразу — і на славянскай і тут жа побач на рускай, а то найбольш на славянскай, і што слова ад слова (асобна надрукавана), так, як яны паўсюдна ў сваіх цэрквах чытаюць і маюць. (Надрукаваў я) не толькі дзеля лепшае іхняе веры, што не з'яўляецца чымсьці новым, а толькі падае ім іхняе ўласнае, але таксама для лепшага разважання, акрамя таго, і для іх самаўдасканалення.

У дадатак да ўсяго, каб перш за ўсё самі і іхнія дзеткі здольнасці свае рыхтавалі і адточвалі, у веры ўдасканальваліся, — з гэтай мэтай падаю ім зараз наперад і гэты Катэхізіс, які, як мяркую, сваім розумам прызнаюць за сапраўды патрэбную рэч калі не зараз, дык усё ж у свой час. Гэтым Госпад зробіць іх схільнымі і абудзіць ахвоту да вывучэння самых важных навук на сваёй мове, да сур'ёзных разважанняў і ўмельства. I гэта не без вялікае патрэбы, якая між нас як узнікне, так і згіне, чыніцца; агляд вартых жалю справаў гвалтам словы да вуснаў падганяе.

Бо хто ж з набожных не задрыжыць, на такое знішчэнне Божае гледзячы, хто б не мусіў плакаць, бачачы (збоку) гэткіх вялікіх князёў, такіх значных паноў, мужчын з жанчынамі, такой вялікай колькасці бязвінных дзяцей у такім высакародным і асабліва раней дасціпным, адукаваным рускім народзе занядбанне сваёй слаўнай роднай мовы і папросту пагарджэнне ёю; (пагарджэння), з-за якога праз пакаранне Божае гэтая ясная ў Божым слове іхняя мудрасць як толькі пакінула іх, дык на яе месца адразу такое вартае жалю невуцтва прыйшло, што некаторыя (з іх) ужо і пісьма свайго, і асабліва ў слове Божым, саромеюцца?! I, нарэшце, што можа быць больш вартым жалю, больш агідным, што тыя, якія між імі (людзьмі) завуцца духоўнымі асобамі і настаўнікамі, смела скажу, не толькі найменш ёю валодаюць, найгорш яе разумеюць і не навучаюцца на ёй, але ж нават і школы для яе вывучэння нідзе не маюць, з-за чаго польскаму або іншаму якому пісьму з такой вялікай неахвотай і са свайго боку і з боку дзяцей, не без сораму свайго нібы разам адчулі адно і тое ж. Тут бы я ім хоць аднаго з вялікай колькасці гэтых славянаў, калі б былі яны жывыя, Яна ці Грыгора, якіх з-за вялікай вучонасці і з-за іхняй прыгожай вымовы не толькі на сваёй, але таксама на розных (іншых) мовах залатавуснымі празвалі, — іх з радасцю ўзяў бы сабе ў памагатыя ў гэтай (справе), або, нарэшце, у якасці сведкаў гэтае справы. Калі б былі яны зараз (жывыя), то сапраўды мусілі б сумецца, бачачы, як краса і аздоба народу іхняга ў нашчадках іхніх знішчана і проста загінула; і як жа патрэбна было б ім старацца аб літасці над самімі сабою. Калі б жа паглядзелі, не кажучы ўжо аб даўніх часах, які гэта быў высакародны, слаўны, востры, дасціпны іх народ у навуках і як шмат разоў іншыя адукаваныя народы іх мудрасць мусілі хваліць і, вядома ж, вучыцца ў іх. Але хоць бы сваё пісьмо, якім напісаны Евангелле і славянскі Апостал, паважалі; якое, магу сказаць, тысячу год таму нейкім са славянаў выкладзена і якое не толькі ў іх, але і ва ўсіх цэрквах - сербскіх, маскоўскіх, валажскіх, балгарскіх, харвацкіх і іншых - шануюць. Сапраўды, калі б хто хацеў і ўмеў той пераклад чытаць, то ўбачыў бы, што ён цалкам прыдатны, і, відаць, пакінуў бы пры сабе. Той муж, наш любы славянін, лацінскіх і іншых перакладчыкаў як уласныя словы з грэчаскай выкладаў так, што цяжка зразумець, якой мовай ён лепш валодаў — грэчаскай або славянскай.

I калі б не было больш нічога іншага, нават і з гэтага немалы знак маем, што раней славяне, якім нічога не можа быць больш родным, чым Русь, былі людзьмі дасціпнымі, а калі б яшчэ не патуралі рахманасці і былі хуткімі ў чытанні сваіх літар, то небясплённыя былі б і іх намаганні. Калі б былі (такімі), кажу, як пішуць помнікі аб іх дасціпнасці і вастрыні, якія яны мелі вартыя ўпамінання сіноды з Папам Рымскім і іншымі, як мноства людзей да веры з аблудаў павярталі і як навучаліся на розных мовах; да таго ж, як вялі на божнае жыццё, таксама як аб дрэнных і лжывых у веры братах клапаціліся, лячылі іх, накіроўвалі; яшчэ як сваіх настаўнікаў, згодна з навукай слова Божага, набожным сужэнствам між іншых вылучылі і, гэтым аздобленых, усім народам і верам паказвалі і паказваюць да гэтага часу ў якасці прыкладу, нібы свечку, якая чысцінёю сужэнства (Богу) свеціцца - сапраўды можна было б што пра іх напісаць шырэй. Але толькі адзін яўны зразумелы і годны вечнае памяці іхні прыклад прыгадаю, які і без пісьма ўсім вядомы сапраўды значны і вядомы. Што яны з-за такой вялікай набожнасці сваёй, побач з іншымі, такім шчодрым дарам былі ўпрыгожаныя панам, (што яго можна параўнаць) не толькі з (дарам) Папы Рымскага, але і (дарам) самых адукаваных народаў таго часу -У Лівіі, Антыехіі. Пентаполіі (Пяціграддзі), Сіцыліі, у Месапатаміі, Палестыне, Фінікіі і ў іншых месцах. I можна было б убачыць на свае вочы, як гэта (ёсць) у недалёкіх нам італьянцаў, немцаў, французаў, англічанаў, іспанцаў, а карацей кажучы, ува ўсіх хрысціянскіх народаў, - як, слова Божае зразумеўшы, толькі самі сабе даказалі, што паводле апостальскай навукі сваёй уласнай мовай з такіх даўніх часоў слова Божае мелі, выклалі і нам пакінулі. У гэтым усе народы іх прыкладу амаль у тыя ж стагоддзі наследавалі і да таго прыйшлі, і тое не без невялікага заняпаду і пашкоджання, што слова Божае з лацінскай і іншых моваў таксама пачалі перакладаць на сваю родную мову і чытаць.

Але даў бы тое Госпад, каб вы, кожны сам па сабе, о шляхетныя панове, якія засталіся нібы бацькамі гэтай мовы пасля гэткіх слаўных продкаў сваіх і месцы іхнія занялі, паколькі ў гэтай (справе) ніякае дапамогі ад людзей з-за граху няма, то толькі вы самі гэтаму з любові да Айчыны маглі б дапамагчы, у той час як прастата паспалітага беднага чалавека заўсёды вочы на вас падымала з надзеяй і падымае, і за вамі ідзе.

У гэтай патрэбе Айчыны вашай, у звычайным клопаце аб недастатковасці навукі братам вашым (будзьце) прыкладам міласэрным, калі ёсць у вас нешта ад братэрскай любові; бо для ўсіх людзей няма нічога так уласцівага, асабліва ж для набожнага чалавека, як літасць, якой выяўляем у сабе нейкае падабенства дабрыні Божай і, нарэшце, дзеля вечнай узнагароды ад Бога — каб гэтаму вашаму народу, невуцтвам сапсаванаму і засмучанаму, дапамагчы, мітрапаліта вашага, уладыкаў і настаўнікаў вашых да гэтага просьбамі вашымі вялі, каб ні хабарам, ні подкупам дзеля займання пасад адзін перад адным, не канцу жыццяў і прывілеям, адзін за другі больш падманным, а слову Божаму самі вучыліся і іншых (навучалі) з маёмасці і маёнткаў ад вашых продкаў, перададзеных ім не для марнатраўства, не для строяў і нечага падобнага, а для навук. Вось бы для навукі, але не такой, як цяпер на адвечны свой сорам толькі ледзь-ледзь прачытаць на сваёй мове збольшага вучацца, — каб заснаваць школы і навуку Божага слова, на працягу гэтулькіх год занядбалую, узняць захацелі браціі вашай (дапамагчы) і змаглі. Якіх я не камусьці аднаму, але ўсім з гэтай патрэбаю Айчыны вашае ў набожнай пільнасці, рахманасці і вернасці даручаю і пакідаю, просячы пана, каб быў гатовы, калі яна загіне, згінуць з ёю, або, калі праз ваш паратунак будзе адроджана, (разам) з вамі і з ёю паўстаць.

I тут ужо заканчваю сваю гаворку, завяршаючы якую, гэтае кажу ў шкадаванні сваім, калі б на той час за нашую няўдзячнасць не будзе Божай літасці, аддаліць ад нас тое пакаранне. Асабліва цяпер навокал бачым, што ўсюды ўсе рэчы дрэннымі разважаннямі так папсаваны, што нельга назваць нічога, на што б не магла быць учынена псота, і таксама нікога з таго, хто, раз схапіўшы нешта, не хоча адступіцца, каб не прызнавацца, у чым саграшыў. Яшчэ таксама звычайна бывае, што жывога чалавека, вельмі адукаванага, і асабліва свайго знаёмага, людзі не могуць зносіць сціпла і без абразы. Дзеля таго, каб і праўдзівасць аповяду захаваць і зноў увагі пазбегнуць, не кажу аб усіх, але пра тых, якім ні ўзмоцненай просьбай, ні няспынным папярэджаннем і ні лагоднымі ўзрастаючымі доказамі не хачу пярэчыць; учыніўшы павіннасць сваю ў дастатковай ступені, мусім да царства Божага адысці, перад якім усе прадстаць мусім.

I ў тым не сумняваемся, што гэты справядлівы суддзя прадмову нашую пахваліць, хоць ёю непрыяцелі так пагарджаюць і выкідваюць (яе прэч).

Цяпер жа набожнага чытача дзеля Хрыста просім, калі ён мяркуе, што ў нашай (прадмове) ёсць што неадпаведнае з боку навукі або з нашага боку, каб не прыпісваў гэтага нашай злосці, чалавечай запальчывасці і няўмельству і каб дзеля Хрыста прабачыў. Калі ж тое абвінавачанне не малое, няхай нас не сарамаціць, але хай нас у гэтым па-хрысціянску папраўляе, бо мы з Янам Хрысціцелем гатовыя здрабнець, каб толькі пан Хрыстос рос.

На заканчэнне ўсіх набожных дзеля Хрыста просім, каб ніякае варожасці не мелі да тых, хто нас шчыпаннем, паленнем пераследуе, або каб не жадалі следам за Якавам і Янам спушчэння агню з неба для знішчэння падворкаў і месцаў, дзе збіраюцца тыя, хто забараняе слова Божае, вядома ж, паводле вучэння Хрыста. Хай ім заўсёды зычаць дабра і з намі няхай за іх Госпада Бога просяць, каб апамяталіся і былі збаўленыя і каб самі не паквапіліся ва такую вялікую ласку Божую, якая роўная іхняй годнасці і шляхецтву.

Амінь.


1580?

Тэкст падаецца паводле выдання: Беларуская літаратура : хрэстаматыя / [складальнікі: У. В. Адамчык, М. В. Адамчык]. - Мінск : Сучасны літаратар, 2004. - 1007 с.
Крыніца: невядомая