epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

30 верасня 1990

Сорак дзён і начэй

не заплюшчыў вачэй,

а ў бяссонных тваіх —

і не згледзеў,

як патухла святло...

Крыўдна бачыць было

абыякавасць родных, суседзяў.

 

Ты хварэла даўно,

і ў той дзень я адно

толькі чуў:

«Дзякуй Богу! Нарэшце!»

Насклікалі кабет.

Гатавалі абед.

А труну

не было каму несці.

 

Пахавалі аднак.

І хоць сын твой — жабрак,

вер: ён матчыных слоў

не забудзе.

І згадае не раз,

што самога ў свой час

пахаваць нават

некаму будзе.

 

Бог не ўсім пры жыцці

даў праз пекла прайсці,

як табе,

і памерці — прыстойна.

Цяжкі несла ты крыж

і пад крыжам ляжыш —

спіш цяпер вечным сном...

Спі спакойна.


1990

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан