epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Бачу: прыйшла і стаіць каля ганка...»

Бачу: прыйшла і стаіць каля ганка

ноч навальнічная з хмарай над дахам.

Неспадзявана раз-пораз маланка

пырскае ў вочы радасным жахам.

 

Цьмяна паблісквае жытняе поле,

белае ў змроку пранізліва-чорным.

Хмара трымае буру ў прыполе.

Гром б’е ў званы пад купалам зорным.

 

Гнеў перуновы сэрца не ўспудзіць,

поўнага светлых надзей і пяшчоты.

Вусны і твар апякае і студзіць

свежага ветру пялёсткавы дотык.

 

Квецяцца ў сэрцы маім прадчуванні:

па-над шляхамі захмараных лёсаў

ранак настане ў сонечным ззянні

адшліфаваных да бляску нябёсаў.

 

Ноч навальнічная! Сэрцам бяссонным

бачу я светлы востраў крынічны...

І не зайздрошчу тым, каму сёння

соладка спіцца пад гром навальнічны.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан