epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Чакай: калі ў дажджлівы сумны дзень...»

Чакай: калі ў дажджлівы сумны дзень

нарэшце выгляне пад вечар праз аблокі

і раптам адлюструецца ў вадзе

блакітных лужын твар зары пунсавашчокі;

калі здалёк на ўсходзе бачныя ледзь-ледзь

пачнуць патроху хмаркі ружавець,

і неба, у якога шэры твар быў,

зайграе ўсплёскам свежых колераў і фарбаў,

і ў кроплях заблішчыць расплаўленая медзь, —

тады ты выйдзеш на дажджом абмыты ганак,

і ўмомант ад маршчын разгладзіцца чало;

скупы на радасць быў захмараны твой ранак,

затое вечар — шчодры на святло.

На схіле дня яно вяртаецца, як рэха

світання, да пары схаванага ў імгле,

і ёсць для сэрца ў тым запозненым святле

і радасць, і салодкі сум, і боль, і ўцеха.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан