epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Чаромха

Чаму ў цвіцення час кароткі

заўжды мяне хвалюе штосьці?

І для мяне твой пах — салодкі,

як успамін аб маладосці.

Хоць і адчуў я ў ім гарчынку,

калі — зусім яшчэ падлетак —

спаткаў знаёмую дзяўчынку

з букетам першых сціплых кветак.

Ішла яна ў напрамку вёскі,

а ты расла каля дарогі,

і вецер белыя пялёсткі

страсаў і кідаў ёй пад ногі.

Цвілі льняным блакітам вочы.

Цвіла ў равах, жаўцела лотаць.

Крануў мяне пагляд дзявочы

і — неўпрыкмет — дзявочы локаць.

Я з ёй нясмела прывітаўся,

і нейкі час ішлі мы поруч.

З тае пары ў душы застаўся

твой непаўторны пах і горыч...

Дарыў мне потым свет распусны

глыток атруты ў кожнай кветцы —

глыток, якога прагнуць вусны,

а сэрца, быццам птушка ў клетцы,

жыве ўспамінамі, пяшчотай

нязбытных сціплых мар кахання

і ў думках узнаўляе ўпотай

хвіліны першага спаткання.

Таму ў цвіцення час кароткі

заўжды мяне хвалюе штосьці,

і для мяне твой пах — салодкі,

як успамін аб маладосці.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан