epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Чорная госця

Лісток пажоўклы ў голлі клёна

ад ветру ўздрыгвае, трымціць.

А ранкам чорная варона

ў мой двор аднекуль прыляціць

і каркне, седзячы на жэрдцы:

«Дар-ма...» І сапраўды — дарма

шукаў ты ў ачарсцвелым сэрцы

той скарб, якога ў ім няма.

І не было. Але пакуль ты

ў няведанні шчаслівым жыў,

крумкач над сэрцам не кружыў

і не азмрочваў цень пакуты

бясхмарны бег бясхмарных дзён

жыцця, якога ў нетрах змроку

зыход трагічны не відзён

няўцямнаму людскому воку...

Няведанне ратуе нас —

дае нам жыць і спадзявацца,

але такі прыходзіць час,

што ўжо няма куды дзявацца

ад жудаснага адкрыцця,

калі знянацку — таямнічы

ў тваіх вачах — падман жыцця

ў пачварным паўстае абліччы.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан