epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Чорны кот

Як ветрык, ён адначасова ўсюды.

То круціцца на месцы, як ваўчок,

а то знарок, нібыта з перапуду,

як апантаны кінецца наўцёк.

Падыдзе збоку — на сябе ў люстэрку

глядзіць: няўжо ён сапраўды такі?

Скамечаную кінь яму паперку —

парве з уяўнай злосцю на шматкі.

Такі заўжды ў яго настрой — мажорны.

Ён непаседа і кумір дзятвы.

Няўцям яму, што ён, як вугаль, чорны,

як ноч, увесь — ад лап да галавы.

Спаткаць такога — дрэнная прыкмета:

пашчасціць, не пашчасціць — як каму,

але найперш расплачвацца за гэта

так ці іначай суджана яму...

Стракаты свет яго нясцерпна вабіць

вясёлкай светлых колераў жыцця.

Гуллівы ён і бесклапотны — мабыць,

таму, што сам пакуль што, як дзіця,

шчаслівы, што жыве, што нарадзіўся.

А ўжо гвалтоўны свет з яго ярмом

бязглуздых звычаяў распарадзіўся,

з якім яму ў жыццё ісці кляймом.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан