epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Да Аксанкі

Будзе ў кожным доме лад:

хоць яшчэ на свеце шмат

злых дзядзькоў і цётак —

на маёй твая рука

цёплых крыльцаў матылька

паўтарае дотык.

Як рачулка раўчуку,

падаеш ты мне руку.

Гэтак жа, з даверам —

хочаш — я перад табой

расчыню дзівосных мрой

патаемны церам —

церам сонечных надзей?

Іх я ў сэрцы ад людзей

прыхаваў на потым —

калі час хлусні міне.

І, хоць іншыя мяне

лічаць донкіхотам,

залатыя ў сэрцы сны —

вер мне — спраўдзяцца яны.

Прыйдзе разуменне —

дзеля шчасця ўсіх дзяцей:

толькі ў еднасці людзей

іхняе збавенне.

І ў нястачы — памятай:

не бяднейшы родны край

ад чужых амерык.

Трэба толькі захацець —

кожны будзе ўдосталь мець

хлеба і цукерак.

А што ў свеце прыгажосць

і здзяйсненням месца ёсць

велічным, узнёслым,

што зламысным цесна ў ім —

бачна кожнаму і ўсім

дзецям і дарослым.

Хай растане ў сэрцах лёд,

знікне хцівасць і прыгнёт

заадно з прынукай.

Хай цяпло твае рукі

згоды ў сэрцах на вякі

будзе мне зарукай.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан