epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Гамер і Гелена

Гамер ёй сонечнае даў імя,

багіняй даў ёй моц над сэрцамі ўладарыць —

каб закаханы ні аб кім больш, акрамя

яе, ні думаць не жадаў, ні марыць.

Што ў прыгажуні валасы, як лён,

а вочы колеру вады ў блакітным моры —

хоць быў сляпы, а ясна бачыў ён

і ўвекавечыў у магутным творы

красу, якая ў сэрцах таямніча

хвалюе кроў, туманіць розум, кліча

спазнаць і шчасця ўзлёт, і першабытны грэх,

і, увасобленая ў позірк любы,

зычліва дорыць нам падман зямных уцех,

і ў цемры асвятляе шлях да згубы.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан