epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Грэх сарамлівы і шчасце бязгрэшнае...»

Грэх сарамлівы і шчасце бязгрэшнае

ў цесным двух сэрцаў зліцці,

радасць уяўная, гора няўцешнае

побач ідуць у жыцці.

 

Хітры з няхітрага кпіць, а не ведае,

не ўсведамляе таго —

здарыцца — здрада, адчай і трагедыя

не абмінуць і яго.

 

Прагнуў я з праўдай жыцця пазнаёміцца,

выкрыць ягоны падман,

дык перад Богам чаго мне саромецца

сэрцу нанесеных ран?

 

Бачыў, як раніцай сонца ўзыходзіла,

як напаўзала імгла.

Верыў, трываў — покуль сэрца знаходзіла

ў цемры хоць кроплю святла.

 

Кроплю надзеі! Не трэба мне лішняга.

А без яе не магу

нават аб смерці маліць Усявышняга,

перад якім не ілгу.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан