epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

Крытычны ўзрост (актавы)

І
ІІ
III
IV
V


І

 

Крытычны ўзрост — пражытых дзён суддзя —

не мог для нас прыдумаць іншай кары,

як даць нам зразумець, што сэнс жыцця —

не ў намаганнях здзейсніць тыя мары,

дзеля якіх з нас кожны, як дзіця,

праз лес расчараванняў, праз ахвяры

ўсляпую ўпарта свой пракладваў шлях,

якому ў безвыходнасці працяг.

 

ІІ

 

Шлях да здзяйснення мары — шлях бясконцы.

Мінулае на кожнай, наўздагад

разгорнутай, гісторыі старонцы

прыводзіць прыклады злачынстваў, здрад,

якіх і ты — гвалтоўна ў дзёрзкай гонцы

ламаючы заведзены расклад —

ахвярай стаў, бо спатыкаўся ў спешцы

і зноў працягваў гэты бег на месцы.

 

III

Знясілены, цяпер — калі б ты мог

яшчэ раз паўтарыць сябе самога —

адмовіўся б ад пройдзеных дарог

і марных спроб прыспешыць волю Бога;

як зрэнку вока ты б цяпер бярог

недаўгавечны скарб жыцця зямнога

і з часам, дзеля сціплай мэты — жыць,

імгненнем навучыўся б даражыць.

 

IV

На свеце ж не існуе — і не трэба —

нічога больш надзённага, апроч

таго, каб здабываць кавалак хлеба;

каб сонечным быў дзень і зорнай ноч;

каб на зямлі свайго мець кроплю неба —

святла ў жывых крынічках родных воч;

і каб, нягледзячы на ўсе напасці,

шчаслівым быць, не марачы аб шчасці.

 

V

Няпросты стан душы — крытычны ўзрост:

тупік, з якога ты павінен выйсці,

але да мэты прывіднай наўпрост

цяпер ты ўжо не зможаш, як калісьці,

узяць і ў думках перакінуць мост,

бо ўжо адчуў у дзён пажоўклым лісці

шчымлівы халадок, а ў сэрцы — сум

і горыч тых, няздзейсненых, задум...


1986-2004

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан