epub
 
падключыць
слоўнікі

Васіль Гадулька

«Люба мне, калі ў прыціхлым садзе...»

Люба мне, калі ў прыціхлым садзе

ў кронах дрэў не згас яшчэ агонь.

Ліст пажоўклы прыляціць і сядзе

матыльком на золкую далонь.

 

Ветрык з ім свае спыняе гульні...

Ці не для таго, каб нагадаць:

усяго жывога лёс агульны —

пакрысе мярцвець і ападаць?

 

Непаўторны для зямной істоты,

час цвіцення — лічаныя дні,

і пад гоман маладой лістоты

леташняй не ўспомняць карані.

 

І, хоць кажуць, што цвітуць увесну

нават карчаваных дрэў камлі, —

я ў сваіх нашчадках не ўваскрэсну:

кожны з нас — апошні на Зямлі.

 

І, хоць вецер гне сухое вецце,

і, хоць іней срэбрам лёг на скронь, —

нельга мне, шкада змахнуць, як смецце,

ліст, які сагрэў маю далонь.


1986-1993

Тэкст падаецца паводле выдання: Гадулька В. Голас: Зборнік / Васіль Гадулька; уклад. Л.М. Галубовіча.- Мн.: Лит. и Искусство, 2004. - 128 с., іл.
Крыніца: скан